12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марыя Палякова

_____________________
“Інтымны дзённік” Сяргея Кавалёва на фоне сучаснай парнатопіі


На мяжы стагоддзяў многія навукоўцы і мастацтва­знаўцы спрабуюць прааналізаваць і апісаць стан сучаснага грамадства. Часта пры характарыстыцы апошніх пакаленняў яны ўжываюць азначэнне спажывецкага грамадства. Асабістыя адносіны, падыход да такіх тэмаў, як сэкс, эротыка або парнаграфія, набываюць рысы, тыповыя для кансуменцкага свету. Цікава, што ў парнаграфіі – мабыць, адной з самых скрайніх праяваў успрымання інтымных адносінаў як прадукта, – гэтыя рысы выразна бачныя, натуральна, у вялікім спрашчэнні. Так, адзін з вядомых сацыёлагаў і філосафаў – Леанід Іонін – пісаў у сваёй працы: “…успрыманне парнаграфіі або, дакладней, успрыманне тых або іншых адлюстраваных і апісаных фактаў як парнаграфіі, змяняецца ў часе, змяняецца са зменай сацыяльнага кантэксту”1.
Прымаючы да ўвагі асноўныя рысы спажывецкага гра­мадства, можна зрабіць выснову, што інтым у наш час стаў своеасаблівым прадуктам, бо нельга не заўважыць, як асабістае жыццё ўсё большай колькасці людзей, іх сэксуаль­ныя адносіны, становяцца часцей і часцей тэмамі публічных гутарак на тэлебачанні, у друку, у інтэрнэце. Эротыка і нават “мяккая” парнаграфія – гэта ўжо звычайны элемент шматлікіх рэклам. Такі падыход шмат у чым паўплываў на жыццё некаль­кіх пакаленняў, у значнай ступені змяняючы сэнс слоў “асабісты” і “інтымны”, а паняцці патаемнасць, сардэчнасць, некалі цесна звязаныя з імі па значэнні, як здаецца, адпалі, нібы непатрэбныя рэлікты. Гэта ў некаторай ступені адлюстравана ў даследаваннях Стывена Маркуса2, які параўноўваў парнаграфію сённяшніх дзён з парнаграфіяй віктарыянскай эпохі – часу ўстрымання і абмежаванняў. У сваёй працы даследнік прапанаваў тэрмін парнатопія, які абазначае спалучэнне вызначаных рысаў парнаграфіі і своеасаблівых ідэй утопіі: “…парнатопія адлюст­роўвае ў перабольшаным ці скажоным выглядзе – сацыяльныя акалічнасці свайго часу. […] Цяпер, у эпоху эканомікі, арыентаванай на максімальнае спажыванне, парнатопія – гэтае ўвасабленне дасканалага, т. б. імгненнага, бясконцага і сталага спажывання. Калі б з усімі чалавечымі запатрабаваннямі было б гэтак жа, як у парнаграфіі з полавымі патрэбамі, то гэта быў бы рай для вытворцаў і прадаўцоў. У парнатопіі сэксуальнае запатрабаванне – адзінае запатрабаванне, а сэксуальнасць – універсальны тавар – адзінае, што спажываюць парнатапійцы, прычым спажываюць безупынна. Таму парнатопію можна разглядаць як ідэальны тып спажывецкага грамадства. Сучасная парнаграфія адпавядае сучасным соцыяэканамічным адносінам на Захадзе”3.
Такім чынам, у парнатопіі, дзе ўсё з’яўляецца аб’ектам прадукцыі і спажывання, мастацтва не можа не змяніцца, становячыся таксама прадуктам у свеце маскультуры. Крайнім прыкладам гэтага можа паслужыць узніклая з’ява кітч – паняцце, што вызначае псеўдамастацтва, якое апашляе і прыніжае значэнне і сэнс эстэтычных каштоўнасцяў элітнага, гэтак званага “высокага” майстэрства. Адным з цікавых прыкладаў п’есы, у якой драматург адлюстроўвае дадзеныя тэндэнцыі, з’яўляецца твор “Інтымны дзённік”4 Сяргея Кавалёва.
“Інтымны дзённік” – адна з нямногіх п’ес аўтара, у якой ён паказаў сучаснае грамадства, прычым, як падкрэслівае сам драматург, найперш яго цікавілі прадстаўнікі літаратурных колаў. Гэта абумоўлена, па словах Кавалёва, не толькі ўласным досведам і назіраннямі менавіта за гэтым асяроддзем, але і жаданнем стварыць п’есу, у якой бы натуральна гучала беларуская мова:
“Калi Трышчан ды Iжота размаўляюць па-беларуску – гэта зразумелы для ўсiх элемент гульнi, стылiзацыi. Калi ж нейкi наркаман размаўляе па-беларуску – у гэта цяжка паверыць. Таму i было выбрана лiтаратурнае асяроддзе, у якiм нашая мова гучыць натуральна”5.
П’еса выразна дзеліцца на дзве часткі: першая гісторыя адбываецца ў пачатку стагоддзя – у 1915 годзе ў Крыме – выпадак з жыцця вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча, а другая – у нашыя дні ў рэдакцыі мінскага літаратурнага часопіса. Гэта падкрэслівае розніцу не толькі паміж іншымі тыпамі грамадства, але і найперш дэманструе кантраст у адносінах паміж людзьмі дзвюх эпохаў, у тым ліку і інтымных:
“Напэўна, гэта самая нязвыклая мая п’еса, створаная на небяспечнай мяжы добрага густу i банальнай пошласцi, узнёслай эротыкi i парнаграфii. Мне ўяўляецца метафiзiчны дыялог памiж нашым цынiчным часам i рамантычным часам паэта, паляроiдны партрэт майго пакалення на фоне пажоўклых фатаздымкаў з музейнага альбома...”6
Пры павярхоўным аналізе можна было б выказаць здагадку, што тэмай п’есы з’яўляецца дыскусія вакол знойдзеных запісаў Максіма Багдановіча, дзе паэт натуралістычна апісвае свае фізіялагічныя рэакцыі падчас інтымных адносінаў з жанчынай. Тут неабходна адзначыць, што гэтыя кароткія па форме запісы не былі літаратурна апрацаваны аўтарам і, вядома ж, не прызначаліся для публічнага разгляду. Аднак, нягледзячы на гэта, дагэтуль навукоўцы і літаратары спрачаюцца аб тым, ці павінен “дзённік” убачыць свет, або ўсё-ткі трэба аказаць павагу да асабістага жыцця пісьменніка і не выносіць на шырокую публіку падрабязнасці інтымных перажыванняў паэта. Так, напрыклад, у дыскусіі маладых літаратараў з вядомым гісторыкам Віталём Скалабанам з’яўляецца наступнае меркаванне:
“С. Патаранскі. А які, па вашым меркаванні, павінен мінуць час, каб друкаваць дзённікі аўтара? Бо “Інтымны дзённік” Максіма Багдановіча дагэтуль не надрукаваны.
У. Скалабан. Пэўны час ніхто не вызначыць. Шкада, што дзённік Багдановіча дагэтуль не надрукаваны. Інстытут літаратуры мог уключыць гэты дакумент у Поўны збор твораў Багдановіча. Я на апошнім “круглым стале” па пытаннях тэксталогіі прапанаваў, каб Інстытут літаратуры разам з музеем Багдановіча выдалі гэты дакумент факсімільна. Можна запрасіць добрага мастака, каб той праілюстраваў. І пытанне было б закрыта. Яшчэ і грошы можна было б зарабіць – на выданне кніжак нашых маладых талентаў.
Л. Рублеўская. Але ж дзённік, што не прызначаўся для друку, – гэта занадта інтымна... Усё роўна што друкаваць гісторыю хваробы.
У. Скалабан. У выпадку з Багдановічам – так...”7
Аднак на канферэнцыі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі выказаўся катэгарычна супраць публікацыі “Інтымнага дзённіка” паэта:
“Нашае грамадства пакуль не падрыхтавана да такой інфармацыі, і будзе яе смакаваць, а я б гэтага не хацеў8”.
Падобны пункт гледжання, як падаецца, уласцівы і Сяргею Кавалёву, які ўкладае ў вусны героя сваёй п’есы наступныя словы:

Мы абуралiся жаданнем супрацоўнiкaў музея прыўлашчыць Багдановiчаву спадчыну, увесцi цэнзуру... Слушна абуралiся. Але калi я сядзеў на экзамене, слухаў адказы студэнтаў, я раптам уявiў, як яны, такiя вось Гануськi, будуць чытаць iнтымны дзённiк Багдановiча i якiя каментары яны будуць даваць... Нешта ўва мне зламалася... Знiкла пэўнасць... (Цвёрда.) Карацей, я таксама супраць публiкацыi дзённiка9.

Вышэй мы ўжо адзначылі, што інтэрпрэтаваць п’есу толькі як дыскусію вакол выдання дзённіка, а хутчэй нават асабістых запісаў Багдановіча, нельга, гэта пацвярджае і сам Кавалёў:
“Iнтымны дзённiк” найпрасцей прачытаць як п’есу-дыскусiю памiж прыхiль­нiкамi публiкацыi эратычнага дзённiка Максiма Багдановiча i працiўнiкамi такой публiкацыi. Але калi б змест п’есы вычэрпваўся толькi гэтай праблемай, не варта было б яе пiсаць10”.
Няма сумневу, што першая гісторыя, якая распавядае аб курортным рамане вядомага паэта, і другая, пабудаваная вакол разваг аб выданні запісаў Багдановіча, дапамагае аўтару паказаць, наколькі змяніўся падыход да інтымных сфер жыцця людзей, раскрыць змены, што адбыліся ва ўспрыманні “асабістага” і “патаемнага”. Для гэтага ў кожнай гісторыі выступае па шэсць герояў, якія ўтвараюць свайго роду пары, што падкрэслена іх узростам:
Максім, паэт, 23 гады і Пётра, літаратурны крытык;
Стыля, крымскі мастак, аматар выпіць, каля 30 і Лявон, модны празаік;
Клава, курортніца, 28 гадоў і Каліса, мастак-дызайнер;
Вольга, малодшая сястра Клавы, 20 гадоў і Вераніка, журналістка;
Дар’я Цімафееўна, гаспадыня пансіёну, больш за 50 і Ядзвіга Антонаўна, карэктар;
Салтыкоў, муж Клавы, службовец банку, больш за 30 і Макс, выдавец і бізнэсмэн, сустракаецца з Калісай.
Акрамя агульнага ўзросту персанажаў, драматург у аўтарскіх рэмарках ад­значае:

“Абедзве гiсторыi разыгрываюць тыя самыя шэсць акцёраў адпаведнага веку. У канцы спектакля частка акцёраў выходзiць на паклон у строях герояў першай гiсторыi, частка – у строях герояў другой, што дапамагае гледачу звязаць дзве гiсторыi ў адно цэлае пад назвай «Iнтымны дзённiк»”. (C. 106)

Менавіта таму цікавым з’яўляецца разгляд зменаў у героях “Інтымнага дзённіка”, што раскрывае асаблівасці зменаў у грамадстве, якія адбыліся за сто гадоў, а перадусім – стаўленне да інтыму і асабістага жыцця.
Першымі персанажамі, якіх мы б хацелі разгледзець, з’яўляюцца Дар’я Ціма­фееў­на і Ядзвіга Антонаўна. Тут за ўяўным падабенствам – абедзве жанчыны аднаго веку падобна каментуюць норавы маладых герояў, уласна сучаснасць, – крыецца велізарная розніца ў падыходзе да паняццяў гонару, годнасці – каштоўнасцяў, якія ў сучасным свеце выклікаюць часцей за ўсё цынічную ўсмешку. Так, Дар’я Цімафееўна аддае Максіму, які вырашыў з’ехаць з пансіяната раней за тэрмін, грошы за тыдзень:

Бярыце, бярыце. У дарозе спатрэбяцца. Вы – студэнт, чалавек бедны, а я – дама з гонарам, муж мой быў гвардзейскiм афiцэрам. Мне чужыя грошы не патрэбны (Прымушае Максiма забраць грошы.) (С. 130)

У Ядзвігі Антонаўны, самотнай жанчыны, якая выхоўвае дачку-студэнтку, падыход да грашовага пытання цалкам іншы: яна выкрадае дзённік Багдановіча з сейфа рэдакцыі і прадае яго Максу:

Дзе мне, адзiнокай мацi, узяць такiя грошы?.. Нехта расказаў Максу пра выпадак з Ганусяй. Ён прыехаў да мяне i прапанаваў грошы на навучанне дачкi ўзамен за дзённiк. Хiба я магла адмовiцца? (С. 164)

Гераіню зусім не цікавіць філасофска-этычны бок таго, што адбываецца, – настолькі яна засяроджана на матэрыяльна-бытавой сферы, аднак у п’есе, як падаецца, у астатніх персанажаў такія паводзіны не выклікаюць асаблівага асуджэння:

П ё т р а: […] вас, як ужо казаў, я не звольню. (Па-фiласофску). Сталася тое, што мусiла стацца. Можаце iсцi, Ядзвiга Антонаўна. (С. 164-165)

Такая рэакцыя маладога чалавека даказвае бессэнсоўнасць наогул згадваць пра гонар і годнасць. У сучасным свеце такі ўчынак не здаецца чымсьці ненатуральным, нават наадварот, кожны па-свойму можа растлумачыць крадзеж і нават паспачуваць самотнай жанчыне. З Ядзвігай Антонаўнай цесна звязваецца ўскосная гераіня – яе дачка – Гануся. Дзяўчына ў п’есе з’яўляецца свайго роду зборным персанажам, які ўвасабляе сабой сучасную студэнцкую моладзь, для якой мастацтва, літаратура, вучоба – нешта цалкам не патрэбнае. Акрамя гэтага, мяркуючы па тым, як Гануся, ведаючы, наколькі цяжка маці адной зарабляць на іх дваіх, нават не імкнецца ўтрымацца на дзённым аддзяленні, можна зрабіць выснову і пра яе падыход да адказнасці і сямейных каштоўнасцяў:

П ё т р а: […] Тое, што сарамлiвая Ганусенька спiсвала на экзамене – гэта паўбяды. Тое, што паводле яе слоў паэма Янкi Купалы “Курган” пачынаецца словамi “Памiж пяскоў Егiпецкай зямлi...”, – таксама яшчэ не катастрофа. Але абмяркоўваць з сяброўкай у час лекцыi сэксуальныя здольнасцi прафесара на першай лаўцы – гэта ўжо занадта! (С. 152-153)

Гануся, натуральна, атрымлівае двойку без магчымасці пераздачы, і менавіта гэта змушае маці – Ядзвігу Антонаўну – да крадзяжу і продажу дзённіка Багдановіча, каб усё-такі забяспечыць дачцэ вышэйшую адукацыю. Аднак у вышэйпрыведзенай цытаце звяртае на сябе ўвагу не столькі факт невуцтва студэнткі, колькі яе паводзіны і тэмы гутарак падчас заняткаў. І, калі Пётру і прафесара адкрытае абмеркаванне тэмаў сэксу абурае, то Вераніка падыходзіць да гэтага як да чагосьці цалкам нармалёвага:

В е р а н i к а: Ядзвiга Антоноўна такая смешная. Апякуецца дачкой, як дарэвалюцыйнай гiмназiсткай. А Гануся – сучасная, эмансiпаваная дзяўчына. Неяк у рэдакцыi, без мацi, яна расказвала нам з Калiсай пра твайго Паўла Сямёнавiча.
П ё т р а: Спадабалiся ягоныя лекцыi?
В е р а н i к а: Дзе там. Прафесар так павольна гаворыць, што студэнткi не могуць даўмецца, як ён займаецца сэксам. “Мусiць, адзiн штуршок у мiнуту”, – падсумавала Гануся. (C. 145)

Сапраўды, калі ўзяць да ўвагі тое, што ў навакольным свеце сэкс і адпаведныя адкрытыя выявы нікога ўжо не дзівяць, то паводзіны людзей, якіх усё-такі бянтэжыць такая тэматыка, павінна выглядаць смешнымі і незразумелымі. Менавіта так уяўляецца канфрантацыя Ядзвігі Антонаўны і Лявона, які не толькі піша свой аўтабіяграфічны твор, можна сказаць, у порна-жанры, але нават захоўвае сапраўдныя імёны і прозвішчы гераіняў:

Л я в о н: […] герой ёсць – я. Астатнiя ўсе – гераiнi. I назва клёвая: “Я i мятлушкi. З прыватнага жыцця Лявона К.” […]
Я д з в і г а А н т о н а ў н а: […]Можаце з мяне смяяцця, называць мяне старамоднай, але за некаторыя публiкацыi ў нашым часопiсе мне сорамна. […]
Я спадзяюся, Лёня, за ваш раман мне не давядзецца чырванець?
Л я в о н: Не спадзявайцеся, Ядзвiга Антоноўна: давядзецца ды яшчэ як. […] iмёны i прозвiшчы гераiнь – сапраўдныя.
Я д з в і г а А н т о н а ў н а (не верыць): Як сапраўдныя? (Запытальна глядзiць на Лявона).
Л я в о н: Каліса праўду кажа. Раман дакументальны. У гэтым ягоная ўнiкальнасць. […]
Я д з в і г а А н т о н а ў н а (з жахам): Але ж гэта... амаральна. Якая ж гэта лiтаратура?
Л я в о н: Шчырая лiтаратура. А ўявiце, колькi ў майго рамана будзе чытачоў. Усе, пра каго напiсана, – раз. Iхнiя сябры i знаёмыя – два. I ўрэшце прачытаюць усе астатнiя, каб пераканацца, што пра iх нiчога не напiсана... (С. 137-140)

Гэты дыялог паказвае не толькі тое, што практычна ўсё табу і маральныя нормы ў сучасным грамадстве ўжо адпалі, што прыватнае, інтымнае жыццё лёгка становіцца здабыткам шырокай публікі, але закранае і цікавую праблему стану літаратуры:

П ё т р а: Сусветная лiтаратура даўно прайшла праз этап эксгiбiцыянiзму i прылюднага аўтарскага самараспранання...[…] Што да сэксуальных сцэнаў – гэта проста агульнае месца, своеасаблiвы код, па якiм пазнаецца прыналежнасць тэксту да сучаснай лiтаратуры. Раней чытач такiя сцэны нецярплiва вышукваў, цяпер – абыякава прамiнае, як лiтаратурны штамп. (С. 140)

Тут неабходна адзначыць, што ў літаратуры, тым або іншым чынам, адлюст­роўваюцца тэндэнцыі, працэсы, змены, якія ўжо ўсталяваліся ў навакольным свеце. З вышэйпрыведзенага выказвання вынікае, што ў прынцыпе інтым або сэкс перасталі быць тэмамі асабістымі, патаемнымі. Больш за тое, – тыя, хто не перайшоў гэтае мяжы, часцей за ўсё становяцца аб’ектам цынічных насмешак, як гэта выглядае ў выпадку з Ядзвігай Антонаўнай.
Цалкам па-іншаму выглядаюць адносіны герояў з першай гісторыі: тут, напрыклад, Стыля, аматар выпіць і спакуснік прыезджых жанчын, увесь час прысаромліваецца за свой лад жыцця Дар’яй Цімафееўнай. Мастак, нягледзячы на багаты досвед героя-палюбоўніка, не дазваляе сабе ўдавацца ў якія-колечы падрабязнасці сваіх сувязяў. Больш за тое, у яго развагах на тэму Клавы і Вольгі няма ні цынізму, ні вульгарнасці:

С т ы л я: […] калi задумацца, усё заканамерна. Цiкаўнага да жыцця маладога паэта прыцягвае яскрава выяўленая жаноцкасць, а стомленага жыццём мастака – дзявочая нявiннасць. (Рашуча). Аднак досыць пра гэта. Спадзяюся, кожны з нас захавае ў таямнiцы сябрава прызнанне?
М а к с i м: Вядома! Слова гонару! (С. 109)

Тым больш нявінна і нават наіўна ў параўнанні з сучаснымі рэаліямі выглядаюць адносіны Максіма – паэта, рамантыка – і Клавы. Маладога чалавека мучыць тое, што яго каханая – замужняя жанчына, але ён саступае сваёй і яе жарсці. Гэта прыводзіць да раману, які каханкі стараюцца схаваць, хоць адзначым, што абодва яны знаходзяцца ў Крыме на лячэнні ад сухотаў і абодва разумеюць, што гэтае нечаканае каханне можа быць апошнім у іх жыцці. Своеасаблівым кантрастам тут з’яўляецца Вольга – студэнтка медыцынскага інстытута. Яе некаторыя выказванні, паводзіны здаюцца занадта жорсткімі і не адпаведнымі агульнай атмасферы. Яна з аднаго боку асуджае старэйшай сястру, а з іншага – раўнуе яе да Максіма. Так, напрыклад, Вольга, незаўважаная Максімам і Клавай у часе, калі яны цалуюцца, пачынае чытаць з падручніка анатоміі:

Калi самец заўважае самку, яго арганiзм выдзяляе дадатковы бялок, якi трапляе ў мозг. Мозг адразу накiроўвае сiгнал да палавога органа, што выклiкае з’яву гэтак званай эрэкцыi...[…] Адпаведна ў арганiзме самкi, калi яна прагне стасунку з самцом, выдзяляецца спецыяльная вiльгаць... (С. 119)

Такое даслоўнае апісанне фізіялагічных працэсаў выклікае агаломшанасць, пачуццё сораму і няёмкасці ў Максіма і раззлаванасць у Клавы. Аднак Вольга, эпатуючы сваім цынізмам у стаўленні да паэзіі і падыходам да тэмы кахання, зводзячы яе да фізіялогіі, у выніку ўсё-такі апынаецца чалавекам чуллівым, клапатлівы і нават не пазбаўленым рамантызму:

В о л ь г а: […] (З болем) Няўжо вы не зразумелi, што вы – апошняе каханне ў яе жыццi? Апошняя, хаця i недазволеная, радасць, апошнi цёплы восеньскi дзень перад вечнай зiмой... (Замаўкае). (С. 131)

Гэтая рэакцыя дзяўчыны была выклікана выказваннем Максіма, які сумняваецца ў пачуццях Клавы. Апошняя ж папрасіла яго не сустракацца больш, каб не раніць мужа, што прыехаў да яе:

М а к с i м: […] вы мелi рацыю. Усе нашыя высокiя пачуццi можна звесцi да простай фiзiялогii. Дарэчы, я пад вашым уплывам нават паспрабаваў апiсаць усе свае адчуваннi натуралiстычным метадам. Але неяк няўдала. (Вiнавата ўсмiхаецца). Кепскi з мяне натуралiст. (С. 131)

Своеасаблівая спроба драматурга растлумачыць з’яўленне запісаў Багдановіча паказвае першым чынам падыход маладога чалавека да свайго асабістага жыцця, да ўласных інтымных перажыванняў і іх ролю ў творчасці паэта. Характэрным у гэтым сэнсе з’яўляецца дыялог паміж Клавай і Максімам:

К л а в а: Я вырасла ў мяшчанскiм асяроддзi, i ў мяне нiколi не было знаёмых паэтаў. Але, калi я чытала Севяранiна, Блока, Ясенiна, мне заўсёды здавалася, што гэта вельмi небяспечныя людзi.
М а к с i м (здзiўлена): Чаму небяспечныя?
К л а в а: Бо яны кожную падзею, выпадак, сустрэчу ператвараюць у лiтаратуру. Здаецца, у iхнiм жыццi няма нiчога свайго, асабiстага. Усё навокал – толькi тэма для вершаў. Вось мы расстанемся, i ты таксама напiшаш пра мяне вершык?[…]
М а к с i м: Так... Калi ты дазволiш. (С. 118-119)

Ведаючы вершы вышэйпрыведзеных паэтаў, асабліва шакуе супастаўленне іх успрымання асабістых, інтымных адчуванняў з тэкстам аднаго сучаснага пісьменніка, якое прыводзіцца ў другой гісторыі:

Вось упэўненая жылiстая рука гладзiць ейныя лыткi, клубы, потым мокрае прамежжа. Сярэднi палец трапляе ў вiльготную похву й казыча, казыча, казыча. Жанчына знемагае i пакутуе ад унутранай гарачынi, цяжка дыхае, трымаючыся за халодныя поручнi ложка. Раптам заўважае, што нехта сядае ёй на грудзi так, што яе галава апынаецца спамiж потных валасатых ног нахабнага вершнiка. Да ейных вуснаў дакранаецца нешта пругкае й цёплае […] (C. 138)

Такая канфрантацыя пачуццёва-рамантычнага ўспрымання інтыму, выяўленага ў асобе Багдановіча, і сучасных аўтараў, што засяроджваюць увагу галоўным чынам на фізіялагічных падрабязнасцях, не можа не адлюстроўваць нормаў і сацыяльных адносінаў, што змяніліся. У свеце Максіма няма месца спажывецкаму характару сувязі з жанчынай, гэтак жа, як у парнатопіі лявонаў і ганусек няма месца патаемнасці і сардэчнасці. Сэкс, які стаўся своеасаблівым прадуктам у сучасным грамадстве, аголеныя целы, якія кругласуткава не сыходзяць з тэлебачання, інтэрнэт, што дазваляе хутка і лёгка атрымаць доступ да эротыкі і парнаграфіі, сцерлі, здаецца, беззваротна чысціню, узвышанасць у пачуццях, ператвараючы іх у кітч. П’еса “Інтымны дзённік” Сяргея Кавалёва не толькі паказвае ў параўнанні змененыя каштоўнасці, чалавечыя адносіны, яна ўся прасякнутая настальгіяй і тугой па рамантызме, што беззваротна сышоў. Менавіта таму дазволю сабе скончыць свае развагі апошнімі строфамі верша Максіма Багдановіча, а разам з тым і апошнімі словамі твора Кавалёва:

Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі i звадкі, боль i горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?



1 Леонид Ионин: Укрощенная эротика. “Человек” 1992, № 3. Даступна на: http://aquarun.ru/psih/psex/ps8.html.
2 Тут маецца на ўвазе найперш праца: Steven Markus: Umkehrung der Moral. Sexualitat und Pornographie im victorianischen England. Frankfurt, 1979.
3 Гл. падрабязней у працы Леаніда Іоніна: Укрощенная эротика....
4 Упершыню п’еса была надрукавана ў 2009 г. у часопісе “Дзеяслоў” №2, у тым жа годзе пастаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі, рэж. Віталь Бароўскі.
5 З гутаркі Вольгі Барабаншчыкавай з Сяргеем Кавалёвым: Драматург на Парнасе. “Настаўнiцкая газета” ад 20. 03. 2004.
6 Сяргей Кавалёў: Пасля гiсторыi, або практыкаваннi ў свабодзе. Прадмова да зборніка п’ес “Сёстры Псіхеі”, Мінск, 2011, с. 11.
7 З дыскусіі-інтэрв’ю “Блеск и нищета архивов и имен”. «Советская Белоруссия» ад 05. 01. 2007.
8 З апісання канферэнцыі ў Маладэчанскай цэнтральнай бібліятэцы імя М. Багдановіча. Даступна на: http://molib.iatp.by/index.php?page=news&n=8.
9 Тут і далей цытуецца па: Сяргей Кавалёў. Iнтымны дзённiк. // Сёстры Псiхеi. Мiнск 2011, с. 154.
10 Сяргей Кавалёў: Пасля гiсторыi, або практыкаваннi ў свабодзе... с. 11.