12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тоні Парсанз

_____________________
Мужчына і хлопчык. Раман. (Пачатак)
Пераклад
з ангельскай
V. K.
Перакладчыца
шчыра дзякуе
за неацэнную
дапамогу
прафесару
Арнольду
МакМіліну
і Пітэру Роджэрсу.


Частка 1

Найпрыгажэйшы ў свеце хлопчык

Хлопчык, хлопчык!
Малюпасенькае хлапчанятка.
Я гляджу на гэтае немаўля – лысае, у зморшчынах, пакамечанае, як стары, – і са мною адбываецца нешта неапісальнае.
Яно – то бок ён – здаецца мне найпрыгажэйшым немаўлём ва ўсёй сусветнай гісторыі. Яно – то бок ён – і праўда найпрыгажэйшае дзіця ў сусветнай гісторыі, ці гэта папросту гучна цікае мой біялагічны гадзіннік? Так пачуваюцца ўсе бацькі? Нават тыя, у каго нараджаюцца непрыгожыя дзеткі? Ці нашае немаўля і насамрэч такое прыгожае?
Па шчырасці, я не ведаю.
Дзіцятка спіць на руках маёй каханай. Я сядаю на край ложка, гляджу на іх і як ніколі ясна адчуваю, што маё сапраўднае месца ў жыцці – у гэтым пакоі, з гэтай жанчынай ды гэтым дзіцём, і нідзе больш.
Пасля ўсіх перажытых за апошнія дваццаць чатыры гадзіны хваляванняў я раптам уражаны да глыбіні душы, я адчуваю, як мяне перапаўняе нешта – удзячнасць, шчасце, любоў – і крый Божа, зараз пераліецца цераз край.
Я баюся асаромецца – усё сапсаваць, спляжыць гэты момант слязьмі. Але жэўжык прачынаецца, гучна патрабуе есці, і мы – я і мая каханая – уголас смяемся, смяемся ад узрушэння й задзіўленасці.
Гэта маленькі цуд. І хоць нам нікуды не падзецца ад рэаліяў будзёншчыны – калі мне трэба назад на працу? – але гэты дзень асветлены сапраўдным чарадзействам. Мы пра яго не кажам. Але яно абступае з усіх бакоў.
Потым прыходзяць мае бацькі. Наабдымаўшыся і нацалаваўшыся, маці лічыць пальчыкі на ручках і ножках у дзіцяці, правярае, ці няма на іх перапонак. Але з ім, з немаўлём, усё добра.
– Які красунчык – ашалець можна! – вырываецца ў мамы.
Бацька глядзіць на немаўля – і ў ім, здаецца, нешта растае.
У майго продка шмат выдатных рысаў, але чуллівым, сентыментальным яго ніяк не назавеш. Ён не агукае, не буркуе над дзеткамі на вуліцы. Бацька – добры чалавек, але перажытае зрабіла яго суворым. Сёння недзе глыбока-глыбока ў яго ў сэрцы пачынае трушчыцца лёд, і я бачу: ён таксама гэта адчуў.
Вось ён, найпрыгажэйшы ў свеце хлопчык.
Я падараваў тату бутэльку, набытую некалькі месяцаў таму. Бурбон. Бацька п’е толькі піва ці віскі, але прымае бутэльку, усміхаючыся да вушэй. На этыкетцы значыцца: “Стары дзядуля”. Гэта пра яго. Пра майго бацьку.
Я ведаю: сёння я стаўся трохі больш падобным да яго. Сёння я таксама стаўся бацькам. Усё, што лічыцца адзнакай мужчынскасці: страта цноты, атрыманне правоў, першае галасаванне на выбарах – усё гэта было для мяне толькі недзе на ўскрайку юнацтва. Я прайшоў праз усе гэтыя вехі – і апынуўся на тым баку па сутнасці гэткім жа хлапчуком, што і раней.
Але сёння я спрычыніўся да з’яўлення на свет новага чалавека.
Сёння я стаўся тым, кім заўсёды быў мой бацька.
Сёння я стаўся мужчынам.
Мне – дваццаць пяць.

1.

Чаго нельга рабіць на парозе трыццацігоддзя, гэткай важнай даты, калі можна сабе сказаць: “Ну вось, нарэшце я зусім дарослы”?
Пераспаць з каляжанкай.
Не падумаўшы, набыць раскошную рэч, якая табе не па кішэні.
Пабачыць, як ад цябе сыходзіць жонка.
Страціць працу.
Раптам застацца самотным бацькам.
Калі вам неўзабаве споўніцца трыццаць, ні ў якім разе нічога гэтага не рабіце. Іначай дзень народзінаў – пахераны.

Трыццатнік – той узрост, пра які звычайна думаюць: “Залатыя дзянькі, пара маладосці, лепшае яшчэ наперадзе”, – і да таго падобную чухню.
Ты яшчэ досыць малады, каб не спаць усю ноч, але ўжо досыць сталы, каб мець крэдытку. Няпэўнасць, беднасць, непазбежныя ў падлеткавым веку і ранняй маладосці, нарэшце сышлі – туды ім і дарога! – але кроў яшчэ віруе.
Трыццатнік павінен быць добрым днём народзінаў. Адным з найлепшых.
Як жа адзначыць гэтае вялікае 3:0? З вясёлай кампаніяй нежанатых сяброў у якім-небудзь утульным бары ці рэстаранчыку? Або каля сямейнага агню, у атачэнні каханай жонкі ды любых дзетак?
Мусіць жа існаваць добры спосаб адзначыць трыццацігоддзе. Магчыма, кожны спосаб па-свойму добры.
Усе мае ўяўленні пра гэты дзень народзінаў быццам былі ўзятыя з гламурнага амерыканскага камедыйнага серыялу. Думаючы пра трыццацігод­дзе, я ўяўляў сабе прыгожую сямейную пару: лашчацца, як ушчэнт ачмурэлыя падлеткі, а недзе на заднім плане па адпаліраваным паркеце, агукаючы, паўзе немаўля. Або я бачыў гурток гожых сяброў-дасціпнікаў: папіваюць latte, выстаўляюць напаказ афігенны трыкатаж, з іроніяй праклінаючы спатканні-заляцанні. Вось у чым мая бяда. Думаючы пра трыццацігоддзе, я ўяўляў сабе чужое жыццё.
Такім павінна быць трыццацігоддзе: ты асталелы, але не расчараваны ў свеце, уладкаваны, але не самазадаволены, абазнаны ў жыцці, але не настолькі, каб хацелася кінуцца пад цягнік. Найлепшы ў жыцці час.
Да трыццаці ты ўрэшце ўсвядоміў, што не будзеш жыць вечна. Але, безумоўна, ад гэтага смеху поўнае, піўнае цяпер мусіць здавацца яшчэ смачнейшым? Нельга, каб непазбежная смерць адымала радасць жыцця. Нельга, каб павольнае саслізгванне ў магілу рабілася тормазам на шляху асалоды.
Ці вы кайфуеце ў апошніх промнях халасцяцкае вольніцы, ці нядаўна ўступілі ў больш дарослае, больш адказнае жыццё з чалавекам, якога кахаеце, – цяжка ўявіць, як можна ўшчэнт спаскудзіць трыццацігоддзе.
Але я неяк здолеў.

Машына пахла, як чужое жыццё. Як пахне свабода.
Яна стаяла каля самай вітрыны ў дэманстрацыйнай зале, спартыўная машына, што ў абрысе сыходзілася клінам, і нават з адкінутым верхам выглядала элегантнай, гладкай і сцятай, як цягліца.
Натуральна, чырвоная – вогненнай, нашпігаванай тэстастэронам чырванню.
Калі я быў крыху маладзейшы, ад гэткага пошла-вульгарнага мачызму я б ці разрагатаўся, ці паздзекаваўся, ці званітаваў – ці ўсё разам.
Цяпер жа ён мяне зусім не бянтэжыў. Наадварот: здавалася, на дадзеным этапе жыцця мне толькі гэта і трэба.
Я зусім не з тых людзей, што ведаюць усе маркі машынаў. Але я ўжо быў паставіў сабе на мэце (крадком слізгаючы вачыма па рэкламе ў глянцавых часопісах) дазнацца імечка акурат гэтай секс-бомбы. Так, праўда. Мы і раней сустракаліся позіркамі.
Ды мне было без розніцы, як яна завецца. Я папросту захапляўся ейным выглядам. І пахам. Пахам “У-С-Ё М-А-Г-Ч-Ы-М-А!” Што ў ім было такога?
У водары скуры, гумы і ярдаў свежафарбаванай сталі адчувалася навеча – навеча такая, што ірвецца сэрца, навеча, што ўразіла мяне ледзь не да шаленства. Яна нешта нашэптвала пра іншы свет, бяскрайні ды вольны, пра шырокую дарогу, што бяжыць удалеч, да нічым не азмрочанай будучыні. Ёсць жа недзе месца, дзе ніхто ніколі не чуў ні пра перакрытыя шляхі, ні пра нямогласць, ні пра маё трыццацігоддзе.
Гэты пах быў мне аднекуль знаёмы, я пазнаў адчуванне, якое ён выклікаў. Як ні смешна, ён нагадваў тое, што перажываеш, трымаючы на руках нованароджанае немаўля.
Параўнанне далёка не бездакорнае – машына не магла касавурыцца на мяне вачанятамі, што толькі пачалі бачыць свет, ці схапіць мой палец у малюпасенькі кулачок, ці ўсміхацца мне бяззубай усмешкай. Але на нейкае імгненне падалося, што для яе і гэта магчыма.
– Гэх, колькі таго жыцця! – сказаў прадавец і пад пошчак абцасаў праз усю дэманстрацыйную залу падышоў да мяне.
Я ветліва ўсміхнуўся: маўляў, я над гэтым падумаю.
– Хочацца поўнага кайфу? – спытаўся ён. – Бо дзеля чаго створаная MGF, дык гэта дзеля кайфу.
Ён завучана рэкламаваў свой тавар і мерыў мяне поглядам, імкнучыся вызначыць, ці варты я спробнай паездкі.
Прадавец трымаўся напорліва, але не настолькі, каб адпалохаць кліента. Ён папросту рабіў сваю справу. І хоць у суботу я быў апрануты не салідна – а з маёй працай я і ў будні насіў амаль тое самае, – ён, напэўна, угледзеў ува мне важную птушку. Хуткі кар’ерны ўзлёт патрабуе гэткіх жа хуткіх колаў. Малады, вольны, нежанаты. Жыццё бестурботнае, як у рэкламе піва. Да якой жа ступені мы можам памыляцца?
– Гэтая мадэль мае сістэму рэгулявання клапаннага размеркавання, – выглядала, што ён прамаўляе са шчырым захапленнем. – Можна вар’яваць пачатковы перыяд на ўваходных клапанох, змяняючы хуткасць абарачэння кожнага эксцэнтрыка.
Што за хрэнацень? Гэта нешта пра рухавік?
– Прыцягвае дзяўчат, як магніт, – сказаў прадавец, заўважыўшы, што я прыгаломшаны. – Усе тырчаць будуць. Для маладога нежанатага хлопца няма нічога лепшага за MGF.
Вось гэта я разумею. Не дуры галавы ўсялякай тэхнічнай лабудой, лепш проста скажы, што ў такой машыне забываешся на сябе. Скажы, што ў ёй можна страціць сябе. Вось што я хацеў пачуць.
Нешта адцягнула ўвагу прадаўца. Я прасачыў за ягоным поглядам праз тоўстае шкло вітрыны.
Ён утаропіўся ў высокую бландынку, якая трымала за руку маленькага хлопчыка ў тэнісцы з малюнкам з “Зорных войнаў”. З усіх бакоў абвешаныя зробленымі ў супермаркеце закупамі, яны глядзелі на нас.
Нават у абладзе поліэтыленавых пакетаў і пры дзіцяці жанчына прымушала на сябе азірацца.
У руцэ яе сына – а гэта быў, несумненна, ейны сын – кідалася ў вочы доўгая пластыкавая трубка, у якой цмяна мігцела святло.
Калі за апошнія дваццаць гадоў вы як-небудзь выбіраліся ў кіно, то пазналі б у ёй светлавы клінок – традыцыйную зброю рыцараў джэды. Гэтаму патрабаваліся новыя батарэйкі.
Прыгажуня ўсміхалася нам з прадаўцом. Малы ўзняў свой светлавы клінок, нібыта вось-вось распасцярэ нас па зямлі.
– Тата, – вырвалася ў яго з вуснаў па той бок шкляной вітрыны, што нас падзяляла. Яго было не чуваць, але я ўлавіў, што ён кажа.
– Жонка з сынам, – патлумачыў я прадаўцу і павярнуўся, але паспеў заўважыць у ягоных вачах расчараванне. – Трэба ісці.
Тата. Гэта пра мяне. Тата.

– Ты ж нават не любіш машыны, – нагадала мне жонка, паціху пра­біраючыся за рулём нашага старога “фольксвагена”-ўніверсала праз шчыль­ную, як заўжды надвячоркам, плынь транспарту.
– Я проста глядзеў.
– І табе яшэ далёка да крызісу сярэдняга веку, – дадала яна. – Гары, у трыццаць – гэта яшчэ зарана. Каб усё было як у нармальных людзей, ты мусіш пачакаць яшчэ гадкоў пятнаццаць, а тады збегчы з маладзенькай сакратаркай, якая ўзростам пасуе на ролю тваёй другой жонкі. А я па­адрываю рукавы ўсіх тваіх гарнітураў. Ужо не кажучы пра яйцы.
– Джына, мне яшчэ няма трыццаці, – пасміхнуўся я, хоць было зусім не смешна. Вечна яна перабольшвае. – Мне дваццаць дзевяць.
– Яшчэ на цэлы месяц, – засмяялася яна.
– У цябе хутка дзень народзінаў, – разам з мамай засмяяўся і наш сынуля, хоць і зялёнага паняцця не меў, адчаго весялосць, і патыркаў сваім дзёўбаным светлавым клінком мне ў патыліцу.
– Пэт, калі ласка, не трэба, – сказаў я.
Зашпілены ў сваім дзіцячым крэселцы на заднім сядзенні, побач з закупамі на наступны тыдзень, ён мармытаў нешта сабе пад нос – уяўляў, што знаходзіцца ў пілотным адсеку Millennium Falcon разам з Гарысанам Фордам.
– Правы рухавік адмовіў, – сакатаў ён сам сабе. – Страляй, як будзеш га­товы.
Я павярнуўся паглядзець на яго. Чатырохгадовы, са светлымі валасамі, што звісалі на вочы таго ж самага сіняга адцення, як і ў мамы. “Ад Тыфані”. Перахапіўшы мой позірк, сын лыбіўся на мяне з дзіцячым захапленнем.
– З днём на-ро-дзі-наў, мі-лы та-та, – заспяваў ён, – з днём на-ро-о-дзі-наў!
Для Пэта мой дзень народзінаў азначаў, што нарэшце можна зрабіць мне сюрпрыз – падараваць самаробную паштоўку, схаваную пад ложкам (Люк Скайуокер сваім верным светлавым клінком адсякае галаву касмічнай пачвары). Для мяне ён азначаў, што лепшае, магчыма, назаўжды прамінула. Праўда.
Калі яшчэ я адчую сябе так, як у тую ноч, калі жонка сказала, што выйдзе за мяне замуж? Калі яшчэ я адчую сябе так, як у тую раніцу, калі нарадзіўся наш сын? Калі яшчэ жыццё будзе гэткім… не ведаю… рэальным? Калі?
– Калі ты пачаў цікавіцца машынамі? – спыталася Джына. І далася ж ёй у знакі гэтая машына! – Галаву на страценне: ты нават не ведаеш, на якім бензіне яна працуе.
– Ну, Джына, кінь!
– Дык на якім?
Бляха-муха.
– Экалагічным, – я тыцнуў пальцам у неба. – Гэтым… неэтылаваным. Які ашчаджае трапічныя лясы кожны раз, калі заліваеш бак.
– Гэта дызель, ёлупень, – засмяялася жонка. – Ніколі не сустракала мужчыны, якога так не цікавяць машыны. Дык у чым рэч?
Што я мог адказаць? Жонцы не гавораць, што нейкі неадушэўлены прадмет чамусьці ўвасабляе ўсё, чаго табе ніколі не займець, і ты пра гэта ведаеш. Мясціны, якіх табе ніколі не ўбачыць, жанчын, якіх табе ніколі не кахаць, учынкі, якіх табе ніколі не здзейсніць. Такое немагчыма сказаць жонцы. Нават той, якую вельмі кахаеш. Асабліва ёй.
– Яна разлічаная толькі на аднаго пасажыра, – заўважыла Джына.
– Хто – яна? – спытаў я, прыкідваючыся ідыётам.
– Ты выдатна ведаеш, пра што я. У ёй толькі адно пасажырскае сядзен­не – для зграбнай жаноцкай фігуркі.
– У цябе па-ранейшаму вельмі зграбная і вельмі жаноцкая фігурка, – адзначыў я. – Прынамсі, была, як я апошні раз на цябе глядзеў.
– Гары, што на цябе найшло? Ну, скажы.
– Мабыць, я імкнуся неяк кампенсаваць нягоды старэння. Уступаю ў клуб старых хрэнаў і таму – шкада глядзець! – хачу дагнаць сваю слаўную маладосць. Хоць цудоўна ведаю, што гэта марная справа, і хоць нічога слаўнага ў маёй маладосці не было. Так робяць усе мужчыны – хіба не?
– Табе споўніцца трыццаць, – адказала Джына. – Мы адкаркуем пляшку-другую, задзьмем свечкі і з’ямо смачны торт.
– І будуць паветраныя балонікі! – дадаў Пэт.
– І будуць паветраныя балонікі, – паўтарыла Джына і адмоўна хітнула сваёй прыгожай галоўкай. – Мы не дамо табе павесіць нос.
Джына была на пару месяцаў старэйшая за мяне. Яна лёгка пераскочыла цераз сваё трыццацігоддзе ў коле сяброў і сваякоў, патанчыўшы з сынам пад найлепшыя хіты Wham!1 і трымаючы ў руцэ келіх шампанскага. У той вечар яна цудоўна выглядала – чыстая праўда. Але, ясная рэч, мой дзень народзінаў не абыдзецца без цяжэйшай траўмы.
– Ты ні пра што не шкадуеш? – спыталася жонка.
– Напрыклад?
– Сам ведаеш, – сказала яна, раптам зрабіўшыся абсалютна сур’ёзнай. – Напрыклад, пра нас.
Мы пабраліся маладымі. У дзень вяселля Джына была на трэцім месяцы. Азіраючыся назад, я лічыў гэты дзень найшчаслівейшым у жыцці. Але пасля яго нішто на свеце больш не было такім, як раней. Бо пасля яго немагчыма схаваць той факт, што мы – дарослыя.
На радыёстанцыі, дзе я працаваў, мне далі тыдзень адпачынку, і мы правялі мядовы месяц у сваёй кватэрцы: увесь дзень глядзелі тэлевізар у ложку, елі сэндвічы з супермаркета “Маркс-энд-Спенсар” і размаўлялі пра прыгожанькае немаўля, якое ў нас народзіцца.
Мы абмяркоўвалі і тое, што трэ’ будзе калі-небудзь потым правесці нармальны дарослы мядовы месяц – Джыне хацелася падводнага плавання ў кампаніі экзатычных рыбак каля Акінавы. Аднак на той час, як мы займелі трохі грошай ды вольнага часу, у нас з’явіўся Пэт, і жыццё, здавалася, пацякло па сваім нязменным рэчышчы.
Заручальныя пярсцёнкі адасобілі нас з Джынай ад усяго астатняга свету. Сямейныя пары, якія мы ведалі, былі як мінімум на дзесяць гадоў старэйшыя за нас. А сябры-аднагодкі пражывалі кароткі перыяд паміж штодзённым вяртаннем у бацькоўскае жытло і штомесячным вяртаннем жыллёвага крэдыту. Нашая сямейка трымалася сама па сабе.
Калі сябры ўсю ноч напралёт танчылі ў клубах, мы не спалі, бо ў дзіцяці рэзаліся зубкі. Калі яны пераймаліся, як знайсці сапраўднае каханне, мы пераймаліся, як знайсці грошы, каб сплаціць за сваю першую сапраўдную кватэру. Але я ніколі ні пра што не шкадаваў. Так, мы ахвяравалі свабодай. Аднак атрымалі наўзамен нешта лепшае.
Я кахаў жонку і любіў сына. Яны двое надавалі сэнс майму існаванню. Я не мог уявіць, як бы я жыў без іх. Я ведаў: мне пашанцавала. І ўсё роўна я нічога, ну нічога не мог з сабою зрабіць: апошнім часам я раз-пораз задумляўся: калі скончылася мая маладосць?
– Невыносна, як з узростам сцінаецца жыццё, – сказаў я. – Скарачаюцца магчымасці. Калі, ну калі я пачаў лічыць, што такая машына – курам на смех? Калі? Адкуль прыкол? Не разумею. Вось і ўсё.
– О, у ім адчуваецца магутная Сіла, – вымавіў Пэт.
– Чырвоная спартыўная машына, – услых разважала Джына. – І ты нават не любіш вадзіць.
– Паслухай, Джына, я проста глядзеў.
– З днём на-ро-дзі-наў, та-та, – заспяваў Пэт і заехаў сваім светлавым клінком мне ў вуха. – Ты, як мал-па, каш-ла-ты і та-кі ж зу-ха-ва-ты – з ё-ю й тра-піш за кра-ты!
– Пэт, так нельга, – сказаў я яму.
Рух спыніўся. Пачало гарэць вуха.
Джына паставіла машыну на ручны тормаз і паглядзела на мяне, быццам спрабавала прыгадаць, што ёй найперш ува мне спадабалася. І, падобна, зайшла ў тупік.
А я памятаў, што мне ў ёй спадабалася. У яе былі доўгія-доўгія ногі. Жанчыны з даўжэйшымі нагамі я ніколі не бачыў. Але я так і не ведаў, ці гэта найлепшая глеба для кахання на ўсё жыццё.
Або найгоршая.

2.

Больш не ў стане бачыць, як перада мною ледзь валачэцца іржавы бе­лы фургончык, я перашыхтаваўся на суседнюю паласу, па якой ззаду набліжаліся, ляцелі іншыя машыны, і выціснуў газ.
З упэўненым гартанным рыкам мая новая машына куляй праляцела паўз стары фургончык. Падразаючы яго, я паспеў заўважыць кіроўцу: дрэнныя зубы, наколкі і лаянка зліліся ў адно, – перш чым ён знік у люстэрку задняга агляду. Мне было добра. MGF – гэта значыць, што больш не давядзецца сузіраць іржавыя белыя фургончыкі ды іхніх кіроўцаў. Усё гэта засталося далёка ззаду. Мне раскрывалася новая будучыня: хуткасная язда з адкінутым верхам і мноства захопленых поглядаў. На бліжэйшым жа светлафоры побач спыніўся той самы фургончык.
“О Божа!” – падумаў я. Ятра на дарозе.
– Ах ты засранец, – ён апусціў шкло, і я пабачыў твар, падобны на “біг-Мак” у вядры піва. – Ану вылазь! Давай, штурхай сваю тачку!
Ён праехаў на зялёнае святло, а я яшчэ колькі часу тросся ды прыдумляў, што трэ’ было яму адказаць.
Калі я вылезу, прыяцель, дык толькі каб загнаць гэты сраны фургон у твой татуяваны задні праход! Нават калі я буду яе штурхаць, прыяцель – вось класна было б назваць яго “прыяцель”, – я ўсё адно цябе абганю. Крэтын! Піўная бочка! Таўстун хрэнаў!
Я ўяўляў сабе, як кажу нешта абсалютна забойнае і з’язджаю, рыпнуўшы гумай, з такой усмешачкай на твары, што ён зойдзецца ад злосці. Аднак насамрэч я проста сядзеў, як аслупянелы, дрыжаў – і лунаў у марах, пакуль заднія машыны не пачалі сігналіць ды галёкаць, што ўжо даўно зялёнае.
Я крануўся з месца і пачаў разважаць, што б зрабіў мой бацька.
Вядома, ён бы не сядзеў моўчкі. І не марнаваў бы часу, прыдумляючы які-небудзь знішчальны адказ, варты Оскара Уайльда ў зеніце досціпу.
Бацька проста выйшаў бы з MGF і збіў бы кіроўцу фургончыка на горкі яблык. Сур’ёзна.
Але ж бацька, як па шчырасці, ніколі ў жыцці не сеў бы ў крутую спартыўную тачку. Ён лічыў, што яны для піжонаў.
Бацька пачуваўся б значна камфортней у такім вось белым фургончыку.

Джына паставілася да майго наслання з MGF з абсалютным разуменнем – я на такое і спадзявацца не мог. Яна пераканала мяне зайсці ў салон і пагутарыць з прадаўцом, калі нават мне пачало ўжо здавацца, што купляць спартыўную машыну – гэта ідыятызм.
На тое шмат прычынаў. Багажнік у яе меншы за вазок у супермаркеце. Нам не трэба дзве машыны. У Лондане адкідны верх – аб’ект нянавісці для кожнага чатырнаццацігадовага крэтына з мухамі ў носе і сцізорыкам у кішэні. Але Джыну гэта ані не абыходзіла.
Яна сказала, каб я набыў MGF і кінуў думаць, нібы жыццё скончанае толькі таму, што мне споўніцца трыццаць. Яна сказала, што я паводжуся як варты жалю нябога, але з гэтымі словамі засмяялася, абняла мяне і лёгенька страсянула. Спрабавала ўсадзіць у мяне крыху здаровага сэнсу. Ды дзе там…
За ўсе папярэднія сем гадоў, што мы пражылі разам, набыць добрую другую машыну было для нас недазваляльнай раскошай. Дакладней, недазваляльнай раскошай была нават страшэнна задрыпаная другая машына. І першую сваю задрыпаную машыну мы набылі досыць нядаўна.
Але цяпер рахункі з пазнакай “аплаціць тэрмінова” не пагражалі кожны раз сардэчным прыступам. Нарэшце з працаю ўсё ў мяне склалася ўдала.
Я быў прадзюсарам “Шоў Марці Мэна”. Гэта начное ток-шоў, што выходзіла ў эфір па суботах на адным з агульнанацыянальных тэлеканалаў. А да гэтага я быў прадзюсерам “Шоў Марці Мэна”, калі яно ішло на мясцовай радыёстанцыі, і амаль ніхто ў краіне і чуць не чуў першых пагалосак пра яго вядучага, вар’ята і рэдкаснага засранца. Цяпер здавалася, гэта было так даўно.
За апошні год мы з Марці зрабілі з безбюджэтнага радыёшоў малабюджэтнае тэлешоў. Мяжа, што іх падзяляла, аказалася надзіва тонкай. Але дастаткова было яе перайсці – і Марці Мэн трапіў у лік зорак.
Заходзіш з ім у рэстаран – і ўсе перастаюць есці ды размаўляць, проста каб паглядзець на яго. Дзяўчаты, якія колькі гадоў таму ніколі не пагадзіліся б дакрануцца да Марці нават у медыцынскіх пальчатках, цяпер бачылі ў ім купідона. Яго фатаграфавалі, нават калі ён нічога не рабіў. Для Марці надышла зорная гадзіна, і ў яго хапіла прыстойнасці не кінуць мяне.
Крытыкі – прынамсі, тыя, якім ён падабаўся, – казалі, што Марці трымаецца па-дзіцячы. Яны мелі на ўвазе – адкрыта, шчыра і непасрэдна. Меркавалі, што ён задае пытанні, пра якія іншыя вядучыя лічылі за лепшае нават не думаць. Так яно і было – унутраны рэдактар, які сядзіць у большасці з нас, у мазгу Марці начыста адсутнічаў. Але на ягоныя пытанні давалі адказы, нават тады, калі на добры клёк трэ’ было б даць яму ў зуб.
Крытыкі, якім Марці не падабаўся, таксама казалі, што ён трымаецца па-дзіцячы. Яны мелі на ўвазе – сябелюбна, безадказна і жорстка. Аднак Марці паводзіўся зусім не па-дзіцячы. Я часам назіраў, як Пэт гадзінамі спакойна гуляўся ў “Зорныя войны”. Гэта па-дзіцячы. Марці і блізка не меў гэткай устойлівай увагі. Марці не паводзіўся па-дзіцячы. Ён быў проста недаразвіты.
Мы пазнаёміліся на мясцовай радыёстанцыі, дзе ўсе супрацоўнікі альбо ішлі ўгору, альбо ішлі на выхад. Гэтая пачварная цесная будыніна была поўная пракіслых амбіцыяў і застаялага цыгарэтнага дыму. Большасць слухачоў, што нам рэгулярна тэлефанавалі, былі альбо ў безнадзейнай самоце, альбо на мяжы шаленства. Але я заўсёды неяк сумаваў па гэтым радыё. Бо там я сустрэў Джыну.
Мы заўсёды ліхаманкава ганяліся за выступоўцамі – чамусьці па нашыя чэкі не выстройваліся даўжэзныя чэргі: ганарары было без мікраскопа не разгледзець. Таму ў складанні спісу запрошаных часта прысутнічаў элемент імправізацыі.
Напрыклад, калі пачалі лопацца першыя японскія банкі, мы запрасілі паразважаць, што гэта ўсё азначае, не эканаміста і не фінансавага аглядальніка, а прафесара японскай мовы з коледжу насупраць.
Так, згодны, ён выкладае мову, але, як кожны лінгвіст, закаханы ў краіну, лінгву якой вывучае. Хто лепш пасуе, каб абмеркаваць, чаму азіяцкія тыгры ператвараюцца ў легчаных каточкаў? Ну, напэўна, шмат хто. Аднак нікога лепшага мы не знайшлі. Ды толькі прафесар не прыйшоў.
Быццам на знак салідарнасці з лопнутымі японскімі мыльнымі бурбал­камі ў раніцу, калі наш эксперт мусіў з’явіцца ў студыі, у яго лопнуў апендыкс. І з лаўкі запасных яму на замену выйшла ягоная найлепшая студэнтка, будучая зорка япаністыкі – Джына.
Высокая, прамяністая Джына. Яна свабодна размаўляла па-японску, відавочна, разбіралася ў японскай культуры і мела ногі даўжынёю ў гады. Я правёў яе ў студыю і не мог знайсці смеласці нават загаварыць з ёю, нават зірнуць у вочы. Яна была прыгожая, абаяльная, разумная. Але самае галоўнае – мне да яе было як да месяца.
Аднак калі ў студыі запалілася чырвоная лямпачка, штосьці адбылося. Дакладней, нічога не адбылося. У Джыны здалі нервы. Яна не магла вымавіць ні слова.
Пабачыўшы яе ўпершыню, я падумаў, што да яе не падступіцца. Але я глядзеў, як яна запінаецца, пакрываецца потам, блытана мармыча пра эканамічны заняпад Японіі, – і раптам убачыў жывога чалавека. І зразумеў: у мяне ёсць шанец. Магчыма, слабы. Магчыма, не большы, чым у снежкі ў пекле. Але ўсё ж нейкі шанец.
І я дакладна ведаў, што яна адчувае. На мяне таксама заўсёды гэтак жа дзейнічала чырвоная лямпачка. Я ніколі не мог разняволіцца перад мікрафонам ці камерай і ад адной думкі пра наўпроставы эфір дасюль абліваюся халодным потам.
Таму, калі ўсё скончылася, і Марці спыніў ейныя пакуты, мне было пра­сцей простага падзяліць з ёю ейнае гора. Яна вельмі добра трымалася: смяялася з уласнай панікі і давала зарок, што на гэтым ейная кар’ера на ра­дыё скончыцца.
Мяне ахапіў адчай.
“Калі ж я тады цябе пабачу?” – падумаў я.
Мяне скарыла ў Джыне тое, што яна абыякава ставілася да сваёй знешнасці. Джына ведала пра сваю прыгажосць, але яе гэта не абыходзіла. Дакладней, яна думала, нібы знешнасць – найменш цікавае з таго, што ў ёй ёсць. А пабачыўшы мяне на вуліцы, ніхто ніколі не азіраўся. І чалавек такога пасрэднага выгляду, як я, ніяк не можа ўспрымаць прыгажосць абыякава.
Джына звадзіла мяне на сушы ў вялікі японскі ўнівермаг на плошчы Пікадылі “Сога”, дзе яе ведалі ўсе супрацоўнікі. Яна размаўляла з імі па-японску. Яны называлі яе Джына-сан.
– А што значыць “Джына-сан”? – пацікавіўся я.
– Цяжка дакладна перакласці, – яна ўсміхнулася. – Нешта кшталту “ша­ноўная, паважаная Джына”.
Шаноўная, паважаная Джына. Яна з маленства закахалася ў японскую культуру. Скончыўшы школу, перш як паступіць ва ўніверсітэт, яна год пражыла ў Японіі – выкладала ангельскую мову ў Кіёта. “Найшчаслівейшы ў жыцці час”, – казала яна.
Джына збіралася туды вярнуцца. Ёй прапаноўвалі працу ў амерыканскім банку ў Токіё. Нішто не магло яе спыніць. Але я маліў Бога, каб гэтай перашкодай стаўся я.
Адчайна капаючыся ў памяці, каб знайсьці той мізэр, што я ведаў пра Японію, я згадаў Юкіё Місіму. Джына назвала яго скрайне правым ідыётам: “Разумееш, Японія – гэта не толькі сушы і харакіры”, – і параіла пачытаць Кавабату, калі я сапраўды жадаю спасцігнуць Японію. Яна мне яго дасць, калі я захачу. Я ўхапіўся за свой шанец.
Мы сустрэліся, каб чаго-небудзь выпіць. Джына прынесла “Снежную краіну”. Я ўзяўся яе чытаць, як толькі вярнуўся дамоў: плэйбой, якому ўжо ўсё ўзбрыдла, закахаўся на горным курорце ў вырачаную на скон гейшу. Вельмі добрая кніга. Я чытаў і мроіў пра вочы Джыны, яе ногі, пра тое, як прасвятляецца ўвесь яе твар, калі яна смяецца.
Джына гатавала вячэру ў сябе дома. Перш чым зайсці, я мусіў зняць абутак. Мы размаўлялі пра японскую культуру – дакладней, гаварыла Джына, а я слухаў і ўпускаў з палачак на дыван кавалкі куры тэрыякі, – пакуль не настаў час або выклікаць таксі, або ісці ў купальню. А ў наступны момант мы кахаліся на падлозе – ці на футане, як сказала Джына. Дзеля яе я быў гатовы бамбіць Перл-Харбар.
Я хацеў, каб яна засталася назаўсёды са мной. Я абяцаў ёй усё на свеце: шчасце, вечнае каханне і, галоўнае, сям’ю. Я ведаў: на гэтую прынаду яна павядзецца – ейны бацька зваліў з дому, калі Джыне было чатыры гады, і больш за ўсё ў жыцці ёй не ставала трывалай, надзейнай сям’і. Аднак яна не змагла стрымаць слёзаў, калі паведаміла ў банку, што ўсё ж не паедзе ў Токіё.
Замест гэтага Джына пачала працаваць пазаштатнай перакладчыцай на японскія кампаніі ў Сіці. Але многія з іх альбо ішлі на дно, альбо згортвалі ветразі і вярталіся на радзіму. Яе кар’ера складвалася не так, як хацелася. Я разумеў: Джына шмат чым ахвяравала, каб быць са мной. І калі б я так не ашалеў ад шчасця, магчыма, адчуваў бы сябе трохі вінаватым.
А калі мы пабраліся і нарадзіўся Пэт, Джына кінула працу. Яна казала, ёй не шкада адмовіцца ад прафесіі дзеля Пэта і мяне – “маіх двух хлопчыкаў”, як яна нас называла.
Я падазраваў, што прычына была не толькі ў жаданні мець нармальную сям’ю, але і ў няменшай ступені ў тым, што яе кар’ера дала збой. Але Джына заўсёды імкнулася рабіць выгляд, нібыта не можа быць нічога больш натуральнага, чым адмовіцца ад працы дзеля сям’і.
– Я не хачу, каб майго сына выхоўвалі чужыя людзі, – казала яна. – Я не хачу, каб якая-небудзь тоўстая дзяўчынка-падлетак з Баварыі садзіла яго перад відэа, пакуль я буду ў офісе.
– Выдатна, – пагадзіўся я.
– Я не хачу, каб яго ўвесь час кармілі ежай, разагрэтай у мікрахвалеўцы. Я не хачу вяртацца з працы зморанай настолькі, што не змагу з ім гуляцца. Не хачу, каб ён рос без мяне. Я хачу, каб у яго была нармальная сям’я – што б гэта ні азначала. Я не хачу, каб ягонае дзяцінства паходзіла на маё.
– Згода, – адказаў я.
Джына закранула балючую тэму. У яе быў такі выгляд, нібы яна вось-вось разрыдаецца.
– Чым дрэнна, калі жанчына сядзіць дома і гадуе дзіця? – спыталася Джына. – Гэтую поўную лухту пра амбітнасць, пра тое, каб мець усё адразу, прыдумалі ў васьмідзесятыя – сёння такое дурноцце патыхае нафталінам. Мы пражывем і на меншыя грошы, праўда? Ты ж зможаш раз на тыдзень купляць мне сушы?
Я паабяцаў прыносіць столькі сырой рыбы, што Джына пачне нераставаць. І яна засталася дома гадаваць сына.
Вяртаючыся ўначы з працы, я гукаў ва ўвесь голас: “Любая, ну вось я й дома!” – нібыта мы былі персанажамі нейкага амерыканскага тэлесерыялу пяцідзесятых гадоў: Дык Ван Дайк1 зарабляе на хлеб, а Мэры Тайлер Мор2 намазвае яго маслам.
Не ведаю, чаму мне хацелася ператварыць гэта ў жарт. Магчыма, таму, што ў глыбіні душы я разумеў: Джына толькі грае ролю хатняй гаспадыні, як я толькі граю ролю свайго бацькі.

3.

Марці вырас перад тэлевізарам. Тэлік быў яму нянькай, лепшым сябрам, настаўнікам. Ён і цяпер мог паўтарыць на памяць усю праграму пера­дачаў з гадоў дзяцінства. Мог насвісцець мелодыю з “Даласу”. Ён імітаваў Далека – кібарга з серыялу Dr Who – ці не лепш за ўсіх, каго я чуў. Усім, што ён ведаў пра тычынкі й таўкачыкі, Марці быў абавязаны конкурсу “Міс Свет” – а гэта, трэба прызнаць, няшмат.
Я ніколечкі не паходзіў на Марці, але ён праняўся да мяне сімпатыяй, бо я вырас у гэткай жа сям’і, як і ён. Так, не надта трывалы падмурак для сяброўства. Але не паверыце, як мала народу на тэлебачанні выйшла з падобнага асяродку. Большасць тых, з кім мы працавалі, раслі ў сем’ях, дзе чыталі кнігі.
Калі мы пазнаёміліся на маленькай радыёстанцыі, нас абодвух смехам называлі “рукі на ўсе штукі”. Рукам Марці пераважна хапала спрыту на тое, каб прыносіць сэндвічы, разбіраць пошту і запарваць гарбату. Аднак ужо тады ён вылучаўся такой энэргіяй (і вечна рот да вушэй плюс лупатыя вочы), што яго ўсе заўважалі, нават калі ніхто й не прымаў усур’ёз.
Я стаяў вышэй у радыё-іерархіі: пісаў рэпартажы, прадзюсаваў шоў і нават раз-пораз, сам не ў сабе з пераляку, чытаў навіны. Я ўжо казаў, што трымаўся ў жывым эфіры, калі запальвалася чырвоная лямпачка, найпаршывейшым чынам – можа, на які драбок лепш за Джыну. Бачу гэты чырвоны агеньчык – і не ажываю ў жывым эфіры, а дранцвею і мярцвею. А Марці, як высветлілася, быў проста народжаны для наўпроставага эфіру.
Мы раптам засталіся без вядучага паўночнай (мы казалі: паноснай) праграмы па званках слухачоў – ён сышоў на кабельнае тэлебачанне. Тады я і пераканаў кіраўніцтва радыёстанцыі даць Марці паспрабаваць сябе. Часткова таму, што верыў: у яго атрымаецца. Часткова таму, што быў у жаху ад адной думкі, як бы не давялося самому весці перадачу.
Гэта фантастыка, але Марці вырабляў дзівосы на самым безнадзейным матэрыяле, які толькі можна ўявіць. Пяць разоў на тыдзень ён адказваў на званкі ахвочых вярнуць шыбеніцы і школьныя розгі, адмыслоўцаў у тэорыі змовы і сведкаў з’яўлення іншапланетнікаў – псіхаў, апанаваных паносам словаў, у поўным асартыменце. І рабіў з гэтага добрую перадачу.
Добрую таму, што кожнаму, хто слухаў Марці, здавалася: для яго няма большага шчасця, чым балбатаць з прадстаўнікамі кранутай з розуму нацыі, гатовымі з пенай ля рота верзці пра грушы на вярбе ды жураўля на хвойцы.
Мы пачалі паступова набываць, як кажуць, сваіх фанатаў. І неўзабаве сталі атрымліваць прапановы зрабіць шоў на тэлебачанні. Нас частавалі абедамі ў рэстаранах, засыпалі кампліментамі ды абяцанкамі. І мы хуценька кінулі сваё радыёшоў на грэбені поспеху – рэдкі выпадак, калі пацукі збеглі са спраўнага карабля.
На тэлебачанні ўсё было іначай. Мы не маглі пускаць у студыю гасцей проста з вуліцы, як на радыё. Забаўнымі вар’яткамі, якія зацяжарылі ад юрлівых іншапланетнікаў, больш не абыдзешся.
Праз год пасля таго, як Марці пачаў весці ўласнае шоў, ён па-ранейшаму рабіў уражанне чалавека, які займаецца акурат тым, пра што марыў. Але ўжо давалася ў знакі напруга: з кожным тыднем ён крыху даўжэй затрымліваўся ў грымёрцы, каб схаваць зморшчыны. І сівыя пасмы ў фарбаванага ў блонд Марці з’яўляліся не толькі праз штодзённы стрэс ад вышуквання цікавых гасцей для шоў. На радыё Марці не было чаго страчваць. Цяпер – было.
Калі я прыехаў у студыю, ён сядзеў у крэсле ў грымёрцы і праводзіў мазгавую атаку: каго б запрасіць на чарговыя перадачы? Вакол яго вілася купка дзяўчат, якія чапляліся за кожную ягоную адарваную ад рэчаіснасці ідэю. Між тым грымёрша спрабавала што-кольвек зрабіць, каб скура Марці пад юпітэрамі хоць трохі паходзіла на чалавечую. Ён недаверліва адглынуў з пастаўленай перад ім шклянкі.
– Гэта “Эвіян”?
– Вы прасілі газаванай? – спытала мілае дзяўчо ў вайсковых ботах і нагавіцах.
– Я прасіў “Эвіян”.
– Гэта “Эвіян”, – з заўважнай палёгкай адказала дзяўчо.
– Непадобна.
– Э-э-э, гэта “Бадуа”.
Марці змерыў яе поглядам.
– У аўтамаце не было “Эвіян”, – кінулася апраўдвацца дзяўчына.
– Спытай у “зялёным пакоі”, – Марці злёгку ўздыхнуў.
Пачулася згоднае мармытанне. “Зялёны пакой” – гэта прылазнік для гасцей шоў. Там пэўна знойдзецца для Марці “Эвіян”. Панурыўшыся, але адважна ўсміхаючыся, дзяўчо ў вайсковых нагавіцах пайшло шукаць ваду, якую патрабаваў Марці.
– Ідэя: сустрэча па найвышэйшым класе з легендай Галівуду… Майкл Паркінсан пры сваім нататніку гутарыць з зоркамі… Галівуд… Намінант на “Оскара”… Джэк Нікалсан?
– Джэка няма ў горадзе, – заўважыла наша адказная за пошук гасцей, маленькая знерваваная дзяўчына, якая пэўна не затрымаецца на гэтай працы надоўга. Пазногці ў яе былі паабскубаныя ўжо да самых суставаў.
– Леанарда дзі Капрыё?
– Леа заняты.
– Клінт Іствуд?
– Я тэлефанавала ў ягоны офіс. Але… наўрад ці…
– Роберт Мітчам1? Джэймс Сцюарт2?
– Памерлі.
Марці кінуў на яе са злосны позірк.
– Ніколі так не кажы. Яны папросту не ў стане на дадзены момант узяць удзел у шоў.
Ён паглядзеў на мой адбітак у люстры. Пасярод памаранчавай плямы танальнага крэму міргалі вочы-бісерынкі.
– Гары, чаму мы, бляха-муха, не можам залучыць нікога з гэтых дзёў­баных зорак першай велічыні?
– Бо ні ў кога з тых, каго ты назваў, няма нічога на выхадзе, – як заў­сёды, нагадаў я яму. – А калі ў іх нешта з’яўляецца, мы мусім біцца за іх з усімі астатнімі ток-шоў.
– Вы глядзелі сёння навіны? – мройным голасам спыталася грымёрша, лунаючы недзе ў аблоках і абсалютна не заўважаючы нічыіх нервовых зрываў. Так умеюць толькі грымёршы. – Паказвалі дэманстрантаў каля аэрапорта. Тых, што прыкоўваюць сябе да дрэваў. Пратэстуюць супраць будовы новага тэрміналу. Вельмі цікава.
– А што? Ці ты проста так гаворыш? – спытаў Марці.
– У іх такі лідэр – я млею! Э-э-э… Кліф. Ну, з афрыканскімі коскамі. Такі прыгожы!
Усе жанчыны ў грымёрцы згодна забубнелі. Я бачыў гэтага Кліфа на дрэве – худы, з афрыканскімі коскамі, гаворыць як макам сыпле, – але мне і да галавы не прыходзіла, што яго лічаць секс-ідалам.
– Вось каго трэба запрасіць на шоў, – пераможна абвясціла грымёрша, прыпудрываючы Марці твар. – Ён нашмат цікавейшы за старых суперзорак з перасаджанымі валасамі ды новымі трылерамі.
– А што, Кліф – гэта ідэя, – сказаў я. – Толькі не ведаю, як з ім звязацца. Хаця, напэўна, гэта прасцей, чым знайсці Клінта Іствуда.
– Я маю нумар ягонага мабільніка, – пачуўся нечый голас з глыбіні грымёркі. – Калі вам трэба…
Мы ўсе павярнуліся паглядзець, хто гэта сказаў.
Таненькая рудавалосая дзяўчына з далікатнай ірландскай скурай, гэткай белай, што, здаецца, яна ніколі не бачыла сонца. Ёй крыху за дваццаць – яна выглядала так, быццам атрымала дыплом з паўгадзіны таму. Але ў яе яшчэ былі канапушкі. У яе заўсёды будуць канапушкі… Я ніколі раней яе не бачыў.
– Шован Кемп, – назвала яна сябе, не звяртаючыся ні да каго канкрэтна, і зачырванелася. – Я новы асістэнт прадзюсера. Дык патэлефанаваць Кліфу?
Марці глядзеў на мяне. Я разумеў: яму даспадобы гэтая ідэя з дрэвалазам. І мне таксама. Бо, як любыя тэлевізійнікі, мы найбольш цанілі шчырасць. Вядома, за выключэннем сапраўдных зорак 999-й пробы. Іх мы цанілі вышэй за ўсё.
Нам узбрыдлі гэтыя маладыя таленты, што ўсюды суюць свае паршывыя дыскі. Мы згаладаліся па сапраўдных жывых людзях з сапраўднымі жыццёвымі гісторыямі, а не анекдотамі. Дзякуючы ім мы рабілі выдатныя перадачы па мізэрных коштах. Дзякуючы нам яны атрымлівалі сеанс псіхатэрапіі, магчымасць аблегчыць душу і выплюхнуць усё на мільёны дываноў перад экранамі.
Безумоўна, калі б раптам патэлефанаваў Джэк Нікалсан і пачаў упрош­ваць, каб яго запрасілі на перадачу, мы б імгненна перадалі ахове, каб усіх сапраўдных жывых людзей павыправоджвалі з будынка. Але Джэк чамусьці не тэлефанаваў. У наш час зоркі ў дэфіцыце – хоць плач.
Таму мы гатовыя былі на руках насіць сапраўдных жывых людзей, якіх нешта па-сапраўднаму хвалявала і якія не баяліся за сваю кар’еру. А чалавек на дрэве, якога хапаюць за нямытыя яйцы паліцэйскія сабакі, – што можа быць больш жывым і сапраўдным?
– Адкуль ты яго ведаеш? – спытаўся я.
– Я з ім сустракалася, – адказала Шован.
Мы з Марці абмяняліся поглядамі. Гэта ўражвала. Значыцца, і Шован таксама сапраўдны жывы чалавек.
– З гэтага нічога не выйшла, – працягвала яна. – Цяжка, як твой хлопец ледзь не ўвесь час на дрэве. Але мы засталіся добрымі сябрамі. Я вельмі яго паважаю – ён сапраўды верыць у тое, што робіць. Ён думае, што сістэма жыццезабеспячэння планеты на мяжы поўнага разладу, а палітыкі нічога не робяць, апроч як языком мянціць пра экалогію. Кліф лічыць, што калі чалавек з’яўляецца на зямлі, ён павінен пакідаць па сабе толькі сляды, а з сабою браць толькі ўспаміны.
– Ну, бля, гэта супер! Хто ягоны імпрэсарыё? – выдаў Марці.

Я сядзеў на галёрцы і глядзеў на дзесятак экранаў: на іх Марці ў пяці розных ракурсах браў інтэрв’ю ў чалавека, які мог надзьмуць кандом, нацягнуты яму на галаву да носа, – у таго добра-такі атрымлівалася! Раптам я адчуў, што побач нехта стаіць.
Шован. Яна ўсміхалася, як дзіця, што першы раз пайшло ў новую школу і раптам зразумела: у яго ўсё складзецца як найлепш.
У цемры галёркі яе твар асвятлялі маніторы. Гэта звычайныя тэлевізары, але ў нас іх завуць “маніторы”. З іх рэжысёр выбірае, які кадр даваць у эфір. Маніторы паказваюць не толькі тое, што бачаць гледачы, але і карцінку з усіх астатніх камер. Шован усміхалася, гледзячы на іх. У яе была прыгожая ўсмешка.
– Мне здавалася, Кліф не дае інтэрв’ю, пасля таго як па ім прайшлася тая нядзельная газеціна, – маўляў, яго напраўду цікавяць толькі слава ды дзеўкі-хіпаркі, – ляпнуў я, а тады згадаў, што ў яе быў з ім раман. – Даруй, я не хацеў цябе пакрыўдзіць.
– Я і не думала крыўдзіцца, – адказала Шован. – Ён праўда не дае інтэрв’ю, але на гэтае, можа, і пагодзіцца.
– Чаму? Дзеля цябе?
– Не, – засмяялася яна. – Бо яму падабаецца Марці. Кліф лічыць, што Марці не належыць да медыя-істэблішменту.
Я глядзеў на Марці ў маніторах і заходзіўся рогатам, калі на галаве ў ягонага госця лопнуў кандом. Калі хто належаў да медыя-істэблішменту, дык найперш Марці. Ён бы палічыў гэта за камплімент.
– А галоўнае – таму што мы ідзем у наўпроставым эфіры.
Праўда: мы заставаліся практычна адзіным жывым тэлешоў. Большасць праграмаў ужо ішла, як кажуць, “як бы жыўцом”, то бок стварала фальшывае ўзрушэнне, як ад жывога эфіру, але заўсёды перастрахоўвалася папярэднім запісам. Фуфло поўнае.
А “Шоў Марці Мэна” было рэальнае. Бачыце на экране мужыка з кандомам на галаве – значыць, у гэты самы момант ён яго і надзімае.
– Гэтыя змагары за прыроду лічаць, што ў СМІ няма цэнзуры толькі ў наўпроставым эфіры, – патлумачыла Шован. – Можна пытанне?
– Давай.
– Гэта твая MGF там на паркоўцы? Чырвоная?
“Ну вось, зараз пачнецца”, – падумаў я. Будзе чытаць лекцыю, як машыны паскудзяць паветра і робяць дзірку ў азонавым слоі. Мяне часам пужае сённяшняя моладзь. Ні пра што больш не думаюць, апроч будучыні планеты.
– Так, мая.
– Класная машына.

Калі я вярнуўся дахаты, Джына і Пэт спалі. Я пачысціў зубы і зняў адзенне ў цемры, прыслухоўваючыся да ледзь чутнага дыхання жонкі.
Ад таго, як яна дыхае ў сне, мяне кожны раз ахоплівала хваля невыказнай пяшчоты. Толькі ў сне Джына здавалася бездапаможнай, толькі ў сне давала мне цешыць сябе ілюзіяй, што ёй патрэбная мая абарона. Яна пацягнулася, калі я слізнуў у ложак і прыгарнуў яе.
– Добрая выйшла перадача, – прамармытала яна.
Джына была цёплая і сонная. Я любіў, калі яна такая. Яна ляжала спінаю да мяне – як звычайна ў сне. Уздыхнула, калі я прыціснуўся да яе, стаў цалаваць у патыліцу і правёў рукой па назе ад ступака да клубоў – ах, гэтыя ногі, ад якіх я траціў галаву, калі мы толькі пазнаёміліся. Зрэшты, як і цяпер.
– Джына, мая Джына…
– Гары, – ціхенька адказала яна. – Ты ж не хочаш… ці хочаш?
Яна пагладзіла мяне далонню.
– Мабыць, хочаш.
– Як цудоўна да цябе дакрануцца.
– А ты такі жвавы, – засмяялася яна і павярнулася, каб паглядзець на мяне прымружанымі сном вачыма. – Для мужчыны твайго ўзросту.
Яна села ў ложку, сцягнула праз галаву тэніску, у якой спала, і кінула яе на падлогу. Правяла пальцамі па валасах і ўсміхнулася мне. Святло вулічнага ліхтара, што тачылася праз жалюзі, залівала яе доўгае, такое знаёмае цела. У нас у спачывальні ніколі не было па-сапраўднаму цёмна.
– Ты дасюль мяне хочаш? – спытала яна. – Праз столькі гадоў?
Мабыць, я згодна хітнуў галавой. Нашыя вусны былі зусім-зусім блізка адно ад другога, як раптам заплакаў Пэт. Мы абмяняліся позіркамі. Яна ўсміхнулася. Я – не.
– Я прынясу яго, – сказала Джына, і я плюхнуўся назад, на падушку.
Яна вярнулася ў спачывальню з Пэтам на руках. Ён, здавалася, задыхаўся і скрозь слёзы тлумачыў, які жах яму прысніўся – вялізныя монстры, а Джына, суцяшаючы Пэта, паклала яго паміж намі. Як заўсёды, у цеплыні нашага ложка ён імгненна перастаў румзаць.
– Павярніцеся на бок, – сказала Джына.
Мы з Пэтам паслухаліся, і ягоныя цёплыя ножкі ў баваўнянай піжаме прыціснуліся ззаду да маіх каленяў. Я чуў, як ён сапе, але з ім ужо ўсё было добра. Джына абняла нас доўгай, тонкай рукой, атуліўшы Пэта.
– А зараз – спаць, – прашаптала яна. – Усё будзе добра.
Сын ляжаў між намі. Я заплюшчыў вочы і, засынаючы, спрабаваў зразумець, да каго звярталася Джына: да мяне, да Пэта ці да нас абодвух.
– Монстраў няма, – вымавіла жонка, і мы заснулі ў ейных абдымках.

4.

Трыццацігоддзе Джыны прайшло не зусім бязбольна.
Ейны бацька патэлефанаваў, каб павіншаваць з днём народзінаў, недзе надвячоркам – то бок яна ўвесь дзень гадала, ці патэлефануе наогул гэты стары засранец.
Дваццаць пяць гадоў таму, акурат перад тым, як Джына пайшла ў школу, Глен – а яе тата настойваў, каб усе, асабліва ягоныя дзеці, звалі яго Гленам, – сышоў з дому, мроячы пра кар’еру рок-музыкі. І хоць ён на вякі захрас за прылаўкам крамы музычных інструментаў на Дэнмарк Стрыт, а ўсе мары пра славу пакінулі галаву старога хіпі разам з валоссем, Глен дасюль лічыў сябе гэткім вольным духам, што вее, дзе хоча, і мае права забывацца ці памятаць пра дні народзінаў – як яму заманецца.
Глен так і не зрабіўся рок-зоркай. Адзін гурт са сціпленькім кантрактам на запіс, адзін сінгл, што трапіў у “дваццатку” ці “трыццатку”, – і ўсё. Магчыма, вы краем вока бачылі яго ў Top of the Pops – ён граў на бас-гітары, – яшчэ да таго, як Тэд Хіт1 назаўжды пакінуў Даўнінг Стрыт, 10.
У маладосці ён быў вельмі прыгожы – Глен, а не Тэд Хіт: фігура, як у Роберта Планта,2 светлыя кучаравыя кудзеркі, аголены жывот. Але мне заўжды здавалася, што сапраўдная прафесія Глена – будаваць і руйнаваць сем’і.
Сям’я Джыны была першай у доўгай чарадзе кінутых Гленам жонак і дзяцей. Яны параскіданыя па ўсёй краіне, жанчыны, падобныя да маці Джыны (а ў шасцідзесятых – сямідзесятых яна лічылася такой незраўнёнай прыгажуняй, што яе ўсмешлівы твар часам глядзеў з вокладак глянцавых часопісаў), і дзеці, падобныя да Джыны, што выраслі ў няпоўных сем’ях – тады яны яшчэ зваліся “разбітымі”.
Глен нечакана з’яўляўся і гэтак жа знікаў з іх жыцця, забываўся пра дні народзінаў, Каляды – а тады раптам звальваўся на галаву, трымаючы ў руках вялізны, недарэчны падарунак. І хоць ён ужо даўно быў звычайным немаладым жыхаром прыгараду, які працуе ў краме, але па-ранейшаму думаў, што ён, бляха-муха, Джым Морысан і што правілы, абавязковыя для іншых, яго не датычаць.
Аднак дарэмна я наракаю на старога Глена. У пэўным сэнсе ён стаўся нашым з Джынай купідонам. Бо ёй больш за ўсё падабалася ўва мне мая сям’я.
Звычайная маленькая сям’я – я быў адзіным дзіцём. Мы жылі ў тынкаваным каменнай крышанкай доме з агульнай сценкай у прыгарадзе Лондана – такіх плойма ледзь не ў кожным ангельскім прыгарадзе. Вакол стаялі дамы і жылі людзі, але, каб набыць газету, даводзілася ісці за паўмілі. З усіх бакоў жыццё, але нельга пазбыцца адчування, што жыццё – недзе далёка-далёка. Адное слова – прыгарад.
Мама праз цюлевыя фіранкі падглядала, што робіцца на вуліцы. (“Гэта мая вуліца”, – заўжды адказвала яна на мае з бацькам дакоры.) Тата засынаў перад тэлевізарам. (“Няма чаго глядзець”, – вечна ўздыхаў ён.) А я ганяў мяч у садзе за домам – марыў, як буду гуляць дадатковы час на Уэмблі, і стараўся не трапіць у бацькавыя ружы.
Колькі ў гэтай краіне падобных сем’яў? Напэўна, мільёны. Але, бясспрэчна, нашмат менш, чым раней. Іх трэба заносіць у Чырвоную кнігу. Джына трымалася з намі так, нібы мая мама, тата і я былі апошняй ацалелай сям’ёй, дзівосным кавалачкам дзікай прыроды, які трэба пялегаваць, кунежыць і ахоўваць.
Мне ж, вядома, здавалася, што сям’я ў нас занадта звычайная. Мыццё машыны, падгляданне праз фіранкі, вечары перад тэлевізарам, адпачынак у дэванскім ці карнуольскім гатэльчыку або ў фрынтанскім кэмпінгу. Я зайздросціў Джыне: якая экзотыка – мама – былая фотамадэль, тата – былы прэтэндэнт у рок-зоркі, фатаграфіі ў глянцавых часопісах, хай сабе і пабляклыя.
А Джына памятала забытыя дні народзінаў, бацьку, вечна заклапочанага новымі, больш вабнымі дамамі сэрца, абяцанкі-цацанкі пра адпачынак, так ніколі і не спраўджаныя. І маці, якая засынала насамоце, старэла насамоце, хварэла насамоце, плакала насамоце і ўрэшце памерла насамоце. Джына ніколі не магла паблажліва ставіцца да звычайнай сям’і. Яна не так выгадаваная.
Калі я першы раз запрасіў Джыну на Каляды да бацькоў, яна літаральна аслупянела, як мама падаравала ёй нейкую дробязь – проста нешта пахкае з галантарэйнай крамы, мыла ў форме белых мядзведзяў, загорнутае ў цэлафан. Я зразумеў: яна мая. Джына паглядзела на гэтых белых мядзведзікаў – і была скораная.
Ніколі нельга недаацэньваць уладу сям’і. У наш час вырасці ў поўнай сям’і – усё роўна што атрымаць вялікую спадчыну ці мець вочы, як у Пола Ньюмана, або вялізны струк. Сапраўдная ласка лёсу, што даецца толькі асобным шчасліўцам. Перад гэтым цяжка выстаяць.
Аднак у поўных сем’ях дзяцей часта закалыхвае падманнае адчуванне бяспекі. Калі я рос, для мяне само сабою было зразумела, што кожны шлюб – у тым ліку і мой – будзе гэткім жа трывалым і вечным, як у мамы з татам. Гледзячы на іх, я думаў, гэта так проста. Але насамрэч гэта зусім не проста.
Напэўна, Джына б даўно перастала пускаць Глена і на парог, каб была жывая яе маці. Але тая памерла ад раку незадоўга да таго, як Джына ўвайшла ў радыёстудыю (і ў маё жыццё). У Джыне раптам прачнулася імкненне зберагчы тыя пашкуматаныя парэшткі сям’і, што ў яе заставаліся.
І Глен прыйшоў да нас на вяселле, і набіў касячок на вачах у маіх бацькоў. А потым паспрабаваў закадрыць сяброўку нявесты. Пад пяцьдзесят яму мроілася, што яму яшчэ дзевятнаццаць і ў яго яшчэ ўсё наперадзе. На ім былі скураныя нагавіцы: яны так рыпелі, калі ён танчыў, што, здавалася, вось-вось трэснуць. І, Божа, як ён танчыў!
Джыну так пакрыўдзіла поўная няздатнасць Глена хоць трошачкі ўвайсці ў ролю бацькі, што, калі нарадзіўся Пэт, яна не хацела нават дасылаць Глену ніводнай фатаграфіі немаўляці. Прыйшлося мне націснуць: маўляў, ён мае права пабачыць здымкі свайго адзінага ўнука. Я таемна спадзяваўся, што, пабачыўшы нашага прыгожага хлопчыка, Глен вокамгненна растане. Але калі ён трэці год запар забыўся пра дзень народзінаў Пэта, я адчуў, што таксама маю падставу ненавідзець старога ўблюдка хіпара.
– Можа, яго пужае перспектыва быць дзедам, – разважаў я. – Ён бы сам, мусіць, сказаў: “Пералякаўся”?
– Так, ёсць крыху, – адзначыла Джына. – Плюс тое, што ён так і застаўся інфантыльным сябелюбным засранцам. Не будзем скідаць з рахунку і гэта.
Адрозна ад бацькоў Джыны, мае мама і тата ніколі не лічыліся “залатой парай”. Ніхто ніколі не меркаваў, што ў іх саюзе ўвасобіўся дух эпохі. Маміну фатаграфію ніколі не друкавалі ў глянцавых часопісах. Праўда, яе памідорам-рэкардсменам аднойчы адвялі паважнае месца ў раённай газетцы. Але мае бацькі ўсё жыццё пражылі разам. Гэтак жа збіраліся пражыць і мы з Джынай.
Пасля вяселля ў нас з’явіліся прыяцелі, якія былі сустрэлі дзяўчыну ці хлопца, пакахалі, пабраліся, развяліся і ўзненавідзелі сваю былую палову да самых вантробаў. З намі ніколі такога не здарыцца. Мы выраслі ў зусім розных сем’ях, але акурат таму хацелі аднаго і таго ж.
Я хацеў мець сям’ю, якая ніколі не распадзецца, бо так было ў маіх бацькоў. Джына хацела мець сям’ю, якая ніколі не распадзецца, бо гэтага ніколі не было ў яе бацькоў.
– Лепш за ўсё тое, што нашыя мары супадаюць, – казала мне Джына.
Яна без памяці любіла маіх бацькоў. І наўзаем. Яны глядзелі, як прыгажуня бландынка, бы казачная мроя, ідзе разам з іхнім унучкам па сцежцы саду – і абодва ажно раздзімаліся ад радасці, сціпла ўсміхаючыся за шклом акуляраў і геранямі.
Усе яны не маглі паверыць свайму шчасцю. Бацькам здавалася, яны знайшлі Грэйс Келі.1 Джыне здавалася, яна знайшла Уолтанаў – ідэальную сям’ю з вядомага тэлесерыялу.
– Я зважу Пэта ў госці да тваіх, – сказала Джына, калі я сыходзіў на працу. – Можна ўзяць твой мабільнік? У майго села батарэя.
Я з радасцю аддаў яго ёй. Ненавіджу гэтыя штукі. Праз іх адчуваеш сябе загнаным у пастку.

Па галёрцы пракацілася хваля панікі.
– Муха, – вымавіў рэжысёр. – Зноў муха!
Вось яна, тут, на маніторы. Студыйная муха.
Аграмадная, бліскуча-чорная, з крыламі як у асы і такім велізарным чэравам, што здавалася, у яе там шасі. Мы глядзелі, як у кадры Марці буйным планам чытаў свой тэкст з бягучага радка тэлесуфлёра, а муха няспешліва кружляла вакол галавы нашага вядучага, затым нахілілася на крыло і паволі пайшла на ўздым.
Муха жыла ў нейкім цёмным закутку пад столлю, сярод разетак, кабеляў, лямпаў, дзе сам чорт нагу зломіць. Яна аб’яўлялася выключна падчас шоў, і старажылы на галёрцы сцвярджалі, што яна рэагуе на нагрэў лямпаў у студыі. Аднак мне заўжды думалася, што муху прыцягвае сакрэцыя чалавека ў жывым эфіры. Нашу студыйную муху вабіў страх.
Калі не лічыць мухі ў кадры, інтэрв’ю Марці з Кліфам праходзіла гладка. Юны сябра “зялёных” спачатку нерваваўся: цярэбіў няголенае шчацінне, торгаў сябе за брудныя коскі, заікаўся на нязвязных сказах і нават здзейсніў смяротны тэлевізійны грэх – утаропіўся проста ў камеру. Але Марці ўмеў надзіва далікатна абыходзіцца з гасцямі, што хваляваліся ў студыі. Ён выразна спачуваў справе Кліфа, і маладзён урэшце разняволіўся. І толькі калі Марці ўжо згортваў інтэрв’ю, усё паляцела ў тартарары.
– Я хачу падзякаваць Кліфу за тое, што ён прыйшоў сёння да нас у студыю, – гаварыў Марці нязвыкла ўрачыстым тонам, адмахваючыся ад мухі. – І хачу падзякаваць усім ягоным аднадумцам, якія жывуць на дрэвах у аэрапорце. Бо яны змагаюцца дзеля ўсіх нас.
Калі апладысменты перайшлі ў авацыю, Марці працягнуў Кліфу руку. Той яе паціснуў. І не адпусціў. А тады выцягнуў з зашмальцаванай курткі, якая аддалена нагадвала нейкае нацыянальнае адзенне, кайданкі. Марці, разгублена ўсміхаючыся, глядзеў, як Кліф зашпіліў адно металічнае колца на сваім запясці, а другое – на ягоным.
– На волю птушак, – нягучна вымавіў Кліф і адкашляўся.
– Што… што гэта значыць? – спытаў Марці.
– На волю птушак! – крыкнуў Кліф ужо больш упэўнена. – На волю птушак!
Марці страсянуў галавою.
– У цябе ёсць ключ ад гэтай штукі, гаўнюк ты смярдзючы?
На галёрцы мы назіралі гэтую сцэну з дзесяткаў экранаў, што свяціліся ў цемры. Рэжысёр працягваў даваць указанні аператарам за пяццю камерамі: “Трымай у кадры Марці, другая – дай буйным планам кайданкі, чацвёртая…” – але мяне апанавала адчуванне, якое з’яўляецца толькі тады, калі ў жывым эфіры здараецца нешта жудаснае, адчуванне, у якім чамусьці сплятаюцца лёгкі прыступ ванітаў, здранцвенне і жахлівае захапленне, ад якога халаднее недзе пад дыхавіцай.
І тут раптам з’явілася муха. На некалькі секундаў яна завісла над галавою Кліфа, а тады зрабіла мяккую пасадку яму на пераноссе.
– На волю птушак!
Марці сузіраў сваю руку, не ў стане паверыць, што ён напраўду прыкаваны да гэтага неахайнага маладзёна, у якога пад святлом юпітэраў паплыў грым. І вось Марці ўзяў збан з вадой, што стаяў на століку паміж ім і Кліфам, і засадзіў ім Кліфу ў твар. Ракой паліліся кроў і вада. У руцэ Марці засталася толькі адбітая ручка.
– На х... птушак! – сказаў ён. – І за...бла ваша дзірка ў азонавым слоі!
У камеры з’явіўся менеджэр студыі. Ад здзіўлення ў яго разявіўся рот, навушнікі спаўзлі і боўталіся на шыі.
Кліф закрываў далонню разбіты нос. Хтосьці з гледачоў у студыі засвістаў. Я зразумеў: нам капец. Марці зрабіў тое адзінае, што забаронена ў нашым шоў: страціў сімпатыі аўдыторыі.
На галёрцы разам пачалі разрывацца ўсе тэлефоны, нібы хацелі выказаць спачуванні па маёй бліскучай кар’еры, што ўвобмірг паляцела ў памыйную яміну. І раптам я адчуў, як мяне праняла буйным потам.
На ўсіх маніторах з’явілася студыйная муха, зрабіла кола гонару і знікла.

– Ну я і дурніца! – убівалася праз колькі гадзін Шован на апусцелай галёрцы. – Гэта я ва ўсім вінаватая. Ані ў якім разе нельга было яго запрашаць. Я ж мусіла здагадацца, што ён, ублюдак, папросту хацеў нас выкарыстаць. Ён заўсёды быў такі сябелюбец. І чаму я яго запрасіла? Імкнулася ўсіх уразіць. І вось што з гэтага атрымалася.
– Ты не дурніца, – адказаў я. – Гэта Марці дурань. Ты знайшла ўдалага госця ў студыю. Нягледзячы на ўсё, што здарылася.
– Што цяпер будзе? – яна раптам падалася зусім маладзенькай. – Што з намі зробяць?
Я хітнуў галавой і сцепануў плячыма.
– Неўзабаве даведаемся, – я сам ужо стаміўся пра гэта думаць. – Ды ну, кінь, давай адсюль выбірацца.
Я даўно даслаў Марці дамоў – крадком правёў яго праз грузавы пад’езд, запіхнуў у таксі, што там чакала, і загадаў ні з кім не размаўляць. Прэса раздзярэ яго на шматкі – у гэтым можна не сумнявацца. Мяне больш хвалявала, што з ім зробіць кіраўніцтва каналу. І са мной таксама. Я ведаў: ім трэба “Шоў Марці Мэна”. Аднак ці настолькі?
– Як позна, – заўважыла Шован, калі мы селі ў ліфт. – Дзе ўзяць таксі?
– А дзе ты жывеш? – спытаў я.
Я мусіў здагадацца, што ў Кэмдан Таўне. Дзе ж яшчэ ёй жыць, як не ў старым працоўным раёне, даўно акупаваным бізнэсоўцамі ў чорных гарнітурах? Ад яе было досыць блізка да нашага дамка на Хайберы Корнер. Мы жылі па розныя канцы адной вуліцы. Але Шован – там, адкуль спа­дзяюцца пераехаць у раён Багемія. Я – там, дзе мараць пра прыгарады.
– Я цябе падвязу, – прапанаваў я.
– У MGF? Няўжо?
– А то ж!
– Супер!
Мы ўпершыню за столькі гадзінаў засмяяліся – праўда, я не разумеў, чаму – і спусціліся ў ліфце на падземную паркоўку. Мая чырвоная машына стаяла там у поўнай адзіноце. Было позна. Амаль другая ночы. Я заўважыў, як ейныя ногі слізнулі на падлогу пад прыборнай панэллю.
– Не буду бясконца паўтарацца… Я проста хацела сказаць: ты так міла са мною абышоўся пасля ўсяго, што здарылася. Дзякуй, што не стаў злавацца. Мне гэта вельмі прыемна.
Вытанчанае выбачэнне там, дзе зусім няма патрэбы выбачацца. Я зірнуў на яе бледны ірландскі твар і толькі зараз зразумеў, як яна мне падабаецца.
– Кінь дурное, – сказаў я і хуценька павярнуў ключ запальвання, каб схаваць няёмкасць. – Мы ж у адной камандзе.
Стаяла цёплая летняя ноч. Вуліцы гораду былі амаль зусім пустыя. Праз дваццаць хвілін мы ехалі паўз зачынены блышыны кірмаш, экзатычныя нацыянальныя рэстараны і крамы бэ-ушных рэчаў з гратэскава вялікімі шыльдамі: гіганцкія каўбойскія боты, аграмадныя плеценыя крэслы, каласальных памераў вінілавыя дыскі. Яны ўсе разам луналі над дарогай, як відзежы ад дрэнных наркотыкаў. Калісьці мы з Джынай па суботах заходзілі ў гэтыя крамы. Колькі гадоў прамінула з тае пары…
Шован казала, як ехаць, пакуль мы не спыніліся перад вялікім белым домам, даўно падзеленым на асобныя кватэры.
– Ну, дабранач.
– Дзякуй табе за ўсё.
– Няма за што.
– Слухай, я, напэўна, не засну. Пасля сённяшняга. Хочаш зайсці, прапусціць па кілішку?
– У мяне можа прапасці сон, – адказаў я. Мне страшэнна не падабалася нагадваць пенсіянера, які паспешліва збягае ў свой утульны дамок, дзе чакае какава і пасцель з пасудзінай.
– Пэўна? – спытала яна, здаецца, злёгку расчаравана. Гэта чамусьці неяк дзіўна пацешыла маё самалюбства. Я ведаў: другі раз яна пытаць не будзе.
“Едзь дадому, – казаў унутраны голас. – Адмоўся, ветліва ўсміхнуўшыся, і зараз жа едзь дадому”.
Магчыма, я б так і зрабіў, калі б яна мне менш падабалася.
Магчыма, я б так і зрабіў, калі б не гэтае жудаснае шоў.
Магчыма, я б так і зрабіў, калі б не насоўвалася трыццацігоддзе.
Магчыма, я б так і зрабіў, калі б ногі ў яе былі на пару цаляў карацейшыя.
– Лады, – як мага больш абыякава згадзіўся я.
Яна зірнула на мяне, і праз імгненне мы ўжо цалаваліся. Яна абняла мяне за шыю і пацягнула за валасы маленькімі прагнымі ручкамі. Гм, дзіўна, падумаў я. Джына ніколі так не робіць.

5.

Дзіця можа змяніцца вокамгненна. Адвернешся на пару секундаў – глядзіш: жэўжык ператварыўся ў нешта зусім іншае.
Я памятаю, што бачыў, як Пэт упершыню па-сапраўднаму ўсміхнуўся. Ён быў маленькім лысым таўстуном, гэткім сабе Уінстанам Чэрчылем у паўзунках, і крычаў, бо ў яго рэзаліся першыя зубкі. Джына памазала яму дзясны шакаладам – і ён імгненна кінуў плакаць ды ва ўвесь рот усміхнуўся нам шырокай бяззубай усмешкай, быццам мы раскрылі яму найлепшы ў свеце сакрэт.
Я памятаю, як Пэт першы раз пайшоў. Ён трымаўся за парэнчы маленькага жоўценькага пластмасавага хадунка, гайдаўся, як звычайна, з боку ў бок, нібы ад моцнага ветру, а тады раптоўна пайшоў: пачаў адчайна перабіраць тоўсценькімі ножкамі, што тырчалі з падгузніка, каб паспяваць за блакітнымі коламі хадунка.
Пэт вылецеў з пакою, і Джына засмяялася: маўляў, у яго такі выгляд, нібы ён зноў спазняецца на працу.
Але я не памятаю, калі ён пачаў гуляць у іншыя гульні. Я не ведаю, калі на месца “паўзунковых” забаваў: пажарных машынак і мульцікаў пра паштара Пэта – прыйшло новае насланнё – “Зорныя войны”. Гэтая перамена, як і іншыя, адбылася, калі я адвярнуўся.
Толькі што яго галава была забітая гаваркімі звярунчыкамі, а ў наступную хвіліну – Зоркамі смерці, штурмавікамі і светлавымі клінкамі.
Калі б мы дазволілі, ён бы глядзеў усе тры сэрыі “Зорных войнаў” дваццаць чатыры гадзіны на содні. Але мы не дазвалялі – дакладней, Джына не дазваляла, і калі выключаўся відзік, Пэт гадзінамі гуляўся з калекцыяй фігурак з “Зорных войнаў” ды з шэрымі пластмасавымі касмічнымі караблямі або скакаў па канапе, пагрозліва размахваючы светлавым клінком і паўтараючы сам сабе рэплікі Джорджа Лукаса.1
Здаецца, толькі пазаўчора для яго не было большай асалоды, чым гуляцца з цацачнымі звярунчыкамі, ці “звяручнікамі”, як казаў Пэт. Бялявы анёлак з намыленай галавой, ён сядзеў ва ўспененай балеі і выводзіў на парад уздоўж яе берагу каровак, авечак і канёчкаў, рыкаў і бляяў, пакуль не астыне вада.
– Я іду купацца, – абвяшчаў ён. – Дайце мну звяручнікаў.
Цяпер звяручнікі пыліліся недзе ў куце ягонага пакою, а Пэт бясконца гуляўся ў міжгалактычныя войны дабра і ліха.
Яны моцна паходзілі на гульні майго дзяцінства. Часам фантазіі Пэта пра адважных рыцараў, злых дэспатаў і паланёных каралеўнаў нагадвалі рэха даўно прамінулых гадоў, быццам ён імкнуўся адшукаць нейкі скарб, страчаны назаўжды.

Шован спала, як спяць самотныя людзі.
Яна то зарывалася акурат у сярэдзіну ложка, шырока раскінуўшы пакрытыя канапушкамі рукі і ногі, то перакатвалася на сваю палову, сцягваючы з мяне коўдру. Я ляжаў у чужым ложку і не мог заснуць, ухапіўшыся ў акрайчык прасціны памерам з насоўку. У пакоі пачынала світаць.
Для грызот сумлення было яшчэ зарана. Недзе ў спратах свядомасці блукала выціснутая туды думка пра Джыну і ўсе тыя клятвы, што я ёй прыносіў: у час, калі дабіваўся ейнага кахання, у дзень нашага вяселля, ва ўсе іншыя дні – клятвы пра вечнае каханне, вернасць да скону дзён, ну, і да таго падобнае. Тады для мяне яны мелі сапраўдны сэнс. І цяпер, як я раптам высветліў, таксама. Больш чым калі яшчэ – дзіўная нейкая штука.
Потым, пазней, мяне апануе пачуццё віны, і па дарозе дамоў я буду пазіраць у люстэрка і пытацца ў сябе: калі я паспеў ператварыцца ў аднаго з тых мужчынаў, якімі заўжды грэбаваў? Але зараз для гэтага яшчэ зарана. За акном раставала ноч. Я ляжаў у ложку Шован і казаў сабе: “Ну, здаецца, усё ўдалося”.
Большасць мужчынаў здраджваюць жанчыне, бо надараецца магчымасць. Ніколі нельга недаацэньваць радасцяў простага сэксу. Адбылося простае, выпадковае спароўванне. Гэта мне больш за ўсё і спадабалася.
Больш за ўсё не спадабалася тое, што я пачынаў ужо адчуваць сябе здраднікам.
І я быў далёка не на вяршыні асалоды. З новым партнёрам зашмат высільваешся. Зашмат высільваешся, каб атрымаць сапраўднае задавальненне. Секс з кімсьці новым надта падобны да экзамену на правы. Аднак калі падумаць, колькі ўсяго магло не скласціся – і ўсё, так ці йначай, праз часавы чыннік, – трэба лічыць, што ўсё выйшла няблага.
Дзякуй Богу, дзякуй Богу, дзякуй Богу.
Але пакуль я быў з Шован, пакуль адной паловай сваёй істоты думаў, што, напэўна, сам таго не разумеючы, усё жыццё шукаў гэтую жанчыну, гэтую бледную ірландскую прыгажуню, якая народзіць цудоўных рудавалосых дзетак, другой палове маёй істоты чамусьці няспынна не хапала жонкі.
Не хапала лёгкай нязмушанасці, што прыходзіць з гадамі сумеснага жыцця. Калі ўжо мне наканавана здраджваць жонцы, дык я б хацеў здраджваць з Джынай.
І ўсё ж кожнаму абрыдне быць мужчынам, які сплачвае жыллёвы крэдыт, выклікае сантэхніка, не можа сабраць зборную мэблю. Абрыдне, бо ўрэшце ўвогуле пачуваешся не мужчынам, а хутчэй такой сабе гаспадарчай прыладай.
І вось ты прымаеш запрашэнне незнаёмкі, якая сцягвае з цябе коўдру, і ў канчатковым выніку адчуваеш, што яшчэ больш самому сабе абрыд. Так, куды я падзеў штаны?
Калі я апрануўся, у пакой крадком тачылася святло, перад вачыма з’явіліся фрагменты жыцця Шован. Добрая ў яе кватэра – утульная, спарадкаваная, якую я заўсёды хацеў і ніколі не меў. Ад студэнцкага ўбоства я адразу перайшоў да сямейнага вэрхалу.
На фатаграфіях я ўбачыў толькі Шован – дзяўчынку-падлетка, што смеючыся абдымала радасна ашчэраных сабакаў ды нейкіх мілых немаладых людзей. Звяркі ды бацькі.
На сценах вісела некалькі японскіх эстампаў: відарысы з дажджом, пад якім цярэбяць свой шлях сяляне, – Джыне б спадабалася. Паліцы, ахайна застаўленыя кнігамі і кампакт-дыскамі, выяўляюць густ да літаратуры, што знайшла дарогу ў кінематограф, і да дзівацкай сумесі року з мяккім джазам: Oasis і U2 суседнічалі з Стэнам Гетцам,1 Чэтам Бэйкерам2 і Майлзам3.
Калі я агледзеў кнігі і дыскі Шован, яна стала падабацца мне яшчэ больш. Але, напэўна, так заўсёды бывае, як глядзіш на чужую бібліятэку ці фанатэку, нават калі ў іх шмат лухты. Бо густы людзей, колішнія і цяперашнія, раскрываюць нейкую частку іх натуры, якую ніхто звычайна не выстаўляе напаказ.
Мне падабалася, што Шован, відаць, ужо вырасла з белага року і цяпер шукала чаго-небудзь больш спакойнага і вытанчанага (немагчыма ўявіць, каб яна з Чэта Бэйкера і Майлза Дэвіса пераключылася на U2 і Oasis). Было відаць, што яна яшчэ маладая і цікаўная, яшчэ імкнецца зразумець, чаго хоча ад свету, яшчэ вынаходзіць сваё жыццё, а не спрабуе яго дагнаць.
Гэта была, безумоўна, кватэра маладой незамужняй жанчыны, дзяўчыны, здольнай рабіць усё, што захочацца. Параскіданыя часопісы, валяецца адзенне, але і блізка няма таго бедламу, што пануе ў доме, дзе ёсць малое дзіця, няма таго ўтульнага хатняга хаосу, да якога я звык. У Шован можна прайсці праз усю кватэру да самых дзвярэй і ні разу не наступіць на фігурку Хана Сола.
Аднак мне не ставала гэтага знаёмага хатняга вэрхалу, як ужо не ставала адчування, што я – мужчына, які ўмее трымаць слова.

Калі я вярнуўся дахаты, Джына плакала.
Я сеў на край ложка, баючыся дакрануцца да яе.
– Вар’яцкая была ноч пасля ўчорашняга шоў, давялося застацца на працы, – апраўдваўся я.
– Я разумею, – адказала яна. – Рэч не ў гэтым.
– А ў чым?
– У тваёй маме.
– У маме?
– Яна так добра абыходзіцца з Пэтам, – Джыну душылі слёзы. – У яе ўсё атрымліваецца як бы само сабой. Я ніколі не буду такой, як яна. Сама цярплівасць, сама дабрыня. Я сказала ёй, што часам ледзь не шалею: увесь дзень дома, няма з кім пагутарыць, апроч малога дзіцяці. А калі ён у “нулявушцы”, мне яшчэ горш, – Джына падняла на мяне поўныя слёз вочы. – Яна, здаецца, папросту не зразумела, пра што я.
Дзякуй табе, Божа! На нейкую хвілю мне падалося, што яна ўсё ведае.
– Ты найлепшая ў свеце мама, – абняўшы яе, сказаў я. Абсалютна шчыра.
– Не, – запярэчыла Джына. – Ты хочаш, каб я была такой. І я хачу. Праўда. Але аднаго хацення мала.
Яна паплакала яшчэ, але ўжо не так роспачна. З ёю гэта здаралася, і я ніколі не ведаў, з чаго могуць пачацца ейныя слёзы. Як на мяне, дык плакала яна без дай прычыны. Джына – кепская мама? Ды што за глупства! Яна цудоўная мама. А калі ўдзень ёй трохі самотна, можна ж патэлефанаваць мне на працу. Сакратарка заўсёды запіша, што яна хацела сказаць. І на мабільніку ў мяне ёсць аўтаадказнік. Як ёй можа быць адзінотна? Я папросту не разумеў.
Я трымаў яе ў абдоймах, пакуль не высахлі слёзы, а потым спусціўся на кухню зварыць сабе кавы. На аўтаадказніку – мільён паведамленняў. Увесь свет раз’ятрыўся на Марці. Але я не надта пераймаўся праз газеты ды наш канал.
Недзе я чуў, што праблемы на працы – гэта як авіякатастрофа, ад якой можна адсланіцца. Сям’я – зусім іншае: тут не збяжыш ад праблемаў, як ні старайся.

6.

Для ўсіх сыноў іхні бацька – герой. Прынамсі, калі яны яшчэ замалыя, каб знайсці лепшых герояў.
Пэт думае, я на ўсё здольны. Ён думае, я магу прымусіць свет схіліцца перад сваёй воляй – як Хан Сола ці Індыяна Джонс. Але я ведаю: неўзабаве прыйдзе той дзень, калі Пэт зразумее, што паміж Харысанам Фордам і ягоным старэчам татам ёсць некаторыя адрозненні. І пасля таго, як Пэт высветліць, што ў мяне ўсё ж няма каўбойскай пугі і светлавога клінка, ён ніколі не будзе глядзець на мяне, як раней.
Але ўсе сыны, пакуль гэтага не перарастуць, лічаць сваіх татаў героямі. У нас з бацькам было трохі іначай. Таму што мой бацька – сапраўдны герой. Доказ – ягоны медаль.
Пабачыўшы яго ў садзе ці ў машыне, вы б прынялі яго за тыповага галаву сям’і з прыгараду. Аднак у шуфлядзе ў гасцёўні тынкаванага каменнай крышанкай дому з агульнай сценкай, у якім я вырас, ляжаў медаль “За выбітныя заслугі”, што бацька атрымаў на вайне. Я ўсё сваё дзяцінства прыкідваўся героем. Мой тата быў сапраўдным героем.
“За выбітныя заслугі” – гэта вам не абы-што. Вышэй толькі Крыж Вікторыі, але зазвычай, каб ім узнагародзілі, спачатку трэба загінуць. Пабачыўшы майго бацьку ў пабе ці на вуліцы, вы б падумалі, што ён увесь як на далоні: старамодны джэмпер, залысіны, сямейны салун, газета. Вам бы падалося, што вы ўсё пра яго ведаеце. І вы б жорстка памыліліся.

Я ўзяў слухаўку. На ўсе званкі з газетаў і ад менеджэраў каналу можна не зважаць, але бацькам я мушу патэлефанаваць.
Адказаў тата. Дзіўна. Ён трываць не мог тэлефона. Здымаў слухаўку толькі тады, калі побач не было мамы ці калі выпадкова апынаўся побач з апаратам, ідучы ад століка з часопісам “Садовы свет” у сад.
– Тата, гэта я.
– Зараз паклічу маці.
Голас адчужаны, афіцыйны, нібыта ён так ніколі і не прызвычаіўся карыстацца тэлефонам. Нібыта мы з ім незнаёмыя. Нібыта я спрабаваў прадаць яму нешта непатрэбнае.
– Тата, ты ўчора глядзеў праграму?
Я ведаў, што ён глядзеў. Бацькі заўжды глядзелі маё шоў.
Паўза.
– Нішто сабе відовішча, – адказаў бацька.
Я ведаў: яму гэта ўсё жудасна не спадабаецца – лаянка, бойка, палітыка. Я літаральна чуў, як ён бэсціць рэкламу. Але мне хацелася, каб тата сказаў, што гэта драбяза. Што ён мне дараваў.
– Тата, гэта жывы эфір, – змушана засмяяўся я. – Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца ў наступны момант.
Бацька ўзлавана буркатнуў:
– Не па мне гэтая тусоўка.
Недзе ў дзевяностых ён раптам пачаў ужываць слэнг шасцідзясятых.
Ягоная мова была перасыпаная ўсялякімі “не мая тусоўка” ды “не ў кайф”. Пэўна, гадоў праз трыццаць ён будзе атрымліваць пенсію і кульгаць, абапіраючыся на кійкі, паўтараючы, як яго “ўсё закалупала” ды “забадала”. Але на той час ніхто ўжо не будзе разумець, што гэта значыць.
– Але хвалявацца няма чаго. Усё пад кантролем, – запэўніў я.
– А я і не хвалююся, – адказаў бацька.
Павісла маўчанне. Я не ведаў, што сказаць. Не ведаў, як пераадолець бездань паміж ягоным сусветам і маім. Не ведаў, з чаго пачаць.
– Зараз паклічу маці.
Пакуль ён яе шукаў, у пакой прыблукаў Пэт. Ён быў у піжаме, саламянага колеру валасы тырчалі ва ўсе бакі, а вочы “ад Тыфані” прыпухлі пасля сну. Я працягнуў рукі, каб яго абняць, і недзе ў грудзях болем укалола: як жа я яго люблю. Ён роўненька прайшоў паўз мяне да відзіка.
– Пэт! Хадзі сюды, мілы.
Ён неахвотна наблізіўся да мяне, сціскаючы ў руцэ касету з “Вяртаннем джэды”. Я пасадзіў яго сабе на калені. Пэт пахнуў прыемнай вільгаццю, як пахнуць толькі што пабуджаныя ад сну дзеці. Ён шырока пазяхнуў, калі я пацалаваў яго ў шчаку. Скурка навюсенькая, як толькі што ад вытворцы. Як новаадчаканеная манетка. Найдалікатнейшая на зямлі.
Мне ён па-ранейшаму здаваўся найпрыгажэйшым у свеце хлопчыкам, гэткім бялявым анёлкам, што саскочыў з аблачынкі па дарозе ў нябесную відэакраму.
Ён сапраўды такі прыгожы? Або гэта папросту мае бацькоўскія гены? Ці ўсе бацькі так глядзяць на сваіх дзяцей? Я і пасюль не ведаю.
– Ну як, табе спадабалася ў бабулі з дзядулем?
Пэт на хвіліну задумаўся.
– У іх няма аніводнага добрага фільма, – паскардзіўся ён.
– А якія ў іх фільмы?
– Ідыёцкія. Проста з… малюнкамі.
– Мульцікі?
– Так. Проста мульцікі. Для малых.
Я абурыўся.
– Як для малых? Табе не падабаецца Дамба? Слонік з вялізнымі ву­шамі? Той, з якога ўсе смяюцца?
– Дамба – дурны.
– Дамба – цудоўны! Ды што табе ў ім не падабаецца? О Божа, я вырас з Дамбам!
Я збіраўся прачытаць яму лекцыю пра геній Уолта Дыснея, пра цуд анімацыі і чароўны свет дзяцінства, але тут слухаўку ўзяла мама:
– Гары, мы так перахваляваліся! Што ж гэта будзе? Цябе звольняць?
– Мама, мяне ніхто не звольніць. Тое, што ўчора здарылася, завецца “добрае тэлешоў”.
– Праўда, мілы? А мне здавалася, ты аднойчы казаў, што добрае шоў – гэта калі госць у студыі збівае вядучага. Я не ведала, што можна і наадварот.
– Усё абыдзецца, – запэўніў я.
Але яна пацэліла ў самае вочка. Ва ўсіх бойках на ток-шоў, што я памятаў, таўклі ў каршэнь вядучага. Ніяк не наадварот.
– Са мной хутка перазаключаць кантракт. Не хвалюйся, мама, нам пакуль не давядзецца аддаваць Пэта ў камінары.
– А што такое з Джынай? Яна, здаецца, такая… я не ведаю… зажуроная.
– З ёю ўсё добра. З чаго б гэта ёй зажурыцца?
Калі я павесіў слухаўку, Пэт хуценька падляцеў да відзіка і заладаваў “Вяртанне джэды”. Фільм пачаўся з таго эпізоду, на якім Пэт учора спыніўся: апранутая рабыняй каралеўна Лея ля ног Джабы Хата. З брудных вуснаў Джабы цяклі слінкі, як ён разглядаў сваю нявольніцу ў самым саку. Мой чатырохгадовы сын спакойна сузіраў гэтую сцэну. Яму шкодна такое глядзець!
– Пэт, давай пагуляемся, – прапанаваў я.
Ён прасвятлеў тварам.
– Давай!
– Ува што ты хочаш?
– У “Зорныя войны”!
Усміхаючыся да вушэй, Пэт прыцягнуў са свайго пакою скрыню з улюбёнымі цацкамі і высыпаў іх усе на дыван. Па ім разляцеліся фігуркі, што прынеслі славу Джорджу Лукасу. Я сядзеў на падлозе побач з Пэтам, пакуль ён асцярожна расстаўляў Хана, Люка, Чуі ды двух дроідаў вакол шэрага пластмасавага Millennium Falcon.
– Каралеўну Лею трымаюць у палонні на Зорцы смерці, – сказаў Пэт.
– У палоне, – паправіў я. – Яе трымаюць у палоне.
– У палонні, – паўтарыў Пэт. – Мы мусім яе ўратаваць.
– Добра.
Я трохі пагуляўся з сынам – я ведаў, што вельмі мала з ім гуляюся. Аднак хвілін праз пяць-дзесяць вырашыў, што трэба збірацца на працу. Мяне чакаў цяжкі дзень.
Пэт засмуціўся, што гульня так хутка скончылася, але павесялеў, калі я зноў уключыў касету з каралеўнай Леяй, апранутай прыгожай рабыняй. Яму вельмі падабаўся гэты кавалак.

Нас скланялі ва ўсіх газетах.
Сур’ёзная прэса бачыла ў інцыдэнце з Кліфам характэрны сімптом непазбежнасці летальнага зыходу СМІ, які адчайна гоніцца за таннымі сенсацыямі ў свеце, перанасычаным візуальнай інфармацыяй пры абмежаванай здольнасці гледачоў да канцэнтрацыі ўвагі. Таблоіды шалелі: маўляў, кроў, лаянка.
І ўсе патрабавалі рытуальнага забойства Марці Мэна. Я збіраўся патэлефанаваць яму з машыны, але тут згадаў, што пазычыў мабільнік Джыне.
Кампанія Марці – Mad Mann Productions – займала адзін паверх будынка на Нотынг Хіл Гейт. У разгароджаным перасоўнымі панэлямі офісе апранутыя прадумана нядбайна маладыя людзі ад дваццаці да трыццаці рыхтавалі “Шоў Марці Мэна” ці месяцамі распрацоўвалі будучыя праекты Mad Mann. Цяпер у офісе думалі над інтэлектуальнай гульнёй, альтэрнатыўнай праграмай кінападарожжаў, серыялам пра падводнае плаванне, каб Марці мог паўгода правесці на Мальдывах, над плоймай іншых ідэяў, якія амаль пэўна ніколі не здзейсняцца.
Мы называлі гэта “працаваць на перспектыву”. Людзі збоку назвалі б гэта “лынды біць”.
Свае кабінеты ў Mad Mann Productions мелі толькі мы з Марці. Дакладней, яны хутчэй нагадвалі маленькія прыватныя каморкі з некалькімі відэамагнітафонамі, набітыя відэакасетамі ды сцэнарамі. У маёй чакала Шован.
Яна ніколі не заходзіла да мяне раней. Мы зірнулі адно на другога і пачырванелі. Чаму так лёгка размаўляць з дзяўчынай, пакуль з ёю не пераспаў, і так цяжка – пасля?
– Трэ’ было мяне пабудзіць, перш чым сысці.
– Я хацеў, але ў цябе быў такі выгляд…
– Улагоджаны?
– Змучаны.
Яна засмяялася.
– Дрэнная была ноч. Адзінае ў ёй добрае – гэта ты.
– Паслухай, Шован…
– Гары, усё ў парадку, я ўсё разумею. Мы больш з табой не перастрэнемся, так? Я маю на ўвазе, як гэтай ноччу. Не трэба падману. Не трэба казаць ні слова няпраўды. Я ведаю: ты жанаты.
– Шован, ты цудоўная дзяўчына. Праўда.
Я казаў абсалютна шчыра.
– Аднак ты кахаеш жонку. Ведаю, ведаю. Не турбуйся. Лепш пачуць гэта адразу, чым праз паўгоду. Лепш паставіць кропку, пакуль я да цябе не прывязалася. Ты, прынамсі, не такі, як некаторыя мужчыны. Ты не казаў мне, што жонка цябе не разумее. Не выслізгваў месяцамі крадком з дому, каб мне патэлефанаваць. Ты не брыдкі двурушнік.
Не двурушнік? Учора я спаў з табою, а сёння буду спаць з жонкай. Хто ж я, калі не двурушнік?
– Ты на гэта не здольны, Гары. Гэта мне ў табе і падабаецца. Павер мне, на свеце няшмат такіх мужчынаў. Апошні – о Госпадзе, я праўда думала, што ён сыдзе ад жонкі й ажэніцца са мною. Якая я дурніца!
– Ты не дурніца, – адказаў я, абняўшы яе.
Так мы стаялі, моцна прыціснуўшыся адно да другога. Вось мы развітваемся, і ў нас бліскуча атрымліваецца, мы застаемся сябрамі.
Тады яна расплакалася: як цяжка знайсці добрага мужчыну. А я падумаў: “Ну, дзякуй Богу. Рымэйку “Фатальнага прыцягнення” з намі ў галоўных ролях не будзе”.
Я ведаў, што лёгка адкруціўся. Шован адпусціць мяне, яна не стане паліваць кіслатой маю MGF і не зварыць у гаршчку нашага ўлюбёнага трусіка. Ды мы і не трымалі трусіка. Але, калі пачуццё палёгкі прамінула, я са здзіўленнем заўважыў, што мне трохі крыўдна. Няўжо так проста сказаць мне “бывай”?
– Са мной заўсёды так, – засмяялася Шован, хоць у вачах блішчалі слёзы. – Вечна я абіраю тых, каго ўжо абралі іншыя. Тваёй жонцы пашанцавала. Я, здаецца, гэта казала ў паведамленні.
– Якім паведамленні?
– На тваім мабільніку.
– На мабільніку?
– Я пакінула паведамленне на тваім мабільніку, – сказала Шован, выціраючы слёзы тыльным бокам далоні. – Хіба ты не атрымаў?

7.

Калі я прыехаў дахаты, Джына спакоўвала рэчы. Бледная, з сухімі вачыма, яна кідала ў валізу і дарожную торбу, што стаялі пасярод нашай спачывальні, толькі самае неабходнае – збіралася як мага хутчэй. Нібыта не магла тут знаходзіцца ні хвіліны болей.
– Джына!
Яна павярнулася і зірнула на мяне, як першы раз бачыла. Яна літаральна заходзілася ад пагарды, скрухі і злосці. Асабліва ад злосці. Я ледзь не наклаў у штаны з пераляку. Яна ніколі раней так на мяне не глядзела.
Джына адвярнулася, схапіла нешта са століка з ейнага боку ложка. Попельніцу. Не, не попельніцу. У нас няма попельніцаў. Яна запусціла ў мяне мабільнікам.
З меткасцю ў яе заўсёды было хрэнова (мы раз-другі так сварыліся, што даходзіла да кідання ўсім, што пад руку трапіць), але з такой адлегласці не пацэліць немагчыма, і мабільнік з усяго размаху заляпіў мне ў грудзі. Я нахіліўся яго падняць. Заныла костка, што над самым сэрцам.
– Гэтага я табе ніколі не дарую, – вымавіла Джына. – Ніколі.
Яна паказала на тэлефон.
– Можа, паслухаеш сваю галасавую пошту?
Я націснуў на іконку з канверцікам. Праз патрэскванне пачуўся заспаны голас Шован, ненатуральны і абсалютна недарэчны ў нашай спа­чывальні.
– Калі мужчына сыходзіць, пакуль ты яшчэ спіш, гэта заўжды кепскі знак… але, калі ласка, не шкадуй пра ўчарашнюю ноч… бо я не… тваёй жонцы пашанцавала… і мне вельмі хочацца працаваць з табою… Пакуль, Гары…
– Гары, ты спаў з ёю? – спытала Джына.
Яна страсянула галавой.
– Ды што са мной такое? Чаму я нават пытаюся? Бо хачу, каб ты ска­заў, што гэта няпраўда. Але ж гэта, вядома, праўда.
Я паспрабаваў яе абняць. Не прылашчыць, а папросту ўтрымаць. Каб яна супакоілася. Каб не даць ёй сысці. Не даць ёй кінуць мяне. Яна ледзь не з рыкам адштурхнула мяне.
– Нейкая сучка на працы, так? – Джына працягвала скідаць у валізу адзенне. Нават не глядзела, што збірае. Яна зусім не паходзіла на жанчыну, якая лічыць, што ёй пашанцавала. – Нейкая сучка, якая думае, што можа табой пакарыстацца.
– Насамрэч яна вельмі мілая дзяўчына. Яна б табе спадабалася.
Большага глупства ляпнуць немагчыма. Я зразумеў гэта, як толькі яно зляцела ў мяне з языка (вось жа меле, як хвастом целе), але было ўжо запозна. Джына падышла да мяне і штомоцы адвесіла поўху. Я заўважыў, як яна сцялася ад болю, як ейныя вочы раптам напоўніліся слязьмі. Джына не ўмела біць людзей у твар. Яна не такая.
– Думаеш, гэта была рамантыка, ці жарсць, ці яшчэ якая хрэнь у тым жа духу? Нічога падобнага. Гэта папросту брудна, брыдка і жалю варта. Сапраўды. Ты кахаеш яе? – спытала Джына.
– Што?
– Ты закаханы ў гэтую дзеўку?
– Джына, усё не так.
– Калі яна хоча быць на маім месцы, хай забірае сабе ўсё. Без выключэння. І цябе таксама. Найперш цябе, Гары. Бо гэта ўсё падман.
– Джына, калі ласка, не трэба. Гэта была памылка. Жудасная памылка.
Я ліхаманкава шукаў словы.
– Гэта роўна нічога не значыла.
Джына разам засмяялася і заплакала.
– Няўжо ты не разумееш, што гэта яшчэ горш? Няўжо ты нічога на свеце не разумееш?
Джына разрыдалася. Скурчаныя плечы дрыжалі. Яна і не спрабавала выціраць слёзы, што, здаецца, зыходзілі аднекуль глыбока з грудзей. Мне хацелася абняць яе. Але я не наважваўся да яе дакрануцца.
– Ты такі ж самы, як мой бацька, – сказала яна. Я ведаў: гэта найгоршае, што можна толькі ад яе пачуць. – Такі ж самы.
– Джына, калі ласка… калі ласка, – лепятаў я.
Яна пахітала галавой, нібы больш мяне не разумела, нібы я вёрз нейкую поўную несунеціцу.
– Што “калі ласка”, Гары? Як папугай, маць тваю! Што “калі ласка”?
– Калі ласка, – папугаем паўтарыў я, – калі ласка, не разлюбі мяне.
– Ты ж мусіў ведаць, – яна ляснула замкамі валізы. Большасць яе адзення так і засталася раскіданай на ложку. Другая торба ўжо стаяла поўная. Джына была амаль гатовая сысці. Ужо амаль сышла.
– Ты мусіў ведаць: гэта адзінае, чаго я ніколі не дарую. Мусіў ведаць, што я не магу кахаць мужчыну, які не кахае мяне – і толькі мяне. А калі ты гэтага не ведаў, то, Гары, ты мяне зусім не ведаеш.
Недзе калісьці я чытаў, што ў каханні заўсёды ўся ўлада ў таго, каму яно менш патрэбнае.
Цяпер уся ўлада была ў Джыны. Бо я ёй стаў зусім не патрэбны.
Яна павалакла валізу з торбай праз калідор у пакой Пэта. Я ішоў следам. Сын асцярожна складаў фігуркі герояў “Зорных войнаў” у заплечнічак з малюнкам паштара Пэта. Ён нам усміхнуўся.
– Глядзі, што я раблю, – сказаў Пэт.
– Пэт, ты гатовы? – спытала Джына.
– Амаль.
– Тады хадзем, – яна выцерла слёзы рукавом.
– Ага. Уяўляеш, тата, – ён глядзеў на мяне, ягоны прыгожы тварык так і свяціўся ўсмешкай, – мы едзем у адпачынак!
Я даў ім дайсці да самых дзвярэй і раптам зразумеў, што не магу вось так іх страціць. Я проста не вытрымаю. Я ўхапіўся за ручку Джынінай торбы.
– Куды ты? Толькі скажы, куды ты едзеш!
Яна пацягнула торбу, але я не адпускаў. Яна пакінула яе ў маіх руках, адчыніла дзверы і пераступіла цераз парог.
Трымаючы торбу, я пайшоў за імі. Глядзеў, як яна прышпіліла Пэта ў дзіцячым крэселцы. Ён адчуў, што адбылося нешта страшнае. Усмешкі не засталося. І раптам я дапяў, што ён – мой апошні шанец.
– А як жа Пэт? Ты пра Пэта падумала?
– А ты, Гары, ты пра яго думаў?
Яна ўсцягнула валізу ў багажнік нашага “ўніверсала” і нават не паклапацілася забраць у мяне другую торбу. Пакінула мне.
– Дзе ты будзеш жыць?
– Бывай, Гары.
І яна сышла ад мяне. На тварыку Пэта на заднім сядзенні адбілася трывога. Джына глядзела толькі наперад, яе вочы сувора блішчалі. Яна ўжо здавалася зусім іншым чалавекам. Незнаёмым. Яна ўключыла запальванне.
Я праводзіў поглядам машыну, пакуль яна не знікла за паваротам, і толькі тады заўважыў, што фіранкі ў суседніх дамах торгаліся – што паробіш, цікаўнасць… За намі сачылі. Сэрца ўпала: да мяне дайшло, у якую сямейку мы ператварыліся.
Я занёс торбу Джыны назад у дом. Там разрываўся тэлефон. Званіў Марці.
– Уяўляеш, што гэтыя ў...біны пра мяне пішуць? Вось паглядзі: “Знайдзіце замену вар’яту Мэну”. Ну, як табе? Ці гэта: “Мэн ...ва выбраў слова”. Што гэта значыць, бля? Гары, яны хочуць адняць у мяне працу. Мама ў роспачы. Што рабіць?
– Марці, ад мяне сышла Джына.
– Сышла? Ты хочаш сказаць, яна цябе кінула?
– Ага.
– А малы?
– Яна забрала Пэта з сабой.
– У яе ёсць іншы?
– Ды нічога падобнага. Я сам вінаваты. Зрабіў глупства.
Марці рагатнуў мне ў вуха.
– Ах ты, Гары, ах, кабель! Я яе ведаю?
– Марці, мне страшна. Я баюся, што яна сышла назаўжды.
– Ды не хвалюйся, Гары. Максімум, што яна можа атрымаць, – гэта палову тваёй маёмасці.
Тут ён памыліўся. Джына сышла, забраўшы ўсё, пра што я хоць калі марыў. Увесь выйгрыш дастаўся ёй.

8.

Бары Твіст працаваў на нашым тэлеканале. За апошні год я абедаў у яго ў гасцях, ён прыходзіў да нас на абед. Але свет уладкаваны так, што гэта не рабіла нас сябрамі. Я не мог распавесці яму пра Джыну. У мяне было шмат гэткіх жа знаёмых, як Бары.
Ён першым з тэлевізійнікаў запрасіў нас з Марці на ланч, калі мы працавалі на радыё. Ён меркаваў, што шоў добра пойдзе на тэлебачанні, і больш за астатніх спрычыніўся да нашага пераходу. За тым першым ланчам Бары не пераставаў усміхацца ва ўвесь рот, усміхацца так, нібы для яго вялікі гонар быць нашым з Марці суседам па планеце. Але цяпер ён зусім не ўсміхаўся.
– Вы ўжо не дзеці, што выпендрываюцца на радыё, – казаў ён. – Гэта дарослая гульня.
Ён так і сыпаў слоўцамі кшталту “дарослая гульня”, нібы тэлебачанне – усё адно што таемная спецаперацыя ў Паўднёвым Армагу.
– Дзевяцьсот чалавек тэлефанавалі, абураліся ягонай ё...анай лаянкай.
Я не збіраўся класці галаву на плаху толькі таму, што Бары – наш рэдактар-наймальнік.
– Бары, вы яму плаціце не за што іншае, як за спантаннасць. У такім шоў сенсацыю робяць не словы, а дзеі.
– Мы плацім яму не за тое, каб ён збіваў гасцей, – Бары, расцягнуўшы ў нітачку вусны, паказаў на стос газет у сябе на стале. Я ўзяў некалькі штук.
– Ён на першай старонцы Mirror і The Sun… Так, артыкул на дзве калонкі на другой старонцы Telegraph… Выдатны каляровы здымак Марці на трэцяй старонцы The Times, – пачаў пералічваць я.
– Такіх сенсацыяў нам не трэба, – адрэзаў Бары. – І вы гэта ведаеце. Паўтараю: тут вам не радыё. Вас слухаюць не толькі пара вар’ятаў ды іх кацяняты. І мы не які-небудзь задрыпаны спадарожнікавы канал, на ўсё гатовы, каб прарвацца да гледачоў. Ёсць жа рэкламадаўцы, кіраўніцтва тэлевяшчання, таварыствы гледачоў, ёсць нарэшце шэф. І, Гары, паверце мне на слова: яны, бляха-муха, як з ланцуга сарваліся.
Я паклаў газеты назад. Да пальцаў прыліпла тыпаграфская фарба. Як мага больш бесклапотна я пацёр рукі. Але фарба ніяк не адставала.
– Бары, я вам скажу, што будзе далей. Марці аблаюць апошнімі словамі – і праз тыдзень наш рэйтынг зашкаліць. Вось што будзе далей. Гэтую праграму будуць згадваць праз гады – вось што будзе далей.
Бары Твіст страсянуў галавой.
– Кій перагнулі. Апошнімі словамі лаюць не толькі Марці, але й шэфа. І яму гэта страшэнна не падабаецца. За год у “Шоў Марці Мэна” з’яўляліся асобы ў нецвярозым стане, агрэсіўна настроеныя тыпы, індывіды, што спрабавалі здымаць адзенне ў студыі. Але ніколі не было, каб вядучы збіваў госця. Гэта мусіць спыніцца. Мы не можам выпускаць у наўпроставы эфір нацыянальнага тэлебачання эмацыйна няўстойлівага чалавека.
– Што вы прапануееце?
– Ніякага жывога эфіру. Вы запісваеце праграму ў дзень паказу. Калі Марці зноў распусціць рукі ці вырашыць затаптаць каго-небудзь да смерці сваім эга – мы гэта выражам.
– “Як бы жыўцом”? Вы хочаце, каб мы выходзілі як бы ў жывым эфіры? Марці ніколі не пагодзіцца.
– Зрабіце, каб пагадзіўся. Вы ягоны прадзюсер – вось і спрадзюсуйце што-небудзь. Па-мойму, у вас неўзабаве сканчаецца кантракт?
Я ведаў: Марці не выкінуць. Ён стаўся занадта буйной птушкай. Але тут я ўпершыню зразумеў: на рэйкі пакладзеная не ягоная галава.
А мая.

Хоць Пэт і любіў жорсткія гульні, але насамрэч ён быў вельмі ласкавы хлопчык. Заўсёды кідаўся з абдымкамі й пацалункамі нават да зусім незнаёмых людзей. Аднойчы я бачыў, як ён віс на шыі ў старычыны, які падмятаў нашу вуліцу. Так нельга – так проста небяспечна – паводзіцца ў гнюсным сучасным свеце.
Але Пэт пра гэта не ведаў ці не думаў. Яму было чатыры гады, і яго душа поўнілася любоўю. Убачыўшы мяне на парозе ў свайго другога дзеда, ён ашалеў ад радасці: цалаваў мяне ў вусны, не выпускаў з далоней мой твар.
– Тата! Ты застанешся з намі? Мы ж на… на… адпачынку ў дзядулі Глена?
Я знайшоў іх на другі дзень. Гэта было няцяжка. Абтэлефанаваў сябровак Джыны па коледжы, тых, што прыходзілі на ейны дзень народзінаў. Але яна ўжо даўно не падтрымлівала з імі шчыльных сувязяў. Аддалілася, затлуміўшы сабе глузды, нібы мы з Пэтам можам даць ёй усё, што толькі трэба. Вось у чым бяда такіх блізкіх адносінаў, як нашыя: калі яны рвуцца, ты застаешся зусім адзін.
Я досыць хутка скеміў, што Джыне быў так адчайна неабходны дах над галавой, што яна з’явілася да бацькі, у якога выдалася паўза паміж шлюбамі.
Глен жыў у маленькай кватэрцы ў прыгарадзе Лондана, сярод паркаў ды гольф-клубаў – напэўна, спачатку яму гэта нагадвала Вудстак. Аднак замест джэм-сэйшнаў Глен штодня ехаў цягніком на Дэнмарк Стрыт і прадаваў гітары ў музычнай краме. Калі я пагрукаўся ў дзверы, ён быў дома і па-сапраўднаму шчыра павітаў мяне, пакуль я абдымаў сына.
– А, Гары, прывітанне! Як маешся? Чуў, у цябе праблемы? Спачуваю, спачуваю…
Цяпер Глену крыху за пяцьдзясят, і тое, што засталося ад ягонага валосся, было акуратна ўкладзена ў прычоску, папулярную ў гады ягонай маладосці. Ён па-ранейшаму быў худы, як вобла, па-ранейшаму апранаўся, як пасавала б грузчыку апаратуры ў Джымі Хендрыкса. І па-ранейшаму быў прыгожы – як такі пабіты жыццём, пастарэлы прайдзісвет. А ў 1975-м годзе, ідучы па Кінгз Роўд, ён, мабыць, глядзеўся суперкрута.
Не зважаючы на ўсе свае грахі: забытыя дні народзінаў, нявыкананыя абяцанні, звычку кожныя тры-чатыры гады звальваць ад жонак з дзецьмі – Глен быў ў прынцыпе неблагі чалавек.
У ім адчувалася абаянне зычлівасці і добрасардэчнасці – я назіраў яго водбліскі ў Джыне. Галоўная загана Глена ў ягонай поўнай няздольнасці бачыць ні на ёту далей за сваю асалоду. Усе раны, што ён нанёс, рабіліся ненаўмысна. Ён не быў жорсткі – калі слабасць – не адзін з падвідаў жорсткасці.
– Табе Джыну? – спытаў ён, паклаўшы руку мне на плячо. – Яна ў доме.
У сціплай кватэрцы Глена разрывалі дынамікі The Verve. Ён быў не з тых фанатаў класічнага року, якія чытаюць адно Mojo1 і вечна слухаюць толькі заезджаныя кружэлкі сваёй маладосці. Глен быў так адданы справе музыкі, што сачыў за выбітнымі новымі гуртамі. Не ведаю, як яму гэта ўдавалася.
З гасцявога пакойчыка выйшла Джына, сур’ёзная і бледная. Вельмі бледная. Мне хацелася пацалаваць яе. Але я не адважыўся.
– Добры дзень, Гары.
– Можна з табой пагаварыць?
– Так. Тут побач парк.
Мы ўзялі Пэта. Глен заўважыў, што хоць тут навокал усё ў зеляніне, але парк насамрэч досыць далёка, за маркотным ланцужком маленькіх крамак і мноствам вялікіх шыкоўных дамоў. Я прапанаваў пад’ехаць на MGF. Пэт ледзве не пішчаў ад задавальнення. І хоць Джыне было не чатыры гады, я спадзяваўся, што мо’ ўдасца ўразіць і яе. Як толькі я паглядзеў на гэтую машыну, адразу зразумеў, што хачу весці яе, і каб побач сядзеў нехта надзвычай мне дарагі. Цяпер я з жахлівай яснасцю бачыў: гэтым дарагім мне чалавекам заўжды была Джына. Аднак яна ні слова не прамовіла, пакуль мы ехалі ў парк.
– Няма чаго хвалявацца, як дагнаць маладосць, – сказала Джына, ставячы ногі на зямлю і выходзячы з маёй новай машыны. – Ты ніколі ад яе і не адставаў.
Пэт паімчаў наперад, з галёканнем размахваючы светлавым клінком. Перад турніком ён спыніўся і змоўк, нясмела пазіраючы, як па самым высокім участку караскаюцца два старэйшыя хлопчыкі. Ён заўсёды захапляўся старэйшымі хлопчыкамі. Мы з Джынай глядзелі, як наш сын глядзіць на іх.
– Мне без цябе так кепска, – вымавіў я. – Калі ласка, вярніся дамоў.
– Не.
– Гэта не нейкі шалёны, жарсны раман. Адна ноч – і ўсё.
– Адна ноч – гэта ніколі не ўсё. Зрабіў адзін раз – значыць, зможаш зрабіць яшчэ. Тады яшчэ, яшчэ і яшчэ. І з кожным наступным разам усё прасцей. Гары, я гэта ўжо бачыла. З Гленам.
– О Божа, я зусім не падобны да твайго бацькі. Я нават завушніцу не нашу.
– Я так і ведала. Няма нічога горшага за рамантыкаў. Лямур-тужур. Тых, што абяцаюць ніколі вокам не кінуць на іншую жанчыну. Няма нічога горшага. Бо ім заўжды патрэбная новая доза кайфу. Штодзённы ўкол рамантыкі. Так, Гары?
Мне не спадабалася, як яна пра мяне казала, – нібы я нічым не адрозніваюся ад усіх іншых мужчынаў, нібы я нічым не лепшы за процьму астатніх раздзяўбаеў-распуснікаў, нібы я нічым не вылучаюся з мільёнаў іншых службоўцаў, заспетых на гарачым. Я хацеў заставацца для яе адзіным у свеце.
– Джына, даруй, што я цябе пакрыўдзіў. Мне заўсёды будзе за гэта сорамна. Я ніяк не хацеў зрабіць табе балюча.
– Ведаеш, мядовы месяц не можа доўжыцца вечна.
– Ведаю, ведаю, – паўтарыў я, але ў глыбіні душы падумаў: “Чаму не? Чаму?”
– Мы пражылі разам не адзін год. У нас дзіця. Уся гэтая чухня а-ля Рамэо і Джульета скончылася.
– Я разумею, – пагадзіўся я, і сапраўды разумеючы гэта амаль усёй сваёй натурай. Аднак жа нейкі акрайчык свядомасці хацеў сказаць: “Ах так? Тады я ўмываю рукі”.
Джына мела рацыю: я хацеў, каб паміж намі ўсё было, як напачатку. Я хацеў, каб так было заўжды. Ведаеце, чаму? Бо мы абое былі тады такія шчаслівыя.
– Думаеш, мне так лёгка было ў нашым доме? – яе раптам прарвала. – Думаеш, лёгка слухаць, як ты ныеш, што больш не падлетак, лёгка хоць на пяць хвілін адцягнуць Пэта ад “Зорных войнаў”, лёгка весці гаспадарку? А ад цябе ніякай дапамогі. Як усе на свеце мужчыны, ты лічыш, што калі ходзіш на працу, ад цябе больш нічога не патрабуецца.
– Э-э-э, – я разгубіўся ад нечаканасці. – Дзіва, што ты не сышла нашмат раней.
– Ты не даваў мне нагоды. Да гэтага выпадку. Мне яшчэ толькі трыццаць, Гары. А я часам пачуваюся старой. Ты мяне падмануў. Падманам прымусіў пакахаць цябе.
– Толькі вярніся дамоў. Ты, я і Пэт – я хачу, каб усё было, як раней.
– Як раней ніколі больш не будзе. Ты ўсё перамяніў. Я верыла табе – ты разбіў маю веру. Я адчула сябе ідыёткай, што табе давярала.
– Джына, людзі не разыходзяцца праз адзіную выпадковую прыгоду. Дарослыя так не робяць. Нельга так проста ўзяць і ўсё выкінуць. Я ведаю: гэта балюча. Я ведаю, што зрабіў памылку. Але як гэта я знянацку стаўся з чароўнага прынца поўным засранцам?
– Ты не засранец, Гары, – яна страсянула галавой, імкнучыся стрымаць слёзы. – Ты папросту такі самы, як усе мужчыны. Цяпер я гэта разумею. Ты нічым не рознішся ад іншых. Хіба не ясна? А я столькі паставіла на тое, што ты не такі. Я столькім дзеля цябе ахвяравала.
– Я ведаю. Ты збіралася працаваць за мяжой. Спазнаць японскую культуру. Цябе чакалі самыя неверагодныя ўражанні. Але ты засталася ў Лондане дзеля мяне. Я ўсё гэта ведаю. Акурат таму і хачу, каб у нас была шчаслівая сям’я. Акурат таму і прашу: дай мне яшчэ адзін шанец.
– Я шмат думала, – сказала Джына, – і прыйшла да высновы, што жанчына, якая гадуе дзіця, нікому не цікавая. Нават мужу. Асабліва мужу. Са мной так нудна, што ён вымушаны спаць з іншымі.
– Няпраўда.
– Гадаваць дзіця – у свеце няма пачэснейшай прафесіі. Яна мусіць цаніцца больш за ўсялякую кабінетную працу. Але ж не цэніцца. Ды ты хоць уяўляеш, колькі людзей на вашых дзёўбаных тэлевізійных тусоўках ды прэзентацыях паказвалі мне, што я – пустое месца?! “А чым вы займаецеся?” – у ейных вуснах гэта прагучала як здзек. – “А чым вы займаецеся?” Я? Э-э-э, нічым. Я проста сяджу дома ды гадую сына. І яны глядзяць скрозь цябе – як мужчыны, так і жанчыны, бадай, жанчыны яшчэ й горшыя, – нібы ты нейкая доўбня. Ды я ўдвая разумнейшая за палову тых, з кім ты працуеш. Удвая разумнейшая, Гары.
– Так, Джына, я ведаю. Слухай, я што заўгодна дзеля цябе зраблю. Чаго ты хочаш?
– Вярні мне маё жыццё. Вось і ўсё. Вярні маё жыццё.
Нічога добрага гэта не абяцала.

9.

З домам усё выйшла не так, як меркаваў бацька. І з ягоным. І з маім.
Калі бацькі набылі дом, у якім я вырас, ён быў за горадам. Але цывілізацыя трыццаць гадоў падбіралася ўсё бліжэй і бліжэй. У палях, дзе я калісь гойсаў з пнеўматычнай стрэльбай, павырасталі пачварныя будыніны. Старую Хай Стрыт запаланілі агенцтвы нерухомасці ды адвакацкія канторы. Бацькі думалі, што тут назаўжды захаваецца жыўцом, у некранутым выглядзе, месца дзеяння радыёсерыялу The Archers. Аднак як толькі мы пераехалі, яго адразу пачалі заглынаць прыгарады.
Мама не мела нічога супраць – яна вырасла ў горадзе. Памятаю, калі я быў малым, яна наракала, што ў нас гэтак бракуе крам і зусім няма кіно. Але я спачуваў бацьку.
Ён не мог трываць натоўпаў, што ездзяць на працу ў горад: у будзённыя дні яны наваднялі перон, у выходныя – палі для гольфу. Ён не любіў зграі шчанюкоў, што рыскаюць па ваколіцах, нібы па самых дзікіх нетрах паўднёва-цэнтральнага Лос-Анджэлесу. Ён не думаў, што пад старасць давядзецца жыць у такім густанаселеным, небяспечным раёне.
Я прыехаў да бацькоў.
Яны падышлі да дзвярэй, разлічваючы ўбачыць нас утраіх. Але іх сын быў адзін. Яны разгублена пазіралі, як я праехаў паўз іх веснічкі, выглядаючы, дзе б прыпаркавацца. Яны нічога не разумелі.
Калі я быў малы, ніхто не ставіў машынаў на вуліцы: аднаго гаража на сям’ю больш чым хапала. Цяпер, шукаючы вольнае месца, з лёгкасцю можна зарабіць падвойную грыжу. Усё змянілася.
Я пацалаваў маму і паціснуў руку бацьку. Яны не ведалі, што адбывалася. Ежы нагатавана – па самую завязку. Яны чакалі Джыну і Пэта. Яны чакалі шчаслівую сям’ю. А з’явіўся я.
– Мама, тата, мне трэба вам нешта сказаць.
У доме гучалі старыя песні. Канцэрт Тоні Бенета1 ў Карнэгі Холе. Але гэта мог быць і Сінатра, і Дын Мартын, і Сэмі Дэвіс-малодшы.2 У маіх бацькоў ніколі не змаўкалі старыя песні.
Продкі селі ў свае ўлюбёныя фатэлі і ў чаканні ўзнялі на мяне вочы. Як дзеці. Пабажыцца гатовы, яны думалі, я абвяшчу, што ў іх неўзабаве з’явіцца яшчэ адзін унук. А я стаяў перад імі й адчуваў сябе нейкім персанажам мыльнай опэры, а не сынам (зрэшты, пры іх я часта гэтак пачуваўся).
– Э-э-э, здаецца, Джына мяне кінула.
Тон зусім не той – занадта абыякавы, занадта жвавы, занадта бестурботны. Але іначай я б упаў на карачкі ды заліў слязьмі кашлаты дыван. Пасля ўчорашняй размовы ў парку і другой бяссоннай ночы ў занадта вялікім для аднаго ложку да мяне ўрэшце пачало даходзіць, што Джына можа не вярнуцца. А я ўжо застары, каб казаць бацькам непрыемнасці. І яны ўжо застарыя, каб іх выслухоўваць.
Некалькі секундаў яны не маглі вымавіць ні слова.
– Што? – перапытаў бацька. – Куды кінула?
– Дзе дзіця? – спытала маці. Яна адразу зразумела.
– Пэт з Джынай. У ейнага бацькі.
– У гэтага панк-рокера? Бедны малы.
– Што значыць “яна цябе кінула”? – запатрабаваў тлумачэнняў мой продак.
– Яна сышла, тата.
– Як сышла? Не разумею.
Ён напраўду не разумеў. Ён любіў яе, любіў нас – і вось усё скончана.
– Бразнула дзвярыма. Зваліла. Даслала мяне на…
– Фу, як ты гаворыш, – мама паднесла далоні да вуснаў, нібы малілася. – Божа, Гары, бедны ты мой…
Яна падышла да мяне, але я ўхіліўся ад ейных абдымкаў. Калі бацькі не будуць мяне шкадаваць, абдымаць і казаць, што ўсё разумеюць, тады яшчэ нічога. Але калі яны пачнуць мне спачуваць, я гэтага не вытрымаю. Я ведаў: мяне тады прарве. На шчасце, мне на паратунак прыйшоў тата. Мілы стары тата.
– Сышла? – раззлаваўся ён. – Вы што – разводзіцеся? Ты гэта хацеў сказаць?
Я пра гэта не падумаў. Разводзіцца? З чаго пачынаць?
– Відаць, так. Усе людзі так робяць. Калі разыходзяцца.
Бацька падняўся. З твару адліла кроў. У вачах праступілі слёзы. Ён зняў акуляры – працерці. Я не мог на яго глядзець.
– Ты разбіў маё жыццё, – вымавіў ён.
– Што?
Я не верыў сваім вушам. У мяне распадаецца сям’я – а ён лічыць сябе пацярпелым? Ды як жа так? Мне было сорамна, што яго бясцэнная нявестка сышла з ягонага жыцця. Мне было сорамна, што ягоны ўнук пабачыў, як разыходзяцца бацькі. І больш за ўсё мне было сорамна, што ягоны сын аказаўся звычайным безгаловым гаўнюком, які дакаціўся да разводу. Аднак я не мог дазволіць, каб бацька загроб сабе галоўную ролю ў нашай маленькай трагедыі.
– Як гэта я разбіў тваё жыццё, га, тата? Калі хто тут і пацярпеў, дык Пэт, а ніяк не ты.
– Ты разбіў мне жыццё, – паўтарыў ён.
Ад сораму і гневу ў мяне запалаў твар. Яму-такі чаго злавацца? Ад яго ніколі не сыходзіла жонка.
– Ты сваё жыццё пражыў, – абурыўся я.
Мы глядзелі адзін на другога амаль з нянавісцю. Тады ён бразнуў дзвярыма і сышоў. Я чуў, як ён шоргае нагамі на другім паверсе, і ўжо шкадаваў, што нагаварыў лішняга. Але мне падавалася: ён не пакінуў мне выйсця.
– Ён не хацеў цябе пакрыўдзіць, – сказала мама. – Ён проста засмучаны.
– І я таксама. Са мною ніколі нічога благога не здаралася. Мне, мама, жылося лёгка. Я ніколі раней не ведаў бяды.
– Не слухай бацьку. Ён проста хоча, каб у Пэта было ўсё тое, што меў ты. Мама і тата. Дом, дзе заўжды спакойна і надзейна, дзе можна пачынаць будаваць уласнае жыццё.
– Гэх, мама, у Пэта нічога гэтага не будзе… Калі Джына сапраўды вырашыла сысці. Выбачай, але ў яго ўсё будзе далёка не так проста.
Бацька ўрэшце спусціўся да стала, і пакуль мы пакутліва каўталі ежу, я паспрабаваў трохі ўвесці іх у курс справы. У нас у сям’і былі праблемы, яны досыць далёка зайшлі, але ж мы кахаем адно аднаго. Ёсць надзея, што ўсё выправіцца.
Я апусціў некаторыя дэталі: што я трахнуў каляжанку, што Джыне здаецца, яна выкінула на вецер жыццё. Ад такога бацькі, бадай, удавіліся б сваёй баранінай.
Калі я з’язджаў, мама моцна мяне абняла са словамі: “Усё будзе добра”. Бацька таксама стараўся як мог: паклаўшы руку мне на плячо, сказаў, каб я тэлефанаваў, калі спатрэбіцца іх дапамога.
Я не мог на яго глядзець. Вось што кепска, калі бацька для цябе – герой. Ні слова не кажучы, ён можа прымусіць цябе зноў пачуцца васьмігадовым хлапчуком, які толькі што прайграў сваю першую бойку.

– Нашу наступную косцю не трэба падстаўляць, – трэці раз запар паўтарыў Марці. – Бля… бля… бля… што такое з гэтым дзёўбаным бягучым радком?
З ім усё было добра, і Марці гэта ведаў.
Рэжысёр з галёркі мармытаў штосьці заспакаяльнае Марці ў навушнік: скажы, як будзеш гатовы, і мы паўторым. Але Марці сарваў з сябе мікрафон і выйшаў са студыі.
У жывым эфіры Марці ніколі не ведаў страху перад бягучым радком. Калі ён абгаворваўся ці запінаўся на словах, што высвечваліся на табло, ён папросту шырока ўсміхаўся і працягваў далей. Бо разумеў: другога выйсця няма.
Іншая рэч у запісе. Ты ведаеш, што заўсёды можна спыніцца і пера­запісаць. Вядома, гэта ўсё спрашчае. Але яно можа і спаралюшаваць. Можа нешта здарыцца з дыханнем. Можа прабіць пот. А трапіш у камеру з бісерынкамі поту на твары – ты труп.
Я злавіў Марці ў “зялёным пакоі”: ён зрываў накрыўку з бляшанкі піва. Гэта ўстрывожыла мяне яшчэ больш, чым псіхі ў студыі. Марці скандаліст, але ніяк не піяка. Пара пляшак піва – і ў яго будуць каменныя нервы. Так што ён і паварушыцца не зможа.
– Запіс ідзе ў іншым рытме, – сказаў я. – У жывым эфіры ў цябе такі моцны зарад энэргіі, што ляціш на адным дыханні ад пачатку і да канца. А пры запісе трэба, каб адрэналін у крыві быў пад кантролем. Ды не хвалюйся, ты дасі рады.
– Ды што ты, бля, пра гэта ведаеш? Ты хоць адну праграму калі пра­вёў?
– Я ведаю, што ад тырадаў на адрас суфлёркі лягчэй не стане.
– Яна захутка гоніць бягучы радок.
– Так, каб не адстаць ад цябе. Будзеш гаварыць павольней – яна таксама знізіць тэмп. Марці, гэта тая самая суфлёрка, з якой мы працуем ужо цэлы год.
– Ты нават не паспрабаваў нічога зрабіць, каб застацца ў жывым эфіры, – выказаў сваё “фэ” Марці.
– Пасля таго, як ты даў плескача Тарзану, нас нішто б не выратавала. Кіраўніцтва каналу не можа рызыкаваць, што гэта паўторыцца. Таму мы робім праграму жыўцом у запісе.
– Жыўцом, на х..., у запісе. Гэтым усё сказана. Гары, ты за каго?
Я збіраўся адказаць, але тут у дзверы “зялёнага пакою” прасунулася галава Шован.
– Я знайшла замену суфлёрцы, – паведаміла яна. – Паспрабуем яшчэ раз?

– Мы глядзім тэлік-візар, – абвясціў Пэт, калі я прыехаў да Глена.
Я падняў яго на рукі і пацалаваў. Ён абхапіў мяне ручкамі і ножкамі, як малпяня. Я аднёс яго ў дом.
– З мамай?
– Не.
– З дзядулем Гленам?
– Не. З Салі і Стывам.
У маленькай гасцёўні на канапе абвіліся адзін вакол другога хлопец і дзяўчо гадоў пятнаццаці. Апранутыя так, як прыстойна адно што на сноўбордзе катацца.
Калі я зайшоў, дзяўчо – танклявае, млявае, бязглуздае – падняла на мяне вочы. Хлопец – тоўсты, прышчаваты, яшчэ больш бязглузды – пастукваў пультам па ніжніх зубах і не адрываўся ад экрана: там спяваў нейкі злы, голы да пояса дзядзька такога выгляду, з якім толькі сядзець у пастарунку ды даваць паказанні. Глен яго дакладна ведае. Глен мае ўсе ягоныя запісы. Я мусіў задумацца: ці то музыка сапсела, ці то я пастарэў? Ці тое і другое.
– Прывітанне, – сказала дзяўчо.
– Добры дзень. Я Гары, Пэтаў тата. Джына тут?
– Не-а, яна паехала ў аэрапорт.
– Як у аэрапорт?
– Ну, ёй трэба было… ну, як гэта кажуць?… паспець на самалёт.
Я апусціў на зямлю Пэта. Ён усеўся каля фігурак з “Зорных войнаў”, параскіданых на падлозе, і з невыказным захапленнем пазіраў на прышчаватага падлетка. Пэту вельмі падабаліся старэйшыя хлопчыкі. Нават тупыя і брыдкія.
– А куды яна паляцела?
Дзяўчо – Салі – ад інтэлектуальнай напругі наморшчыла лоб.
– У Кітай… па-мойму.
– У Кітай? Пэўна? Ці ў Японію? Гэта вельмі важна.
У яе прасвятліўся твар:
– Ага. Мабыць, у Японію.
– Паміж Кітаем і Японіяй – вялікая розніца, – заўважыў я.
Хлопец – Стыў – першы раз за ўвесь гэты час падняў на мяне вочы.
– Толькі не для мяне, – выдаў ён.
Дзяўчо засмяялася. Пэт таксама. Ён яшчэ малеча. Не разумее, з чаго смяецца. Я звярнуў увагу, што ў яго нямыты твар. Калі Пэту патураць, ён надзвычай паблажліва ставіцца да асабістай гігіены.
Задаволена лыбячыся, Стыў зноў утаропіўся ў экран, пастукваючы пультам па ніжніх зубах. Я б з радасцю ўвагнаў гэты пульт яму ў горла.
– Яна не сказала, ці надоўга з’язджае?
Салі рохкнула: “Не”, – з адсутным выглядам ціскаючы мясістую нагу Стыва.
– А Глена няма?
– Не-а, тата на працы, – адказала Салі.
Ах, вось яно што. Дзяўчо – адное з плоймы кінутых Гленам дзяцей ад аднаго з плоймы пазнейшых шлюбаў.
– Ты ў яго гасцюеш?
– Пажыву тут крыху. А тое мамаша ўвесь час сварыцца. Ные, што я не з тымі сябрую, не так апранаюся, позна прыходжу, зусім не прыходжу…
– Так і ёсць?
– “Гэта табе не гатэль”, – завішчала Салі. – “Ты яшчэ не дарасла, каб паліць гэтую дрэнь”. Ля-ля-ля, – яна стомлена ўздыхнула, як умеюць толькі зусім зялёныя падлеткі. – Усё адное і тое ж. Абрыдла. Можна падумаць, яна сама ў ейным пячорным веку была іншай. Ханжа, сука старая.
– Сука, – паўтарыў Стыў.
– Сука, – з усмешкай сказаў Пэт, заціснуўшы ў кулачках па фігурцы з “Зорных войнаў”. Стыў і Салі разрагаталіся.
Вось яно як атрымліваецца, падумаў я. Дарослыя разыходзяцца, а дзіця робіцца выгоем, дрэйфуе па моры тэлеэфіру і пракінутых абавязкаў. Вось ён, гнюсны сучасны свет, дзе той з бацькоў, у якога ты жывеш, застаецца чужым і ненавісным, а той, у якога ты не жывеш, пачуваецца вінаватым, і таму заўсёды гатовы даць табе прытулак, як толькі атмасфера ў доме накаляецца. Але з маім сынам так ніколі не будзе.
Толькі не з Пэтам.
– Збяры цацкі ды апранай паліто, – сказаў я яму.
Ягоны брудны тварык прасвятлеў.
– Мы паедзем у парк?
– Мілы, мы паедзем дамоў.

10.

Гэта мелася быць святкаванне.
Бары Твісту прыйшла да галавы ідэя запісваць праграму з 15-хвілінным апярэджаннем паказу. То бок мы вярталіся ў рэжым жывога эфіру, а кароткі разрыў паміж здымкамі і трансляцыяй служыў страхоўкай на выпадак, калі вядучы ці госці выкінуць які форцель.
Кіраўніцтва каналу радавалася, бо можна будзе выразаць тое, ад чаго рэкламадаўцаў разаб’е паралюш. Марці радаваўся, бо можна не баяцца, што ад бягучага радка яго самога разаб’е паралюш.
Марці павёў мяне абедаць у свой улюбёны рэстаран – модны, у спартанскім стылі, склеп, дзе добра ўкормленым тэлевізійнікам запісвалі на рахунак натуральную ежу італьянскіх сялянаў.
Як і ў большасці іншых нашых страўняў, тут былі голыя белыя сцены і дашчатая падлога, нібы гэта не рэстаран, а спортзала, – магчыма, для таго, каб наведнікам здавалася, што прыходзіць сюды карысна для здароўя. Мы заявіліся на пачатку на трэцюю (я спазніўся, бо адвозіў Пэта да бацькоў: без Джыны забраць яго з “нулявушкі” не было каму). За столікамі лю­дзей – бітма набіта, за стойкай адміністратара – пуста.
Да нас падышла афіцыянтка. Дзянёк у яе, відавочна, сёння выдаўся не з лёгкіх. Яна ўся запыхалася і знервавалася, на белай уніформе расплылася чырвоная пляма ад віна. Бліскучыя чорныя валасы пастрыжаныя такім старамодным званочкам, як у жанчын з раманаў Ф. Скота Фіцджэралда ці ў гангконгскіх дзяўчат пяцідзясятых гадоў. Карэ. Так, згадаў: карэ. Яна ўвесь час крыху напінала ніжнюю губу і дзьмула, каб з ілба ўзляцела грыўка.
– Слухаю вас, – сказала афіцыянтка.
– Нам замоўлены столік, – заявіў Марці.
– Хвілінку, – яна ўзяла кнігу замоў. – Як вашае імя?
– Марці Мэн, – са значэннем вымавіў ён, паказваючы, што яна павінна імгненна яго пазнаць і ашалець ад радасці. Аднак ягонае імя прайшло паўз яе, як пусты гук. Яна была амерыканка.
– Выбачайце, сэр, – адказала яна, прагледзеўшы кнігу замоў, – не знаходжу вас у спісе.
Яна ўсміхнулася. У яе была добрая ўсмешка – беласнежная, шырокая і адкрытая. Усмешка, што праменіць святлом.
– Паверце, нам праўда замоўлены столік, – настойваў Марці.
– Але не тут.
Афіцыянтка пляснула кнігай замоў і зрабіла крок, каб сысці.
Марці заступіў ёй дарогу. Па ёй было відаць: ён яе задзяўбаў. Яна напяла ніжнюю губу і падзьмула на грыўку.
– Дайце прайсці.
Высокая, хударлявая. Ногі як у балерыны. Шырока пасаджаныя карыя вочы. Прывабная, але ўжо не малое дзяўчо. Можа, на пару гадоў старэйшая за мяне. У гэтым рэстаране, падобным на спортзалу, пераважна працавалі маладзенькія красуні, упэўненыя, што іх чакае ў жыцці нешта нашмат лепшае. Гэтая была зусім іншая.
Афіцыянтка паглядзела на Марці і пацёрла паясніцу, нібы хацела разаг­наць несупынны боль.
– Ды ты ведаеш, якая я важная асоба? – абурыўся Марці.
– А вы ведаеце, якая я занятая асоба? – адпаравала яна.
– Можа, нас і няма ў спісе, – вельмі павольна прамовіў Марці, нібы гутарыў з чалавекам, якому толькі што выдалілі частку мозгу, – але мае людзі тэлефанавалі Полу. Менеджэру. Ты ведаеш Пола?
– Само сабою, ведаю, – спакойна адказала афіцыянтка.
– Пол казаў, мы можам без праблемаў прыходзіць. У нас ніколі не было ніякіх праблемаў.
– Паслухайце, мяне вельмі цешыць, што ў вас з Полам такая ідылія, але калі я не маю вольнага століка, дык пасадзіць вас мне няма куды. Выбачайце.
Гэтым разам яна сышла.
– Ідыятызм, – раззлаваўся Марці.
Але нас заўважыў Пол. Ён хуценька прайшоў праз перапоўнены рэстаран, каб павітаць знакамітага наведніка.
– М-р Мэн, як я рады вас бачыць. Нешта не так?
– Вось жа, нам няма століка.
– Э-э-э, м-р Мэн, для Вас заўсёды знойдзецца.
Загарэлы твар Пола бліснуў міжземнаморскай усмешкай. У яго таксама была добрая ўсмешка. Але зусім іншая, чым у афіцыянткі.
– Калі ласка, праходзьце сюды.
Мы ўвайшлі. Як звычайна, з’яўленне Марці выклікала плойму цікаўных поглядаў, перашэптаў, блазнаватых усмешак. Пол шчоўкнуў пальцамі, і з кухні прынеслі столік. Хуценька пасцялілі абрус, паставілі прыборы, парэзаны тоўстымі лустамі сялянскі хлеб і срэбны флакончык аліўнага алею. З’явілася афіцыянтка. Тая самая.
– Яшчэ раз добры дзень.
– Скажы, што здарылася з добрым старым стэрэатыпам амерыканскай афіцыянткі? Той, што абслугоўвае з усмешкай? – спытаў Марці.
– У яе выходны. Я прынясу меню.
– Не трэба мне меню. Я ведаю, чаго хачу.
– Усё адно прынясу. Для вашага сябра. У нас сёння арыгінальныя фірмовыя стравы.
– Прачысці вушы, і я паўтару, а глухая – чытай па вуснах: мы ўвесь час сюды ходзім. Не трэба меню.
– Марці, што ты да яе прычапіўся? – не вытрымаў я.
– Так, – яна ўпершыню зірнула на мяне. – Марці, што ты да мяне прычапіўся?
– Мне такія кручаныя макароны, зверху – такое чырвонае. І яму тое самае, – сказаў Марці.
– Кручаныя макароны, такое чырвонае. Зразумела, – пазначыла афіцыянтка ў нататніку.
– І бутэльку шампанскага, – Марці пагладзіў яе па дупцы. – Вось малайчынка!
– Гэй, ты, прыбяры сваю брудную лапу з майго азадку, а тое руку зламаю. Вось малайчынка!
– Прынясі выпіць, добра? – Марці хуценька схаваў руку.
Афіцыянтка сышла.
– О Божухна, трэ’ было замовіць ежу з сабою ці прыходзіць раней, – прабурчаў Марці.
– Выбачай, я спазніўся. Столькі машын на дарогах…
– А, дробязі, – Марці ўзняў руку.
– Я рады, што ты пагадзіўся на 15-хвілінную адтэрміноўку, – сказаў я. – Абяцаю, шоў гэта не зашкодзіць.
– Ну, гэта толькі адное з новаўвядзенняў, што нас чакаюць, – адгукнуўся Марці. – Таму я і хацеў з табой пагутарыць.
Я вычакаў паўзу – і ўрэшце дапяў: Марці нервуецца. Ён рабіў дыхальныя практыкаванні, як заўжды, калі мусіў хаваць, што яго трасе. Аднак сёння яны не дапамагалі. Значыць, гэта не святкаванне.
– Я хачу, каб Шован больш шчыльна займалася падборам гасцей. Я хачу, каб яна кожны тыдзень сачыла за ходам праграмы з галёркі. Я хачу, каб яна прыкрывала мяне перад кіраўніцтвам канала.
Нейкую хвіліну я разважаў. Афіцыянтка прынесла шампанскае, наліла два келіхі. Марці павольна сёрбнуў і ўзяўся разглядаць свой келіх. У яго прыадкрыўся рот. Ён ледзь заўважна адрыгнуў.
– Пардон, – сказаў Марці.
Я не ўзнімаў келіх.
– Але гэта – абавязкі прадзюсера, – я выціснуў з сябе ўсмешку. – Гэта мая праца.
– Э-э-э, вось тут я і хацеў бы зрабіць пэўныя змены.
– Чакай. Што, са мной не прадоўжаць кантракт?
Марці развёў рукамі, маўляў, што паробіш! Вар’яцкі свет…
– Паслухай, Гары, ты ж не хочаш, каб я засунуў цябе на нейкую дробную, нікчэмную пасаду, на працу, якую можна рабіць з заплюшчанымі вачыма. Гэта быў бы жах, праўда?
– Марці, – сказаў я, – Марці, пачакай, пачакай хвілінку. Мне вельмі патрэбная праца. Як ніколі раней. Ты ж ведаеш, што адбылося паміж намі з Джынай… Пэт жыве ў мяне… Я не ведаю, што будзе далей. Я не магу страціць працу. Толькі не цяпер.
– Выбачай, Гары. Нам трэба правесці пэўныя змены.
– Як гэта разумець? Ты помсціш мне за тое, што я не магу надаваць табе ўвагі дваццаць чатыры гадзіны на дзень, калі ў мяне распадаецца сям’я? Прабач, я не мог быць сёння зранку ў офісе. Я не магу пакінуць сына аднаго. Я мусіў…
– Гары, не варта падвышаць голас. Можна ж па-цывілізаванаму…
– Кінь, Марці, Містэр Непаслядоўны, ё... тваю… Табе ж закаціць сцэну – як раз плюнуць.
– Выбачай, Гары. Шован прыходзіць. Ты сыходзіш. Калі-небудзь ты скажаш мне “дзякуй”. Магчыма, гэта найлепшая падзея ў тваім жыцці. Ты не ў крыўдзе?
Гэтае лайно працягнула мне руку. Не паціснуўшы яе, я падняўся як мага хутчэй, ляснуўся нагамі аб край століка.
Марці расчаравана пахітаў галавой.
Я рушыў на выхад. У мяне балелі ногі і палалі шчокі. Раптам Марці ўзвыў ад болю. Я павярнуўся.
Афіцыянтка перакуліла поўную талерку макаронаў яму на калені.
– Выбачай, зайчык, – сказала яна. – Пасыпаць пармізанам?

Дадому Пэта прывезлі бацькі. Мама запальвала ва ўсіх пакоях святло, а бацька між тым распытваў, як у мяне на працы. Я адказаў: усё цудоўна.
Яны засталіся з Пэтам, пакуль я не вярнуўся з супермаркету. Да яго ехаць пяць хвілінаў, але я затрымаўся даволі надоўга: крадком назіраў за кожнай жанчынай, што здавалася мне самотнай маці. Я ніколі раней пра іх нават не задумляўся, а тут раптам зразумеў: яны гераіні. Сапраўдныя гераіні.
Яны ўсё рабілі самі. Хадзілі ў краму, гатавалі, гуляліся з малымі – усё самі. Яны выхоўвалі дзяцей адны.
А я не мог нават памыць Пэту галаву.
– У яго брудныя валасы, – заўважыла мама, калі бацькі сыходзілі. – Трэба яго добранька памыць.
Я і сам ведаў. Але Пэт не хацеў, каб я мыў яму галаву. Ён так і заявіў, калі я па вяртанні ад Глена як бы паміж іншага закрануў гэтую тэму. Пэт хацеў, каб яго памыла мама. Як заўсёды.
Аднак далей адкладаць не было куды. І вось неўзабаве ён у адных майтках стаяў на мокрай наскрозь падлозе купальні. Брудныя бялявыя валасы закрывалі вочы, чырвоныя ад слёз і немаўлячага шампуня, якім дасюль мыла яму галаву Джына.
Нічога не выходзіла. Я нешта рабіў не так.
Я прысеў каля Пэта на кукішкі. Ён не жадаў на мяне глядзець.
– Пэт, што не так? – спытаў я.
– Нічога.
Мы абодва ведалі, што не так.
– Мама ненадоўга з’ехала. Чаму ты не хочаш, каб тата памыў табе галаву?
Дурное пытанне. Ён патрос галавою: “Не хачу-у-у!”
– Паслухай, – я ледзь стрымліваўся, каб не заскавытаць. – Няўжо Люк Скайуокер плача, калі яму мыюць галаву?
– А мне што да тога?
Я быў паспрабаваў вымыць Пэту галаву, нахіліўшы яго над балеяй, але нічога не выйшла. Тады я дапамог яму вылезці з майткоў, загрэб яго ў абдоймы і пасадзіў у балею. Ён выцер саплюшку, што выцекла з носа, пакуль я напускаў ваду і глядзеў, каб яна была належнай тэмпературы.
– Во як класна, праўда? Трэба нам часцей цябе мыць.
Пэт насуплена зыркнуў на мяне. Але нахіліўся і падставіў галаву пад струмень. Ён адчуў, як я намыльваю яму галаву – і яго прарвала. Падхапіўся, перакінуў нагу цераз край балеі, адчайна шукаючы спосабу вырвацца.
– Пэт! Сядзь, я цябе прашу!
– Я хачу, каб мяне мыла мама!
– Мамы няма! Сядзь!
– Дзе яна? Дзе?
– Я не ведаю!
Заходзячыся ад плачу, калі пена трапляла ў вочы, ён паспрабаваў усляпую вылезці з балеі. Я заштурхнуў яго назад і хуценька стаў змываць шампунь, наколькі магчыма, не зважаючы на Пэтавы крыкі.
– Рыцар джэды так не робіць. Так робіць толькі немаўля, – упікнуў я малога.
– Гэта не я немаўля, а ты!
Я выцер яго ручніком, узяў за руку і павалок у ягоны пакой. Ён шпарка перабіраў ножкамі, каб не адстаць ад мяне. Мы раз’юшана паглядалі адзін на другога, пакуль я нацягваў на яго піжаму.
– Ну і вэрхал, – сказаў я. – Ты мяне расчараваў.
– Я хачу маму!
– Мамы няма.
– А калі я яе ўбачу? – ягоны галасок умольна дрыжаў. – Калі?
– Я не ведаю. Не ведаю, мілы.
– Што я такога зрабіў? – спытаў ён, і ў мяне зашчаміла сэрца. – Я не хацеў, я ненаўмысна!
– Сынку, ты тут ні пры чым. Мама цябе вельмі любіць. Ты яе хутка пабачыш. Абяцаю.
Я ўзяў яго на рукі, адчуў пах нязмытага шампуня і доўга-доўга трымаў сына ў абдымках. І як гэта два далёка не беззаганныя дарослыя здолелі зрабіць такога анёлка?
Я чытаў Пэту “Дзе жывуць звяры”, пакуль ён не заснуў. Калі я выйшаў з ягонага пакою, на аўтаадказніку было тры паведамленні. Усе тры – ад Джыны.
– Выбачай, я мусіла ненадоўга з’ехаць. Табе ніколі не зразумець, як балюча ты мне зрабіў. Ніколі. Гары, сям’я – гэта мусіла быць на ўсё жыццё. А не пакуль каму-небудзь з нас трохі надакучыць. Назаўжды, а не пакуль адзін з нас вырашыць, што яму стала нудотна ў старым шлюбным ложку. Так не пойдзе. Так ніколі нічога добрага не выходзіць. Няўжо ты думаеш, што я змагла б даць табе дакрануцца да мяне, калі ведаю, што ты дакранаўся да іншай? Твае рукі, вусны… я не хачу гэтага трываць. Хлусні, выслізванняў з дому, плачу ў падушку штоночы. З мяне гэтага хапіла ў дзяцінстве. Калі ты думаеш…
Аўтаадказнік яе абарваў. Ён не дае гаварыць больш за адмераны час. Далей – гудок і другое паведамленне. Джына была ўжо спакайнейшай. Ці спрабавала здавацца.
– Я толькі што размаўляла з Гленам. Ён сказаў, што ты забраў Пэта. Дарэмна. Яму там было вельмі добра. Я ж ведаю, як ты заняты на працы. Але калі ты збіраешся глядзець Пэта, пакуль я не вярнуся, май на ўвазе, што яго трэба мыць па нядзелях. І не дазваляй яму пасыпаць кукурузныя хлапакі цукрам. Ён умее сам хадзіць у прыбіральню, ты ведаеш, але часам забываецца зняць вечка. Сачы, каб ён чысціў зубы. Не дазваляй яму ўвесь час глядзець “Зорныя войны”. Калі ён не паспіць удзень, кантралюй, каб ішоў у ложак не пазней як…
Зноў гудок. Апошняе паведамленне. Ужо не так спакойна, з запін­ка­мі:
– Толькі скажы Пэту, што я яго люблю. Скажы, што я вельмі хутка вярнуся. І добра яго глядзі. Гары, нават і не думай сябе шкадаваць. Ты ніякі не ідэальны мужчына. Ва ўсім свеце мільёны жанчын адныя гадуюць дзяцей. Мільёны. Літаральна. Чым ты лепшы за іх?

Я патушыў усе лямпы ў доме, а пасля доўга-доўга стаяў і глядзеў, як спіць наш хлопчык. Я разумеў, што ўсім здрадзіў.
Джыне. Сваім бацькам. Нават Марці. Мне на хапіла моцы, не хапіла любові, не хапіла ўмення быць такім, якім яны хацелі мяне бачыць, такім, якім я сам хацеў быць. Я ўсім ім здрадзіў.
Пэт скінуў коўдру да плячэй. Я ўхутаў яго і даў сабе апошнюю клятву. Яе я абавязкова стрымаю. Я ніколі не здраджу гэтаму дзіцяці.
Але аднекуль здалёк да мяне далятаў ціхі голас, нібы нехта прарываўся праз пашкоджаную лінію з другога канца свету: “Ты яму здрадзіў, ты яму здрадзіў, ты ўжо яму здрадзіў”.

11.

Дзеці жывуць цяперашнім момантам. У сварках з малымі добра хоць тое, што наступнага дня яны пра іх не памятаюць. Прынамсі, такім быў Пэт у свае чатыры гады.
– Што ты хочаш на сняданак? – спытаў я.
– Зялёных спагеці.
– Спагеці? На сняданак?
– Так. Зялёных спагеці.
– Ведаеш… я не ўмею гатаваць зялёныя спагеці. Ты раней іх еў?
Ён сцвярджальна хітнуў галавой:
– У маленькім рэстаранчыку праз вялікую дарогу. З мамай.
Мы жылі не на тым баку Хайберы Корнер, бліжэй да Холаўэй Роўд, а не да Апер Стрыт. Па нашым баку месціліся шапікі старызнікаў, а не антыкварныя крамы, пабы, а не бары, ціхія дробныя кавярні, а не модныя рэстараны. У некаторых з гэтых закуткоў стаяла цішыня, як у моргу. Але ў самым канцы нашай вуліцы быў добры рэстаран “Трэві”. Там за стойкай размаўлялі па-ангельску, а на кухні – па-італьянску.
Здаровыя, у добрым гуморы дзядзькі за стойкай павіталіся з Пэтам па імені.
– Гэта тут, – ён уладкаваўся за столікам каля акна.
Я глядзеў, як з кухні да нас падышла афіцыянтка. Тая самая. У яе па-ранейшаму быў стомлены выгляд.
– Ну, хлопчыкі, што вам прынесці? – спыталася яна, усміхаючыся Пэту. У голасе чуўся лёгкі паўднёвы акцэнт – я не заўважыў яго, калі быў з Марці.
– Ці ёсць у вас страва, якую можна было б пайменаваць “зялёныя спагеці”?
– А, спагеці песта? А як жа.
– А для цябе яны не завострыя? – спытаў я Пэта.
– Яны зялёныя? – удакладніў ён.
– Зялёныя, – пацвердзіў я.
– Тады мне іх.
– А Вам? – пацікавілася афіцыянтка.
– І мне таксама.
– Што-небудзь яшчэ?
– Э-э-э, дазвольце пацікавіцца, у колькіх месцах Вы працуеце?
Яна ўпершыню ўважліва паглядзела на мяне.
– А, я Вас памятаю. Вы прыходзілі разам з Марці Мэнам. Гэта Вы спыталі яго, што ён да мяне прычапіўся.
– Я думаў, Вы яго не пазналі.
– Я ўжо каля году ў Брытаніі. Вядома, я пазнала гэтага тупарылага засранца, – яна зірнула на Пэта. – Выбачайце.
Ён усміхнуўся ёй.
– Я амаль не гляджу тэлевізар – не з маёй гэта працай, але ягоны гідкі лыч увесь час у газетах. Па-мойму, ён абы-што робіць. Як гэта ні смешна, вы былі маімі апошнімі кліентамі. Пол не ацаніў маіх манер.
– Што ж, калі Вас гэта суцешыць, я страціў працу прыкладна ў адзін час з Вамі.
– Праўда? А Вы ж нават не кулялі макаронаў на скурчаны гнюсны… – яна кінула вокам на Пэта, – … жывот Марці. Ды так яму і трэба. Ён сваё заслужыў.
– А то як жа. Але шкада, што праз яго Вас звольнілі.
– Тае бяды. Дзяўчына заўжды можа ўладкавацца афіцыянткай, праўда?
Яна ўзняла галаву ад нататніка. У яе гэтак шырока пастаўленая вочы, што мне было нялёгка глядзець адразу ў абедзве зрэнкі. Карыя. Велізарныя. Яна перавяла позірк на Пэта.
– Ясі разам з татам? А дзе твая мама?
Пэт трывожна зірнуў на мяне.
– У Токіё, – адказаў я.
– Гэта ў Японіі, – падхапіў Пэт. – Там таксама ездзяць па левым баку, як і ў нас. Але калі ў іх ноч, у нас дзень.
Я здзівіўся: ён усё запомніў з таго, што я яму казаў. Ён ведаў пра Японію амаль столькі ж, колькі я.
Афіцыянтка паглядзела на мяне сваімі вялізнымі карымі вачыма, і мне падумалася: яна аднекуль ведае, што нашая сям’я разбітая-расцярушаная. Абсурд нейкі. Адкуль ёй ведаць?
– Яна хутка вернецца, – сказаў Пэт.
Я паклаў далонь яму на плячо:
– Так. Гэта ненадоўга.
– Нязвыклая карціна, – заўважыла афіцыянтка. – Што Вы даглядаеце сына. Няшмат знойдзецца мужчынаў, здатных на гэта.
– Відаць, бывае і такое.
– Відаць, бывае.
Я бачыў: цяпер, калі яна даведалася, што я гляджу Пэта, у ёй прачнулася нейкая сімпатыя да мяне. Але ж яна мяне зусім не ведала. Абсалютна. Яна ўсё зразумела не так.
Яна пабачыла мужчыну аднаго з дзіцяцем і вырашыла, што я, напэўна, адрозніваюся ў лепшы бок ад астатніх мужчынаў, што я дабрэйшы, больш чулы, менш схільны падманваць жанчын. Новая, палепшаная асобіна мужчынскага полу, біялагічна запраграмаваная на гадаванне дзяцей. Нібыта я хацеў, каб так склалася.
– Ну, а Вы? – пацікавіўся я. – Што прывяло Вас у Лондан з… якіх краёў?
– З Х’юстана. Штат Тэхас. Прывёў мяне сюды муж. Былы. Гэта ягоны родны горад.
– Так далёка паехаць дзеля нейкага мужчыны…
Яна, здаецца, шчыра здзівілася:
– Няўжо? Я заўсёды думала, што калі сапраўды кахаеш чалавека, то пойдзеш за ім на край свету.
Значыць, яна таксама рамантык.
За гэтым суворым выглядам, за гэтым “Яшчэ раз дакранешся, ублюдак, – высыплю макароны табе на калені” хавалася жанчына, гатовая перавярнуць усё сваё жыццё дзеля таго, хто амаль пэўна гэтага не заслугоўваў.
Можа, мая жонка мае рацыю. Няма нічога горшага за рамантыкаў.

Джына прыехала дадому назаўтра позна ўвечары.
Мы з Пэтам гуляліся на падлозе з ягонымі цацкамі. Калі побач, вуркочучы дызельным рухавіком, прыпынілася чорнае таксі, мы ніяк не зрэагавалі. Але перазірнуліся, калі рыпнулі нашыя нязмазаныя веснічкі, у дзвярах павярнуўся ключ і ўрэшце пачуліся ейныя крокі ў холе. Пэт павярнуўся да дзвярэй.
– Мама!
– Пэт!
Вось яна, Джына, нечакана ўвайшла ў пакой, усміхнулася сыну. Не зусім ачомаўшыся пасля 12-гадзіннага пералёту з Нарыты, яна цягнула старую валізу, на якой яшчэ трымалася парэпаная налепка – напамін пра адпачынак на Антыгуа.
Пэт кінуўся ёй на рукі. Яна так моцна абняла яго, што ён знік пад складкамі ейнага летняга плашча, знік увесь, апроч макаўкі ды пасмы валасоў акурат такога ж бялявага колеру, як у маці. Яны так прыціснуліся тварамі адно да другога, што я не мог адрозніць, дзе сканчаецца Джына і пачынаецца Пэт.
Я глядзеў на іх і адчуваў сябе больш чым шчаслівым. Я ўвесь ззяў знутры, я верыў, што жыццё вярнулася ў сваё нармальнае рэчышча. Але Джына кінула на мяне ўсяго адзін погляд – не халодны, не злосны, проста адслонены, нібыта я быў і заўсёды буду для яе недзе далёка-далёка – і ў мяне ўпала сэрца.
Яна вярнулася не дзеля мяне.
Яна вярнулася дзеля Пэта.
– З табой усё добра? – спытаў я.
– Крыху стамілася. Доўга ляцелі. Прызямляешся – а тут тая ж гадзіна, як калі мы выляталі. Дзень здаецца бясконцым.
– Трэ’ было папярэдзіць, што вяртаешся. Мы б сустрэлі цябе ў аэрапорце.
– А, дробязі, – адказала яна, трымаючы Пэта на выцягнутых руках, каб лепш разгледзець.
Я бачыў: Джына вярнулася, бо думае, я не дам рады. Яна лічыць, я не здатны дагледзець дзіця, пакуль яна ў ад’ездзе. Яна мяркуе, я не ў стане быць сапраўдным бацькам, які б клапаціўся пра сына не горш, чым яна, маці.
Не спускаючы Пэта з рук, Джына абвяла вокам гасцёўню, каб ацаніць становішча. Брыдота занядбання толькі пацвярджала, што нават такі раздзяўбай, як ейны бацька, і тое лепшы за мяне.
Паўсюль параскіданыя цацкі.
Уключаную касету “Кароль леў” ніхто не глядзіць. На падлозе атай­бава­ліся дзве скрынкі з-пад піццы “Містэр Мілана” – адна вялікая, другая маленькая. А на століку для кавы, як запэцканая сурвэтка, уладкаваліся ўчорашнія Пэтавы майткі.
– Божухна, якія ў цябе брудныя валасы, – вясёла сказала Джына. – Хадзем, добранька памыемся?
– Хадзем! – Пэт нібы атрымаў запрашэнне ў Дыснейлэнд.
Яны пайшлі ў купальню, а я ўзяўся прыбіраць у пакоі, прыслухоўваючы­ся, як шум вады змешваецца з іх смехам.

– Мне прапанавалі працу, – паведаміла Джына ў парку. – Добрую працу. Перакладчыцай у амерыканскім банку. Дакладней, вуснай перакладчыцай. Я трохі падзабылася японскую, каб перакладаць пісьмовыя дакументы. Але маёй гутарковай мовы больш як дастаткова, каб перакладаць вусна. Я буду прысутнічаць на нарадах, сумоўнічаць з кліентамі і ўсё такое. Дзяўчына, якая працавала на гэтай пасадзе, – вельмі мілая, напалову амерыканка, напалову японка, мяне з ёй пазнаёмілі, – сыходзіць у дэкрэт. Мяне возьмуць на яе месца, калі я згодная. Але адказ трэба даць тэрмінова.
– Пачакай, гэтая праца – у Токіё?
Яна адарвала вочы ад Пэта, які асцярожна, паціхеньку асвойтваў ніжнія парэнчы турніка.
– Вядома, у Токіё, – рэзка адказала яна. Яе вочы зноў звярнуліся на Пэта. – А чым, як ты думаеш, я ўвесь гэты час займалася?
Па шчырасці, я думаў, яна вырашыла проста на некаторы час змяніць асяродак. Сустрэцца са старымі сябрамі – аднакурснікамі і тымі, каго яна ведала ў Японіі. Пакатацца на звышхуткасных цягніках. Паглядзець колькі храмаў у Кіёта. Ненадоўга адсланіцца ад усіх праблемаў.
Я забыўся: яна хацела вярнуць сваё жыццё.
Гэтым яна і занялася, калі з’ехала да бацькі: некалькі разоў патэлефанавала ў Японію, аднавіла старыя кантакты, каб паглядзець, ці яшчэ адкрыты для яе той шлях, ад якога яна адмовілася дзеля мяне.
Я досыць добра ведаў Джыну, каб зразумець, што наконт працы яна кажа абсалютна сур’ёзна. І ўсё адно не мог паверыць.
– Джына, ты сапраўды збіраешся працаваць у Японіі?
– Я даўным-даўна мусіла гэта зрабіць.
– Як доўга? Назаўсёды?
– У мяне кантракт на год. А там паглядзім.
– А як жа Пэт?
– Пэт паедзе са мной. Само сабою зразумела.
– З табой? У Токіё?
– Вядома. Не кіну ж я яго тут, праўда?
– Нельга ж вось так проста ўзяць – і перанесці яго на іншы край свету, – я стараўся здушыць істэрычныя ноткі ў голасе. – Дзе ты будзеш жыць?
– Банк знойдзе мне жытло.
– Што ён будзе там есці?
– Тое ж, што і тут. Ніхто не збіраецца даваць яму на сняданак суп місо. У Японіі прадаюцца кукурузныя хлапакі. Гары, не трэба за нас хвалявацца.
– Я хвалююся. Джына, гэта сур’ёзна. Хто будзе глядзець яго, пакуль ты на працы? Што будзе з усімі ягонымі рэчамі?
– З якімі рэчамі?
– Роварам, цацкамі, касетамі. З усім, што належыць яму.
– Мы іх перашлём у Токіё. Няўжо такая праблема – спакаваць майно чатырохгадовага дзіцяці?
– А бабуля з дзядулем? Іх ты таксама спакуеш і перашлеш у Токіё? А ягоныя сябры па “нулявушцы”? А я?
– Ты проста не можаш прымірыцца з думкай, што я ў стане пражыць і без цябе. Не можаш – і ўсё тут.
– Не ў тым рэч. Калі ты сапраўды гэтага хочаш, што ж, спадзяюся, у цябе ўсё атрымаецца. Я ведаю: ты здольная дасягнуць усяго, што захочаш. Але Пэт… ён павінен жыць тут.
– Пэт павінен жыць са мной, – у голасе Джыны гучалі сталёвыя ноткі, але я бачыў: мае словы на яе падзейнічалі.
– Пакінь яго са мною, – пачаў упрошваць я. Дакладней, маліць. – Пакуль ты не ўладкуешся. На некалькі тыдняў, на пару месяцаў – як атрымаецца. Пакуль не асвойтаешся з працай і не знойдзеш жытло. Хай ён пажыве ў мяне, добра?
Яна ўважліва паглядзела на мяне, як на чалавека, які гаворыць слушныя рэчы, але якому ўсё адно нельга верыць.
– Джына, я не спрабую адняць яго ў цябе. Ты ж ведаеш: я б так ніколі не змог. Але я не магу прымірыцца з думкай, што пакуль ты ў офісе будзеш даваць рады з новай працай, Пэта ў цеснай кватэрцы будуць даглядаць чужыя людзі. І ты таксама з гэтым не пагодзішся – я ведаю.
Яна назірала, як наш сын паволі ўскараскаўся на самы верх турніка. Ён асцярожна павярнуўся, каб усміхнуцца нам.
– Я мушу скарыстаць гэты шанец, – вымавіла Джына. – Мушу зразумець, на што я здольная. Цяпер – ці ніколі.
– Я цябе разумею.
– Я буду штодня яму тэлефанаваць. І дашлю па яго, як толькі змагу. Можа, ты б прывёз яго ў Токіё.
– Лады.
– Я люблю Пэта. Я люблю свайго сына.
– Так, я не сумняюся.
– Думаеш, зможаш колькі часу даглядаць яго сам?
– Змагу. Здолею.
Мы доўга глядзелі адзін на другога.
– Пакуль ты не ўладкуешся.
Мы адвялі Пэта дамоў і паклалі спаць. Шчаслівы і змораны, ён хутка заснуў, праваліўся ў сны, якіх не будзе памятаць наранку.
Джына кусала ніжнюю губу.
– Не хвалюйся. Я буду добра яго даглядаць, – запэўніў я.
– Толькі пакуль я не ўладкуюся.
– Толькі пакуль ты не ўладкуешся.
– Я вярнуся па яго, – сказала Джына хутчэй сабе, чым мне.
І ўрэшце яна-такі вярнулася. Аднак на той час шмат што змянілася.
Калі Джына вярнулася па Пэта, на століку для кавы не былі параскіда­ныя майткі, а на падлозе – скрынкі з-пад піццы “Містэр Мілана”. Калі яна вярнулася па сына, я зрабіўся ўжо сапраўдным бацькам.
Джына думала, яна можа змяніцца, а я назаўжды застануся такі, які ёсць. Тут яна памылялася.

Мае бацькі адрэагавалі на сыход Джыны па-свойму – захацелі пера­тварыць жыццё Пэта ў суцэльнае свята.
Жалезнае правіла “ня больш за адну “кока-колу” на дзень” было ўвадначассе адмененае. Калі мы з Пэтам аб’яўляліся ў іх доме, яго чакалі неспадзяваныя падарункі, тыпу адмысловай версіі “Вяртання джэды” (новыя эпізоды, новае агучанне, новыя спецэфекты). Бацькам хацелася, каб Пэт як мага больш заставаўся ў іх – безумоўна, яны спадзяваліся, што іх змушаны смех будзе добрай заменай маёй змрочнай фізіяноміі ды прыступам цяжкога маўчання. Але смяяліся яны так наструнена, што мне хацелася разрыдацца.
Цяпер хто-небудзь з іх абавязкова праводзіў нас да Пэтавай “нулявушкі”. Дарога няблізкая – як мінімум гадзіна ў машыне па кальцавой М25 у гадзіну пік, але яны дзень пры дні нястомна яе агорвалі.
– Сюрпрыз, – казаў тата, са стогнам падцягваючы свае старыя ногі, каб уладкавацца ў маёй нізкай машыне.
Я разумеў, навошта гэта ўсё, і яшчэ больш іх за гэта любіў. Яны хацелі не даць унуку расплакацца. Яны баяліся, што калі ён пачне плакаць, то паток слёз ніколі не спыніцца.
Аднак без маці жыццё ў Пэта было далёка не свята. І ўсе на свеце “Зорныя войны” ды добрыя намеры не маглі ператварыць яго ў свята.
– Ну, Пэт, чым ты сёння будзеш займацца? – спытаў бацька Пэта, які сядзеў у яго на каленях у машыне. – Ляпіць пластылінавых чарвякоў? Знаёміцца з паштаром Пэтам і ягоным чорна-белым катом? Вось добра!
Пэт не адказваў. Ён глядзеў на транспарт, нерухома застылы ў ранішнім заторы, і на ягоным прыгожым тварыку чыталася невыносная журба, і ніякая вясёлая балбатня дзеда не магла адцягнуць яго ад сумных думак. Пэт загаварыў толькі каля брамы “Дзетак з Кэнанберы” (так называлася ягоная нулявушка).
– Не хачу туды. Хачу дамоў, – прамармытаў ён.
– Але ж, дзіцятка, дамоў нельга, – я збіраўся ўжыць непераўзыйдзенае алібі ўсіх бацькоў і сказаць, што тату трэба на працу. Ды ў таты не было працы. Тата мог хоць увесь дзень ляжаць у ложку – на працу ён пры ўсім жаданні не спозніцца.
Па Пэта выйшла настаўніца. Далікатна ўзяўшы яго за руку, яна запыніла на мне выразны погляд. Малы не першы раз ніяк не хацеў сыходзіць ад мяне. Увесь тыдзень па ад’ездзе Джыны ён імкнуўся не выпускаць мяне з поля зроку.
Бацька наабяцаў Пэту, што ўвечары яго будуць чакаць неверагодныя забавы ды найцікавейшыя гульні. Мы глядзелі, як ён ідзе, трымаючыся за руку настаўніцы: вочы поўныя слёз, ніжняя губа падазрона дрыжыць.
Напэўна, ён не зламаецца, раней чым зойдзе ў клас. Магчыма, ён нават дасць зняць з сябе паліто без слёз. Але калі са скрыначак пластыліну здымуць накрыўкі, Пэт не вытрывае і несуцешна разрыдаецца на вачах у іншых дзяцей – яны будуць альбо таропіцца на яго, альбо спакойна далей займацца сваімі важнымі для чатырохгадовых людзей справамі. На шчасце, мы гэтага не пабачым.
– Памятаю, калі табе было столькі, як Пэту, неяк на калядным тыдні я ўзяў цябе ў парк, – згадваў тата, вяртаючыся ў машыну. – Ну, блін, і мароз жа стаяў! Я ўсю дарогу ад дому цягнуў цябе на начоўках. А ў парку мы глядзелі, як сядаюць на замерзлае возера качкі. Бум! – і слізгаюць гузкай па лёдзе! Ты ледзь не трэснуў ад рогату. Усё смяяўся і смяяўся без упынку. Мы, бадай, колькі гадзін за імі назіралі. Памятаеш?
– Тата…
– Што?
– Тата, я не ведаю, ці дам рады.
– З чым?
– Я не ведаю, ці змагу адзін глядзець Пэта. Не ведаю, ці ў мяне хопіць сіл. Я сказаў Джыне, што здолею, але я не ведаю…
Бацька павярнуўся да мяне. У яго палалі вочы. На нейкае імгненне падалося, што ён дасць мне поўху. За ўсё жыццё ён ніколі пальцам мяне не крануў. Але ўсё калісьці бывае ўпершыню.
– Не ведаеш, ці дасі рады? Не ведаеш? Ты мусіш!
Лёгка яму казаць. Хоць ягоную маладосць і азмрочылі жахі вайны, калі яго вельмі проста магла забіць нямецкая куля, але, прынамсі, у ягоны час абавязкі бацькі былі нязменныя, як высечаныя на скрыжалях. Ён заўсёды пэўна ведаў, чаго ад яго чакаюць. Мой тата быў выдатным бацькам, і – вось парадокс! – пры гэтым ён нават мог не быць дома. “Вось пачакай, прыйдзе дадому бацька!” – гэтых словаў хапала, каб прымусіць мяне добра паводзіцца. Дастаткова маме згадаць ягонае імя – і я імгненна разумеў, што значыць быць добрым хлопчыкам. “Вось пачакай, прыйдзе дадому бацька”, – часта паўтарала мама. І ад адзінага напаміну пра яго ўвесь свет і ўсё, што ў ім ёсць, прыходзіла на свае месцы.
У наш час рэдка пачуеш падобную пагрозу. Колькі жанчын насамрэч кажуць: “Вось пачакай, прыйдзе дадому бацька”? Няшмат. Бо цяпер некаторыя бацькі ніколі не прыходзяць дадому. А некаторыя ніколі не выходзяць з дому.
Аднак я разумеў: тата мае рацыю. Хоць роля бацькі ў мяне наўрад ці атрымаецца не горш, чым у яго, – не магу сабе ўявіць, каб Пэт глядзеў на мяне так, як я на свайго тату, – але я мушу зрабіць усё, што ў маіх сілах.
І, вядома, я памятаў, як сядаюць на замерзлае возера качкі. А то ж бо! Я добра іх памятаў.

Апроч нізкага заробку, працы ўначы і адсутнасці звычайнага сацыяльнага пакета (медыцынскай страхоўкі і г. д.), бадай, найгоршае для афіцыянткі – плойма засранцаў-прыліпалаў, з якімі непазбежна даводзіцца сутыкацца на працы. Прыліпалы – гэткі ж яе неад’емны атрыбут, як белы хвартушок і нататнік. Мужчыны, якія хочуць з ёй пагаманіць, мужчыны, якія просяць яе тэлефончык, мужчыны, якія ніяк не пакінуць яе ў спакоі.
Прыліпалы з будоўляў, прыліпалы з офісаў, прыліпалы ў дзелавых гарнітурах, прыліпалы ў джынсах, з якіх вытыркаюцца азадкі, прыліпалы ўсіх гатункаў: тыя, хто лічыць сябе душой кампаніі, тыя, хто лічыць сябе дарункам Божым, тыя, хто лічыць: як яна прыносіць ім фірмовую страву, значыць, ім нешта з ёю свеціць.
Калі я ўладкаваўся ў самым канцы залы, яна абслугоўвала столік, за якім сядзелі засранцы-прыліпалы. Адзін прыліпала – хутчэй офіснага, чым будоўлевага тыпу – клеіўся да яе, літаральна жэр яе вачыма, а ягоныя сябры прыліпалы – гарнітуры ў тонкую рысачку, укладзеныя гелем валасы, крутыя мабільнікі – у захапленні лыбіліся на ягонае нахабства.
– Як цябе зваць?
Яна пахітала галавой.
– Навошта Вам гэта ведаць?
– Напэўна, у цябе нейкае тыпова паўдзённае імя? Пегі-С’ю? Бэкі-Лу?
– Вядома, не.
– Білі-Джо? Мэры-Бет?
– Слухайце, Вы будзеце замаўляць ці не?
– Калі ты вызваляешся?
– Вы калі-небудзь сустракаліся з афіцыянткай?
– Не.
– Яны позна працуюць.
– Табе падабаецца быць афіцыянткай? Падабаецца быць адказнай супрацоўніцай у сферы паслуг рэстараннага бізнэсу?
Ад такога ўсе астатнія засранцы-прыліпалы, што думалі, нібы вельмі крута глядзяцца, размаўляючы па мабільніку ў поўным людзей рэстаране, гучна зарагаталі.
– Кіньце з мяне смяяцца.
– Я не з цябе.
– Начныя змены, фіговы заробак – вось што такое праца афіцыянткі. І процьма засранцаў. Ды што я ўсё пра вас? – яна шпурнула на столік меню. – Падумайце лепш над гэтым.
Бізнэсовец-прыліпала пачырванеў і дурнавата ўсміхнуўся, спрабуючы курчыць з сябе мача. Ягоныя сябрукі прыліпалы засмяяліся, але ўжо не ад душы.
Яна падышла да мяне. А я так і не ведаў, як яе зваць.
– А дзе Ваш хлопчык?
– У “нулявушцы”, – я працягнуў руку. – Гары Сільвер.
Яна паглядзела на мяне – і ўсміхнулася. Я ніколі не бачыў гэткай усмешкі. Ад яе засвяцілася ўся зала. Яна проста праменілася.
– Сід Мэйсан, – сказала яна, паціскаючы маю руку. У яе такі далікатны поціск. Пераламаць косткі спрабуюць толькі мужчыны. Толькі засранцы-прыліпалы.
– Вельмі прыемна, Гары.
– Гэта ў гонар Сіда Вішэса1?
– Не, у гонар Сід Шарыс.2 Напэўна, Вы ніколі пра яе не чулі?
– Яна танчыла ў Парыжы з Фрэдам Эстэрам у “Шаўковых панчохах”. У яе была прычоска, як у Вас. Як яна завецца?
– Кітайскае карэ.
– Кітайскае карэ? Так, Сід Шарыс. Я ведаю. Яна была, напэўна, найпрыгажэйшай жанчынай у свеце.
– Так, – я бачыў: яна ўражаная. – Мая маці страшэнна любіла ўсе гэтыя старыя фільмы MGM.1
Гэтак я крышачку зазірнуў у яе дзяцінства: вось яна, дзесяцігадовая, сядзіць перад тэлевізарам у малюпасенькай кватэрцы з уключаным на поўную моц вентылятарам. А побач мама – глядзіць, як Фрэд кружыць Сід па левым беразе Сэны, і ледзь не плача. Не дзіва, што ў дачкі склаліся нерэальныя ўяўленні пра рамантычнае каханне. Не дзіва, што яна паехала за нейкім засранцам у Лондан.
– Давайце, я Вам скажу, якія ў нас сёння фірмовыя стравы.
Яна была такая мілая, і мне хацелася распытаць яе пра Х’юстан, мюзіклы MGM і тое, што адбылося паміж ёю і мужчынам, які прывёз яе ў Лондан. Але замест гэтага я больш не адрываў вачэй ад талеркі і заторкнуў сабе рот макаронамі.
Бо не хацеў, каб хоць адзін з нас падумаў, што я таксама звычайны засранец-прыліпала.

Джына сышла – і засталася паўсюль. Дом бітма набіты дыскамі, якія я ніколі не буду слухаць (сентыментальны соўл пра страчанае і зной­дзенае каханне), кнігамі, якіх я ніколі не буду чытаць (пра жанчын, якія змагаюцца за тое, каб знайсці сябе ў свеце, поўным мужчынаў-гаўнюкоў), рэчамі, якіх я ніколі не буду насіць (тыпу карункавай бялізны ад Маркс-энд-Спенсар).
І – Японія. Безліч кніг пра Японію. Класіка, якую прымушала мяне пачытаць Джына: “Чорны дождж”, “Чырвоны самурай”, “Басанож”, “Успаміны пра шоўк і салому” і старая зашмальцаваная “Снежная краіна” – адзінае, што я агораў, бо Джына сказала, я мушу прачытаць гэты раман, калі хачу хоць нешта зразумець пра Японію.
Рэчы Джыны – кожны раз, калі я іх бачыў, у мяне ірвалася сэрца.
Выкінуць іх.
Мяне мучылі грызоты сумлення, але, з іншага боку, сыходзячы, трэба забіраць з сабою ўсё сваё. Бо кожны раз, натыкаючыся на дыскі Лютэра Вандраса2, раманы Маргарэт Этвуд ці кнігі пра Хірасіму, я зноў і зноў адчуваў, як мяне разрывае на часткі туга. Урэшце я зразумеў, што болей так не вытрываю.
Джына, думаў я, Джына з ейнымі марамі пра вечнае каханне і адваяваную самастойнасць, Джына, для якой лёгка спалучаліся вострыя, як сталь, постфемінісцкія ідэі Наамі Вульф3 і мілосная лабуда Уітні Х’юстан.
Так, у гэтым уся Джына.
Я ўзяўся за справу: пачаў запіхваць усё, што яна па сабе пакінула, у мяхі для смецця. Першы хутка напоўніўся – няўжо гэтая жанчына ніколі нічога не выкідала? Тады я прынёс з кухні цэлы вялізны рулон.
Калі я павымаў усё ейнае чытво, кніжныя паліцы нагадвалі сківіцы з павыбіванымі зубамі.
Выкідаць адзенне было нашмат прасцей – не трэба пераглядаць, дзе ейнае, а дзе маё. Неўзабаве яе палова шафы стаяла пустая, калі не лічыць антымолю ды вешалак.
Мне ўжо зрабілася лягчэй.
З мяне цёк пот, але я перавярнуў увесь дом, знішчаючы сляды ейнай прысутнасці. Усе гэтыя японскія эстампы, што яна купіла яшчэ да замужжа. Карціна, якую Джына прыдбала ў адпачынку на Антыгуа, калі Пэт быў зусім маленькі. Ружовае лязо на краі балеі. Пара відэакасет з Гон Лі. Вясельная фатаграфія: Джына глядзіцца найпрыгажэйшай у свеце дзяўчынай, а я ўсміхаюся, як ачмурэлы ад шчасця раздзяўбай, які ніколі нават не думаў, што яму так пашанцуе.
Усё – смецце.
Нарэшце я зазірнуў у кошык з няпранай бялізнай. Сярод Пэтавых піжамаў з карцінкамі з “Зорных войнаў” ды маіх палінялых майткоў “Кальвін” ляжала старая майка ад Gap, у якой любіла спаць Джына. Я колькі часу сядзеў на падлозе перад сходамі, трымаючы ў руках гэтую майку, і думаў, у чым сёння будзе спаць Джына. А тады кінуў у апошні мех для смецця і гэтую майку.
Ажно не верыцца, як хутка можна сцерці ўсялякі след чалавека з ягонага жытла. Як шмат праходзіць часу, перш чым дом набудзе адбітак тваёй асобы, і як вокамгненна ён нішчыцца.
Наступныя некалькі гадзін я корпаўся ў мяхах для смецця, вымаючы і акуратна вяртаючы на свае месцы Джыніны дыскі, кнігі, эстампы, адзенне і ўсё астатняе – туды, адкуль узяў.
Бо мне не ставала яе. Мне так было без яе кепска.
Я хацеў, каб усе ейныя рэчы ляжалі там, дзе яна іх пакінула – на выпадак, калі ёй захочацца калі-небудзь вярнуцца дамоў.

12.

Лёгкі прыступ панікі ў супермаркеце.
Нічога сур’ёзнага, нічога. Проста я раптам дапяў, што я, чалавек, у якога сям’я разбітая на дробныя аскалепкі, маю нахабства рабіць закупы ля той кармушкі, куды прыходзяць шчаслівыя сем’і. Я адчуў сябе зло­дзеем у чужым доме.
Ад гратэскавасці восьмага шэрагу ў супермаркеце: жанчын з наколкамі, мужчынаў з завушніцамі, дзяцей, апранутых як дарослыя, дарослых, апранутых як падлеткі, – мне мусіла б палегчаць. Аднак не палегчала.
У чарзе да касы мяне прабіў пот, пачало трэсці. Я хацеў, каб гэтая пакута чым хутчэй скончылася, хацеў вырвацца адсюль. Я перарывіста дыхаў, а на той час, як напалову запалы ў кому падлетак за касай даў мне рэшту, лянотна чухаючы завушніцу ў носе, я думаў, што зараз закрычу, ці зарыдаю, ці тое і другое разам.
Я куляй выляцеў з супермаркету на вольнае паветра, і акурат у гэты момант у торбы з вячэрай для Пэта, ката і мяне адарвалася ручка, і ўсе мае закупы пасыпаліся на ходнік, як хвошча кроў з раны.
У Джыны ніколі не рваліся торбы. Сем гадоў мы разам штосуботы хадзілі па крамах, і я ніколі не бачыў, каб у пакеце, наладаваным Джынай, з’явілася хоць адна дзірачка. Але Джына, мабыць, ніколі не купляла столькі гатовых страў для разагрэву ў мікрахвалеўцы. Яны цэлую тону важаць – не менш!
Кацячыя кансервы ды прадукты хуткага прыгатавання ўвобмірг паразляталіся пад колцы вазкоў для закупаў, пад ногі маладзёну, што прадаваў газеціну Big Issue, і падскокваючы пакаціліся на дарогу. Я стаяў на карачках і цягнуў да сябе пакунак, што абяцаў падарыць “Смак Тасканіі”, і тут мяне ўгледзелі яны.
– Гары? Ты?
Марці. З ім дзяўчына. Шован.
Марці і Шован. Трымаюцца за ручкі!
Пабачыўшы іх разам, я ад шоку забыўся на няёмкасць праз тое, што мяне заспелі на карачках, з парассыпанымі па ўсім ходніку закупамі. Але толькі на імгненне. У мяне пунсовым полымем запалаў твар.
Я колькі часу іх не бачыў. Не надта доўга, але ўсё ж… Прайшло крыху больш за месяц. Аднак мой прадзюсерскі мозг лічыў не на тыдні ці месяцы. Пяць праграмаў, падумаў я. Пяць праграмаў без мяне.
Яны добра выглядалі. Нават гэты брыдкі г...нюк Марці. На іх абодвух былі цёмныя акуляры і белыя нагавіцы. Шован трымала ў руцэ пакет з французскай булкай і бутэлькай нейкага дарагога белага сухога віна. Можа, там ляжала і трошачкі паштэту. Іх торба дакладна не парвецца. Два ўпэўненыя ў сабе прафесіяналы, што выйшлі купіць чаго-небудзь лёгенькага, а тады зноў зоймуцца сваімі важнымі бліскучымі, зорнымі кар’ерамі. Яны зусім не паходзілі на людзей, якія турбуюцца, як накупіць у запас кацячага корму.
– Давай я табе дапамагу, – Шован нахілілася, каб злавіць бляшанку “Віскас” з ялавічынай і сэрцам, што кацілася ў гразь.
У Марці хапіла прыстойнасці трохі засаромецца, а Шован мне ўзрадавалася, хоць і злёгку здзівілася, што я, укленчыўшы, поўзаю па ходніку, збіраю кацячую ежу, туалетную паперу ды стравы для мікрахвалеў­кі, а не збіраюся атрымліваць прэмію Брытанскай кіна- і тэлеакадэміі.
– Ну, як ты, чым займаешся? – спытала яна.
– Э-э-э…
Штодня гадзінамі хаджу з кута ў кут па гасцёўні – “як тыгр у клетцы”, заўважыла мама, – пасля таго, як адвязу Пэта ў “нулявушку”, і месца сабе не знаходжу: як ён там, мо’ ён зноў плача?
І чакаю званка ад Джыны – кожны дзень роўна а чацвёртай (у яе гэта поўнач) – але заўсёды адразу даю слухаўку Пэту, бо ведаю: тэлефануе яна толькі дзеля яго.
Што яшчэ? Размаўляю сам з сабою, зашмат п’ю, замала ем і ўсё думаю, як я дакаціўся да гэткага паганага жыцця. Вось чым я займаюся.
– Разглядаю розныя варыянты, – адказаў я. – А як шоў?
– Як найлепш, – у голасе Марці пачуліся ноткі выкліку.
– Добра, – задаволена, але з нейкай адслоненасцю прамовіла Шован, нібы такую важную птушку, як я, не можа напраўду займаць лёс нейкага там старога шоў. – Рэйтынг трошкі вырас.
Я думаў, мяне званітуе.
– Выдатна, – усміхнуўся я.
– Ну, нам, бадай, трэба ісці, – сказаў Марці. І прычына была не толькі ўва мне. Пакупнікі пачыналі лыбіцца ды паказваць на яго пальцамі: гэта праўда ён?
– Так, і мне таксама. Мушу бегчы – процьма спраў, – падхапіў я.
Шован здушыла мяне ў абдоймах і хуценька чмокнула ў шчаку. Я пашкадаваў, што зранку не пагаліўся. Ці ўчора. Ці заўчора.
– Ну, пакуль, Гары, – Марці працягнуў руку. Ніхто не ў крыўдзе. Я збіраўся яе паціснуць, але ў час заўважыў: ён трымае бляшанку кацячых кансерваў. Я ўзяў яе.
– Пакуль, Марці.
Ублюдкі ё...аныя.
Ублюдкі ё...аныя, вось вы хто.

Тэлефон зазваніў, калі я яшчэ купаў Пэта. Пакінуўшы яго ў балеі – ён мог гадзінамі ў поўным кайфе плёскацца, як рыбка, – я пайшоў у хол, зняў мокрымі рукамі слухаўку. Думаў, гэта мама. Але пачуўся кароткі шчаўчок міжкантынентальнага злучэння, і раптам да майго слыху даляцеў голас Джыны:
– Гэта я.
Я зірнуў на гадзіннік: дваццаць да чацвёртай. Нешта яна сёння рана.
– Ён у купальні.
– Хай плёскаецца. Я ператэлефаную як звычайна. Проста думала, мо’ ён побач. Як ён?
– Файна. Выдатна. Лепш за ўсіх, – адказаў я. – А ты ўсё яшчэ там?
– Так. Я ўсё яшчэ тут.
– І як яно там?
Я пачуў, як яна бярэ ў грудзі паветра. Джына на тым баку Зямлі бярэ ў грудзі паветра.
– Нашмат цяжэй, чым я думала. З эканомікай поўны трындзец. Проста гамон. Скарачаюць тутэйшых, так што гарантаваць сталую працу чужаніцы, якая да таго ж трохі падзабылася японскую, ніхто не можа. Але з працай усё добра. Я з усім даю рады. Людзі вельмі прыязныя. Праблема ва ўсім астатнім. Асабліва ў тым, што жыць даводзіцца ў кватэрцы памерам з нашу кухню, – яна зноў набрала паветра. – Мне нялёгка, Гары. Непадобна, каб гэта былі найлепшыя дні майго жыцця.
– Дык калі ты вернешся дамоў?
– А хто табе сказаў, што я вярнуся?
– Кінь, Джына. Забудзься на ўсю гэтую туфту тыпу “знайсці сябе”. Ты папросту хочаш мне адпомсціць.
– Часам я задумляюся, ці слушна зрабіла, што сюды прыехала. Але варта толькі табе сказаць пару словаў – і я разумею: слушна.
– Значыць, ты застаешся там? У кватэрцы памерам з нашу кухню?
– Я вярнуся. Але толькі каб забраць Пэта. Прывезці яго сюды. Гары, я сапраўды хачу, каб у мяне тут усё склалася. Спадзяюся, ты разумееш.
– Джына, ды ты здзекуешся! Якое “забраць Пэта”?! Я не магу яго прымусіць есці тосты з фасоляй. Не ўяўляю, як ён будзе корпацца палачкамі ў талерцы рысу са шпротамі. І дзе ён будзе жыць? У кватэрцы памерам з нашу кухню?
– О Божа, і пацягнуў жа мяне чорт за язык сказаць пра гэту дзёўбаную кватэру! З табой немагчыма размаўляць.
– Пэт застанецца са мною, зразумела?
– Пакуль што. Мы на гэтым пагадзіліся.
– Я не аддам яго, пакуль не буду пэўны, што гэтак будзе лепш для яго. Не для цябе, а для яго. Ні на што іншае я не пагаджуся.
Маўчанне. Тады – зусім іншым голасам:
– Гары, гэта вырашаць адвакаты.
– Тады скажы свайму адвакату: Пэт застанецца са мной. Гэта ты ад нас сышла. Так і скажы.
– А ты скажы свайму адвакату, што гэта ты трахаўся абы з кім.
– Не магу. У мяне няма адваката.
– Дык знайдзі. Гары, калі табе да галавы прыходзяць думкі, як бы гэта адняць у мяне сына, знайдзі сабе вельмі добрага адваката. Але ж ты сам гэтага не хочаш. Мы абое ведаем: ты не ў стане ўвесь час гадаваць Пэта. Ты нават сябе дагледзець не ў стане. Проста табе хочацца, каб мне балела. Паслухай, мы пагаворым як дарослыя людзі або ты хочаш сваркі?
– Сваркі.
Уздых.
– Пэт дома?
– Не. Гуляе ў бары з прыяцелямі-распуснікамі. Зразумела, дома – яму ж чатыры гады. Дзе яму яшчэ быць? У ложку з Наамі Кэмпбел? Я ж казаў: Пэт у купальні. Хіба ты не чула?
– Чула. Можна мне з ім пагаварыць?
– Вядома.
– Гары…
– Што?
– З днём народзінаў.
– Джына, у мяне заўтра дзень народзінаў, – са злосцю адказаў я.
– У нас тут ужо амаль заўтра.
– Джына, я не ў Японіі. Я тут, у Лондане.
– Усё роўна з днём народзінаў. На заўтра.
– Дзякуй.
Я выняў Пэта з балеі, выцер з галавы да ног, загарнуў у ручнік. Сеў пе­рад ім на кукішкі:
– З табой хоча пагаварыць мама. Вазьмі слухаўку.
Кожны дзень адное і тое ж. Здзіўленне ў гэтых сініх вачах, затым – нешта не зусім зразумелае: ці то радасць, ці палёгка. Пакуль я дам яму слухаўку, ён ужо збольшага авалодваў сабой.
– Алё? – прашаптаў Пэт.
Напэўна, я чакаў патокаў слёз, бурлівых папрокаў, навальніцы пачуццяў. Але Пэт заўсёды заставаўся спакойным і стрыманым. На ўсе пытанні Джыны ён мармытаў нешта аднаслоўнае і ўрэшце аддаваў мне слухаўку.
– Я ўжо маме ўсё сказаў, – ціха прамовіў ён.
І пайшоў у гасцёўню, загорнуты ў ручнік, як у шаль, пакідаючы на пад­лозе маленькія сляды мокрых ступачкоў.
– Я патэлефаную яму заўтра, добра, Гары? – спытала Джына. Я не чакаў, што яна будзе гэткая засмучоная. Але яна, здавалася, настолькі не ў сабе, што я ўпершыню за шмат дзён трохі ўзбадзёрыўся.
– У любы час.
Мне хацелася запытаць у яе, як мы дайшлі да таго, што пачалі пагражаць адно другому адвакатамі, як два чалавекі, калісьці гэткія блізкія, маглі ператварыцца ў тыповую пару, што ідзе ў суд, каб скасаваць шлюб.
Я і праўда ва ўсім вінаваты? Ці гэта проста выпадковасць, нешанцунак, як трапіць пад машыну ці захварэць на рак? Калі мы гэтак кахалі адно аднаго, дык чаму нашае каханне разбілася? Няўжо сапраўды ў гнюсным сучасным свеце немагчыма застацца разам праз усё жыццё? І як гэта адаб’ецца на нашым сыне?
Мне быў вельмі патрэбны адказ. Аднак я не мог нічога спытаць у Джыны. Мы былі па розныя бакі Зямлі.

Працяг будзе.