12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Разанаў

_____________________
Воплескі даланёю адною. Пункціры

* * *
Да самага воблака ўзьняўся
грудок,
а траве ахвота
яшчэ вышэй.

* * *
Варона закаркала,
дрозд засьвісьцеў:
с в а е
у горадзе незнаёмым.

* * *
Ці высакосны, ці просты
што мае
люты на ўме?
Зазірае
у шчыліну месяца сакавік.

* * *
Нататнік змакрэў
набраўся
уражаньняў ад дажджу.

* * *
Давай пакатаемся!..
Грак
атабарыўся на таксоўцы.

* * *
Зазелянела вярба:
з азяра
цягнецца качка
на пацалунак.

* * *
Нікога,
а ў кірсе
іграе арган:
я н е х т а?!.

* * *
У столькі прыгод
уваходзіць
у горад дождж.

* * *
Вясна на дварэ:
абмінаю
адтуліны ў падзямлю.

* * *
Між сказаным і нявыказаным
працяжнік:
з вакзала
вырушваецца цягнік.

* * *
Што абяцаеццабудзе!..
У грудзі
бе сябе гром,
жагнаецца бліскавіца.

* * *
Гай зелянее:
у словы
просіцца верш.

* * *
У лужынах
дождж
выроўнівае дарогу.

* * *
Можа, спаткаемся недзе?!.
Кладу
кашулю і швэдру ў кантэйнер:
можа...

* * *
Мяняемся сонцамі!..
Маладую
ўгаворвае леташняя трава.

* * *
Пацэліла ў самую кропку!..
З вярбы
сарвалася кропля:
кругі на лужы.

* * *
Цепліцца сьвечка:
сьпяць
з усьмешкай цюльпаны.

* * *
Спыняецца і адязджае
цягнік:
тойсамы
усюды дождж.

* * *
Ад незнаёмкі:
абходжу Брэмен
з ружаю на грудзях.

* * *
Зьбіраюцца хмары:
будуе гром
нанава горад.

* * *
Без сёньня:
бяссоньне
глядзіць у ноч.

* * *
Тут плавала,
там шкандыбала
качка
ляціць па-над берагам
і па-над ракой.

* * *
Шматкропе і клічнік:
паклікаў
маланку дождж.

* * *
Рака адступаецца:
сквар
дол латае і цыруе.

* * *
Любіш мяне?!.” —
Дзядоўнік
скубе каза
і ківае.

* * *
Люляецца
выхваляецца
лодка прад берагам,
што плыве.

* * *
Ну хто што паклаў тут?
Сабака
абнюхвае шапку
у жабрака.

* * *
Туды і сюды:
над затокай
гушкаюць ластаўкі вышыню.

* * *
Убачыў на ходніку грош,
дакінуў другі:
ў набытак.

* * *
Штось выпільноўвае?!.
Заплыла
пляміна ў лужу.

* * *
Рэха-басяк:
сабака
латае брэхам плот.

* * *
Заварушыліся дрэвы:
далечыню
вядзе навальніца.

* * *
Паклалася вулачка
ручніком,
а камяні пірагамі:
хадзе дарунак.

* * *
І тут пабудзе,
і там
дзяўчына:
позіркіматылькі.

* * *
Пянее:
вада
падае вадаспадам.

* * *
Лета
З кашулі
зьдзьмухваю мураша
у лета.

* * *
І я з ёю быў!..
Іду
сьлядамі ўчорашняе навальніцы.


***
Голасружанец:
па пацерках раздае
качка-крыжанка
сажалку качанятам.

* * *
Што думаютое кажу!..”
Зіхаціць
хмара маланкай.

* * *
З сумкай у левай,
з пакетам у правай
вядзе
з рынку спадарыня раўнавагу.

* * *
Смутак адсоўваецца:
з акна
ссоўваю занавеску.

* * *
Па самае горла:
ўвайшлі ў раку
гарлачыкі і чалавекі.

* * *
Удзень авадні,
увечары камары,
а конь
пасьвіцца: лета.

* * *
Круціцца кола:
вяслуе
ў пачатак млын.

* * *
Гуляюць у карты
ў карчме дзецюкі:
на плячах
тузамі татуіроўкі.

* * *
Нешта яшчэ недазьдзейсьніў?!.
На неба
вяртаецца маладзік.

* * *
Вогнішча:
цемра
частуецца лустамі
сьветлыні.

* * *
Падаю
падаю
руку то сасьне,
то дубу.

* * *
Абрынулася яліна:
галінам
у смутак,
карэньню ў жах.

* * *
Здаюцца бутэлькі.
Дождж
пытаецца ў кожнага:
Хто апошні?..”

* * *
Вартуе вароты трава:
у бязьлюддзя
знаёмы твар.

* * *
Вулачка блытаецца
у даўніне:
шурпаты
у дрэва дотык.

* * *
у яблыках:
гром
прад яблыняй падае
на калені.

* * *
Укінуў кашулю ў раку:
цяпер
адступішся, сьпёка?!.

* * *
Смагамагніт:
вярбіны
хіляцца да ракі.

* * *
Юрта на ўсіх
і на кожнага:
сонца
атабарылася на зямлі.

* * *
Услалася сьцежка
саломаю:
сьмела
кладзіся, дождж!..

* * *
У полі імжа:
разгарнуўся
кветкай на быльніку
матылёк.

* * *
Цягнік аддаляецца:
ростань
займела голас,
абліччадалечыня.

* * *
З саломінаю:
нясу
ў руцэ падарунак ветру.

* * *
Вагаецца вецьце
за вокнамі і адтуль
тлумачыць,
што т у т утульна.

* * *
Воплескі даланёю
адною:
лунае
кляновы ліст над зямлёй.

* * *
Сонца згарае
пара:
вымаўляе
гара малітву.

* * *
Восень:
глыбее
позірк у азяра.

* * *
Парадкуюцца:
бяруць
вечар вароны
нанач.

* * *
Складае карціну?
Скідае
у возера клён лісты.

* * *
Вечар журлівіцца:
жураўлі
ляцяць у чырвоныя далячыні.

* * *
Цёмная плынь:
спыніўся
з кілімамі залатымі
на двух берагах
лістапад.

* * *
Эліта:
лістота
ляціцьзастаецца
налета лес.

* * *
У шэрані:
увабраўся
у княскія строі хмыз.

* * *
Падае сьнег.
Даганяе
дзяўчына хлапца:
дагнала!..

* * *
Трэцца
рука аб руку:
так трэба, —
запэўнівае мароз.

* * *
Ім абы ўпарціцца!.. —
Абураецца вецер,
вароты рыпяць.

* * *
Цьвіці!..
Абняла
яблыню завіруха.

* * *
Усюды наведаўся:
ветах
вандруе ўнаадварот.

* * *
Мае сябесьпявае
ручай,
а сумёт нямы.

* * *
Словы аціхлі:
у немату
стукае сэрца.

* * *
З нагі на нагу:
дамоў
вяртаецца вечар.