12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Панкратаў

_____________________
Усё банальнае – простае.
Вершы


Я хачу навучыцца...

Быць празрыста-карысным,
Нябрыдка-шчырым.
Быць моцай, цнотай, пяшчотай,
Цеплынёй, вадой.
Шэптам, ветрам.
Быць ласкавым,
Цікавым,
Прыемным на дотык,
Без шнараў ад згрызоты.
Адчуваць чужы боль, чужы страх,
Разумець, чытаць па вачах
Чужое шчасце,
Чужыя ўсплёскі жарсці.

Я хачу гэтаму навучыцца.
Але вучуся толькі пераводзіць
Усё навокал у стан цішыні,
Прымушаць маўчаць, хаваць,
Забіваць.
Калі так, навучыце мяне паміраць
Як Буда з камення –
Бясконцую колькасць разоў за імгненне.


* * *

Новыя ролі прымушаюць
Хаваць глыбей канверты з пячаткай “Шчыра”,
Новая мова намалюе
Пэндзлем усмешку на маім твары.
Пакідаючы трохі сябе
У кожным сустрэчным позірку,
Рызыкуеш застацца адбіткам
На безлічы чужых сятчатак.


* * *

Нявыказаныя словы
Кладуцца на зямлю
Разам з гнілой лістотай,
Ператвараюцца ў вільготную масу,
У якой не знойдзеш ужо таго,
Што калісьці было відавочна.
Забытыя сцежкі
Ў восеньскім лесе
Замецены рэшткамі словаў.
Можна ўзгадаць іх сэнс,
Але аднавіць іх колер
Бадай што ўжо немагчыма.


omega

Больш жорсткасці!
Надай яшчэ болей!
Надай яшчэ болю
У свае зносіны
З навакольнымі.
Няхай ведаюць,
Моцы адведаюць.
Ты адпомшчаны.
Ніякай літасці:
Яна – кволая,
Яна – хворая.
Не для лідэра.
Трэба быць першым:
Без недахопаў.
У некалькі крокаў
Трымаць адлегласць.

Ты – альфа, я – амега.
Тапчы мяне сваімі нагамі.
Пакажы сваю ўладу,
Забі маю праўду.
Я буду апошнім,
Я буду нікчэмным,
У самым нізе лесвіцы рангаў.
А да цябе, па шырокай дузе
Нянавісць вернецца бумерангам.

У доўгай шпітальнай сукенцы
Мяне назавуць Дабрынёю.


* * *

Усё банальнае – простае:
Уначы падарожжа
Па цёмнай кватэры да прыбіральні;
Змаганне з сабою,
Каб колькі хвілінаў застацца пад коўдрай;
Разбітае сэрца
З-за разбітай у аскепкі талеркі.
Перапоўненасць сэнсам –
Адметнасць нашага часу.
Як проста пераводзяцца стрэлкі.


* * *

Схавай таямніцу глыбока ў вантробах,
Ідзі паступова сваёю дарогай.
Заплач завірухаю белаю ў снежні,
Якой табе больш не ўбачыць.
Застаецца толькі зазначыць,
Што ты тут далёка не першы.
Ратаваньне ў смярдзючай кавярні
Ад пяшчотна каханай табой адзіноты
Бывае яшчэ пладавітым.
Чаканьне Гадо – цяжкая праца,
І камусьці трэба яе выконваць.


* * *

Усе правы абароненыя,
Гайкі закручаныя,
Сумненні знішчаныя,
Выдаткі разлічаныя.
Заспіртаваныя мары
Стаяць на паліцах пакою,
Удала ўпісаныя ў інтэр’еры,
Для стварэння святочных настрояў.
Кожная рэч – на месцы,
І гэтак прыемна, утульна,
Што я гатовы забіць
Кожную думку пра змены.
Прыемны водар і свечкі,
І на твары маім пяшчота,
Калі я кладуся ў ложак
З каханай сваёю лянотай.


Сцягі з чырвоным колерам

Колькі літраў крыві патрэбна,
Каб афарбаваць вашы сцягі чырвоным?
У лёгкіх ужо нестае паветра,
А ты ўсё крычыш “Слава кароне!”

Сцягі ніколі не кажуць праўду
І дапамагаюць сумленне сцерці.
Сёння са сцягам, са зброяй заўтра.
Колер тканіны – прычына для смерці?