12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Пузенка

_____________________
У снах да зор лячу з табой.
Вершы

* * *

Сэрца-post-рэхава
пасьля – агрэхава
пасьля – грэхоўна
мне – не ўсё роўна!

па Dao-шляхах з нябыту
мінаючы post ДАІ
я да падсумленьня выйду
дзе Вертэр яшчэ жывы

finita la tragedia
пад расейскім найменьнем ГОСТ
у бога, якога асьвеціць
modern-forever-post

пад коўдру арыстакрата
вычварыць з цела рух
пад коўдру нашага брата
ня цела, а цэлы дух

Сэрца-post-рэхава
пасьля – агрэхава
пасьля – грэхоўна
мне усё – роўна!


* * *

Як кожнаму — сваё,
дык мне — былое.
Няхай маё імя — ня Хлоя,
няхай ты думаеш пра злое...
Але у безьлічы дзяўчын
і я кахаю без прычын,
і ў снах да зор лячу з табою...


* * *

Па Фарэнгейту,
па Цэльсію,
па барабану
хлопчыку-гею
да Дульсінеі
і да Венеры Мілоскай!

Інтэррэальны
безабаронны
мегафеномен
неафіцыйна
і безпрынцыпна
ведае,
любіць,
творыць!


* * *

Яшчэ табе
сябе не абяцала,
але ўжо не магу
забараніць...
Мне сэрца
джала вострае працяла,
а на душы
бязьлітасна імжыць.


* * *

У стане суцэльнай страты,
дзе мне не належыць розум,
дзе сэрца цалуе краты,
а вусны каўтаюць сьлёзы,
у вэрхале творчай сечы
сярод гарадское цішы —
я вам прызначаю стрэчу,
дзе трэці, вядома, лішні.


* * *

Шкло... лопаецца ад гуку,
ці хутчэй – ад спуду
праз пудовую поўню:
у мяне агіда да sex’у
хістаньні апоўначы
і хібы ў спакушэньні
sex і грэх
sex і стрэс
sex і агрэст
салодкі і гідкі,
ён мой гід па разьбітым шкле,
што ня вытрымала велізарнай плошчы
майго абурэньня «Не-е-е!»
Агрэст рассыпаны
на скрыліках вострых агеньчыкаў...
Хочацца есьці.