12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лізавета-Дамініка Панамарова

_____________________
Крылы.
Вершы

Я застаюся…

Хачу ізноў нязвыклае адчуць,
Хачу, каб сьнег запах, як глог у траўні,
Хачу ўсе зоры ў прыгаршчы згарнуць
І падарыць табе, ўспамін мой даўні.

Ператрываю я фізічны боль
І буду піць сьвінец замест гарбаты.
Ты толькі зразумець сябе дазволь,
Здымі з сябе кальчугу, шлем і латы.

Я—пах сандалу, моцны едкі пах,
Я нават з даху скокнуць не баюся.
Твой водар дзіўны на маіх руках...
Пакуль ня зьвяне глог... Я застаюся...

* * *

Ты, напэўна, забыў мае вочы,
І забыў, як трымаў за руку,
Ты забыў, як зьліваліся ўночы
Ліхтары ў залатую раку.

Ты забыў, як мы йшлі па прасьпекце
У імклівым патоку людзей.
Ты тады быў адзіны на сьвеце,
Незалежны ад сноў і падзей.

І я болей ня сьню твае вусны,
Сьню рамонкаў бялявых палі,
Я шкадую, што ў розныя руслы
Нашы жыцьці з табой пацяклі.

2004

Крылы


Ты хочаш, каб крылы былі за плячыма,
Біў дождж уначы па страсе.
А ведаеш, і такое магчыма,
Як срэбра знайсьці ў расе.

Ты хочаш, каб сонца кідала праменьне
У прышласьць, дзе нам варта жыць,
А вечнасьць ёсьць пацеркі
сьветлых імгненьняў,
Што хочацца паўтарыць.



* * *

Я апранула беларускі строй,
Льняной кашуляй сэрца затуліла.
О, час змаганьня, час вірлівы мой,
Адкуль бярэцца вытрымка і сіла?

Я чую тупат конскіх капытоў.
Звон збруі заглушыў людскія крыкі.
А праз тканіну праступіла кроў,
Боль пранізаў душу, жывы і дзікі.
Я, сьцяўшы зубы, села на зямлю,
А нада мной ляцелі грозна коні…
О, Беларусь, я так цябе люблю,
Люблю я гнеў і жарсьць тваёй Пагоні!

Дзе мой народ, дзе вера і дзе воля!?
Ды наша зброя – праўда, іх – каса.
Па белым небе і зімовым полі
Чырвоная пралегла паласа.
2001



Верасьнёвая раніца


Верасьнёвая раніца.
Сонца зноў нездаровае.
Як жа мне падабаецца,
Што жыцьцё каляровае!



Беларусь

Ты — разьбітае сэрца Еўропы,
Ты — краіна прачыстае веры,
Ты – надзеі нашы і спробы.
Незалежнасьць твая — хімера.

Ты глядзіш у нябёсы маўкліва,
І маўчыць твой народ і чакае.
Незвычайнага нейкага дзіва,
Пакуль сонца тваё дагарае.

І апошняю птушкай збаўленьня
Можа праўда забытая стацца…
Паратунак майго пакаленьня—
Даляцець, дапаўзьці, не зламацца!
2005