12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ларыса Раманава

_____________________
І робяцца словы завязьзю...
Вершы


Пры сьвятле сонца

Сьцякуць усе воды,
сьцякуць у вырай…
(вышываны надпіс на рушніку)

— Якім ты ёсьць?
— Якім ты быў?
— Якім ты будзеш заўтра? — пытаюцца
колцы калодзежа.

Вядро — у невараць — катвігай,
вада гайдаецца пад днішчам.
Углядваюся ў каламуць вады.

— Ёсьць празорцы – празорлівыя людзі, —
падыходзіць суседка Мар’ічка. — Пры сьвятле сонца
яны змогуць убачыць адбіткі зорак у калодзежы…

Вусьцішна вядру на дне.
Я доўга распазнаю свой цень там,
у глыбіні, — адлюстраваньне цела, а, можа,
і самой душы:
што пакладзеш – ня возьмеш і ня ўбачыш…

Аднаго разу з калодзежа неспадзявана
дасталі некалькі жывых рыбін, паклалі
на зямлю. На вачах ва ўсіх яны імгненна
расталі, зьніклі, нібы іх і не было.
30.12.2007 г.

Голас

Васілю Гадульку
У зялёным, зялёным уборы
выйшла ноч на падворак сонны,
ціха Месяц ступіў праз весьнічкі,
разбудзіў усё навакольле.

Карані, пялёсткі і травы
карагоды водзяць у садзе,
льдом халодным – начной расою
абпякаюць сабе падэшвы.

Ах, той голас ляціць над садам! –
так Арфей заве Эўрыдыку,
і робяцца словы завязьзю
тых пладоў, што яшчэ не сасьпелі:

—… Любоў сваю
аддай жывым і мёртвым…
Хоць галасы, абліччы іх
даўно ўжо сьцёртыя
на плітах, у памяці людской –
ды ўсё ж для зроку перашкод няма, —
яны глядзяць на нас
з вышынь нябеснага жытла
і побач узрастаюць
запаветным словам.
2005 г.

* * *

Таемны ўзор стварае Гасподзь –
Зьвязвае ў адно два сэрцы.
Ў лагодзе гэтай расьце Сусьвет
пад гукі адзінага skerco.

Не пытайся, адкуль яно ёсьць –
ціхае замілаваньне.
На ім трымаецца зямная вось –
Каханьне, каханьне, каханьне…
21.04. 2005 г.

* * *

Хочацца плакаць ад вершаў,
ад простых, знаёмых словаў,
першасных, самых першых,
што раптам зьявіліся сёньня.

Ўсё проста і мудра ў сьвеце!
Ці бачыш – такое сьвята:
дзень не праходзіць дарэмна,
калі ён запоўнены верай…


* * *

Анатолю Сысу
Мая душа каля тваёй цьвіце, —
так ветрык раскалыхвае расу на жыце,
ганяе хвалямі дзівосны перазвон, —
мілей за ўсё на сьвеце ён!
20.05.2004 г.

Паэзія
(хайку)

Ляцяць і ляцяць
мятлушкі на агонь да
Маці Марыі.

Ноччу ля труны
з целам маці Сыса
чытаю Псалтыр.

Ці чуюць яны
адзін аднаго – Давід
і Марыя?

А раніцаю –
сініца каля вакна
са сваёй песьняй.
3.10.2002 г.