12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзьмітры Плакс

_____________________
60".
Разьдзелы з аповесьці



60”
Разьдзелы з аповесьці

Удар першы

Раз і…
У нашым падвале ляжыць сушаны пацук. Дурны пацук. Ён уціснуў галаву ў шчыліну дашчанай перагародкі ды й захрас. Падох, відаць, з голаду. І засох. Пад палічкай з інструментамі і ўсялякай драбязой. Якраз насупраць дзьвярэй з вісячым замком.
Па-над падвалам жывуць людзі. Сёстры Лара і Сьвета. Яны розныя. Лара – добрая і, здаецца, някемная. Сьвета – прыгожая. Яна бывае ў нас і гуляе ў брыдж з маёй сястрой і братам.
У спальні ў нас стол. На стале – зялёны плюшавы абрус з жоўтым узорам. У мінулы чацьвер я пасадзіў там чарнільную пляму. Спрабаваў набраць атраманту ў ручку са шрубавым рэзервуарам ды й праліў. Кропельку.
Я люблю сядзець пад сталом. Там утульна. Край абруса падзяляе сьвет на дзьве паловы. Наверсе – цёмна, унізе – сьветла. Маленькая стужачка махроў паміж цемрай і сьвятлом.
У кладоўцы стаіць стары фатэль. Ён прадушаны і сядзець у ім нязручна. На ім грувасьціцца гара рэчаў. На паліцах кампот з вішняў. Я ў фатэлі. У засадзе. Чакаю. Вось-вось праедзе матацыкл з каляскай. Там фашысты. Я…
разумны. Усе мяне любяць. Чытаю на памяць «Песню о соколе» і «Песню о буревестнике». Пукатыя, бляклыя літары. Шурпаты пераплёт. Лісты, што нагадваюць старую скуру.
Горкі прысмак у роце не праходзіць. Плакаць ня хочацца. Таму, не балюча. Падыходжу да вялікага люстэрка. Язык чысты. Чаму ж горка? Я ведаю, што яна памёрла, а мама кажа, што паехала. Я ведаю, але маме не гавару. Я сяджу на траве. Новы “эластыкавы” касьцюм пахне пластмасай. Хутка прыйдзе Жэнька і мы пойдзем паліць салодкія цыгарэты “Ява”.
Горача.
«Бабочачка!» «Бабушачка!» «Ба-бу-ля!!!»
Ёй цяжка выходзіць на балкон. На галаве белая хустка.
А вось тады было балюча. Сапраўды. Дрот выскачыў аднекуль з дзьвярэй.
Пэўна, спружына.
Мой тата самы галоўны і я катаю ўсіх дзяцей на ягонай машыне. “Вам куды? Сядайце, паехалі!” Адчыняю дзверы і…
Вадзік старэйшы за мяне, але я – дзядзька. Яны хутка пераедуць у «каператыў». Міня кажа, што я кепска на яго ўплываю. Ён – добры. Я – «грубян». Яны жывуць на першым паверсе. Я таксама хачу жыць на першым паверсе.
Дзядзька Абрам прадаў «Волгу» і купіў новы «Масквіч». Тата кажа – дурань. Мы складаем лічылкі. Шавец, кравец, а хто ты, маладзец…
«У шашках трэба заўсёды ісьці наперад, у вароты.»
Брат падарыў мне сьвінцовую цюшку. Плоскія коркі ад віна. Залатыя, срэбныя і малінавыя.
«Дзіма, як табе ня сорамна? Ты ж інтэлігентны хлопчык!»
У Каці вялікія рабацінкі. Зубы. Яе тата “мае матацыкл” і яшчэ ён лётчык. Як жа гэта яго звалі... госпадзі… Аляксандр. А маму – Галя. Цёця Галя.
Усе на мяне глядзяць. «Табе што, сорамна з намі ісьці?» Не, не, чаму ж… Таня хітравата касавурыцца, Каця гучна сьмяецца. Чаго яны пра мяне ўспомнілі? “Ты вучышся на мастака?” Дык вось у чым справа…


Удар восьмы

Маю першую жонку звалі Алена. Мы ажаніліся, калі нам было гадоў па дзевятнаццаць. Пэўна, можна сказаць, што яна была і маім першым каханьнем – не лічыць жа такім дзяўчынку Ніну з нашага пятага класу, якая казала, што з усіх людзей у сьвеце не саромеецца толькі мяне… Я, дарэчы, яе саромеўся – у тым узросьце сябраваць з дзяўчынкамі было неяк не прынята… Злаваўся, прасіў яе ня бегаць за мной, але адначасова быў ёй рады, гэта я памятаю дакладна – як толькі бачыў яе зялёныя вочы, у жываце рабілася пуста і я нярвова азіраўся, ці не заўважыў хто з сяброў, як у мяне дрыжаць рукі…
У Алены вочы былі карыя. Пабраліся мы нібыта выпадкова. Па тых часах я быў гаспадаром, саўладальнікам нечуванай раскошы – мы з мамай жылі ў двухпакаёвай кватэры, прычым у самым цэнтры гораду. У мяне быў свой пакой.
У гэтым вось пакоі мама нас і «застукала», прыехаўшы на тыдзень раней з адпачынку, дзе ёй не спадабаліся курортна-санаторныя ўмовы і новыя знаёмствы.
Убачыўшы нас у пасьцелі, заваленай гронкамі парадкам падушанага ўжо да таго часу вінаграду (я толькі што прачытаў тады перапісаную ад рукі маёй аднакурсьніцай Верай з бабулінай Бібліі Песьню Песьняў, памятаеце: «Грудзі твае, як вінаградныя гронкі...», ці нешта падобнае), мама адвярнулася і суха вымавіла:
— Спадарыня, можна вас на хвілінку.
Потым яна выйшла, шчыльна, падкрэсьлена ціха, зачыніўшы за сабою цяжкія дзьверы. Было чуваць, што яна пайшла ў кухню. Алена, пачырванеўшы, пачала хапацца за вопратку. Бялізны сваёй, румынскае, калі не памыляюся, вытворчасьці, яна не знайшла. І, бездапаможна гледзячы на мяне, спыталася, ці можа пазычыць у мяне якую іншую, часова. Я ляжаў у ложку ў стане нейкага замаруджанага здранцьвеньня, але калі да мяне дайшоў сэнс пытаньня, пачаў дзіка рагатаць. Прадзіраючыся праз рогат, я паведаміў маёй каханай, што жаночай бялізны ў мяне няма, але, калі яна хоча, то можа ўзяць сваю, якую я шыкоўна разьвесіў на рожках кухоннай лямпы ўчора ўвечары, калі мы там... Алена па-бабску прыкрыла рот далоньню, зрабіла страшэнныя вочы і высьлізнула з пакою. [Ля дзьвярэй кухні яна на секунду затрымалася, машынальна правяла рукою па твары, нібыта прыбіраючы непакорны кудзер (локан?), цьвёрда ўзялася за ручку дзьвярэй, торгнула і ўвайшла... у валасах яе хавалася вычварная вінградная галінка...]
Калі я прачнуўся, ля майго ложку стаяў агромністы дзядуляў чамадан. На ім бялеў аркушык паперы. Чатыры бісерныя маміны літаркі складалі адно-адзінае слова: «Ідзі».
Ісьці мне было няма куды. Устаўшы з пасьцелі, прапахлай вялым вінаградам, я агаломшана агледзеўся. Мой арганізм, у мэтах самазахаваньня, вывеў мяне з жахлівай рэчаіснасьці і паглыбіў у цяжкі, мёртвы сон. Маміна энергічная натура, відаць, наадварот, не дала ёй заснуць і, азірнуўшыся, я заўважыў відавочныя сьляды яе бурнай дзейнасьці. Шафа была адчыненая, усе шуфляды камоды знаходзіліся ў розных ступенях «вытыркнутасьці» і нават не зазіраючы ў іх, можна было здагадацца, што яны цалкам пустыя. Мае ня надта багатыя манаткі ляжалі ва ўлоньні набытага яшчэ ў даваенным Гамбургу скуранога чамадану. Я павольна апрануўся, узяў чамадан і пайшоў да дзьвярэй. У вітальні прыпыніўся, зірнуў у люстэрка і зьдзівіўся. Чаму ў мяне такі брудны твар? Я падняў руку да шчакі, пацёр... а, ну так... вінаград, чорны вінаград... невызначальна паўднёвы, а можа – усходні чалавек на рынку казаў:
— Эй, малады! Купляй «Ызабэлу» – ызабіліе тыбе будэт!
Я купіў. І вось яно, ызабіліе...
Дзьверы мне адчыніў хмурны бацька Алены. Апрануты ён быў у парадную «саколку» найхімічнейша-прарэзьлівага блакітнага колеру і паласатыя, выцягнутыя на каленях піжамныя штаны. Моўчкі пасунуўшыся, ён даў мне прайсьці. У вузкім калідоры ціха гарэла лямпачка на дроце пад стольлю.
Праціскваючыся побач, я балюча стукнуў будучага цесьця медным рогам дзядулевага чамадану. Чамадан жаласьліва скрыпнул, цесьць войкнуў і паморшчыўся. Прашаптаўшы нейкія прабачэньні, я пратэпаў у Аленін пакой...
Так, у іх таксама былі два пакоі. Дакладней, паўтары. Гэтая недарэчнасьць, агульнаю плошчай у дваццаць з невялікім квадратных метраў, так і называлася — «палутарка».
Алена дзяліла крахалюткі пакойчык з малодшай сястрой Лізай. Ліза была гады на два маладзейшая за нас. Яна яшчэ вучылася ў школе, наколькі памятаю... або, мабыць, толькі што скончыла...
...Ложак быў знатны, мінулага стагоддзя, з пазалочанымі шарамі. Займала тая фамільная рэліквія амаль увесь пакойчык. Сёстры ў ёй і спалі, балазе месца ў «парэштках раскошы» было аж занадта. Увечары Алена сказала мне: «Адвярніся». Я ўтаропіўся ў бруднае вакно. Павярнуўшыся, убачыў, што Алена і Ліза ўжо ляжаць у пасьцелі. Я разгубіўся.
— Хадзі сюды, — Алена паляпала далоньню па вольным месцы побач з сабою. Рукі ў яе былі маленькія, з тонкімі пальцамі, вельмі прыгожыя… Я заўсёды зьвяртаў увагу на рукі… ня ведаю, як гэта патлумачыць…
Я паказаў вачыма на Лізу, што ляжала тварам да сьцяны.
— Не хвалюйся, яна ўжо сьпіць, — сказала Алена, — ты ж ведаеш, якая яна…
У сям’і лічылася, што Ліза зьлёгку недаразьвітая. Не, фізічна яна была цалкам нармальная маладая дзяўчына, але разумова… Ня тое, каб ідыётка, не – вучылася, да прыкладу, яна добра, але… як бы гэта дакладней… Карацей, яна амаль ні з кім ніколі не размаўляла, сябровак, а тым больш – сяброў, ня мела, гулялася з лялькамі, з дому выходзіла толькі ў школу, альбо калі яе пасылалі куды-небудзь па справах – на пошту ці ў краму… магла гадзінамі глядзець у нейкую нябачную іншым кропку на сьцяне, або, можа, па-за сьцяною… Бацькі Алены таксама былі людзі нешматслоўныя і ў гэтым ціхім асяроддзі Лізу ніхто не чапаў, ня крыўдзіў. Усе нібы пагадзіліся на тым, што за ёй давядзецца даглядаць, бо працаваць ці вучыцца далей яна ня здольная…
…Паціху жыцьцё наладзілася. Стаяла лета, нас с Аленаю расьпісалі надзіва хутка і я, у якасьці маладажона, пажынаў плады мядовага месяцу. З маці я ніякіх зносінаў ня меў, паслаў ёй паштоўку з паведамленьнем пра тое, што ажаніўся і новым адрасам. Яна не адказала.
Аленіны бацькі дамоў прыходзілі позна, на працу ішлі рана і, нягледзячы на цеснату ў кватэры, бачыліся мы вельмі рэдка. Мяне гэта цалкам задавальняла, іх, мяркую, таксама.
З прычыны летніх вакацыяў я, ужо студэнт другога курсу, сядзеў дома. Рабіць мне было няма чаго і я цэлымі днямі валяўся ў шыкоўным ложку, чытаў кніжкі, адсыпаўся. Алена раніцай ішла на службу – паступіць ў тэатральна-мастацкі ёй не ўдалося і яна ўладкавалася ў тэатр кімсьці кшталту памочніка касьцюмера. Праца ёй падабалася.
…Пасьля адыходу Алены, я заставаўся ў кватэры адзін. Лізу можна было не браць у разьлік. Звычайна, яна папросту сядзела ў кутку, створаным кратаванай сьпінкай ложка і выступам сьцяны, і гуляла ў нейкія свае гульні. Са мной яна не размаўляла, з бацькамі таксама. Калі ёй было нешта трэба, яна зьвярталася да Алены. Раніцай, пакуль я спаў, Ліза вырашала ўсе свае дзённыя праблемы – ішла ў душ і туалет, на кухне гатавала сабе бутэрброды, клала іх на талерку, брала бутэльку малака, шклянку і несла ўсё гэта ў свой кут у пакоі. Там яна, цягам дня, ела і піла, карміла сваіх лялек і чакала Алену. Пачуўшы яе крокі на лесьвіцы, Ліза кулём вылятала са свайго кутка і бегла ў вітальню. Яна кідалася на шыю старэйшай сястры і, прыціснуўшыся да яе ўсім целам, пачынала штосьці горача шаптаць на вуха. Гэты рытуал паўтараўся кожны божы дзень…
…Ліза магла падоўгу сядзець на ложку і глядзець на Алену. Мы не зьвярталі на яе ніякай увагі, размаўлялі, сьмяяліся. Часам Алена падыходзіла да малодшай сястры і пачынала гладзіць яе па валасах, па сьпіне, не перапыняючы размовы са мной. Звычайна Ліза ніяк не рэагавала, адно заплюшчвала вочы. Спачатку мне гэта падавалася дзікім – вельмі ўжо нагадвала тое, як людзі гладзяць катоў ці сабак, размаўляючы адно з адным. Потым я прывык…
Аднойчы раніцай я пайшоў у прыбіральню, адразу пасьля таго, як там пабывала Ліза. Ва ўнітазе плавалі камякі нейкай ваты, вада была афарбаваная чырвоным. Я страшна спалохаўся, падумаў, што Ліза паранілася, або яшчэ горш – спрабавала разрэзаць сябе вены, выскачыў з сарціру, зрабіў два шпаркія, няцьвёрдыя крокі у напрамку да нашага пакою і спыніўся, як укапаны. Зразумеў. Усьведаміў. Пастаяў трохі. Пачырванеў. Пайшоў назад. Адкрыў кран і даволі доўга стаяў, вылупіўшыся на бліскучы белы ўнітаз і аддаўшыся шуму бягучай вады… Ліза ніяк не вязалася з маім уяўленьнем пра дарослых жанчын…
............................................месяцы два...............................................................
........................................................прасьцей.......................................... ..........наноў.................
…У тую ноч Алена не дала мне спаць зусім. У яе бывалі такія вось “прыступы” нейкага шалёнага жаданьня, калі яна раз за разам заводзі­ла мяне да краю і…………………………….
Раніцай я заўважыў, што яе губы насьмягнулі крывёй. Наогул Алена кахала ў голас, але сястра, якая спала ў той жа пасьцелі прымушала яе стрымліваць сябе… Кальнуўшы мяне ў шчаку шурпатымі вуснамі, жонка пабегла на службу. “Яшчэ падумаюць, што мужык яе лупіць”, — пранеслася ў маёй галаве. У наступную секунду я сьсёкся…………………….
………………………………………………………………………………………………………
Расплюшчыўшы вочы, я не адразу сьцяміў, што адбываецца. Падумаў, пэўна, што яшчэ сплю. Відовішча, насамрэч, было дастаткова фантасмагарычнае… Так… Ну дык вось. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў проста перад сабою твар Лізы. Сантыметрах у дзесяці ад майго… Я ляжаў на сьпіне… Так… Твар яе быў абсалютна спакойны. Яна глядзела нібыта не на мяне, а скрозь… Толькі вочы… зрэнкі былі пашыраныя так, што блакітныя вочы яе падаваліся чорнымі. І губы. Губы рытмічна варушыліся. Яна штосьці шаптала. Я ня мог разабраць – што. Сьлізгануўшы позіркам уздоўж цела, я ўбачыў наступнае… Ліза была зусім голая. Яна застыла нада мною ў вельмі дзіўнай, напружанай паставе, упіраючыся далонямі і ступнямі ў пасьцель абапал майго цела, сагнутая, нібы аса, што вось-вось зьбіраецца ўджаліць… Зад яе неяк слаба, раўнамерна пагойдваўся, рукі і ногі дрыжалі дробнаю дрыготкай. Я помню вялікія ружовыя саскі… помню, што са зьдзіўленьнем адзначыў – яна голіць лабок, значыцца, сочыць за гэтай справай, а я ж думаў…
Трэба было нешта рабіць, нейкім чынам выводзіць яе й сябе са стану прастрацыі… Я ўжо адкрыў было рот, каб сказаць нешта, пажартаваць, згладзіць сітуацыю, і ў гэты самы момант…
………………цяжкая, агромністая, распаленая кропля ўпала мне на жывот………………..
і ў тое ж імгненьне шэпт стаў ясьней… я пачуў, як сястра маёй жонкі механічна, безвыразна паўтарае адзінае слова… ненавіджу… ненавіджу… ненавіджу…
………………………………………………………………………….......................................................
……………………………………………….


Пятнаццаты ўдар

Хулігана звалі Піражок. Здаецца, такая мянушка хулігану не зусім падыходзіць. Але хуліган ён быў самы сапраўдны. Нават хутчэй – бандыт, толькі яшчэ няпоўнагадовы. У свае амаль пятнаццаць ён цьвёрда усьвядоміў, што ў жыцьці можна някепска ўладкавацца, калі ўмееш крыўдзіць слабых і безабаронных. Уцяміўшы гэты няхітры факт, ён адчуў смак. Ці, можа, наадварот. Магчыма, ён ад нараджэньня быў садыстам, таму і стаў Піражком. У любым выпадку, тую сістэму гвалту над малодшымі, якую ён распаўсюдзіў на ўсе навакольныя двары, можна з упэўненасьцю назваць чыстае вады садызмам. Хлопец відочна атрымліваў задавальненьне ад усяго гэтага:
— А ну, бля, сюды! Сюды, кажу, сукі!, — Піражок улятае ў двор. Крычыць ён сьціснута, нібы ненатуральна гучным шэптам. Падбегшы да чатырох хлопчыкаў дзесяці-адзінаццаці год, што сядзяць на лаўцы, ён хапае сваімі ўчэпістымі лапамі самага малога з іх, валіць яго на зямлю і, наступіўшы грубым, брудным ботам яму на шыю:
— Зараз жа, па рублю! А то я яго, падлу, прыдушу тут на х…! Пайшлі, бягом!
Пакуль ачумелыя пацаны бягуць па дамах і пад рознымі маркамі выкленчваюць у мам, татаў або дзядуляў з бабулямі па рублю, Піражок пасьпявае выпаліць папяросу і зьлёгку пазьдзеквацца са сваёй ахвяры, якую ён ужо пасадзіў побач з сабою на лаўку – раптам мінакі.
Гэткае паўтаралася дзень у дзень. Патрабаваньні былі розныя – прынесьці з дому бацькавых цыгарэтаў або аддаць загорнуты ў лінаваную паперу з мармурнымі масьлянымі плямамі бутэрброд. Непакорнасьць каралася люта і паказальна. Калі дзесяцігадовы Алег, хлопчык з “дрэннай сям’і”, сьціснуўшы кулакі і уцягнуўшы галаву ў плечы, кінуўся на крыўдзіцеля, Піражок спачатку разгубіўся. Потым доўга, метадычна і з веданьнем справы “мясіў” зьнямоглага бунтара нагамі… а калі той ужо й курчыцца перастаў, выцягнуў з кішэні складзеную “апасную” брытву і з асалодаю паласнуў Алега некалькі разоў па руцэ…
Цяпер Алег і трое другіх хлопцаў стаяць у скверыку, што насупраць іх дому і назіраюць за тым, як Піражок, разваліўшыся і закінуўшы галаву сьпіць на драўлянай лавачцы. За лавачкай – круглы паплавец з невялічкім помнікам нейкаму герою. Помнік на рэстаўрацыі, пастамент закрыты грубымі тоўстымі дошкамі. Колькі абрэзкаў – з метр-паўтара даўжынёй, валяюцца тамсама, у траве. Міша падчэплівае наском чаравіка адзін з іх:
— Вось бы яго гэтым па пысе джвугнуць!..
Алег глядзіць на яго доўга, пільна:
— А калі памрэ?
— Толькі лепш будзе!
Ігар на дыбачках падкрадаецца да Піражка. Доўга разглядае яго худы твар с заплюшчанымі вачыма, адкрыты рот (белая брыдота сабралася ў ражках), кашчавыя рукі, паношаную кашулю, камечаныя порткі… потым, махае рукой сябрам. Тыя, крадком, набліжаюцца. “Сьпіць крэпка”, — шэпча Ігар. Міша, аказваецца, падышоў з абрэзкам дошкі ў руках: “Вось і добра”. Ён кідае значны позірк на Алега, працягвае дошку яму. На хударлявым запясьці – вялікі бацькаў гадзіньнік маркі “Зім”. Алег моўчкі бярэ зброю. Пільна, вельмі ўважліва глядзіць на Мішу. Міша нярвова аблізваецца і рэзка, шчыльна заплюшчыўшы вочы, ківае два разы…


З цыклу «Пра гэта»

Пра комплекс

Мой комплекс непаўнавартасьці такі вялікі, што многія прымаюць яго за манію велічы…


Пра го­на­р

Я б ха­цеў толь­кі ска­заць, што го­нар вя­дзе да пэўных праб­лемаў. Ка­б не бы­ло го­на­ру, жыц­ьцё бы­ло б знач­на ляг­чэй. Вы так ня лі­чы­це? Ну, слу­хай­це сюды.
Ад­ной­чы жыў са­бе на бе­лым сьве­це адзін хлоп­чык. І ён быў да­во­лі-та­кі гана­ры­сты, на­ту­ра ў яго та­кая бы­ла. І вось ад­ным ра­зам пай­шоў ён на нейкі фэст ды су­стрэў там дзяў­чын­ку. Дзяў­чын­ка тая бы­ла цал­кам ча­роў­ная. З доўгі­мі вей­ка­мі і цу­доў­най усьмеш­кай. Ра­зам з гэт­кай дзяў­чын­кай няблага б і ўсё жыц­ьцё пра­жыць...
І яны па­ча­лі суст­ра­кац­ца. Кі­но, квет­кі, ка­фэ... І вось ад­ной­чы ўве­ча­ры апы­ну­лі­ся ў ей­най ква­тэ­ры. Ся­дзяць, гля­дзяць тэ­ле­візар. Хлоп­чык пад­су­нуў­ся блі­жэй да дзяў­чынкі, аб­няў яе ды па­спра­ба­ваў ды­хаць з га­ра­чым жа­дань­нем — да­клад­на так, як ён ба­чыў у аме­ры­кан­скай стуж­цы аб шчась­лі­вым ка­хан­ьні. Аб­ста­ві­ны бы­лі амаль што ідэ­аль­ныя. Дзяў­чын­ка па­ча­ла ўжо зап­люш­ч­ваць во­чы ды вы­цяг­ваць губ­кі… ка­лі з хлап­чу­ко­вай ноз­д­ры выс­ьліз­ну­ла не­вя­ліч­кая зя­лё­ная со­пель­ка... У якась­ці вы­ні­ку яго­на­га страс­на­га ды­хань­ня… Тая зя­лё­ная со­пель­ка па­ка­за­ла­ся ўся­го толь­кі на адзі­ны мо­мант — і по­тым ху­цень­ка ўскок­ну­ла на­зад. Але ж гэ­та­га бы­ло да­стат­ко­ва. Дзяў­чын­ка па­ча­ла фыр­каць. Хтось­ці ін­шы, ма­быць, зра­біў бы вы­гляд — маў­ляў, ча­го там! — і ўсё бы­ло б як мае быць... Хтось­ці ін­шы, так... Ад­нак ня наш хло­пец. Ён меў жа го­нар, па­мя­та­е­це? Ён па­чыр­ва­неў, уско­чыў — ды па­бег прэч...
Час ішоў. Хлоп­чык ані­вод­на­га ра­зу не па­тэ­ле­фа­на­ваў дзяў­чын­цы і на­ват не ад­каз­ваў на ей­ныя зван­кі. Ён ні­як ня мог да­ра­ваць ёй та­го фыр­кань­ня...
Праз два ме­ся­цы пась­ля гэ­та­га зда­рэн­ьня ехаў наш ге­рой у па­дзем­цы. Бы­ло да­во­лі поз­на — га­дзінаў два­нац­цаць. Хлоп­чык ужо ста­яў на эска­ла­та­ры па да­ро­зе ўверх, ка­лі ён уба­чыў тую дзяў­чын­ку, што аб­ра­зі­ла яго так глы­бо­ка. Яна еха­ла яму на­суст­рач — уніз. Хлап­чу­ко­ва сэр­ца па­ча­ло біц­ца ды ла­па­таць. За­раз! За­раз ён ад­пом­с­ьціць! За­раз яна ат­ры­мае за яго­ную апа­га­не­ную год­насьць! За­раз яна зра­зу­мее, як гэ­та — ад­чу­ваць са­бе па­­­к­рыў­джа­ным. Ён ве­дае да­клад­на, што ра­біць. Ка­лі яны зраў­ня­юц­ца на эска­ла­та­ры і яна выт­раш­чыць на яго свае на­поў­не­ныя на­дзе­яй дур­ныя бла­кіт­ныя во­чы, та­ды ён паг­ля­дзіць на яе з агі­даю, чмых­не з па­гар­даю ды ад­вер­не прэч сваю вы­са­ка­род­ную га­ла­ву. Ме­на­ві­та так, як ён ба­чыў у фран­цуз­скай стуж­цы – пра неш­чась­лі­вае ка­хан­ьне.
І ён зра­біў усё гэ­та. І ўсё ат­ры­ма­ла­ся пер­фек­т­на — са­праў­ды ў ад­па­вед­нас­ьці з пла­нам... Вык­лю­чаючы ад­ну ма­лень­кую дэ­таль… Адзін дробны ню­анс, так бы мовіць… У той са­мы мо­мант, ка­лі ён ажыц­ьцяў­ляў сваё ідэ­аль­нае чмы­хан­ьне… з яго­най ноз­д­ры… высь­ліз­ну­ла… не­вя­ліч­кая… зя­лё­ная… со­пель­ка... Уся­го толь­кі на адзі­ны мо­мант.
Я ня ве­даю, што зда­ры­ла­ся з гэ­тым хлоп­чы­кам пась­ля. Ду­маю, што ён зье­хаў ад­сюль, зьмя­ніў імя ды пол і стаў жлук­ціць...
Вось да ча­го вя­дзе го­нар ця­пе­раш­нім ча­сам.


Пра адзіноту

Прачнуўся ноччу, гляджу – я памёр. Што рабіць?..
Падыйшоў, штурхнуў – зусім памёр, ня дыхаю. Я ўзяў сябе за руку – аніякага пульсу. Я пакратаў мой лоб – халодны. Безжыцьцёвы... Ды яшчэ ліпучы ад поту. Нежывы...
Я сеў каля мяне, на краёчак ложку... Камечаная прасьціна. Коўдра на падлозе. Вільготная падушка...
Чаму ж я памёр? Што я гэткага ўчора нарабіў? Ды нічога... Сядзеў у хаце ўвесь дзень. Так як і ўчора. Ды й пазаўчора. Ды паза-паза-ўчора... Я ж увесь тыдзень дома прасядзеў. Ды тыдзень таму. Ды...
Мо зьеў што ўчора? Ня памятаю... Пра што думаў? Не магу ўспомн... ну зразумела!
Я думаў, што я вельмі адзінокі. Я ня бачыў нікога ўжо доўгі час. Нават не размаўляў ні з кім. Я думаў, што вось калі я сёньня ўначы памру, дык ніхто й не заўважыць гэтага, акрамя мяне самога...
Я паглядзеў на сябе яшчэ раз. Шэрая пупырчатая скура, дзіўны адбітак на твары, ненатуральна вывернутая рука... Трэба было б набыць бялізны палепей…
Д’ябал! Я ж не такі ўжо і стары! Ды й не такі ўжо выродлівы! Чаму ж я памёр?
Шкада мяне...
Так… але трэба ж нешта рабіць. Я пасьпею пасінець, распухнуць ды засьмярдзець, пакуль яны мяне тут знойдуць. Ну не, гэткага задавальненьня я ім ня дам. Я сам раскажу пра сабе.
Вось вазьму і пазваню каму-небудзь…
Я цягнуся па трубку. Пачынаю набіраць нумар. Раптам чую:
– Пачакай…
Я абарочваюся і бачу, што я трохі расплюшчыў вочы.
– Пачакай…
У мяне суха ў роце:
– Не звані…
Мае губы варушацца марудна, нібыта ня хочуць:
– Я жывы…
У мяне ажно ад сэрца адлягло.
Пра Ўпар­тас­ьць

Жыў-быў на сьве­це адзін хлоп­чык, які меў шру­бку ў пуп­ку. Спа­чат­ку ён асаб­лі­ва не хва­ля­ваў­ся і на­ват ня ду­маў аб гэ­тым, але ж па­сту­по­ва зра­зу­меў, што з ім штось­ці ня так. (Гэ­та ка­лі ён ужо да­стат­ко­ва пад­рос, каб па­раў­ноўваць свой пу­пок з дру­гі­мі). Та­ды па­чаў хлоп­чык дась­ле­да­ваць — у чым спра­ва. Ён спра­ба­ваў ад­вяр­нуць сваю шру­бку. Але ж па­ві­нен быў ра­біць гэ­та ціш­ком, бо да­рос­лыя за­ба­ра­ня­лі яму гу­ляць са шру­бкаю. „Гля­дзі, каб шру­бка з разь­бы не сыш­ла!”, — каза­лі яны. Ад­нак хлоп­чык спра­ба­ваў усё роў­на. Праў­да, ні­чо­га тал­ко­ва­га ў яго не ат­рым­лі­ва­ла­ся. Ён ні­як ня мог знай­с­ьці да­стат­ко­ва вя­лі­кую ад­вёр­т­ку. Хлоп­чык спра­ба­ваў ка­ры­стац­ца ін­шы­мі рэ­ча­мі — на­жа­мі, наж­ні­ца­мі для паз­ног­цяў. Мар­на...
Час ішоў. Хлопец стаў апа­нта­ным сва­ёй шру­бкай. Ён ні­як ня мог зра­зу­мець, ча­му ён меў яе. Ча­му ён на­ра­дзіў­ся та­кім. Але ён быў упэў­не­ны, што ён якісь аб­рань­нік. Што ён аб­ра­ны дзе­ля ча­гось­ці ве­лі­зар­на­га ды вя­лі­кас­на­га. І каб да­ве­дац­ца — да ча­го, — пат­рэб­на ўся­го толь­кі ад­круціць шру­бку...
Ад­ным цу­доў­ным днём скон­чыў хлоп­чык сваю аду­ка­цыю. Дру­гім цу­доў­ным днём ат­ры­маў ён пра­цу. Трэ­цім цу­доў­ным днём на­ка­пі­ла­ся гро­шай дзе­ля та­го, каб на­быць білет у Аме­ры­ку. «Там, — ма­рыў хлопец, — ёсьць лі­та­раль­на ўсё. Там знай­ду я да­стат­ко­ва вя­лі­кую ды моц­ную ад­вёр­т­ку!»
Ён на­быў гэ­ты бі­лет, сеў у са­ма­лёт і праз адзі­нац­цаць га­дзінаў апы­нуў­ся ў Нью-Ёр­ку. Па­ся­ліў­ся ў да­лё­кіх сва­я­коў. Яны асаб­лі­ва не ўсьце­шы­лі­ся, але хлопец па­кі­нуў доб­рае ўра­жан­ьне і лю­дзі па­ча­лі ад­чу­ваць ві­на­ва­тасьць — сва­як з ма­лень­кай ня­бо­гі-кра­і­ны, дзесь­ці ў Еў­ро­пе, ве­да­е­це...
Як бы там ні бы­ло, але хлопец па­чаў сваё доў­га­ча­ка­нае па­ля­ван­ьне. Ён ван­д­ра­ваў па вя­лі­кім го­ра­дзе ды аб­шук­ваў ты­ся­чы ма­лых і ня вель­мі, ма­га­зі­наў ды крамаў... Not­hing. Ні­чо­га... Не, ад­вёр­так там бы­ло ба­га­та. Шмат ад­вёр­так. Але яны не па­ды­хо­дзі­лі. Ад­ны бы­лі за­вя­лі­кія, ін­шыя — за­ма­лыя...
А тыя, што ме­лі ад­па­вед­ны па­мер, бы­лі не­да­стат­ко­ва моц­ныя — гну­лі­ся, ка­лі ўзяць іх га­за­вым клю­чом. Але хло­пец не зда­ваў­ся. У пе­ра­пын­ку па­між по­шу­ка­мі ажа­ніў­ся ён з дач­кой сва­я­коў. Яна бы­ла доб­рая, сьвет­ла­ва­ло­сая дзяў­чын­ка, са зда­ро­вай, тро­хі іды­я­тыч­най усь­меш­кай, і да та­го ж гро­шы за­ста­лі­ся ў сям’і, так што іх­ні шлюб фун­к­цы­я­наваў без праб­лемаў. Хло­пец зра­біў­ся буй­ным сьпе­цы­я­лі­стам у ад­вёр­тач­ным біз­нэ­се, ад­чы­ніў ад­вёр­тач­ную кра­му, і на­ват ган­д­ля­ваў трош­кі па-чор­на­му ан­тык­вар­ны­мі ад­вёр­т­ка­мі. Збо­ку ад ас­ноў­най спра­вы за­сна­ваў ён не­вя­ліч­кую май­стэр­ню, дзе эк­сь­пе­ры­мен­та­ваў з ме­та­ла­мі ў на­дзеі ат­ры­маць ідэ­аль­ную ад­вёр­т­ку. Ён увай­шоў у праф­са­юз пра­цаў­ні­коў ме­та­лу, а га­зе­ты па­ча­лі яго зваць „Ка­ра­лём ад­вёр­т­кі”.
Увесь час пра­ца­ваў ён вель­мі цяжка і ад­ным цу­доў­ным днём (гэ­та быў, пэўна, чаць­вёр­ты цу­доў­ны дзень у яго жыць­ці) гэ­тая змар­да­ва­ная пра­ца да­ла блі­ску­чы вы­нік: ад­вёр­т­ку, якой яш­чэ не бы­ло ў сьве­це. Ма­стац­кі твор. Шэ­дэўр. І ўсё зру­шы­ла з мес­ца. У рэш­це рэшт пры­му­сіў хло­пец сваю шру­бку зва­рухнуц­ца. Ён быў та­кі шчась­лі­вы! Ён ся­дзеў і ад­к­руч­ваў шру­бку. Ся­дзеў і ад­к­руч­ваў... Пра­ца бы­ла ня­лёг­кая — шру­бка не пад­да­ва­ла­ся. Але ж наш сяб­ра быў упар­ты ча­ла­век. Ён ся­дзеў і кру­ціў, і кру­ціў, і кру­ціў... па­куль не вы­цяг­нуў шру­бку з пуп­ка і ў той жа са­мы мо­мант у яго ад­ва­лі­ла­ся ду­па.
Ма­раль: пры­бя­ры ла­пы ад та­го, ча­го не ра­зу­ме­еш!