12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Пашкевіч

_____________________
Стажар. Вершы


* * *

…І зноў пад невадам світання
схаваўся сонных зор гарэм.
Як хмельна!.. Як зачаравальна
пасля раманнага блукання
ісці сцяжынамі паэм!

Там – прамінулае ва ўладзе,
там лёс – упыр, там свет – падман,
і кожны, хто не труп, – у здрадзе.
А тут – як здань на даляглядзе –
дзяўчат-метафар караван…

Збяром світанкі, зоры й песні
ды прыкладзём да вечных ран!
Жыве і будзе жыць край весні –
і не зважацьме, хто тыран…


* * *
Твайго шукаюць вечна дна
і Днепр, і Прыпяць, і Дзвіна.

І я – у словах, казках, снах, –
табой спакушаны манах,
гукаў ад ночы да відна…
А ты маўчыш, а ты – адна.

Прасіў, маліў: «Адкрыйся мне,
пакуль нябыт не паглыне!».

«Яшчэ не час, – быў твой адказ, –
усё здзяйсняецца без нас.
У гэтай мірнай старане
усё жыве, акром мяне…».

Суседка коршунам дзяўбе,
сусед няўрымсціцца ў сяўбе –
табе ж – як мову заняло;
а лёс пляце адчай-сіло…

І што казаць? Усё міне –
апроч нябёсаў ды цябе,

Радзіма.


Маё чароўнае бязладдзе

У срэбры снежнага раздолля
прыйшла, нібыта каляда, –
мая крыклівая нядоля,
мая маўклівая бяда.

Я на журбы тваёй парадзе
вандроўнік вечны й першы госць,
маё чароўнае бязладдзе,
маё суладдзе-прыгажосць.

Мне сніўся голас твой вітальны
на нізкім ложку з крышталю:
– Штоноч падманваючы тайна,
я і кахаю, і люблю.
Паэт, апошні магіканін,
адчайны блазан і прарок,
спатканне прызначай у храме
легендаў, кветак і дарог!
Каханню й ноччу нашай цесна:
мы выснім раніцай яшчэ,
як сакавік са снегу-цеста
калюгаў дранікі пячэ…


Выбар: 19.05.1995

Мераю справядлівасці
не можа быць большасць галасоў.
Фрыдрых Шылер

Травень, травень, мой наіўны брат,
раскажы прыцішанаму свету,
як у твой святы пялёсткапад
горла перарэзвалі паэту.

Старасць рахітычная прыйшла,
на штандарах сцёртых – знак паганы.
Пад запевы-гімны гора-зла
ноччу мацюкацьмуцца наганы?!

Травень, травень, мой пракляты брат,
сыты ўсе, а я адзін – галодны?
Лье атруту ў кубак шчодры сват,
вострыць нож сталёвы бацька родны.

Позна жыць і рана паміраць.
Раны лютыя баляць мінулым.
Бог крывіцкі, вышлі ў поле раць
даказаць, што травы – не заснулі!

Травень, травень, мой адзіны брат,
захлынуцца ў брудзе ліхадзеі.
Вылечы й схавай, нябесны сад
бел-жыццёва-белае надзеі!


Лебяда

Адцвілі васількі на пожні,
лебяда ля хат, –
у краіне, дзе кожны
ці вораг, ці кат.

І ні радасці, і ні хлеба,
ні вады жывой.
Паміраем пад сонным небам
на зямлі з лебядой,

дзе і пан, і прарок найпершы –
збродны зяць,
загадаць можа й вершы
не пісаць...

А яны ў нас і так без рыфмаў,
нібы сэрцы без пульсу-біцця,
нібы сцежкі марскія без рыфаў,
быццам смерць – без жыцця.


Ноч

Вецер б’ецца-ліпне ў соты
вокнаў шматпавярховіка.
Вечар топча збітым ботам
светлафора-чырвонагаловіка.

Маладзік над дахаў пушчай
з нас, ліслівых, крывіцца, –
як арэхі, зоркі лушчыць
тлуста-жоўтай сківіцай;

сыпле знічкі, бы лушпінне,
у прыпол да раніцы
і знявечанай айчыне
ў вочы пасміхаецца…


Лёсы

Што жывём мы ў свабодным палоне –
не віноўны ні раб, ні прарок.
Па-суседску даруй, дзядзька-клёне,
што я піў твой даверлівы сок.

Вы прабачце, стаптаныя гоні,
мой няроўны пракос – як рушнік;
выціраў ім стамлёныя скроні
жніўны дождж, непакора й даўжнік.

Браў у рукі ён хмару-сявеньку,
пазычаў у азёр мех зярнят –
са старэнькай маланкай-кавенькай
расціраў мазалі сваіх пят…

Вольны ў свеце адзін хіба вецер,
ды і той натаміўся й знямог:
надарваўся, змятаючы смецце,
і аслепнуў – ад біблій дарог.


Нацюрморт

Нам заснуць не даюць
тры случанскіх півоні:
неспакой прагна п’юць
з крышталёвых далоняў.

А за цёмным акном
перад сотамі лоджый –
хмару спіўшы нагбом,
вецер ліпу ўлагоджваў…

…Дождж салодкі – зямлі
цалаваў смагна скроні.
Нам заснуць не далі
тры случанскіх півоні.


Прызнанне

Прывяжы мяне, любае неба,
ланцугамі далёкіх зор.
На вяршынях спакойных гор
пералетаваць шчасцю трэба.

Падары мне півоні карону
ў дыяментах случанскіх рос
і кашулю пашый навырост –
абярэгам хай будзе да скону.

Знай: за паркам,
на храмным узвышшы,
даўганогая хвойка мая
на скрыжалях травы-дывана
голкай-пёркам пасланне мне піша.


* * *

У майго ўскрайку Слуцка
была незвычайная мясціна –
ШТАНЫ:
з боку Мінска
шлях разыходзіўся
на дзве дарогі-нагавіцы.
І ёсць
афіцыйна-тапаграфічная назва –
вуліца Суворава.
Ніколі не чуў яе
ад сваіх вяскоўцаў,
так і кажуць:
«Дабяруса да Штаноў»,
«Вылезу на Штанах»…
І я –
у якой бы кашулі,
пры якім бы гальштуку
не ехаў у сваё Набушава –
таксама ўлазіў
у гэтыя прашытыя дарожнай разметкай
штаны –
не саромеючыся
вялікіх латак
асфальтавых выбоінаў.

У майго ўскрайку Слуцка
была незвычайная мясціна –
ШТАНЫ,
пакуль
рэспубліканскія «Дажынкі»
не скінулі іх,
замяніўшы
звычайным
дарожным
колам…


Свабода
…Там свабода, дзе Радзіма
пупавінай закруціла, –

хоць яна й калючым дротам
спавівала,
хоць яна й крывавым потам
частавала.

Там і сіла, і магіла,
і праклёны…

Там свабода, дзе ў зямельцы
легіёны…


Музарый
Па-над хатай маёй –
галубы, як пялёсткі аблокаў,
каля ганку майго –
бы кентаўры, вятры.
Хоць я ў марах завейных і лётаў высока –
усё роўна маліўся каленям гары.

Я хадзіў па ўспамінах
растрачаных вёснаў,
лабірынтамі зораў
таліў мазалі.
Вязы два – нібы лёсавы вёслы –
човен хаты маёй па нябёсах вялі.

Знічкі-рыбы лавіў –
плёскат голек пачулі…
На далонях гары зноў збіраў галубоў,
каб у верш,
як калісьці ва ўзоры кашулі,
мне прыносілі з ніў
васількову любоў.


Кніга
На тваёй
аксамітнай паперы
я знайшоў адказы
нашага сёння
і прароцтвы
свайго заўтра,
надрукаваў натхненні,
увекавечыў настроі
ды напісаў
дачку і сына.
Твой пераплёт –
гісторыя вечнай Радзімы.
Вокладка –
белае і чорнае моры
са шмуцтытуламі
васількова-лавандавых раніцаў.
Закладкі ў табе –
эпітэты-ўспаміны
з занатоўкамі пяшчотаў.
Ілюстрацыі –
вочы і вусны
пэндзля Да Вінчы…

Не стамлюся гартаць
старонкі пацалункаў і ўсмешак,
расчытваць па начах
таямніцы жаданняў,
апантана вывучваць цябе
да літары,
піць, як з ліпеньскіх сотаў,
метафары й сімвалы
Евы...
Ты – мая кніга,
у якой ёсць адна адрукоўка
– я.


Біяграфія

Маленства – час, калі хочацца плакаць,
піць, гаварыць, есці і глядзець.
Дзяцінства – час, калі хочацца плакаць, піць, гаварыць і есці.
Маладосць – час, калі хочацца плакаць, піць і гаварыць.
Паўнагоддзе – час, калі хочацца плакаць і піць.
Сталасць – час, калі хочацца плакаць.
Старасць – час, калі хочацца.


Надзея

У ста вершах забыў сказаць,
пра што сёння прамовіць бяруся:
для Еўропы я – сціплы зяць,
горкі пасынак – Беларусі.

Прадзед землі дзівіў канём,
ганарыстым, як вецер зорны,
шлюбаваў сталь сякеры з агнём
у старэчым вясковым горне.

Яго іскры – у зрэнках маіх,
а вуголле – у сэрцы ірдзее.
Толькі молат стаміўся й заціх,
а засну – спакушае надзея:

што не зрокся і ўнук зямлі, –
узараўшы нябёсы болем,
на чырвоным арле-кані
праімчуся бялюткім полем;

што не вечны ў грудзях кашчэй,
што ў нябыт павядуць не першым,
што чарніла святых начэй
яшчэ хопіць
на дзесяць
вершаў.
1995, 2003-2010.