12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





“Перашкоды і націскі” Дзмітрыя Плакса...

_____________________
Гутарка Алеся ПЛОТКІ з Дзмітрыем ПЛАКСАМ


2 чэрвеня ў межах дзён культуры Швецыі ў Беларусі кампанія “Будзьма беларусамі!” прэзентавала праект «Перашкоды і націскі». Стылістычную прыналежнасць праекту кожны вызначыць для сябе сам, калі пачуе, але тое, што вызначэнне гэтае не будзе лёгкім – відавочна ўжо цяпер.
«Перашкоды і націскі» – гэта: Дзмітры Плакс — тэкст, чытанне; Філіп Чмыр — музыка; Андрэй Жукаў — гукарэжысёр.
З Дзмітрыем ПЛАКСАМ, стваральнікам непаўторных тэкстаў, якія зрабіліся адпраўным пунктам «Перашкодаў і націскаў», пра праект, інтэрактыўнасць мастацтва і пра тое, чаму інтэрв’ю з пісьменнікамі няўдзячная справа гутарыць Алесь ПЛОТКА.

— Вы не адмаўляеце, што Вам падабаецца ўвага да сваёй асобы, але яна павінна быць, так бы мовіць, на вашых умовах... На якіх умовах увага да сваёй «каштоўнай» асобы Плаксу падабаецца?
— Прафесійная. Увага не да пры­ватных абставін, а да працы.
— Раскажыце тады, як узнікла ідэя менавіта такога працягу кнігі «30 тэкстаў».
— Ідэя не мая. Я люблю выступаць з «Drum Еcstasy» і рабіў гэта таксама і на прэзентацыі гэтай кніжкі, пасля якой шмат хто мне гаварыў, што гэта трэба неяк зафіксаваць. Гэта, так бы мовіць, па пажаданнях працоўных.
— Пра тэксты ў кніжцы «30 тэкстаў», вы раней казалі, што яны не могуць лічыцца заверша­нымі творамі, бо вымагаюць нейкага кшталту інтэрактыўнасці. Ці можна лічыць праект з «Drum Еcstasy» тым, што зрабіла гэтыя тэксты завершанымі? Ці ўсё ж гэта толькі звяно?
— Гэта цалкам іншы праект, не аўдыёкніга і не чытанне пад музыку. Да кнігі ён мае апасродкаванае дачыненне.
— Што тады магло б стаць інтэрактыўным працягам ці завяршэннем «30 тэкстаў»?
— Цяпер актыўна развіваецца галіна электроннай кнігі — e-book. Было б цікава зрабіць нешта такое, бо там можна шмат матэрыялу размясціць самым натуральным чынам. Не як дадаткі, а як натуральную частку.
— Чаму было вырашана назваць праект менавіта так?
— Я назваў яго «Перашкоды і націскі», каб падкрэсліць, што гэта не акампанемент, а ўзаемадзеянне кантрадыкцыйнага характару.
— Што можа стаць перашкодай да ўспрымання праекту публікай, і на што Вы б хацелі зрабіць націск, гэты праект анансуючы?
— Такога кшталту рэчы, як мне падаецца, спажываюцца людзьмі, якія маюць схільнасць да «незабаўляльнай», умоўна кажучы, культуры. У такіх людзей перашкоды для ўспрымання могуць быць прыватнага характару, напрыклад, незадаволенасць націскамі, якія ўжываюцца даволі адвольна. Людзі, якія чакаюць нечага лёгка-прыемнага, думаю, такое і слухаць не будуць, таму ў іх перашкодаў не ўзнікне. А націск я б хацеў зрабіць: а) на падсвядомасць, б) на барабанныя перапонкі. Ці ў адваротным парадку.
— Ці ёсць у Вас адмысловая назва графічнай падачы тэксту, ужытай у кнізе?
— Гэта звычайнае графічнае пісьмо. Графіка важная ў тэкстах канкрэтысцскіх, паэтычных, дый нават газетных. Тут няма нічога новага, акрамя, можа, разбіўкі на галасы, бо я пішу тэксты, якія гучаць, так скажам... Ну, кшталту шматгалосся грузінскага. Некаторыя тэксты маюць два-тры галасы, якія я на пісьме вылучаю памерам шрыфтоў — гучней-цішэй, калі спрошчана трактаваць.
— Як думаеце, магла б такая падача ў, напрыклад, публіцыстыцы даць плён? Больш крануць чытача, падкрэсліць — нават у межах аднаго інтэрв’ю — стан і інтанацыі чалавека?
— Нешта падобнае робіцца ўжо ў сеціве падчас падачы электронных тэкстаў, але там ідуць ад «значнасці». Я ішоў ад гучання…
— Цяпер праекты на мяжы музыкі і паэзіі набываюць даволі шырокую папулярнасць... Ці будзе для Вас нечаканым поспех праекту? Што для Вас творчы поспех увогуле?
— Я не думаю ў такіх катэгорыях. Мне, шчыра кажучы, не вельмі важна: шырокая папулярнасць, вузкая... Гэта ж не камерцыйны праект, дзе ад папулярнасці залежаць прыбыткі. Поспех, напэўна, калі задавальненне хаця б прыкладна адпавядае колькасці затрачанай энергіі. Не ведаю, я слаба сабе ўяўляю, што такое «поспех» і «папулярнасць» у дачыненні да такога выключна інтымнага праекту.
— У «30 тэкстах» і «Націсках» задавальненне з энергастратамі супала?
— У «30 тэкстах» — не, у гукавым праекце — трохі больш, але гэта збольшага заслуга Філа, а не мая. І Жукава, канечне. Мая заслуга ў тым, што мне, мяркуючы па выніку, удалося «завесці» іх на творчую працу.
— Пра што Вас ніколі не пыталі ў інтэрв’ю і пра што б Вам вельмі хацелася сказаць? Вось хацелася — але ніхто дагэтуль чамусь не спытаў. І як чалавека, і як пісьменніка.
— Хм. Я не памятаю ўсіх маіх інтэрв’ю, але мне, як правіла, не хапае размоваў менавіта на мастацкія тэмы, тэарэтычныя. Не «што, уласна кажучы, аўтар хацеў сказаць гэтым самім сваім мастацкім творам», а адкуль бярэцца мова, што яна такое, як спалучаецца з іншымі з’явамі жыцця. Што можна і што нельга перадаць гукам, знакам, які шлях ад вобразатвору да сэнсу і назад, ну і гэтак далей. Пра гэта я і расказваю па меры сілаў у тым, што раблю.
— Вельмі часта інтэрв’ю з пісьменнікам — вялізны тэкст на тэмы, якія ідуць, скажам так, побач з мастаком...
— Так, лічыцца, што цікава тое, што побач, бо тое, чым я, напрыклад, займаю­ся, лічыцца заскладаным і для неспецыялістаў. З іншага боку, гэта зразумела, бо аналіз, глыбокая размова патрабуюць іншага часу і іншага фармату, чым інтэрв’ю. Нават, напэўна, іншага форуму. Інтэрв’ю ж звычайна робяцца з нагоды, як і цяпер вось гэтае. Выйсце, напэўна, у кнігах, кшталту тых, што піша Волкаў, але я не Бродскі (смяецца).
— Калі б Вы былі б спартоўцам, то ў якім відзе спаборніцтваў?
— Я ўжо быў спартоўцам, спаборніцтваў не люблю і калектыўных відаў спорту не разумею. Двубой. З сабой ці з супраціўнікам — гэта спорт для мяне…

Як гучаць паэтычныя тэксты ў выкананні Дзмітрыя Плакса і ягоных сяброў Філіпа Чмыра і Андрэя Жукава чытачы «Дзеяслова» гэтым разам могуць пачуць з дыска «Перашкоды і націскі», далучанага да гэтага нумару часопіса…