12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Папковіч

_____________________
Судакрананьне.
Вершы


Верую…

І мне таксама хочацца гармоніі
Душы і цела, жарсьці й чысьціні.
Жыву ж аглушаны, у какафоніі,
Спакою на душы – ані.

Я сам сябе караю і пакутую.
Дзе выйсьце з пекла гэтага знайсьці?
Іду я ўпарта праз завею лютую,
Зьбіраю сілу ўсю сваю: “Не адпусьці...”

Праходжу ўрэшце праз заслону шэрую,
І ясны голас чую: “Не адрынь...”
На неба пазіраю, паўтараю: “Верую...”
Амінь.

Трэба Бога любіць…

Ці філосафы, ці лёгкія моднікі,
Ці бамжы, што ня хочуць рабіць,
Ах, усе мы, усе – грахаводнікі.
Трэба Бога любіць.

Так, мы госьці зямлі выпадковыя,
І прыйшлі нейкі час тут прабыць.
Гарадскія мы ці вясковыя –
Трэба Бога любіць.

Ці нахабныя, ці зайздросьнікі –
Зло патрэбна ў сабе забіць.
Дамаседы мы ці падарожнікі –
Трэба Бога любіць.

Ці пачуюць мяне двухлікія?
Заклікаю я ўсіх не забыць:
Ці малыя мы, ці вялікія –
Трэба Бога любіць.


Пара

Цяпер жыцьцю я не супраціўляюся,
Няхай яно ідзе, як Бог сьвяты дае,
Працую мала, болей забаўляюся,
І слухаю душу, калі яна пяе.

Куды сьпяшацца, да чаго імкнуцца?
Чаго няма – няма, хапае мне, што ёсьць.
Жаданьне маю: раніцай прачнуцца,
І азірнуцца – што за прыгажосьць!

Ці сонца ў небе, а ці дождж грукоча,
Ці сьнегавеі круцяць за вакном.
Уся істота з гэтым зьліцца хоча,
Перш чым засну глыбокім вечным сном.

Пара ўжо нам адумацца, старыя:
Часы прайшлі, і мы ня вернем іх…
Папросім Бога, хай ён нас закрые
Сваёй рукой ад чорных сіл сьляпых.


Слова

А што сапраўдная паэзія? Ня ведаю.
Чытаю штосьці. Нешта не чытаю.
Я не вучоны. Слова не дасьледую.
Ня сьпіцца доўга. Зборнічак гартаю.

Бывае, што зачэпішся зьнянацку:
Чаму ж раней на вока не траплялася?
Трымаеш кніжку, як малое цацку,
З якой яно яшчэ не нагулялася.

Смакуеш слова, чуеш пах і гукі,
І так, і гэтак – вось яно, сапраўднае!
Ня трэба тут ніякае навукі,
Яно адно, высокае і слаўнае!

Перад табою новы сьвет адчынены,
Ты зьдзіўлены: як жыць было бяз гэтага?
Уся зямля – з чужынамі, з Айчынаю
Ёсьць толькі кропка зьмесьціва сусьветнага.


Запавет

Бяз злосьці, без пагарды
Гляджу на белы сьвет.
Я па жыцьці ня ўпарты,
Я помню запавет,
Які я чуў ад маці,
І не пасьпеў забыць,
Што добра мець багацьце,
А лепш – сумленным быць.
На жаль, я не заўсёды
Выконваў той наказ,
Таму без асалоды
Свой дажываю час.