12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Разанаў

_____________________
Пункціры.

*
Звон зазваніў:
прастора
займела цэнтр.

*
«Цяпер і падужацца можам!..»
На вецер скінуў
аздобу сваю
дзьмухавец.

*
Сьпякота.
Хаваецца цень
у дрэва.

*
Пачакай, не зьнікай,
белая аблачынка:
мы зноў
сустрэцца ня зможам.

*
Круціць на рынку
катрынку васпан:
разглядаюць
наўкольле гукі.

*
Галоўнае — не выстаўляцца!..
Між шпал
разлапушыўся трыпутнік.

*
Апоўдні.
Высокімі галасамі
выкрываюцца на рынку
кошты спаржы.

*
Пад каланадай нязграбна
дзяцюк прымярае шапку
з блішчастай кукардай.
«Пасуе», —
ківае крамнік.

*
Павеяла прахалодаю:
шле
рака прывітаньне.

*
Коціцца і бразгоча
па бруку бляшанка:
вясткуе буру?!.

*
Парожнія сумкі:
шпарка
едзе на ровары
паштавік.

*
Нават старая сасна
падала свой голас:
музыка-дзяцел.

*
Узьняў ганарліва
свае шышакі:
глядзіце —
і ён з ураджаем!..
Лопух.

*
Глянула —
і са мною
схавалася ад мяне
яшчарка ў схову.
Бязлюдны хутар.

*
Наставілі вушкі
за шклом вітрыны
файныя кубачкі:
мо хто возьме?!.

*
Удвух абдымаем
вячысты дуб,
трэцяга не хапае:
каго паклікаць?!.

*
Сонца зірнула —
і ў скрынцы
вулічнага прадаўца
зазалацелі пярсьцёнкі.

*
Дождж:
возера
ў акупунктуры.

*
Бліскае.
Едзе гром
па вогненых рэйках.

*
Перамаўляюцца цераз дарогу
дзьве маладзіцы:
машыны
з размовы выхопліваюць кавалкі.

*
Дажджыцца.
У каласах
зярняты — сьлязіны.

*
Давай паплывем!..
Рака
падмывае бераг.

*
Сонца заходзіць.
Куды-куды
над зжатым палеткам
сьпяшаешся, матылёк?!.
*
Куча пяску:
расьце
углыб і ўгару паверхня.

*
«А вось яшчэ што!..»
Нанова
ўсчынае размову
асеньні дождж.

*
Возера.
У адлюстраваньне
падае ліст.

*
«Дзе мае плёны?»
Точыцца скрозь
у шчыліны восень.

*
Ну хоць бы хто зачапіў!..
Ля сьцежкі
шыпшына ў шыпшынінах
перасьпелых.

*
Дол у жалезе,
у срэбры трава:
навіна
ўсялілася ў навакольле.

*
Дзе яны, ўсклікі?!.
Ляцяць
пад небам сьцямнелым
гусі.

*
Хапаецца за каменьне
бурлівы ручай:
няўжо
я ўжо дабег да мора?!.
*
Лісьцё ападае.
Лес
падаецца ў вырай.

*
Кідаю ў кантэйнеры
слоікі і бутэлькі:
то белы дасьць звон,
то зялёны...

*
Цямнее:
пара
запальваць ліхтары.
Цяжчэе:
пара ўсьміхацца.

*
Нехта павінен прыйсьці?!.
За ноч
аздобіла сьцежку шэрань.

*
Махае за плотам
лістотаю бэз:
адчапіся, сьцюжа!..

*
Ну хто яшчэ здолее так?!.
Па вадзе
бяжыць і сабой ганарыцца
качка.

*
Куды вы?!.
Плывуць аблачыны:
над голым гаем
бухматыя шаты.

*
Выпхнуліся на сушу
і ў сон
уклаліся ніцма:
лодкі.
*
У сьнежным бязьмежжы:
прагалы —
людзі.

*
Шчэміцца ўсьлед за мною
у кірху кляновы ліст:
на вуліцы нецікава.

*
Сьцежкі разсьлізгваюцца:
ідзе
зіма ў адпачынак.

*
Кропка і штрых:
іглічка
трымае кроплю.

*
I гэта ня тое,
і тое ня гэта:
з вядра
выкідвае сьмецьце варона.

*
З дахаў пазьвешваліся ледзяшы:
трохі яшчэ —
і дацягнецеся да долу.

*
I першы промень табе,
і апошні:
мясцовая кірха.

*
Ходзіць і працінае
сваёю дзідай
шматкі каляровыя
і бляшанкі:
сьмяцяр-ваяр.

*
I гэта работа!..
Цалюткі дзень
стаіць манекен каля крамы:
ў кішэнях рукі.

*
Спазьняешся?!.
Без дарогі
сьпяшаецца некуды
леташні ліст.

*
Зацьвіў —
і зрабіўся
усім знаёмы:
бэзавы куст.

*
Між высьветленых вітрын
дзьве негрыцянкі ўзьнёсла
нясуць сваю прыгажосьць.

*
Імклівыя уверцюры!..
Па мосьце
праносяцца цягнікі.

*
Дождж усчынаецца.
Гладзіць матуля
дзіцёнка па галаве.

*
Дорыцца гэтаму і таму
сонечны зайчык:
дзяўчаткі
на школьным ганку.

*
Людна.
Прымерваю на сабе
шматлікія постаці і абліччы.

*
Піша нястомна
ссохлая чараціна
ў паветры свае пісьмёны:
зялёным у павучаньне?!.

*
Які маляўнічы водгук!..
Сасна
на ўзбураным узьбярэжжы.

*
Лёткія ластаўкі:
з гукам гук
зьвязваецца ў ізаглосы.

*
Вясельле ў завулку.
У грыву каню
ўплятаюць дзяўчаты стужку.

*
«Так доўга цябе не было!..»
Сьцяблінка
выжальваецца лістку.

*
Парушаны мур.
Упарта
трымаюцца камяні
за даўнюю веліч.

*
Полымем,
дымам
і попелам,
як і раней,
яднаюцца дуб і бяроза.
Дома.

*
Бліскучае шво!..
Зіхаціць
у хмарах маланка.