12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Папковіч

_____________________
Самота. Вершы


Прывідныя мроі

А думкі ніяк у гурт не збіраюцца,
Словы не ладзяцца ў сказы ніяк.
Прывіднае гледзішча ўсё паўтараецца:
На снезе калядным крывавы камяк.

Гэта з дзяцінства ў мяне засталося:
Страх падсвядомы і крыкі ўначы…
Хто мне прызнаецца: што адбылося?
Свет толькі шчэрыцца: Ціха! Маўчы!

Бог не пярэчыць… Значыць, дазволена…
Хто пераможа: прарок альбо хлус?
Сцежкай, якая вякамі намолена,
Крыж свой нясе на Галгофу Ісус…
01.01.2011

Стогн

Як жыць нам з незагоеным сумленнем?
Дзе той прарок, што нам праясніць зрок?
Ці Бог нам пасылае свой папрок,
Што Дух не збераглі мы ў пасталенні?

Не Храм святы будуем, а палац,
І там гартуем не Душу, а цела.
Самотная, змарнела і здранцвела.
А д’ябал нас імкнецца забаўляць.

Што ж, песняры, спявайце гімн Мамоне,
Нямоглых падымаючы на смех,
Забыты словы “пакаянне”, “грэх”…
Няўжо, Паэт, твая душа не стогне?


Жывучы на гэтай зямлі…

Жывучы на гэтай зямлі,
як адчуць ад жыцця асалоду,
калі тыя, што знекуль прыйшлі,
кпяць-смяюцца з нашага роду?

Я магу дапусціць, што ў кагось
крышку здольнасці не хапае
зразумець нас… Але гэта злосць,
неабачлівая і сляпая, –
ну, адкуль бярэцца яна,
каб бурыць векавое бяздумна?
Скрозь балююць бязглуздасць, мана…
І з таго мне балюча і сумна…


Душа

Чую, як просяць: “Не лезьце ў душу,
Я там патаемнасць хаваю».
А я не баюся: “Зірніце, прашу,
Вам насцеж яе адкрываю…
Глядзіце, чапайце, няхай забаліць,
На спёку яе, у завею!
А то, распанеўшы, не зможа любіць,
А то, як скарынка, счарсцвее.”
Ёй горача робіцца на скразняку,
Ад спёкі яна не згарае…
Лёгка жывецца на сталым вяку,
Калі душа не старая.

* * *

Жывецца сумна, што там гаварыць…
Няёмка, змрочна, цесна, як у танку.
Ніводзін позірк ветла не гарыць,
А злосна зыркаюць без перастанку.

Разгублена схіляю галаву,
Праходжу непрыкметна, бокам-бокам.
Па плошчы, дзе прызначваў рандэву,
Крадуся ціха вераб’іным крокам.

Я заадно з народам быць любіў.
Рубель, як меў, любому мог пазычыць.
Ну, што каму такое я зрабіў,
Што ворагам мяне “хто трэба” лічыць?


Няўпэўненасць

Хтось мне сказаў: “З такім рэсурсам,
Калі як трэба захацець
І плыць заўжды належным курсам,
То можна высака ўзляцець.”
А я крычу: “Не прадаюся!”
А я крычу: “На тым стаю!”
А сам баюся: надарвуся,
Што заспяваў, не дапяю…


Планіда

У застоллі – адзін, у натоўпе – адзін,
І нават адзін – з табою.
Ад думкі пра тло змарнаваных гадзін
Няма мне ані адбою.
Жыву на самоце, бы хто мяне ўрок…
Разгадкі ў душы шукаю…
Не, я адзіноцтва не прагнуў знарок –
Планіда мая такая.


* * *

Я чытаю чужога паэта…
Адчуваю: па духу ён свой.
Колькі спета ўжо й перапета…
Тчэцца ў свеце бясконцы сувой.
І паміж шанаваных, забытых
Ці абыйдзеных у дзяльбе
Хтось застаўся ў куточку сіта,
Каб патрапіць на вочы табе.
Ён гаворыць на простай мове,
Ён бядуе, смяецца… жывы…
Пашукайце свайго, панове,
Хоць з чужыны, а духам, як вы…


Скарга
(Паводле Робэрта Гэрнгарта)

Гадзіннік на вежы гадзіну прабіў,
А я ж анічога яшчэ не зрабіў.
Гадзіннік на вежы прабіў ужо дзве,
Пуста пакуль што ў маёй галаве.
Гадзіннік на вежы прабіў ужо тры,
Ніводнае думкі, чорт іх бяры!
Гадзіннік на вежы чатыры адбіў,
Меў я задуму, ды хутка згубіў.
Гадзіннік на вежы прабіў ужо пяць,
Пустая парода – не варта й капаць.
Гадзіннік на вежы прабіў шэсць разоў.
Пара ўжо і выпіць! Без тармазоў!


Адзін

Я – адзін. І я цяпер свабодны.
Вольны ад хвалы і ад брахні.
Я маўчу, і тым – усенародны.
Бо й народ знямогся ад гульні.


Мамін запавет

Са мною побач
рускія, яўрэі,
палякі,
беларусы-землякі.
Усіх нас сонца без выбору грэе,
Спяваюць – на ўсіх мовах
Ручайкі.
Я нарадзіўся
Кроўным беларусам,
Таму не дзіўна:
Беларусь люблю.
І беларусам у нябыт вярнуся,
У нашую бацькоўскую зямлю.
Не выракуся матчынага краю…
Але які б я патрыёт ні быў,
Не па крыві
Сяброў я выбіраю,
Не па крыві жанчыну палюбіў.
Па маміных вучыўся запаветах,
Бо лепшага не сустракаў суддзі.
“Са злодзеем, казала, з прайдзісветам,
З бандытам, сынку, дружбы не вадзі.”
Я не сябрую з тымі,
Хто згубіў святое,
А ў іх мазгах адбыўся ператрус…
Яны ж мяне цураюцца
За тое,
Што я жыву яшчэ…
Што беларус…


Адзінота

Адзінота – не жорсткая кара…
То найлепшыя ночы і дні.
Час узлёту:
Вялікая мара
Не трывае пустой мітусні.
Гэта час пазбаўлення ад путаў,
Ад будзённых і дробязных спраў.
І не бойся душэўных пакутаў –
Гэты лёс ты свядома абраў.
Ты – наперадзе.
Ты адарваўся
Ад натоўпу, што квола брыдзе.
Ты памкненнямі кіраваўся,
Невядомымі грамадзе.
Будзь адзін.
Для душы гэта лекі.
Ты адзначаны Богам –
Тварыць.
За табою брыдуць чалавекі.
Ім душа твая,
зоркай гарыць.