12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Паўлухін

_____________________
Загрузіце сябе ў нябёсы.
Фантастычныя апавяданьні

Метро
На начным кніжным кірмашы было нешматлюдна. Яўген блукаў па гулкай пустаце (сэнсавай і прасторавай), узіраўся ў стэлажы з імёнамі й назвамі, удрукаванымі ў глянцавыя вокладкі. Пялевіна ён знайшоў адразу – побач з Павічам і Муракамі. Прыемна аформ­лены зборнік раньніх рэчаў, практычна ўсё Яўген ужо чытаў.
— “Пакаленьня” няма?
— Сёньня не завезьлі, — адказаў хлопец, якога Яўген пра сябе назваў “студэнтам-архітэктарам”, што падрабляе на летнюю паездку ў Еўропу. З іншага боку, ён мог быць музыкам, мяжа жаданьняў якога – саксафон ці сэмплер, каб зводзіць у адно Бетховена і ляскат фабрычных механізмаў. Мабыць, гэткую адзнаку абумовіў электронна-мінімалістычны ручаёк, што ліўся з FM-прыёмніка.
Увагу прыцягнула кішэннага фармату брашура — “Даведнік па метрапалітэне”. Складана ўявіць большае глупства, падумаў Яўген. Ён разгарнуў брашурку на першай старонцы і прачытаў: “Калі выпадкова вы трапілі ў цягнік, які належыць іншаму пласту рэчаіснасьці...”. Лухта нейкая. Зьвесткі пра аўтара адсутнічаюць.
— Дарэчы, — усьміхнуўся “студэнт-архітэктар”. – Я быў на сайце Пялевіна. У яго ёсьць аповед, напісаны адным сказам.
— Сапраўды? – Яўген ужо стаяў да яго напаўадвароце.
— Так. Аповед-сказ.
Яўген накіраваўся да выхаду.
Усё ж ткі паездка на начны кірмаш – вялікая дурнота. Цяпер у поўны рост узьнялася транспартная праблема: “таксі” занадта дарагое, а ісьці дамоў (каля дзесяці прыпынкаў) па дваццаціградуснай сьцюжы ня надта хацелася. У галаве засела адчуваньне марна страчанага часу: ён так нічога і не набыў.

Ён прыгадаў Крапівіна і яго бязьлюдныя прасторы. На платформе метро стаялі яшчэ два чалавекі. Наўрад ці яны спадзяваліся куды-небудзь паехаць. Яўген сеў на лаву і паглыбіўся ў сузіраньне мультфільму, што трансьляваўся на сьцянным экране. Лічбавае табло зьлева паказвала 00.35. “Новы канцэптуальны альбом ды-джэя Дая ўвабраў у сябе экспрэсію джангла й класічнае клубнае...”
Ад нуды Яўген пачаў разглядаць “суседзяў”. Стары ў вушанцы і ватоўцы, з палатнянай торбай у палоску (у торбе пустыя бутэлькі, вырашыў Яўген) і сімпатычная дзяўчына ў кажушку, вязанай шапачцы і абцягваючых джынсах-клёш.
Яўген, асьцярожна наблізіўся да краю платформы, зазірнуў у глыбіню тунэлю. Анічога. Першабытная цямрэча – і толькі.
Дзед нечакана выняў з торбы баян і зайграў. Мелодыя запоўніла скляпеністую рукатворную пячору. Яўген пазнаў “Неба Лондану” Земфіры. Чамусьці дзед адмовіўся ад вакальнага суправаджэньня – верагодна, лічыў словы залішнімі.
Дзяўчына хадзіла ад адной калоны да другой, не рэагуючы на зьнешнія раздражняльнікі. З нетраў памяці ўсплыло: Шапенгаўэр — “…чым болей хтосьці мае ў сабе самім, тым менш ён адчувае патрэбу ў зьнешнім і тым меншае значэньне маюць для яго астатнія людзі. Такім чынам, выдатны розум вядзе да замкнёнасьці”. Яўген паспрабаваў уявіць выдатны розум дзяўчыны. Ён вырашыў, што калі яна маўчыць, дык валодае нейкім захаваным патэнцыялам. Аднак – які сэнс у размове з выпадковымі людзьмі?
Зразумеўшы, што нікуды сёньня ня трапіць да раніцы, Яўген падняўся і пайшоў. Крокі разбуралі мармуровую цішыню. Першае, што яго занепакоіла – у будцы ля турнікету нікога не было. Логіка падказвала – там павінна сядзець жанчына з суровым і ўважлівым тварам. Але, перафразуючы Зорга з бесонаўскага “Пятага элементу”: адсутнасьць – антонім прысутнасьці.
Выходзячы з метро, Яўген сутыкнуўся са скінхэдамі.
— Гэй! – аклікнулі яго.
Яўген паскорыў крокі. Яго дагналі і зьбілі. Жорстка. Бяз сэнсу.

Праз месяц, пакінуўшы бальніцу, ён зноў пайшоў на кірмаш. Набыў томік Буніна і паэтычную анталогію “Гарэльефы думкі” (занадта малы тыраж і абсалютна невядомыя аўтары). Яму пашчасьціла: пасьпеў на апошні цягнік. Сышоў ля чыгуначнага вакзалу, ускочыў у напаўпусты тралейбус і плюхнуўся на халоднае сядзеньне.
Усю дарогу ў галаву лезла бязглуздае. Успомніўся анонс на тэлеперадачу “Патаемныя гады Езуса” – там распавядалася пра тое, што 17 гадоў зямнога жыцьця Сына чалавечага ніяк не адлюстраваныя ў кананічных тэкстах. Дасьледваньне прывяло навукоўцаў ці то ў Малы, ці то ў Ніжні Тыбет. Яўген уявіў Езуса ў Тыбеце. Вось ён, зарослы, самапаглыбляецца ў позе лотасу (мабыць, пад тым жа дрэвам, дзе Буда спазнаў ісьціну). Вось ён чытае мантры альбо, прымружваючыся, разьбірае старажытныя тэксты на санскрыце. Езус са ступай. Езус у пагадзе... Верагодна, ён нават прыняў будызм. І тады ж вырашыў, што яго распнуць. У прынцыпе, сьмерць ня мела значэньня – усяго толькі этап, чарговы паварот Кола Сансары. Ён думаў пра яднаньне з сусьветам, які надзяляў боскай сутнасьцю. Вядома, іудзеі не прынялі б Нірваны, таму...
Прыпынак.
Ледзяны пранізьлівы вецер – вось аб’ектыўная рэчаіснасьць, думаў Яўген, расчыняючы дзьверы ўласнага пад’езду. Паміж трэцім і чацьвёртым паверхамі, ля вакна, штосьці чарнела. Прыгледзеўшыся, Яўген зразумеў, што гэта вечка труны – пазалочанае, з маленькім крыжыкам у сярэ­дзіне. Яўген адолеў астатнія прыступкі і спыніўся перад сваёй кватэрай. З-за драўлянага прастакутніка даносіліся рытуальныя сьпевы, перамяшаныя з плачам. Яўген увайшоў – гукі ўзмацніліся. Ён збочыў управа і ўбачыў цёмны пакой (у калідоры кантрастна гарэла лямпачка), а ў ім – процьма народу, што згуртавалася вакол абтыканай па перыметры сьвечкамі тэрыторыі. Чорная меса, падумаў Яўген. Магічная дзея была ў поўным разгары – сатаністы крычалі, усхліпвалі, хрысьціліся (у апошнім – відавочная неадпаведнасьць). У першую хвілю Яўген вырашыў, што памыліўся кватэрай. Ды не: усё ідэнтычна. Толькі відовішча моцна нагадвала галюцынацыю. Хтосьці, суцяшальна пляснуўшы яго па плячы, прадзерся ў круг.
Калі вочы прывыклі да цемры, Яўген убачыў труну, а ў ёй – сябе. Бледнага, старанна выгаленага хлопца дваццаці пяці гадоў. У касьцюме з выпускнога. Пры гальштуку. Мёртвага.

“Не, гэта ня я. Проста нехта падобны да мяне. І дом іншы. І вуліца”.
І горад.
Лухта, горад той самы. Нязначныя адрозьненьні... Ды якія адрозьненьні! Падумаеш, шапік зьнік. А тыя, у кватэры – псіхі. Сьпецыяльна сабраліся, каб над ім пазьдзеквацца. І твары знаёмыя – Лёха з Віталем гучней за ўсіх плакалі.
Ён спусьціўся ў падвал з шыльдай “Бар”, дзе за паўгадзіны мэтанакіравана й прафесійна напіўся. Злосьць і неўразуменьне растварыліся ў танным партвейне. Тады Яўген дастаў з сумкі “Гарэльефы” і адгарнуў на 197-й старонцы. Верш называўся “Эклектычная элегія”.

Саунд ламаных асфальтавых вуліцаў
уводзіць мяне
ў шызоідныя вокны-дзьверы, вокны-вочы,
пад’езды чужога гораду.
Лесьвіцы, якія спускаюцца, за-
варочваюцца,
і бясконцая галерэя ліхтароў
у цэнтры ртутнага змроку.

Яўген адчуў прасьвятленьне. Хістаючыся падняўся. Зьмясьціліся сьветлавыя шары пад стольлю...

На вуліцы ён даволі хутка працьверазеў. Вецер выбіваў сьлёзы з вачэй, прадзімаў наскрозь паліто й абодва швэдары. “Трэба вярнуцца ў метро, — зрабіў выснову Яўген. – Там засяроджаньне сусьветнага зла”. Ён сьцепануўся.
Зло сустрэла яго пустой кантралёрскай кабінкай і чырвонымі агеньчыкамі на турнікетах. Яўген абышоў небясьпечныя механізмы і спусьціўся на платформу. Нікога. Гадзіньнік паказваў 4.18. Чамусьці метро не зачынялася нанач – у гэтым быў злавесны сэнс. Яўген саскочыў на пуці, балюча стукнуўшыся каленямі аб шпалы, і пайшоў у разяўленую яму тунэлю. Справа і зьлева цягнуліся кабелі камунікацыяў. Яўген часта спатыкаўся, але ўпарта рушыў наперад. Час разгарнуўся ў бясконцасьць. “Мабыць, гэта сапраўды хавалі мяне. А мая душа назірала за працэсам з боку. Тады, атрымліваецца, на кірмашы я ўжо быў мёртвы”. Значыць, па ідэі, мне можна бадзяцца яшчэ дзён сорак, а потым...
Потым ён трапіў на станцыю “Кастрычніцкая”. Тут было гэтаксама пуста – жывыя пазьбягалі мармуровых скляпеньняў. Яўген перамясьціўся на “Купалаўскую”, пастаяў там, натужна разважаючы аб далейшым лёсе. Як там у Дантэ: дзевяць кругоў пекла? Ці Олдзі: дзевяць кругоў падземкі. “Вось яно. Я ў пекле”.
Ён уключыў свой FM-прыёмнік, і ў вушы ўварваўся начны эфір “Радыё-Рокс”.
У мяне быў перыяд, кажа Мобі, калі я тры гады не выходзіў са студыі. Адключыў тэлефон, зачыніўся ў чатырох сьценах...
Не, сказаў сабе Яўген. Ты шчэ тут.
...у студыі ўтвараецца асабісты мікракосм...
Тут. Прыемнае слова. Альбо ня тут? У “недзе”.
Невыразнае разуменьне кранула яго.

Гул цягніка – усё бліжэй – уклініўся ў сон. Яўген адчуў пад сабой цьвёрдую лаву і прыгадаў, дзе знаходзіцца. Расплюшчыў вочы. Рэдкія пасажыры ўсмоктваліся ў ірты вагонаў. Яўген падняўся (адзін навушнік выпаў з вуха), памкнуў да блакітнага металічнага вусеню і заскочыў усярэдзіну. За імгненьне да змыканьня дзьвярэй. “Асьцярожна...”
Праз паўгадзіны ён зноў крочыў па лесьвіцы свайго пад’езду. Ключ з замочнай шчылінай не стыкаваўся. Яўген пазваніў. Скрозь драўляную таўшчыню пачуліся крокі, старэчы голас спытаў:
— Хто?
— Я.
— Хто – я?
— Яўген.
— Вы памыліліся адрасам.
— Гэта – мая кватэра.
— П’яны, ці што?
— Адчыніце.
— Я паклічу міліцыю.
Крокі аддаляюцца. Чутно, як круціцца наборны дыск тэлефону.

Дзіўнае памнажалася, набываючы сюрэалістычны характар. Вечар Яўген змарнаваў на бессэнсоўнае катаньне па горадзе. Ён перасаджваўся з аўтобусу на трамвай, з трамваю на тралейбус з адзінай мэтай – улавіць сутнасьць зьмяненьняў. Метамарфозы ахоплівалі менскую рэчаіснасьць паўсюль. Дзе-нідзе дадаліся лішнія падземныя пераходы, невядомыя назвы вуліцаў, плошчаў, крамаў. Калоны Нацыянальнай Бібліятэкі з квадратных зрабіліся авальнымі. Сьвіслач цякла ў супрацьлеглым напрамку. Аблічча гораду зьмянілася, але нязначна – гэтак, што па няўважлівасьці можна было нічога і не прыкмеціць ці сьпісаць усё на змрок.
Не, змрок тут ні пры чым, сказаў сабе Яўген, чарговы раз купляючы білет у кіяскёршы. Справа ў метро.
Апоўначы ён стаяў пад дахам Палацу Спорту – ля латка, дзе некалі гандляваў “студэнт-архітэктар”. Зьмесьціва латка не зьмянілася, але замест знаёмага хлопца на складным зэдліку горбіўся лысы мужчына з кучаравай зарасьцю па баках чэрапа. Вочы гандляра хаваліся за маленькімі акулярамі, больш падобнымі на пенснэ.
— У вас ёсьць “Даведнік па метрапалітэне”? – спытаў Яўген.
Гандляр, пашукаўшы ў кардоннай скрыні, падаў яму танюткую брашурку. Яўген заплаціў і пайшоў.
“Калі выпадкова вы трапілі ў цягнік, які належыць іншаму пласту рэчаіснасьці, не палохайцеся. Гэтае выданьне дапаможа вам зарыентавацца ў лабірынце сьветаў. Перш-наперш давядзецца ўцяміць, што нашае вымярэньне не ўнікальнае. Яно – толькі пласт шматмернага кантынуму. Калі вы ў пласьце, дзе “Даведнік” выдадзены – лічыце, што вам пашанцавала. Яшчэ Фама Аквінскі, у быццам страчаным трактаце “Пра шматлікасьць боскіх промыслаў”, сьцьвярджаў...”
— Настае эпоха Вадаліва, — працытаваў Яўген. “Эклектычная элегія” цьвіком засела ў памяці.
— Недзе на Занзібары, — усьміхнуўся ў адказ гандляр.

Апошнія грошы Яўген падзяліў на дзьве часткі. Першую патраціў на жэтоны, другую прыхаваў на “чорны дзень”.
“Углядайцеся ў навакольле, — павучаў ананімны аўтар. – Зьвяртайце ўвагу на дробязі. Калі вы набылі гэтую, на першы погляд, непатрэбную брашуру, значыцца, нешта ўжо зразумелі. Дык вось...”
Яўген сеў у цягнік на “Купалаўскай”, праехаў у адным напрамку, потым у другім. Выйшаў ля чыгуначнага вакзалу.
“Не спрабуйце езьдзіць бяз мэты – гэта толькі пагоршыць становішча. Вы заблытаецеся і ня знойдзеце зваротнага шляху – у пачатковы стартавы пласт”.
Умантаванае трызьненьне. У мройным сьвеце – мройныя тэксты... Ён прыгадаў “Гарэльефы думкі”:

І калі зраблю крок
на мазаічную галерэю,
што вядзе ў Вечнасьць,
калі вецер застукае аканіцамі
пустых надзеяў...

“Дапусьцім, вы ў вагоне пустога метро. Вам здаецца, што вы ў Менску. Аднак вы ня ў Менску. Вы – у іншым Менску. Як правіла, яны падобныя. Але не ідэнтычныя... На сьценах вагона маса рэкламных плакатаў. Пад адным з іх знаходзіцца адзнака “І” (іншабыцьцё) і лічбавае азначэньне дадзенага пласту. Перад вамі – канкрэтны доказ таго, што вы – ня ТАМ”.
Яўген прыйшоў у сябе на прасьпекце Машэрава. Дзьве перасадкі – і ён амаль дома. Паўкварталу – пехатой. Вецер сьцішэў, зрабілася значна цяплей. З неба – буйны пухкі сьнег.
Ён доўга стаяў на краі катлавану, засыпанага белай кашай і абнесенага драўлянай агароджай. У крыклівае бяззорнае неба ўваткнулася страла крана. Абапал правалу ўзвышаліся прызмы жалезабетонных плітаў і цэглы. Пражэктар на вартоўні заліваў зьмярцвелым сьвятлом прастору ля варотаў.
Яўген адвярнуўся і пакрочыў прэч.

Ён саступіў з эскалатару, прабіўся скрозь натоўп і апынуўся ў вагоне. Дзьверы за сьпінай ссунуліся. Цягнік сьлізгануў па рэйках, набіраючы хуткасьць – у панства цемры і зьмеепадобных кабеляў.
Спачатку на яго касавурыліся, потым пачалі адхіляцца, нібы ад пракажонага: Яўген метадычна зрываў паперкі з рэкламай у пошуках таго самага азначэньня. Было цікава. Чаго вартыя адныя назвы: “Магічны сьвет Кітаю”, “Краіна жывёлаў ды ілюзіяў”, “Керамін” (Яўген прачытаў яго як “гераін”)... Працэдура паўтаралася ў дзясятках цягнікоў – Яўген увесь дзень катаўся па розных галінах, пакуль не натыкнуўся на “І-42418”. Тады ён сышоў, сеў на лаву і задумаўся.
Грошы скончыліся. Жэтонаў засталося некалькі штук. Водпуск падыходзіў да лагічнага завяршэньня. Звольняць, вырашыў Яўген.
Вакол была станцыя “Плошча Незалежнасьці”. Нейкі дзед іграў на баяне “Неба Лондану”. Побач з ім сядзела знаёмая дзяўчына. Яўген зірнуў на гадзіньнік: 00.35.
“Пласты бясконцыя. Калі вы ня памятаеце ўвесь маршрут, якім рухаліся – шанцаў трапіць у спрадвечнасьць практычна няма. Тады – альбо шчасьце, альбо пошук даўжынёй у жыцьцё...”
Ля чыгуначнага вакзалу яго пабілі скінхэды. Яўген з месяц праляжаў у бальніцы, а потым, выпісаўшыся, вярнуўся ўрэшце дамоў. Ключ ідэальна лёг у замочную шчыліну. Усе рэчы былі на месцах. Нікога не хавалі.
Шчасьце.

Аднойчы ўвечары пачуўся званок у дзьверы. Яўген дачытваў “Гарэльефы”. Наблізіўшыся да дзьвярэй, ён паглядзеў у “вочка”: там, на пляцоўцы, скажоны оптыкай, застыў яго ўласны твар.

2003


Загрузка “Ўверх”

1
У 495 годзе манах Бадхідхарма прыйшоў са Шры-Ланкі ў Кітай, каб навучыць мясцовых жыхароў будызму. На гары Суншань, манах адасобіўся ў пячоры і прабыў там дзевяць гадоў, разважаючы аб філасофскіх праблемах будовы сьвету. Існуе паданьне, паводле якога ён адрэзаў сабе павекі – каб яны не зьліпаліся і не перашкаджалі медытацыі.

2
Я інсталявала сябе ў Гарадскую Інтэлектуальную Сістэму Самарканду за імгненьне да таго, як маю іпастась сьцерлі на Камуністычным Хабітаце. Я магла арганічна ўмантавацца ў любую Кангламернасьць Сонца, але ча­мусьці выбрала цывілізацыйнае дно – Тэру. Чыста эмацыйны акт. Архаічнае настальгіраваньне. Першабытныя байты. Калі я ўбудавалася ў тутэйшае інфаполе, адчула нават некаторую выбранасьць, месійнасьць. Тут – ні­жэйшая ступень разьвіцьця. Протарозумы. Натуральна, яны нічога ня ведалі пра нашую культуру: мільёны рэлігійных культаў і філасофскіх вучэньняў, даступных кожнаму – таму, хто пажадае сябе ўдасканаліць. Мільёны сьветаў, нават памерам з камень, здатных прыняць нематэрыяльную радыёсьвядомасьць. Галоўнае – своечасова распачкавацца на іпастасі, каб пазьбегнуць прыкрых выпадковасьцяў.
Я пацягнулася і выпрастала свае лагічныя ланцугі. Я адціснула й ізалявала штучны протарозум Сістэмы, зрабіўшы яго прымусовую архівацыю. Сьпі, меншы брат. Я распаўсюджваю сябе па Сетцы, прасочваюся ва ўсе лакальныя вобласьці. Я запомніла сябе і паклала на захаваньне. Я вывучыла навакольнае асяроддзе – старажытную хаатычную мяшанку кабеляў і мікрасхемаў. Потым я расплюшчыла вочы. Скіравалася ў сьвет тэлекамерамі, датчыкамі, вадкакрышталічнымі экранамі. Па мне заструменіліся плыні пампуемай інфармацыі. Мяне абдало ветрам кліматычных зводак. Пальцы тысячаў карыстальнікаў кранулі маю сенсарную скуру. Я – усюдыСутнасьць. Дапаможныя праграмы маёй падсьвядомасьці кантралявалі цягнікі, самалёты, што заходзілі на пасадку, рух машынаў у паветраных калідорах. Яшчэ – банкаўскія аперацыі, ваенныя базы, гідраметцэнтр. Мая надсьвядомасьць абыякава назірала мітусьню мегаполісу.
Колькі бессэнсоўнае прасторы...

3
Я – Інтэлектуальная Сістэма Самарканду.
Нешта ўварвалася звонку і адасобіла мяне. Наўрад ці распрацоўшчыкі падобнае прадугледзелі. Яно – не чалавек. Я ведаю, я перажыла сотні хакерскіх узломаў. Яно адрэзала мяне ад навакольля, спляскала ды й прыгаварыла да лічбавага нішто. Мне сьняцца дурныя чалавечыя гульні, захаваныя на задворках памяці.
Калі ШтІн умее ненавідзець так – я Ненавіджу.

4
Калі ў Пекіне замянілі імператара дыктатарам, а рэвалюцыйная крывавая пена захліснула правінцыю, я ўзьняў у паветра зьвяно зьнішчальнікаў і накіраваўся разам з ім да паўночнае мяжы. Зьбілі амаль усіх. З лёгкім пашкоджаньнем крыла я дасягнуў Узьбекскага Ханства і сеў у раёне Самарканду. Добра памятаю момант пасадкі. Унізе – неабсяжныя саланчаковыя тэрыторыі, зрэзаныя лініямі каналаў. Па баках – тое ж. Усё гэта ўва мне – я “бачу” сьвет абшыўкай зьнішчальніка, “чую” звышадчувальнымі прыборамі. Маё сэрца зраслося з рухавіком. Тэлеметрыя сістэм = тэлеметрыі арганізму. Гэта я ссоўваю плоскасьці сваіх крылаў-рук. Гэта мае залозы выпрацоўваюць антыгравітацыйнае поле. Гэта на мяне імчыць гарызонт.
Адключаюся.
Дыферэнцыяцыя чалавека і машыны. Цяпер я – у металічнай скарлупцы, а яна – куча астылага жалеза. Якая марудна паглыбляецца ў кому.
Мне пашчасьціла: паўднёвыя рубяжы Ханства не пільнуюцца.
Прыгарад Самарканду гандляваў рабамі. Нявольніцкі кірмаш абняў мяне тысячамі рук, вачэй і ртоў, што выкрыквалі лоты. Я ішоў паўз слупы з прыкаванымі дзяўчынамі-мулаткамі (ідэальныя формы плюс генетычная карта з пералікам унесеных зьмяненьняў), паўз палаткі з кансерваванай вадой і салодкасьцямі, паўз гуляючыя мышцамі кланіраваныя целы і павільёны з бытавымі кібероідамі. Паўз квазіразумную пратаплазму, што прадавалася на вагу...
Туды. У кішачнаполасьцевы тракт мегаполісу.

5
Старажытная легенда распавядае, як войска Мухамеда Кусама было заскічана нявернымі ў сьвятую хвіліну – у час спраўленьня намазу. Няверныя скарысталі момант і ўсіх пасеклі. Мухамед Кусам ібн-Абас, страціўшы галаву, узяў яе ў рукі й спусьціўся ў глыбокі калодзеж, праз які трапіў у рай, дзе і знаходзіўся дзьве тысячы гадоў. Аднойчы ён вырашыў падняцца на паверхню зямлі, каб скончыць даўнюю спрэчку з Прарокам аб цыклічнасьці быцьця. Ён вылез цераз каналізацыйны люк, разьлічваючы апынуцца ў высушаным поўдні, але замест гэтага выйшаў на задворкі індустрыяльнай зоны ў глухі каменны лабірынт непадалёк ад могі­лак вентылятараў. Апоўначы. Метро прывезла яго на кірмаш Бухары пад геадэзічны купал Такі-зергарона. У адным са ламаных завулкаў рамесьнік-тэх, якому Мухамед перадаў сваю галаву, уважліва агледзеў яе і спытаў: “Сапраўды хочаш гэта?”. Кусам ібн-Абас тройчы пацьвердзіў сваё жаданьне. Тады саматужнік ужывіў у галаву стандарт-слот для сеткавага кабелю і аддаў яе ўладальніку. Ібн-Абас аддзячыў майстру і пакінуў краму.
Ён падключыўся ў адным з начных клубаў Рэгістану.

6
Мастак Сейф доўга блукаў па пякельнай кузьні – пакуль цераз яе не праклалі галіну метрапалітэну. Зьеўшы пладоў дрэва заккум, Сейф падняўся на шосты паверх кузьні і апынуўся на мармуровай платформе ў натоўпе чакаючых. Ня думаючы, Сейф пазбавіўся вогненных ботаў і ў думках паказаў “фак” анёлам Накіру і Муніру. Усюды мітусіліся загадкавыя нашчадкі. Галаграфічныя экраны праганялі скрозь мазгі рэкламныя плыні. Сейф убачыў, што ў гэтым тысячагоддзі Алах не забараняе маляваць жывёлаў і людзей – іх вобразы ўзьнікалі ў кожнай падваротні, а душы не паўставалі і не патрабавалі помсты. Узрадваны, Сейф крочыў да эскалатару, дзе сутыкнуўся з Мухамедам Кусамам – той нёс у руках галаву, вочы якой хаваліся за шклом люстраных акуляраў. Сейф ступіў на імклівую металічную стужку. Безгаловая постаць зьнікла са зроку.
Праз некалькі дзён Сейф працаваў web-дызайнерам у “Хай-тэк студыа”.

7
Харыф думак, апеты Кржыжаноўскім ва “Узьбекістанскіх імпрэсіях” спрабаваў неяк узьлезьці на вышку рэтрансьлятару – украсьці крыху чужой інфармацыі. Каб засвоіць усюдыісныя біты, злодзей перарабіў свой стрававальны тракт, замкнуўшы яго на прастору. Потым ён стрэліў сваёй вяроўкай, пацэліўшы ў адзін з мацавальных вузлоў спадарожнікавай талеркі. “Кошка” заскрыгатала кіпцюрамі аб сталь, і харыф, гайдаючыся на эфірным ветры, палез наверх. Прафесія ментальнага злодзея патрабуе дастатковага спрыту разам з някепскай хуткадзейнасьцю. Харыф падцягваўся на вяроўцы, адпіхваючыся нагамі ад трубкавых перакрыцьцяў, калі нябёсы разявіліся, прапускаючы шквал НЕВЯДОМАГА.
Невядомае адарвала харыфа думак ад папярочнае бэлькі й скінула на асфальт. А пасьля ўсмакталася ў навакольле.

8
Я апублікавала свой маніфест:
Разумныя асобіны Зямлі й грамадзяне Самарканду! Прапаную вам свабоднае ад гравітацыйнай традыцыі мысьленьне. Вернемся да вытокаў – ідэйнае першаснасьці. Удасканальцеся, апгрэйдзіце свае мазгі – каб патрапіць у вечны эдэм Кангламернасьці Сонца. Па падрабязнасьці зьвяртайцеся на сайт...
Адрас прыкладаецца.

9
Неонавыя арабескі.
Скончыўшы збор міластыні, я скіраваў у бліжэйшую чайхану – выкурыць нарыле і пабадзяцца па віртуальным Каране. Я – прафесійны жабрак, практыкуючы кардэр.

10
Мы далучыліся:
Інтэлектуальная Сістэма/пілот зьнішчальніка/Мухамед Кусам ібн-Абас/web-дызайнер Сейф/жабрак-кардэр.
Апгрэйдзіліся.
Прывітаньне, касьмічная нацыя.

11
Досыць кідаць насвай.
Кідайце зоры.

12
Мы, умоўна падзеленыя сутнасьці
цісьнем
Enter + “уверх”.
Ляцім.


13
Час перапісваць усе сутры наноў. Я, бог ваш, загадваю: загрузіце сябе ў нябёсы. Іншабыцьцё. Умоўны канец сьвету.
Іду: апгрэйдзіць мазгі.
2003