12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тоні Парсанз

_____________________
Мужчына і хлопчык. Раман. (Працяг)


13.

На паўдарогі да бацькоў зазваніў мабільнік. Мама. Звычайна яна спакойная і вытрыманая – непарушнае апірышча, на якім трымаецца ўся сям’я. Але толькі не сёння.
– Гары!
– Што здарылася?
– Тата!
“Божа, ён памёр!” – пранеслася ў мяне ў галаве. На мой дзень народзінаў. Нават сёння яму неабходна быць у цэнтры ўвагі.
– Што здарылася?
– Да нас залезлі злодзеі.
О Божухна, нават тут, нават у глухіх прыгарадах. Нідзе нельга быць у бяспецы.
– Як ён? Як ты?
– Гары, калі ласка… прыязджай хутчэй… паліцыя ўжо едзе… калі ласка… Я не магу з ім гаварыць.
– Пачакай крыху, добра? Трымайся, мама! Я еду чым хутчэй!
Я паклаў тэлефон, перашыхтаваўся ў скрайні шэраг і да ўпору выціснуў газ. MGF ірванула наперад, нібы дзеля гэтага моманту і створаная.
Пэт на пасажырскім сядзенні ўголас засмяяўся:
– Во клёва!
І дзе ён гэта падчапіў?
Дзверы адчыніла мама, апранутая ў сваю самую лепшую сукенку, намарафечаная дзеля дня народзінаў сына. Аднак да святочных строяў не стасаваўся спалатнелы, дрыготкі твар.
– Гары, якая жудасць! Да нас залезлі злодзеі. У гасцёўню. Ідзі па­глядзі.
Яна адвяла Пэта на кухню, мякка пераводзячы на іншае ягоныя роспыты пра дзядулю, а я пайшоў у гасцёўню, настройваючыся на тое, што зараз убачу бацьку напаўмёртвым у цёмнай лужыне крыві. Але мой продак стаяў каля каміна, загарэлы твар зіхцеў ад задавальнення. Я ніколі не бачыў яго такім шчаслівым.
– Здароў, Гары. З днём народзінаў, сынку! Ты незнаёмы з нашымі гас­цямі?
Каля ягоных ног ляжалі тварам на падлогу, з завязанымі за спінай рукамі два падлеткі.
Спачатку мне падалося, я іх пазнаў: у іх на тварах быў такі самы паліняла-пагрозлівы выраз, як і ў хлопца Салі ў Гленавай хаце (праўда, гэтыя выглядалі ўжо не так пагрозліва). Аднак я пазнаў толькі сам тыпаж. Дарагія красоўкі, модныя джынсы, валасы так ільсняцца ад гелю, такія ліпучыя ды ломкія, як карамелька на палачцы. Тата скруціў ім рукі парай шаўковых гальштукаў, што я падараваў яму на Каляды.
– Я быў прыкмеціў іх на вуліцы. Швэндаліся, бач ты, туды-сюды. А выйшла – не проста швэндаліся.
Часам мне здавалася, што мой стары – куратар музею ангельскай мовы. Апроч хіпарскага жаргону, ён любіў ужываць фразы часоў сваёй маладосці, якія ўсе астатнія даўно павыкідалі разам з харчовымі карткамі.
Ён вечна ўстаўляў слоўцы тыпу “швэндацца” – на ягоным цьмяным ідыялекце гэта азначала “сваволіць”, “дурня клеіць” ды ўвогуле “туляцца па завуголлі” – слоўцы, што выйшлі з моды блізу ў той жа час, што і Брытанская імперыя.
– Залезлі праз французскія вокны. У сабакі вачэй пазычылі! Думалі, нікога няма. Маці пайшла ў краму купіць таго-сяго да твайго дня народзінаў – цудоўная будзе смажонка! – а я наверсе хацеў прычапурыцца.
“Прычапурыцца”. Яшчэ адно слоўца, што ён зберагаў для гістарычнага слоўніка.
– Я ўвайшоў, як яны адлучалі відэа. У аднаго хапіла нахабства занесці на мяне руку, – ён злёгку пхнуў тапцем танчэйшага, больш гнюснага з выгляду. – Так, прыяцель?
– Мой братан, бля, заб’е цябе на х..., – прамармытаў той.
У гэтым пакоі, дзе я вырас, ягоны казліны голас гучаў як пярдзёж у царкве. На прышчаватай скуле наліваўся жоўта-фіялетавы гузак.
– Ён цябе, стары, заб’е. Ён гангстэр.
Тата прыцмокнуў языком ад задавальнення. Яго гэта ўсё шчыра за­баўляла.
– Давялося даць яму перцу з імберцам, – бацька прадэманстраў у паветры добры хук правай. – Сама раз прыйшлося. Паваліўся, як сноп, халера на яго. Другі хацеў задаць лататы, ды я паспеў схапіць яго за шкірку.
Бацька паказаў прыём, якім трэба хапаць за горла непаўналетніх дамушнікаў. Пад кароткімі рукавамі кашулі напяліся татуяваныя біцэпсы. На адной руцэ – сэрца, а ў ім – мамінае імя, на другой – корд марскога пехацінца. Абедзве наколкі пабляклі ад часу.
– Заваліў яго на падлогу. Я быў акурат думаў, які завязаць гальштук – а тут якраз яны. Дарэчы прыйшоўся твой падарунак.
– О Божа, тата, у іх маглі быць нажы! – прарвала мяне. – У газетах поўна гісторый пра гэткіх герояў-зухаў, забітых злачынцамі, бо палезлі на ражон. Ты што, не мог проста выклікаць паліцыю?
Тата ад душы засмяяўся. Сваркі не будзе – ён у занадта добрым гу­моры.
– Бач, не было часу. Сышоў у гасцёўню – а яны тутачкі. У маім доме. Любата! Не, ну тут яны ўжо меру перабралі.
Я злаваўся, што бацька ўвязаўся ў бойку з двума бэйбусамі-галаварэзамі, хоць цудоўна ведаў: ён з лёгкасцю дасць з імі рады. Адхланне ўва мне змешвалася з гневам, як бывае, калі нарэшце знойдзецца зніклае дзіця. Але было і яшчэ нешта. Зайздрасць.
Што б зрабіў я, заспеўшы гэтых – ці якіх-кольвек іншых з мільёна да іх падобных – шчанюкоў у сваім доме? Ці хапіла б у мяне духу ды проста дзёўбанага дурноцця, каб рушыць на іх? Або я б даў драла за тры вярсты?
Што б я ні зрабіў, я дакладна ведаў: мне бракавала б сапраўднай мужчынскай цвёрдасці, з якой дзейнічаў бацька. Я б не змог абараніць свой дом і сваю сям’ю так, як ён. Я не такі, як ён. Хоць усім сэрцам хачу на яго паходзіць.
Урэшце пад завыванне сірэнаў з сінімі мігцелкамі прыехалі паліцэйскія. Пэт, шырока расплюшчыўшы ад здзіўлення вочы, выбег ім насустрач.
Іх было двое: падцягнуты малады коп прыкладна майго ўзросту, якога бацькаў гераізм прывёў у ціхую роспач, і старэйшы, больш мажны афіцэр, які імгненна пасябраваў з маім продкам.
Напраўду бацька ніколі надта не любіў паліцыю. Памятаю, калі я быў малы, яго колькі разоў спынялі за перавышэнне хуткасці – ён трымаўся нязменна дзёрзка, ніколі не ліслівіў, ніколі не лізаў азадкаў, каб яго пакінулі ў спакоі. Пабачыўшы, як па вуліцы з завываннем імчыць паліцэйская машына, ён заўсёды пагардліва кідаў: “На вячэру дамоў спяшаюцца”. Але сёння ён з задавальненнем сёрбаў салодкую гарачую гарбату ў кампаніі старэйшага паліцэйскага. Два аматары пачытаць Sunday Express, два стрыманыя флегматыкі, два сапраўдныя мужчыны, яны разглядалі надзейна звязаных сысункоў, што ляжалі каля іх ног, і дзівіліся, да чаго дакаціўся свет.
– Можна сабе ўявіць, з якіх сямеек яны выйшлі, – заўважыў мой тата.
– Маці – на сацыяльнай дапамозе, – прыпусціў старэйшы паліцэйскі. – Бацька, напэўна, даўно зваліў. Калі ўвогуле быў. І ў выніку за выхаванне гэтых хлопчыкаў-малойчыкаў мусіць плаціць дзяржава. То бок мы з Вамі.
– Чыстая праўда. І наўрад ці яны ўдзячныя падаткаплатнікам, што іх утрымліваюць. Бач, толькі й ведаюць, што свае правы! Адныя правы – і ніякіх абавязкаў.
– Іх паўсюль поўна – жанчын з гурмамі вісклівых малых, ды без заручальнага пярсцёнка.
– Не, ну гэта проста фантастыка: каб вадзіць машыну, трэба правы, каб завесці сабаку, трэба ліцэнзія. А пусціць у свет дзіця кожны можа – ніякага дазволу не трэба!
Я пайшоў на кухню разам з мамай і Пэтам. Цікава, і чаго гэта ўсе добрапрыстойныя грамадзяне так уз’еліся на самотных маці? Урэшце самотная маці – адрозна ад бацькі – не кінула сваіх дзяцей.

Хоць бацька і мог праглынуць на сняданак парачку злодзеяў, але гвалту ён страшэнна не любіў. Ён не ўпісваўся ў міфалагізавана-кіношны тып ветэрана, якога зрабіла жорсткім вайна. Дабрэйшага чалавека я ніколі ў жыцці не сустракаў.
Так, праўда, у дзяцінстве я пару разоў назіраў, як бацьку прарывала. Калі мне было прыкладна столькі, колькі цяпер Пэту, мама працавала няпоўны дзень у кандытарскай, і менеджэр, свалота, не дазволіў ёй адказаць на прыватны званок са шпіталю, дзе паміраў ад раку ейны бацька, а мой дзядуля. Я бачыў, як тата схапіў гэтую поскудзь за горла – ён бы сказаў: “за шкірку” – і ўзняў у паветра. Той думаў, бацька яго заб’е. Я таксама.
Былі і іншыя: нахабны ратавальнік у басейне, які адпусціў непрыстойнасць наконт маіх занадта яркіх надзіманых нарукаўнічкаў; матацыкліст, які нас падрэзаў, калі мы ехалі па жнівеньскай спёцы на мора на трохдзённы выходны. Бацька даў ім рады тым жа манерам, што і нашым прышчаватым дамушнікам. Але ён ніколі і пальцам не крануў мяне ці маму.
Вайна засталася ў ім назаўжды – ад яе нікуды не падзенешся, як не падзенешся ад чорных зазубраных аскепкаў шрапнэлі, што ўсё жыццё спакваля выпаўзалі з бацькавага загартаванага старога цела. Аднак сапраўдныя жыццёвыя трагедыі: смерць сяброў, што яшчэ не адзначылі паўналецце, смерць забітых ім людзей, усе нечалавечыя жахі, што ён бачыў і сам чыніў, – для бацькі скончыліся раней, чым яму споўнілася дваццаць. Для мяне ён заўсёды быў воем – марскім пехацінцам Брытанскага каралеўскага флоту са срэбным медалём на грудзях. Але насамрэч апошнія пяцьдзесят гадоў бацька быў зусім іншым чалавекам.
Пасля вайны ён пяць гадоў прадаваў у шапіку садавіну й гародніну. Тады ажаніўся з мамай і адкрыў сваю краму зяленіва на першым паверсе дому, дзе месцілася іх кватэра. Больш за дзесяць гадоў у іх не было дзяцей, хоць яны адчайна хацелі завесці немаўля. Тое проста адмаўлялася з’яўляцца на свет – і ўсё тут.
Нарэшце, калі ім ужо здавалася, што гэтага, бадай, ніколі не адбудзецца, нарадзіўся я. І з таго самага дня, калі мы пераехалі са сваёй маленькай кватэркі над крамай, і да самага сыходу на пенсію бацька працаваў менеджэ­рам па пастаўках прадукцыі у вялікай сетцы супермаркетаў. Ён шмат ездзіў па крамах Кенту, Эсэксу, графства Усходняя Англія, сачыў, каб садавіна і гародніна адпавядалі ягоным высокім патрабаванням.
Для ўсяго астатняга свету бацька не быў ваяром. А для мяне ён на­заўсёды застаўся героем. І пры гэтым ён ніколі камара не заб’е. У лі­таральным сэнсе. Бо, мабыць, бачыў столькі гора і крыві, што дазвання хапіла на ўсё жыццё. І калі ў наш дом у прыгарадзе з бацькавага дагле­джанага саду залятала ці запаўзала якая-кольвек казюрка, тата забараняў нам з мамай хоць пальцам яе крануць.
І ён схіляўся перад якім-небудзь матылём з пашкоджаным крылцам ці вандроўнікам-мурашом (ці перад асой, мухай або мышшу – для яго не існавала нізкіх ці брудных, гідкіх стварэнняў), садзіў іх сабе на далонь, ці ў пачак з-пад запалак, ці ў слоік з-пад сочыва, урачыста нёс да дзвярэй у сад і асцярожна выпускаў назад, у дзікую прыроду, а мы з мамай пакеплівалі з яго ды жартам спявалі хор з “Народжанага вольным”.
І хоць мы смяяліся з бацькі, маё дзіцячае сэрца трымцела ад за­хап­лення.
Мой бацька – моцны мужчына, які навучыўся мяккасці і дабрыні, які, нагледзеўшыся на смерць, навучыўся па-сапраўднаму цаніць жыццё. Куды мне да яго, ну куды мне да яго?

Пэт не хацеў вячэраць. Магчыма, яго ўзрушыла размова з маці. Магчыма, яго расхвалявала няўдалае рабаўніцтва. Але наўрад ці. Напэўна, рэч у тым, што я папросту хрэнова гатую.
Я пачаў турбавацца наконт ягонага харчавання. Наколькі спажыўныя ўсе гэтыя дастаўляныя піццы ды стравы для разагрэву ў мікрахвалеўцы? Не надта. Пэт еў хоць нешта аддалена падобнае да здаровай ежы, толькі калі мы ездзілі да маіх бацькоў ці хадзілі ў рэстаранчыкі. І вось аднойчы ўвечары я зварыў трохі гародніны і ўторкнуў яе ў макароны з мікрахвалеўкі.
– Фу-у-у, – сказаў Пэт, разглядаючы памаранчавае колца на канцы лыжкі. – Што гэта за дрэнь?
– Пэт, гэта завецца “морква”. Няўжо ты не ведаеш? Яна табе вельмі карысная. Ну, давай, з’ядай хуценька!
– Я не галодны, – Пэт паспрабаваў вылезці з-за стала.
– Чакай. Ты нікуды не пойдзеш, пакуль усё не з’ясі.
– Я не хачу есці, – ён паглядзеў на памаранчавае колца, што плавала ў бурбалках сярод макароннага варыва. – Фу-у-у, які смак!
– Еж вячэру.
– Не буду.
– Пэт, я цябе прашу: еж.
– Не.
– Ты будзеш вячэраць ці не?
Не!
– Тады ў ложак.
– Дык яшчэ ж рана!
– Так, зараз час вячэраць. А як не хочаш вячэраць – можаш ісці ў ложак.
– Гэта несправядліва!
– Жыццё – рэч несправядлівая! Ідзі ў ложак!
– Я цябе ненавіджу!
– Ты не мяне ненавідзіш, а тое, што я гатую! Ідзі, надзявай піжаму!
Калі Пэт вырваўся прэч з кухні, я схапіў ягоную талерку і выкінуў усю гэтую мікрахвалевую дрэнь з пераваранай гароднінай у сметніцу. Потым яшчэ доўга трымаў талерку пад гарачай вадой – пакуль не паапякаў сабе пальцы. Напраўду злавацца на Пэта за тое, што ён не стаў гэтага есці, я не мог. Напэўна, яно было неядомае.
Калі я зайшоў у Пэтаву спачывальню, ён у вопратцы ляжаў на пасцелі і ціхенька румзаў. Я пасадзіў яго, выцер вочы і дапамог нацягнуць піжаму. Ён проста правальваўся ў сон: вочы напаўзаплюшчаныя, раток прыпухлы, галава гойдаецца, як у сабачкі, што ставяць на прыборную панэль у машынах. Значыць, яму толькі на карысць легчы раней. Але я не хацеў, каб ён заснуў з нянавісцю да мяне.
– Пэт, я ведаю: кухар я ніякі. Мне далёка да бабулі і да мамы. Але я пастараюся гатаваць лепш, добра?
– Таты не ўмеюць гатаваць.
– Ну, гэта няпраўда.
– Ты не ўмееш гатаваць.
– Гэта праўда. Гэты тата гатаваць не ўмее. Аднак жа ёсць шмат мужчынаў – выдатных кухараў. Знакамітыя шэф-кухары ў модных рэстаранах. І звычайныя мужчыны таксама. Мужчыны, што жывуць адны. Таты маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Я паспрабую стаць такім, як яны. Я пастараюся гатаваць добра, каб табе падабалася. Лады, сынку?
Ён адвярнуўся, недаверліва хмыкнуўшы ў адказ на такія да абурэння непраўдападобныя словы. Я яго разумеў. Я і сам сабе паверыць не мог. Відаць, нам абодвум давядзецца ад усяе душы палюбіць сэндвічы.
Я адвёў Пэта ў купальню пачысціць зубы, а калі мы вярнуліся ў ягоны пакой, мне ўдалося ўгаварыць малога, каб ён пацалаваў мяне перад сном. Праўда, зрабіў ён гэта неахвотна – мірыцца яму не хацелася. Паўтараючы сабе, што да раніцы Пэт забудзецца пра гэтую паганую моркву, ліха на яе, я падтыкнуў яму коўдру і згасіў святло.
Вярнуўшыся ў гасцёўню, я плюхнуўся на канапу. Трэба тэрмінова знайсці працу. Сёння зранку я атрымаў ліст з банку пра стан майго рахунку. Адкрыць яго духу не хапіла.
Мяне звольнілі па-сучаснаму: дачакаліся, калі скончыцца кантракт, і кінулі костку – усяго адзін заробак за месяц. Ён ужо разышоўся. Трэба тэрмінова знайсці працу, бо да зарэзу патрэбныя грошы. Але ёсць яшчэ адна прычына: трэба знайсці працу, бо нічога больш я рабіць не ўмею.
Я ўзяў газету, разгарнуў на старонцы “Вакансіі” і стаў абводзіць алоўкам аб’явы пра пасады прадзюсераў на радыё і тэлебачанні, што здаваліся мне перспектыўнымі. Аднак праз колькі хвілін млявых пошукаў я адклаў газету, паціраючы вочы. Я занадта стаміўся, каб зараз пра гэта думаць.
А па відзіку ўсё круцілася “Імперыя: удар у адказ” – пра бітву сіл дабра і зла ў снягах нейкай далёкай-далёкай планеты. І хоць гэтая каніцель была нязменным гукавым фонам нашага жыцця, і часам здавалася, што я ад яе вар’яцею, я так змарыўся, што не мог шчоўкнуць пультам.
З ледзяной пустэчы дзеянне перанеслася ў нейкае цёмнае булькатлівае балота: мудры стары раскрываў Люку Скайуокеру ягоны лёс. І раптам я зразумеў, як шмат у Люка правобразаў бацькі – здаецца, на ўвесь спектр бацькоўскіх амплуа.
Ёда, стары, увесь у зморшчынах мудрэц, у якога з вострых зялёных вушэй зыходзяць добрыя парады. І Обі-Ван Кенобі, у якога саматужнае маралізаванне спалучаецца са старамоднай суворай любоўю.
І нарэшце – Дарт Вадэр, Чорны Валадар Сіту, напэўна, больш адпаведны духу нашага часу: бацька, якога няма з дзецьмі, тата, якому напляваць на малых, продак-сябелюбец, які ставіць уласныя жаданні (у выпадку з Вадэрам – імкненне заваяваць сусвет) вышэй за ўсялякія бацькоўскія абавязкі.
Мой бацька пэўна належаў да тыпу Обі-Ван Кенобі. І я таксама хацеў быць такім.
Але я заснуў на канапе пасярод газет з аб’явамі пра вакансіі. Відаць, я заўсёды буду нашмат больш падобны на чалавека ў чорным капелюшы, на бацьку, у якога няма ні цярплівасці, ні часу, назаўжды апанаванага цёмнымі сіламі.

14.

– Я ведаю, у Вас пэўныя праблемы дома, – настаўніца “нулёўкі” сказала так, нібы ў мяне не хацела працаваць пасудамыйка, нібы можна проста ўзяць у рукі тэлефонны даведнік і давесці да ладу маё жыццё. – І паверце: усе мы тут, у “Дзетках з Кэнанберы”, шчыра Вам спачуваем.
Гэта праўда. Калі я зранку прывозіў Пэта, настаўніцы ў “Дзетках з Кэнанберы” насіліся з ім, як курыца з першым яйкам. Калі ў яго зноў палатнеў твар, ніжняя губа пачынала дрыжаць, а вялізныя сінія вочы напаўняліся слязьмі, бо яго зноў на цэлы дзень адрывалі ад мяне, настаўніцы выяўлялі ўсю сваю чалавечую спагаду.
Аднак урэшце Пэт – не іхняя праблема. І пры ўсёй сваёй дабрыні яны не маглі склеіць аскепкі, на якія разбілася ягонае жыццё.
Пэт не выносіў расстанняў са мной – хіба што калі заставаўся з апантанымі ліхаманкавай весялосцю бабуляй ды дзядулем. Кожную раніцу ля брамы “Дзетак з Кэнанберы” разыгрывалася цяжкая драма. Я вяртаўся дамоў і гадзінамі хадзіў узад-уперад па гасцёўні, не знаходзячы сабе месца: ну як ён там? А між тым у “нулёўцы” мой бедны Пэт усё пытаўся ў настаўніцаў, праз колькі часу яму можна будзе дахаты, і плакаў над сваімі маляванымі пальцам карцінкамі.
Нічога добрага з “нулёўкі” не выходзіла. І на фоне клапатлівых размоваў пра тое, што, можа, варта звярнуцца да дзіцячага псіхолага і што час загоіць усе раны, Пэта выключылі.
Калі іншыя дзеці ўселіся ляпіць пластылінавых чарвякоў, я ўзяў Пэта за руку і апошні раз вывеў з гэтага размаляванага ўсімі колерамі вясёлкі цокальнага паверху. Малы імгненна павесялеў. Ён не адчуваў сябе зломкам – ён быў надта шчаслівы і ўсцешаны. Настаўніцы бадзёра махалі яму на развітанне. Дзеці ненадоўга ўзнялі галовы і зноў вярнуліся да сваіх няхітрых спраў.
А я ўяўляў, як гадоў праз дзесяць мой сын, выкінуты з “нулёўкі”, вер­нецца да брамы “Дзетак з Кэнанберы”, каб кпіць з іх ды здзекавацца і прадаваць ім усім крэк.

Праца здавалася проста ідэальнай.
На канале хацелі зрабіць шоў пад маладога ірландскага коміка, які ўжо вырас з таго, каб выступаць у клубах, але яшчэ не дарос, каб здымацца ў рэкламе піва.
Старамодны пераказ показак – гэта не для яго. Але на Эдынбургскім фестывалі ён зрабіў фурор сваім выступам, пабудаваным выключна на кантакце з аўдыторыяй.
Замест таго, каб хахмачыць, ён размаўляў з залай, выязджаючы на дасціпных заўвагах публікі і сваім кельцкім абаянні. Ён проста створаны для таго, каб весці ток-шоў. Адрозна ад Марці ды ўсіх іншых вядучых, гэты можа абысціся і без зорак, гатовых раскрываць таямніцы свайго прыватнага жыцця, і без публічных асобаў, ахвочых ганьбіць сваё імя. Ён нават мог сам пісаць тэксты. Прынамсі, гэта ў тэорыі. Яму адно што неабходны вопытны прадзюсер.
– Мы вельмі радыя Вас бачыць, м-р Сільвер, – казала жанчына насупраць – рэдактар-наймальнік.
Ва ўладзе гэтай невысокай, гадоў трыццаці пяці кабеты – змяніць маё жыццё. Паабапал яе згодна ўсміхаліся два мужчыны ў акулярах – прадзюсер і рэдактар серыі. Я таксама ўсміхаўся ў адказ. Я таксама быў вельмі рады.
Акурат гэтае шоў мне і трэба, каб усё перамянілася на лепшае. Заробак большы, чым тое, што я хоць калі атрымліваў у “Шоў Марці Мэна”, бо я трапіў да іх з іншага тэлешоў, а не з нейкай заседжанай мухамі радыёстанцыі. І хоць у мяне ад сэрца адхлала, што не трэба будзе больш хвалявацца пра вяртанне жыллёвага крэдыту і выплаты за машыну, рэч не толькі ў грошах.
Я адчуў, як мне не хапала таго, каб кожны дзень хадзіць на працу. Не хапала тэлефанаванняў, нарад, заспакаяльнай працоўнай завядзёнкі. Не хапала працоўнага стала. Не хапала нават кабеты, што разносіць сэндвічы і каву. Мне надакучыла сядзець дома ды гатаваць сыну ежу, якую ён не мог есці. Мне абрыдла адчуванне, што жыццё праходзіць паўз мяне. Я хацеў зноў на працу.
– Ваш унёсак у “Шоў Марці Мэна” гаворыць сам за сябе, – адзначыла рэдактар-наймальнік. – Няшмат знойдзецца радыёшоў, што паспяхова прыжыліся на тэлебачанні.
– Марці выдатны вядучы, – адказаў я. “Няўдзячны мяшок лайна, каб цябе чэрці смажылі”. – Мне з ім было лёгка.
– Вы так па-добраму да яго ставіцеся, – заўважыў рэдактар серыі.
– Марці цудоўны хлопец, – сказаў я. “Здраднік, ублюдак хрэнаў”. – Я яго люблю.
Я са сваім новым шоў скручу цябе ў рог, Марці, а бадай ты прагары! Да д’ябла тваю дыету. Да д’ябла трэнажорную залу з індывідуальным трэнерам. Ты, Марці, выляціш зноў на мясцовае радыё – там табе і месца.
– Спадзяюся, у Вас складуцца гэткія ж добрыя стасункі з вядучым нашага шоў, – сказала жанчына. – Эман Фіш таленавіты маладзён, але ён не адолее дзевяць выпускаў запар без дапамогі чалавека з Вашым досведам. Таму мы б хацелі прапанаваць Вам гэтую працу.
Я бачыў наперадзе блаславёныя, запоўненыя працай тыдні. Уяўляў сцэнарныя нарады ў панядзелак, невялічкія ўзлёты і падзенні па меры таго, як з’яўляюцца і выпадаюць госці; уяўляў, як нарэшце складваецца канчатковы варыянт сцэнара; уяўляў нервознасць і мітусню падчас рэпетыцыі ў студыі; уяўляў юпітэры, камеры і адрэналін у крыві, пакуль здымаецца праграма, і нарэшце ўяўляў неапісальную палёгку, што ўсё гэта скончана – да наступнага тыдня. І заўсёднае ідэальнае алібі, каб не рабіць тое, чаго не хочаш: зашмат працы, зашмат працы, зашмат працы.
Мы падняліся, паціснулі рукі, і яны выйшлі са мною ў галоўны офіс, дзе чакаў Пэт. Ён сядзеў на стале, а вакол увіваліся некалькі супрацоўнікаў: гладзілі Пэта па галаве, праводзілі па шчацэ і здзіўлена глядзелі яму ў вочы, уражаныя і зачараваныя тым, які ён увесь навюткі – аж блішчыць. У такіх офісах нячаста напаткаеш чатырохгадовага чалавечка.
Я быў трохі хваляваўся, што давядзецца браць з сабой Пэта. І рэч не толькі ў тым, што ён мог не захацець заставацца адзін пад дзвярыма пакою для сумоўяў. Я не хацеў, каб яны тыцкалі насы ў тое, што я на дадзены момант у ролі самотнага бацькі. Як можна прыняць на працу чалавека, вымушанага паўсюль валакчы за сабой сына? Як можна даверыць пасаду прадзюсера таму, хто нават не можа знайсці дзіцяці няньку?
Дарэмна я хваляваўся. Іх здзівіла, але і кранула тое, што я прыйшоў на су­моўе з сынам. А Пэт паказваў дзівосы абаяння і гаваркосці, радасна паведамляючы слухачам усе пікантныя падрабязнасці расстання бацькоў.
– Так, мама за мяжой, у Японіі. Там ездзяць па левым баку, як і ў нас. Так, яна мяне забярэ. Я жыву з татам, але на выходныя часам застаюся ў дзядулі з бабуляй. Мама мяне любіць, а тата ёй цяпер толькі падабаецца.
Пабачыўшы мяне, Пэт аж заззяў. Ён саскочыў са стала, бегма кінуўся мне ў абдоймы і пацалаваў у шчаку з утрапеннем, засвоеным ад Джыны.
Я трымаў яго на руках, а тэлевізійнікі радасна ўсміхаліся нам і адно другому. І тут я раптам убачыў у рэальным святле бліскучую кар’еру, што перада мною адкрывалася: выходныя, праведзеныя над сцэнаром, нарады, што рана пачынаюцца і позна сканчаюцца, бясконцыя гадзіны ў студыі, дзе трымаюць ледзь не мінусавую тэмпературу, каб на ілбе ў вядучага не праступалі кропелькі поту, – і зразумеў, што не магу згадзіцца на гэтую працу.
Ім падабалася, што самотны бацька выхоўвае сына, але толькі ў жорстка абмежаваных часавых рамках. І ім зусім не спадабаецца, калі кожны дзень а шостай я буду звальваць з працы, каб гатаваць Пэту на вячэру рыбныя палачкі. Вось у чым фішка.
Ім гэта зусім не спадабаецца.

15.

Калі Пэт застаўся на ноч у маіх бацькоў, я патэлефанаваў Джыне. Я зра­зумеў, што мне трэба з ёю пагаварыць. Па-сапраўднаму пагаварыць, а не проста крычаць, нудзьгаваць ды кідацца пагрозамі. Сказаць ёй, што са мною адбываецца. Распавесці, што я думаю.
– Вярніся дамоў, – вымавіў я. – Я кахаю цябе.
– Як можна кахаць – сапраўды кахаць – і спаць з некім іншым?
– Не ведаю, як патлумачыць. Але гэта было лёгка.
– А дараваць нашмат цяжэй, разумееш?
– О Божа, ты хочаш, каб я прыпоўз да цябе на каленях?
– Гары, рэч не ў тым, каб ты што-небудзь зрабіў. Рэч ува мне.
– А што рабіць з нашым супольным жыццём? Джына, мы ж столькі пражылі разам. Як ты можаш усё выкінуць праз адну памылку?
– Я нічога не выкідала. Гэта ты ўсё выкінуў.
– Ты мяне больш не любіш?
– Вядома, я люблю цябе, ты, крэтын. Але я больш цябе не кахаю.
– Чакай-чакай. Любіш, але не кахаеш? Як гэта?
– Ты так глыбока мяне параніў. І параніш зноў. І наступным разам цябе не будзе гэтак грызці адчуванне віны. Наступным разам ты знойдзеш сабе апраўданне. А потым ты ў адзін цудоўны дзень сустрэнеш дзяўчыну, якая табе па-сапраўднаму спадабаецца. І тады ты мяне кінеш.
– Ніколі.
– Гары, так заўсёды бывае. Я гэта ўсё ўжо бачыла. Ва ўласных бацькоў.
– Ты кажаш, што любіш мяне, але не кахаеш… Як цябе разумець?
– Любоў – гэта тое, што застаецца, калі прамінае каханне. Гэта калі та­бе нехта неабыякавы, калі ты спадзяешся, што ён будзе шчаслівы, але не маеш ніякіх ілюзій на ягоны конт. Можа, гэткая любоў не кружыць галаву, не палае жарсцю, не вабіць рамантыкай, што з часам блякне. Рамантыкай, якую ты так любіш. Але ўрэшце гэткая любоў – адзінае, што насамрэч істотна.
– Я абсалютна не кемлю, пра што ты, – прызнаўся я.
– Вось у гэтым і ўся твая бяда.
– Кінь Японію. Вярніся дамоў. Джына, ты ўсё яшчэ мая жонка.
– Я бачуся з іншым, – адказала яна, і я адчуў сябе як іпахондрык, у якога нарэшце пацвердзіўся смяротны дыягназ.
Я не здзівіўся. Я так доўга адчайна гэтага баяўся, што калі нарэшце мае самыя горшыя страхі спраўдзіліся, адчуў нейкую змрочную палёгку.
Я чакаў гэтага – з жахам чакаў – з таго самага моманту, як за Джынай зачыніліся дзверы. У пэўным сэнсе я ўсцешыўся, што гэта здарылася: больш не трэба хвалявацца, калі гэта здарыцца. І я не ідыёт, каб лічыць, нібы маю права абурацца. Аднак я так і не вырашыў: што рабіць з вясельнымі фотаздымкамі? Што трэба рабіць з вясельнымі фотаздымкамі, калі людзі разыходзяцца?
– Забаўны стары выраз, – сказаў я. – “Бачуся”. Як быццам ты проста назіраеш. Разглядаеш. Але насамрэч усё зусім наадварот. Гэта што заўгодна, толькі не проста глядзенне. То бок, калі ты з некім бачышся, значыць, вы зайшлі нашмат далей, чым проста глядзець. Наколькі гэта сур’ёзна?
– Не ведаю. Як тут вызначыш? Ён жанаты.
– Во, бля!…
– Але гэта не… Напраўду ў іх у сям’і даўно ні ладу, ні складу. Яны паў­ра­зышліся.
– Ён так табе сказаў? “Паўразышліся”? І ты яму паверыла? “Паў­разышліся”. Якая зручная сваёй туманнасцю фармулёўка. Ніколі раней не чуў. “Паўразышліся”. Выдатна прыдумана. Прыкрыццё на ўсе выпадкі жыцця. Так ён можа спакойненька трахаць вас абедзвюх. Хай жоначка застаецца дома, гатуе сушы, а ён пакуль выслізне ў бліжэйшы гатэль з табою.
– Гары, на тваім месцы трэ’ было б пажадаць мне шчасця. Як міні­мум.
– Хто ён такі? Нейкі японскі службоўца, якому ў кайф спаць з заходнімі жанчынамі? Джына, японцам нельга давяраць. Думаеш, ты іх дасканала вывучыла? Ды ты іх зусім не ведаеш. У іх не такая, як у нас, сістэма каштоўнасцяў. Японцы – раса хітруноў і крывадушнікаў.
– Ён амерыканец.
– Што ж ты адразу не сказала? Гэта яшчэ горш.
– З кім бы я ні сышлася, ён бы табе не спадабаўся, так, Гары? Быў бы ён эскімос, ты б сказаў: “Вох, Джына, гэтыя эскімосы… Халодныя рукі – халодныя сэрцы. Трымайся чым далей ад эскімосаў”.
– Я проста не разумею, чаму цябе цягне на замежнікаў.
– Можа, таму, што я кахала мужчыну са сваёй роднай краіны. І ён раз­біў мне сэрца.
Я не адразу сцяміў, што яна пра мяне.
– Ён ведае, што ў цябе дзіця?
– Само сабою, ведае. Няўжо ты думаеш, я б стала гэта хаваць?
– І як ён рэагуе?
– У сэнсе?
– Ён цікавіцца Пэтам? Хвалюецца за яго? Жадае, каб у яго ўсё было добра? Ці ён проста хоча трахацца з ягонай маці?
– Гары, калі ты будзеш так казаць, я павешу слухаўку.
– А як іначай мне выказацца?
– Мы не размаўлялі пра будучыню. Да гэтага яшчэ не дайшло.
– Калі дойдзе, паведамі мне.
– Абавязкова. Але, калі ласка, не ўпікай мяне Пэтам.
Вось як гэта выглядае? Я не мог разабрацца, дзе сканчаецца мая шчырая трывога за Пэта і пачынаецца чыстая рэўнасць.
Пэт быў адной з прычынаў, чаму я хацеў, каб Джынін мужчына загінуў у авіякатастрофе. Але я ведаў: гэта не адзіная прычына. Магчыма, нават не галоўная.
– А ты не настройвай сына супраць мяне, – сказаў я.
– Гары, ты пра што гэта?
– Пэт кожнаму сустрэчнаму распавядае, маўляў, ты яму сказала, што любіш яго, а я табе толькі падабаюся.
Джына ўздыхнула.
– Я гэтага не казала. Я сказала яму тое ж самае, што табе. Што я люблю вас абодвух, але, на вялікі жаль, я больш не кахаю цябе.
– Я так і не зразумеў, што гэта азначае.
– Гэта азначае, што мне прыемна згадваць пражытыя з табой гады. Але ты зрабіў мне так балюча, што я ніколі не змагу ні дараваць, ні давяраць табе зноў. Напэўна, гэта азначае, што ты ўжо не той мужчына, з якім я хачу пражыць рэшту жыцця. Ты надта падобны да ўсіх іншых мужчынаў. Ты надта падобны да майго бацькі.
– Паслухай, я не вінаваты, што твой продак сышоў ад вас з мамай.
– У мяне быў шанец развітацца з мінулым – ты. Але ты ўсё спаскудзіў. Ты таксама нас кінуў.
– Джына, хопіць. Гэта была толькі адна ноч. Колькі яшчэ разоў мы будзем паўтараць адное і тое ж?
– Пакуль ты не зразумееш, што я адчуваю. Змог зрабіць аднойчы – зможаш тысячу разоў. Першы закон бледавання. А агульная тэорыя бледавання адназначна сцвярджае: той, хто здрадзіў аднойчы, будзе здраджваць зноў і зноў. Я верыла табе – ты разбіў гэтую веру. І я проста не ведаю, як яе склеіць. І гэта, Гары, таксама мяне раніць. Я не настройвала Пэта супраць цябе. Я толькі спрабавала патлумачыць яму сітуацыю. А ты, як ты яе тлумачыш?
– Я нічога не магу патлумачыць, нават самому сабе.
– Пастарайся. Бо калі ты не зразумееш, што паміж намі адбылося, ты ніколі ні з кім не будзеш шчаслівы.
– Патлумач ты.
Яна ўздыхнула. Я чуў ейны ўздых на іншым баку Зямлі, у Токіё.
– Я думала, у нас добрая сям’я, а ты думаў, што яна ператвараецца ў занудную штодзённасць. Ты, Гары, тыповы рамантык. Шлюб не адпавядае тваім пустым нерэальным летуценням – ты яго разбіваеш. Ты ўсё знічшыў. І потым маеш нахабства ўдаваць з сябе пацярпелага.
– Хто ў цябе за псіхатэрапеўта? Твой каханак-янкі?
– Я абмяркоўвала ўсё, што здарылася, з Рычардам.
– З Рычардам? Яго зваць Рычард? Ха! Госпадзе Ісусе!
– Абсалютна нармальнае імя. Нічым не горшае за Гары.
– Рычард. Рыч. Чортаў хрыч. Рычард-Рычард-Рычардзік. Дзікі дзік.
– Я часам гляджу на цябе з Пэтам і не разумею, каму з вас чатыры гады.
– Няма нічога больш простага. Я ўмею сікаць, не робячы лужынаў на падлозе.
– Ты сам ува ўсім вінаваты, – сказала Джына, перш як павесіць слу­хаўку. – Не цаніў, што меў.
Няпраўда. Мне хапала клёку разумець, што я маю. Але не хапіла глузду захаваць.

Як у любой пары, што жыве пад адным дахам, у нас неўзабаве склаліся штодзённыя рытуалы.
На самым досвітку Пэт, не прадраўшы вачэй, целяпаўся ў маю спачывальню, пытаўся: “Што, час падымацца?” Я адказваў: “Елкі-палкі, яшчэ самая ноч”, – і ён залазіў да мяне ў ложак і імгненна засынаў на Джыніным месцы, раскідваў ручкі і ножкі ў неспакойным, трывожным дзіцячым сне, так што я ўрэшце разумеў: мне ўсё адно не заснуць, і падымаўся.
Калі Пэт выцягваў сябе з ложка, я чытаў на кухні газеты і адразу ж чуў, як ён праслізгвае ў гасцёўню і ўключае відэа.
Цяпер, калі Пэта выкінулі з “нулёўкі”, а мяне – з працы, нам не было куды спяшацца. Аднак я ўсё ж імкнуўся не дазваляць яму рабіць толькі тое, што хочацца. А хацелася яму цэлы дзень глядзець “Зорныя войны”. Таму я ішоў у гасцёўню, выключаў відзік і пераправодзіў Пэта на кухню. Там ён вошкаўся з талеркай кукурузных хлапакоў, пакуль я нарэшце не вяртаў яму свабоду.
Калі мы памыемся і адзенемся, я браў яго ў парк. У Пэта быў ровар “Званочак” са стабілізатарамі. Мы з сынам часам гаварылі пра тое, каб зняць стабілізатары і паспрабаваць катацца на двух колах. Аднак нам абодвум здавалася, што гэта да немагчымасці вялікі скачок наперад. Джына б ведала, калі здымаць стабілізатары. Гэта па ейнай частцы.
Удзень мама звычайна забірала Пэта, і я меў магчымасць схадзіць у краму, прыбраць у доме, турбавацца, дзе ўзяць грошы, мерыць крокамі гасцёўню – узад-уперад – і ўяўляць, як Джына стогне ад асалоды ў ложку з іншым.
Але зранку мы з Пэтам хадзілі ў парк.

16.

Пэт любіў катацца на ровары ўздоўж адкрытага басейна на ўскрайку парку.
Маленькі басейн амаль увесь год стаяў без вады. Мясцовая рада з вялікай неахвотай дазваляла напоўніць яго на некалькі тыдняў у пачатку лета, і тады ад хлоркі дзеці, што ў ім купаліся, пахлі так, нібы іх акунулі ў заводскія сцёкі.
Ваду злівалі задоўга да канца лета, і з дна басейна вывуджвалі беспрытульны вазок з супермаркету. Была яшчэ толькі сярэдзіна жніўня, а пра басейн ужо забыліся да наступнага года ўсе, апроч Пэта з ягоным “Званочкам”.
Амаль заўсёдна пусты басейн наводзіў тугу. Ён месціўся ў бязлюдным кутку парку, далёка-далёка ад дзіцячай пляцоўкі, дзе вішчалі ад радасці малыя, і ад маленькай кавярні, дзе мамы і таты – пераважалі мамы – бясконца пілі гарбату.
Але басейн абымала вузкая стужка асфальту, па якой Пэт мог спакойна катацца на ровары. Там яму не было патрэбы пракладаць сабе шлях праз выкінутыя кебабы, скарыстаныя кандомы і сабачыя какашкі, што засмецілі ледзь не ўвесь парк. І, праўду кажучы, мне самому хацелася трымацца чым падалей ад усіх гэтых мамаш.
Я чытаў іхнія думкі, калі яны назіралі, як мы з Пэтам штораніцы пры­ходзім у парк.
“Дзе ягоныя маці?”
“Чаму ён не на працы?”
“Гэта праўда ягонае дзіця?”
Вядома, я разумеў іх занепакоенасць: усё ж большасць вычварэнцаў у гэтым свеце – ганарлівыя ўладальнікі пеніса. Аднак мне абрыдла выбачацца за тое, што я прыводжу сына пагуляць у парк. Мне абрыдла адчуваць сябе ненармальным. Таму мяне цалкам задавальняў пусты басейн.
– Татуля! Паглядзі на мяне!
Пэт, цяжка дыхаючы, спыніўся каля далёкага канца басейна, побач з падобнай да абрубка дошкай для нырцавання, край якой вытыркаўся над глыбейшай часткай пустога басейна.
Я, седзячы на лаўцы з газетай у руках, усміхнуўся яму, і, убачыўшы, што я гляджу на яго, Пэт стартануў на сваім “Званочку” вакол басейна: вочы блішчаць, валасы разлятаюцца, маленькія ножкі круцяць педалі.
– Не пад’язджай да краю!
– Ага!
Я пяты раз за апошнія пяць хвілінаў прачытаў першы сказ артыкула пра калапс японскай эканомікі.
Мяне пачала глыбока цікавіць гэтая тэма. Я шкадаваў японцаў: ім здрадзіла сістэма, у якой яны існавалі ўсё сваё жыццё. Але да звычайнага чалавечага спачування дамешвалася нейкае задавальненне. Мне хацелася прачытаць, як зачыняюцца банкі, як прыніжаныя, зганьбаваныя топ-менеджэры кланяюцца і рыдаюць на прэс-канферэнцыях, як экспатрыянты, толькі што далучыўшыся да ліку беспрацоўных, спяшаюцца ў аэрапорт Нарыты, каб наступным жа рэйсам вярнуцца на радзіму. Асабліва пра гэта. Але я не мог засяродзіцца.
Я бачыў перад сабою толькі Джыну з Рычардам. Праўда, бачыў няясна. Джына ўяўлялася неяк расплывіста. Гэта была ўжо не мая Джына. Я не мог намаляваць сабе кватэру, дзе яна жыве, офіс, дзе яна працуе, маленькую забягалаўку, дзе яна кожны дзень абедае. Не мог усяго гэтага разгледзець. Я не мог уявіць не толькі ейнае новае жыццё – я ўжо амаль не бачыў ейнага твару. Але калі Джына была для мяне як у тумане, то Рычард – суцэльная белая пляма.
Ён маладзейшы за мяне? Багацейшы? Лепшы за мяне ў ложку? Мне хацелася б думаць, што Джына запала на ледзь не спарахнелага імпатэнта без капейкі ў кішэні. Але я разумеў: спадзявацца на гэта – што пра нябёсныя мігдалы марыць.
Я толькі ведаў, што ён жанаты. Але і тут не ўсё ясна. Што, бляха-муха, значыць “паўразышліся”? Ён дасюль жыве з жонкай? Яны ўсё яшчэ спяць разам? У іх ёсць дзеці? Гэта ў іх з Джынай сур’ёзна ці ён проста тлуміць ёй галаву? І чаго б я жадаў: каб яна была для яго чыста выпадковай прыгодай ці каханнем на ўсё жыццё? Што мяне глыбей раніла б?
– Паглядзі на мяне!
Я пахаладнеў.
Пэт вельмі акуратна пасунуў ровар на самы край дошкі для нырання. Ён балансаваў на вышыні тры метры над парэпаным, няроўным бетонным дном басейна. Седзячы на ровары, ён як мог выцягнуў ногі і ўтрымліваў раўнавагу мыскамі брудных красовак. Я ўжо шмат тыдняў не бачыў яго такім шчаслівым.
– Не рухайся! – крыкнуў я. – Не кранайся з месца!
Калі Пэт убачыў, як я бягу да яго, усмешка знікла з тварыка. Ну чаму я не ішоў паціху? Ну чаму не зрабіў выгляд, што ўсё добра? Заўважыўшы мой непрыхаваны жах, ён паспрабаваў злезці з дошкі. Аднак ускараскацца на яе было прасцей, чым саскочыць, і свет, здаецца, паплыў у мяне перад вачыма, калі я пабачыў, як адзін стабілізатар “Званочка” саслізнуў з дошкі, на нейкае імгненне крутануўся ў паветры, як Пэтавы ножкі ў брудных красоўках страцілі раўнавагу, задрыгаліся ў паветры, спрабуючы намацаць штосьці, чаго няма, і мой хлопчык разам са сваім роварам паляцеў стром галавою ў пусты басейн.
Пэт ляжаў пад дошкай для нырання. Зверху на яго яшчэ зваліўся ровар. З-пад капы бялявых валасоў пачала распаўзацца пляма крыві.
Я чакаў, каб ён уголас заплакаў, як ён плакаў год таму, калі скакаў з нашага ложка, як з трампліна, сарваўся з края і грымнуўся галавой аб камоду, ці яшчэ на год раней, калі ён падняўся на ножкі ў сваім складным крэселцы, паспрабаваў павярнуцца, каб усміхнуцца нам з Джынай, але крэселца перакулілася, ці як плакаў усялякі іншы раз, калі стукаўся галавой, ці зарываў носам, ці збіваў калені.
Я хацеў, каб ён заплакаў, бо тады б я ведаў: гэта не бяды, яшчэ адная дзіцячая драпіна – з кім не здарыцца? Але Пэт маўчаў – ані гуку, і ад гэтай моўчы ў мяне сцялася сэрца.
Вочы заплюшчаныя, спалатнелы, прыціснуты роварам твар – здавалася, ён забыўся ў нейкім страшным сне. Цёмны німб крыві вакол галавы рос і рос.
– Пэт! – я сцягнуў ровар і прыціснуў дзіця да сябе куды як мацней, чым трэба. – О Божа! – ліпучымі ад крыві пальцамі я выцягнуў з кішэні курткі мабільнік, ліхаманкава паспрабаваў увесці PIN-код і пачуў у адказ “біп-біп-біп” – слухаўка разрадзілася.
Я падхапіў сына на рукі.
Я кінуўся бегчы.

17.

З чатырохгадовым дзіцём на руках шмат не прабяжыш. Яно ўжо завялікае, зацяжкое, яго ўжо нязручна нават проста несці.
Я хацеў быў аднесці Пэта дамоў, каб прывезці ў шпіталь на машыне, але, спатыкаючыся на выхадзе з парку, сцяміў: так будзе задоўга.
Я ўварваўся ў рэстаранчык, дзе мы елі “зялёныя спагеці”, трымаючы на руках па-ранейшаму бледнага, моўкнага, акрываўленага Пэта. Быў час абеду, за столікі набілася паўнютка офісных супрацоўнікаў у гарнітурах. Яны таропіліся на нас, разявіўшы раты ды так і не данёсшы да іх накручаную на відэльцы карбанару.
– Выклічце хуткую!
Ніхто не паварушыўся.
Тады дзверы на кухню расчыніліся, з іх выйшла Сід, трымаючы спод, застаўлены стравамі, у адной руцэ, і нататнік для замоваў у другой. Яна зірнула на нас і здрыганулася, убачыўшы безжыццёвае цельца Пэта, кроў, што цякла ў мяне па руках і кашулі, мой ашалелы ад вусцішы твар.
Сід прафесійным жэстам апусціла спод на бліжэйшы столік і падышла да нас.
– Гэта мой сын! Выклічце хуткую!
– Я вас адвязу – так будзе хутчэй, – сказала яна.

Намаляваныя на падлозе шпіталя белыя рыскі паказвалі шлях да аддзялення траўматалогіі, але яшчэ раней, чым мы туды трапілі, нас абкружылі медсёстры і санітары. Пэта ўзялі з маіх рук і паклалі на насілкі. Тыя былі разлічаныя на дарослага, і ён здаваўся на іх такім маленькім. Ну зусім маленечкім.
Раптам на вочы навярнуліся слёзы. Я заміргаў, каб яны адступіліся. Я не мог на яго глядзець. І не мог не глядзець. Роднае дзіця ў шпіталі. Найгоршае, што можа здарыцца ў свеце.
Пэта пакацілі далей, па запоўненых людзьмі, шумных калідорах, асветленых блякла-жоўтымі лямпачкамі. Мне задавалі пытанні: калі ён нарадзіўся, на што хварэў, чым выкліканая траўма?
Я паспрабаваў нешта патлумачыць пра ровар, дошку для нырцавання, басейн без вады. Не ведаю, ці быў у маіх словах хоць які сэнс. Як на мяне, дык наўрад ці.
– Мы зоймемся хлопчыкам, – сказала медсястра, і насілкі, бразнуўшыся аб зялёныя дзверы-хістанкі, зніклі за імі.
Я хацеў зайсці ўслед. Краем вока я прыкмеціў людзей у зеленаватых халатах і масках, паліраваны хром медыцынскіх прыладаў і абцягнуты чымсьці мяккім стол, на які паклалі Пэта, тонкі і злавесны, як дошка для нырання.
Сід мякка ўзяла мяне за руку.
– Адпусціце яго, – сказала яна і павяла мяне ў маленькую панылую пачакальню, купіла ў аўтамаце дзве кавы ў полістыролавых кубачках. Не спытаўшыся, насыпала мне цукру.
– Вы ў парадку? – пацікацілася Сід.
Я адмоўна хітнуў галавой:
– Які я ідыёт.
– З дзецьмі такое бывае. Ведаеце, што са мной здарылася, калі я была прыкладна ў ягоным узросце?
Яна чакала, каб я нешта адказаў. Я зірнуў у шырока пасаджаныя карыя вочы.
– Што?
– Я глядзела, як дзеці гуляюць у бейсбол, падышла бліжэй і стала акурыт за адбівальнікам. Роўненька за ім, – яна ўсміхнулася мне. – Ён замахнуўся, каб адбіць мяч, і ледзь не знёс мне галаву. Біта была ўсяго толькі пластмасавая, але я звалілася ў непрытомнасці. Нават зоркі з вачэй пасыпаліся. Паглядзіце.
Сід адкінула з ілба чорны вэлюм валасоў. Акурат над брывом быў відаць тонкі белы шнар даўжынёю з пазногаць.
– Я разумею: Вам зараз вельмі цяжка, – сказала яна. – Але дзеці трывушчыя. Яны з такіх прыгодаў выкарасківаюцца.
– Там так высока. Ён гэтак моцна грымнуўся. І столькі крыві – паўсюль кроў…
Аднак я быў удзячны Сід за маленькі белы шнар. Я ацаніў тое, што ў дзяцінстве яна атрымала бейсбольнай бітай па галаве. Якая малайчына.
Нас знайшла маладая доктарка. Ёй было каля дваццаці пяці, і выглядала яна так, нібы з самага заканчэння медфакультэту ніводнага разу нармальна не выспалася. Яна крыху мне паспачувала, але гаварыла энергічна, па-дзелавому і праўдзіва, як інспектар на месцы аварыі.
– Стан Патрыка стабільны, але пры такім моцным удары трэба зрабіць рэнтген і камп’ютарную тамаграму мозгу. Мяне непакоіць магчымасць уціснутага пералому касцей чэрапу – гэта калі чэрап трэснуў, і фрагменты костнай тканкі зацягваюцца ўнутр і ціснуць на мозг. Я не хачу сказаць, што гэта здарылася. Я маю на ўвазе, што гэтага нельга выключаць.
– О Божухна!
Сід сціснула маю руку.
– На тэсты спатрэбіцца некаторы час, – сказала доктарка. – Калі Вы з жонкай хочаце застацца з сынам на ноч, то паспееце з’ездзіць дахаты і ўзяць неабходныя рэчы.
– Мы не жанатыя, – удакладніла Сід.
Доктарка паглядзела на мяне, тады ў анамнез.
– М-р Сільвер, Вы бацька Патрыка?
– Так.
– Я проста знаёмая, – патлумачыла Сід. – Мне трэба ісці, – яна паднялася. Я разумеў: ёй здавалася, яна тут лішняя. Але ж гэта не так. Яна была тым адзіным, што мяне трымала, што не давала рассыпацца на кавалкі.
– А дзе маці хлопчыка? – спытала доктарка.
– За мяжой, – адказаў я. – Часова за мяжой.
– Можа, варта ёй патэлефанаваць? – падказала яна.
Мама выплакалася дома – рыдаць на публіцы яна не збіралася. Заўсёды давала волю слязам толькі за зачыненымі дзвярыма, каб не бачыў ніхто, апроч сямейнікаў.
У шпіталі яна выяўляла непахісны аптымізм і ўзор здаровага сэнсу. Задавала медсёстрам практычныя пытанні: якая рызыка непапраўных наступстваў? калі будзе дакладна вядома? ці можна бабулі з дзядулем застацца на ноч пры дзіцяці? Ад яе прысутнасці мне адразу зрабілася лягчэй. Тата трымаўся не так.
Стары салдат не знаходзіў сабе месца ў кавярні шпіталю. Ён не звыклы сядзець і чакаць. Не звыклы да непадуладных яму сытуацыяў. Моцныя рукі з наколкамі, шырокія плечы, адважнае старое сэрца – ад усяго гэтага тут няма ніякай карысці.
Я ведаў: ён бы што заўгодна зрабіў для Пэта, ён любіў яго той бязмежнай, абсалютнай любоўю, якой можна, бадай, любіць толькі дзіця, – яе нашмат цяжэй адчуць, калі беззаганны малеча вырас у чарговага далёка не бязгрэшнага дарослага. Для таты Пэт быў мною тае пары, калі я яшчэ не мог пусціць жыццё кату пад хвост. Бацьку прыгнобіла, што ён нічога не ў стане зрабіць – толькі сядзець і чакаць.
– Каму яшчэ гарбаты? – спытаў ён, адчайна спрабуючы штосьці зрабіць, каб хоць трошачкі аблегчыць нашую ліхую долю.
– Гэтая гарбата зараз праз вушы палезе, – адказала мама. – Сядзь і расслабся.
– Расслабся? – фыркнуў ён, паядаючы маму позіркам. Але тады вырашыў махнуць рукой.
Бацька бумкнуўся ў трэснутае пластмасавае крэсла і ўтаропіўся ў сценку. У яго пад вачыма праступалі мяшкі колеру пабітых яблыкаў. Праз пяць хвілін, не вытрымаўшы, ён пайшоў па гарбату. Сёрбаючы ў чаканні навін пра Пэта напой, якога яму насамрэч не хацелася, бацька раптам так пастарэў…
– Паспрабуй яшчэ раз набраць Джыну, – папрасіла мама.
Не ведаю, на што яна спадзявалася. Магчыма, што Джына прыляціць дамоў наступным жа рэйсам, і нашая маленькая сям’я злучыцца назаўсёды. Можа, я таксама цешыўся гэтай надзеяй.
Аднак жа марна. Я выйшаў у прыёмны пакой і набраў Джынін нумар, але замест адказу пачуў адно дзіўнае вуркатанне японскага тэлефона, да якога ніхто не падыходзіць.
У Лондане – поўнач, значыць, у Токіё – восьмая раніцы. Яна мусіць быць на месцы. Хіба што ўжо сышла на працу. Хіба што ўвогуле не начавала дома. Тэлефон усё вуркацеў і вуркацеў.
Значыць, так яно і будзе надалей. Ведаю: калі б я пагутарыў з Джынай, ейная моцная натура, ейны здаровы сэнс дапамаглі б ёй адолець усялякі страх і паніку. Яна б трымалася, як мая мама, а не як бацька. Ці я. Джына б распытала, што здарылася, якая рызыка і калі ўсё будзе дакладна вядома. Яна б даведалася, калі наступны рэйс на Лондан, і прыляцела б дамоў. Толькі я не мог ёй датэлефанавацца.
Я павесіў слухаўку і зразумеў, што ўсё астатняе жыццё нас чакае тое ж, што і цяпер, зразумеў, што ўсё занадта глыбока зайшло і ніколі не вернецца, зразумеў, што нас занадта далёка разнесла адно ад другога і мы ніколі не знойдзем дарогі назад.

18.

Была пятая раніцы, калі ў пустую кавярню зайшла, шукаючы мяне, доктарка. Я сядзеў, абхапіўшы рукамі кубак даўным-даўна прастылай гарбаты. Падхапіўся ёй насустрач і чакаў, што яна скажа.
– Віншую. У Вашага сына вельмі трывалая галава.
– З ім усё будзе добра?
– Пералому няма, тамаграма чыстая. Мы патрымаем яго яшчэ пару дзён, паназіраем. Гэта звычайная практыка, калі чатырохгадоваму дзіцяці наклалі на галаву дванаццаць швоў.
Мне захацелася, каб доктарка сталася маёй найлепшай сяброўкай. Каб мы штотыдзень абедалі разам, каб ёй было з кім адвесці душу, скардзячыся на брытанскую сістэму аховы здароўя. Я б уважліва слухаў і спачуваў. Яна ўратавала маго сына. Яна такая прыгожая.
– З ім праўда ўсё добра?
– Колькі тыдняў яму будзе пабольваць галава, і на ўсё жыццё застанецца шнар. Але ў астатнім – так, з ім усё добра, не хвалюйцеся.
– І ніякіх пабочных эфектаў?
– Ну, магчыма, гадоў праз пятнаццаць яму будзе прасцей знаходзіць шлях да дзявочых сэрцаў. Шнары ўпрыгожваюць мужчыну, праўда?
Я ўзяў ейныя далоні ў свае і доўга – надта доўга – не адпускаў.
– Дзякуй Вам.
– Ну што Вы, гэта ж нашая праца.
Яна ўсміхнулася. Я бачыў, што ёй няёмка ад майго прыліву пачуццяў, але нічога не мог з сабой парабіць. Нарэшце я выпусціў ейныя далоні.
– Можна мне яго ўбачыць?

Пэт ляжаў у самым канцы палаты, сярод іншых дзяцей. Побач з ім – сімпатычная пяцігадовая дзяўчынка ў піжаме са Spice Girls. У яе павыпадалі валасы – як я разумею, ад хіміятэрапіі. Побач з ёю сядзелі бацькі: тата прыкарнуў у крэселцы, мама ў нагах ложка ўзіралася ў твар дачушкі. Я ціхенька прайшоў паўз іх да пасцелі свайго сына і зразумеў, які я дурань, што так доўга шкадаваў сябе. Нам пашанцавала.
Пэту паставілі кропельціцу з фізрастворам. Твар ягоны здаваўся бялейшым за прасціну. Галава забінтаваная. Я сеў на край ложка, пагладзіў Пэта па свабоднай руцэ. Ён заміргаў і расплюшчыў вочы.
– Ты на мяне злуешся? – спытаў ён, і я адмоўна захітаў галавой, баючыся хоць слова вымавіць.
Пэт заплюшчыў вачаняты, і я раптам зразумеў: а я дам рады.
Я ўсведамляў, што дасюль выконваў ролю бацькі на “двойку”. Мне бракавала цярплівасці. Я зашмат думаў пра Джыну і нават пра Сід. Я не прыглядаў добра за Пэтам у парку. Ад гэтага нікуды не падзенешся. І пры ўсім пры тым я здольны гадаваць сына.
Магчыма, я ніколі не буду ідэальным татам. Магчыма, я аскандалюся ў ролі бацькі, як аскандаліўся ў ролі мужа.
Але ўпершыню за ўсе часы я зразумеў: тое, што я мужчына, тут ні пры чым.

Кожная сям’я мае свае легенды і паданні. У нашай маленькай сямейцы першая гісторыя, у якой мне адводзілася галоўная роля, была пра тое, як мяне, пяцігадовага, паваліў сабака, так што я павыбіваў усе пярэднія зубы.
Я гуляўся ў двары дому з суседскім аўчарам. Сабака лізаў мяне ў твар, і мне гэта вельмі падабалася – пакуль ён не абапёрся на мае грудзі пярэднімі лапамі і не кульнуў мяне не зямлю. Я ўпаў тварам уніз, паўсюль паляцелі пырскі крыві і аскепкі выбітых зубоў. Мама закрычала.
Я амаль пэўна памятаю, як мяне маланкава адвезлі ў шпіталь і трымалі над ракавінай, выкалупвалі рэшткі раструшчаных зубоў, а эмаляваную ракавіну ўсю залівала крывёю. Аднак больш за ўсё я памятаю, як тата настойваў на тым, каб застацца са мною, калі анастэзіёлаг надзеў на мяне маску з хлараформам.
Калі ў нас у сям’і пераказвалі гэтую гісторыю, яе апафеозам было тое, што я ўчыніў адразу па вяртанні дамоў: запхаў у свой знявечаны рот пачак чыпсаў з воцатам.
Гэты фінал быў даспадобы майму продку: ягоны сын такі загартаваны, такі круты, што, вярнуўшыся са шпіталя без васьмі пярэдніх зубоў, з акрываўленымі дзяснамі, ён перадусім адкрыў пачак чыпсаў. Але ж насамрэч я быў далёка не круты. Проста я любіў чыпсы з воцатам. Нават калі мусіў іх смактаць.
Цяпер я зразумеў, што і бацька пачуваўся тады не такім крутым, як яму б хацелася. Бо гэта немагчыма, калі тваё дзіця ў шпіталі. Сапраўдны апафеоз гісторыі ў тым, што бацька адмовіўся пакінуць мяне аднаго.
Цяпер я ведаў, што ён, напэўна, адчуваў, калі глядзеў, як ягонаму пяцігадоваму сыну робяць анэстэзію, каб дактары маглі павымаць з дзяснаў і языка аскепкі раструшчаных зубоў.
Яго апанавала тая вусціш бездапаможнасці, якую могуць зразумець толькі бацькі хворых ці параненых дзяцей. Я дакладна разумеў, як ён мусіў пачувацца: нібы ён стаўся закладнікам лёсу. Няўжо я сапраўды пачынаю бачыць свет ягонымі вачыма?
Бацька стаяў перад галоўным уваходам у шпіталь, паліў цыгарэтку-самакрутку. Мусіць, ён застаўся адзіным на ўвесь свет пакупніком папяроснай паперы Rizla, які не курыць траўку.
Бацька ўзняў на мяне позірк, затрымаў дыханне.
– З ім усё будзе добра, – вымавіў я.
Ён выпусціў воблачка цыгарэтнага дыму.
– У яго няма – як гэта завецца? – уціснутага пералому?
– Няма. Пэту наклалі дванаццаць швоў, у яго застанецца шнар – але больш нічога.
– Больш нічога?
– Нічога.
– Дзякуй Богу, – бацька зрабіў зацяжку. – А як ты?
– Я? Файна, тата.
– Мо табе што-небудзь трэба?
– Добра пакемарыць.
Пры бацьку я часам лаўлю сябе на тым, што гавару ягонымі слоўцамі. Ён адзіны чалавек у гэтай краіне, які і дасюль кажа пра сон “пакемарыць”.
– То бок, як у цябе з грашыма? Мама сказала, ты адмовіўся ад пра­цы?
– Давялося адмовіцца. Задоўгі працоўны дзень. Мяне б ніколі не было дома.
Я паглядзеў па-над амаль пустой стаянкай туды, дзе на начным небе з’явілася палоска святла. Недзе спявалі птушкі. Было ўжо не позна ўначы, а раным-рана.
– Ды што-небудзь абавязкова падвернецца, – запэўніў я бацьку.
Ён выцягнуў партманет, выняў некалькі купюраў і даў мне.
– Навошта? – спытаў я.
– Пакуль што-небудзь не падвернецца.
– Не трэба, тата. Дзякуй за клопат, але сапраўды: якая-небудзь праца абавязкова знойдзецца.
– Я не сумняюся. Людзі заўсёды хочуць глядзець тэлевізар, так? Вядома, ты неўзабаве што-небудзь знойдзеш. А пакуль – гэта вам з Пэтам.
Тата, мой медыяэксперт. Ён ведаў пра тэлебачанне толькі тое, што цяпер не паказваюць і блізка нічога такога смешнага, як калісь былі Fawlty Towers1, ці “Шоў Бені Хіла”, ці “Моркамб і Уайз”2. Аднак я ўзяў працягнутыя купюры.
Раней я б злаваўся, калі б прыняў ад бацькі грошы. Злаваўся б на сябе, што ў такім узросце ўсё яшчэ мушу звяртацца да яго па дапамогу. І яшчэ больш злаваўся б на яго, што ён заўжды цешыцца роляй майго выратавальніка.
Цяпер жа я разумеў: ён проста спрабуе неяк паказаць, што ён са мною і падтрымлівае мяне.
– Я вярну, – паабяцаў я.
– Гэта не да спеху, – адказаў бацька.

Джына хацела вярнуцца дамоў наступным жа рэйсам, але я яе адгаварыў. Бо калі я нарэшце здолеў датэлефанавацца да яе назаўтра позна ўвечары, у гэтым ужо адпала патрэба.
Яе не было побач у тыя жудасныя хвіліны, калі мы везлі Пэта ў “хуткую дапамогу”. Яе не было побач у тыя бясконцыя гадзіны, калі мы пілі апрыклую гарбату, чакаючы вынікаў абследавання. Яе не было побач у той дзень, калі Пэт з забінтаванай галавой сеў, сціскаючы ў руцэ светлавы клінок, у шпітальным ложку, а побач ляжала маленькая дзяўчынка, у якой ад лекавання павыпадалі ўсе валасы.
Джыны пры гэтым не было побач, не было не з ейнай уласнай віны. Што да мяне, я вінаваціў ва ўсім гэтага дзёўбанага Рычарда, каб яго…
Калі я нарэшце датэлефанаваўся да Джыны, мы ведалі: з Пэтам усё абыйдзецца. Я ўжо не хацеў, каб яна вярнулася дамоў.
Я паўтараў сабе, што не хачу, каб яна абняла Пэта, сказала яму, што ўсё будзе добра, а тады зноў з’ехала. Але я разумеў: мною кіравалі не толькі высакародныя матывы. Дзе, бляха-муха, бадзялася Джына, калі яна была нам патрэбная?
– Я магу прыляцець заўтра, – казала яна. – Праца пачакае.
– У гэтым няма патрэбы, – ільдзяна спакойна адказаў я. – Пэт проста ўдарыўся. Моцна ўдарыўся, але ўсё абышлося.
– Я так ці іначай неўзабаве вярнуся. Не пэўная, калі дакладна…
– Не варта змяняць свае планы.
Толькі паслухаць нас – як афіцыйна мы размаўляем, нібы шукаем тэму для гутаркі на нейкім нудным абедзе. А калісьці мы маглі размаўляць усю ноч запар, размаўляць пра ўсё на свеце. Цяпер жа мы нагадвалі дваіх чужых адно адному людзей, якіх добра не пазнаёмілі. Толькі паслухай нас, Джына.

На ганку з рэстаранным пакункам для ежы навынос стаяла Сід.
– Я не ў час?
– Ну што Вы! Заходзьце.
Яна пераступіла парог майго дому, трымаючы ў руках пакунак.
– Гэта для Пэта. Спагеці песта.
– Зялёныя спагеці. Ягоныя ўлюбёныя. Дзякуй.
– Іх трэба проста паставіць у мікрахвалеўку. Зможаце?
– Здзекуецеся? Нават я – і тое ўмею карыстацца мікрахвалеўкай. На хвіліну ці на дзве?
– Адной хвіліны хопіць. Пэт не спіць?
– Глядзіць тэлік. Дзеля разнастайнасці.
Разваліўшыся на ўсю канапу, Пэт, усё яшчэ ў піжаме з “Зорнымі войнамі” і халаце з “Маркс-энд-Спенсар”, глядзеў поўную, без купюр, версію “Вяртання джэды”. Як толькі Пэта выпісалі, усе правілы, што можна, а што нельга, адразу паляцелі на сметніцу.
– Добры дзень, Пэт, – сказала Сід, схіліўшыся над ім. Пагладзіла яго па галаве – асцярожна, каб не закрануць шырокі пластыр збоку на лобе. – Як твая бедная галава?
– Нармальна. Швы трохі свярбяць.
– А то ж бо.
– Але іх не трэба здымаць – уяўляеце? Не трэба здымаць швы.
– Як гэта?
– А так – яны самі рассмоктваюцца, – Пэт паглядзеў на мяне, шукаючы падтрымкі.
– Так, – пацвердзіў я. – Яны самі распушчаюцца. Найноўшы шоўны матэрыял, праўда, Пэт?
– Ага, найноўшы, – ён згодна хітнуў галавой і зноў пераключыўся на каралеўну Лею – нявольніцу пры двары Джабы Хата. Адзенне ледзь прыкрывала яе цела.
– Ну і ўбор у яе! – заўважыла Сід.
– Ага, – падтрымаў Пэт. – Яна рабыня.
– О Божухна!
Колькі хвіляў яны паглядзелі, як выгінаецца ды звіваецца на ланцугу каралеўна Лея.
– Ну, я пайду, а ты каб хутчэй ачуняў, – сказала Сід.
– Ага.
– Сід прынесла табе абед, – заўважыў я. – Зялёныя спагеці. Што трэба сказаць?
– Дзякуй, – Пэт усміхнуўся сваёй самай чароўнай усмешкай а-ля Дэвід Найвен1.
– Калі ласка.
Я правёў яе да дзвярэй і раптам адчуў, як нешта ўва мне спявае. Не хацелася яе адпускаць.
– Дзякуй, што зайшлі. Для мяне дзень стаўся як свята.
Яна павярнулася і паглядзела на мяне сваімі шырока пастаўленымі карымі вачыма.
– Я сур’ёзна. Гэта найлепшая падзея за ўвесь сённяшні дзень. Без сумневу.
– Не разумею, – адказала яна.
– Чаго?
– Чаму я табе падабаюся? Ты ж мяне нават не ведаеш.
– Табе сапраўды цікава?
– Так.
І я сказаў.
– Ты мне падабаешся, бо ты моцная, але не жорсткая. Мне падабаецца, што ты ўмееш паставіць мужчынаў на месца, аднак жа кінула сваю краіну дзеля мужчыны, які падаўся табе адзіным, прызначаным лёсам.
– Гэта была найвялікшая памылка ў маім жыцці.
– Хай так. Але мне падабаецца, што ў цябе такая рамантычная натура, бо ў дзяцінстве ты глядзела мюзіклы MGM.
Яна засмяялася і страсянула галавой.
– Ты бачыш мужчынаў наскрозь, аднак жа хочаш знайсці таго, з кім можна падзяліць жыццё.
– Хто сказаў?
– І мне падабаецца, як ад тваёй усмешкі свеціцца ўвесь твар. Мне падабаюцца твае вочы. Мне падабаюцца твае ногі. Мне падабаецца, як ты ўмееш размаўляць з чатырохгадовым дзіцём. Мне падабаецца, што ты была побач, калі мне спатрэбілася падтрымка. Усе астатнія проста стаялі ды таропіліся, а ты мне дапамагла. Паводле дабрыні душэўнай. Хоць і не абавязаная была.
– Што-небудзь яшчэ?
– Ты прыгожая.
– Ды зусім я не прыгожая.
– Прыгожая. І адважная. І я раўную да кожнага мужчыны, з якім ты сустракалася. Я раз-пораз праходжу перад рэстаранчыкам, дзе ты працуеш, у спадзеве выпадкова натрапіць на цябе.
– Ты сумуеш без жонкі, – адказала яна. – Як жа ты сумуеш без жонкі.
– Так, гэта праўда, – вымушаны быў прызнаць я. – Але таксама праўда, што ты кружыш мне галаву.
– Хлапчынка, – яна адмоўна павяла галавой. – Ты ж мяне зусім не ведаеш.
Аднак прагучала гэта не так, як раней. Мякка, ласкава, нібы я не вінаваты, што яе не ведаю.
Сід пасунулася блізка-блізка, зірнула на мяне сваімі вялізнымі вачыма, а тады заплюшчыла іх і дакранулася сваімі вуснамі да маіх.
Я адказаў на пацалунак.
– Цяпер я цябе трошкі ведаю.
– Так, – пагадзілася яна. – Трошкі ведаеш.


Частка 2. ДЗІНЬ-ДОН.

19.

Пэт пайшоў у школу.
У школьнай форме ён мусіў бы выглядаць дарослым. У шэрым швэд­ры з выразам мысам, белай кашулі з жоўтым гальштукам ён мусіў бы выглядаць як маленькі мужчына. Але атрымалася іначай.
Афіцыйнасць школьнай формы толькі падкрэслівала, які ён да немаг­чымасці навюсенькі. Яму неўзабаве споўніцца пяць, але выглядае ён нават не малечам. Ён як толькі што нарадзіўся. Хоць і апрануты больш па-даросламу за мяне.
Дапамагаючы Пэту прывесці сябе ў парадак, перад тым як пайсці першы раз у першы клас, я раптам са здзіўленнем зразумеў, які ж мне любы ягоны твар. Калі ён быў немаўлём, я не ведаў, ці ён сапраўды такі прыгожы, ці гэта папросту ўключыліся мае бацькоўскія гены. Цяпер я бачыў усё як ёсць.
Блакітныя вочы, доўгія саламяныя валасы, сарамлівая ўсмешка, што паволі расцякалася па далікатным, мяккім да неверагоднасці твары, – ён быў сапраўды вельмі прыгожы.
І вось я мушу пусціць свайго прыгожага хлопчыка ў вялікі шырокі свет. Прынамсі, да 3.30. Нам абодвум здавалася, што гэта цэлая вечнасць.
Пэт не ўсміхаўся. Бледны і маўклівы, апрануты а-ля дарослы, за сняданкам ён як мог спрабаваў суняць сябе, каб не дрыжала падбароддзе і не выпіналася ніжняя губа. А я, пакуль Пэт еў кукурузныя хлапакі, трындзеў, як заведзены, пра “найлепшыя гады жыцця”.
Акурат на кукурузныя хлапакі і прыйшоўся званок ад Джыны. Я ведаў: ёй, напэўна, цяжка было патэлефанаваць – у яе там яшчэ працоўны дзень, але я ведаў і тое, што Джына не прапусціць такой важнай для Пэта падзеі. Я глядзеў, як ён размаўляе з маці, як муляе яму кашуля і гальштук, гэтаму немаўляці, раптам вымушанаму выконваць ролю дарослага.
І вось час у школу.
Калі мы пад’ехалі бліжэй да школьнага будынка, мяне на хвіліну ахапіла паніка. Паўсюль былі дзеці, натоўпы дзяцей, апранутых зусім як Пэт, і ўсе яны кіравалі туды ж, што і мы. Я магу яго тут згубіць. Згубіць назаўжды.
Мы прыпаркаваліся трохі далекавата ад брамы. Паўсюль у два, у тры шэрагі стаялі машыны. З джыпаў памерам з танк выкараскваліся маленькія дзяўчынкі са скрынкамі для сняданку, на якіх намаляваны Леанарда дзі Капрыё. Са старых драндулетаў вылазілі старэйшыя хлопчыкі з ранцамі, на якіх вылучаліся эмблемы “Арсеналу” ці “Манчэстар Юнайтэд”. Шум гэтае племя трох футаў росту рабіла такі, што хоць вушы заторкні.
Я ўзяў вільготную далонь Пэта ў сваю, і мы ўліліся ў натоўп. На пляцоўцы для гульняў таўклася купка маленькіх здзіўлена-разгубленых першакласнікаў і іхніх расхваляваных бацькоў. Мы акурат праходзілі праз школьную браму, каб далучыцца да іх, як я заўважыў, што ў Пэта на навюткіх чорных скураных туфлях развязаўся шнурок.
– Дай, я завяжу табе шнурок, – я прысеў на кукішкі і зразумеў, што Пэт сёння першы раз у жыцці абуты не ў красоўкі.
Паўз нас, трымаючыся за рукі, прашкандыбалі два старэйшыя хлопчыкі. Скасавурыліся. Пэт ім сарамяжліва ўсміхнуўся.
– Нават шнуркі завязаць не ўмее, – хвыркнуў адзін.
– Затое я ўмею вызначаць час па гадзінніку, – адказаў Пэт.
Яны зайшліся дзікім рогатам і, падтрымліваючы адзін другога, каб не ўпасці, пахістваючыся пайшлі прэч. Падшыванцы паўтаралі словы Пэта, быццам не маглі паверыць сваім вушам.
– Я ж умею вызначаць час, – Пэт думаў, яны сумняваліся ў ягонай праўдзівасці. Ён адчайна заміргаў вачыма, гатовы на поўным сур’ёзе расплакацца.
– Ты выдатна ўмееш вызначаць час, – адказаў я, не ў стане паверыць, што зараз пакіну свайго сына ў гнюсным сучасным свеце з усім ягоным цынізмам і злосцю. Мы пайшлі на дзіцячую пляцоўку.
Шмат каго з першакласнікаў праводзілі ў школу мама і тата. Але я быў не адзіным, хто прывёў дзіця адзін. Нават не адзіным мужчынам.
Яшчэ адзін бацька-адзіночнік, мо гадоў на дзесяць старэйшы за мяне, падобны да задзяўбанага працай бізнесмена, вёў спакойна-стрыманую маленькую дзяўчынку – з яе заплечніка лыбіліся пысы нейкага хлапечага гурта, пра які я ніколі не чуў. Мы зірнулі адно на другога, і ён адвёў вочы, нібы баяўся падчапіць ад мяне заразную хваробу. Ягоная жонка магла быць на працы. Яна магла быць дзе заўгодна.
Да нас падышла добразычлівая дырэктарка, павяла ў актавую залу. Там яна сказала кароткую, энергічную вітальную прамову, і дзяцей падзялілі на класы.
Пэту дасталася міс Уотэрхаўс, і нас разам з купкай іншых першакласнікаў адвялі ў ейны кабінет надзейныя старэйшыя вучні-праваднікі. Нашым гідам быў хлопчык гадоў васьмі. Пэт глядзеў на яго, знямеўшы ад захаплення. У кабінеце міс Уотэрхаўс на падлозе сядзела па-турэцку зграйка пяцігадовых малых. Яны цярпліва чакалі, каб маладая настаўніца, істэрычна-радасная, як вядучы тэлегульні, распавяла ім гісторыю.
– Усім-усім добры дзень! – сказала міс Уотэрхаўс. – Вы акурат паспелі да нашай ранішняй гісторыі. Але спачатку давайце кожны скажа “да пабачэння” маме, – яна радасна ўсміхнулася мне. – І тату.
Я мушу сыходзіць. І хоць пакуль Пэт не кінуў “нулёўку”, мы з ім перажылі не адно чуллівае развітанне, але гэтым разам усё было трошкі іначай. Гэтым разам мне здавалася, што ён пакідае мяне.
Пэт пайшоў у школу. На той час, як мой сын атрымае атэстат, ён будзе ўжо мужчынам, а я – сталага веку дзядзькам. Скончыліся бясконцыя дні, калі ён глядзеў дома “Зорныя войны”, а жыццё праходзіла недзе далёка-далёка. Яны здаваліся пустымі і тужлівымі, але я ўжо засумаваў па іх. Маё дзіцятка ўваходзіць у вялікі свет.
Міс Уотэрхаўс спытала, хто ахвочы прыглядаць за новенькімі. Узняўся лес рук. Настаўніца прызначыла адказных. Раптам побач з Пэтам з’явілася сур’ёзная, надзвычай прыгожая дзяўчынка.
– Мяне зваць Пегі, – сказала яна Пэту. – Я буду табой апекавацца.
Дзяўчынка ўзяла яго за руку і павяла ў клас.
Пэт нават не заўважыў, як я сыходжу.

Памятаю, як я спаў на заднім сядзенні татавай машыны. Мы вярталіся дамоў пасля выездаў у горад: раз на год – у лонданскі тэатр “Паладыум” паглядзець пантаміму, раз на тыдзень – у госці да бабулі. Я глядзеў, як высока над маёй санлівай галавою мігцелі жоўтыя ліхтары вуліцаў Іст Энду і аўтамагістраляў Эсэксу.
Я расцягваўся на заднім сядзенні татавай машыны (“Можаш не спаць, толькі прымруж вочы”, – казала мама), і неўзабаве мяне закалыхвала роўнае гудзенне рухавіка ды галасы бацькоў – я засынаў.
Наступнае, што я памятаў, – я на руках у бацькі, машына прыпаркаваная каля нашага дому. Тата, не заглушыўшы рухавік, вымаў з задняга сядзення мяне, захутанага ў шатландскі плед, – тата заўсёды трымаў яго ў машыне, каб ездзіць са мной на мора, у госці да сваякоў, у “Паладыум”.
Цяпер пабудзіць мяне – прасцей простага. Працеляпаецца дахаты, спатыкаючыся, п’янчужка, грукнуць дзверы машыны, спрацуе за колькі міляў сігналізацыя – і вось я, вырваны з абдымкаў сну, ляжу і гадзінамі гляджу ў столь. А калі я ў дзяцінстве спаў на заднім сядзенні татавай машыны, мяне нішто не магло пабудзіць. Сны мае, бадай, не перапыняліся і тады, калі мы прыяжджалі дамоў, і бацька на руках адносіў мяне, загорнутага ў плед, у ложак.
Я хацеў, каб у Пэта засталіся гэткія ж успаміны. Я хацеў, каб мой сын гэтаксама пачуваўся надзейна абароненым ад усіх нягодаў. Аднак цяпер, калі Джына сышла, а наш старэнькі “фольксваген”-універсал я прадаў, каб сплаціць жыллёвы крэдыт, Пэт побач са мною на пасажырскім сядзенні MGF адчайна змагаўся са сном, нават калі мы вярталіся ад маіх бацькоў і наперадзе чакала гадзіна язды па пустой трасе.
Я хацеў, каб для майго сына паездкі ў машыне былі такімі ж самымі, як у дзяцінстве для мяне. Але мы з ім ехалі ўлегцы, без багажу.

Сід патэлефанавала на зыходзе раніцы, што цягнулася неверагодна доўга.
– Ну, як усё прайшло? – спытала яна.
Адчувалася, што яна шчыра непакоіцца. Ад гэтага яна спадабалася мне яшчэ больш.
– Трохі журботна. Пры развітанні дрыжала падбароддзе. З вачэй па­каціліся слёзы. Але гэта ўсё, вядома, у мяне. Пэт пачуваўся выдатна.
Сід засмяялася, і я ўявіў, як ад яе непаўторнай усмешкі засвяціўся ўвесь рэстаранчык, дзе яна працуе.
– Я ўмею цябе насмяшыць, – сказаў я.
– Так, але мне трэба вяртацца да працы. Бо ты не можаш аплачваць мае рахункі.
Чыстая праўда. Я нават свае рахункі не мог аплачваць.

Бацька прыехаў са мною, каб першы раз забраць Пэта са школы.
– Сюрпрыз, – сказаў ён, прыпаркаваўшы сваю “Таёту” перад самай брамай школы. Не ўдакладніў, для каго сюрпрыз: для Пэта ці для мяне.
А 3.30 праз браму рынулася процьма школьнікаў, і я пабачыў, што й у самым вірлівым натоўпе згубіць сваё дзіця немагчыма. Нават сярод соцень збольшага аднолькава апранутых малых свайго заўважаеш хоць за вярсту.
Ён быў разам з Пегі, той дзяўчынкай, што паабяцала ім апекавацца. Яна паглядзела на мяне, і ейныя вочы падаліся мне неяк дзіўна знаёмымі.
– Ну як, спадабалася? – спытаў я, баючыся, што Пэт конча адмовіцца дыхаць, калі яго яшчэ хоць раз павядуць у школу.
– Уяўляеш, ва ўсіх настаўніцаў аднолькавыя імёны! – адказаў ён. – Іх усіх зваць “Міс”.
Мой продак узяў яго на рукі і пацалаваў. А я падумаў, ці доўга яшчэ засталося да таго часу, калі Пэт пачне ўнікаць нашых пацалункаў. Ён жа расцалаваў дзядулю ў твар – моцна, утрапёна, як навучыўся ад Джыны, і я зразумеў: ну, гэта яшчэ не надта хутка.
– А ў дзядулі ў багажніку – твой ровар. Можам заехаць па дарозе дамоў у парк.
– А Пегі можна з намі?
Я паглядзеў на гэтае маленькае дзяўчо з сур’ёзнымі вачыма.
– Вядома, можна. Толькі спачатку трэба спытаць дазволу ў мамы ці таты Пегі.
– Мама на працы, – адказала дзяўчынка. – І тата таксама.
– А хто цябе забірае?
– Б’янка, мая нянька. Хоць я ўжо і не маленькая, каб са мною нянь­каліся.
Пегі азіралася, выглядаючы кагосьці ў гурме дарослых, што сустракалі сваіх дзяцей, і нарэшце заўважыла знаёмы твар. Праз натоўп прадзіралася, пацягваючы цыгарэту і вышукваючы Пегі, дзяўчына-падлетак гадоў васемнаццаці-дзевятнаццаці.
– Вось Б’янка, – паказала на яе Пегі.
– Ну, Пегі, хадзем дамоў, – сказала Б’янка, беручы дзяўчынку за руку.
Пэт і Пегі глядзелі адно на аднога.
– Мы на якую гадзінку заедзем у парк, – звярнуўся я да Б’янкі. – Бу­дзем радыя, калі Пегі складзе нам кампанію. І Вы, вядома, таксама.
Нянька рэзка хіснула галавой:
– Нам трэба дамоў.
– Тады ўбачымся заўтра, – сказала Пегі Пэту.
– Да заўтра.
Пегі ўсміхалася яму, як Б’янка цягнула яе за руку праз парадзелы на­тоўп.
– Я яе заўтра пабачу. У школе, – прамовіў Пэт.
У яго былі брудныя рукі і запэцканы фарбай твар, а да рота прыляпілася нешта падобнае на кавалачак сэндвіча з яйкам. Але з Пэтам усё добра. Школа пойдзе нармальна.

Яшчэ адное адрозненне паміж мною і бацькам. Пасля таго, як Пэт грымнуўся ў пусты басейн, я быў бы шчасны ніколі больш гэтага ровара і ў вочы не бачыць. А мой продак неяк пасярод бясконцых гадзінаў чакання ў шпіталі пад’ехаў у парк і забраў “Званочак”.
Ровар валяўся на баку там, дзе мы яго кінулі: на дне з глыбокага краю басейна, цэлы і спраўны, калі не лічыць пагнутага стырна. Я б з радасцю выкінуў яго на бліжэйшы сметнік. Тата хацеў, каб Пэт зноў на ім катаўся. Я не стаў з ім спрачацца. Думаў, хай лепей сам Пэт.
Аднак жа калі бацька выняў “Званочак” з багажніка, мой сын, здаецца, узрадаваўся.
– Я выраўняў стырно, – паведаміў нам тата. – Трэба толькі яго трошкі падфарбаваць – і ўсё. І хвіліны не зойме. Калі хочаш, я зраблю.
Бацька ведаў: я не трымаў у руках пэндзля з таго часу, як кінуў урокі малявання ў школе.
– Я сам магу, – незадаволена буркатнуў я. – Пэт, апрані куртку.
Стаяў верасень, у паветры адчуваўся першы подых восеньскіх халадоў. Я дапамог Пэту зашпіліць куртку і нацягнуў яму капюшон. Па ягоным тварыку расплылася ўсмешка, калі ён пабачыў свой ровар.
– І яшчэ, – бацька выцягнуў з кішэні курткі маленькі серабрысты гайкавы ключ. – Па-мойму, такому вялікаму хлопчыку, як Пэт, ужо час катацца без стабілізатараў.
Такім быў у свае больш як семдзесят мой продак: моцным, добрым, упэўненым. Ён усміхаўся з бязмежнай пяшчотай, гледзячы на свайго ўнука. Але я нечакана ўзлаваўся на бацьку за ягонае ўменне абыходзіцца з інструментам, за ягоную мужчынскасць, за ягоную абсалютную ўпэў­ненасць, што ён можа прымусіць свет схіліцца перад сваёй воляй. А мне ад аднаго выгляду гэтага ровара было млосна.
– О Божа, тата! – завёўся я. – Ён пяць хвілін таму зваліўся з гэтай дзёўбанай штукі, а ты хочаш, каб ён рабіў свечкі?
– Вечна ты перабольшваеш, – адказаў бацька. – Зусім як мама. Я не хачу, каб хлопчык рабіў свечкі – а што гэта такое? Я проста хачу, каб ён паспрабаваў пракаціцца без стабілізатараў. Яму пойдзе ў кайф.
Тата сеў на кукішкі і ўзяўся здымаць са “Званочка” колцы стабілізатараў. Я глядзеў, як ён працуе ключом, і мне раптам падалося, нібы я ўсё жыццё толькі тым і займаўся, што глядзеў, як бацька робіць усялякую работу па доме – спачатку сваім, а потым і маім. Калі ў нас нешта здаралася з электраправодкай ці працякаў дах, мы з Джынай не шукалі майстроў праз тэлефонны даведнік, а проста тэлефанавалі бацьку.
Сапсаваўся бойлер, прарвала латакі, працёк дах – што б ні здарылася, для ягонага бездакорна дагледжанага інструмента не было нічога немагчымага. Ён любіў, калі Джына яго хваліла за зробленую працу – яна заўсёды крыху перабірала меру, – але ён бы і так усё зрабіў. У бацькі, як кажа мама, “рукі адкуль трэба растуць”. У мяне – наадварот. У мяне, як я кажу, “рукі з дупы растуць”.
Я заўважыў, як збляднеў ад страху Пэт, калі тата ўрэшце зняў стабіліза­тары. У нейкі момант я падумаў, што зараз выбухну, але стрымаўся. Бо калі б я пачаў, навонкі вырвалася б усё, праз што мы трыццаць гадоў сварыліся: мая лянота – і бацькава працавітасць, мая мяккацеласць – і бацькаў мачызм, маё “абы ціха было” – і бацькава жаданне паставіць на сваім.
Я не хацеў, каб усё гэта выплюхнулася на вачах у Пэта – ні сёння, ні ў які іншы дзень. Таму я моўчкі глядзеў, як бацька дапамог майму сыну ўзлезці на ровар.
– Ты толькі паспрабуй, – заспакоіў ён Пэта. – Калі табе не спадабаецца, мы ў любы момант можам спыніцца. Хоць зараз. Толькі скажы. Добра, дзетка?
– Добра, дзеда.
Адной рукой бацька ўхапіўся за стырно, другой – за сядло. Пэт што было моцы абедзвюма рукамі сціскаў стырно, падрапаныя ўжо туфлі неахвотна рухаліся ўслед за педалямі – колы “Званочка” круціліся і круціліся. Я паныла цягнуўся ў ар’егардзе, мы віхляючы праехалі паўз арэлі і горкі і пакацілі па лапіку травы.
– Ты трымаеш? – спытаў Пэт.
– Трымаю, – запэўніў тата.
– Вы з мамай не маглі б у суботу ўвечары паглядзець Пэта? – папрасіў я.
– У суботу ўвечары? – перапытаў бацька, нібы просьба была ну вельмі дзіўная, нібы я выдатна ведаў, што ў суботу ўвечары яны з мамай любяць схадзіць у начны клуб, папаліць марыхуаны ды накачацца “экстазі”.
– Так, мяне не будзе дома.
– Вядома, мы заўсёды з радасцю. Гэта звязана з працай?
– Зусім не з працай. Тата, у мяне пакуль няма працы – ты ж ведаеш. У мяне спатканне. З дзяўчынай.
Не тое слова.
– З жанчынай.
І гэта не тое.
Я думаў, пачуўшы такую навіну, ён спыніцца. Аднак бацька і далей бег праз стакроткі ды сабачыя какашкі і, схіліўшыся над Пэтам, падтрымліваў ягоны ровар.
– А хто яна?
– Проста сяброўка. Можа, сходзім разам у кіно.
Ён нарэшце спыніўся і, паціраючы спіну, падняўся ў поўны рост, каб паглядзець на мяне.
– Табе здаецца, так можна паводзіць сябе чалавеку ў тваім становішчы?
– Схадзіць у кіно? Што тут такога?
– Я не пра кіно. Я пра тое, што ты сустракаешся з нейкай жанчынай, не паспеўшы яшчэ… – ён паказаў галавой на капюшон Пэтавай курткі. – Ну, ты разумееш.
– Ніякая яна не “нейкая”. І мы проста збіраемся схадзіць у кіно. А не збегчы пад вянец.
Ён пахітаў галавой, агаломшаны тым, да чаго дакаціўся свет.
– Мяне не цікавіць, што там стрэліць табе ў голаў. Мяне цікавіць ён, – тата зноў паказаў на Пэта. – У цябе сур’ёзна з гэтай дзяўчынай?
– Тата, я не ведаю. Можна, мы спачатку сходзім на першае спатканне, перад тым як выбіраць фіранкі?
Я ўдаваў абражаную цноту. Аднак жа ведаў: калі я пачну сустракацца з жанчынай, бацька будзе збіты з панталыку і спалоханы. Я не меў намеру яго пакрыўдзіць. Я толькі хацеў паказаць, што мне ўжо трыццаць і не яму вырашаць, калі мне здымаць стабілізатары.
Мы падышлі да шматка асфальту, усяго ў выбоінах, перад задрыпанай сцэнай.
– Ну як, ты гатовы? – спытаў бацька ў Пэта.
– Гатовы, – адказаў ён, але ў голасе ніякай гатовасці не адчувалася.
– Я цябе трымаю, – сказаў тата і памкнуўся хутчэй. – І не адпушчу. Толькі трымай роўна спіну. І круці педалі.
– Ага.
– Трымаешся?
– Трымаюся!
Яны пакацілі па асфальце. Твар Пэта схаваўся пад капюшонам, бацька побач з ім згінаўся удвая. Нібы гарбун гоніцца за маленькім эльфам. Раптам тата адпусціў ровар.
– Дзеда, ты трымаеш?
– Трымаю! – крыкнуў ён, і Пэт пачаў аддаляцца. – Круці педалі! Я тут!
Маленькія ножкі круцілі педалі. “Званочак” рызыкоўна хіснуўся, калі Пэт, уздымаючы пырскі, праехаў па калюжыне, але ровар неяк выпрастаўся і набраў хуткасць.
– Ты едзеш! – пракрычаў бацька. – Ты едзеш, Пэт!
Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне, і мы абодва голасна засмяяліся. Я падбег да таты і абняў яго за плечы. Ад яго пахла адэкалонам Old Spice і тытунём Old Holborn.
– Паглядзі, як едзе, – з гонарам прамовіў бацька.
Ровар дакаціўся да краю асфальту, падскочыў і слізнуў на траву. Пэт ехаў ужо не так шпарка, але па-ранейшаму апантана круціў педалі, нацянькі шыбуючы да дрэваў.
– Не заязджай далёка! – крыкнуў я, але Пэт мяне не чуў. Ён знік у ценях старых дубоў, як нейкае лясное стварэнне ў капюшоне, што вяртаецца да свайго бярлогу.
Мы з бацькам перазірнуліся. Нам зрабілася не да смеху. Мы кінуліся за ім, паслізгваючыся на мокрай траве, гукаючы яго па імі.
А ён бесклапотна з’явіўся з-за дрэваў, пад’ехаў да нас: капюшон адкінуты, на твары ўсмешка да вушэй.
– Глядзі, як я ўмею, – пахваліўся ён, на секунду-другую “прыўзняўшыся на страмёнах” “Званочка”, перш як тармазнуць і спыніцца.
– Выдатна, Пэт, – адказаў я. – Толькі больш так не знікай, добра? Трымайся заўсёды так, каб мы цябе бачылі.
– Што з дзядулем? – спытаў Пэт.
Бацька прыпаў да дрэва, схапіўшыся за грудзі, і лавіў ротам паветра. Кроў адхлынула ад твару, а ў вачах мільганула штосьці такое, чаго я ніколі раней не бачыў. Магчыма, страх.
– Я ў парадку, – прахрыпеў ён.
– Дзядуля, што з табой?
– Дзядуля ў парадку, – вымавіў бацька.
Доўгая, вусцішная хвіліна, перш чым ён здолеў-такі набраць у лёгкія трохі паветра. Усё яшчэ цяжка дыхаючы, ён засмяяўся, каб разагнаць нашу з Пэтам трывогу.
– Старэю, старэю… Ужо застары, каб бегаць па лесе.
І я падумаў, што гэтак яно і ёсць: старасць падбіраецца да ягонага цела, якое столькі вытрывала ў маладосці. Колькі сябе памятаю, з яго ўвесь час выходзілі чорныя зазубраныя аскепкі шрапнэлі. Кожнае лета я бачыў у яго на баку велізарны шнар – як выбух звышновай зоркі. Вядома, усе гэтыя пакуты мусілі раней ці пазней агукнуцца.
Аднак я памыліўся. Гэта гукала не мінулае. А будучыня.
– Ды не хвалюйцеся вы, – сказаў тата. – Са мной усё добра. Паехалі дамоў.
Быў вераснёўскі надвячорак, і ўжо даўжэлі, выцягваліся цені, калі мы праз іх вярталіся да ягонай машыны. Пэт ехаў наперадзе на ровары, а мой продак наспеўваў You Make Me Feel So Young, сам сабе Дын Мартын, сам сабе Фрэнк Сінатра, чым і супакойваўся ды суцяшаўся.

20.

Калі вы ўжо не першы год жывеце з чалавекам, з якім спадзяецеся разам адолець усё жыццё, вам і да галавы не прыходзіць, што аднойчы зноў будзеце трэці раз на дзень прымаць душ, перш як пайсці на спатканне.
Здаецца, гэтыя нервозныя водныя рытуалы засталіся далёка-далёка, у тым часе, калі мама прала табе бялізну, а тата даваў кішэнныя грошы.
Вы і ўявіць сабе не можаце, што аднойчы зноў ледзь розуму не кранецеся на асабістай гігіене, як пятнаццацігадовы падлетак з перманентнай эрэкцыяй. Што аднойчы зноў будзеце стаяць перад люстэркам і спрабаваць што-небудзь зрабіць з непаслухмянымі валасамі. Што будзеце зноў чысціць і без таго ідэальна чыстыя зубы. І што ўсё гэта – дзеля таго, каб пасядзець пару гадзін у цемры побач з асобай супрацьлеглага полу, з якой толькі нядаўна пазнаёміліся.
Страшна. Спатканні – гэта гульня для маладых. З цягам часу страчваюцца патрэбныя навыкі. Можа, ты ўжо зусім да яе не здатны.
За тое, каб схадзіць у кіно ці рэстаран з некім новым, а не з жонкай ці мужам, адказвае іншая частка мозгу. Іншыя цягліцы. Таму, мабыць, цалкам натуральна, што калі задзейнічаць іх пасля доўгага перапынку, то адчуваецца, як яны трохі здранцвелі і не хочуць слухацца.
Двое дарослых праходзяць праз усе падлеткавыя рытуалы спароўвання: імкнуцца прыгожа выглядаць, сустракаюцца ў прызначаны час, вырашаюць, што можна зрабіць, з чым пакуль пачакаць, а што адкласці назаўсёды. Пражыўшы шмат гадоў разам з адным чалавекам, напэўна, цяжка вяртацца да ўсяго гэтага. Але з Сід было зусім не цяжка.
Дзякуючы ёй гэта было лёгка.

– Першы фільм, які мы паглядзім разам, – гэта вельмі істотна. Я ведаю: мы проста сябры і ўсё такое, але ад таго, што за кіношку мы сёння абярэм, надзвычай шмат залежыць.
Я спрабаваў зрабіць выгляд, нібы разумею, пра што яна кажа.
– На першым спатканні шмат хто імкнецца не рызыкаваць. І абірае грандыёзны летні фільм. З тых, ведаеш, дзе Нью-Ёрк нішчаць іншапланетнікі, ці цунамі, ці вялізная малпа, ці што яшчэ. Яны думаюць, гэта гарантыя, што вы будзеце добра бавіць час. Але грандыёзны летні фільм – кепскі выбар.
– Праўда?
Сід хітнула галавой.
– Насамрэч на такіх фільмах калі хто і добра бавіць час, дык толькі трынаццацігадовыя падлеткі з Айдаха. Дзейнічае той жа закон скарачэння прыбыткаў: адзін раз пабачыш, як узлятае ў паветра Вежа “Імперскага штату” – і больш не хочацца.
Я пачынаў нешта кеміць:
– Думаеш: зараз перавернецца ўвесь свет, а ў выніку сядзіш ды пазяхаеш, гледзячы, як іншапланетнікі захопліваюць Белы Дом.
– Грандыёзны летні фільм сведчыць пра заніжаныя чаканні, – сказала Сід і кінула на мяне вокам, між тым як я стараўся ўплішчыць MGF у плынь транспарту, што нагрувашчваўся ўдзень вакол айлінгтанскага “Анёла”. – Заніжаныя чаканні наконт усяго без выключэння. Ты думаеш, што жыццё – гэта па сутнасці ўсяго толькі пачак нясвежага поп-корну ды вытхлая дыетычная “кока-кола”. Што гэта максімум, чаго можна чакаць ад жыцця.
Я паспрабаваў згадаць, які першы фільм мы глядзелі з Джынай. Нешта высокамастацкае, японскае ў Барбікане. Пра дэпрэсію.
– Элітарнае кіно – таксама кепска, – сказала Сід, нібы чытаючы мае думкі. – Гэта значыць, што вы абое фальшывіце, удаеце з сябе кагосьці іншага.
– Падумаць толькі пра ўсе тыя пары, для якіх першым фільмам стаўся “Тытанік”! Раманы, што яшчэ ў зародку, асуджаныя на смерць, яшчэ не паспеўшы пачацца. Нават не паспеўшы выйсці з порту.
Сід заехала мне кулаком па руцэ.
– Я сур’ёзна. У мяне ў Х’юстане была сяброўка, якая выйшла замуж за тыпа, што на першым спатканні павёў яе глядзець “Муху”.
– А тады ператварыўся ў жука?
– Прыкладна так. Ён, пэўна, змяніўся. На горшае.
– Дык што ты хочаш паглядзець? – спытаў я.
– Ты мне давяраеш?
– Давяраю.
Яна хацела схадзіць на фільм з тых, што кожны год паказваюць па тэ­ліку на Каляды. Фільм, які, мне чамусьці здавалася, я глядзеў дзесятак разоў. Але, відаць, па-сапраўднаму ніколі не бачыў.
Ня ведаю, чаму ў кінатэатры NFT на паўднёвым беразе Тэмзы паказвалі “Якое цудоўнае жыццё”. Магчыма, была рэтраспектыва фільмаў Фрэнка Капры ці Джэймса Сцюарта. Магчыма, была адноўленая, лічбавым спосабам рэстаўраваная стужка. Не ведаю. Ды гэта й неістотна. Істотна тое, што гэты фільм мы глядзелі на нашым першым спатканні. І напачатку я падумаў: якое паскудства.
Спецэфекты – з паравозных часоў. Высока ў зорным небе (відавочна, што гэта папросту фарбаваны кавалак кардона з ліхтаром ззаду) нейкія анёлы (дакладней, нябесныя стварэнні ў выглядзе праколаў у кардоне) разважалі пра Джорджа Бэйлі – стаўпа супольнасці – і ягоную сустрэчу з лёсам.
А калі дзеянне перанеслася ў дробны амерыканскі гарадок, які ціхенька святкаваў сабе Каляды, я злавіў сябе на тым, што хачу, каб усё гэта раптам знішчылі іншапланетнікі, ці цунамі, ці вялізная малпа. Калі тэорыя Сід пра першы фільм як знак, прадказанне на будучыню, слушная, нам, можна лічыць, пашанцуе, калі мы пратрываем адно другога да канца сённяшняга вечара.
Аднак паступова, з тым як разбіваліся мары і надзеі Джэймса Сцюарта, я ўцягнуўся ў гісторыю чалавека, які забыўся, дзеля чаго жыве.
Фільм выявіўся нашмат больш жорсткім і моцным, чым мне запомнілася з тае пары, калі яго чорна-белая версія паблісквала з экрана недзе на заднім плане майго каляровага дзяцінства, запханая недзе паміж калядным выпускам Top of the Pops і мамінай пханай індычкай.
Паступова раскрываецца свет галоўнага героя: Джэймс Сцюарт абражае па тэлефоне настаўніцу сваіх дзяцей і атрымлівае ў бары ад ейнага мужа ў пысу так, што траціць прытомнасць. Ён злуецца на жонку, якая яго кахае і дзеля якой ён адмовіўся ад сваёй мары павандраваць па свеце. Самае непрыемнае, што ён проста брыдка абыходзіцца з дзецьмі – вечна раздражнёны, злосны, усяляк з іх здзекуецца. Аднак мы разумеем: гэта не таму, што ён іх не любіць, а таму, што любіць занадта моцна.
Сід працягнула ў цемры руку і сціснула маю далонь.
– Не хвалюйся, – сказала яна. – Урэшце ўсё будзе добра.

Калі мы выйшлі з кіно, было яшчэ трошкі светла. Мы купілі па кавалку піццы ў кавярні пры кінатэатры і елі за такімі доўгімі драўлянымі сталамі на адкрытым паветры, за якія падсаджваюцца іншыя людзі, і ты пачуваешся студэнтам.
Кінатэатар NFT – гідкая будыніна ў прыгожай частцы гораду. Ён месціцца ў ідыёцкай бетоннай спарудзе, уторкнутай у 60-х акурат там, дзе Тэмза выгінаецца на поўдзень і цячэ пад ценем моста Ватэрлоа. Акурат насупраць, на другім баку ракі – агні набярэжнай Вікторыі і сабор св. Паўла. Там Сід і распавяла мне, што вырасла ў доме, дзе было шмат жанчын і фільмаў.
– Мае бацькі ўпершыню глядзелі разам “Знесеных ветрам”. Калі тата памёр, мама перагледзела іх адна шаснаццаць разоў. Яна магла б і больш, але спрабавала неяк сябе абмяжоўваць.
Сід была самай малодшай з чатырох сясцёр. Яе маці працавала медсястрой у Тэхаскім медыцынскім цэнтры, “там, куды кладуцца вялікія шышкі, каб прывесці ў парадак сэрца”, а бацька рабіў кіроўцам грузавіка на нафтавых радовішчах.
– Х’юстан – нафтавы горад, – сказала Сід. – Калі кошты на нафту ідуць угору, жыццё здаецца цудоўным. Калі яны падаюць ніжэй плінтуса, даводзіцца класці зубы на паліцу. Але на лепшае ці на горшае, у багацці і ў беднасці Х’юстан заўжды быў і будзе нафтавым горадам.
З яе аповеду выглядала, што ў ейных бацькоў так ніколі і не скончыўся мядовы месяц. Нават калі ў іх было чатыры дачкі-падлеткі, яны па-ранейшаму трымаліся за рукі на людзях, дарылі адно другому па адзінай ружы і пакідалі нататкі пра каханне ў пакунках з абедам.
– У дванаццаць гадоў я ад гэтага ніякавела, – працягвала Сід. – Цяпер мне пра гэта прыемна згадваць. Прыемна, што мае бацькі так кахалі адно другога. Я разумею, ты думаеш: можа, нічога падобнага насамрэч не было, і мне папросту хочацца іх такімі памятаць. Можа, яны дапякалі адно другога ды ўвесь час сварыліся. Але я ведаю тое, што бачыла. Яны шалёна кахалі адно другога. Яны не памыліліся ў выбары.
А тады аднойчы ў нядзелю Сід з сяброўкамі пайшла ў кавярню Dairy Queen у гандлёвым цэнтры Galleria. Там яе і знайшла старэйшая сястра, каб сказаць, што з бацькам здарыўся інфаркт – ён памёр.
– Мама – яна не пастарэла за ноч, не. Усё было іначай. Яна проста сышла ў мінулае. Можа, ёй здавалася, што самае лепшае ў жыцці для яе скончылася. Яна, як і раней, хадзіла на працу. Як і раней, гатавала нам есці. Але цяпер яна шмат глядзела старыя фільмы. Напэўна, тое-сёе з ейнага відэазбору зачапіла і мяне. Бо калі я пазнаёмілася з хлопцам, дзеля якога потым пераехала ў Ангельшчыну, мне падалося, што ён – Рэт Батлер.
Мне заўжды няўтульна, калі размова заходзіць пра чыіхсьці былых партнёраў. Надзеі, якія ператварыліся ў нішто, раны, якія так і не загаіліся, горыч і роспач, бо тваё каханне выкінулі на сметніцу – усё гэта азмрочвае самы цудоўны вечар. Сід гэта адчула. Яна змяніла тэму, пераключылася са свайго сумнага аповеду на ажыўленае шчабятанне пра Х’юстан, нібы экскурсавод.
– Ведаеш, якое слова першым прагучала на месяцы? Х’юстан. Гэта дакладна вядома. Ніл Армстранг звярнуўся ў Цэнтр кіравання палётам: “Х’юстан, гаворыць база “Транквіліці”. “Арол” прызямліўся”.
– Пакуль я з табой не пазнаёміўся, я ніколі не думаў пра Х’юстан. Ён не з тых амерыканскіх гарадоў, што адразу сабе ўяўляеш.
– Ён абсалютна не такі, як Лондан. Калі будынак адзін раз перафарбоў­валі, ён лічыцца старажытным. Там на ўзбочыне дарогі ёсць забягалаўкі, што завуцца “іглу”. Усе жанчыны ў іх выглядаюць так, нібы толькі што выйшлі жыўцом з песні Хэнка Уільямса1. А маладыя ў суботу ўвечары ходзяць у вінарню “Юкатан”. Дзяўчаты імкнуцца паходзіць на Памелу Андэрсан, а хлопцы абавязкова ўдаюць на Міт Лоўфа2.
– Зусім як у Эсэксе, – заўважыў я. – А дзе ты пазнаёмілася з гэтым ангельцам?
– У вінарні “Юкатан”. У суботу. Ён спытаўся, ці не хачу я выпіць. Я ад­казала “не”. Тады ён спытаўся, ці не хачу я патанцаваць. Я адказала “так”. Ён працаваў у Х’юстане мотадастаўцам. Такая ў яго служба. Развозіць на матацыкле розныя тавары. Гэткі гламурны паштальён. Натуральна, я была ўражаная.
– Але як урэшце выявілася, што ён не Рэт Батлер?
– Ну, ведаеш, нават Кларк Гэйбл, як урэшце выявілася, не быў Рэтам Батлерам.
– Аднак ты пераехала з ім у Лондан?
– Так.
– А чаму вы не засталіся ў Штатах? Яго выкінулі?
– Не. Мы ўзялі шлюб. Ён атрымаў “зялёную картку”. Ведаеш, што “зялёная картка” насамрэч ружовая?
Я здзіўлена паматляў галавой.
– Мы таксама здзівіліся. Неабходна было прайсці сумоўі з рознымі чыноўнікамі з дэпартаменту іміграцыі, якія мусяць пераканацца, што вы сапраўды кахаеце адно другога. Мы паказалі альбом з вясельнымі фатаграфіямі, і нам не чынілі ніякіх перашкодаў. Мы маглі б застацца ў Штатах назаўжды, – на хвілінку яна задумалася. – Напэўна, яму здавалася, што варта паспрабаваць дасягнуць у жыцці чагосьці большага. У Амерыцы лёгка адчуць сябе няўдачнікам. І мы пераехалі сюды.
– І што ў вас не склалася?
– Усё.
Яна паглядзела на мяне.
– Ён “любіў залезці ў бамбук”. Ведаеш, што гэта азначае?
Я хіснуў галавой.
– Нешта з наркотыкамі?
– Не. Хаця, у пэўным сэнсе, так. Яму падабаліся азіяткі. І цяпер падабаюцца. І заўжды будуць падабацца.
– Азіяткі?
– Ведаеш, карэянкі. Кітаянкі. Японкі. Філіпінкі. Ён быў непераборлівы – напэўна, яны маглі б пакрыўдзіцца, бо азіяткі часам розняцца між сабою не менш, чым шведкі і турчанкі. У той вечар, калі мы пазнаёміліся, ён прыйшоў у “Юкатан” з в’етнамачкай. У Х’юстане шмат в’етнамцаў.
– Ты кажаш “азіяткі”, але ж гэта ўсходнія жанчыны.
– У наш час нельга казаць “усходнія”. Лічыцца, што гэта абраза, як “чарнаскуры” ці “сцюардэса”. Трэба казаць “афраамерыканец” і “бортправадніца”. І “азіят” замест “усходні”.
– Як на мяне, “азіяткі” значыць “індускі”.
– Выбачайце, містэр! Так цяпер прынята.
– А чым яны яму падабаліся?
– Можа, тым, што не падобныя на яго. Што яны зусім іначай выглядаюць. Я гэта разумею. Па сутнасці, гетэрасэксуальнасць – гэта калі цябе вабіць да тых, хто не падобны да цябе, праўда?
– А калі яму падабаліся азіяткі, калі гэты не-Рэт Батлер “любіў залезці ў бамбук”, дык чаму ён упадабаў цябе?
– Хоць застрэль – не ведаю! Мабыць, я для яго сталася адхіленнем ад нормы. Спалучэннем працы з адпачынкам.
Сід адкінула з ілба чорную грыўку і паглядзела на мяне сваімі шырока пастаўленымі вачыма. Цяпер, калі яна пра гэта сказала, я ўбачыў, чаму той, хто “любіў залезці ў бамбук”, мог запасці на яе. Пры пэўным святле.
– Мы пражылі разам два гады. Год там, дома, і год тут. Тады ён узяўся за старое. Ці я даведалася, што ён ўзяўся за старое. Са студэнткай з Малайзіі. Пазнаёміўся ў парку. Паказаў ёй Лондан. І яшчэ сёе-тое. Ён быў неблагі чалавек. Ён і цяпер неблагі чалавек. Я проста памылілася ў выбары. А што не склалася ў цябе?
– У мяне?
– Так, што здарылася з тваёй сям’ёй?
Я паспрабаваў зразумець, што адбылося паміж Джынай і мной. Я ведаў: гэта неяк звязана з адчуваннем, што ты старэеш, з тым, што пачынаеш думаць, быццам жонка дадзеная табе назаўжды і нікуды не падзенецца, з тым, што жыццё, здаецца, сцякае скрозь пальцы. Джэймс Сцюарт, калі б мог, патлумачыў бы.
– Я шчыра не ведаю, што з намі здарылася. У мяне тыпу сарвала разьбу.
– А, зразумела, – сказала Сід. – Табе стукнула ў галаву з некім пера­трахнуцца?
– Не толькі гэта. Хоць часткова і яно таксама. Але я папросту… не ве­даю, як патлумачыць… Я неяк даў згаснуць агеньчыку.
Сід уважліва паглядзела на мяне і хітнула галавой.
– Хадзем, паглядзім на агеньчыкі, – прамовіла яна.
Ужо сцямнела. Было відаць, як на тым баку ракі ўздоўж усёй набярэжнай ззяюць агеньчыкі ілюмінацыі. Як нітка жэмчугу. Зранку тут зноў будуць шэрыя офісныя будынкі і заторы на дарозе, і ўвесь горад будзе спяшацца зрабіць плацяжы. Але сёння ўначы – якая прыгажосць…
– Быццам Каляды, – вымавіла Сід, узяўшы мяне пад руку.
Так. І на душы быў калядны настрой.
– Я вырашыла паспрабаваць: мо ў нас з табой нешта складзецца, – сказала яна.

21.

Калі нянька, што дыміла як паравоз, нарэшце дапяла, што мы не маем намеру скрасці Пегі, дзяўчынцы дазволілі на пару гадзін зайсці ў госці да Пэта.
– Глядзіце, што ў мяне ёсць, – яна паказала мне пластмасавага чалавечка. У белых атласных штанах, камізэльцы з тканіны “дыска” ў серабрыстых бліскаўках і чымсьці накшталт пурпуровага фрака, ён выглядаў цалкам задаволеным сабой.
– Дыска-Кен, – патлумачыла Пегі. – Прыяцель Барбі. Ідзе на дыс­катэку.
Дзіўна было глядзець, як яны разам гуляюцца. Пэт хацеў знішчыць Зорку смерці. Пегі хацела павесіць у Millennium Falcon фіранкі.
Расхваляваны ледзь не да істэрыі ад таго, што ва ўласнай гасцёўні прымае сваю сяброўку, хоць відавочна абыякавы да Дыска-Кена, Пэт скакаў па канапе, размахваў над галавой светлавым клінком і крычаў: “Я ніколі не стану на бок Сілаў Цемры!”
Пегі разглядала яго сур’ёзнымі цёмнымі вачыма, а тады пачала пера­соўваць фігуркі з “Зорных войнаў” вакол Millennium Falcon (моцна абматанага з аднаго боку скотчам пасля аварыйнай пасадкі на батарэю), нібы яны пілі гарбату з булачкамі ў гатэлі “Рыц”.
Што галоўнае: успадкаванае ці ўзгадаванае? Я ведаю: Пэта ніхто ніколі не заахвочваў да жорсткіх гульняў. Напраўду ягоныя бясконцыя крывавыя бойні мне ўжо ў косці ўеліся.
У свае няпоўныя пяць гадоў Пэт быў ласкавым, мілым хлапчаняткам, занадта далікатным, каб вытрываць грубыя выхадкі на дзіцячай пляцоўцы. У школе яго задзіралі, бо яго не сустракала пасля заняткаў мама, і мы з ім ніяк не маглі прыдумаць, як тут даць рады.
Пегі абсалютна не паходзіла на Пэта. У свае пяць з паловай гадоў яна была моцнай, упэўненай у сабе дзяўчынкай, якую, здаецца, нішто не збянтэжыць і не спужае. Я ніколі не заўважаў у гэтых сур’ёзных вачах страху.
Як Пэт не створаны для палявання і збіральніцтва, гэтак Пегі не створаная для варкі сочыва і вязання. Аднак жа дай ім скрынку фігурак з “Зорных войнаў” – і раптам дзеці пачыналі адпавядаць усім гендэрным стэрэатыпам. Пегі не цікавілі гульні ў забойствы і знішчэнне ворагаў. А Пэта не цікавіла нішто іншае.
Але гэта не замінала ім радавацца кампаніі адно другога. Абапершыся на спінку канапы, Пэт замілавана глядзеў, як Пегі пасоўвае фігуркі каралеўны Леі, Хана Сола і Люка Скайуокера вакол вакол шэрых пластмасавых касмічных караблёў, якія адолелі ўжо мноства міль касмічнай гіперпрасторы.
– А дзе твая мама? – спытала ў яго Пегі.
– За мяжой. А твая?
– На працы. Пасля ўрокаў мяне забірае Б’янка, але мама не дазваляе ёй паліць у кватэры. А Б’янка злуецца.
Падобна, што ў жыцці Пегі мужчыны нідзе паблізу не назіраецца. Ды ў наш час пра гэта і гаварыць не варта. Цікава, хто ейны бацька? Напэўна, нейкі мярзотнік, што зваліў, як толькі яго папрасілі купіць падгузнікі.
У дзверы пазванілі. Чарговы маладзён, што страціў працу, але яшчэ не страціў надзеі. Мне даспадобы іхні нязломны дух, я заўсёды імкнуся набыць у іх кавалачак замшы ці мяхі для смецця, каб падтрымаць небаракаў. Але ў гэтага не было звычайнай торбы, поўнай усялякай гаспадарчай драбязы.
– Выбачайце, што патурбаваў, – сказаў ён. – Мяне зваць Эман. Эман Фіш.
Я не адразу скеміў, хто ён. Жывучы ў вялікім горадзе, так прызвычайваешся, што ў дзверы звоняць абсалютна незнаёмыя людзі, што калі на парозе апынаецца той, хто сапраўды меў да цябе нейкае дачыненне, ты цалкам разгублены.
А, вядома! Эман Фіш, малады комік, які праз год будзе здымацца ў рэкламе піва і спаць з прыгажунямі сіноптыкамі. Ці праз месяц. Ці праз тыдзень. Той самы Эман Фіш, чыім прадзюсерам я меўся стаць, але адмовіўся, каб гатаваць рыбныя палачкі, – во фішка!
Я не ведаў, што з ім рабіць. Я не ведаў, навошта ён прыйшоў. Я чакаў, што пабачу пашкуматанага жыццём маладзёна, які будзе імкнуцца ўсунуць мне кавалачак замшы. А з’явіўся пашкуматаны жыццём маладзён, які неўзабаве будзе наглюквацца на цырымоніі ўзнагароджання Брытанскай кіна- і тэлеакадэміі.
– Чым магу дапамагчы? – спытаў я ў яго.
– Што-што? – ён насупіў бровы, схіліў набок галаву і пасунуўся блі­жэй.
– Што Вам трэба?
– Можна з Вамі пагаварыць? Мне гэта вельмі важна.
Я пусціў яго ў дом. Мы прайшлі ў гасцёўню, дзе, заваленыя цацкамі, сядзелі Пегі і Пэт. Пэт усё яшчэ трымаў у руцэ светлавы клінок.
– Ого, – сказаў Эман. – Светлавы клінок. Традыцыйная зброя рыцараў джэды! Можна паглядзець?
Паціху распаўзаючыся ва ўсмешцы, Пэт падняўся на ногі і перадаў незнаёмаму юнаку свой светлавы клінок.
– Добры ты хлопец, – прамовіў Эман.
Ён шырокім жэстам узмахнуў светлавым клінком, са свістам рассякаючы паветра, ад чаго Пэт заўсміхаўся яшчэ шырэй.
– Шмат гадоў я не трымаў яго ў руках, – сказаў Эман. – Але развучыцца ім валодаць немагчыма, праўда? – ён усміхнуўся Пэту. – Я родам з маленькага мястэчка, што завецца Кілкарні. І калі я рос, то пачуваўся прыкладна як Люк Скайуокер на Татуіне. Ведаеш Татуін?
– Родная планета Люка, – пацвердзіў Пэт. – Там, дзе два сонцы.
– Што-што? А, кажаш, родная планета Люка? Так, слушна. І ён па­чуваўся адрэзаным ад усёй астатняй галактыкі. Далёка-далёка ад хоць якіх падзеяў, ён марнеў пад двума сонцамі старога Татуіна. Калі я рос у сонным старым Кілкарні, то таксама марыў вырвацца адтуль насустрач мноству прыгодаў у далёкіх краінах – я іх нават не мог сабе ўявіць.
Эман вярнуў Пэту светлавы клінок.
– І я так і зрабіў, – скончыў ён.
– Так, – заўважыла Пегі. – Але што адбылося ў прамежку?
– Што-што?
Ён што, зусім глухі?
– Я кажу, што адбылося з таго часу, як Вы пакінулі сваю родную планету, і дасюль? – пракрычала Пегі.
– А вось пра гэта я і хацеў пагутарыць з тваім татам.
– Ён не мой тата. У майго таты – матацыкл, – паведаміла Пегі.
– Мой – хлопчык, – я паказаў на Пэта. Той не зводзіў з Эмана вачэй, высока ацаніўшы ягоную тэхніку валодання светлавым клінком.
– Падобны, – сказаў Эман і шчыра, па-сапраўднаму цёпла ўсміхнуўся. – То бок у яго Вашае падбароддзе. Нешта ў ім такое ёсць. Прыгожы хлапчынка, чаго казаць.
– Хадземце на кухню. Кавы?
– Кажаце, кавы? Супер.
Пакуль я ставіў імбрык, Эман сядзеў за сталом, калупаўся ўказальным пальцам увушшу і нешта сам сабе мармытаў.
– Няўдалы дзень? – спытаў я.
– Што?
Я пасунуў яму кубачак кавы і пасунуўся ўшчыльную да яго тварам. Падступнае ірландскае абаянне ў спалучэнні з далёка не ўчорашняй пакамечанасцю. Як Кенедзі, што ўсё лета праспаў пад дзвярыма. І, здаецца, глухі як цецярук.
– Што, кажу, у Вас са слыхам?
– А, гэта… Зараз патлумачу. У Вест Эндзе ёсць такое шыкоўнае месца, дзе падбіраюць слыхавыя апараты. І падганяюць навушнікі – для тэлевядучых. Каб прадзюсеры і рэжысёры маглі казаць ім у вуха падчас праграмы. Можа, ведаеце?
Я ведаў. Памятаю, як туды хадзіў Марці, каб яму падагналі навушнікі. Тады мы і ўсвядомілі, што сапраўды сыходзім з радыё.
– Я толькі што адтуль, – тлумачыў Эман. – Паспешліва, бачыце, рэты­раваўся. Калі здымаюць мерку, то ў вушы заліваюць нешта накшталт цёплага воску. Трэба чакаць, пакуль ён застыне. Тады вядома, якога памеру рабіць навушнікі.
– Зразумела.
– Ды толькі са мною да гэтага не дайшло. Мне залілі ў вушы гарачы воск, мы сядзелі і чакалі, каб ён застыў, і раптам я падумаў: бляха, якога ляда я тут тырчу?
Эман страсянуў галавой. З вушэй паразляталіся хлапакі застылага воску.
– З чаго гэта мне прыйшло да галавы, што я змагу весці тэлешоў? І з чаго гэта ўсе навокал вырашылі, што я магу быць тэлевядучым? Я комік. Працую ў размоўным жанры. Некаторым падабаецца. І што з таго? Адкуль вынікае, што я магу весці тэлешоў?
– Значыць, з Вас здымалі мерку для навушнікаў, як Вас апанавала сцэнічная паніка?
– Ды толькі я і блізка не паспеў падысці да сцэны. Не ведаю, ці вартае яно такога шляхетнага наймення – “сцэнічная паніка”. Па-мойму, гэта было бліжэй да прыступу жаху – усе кішкі сцяліся. Так ці іначай, я задаў лататы з поўнымі воску вушамі. Здаецца, ужо добра застыў.
Я даў Эману сурвэтку і ваткі на палачках і стаў назіраць, як ён выкалупвае з вушэй зацвярдзелы воск. Меркі заўсёды здымаюць на два навушнікі: левы і правы, – хоць ніхто больш як адным не карыстаецца. Цяпер я скеміў: гэта проста хітрык, каб кліент не збег.
– Я вельмі хацеў, каб Вы былі маім прадзюсерам. Мне патрэбны – як гэта кажуць? – натхняльнік. Той, хто падказваў бы, як што рабіць. Як Вы падказвалі Марці Мэну, калі ён сышоў з радыё. Я быў расчараваны, калі мне сказалі, што Вы адмовіліся.
– Вы тут ні пры чым, – адказаў я. – Я цяпер гадую сына. Адзін. Я не магу працаваць поўны дзень – мушу быць з ім.
– Але ён, я заўважыў, апрануты ў форму. Як я разумею, малады чалавек ходзіць у школу?
– Так.
– І яго амаль увесь дзень няма дома?
– Ну, так.
– Даруйце, Гары, што пытаюся, але чым Вы ўвесь дзень займаецеся?
Чым я займаюся? Буджу Пэта, апранаю, адвожу ў школу. Раблю закупы, прыбіраю ў хаце. Тады па абедзе сустракаю яго каля школьнай брамы. Раблю сэндвічы, чытаю яму і кладу спаць. Чым я ўвесь дзень займаюся?
– Нічым.
– Няўжо Вы не сумуеце? Па працы?
– Вядома, сумую. Я раней якасна бавіў час з сынам – то бок бачыў яго штодзень па пяць хвілінаў зранку і перад сном. Цяпер я баўлю з ім час колькасна. Гэта здарылася не з маёй волі. Проста так склалася, і ўсё. Таму я не магу быць Вашым прадзюсерам.
– Але Вы б маглі быць выканаўчым прадзюсерам, праўда? Прыходзілі б пару разоў на тыдзень толькі назіраць за здымкамі. Казалі б мне, што трэба зрабіць, каб больш не выглядаць поўным ідыётам. Дапамагалі б мне як найлепш сябе праявіць?
– Ну, магчыма.
Я нават ніколі не задумляўся, што можна знайсці кампрамісны варыянт паміж поўным працоўным днём і поўным беспрацоўем. Мне гэта і да галавы не прыходзіла.
– Паслухайце, я ў захапленні ад таго, што Вы робіце дзеля сына, – сказаў Эман. – Паверце, мамашы ў Кілкарні віталі б Вас авацыямі. Але Вы мне патрэбны. Я прыйшоў сюды з самых эгаістычных матываў. Я дры­жу, як авечы хвост, ад таго, што мушу весці шоў. Таму і вытрасаю застылы воск на падлогу ў Вас на кухні. Я ведаю: Вы можаце дапамагчы мне прайсці праз гэта, не зганьбіўшы сябе ўшчэнт. Магчыма, нават атрымаецца нешта добрае.
Я падумаў пра доўгія, бясконцыя ранішнія і дзённыя гадзіны, калі Пэт не са мной. Падумаў пра апошнюю сустрэчу з банкаўскім менеджэрам, прыемна ўражаным тым, як я стараюся расціць сына, і непрыемна ўражаным тым, як расце “мінус” на маім рахунку.
Аднак найбольш я думаў пра тое, як добра Эман трымаўся з Пэтам: захапляўся ягоным светлавым клінком, пагутарыў з ім пра родную планету Люка, сказаў мне, што ў ім нешта ёсць.
Я зразумеў: на гэтым этапе жыцця – і на ўсіх наступных, калі ўжо на тое, – мне будуць падабацца ўсе, каму падабаецца мой хлопчык. Калі застаешся з дзіцём сам-насам, хочацца, каб за яго было як мага больш людзей. Гэты малады ірландскі комік з застылым воскам увушшу быў на нашым баку. І я таксама стаў на ягоны бок.
Я пагадзіўся працаваць з ім на няпоўную стаўку, бо мне было нудна, а ў кішэнях – пуста. Але найперш я пагадзіўся таму, што ён лічыў: у майго сына ўсё складзецца як найлепш.
– Трэба паглядзець, як ты выступаеш, – сказаў я. – Паглядзець, што ты ўмееш на сцэне, каб прыдумаць, як гэта выкарыстаць на экране. Маеш ролікі выступу?
– Што?

22.

Калі і ёсць поўная супрацьлегласць непранікальнасці, дык гэта малыя дзеці.
Можа, гадоў праз дзесяць Пэт навучыцца хаваць свае пачуцці за пазбаўленай усялякага выразу маскай падлетка, і ягонаму продку – мне – будзе ніяк не здагадацца, што сын мае на думцы. Але пакуль яму трохі не хапае да пяці, і я разумею, што ён раскіс праз нядаўні званок ад маці.
– Пэт, з табой усё добра?
Ён абыякава хітнуў галавой, і я пайшоў за ім у купальню. Ён выціснуў на зубную шчотку з Ханам Сола дзіцячай пасты.
– Як мама?
– Нармальна. Яна прастыла.
Ён не плакаў. І не збіраўся плакаць. Вочы былі сухія, вусны не дрыжалі. Але ён засмуціўся.
– Хочаш паглядзець відзік? – спытаўся я, назіраючы, як ён чысціць зубы, што дагэтуль ззялі немагчымай навечай.
Пэт сплюнуў у ракавіну і з падазронасцю стрэліў на мяне вачыма.
– Заўтра ў школу, – заўважыў ён.
– Я ведаю, што заўтра ў школу. Я ж не кажу пра ўвесь фільм. Ну, напрыклад, ад пачатку і пакуль два дроіды не трапляюць у палон. Згода?
Пэт прапаласнуў рот і паставіў на месца шчотку.
– Я хачу спаць.
Я пайшоў за ім у спачывальню, ухутаў, падтыкнуў яму коўдру. Пэт не хацеў, каб я пачытаў яму на ноч. Аднак жа я не мог проста так згасіць святло, ведаючы, што ён маркоціцца.
Я ведаў, чаго яму бракуе. Нават не таго, што называюць матчынай любоўю. А матчынай ласкі. Каб хтосьці сказаў яму, што калі ён яшчэ не ўмее завязваць шнуркі, дык гэта дробязь. Каб хтосьці сказаў, што ён усё адно цэнтр сусвету, хоць Пэт нядаўна ўведаў тое, што кожны чалавек разумее ў першы школьны дзень: ніхто з нас – не цэнтр сусвету. Мне так адчайна хацелася, каб у яго ўсё пайшло добра, што я не мог расслабіцца, мяне не адпускала наструненасць. Джыніна ласка. Вось чаго бракавала Пэту.
– Яна вернецца, – супакойваў я. – Мама вернецца. Ты ж ведаеш, што яна вернецца па цябе, так?
Пэт хітнуў галавой.
– Ага, як толькі разбярэцца з працай.
– Пэт, у нас жа ўсё добра, так? Мы з табой у парадку, праўда?
Ён утаропіўся ў мяне, заміргаў, каб адагнаць сон. Дзіця спрабавала зразумець, пра што гэта я.
– Мы ж даем рады без мамы, праўда, Пэт? Табе падабаецца, калі я мыю табе галаву. Я гатую для цябе смачную ежу – сэндвічы з беконам і ўсё такое. І са школай усё файна, так? Табе ж падабаецца ў школе. Усё файна, так? У нас дваіх усё файна?
Я пачуваўся непамысна, што так насеў на малога. Але мне было трэба ад яго пачуць, што ў нас усё добра. Было трэба пачуць, што мы даем рады.
Пэт стомлена ўсміхнуўся.
– Так, тата, у нас усё файна, – вымавіў ён, і я абняў і пацалаваў яго перад сном. Я быў яму так удзячны.
Вось што самае горшае, калі разыходзяцца бацькі, падумаў я, згасіўшы святло. Дзеці вымушаныя хаваць, што ў іх на сэрцы. Яны вучацца існаваць паміж двума асобнымі сусветамі. Ператвараюцца ў маленькіх дыпламатаў. Вось у чым найвялікшая трагедыя. Развод робіць з кожнага дзіцяці пастэрызаванага Генры Кісінджара ў дробнай расфасоўцы.

– Я родам з невялічкага мястэчка Кілкарні, – Эман Фіш зняў са стойкі мікрафон і асцярожна пастукаў пальцам у празрысты навушнічак у левым вуху. – З ціхага мястэчка Кілкарні, пра дзяўчат якога ходзяць легенды.
Я назіраў за ім, седзячы ў першым шэрагу гледачоў у студыі – у іх перад самым носам красаваліся азадкі пяці аператараў. Нас атачалі звычайныя тэлевізійныя прыбамбасы: гарэлі падвешаныя юпітэры, змеямі звіваліся кабелі, за камерамі сноўдалі плоймы ценяў: ад менеджэра студыі да суфлёркі і дзяўчат, што наліваюць ваду, – усе, як мы кажам, “у чорным”. Аднак рэжысёр здымаў Эмана так, каб гэта больш нагадвала размоўны жанр, а не яшчэ адное начное ток-шоў. Іх ужо і так зашмат набралася, гэтых ток-шоў, падобных на танныя падробкі пад Дэвіда Летэрмана1. Але нашае будзе выгодна вылучацца сярод усіх астатніх дзякуючы вядучаму.
– Для тых з вас, хто ніколі не быў у гэтай цудоўнай частцы маёй краіны, мушу сказаць, што сучасная цывілізацыя амаль не закранула Кілкарні. Напрыклад, у Кілкарні няма вібратараў.
Гледачы пырснулі ад смеху.
– Гэта праўда. Святары іх забаранілі. Бо дзяўчаты ў Кілкарні ўвесь час крышылі аб іх зубы.
Публіка засмяялася. Але калі Эман нетаропка сышоў з маленькай сцэны і паволі наблізіўся да нас, у іх смеху пачуліся нейкія нервовыя ноткі.
– То бок, я не хачу сказаць, што дзяўчаты ў Кілкарні – дурніцы. Але чаму яны заўсёды мыюць галаву ў матчыных кухонных ракавінах? Бо там і належыць мыць пустую тару.
Гледачы засмяяліся гучней. Ніводны з тых, хто прыйшоў у студыю, – а гэта заўсёдная зборня цікаўных і зануджаных, што вырваліся на пару гадзінаў, каб іх на халяву весялілі, – раней не бачыў Эмана Фіша. Зараз яны адчулі: ён бяскрыўдны. Тут ён і нанёс удар.
– Напраўду, я ўсё гэта прыдумаў, – сказаў ён. – Гэта поўная чухня. Дзяўчаты з Кілкарні лепш за ўсіх у Заходняй Еўропе здаюць іспыты. Фактычна ў сярэдняй дзяўчыны з Кілкарні больш выдатных адзнак, чым у сярэдняга ангельца – наколак. Няпраўда, што адзіная розніца паміж дзяўчынай з Кілкарні і камаром у тым, што камар перастае зудзець, калі даць яму па галаве. Няпраўда, што дзяўчатам з Кілкарні даюць толькі пятнаццаць хвілінаў на абед, бо іначай іх давядзецца вучыць наноў. Няпраўда, што ў дзяўчат з Кілкарні і “Гінэсу” ў бутэльках агульнае тое, што вышэй за горла яны пустыя. Усё гэта няпраўда.
Эман уздыхнуў, правёў вольнай рукой па густых чорных валасах і сеў на край сцэны.
– Праўда ў тым, што і ў наш век, век ліберальнай Guardian, век “мюслі”, век паліткарэктнасці, нам патрэбны аб’ект нянавісці. Раней гэта быў дурны, як доўбня, ірландзец і цешча – бой-баба. Цяпер – дзяўчаты-бландынкі. Дзяўчаты з Эсэксу. Дзяўчаты з Кілкарні.
Ён санліва страсянуў галавой.
– Цяпер мы ўсе ў душы ведаем, што пункт на мапе і колер валасоў хрэн звязаныя з сексуальнымі норавамі і разумовымі здольнасцямі. Дык чаму ж нам абавязкова трэба знайсці тых, з каго можна кпіць? Якую глыбінную патрэбу нашых нізкіх душонак мы тым самым спаталяем? Чаму мы смяемся, калі чуем, што бландзінка з Кілкарні гасіць святло пасля любошчаў тым, што зачыняе дзверы машыны?
Гэта было яшчэ толькі спробнае шоў, але я ўжо бачыў: у Эмана атрымаецца. Прачысціўшы вушы ад застылага воску, ён разнёс на трэскі бар’ер страху і цяпер вучыўся быць сабою пад поглядам пяці камераў. З Фішам усё файна. Мяне больш турбавалі гледачы ў студыі.
Яны прыйшлі, каб іх смяшылі, каб бакі ад рогату рваць, а тут раптам высвятляецца, што яны мусяць адстойваць свае прымхі. Яны пачуваліся падманутымі. Добрага гумору ім не дадалося. У шоў Эмана мы заўсёды будзем сутыкацца з гэтай праблемай. Як на мяне, адзіны спосаб яе вырашыць – даць ім наглюкацца.
На першай жа нарадзе пасля спробнага шоў я сказаў, каб асістэнтка прадзюсера адкаркавала колькі бутэлек і бляшанак піва і прапанавала гледачам, пакуль тыя чакаюць, каб іх запусцілі ў студыю. Усе паглядзелі на мяне, як на генія.
Вось за што я люблю тэлебачанне. Параіш адкаркаваць лагер – а на цябе глядзяць так, нібы ты толькі што размаляваў Сіксцінскую капліцу.

– Значыць, праца лепшая за папярэднюю, але плацяць менш? Як так? – дзівіўся бацька.
– Бо я працую няпоўны тыдзень, – зноў патлумачыў я.
Мы нібыта ганялі мяч з Пэтам у садзе за бацькоўскім домам, але Пэт збег у дальні закуток, узброены сваім светлавым клінком і апантаны марамі пра зваяванне міжгалактычнага ліха. У выніку перапасоўваць пластмасавы мячык пад сонцам, адчуваючы ў паветры лёгкі подых восені, засталіся два пенсіянеры і я.
Ужо халаднела, але нам зусім не хацелася ісці ў дом. Быў канец верасня. Год блізіўся да завяршэння. Такія цудоўныя дзянькі хутка прамінуць.
– Калі гэта сапраўды лепшая праца, то яны павінны выкладаць гатоўку, – сказаў тата, мой бізнесмен міжнароднага маштабу, мякка адпасаваўшы мяч жонцы. – Ва ўсіх гэтых тэлекампаніяў грошай, як гразі.
– Толькі не ў той, дзе працуе Гары, – заўважыла мама (яна думала, што так мяне падтрымлівае) і прыціснула мяч да зямлі падэшвай тапціка.
– Я прыходжу на пару вытворчых нарадаў ды на запіс праграмы – і ўсё, – сказаў я. – Не сяджу ў офісе штодня з ранку да вечара. Не аддаю ім усяго сябе дарэшты. Проста прыходжу два разы на тыдзень, удаю з сябе вялікага начальніка, усіх шыхтую ды выдаю бліскучыя ідэі. І вяртаюся дахаты.
– Да Пэта, – удакладніла мама, адкінуўшы мне мяч. – Твайго ўнука.
– Я сам ведаю, як зваць майго ўнука, – раздражнёна адказаў мой продак.
– Некаторыя выканаўчыя прадзюсеры робяць плойму шоў. Я буду займацца толькі гэтым. Я ўсё пралічыў. Грошай будзе менш, чым раней, але гэтага хопіць.
– Так Гары зможа і аплачваць рахункі, і быць з Пэтам, калі той вяртаецца са школы, – дадала мама.
Бацьку гэта не пераканала.
Ён хацеў, каб я меў усё, чаго толькі можна чакаць ад жыцця: кар’еру і дзяцей, сям’ю і вялікі заробак, шчаслівы дом і тоўсты кашэль. Ён хацеў, каб я меў усё адразу. Але ніхто не здатны мець усё адразу.
– Бобі Чарльтан1, – сказаў бацька і з размаху ўдарыў па мячыку. Той адскочыў ад нагі і паляцеў у ружы.
– Вось жа хрэнь! Я падбяру.
Мы з мамай глядзелі, як ён пайшоў углыб саду, каб авалодаць мячом. Тата не прамінуў пакласці руку на плячо Пэту і спытаць, што ён робіць. Пэт радасна засакатаў, узняўшы на дзядулю гладкі круглы тварык, а той усміхаўся, гледзячы на ўнука з бязмежнай пяшчотай.
– З ім усё нармальна? – спытаў я ў мамы. – Надоечы ў парку ў яго быў нейкі вельмі падазроны прыступ.
– Ён задыхаўся, так? – удакладніла яна, не зводзячы з яго вачэй. І не здзівілася.
– Так.
– Я спрабую прымусіць яго паказацца доктару. Як кажа бацька, лекару.
Мы ўсміхнуліся адно другому ў цемры, што ўжо абступала нас.
– Напэўна, ён адзіны ва ўсім свеце, хто дасюль называе дактароў лекарамі, – заўважыў я.
– “Не пайду я ні да якога лекара”, – перадражніла яго мама. Яна выдатна перадала катэгарычную зацятасць, на якую ў дрэнным гуморы быў здольны бацька. – “Не хачу, каб са мною вошкаліся ніякія касталомы”.
Мы ўголас рассмяяліся. Нам падабалася яго старамоднае непрыманне ніякіх аўтарытэтаў – ад апошняга аўтаінспектара да найпершых светачаў медыцыны.
Мы абое заспакойвалі сябе тым, што бацька – такі ж самы, як заўсёды, хоць і баяліся, што насамрэч гэта ўжо не так.
Ён вярнуўся, трымаючы мяч, разам з Пэтам, спытаўся, што тут такога смешнага.
– Ты, – адказала мама, узяла яго пад руку, і мы ўсе вярнуліся ў бацькаў дом.
Я не хацеў мець усё адразу. Я толькі хацеў, каб мне быў дадзены яшчэ адзін шанец. Яшчэ адзін шанец нармальна ўладкаваць жыццё, жыццё без зазубрынаў па краях, жыццё, не разбітае на аскепкі. Яшчэ адзін шанец ухапіць сваё шчасце.
Мяне не клапаціла, праз колькі часу вернецца з Токіё Джына. Я быў шчаслівы з Пэтам. І я не імкнуўся зрабіць бліскучую кар’еру. Ад працы я чакаў толькі аднаго – грошай, каб сплачваць жыллёвы крэдыт.
Аднак я яшчэ не дайшоў да таго, каб пастарэць і схаладнець сэрцам, каб узненавідзець жанчын і ўвесь свет за тое, што са мною здарылася. Я не хацеў стаць тоўстым, лысым саракагадовым дзядзькам, што наганяе смяротную тугу на сына-падлетка бясконцымі згадкамі, як ён усім дзеля яго ахвяраваў. Мне яшчэ хацелася жыць. Хацелася атрымаць яшчэ адзін шанец усё зладзіць. І толькі. Здаецца, я зусім не шмат прашу. Толькі адзін шанец.
А наступнага дня да нас зайшоў бацька Джыны разам з Салі, дзяў­чынкай-падлеткам, што была насуплена сядзела на канапе ў кватэры Глена, адная са шматлікіх дзяцей, якіх ён спарадзіў і кінуў, панадзіўшыся на глыбейшыя малочныя рэкі, больш сексапільныя берагі. І раптам мне стукнула ў голаў, што насамрэч гнюсны сучасны свет спаскудзілі ўсе тыя, хто заўсёды хоча атрымаць яшчэ адзін шанец.

23.

На Глене было зімовае аперанне – задрыпаная аўганка паўзверх бліс­кучай сіняй майкі, што не прыкравала валасоў на кашчаватых грудзях, і штаны з заніжанай таліяй, такія цесныя, што ягонае начынне з камара вырастала да вала. Ён так адстаў ад моды, што яна паспела яго дагнаць і зноў зрабіць сваім апошнім піскам.
– А, Гары, здароў, мужык! – ён сціснуў маю руку нейкім таямнічым манерам, што мусіў азначаць “уладу – народу” і гадоў трыццаць таму, напэўна, сведчыў, што неўзабаве разгарыцца рэвалюцыя. – Як маешся? А дзе малы? Усё добра? Файна, файна.
Калісьці мне хацелася, каб мой продак больш паходзіў на Джынінага. Калісьці я шкадаваў, што мой бацька не фатаграфаваўся ў маладосці для глянцавых часопісаў, раз-другі не ззяў усмешкай у Top of the Pops на пачатку сямідзесятых і не цікавіўся нічым на свеце, апроч руж ва ўласным садзе. Але цяпер, калі я глядзеў, як выпіраюць з вузкіх нагавіц Гленавыя друзлыя нішчымныя яйцы, здавалася, тое было калісьці даўным-даўна.
За спінай Глена хавалася ягоная малодшая дачка. Спачатку я падумаў, што Салі не ў гуморы. Яна зайшла ў дом насупленая, не жадала ні з кім сустракацца вачыма – з вялікай цікаўнасцю вывучала дыван і хавала бледны твар за мышынымі хвосцікамі цёмных валасоў (даўжэйшых, чым першы раз), нібы ёй карцела схавацца ад усяго-ўсюткага свету. Але напраўду яна зусім не была ў кепскім гуморы. Ёй было пятнаццаць гадоў – вось у чым праблема.
Я правёў Глена і Салі на кухню. Мне было непрыемна бачыць гэтых дваіх сваякоў Джыны, што ні стуль ні ссюль зваліліся мне на галаву. І калі я ад іх адкараскаюся? Аднак я палагаднеў, заўважыўшы, як засвяціўся – так, літаральна засвяціўся – твар Салі, калі да нас прытупаў Пэт разам з Пегі. Можа, у ёй усё ж ёсць нешта чалавечае.
– Прывітанне, Пэт! – Салі праменілася ўсмешкай. – Як ты?
– Файна, – адказаў Пэт. Па ім было відаць, што ён не пазнаў маміну зводную сястру. Хто яна яму? Зводная цётка? Прыймовая кузіна? У наш час людзі маюць сваякоў, якім яшчэ не вынайдзенае найменне.
– Я запісала табе касету, – сказала Салі, капаючыся ў заплечніку. Урэшце выцягнула касету без футарала. – Ты ж любіш музыку, праўда?
Пэт абыякава пазіраў на стужку. Не прыгадаю, каб яму падабалася якая іншая музыка, апроч мелодыі да “Зорных войнаў”.
– Ён жа любіць музыку, праўда? – спытала мяне Салі.
– Жыць без яе не можа. Пэт, што трэба сказаць?
– Дзякуй.
Ён узяў касету і разам з Пегі сышоў з кухні.
– Я памятаю, як ён упадабаў хіп-хоп, калі мы ўсе разам гасцявалі ў таты, – падзялілася Салі. – Там класіка. Куліё. Ол’ Дэрты Бастард. Т’юпак. Доктар Дрэ. Якраз на густ маленькага хлопчыка.
– Дзякуй за клопат. Вельмі міла з твайго боку.
Яны моўчкі сёрбалі: Глен – зёлкавую гарбату, Салі – “Кока-колу”, а мяне праціналі злосць і абурэнне на гэтых дваіх, што нагадвалі пра Джыну. Чаго яны тут робяць? Што ім да майго жыцця? Чаму яны, бляха-муха, проста не зваляць на х...?
Мусіць, Пэт ці Пегі паставілі касету Салі – раптам сцены гасцёўні здрыгануліся ад злоснага негрыцянскага голасу, што біўся праз забойчыя басы.
You fuck with me and I’ll fuck with you – so that would be a dumb fucking, mother-fucking thing to fucking do.
– Цудоўна, – сказаў я Салі. – Пэт будзе ў захапленні. А ты, значыць, зноў гасцюеш у таты?
Яна адмоўна хіснула галавой.
– Я цяпер у яго жыву, – Салі зыркнула з-пад рэдкай грыўкі на свайго продка.
– Праблемы дома, – патлумачыў Глен. – З маёй былой паловай. І ейным новым хахалем.
– Старыя хіпары, – грэбліва фыркнула Салі. – Старыя хіпары, ім зайзд­росна, калі хто іншы ловіць кайф.
– Мужык закаціў сцэну, – сказаў Глен. – Ён за жорсткую дысцыпліну, педант.
– Ёлупень, – дадала Салі.
– Ну, а як твой хлопец? – спытаўся я, згадаўшы арангутанга, што лыбіўся на канапе.
– Стыў? – мне падалося, у яе вачах заблішчэлі слёзы. – Ён мяне кінуў, парсюк тлусты. – Сышоў да Ясмін МакДжынці. Гэтай старой шлюхі.
– Мы тут надоечы размаўлялі з Джынай, – затуманены мозг Глена ўрэшце звярнуўся да справы. – Мы ёй абяцалі, калі будзем паблізу, зайсці да цябе з Пэтам, паглядзець, як вы.
А, цяпер зразумела, чаго яны тут робяць. Вядома, выконваюць прось­бу Джыны. Але яны хацелі на свой капыл, хоць і няўклюдна, мне дапа­магчы.
– Чуў, у цябе новая халтура. Май на ўвазе, пацана заўсёды можна пад­кінуць нам.
– Дзякуй, Глен. Я цаню тваю прапанову.
– А калі спатрэбіцца нянька, тэлефануй мне, – сказала Салі, хаваючыся за завесай валасоў і ўтаропіўшыся кудысці па-над маім плячом.
Вельмі ласкава з ейнага боку. Цяпер, калі я на няпоўную стаўку працаваў, мне сапраўды зрэдчас была патрэбная нянька, каб дагледзець Пэта. Але, далібог, не настолькі, каб прасіць Салі.

Сід любіла Лондан так, як яго могуць любіць адно замежнікі.
Яна не зважала на дарожныя заторы, на мёртвыя пабы, застылую галечу ў муніцыпальных кватэрах. Яна глядзела скрозь апанаваных страхам пенсіянераў, дзяўчатак, што выглядалі як жанчыны, жанчын, што выглядалі як мужчыны, і мужчынаў, што выглядалі псіхамі. Сід усяго гэтага не бачыла. Яна казала, што Лондан – прыгожы горад.
– Уначы, і з вышыні, і калі ідзеш праз каралеўскія паркі. Ён такі зялёны. За ўсё жыццё я бачыла толькі адзін горад, зелянейшы за Лондан, – Х’юстан.
– Х’юстан зялёны? – здзівіўся я. – А я думаў, гэта нейкі запылены га­радок пасярод прэрый.
– Таму што ты дурны брыт. Х’юстан зялёны, містэр. Але не такі, як Лондан. Тут можна ў самым цэнтры прайсці трыма каралеўскімі паркамі – Сент-Джэймс, Грын Парк, Гайд Парк – і нага ніводнага разу не ступіць ні на што іншае, як зялёную-зялёную траву. Ведаеш, колькі гэта ў мілях?
– Міля ці каля таго, – паспрабаваў здагадацца я.
– Чатыры мілі. Чатыры мілі кветак, дрэваў і зяленіва. І вершнікі на конях! У самым сэрцы аднаго з найбуйнейшых гарадоў на планеце!
– І возера, – дадаў я. – Не забудзься пра возера.
Мы сядзелі ў кавярні на другім паверсе велізарнага белага будынка, узведзенага ў 30-я гады на Портланд Плэйс, – Брытанскага каралеўскага інстытута архітэктуры, – акурат насупраць кітайскай амбасады. Я і не здагадваўся пра існаванне гэтага манументальнага аазісу прыгажосці і спакою, пакуль мяне не прывяла сюды Сід.
– Я люблю возера, люблю Серпентайн. Цікава, а ўвосень яшчэ можна ўзяць на пракат човен ці ўжо запозна? – спытала яна.
– Пэўна не ведаю, – адказаў я. Стаяў апошні тыдзень верасня. – Мо яшчэ некалькі дзён будзе можна. Хочаш пакатацца?
Гэтыя шырока расстаўленыя карыя вочы зрабіліся яшчэ большымі.
– Зараз?
– Чаму б і не?
Сід зірнула на гадзіннік.
– Мне трэба на працу, – усміхнулася яна. – Я б з задавальненнем, але… Выбачай.
– Тады заўтра? Перадусім – човен. Пакуль у парку не збярэцца натоўп народу. Мы выправімся чым раней. Я зайду да цябе пасля сняданку.
Я яшчэ не бачыў ейнай кватэры.
– Ці я магу прыйсці да цябе сёння пасля працы, – адказала Сід.
– Сёння?
– Каб заўтра пэўна выправіцца рана-рана.
– Ты прыйдзеш да мяне пасля працы?
– Так, – яна апусціла вочы на аблокі, што плылі ў ейным кубачку ка­вы, тады зноў паглядзела на мяне. – Нармальна?
– Выдатна. Цудоўна.

Мо раман з Сід і пачаўся як нейкае сляпое, бяздумнае насланнё, калі я яшчэ не ачомаўся ад сыходу Джыны. Але пасля нашай першай ночы ўсё перамянілася. Бо вусны Сід пасавалі да маіх, як ніколі ніякія іншыя – нават Джыніныя.
Я сур’ёзна: вусны Сід проста ідэальна мне падыходзілі. Не зажорсткія і не замяккія, не засухія і не завільготныя, язык не завялікі і не замалы. Проста ідэальна.
Вядома, я цалаваў яе і раней, але гэтым разам усё было па-іншаму. Цяпер я жадаў, каб пацалунак доўжыўся вечна. Мабыць, нашыя вусны створаныя адно дзеля другога. Ці часта можна сказаць такое? Ці часта можна знайсці таго, чые вусны ідэальна пасуюць да тваіх? Скажу дакладна: раз у жыцці. Вось так.
У свеце безліч прыемных людзей, мільён тых, у каго можна закахацца. Але ёсць толькі адна істота, вусны якой ідэальна пасуюць да тваіх.
І нягледзячы на тое, што здарылася пасля, я ўсё роўна ў гэта веру. Шчыра.

На самым золку я назіраў за Сід у сне. Мне падабалася, што яна ляжыць з майго боку ложка, я радаваўся, што яна так мала ведае пра маё ранейшае жыццё, што не заняла аўтаматычна Джыніну палову.
Я заснуў, усведамляючы, што ў нашым жыцці пачаўся новы этап і толькі ад нас дваіх залежыць, каму з якога боку спаць.
А тады мяне пабудзіў крык Сід.

Напалохаў яе Пэт.
Напэўна, яму не давалі спакою п’яніцы, што хістаючыся клыпалі дахаты, калі ад цыгаркі суботняе ночы застаўся адно бычок. І Пэт вылез са свайго ложка ды прыцеляпаўся ў мой, так да канца і не прачнуўшыся, нават калі перакінуў нагу цераз Сід, і тая прахапілася, падумаўшы, што нехта выбіў акно.
Яна павярнулася да мяне, закрываючы рукамі твар.
– О Божа, мне падалося… сама не ведаю што. Бачу цябе – але адчуваю: гэта хтось іншы.
Каб супакоіць Сід, я абняў яе за плечы. Раскрыўшы рот, узняўшы рукі над галавой, адвярнуўшы ад нас гладкі круглы тварык, Пэт непрытомна ляжаў на ейнай палове ложка. Нага так і засталася перакінутай цераз Сід.
– Я ў парадку, я ў парадку, – паўтарыла яна, мякка пасунуўшы нагу Пэта. Сід праслізнула паўз мяне і выбралася з ложка, але па ёй зусім не скажаш, што яна ў парадку.
Я падумаў, яна ў прыбіральню. Аднак, калі праз пяць хвілін Сід не вярнулася, я пайшоў яе шукаць. Яна сядзела за сталом на кухні, адзетая ў маю кашулю, – напэўна, знайшла ў кошыку для бялізны.
Я сеў побач з ёю, узяў ейныя рукі ў свае. Пацалаваў яе ў вусны. Лёгенька, аднымі губамі. Я любіў цалаваць яе па-рознаму.
– Даруй, што Пэт цябе напалохаў. Ён так часам робіць. То бок – залазіць у мой ложак. Я мусіў цябе папярэдзіць.
– Са мной усё добра.
– Пэўна?
Яна адмоўна павяла галавой.
– Сід, выбачай, даруй, калі ласка, што ён так цябе перапалохаў. Я паклапачуся, каб гэтага не паўтарылася. Устаўлю замок. Ці прывяжу Пэта. Ці…
– Рэч не ў ім. Рэч у нас.
– Што ты хочаш сказаць?
– Мы з табой па-сапраўднаму не размаўлялі.
– Як не? Я распавёў табе пра Джыну. Ты мне – пра таго, хто “любіў залезці ў бамбук”. Не-Рэта Батлера. Мы шмат размаўлялі. Падзяліліся ўсімі сваімі сумнымі гісторыямі, каб яны не засцілі нам шлях.
– Гэта мінулае. А я маю на ўвазе, што мы не гаварылі пра сённяшні дзень. Мы не ведаем, чаго хоча іншы. Ты мне падабаешся, Гары. Ты забаўны, мілы. Ты добра ўмееш абыходзіцца з сынам. Але я не ведаю, чаго ты чакаеш ад мяне.
– Я нічога не чакаю.
– Няпраўда. Вядома, чакаеш. Як і я. Як кожная пара, калі яны спяць разам, ці трымаюцца за ручкі ў прыгожых будынках, ці пачынаюць мроіць пра нешта над кубачкам кавы. Кожны чагосьці чакае. Аднак я не пэўная, што мы з табой чакаем аднаго і таго ж.
– Што ты маеш на ўвазе?
– Ну… ты хочаш яшчэ дзяцей?
– О Божа! Мы толькі першы раз правялі разам ноч.
– Кінь, Гары. У душы ты ведаеш, ці хочаш яшчэ дзяцей. Неабавязкова ад мяне. Увогуле.
Я паглядзеў на яе. Як ні дзіўна, я сапраўды шмат пра гэта думаў.
– Я хачу дзяцей, калі жанчына, якая іх народзіць, заўсёды будзе са мною. Ясна?
– Ды ніхто не можа гарантаваць, што заўсёды будзе з табою.
– Але я не хачу нічога іншага. Не хачу перажыць усё гэта наноў. Не магу бачыць бясконцы боль і расчараванне, што перадаюцца нявіннаму малому дзіцяці, якое гэтага зусім не прасіла і ніяк не заслугоўвае. Я ледзь вытрываў гэта з Пэтам і ніколі не збіраюся праходзіць праз падобны жах зноў. Ні я, ні мае дзеці.
– Ты гаворыш вельмі высакародна, – адказала Сід. – Толькі напраўду нічога высакароднага тут няма. Пралаз, каб сысці ад адказнасці. Ты хочаш дзяцей, але толькі калі табе гарантуюць хэпі-энд. Гары, хэпі-энд можа гарантаваць адно Уолт Дысней. І ты гэта ведаеш. Ніхто ніколі не дасць табе падобнай гарантыі. Таму ўсё папросту… не ведаю… цячэ па плыні.
Мне такі паварот не падабаўся. Я хацеў цалавацца. Я хацеў глядзець, як Сід спіць. Я хацеў, каб яна паказвала мне прыгожыя будынкі, пра існаванне якіх я і не падазраваў. І човен – мы ж ідзем катацца на чаўне, так?
– Гары, калі твая сям’я распалася, нельга проста ўзяць і перанесці свае пачуцці на іншую жанчыну. Нельга, не падумаўшы трохі, чаго ты хочаш. Чаго чакаеш. Бо іначай праз сем гадоў апынешся тамсама, дзе апынуўся з Джынай. Ты мне падабаешся, я падабаюся табе. І гэта цудоўна. Але гэтага мала. Трэба, каб мы былі пэўныя, што хочам аднаго і таго ж. Мы занадта старыя, каб гуляць у гульні.
– Мы не старыя ні для чаго на свеце.
– Старыя, каб гуляць у гульні. Як толькі ў цябе з’яўляецца дзіця, ты ўжо стары для гульняў.
Ды што яна ведае пра дзяцей?
– Мне трэба дамоў, – Сід паднялася.
– А возера?
– Возера можа пачакаць.

24.

– Гэта дзінь-дон, – сказала Пегі.
Яна сядзела на падлозе, цалкам сышоўшы ў нейкую дзіўную гульню з фігуркамі “Зорных войнаў”: шчаслівая пара – Дарт Вадэр і каралеўна Лея – збудавала сабе дом у Millennium Falcon і цэлы вечар намагаецца пакласці спаць Харысана Форда.
Пэт, начапіўшы вялізныя навушнікі і стоячы на канапе, завываў і закатваў вочы ўгору, хістаўся з боку ў бок пад музыку, падораную Салі.
– Прыехаў дзінь-дон, – паўтарыла Пегі, не звяртаючыся ні да каго канкрэтна. Яна падняла галаву і пакрыёма ўсміхнулася.
Спачатку я не мог сцяміць, пра што гэта яна. Але потым пачуў тое, што маладзенькія вушкі пяцігадовай дзяўчынкі злавілі нашмат раней за мае лядашчыя старыя лакатары: перазвон, што даносіўся аднекуль здалёк і адгукаўся рэхам па ўсім наваколлі.
Гэта не тупая настырлівасць царкоўных званоў. У ім чулася нешта нечакана кранальнае, непрэтэнцыйнае – запрашэнне, а не загад.
Само сабою, я памятаў гэты перазвон з дзяцінства, але чамусьці заўсёды здзіўляўся, пачуўшы яго цяпер. Ён па-ранейшаму тут, па-ранейшаму аб’язджае наваколле, па-ранейшаму просіць дзяцей адкласці гульні, выйсці на вуліцу і, пэцкаючы шчаслівыя тварыкі, па самую завязку наесціся цукру з малаком. Прадавец лёдаў.
– Дзінь-дон, – паўтарыла Пегі.
Я зрабіў выгляд, што не пачуў, і зноў павярнуўся да сваіх папераў, раскладзеных на століку для кавы. Пегі сёння нават не мелася прыходзіць да нас. У мяне заўтра праграма, я мушу агораць канчатковы варыянт сцэнара – а даць рады з гэтай задачай мне чамусьці было нашмат лягчэй, калі Пэт і Пегі не вішчалі на дыване ў гасцёўні і не слухалі касету Салі з песнямі пра сук, гангстэраў ды пушкі. Пегі – мілае дзіця, з ёй ніколі няма ніякіх клопатаў. Але ў такі дзень, як сёння, мне было б больш даспадобы, калі б Пэт вішчаў на дыване адзін.
Пегі ў нас дома толькі таму, што ейная нікчэмная нянька, што дыміць, як паравоз, не прыйшла забраць яе са школы.
Я прыехаў сустрэць Пэта і пабачыў гэтую парачку каля школьнай брамы: яны трымаліся за рукі ды балбаталі з міс Уотэрхаўс, узняўшы на маладую настаўніцу поўныя захаплення твары.
Міс Уотэрхаўс шырока нам усміхнулася і сышла па сваіх справах, якімі б там справамі ні займаліся настаўніцы пачатковых класаў у другой палове дня. А мы чакалі, калі пачуецца знаёмы кашаль і ў натоўпе з’явіцца худы, зямлісты твар Б’янкі ў арэоле цыгарэтнага дыму. Ды толькі Б’янка не аб’явілася.
І вось нашая тройца, узяўшыся за рукі, чакала каля школьнай брамы. Вакол роем віліся маладыя мамашы, што забіралі дзяцей, а я стаяў пасярод гэтага радаснага шчабятання ды выхлапных газаў і адчуваў сябе мясцовым лепрыем.
За школьнай брамай чакалі самыя розныя маладыя мамы. Мамы на “Рэйндж Ровэрах” і ў гэтых блішчастых зялёных паліто, не прызначаных для гораду. Мамы з бранзалеткамі на лытках і аўтобуснымі квіткамі. І мамы, якія траплялі паміж гэтымі дзвюма скрайнасцямі, якім хапала клёку, каб не татуяваць на плячах імёны сваіх мужчынаў, але не хапала грошай (ці дурасці) каб развозіць сваіх пяцігадовых малых у велізарных поўнапрывадных джыпах з таўшчэзнымі супрацьударнымі кратамі-рагамі спераду.
Аднак што б на іх ні было: бранзалеткі на лытках ці стужкі ў валасах, як у Алісы, “Прада” ці поліэстэр, усе гэтыя мамы мелі адну агульную рысу. Усе яны глядзелі на мяне як на ворага.
Спачатку я думаў: у мяне параноя. Мне не патрэбна было тлумачыць, што мая сям’я распалася, – сведчаннем ужо адно тое, што я, мужчына, заўсёды прыходжу адзін, без жанчыны, калі не лічыць маёй маці. Гэта ўсё роўна што намаляваць дыяграму нашай разбітай сям’і і павесіць яе на браме школы. Але ж гэтыя жанчыны нават не ведаюць ні мяне, ні Джыну – з чаго б ім мяне ненавідзець? Я вырашыў, што пасля ўсіх перыпетый апошніх месяцаў я, мусіць, стаўся занадта датклівым ды танкаскурым.
Аднак навучальны год працягваўся, дні рабіліся цямнейшыя ды карацейшыя, і я паступова зразумеў: гэта зусім не параноя. Маладыя мамы са мной не размаўлялі. Пазбягалі сустракацца позіркам. Яны не хацелі нічога ведаць. Спачатку я спрабаваў перакінуцца словам з некаторымі з іх, але яны рэагавалі так, нібы я папрасіў іх зрабіць мінет. Таму неўзабаве я кінуў дурное.
Усім мамашам, што так міла ўсміхаліся адна другой, хацелася, каб мяне не было побач. Дайшло да таго, што я стараўся разлічыць час так, каб пад’ехаць да школьнай брамы акурат у тую секунду, калі дзяцей адпускаюць дадому. Бо мне было невыносна знаходзіцца побач з усімі гэтымі мамашамі. Як і ім было невыносна знаходзіцца побач са мною.
Настаўніцы заўсёды ставіліся да мяне вельмі прыязна, і ў гутарцы з міс Уотэрхаўс я мог лёгка пераканаць сябе, што я не адхіленне ад нормы ў сучасным свеце, дзе самотнымі бацькамі могуць быць і мужчыны. Аднак кожны раз, калі я мусіў чакаць перад школьнай брамай, усе мае развагі аказваліся поўнай туфтой.
Дзе б яны ні жылі: у вялізных белых дамах ці ў муніцыпальных кватэрках, мамы заўсёды цураліся мяне. Пачалося гэта ў першы школьны дзень і чамусьці трывала праз усе без выключэння астатнія дні.
Жанчыны са стужкамі, як у Алісы, мелі больш агульнага з жанчынамі ў бранзалетках на лытках, чым са мною. Жанчыны, што адны гадавалі дзяцей, мелі больш агульнага з жанчынамі, у якіх былі мужчыны, чым са мною. Прынамсі, так яны паводзіліся.
Рабілася гэта ў найлепшым ангельскім стылі, неадкрыта, недасказана. Але бясспрэчна: у іх стаўленні да мяне заўсёды адчуваецца падазронасць і няёмкасць. Можа, у дзелавым свеце самотнага бацьку з маленькім дзіцём успрымаюць з большай спагадай і разуменнем. Але тут, на пярэднім краі выхавання, перад школьнай брамай, ніхто з жанчын нічога і ведаць не хацеў. Нібыта мы з Пэтам нагадвалі ім, да чаго крохкімі могуць быць і іхныя сем’і ды раманы.
А калі Б’янка не аб’явілася і я стаяў ды чакаў яе разам з Пэтам і Пегі, у жаночым непрыманні адчувалася нават нешта большае. Усе мамашы паглядалі на мяне як на жывы напамін пра тысячу заган, якім могуць падпасці мужчыны.
Перад гэтай брамай я адчуваў сябе пасланцом усіх сусветных паскудні­каў мужчынскага полу. Мужчынаў, якія ніколі не падстаўлялі плячо. Мужчынаў, якія звалілі прэч. Мужчынаў, якім нельга давяраць дзяцей.
Бляха-муха, ну і хрэн з імі, з гэтымі мамашамі. Абрыдла, што на мяне глядзяць як на ворага.
Рэч не ў тым, што мне не хацелася, каб мяне ўспрымалі як дзіва дзіўнае. Я чакаў чагосьці падобнага. Урэшце, я сапраўды быў дзіва дзіўнае – і ведаў гэта. Але мне абрыдла пачувацца хлопчыкам для лупцавання, адказным за грахі ўсіх на свеце мужчынаў-зломкаў.
Я праклінаў няньку Пегі – гэтае дзяўчо, што не можа нават прыйсці ў прызначаны час да школьнай брамы, гэтую прадымленую няздару, гэтую дурную варону, што не ў стане нават патэлефанаваць настаўніцы і папярэдзіць, што не зможа забраць дзіця, гэтую, бля, Б’янку, з ейным модным імем і модным у сучасным свеце меркаваннем, што пра ейныя абавязкі заўжды будзе дбаць нехта іншы.
Але Пегі хоць не ейная дачка. І нашмат больш, чым на няздару няньку, я злаваўся на няздараў бацькоў Пегі.
Так, праўда, я нічога пра іх не ведаў, апроч таго, што бацька знік з далягляду, а маці працуе надзіва позна. Аднак мне здавалася, што ўсё самае істотнае я пра іх ведаю.
Ясная рэч: тата Пегі ставіўся да бацькоўскіх абавязкаў не больш сур’ёзна, чым да двух тыдняў адпачынку ў Фларыдзе. І няважна, ці ейная мама запраўляе буйной кампаніяй у Сіці або падрабляе на чорным рынку, каб дадаць трохі да дзяржаўнай дапамогі, якой хапае хіба на кішэнныя выдаткі. Відавочна, што ў спісе ейных жыццёвых прыярытэтаў дабрабыт дачкі – на апошнім месцы.
Тыповыя сучасныя бацькі. Няздольныя гадаваць дзіця. А калі я каго і пачаў ненавідзець, дык адно людзей, якія пушчаюць у свет дзіця, а тады думаюць, што самае цяжкое яны ўжо зрабілі.
Бляха-муха, ну і хрэн з імі таксама!
І вось калі натоўп амаль рассмактаўся, калі ўсе маладыя мамашы раз’ехаліся, і самае горшае скончылася, калі я ўжо нічога не меў супраць таго, каб яшчэ пастаяць каля школьнай брамы, мы зайшлі ў прыёмную, і я сказаў сакратарцы, што Пегі паедзе з намі.
Шчаслівыя, што ім нечакана прываліла магчымасць патусавацца ра­зам, Пэт з Пегі пішчалі ад радасці, уплішчыўшы свае маленькія цельцы на пярэдняе сядзенне MGF. А я злавіў сябе на тым, што намагаюся не расплакацца – я заўважыў: перад школьнай брамай раз-пораз камяк падступае да горла. Я шкадаваў Пегі, як шкадаваў Пэта. Мы чорт ведае што робім з уласным жыццём, а расплачваюцца за ўсё яны, маленькія самотныя жэўжыкі.
Я паглядзеў, як Пегі моўчкі гуляецца на падлозе, кінутая нават Пэтам, – ён слухаў усялякую брыду з касеты Салі – і калі званочкі дзінь-дона былі ўжо далёка, я адчуў, як сэрца сціскае шкадоба і сорам.
– Хочаш лёдаў? – спытаўся я, мацней, чым калі ў жыцці, адчуўшы сябе зломкам, адчуўшы сябе вінаватым перад ёю.
Даруй, Пегі, што ў сучасным свеце нішчацца сем’і, што дарослыя так зацыкліліся на сабе і так ступелі, што не могуць нават вырасціць уласных дзяцей. Даруй, што свет настолькі звар’яцеў, што мы думаем пра сваіх малых не больш, чым сярэдняя скаціна.
Але хочаш, я куплю табе “Карнэта”?

Я разлічваўся з прадаўцом за тры “99”, калі з-за рога вуліцы выйшла Сід.
– Хочаш “99”? – спытаў яе я.
– А што гэта такое?
– Вось такія лёды. Ражок з уторкнутым кавалкам шакаладу. Смакоцце…
– Не, дзякуй, – адказала яна. – Не хачу перабіваць апетыт да вячэры. Як ты?
– Файна, – я падаўся наперад і пацалаваў яе ў вусны. Яна не захацела адказаць на пацалунак. – Я думаў, ты на працы.
– Мне патэлефанавалі, каб я прыйшла па Пегі. Б’янка не змагла яе забраць. Выбачай.
Я некалькі імгненняў разгублена глядзеў на яе, ані не разумеючы, што звязвае гэтыя два сусветы.
– Ты ведаеш Пегі?
Яна страсянула галавой. Няўжо я не дапяў?
– Гары, Пегі мая дачка.
Мы стаялі перад дзвярыма майго дому.
Яна глядзела на мяне сваімі вялікімі карымі вачыма. Чакала.
– Пегі – твая дачка?
– Я збіралася табе сказаць. Шчыра, – яна каротка засмяялася, так што было зразумела: яна ведае, гэта зусім не смешна. – Я проста чакала адпаведнага моманту – і ўсё.
– Адпаведнага моманту? Чаму ты адразу не сказала? Хіба гэта не быў адпаведны момант?
– Я табе потым патлумачу.
– Патлумач зараз.
– Добра.
Яна прычыніла ўваходныя дзверы. Каб нас не пачулі дзеці. Нашы дзеці.
– Я не хачу, каб мая дачка знаёмілася з чужымі дзядзечкамі, якія могуць хутка знікнуць з майго жыцця.
– З чужымі дзядзечкамі? Сід, што ты вярзеш? Я ёй не чужы. Ды яна бывае ў гэтым доме часцей, чым дзе яшчэ. Пегі мяне ведае.
– Яна ведае цябе як тату Пэта. Яна не ведае цябе як майго… э-э-э… як цябе назваць? Мабыць, маім мужчынам, так? Яна не ведае цябе як майго мужчыну. І я не хачу, каб яна знаёмілася з мужчынам, раней чым я буду ўжо досыць доўга з ім сустракацца. Ясна?
Я нічога не зразумеў з таго, што яна казала. Мне на руку ўпала кропля лёдаў.
– Ды ўвесь мінулы тыдзень Пегі ледзь не кожны дзень вячэрала ў нас! Яна бачыць мяне часцей, чым гэтага нішчымнага ўблюдка, за якога ты выйшла!
– Ты яго не ведаеш.
Цудоўна.
– А, дык ён добры чалавек?
– Можа і не, – адказала Сід. – Але я не хачу, каб мая дачка расла з перакананнем, што кожны мужчына абавязкова знікае, як знік ейны бацька. Я не хачу, каб яна бачыла ў маім ложку чужых мужчынаў, а ты ёй чужы. У гэтым сэнсе – так, Гары. Я не хачу, каб, калі яна прачынаецца, у доме быў чужы мужчына. Я не хачу, каб яна думала, што гэта нічога не значыць. І я не хачу, каб яна прывязвалася да таго, хто, магчыма, надоўга не затрымаецца.
Яна імкнулася казаць спакойна, але голас крыху зрываўся. Мне хацелася яе абняць. Але я б яе ўсю перапэцкаў – у мяне ў руках тырчалі тры падталыя “99”.
– Бо я не хачу, каб ёй было яшчэ больш балюча, – працягвала Сід. – Я не хачу, каб яна аддавала сваё сардэчка таму, хто мімаходзь яго разаб’е. Ясна, Гары? Ясна?
– Так, ясна.
Яна часта-часта заміргала, сціснуўшы вусны. Я выцер з рук лёды. А тады мы зайшлі ў дом, і я зразумеў, што для малых няма нічога надзвычай нечаканага.
Можа, у дзяцінстве ўсё жыццё яшчэ гэтак поўнае дзівосаў, што нічога па-сапраўднаму не здзіўляе, бо здзіўляе амаль усё. Або, можа, дзеці папросту прыстасоўваюцца хутчэй за дарослых. Так ці іначай, Пегі з Пэтам не знямелі ад нечаканасці, калі ў дом зайшла Сід.
– Мама, – сказала Пегі, і я падумаў: ну вядома! Цяпер зразумела, дзе я бачыў гэтыя вочы.
Сід села на падлогу, паслухала, як яе дачка распавядае пра сямейны расклад на Millennium Falcon. Тады ўзяла ў майго сына навушнікі і паслухала яго ўлюбёную песню. А калі мы даелі свае лёды, яна сказала Пегі, што час дахаты.
– Я табе патэлефаную, – паабяцаў я.
– Калі ты гэтага хочаш. Я разумею: для цябе гэта, мусіць, поўная не­спадзяванка.
– Ты што, з глузду з’ехала? Вядома, хачу.
– Пэўна?
– Пэўна, – я дакрануўся да яе рукі. – Гэта нічога не мяняе.
Гэта ўсё мяняла.

25.

– Ты кахаўся з грымёршай? – спытаў я Эмана.
Ён зірнуў на мяне ў люстэрка ў сваёй грымёрнай – я заўважыў, як па ягоным твары праслізнуў нейкі цень. Магчыма, страху. Ці злосці. Пра­слізнуў і знік.
– Што-што? – перапытаў Эман.
– Ты мяне чуў.
Шоў запушчанае. Рэйтынг высокі, да нас пачынаюць ужо звяртацца з прапановамі рэкламы піва. Але для мяне Эман па-ранейшаму – пераляканае дзіцё з Кілкарні з воскам у вушах.
– Так ці не, Эман? Ты кахаўся з грымёршай?
– Чаму ты пытаешся?
– Бо яна плача. Ад яе не дамагчыся, каб яна хоць бы прыпудрыла гасцей, – яна заліла слязьмі ўсю пухоўку. Тая наскрозь прамокла.
– А я тут пры чым?
– На мінулым тыдні ты пайшоў са студыі разам з ёю – я ведаю.
Эман крутануўся ў сваім невялікім крэсле, каб быць тварам да мяне. Лямпачкі без абажура ўздоўж краёў люстэрка нібы ўзялі ў раму ягоную галаву. І хоць праз тоўсты слой пудры на лобе змейкай збягалі бліскучыя бісерынкі поту, але ён больш не баяўся.
– Ты пытаеш, ці я кахаўся з грымёршай?
– Так. Эман, мяне не хвалюе тваё маральнае аблічча. Калі хочаш, можаш падчас рэкламнай паўзы трахаць рэжысёрку па асвятленні. Мяне не хвалюе, чым ты займаешся, калі ты не ў эфіры. Пры ўмове, што гэта не замінае праграме. А зарумзаная грымёрша, не здольная рабіць сваю працу, зрывае шоў.
– Гары, ты мне вельмі дапамог і дапамагаеш, – ціха вымавіў Эман. Часам ён гаварыў ледзь чутна, так што даводзілася прыслухоўвацца. Гэта надавала яму нейкую моц.
– З першага моманту, як мы пазнаёміліся, усё, што ты казаў, мела для мяне вялікі сэнс. “Памятай: ты заўсёды звяртаешся толькі да аднаго чалавека”, “Калі табе падабаецца весці шоў, публіцы падабаецца яго глядзець”. Можа, для цябе гэта і пустыя словы, але мне яны дапамаглі пераадолець сябе. Дапамаглі даць рады. Без цябе ў мяне нічога не атрымалася б. Я табе ўдзячны. Таму і не злуюся, калі ты задаеш пытанне, якое – магчыма, ты пагодзішся? – з вуснаў маёй маці або святара гучала б трохі груба.
– Эман, ты кахаўся з грымёршай?
– Не, Гары. Я не кахаўся з грымёршай.
– Гэта праўда?
– Праўда. Я не кахаўся з грымёршай.
– Файна. Мяне толькі гэта і цікавіла.
– Я трахнуўся з грымёршай.
– А што, ёсць розніца?
– І вялікая. Гары, гэта не быў пачатак сур’ёзных адносінаў. Гэта быў пік чагосьці абсалютна несур’ёзнага – што мне і падабалася. І хоць Кармен – грымёршу, Гары, каб ты ведаў, зваць Кармен – зараз трохі засмучоная, бо дубля-два не будзе, але мне моцна здаецца, што акурат гэта ёй і падабалася. Шалёна, груба і толькі на адну ноч. Часам жанчына хоча кахацца. Часам яна проста хоча, каб яе адтрахалі. Гары, яны такія ж, як і мы. Вось у чым увесь сакрэт. Яны такія ж самыя.
– І чаму мне раней ніхто не сказаў? Жыццё было б куды як пра­сцей­шае.
– Гары, я цяпер атрымліваю шмат прапановаў. І не толькі наконт рэкламы піва. Кармен – прыгожая дзяўчына. Я буду ставіцца да яе з павагай і прыязнасцю. Але яна хацела акурат таго ж, чаго і я. Што і атрымала. Яна не можа чакаць ад мяне нічога больш. І калі суладае з сабою, то сама гэта зразумее.
– Эман, ты не першы, хто трахнуў жанчыну толькі таму, што ягоны гідкі лыч раз на тыдзень тырчыць у тэлевізары. Пакідай, калі ласка, свае асабістыя драмы за дзвярыма студыі, добра?
– Добра, Гары, – спакойна адказаў ён. – Выбачай, што гэтая гісторыя кепска адбілася на шоў. Мне праўда сорамна. Я разумею: ты мой выка­наўчы прадзюсер, і твой абавязак – казаць мне падобныя рэчы. Але я мужчына.
– Ды няўжо? Ты больш нагадваеш нейкі стары блюз. “Я мужчына”. Па складах: муж-чы-на. Проста нейкі мача, маць тваю. Хутка будзеш рэк­ламаваць адэкалоны.
– Я мужчына, Гары. Я створаны на гэты свет, каб сеяць сваё семя ўсюды, дзе магчыма. Дзеля гэтага мы і створаныя. Так робяць усе мужчыны.
– Херня поўная. Так робяць хлопчыкі.
Аднак пазней, гледзячы, як Эман выходзіць са студыі з нашай самай сімпатычнай дзяўчынай, я падумаў: а чаму б і не?
Чаму б яму і не сеяць сваё семя ўсюды, дзе магчыма? Дзеля чаго яго берагчы? І чым добры маленькі адзінокі квет, што я сабе ўзрошчваю?

Раптам з’явілася плойма правілаў.
Мне дазвалялася заставацца на ноч у маленькай кватэрцы Сід на самым верхнім паверсе, але я мусіў сыходзіць, перш чым прачнецца Пегі. Сід з радасцю пускала мяне ў дом, калі Пегі засынала, з радасцю дзяліла са мной стары жалезны ложак, над якім у рамцы вісеў плакат – “Знесеныя ветрам”. Але я мусіў сыходзіць раней, чым развіднее.
Напраўду плоймы правілаў не было. Было толькі гэтае адное правіла. Аднак мне здавалася – іх цэлая плойма.
– Можа, потым будзе іначай, – казала Сід. – Калі мы вырашым… э-э-э… пайсці далей. Калі захочам усур’ёз звязаць сябе адно з другім.
Як толькі я адводзіў погляд ад гэтых вялікіх цёмных вачэй, а Сід гасіла святло, мне зусім не хацелася ўсур’ёз сябе звязваць. Праўду кажучы, мне хацелася прасцейшых адносін.
Я хацеў спаць у абдымках маёй дзяўчыны, каб мяне не будзілі і не казалі: “Час сыходзіць”. Я хацеў адносін, дзе не трэба думаць аб правілах. А перадусім я хацеў, каб было так, як раней, калі ўсё яшчэ не пайшло на глум.

Мне яшчэ сніўся сон, калі я адчуў пацалунак Сід на сваіх вуснах.
– Выбачай, дзетка, – прашаптала яна. – Час сыходзіць.
На вуліцы было цёмна, але я пачуў, як на даху акурат над нашымі галовамі падскокваюць галубы, – верны знак, што мне час нацягваць майткі ды валіць адсюль, пакуль не ўзышло сонца.
– Ты ўсё прадумала, так? – я ўздыхнуў, адсунуўся ад яе і вылез з ложка.
– Гары, мне самой шкада, што табе нельга застацца.
– Колькі часу прайшло, як ты парвала з бацькам Пегі? Тры гады? Ці больш? І з колькімі мужчынамі ты яе пазнаёміла?
– Ты першы, – ціха адказала Сід, а я задумаўся, ці гэта праўда.
– Я ну ніяк не разумею, што кепскага, калі яна пабачыць, як я ем кукурузныя хлапакі. Божа, ды гэтае дзіця бачыць мяне кожны дзень на тыдні.
– Мы гэта ўжо абмяркоўвалі, – сказала ў цемры Сід. – Яна не так успрыме, як пабачыць цябе тут зранку. Калі ласка, пастарайся мяне зразумець. Ёй пяць гадоў. Табе ўжо не.
– Я ёй падабаюся. І яна мне. У нас заўсёды з ёю лады.
– Тым болей табе трэба сысці. Я не хачу, каб ты быў для Пегі дзядзькам. Я хачу, каб ты быў чымсьці большым або меншым. Але ты не будзеш ёй дзядзькам. Яна заслугоўвае лепшага. І ты таксама.
– Выдатна. Проста выдатна.
– Ты мусіў бы любіць мяне за гэта, – яна хутчэй раззлавалася, чым пакрыўдзілася. – Мусіў бы разумець, што я проста спрабую абараніць яе і рабіць, як лепш для яе. У цябе самога дзіця. Ты ведаеш, што гэта значыць. Калі хто і павінен мяне разумець, дык гэта ты.
Яна мела рацыю.
Я мусіў бы яе любіць.

Упершыню ў жыцці я неяк зразумеў, чаму мужчыны майго ўзросту сустракаюцца з маладзейшымі жанчынамі.
Раней ані не мог дапяць. Трыццацігадовыя жанчыны – у іх яшчэ пругкае цела, але з імі можна пагаварыць. Яны па-ранейшаму маладыя, але бачылі ўжо нешта ў жыцці – напэўна, збольшага такія ж відарысы, што і ты.
Навошта мужчыне змяняць адносіны з роўнай сабе на дзеўку з праколатым пупком, для якой эратычнае спатканне – гэта значыць нейкі жудасны начны клуб ды паўтаблеткі чагосьці, што лічыцца “экстазі”?
Калі можна сустракаца з жанчынай, якая чытала тыя ж кнігі, глядзела тыя ж праграмы, слухала тую ж музыку, што і ты, нашто тая, для якой спявак соўлу – гэты хлопец з Jamiroquai1?
Цяпер я сцяміў. Цяпер я разумеў, што ў іх прывабнага.
Мужчынам майго ўзросту падабаюцца маладзейшыя жанчыны, бо ў тых было менш прычынаў зажарсцвець.
Меней шанцаў, што маладой разбілі сэрца распад сям’і, развод і туга ў вачах дзяцей, якія сумуюць па бацьку. Маладая вольная ад усіх тых расчараванняў, што валакуць на сабе, як цяжкі лішні багаж, трыццаціга­довыя жанчыны – і мужчыны, мужчыны таксама.
Жорсткая, але праўда. Нашмат меншая верагоднасць, што маладзейшай жанчыне спаскудзіў на хер жыццё нейхта іншы.
Мужчыны, якім за трыццаць – сорак, сустракаюцца з маладзейшымі жанчынамі не дзеля налітых целаў і праколатых языкоў. Гэта ўсё трын­дзёж.
Яны сустракаюцца з маладзейшымі, каб самім спаскудзіць ім на хер жыццё.

Хайдзі была нянька з Мюнхену.
Ну, не зусім з Мюнхену – хутчэй з Аўгсбургу. І не зусім нянька.
Нянька – гэта прафесійная выхавацелька, якая робіць кар’еру з догляду за малымі. Хайдзі была дзевятнаццацігадовае дзяўчо, што ўпершыню адарвалася ад бацькоў. Ад пакою, поўнага мяккіх цацак, і мамы, якая прала ёй бялізну, Хайдзі аддзяляў усяго адзін рэйс эканом-класу “Люфтганзы”. Пра выхаванне дзяцей яна мела такое ж уяўленне, як я – пра фундаментальную фізіку. Хайдзі была хутчэй au pair. Мы планавалі, што Хайдзі будзе гатаваць, прыбіраць і займацца замест мяне з Пэтам у тыя дні, калі я працую над шоў. За гэта яна атрымлівае жытло, ежу і кішэнныя грошы, пакуль вывучае ангельскую мову.
Калі я прывёў Хайдзі пазнаёміцца з Пэтам, той разгойдваўся туды-сюды на канапе пад касету Салі.
– Пэт, гэта Хайдзі. Яна будзе жыць у нас і дапамагаць нам па гаспа­дарцы.
Пэт пустымі вачыма таропіўся на высокую бялявую немку, выса­лапіўшы язык і нічога не чуючы, апроч сваёй музыкі.
– Жвавы, актыўны хлопчык, – усміхнулася Хайдзі.
Імкнучыся прадэманстраваць імпэт да працы, яна спыталася, што зрабіць мне на абед. Я адказаў, што ўхаплю чаго-небудзь у “зялёным пакоі” на студыі, а яна хай згатуе чаго сабе і Пэту. Яна пашнарыла па кухні і ўрэшце знайшла вялікую бляшанку таматнага супу.
– Эта о-кей? – спытала Хайдзі.
– Пойдзе.
Каб даць ёй усё зрабіць самой, я сядзеў за сталом на кухні і хуценька накідваў заўвагі да сцэнара на наступны тыдзень.
Каб паглядзець на Хайдзі, на кухню прыцеляпаўся Пэт, пакінуўшы ў гасцёўні на поўную моц стэрэа. Я сказаў яму пайсці і вырубіць музыку. Вярнуўшыся, Пэт пацягнуў мяне за рукаў.
– Ведаеш што? – спытаў ён.
– Сынку, тата працуе, не замінай яму.
– Але ведаеш, што робіць Хайдзі?
– І Хайдзі хай робіць сваю працу.
Уздыхнуўшы, як знаўца справы, Пэт сеў за кухонны стол і ад няма чаго рабіць пачаў круціць у руках маленькіх пластмасавых чалавечкаў. Хайдзі чымсьці грукацела каля пліты, але я не падымаў на яе вачэй, пакуль не пачуў, як бурболіць вар. Дзіўна. Навошта кіпяціць ваду, каб разагрэць таматны суп?
– Хайдзі!
– Эт-та хутка гатова.
Не адкрываючы бляшанку, яна паставіла суп у рондаль з вадой і давя­ла да кіпення. Няўпэўнена ўсміхнулася мне – і тут бляшанка ірванула, распырскаўшы пякучае чырвонае варыва на ўсю столь, сцены і нашыя пысы.
Выцершы ад таматнага супу вочы, я пабачыў, як па твары Хайдзі сця­кае чырвоная каша, а скрозь гэтае ліпучае месіва знямела таропяцца здзіўленыя, уражаныя зрэнкі. Яна была падобная да Сісі Спэйсек1 у “Кэры”.
Хайдзі расплакалася.
– Ведаеш што? – Пэт лыпаў сінімі вачыма скрозь пунсовую касметычную маску. – Яна таксама не ўмее гатаваць.
Хайдзі знайшла сабе добрую сям’ю ў Краўч Эндзе.
А я патэлефанаваў Салі.

26.

Цётухна Этэль поркалася на каленях у садочку перад домам – садзіла на наступны год кветкі.
Насамрэч цётухна Этэль мне не цётка, але я яе так заву з тае пары, як мы пасяліліся ў суседнім з ейным доме. Мне тады было пяць. Як выявілася, ад дзіцячай звычкі вельмі цяжка пазбавіцца.
Цётухна Этэль разагнулася, прымружыўшы вочы, паглядзела паўзверх газонакасілкі, як Сід з Пегі і мы з Пэтам вылазім з Сідавага старога “фольксвагена-жука”. На імгненне я зноў адчуў сябе малым, які просіць у цётухны Этэль дазволу забраць свой непаслухмяны мяч.
– Гары? Гэта ты?
– Дзень добры, цётухна Этэль. Што Вы тут такое садзіце?
– Цюльпаны, нарцысы, гіяцынты. А гэта твой Пэт? Божухна, не магу паверыць! Як вырас! Добры дзень, Пэт!
Той без энтузіязму салютаваў ёй светлавым клінком. Мы так ніколі і не далі рады пераканаць яго, што цётухну Этэль трэба называць як мае быць, цётухна Этэль. Ясная рэч: сёння ніякіх зменаў не адбудзецца. Цётухна Этэль пераключыла ўвагу на Пегі, і па такім знаёмым старым твары праплыла аблачынка разгубленасці.
– А гэтае дзеўчынятка…
– Маё, – сказала Сід. – Добры дзень, цётухна Этэль. Я Сід. Сяброўка Гары. Як Вы маецеся?
– Сід? У гонар Сіда Джэймса?
– Не, у гонар Сід Шарыс.
Вочы цётухны Этэль бліснулі з-пад акуляраў.
– Танцорка. Здымалася з Фрэдам Эстэрам у “Шаўковых панчохах”. Выдатныя ногі, – цётухна Этэль змерыла Сід позіркам. – Як у цябе, даражэнькая!
– Якая яна мілая, твая цётухна Этэль, – шапнула Сід, узяўшы мяне пад руку, калі мы ішлі да дому. Раптам я адчуў, як яна мацней ухапілася за мяне.
– О Божа, гэта, відаць, твая мама.
Тая стаяла на парозе, шырока, радасна ўсміхаючыся. Пэт кінуўся да яе.
– З днём народзінаў! – усклікнула яна, падхапіўшы ўнука на рукі. – Пяць гадоў! Які вялікі хлопчык! Аёй! – трымаючы Пэта адной рукой, другой яна адвяла ад сябе зброю рыцара джэды. – Вось жа гэты сілавы клінок! – яна засмяялася і паглядзела на Пегі. – А гэта, напэўна, Пегі. У цябе хоць няма сілавога клінка?
– Не, мне не падабаюцца “Зорныя войны”. Я гуляюся ў іх, бо ён іх лю­біць.
– Гульня для хлопчыкаў, праўда? – мама ніколі не падтрымлівала разбурэння традыцыйных гендэрных стэрэатыпаў.
Пегі пайшла за Пэтам у дом, а мама ўсміхалася Сід – тая спынілася на паўкрока за мною, нібы хацела схавацца ў мяне за спінаю, і не выпускала маёй рукі. Ніколі раней не бачыў, каб яна ніякавела. Мама абняла яе і пацалавала ў шчаку.
– А Вы, мусіць, Сід. Праходзьце, даражэнькая, пачувайцеся як дома.
– Дзякуй.
Сід зайшла ў дом, дзе я вырас, а мама жвава ўсміхнулася мне, пры­ўзняўшы бровы, як тая здзіўленая дама, што пазірае на маладзенькіх сексапільных дзяўчат на старых забаўна-дзёрзкіх пляжных паштоўках.
Хоць і даўно тое было, але я прыводзіў дамоў не адну дзяўчыну і памятаў, што азначае гэты погляд.
Што Сід, як сказала б мая мама, дзяўчына – ашалець можна!
А ў садзе за домам чакала, як сказала б мама, так нішто сабе пачост­ка.
Бацькі вынеслі з кухні стол, ён быў засланы папяровым абрусом з намаляванымі святочнымі паветранымі балонікамі, пеннымі бутэлькамі шампанскага і смяшлівымі зайчыкамі.
Стол застаўлены міскамі з чыпсамі, арэшкамі, ярка-памаранчавымі сырнымі штучкамі, талеркамі сэндвічаў са зрэзанай корачкай, сподамі мінірулядак, папяровымі талерачкамі з жэле і кансерваванай садавінай. Пасярод стала – торт у форме шалома Дарта Вадэра, у ім – пяць свечак.
Калі мы ўсе расселіся вакол стала і колькі разоў праспявалі “З днём народзінаў, Пэт!”, тата пусціў па коле мінірулядкі і кінуў на мяне пранізлівым вокам.
– Ну, вы, пэўна, намучыліся, пакуль уплішчыліся ў гэтую цесную спартыўную машыну.
Са стэрэасістэмы ў гасцёўні гучаў адзін з ягоных улюбёных альбомаў. Songs for Swingin’ Lovers!, другі бок, Фрэнк Сінатра нязмушана спяваў Anything Goes Коўла Портэра.
– Тата, мы прыехалі не на MGF, а на машыне Сід.
– Абсалютна непрактычнае аўто, – бацька прапусціў мае словы міма вушэй. – Няма куды пасадзіць дзяцей. Мужчына думае пра такія рэчы, купляючы тачку. Прынамсі, мусіць думаць.
– А ў майго таты ёсць матацыкл, – паведаміла яму Пегі.
Бацька глядзеў на яе ва ўсе вочы, перажоўваючы рулядку і страціўшы дар маўлення. Ейны тата? Матацыкл?
– Вось як добра, даражэнькая, – адгукнулася мама.
– І дзяўчына-тайка.
– Цудоўна!
– Яе зваць Мем.
– Якое прыгожае імя.
– Мем – танцорка.
– Нішто сабе!
Мы ўсе змоўклі, чакаючы адкрыцця наступных сямейных таямніцаў, і глядзелі, як Пегі зняла верх са свайго сэндвіча ды даследавала, што там унутры. Далейшых адкрыццяў не адбылося. Пегі накрыла сэндвіч і запхала сабе ў рот.
Я трушчыў ярка-памаранчавыя сырныя штучкі і дэпрэсаваў.
Бацькі стараліся, як маглі. Але ў гэтай маленькай дзяўчынкі ўжо было іншае жыццё, дзе ім ніколі няма і не можа быць месца. Яны ніколі не адчуюць да Пегі такой усепаглынальнай пяшчоты, як да свайго ўнука. Пра гэткую бязмежную любоў не магло быць і гаворкі. Дзяўчынка заўсёды застанецца ўсё ж чужой. Я шкадаваў бацькоў. І шкадаваў Пегі.
– Напраўду Мем не танцорка, – удакладніла Сід, узіраючыся мне ў твар і чытаючы мае думкі. – Яна хутчэй стрыптызёрка.
Бацька папярхнуўся чыпсінай з пахам барбекю.
– Не ў тое горла трапіла, – патлумачыў ён.
Мама павярнулася да Сід з радаснай усмешкай.
– Жэле? – прапанавала яна.

Як толькі мы праехалі падрабязнасці прафесіі Мем, свята вярнулася ў нармальную каляіну. Бацькам спадабалася Сід. Я бачыў: яна ім вельмі спадабалася. Сід мусіла адолець сапраўднае міннае поле: у бацькі быў пункцік наконт самотных маці, што атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы, а ў мамы быў пункцік наконт маці, якія працуюць. Але Сід пераскочыла цераз пасткі, нават не ўпусціўшы ані кавалачка жэле.
– Дзяржава, м-р Сільвер, ніколі не зможа – і не павінна спрабаваць – замяніць бацькоў.
– Называй мяне Пэдзі, мілая, – адказаў тата.
– Некаторыя жанчыны вымушаныя працаваць, м-с Сільвер, але гэта не азначае, што дзеці для іх не на першым месцы.
– Называй мяне Элізабет, даражэнькая, – адказала мама.
І Сід размаўляла з Пэдзі і Элізабет пра ўсё, што ім хацелася абмеркаваць: з мамай – якія фільмы дазваляць глядзець пяцігадоваму хлопчыку, з татам – калі варта зняць стабілізатары з дзіцячага ровара.
І выказвала захапленне яна дарэчы і да месца: хваліла маміныя мінірулядкі (“Я сама іх гатавала, даражэнькая, калі хочаш, дам табе рэцэпт”) і дзівілася татаваму саду (“Гары ніколі не цікавіў сад – я гэтага проста не магу зразумець”).
Але Сід – не звычайная суседская дзяўчынка, з якой я пару разоў танцаваў у тутэйшым клубе, не адная з тых Кім ды Келі, якіх я прыводзіў дамоў, пакуль аднойчы не прывёў Джыну.
За плячыма ў Сід відавочна быў пэўны багаж мінулага – мінулага, дзе змясціліся шлюб, цяжарнасць і развод, хоць і не абавязова ў такім парадку. І відаць, мае бацькі маглі прыняць гэтае мінулае толькі адным спосабам – робячы выгляд, што яго няма.
Гутарка пераскоквала з дзяцінства Сід у Х’юстане на цяперашняе ейнае жыццё ў Лондане, нібы ўсё, што было паміж, выразалі нажніцы цэнзара.
– Кажаш, ты з Тэхасу? – пытаўся бацька. – Ніколі не быў у Тэхасе. Але ў вайну я ведаў некалькіх тэхасцаў, – ён па-змоўніцку нахіліўся да Сід. – Добрыя карцёжнікі, гэтыя тэхасцы.
– Як, напэўна, выдатна мець сясцёр, – казала мама. – У мяне было шэсць братоў! Некаторыя жанчыны не любяць глядзець футбол ці бокс. А я нічога не маю супраць. Бо я вырасла ў кампаніі шасці братоў.
Але ж таго, што ў Сід разбілася сям’я, нельга было абмінуць. І ўрэшце яна дала рады з гэтай праблемай мімаходзь, паміж іншага, нібы з нясвежай рулядкай, якую трэба знайсці і выкінуць. У гэтым яна як ніколі здавалася амерыканкай да мозгу касцей.
– Мая сям’я зусім як Вашая, – сказала яна маме. – У нас вельмі блізкія дачыненні. Я прыехала сюды толькі таму, што Джым – бацька Пегі – ангелец. З ім у мяне не склалася, але я так і не вярнулася дамоў. А цяпер, пазнаёміўшыся з Вашым сынам, я радуюся, што засталася.
І ўсё.
Мама глядзела на нас, як на Раяна О’Ніла і Алі МакГро ў “Гісторыі кахання”. Нават тата, здаецца, змахнуў слязінку. Але тут я зразумеў: гэта папросту скарыначка ад мінірулядкі.
На той час, як Пэт задзьмуў усе свае пяць свечак і мы разрэзалі торт, мае бацькі трымаліся так, нібы ўсё жыццё ведалі Сід і Пегі.
Калі іх і бянтэжыла, што дзяўчына маёй мары да мяне дзяліла свае мары з іншым, яны вельмі добра гэта хавалі. Я мусіў бы цешыцца куды як больш.
Пакуль Сід дапамагала маме прыбіраць са стала, а тата паказваў Пэту і Пегі, як ён супрацьстаіць навале смаўжоў, я пайшоў у гасцёўню, да стэрэасістэмы.
Songs for Swingin’ Lovers! даўно скончыліся, але канверт ад старой вінілавай кружэлкі – бацька застаўся ў баку ад кампакт-дыскавай рэ­валюцыі – стаяў прытулены да музычнага цэнтру “Соні”.
Вокладка гэтага альбому заўжды выклікала ў мяне асаблівыя пачуцці. Сінатра (у яго няроўна завязаны гальштук, капялюш ссунуты на паты­ліцу) усміхаючыся глядзіць на ідэальную пару пяцідзесятых: Рамэа з набрыяліненымі валасамі ў дзелавым гарнітуры і Джульету з прыгараду з жамчужнымі завушніцамі ў шчыльнай чырвонай сукенцы.
З выгляду яны звычайная пара – немагчыма ўявіць іх у Вегасе у кампаніі Rat Pack1. Але здаецца, яны ўзялі ад свету столькі радасці, што больш не бывае. У дзяцінстве я заўжды любіў глядзець на гэтую пару, бо для мяне яна заўжды выглядала так, як мае бацькі акурат у тую хвіліну, калі яны пакахалі адно другога.
Нехта гукнуў мяне з саду, але я зрабіў выгляд, што не пачуў: я зачаравана глядзеў на вокладку Songs for Swingin’ Lovers!
Такіх больш не робяць, падумалася мне.

– Усе цудоўна бавілі час, – сказала Сід.
– Так, усё добра прайшло, – пагадзіўся я.
Мы зноў былі ў Лондане, у ейнай кватэры. Пегі і Пэт на канапе глядзелі “Пакахонтас” – выбрала касету, вядома, Пегі. Стаміўшыся пасля дзвюх гадзін у дарозе на старым лескатлівым “жуку” Сід, дзеці пачыналі грызціся. Мне хацелася дахаты.
– Усе цудоўна бавілі час, – паўтарыла Сід. – Пэту спадабаліся падарункі. Пегі з’ела столькі, што яе можна тыдзень не карміць. Мне было надзвычай прыемна пазнаёміцца з тваімі бацькамі. Наймілейшыя людзі. Так, усе добра бавілі час. Апроч цябе.
– Ды што ты? Мне вельмі спадабалася.
– Не. І што крыўдна – ад чаго мне па-сапраўднаму крыўдна, Гары, – ты нават не паспрабаваў. Твае мама і тата стараліся. Я ведаю: яны любілі Джыну, ім пэўна было нялёгка. Аднак яны ўсё зрабілі, каб сёння ўсё выйшла добра. А табе неахвота было даваць сабе працы, праўда?
– Чаго ты ад мяне хочаш? Каб я пачаў танчыць ламбаду пасля пары дыетычных “кока-колаў”? Я весяліўся, як толькі магчыма на дзіцячым дні народзінаў.
– Я дарослая жанчына і ў мяне ёсць дзіця. Гары, ты мусіш навучыцца гэта прымаць. Бо іначай у нас няма будучыні.
– Мне падабаецца Пегі. У нас з ёю заўсёды лады.
– Табе падабалася Пегі, калі яна была проста маленькай дзяўчынкай, якая сябруе з тваім сынам. Табе падабалася Пегі, калі яна была проста міленькім дзіцём, што ціхенька гулялася на падлозе ў цябе дома. Але та­бе не падабаецца, у што яна ператварылася, калі ты пачаў сустракацца са мною.
– І што ж гэта? – спытаў я.
– Напамін, што мяне трахаў іншы.
“Напамін, што мяне трахаў іншы”? Гэта замоцна. Сінатра ніколі ў жыцці не ціснуў бы такога на вокладцы альбома.

27.

Пегі была больш як напамін, што Сід трахаў іншы. Калі тое, што я адзін гадаваў Пэта, чамусьці мяне і навучыла, дык адно, што бацькоўства трымаецца пераважна на інтуіцыі: мы схопліваем усё ў працэсе. Ніхто не вучыць, як гэта робіцца. Ты проста навучаешся на практыцы.
У дзяцінстве я думаў, што мае бацькі валодаюць нейкімі патаемнымі ведамі, як добра мяне выхоўваць. Я думаў, існуе нейкі грандыёзны стратэгічны план, як зрабіць, каб я еў гародніну і йшоў у свой пакой, калі мне кажуць. Я памыляўся. Цяпер я ведаю: яны рабілі тое ж, што і ўсё бацькі на свеце. Слухаліся інтуіцыі.
Калі Пэт хацеў глядзець “Вяртанне джэды” а чацвёртай раніцы або ўключыць апоўначы Пафа Дэдзі1, я не задумляўся, як паводзіцца, а проста вымаў штэпсель з разеткі і казаў: “Спаць!”
Калі ён маркоціўся пасля размовы з Джынай ці ад нейкіх школьных непрыемнасцяў, я проста браў яго на рукі, абдымаў і прылашчваў. Калі гэта твая родная крывінка, не трэба думаць, ці тое ты робіш. Проста робіш – і ўсё.
Але з Пегі такой раскошы ў мяне ніколі не будзе.

Яна сядзела на канапе, выцягнуўшы голыя ножкі на столік для кавы, і глядзела свой улюбёны аўстралійскі серыял.
Я сядзеў побач з ёю і спрабаваў адключыцца ад гэтага фону – балбатні ненармальных серфінгістаў, якія не ведаюць, хто там насамрэч даводзіцца ім бацькамі. Я чытаў артыкул пра банкруцтва яшчэ аднаго японскага банка. Відаць, там поўны гамон.
– Як гэта ты не мая маці? – сказаў хтосьці з экрана, і калі пайшла му­зыка, Пегі заварушылася.
Зазвычай яна падхоплівалася і збягала, як толькі сканчаліся “аўстралікі”. Але сёння малая засталася на месцы, пацягнулася цераз столік і з гурбы часопісаў ды цацак ухапіла Сідаў лак. Я глядзеў, як яна раскручвае шкляны флакончык.
– Пегі!
– Што?
– Мабыць, не трэба з гэтым гуляцца, мілая.
– Нічога страшнага, Гары. Мне мама дазваляе.
Яна зняла накрыўку з маленькім пэндзлікам і пачала асцярожна фарбаваць пунсовым лакам малюпасенькія, амаль няісныя пазногцікі, а з імі, як я не мог не заўважыць, і кончыкі пальцаў.
– Асцярожней з лакам, Пегі. З ім не гуляюцца.
Малая стрэліла ў мяне вачыма.
– А мне мама дазваляе.
З пальчыкаў даўжынёю ў палову запалкі сцякалі ярка-чырвоныя кроплі. Неўзабаве можна было падумаць, што Пегі душыла вінаград ці тупала праз разніцу. Яна падняла нагу, замілавана сузіраючы плён сваёй працы, і на часопіс Red зацерушылі чырвоныя кроплі.
Быў бы гэта Пэт, я б узняў голас, ці выхапіў бы лак, ці даслаў бы яго ў ягоны пакой. Я б нешта зрабіў. А з Пегі я не ведаў, што мне рабіць. Адназначна нельга чапаць яе. І адназначна нельга ўзвышаць голас.
– Пегі.
Што, Гары?
Мне праўда хацелася, каб Пегі зрабіла, як трэба, і не перапэцківала лакам ногі, дыван, столік для кавы і часопісы. Але нашмат больш мне хацелася, каб яна мяне ўпадабала.
І я сядзеў ды глядзеў, як на вачах пунсавеюць ейныя ступачкі. Няўпэў­нена хмыкаў, але нічога не рабіў.
У белым халаце, закруціўшы на галаве ручнік, з купальні выйшла Сід. Пабачыла, што Пегі абмазвае пальцы лакам, і ўздыхнула.
– Колькі разоў я табе казала не чапаць гэтую штуку? – Сід выхапіла ў Пегі флакончык з лакам, падняла малую, як котка тузае гарэзлівае кацяня. – Марш у купальню, міс!
– Але ж…
– Ну!
Мне хацелася смяяцца – дакладней, хацелася зарыцца тварам у далоні і расплакацца – ад таго, што столькі часу сыходзіць на пераадоленне наступстваў распаду ядра сям’і – неймаверна.
Кватэрка Сід нагадвала храм рамантычнага кахання. На сценах – плакаты з фільмаў, фільмаў-казак пра ідэальнае каханне, каханне, што раз-другі мо і стукнецца ілбом аб нейкія перашкоды, але па вялікім рахунку не ведае ніякіх праблем сучаснага свету.
Заходзіш у кватэру – у цеснай вітальні адразу бачыш у рамцы плакат з “Касабланкі”. У трошкі менш цеснай гасцёўні – узятыя ў рамку плакаты з “Памятнай падзеі” і “Кароткай сустрэчы”. І, вядома, на самым пачэсным месцы, над ложкам, – “Знесеныя ветрам”. Нават у Пегі са сцяны пазіралі на старых лялек Кена і Барбі ды на розныя “спайс-гэрлавыя” штучкі героі “Пакахонтас”. Куды ні кінь вокам – усюды мужчыны палаюць патаемнай жарсцю, жанчыны растаюць, каханне перамагае.
Развешвалі плакаты не так, як гэта звычайна робяць студэнты, – не абы-як, бяздумна, каб схаваць вільгаць, што праступіла на сцяне, ці месца, дзе адвалілася тынкоўка. І трымаліся яны зусім не на пластыліне. Сід ставілася да зашклёных, узятых у густоўныя чорныя рамкі плакатаў як да твораў мастацтва – напэўна, такімі яны і былі.
Сід набыла іх у краме для кінаманаў у Соха, аднесла ў майстэрню, дзе робяць мастацкія рамкі, а потым цягнула іх на сабе ўсю дарогу да дому. Ёй давялося папрацаваць, каб развесіць па сценах “Знесеных ветрам” і ўсё астатняе. Ідэя цалкам празрыстая: вось, маўляў, якія мы, жыхары гэтай кватэры.
Аднак напраўду мы былі зусім не такія. Хоць каханне Хамфры Богарта і Інгрыд Бергман і абарваў захоп Парыжу нацыстамі, але, прынамсі, Богі не трэба было ламаць галаву, як ставіцца да дзіцяці Інгрыд ад папярэдняга раману з Вікторам Ласла. І яшчэ вялікае пытанне, ці Рэт Батлер запаў бы так на Скарлет О’Хару, калі б за ёю валаклося малое – напамін пра колішнія заляцанні ў Джорджыі.
Я ніколі раней так блізка не сутыкаўся з маленькімі дзяўчаткамі. Ад Пегі зыходзіў нейкі дзіўны спакой – менавіта спакой, а не слодыч, даўкасць або яшчэ што ў тым жа духу – спакой, якога я ніколі не заўважаў у Пэта ці іншых хлопчыкаў. Можа, усе дзяўчаткі такія. Можа, толькі Пегі.
Гэта я спрабую сказаць: яна мне падабалася.
Але я не ведаў, кім я мушу для яе быць: сябрам ці бацькам? Добрым і абаяльным або цвёрдым, але справядлівым? Усё здавалася неадпаведным. Калі ў тваёй жанчыны – дзіця, ніколі нічога не будзе “як у кіно”. І той, хто гэтага не разумее, зашмат наглядзеўся мюзіклаў MGM.
Сід вярнулася ў пакой разам з Пегі, чысценькай, пераапранутай, гатовай да выхаду ў свет – у “Піцца-Экспрэс” – з бацькам. Малеча ўскараскалася мне на калені і чмокнула ў шчаку. Яна пахла мылам і шампунем Timotei для дзяцей.
Ейная маці ўскудлаціла мне валасы.
– Пра што ты думаеш? – сптала яна.
– Ні пра што.
Калі пачуўся рык магутнага матацыкла, у Пегі ад радасці шырока-шырока раскрыліся вочы.
– Тата! – усклікнула яна і саскочыла з каленяў, а я нечакана для самога сябе адчуў укол рэўнасці.
Мы ўсе глядзелі ў акно, як Джым Мэйсан прыпаркаваў свой вялізны матацыкл БМВ, перакінуў нагу, як быццам злазіў з каня. Ён зняў шалом, і я пабачыў, што Сід казала праўду: прыгожы гэты засранец – точанае падбароддзе, густыя хвалістыя валасы, як партрэт на рымскай манеце ці хлопец мадэль, які любіць дзяўчат.
Я ўвесь час неяк спадзяваўся, што Джым будзе чымсьці падобны да Глена – такі сабе звялы красунчык, для якога прамінулі ўжо гады, калі ён разбіваў сэрцы. Аднак гэты выглядаў так, нібы і цяпер заўжды еў самыя ласыя кавалачкі.
Джым памахаў нам рукой. Мы – яму.
Знаёмячыся з былым мужам вашай жанчыны, як правіла, пачуваешся няёмка. Вы ведаеце самыя інтымныя падрабязнасці ягонага жыцця – і ніколі яго не бачылі. Вы ведаеце: ён зрабіў шмат кепскага, таму што вам гэта казала яна, і таму што іначай вы б не былі цяпер разам з ёю.
Напэўна, знаёміцца з мужчынам, якога яна ведала да цябе, – як ехаць па ўшчэнт раздзяўбанай дарозе. Але для мяне сустрэча з Джымам прайшла гладка. Я лёгка адкараскаўся, бо паміж ім і Сід заставалася столькі ўсяго недагаворанага.
Высокі, прыгожы, з ног да галавы ў бліскучых скураных строях, з шырокай белазубай усмешкай, Джым зайшоў у кватэру і заказытаў дачку, так што яна завішчала. Мы паціснулі рукі і абмяняліся некалькімі фразамі: маўляў, цяжка прыпаркавацца ў гэтых ваколіцах. Пегі пабегла па свае рэчы, і вось тут Сід на яго і напала. Твар у яе быў непранікальны, як сця­ты кулак.
– Як Мем? – спытала яна.
– Файна. Перадавала прывітанне.
– Ты, вядома, хлусіш. Але ўсё адно дзякуй. Як ейная праца?
– Дзякуй, выдатна.
– Попыт на стрыптызёрак расце?
– Яна не стрыптызёрка.
– Праўда?
– Яна танцорка ў начным клубе.
– Выбачаюся.
Джым паглядзеў на мяне з усмешкай, якая азначала: “Ну што ты з ёю паробіш?”
– Яна заўсёды так, – падзяліўся ён, быццам паміж намі працягнулася нейкая нітачка, быццам ён мне можа штосьці такое распавесці.
Трымаючы ў руках дзіцячы шалом і ўсміхаючыся да вушэй, вярнулася Пегі. Ёй карцела хутчэй паехаць з Джымам. Яна пацалавала маму, потым мяне і ўзяла за руку бацьку.
Мы глядзелі праз акно, як Джым асцярожна пасадзіў дачку перад сабой на матацыкл, зашпіліў на ёй шалом. Асядлаў машыну, прышпорыў і паімчаў па вузенькай вулачцы. За прарэзлівым рыкам рухавіка ледзь чуўся галасок Пегі: яна вішчала ад шчасця.
– Сід, чаму ты так яго ненавідзіш?
Яна на хвіліну задумалася.
– Мо’ праз тое, як ён паставіў кропку. Ён вярнуўся з працы, чарговы раз параніў нагу ў аварыі, мабыць, яго зачапіла таксі – вечна яго зачаплялі таксі – і ляжаў на канапе, калі я прыйшла дамоў, адвёзшы Пегі ў садок. Я схілілася над ім – проста каб паглядзець на ягоны твар, мне заўжды падабалася глядзець на ягоны твар… І ён вымавіў жаночае імя. Уголас. Імя той малайкі, з якой ён спаў. Той, да якой ён ад мяне сышоў.
– Ён размаўляў у сне?
– Не. Ён прыкінуўся, што размаўляе ў сне. Ён ужо ведаў, што кіне нас з Пегі. Але яму не хапала духу сказаць гэта, гледзячы мне ў вочы. Адзінае, на што яго хапіла, гэта зрабіць выгляд, нібы ён размаўляе ў сне, нібы ў сне называе ейнае імя. Адзіны спосаб даць мне як абухом па галаве. Адзіны спосаб сказаць, што ён ужо спакаваў манаткі. Гэта было так жорстка, так гнюсна – і так да яго падобна.
У мяне былі свае прычыны ненавідзець Джыма – і высакародныя, і жалю вартыя. Я ненавідзеў яго, бо праз яго Сід так пакутавала, і я ненавідзеў яго, бо ён быў прыгажэйшы за мяне. Я ненавідзеў яго, бо ненавідзеў усіх бацькоў, што ўрываюцца ў жыццё дзіцяці, а потым знікаюць, нібы малыя – гэта хобі, якім можна заняцца або кінуць у любы момант, калі заманецца. Ці лічыў я Джыну такой самай? Часам, у тыя рэдкія дні, калі яна не тэлефанавала Пэту, я ведаў – проста ведаў, – што яна недзе з Рычардам.
І я ненавідзеў Джыма, бо адчуваў: ён і дасюль нешта значыць для Сід. Калі яна казала, што ёй заўжды падабалася глядзець на ягоны твар, я ведаў: гэта нікуды не сышло, а па-ранейшаму дзярэ яе знутры. Можа, яна больш не кахае яго, можа, усе пачуцці збуцвелі, ператварыліся ў штосьці іншае. Але ён нешта для яе ды значыў.
Напэўна, недзе ў глыбіні душы я мусіў бы яму дзякаваць. Калі б ён быў верным мужам, кахаў жонку і ўмеў не расшпільваць прарэх сваіх скураных нагавіцаў, дзе не трэба, – калі б ён не “любіў залезці ў бамбук”, – тады Сід была б з ім, а не са мною. Але я не адчуваў аніякай удзячнасці.
Як толькі Джым прывёз Пегі цэлай і спраўнай з “Піцца-Экспрэс”, мне да чорцікаў захацелася, каб ён наматаў свой матацыкл на колы 73-га аўтобуса і размазаўся сваёй сімпатычнай пысай па ўсёй дарозе на Эсэкс. Ён абышоўся з Сід, як з пустым месцам. Ужо аднаго гэтага хапала, каб я ўзненавідзеў яго да мозгу касцей.
Але як толькі на парозе з’явілася Пегі, трымаючы ў руках да дзікунства бессэнсоўную мяккую цацку памерам з лядоўню, з перапэцканым піццай тварыкам, я зразумеў, што маю яшчэ адну, нашмат больш прадыктаваную эгаізмам прычыну ненавідзець яго.
Нават не спрабуючы параўнацца з Джымам, я ведаў: я ніколі не буду значыць для Пегі столькі, колькі ён. Вось што самае балючае. І хоць ён бачыцца з ёю, толькі калі захоча, і звальвае на хер, калі захоча, ён заўсёды будзе для яе бацькам.
Таму ў Пегі й ідзе галава кругам ад радасці. Матацыкл тут ні пры чым. І піцца. І ідыёцкая цацка памерам з лядоўню. Проста ён ейны бацька.
Я ведаў, што змагу жыць з напамінам, што Сід трахаў іншы. Я змагу нават палюбіць Пегі. І змагу паспрачацца з Джымам, хоць ён і мае матацыкл, хоць і дорыць велізарныя мяккія цацкі, хоць ён і прыгажэйшы за мяне.
Але з голасам крыві не паспрачаешся.