12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Прылуцкі

_____________________
Tabula rasa.
Вершы

I. Per mortem

акушэркаю
яна прысутнічала на маіх народзінах
хударлявая маўклівая кабета няпэўнага веку
з павутой ружовых прожылак
на мармуровым чэрапе
і прыгожым тварам мулаткі
без касы з кароткай фрызурай
прымаючы роды
яна была падобная да суккубы
што высачыла спажыву

я згадаў яе
бо гэта яна адцяла мне пупавіну зубамі
яна выцягнула з цёмнай і цёплай кануры
у гэты сьвет ідыётаў і мянтоў

але
заўсёды і ўсе
згадваюць рукі маці
гэты імправізаваны «Тытанік»
што закалыхваў на неспакойных хвалях
і старая савецкая радзільня рабілася тваёй alma mater
тваім першым флэшбэкам што сьпее зіготаю болю

там штомесяц
па даўгіх і халодных кафельных калідорах
на металічных вазках вывозілі
маленькіх чырвоных пацучкоў
падобных на кавалачкі сьвежага мяса
на пурпуровыя гронкі папрыкі на зіхоткім падносе
але зблізу
у белых каламутных слоіках кунсткамеры
яны страшылі розум
занураныя ў сон

хаця які там быў розум у мяне смаркача
што сікаў у пялюшкі і смактаў цыцку
самім сваім існаваньнем дамагаючыся няўцямнага
і толькі чорны балахон старое мулаткі
маёй госьці з будучыні
яе ссохлыя рукі-палачкі й круглыя вочы
уладна гіпнатызавалі
паціху забіраючы па кавалку
спачатку пальцы потым нагу левую правую
руку левую й правую геніталіі ныркі пячонку лёгкія
страўнік вантробы
мячык сэрца
і толькі ў апошні момант
ад нястачы кіслароду са страху
знутры
вырываўся ратавальны крык


II. садок

ён завязвае неслухмяныя боцікі
седзячы на падлозе ў вітальні
перад вялізным вокам люстра
што нібы выхавацелька
сочыць за кожным рухам

ён ідзе да шатні
бярэ свой капялюшык вятроўку насоўку
і па дарозе ў садок
дагнаўшы цёмную й рухавую
сьветку юлю марыйку
зьбянтэжана й сарамліва брыдзе побач
нібы сабачка

ён ня любіць калі яму кажуць глупствы
( звычайна дарослыя
схільныя да спрашчэньняў)
будаваць у кутку піраміду нашмат цікавей
за ўсе іхнія ранішнікі ды ёлкі
ўсе гэтыя ціхія гадзіны
неядомыя й прэсныя кашы

ён глядзіць як ягоныя раўналеткі
юркі андрушкі сярожы
б’юцца бегаюць жаляцца няні
і думае якія ж яны ўсе прыдуркі
(некалі тата сказаў так слухаючы навіны)

ён чакае калі прыйдзе восень
каб з вялікім букетам
і ў белай кашулі з гальштукам
увайсьці нарэшце
даверлівым неафітам
ў той невядомы й таямнічы (о ілюзіі)
панэльны будынак ведаў


III. першае каханьне апошняя чвэрць

пачыналася школа лінейкай і зьменным абуткам
прапускаючы ўсіх праз плавільны тыгель сталоўкі
дзе сьціраліся межы між смачным здаровым і брыдкім
і ўсе нашыя веды былі бясплатнаю мышалоўкай

мы ўпарта зубрылі што гансы далёка не андэрсэны
але на кантрольнай завальваўся кожны чацьвёрты
усе тыя міклухі маклаі мазаі ды амундсэны
вечна дзесьці кудысьці плылі і блыталі карты

і нашто нам былі інтэгралы іксы ды ігрэкі
для бацькоў? атэстату? прэстыжу? мітычнае будучыні?
выдумлялі дарослыя новыя подлыя хітрыкі
толькі хатні параграф
назло заставаўся нявывучаным

ды які ўжо там нафіг on duty today якія граматыкі
калі ў думках адно баскетбол і красуня-дзяўчына
у якое ўжо ўгледзеў ня толькі бюсьцік ды майткі
і якую кахаеш даўно з невядомай прычыны


Дзевяностыя forever

Шчасьлівай дарогі –кажаш ім – знойдземся як
і матаеш назад касету вулічнага юнацтва
дзе бязладны гоп-стоп у раёнах горкіх на смак
дворыкі крамаў сны малалетніх лярваў
сьляпое РБ дзевяностых амнезія нерваў

Цяпер ужо звыклымі сталі бунты падлеткаў
афганская шмаль нянавісьць уцёкі з дому
засталіся трывогі твае палахлівыя сьведкі
страх прыхаваны пад скурай разборкі урыўкі фраз
старая факін мараль што скарысталася з нас

Школа нам не дала анічога набор алоўкаў
форма паёк пара дзяжурных ведаў
сінтэз нагляднай батанікі й фізпадрыхтоўкі
прэла за шыбамі сонца й шалела ртуць
у венах цнатлівых ад піянерскага «Будзь...»

Сэрцы пустыя нібыта прылаўкі сяльмагаў
дзеці прамзон і вялікіх пустых стадыёнаў
толькі і ёсьць у вачох што наіўная прага
стаць футбалістам банкірам ці лаўцом сноў
зрабіўся грубейшым твой слоўнік душа – пагатоў

Ад каханьня цяпер толькі дзьве пустыя абгорткі
барацьба ў душы ўвайшла ў стадыю зацяжное
на перапынках смакуючы формы порнаакторкі
пераходзіў з дзеўкі на дзеўку з класу ў клас
твой пратэстанцкі Бог багоміў джаз

Зірні твае раўнагодкі ўжо заскокваюць у цягнічок
і матляюць рукамі – давай не тушуйся пацан
але ўгледзецца лепей – табе ў адваротны бок
на вакзальнай лаўцы парамі сьпяць галубы
ўсё што робіш робіш інтуітыўна – абы

Бо гатовы жыцьцёвы план грашыць сафізмам
маўляў чарапахі хутчэй сягаюць вяршыняў
маўляў у ахілаў адны панты і харызма
і ў пятках душа падпішы пане фаўсьце кантракцік:
садок вэнэу галімая праца раптоўны інфаркцік

Ці пра гэта чытаў ты ў мастацкай літаратуры
але розум хутчэй шануе законы джунгляў
за сьцяною бухае твой пралетарскі гуру
у надвор’і нязьменны прагноз: сьпёка й залевы
у позе лотаці тупа сядзіш пад дрэвам

Ападае лістота сакуры то бок вішні
атрымаўшы грын-карту сябры адлятаюць у вырай
мо чарговы тэракт рыхтуе алах-усявышні
і таму мо ў апошні раз патэлефануй дамоў
усё нармальна мама нармальна шоў маст гоў он