12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сьвятлана Раманава

_____________________
Дзень пачынаю малітвай.
Вершы


Крылы

Чую крылы
вялікія моцныя белыя
чую біцьцё іх
бы хваляў магутных
бяскрайняга сьветлага мора
яны з нецярпеньнем чакаюць палёту
вочы птушак глядзяць на мяне
і чаруюць і вабяць і клічуць
то вочы анёлаў і Бога
і мне так хочацца з імі…
лячу
зямля зьнікае ў аблоках

Маці

Час распісаўся на твары тваім
барознамі дзён,
на косах – белай кудзеляй
за шчасьце дзяцей,
на сэрцы – шнарам глыбокім,
а вочы адно – маладзеюць!
Дыханьнем цябе абдыму,
душой захіну ад бедаў…
Матулечка, родная, не сумуй,
хутка прыеду.


О!

Ахвярую Ларысе Раманавай
Зараз такая ціхая восень,
Як дваццаць год назад:
Мяккай бяззорнай ноччу
Ціха зьвіняць кроплі дажджу
Па пругкім азяблым лісьці.
На душы самота і замілаваньне
Гэтай начной нематой,
Ад якой немагчыма схавацца.
…Тады мы былі дзецьмі,
І ўсё яшчэ было наперадзе.
Цяпер мы пасталелі,
Ды ўсё яшчэ наперадзе,
Хоць нешта і збылося…
Падрасьлі нашы дзеці і вершы,
Аздабляюцца душы малітвай.
Куды павядуць нас далей
“Птушкі і рыбы” і сонцы?
Дочак шляхі-пуцявіны?
Сэрцаў людскіх неспазнанасьць?
О, сэрца Айчыны і маці,
О, поля жытнёвага хвалі,
О, луга бацькоўскага краскі,
О, вершы – сустрэчы-дарогі.
О, вочы любімага сына!
О, вусны любімай дачушкі!
О!..


Час вогненнай гліны

Ахвярую Алене Храмянковай
Кругазварот жыцьця:
Час вогненнай гліны і міг спакою.
Кажу: “Час гарыць”,
Адказваюць: “Што згарыць –
не згніе і ня ўтоне”.
Вір жыцьця –
лесьвіца з прыступкамі ўніз і ўверх.
Хочаш – выбірай цемру,
а лепей – Неба…
Дай руку мне, ласкавы верш,
Мой сябра верны, хлеб мой.
Каб выплыць з вогненнай плыні,
Каб з мяккай падатлівай гліны
стаць перстам, апосталам, ружай,
каханай, прыўкраснай, дужай.
Ад сэрца ключы ці ад лёсу?
Вось клён: ці пяе, ці галосіць?
Па вулках анёлак вандруе.
Хто мары яго працытуе?
Час вогненнай гліны бясконцы –
да волі, да мары, да сонца.


Наканаваньне

Пах зямлі удыхаю абуджанай,
Выдыхаю: “Жыві!” – гэтак суджана

і табе, травінка,
і табе, дрэўца,
і табе, птушачка,
і табе, пчолка ў вульлі,
і табе, чалавек, божая душачка.

Марыць аб раі, прытулку сардэчным,
з году ў год, і сёньня, і вечна

і табе, травінка,
і табе, дрэўца,
і табе, птушачка,
і табе, рыбка ў віры,
і табе, чалавек, божая душачка.

Мара

Амаль губляючы сьвядомасьць,
нам марыць, марыць аб свабодзе,
свой край і годнасьць бараніць,
тварыць як дыхаць, сьніць як жыць…

Ля мовы роднай сэрцам грэцца,
мы – аднадумцы, аднаверцы.
І мару дзецям перадаць,
як спадчыну, як кроў, як рай.


Ля помніка

Хрызантэмы жывыя ў глыбокую восень
ля помніка Янку Купалу.
Ён вечна край свой бароніць…
Думкай высока ўзьлятае
сэрца маё.


Дзень пачынаю малітвай

На золку
мяне будзіць пчала
дзыньканьнем па шкле,
заляцела ў адкрытую фортку,
прагне на волю,
дарэмна крыльцамі б’е…
Устаю, выпускаю стварэньне
(мо і мяне нехта выпусьціць
у сьвет белы
з лабірынтаў пытаньняў?)
Дзень пачынаю
малітвай,
прашу цішы і спраў завяршэньня,
каб рушыць дарогай новай
насустрач новым
зьдзяйсьненьням.