12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Пашкевіч

_____________________
Кактэбельская анамалія.

1.
Адпачываць не стамляешся: ні дома, ні ў дарозе, ні ў гасьцях.
Стамляешся не адпачываць: бяз сонца, без спакою, без свабоды.
Пра гэта думалася, калі вагонную бессань манатонна абрамляў стук колаў: как-тэбель, как-тэбель, как-тэбель…
З крымска-татарскага Кактэбель – край блакітных вяршыняў. Калі ж белым патрапляеш у ягоныя абдоймы, ад­крываецца новая разгадка назвы: мясцовыя непрыхавана дзівяцца на ламанай расейскай – «Как ты бел!».
Старажытныя ж грэкі звалі гэтае месца Кімерыяй. Першая згадка пра Кактэбель дайшла з V стагоддзя да нашай эры, калі кімерыйцаў зьмянілі скіфы, а каланісты Старажытнай Грэцыі ўбачылі ў Кактэбельскай бухце закінутую скіфа-таўрскую гавань Афінеон. У VIII стагоддзі на ягонай тэрыторыі вырасла буйнае сярэднявечнае паселішча, марскі ганд­лёвы горад, які ў Х стагоддзі зруйнавалі печанегі.
Праз дзевяць стагоддзяў на гэтай выпаленай сонцам зямлі, дзе сплавіліся прастора і час, нарадзіўся «курортны» Кактэбель. Ягоным хросным бацькам стаў вядомы ў Еўропе акуліст Эдуард Юнге. З недалёкай Феадосіі ён завітаў у паселішча – і яно нагадала яму Гішпанію. Юнге пачаў скупляць у мясцовых мурзакаў (дробная татарская шляхта) зямлю побач з берагам. Хацеў адрадзіць вялікую гаспадарку, збудаваць запруду ў даліне Яланчыка, каб арашаць Кактэбельскую даліну…
Жонка Юнге, Кацярына Фёдараўна, сябравала з Тарасам Шаўчэнкам. У Пе­цярбурзе была Кабзаровай перакладчыцай, калі той з натуры маляваў партрэт амерыканскага акцёра Айра Олрыджа. Зазвычай тыя сустрэчы ўкраінца й амерыканца заканчваліся так: Шаўчэнка, колішні прыгонны, сьпяваў народныя песьні, а Олрыдж, у мінулым негр-раб, танчыў джыгу…
Паэту і мастаку Максіміліяну Валошыну, маці якога пасялілася ў Кактэбелі пасьля Юнге, мясцовы пейзаж «многімі гранямі нагадаў Грэцыю». Паэт прыехаў сюды гімназістам у 1893 годзе – і застаўся да сьмерці. Нават бальшавікі ня здолелі адабраць у яго два дамы і два флігелі. Хоць забіралі ягоных сяброў, знаёмых. Ды й яму самому даводзілася ня раз бачыць сваё прозьвішча ў «расстрэльных сьпісах». Іх паказваў Валошыну галоўны крымскі камунар Бэла Кун. «Можаш выкрэсьліць адно», – па-валадарску дазваляў ён паэту…
У сучасным Кактэбелі ёсьць вуліцы Леніна, Калініна, нават Дэсантнікаў. А вось Юнге – няма. Як і вуліцы Валошына. Апошні ў гады грамадзянскай вайны выратаваў шмат кактэбельцаў. Напачатку прасіў выкрэсьліваць з «расстрэльнага сьпісу» прозьвішчы сяброў і знаёмых, пакідаючы сваё («За першую зіму было расстраляна 98 тысячаў на 800 тысячаў усяго насельніцтва [Крыма], г. зн. праз восьмага»», – пісаў ён). А мясцовыя чабаны ўзбуджалі супраць паэта «рабоча-сялянскі суд» за нібыта зьнішчаных ягоным сабакам авечак. Ён жа на лодцы выпраўляўся парламенцёрам і спыняў бамбаваньне Кактэбелю французскім крэйсерам. А калі шасьцёра п’яных бальшавікоў – «кардонная варта» – абстралялі з вінтовак англійскія караблі, якія займалі заліў – і ў адказ пачалі ўціхамір­ваць Кактэбель цяжкімі снарадамі, Валошын сядзеў у сваёй майстэрні і… пера­кладаў Анры дэ Рэнье, яго «Палоннага прынца».
Вершы ж самога Валошына ў той час распаўсюджваліся ва ўлётках. І «белыя», і «чырвоныя» пры заняцьці Адэсы свае пракламацыі да народу пачыналі цытаваньнем ягоных радкоў…
Імя Валошына корміць Кактэбель і цяпер: «спрычыняючыся да культуры» (і пакідаючы грошы), курортнікі пасяляюцца непадалёк ад Дома паэта ды натхнёна топчуць сьцежкі, па якіх колісь хадзілі Брусаў і Белы, Цьвятаева і Эрэнбург, Верасаеў і Замяцін, Мандэльштам і Горкі, Грын і Булгакаў, – госьці Валошына (некаторыя з гэтых прозьвішчаў захаваліся на сьціплай мемарыяльнай шыльдзе на доме маці Валошына, які цяпер – у прыватнай маёмасьці). Гэта дзякуючы яму, Валошыну, Кактэбель стаў месцам прытулку (і адпачынку) культурнай эліты. З 1931 году тут пачалося будаўніцтва Дома творчасьці савецкіх пісьменьнікаў.

В Коктебеле, в Коктебеле
На лазурной колыбели
Весь цвет литературы СССР…

Ну что за славная земля
Вдоль залива Коктебля…

Сёньня мала хто ўжо й памятае гэтую песеньку Юлія Кіма…
Па спадчыне ў 90-х Дом творчасьці перайшоў да Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны. А пра Куна ды бальшавізацыю Крыма яшчэ нагадвае цэментны абеліск з наступным надпісам: «Здесь 5 мая 1920 г. проходила Коктебельская партийная конференция, созванная подпольным обкомом РКП (б), принявшая решение о развертывании повстанческого движения в тылу Врангеля». Той абеліск з адбітай зоркай, зарослы кустом вяза ды дзікай паўднёвай травой, адшукаць у закінутым парку, дзе пасьвяцца некалькі кактэбельскіх кароў, ужо амаль немагчыма…


2.
Эти пределы священны уж тем, что однажды под вечер
Пушкин на них поглядел с корабля по дороге в Гурзуф, –

напісаў Валошын пра Кактэбель. Пушкін жа аніводным пісьмовым словам не абазваўся пра гэтую мясцовасьць. Ня ў прыклад сотням іншых песьняроў Кімерыі. Сярод першых у новым часе быў наш Максім Багдановіч, пра якога ў Кактэбелі няма аніякіх згадак...
Ялта – паэтава сьмерць, Кактэбель і Стары Крым – ягонае адраджэньне, ягоныя «залатыя дні». З рэчаіснага сёньня нас мала што зьвязвае з Багдановічам. Нязьменнымі, што мог бачыць Максім, засталіся хіба што «Вянок», віленская Вострая брама, герб «Пагоня», слуцкія паясы з музею Івана Луцкевіча ды… караван Кактэбельскіх гор. Урэшце, усё, акром апошняга, пад пытаньнем: «Вянок» пажаўцеў (папера), паслабеў пераплёт, а ў перадруках зьмяніўся правапіс; Вострую браму шматкроць перафарбоўвалі; «Пагоня» станавілася дзяржаўнай і апазіцыйнай; пастарэлі Луцкевічавы экспанаты. А горы, што сапхнулі Кактэбель да мора, застаюцца нязьменнымі ажно ад землятрусу ў Юрскім перыядзе.
Як і раней – у 1915-м, калі Максім Багдановіч прыехаў у Кактэбель, – на іх мала расьліннасьці («на гарах зеляніны няма: цалкам аголеныя, паныла стаяць яны, і нават трава на іх не расьце», – згадваў паэт у сваіх нарысах «З летніх уражаньняў»). Колішнія вулканныя пыл і лава і праз мільёны гадоў не нараджаюць жыцьця. Кактэбельскія горы нязьменныя нават у сваёй зьменнасьці – як нязьменны ў вялікім часе хамелеон. Ранкам іх усходнія плечы ружова-блакітныя, днём – мутна-бірузовыя, вечарам – шэра-блакітныя, часткова фіялетавыя. А новым ранкам, – зноў ружова-блакітныя.
Да Кактэбелю, «найбольш цікавага месца ў Крыме», у Багдановіча былі ў тую крымскую вандроўку Феадосія і Стары Крым. І міжволі зноў шукаецца нязьменнае… Ён прыехаў у Феадосію цягніком і на вакзале сустрэў «шустрых камісіянераў», якія «з усіх бакоў <...> выкрыкваюць назвы гасьціньніц». Гэта робіцца і цяпер на чыгуначных вакзалах Сімферопалю ці Еўпаторыі. І праз 90 гадоў тут «А восьмай гадзіне, калі сонца ўжо рыхтуецца пагрузіцца ў марское бяздоньне, паветра сьвяжэе <…> пустэльная ўзьбярэжная пачынае напаўняцца <…> Усе лаўкі занятыя, на тратуары ўзьбярэжнай – суцэльная вераніца гульцоў, у вечаровым змроку насустрач плывуць чырванаватыя агеньчыкі папярос, зіхцяць вочы, нясуцца абрыўкі фраз; <…> зьбіліся ў купкі разьвінчанныя маладыя людзі…». Разьвінчаных не паменела і сёньня.

У тое лета 1915 году, калі Багдановіч наведаў ціхі Кактэбель, Валошын быў у Парыжы, а ў ягоным доме гасьцявалі Цьвятаева і Мандэльштам.
Амфітэатр Кактэбельскіх гор нагадаў Багдановічу марскога жыхара: «нібыта клешні гіганцкага краба, далёка ідуць два мысы – левы большы, правы меншы, – і на абодвух стромкімі зломамі ўздымаюцца грэбні скал».
У курортным спакоі пад пякучым сонцам левыя кактэбельскія горы падобныя да вярблюдаў – схаваліся ад сьпёкі, і над вадой відны толькі іх сагнутыя гарбы. У вечаровай смузе тыя горы ператвараюцца ў распранутых жанчын. Іх шасьцёра. Палеглі ў мора – толькі магутныя грудзі ўзвышаюцца да паніжэлага неба. Некаторыя з гор-жанчын цяжарныя. Гэта добра бачна з пляжу Кактэбельскай бухты. І тое ня мог не заўважыць і Максім Багдановіч, які прывёз у Кактэбель згадкі пра Клаву…
Бяз іх, без самога Багдановіча сёньняшні Кактэбель няпоўны, як няпоўны Поўны збор твораў Максіма без ягонага інтымнага дзёньніка, які стойвае той «курортны раман». Думаецца, што якраз у Кактэбелі пісаліся гэтыя Максімавы радкі:

Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда…

Інтымны дзёньнік Багдановіча (расчытана толькі 1/3 тэксту) распавядае пра характар аўтара, пра ягоныя погляды на жанчын, пра ўзаемаадносіны са згаданай ужо Клавай.
Ён сустрэў яе ў Старым Крыме, дзе спыніўся перад Кактэбелем – і пакінуў кароткі запіс: «…вечарам разгаварыўся з Клавай. Знаёмых у мяне не было, і я кожны вечар з ёй сядзеў, гутарыў…» Мы ня ведаем яе ўзросту, яе занятку. Акром таго, што была яна «в темно-синем платочке» ды тое, што «Клава на венецыянку з карціны М. А. Урубеля «Венецыя» падобная». І яшчэ мы бессаромна ведаем, што не для нас (пра тое нагадваюць частыя і незразумелыя скарачэньні) занатаваў Максім у сваім неапублікаваным дзёньніку – пра іх інтымную блізкасьць. І пра тое, што было пасьля яе:
«Я ня вытрымаў, устаў, да сябе пайшоў. Да трох гадзін ночы сядзеў, пісаў. На другі дзень не размаўляў, пішу. Ноч сяджу, пішу. На наступны дзень ізноў. Іду ў чацьвер абедаць – Клава кажа: “Чаму вы мяне пазьбягаеце?..” Сьлёзы нагарнуліся…».
Залаты для паэтаў час, калі і пасьля знаёмства з богам Эрасам застаюцца звароты на «вы»!
Клава лекавала ягоную душу. Доктарам цела быў Стары Крым, які не расьпешчаны урбаністычнымі вандроўкамі Багдановіч назваў «гарадком». На той час – сьціплае мястэчка. А некалі – Салкат, сталіца крымска-татарскага ханства! Са 100-тысячным насельніцтвам, з багатымі мячэцямі і палацам Батыя. Аднак у XV стагоддзі сталіцай ханства стаў Бахчысарай, і Старому Крыму засталіся парэшткі манетнага двара, старадаўняга вадаправоду і ханскія магілы. І сталакцітавыя пячоры ў гарах. І самі горы.
З двух бакоў закрыты імі, насычаны паветрам стэпу й лесу, цяплом і марской вільгацьцю (напрамкі да мора з 15 кіламетраў), Стары Крым быў «раем» для сухотнікаў. Максім мог прайсьціся па галоўнай Екацярынінскай вуліцы, купляў у лаўцы Аванэсава авечы сыр «брынзу», гамак, на якім цэлымі днямі пралежваў у садзе пад чарэшняй. Вечарамі любіў піць каву за столікам пасярод тратуара, глядзець на лянівых курортнікаў, затым – на наіўную рэкламу на дзьвярах «кафейні»: «Ох, как хорош толченый кофе».
«А ноччу, вяртаючыся па апусьцелых вуліцах дадому, пачуеш за садовай агаро­джай узбуджаныя галасы, жаночы сьмех, на асьветленай тэрасе ўбачыш здалёк некалькі фігур, – і, як заўсёды, добры сум хлыне ў душу…»
І думкі зноў запалоніць Клава…
Верагодна, Клава была з Максімам падчас ягонай вандроўкі са Старога Крыму ў Кактэбель.
У сучасным Крыме гэтую «дзікую» дарогу ў 20 кіламетраў да Кактэбелю называюць «тропою Грина». Аляксандр Грын быў пасяліўся ў Старым Крыме ў 1931 годзе і разоў з два пехам прайшоў па ёй – на гасьціны да Валошына. «До сегодняшних дней дошли волнующие записи Александра Степановича об этих его походах», – прызнаецца ў шчырым захвіцэньні немаладога ўзросту жанчына-экскурсавод. Пра тое, што 16 гадоў да таго сюдой прайшоў-праехаў найвялікі з усяго літаратурнага замежжа сябар украінскай літаратуры і «зводны» пляменьнік Максіма Горкага Максім Багдановіч, яна яшчэ ня ведае. Пасьля ейнай талерант­най згоды пераназваць «Тропу Грина» ў «Сьцяжыну Багдановіча» я абяцаю даслаць ёй Максімавы запісы пра тую мясцовасьць: «Сонца ўстае; яго барвовы дыск, на які вачам не балюча глядзець, сьвятлее… Нешырокая дарога ўецца па ўскраінах гор, зарослых усемагчымым кустоўем і дубняком. Зрэдку раптоўна сярод зеляніны вынырне голая скала з шэрага вапняку, з падоўжнай лагчынай… унізе пад нагамі скаты, прорвы… стромкія бяздоньні, пры выглядзе якіх дамам становіцца жудасна…»
Калі Клава ў той ранак паехала ў Кактэбель з ім – ёй не было страшна…


3.
Найбольшая кактэбельская славутасьць – Карадаг. Ён прыціскае паселішча справа. Гэта ў ягоным вулканным кратэры Бог разьмяшаў адмысловае цеста ды са смакам вылепіў тыя каменныя горы-жанчыны, якія голымі палеглі ў заліве зьлева. Здаецца, Карадаг – як непаваротлівы брантазаўр (на аграмаднай сьпіне якога – скалы-патырчакі) ад сьпёкі хоча схавацца ў мора…
На адной з вяршыняў Карадагскага запаведніку сёньня іржавеюць дзьве вежы. З іхняй дапамогай вывучалі тэмпературу зорак, хоць яшчэ не навучыліся дакладна спрагназаваць тэмпературу на бліжэйшыя дні вакол гэтай крымскай гары.
І Максіміліян, і Максім, як і сучасныя турысты, маглі любавацца Карадагам з баркасу, калі выбіраліся агледзець гару з мора, – і бачылі Жабін пляж (да жаб былі падобныя скалы), Сердалікавую бухту (дзе здабывалі камень-сердалік), Цясьніну зьмей (тры доўгія аграмадзіны – раўчукі карадагскай лавы – спаўзьлі ў Кактэбельскі заліў ды застылі навечна), і, урэшце, славутыя Залатыя вароты (вылепленыя нябеснай рукой з усё той жа вогненнай лавы). Паміж невялікімі пляжамі – пракаветныя пячоры й гроты – як пракапаныя ў пекла калодзежы.

Спустись в базальтовые гроты,
Вглядись в провалы и пустоты,
Похожие на вход в Аид… –

такія змрочныя пачуцьці выклікаў Карадаг у Валошына. Іхняя аргументаванасьць становіцца відавочнай, калі экскурсавод паказвае карадагскі Чортаў палец і ягоны вялізны адбітак на скале перад Вялікім гротам.
Ва ўражаньнях жа беларускага паэта – больш апельсінава-памаранчавага сонца. «Купаемся, цялёпкаемся ў моры, выходзім на бераг, каб пагрэцца на сонейку ды паляжаць на пясочку, а потым зноў у ваду», – запісаў Багдановіч у сваіх нататках. А непадалёк, на другой частцы пляжа, купаліся дзяўчаты і жанчыны. «Купаліся, па дачнай прастаце, без касьцюмаў».
Тут, на моры, маглі наведваць маладую галаву і іншыя адкрыцьці. Напрыклад, пра першую ў сьвеце прафесію… Прафесію партніхі, мадэльера. Фігавы ліст на Еве – узор першай вопраткі. Пра тое ня мог не падумаць у Кактэбелі Максім, пра тое нельга забыцца ў “райскім” Кактэбелі пачатку ХХІ стагоддзя, які ахвотна замяніў фігавыя лісты сучаснымі стрынгамі. Часта толькі імі – аднымі эканомнымі стрынгамі – закрываюцца дзяўчаты і жанчыны ад кактэбельскага сонца і мужчынаў. А крыху ніжэй ад кактэбельскага пляжу, каля мысу Хамелеон, зьбіраюцца тыя, хто не прызнаюць фігавую мудрасьць – нудысты. Нуды яны на «дзікім» пляжы таксама ня ведаюць.
У савецкім жа Кактэбелі за курортнымі норавамі сачылі больш пільна: «інжынерам чалавечых душ» будзе забаронена хадзіць па пляжы ў плаўках. Неслухам нават не прадавалі віно… Аднак на тое яны і творцы, каб абыходзіць забароны. Тут, у Кактэбелі, гарэзны Караткевіч зьбіваў спанталыку і няветлівых гандлярак, і – што найцяжэй – сваю жонку: пойдзе ў мора ў плаўках, а вяртаецца… на добрым падпітку! І – не ад салёнай вады. Да плавак кемлівы паэт (тут – найперш паэт!) прышываў кішэньку – і ўжо аніхто ня мог аспрэчыць, што гэта – ня шорты. А ў кішэньку клаў жалезны рубель – і не размокне, і можна абмяняць на дастатковую вінную порцыю…

Многочисленны и разны
Коктебельские соблазны…

Гэтае курортнае адкрыцьцё адным з першых беларускіх пісьменьнікаў занатуе Багдановіч. Накупаўшыся, у тое апошняе шчасьлівае лета 1915 году ён найме баркас і накіруецца да вулкану. Па дарозе яго суправаджалі дэльфіны. «Верагодна, яны таксама зьдзяйсьняюць экскурсію… Падскокваюць, ледзь ня танчаць», – дзівіцца Максім. Каля Сердалікавай пячоры ён будзе купацца з імі, а затым працягне вандроўку на баркасе да знакамітых «Залатых варотаў».
Аднак «Залатыя вароты» яго ня ўразяць: «Гэта – усяго толькі аграмадная скала, што ўзвышаецца сярод мора недалёка ад берага. Пасярэдзіне ўнізе яна наскрозь прамыта морам».
Аднак кожны, хто праедзе ў «Залатыя вароты», застаецца на ўсё жыцьцё зачараваным Кімерыяй-Кактэбелем.
І Крымам.
І адчуе яго сваім…


4.
Цяперашні Кактэбель не палюбіў бы ні Валошын, ні Багдановіч. Правільней – не палюбілі б тое, што зрабілі з Кактэбелем: чалавечы муравейнік, сьмецьце, сьмярдзючыя машыны, дзікія песьні з нястомных дынамікаў – і ўдзень, і ноччу.

Шчэ нэ вмэрла Украина,
Если мы гуляем так…

– крычыць з кафэ і кафэшак Верка Сярдзючка, перафразуючы нацыянальны гімн краіны. Калі б тое пачулі Пятлюра ці Бандэра – адразу б адрэзалі «сьпявачцы» тое, што найперш перашкаджае мужчыну пачувацца жанчынай…
Кактэбель, колішняя паўднёвая сталіца паэзіі, нечакана стаў сталіцай джазу. Ужо двойчы тут прайшоў міжнародны фестываль «Джаз Кактэбель». Ягоны за­снавальнік расійскі тэлевізійшчык Дзьмітрый Кісялёў не без самаўпэўненасьці сьцьвярджае: «Калі б жыў Валошын, ён бы прыйшоў да гэтай музыкі – свабоднай знутры, якая нясе свабоду тым, хто яе слухае». І як сімвал фестывалю: выява галавы Валошына, у хмару валасоў запляліся ноты – як восы…
А ў гасьцінным дворыку Валошынскага дома – нейкі сход-семінар пад назвай «Украіна як арт-праект», і нехта акцёрскім голасам страсна даводзіць на расейскай: «Цяпер трэба эстэтыку аб’ядноўваць з палітыкай». Аб’яднаць тое не змаглі ні Валошын, вершы якога цытавалі «белыя» і «чырвоныя», ні Багдановіч, хрэстаматыйную «Пагоню» якога пасьля дзяржаўнай забароны нацыянальнага сімвалу настаўніцы ня ведаюць, як падаваць…

Россия, ты Крым
словно лист уронила…

– можна пачуць тут вершаваныя адкрыцьці «руска-крымскіх» паэтаў… Калі і насамрэч Расія «уронила» ліст-Крым на мора – чаго ж ён так моцна, не зважаючы на вузкі Перакоп, адлівы і вятры, трымаецца за цела Украіны?
Крым больш падобны да сэрца – сэрца поўдня Еўропы, якое пампуе, не стамляючыся, кроў сотняў нацыяў і народнасьцяў. Тысячагоддзямі б’ецца яно ў грудной поласьці Чорнага мора – пад стэпавай душою Украіны. І ў цяперашнім ягоным пашпарце – украінская прапіска.

…У тое лета 1915 году, калі Максім Багдановіч наведаў ціхі Кактэбель, ра­сіянін-кімерыец Максіміліян Валошын у парыжскай кавярні бліз вакзалу Монпарнас гаварыў пра паэзію, а ўкраінец Сымон Пятлюра ў Маскве перачытваў дасланы яму Багдановічам рукапіс артыкулу пра Тараса Шаўчэнку (…Шаўчэнку, з якім сябравала жонка заснавальніка новага Кактэбелю).
А самому Максіму ў той пасьляабедны час сьніліся цяжарныя жанчыны ў фігавым убраньні, мора васількоў і ўзыход памаранчавага сонца.
Памаранчавае сонца засьвеціць над Украінай праз дзевяноста гадоў.
Максімавы васількі як зразалі, так і зразацьмуць – то сярпы, то камбайны.
Беларусь-парадзіха – у стагоддзевым чаканьні…

Ліпень 2004, студзень 2005.