12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Плавінскі

_____________________
Стомлены горад. Вершы


* * *

Месца ў старым горадзе. Месца, дзе
крочачы па асфальце,
ідзеш па драўляным насціле, недзе
па каменным бруку. Час цягне лама-
нымі прамымі ў заўтра
з учора руку. Прычым
учора тут больш, але менш
па шэрагу дробных прычын.

Месца, што бачыла шэраг асоб,
бургамістраў і войтаў, шаўцоў і
міністраў, паслоў, некаторых асоб-
ных прадстаўнікоў мастацтва.
Жылі тут пачуцці, узводзіліся
краты пакут, кардынальна розных
эпох і рознага ўзроўню вар’яцтва

Магчыма, хадзілі дзе-небудзь
тут коні і волгі, пежо і піжоны,
сабакі, нават мядзведзі.

Існуе верагоднасць сустрэчы недзе
тут з даўняга часу
прапісаных дрэваў
якія з’яўляюцца нечыім
сведчаннем эвалюцыі рэчаў
праз рэвалюцыю ведаў.

Кран падымае пліту ў будучыню,
і кладзе яе на сляды гісторыі,
тым самым яе руйнуючы. Тым самым ідучы
супраць тэзы, што без гісторыі
няма будучыні.

Месца, дзе прызначаліся, мабыць,
спатканні, кахалі проста, а не за,
і шляхціч, і лёзны, і бюргер.
Тут цяпер я разважаю пра неза-
лежнасць духа, даядаючы на хаду
чарговы чызбургер...


* * *

Зачынены свет –
праз пасівелы
абшар,
праз каляровую
бездань
сэрцаў дрыготкіх зораў,
неабсяжнасць сусветаў,
спадарожнікаў
мокрай
ад восеньскіх слёз
зямлі
спакваля дакранаецца
сонца,
працінае ўпотай
першым нясмелым
праменнем
мой
яшчэ не прачнулы
стомлены
горад


* * *

Цырымонія, фестываль, Оскар.
Сквер праводзіць імпрэзу –
“Восень”.
Прызы – імпрэсіі
для ўзнёслых гледачоў.
На шматдзённае шоў
крочаць штодзённыя людзі
з Купалы і Маркса авеню,
ім прапануюць меню
святочнае. Каб да ночы
былі захмялелыя –
кляновае сухое чырвонае,
залацістае альховае белае

Дуб да пачатку святочных
дзён, плюнуўшы на каляндар,
Раздае каляровае
манпасье. Ясень на тратуар
шые дыван, засцілае бетон
шоўкам з плямамі кветак,
Дзеля V.I.P. персон –
Маленькіх Дзетак.

У межах імпрэзы – Fashion паказ.
Мадэлі чары пускаюць у мроі.
Гарсэты ад ліпы, боа ад вярбы,
аксесуары ад хвоі.

Запрошаны джаз-бэнд
Кастрычнікам. Акампанемент
Класічны – духавыя –
парывісты вецер, клавішы –
банкі пустыя з суквецця
талентаў Coca-kola,
Ссівелы дождж адбівае
Партыі бубнаў квола

Але апусцее зала. Ды ад дэкору
пакіне шэры тратуар
прырода. Час
скверу скласці лісце
ў гору. Няспынна
праляцела восем
залаталіўня
тыдняў. Просім
хутчэй наступную
правесці
“Восень”.


Партрэт

Дайце за чатыры з паловай!
Мы вызваляемся ад палону
часу!
Рысы народжаныя алеем
Зробяць цябе па-новаму –
Уладнай княгіняй, часоў
Рэнесансу.

Ядвабны шалік,
Злятае з шыі
Шаленец пэндзаль
Хапае формы.
Далоні, плечы,
Пошлыя вусны –
Не парушаючы
Нормаў распусты.

Вясновыя прыцемкі
Сочаць у акно.
Кружэлка “George Benson”,
Расплеценыя косы,
Расчуленыя словы,
Разліта ў фужэрах віно.
Віно за чатыры з паловай.

Жарсць на адрыне
З забітых палотнаў...

Ды гіцаль пэндзаль
на стагоддзі робіць
дзяўчыну з вуліцы – княгіняй,
дзеля якой
Паэты смерці просяць.