12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Натальля Правалінская

_____________________
Абарона для пяткі. Калядны трылер


Пралог, пераблытаны з эпiлогам
Сьнег – у субтропiках? Сьнег – у Тэрнi, што недалёка ад Рыму?
Гэта была мiстыка.
Гэта была д’ябальшчына.
Дзе д’ябальшчына – чакай трагедыяў.
Дзе д’ябальшчына – чакай цудаў.
Мабыць, сьнег iшоў у Рым па сьлядах чалавека з Усходу? Чалавек быў вымушаны зьбегчы з краiны, назву якой яго знаёмы рымлянiн выварочваў на iтальянскi манер – Бiлоруссо. Яна палявала на яго, быццам Дыяна ў скураным плашчы НКУСу. Яна была сьнежная.
Хударляваму Тэрнi, што гандляваў у лавачках бiсерам, нiчога не засталося, акрамя як дрыжаць пад гэтым калье. На брудную шыю – гэткая каштоўнасьць? Спакон мяшчане ня бачылi такога.
Стары Стокк, гаспадар жаўтаротае крамкі, дзе прадавалася ўсялякая збор-каляда i сапраўдныя яйкі лiрахвостаў, заявiў, што гадоў трыццаць таму ён прывёз такі ж цуд з Альпаў. У шкляной колбе. Прывёз – i забыў у сьпiжарнi, што гарнулася да крамкі з вулiцы.
Ён быў дзiвак i меў звычку запэўнiваць разявакаў, што птушачкi, якiя павiнны вылупiцца са шкарлупiны, могуць квакаць, як жабкi, брынькаць, як гiтары, i залiвацца мёдам, як салаўi.
Неба тым часам расплюшчыла сваё кiтовае вока i прасьлязiлася ад трапiчнай вiльгацi. Рагавыя акуляры вiтражоў запацелi, i вулачкi падсьлепавата мружылiся, разглядаючы зацукраваных, нiбы марцыпаны, прахожых.
Немаўлятка выпучыла лоб з-пад аквамарынавай хусткi, густа наматанай ад пятак да макушкi. Тады iтальянка, з матыльком на скронi i рукавом бранзалетаў да перадплечча, апусьцiлася голымi каленямi на сьнег i адагнула кутасы хусткi, вызвалiўшы пару вачэй, круглых i аграмадных, быццам iлюмiнатары.
Тэрнi, неахайна зацыраваны крокамi лавачнiкаў, пасаромеўся выказаць захапленьне ценямi, што першы раз за сто гадоў ляглi не на пясок, а на сьнег, i таму першы раз за сто гадоў былi ружовыя з бурштынавымі крышталямi.
Усяго тры чалавекi ў гарадку зьвярнулi ўвагу на сьнег: Стокк, якi выкладваў на яго яйкі лiрахвостаў, а таксама зеленавокае дзяўчо з дзіўным славянскiм iмем Серафiма. Яна бегла па сьнезе басанож.
Трэцi папросту ня мог не заўважыць сьнегу, бо ляжаў на iм у крыху ненатуральнай паставе, падкурчыўшы пад сябе правую руку, а левай…
Зрэшты, няма чаго блытаць эпiлог з пралогам.

Нясьвецкi раут
Нiчога агульнага са сьвецкiмi раўтамi гэты сьвецкi раўт ня меў.
Ня тое каб твар парасяцi, што дагэтуль нiколi ня брала ў рот яблыкаў, быў менш зьдзiўлены, праборы коўзкiх лакеяў менш напамажаныя, а дамскiя сукенкi менш дэкальтаваныя. Тут проста не было нi парасяцi, нi лакеяў, нi дэкальтаваных дам.
Трое iтальянскiх архiтэктараў сядзелi ў плеценых крэслах на вераньдзе i маўчалi. Абапершыся на парэнчы вiтой лесьвiцы, жонка аднаго з iх, трыццацiгадовая i яркая, зьвесiлася ў смарагдавую гуаш саду i адшпiлiла ад пальмавага каўняра некалькi фiнiкавых гузiкаў.
Гэтае ранча тулiлася на самым ускрайку Рыма.
У куце, на сурвэтцы ценю ад шыпшыны, па-турэцку сядзела маўклiвае дзяўчо гадоў трынаццацi, з сузор’ем радзiмых плямак на скронi i кашчавымi запясьцямi. Калi яна рыўком узмахвала рукамi i запускала iх у лагуну валасоў, на iх цокалi ракавiны марскiх сьлiмакоў. Яе позiркам не абпальвала, а працiнала, нiбы скразьняком.
Бо вочы былi не па-iтальянску сьветлыя.
Зусiм не iтальянскiя вочы.
Яна скоса сачыла за маладым архiтэктарам Раймандам Рацье. Ён смалiў цыгарэтку, утаропiўшыся ў фантан пад гранатавым дрэвам.
Там было на што глядзець. Са срэбра, што ўспацела сакавiтымi кроплямi месяцовага сьвятла, было змайстравана падабенства чалавечай ступнi. Саба прыкрывала адну толькi пятку. Крывыя пальцы вытыркалiся вонкi.
Аўстралiец Жэрар, падобны на рудаватага хорта (гэта яму належаў сад, веранда i праект фантану) перахапiў позiрк Рацье i пафасна патлумачыў: «Гэта для Ахiлеса. Нарэшце ён набыў абароненасьць. А з iм – усе, каго пры купаньнi трымалi за пятку». Ён заўсёды тлумачыў пафасна.
Ён закашляўся, бо працаваў начамi ў вiльготным трапiчным садзе i, абараняючы чужую пятку, праміргаў уласныя лёгкiя.
Рацье рэзка качнуўся ў крэсле. Дзяўчо скаланулася ад нечаканасьцi. А ён, з iскрамi ў райках i пераймаючы пафас рудога аўстралiйца, гаркнуў з надрывам: «Жэрар, гэта – самая цудоўная з тваiх работ! Толькi, бачыш, ты хацеў змайстраваць абарону – а атрымаўся саван. Бо Ахiлес ужо застрэлены ў гэтую самую пятку. Ты спазьнiўся».
Рацье працiналi дрыжыкi – знак наблiжэньня лiхаманкi, – але цiкаўнасьць, як цыгара, палiла яго наскрозь.
Жэрар спакусьлiва маўчаў пра галоўнае.

Жанчыне лепш маўчаць
Каўчукавае паветра далёка на захадзе расшпiлiлася маланкай.
Рацье з дурасьлiвай трагiчнасьцю прамовiў скрозь зубы: «Усё, што генiяльна, выходзiць з-пад тваёй улады, пакуль яго ствараеш. А створанае, яно ўвогуле не тваё». Яму падабалася дражнiць Жэрара.
Яркая жанчына, якая назiрала за Рацье ўвесь вечар, насьцярожана слухала яго словы. Потым, ужо сасьлiзгваючы ў глотку саду i жуючы фiнiкi, спынiлася i кiнула праз плячо: «Атрымлiваецца, дзiця, якое пры купаньнi хоць за што-небуць трымалi, – лёгкая здабыча для стралка. Тады, каб зрабiць яго недаступным для стрэлаў, мацi павiнна яго… утапiць. А што? У гэтым ёсьць соль. Калi б у жанчын хапала на гэта мудрасьцi, Ахiлес не натыкнуўся б на стралу, Жэрар не падхапiў бы сухоты, а ты, Рацье, ня быў бы балбатуном».
Голас яе быў надзвычайны. Занадта нiзкi, нiбы абрыў, ён падаў кудысьцi ўнутр самога сябе.
Рацье пасьпеў заўважыць, як вадаспад валасоў рынуўся ў каменны сад, да падножжа гранатавых дрэваў, якiм было па паўсотнi гадоў. У валасах мiльгалi сьветлякi i сьлюда. Рацье нечакана для сябе прыўзьняўся i крыкнуў: «Гэй, сеньёра! Здаецца, вашага мужа трымалi за нос. Цяпер вы водзiце яго за гэтае слабае месца».
Жэрар задумлiва падняўся з крэсла i ўдарыў Рацье ў твар.
Сплюнуўшы, той па-фiласофску зазначыў:
– Як сабе жадаеш, а жанчыне лепш маўчаць. Мая прабабуля (а варажыла яна на ўсiм, што трапляла пад руку – гнiлушках, сьвечках, шкарлупе) казала, што я пакахаю толькi нямую. Праўда, блыталася ў сваiх прадказаньнях, i ёй пачынала трызьнiцца ўжо дзьве нямыя, прычым адна з iх магла вольна размаўляць на некалькiх мовах…
Жэрар засьмяяўся.

Донжуан навыварат
Пра Рацье казалi: прыгожы. Як старажытнагрэцкi бог. Але так сабе, як архiтэктар. Заказаў, аднак, у Рыме ў яго была процьма: ён увайшоў у моду. Зразумела, увайшоў у яе пад ручку з алебастравымi жонкамi мужоў-фабрыкантаў, мужоў-ювелiраў, мужоў-дантыстаў i iншых олухаў-мужоў. Ён будаваў для iх катэджы i ўваходзiў з чорнага ходу ў чырвоныя пакоi, будуары, кухнi, кабiнеты, лабараторыi i спальнi. Аднак яго ня вабiлi жанчыны тых асаблiва блiзарукiх адвакатаў i банкiраў, якiя гатовыя былi яго хоць усынавiць: архiтэктар любiў небясьпечную гульню.
Усе гаварылi гэта пра Рацье.
Карацей, на першы погляд ён быў блiскучы малады чалавек з тых, хто сьмелы, нават калi дрыжыць, дасьцiпны, нават калi маўчыць, i тактоўны, нават калi пасьля пiнты добрага вiна кладзе ногi на абрус. Але рымскi сьвет, што чах ад недахопу падставаў для плётак, калi не знаходзiлася героя-злодзея цi героя-палюбоўнiка, ад няма чаго рабiць узьвёў Рацье ў сан злодзея-палюбоўнiка. Гэтае грамадства калекцыянераў пошасьцi так марыла мець уласны арыгiнал (цi зрэшты добрую копiю) донжуана, што кастынг на ролю абмяжоўваўся толькi патрабаваньнямi да зьнешнасьцi, густу i гумару. А Рацье валодаў гэтым.
Ён быў здольны i музыкальны, у юнацтве праводзiў днi за пародзiстым раялем i вучыў латынь. Раяль быў яго першым каханьнем. Але бацька, чыя складка ля пераносься надавала твару тое самае «львiнае аблiчча», што адрозьнiвае пракажоных, уздыбiў левае брыво. Гэта была ярасьць. I Райманд працягнуў дынастыю архiтэктараў.
Жанчыны, што трымцелi ноздрамi пры ягоным наблiжэньнi, прыпiсалi яму малакроўе. Хлапчукi – уменьне скручваць жывых паветраных зьмеяў. Мужчыны – выпадак у казiно, калi ён паставiў на чорнае трынаццаць разоў i трынаццаць разоў выпала чырвонае, ён быў даведзены да галечы, шпурлянуў апошнюю манету зноў на чорнае i выйшаў з-за стала, прыхапiўшы багацьце ўтрая большае за страчанае. Загваздка была ў тым, што ўсе яны раўнавалi, ненавiдзелi i абагаўлялi свае прыпiскi, а ня Райманда Рацье. А Райманд Рацье быў прастадушны i расьсеяны; ён пiў толькi кальвадос i так i не прабачыў бацьку за сваю ўдалую – i ненавiсную – кар’еру.
Калi Жэрар, вядомы сваiмi дзiвацтвамi, патэлефанаваў Рацье i не сваiм голасам папрасiў як мага хутчэй прыехаць на ранча пад Рымам, той згадзiўся. Iнтуiцыя Райманда падказвала яму, што згаджацца ня трэба. Нават калi б Рацье ведаў, што адбудзецца, ён прыехаў бы ўсё роўна.

Абарона цi саван?
Жанчына зьнiкла ў садзе, Рацье вiнавата сьцёр кроў з вуснаў, а Жэрар загаварыў амаль шэптам:
– Ты можаш даць прытулак чалавеку?
Толькi тут Рацье ўспомнiў, што iх на вераньдзе трое (дзяўчо ён не лiчыў).
Але трэцi, у ценю ад калоны, сам быў як цень, гарнуўся ў плюшавы плед нягледзячы на сырое дыханьне аграмадных кветак i хаваў рукi. «Чаму ён iх хавае?» – падумаў Рацье i забыў пра гэта.
У яго твары была буйная праставатая прыгажосьць i толькi два колеры: бежавы – барады, скуры, кучаравых валасоў, i сiнi – вачэй, кровападцёкаў, вуснаў. Жэрар жартлiва называў яго «вашая сьветласьць»: ён быў бе­ларускi цi то граф, цi то прайдзiсьвет. I – выдатны архiтэктар. У 1931, адчуўшы, што пахне паленым, ён кінуўся ў ваяж па еўрапейскiх сталiцах. Ён ублытваўся ва ўсе рэвалюцыi, iмпiчменты i проста п’яныя бойкi, паўз якiя выпадкова праходзiў.
Ён маўчаў i нi разу не зiрнуў на Рацье. Ягоныя вочы блiшчэлi крыху сухавата, як бывае ад яловага дыму. Яны ня сьлізгалi па прадметах а, застыўшы, абапiралiся на iх. Калi гэтыя цяжкаватыя вочы абаперлiся аб жанчыну, Рацье здалося, што яны сталi цiкаўныя.
– Справа сур’ёзная. Ён, бачыш, уцёк з турмы.
Справа была куды больш сур’ёзная. Справа была ў прычыне арышту. Гэты чалавек, Вiдыневiч, не заляцаўся да мадыстак ля сьлязьлiвых вiтрынаў i ня бiў пасьля шкло гэтых вiтрынаў у памкненьні пачуцьцяў, гарэлкі цi галечы. Ён не паляваў на кракадзiлавыя кашалькi ў багнах дарагiх палiто. Ён усяго толькi ненавiдзеў фашыстаў.
Акрамя фашыстаў, ён ненавiдзеў сацыялiстаў, камунiстаў i iншых iстаў – усiх, хто намагаўся спусьцiць народ, быццам сабаку з ланцуга, на самога сябе.
Пагарда суфiксам iст i камiчнай рэвалюцыяй у спальным вагоне Вiды­невiча даканала, як даканаў крыгаход на Сьвiслачы, што сьнiўся штоноч – i ён задушыў адну з верных шасьцёрак рэжыму за ўласным сталом. Гэтай шасьцёркай быў брат ягонай жонкi.
Ужо даўно палiцыя падазравала iснаваньне падпольля, скроенага бе­ларучкай-iнтэлiгенцыяй. Пасьля гэтага здарэньня Вiдыневiча ажыўлена дапытвалi, адлiвалi вадой i зноў дапытвалi.
Падпольле сапраўды было, мела двух кiраўнiкоў, якiя па сумяшчальнiцт­ве зьяўлялiся двума ўласнымi падначаленымi. Вiдыневiч i Жэрар. Апош­нi быў сваiм сярод знакавых постацяў часу. Яму добра плацiлi за праекты палацаў, якiя праз пэўны час рабiлiся прыватнымi. Нiхто ня змог бы западозрыць, што за яго пафасам i адсутнасьцю пачуцьця гумару – прыхаваная страснасьць i схiльнасьць да гульнi. Хаця, пэўна, ня гэтыя дзьве карты былi яго козырам, а iнстынкт творцы i iнтэлiгента, якi падказваў архiтэктару, што рэжым такога кшталту здольны затапiць крывёю ня толькi Iталiю.
Па пратэкцыi Жэрара беларуса рыхтавалiся судзiць за бытавое забойства, а не за палiтычную змову. Аднак i тут не пасьпелi, бо Жэрар, з дапамогай буйных купюраў i ўпэўненай лісьлівасьці, зладзіў для Вiдыневiча ўцёкi. Ля варотаў турмы дзіўны паплечнiк Жэрара ўчынiў яшчэ адно незапланаванае забойства. Цяпер пратэкцыя патрабавалася абодвум. Узважыўшы шансы па тэорыi верагоднасьцi, Жэрар набраў тэлефонны нумар, i праз трыццаць пяць секунд, што спатрэбiлiся на тое, каб адчынiць, зачынiць i зноў ад­чынiць дзьверы таксi, Райманд Рацье падымаўся па лесьвiцы на веранду. Флегматычны i крыху задыханы.
Яны не былi нават прыяцелямi. Але Жэрар, з яго неверагодным нюхам на чалавечыя душы, быў бадай адзiны, хто ведаў, што рымскi сьвет выдумаў архiтэктара Райманда Рацье i не заўважыў яго задуменнага цёзку. А цёзка быў, па сутнасьцi, звычайны, як падсьвечнiк, i гэтакi ж вытанчаны.
– Так, Жэрар, – прамовiў Райманд, – у мяне ёсьць домiк у Тэрнi. Я там нiколi не бываю – там адзiн заўсёды ветлiвы сусед забiў маю мацi i памёр бацька, якому я не пасьпеў дараваць. Яшчэ там стаiць мой раяль.
Рацье накiдаў адрас на аркушыку, вырваным з нататнічка. Жэрар падняўся з крэсла i моцна пацiснуў руку Райманда; потым раптам хутка выцер далоньню кроў з яго вуснаў, махнуў беларусу i дзяўчыне. Усе трое спусьцілiся ў сад, дзе трашчалi цыкады, плавiлiся аграмадныя кветкi i блiшчэў саван для ахiлесавай пяткi.

Нямая
– Ну вас да ляду, я працую!
Але гэта быў не швейцар, што ў чацьвёрты раз прыйшоў дакласьцi аб прыходзе «настойлiвай дамы», а сама дама.
Рацье ўтаропiўся на стрыжаную ледзь ня нагала жанчыну, якая знакамi штосьцi тлумачыла. Гардзiны на вокнах захвалявалiся ад скразьняку, пакрыліся рабаціньнем, i спакой, якi Рацье замыкаў аконнымi шпiнгалетамi, iмгненна прапах вулiцай i лiўнем. Яе лыткi здавалiся зусiм глянцавымi.
Жанчына была басанож. На паркеце заставалiся сьляды ступакоў. Яна падышла да чарцёжнага стала, за якiм, згорбiўшы худыя плечы, сядзеў Рацье, i шпурлянула на яго кардонную папку.
У папцы быў чарцёж.
Рацье адагнуў скрэпы i асьцярожна расправiў луску жаўтаватых лiстоў, па якой быў прачэрчаны аскетычны ўзор лiнiяў i лiчбаў. Ён доўга ўглядаўся ў гэта i нарэшце, ускiнуўшы на жанчыну вочы, спытаў:
– Гэта вашае?
Яна з дакорам пацiснула плячыма i, ступаючы па адбiтках уласных ног, накiравалася да бару, дастала бутэльку «Бэйлiса» са скрыўленай шыяй i грубую квадратную шклянку. Затым узьлезла з нагамi на падваконьне i адвярнулася, глытаючы лiкёр. Гатэль выпрастаў шаснаццацiпавярховую сьпiну, упёршыся падземнымi ступакамi ў зямное ядро. Вокны, зашморг­нутыя з вулiцы гардзiнамi лiўня, скажалi прахожых, i тыя, на бягу, апярэджвалi самiх сябе.
…Яна была нямая.
Так адбылося знаёмства Рацье з генiяльным архiтэктарам Хрысьцiнай. Яна рухалася парывiста, выпускаючы з рук талеркi i локцямi скiдваючы падсьвечнiкi. Калi ён адмаўляў ёй у чымсьцi, яе шчокi налiвалiся, як штрыфель. Яна чытала па вуснах, а сама тлумачыла жэстамi цi пiсала на паперы. I калi пяро ў яе руцэ рвала лiст на шматкi, гэта значыла, што яна сарвалася на крык.
Яе доўгi твар быў з тых бязьветраных твараў, дзе адна рыса ўпадае ў другую. Доўгiя i цёмныя, быццам хваёвыя прысады, вочы.
Бацькi падкiнулi яе да дзьвярэй прытулку, калi зразумелi, што з набыцьцём дзiцяцi не набылi суразмоўцы. Яе бацька быў бiржавы маклер i да таго моманту, калi ён канчаткова страціў надзею пачуць ад Хрысьцiны прагноз заўтрашняга курса акцыяў «Маккляйм i К», ёй стукнула шэсьць. Яна ясна памятае, што ў той дзень весьнiчкi прытулку зьнялi для рамонту, i аголеная перакладзiна з трох сасновых ствалоў нагадвала шыбенiцу. Хаця i блiшчэла пад дажджом, як аблiзаны ледзянец.
Добрага кюрэ Антона, якi паставiў у спаленцы сваiх дочак восьмы ложачак для Хрысьцiны, уражвала тая нянавiсьць, з якой гэтая дзiкарка маўчала.
Ён даў ёй лiст паперы i сказаў сваiм iльняным голасам: «Малюй царкву. У ёй Бог прабачыць тваiх бацькоў». Яна ўзяла лiст, i ў яе вачах заскакалi языкi полымя. Яна намалюе царкву! Там, ля сьвечак у руку таўшчынёй, у яе татухну трапiць маланка.
Малявала яна цудоўна. А крыху пазьней выявiла здольнасьцi да да­клад­ных разьлiкаў.
Толькi ў трыццаць гадоў яна закончыла сваю царкву. Такой бязважкай простасьці не было ў касьцёлах Рыму; нешта амаль праваслаўнае, пустэльнiцкае i вельмi белае, гатова было затулiць каталiцкую раскошу паркалёвай таннасьцю. Яно вышывала цэглу i камень iголкаю сьвятла.
Усё гэта яна «расказала» Рацье.
Рацье верыў Хрысьцiне i крыху зайздросьцiў яе таленту. Але ў яго смактала пад лыжачкай ад прадчуваньня, што ёсьць яшчэ адзiн нейкi фрагмент яе гiсторыi. I, укладзены ў сэрцавiну гэтай жанчыны, ён ня прыйдзецца да месца. Яна расколецца напалам.

Чарцёж эшафоту
Аднойчы Рацье ўбачыў сон. Хаця архiтэктар нiчога не запомнiў, акрамя незразумелых шоргатаў i грукату, ён прачнуўся ад жаху. Твар Хрысьцiны здаўся яму неспакойным у сьне. Ён дарма шукаў у сваёй душы каханьня да нямой, абяцанага прабабуляй, i са смутным страхам заўважыў, што вусны Хрысьцiны такiя рухомыя, што вось-вось з iх сасьлiзгне што-небудзь сьвецкае, накшталт: «Цудоўнае надвор’е, сеньёры».
Ён пабудзiў яе i прашаптаў:
-– Хто ты такая?
Яна, нiбыта i ня спала, адхiснулася i неяк спалохана сачыла за iм, быццам чакала, што ён зараз прыставiць да яе горла нож. Рэзка саскочыўшы з пасьцелi, яна прабегла па пакоi, прыцiснулася скроняй да ледзяной паверхнi люстэрка i нема – не, не крычала – глядзела. Яе зрэнкi былi як жэрлы: пласты цемры над бясконца далёкiм дном. Калi б Рацье быў крыху больш пранiклiвы, ён бы заўважыў, што позiрк яе не спалоханы, а дапытлiвы i жорсткi. Ён падняўся з ложку i перахапiў яе руку, калi яна рванула на сябе ручку дзьвярэй, бо паверыў, што яна можа кiнуцца з маста.
Яны правялi разам пяць гадоў i купiлi на грошы Рацье утульны дамок. Кожную ранiцу, слухаючы яе дыханьне, Рацье запэўнiваў сябе, што кахае.
Ён быў ашаломлены, калi Хрысьцiна суха загадала яму выдаць яе чарцёж за ўласны. Але яна патлумачыла гэтую недарэчнасьць вельмi ясна. Яна ў прыпадкавым натхненьнi вычэрчвала не царкву, а помсту; яна сапраўды верыла, што там Бог пакарае яе легкадумных бацькоў. Але ўсё праходзiць, нават нянавiсьць, нудная, як падагра. I, адкiнуўшы з ілба вараныя пасмы, яна напiсала на рэстаранным рахунку за вячэру:
«Як ты не зразумееш, што я пабудую па гэтым чарцяжы эшафот?»
Царкву будавалi па чарцяжах, якiя падпiсаў Рацье.

Нiколi не размаўляй з таксiстамi!
Новы ўдар гумавага боту ў жывот – i Рацье што было сiлы сьцiснуўся. Ён падцягнуў да цэнтру тулава свае рассыпаныя кольцы, быццам дажджавы чарвяк.
Ззаду хтосьцi другi ўсаджваў у сьпiну Рацье нос лакавага чаравiка, гарачы, нiбы прас. Няшчасны архiтэктар з жалем, невыносным, як хворы зуб, абсмоктваў адну i тую ж недарэчную думку. I гэтая думка была – чаму ён не запалiў святло, калi спусьцiўся на кухню за вадой?
– Хопiць, прынясi вады, – прамовiў малады прыгажун у палiто, зьлёгку картавячы – яго словы гучалi дабрадушна. – Цi паклiч Мерымэ.
Даўгi мужчына з паджарым тварам i жвавымi жаўлакамi, што пе­ра­молвалi думкi, схiлiўся над Раймандам i працэдзiў праз вусны свой густы голас:
– Архiтэктар, дзе яны? Нiколi не карыстайся паслугамi таксiстаў. Яны балбатлiвыя.
Чалавек, раскрыжаваны на паркеце, злавiў сябе на другой недарэчнай думцы: дзiкаабраз цi чарапаха нашмат шчасьлiвейшыя за свайго разумнага субрата. Атрымаўшы заахвочвальны ўдар у жывот, гэты першаадкрывальнiк кола, Амерыкi i космасу пакорлiва прастагнаў на выдыху:
– Тэрнi.
– Адрас?
I, хаця сьвядомасьць яго выключалася, Рацье iнстынктыўна зразумеў: яны ня ведаюць галоўнага – што гэта ён накiраваў Жэрара з рускiм архiтэктарам у той цацачны гарадок.
– Вы думаеце, яны сказалi мне? Тэрнi. Вось i ўсё.
Рацье, учапiўшыся пазногцямi ў падлогу, паспрабаваў адцягнуць сваё цела ад нажа...

Завязка разьвязкi
Хрысьцiна нiбы ўрэзалася ў яго позiрк, наскочыўшы з-за вугла. У яе пальцах iскрылася сьвечка, агонь быў як iголка.
Хвiлiну таму яна, падхрыпваючы на пранiзьлiвых нотах, крычала ў тэлефонную трубку:
– …нажом, у плячо… бандыты… «Санта-Чэчылiя»… прашу вас, хут­чэй…
Зацкавана бегаючы вачыма па рэчах i нi за што ня ўмеючы зачапiцца, яна абаперлася на ручку дзьвярэй, мармычучы:
– Гэта нярвовае ўзрушэньне, Райманд… Такое бывае.
Ён прыўзьняўся на руках, з цiкаўнасьцю разглядваючы, нiбыта ў першы раз, яе твар. Заўсёдная рухомасьць гэтых вуснаў больш не здавалася яму падманам зроку.
На падлозе пакою ляжаў прыгажун у палiто. Праўда, бледнасьць не пасавала яму, а капялюш быў зьбiты з галавы.
– А дзе другi? – запытаўся Райманд дзелавiта. Ён меў на ўвазе чалавека са жвавымi жаўлакамi.
– У калiдоры, ля чорнага ходу. Я зацягнула яго туды.
– Схавай рэвальвер. I не запальвай сьвятло, – Рацье, хiстаючыся, устаў на ногi.
На двары пачуўся цiхi сьвiст. Так, вядома, яны гаварылi пра кагосьцi трэцяга, хто чакаў на вулiцы… як жа? – Мерфард… Мердакк… Мерыме.
Усё. Больш нiводнай кулі ў iх рэвальверы з глушыцелем.
Рацье ўзьбег на другi паверх, падышоў да раялю, адкiнуў вечка i, агледзеўшы чорна-белы аголены выскал, занёс рукi. Хрысьцiна, застыўшы ў дзьвярах, засяроджана назiрала, як носяцца пальцы над кветкамi клавiшаў.
Чалавек падымаўся – грузна i з задышкаю – па лесьвiцы.

Пiянiст з адной рукой
Калi ён увайшоў у гасьцёўню, Хрысьцiна ўзьняла на яго прамянiстыя ветлiвыя вочы, як гэта ўмее жанчына, што толькi што плакала, а Рацье не пачуў яго, атулены музыкай.
– Што тут адбываецца? – спакойна запытаўся чалавек. Ён выглядаў досыць бязглузда: на самай макушцы яго ляпiлася пунсовая плоская шапачка накшталт кардынальскай.
– Мы з жонкай квартыруем у Рацье, – крыкнуў Рацье, не азiраючыся. – Цi вы думаеце, што ў такiм велiзарным доме ён адзiн жыве?
Той па-ранейшаму спакойна паглядзеў на Хрысьцiну i засьмяяўся. У яго руцэ заблiшчэў пiсталет.
– Жонка Рацье, знакамiтая нямая, цi я памыляюся?
– Вы памыляецеся, – адказала Хрысьцiна.
Чалавек задумлiва пакруцiў пiсталет мiж пальцаў.
– Прабачце, сеньёры, але куды ў такiм выпадку зьнiк гаспадар i… гм, двое яго прыяцеляў?
– Адкуль мне ведаць? – раздражнёна кiнуў Рацье праз плячо.
– Яны паехалi ў Тэрнi, – спакойна прамовiла Хрысьцiна. – Я спусьцiлася на шум, i гаспадар сказаў, што яны едуць у Тэрнi. Мне здалося, яго бiлi.
Iх позiркi скрыжавалiся.
Рацье сядзеў сьпiной, i сьпiна ўздрыгвала ад кожнага дотыку да клавiшаў. Незнаёмец пiльна назiраў за яго правай рукой. Ён ведаў звычай сухарлявага падзельнiка са жвавымi жаўлакамi: той расьсякаў правае плячо перад тым, як забiць, цi перад тым, як пакiнуць жывых. Гэта быў ягоны “росьпiс”, ягонае кляйно, ягоная любоў да свайго мастацтва. Ён падпiсваў забойства, як мастак падпiсвае партрэт.
А Рацье граў як нiколi. Усё – пяць гадоў жыцьця з нямой жанчынай, вядомасьць «архiтэктара адной царквы», слодыч, слава i слабасьць, ненароджанае дзiця, бежавыя кудзеркi барады мужчыны, якi чамусьцi толькi зараз пачаў здавацца Райманду вiноўнiкам i галоўным героем гэтай таннай драмы – усё гэта ірвалася пад яго пальцамi, вярталася i плакала, клiкала, абяцала няспраўджанае каханьне i гранатавы сад, дзе ля падножжа старых дрэваў… Што? Што ж там адбылося тады? Што там…
– Ужо пойдзеце? Вiдаць, яны насамрэч накiравалiся ў Тэрнi. А што, была сварка?
– Дробязь. Усё з-за жанчыны, сеньёра. Вы ж ведаеце, якая слава ходзiць пра Райманда Рацье.
Ён бясшумна сьлiзгануў за дзьверы, i правая рука Райманда, што ўжо колькi хвiлiнаў натужна абапiралася на левую, павiсла ўздоўж цела.

Шыбенiца для Бога
Рацье зьдзiўлена зiрнуў на сьнег i, выходзячы з таксоўкi, з асьцярогай спусьцiў на яго скураныя сандалi.
Зачараваны Тэрнi, блакiтна-мутны, як графiн, мякка рыпеў сьнегам пад загусьцелым небам. Райманд кiнуў на велюравае сядзеньне прыгаршчы паперак – усё, што ня гледзячы зачарпнуў з кiшэнi – i пацёгся па вузкай вулачцы.
Яго домiк, што выглядваў з-пад сьнегу блiскучым круглым вокам, быў як калядны гномік у сьнежным каўпаку i пантофлях з пампонамi.
Ён пералез праз плот i зазiрнуў у акно. Шматок ляпной столi ў марга­рытках; аметыставая ваза; пародзiсты белазубы раяль пад перламутравай сурвэткай. Танканогi цень дзяўчыны ў самазабыцьцi схiлiўся над ценем раялю, i клавiшы былi працягам яе ненатуральна падоўжаных пальцаў.
Нейкi дзiвак раскладваў на сьнезе бурыя яйкі i намагаўся адбiць iх у ваяўнiча настроеных курэй.
– Ты не дагаварыў, – сказаў дзiвак з пафасам i закашляўся. – Створанае насамрэч перастае быць тваiм. Але гэта не падстава прысвойваць створанае не табой.
Райманд Рацье здрыгануўся i прамовiў:
– Жэрар… Жэрар Стокк.
Вось гэта сустрэча. I Жэрар зусiм сiвы. А быў ярка-руды.
Ён радасна шукаў позiрку Жэрара, але той адвёў вочы, i Рацье адчуў, як вяртаецца прадчуваньне, якое вымусiла яго прачнуцца сярод ночы i спусьцiцца на кухню па глыток вады.
Здалёк салодкi вецер данёс памякчэлы гук звону царквы ў Тэрнi – той самай, якая была пабудаваная па чарцяжы Хрысьцiны i якая праславiла Рацье на ўсю Iталiю. Жэрар нярвова махнуў рукой.
– Бяздарнасьцi, бязбожнiкi, чэрці, – прасьвiстаў ён i кашлянуў у кулак. – Яны лiчаць, што заткнулi рты званам. Але адзiн звон – няхай нават апошнi – ён вывез, паклаўшы ў чамадан. Яны адчынiлi ў кожнай цэрквачцы па музеi барацьбы з рэлiгiяй, але Бог не зрабiўся экспанатам. Яны не давалi вывезьцi бога ў папцы – ён вывёз яго ў сэрцы. Няўжо хто-небудзь дадумаўся адабраць у яго чысты лiст, калi ён праязджаў мяжу! А там ужо быў небясьпечны чарцёж. Толькi бачыў яго ён адзiн.
Жэрар стомлена сьцёр пот з iлба.
– Гэта ж ты ёй сказаў на вераньдзе, што ажэнiшся толькi з нямой, – працягваў трызьнiць Стокк. – I яна спраўна маўчала пяць гадоў. Хаця, хутчэй за ўсё, таму, што цудоўна разумела – ты ня зможаш не спазнаць яе рэдкі голас.
– Што? – зьбянтэжана перапытаў Райманд i таргануў плячом. Яно зусiм аднялося; кроў ужо амаль не цякла; рукаў плашча быў набрынялы.
– Яна ўзяла чарцёж i зьнiкла. А на чарцяжы была… як жа… Бiлорусiя. Яны ўсе пакрыху вывозiлi з яе свайго недамучанага бога, калi разьязджалiся – графы, пiсьменьнiкi, скрыпачы – i ўсе як адзiн спадзявалiся адвезьцi назад.

Хто яна?
I раптам, сьцямiўшы, што Рацье не разумее, i зьдзiвiўшыся гэтаму, Стокк дадаў:
– Яна – жонка Вiдыневiча. Яна – твая Хрысьцiна, «нямая»! – жонка Вiдыневiча. Жанчына на вераньдзе.
– Хлусьня, – прасіпеў Рацье, – Не. Не. Не. Яна ж была тваёй жонкай. Ты ж ударыў мяне, калi я сказаў нешта абразьлiвае…
– Бо Вiдыневiч ня мог. I ня змог бы. У яго фашысты адрэзалi пальцы. Яны ведалi, як трэба зьдзекавацца з архiтэктара. Ты бачыў – ён хаваў рукi.
Рацье павярнуўся i пайшоў прэч, забыўшыся папярэдзiць Стокка аб небясьпецы.
А той прашаптаў услых:
– Ён застрэлiўся, калi вешалi звон. Яму здавалася, пэўна, што вешаюць Бiлорусiю. Ствараў званіцу – а выйшла шыбенiца. Чорт вазьмi – як ты гаварыў, тады, у садзе? – майструеш дасьпехi, а выходзiць саван? Эх, што ты нарабiў, хлапчук.
Райманд крочыў лёгка, намагаючыся не прыслухоўвацца да звону, што церушыўся з неба; яму трызьнiлася, што гэта даносiцца з усходу гук скiнутых званоў няведамай Бiлорусii.
«Як не зразумееш ты, што я пабудую па гэтым чарцяжы эшафот?». Ён зразумеў гэта – не, ня позна – проста цяпер ужо дарэмна; i ня мела значэньня, хто з iх пабудаваў эшафот па гэтым чарцяжы.
Ён піхнуў нагой весьнiчкi i ў апошнi раз азiрнуўся на Жэрара, калiсьцi вогненна-рудога. I прамовiў гарачліва:
– Значыць, нашае з ёй каханьне было жорсткае i паэтычнае, як любое незвычайнае каханьне. Калi каханьне каго-небудзь забiла – значыць, штосьцi ад яго застанецца. Хаця б магiла.
Стокк змарнеў, гледзячы ў сьпiну Рацье, зачэхленую вузкiм плашчом, i нерашуча сказаў:
– Гэта помста, Райманд. Ён, чужак, задушыў яе брата. Ёсьць кроўныя законы; у некаторых нашых родах яны непераадольныя, як iнстынкты. Памятаеш Антыгону? Яны абедзьве пыталiся пахаваць братоў. Вось толькi Хрысьцiна пахавала яшчэ некалькi чалавек – i сябе.
Рацье, спатыкнуўшыся аб сьнег, машынальна заўважыў:
– Ты быў скульптар – а стаў птушкаловам. Яны вылупяцца, толькi калi зьдзейсьнiцца цуд. А можа, ты цяпер ствараеш цуды?
Яйка блiшчэла на сьнезе, як кропля сiнькi. Жэрар сказаў:
– Я проста не замiнаю iм здарацца.

Навошта ў субтропiках выпадае сьнег
Райманд iшоў досыць доўга, але нiяк ня мог выблытацца з адной i той жа вузкай вулачкi. Яна была нібыта вязаная кручком.
Звон званiў, гучна i блiзка, яшчэ больш соладка, у сто разоў тры­вож­ней.
Ён хацеў абаперцiся на каменны плот, але дрэнна бачыў. Ён абапёрся на пустэчу i ўпаў на сьнег. Ён ня мог зразумець, чаму так невыносна высiцца над iм гэты раскрышаны звон, але, калi падняў галаву, убачыў, што ляжыць ля сьцяны царквы.
I тады – цуд! – архiтэктар зразумеў, навошта ў Тэрнi – i толькi ў Тэрнi – упершыню за сто гадоў выпаў сьнег i замятаў пад кошыкамi ліхтароў ружовыя альпiйскiя ценi. I калi ён зразумеў гэта, то левай рукой, вельмi ашчадна, вывеў на гэтым белым лiсьце – прадмове да царквы: «Твой бацька – яе архiтэктар».

Навыперадкi са стралой
Яна засталася трынаццацiгадовай, з месяцовымi перлінамi ў валасах, на гранатавай вераньдзе – калi ён прыпамiнаў яе.
Але гранатавыя дрэвы зьдзiчэлi, а ёй было васемнаццаць, i яна адарвала пальчыкi ад раялю i выбегла на парог. На яе патрабавальны позiрк Стокк хмура i неяк вiнавата сказаў:
– Райманд Рацье.
Дзяўчына, як была басанож, выскачыла за весьнiчкi i, лiхаманкава азiрнуўшыся па баках, пабегла было направа, але тут жа кiнулася ўлева i спынiлася, разгубленая. Раптоўна яна зразумела, навошта ў Тэрнi – i толькi ў Тэрнi – упершыню за сто гадоў выпаў сьнег i замятаў пад кошыкамi ліхтароў ружовыя альпiйскiя ценi. I калi яна зразумела гэта, то ўбачыла ясны, хай і крыху блытаны сьлед, што вёў направа, да царквы архiтэктара Рацье.
Яна яшчэ ня ведала, што параненага архiтэктара лёс прывёў да сьценаў міжволі ўкрадзенай царквы i што даўным-даўно, яшчэ на вераньдзе, а можа, у той самай незразумелай Бiлоруссо, адштурхнулася ад цецiвы кароткая страла – тая, супраць якой дзiвак Жэрар колькi год таму марыў змайстраваць дасьпехi. Яна яшчэ ня ведала, што бяжыць навыперадкi са стралой.

Лiрахвосты i сьмерць
Серафiма пабегла, хаця нагам было халодна. Пасьля таго, як мацi зьнiкла i застрэлiўся бацька, яна не сказала нi слова, i дактары разводзiлi рукамi – такое здараецца. Жэрар гадаваў яе як прыёмную дачку.
Яна так i не забыла прыгожага архiтэктара, якi так уразiў яе дзявочую фантазiю на гранатавай вераньдзе.
Хто ведае, калi збудуцца прадказаньнi прабабулi, якая варажыла на ўсiм, што трапiць пад руку?
Цi то таму, што цёплым быў той сьнег, цi то ад таго, што Стокк вярнуўся з падарожжа ў родную Аўстралiю толькi пазаўчора, а можа быць таму, што такiмi ветлiвымi аказалiся iтальянскiя куры – на бурым яечку лiрахвоста, за сотнi кiламетраў ад рымскiх хлябоў i вiдовiшчаў, расьцяклася трэшчынка i – проста ў неба – утыкнулася крывая дзюба лiрахвоста.
А да каляднага домiка Стокка тым часам iмчала чорнае аўто, i ў iм сядзеў чалавек у пунсовай шапачцы.
Жэрар Стокк так нiколi i не зразумеў, чаму ў Тэрнi – i толькi ў Тэрнi – упершыню за сто гадоў выпаў сьнег i замятаў пад кошыкамi ліхтароў ружовыя альпiйскiя ценi. Не пасьпеў зразумець гэтага i чалавек у аўто, якое на аграмаднай хуткасьцi вiсклiва занесла на засьнежаным павароце i з геаметрычнай дакладнасьцю ўпiсала ў квадрат турэмных варотаў.
…За паўгадзiны да гэтага Хрысьцiна, якая нерухома сядзела з нагамi на падаконьнiку, як пяць гадоў назад, падняла вочы i тыя некалькi секундаў, пакуль ён у шаленстве разглядаў яе, з цiкаўнасьцю пазiрала на недарэчны пун­совы капялюшык. «Кардынал, – задумлiва сказала Хрысьцiна, – адпусьцi мне грахi». У яе пальцах была квадратная шклянка; на дне яе застыў лiкёр; калi кардынал стрэлiў, шклянка разьляцелася ўшчэнт. У пакоi запахла абрыкосавымi костачкамi.

Лiст у сервант
Пакаёўка iшла дамоў амаль подбегам, нярвова азiраючыся. Нарэшце. Пад’езд, цёмны хол, хуткi скрып дзьвярэй. Яна лiхаманкава надарвала выкрадзены канверт.
Нiчога цiкавага: чарцёж, кароткая запiска для нейкай «сеньёры Марыi, мацi Зьмiцера Вiдыневiча». I ўсё. Толькi ў канцы загадкавае: «Вы таксама трымалi сына за нагу, калi купалi? Не хвалюйцеся. Кожнаму свая страла. Але добры сябар зрабiў яму добрыя дасьпехi для пяткi. Яго Бог вернецца ў Беларусь, раней цi пазьней»
Пакаёўка расчаравана ўклала паперкi ў iншы канверт i надпiсала адрас: Савецкi Саюз, Менск… Хiба што знайсьцi надзейнага чалавека сярод пастаяльцаў, каб перадаць… справа зноў запахла страчанай iнтрыгай, i пакаёўка ажывiлася. Але пасьля доўгiх развагаў яна перадумала i сунула канверт у сервант.

Эпiлог. Цi зноў пралог?
Маклер дачытаў лiст i пацiснуў плячыма. Чаму яны ня выкiнулi сервант адразу? Са шчылiнаў ужо сыплецца труха. Ён хутка нацягнуў джынсы, пiнжак i выбег на вулiцу. Укiнуў лiст у паштовую скрыню. Глупства, але чаму б i не. На пальцах застаўся ледзь улоўны пах абрыкосаў – альбо толькi здалося?
«Цi дойдзе?» – абыякава падумаў маклер, узьбягаючы па прыступках таверны, каб насьпех глынуць перад працай кавы, i пачаў у думках супастаўляць курсы акцыяў. Раптам ён зноў успомнiў пра лiст: «I каму дойдзе?» Але адразу забыў, i цяпер ужо назаўсёды. Сьнежань 2006 году выдаўся шчодры на банкруцтвы.