12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Золата забытых магілаў.
Паралельны раман

12.
Захад палымнеў, нібыта зямля адмаўлялася больш усмоктваць пралітую кроў і аддавала яе небу.
Цела было адным вялікім сэрцам, якое білася болем. Нешта халоднае, чужое сьлізганула пад кашулю… Дотык быў такі гідкі, што крывавы туман распаўся на асобныя хмаркі, і вар’яцкая пульсацыя суцішылася. Вінцэсь варухнуў непаслухмянай рукой. Жывы! І, яшчэ да канца не апрытомнеўшы, схапіўся за тое, што варушылася на грудзях… Нечая рука… Скрозь чырвань Вінцэсь убачыў перакрыўлены спалохам твар. Потым мільганула нешта бліскучае… Натрэніраванае цела воя спрацавала амаль механічна, і вось незнаёмец ужо сам ляжыць, прыціснуты сьмерцю да ральлі, і сталь цалуе яго сэрца.
Як лёгка ён стаў забіваць…
Вінцэсь бясьсіла апусьціўся побач, памацаў сваю галаву, што ўсё яшчэ пульсавала болем – нічога страшнага, рана неглыбокая, проста быў аглушаны. Але што хацеў ад яго няўдалы забойца? Не падобны да жаўнера. Вінцэсь нахіліўся над забітым і скалануўся ад агіды: на нямытай шыі ў таго вісела ўжо са дваццаць нацельных крыжоў, залатых, срэбных, з каштоўнымі камянямі і са старажытнай эмальлю, з часьцінкамі сьвятых сакрамэнтаў… Марадзёр!
Вінцэсь пакратаў свой крыж: на месцы, мярзотнік не пасьпеў яго зьняць. Затое забраў залаты гадзіньнік-брэгет, падарунак бацькі. Хлопец, пера­адольваючы грэблівасьць, вывернуў кішэні грабежніка. Потым старанна абцёр знойдзены гадзіньнік крысом чамаркі, паўстанцкай шэрай сьвіткі, нібыта спадзяваўся адцерці нячысты дотык… І толькі цяпер, калі туман канчаткова расьсеяўся, змог агледзецца вакол. У траве — белыя мундзіры ворагаў, заплямленыя чырвоным… Гэтым жа чырвоным пазначаныя шэрыя сьвіткі і мундзіры паўстанцаў.
Чым гэтыя людзі адрозьніваюцца цяпер? Толькі вопраткай…
Як іх многа… Нібыта спраўдзіўся колішні страшны відзеж.
Вінцэсь хутчэй адчуў, чым пачуў, тупат капытоў. Усё яшчэ нязграбна рухаючыся, спрабуючы атрэсьці з сябе рэшткі туману, адшукаў шаблю, рэвальвер…
— Пан Вінцэ-эсь!
Струменьчыкі крыві сьцякалі па ілбе, перашкаджаючы глядзець. Здаецца, голас Марка?
Вершнік ужо саскочыў з каня і абдымаў Вінцэся.
— Як я рады, што Вы жывыя! А ў нас усе пэўныя, што вас забілі. Хадземце, там Вальжына і дзяўчаты. Вас перавяжуць…
На полі бойкі рухаліся постаці. Людзі з Вінцэсевага атраду ніколі ня кідалі сваіх параненых і забітых. Вярнуліся і цяпер. На гэты раз удалося пагнаць ворага – але далейшая пагоня была б згубай.
— Колькі мы страцілі?
Марка памаўчаў, потым выціснуў:
—Пятнаццаць… І столькі ж паранена.
Гэта значыць, кожны трэці…Так, далёка тыя часы, калі яны ірваліся ў бітву з усьмешкай на вуснах. Сёньня, хутчэй, са сьцятымі сківіцамі. Бойка пад Мілавідамі нібыта завяршылася ўдала… Але ваенная перамога — кабета капрызьлівая, і скарыстацца з яе прыхільнасьці могуць нямногія, багатыя лёсам. І цяпер пераможцы хаваюцца па лясах, як зацкаваныя ваўкі, і іх усё меней і меней.
— Пан Вінцэсь! Трэба сыходзіць — можа зьявіцца новы атрад карнікаў.
— Чакай… Ты ведаеш гэтага? – Вінцэсь ткнуў нагой цела марадзёра. Марка прыгледзеўся.
— Новы ў нас чалавек. Нібыта бачыў яго з Мартынавымі воямі.
Вінцэсь дасадліва ўздыхнуў. Прыкра… Мартын вельмі бярэ да сэрца такія выпадкі. А апошнім часам давялося далучаць да парадзелых атрадаў самых сумнеўных асобаў.
— Давядзецца сказаць Ваўкалаку… Гэты чалавек рабаваў забітых.
— Не атрымаецца сказаць, — Марка хаваў вочы. — Схапілі Ваўкалака. І пана Рагманава таксама. Янук Вараўня забіты…
— Як жа вы дапусьцілі? – схаладнеў Вінцэсь.
— Ня тут… На дарозе ў Гарнушкі. Атрад самааховы. Мартын не хацеў страляць.
Гэта сапраўды была жахлівая вестка. Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасьць сродкаў. Што такое катаваньні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаваньне для аднаго са сваіх бясконца вырастаючых прагных шчупальцаў?
Але найбольшая подласьць была — стварэньне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны “бараніліся” – змагаліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэй за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца — узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасьць магла стаць іхняй…
Вінцэсь ведаў пра выпадкі, калі сяляне даносілі на сваіх уладальнікаў, якія ня мелі дачыненьня да паўстаньня.
Край гарэў у агні, але гэты агонь выпальваў толькі шаты.
…Каля Ёселевай карчмы, апошняга прытулку інсургентаў, расьлі ліпы і клёны, сьветлыя, прыветныя дрэвы. Нікому не патрэбная карчма ля памерлай дарогі – бо дарогі паміраюць гэтак жа, як і людзі. Вінцэсь працягнуў руку праз расчыненае вакно і павітаўся з маладым клёнам, патрымаўшыся за зялёны прахалодны ліст-даланю.
— Распачынаць сутычку ў горадзе, сярод варожага натоўпу, у прысутнасьці тысячы жаўнераў? Вар’яцтва! – гэта ўмяшаўся ў спрэчку, якая вялася ад раніцы, Юзаф.
Вінцэсь адвярнуўся ад вакна. Юзаф узрушана хадзіў па пакоі, яшчэ нядаўна застаўленым важкімі дубовымі сталамі ды лавамі. На сьценах за­хаваліся галандскія парцалянавыя талеркі з сінім малюнкам па белым – паважныя матроны ў вялізных каптурах, з горамі пірагоў, падобных да падушак, на сподах; барадатыя мужчыны ў паласатых панчохах і драўляных чаравіках, з нязьменнымі трубкамі ў зубах і куфлямі піва… Як гэты сіня-белы сьвет не стасаваўся з ружжамі, састаўленымі ў куце ля каміну!
Вінцэсь ведаў, што за дзьвярыма чакаюць рашэньня людзі з Брацтва Ваўка. Іх заставалася занадта мала, таму яны і чакалі.
— І ўсё-ткі я пайду з імі, – Рашчынскі быў рашучы. – Мартын заслугоўвае, каб дзеля яго рызыкавалі. Як і іншыя, асуджаныя на страту.
— Ты зноў зьмешваеш асабістае і агульнае, — ваяводскі камісар Кастусь быў ледзь ня ў гневе. — І Мартын – калі б захацеў, мог бы адбіцца. Чаму ня стаў страляць у нягоднікаў?
— Сяляне не вінаватыя, іх падманулі, — ціха прагаварыў Вінцэсь.
— Падманулі! Гэтак усё можна апраўдаць, — нярвова рухаўся па пакоі Кастусь. – Ты ж чуў мой “Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай”? “Міліцыі і каравулаў па сёлах каб ніякіх нідзе не было, бо калі зловяць каго ў каравуле або ў міліцыі, то калі не цяпер, то пазьней без агаворкі павесяць.”
— Запозна было выдаваць такія загады,— горка сказаў Вінцэсь. – Мы і так у іх вачах – ворагі…
— Прынамсі, ты ведаеш, што ня я прычынай таго, што мужыкі не зацікаўленыя ў паўстаньні, — у голасе Кастуся Вінцэсю пачулася нязвыклая стома. – Ды што было ўзяць з нашых кіраўнікоў, “белага жонду”, якім больш за чужаземнае ўладараньне рупіць боязь страціць рабоў або тую зямлю, якая і так ім не належыць.
— Беларусь – спрадвечная Польшча,— з крыўдай заўважыў Юзаф, зразумеўшы, куды ляціць камень.
— Пачытай пра гэта ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, напісаным на нашай мове. Сядзім на адной патэльні, ды яшчэ высьвятляем, пад каго алею больш налілі. Дурні… — Кастусёў нярвовы твар ажно тузануўся ад гневу. — Ведаеш, адкуль пайшло вызначэньне “белыя” для прыхільнікаў арыстакратыі? Падчас французскай рэвалюцыі перасталі насіць парыкі. Бо іх належала пасыпаць мукой, а дэмакраты ўважалі гэта за грэх, калі ў людзей няма хлеба. Ну а ворагі рэвалюцыі дэманстратыўна ўпрыгожвалі сябе напудранымі штучнымі каўтунамі. Вось і нашы… Лепей галаву мукой пасыплюць, чым мужыку галоднаму аддадуць.
Камісар уздзеў на каротка стрыжаныя валасы лёгкую ваўняную магерку.
— Ня будзем рэзаць і вешаць ворагаў і здрайцаў мы – павесяць нас.
— Справядлівасьць не прыплывае рэкамі крыві! – выкрыкнуў Юзаф.
— Справядлівасьць? – ноздры Кастуся трапяталі, твар пайшоў чырвонымі плямамі. Вінцэсь нават спалохаўся, што з камісарам надарыцца чарговы нярвовы прыступ. — Вось ты шчыры вернік, Юзаф… Тыдзень таму ў Вільні загадалі сьвяткаваць дзень нараджэньня рускай царыцы і ва ўсіх касьцёлах правесьці імшу за цара. А хто з касьцёлу выходзіў – штраф дзесяць рублёў срэбрам. І служылі, і слухалі… А ўвечары па загадзе ілюмінавалі кожны дом, кожную кватэру… Асабліва сачылі, каб у сьвяточных агнях былі дамы сем’яў павешаных ды зьняволеных інсургентаў. Як, на тваю думку, што горш – шыбеніцы або такое сьвята? Як на маю думку – дык ня варта нам мігдалы разводзіць. Як яны з намі – так і мы з імі! Ну, добра… Паеду ў лагер Кабылінскага. Удачы!
А потым, калі ўсё было вырашана, маленькі калматы Хатнік, якога былыя гаспадары карчмы забыліся вывезьці з сабой, паклаўшы пад печку лапаць, пачаў асьцярожлівы абыход сваіх уладаньняў. Насьмецілі незнаёмцы, нашумелі – шум Хатнік бачыў таксама ў выглядзе сьмецьця, неахайнага, раскіданага па падлозе, сьценах, столі, як густое павуціньне… Злосьць, боль, нянавісьць – усяго было ў тым сьмецьці. Вось, зноў балбочуць! Схаваліся ўдвох у прыцемку залы… Хатнік ператварыўся ў маленькую шэрую павуцінку пад самай стольлю. Але ў словах гэтых людзей не было нянавісьці – толькі стома і боль.
— Я разумею – вайна… Але ці можна пагадзіцца з заклікамі Кастуся нікога не шкадаваць? Я – дрэнны жаўнер, так, але ці чуў ты, Вінцэсь, плёткі пра атрад Міладоўскага?
— Думаю, Юзаф, пра нас усіх расказваецца шмат крывавых і брудных гісторыяў…
— Не, я ведаю ад чалавека, вартага даверу. Прыйшлі прасіцца ў атрад некалькі маладых хлопцаў. І Кастусь, каб “загартаваць” іх у справе, даручыў ім павесіць селяніна і яго малога сынка. Добра хоць, малому ўдалося ўцячы…
— Ня веру.
Суразмоўцы памаўчалі. Павуцінка ў куце калыхнулася ад пакуты, што трапятала ў іх думках.
— Ты расчараваўся ў нашай справе, Юзаф?
— Я пайду з вамі да канца.
Пакой апусьцеў, і Хатнік змог прадоўжыць сваё падарожжа… І калі б ён мог адчуваць, як чалавек, было б яму вельмі сумна. Старэе будынак, мышы зладзілі ў сьценах цэлы горад, і ніхто не прынёс сюды котку…
А ўвечары ўсхваляваны Стась Людвісар папрасіў Вінцэся ад’ехацца да капліцы, што стаяла на скрыжаваньні. І залатавалосая фея, захутаная ў зялёны плашч, зазірала ў вочы мужчыны, нібыта ў вочы свайго лёсу.
— Бацька адсылае мяне за мяжу, у Швейцарыю. Я сказала, што адна не паеду. І ён дастаў для мяне яшчэ два пашпарты. Адзін – для Станіслава. Другі – для чалавека, які стане маім мужам. Я хачу, каб гэта былі вы. На жаль, па-іншаму не атрымаецца вас вывезьці.
Станіслаў, сьведка гаворкі, вымавіў толькі адно:
— Я – з Вінцэсем. Як ён вырашыць.
І Вінцэсь хаваў свой погляд і ня ведаў, як адказаць, каб не абразіць. І нязьменная мадам Лецьен пагардліва падціскала вусны, відаць, лічачы яго нягоднікам.
А Хрысьціна з усіх сілаў намагалася гаварыць так, каб не гучала просьбай, каб ня страціць вясёлага тону – і ад гэтага было яе невымоўна шкада, бо голас зрываўся ад пакуты.
— Паўстаньне хутка задушаць. Вы ня можаце гэтага не ўсьведамляць. Бацька добра ў такіх справах разьбіраецца. А ён адмовіўся надалей даваць вам грошы. Значыць, упэўнены, што – параза. Лепей часова адступіць, каб пасьля пачаць усё наноў! Я ніколі ня стану вам перашкодай у вашым змаганьні! Мы можам абвянчацца сёньня ж у Наўеўскім касьцёле. Падумайце, якая рамантычная гісторыя! Проста як у кніжцы.
Хрысьціна цераз сілу засьмяялася, і Вінцэсь са шкадобай пацалаваў яе дрыжачую руку. Са шкадобай – а яна ж прасіла ня гэтага пачуцьця! Ну чаму, чаму ён павінен слугаваць сэрцам і душою іншай, з вялікімі цёмнымі вачыма і строгімі вуснамі, якая ніколі ня будзе ягонай! Чаму пры адным успаміне пра яе спыняецца сэрца, пры думцы, што яна сядзіць дзесьці каля вакна і ўжо сьлёз ня мае, каб плакаць – па бацьку і па тым, іншым, што заслужыў яе каханьне?
Ды хіба бывае каханьне без надзеі, бяз літасьці?
Бывае… І ў яго, і ў беднай Хрысьціны, прыгожай, разумнай, багатай і добрай…
Мадам Лецьен, сыходзячы за прыгнечанай выхаванкай, прамовіла:
— Месье, я павінна сказаць. Я перажыла рэвалюцыю, і муж мой загінуў на гільяціне. І я бачыла многіх падобных да вас натхнёных юнакоў, і бачыла, як каціліся іх галовы ў кошыкі. Ці вы думаеце, што яны, тыя юнакі, былі менш за вас вартыя шчасьця і перамогі? Сёньня вы зрабілі найвялікшае глупства ў сваім жыцьці, юнача. І вы, месье Станіслаў, таксама.
Што лепш – гільяціна або шыбеніца, “мураўёўскі гальштук”?
Пытаньне, вартае блазенскага тэатру.
...Шыбеніцы ўсталявалі на Саборнай плошчы. У гэты час не разважалі пра тое, ці добра караць сьмерцю перад храмамі. Галоўнае – застрашыць найбольш народу. Загадана было ўсім хадзіць глядзець. Самае горкае – пра гэта неаднойчы з прыкрасьцю казаў Юзаф, які асабліва пераймаўся пытаньнямі маралі, — народ зьбіраўся б і без загаду. Проста таму, што на падобныя відовішчы людзі прыходзяць заўсёды. Чалавека цягне глядзець на чужую сьмерць, на чужыя пакуты – нават калі ён спачувае ахвярам. Цяжка пераадолець спакусу адчуць сябе ў бясьпецы на тле нечай пагібелі.
Мяшчукі і жаўнеры, кабеты і дзеці – плошча віравала. Нават купка сьляпых лірнікаў у шэрых сьвітках, з абліччамі, на якіх, як на дне высахлага калодзежа, не адбівалася нічога, стаяла ля эшафоту. Небаракі, відаць, патрапілі сюды выпадкова, зацягнутыя людскім вірам.
Сыпануў барабанны пошчак, і натоўп уздыхнуў нібыта на адны грудзі. На гулкія дошкі першым выйшаў высокі шыракаплечы мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, густа перавітымі сівізной. Нейкая кабета віскнула, пабачыўшы страшнае аблічча асуджанага – глыбокі шнар цягнуўся праз увесь твар. Другі асуджаны выглядаў старэйшым і больш змучаным. Яго вусы, калісьці, відаць, бадзёра скіраваныя ў бакі, бясьсіла абвісьлі, толькі чорныя вочы з-пад сівых брывоў пазіралі цьвёрда і ясна. Прысуд быў вядомы – дзяржаўныя злачынцы… Дваранін Мартын Саколка і дваранін Вакула Рагманаў… Канфіскацыя маёмасьці… Пакараньне цераз павешаньне…
Асуджаныя ня слухалі словы прысуду. Яны, толькі зьявілася магчымасьць, абняліся. Потым высокі, схіліўшы галаву, нібыта папрасіў у старэйшага за нешта прабачэньня. Цікаўнікі, што стаялі бліз эшафоту, прагна ловячы словы і пагляды сьмяротнікаў, улавілі, што гаворка ішла пра нейкую дзяўчыну.
Што адказаў другі, было незразумела, бо да асуджаных падыйшлі жаўнеры і пацягнулі туды, дзе гайдаліся тры вяровачныя пятлі. Людзі на плошчы гадалі, каму дастанецца трэцяя? Няўжо на гэты раз шыбеніцы ня хопіць здабычы?
Калі на памост вывелі трэцяга, пачуўся ці то абураны, ці то расчараваны гуд. Зразумела, чаму прыпазьніліся – гэты трэці, сьветлавалосы доўгі хлопец, быў такі хворы, што сам ня мог ісьці. Яго цягнулі пад рукі двое жаўнераў, і ногі злачынцы, абутыя ў скураныя лапці, нязграбна валакліся па дошках, час ад часу намагаючыся зрабіць крок. А расправа над зацкаваным зьверам нецікавая.
Прысуд быў таксама кароткі. Селяніна Гаўрылу Чарапавіцкага з вёскі Гарнушкі за ўдзел у бунце пакараць сьмерцю праз павешаньне.
Зноў загулі барабаны. Залатыя крыжы на царкве і на касьцёле люстравалі сонечныя промні. А кат узяўся за пятлю…
Сьведкі пасьля па-рознаму апісвалі падзеі. Адны казалі, што ўсё пачалося, калі нехта выстраліў у ката, і той сагнуўся, схапіўшыся за параненую руку. Другія казалі, што бойку распачалі сьляпыя лірнікі, якія раптоўна зрабіліся відушчымі і ўскочылі на памост, спрытна арудуючы сваймі кіямі ў якасьці зброі. Нехта з іх, уцякаючы, на разьвітаньне правыў па ваўчынаму – і пайшлі чуткі, што гэта былі людзі з Брацтва Ваўка, у існаваньне якога мала хто верыў, але ўсе баяліся.
Каму падалося, што наляцела цэлая тысяча інсургентаў, хтосьці казаў пра дзесяць адчайных…
Бунтаўшчыкі разам з вызваленымі паплечнікамі, адстрэльваючыся, адступалі да былога кляштара бернардзінцаў. Некалькі служачых архіву, які месьціўся цяпер у гэтых сьценах, ледзь пасьпелі выскачыць-выпаўзьці на вуліцу, і масіўныя дзьверы, абабітыя бляхай, зробленыя дзьвесьце гадоў таму ў разьліку на аблогу, зачыніліся з глухім грукатам, як вечка труны.
На верхняй пляцоўцы вежы можна было спыніцца. Марка Рагманаў нарэшце абняў бацьку. Вінцэсь зьнясілена апусьціў на падлогу Гаўрылу Чарапавіцкага. Той стаіў стогн, але ўпарта не глядзеў у вочы свайму выратаваўцу. І Вінцэсь ведаў, чаму. Яшчэ падчас уцёкаў, пазнаўшы пана, сьветлавалосы Гаўрыла інстынктыўна ірвануўся ўбок, прэч… Але быў занадта слабы.
— Вінцэсь, яны цягнуць гармату! – пракрычаў ад вакна Стась Людвісар. Вінцэсь не хацеў, каб хлопец ішоў на гэтую сьмяротную авантуру – а Стась упёрся… І так яго занадта берагуць! Пойдзе хоць самавольна…
Відаць, у магнацкага сына, гэтак жа, як у Вінцэся, была непераадольная патрэба ўвесь час даказваць сваю вартасьць сабе самому і іншым. Апошні месяц ён нават абстрыг дагледжаныя пазногці!
Ваўкалак пацёр самлелыя ад вяровак запясьці:
— Дайце штуцэр!
Вінцэсь аднак загадаў:
— Не. Страляць ёсьць каму. Ты з нас самы дужы, нават пасьля вязьні­цы. Дапамагай вызваляць выхад…
На ніжэйшай пляцоўцы чуўся грукат. Калісьці з гэтай вежы можна было перайсьці на іншую лесьвіцу, унізе якой пачынаўся падземны ход, што зьядноўваў мужчынскі і жаночы кляштары бернардзінцаў. Каб не сур’ёзнасьць становішча, можна было б удосталь паразважаць у духу “Дэкамерону”… Але цяпер жыцьцё дзясятка чалавек залежала ад таго, як хутка яны змогуць разабраць мур, якім яшчэ гадоў сто таму быў закладзены ўваход на лесьвіцу. Другі канец ходу, у развалінах былой гаспадарчай пабудовы кляштару, вызвалілі загадзя. А з боку будынку – давялося пакінуць, каб не выклікаць падазрэньняў.
Заставалася спадзявацца, што карнікі ня ведаюць пра таямніцу бернардзінцаў і вераць, што загналі дзёрзкіх нападнікаў у пастку.
Вінцэсь прыцэліўся ў жаўнера, які схіліўся над пагрозным целам гарматы… Стрэл… Трапны. Няўжо ён, Вінцэсь, набыў ужо гэтую паскудную абыякавасьць да чужога жыцьця і сьмерці, якая кідае войска на войска?
Рашчынскі быў добры стралок, пан Вакула Рагманаў – таксама ня з горшых, і жаўнеры да ўваходных дзьвярэй падыходзіць баяліся. Але ўсё роўна ў кляштар вось-вось маглі ўварвацца.
Між камянёў кладкі, на вузкім выступе пад вакном, расла кволенькая бярозка. Але ад яе тонкіх карэньняў, што ніколі не знаходзілі сабе добрага сілкаваньня, у магутным муры распаўзаліся трэшчыны. Марка прагаварыў, перазараджаючы штуцэр:
— Ці ўяўлялі дойліды, што тут стануць служыць падобныя абедні?
— Знайшоў чаму дзівіцца… — горка ўсміхнуўся Вінцэсь. – У гэтым кляштары французы коней ставілі. А як манахаў выганялі яшчэ пры Мікалаі – дык скульптуры проста ў будынку палілі. Кажуць, адна манашка кінулася ў агонь, абняла драўляную выяву Багародзіцы і разам з ёй згарэла. І ўжо расказваюць легенду, нібыта прывід манашкі цяпер тут блукае.
— Цікава, ці будуць расказваць легенды пра нас? – азваўся Стась Людвісар ад суседняга вакна.
— Вядома! Мы ж будзем героямі ў новай вольнай краіне! – аптыміс­тычна заявіў Марка.
— Хлопчыкі!.. — сумна зазначыў пан Вакула. – Рыхтуйцеся да таго, што праз сто гадоў ніхто ня ўспомніць вашага сёньняшняга геройства ў гэтай вежы. Магчыма, і вежы самой ня будзе.
— Ну, вы яшчэ скажыце, што нашыя нашчадкі ў гэтым будынку ўчыняць тэатр ды будуць паказваць аперэткі, — запярэчыў Вінцэсь. —Ня можа ж такога быць, каб тыя, хто будзе жыць пасьля нас, перасталі цаніць сваю волю! Колькі народу за яе загінула, колькі рознага кшталту суворавы бязьвінных тут панішчылі! Не, я не магу паверыць, што гэта забудзецца.
Глухі грукат скалануў вежу. Гарматны стрэл прабіў вароты. Цяпер заставалася адно – уцякаць.
На шчасьце, мур удалося разабраць настолькі, каб мог пралезьці чалавек.
Адзін за адным паўстанцы зьнікалі ў чорным правале, але тупат пагоні падымаўся па вінтавой лесьвіцы. Вінцэсь, Стась, Марка і пан Вакула абрынулі ўніз град з куляў, змусіўшы карнікаў адступіць.
Цяпер павінна ўтварыцца зацішша. Ворагі пэўныя, што ўцекачы нікуды не падзенуцца. Навошта ж рызыкаваць ды лезьці пад кулі?
Рашчынскі заўсёды адступаў апошнім.
На гэты раз атрымалася ня так.
Гаўрыла Чарапавіцкі ўжо зусім зьнясілеў, і Вінцэсь зноў кінуўся дапамагаць яго несьці. Чаму? Ці хацеў, ратуючы забойцу бацькі, пераадолець у сабе нянавісьць, выканаўшы бацькаў запавет? Ці спадзяваўся, што ў гэтым зацятым мужыку прачнецца павага і ўдзячнасьць да ягоных паноў, што ён усьвядоміць, якую чорную справу ўчыніў?
Апошняе, што Вінцэсь бачыў, калі азірнуўся назад – Стася Людвісара, які перагнуўся ўніз, страляючы ў некага… І ўпаў сам, пакаціўся па лесь­віцы, па якой ужо ўзьбягалі ворагі.
А потым, у лесе, пасьля шалёнага намёту коней, пасьля віншаваньняў і горычы ад усьведамленьня стратаў, была Яна… І гарачы шэпат:
— Я ведаю, што вы зрабілі дзеля мяне. Бедны мой хлопчык… Вы трохі спазьніліся нарадзіцца. А Мартын упэўнены, што нарадзіўся зарана… І што рабіць мне? Можа быць, дзесьці вас чакае маладзенькая дзяўчынка, падобная да мяне, прызначаная для вас? Калі б я мела два сэрцы…
У вечаровым прыцемку ён адчуў дотык да свае шчакі яе вуснаў – і захацеў памерці, каб гэта засталося апошнім у памяці.
І з усяе моцы намагаўся вычуць нешта большае за ўдзячнасьць.
І міжволі ўспамінаў Хрысьціну і яе брата, такога даверлівага, чыстага, сьмешнавата-нязграбнага, якому так і ня стаў цалкам давяраць. І ў галаве круціліся страшныя словы – “прынёс у ахвяру”...

13.
— А, дарагі пляменьнічак завітаў! – гарнушкаўскі дзядзька Валянціна, шыракаплечы волат з пшанічнымі вусамі, сьпяшаючыся, адчыніў весьнічкі. – Які гонар для нас, бедных вяскоўцаў!
І магутным ударам у сківіцу адправіў дарагога пляменьнічка на зьдзяўбаную курамі траўку.
— Падлаед няшчасны! Добра, што брат мой, Нічыпар, не дажыў, каб пабачыць, як сынок магілы продкаў рабуе!
Наступны ўдар па пляменьнічку прадухіліў штурман Сымон, маланкава затрымаўшы дзядзькаву руку.
— Спакойна, спакойна… За што вы яго?
— Ды такога забіць мала! – дзядзька сярдзіта тузануўся. – Пусьці... Рукі ў цябе, як абцугі… Гэта ж якое паскудства ўчыніў! – не зважаючы на лаянку абуранай віленскай “уладаркі”, дзядзька зьвярнуўся да Паліны, якая, відаць, з усяе кампаніі выклікала ў яго найбольшы давер. – У мінулым годзе прыслаў гэты… свайго напарніка па фірме. Той дакументы паказаў – пляменьнік ваш, кажа, даручыў могілкі абсьледваць. Можа, каму са сваякоў трэба магілку паднавіць. У сябе яго пасялілі, ды яшчэ трох апойкаў, прынялі, як належыць… Паўсюль павадзілі… А ён з камандай, пакуль людзі ў полі былі, надмагільныя пліты, што з касьцёлу ацалелі, павыцягваў са скляпеньня, загрузіў у фуру ды зьвёз. Ды яшчэ з магілы маці нашай, гэтага нягодніка, Валянціна, бабулі, што расьціла яго, помнік прыхапіў, прыгожую такую пліту чорную. Нараніцу, як пабачылі, не было куды ад сораму падзецца. Табе што, матэрыялу на вашыя вырабы не хапала, каб табе зямля калом стала?
Валянцін, які ўсё яшчэ сядзеў на зямлі, раптам пачаў неяк дзіўна рагатаць. Дзядзька разгублена зірнуў на Сымона і Паліну.
— Можа, я яго замоцна стукнуў?..
Сымон пакруціў галавой.
— Здагадваюся, у чым справа. Думаю, дзядзька, што дарэмна вы свайго пляменьніка вінаваціце…
Ужо ў хаце, за накрытым сталом, дзядзька Міхась няёмка крактануў.
— Ну, ты ўжо прабач мяне, Валік. Але ж і сам вінаваты, што з дзярмом усялякім зьвязваўся.
— Чалавек не нараджаецца дзярмом…— ціха прагаварыў Валянцін, гле­дзячы ў чарку, нібыта ў калодзеж. — Мы ж з дзяцінства сябравалі. Па­­знаёміліся, калі мяне з пятага класу забралі ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат для адораных дзяцей. Валянцін Сьцяпко сеў са мной за адну парту. Таксама сірата, з Вушаччыны… Але вясёлы, дасьціпны.
— Што, і праўда – гэты паскуднік мастак? – змрочна пацікавіўся Сымон.
— Хацеў, ды ня выйшла…— уздыхнуў Валянцін. – Я паступіў у інстытут на скульптуру. А яго нават у вучэльню не прынялі. Перажываў… Падаўся ў наргас, на бухгалтара, як і Дзіна, дарэчы. Яны аднакурсьнікі…
Дзіна незадаволена ўсьміхнулася.
— Што, нерамантычная ў нас прафесія?
— Ну чаго ты? – разгубіўся Валянцін.— Я зусім ня ў крыўду. Вось і Сьцяпко нібыта саромеўся, што ён бухгалтар, а не мастак.
— А чаго тут саромецца? – не ўразумеў дзядзька Міхась.—Самая лепшая праца! У нас калі хто на бухгалтара вывучыцца – ого! Разумнік! Я б сам лепш не заатэхнікам, а бухгалтарам быў. А мастак – цьху… Прыяз­джалі вунь былі ў вёску практыканты з вучэльні. Жыла адна ў нас на кватэры. Блытаецца са сваёй дошкай па палях, сядзе пры дарозе, малюе пад дажджом, прыйдзе, мокрая, як варона… От работа!
А Паліна змагла толькі аднойчы крадма ад спадарожнікаў усьміхнуцца скульптару, якога ёй зноў было невымоўна шкада – што ж гэта за злы геній такі ў яго, нейкі злавесны двайнік? І Валянцін усьміхнуўся ў адказ куточкам роту. Паліну трохі ўсьцешыла, што пасьля ён ня кінуў трывожнага або вінаватага позірку на сваю “уладальніцу”. Ну і гульні! Не хапае толькі веера, якім іспанкі падавалі таемныя знакі палкім ідальга.
Праўда, на жаль, на палкага ідальга Валянцін аніяк не падобны.
Вёска Гарнушкі калісьці бачыла лепшыя часы. Мелася школка, амбулаторыя, крама, у якую час ад часу можна было зайсьці… Але палова хатаў пазі­рала на сьвет сьляпымі вачыма забітых вокнаў. За вёскай сьвятлеў самотны двухпавярховы дом з белай цэглы – чорныя прагалы на месцы выбітых шыбаў надавалі яму падабенства з чэрапам волата. Гадоў пяць таму тут паспрабаваў адзін узяцца за фермерства. Ага, як жа… Гарнушкаўцы, ад старшыні да пастуха, ведалі, як належыць ставіцца да “паноў”. То сена ў новасьпечанага фермера згарыць, то авечкі здыхаюць адна за адной немаведама чаго… А як падаткавая інсьпекцыя ўзялася!.. Так і кінуў небарака гаспадарку.
…Рэчка з вясёлай назвай Лялёўка бегла па чорных камянях у абдоймы далёкіх салёных хваляў, буслы з году ў год сяліліся на воданапорнай вежы, а на Купальле з пакручастага берагу скотваліся падпаленыя аўтамабільныя пакрышкі з хвастамі чорнага сьмярдзючага дыму… Вёска была як вёска, учэпістая і працавітая, і паміраць пакуль не зьбіралася.
Дзьверы ў дзядзькаву адрыну, прыстасаваную пад сховішча непатрэбных рэчаў, адчайна рыпелі, абараняючы вільготную цемру сховішча ад бессаромных промняў. Вядома, відовішча ня надта выкшталцонае – старыя начоўкі суседзяць з дзіцячым вазком, люстэрка, падобнае на сасьлеплае вока — са скруткамі рубероіду… І ўсё прыкрашае пыл і павута. Дзядзька Міхась кіўнуў у той бок, дзе ў прыцемку грувасьцілася нешта дзіўнае, прыкрытае рызьзём.
— Вось, усё, што ўдалося забраць з матчынай хаты…— і, павярнуўшыся да гасьцей, патлумачыў. — Хату ж маці хацела вось на яго, унука, адпісаць, але ёсьць у нас адзін… сваяк… Дык і прысабечыў, выпрасіўся ў маці. Нібыта братам трэба яго лічыць – але я не сьвяты, не магу. Добра хоць, што ня родны насамрэч – прыёмны.
— Адкуль жа ён узяўся? – зацікавілася Дзіна. Дзядзька неахвотна патлумачыў.
— Працавала з маці на ферме адна кабета, па п’янцы загінула, ды як страшна – увалілася ў гнаярню. Ні мужыка, ані радні… Родам з Саматыяў, Варанецкая прозьвішча. А Варанецкія ўсе – п’янь ды валацугі. Ды яшчэ казалі, ад паліцая дзіця прыжыла. Можа, і ад партызана, як сама сьцьвярджала – ня ведаю. Але Саматыі ў вайну палілі, трыццаць жыхароў сагналі ў адрыну і… Дзеці, жанчыны, старыя… Ды яшчэ што страшна – свае палілі, паліцаі. Быў такі Піліп Лухверчык, камандаваў, зьвяруга. Так што ў нас памяць яшчэ балючая, і калі на каго хоць падазрэньне – што з паліцаямі зьвязаўся, не даруюць. Вось і зьехала Варанецкая ў суседнюю вёску. Ніхто з той бабай ды яе адроддзем знацца не жадаў. Наша маці і ўсынавіла сірату… На сваю галаву. Ад гнілога дрэва не чакай добрага плоду.
— Дзядзька Міхась, ня трэба…— паспрабаваў спыніць гаворку Валянцін.
— Вось і пяць гадоў таму ты гэтак – “Ня трэба, хай жыве”… Падаў бы ў суд – адсудзіў бы ў турэмшчыка хату. А то ўся вёска пакутуе. Утварыў клуб для п’янюгаў. Так што туды лепш не хадзіце.
Дзіна зацікавілася была магчымасьцю адхапіць нерухомасьць, але Валянцін вельмі цьвёрда папрасіў яе ня ўмешвацца, аж зьбялеў, нібыта ў чарговы раз атрымаў поўху. Віленская бухгалтарка злосна ўсьміхнулася і падкрэсьлена абыякава пайшла да свайго бліскучага, як чорны марскі каменьчык, джыпа, вакол якога ўжо круціліся цікаўныя малалетнія гарнушкаўцы. Вось і добра… Паліна кінулася да скарбаў скляпеньня. Валянцін і Сымон рушылі за ёй.
Калі прывыкалі вочы, цемра аказвалася пераможанай: яе праціналі частыя тонкія лёзы промняў са шчылінаў у сьценах. У пыльным сьвятле паўставалі дзіўныя відарысы: крыж з чорнага мармуру, прыхілены да сьцяны, а на ім разьвешаны рыбацкі нерат… Каменны слупок з паглыбленьнем наверсе – відаць, чаша для сьвятой вады, што калісьці стаяла ля дзьвярэй касьцёлу… Сымон прыпыніўся ля яе, задумна пагладжваючы гладкую паверхню, што памятала, можа быць, мільёны багавейлівых дотыкаў.
— Сьвятыя рэчы… Як было пакідаць на зьдзек? – чамусьці вінавата патлумачыў ад уваходу дзядзька. — Можа, калі яшчэ прыдадуцца… Аднаўляюцца ж храмы. Так што пашукайце, як маеце інтэрас. Там камяні нейкія цікавыя – сыны мае папрыносілі, як былі малыя, замест цацак. Як касьцёл узарвалі – дык усялякага ў друзе было.
— А вось і спавядальня з бабулінай каморы! – узрушана прамовіў Валянцін, прабіраючыся паўз Паліну ў глыб памяшканьня. Спатыкнуўся і ледзь не паваліўся на дзяўчыну, пасьпеўшы абаперціся рукамі аб сьцяну. На імгненьне Паліна апынулася ў ягоных абдоймах.
…Імгненьне, як храм са сьветлымі купаламі, з якога не хацелася вяртацца ў неабаронены трывожны сьвет…
Што за глупства! Хіба гэты няшчасны няўклюда, прададзены, як на нявольніцкім рынку, уладнай прыгажуні, здольны кагосьці абараніць?
Валянцін мармытнуў “Прабачце…” і адыйшоўся, як паранены – цікава, Паліне толькі падалося, ці і насамрэч ён зачырванеўся?
Урэшце, навошта падманваць сябе – нібыта яна не адчувае асаблівых адносінаў да сябе Валянціна…
І калі ім, адносінам, ня дадзена перарасьці ў нешта адчувальнае (а гэта менавіта так), дык ці варта мэнчыцца?
— Вось яна, бабуліна жабка!
Валянцін трымаў у руках шэрую цяжкую пачварынку. Сапраўды, у скульптара была фатаграфічная памяць: тая жабка, што ён падарыў Па­ліне, была дакладнай копіяй гэтай. Нават яшчэ лепшай. Бо арыгінал выявіўся пашкоджаным так, нібыта бедную жабку шкуматалі паўтары стагоддзі каменныя буслы. Паліна перавярнула фігурку: літары “tе”. Сымон таксама зірнуў:
— Ну вось, дзе былі, там і застаемся. Шукайце, шаноўная паненка, новую тэму для дысертацыі… І ўвогуле – нашто вам тая дысертацыя? Дзетак лепей за ўсё нараджаць да трыццаці…
Скульптар няёмка кашлянуў і адыйшоўся. Паліна злосна зірнула на антыфеміністычна настроенага штурмана, шукаючы годнага адказу, але не пасьпела яго прамовіць.
— Зірніце, гэта, падобна, таксама з надмагільля Рашчынскага! Той самы стыль, – скульптар працягваў спадарожнікам абломак.
— Ваўчыная лапа! – узрадавалася Паліна. –Вядома, адтуль. Але нейкая дзіўная… Слухайце, на ёй чалавечыя пальцы! Што гэта, пераварацень быў? Ваўкалак?.. А вось гэта што?
У руках дзяўчыны апынуўся круглы аскалёпак з лупатым вокам… Яшчэ адна жабка!
Праз гадзіну настойлівых пошукаў знайшліся яшчэ чатыры фрагменты ад жабкі, кавалак ваўчынай морды, яшчэ адну лапу...
Вядома, аднавіць фігурку жабкі было немагчыма, але галоўнае, што на сподзе разглядалася літара “у”, відаць, “аry”, ад “Alb-аrу-te-nia”.
Калі ў сярэднявечнай Германіі паміраў гаспадар дома, бліжэйшы сваяк хадзіў па доме і зьлёгку штурхаў кожную рэч, кожны мех з жытам – каб і яны ведалі, што гаспадара больш няма.
Рэчы памятаюць сваіх былых гаспадароў і захоўваюць іх дотыкі.
Паліна гладзіла шурпаты камень, і ёй здавалася, нібы яна дакранаецца да нечае рукі. Рукі вельмі засмучонага чалавека, якую хочацца затрымаць у сваёй, выказаць спачуваньне…
Чым валодае чалавек? Мінулага – ужо няма… Будучыня – не настала. А той эфемерны адрэзак цяперашняга, над якім ён уладны, дзе ён можа рабіць свой выбар між злом і дабром – які ён? Імгненьне? Доля імгненьня? Ці яго… зусім няма, а мы заціснутыя, як паддосьледныя мікраарга­нізмы, між двума шкельцамі — мінулага і будучыні, і наперадзе – вясёлкавы туман, а ззаду – бясконцая персьпектыва карцінаў, што чым далей, тым больш цьмяныя, скажоныя, непазнавальныя… І нават тое, што вось-вось было, здаецца, можаш дакрануцца – ужо аддзеленае непрабівальнай паверхняй… Ніхто ў Гарнушках ня памятаў Рашчынскіх.
І Паліне яшчэ больш захацелася вярнуць памяць пра сумнага філосафа з сінімі вачыма.
У дзядзькавай хаце зумкала самотная муха, упарта пазьбягаючы бліскучай ліпкай стужкі, падвешанай дзеля яе, мушынай, пагібелі на лямпе. Людзі, патэнцыйныя забойцы мухі, сядзелі пад лямпай укруг стала, накрытага абрусам нахабна жоўтага колеру.
— А як памерлі твае бацькі, Валянцін? – штурман Сымон адарваўся ад чарадзейства над картай, раскладзенай на жоўтым абрусе, — здавалася, быццам усё, на стол пакладзенае, плавіцца на патэльні з яешняй. Штурман, як і абяцаў, спрабаваў накрэсьліць таемны маршрут, узяўшы за пачатковую кропку, па агульным рашэньні скарбашукальнікаў, надмагільле Рашчынскага. Пакуль што ўсе разьлікі завяршаліся пасярод поля, дзе расла бульба.
Валянцін, які прыткнуўся на канапе побач з Дзінай, зноў уладарна-пяшчотнай, коратка ўздыхнуў.
— Як бацькі загінулі? Недарэчнасьць… Бацька рабіў паліцы для кніг – ён быў выкладчыкам літаратуры, і загнаў сабе трэску некуды ў бок. Лета, горача, ён без кашулі… Драпіна і драпіна… Нічога небясьпечнага. Але пачалося заражэньне крыві… Мне гады два было. Ня памятаю нічога. Ну а маці яшчэ пяць гадоў пажыла. Адразу пасьля сьмерці бацькі зьехала са мною з вёскі ў горад, да сваякоў. Працавала на трох працах – нянечкай у садку, куды мяне ўладкавала, вечарам – там жа вартаўніком… Ды яшчэ лесьвіцы мыла ў пад’езьдзе… Усё спадзявалася мяне гараджанінам зрабіць. Дамаглася пакойчыка ў інтэрнаце… І ня вытрывала. Інсульт. Ну а тады мяне забрала бабуля. А потым – мастацкая школа…
— Ну што ты, Валік, зноў кінуўся ва ўспаміны, — незадаволена падала голас Дзіна. – Кожны мусіць сам будаваць свой лёс і ня лезьці ў яміны мінулага, з якіх удалося выкараскацца. Давайце лепш, раз на прыроду выбраліся, дзе-небудзь пасядзім, шашлычкі пасмажым. Дарма, ці што, з сабою мангал цягнула і вядро з мясам?
Сымон варожа зірнуў на прыгажуню:
— На прыродзе трэба сузіраць прыроду, а ня жэрці.
Дзіну, аднак, засмуціць было ня так лёгка.
— Ой, толькі не кажыце мне пра вегетарыянства. Зьвераняты, птушаняты… Усё роўна вымрам, як жывёльны від – таму трэба браць ад жыцьця натуральныя прыемнасьці. Валянцін, ідзі папрасі ў дзядзькі дроваў. Паедзем на той пагорачак з сасной, што за вёскай. Цудоўная мясьцінка! А потым, з новымі сіламі, зноў пашукаем ваш скарб.
Валянцін кінуў вінаваты позірк на Паліну і, як належыць прыгоннаму, паслухмяна, хаця і панура, пайшоў выконваць загад.
Дзядзька Міхал чамусьці ўсхваляваўся, даведаўшыся, дзе менавіта зьбіраюцца ладзіць пікнік. Чаму заманулася маладзёнам на тую Крыжовую гару? Ёсьць іншыя месцы. Вунь пад дубам за вёскай. Ці на ўваходзе ў Маскалёў лес, за шашой, нават альтанкі і сталы пабудавалі. І да рэчкі зручна спускацца…
Паліну нездарма лічылі добрым дасьледчыкам. Яна ўмела распазнаць, дзе хаваецца нешта цікавае. І дзядзьку Міхалу не ўдалося адчапіцца ад настырнай дзеўкі (а з выгляду такая выкшталцоная!), пакуль не распавёў усё, што ведаў.
У пагорка была кепская слава. Калі па-праўдзе, дык лічыўся ён праклятым. І дрэва, што на ім, лічылася праклятым. Хочаш зьвесьці каго са сьвету – вазьмі кавалак кашулі непрыяцеля і навяжы на сасну. На Дзяды сядзь пад сасною на Крыжовай гары – убачыш, як той, хто мусіць хутка памерці, пройдзе шарай гадзінай вакол цябе, і будзе кружыць, кружыць, пакуль не растане… І, вядома, менавіта там зьбіраюцца ваўкалакі з усяго Маскалёва лесу.
Ваўкалакі, як зразумела Паліна з дзядзькавых аповедаў, у навакольлі Гарнушак былі адметныя – больш падобныя да людзей, чым да ваўкоў, высозныя, з калматымі галовамі, і пашчы ў іх дзьве – адна там, дзе ў чалавека рот, а другая – праз увесь твар, ад правага вока да падбароддзя. І калі ваўкалак чалавека ўкусіць другой пашчай – той ператворыцца ў ваўкалака і будзе разам з іншымі пачварынамі давеку золата вартаваць. Якое? А тое, што ў Крыжовай гары закапанае.
Як толькі прагучала слова “золата”, віленская гандлярка падскочыла да суразмоўцаў. Але дзядзька толькі пасьмяяўся. Якое там золата? Каб было, даўно выкапалі б. Жадаючых хапала…. Бачылі, колькі ямінаў? З боку рэчкі нават экскаватар падганялі, пясок браць. Палову гары былі зьнеслі, і нічога… Адны карэньні ў зямлі.
Аднак у легендзе пра ваўкалакаў нешта мелася… Паліна яшчэ раз па­глядзела на каменную ваўчыную лапу з чалавечымі пальцамі. Цікава, што ці хто паслужыў прататыпам легендзе? Чаму ваўкалак – на надмагільлі? І чаму – Крыжовая гара?
— А бабуля казала, крыж калісьці на ёй стаяў. Стары-стары. Камсамольцы ў трыццатых газай аблілі ды спалілі, — патлумачыў дзядзька.
Крыж! Ці ня той, які на першай жабцы пазначаў пачатак таямніцы? Паліна раптам успомніла і фразу-пытаньне з Арцікавых запісаў: “Чаму ў руках сьмерці – крыж?” Напэўна, вось разгадка!
На Крыжовую гару выправіліся ўсе. Сымон у нязьменнай чорнай майцы і джынсах, даўгалыгі Валянцін у ільняной кашулі, побач з ім, уча­піўшыся за ягоную руку, джынсавая Дзіна, зграбная, нібыта шахматная фігурка… Апошняй ускарасквалася на гару Паліна, адпрэчыўшы штурманавы памкненьні дапамагчы слабой кабеце. Так і бачыла сябе збоку — у недарэчнай доўгай спадніцы, са скручанымі ў вузел валасамі… І з упэўненасьцю, што выглядае – дурніца дурніцаю, і паводзіцца адпаведна.
На вяршыні мелася ўтульная яміна, парослая белай дзяцелінай. Стары пень, хаця счарнелы, струхлелы, заслаўшы цыратай, можна было прыстасаваць пад столік. Што і зрабіла Дзіна, ды пачала гаспадарліва раскладаць прывезеныя прысмакі.
— У мяне чамусьці ўражаньне, што прынёс фарбаваныя яйкі на магілу продка, — змрочна прагаварыў Валянцін. – Нешта не падабаецца мне гэтая мясьціна. Мы і малымі сюды ніколі не хадзілі.
— Чаму? – няўважна папыталася Паліна, азіраючыся па баках таксама з нейкім нядобрым пачуцьцём.
— Дарослыя страшылі – правалішся ў яміну.
Дзіна няўхвальна зірнула з-за сьпіны:
— Лепей шашлыкі рабіце.
Паліна глядзела праз карункавае вецьце сасны на аблокі, і здавалася, што і сасна, і Крыжовая гара плывуць некуды ўдалеч, у бездань часу, і вось-вось зьявіцца з іншага берагу, аддзеленага плыньню часу, нечая постаць, і чалавек у чорным сурдуце, з сумным суровым тварам схіліцца ў шляхетным паклоне:
— Вітаю паненку…
І вочы ў яго будуць сінія-сінія, як гэтае неба…
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь…
— Ну дык узаемна!
Палініны мроі перарваў спакойны голас Сымона.
— Ня думаю, што скарб закапалі тут. Гэта ўсё роўна што красьці каравай з вясельнага стала, калі ўжо госьці ўселіся. Але як кропка адліку – цалкам магчыма.
— Праўда? – зацікавілася Дзіна.
— Па ўсім відаць, што аўтар сваё пасланьне разьлічваў на далёкі час, каб ня зьнікла. Каменнае надмагільле – гэта ня аркушык… І як арыенцір чалавек мусіў выбраць нешта такое, што праіснуе сотні гадоў і ня страціць свайго значэньня, застанецца адметнасьцю. Накрэсьлены на жабцы крыж мусіў у мясцовага чалавека адразу выклікаць пэўныя здагадкі.
— Як здорава! – сьветлакосая гандлярка нават забылася на прыгатаваньні да пікніка. — Значыць, мы хутка знойдзем запаветнае месца?
Сымон, скрыжаваўшы рукі на грудзях, глядзеў некуды ў палі.
— Пакуль што мы дайшлі ў разгадцы вунь да таго плоту, што каля лесу.
— А далей? – не цярпелася Дзіне. Праўду кажуць, што азарт – заразная штука.
— Далей – магла б распавесьці чацьвёртая жабка… Калі яна існуе. Далей – гэта ў радыусе двухсот метраў… Можа, вунь пад тым дубам… Ці ў тым калодзежы… Або пад тым хутарам… А мо ажно вунь там, дзе нейкі слуп?
— Няўжо нельга вызначыць, абсьледаваць? – расчаравалася і Паліна.
— У вас ёсьць пад рукой узвод-другі салдат з металашукальнікамі, паненкі? Не? Ну тады…
Камень прыляцеў аднекуль справа, з густога кустоўя. На шчасьце, Сымон пасьпеў прыгнуцца і Паліну за сабой тузануў.
Шэры кавалак нянавісьці быў шпурнуты з такой моцай, што ўмяў траву ў глебу, быццам абцас жаўнерскага боту.
Дзіна віскнула.
— Прэч адсюль! – Сымон бегма пусьціўся з гары, цягнучы за сабой Паліну. – Маці маіх будучых дзяцей павінна застацца жывой і здаровай!
— Што?!! Я не збіраюся…— задыхана паспрабавала запярэчыць Паліна, але Сымон ня даў ёй выказаць абурэньне.
— Спакойна, дзяўчынка… Я ж сказаў – буду чакаць, колькі трэба…
Унізе гары, на дарозе, якая праглядалася скрозь, яны аддыхаліся. Зьверху спускаліся Валянцін, нагружаны пакункамі, і Дзіна, страшэнна абураная, калі меркаваць па жэстах. Паліна нарэшце асэнсавала, што адбылося... І зьдзівілася. Сымон раней не здаваўся ёй баязьліўцам.
— Паслухайце, а чаго мы, уласна кажучы, зьбеглі? Ну, шпурнуў камень нейкі блазьнюк… Нас жа многа! Чаго баяцца?
— Усё, нашыя росшукі скончаныя, — Сымон напружана паглядаў па баках, нібыта вычэкваў новага нападу. – Неадкладна дадому, а жабак – на сьметніцу!
Паліна на гэты раз вырашыла выказаць усё, што думае, пра дэспатычны мужчынскі характар… Але штурман аніяк ня ўразіўся.
— Спакойна. Вы проста ня ведаеце. Ваш Артур, які таксама жабкамі займаўся, не сваёй сьмерцю памёр. Мне адзін палкоўнік сказаў. Нехта пачаставаў клафелінчыкам. А ў вашага знаёмага – сэрца хворае.
Паліна схаладнела, але паверыла адразу. Няўжо дзесьці ў падсьвядомасьці здагадвалася? Але змірыцца з пацьверджаньнем было цяжка.
— Ня можа быць…
— Міліцыя проста важдацца не захацела. Падумаеш, алкаш…
— Але чаму? Хто?..
— Можа быць, на гэта мог бы адказаць той, хто кінуў у нас камень?
Над шэрымі дахамі Гарнушкаўскіх хатаў ужо садзілася цяжкое і чырвонае, як певень, жнівеньскае сонца, так што, здавалася, нязграбныя дахі прагнуцца, раструшчацца пад ягоным сьпякотным цяжарам. Валянцін, устрывожаны, як і Сымон, умольна глядзеў на Паліну.
— Пакіньце гэтыя росшукі! Я ж расказваў вам пра дзядзьку ў белым капелюшы, які надмагільлем Рашчынскага цікавіўся, пакуль яму галаву не прабілі. Паехалі дадому…
Паліна незалежна абвяла вачыма няўдалых мужчынаў.
— Што ж, вялікі дзякуй за дапамогу. Чацьвёртую жабку я знайду сама. Урэшце, можа, і бяз гэтага абыдзецца — мы ж яшчэ гэтак мала распыталі, перагледзелі архіваў.
— Правільна! Справу трэба даводзіць да канца! – нечакана падтрымала Дзіна. — Давайце сюды праз тыдзень зноў выберамся – у мяне якраз справы на Беларусі.
Валянцін нешта горача зашаптаў сваёй уладальніцы. Відаць, адгаворваў – але тая толькі пагладзіла яго па плячы, як дурное несьвядомае дзіця.
І ўжо калі яны зьбіраліся ад’язджаць, нагружаныя шчодрымі вясковымі дарункамі і няяснай трывогай, да джыпа наблізіўся няголены мужык, у запэцканай марынарцы, і правыў-працадзіў:
— А другога дзядзькі, значыцца, пляменьнік ведаць ня хоча… Круты ў мяне плямяш. На машынах езьдзіць. Зямлю грызьці гатовы за чужую капейчыну. Дык у зямлю і ляжаш, боўдзіла дурное.
Джып ужо ад’ехаў ад дзядзькавай хаты на адлегласьць сабачага брэху, а Паліне ўсё чуліся няўцямныя змрочныя пагрозы. Відаць, чуліся і Валянціну — сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу.
І Паліне чамусьці падумалася, што і для Вінцэся Рашчынскага Гарнушкі былі варожымі і няўтульнымі. Але чаму, чаму? Гэтае бяспамяцтва, ганьба надмагільля, пракляты ўзгорак, ваўкалакі з двума пашчамі, камяні, што вылятаюць з гушчару… Дзяўчына падумала, што давядзецца туды вяртацца, і яе мімаволі затрэсла ад раптоўнай тугі і спалоху.

14.
Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу ж раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расьселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі – паспрабуй, прагані… Варажыць у яе не выпадала – і так было вядома, што напрарокуе: усё згіне, усё зьвяне і ападзе на цьвёрдую ад маразоў зямлю, і сьмяротная беля пакрые сьвет…
Вінцэсь ненавідзеў гэтую нахабную, крыкліва-яркую, сонечную восень. Якое права мела хоць нешта ў сьвеце быць сьвяточным і прыгожым на тле крывавай, подлай калатэчы, у якую ператварыўся край. Паўстанцаў хапалі сем’ямі. Увесь род – да немаўлятаў і нямоглых старых падлягаў у лепшым выпадку высылцы. А высылка ў Расійскай імперыі – гэта не ў Інфлянты зьезьдзіць. Галодныя казахскія стэпы і сібірскія сьнягі маглі ператравіць, вымарыць, пераўвасобіць у безыменную, бязмоўную масу насельніцтва некалькіх такіх краінаў, як Беларусь.
Чаму адных забівае першая ж дурная куля, а іншы праходзіць ацалелым праз пекла сотняў сутычак? Вінцэсь аказаўся шчасьліўчыкам. Яму не заходзіла ў галаву гэтаму радавацца. Часам віна за сваё шанцаваньне рабілася нясьцерпнай, быццам тыя, хто гінуў, былі яго асабістым выкупам ад сьмерці. Зьяўлялася нават падступная думка, што сьмерць, годная, вартая шляхціца сьмерць, са скрываўленай шабляй у руцэ, наперарэз вора­гу – лепей, чым ганебнае перахоўваньне па лагчынах, зацягнутых вільготным, як сьпіна баязьліўцы, туманам.
Калісьці Вінцэсь ледзь не з паблажлівым жалем думаў пра Ваўкалака, што абраў сабе на шмат гадоў жыцьцё зацкаванага зьвера. Што можа зрабіць дзясятак адрынутых? Падпаліць на Каляды маёнтак злога пана? Хлопец нават прыдумляў мноства варыянтаў, як бы ён сам распарадзіў­ся сваім гневам і сваёй сілай у падобным выпадку. Бачыліся карціны яркія і ве­лічныя, уся Еўропа паўставала на дапамогу заняволеным ліцьвінам, луналі сьцягі, блішчэлі разагрэтыя целы гарматаў, і Гарнушкі сустракалі вызваліцеля-паніча ўхвальным харалам. І з белымі кветкамі ў руках стаяла самая прыўкрасная ў сьвеце дзяўчына, і ў яе вялізных цёмных вачах люстравалася слава юнага вайскаводцы…
Цяпер Вінцэсь мог толькі горка сьмяяцца, успамінаючы тыя напаўдзі­цячыя мроі. Сёньня ён сам – зацкаваны зьвер, і ня больш за дзясятак такіх жа зацятых – побач. Еўропа на хвілю зацікаўлена скіравала ларнет на спробу невядомых тузануцца з кайданоў, але зараз жа перавяла позірк на больш пільныя заклапочаньні. Кожны сам плоціць за сваю волю.
Ах, як дорага даводзіцца плаціць ім… Секвестраваныя маёнткі, куды немагчыма зьявіцца – паўсюль атрады самааховы, паўсюль знойдуцца прыгонныя, якім – справа мужыцкага гонару схапіць пана-бунтаўшчыка. Дзяцей частуюць цукеркамі, каб расказалі, хто прыходзіў да бацькоў. Абшукваюць кляштары, мнішак прымушаюць распранацца дагала. Жанчын за нашэньне чорнага адзеньня ўбіраюць у арыштанцкія рызманы і пасылаюць месьці рынак… Як самадаек. Дастаецца ўсім – і праваслаўным, “сапсаваным” заходнім уплывам, і каталікам, і уніятам, і габрэям… Былая памяркоўнасьць – калі па адзін бок пляцу стаяла царква, па другі бок – касьцёл, і побач – сінагога, і прыхільнікі ўсіх канфесіяў сустракаліся тут жа на рынку, гандлявалі, куплялі, жартавалі, разам слухалі сьляпых лірнікаў і глядзелі батлейку – рабілася міфам. А англійскі карэспандэнт, аблашчаны Мураўёвым, піша пра “навядзеньне парадку”.
Цяпер Вінцэсь зразумеў, пра што казаў калісь бацька, што даводзіў Мартын. Паўстаньне не пераможанае, пакуль ёсьць хаця б адзін нязлоўлены, няскораны паўстанец. Тады няма спакою ў душах акупантаў, і пад стрэхамі хатаў нараджаюцца новыя легенды, і той, хто жыве ў непралазных нетрах родных пушчаў, набывае моц гэтых нетраў. У народа мусяць быць таемныя ахоўнікі. Дзеля гэтага варта жыць і цярпець.
Але гэтай ноччу ім пашанцавала. Яны адпачнуць пад дахам, на сухой падлозе. Наракаць на адсутнасьць шаўковай бялізны, напэўна ж, нікому не заманецца. Паляўнічы домік пана Вакулы Рагманава будаваўся ледзь не на скрыжаваньні зьвярыных сьцежак. Самае кепскае – амаль скончыліся кулі і порах... І ўжо няма грошай, каб ня тое што набыць зброю, а прымусіць зацікаўленых захоўваць таямніцу. Тыя, хто падтрымаў бы паўстаньне да апошняга – схопленыя. Ну а іншым – навошта сілкаваць уласнымі сродкамі прайграную справу?
Можа, хоць Марку Рагманаву ўдасца сёньня здабыць тое-сёе? Чалавек, да якога ён скіраваўся, ня можа стацца здраднікам – хрышчоны бацька Маркі, Пятро Арэхна, былы аднапалчанін пана Вакулы Рагманава. І каб ня страціў у вайне з туркамі нагу – сёньня змагаўся б побач.
Толькі б хутчэй Марка вяртаўся… Вінцэсь пачаў заўважаць за сабой гэткае: калі хтосьці з сяброў сыходзіў нават недалёка, здавалася, ён зьнік назаўсёды. Адчуваньне, як у дзяцінстве.
Бессаромна сіняе неба паніжэла, як вечка труны. Ну дзе ж Марка?..
Нехта зайшоў у пакой, у якім на хвілю здабыў самоту хлопец, і Вінцэсю ня трэба было й азірацца, каб зразумець, хто: пра гэта яму паведаміла сэрца, што затрымцела, як кінуты аб падлогу заручальны пярсьцёнак.
— Прабач, Вінцэсь, што турбую… Але я хвалююся.
Вальжына нячаста дазваляла сабе праявы “жаноцкай слабасьці”. Вінцэсь усхапіўся, як мог упэўнена зірнуў на зблажэлы, бледны тварык з вялікімі чорнымі вачыма (толькі не паказваць шкадобы – Яна гэтага ня любіць).
— Ну што вы, Вальжына… Як маленькая… Памятаеце, як вы суцяшалі мяне, калі бацька доўга не прыязджаў па мяне ў ваш дом? “Упадзе цень на пляцень, яблык на траву, камарык на печку, на патэльню яечка – і татка твой прыдзе. А вунь ужо й ідзе”. А мне было гадоў пяць, і мне здавалася, што бацька ня прыйдзе ніколі.
— Так, і вы былі тоўсьценькім, бялявенькім вісусам, і зламалі маю ўлюбёную ляльку Анжаліку, якая ўмела гаварыць “ма-ма” і мела пругкія чорныя косы…
— Як у вас… І вы казалі, што маеце цёмныя колеры ночы таму, што вы – дачка лясной феі Мятлушкі. І калі я ня буду слухацца, нашлеце на мяне кажаноў, каб тыя выпілі маю кроў. Але я зусім не паверыў – бо вы ўвесь час, нават застрашваючы, усьміхаліся.
Вальжына і Вінцэсь засьмяяліся, на імгненьне адасобіўшыся ад звыклай трывогі. Потым Вальжына неяк дзіўна ўздыхнула, нібыта разьвіт­ваючыся з некім.
— Вы заслугоўваеце добрай дзяўчыны, Вінцэсь.
Хлопец упарта прыўзьняў галаву.
— Я прасіў вас пра гэта больш ня згадваць. Мае асабістыя пачуцьці тычацца толькі мяне. Я нікога не зьбіраюся імі абцяжарваць.
Вальжына раптам захінула твар рукамі, і – неверагодна! – нібыта заплакала… Сапраўды плача! Вінцэсь разгубіўся.
— Ну што вы… Мілая… Усё добра…
Яна нарэшце прыглушана прагаварыла.
— Мне дваццаць шэсьць, Вінцэсь. Мая маці ў такім узросьце мела дваіх дзяцей. А ўсё, што чакае мяне – шлях у Сібір і, калі пашанцуе, вяртаньне на Радзіму пасівелай, старой, без зубоў. І вечныя шкадаваньні аб тым, што сапсавала жыцьцё двум вартым людзям. – Дзяўчына выпрасталася, выцерла сьлёзы па-дзіцячы, рукой. – Прабачце. Відаць, нервы… Ад бацькі даўно не было весткі. І… і ад Мартына… А тут і Марка прыпазьніўся. Распусьцілася.
Вінцэсь моўчкі глядзеў… Ня быў бы ён гэтакім сьлінцяем, схапіў бы ў абдоймы, пацалаваў… Хіба сапраўды закаханы можа разважаць, ці будзе гэты ўчынак годным? Але як жа тады глядзець у вочы Мартыну…
Вальжына даверліва даткнулася да яго пляча, і Вінцэсь, напэўна, напляваў бы на гонар…
Але за вакном пачулася ваўчынае выцьцё. Лясны зьвер аніяк ня мог падысьці так блізка ў гэтую пару.
Чалавек з Брацтва Ваўка высьлізнуў з-за ствала сасны, нібыта ўзьнік з паветра. Вінцэсь, хаця і ведаў такую здольнасьць за людзямі з Брацтва, не пераставаў кожны раз зьдзіўляцца. Відаць, сапраўды ў беларусах цячэ кроў старажытных лясных плямёнаў, накшталт легендарных піктаў, і ў момант небясьпекі абвастраюцца назапашаныя продкамі веды – якая зёлка выратуе, якой сьцежкай уцякаць, пра што – крык невядомай птушкі…
Жорсткі пагляд вачэй, шляхецкія вусы… Марцэл Алейшчык з ранейшай ненавіснай усьмешкай глядзеў на Рашчынскага.
— Вось і зноў убачыліся… Мяне паслалі сказаць – Рагманаў паніч у жаўнераў.
Вінцэсь схаладнеў.
— Ня можа быць…
— Адзін чалавек хоча з табой пагаварыць пра гэта. Як сонца паніжэе да лесу, прыходзь да ліпы, што на скрыжаваньні. І ня бойся – Брацтва атрымала слова, што будзе бясьпечна.
Пасланец ужо зьбіраўся зьнікнуць у паветры, напоеным халодным сонцам і пахам вогнішча…
— Пачакай! – Вінцэсь прымусіў сябе супакоіцца. –Хто цябе пры­слаў? Ваўкалак? Чые словы перадаеш?
Марцэл бліснуў зубамі – цяжка было назваць гэта ўсьмешкай.
— Птушкі нашчабяталі… Воўк правыў… Вужака насычэла… Сказана табе – як сонца сядзе на лес, ідзі да ліпы. І можаш нікога з сабой ня браць. Слова ваўка.
Ліпа расла на скрыжаваньні трох дарог. Адна, выбітая, выезжаная, вяла ў места. Другая, крывая, нібы сьлед апойка, зварочвала да карчмы, а трэцяя, нават не заслугоўваючы на званьне дарогі, гублялася ў гушчарах. Сам лёс прадвызначыў дрэву стацца месцам спатканьняў. Пад магутным ствалом чарнела кастрышча, а на галінках па-жабрацку трапяталіся абрыўкі тканінаў, што зусім страцілі першапачатковы колер. Вінцэсь ня ведаў, чаму на ліпу навязвалі стужкі – ці падарожныя мусілі прыносіць ахвяру дзеля шчасьлівага завяршэньня шляху, ці гэта было сьведчаньне памяці пра нейкую сумную легенду.
Пад ліпай стаяла карэта. Гладкія, пародзістыя коні, адмысловая вупраж… Вінцэсь нейкі час назіраў, схаваўшыся за шурпаты ствол сасны. Здаецца, засады няма… Адзін немалады мужчына – відаць, кучар – прахаджваецца па невялікім пляцы, гледзячы па баках. Фіранкі на вакне карэты на імгненьне адхінуліся. Нехта нецярпліва ўзіраўся ў лес… Чырвоны край сонца зраўняўся з дзідамі вершалінаў, і яны, замест таго, каб запалаць, пачарнелі, абвугліліся… Час! Рашчынскі, трымаючыся за пісталет, ступіў крок наперад. Дзьверы карэты павольна расчыніліся, запрашаючы госьця. Служка, відаць, выконваючы загад, адыйшоўся ўбок, усім выглядам паказваючы, што ён будзе ў бліжэйшы час нямы, глухі і сьляпы…
Твар гаспадара карэты ня быў жорсткім – хутчэй трохі млявым. Высакародная сівізна, бакенбарды, тонкі пародзісты нос і – несупадзеньне – пульхныя вусны, куточкі якіх грэбліва прыапушчаныя…Сьветлыя, аж празрыстыя вочы, зморшчынкі вакол… Твар чалавека, які шмат бачыў, шмат ведае, і можа сказаць толькі адно: “ Што ёсьць ісьціна?” Мусіць, такое аблічча было ў Понція Пілата. Вінцэсь бачыў гэтага чалавека раней толькі на партрэтах… Але ад таго віна была яшчэ больш нясьцерпнай.
— Вы ведаеце, хто я? – голас, звыкла ўладны.
Вінцэсь апусьціў галаву.
— Так… Маю гонар размаўляць з князем Сігізмундам Людвісарам…
— Я бацька Хрысьціны і Станіслава, – пан Людвісар гаварыў роўным голасам, як на сьвецкім прыёме.—Не падумайце, што я стану дакараць вас за страшны лёс майго сына. Я сам хацеў, каб ён быў выхаваны чалавекам сьмелым, адданым сваёй радзіме, і не забываў пра славу продкаў. На жаль, Станіслаў вырас яшчэ і неспрактыкаваным рамантыкам… І занадта лёгка падпадаў пад чужы ўплыў.
Вінцэсь адчуў укол у сэрца. Так, уплыў быў… Ягоны…
— Вы ведаеце, што Станіслава чакае сьмяротны прысуд? – пан Людві­сар і гэта прагаварыў нібыта спакойна, але Вінцэсь зірнуў у ягоныя сьветлыя вочы і здрыгануўся – зьнешнія млявасьць і спакой уводзілі ў вялікі зман.
— Вам дзіўна, што я, з маімі сувязямі, з маімі грашыма не магу выратаваць жыцьцё адзінаму сыну? Так, я мог бы купіць свайму сыну армію, мог бы засыпаць золатам ілжывыя раты ўсім суддзям і падсудкам гэтай гнюснай імперыі… Але не ўсё можна купіць за грошы, хлопча, – у голасе пана Людвісара раптам загучала страшэнная стома. – Як філасофская выснова – гэта для мяне не навіна. А тут – прыкры выпадак… У вежы кляштара Стась забіў сына вельмі важнага чалавека… Родзіча царскай сям’і. Бацька – пры двары, пры чынах, а сын – як і мой Стась, рамантык. Напрасіўся ў подзьвігі – уціхамірваць праклятых бунтаўшчыкоў. Вось і атрымаў кулю… І ягоны бацька ніколі – нізавошта – не даруе. Ён прагне крыві – і расьцярэ кожнага, хто перашкодзіць ягонай помсьце.
— А калі… уцёкі? Ці – напад? – прапанаваў Вінцэсь. Князь Сігізмунд пахітаў галавою.
— Вы думаеце, я не спрабаваў? Я сапраўды мог бы купіць армію… Але Станіслаў – у Шлісельбургу.
— Як? Ня можа быць… Калі яго перавезьлі? – с цяжкасьцю асэнсаваў навіну Вінцэсь.
— Вось бачыце – нават я пра гэта ня ведаў. Тут задзейнічаны сілы, якім я не магу супрацьстаяць.У мяне ёсьць заступнікі пры двары. Але ёсьць і ворагі… – пан Сігізмунд памаўчаў, нібыта чакаў, пакуль прыкрыя словы зусім растануць у вечаровым прахалодным паветры. І загаварыў па-іншаму, важка і пранікнёна.
— Цяжка быць пераможаным, хлопча?
Вінцэсь упарта ўскінуў галаву.
— Паўстаньне не пераможанае, пакуль жывы хаця б адзін паўстанец!
— Прыгожыя словы… — пан Людвісар паблажліва ўсьміхнуўся. – Пераможца – той, хто мае сілу… Той, хто можа ня толькі ўзьняць на вежы свой сьцяг, але і збудаваць вакол вежы школы, у якіх вучні будуць вучыць узьнёслыя вершы пра гэты сьцяг. Колькі вам яшчэ ісьці крывавымі ляснымі сьцежкамі да гэтага?
Вінцэсь хацеў нешта запярэчыць, але пан Людвісар жэстам рукі спыніў яго.
— Я не хачу спрачацца з вамі пра мэты змаганьня. Я пра іншае. Вось я сказаў вам, што ведаю, грошы могуць купіць ня ўсё. Але, паверце, хлопча, яны могуць купіць вельмі многа! Вось як, напрыклад, я знайшоў вас? Чаму па вас пасланы чалавек з Брацтва Ваўка? Таму што часам я купляю іх паслугі, так-так, гэтых страшных, бязьлітасных разбойнікаў, і яны, бывае, нават не здагадваюцца, хто імі кіруе. Ніводная вялікая, сапраўдная перамога не адбылася без залатой зброі. Не пярэчце, бо гэта так – ня ўсё запісана ў летапісах, ня ўсё выкладзена ў падручніках па вайсковай справе. Моцныя гэтага сьвету – я маю на ўвазе не ўладальнікаў каронаў ды тытулаў, – выбіраюць сярод многіх адчайна сьмелага, славалюбнага чалавека, які здольны выклікаць любоў у натоўпу. Яму даюць грошы. Падбіраюць разумных дарадцаў. Яму купляюць адна за адной арміі – як скрыначкі жаўнерыкаў з волава… А пасьля ўсе дзівяцца, чаму гэта перакройваецца ў чарговы раз карта сьвету? Гэх, юнача. Я мог бы расказаць вам пра сапраўдныя падбіўкі кампаніяў, што мелі самыя высакародныя лозунгі – але навошта адбіраць у вас веру? Проста ўявіце, што вы маглі б сёньня зрабіць, каб у вас быў… мільён рублёў золатам.
У Рашчынскага перахапіла дыханьне. Мільён рублёў золатам! Сума неверагодная. Так, сапраўды, паўстаньне тады магло б ажыць… І ня толькі ажыць – але ўспыхнуць з вар’яцкай моцай!
Пан Людвісар з паблажлівай усьмешкай назіраў за суразмоўцам.
— Уявілі? Што ж, тады вернемся да лёсу майго сына. Я пралічыў усе варыянты. Прысуд мог бы быць іншым толькі ў адным выпадку: калі б было даказана – заўважце, вельмі праўдзіва даказана – што таго чалавека забіў ня мой сын.
Вінцэсю падалося, што ён стаіць на краі стромы.
— Але гэта значыць назваць іншага забойцу…
— Так, юнача, вы нездарма скончылі філасофскі факультэт. Хаця б элементарныя рэчы кеміце. Сапраўды. Для суда патрэбны іншы забойца. Але – хто? Вось у чым прычына. Вось у роздумах над якім пытаньнем я зусім сьсівеў за апошнія тры месяцы.
Вочы пана Людвісара загарэліся ліхаманкавым бляскам, як у загоншчыка, які пачуў набліжэньне звера.
— Вядома, я б мог знайсьці няшчаснага, які б згадзіўся, скажам, дзеля забесьпячэньня сям’і ўзяць віну на сябе. Але – як быць з доказамі? Па меншае меры некалькі дзясяткаў сьведкаў бачылі тых, хто забег у кляштар. Потым дзясяткі два жаўнераў і афіцэраў маглі на працягу добрай чвэрці гадзіны назіраць, хто заставаўся на верхняй пляцоўцы, каб прыкрываць адыход іншых. Вас усіх было добра відаць, калі вы прыўзьнімаліся для выстралу. Усе паказаньні сабраныя і захоўваюцца ў сьледчай камісіі. Акрамя Станіслава, там былі вы, потым – адзін з вызваленых вамі асуджаных, пан Рагманаў, і яшчэ нейкі малады чалавек… Сьледства не ўстанавіла, хто ён, але я даведаўся – сын Вакулы Рагманава Марк. Вядома, сьведкі адразу яго апазналі б.
Нейкае штучнае раўнадушша пачулася ў апошняй фразе. Вінцэсь адчуў халодны жах. Нібыта гэты чалавек перад ім быў самім князем цемры… Словы яго падалі, як кроплі вогненнага дажджу.
— Я разумею, што жыцьцё ня мае цаны. Тым больш – прадаць яго добраахвотна? Але я даведзены да тае мяжы адчаю, калі няма іншых межаў. Цану я назваў. Мільён рублёў золатам – за тое, каб нехта з вас трох – вы, пан Вакула Рагманаў або яго сын Марка Рагманаў – пацьвердзілі на су­дзе, што куля, якая забіла сына князя Далгарукава, вылецела з іншае стрэльбы. Толькі такому сьведчаньню – павераць.
Вінцэсь выцер рукой раптам успацелы лоб. Вар’яцтва! Пан Людвісар сьціснуў кулакі.
— Ня думайце, што я вар’ят, калі прашу кагосьці пайсьці на вісельню. Я ўсё ўзважыў… Вы – людзі ідэі. Ваша справа вам даражэй за жыцьцё… Гэта адно. Па-другое – ці так вы далёка ад той вісельні? Калі, скажам, я не вярнуся сёньня ў прызначаны час дадому, на паляўнічы дамок Рагманавых будзе абрынуты цэлы полк… Я не палохаю – проста паказваю вам, як лёгка вас зьнішчыць. Пан Рагманаў – немалады чалавек, ён мог бы лёгка ахвяраваць сабой… Асабліва калі б, скажам, я паабяцаў бы яму, што вызвалю ягонага сына. Так, мы перайшлі да майго апошняга аргументу – ваш юны сябра ў турме. І ня выключана, што ён усё роўна апынецца ў пятлі, калі даведаюцца пра ягоны ўдзел у вызваленьні бацькі. А так – ён яшчэ мог бы і выратаваць свайго сябра, і, магчыма, увесь край.
Вінцэсь патрос галавой, адганяючы морак.
— А як сам Станіслаў, адмаўляе сваю віну?
Твар князя Сігізмунда на хвілю стаў жорсткім, як бізун.
— Мой сын можа даваць якія заўгодна паказаньні. Усе ведаюць, што ён занадта эмацыйны, неўраўнаважаны чалавек… і нават нядзеяздольны. Яго трэба лячыць. І я давяду гэта суддзям… Калі, вядома, галоўнае абвінавачваньне з яго будзе зьнятае.
Сонца ўжо амаль схавалася за лесам. Трэба было сьпяшацца. І Вінцэсеў конь знудзіўся, пакінуты на палянцы.
А ў галаве круціліся апошнія словы князя Людвісара, кінутыя з вакна карэты.
— І пра сябе падумайце, пан Рашчынскі. Уявіце, ці так даражылі б жыцьцём, калі б адна дарагая вам асоба была прыгавораная да катаргі? Паненкам сьмяротныя прысуды не выносяць, але катарга можа быць надта суровай… Тыдзень маеце на роздум!
З восені патроху асыпалася пазалота, і паказваўся яе сапраўдны твар – кашчавы, са сьлядамі тленьня… Яно было і лепей – ня так шкада пакідаць сьвет.
Агонь паходні кідаў на твары дрыжачы няпэўны водбліск, і ўсё здавалася страшным сном. Вінцэсь, нібыта ўпершыню, разглядаў абліччы сваіх сяброў. Засяроджаны твар Мартына асьветлены напалову, так што пачварнага шнару не відно – а Ваўкалак сапраўды гожы мужчына, і адна з кабетаў бачыла гэта ўвесь час. Вось і яна… Цёмныя вочы апушчаныя, рэзкія цені робяць твар прыўкрасным не па-зямному – быццам скульптура ў гатычным саборы… Асабліва высокі чысты лоб у атачэньні цёмных валасоў, расчасаных на прабор – зусім як любілі ляпіць старыя майстры... І пан Вакула Рагманаў нагадваў суровага рыцара – глыбокі пагляд, рэзкія рысы твару… Сам Вінцэсь лічыў, што ў пакутлівых роздумах няма патрэбы – ён адразу пасьля размовы з Людвісарам вырашыў, што толькі сам мусіць ахвяравацца. Умова – золата і воля (ці хаця б мяккі прысуд) для Марка. Трэба толькі як сьлед падрыхтавацца… Магнат утварыў непатрэбныя складанасьці, паведаміўшы пра сваю прапанову Маркаваму бацьку… І, вядома, Вінцэсь ніколі ня стаў бы пасьвячаць у гэтую сумную справу Вальжыну. Ваўкалак парушыў трывожнае маўчаньне.
— Я даведаўся – Марку не пагражае сьмерць… Яго толькі падазраюць, што зьвязаны з паўстаньнем – бо знайшлі пры ім кулі і порах. Ён не пасьпеў нават узяцца за зброю падчас арышту. І пан Арэхна яго выгарадзіў, як мог. Маўляў, хросьнік жыў у яго ўсё лета, палявалі разам на качак… І дворня пацьвердзіла. Ніхто гэтаму не паверыў, зразумела. Засудзяць усё роўна, але – не на сьмерць.
Вінцэсь з цяжкасьцю прагаварыў.
— Князь Сігізмунд ведае, што Марка быў з намі ў вежы. Мне падалося, ён пагражаў гэтым… Князь даведзены да адчаю – і…
— Гэта ганьба для шляхціца – данос! – выгукнуў пан Вакула.
Ваўкалака толькі суха засьмяяўся.
— Чым вышэй шляхціц, тым больш нешляхецкіх учынкаў яму дазваляецца, дружа. Я ня пэўны, што ў арышце Марка няма рукі яго сьветласьці.
Вінцэсь ня стаў працягваць непрыемную размову.
— Гэта ўсё не мае цяпер значэньня… Вы павінны думаць пра іншае – як распарадзіцца грашыма… Дзе перахаваць, каму даверыцца… Не забывайце, золата – вялікая спакуса. Свае паўнамоцтвы перадаю вам, пан Вакула… Выведзіце маіх людзей з гэтых лясоў. З грашыма — вам адкрыецца мяжа. Я лічу, што зьбіраць новыя сілы трэба там, на захадзе.
— Глупства гаворыш, хлопча, — крыкнуў Рагманаў. – “Паўнамоцтвы”… “Распараджэньні”… Гэта наша сямейная справа – мая і майго сына. Ніхто ня мае права ўмешвацца… Досыць, што ты ўжо адзін раз дастаў мяне з пятлі. Хай толькі гэты… людажэр дасьць слова гонару… хаця ці можна такому верыць? – што дапаможа Марку. А золата раю браць у зьлітках.
— Стась і Марка – жаўнеры майго атраду, — цьвёрда прагаварыў Вінцэсь. – Я – іх камандзір, і гэта ўсё роўна, што я – іх бацька. Яны абодва мне верылі, ішлі за мной… І я адказваю за тое, што з імі здарылася. Ніхто не перашкодзіць мне выратаваць маіх жаўнераў – у нашым атрадзе не кі­даюць нават мёртвых. Я ўсё прадумаў… Неабходна трапіць у палон жывым і прытомным. Проста пайсьці і здацца? Падазрона. Я паеду ў Гарнушкі… Нібыта па ежу. Сяляне ведаюць, што, здаўшы мяне, атрымаюць вялікую ўзнагароду. За жывога – удвая больш, чым за мёртвага. Яны ня будуць мяне забіваць… А я, такім чынам, дапамагу яшчэ нейкай бядноце… І выкуплю яшчэ трохі грахоў свайго роду.
— Гэтак заўтра ж раніцой зраблю я! – ускінуўся пан Вакула.
— Спыніцеся! – Вальжына крычала, абхапіўшы галаву далонямі. – Я не магу гэтага больш слухаць. Вар’яцтва! Спрачаецеся, хто за золата прадасьць душу д’яблу!
— Не душу, а толькі жыцьцё! – усьміхнуўся аднымі вуснамі Вінцэсь. – І давайце на гэтым скончым. А то я адпраўлюся ў Гарнушкі проста зараз і пастукаюся ў хату Сьцяпка Лухверчыка, якога маскалі прызначылі старастам.
Дзяўчына схапіла Вінцэся за плячо, гнеўна страсянула.
— Я забараняю вам рабіць тое глупства, пра якое вы толькі што казалі!
— Вы хочаце страціць бацьку? Брата? Вальжына, падумайце самі. У мяне не засталося блізкіх сваякоў… Калі зьнікну я – гэта будзе самая меншая страта.
— Няпраўда! – дзяўчына раптам кінулася да Рашчынскага, абхапіла далоньмі яго галаву. – Каб вы ведалі, якая гэта няпраўда! — Вінцэсь, адчуваючы, што зямля сыходзіць з-пад ног, пагладзіў дзяўчыну па валасах, зазірнуў у яе заліты слязьмі твар… Вось такім атрымаўся іх першы (і, магчыма, апошні) пацалунак – у сьвятле паходні, з прысмакам сьмерці, уласнай віны і чужога болю… Недзе побач хіснулася высокая постаць…
— Ну вось і ўсё вырашана, — спакойны голас пана Вакулы вярнуў Вінцэся на зямлю. Ваўкалак стаяў, павярнуўшыся бокам, і ягоная постаць здавалася прыгорбленай, як ад цяжкой стомы. Але Вінцэсь чамусьці не адчуваў сораму – як не адчувае чалавек, якога агаляюць перад катаваньнем. Хлопец цьвёрда адхінуў дзяўчыну – застаецца спадзявацца, што не пашкадуе яна – і зрабіў крок наперад.
— Я не адступлюся ад права прадаць сваё жыцьцё так, як лічу патрэбным.
— Дурное хлапчо! Не змушай мяне да нешляхетных сродкаў, — Вінцэсь яшчэ ніколі ня бачыў дзядзьку такім угневаным. Як можна спыніць яго – хіба лёгка параніць? У нагу, напрыклад. Сапраўды вар’яцтва…
Ваўкалак глыбока ўздыхнуў, праганяючы млосьць, і стаў між імі двума.
— Што ж, я з радасьцю вырашыў бы вашую спрэчку на сваю карысьць, каб не сышоў у неадпаведны час з вежы. Ад таго, што вы пазабіваеце тут адзін аднаго, нікому ня стане лягчэй. Выйсьце адно – жэрабя. І пакляні­цеся, што прымеце вырак. Мы ўсе – жаўнеры. Усе – асуджаныя. Ці варта ўсчыняць такі гвалт з-за таго, каму раней станьчыць на вяроўцы?
— Мартын, як ты можаш! — адчайна ўсклінула Вальжына. Але Ваўкалак не зважаў. Ён дастаў з кішэні нешта невялікае, працягнуў на далоні. У цьмяным сьвятле збліснуў метал: дзьве кулі… Адна – звычайная, свінцовая, другая – срэбная. Пазначаная крыжам. Сьмерць…
Вінцэсь зірнуў на дзяўчыну, што, як заварожаная, не магла адарваць погляду ад куляў.
— Напэўна, Вальжыне лепш сысьці...
— Я застануся, — цьвёрда прагаварыла дзяўчына. – Калі самыя дарагія мне людзі вырашылі гуляць са сьмерцю, я таксама бяру ўдзел, – і рашуча працягнула Ваўкалаку раскрытыя далоні. – Памятаеце гульню ў залатога жука? Вельмі проста. Зусім для малых. Мартын, пакладзі кулі на мае далоні, калі я заплюшчу вочы. Тата, Вінцэсь, адвярніцеся…
У голасе Вальжыны зьвінела такая адчайная нота, што мужчыны моўчкі паслухаліся. Потым яна працягнула ім сьціснутыя да болю кулачкі.
— Ну вось, у адной маёй руцэ – срэбная сьмерць… Я ня ведаю, у якой… Аказваецца, сьмерць зусім невялікая і халодная, як лёд. Каму я яе сёньня аддам – бацьку? Ці чалавеку, які… які мне таксама дарагі? Ну! Выбірайце!
Вінцэсь бачыў, што чаканьне для дзяўчыны было невыносным, і, сьпяшаючыся, дакрануўся да правага кулачка… Змрочны пан Вакула стаў зьлева… Вальжына расьціскала пальцы, нібыта гэта прыносіла ёй страшэнны боль...
На правай далані ляжала срэбная куля. Самаробная, пазначаная крыжам.
У апошнюю ноч Вінцэсь ня спаў. Ці ўсё прадугледжана? Ці не памыляюцца яны, даверыўшыся слову гонару магната? Сярод яго продкаў былі такія падступнікі, што нашчадкі наймалі старых людзей, каб тыя ў сваіх мемуарах хоць трохі абялялі памяць пра ўладных пачвараў. Нібыта гэта магчыма. А як лёгка паміраць, калі сьмерць пазбаўляе невыноснага адчуваньня віны! Адзінае, што будзе не адмолена – той пацалунак. Вальжына ўпарта пазьбягала размоваў, і Рашчынскі адчуваў сябе рабаўніком.
У шыбу нешта стукнула – нібыта птушка дзюбкай. Вінцэсь ускочыў – за вакном непраглядная цямрэча. Яшчэ стук… У іх цяперашнім жыцьці нічога не бывае без прычыны. Рашчынскі схапіў пісталет, накінуў на плечы кажух, стараючыся не пабудзіць іншых. Пакуль няма падстаў для трывогі. Сёньня на варце пан Вакула – бывалага паляўнічага не падманеш.
На ганку Вінцэся чакалі.
— Я ведала, што вы не сьпіцё…
Зоры былі такімі буйнымі, што ледзь ня падалі на зямлю, усланую лісьцем, крылцамі мятлушак і дарэмнымі спадзяваньнямі. Вальжына ўзяла Вінцэся за руку, як маленькага – якія ў яе гарачыя пальцы! – і павяла некуды ў лес… Вінцэсь ні аб чым не пытаўся. Толькі кроў стукалася ў скроні.
— Гэта недзе тут …
Хлопец ужо ведаў, што яна шукае – ля сьцежкі стаяў невялікі будан з гонту, пакрыты лапкамі ялінаў. Ад холаду ён схаваць ня мог, але як падабенства таемнага прытулку – чаму не? Хлопец і дзяўчына апусьціліся на сена, наваленае ў будане – яно яшчэ не дарэшты страціла водар лета. Двое маўчалі. Нарэшце Вінцэсь парушыў цішу.
— Вальжына, вы не павінны…
Але яго словы перапынілі яе вусны… Гарачыя, як прысак чужога вогнішча. Вінцэсь яшчэ знайшоў у сабе сілы адхінуцца і спытаць:
— А як жа Мартын?
Яна перарывіста ўздыхнула.
— Чаму ты ўвесь час думаеш толькі пра іншых? Мне патрэбны ты…
Яму прыйшла ў галаву ганебная думка – гэтак рымскія кабеты прыходзілі да гладыятараў… Moritore te salutant. Але дзяўчына зараз жа зашаптала.
— Узважваць пачуцьці няма часу, Вінцэсь. Мы ведаем адзін аднаго дастаткова, каб не памыліцца. Я не магу страціць цябе. Я ня ведаю, што дасьць мне сілы гэта перажыць. І… зразумей, такой ночы ў мяне не было… І больш ня будзе.
— Я яшчэ магу выжыць… — прамармытаў Вінцэсь. — Мяне могуць памілаваць… Я магу ўцячы… І застацца ў тваім жыцьці разам з гэтай ноччу ня толькі ўспамінам. Ты пашкадуеш аб сваім учынку.
— Дурань! – дзіўна, але гэтае слова ў падобных выпадках часта замяняе самыя доўгія і выкшталцоныя прызнаньні. А Вінцэсь быў толькі слабым, грэшным чалавекам. І яшчэ ён кахаў.
Ноч палала на вуснах, быццам ноч Рыма, падпаленага шалёным цэзарам. І Вінцэсь зноў і зноў патанаў у невымоўнай пяшчоце і амаль невыноснай жарсьці, і зоры сыпаліся на іх праз галінкі ялінаў, з якіх склалі будан… Такое было іх каханьне – цудоўнае, п’янкое, з прысмакам сьмерці…
Віна мужчыны ў тым, што ён у каханьні заўсёды – пераможца. Вінцэсь не хацеў гэтага… Але ён ня мог парушыць адвечныя законы. І гэта было лепей за ўсё, што ён зьведаў дасюль.
І што магло прымусіць іх шкадаваць аб гэтым шчасьці? Цьмяны вобраз пасівелага Мартына, які столькі гадоў, быццам уладальнік чароўнага вострава, аберагаў, ашчаджаў цудоўную кветку, што дасталася юнаму сябру-суперніку? Заўтрашні дзень вызваляў ад віны, бо касаваў прышласьць. У іх адносінаў не было будучыні, і таму так лёгка і безаглядна кахалася.

Гарнушкаўцы нават ня сталі яго моцна зьбіваць. Усё-ткі ён быў пан, якога належала перадаць іншым панам, і хто ведае – ці спадабаецца тым іхняе мужыцкае абыходжаньне з “белай косткай”? Гарнушкаўцы ведалі, што панам давяраць нельга. Таму дзесяць узброеных з атраду самааховы, пад кіраўніцтвам старасты Сьцяпка Лухверчыка, вырашылі самі павезьці бунтаўшчыка ў горад, здаць, як належыць, запісаць па справядлівасьці, каму – узнагарода… Вінцэсь пазнаваў усіх: вось брат Міхася Валевіча… Адмольвае сямейныя грахі перад уладамі? Сын конюха Тодара, зусім маладзенькі і разгублены… Паперадзе ўсіх — стараста, Лухверчык, у новай сьвітцы з крамніны, з новенькай стрэльбай цераз плячо. Стараецца. камандуе… А гэта? Сьветлавалосы няўклюдны хлопец абыякава дапамагаў зьвязваць бунтоўнага пана. Маскарад трывожнага часу… Учора – ахвяра, сёньня – кат… Гаўрылу Чарапавіцкаму трэба было моцна пакаяцца, каб атрымаць дараваньне. Як кажуць кітайцы, ня дай табе Бог жыць у часы пераменаў.
Вінцэсь безуважна ляжаў на калёсах, зьвязаны гэтак старанна, што й не паварушыцца, і ўспамінаў мінулую ноч… Усьмешка, што блукала на ягоных вуснах, гэтак злавала мужыкоў, што адзін з іх, ня вытрымаўшы, пачаў даволі такі адчувальна тыцкаць Вінцэсю пад рэбры прыкладам стрэльбы (а чаго лыбіцца, зладзюга?).
У горадзе вуліцы аказаліся на дзіва пустэльнымі. Затое бліжэй да цэнт­ральнага пляцу траплялася ўсё больш і больш народу, асабліва жаўнераў. Раптам сыпануў дробны пошчак барабанаў… Вінцэсь здагадаўся, што гэта азначае. На шчасьце, яго ахоўнікі таксама выявілі цікавасьць і пад’ехалі бліжэй, на ўзгорак, з якога добра бачыўся пляц. Знаёмае драўлянае ўзвышэньне, над ім гайдаецца пятля… Сьцяпок Лухверчык нават прыўзьняў Вінцэся, каб таму лепш было відно:
— Глядзі, як цябе самога вешаць будуць!
Вінцэсь напружана ўглядаўся: каго караюць? Вось вывелі на памост… Ідзе сам, горда … Белая кашуля, чорнавалосы… Далёка. Не пазнаць. Затое той, хто чытаў прысуд, меў такі грамавы голас, што нават там, дзе знахо­дзіўся Вінцэсь, вылучалася кожнае слова. За злачынствы супраць дзяржавы… За забойства паручніка лейб-гусарскага палка Аляксандра Пятровіча Далгарукава… прысудзіць двараніна Н-скай губерні Рагманава Марка Вакулавіча да сьмерці цераз павешаньне…
Зноў cыпануў барабанны пошчак. Вінцэсь з усяе сілы ірвануўся… Не! Гэта падступна! Гэтага нельга дапусьціць!
— Што, паночак, страшна? – зьдзеклівы голас побач.
Вінцэсь глядзеў – бо адвесьці вочы было таксама здрадай. Але відо­вішча расплывалася ад пякучых сьлёз. Вось падыходзіць кат… Надзявае пятлю на шыю асуджанага… Б’юць барабаны, усё хутчэй, хутчэй… І страшны, недарэчны танец у паветры паміраючага цела…
—Не-е-е!!!
Перастрахаваўся, падлюга Людвісар! Вось будзе неразьбярыха, калі і ён, Вінцэсь, пачне настойваць на тым, што забіў таго радавітага лейб-гусара!
— Во пераймаецца наш пан! – побач ужо нават спачувалі. – Ня хочацца паміраць, як таму, ясная справа…
Але сьмерць па-ранейшаму не хацела прымаць яго ў палацы вечнага спакою. Ці з любасьці, ці з пагарды? Хто ведае. Калёсы трэсьліся на брукаванцы, натоўп, што разыходзіўся, наталіўшыся жахлівым відовішчам, неміласэрна штурхаўся побач… Адзін з ахоўнікаў нахіліўся над палонным. Вінцэсь адчуў, што вяроўкі на ім раптам саслабелі. Нехта ўклаў у яго зьнямелую руку пісталет.
— Страляй у старасту…
Ахоўнікі пападалі на зямлю, атуляючы галовы чорнымі рукамі, звыклымі да касы і рала. Хіба толькі двое ўспомнілі пра зброю. Там, у Гарнушках, Вінцэсь зусім не бараніўся, і яны яго не баяліся. Цяпер ім давялося зразумець сваю памылку, але — запозна.
— Бяжым! – Гаўрыла Чарапавіцкі цягнуў Рашчынскага за сабой, і натоўп паглынуў іх, як рачныя хвалі – заходняе сонца.
Ты выжыў – гэтае ўсьведамленьне напаўняе цела жывёльнай радасьцю. Ты выжыў там, дзе немагчыма было выжыць. І так і хочацца зьвярнуцца да Госпада з блюзьнерскай просьбай – адымі розум… Каб ня збэсь­цілася простае, зразумелае сьвята невыноснымі пакутамі душы.
Вінцэсь не вінаваціў сяброў. Ён усё разумеў – з ім ужо разьвіталіся, кожны сказаў у думках добрыя і ўзьнёслыя словы, падрахункаваў ягонае жыцьцё… А ён не загінуў. Вярнуўся, жывы і здаровы. Яго месца ў палацы вечнага спакою заняў іншы. І гэта было, як быццам кашулю вярнулі нямытай, і давядзецца яе апранаць і даношваць. Нібыта свая, але хацелася чыстай і адпрасаванай.
Ваўкалак хаваў вочы.
— Людвісар прыслаў скрыні… Дзьве невялікія – там манеты. Астатнія са зьліткамі. Думаю, пакуль пачнем карыстацца манетамі, а зьліткі – перахаваць, куды дамаўляліся.
І была яна. Халодная, як восеньскае неба.
— Спадзяюся, жыцьцё майго брата прададзенае не дарэмна, і ваш мільён зробіць гэтую зямлю вольнай і шчасьлівай... Хаця б трошкі.
Вальжына таксама разумела, што несправядліва дакараць чалавека за тое, што яму не ўдалося загінуць. Яна і спрабавала ўсьміхнуцца, суцешыць – бачыла ж, як ён пераймаецца ад таго, што адбылося. Але між імі паўстала сьцяна... Ці, можа, прывід? І Вінцэсю разрывала сэрца ўсьведамленьне таго, што ноч у будане была толькі разьвітальным падарункам герою. Няўжо – так?
— Мне цяжка вас бачыць, – спакойны тон раніў больш, чым крык. – Ня думаю, што змагу быць з вамі. Можа быць, з часам, калі забудзецца многае… Калі мне перастане здавацца, што Марк вось-вось зьявіцца, пастукае ў дзьверы, засьмяецца…А пакуль што – ідзіце, хавайце свае скрыні.
Нібыта кінула ў твар халодную жабу.
І Вінцэсю было яшчэ горш ад таго, што ён ведаў – цяпер яна ня зможа вярнуцца і да Мартына. І заставалася толькі адно – зрабіць сапраўды так, каб Маркава жыцьцё аказалася прададзеным недарэмна.

15.
Далоў доўгую спадніцу і абцасы, сімвалы заняволенасьці жанчын, апаэ­тызаваныя патрыярхатнымі паэтамі!
Паліна злосна глядзелася ў люстэрка. Пачвара! Да чаго давяла сябе за апошнія гады!
Адзінае, што суцяшае – джынсы, якія схавала ў шафу тры гады таму, нават завялікія… Не растаўсьцела! А што з валасамі рабіць? Можа, проста распусьціць па плячах? І зьлева заплесьці некалькі таненькіх косак – будзе арыгінальна… Чорную кофтачку са срэбным павуком таксама гады тры не надзявала… А пазногці?!! Яна ж нават лак перастала купляць!
Званок у дзьверы спыніў усе хваляваньні.
Што ж, прынамсі, Стась ня ўлез бы ў старыя джынсы – на амерыканскіх прысмаках прыбавіў кілаграмчыкаў дзесяць. Гэта першая дурная думка, якая прыйшла ў галаву Паліны. А за ёй і другая, не разумнейшая: яна, Паліна, усё яшчэ яго кахае. Гэтага распаўнелага, упэўненага ў сабе “мача” ў белым пінжаку…
А далей яна ўвогуле перастала думаць. Таму што Стась заўсёды ведаў, як з ёй абыходзіцца: ён проста моцна пацалаваў яе, і… І адразу ж пачаў распараджацца. Гэта тэкіла. Гарэлка з кактусаў, гадасьць, вядома, але прывёз дзеля экзотыкі. Схавай у лядоўню. We’ll drink best… Будзем піць вось гэта –кампары. Вяндліна нарэзаная, раскладзі толькі. А вось авакада трэба нарэзаць… Ты тут каштавала авакада, маленькая? Не? Я так і думаў… У ЗАГС можна заўтра падысьці да дзесяці раніцы. За сто баксаў расьпішуць адразу. Don’t worry, be happy. Ды ня тыя чаркі дастала. Трэба для кактэйлю…
Паліна, як загіпнатызаваная, бегала між кухняй і гасьцёўняй, адчуваю­чы сябе пухнатым цацачным зайчыкам, у якім пасьля доўгага перапынку замянілі батарэйку.
— А гэта што за жаба?
Стоп! Паліна рашуча паклала чарговы пакунак на канапу. Ачмурэньне нейкае! Нібыта не было гэтых трох гадоў, нявыплаканых сьлёз, незабытай крыўды…
— Паслухай… Нам варта пагаварыць.
Пагаварыць Стась не адмаўляўся. Столькі за гэты час адбылося! Амерыка – добрая школа выжываньня. Але хто працуе, не лайдак, ды з мазгамі – будзе жыць, як тут і ня сьнілася. Галоўнае – стабільнасьць. Страхоўкі, полісы, прафсаюзы… Паліна слухала, углядалася ў спакойныя разумныя вочы, і – ні адценьня там віны, ні сумневу ў тым, што ён робіць правільна. Заўсёды правільна.
— А ты ўсё гэтак жа займаешся сваёй беларушчынай? Не адказвай, сам бачу. Вунь панацягала бярвеньняў, шашалем паедзеных. Няўжо не разумееш – гэта бесьперсьпектыўна! Сьвет імкнецца да уніфікацыі, а ты — супроць плыні, ды яшчэ за сто баксаў у месяц. Не падвысілі ж моцна зарплату, так? І з дысертацыяй я таксама быў упэўнены – не абароніш, занадта далікатная натура. Да цябе менеджэра прымацаваць трэба.
— Гэта не бярвеньні,— абурылася Паліна, – а беларуская скульптура пачатку васемнаццатага стагоддзя!
— І адкуль яна ў цябе? Са сьметніка?
— Можна сказаць, так. Паехалі з сяброўкай глядзець касьцёл у Касацінава. Побач з храмам – закінуты дом, ганак з драўлянымі калонамі, можа, калісь ксёндз жыў. Вось на ганку гэтага дома і знайшла… Касьцёл рэстаўравалі, як цацачку. З-за мяжы прыслалі і начыньне для інтэр’еру – гіпсавыя дзевы Марыі і расьпяцьці, пафарбаваныя алейнай фарбай. А гэтыя “вырабы народнага генія”, як казаў Караткевіч, – прэч! Старыя, нехлямяжыя… Уяўляеш – яны пад дровамі ляжалі!
— І ты іх прыўлашчыла?
— Вядома! Транспарту свайго не было, а я – з гэтымі скульптурамі, як з немаўлятамі – і рукі ўжо не трымаюць, і кінуць не магу. Людзі ў аўтобусе лаюцца, штурханіна… Затое вось – сьвятая Барбара… Сьвяты Майсей…
Дзяўчына падыйшла да скульптур і ласкава, як жывых, пагладзіла па шурпатай паверхні. Госьць іранічна паківаў галавой.
— Ты не зьмянілася. Памятаю, як у Шэпетава пацягнула мяне ў старую царкву, паглядзець на труну дойліда. Аказалася, тую труну – дыхтоўную, з чорнага дрэва, так? – яшчэ падчас вайны забралі немцы, каб пахаваць свайго кончанага партызанамі генерала. А мумію дойліда пакі­нулі ў скляпеньні… Як яго звалі, таго дойліда?
— Адам … — ціха прамовіла Паліна, нібы баючыся легкадумным тонам пакрыўдзіць і без таго пакрыўджаны цень. — Такое імя на труне, кажуць, было напісана. А прозьвішча згубілася.
Стась белазуба ўсьміхнуўся і працягваў успаміны.
— І вось гэтага Адама, забальзамаванага, як фараон, некалькі пакаленьняў мясцовых хлопцаў цягалі па вёсцы, каб палохаць дзяўчатаў. Во ўмелі бальзамаваць продкі! Не рассыпаўся, хоць чаго толькі жартаўнікі не выраблялі! І ты, як ненармальная, насілася па вёсцы, шукаючы бедную мумію, і вучыла вяскоўцаў маральнасьці і павазе да гістарычнай спадчыны, а я ледзь абараніў цябе ад нейкага мясцовага Кінг-Конга.
Паліна горка ўсьміхнулася, нібы наяве ўбачыўшы былую прыгоду, страшны чорны твар муміі, рогат бяспамятных дурняў…
Стась засьмяяўся непрыемным бязгучным сьмехам і адкінуўся на сьпінку крэсла. Паліна з жахам заўважыла, што ў яе “мача” відочна абазначыўся другі падбародак. І рукі зьмяніліся… Нейкія не такія пальцы, пазногці. І... блішчаць?
Стась перахапіў яе пагляд, пакруціў у паветры дагледжаную даланю.
— Манікюр, дзетка. Не дзівіся – там гэта норма жыцьця. Адразу сам ня мог прывыкнуць. Але ў нас у бюро ўсе так робяць. І ўсе ходзяць па пятніцах і аўторках з шасьці да сямі ў трэнажорную залу, а кожны трэці “ўік-энд” – пікнік, у сьпецыяльна выкупленым фірмай кэмпінгу, усе са сваімі кошыкамі, жонкамі і безалкагольным півам… Сама пабачыш. Хочаш прыжыцца – будзь, як усе. Ды не хвалюйся – там ня толькі гэткі “мяшчанскі дабрабыт”. Я пачаў разумець тваю страсьць да муміяў, можа, толькі там, калі мяне прывялі ў дом аднаго мільянера, супер-праграміста. І гаспадары як найвялікшую каштоўнасьць паказвалі гасьцям кавалак цаглянай сьцяны ад стогадовай забудовы, і счарнелую пашчапаную бэльку, прымацаваную пад стольлю шыкоўнай залы. Бэлька засталася ад салуна, што калісь належаў дзеду гаспадара і згарэў, спалены ці то індзейцамі, ці то каўбоямі. І мільянер цяпер за шалёныя грошы скупляе парэшткі ад таго салуна – нейкія памятыя жалезныя кубкі, мядзяныя місы для ўмываньня, якімі карысталіся, напэўна, танныя самадайкі… Сямейны гонар!
Стась адпіў кампары, акуратна прамакнуў вусны сурвэткай, пацягнуўся да Паліны і зноў моцна пацалаваў, нібыта сьцьвердзіў свае правы. Вось так, не спадзявайся, што ўсё скончыцца размовамі.
— Дарэчы, не падумай, вядома, што я раўную, буду ў прэтэнзіі… Але многа ў цябе было мужчынаў за гэтыя гады, бэбі?
Стась паблажліва паглядаў на былую жонку, нібыта ведаў адказ. Ах ты бедненькая, пакінутая… Паліна на хвілю адчула невымоўны боль. Яна сапраўды хоча правесьці рэштку жыцьця з гэтым прыгожым, дужым, самаўпэўненым эгаістам? Паліна памаўчала, потым рашуча ўзьнялася, узяла з паліцы заколку, падыйшла да люстра і закруціла валасы ў звыклы вузел. Вось так… Цяпер можна пазнаць, вярнуць самую сябе. І ратавацца… Пакуль душа не зламалася дарэшты. Паліна павярнулася да госьця.
— Я выходжу замуж за другога. Прабач, трэба было сказаць адразу.
— Вось як… – Стась паставіў на стол шклянку з кампары, яшчэ ня ведаючы – абразіцца ці пасьмяяцца. – І хто ён, калі не сакрэт?
Цяпер іншага выйсьця не было – Паліна ня верыла ў свае сілы вы­стаяць перад спакусаю без дапамогі звонку, няхай віртуальнай. Стась, напэўна, заўважыў яе ваганьні, бо ўпэўненая ўсьмешка зноў вярнулася на яго дакладна акрэсьленыя вусны. Пагуляй, пагуляй, дурнічка, у незачэпу.
Лагічней за ўсё было б назваць у якасьці жаніха Сымона. Паліна ведала, што баявіты штурман абараніў бы яе ад уплыву і дзесяці Стасяў. Але сказалася чамусьці іншае:
— Ён скульптар… Родам з Беларусі, але жыве ў Вільні. Гэтую жабку зьляпіў.
—А імя ў яго ёсьць?
— Валянцін. Валянцін Чарапавіцкі.
— Такі ж “закручаны” на “беларускім пытаньні”, як і ты?
— Такі ж.
— І… ты яго кахаеш?
Паліна адвярнулася да вакна, за якім сыпаўся дробны летні дождж, памаўчала і ціха прамовіла – ня Стасю, а дажджу і сабе.
— Кахаю.
І сама зьдзівілася – што за фантазія?
А потым, калі Стась пайшоў, і адзінота варухнулася ва ўсіх кутах, папаўзла ценямі да гаспадыні – хаця навошта ўладарыць над ценямі? — і было невыносна сумна слухаць шум дажджу, і глядзець на амаль некранутыя стравы і недапітыя напоі ў шклянках, рука сама набрала нумар тэлефону. Хаця зноў жа – навошта? І далёкі голас трывожна пытаўся: “Я слухаю… Хто гэта? Паліна? Гэта вы? Што здарылася? Не маўчыце! Паліна!“
Але адказваць таксама не было сэнсу.
Маці, як і абяцала, вярнулася толькі раніцой. І адразу ж усё зразумела. Паліна ведала, яна ў душы радуецца – вядома, шчасьце дачкі вышэй за ўсё, але застацца адной? І тым ня менш пасыпаліся папрокі. Ну як можна адмаўляцца ад свайго шчасьця? Іншыя шалёныя грошы плоцяць шлюбным агенцтвам, каб выскачыць хоць за якога нягеглага янкі.
Паліна не адказвала, і маці зусім зазлавала.
— Дурніца ўпроўная, ідэалістка, уся ў…
Марыя Апанасаўна абарвала сябе, і Паліна зразумела, чаму.
— А дарэчы, ты ніколі не расказваеш мне пра майго бацьку. Прабач, я разумею, што, відаць, з гэтым у цябе зьвязаныя ня самыя лепшыя ўспаміны жыцьця, але я маю права ведаць! Хто б ён ні быў – гэта ж мой бацька!
Паліна не ўпершыню завязвала такую размову, атрымліваючы заўсёды ў адказ нешта гнеўнае, нібыта ў самой яе зацікаўленасьці мелася крыўда для маці.
— Паслухай, ну вось зьеду я са Стасем у Амерыку, і, можа, ніколі больш ня ўдасца пра гэта пагаварыць. Твае ўнукі спытаюць мяне пра дзеда, а я ім: не было ў вас дзеда, бэбі!
Пагроза падзейнічала. Маці, усё яшчэ раздражнёна прыбіраючы тыя рэчы, што, на яе погляд, засталіся не на сваіх месцах пасьля ўчарашняга гасьцяваньня, нарэшце вымавіла.
— Ты нічога пра яго, пра свайго бацьку, ня ведаеш, а ён нічога – пра цябе. Так што ўсё ў раўнавазе.
Паліна не зьбіралася адступацца.
— Мама, хто ён? Хто мой бацька?
— Татарын.
— Што?!!
— А ты думала – чаму ты такая чарнявая? Не палохайся – і ён, і продкі ягоныя лічацца беларусамі, праваслаўныя, з нашае шляхты. Вёска яго неяк прыгожа называлася – Вясьнянка, ці Весьніцы… Дзесьці пад Наўем. Ну, што табе тлумачыць – сама гісторык. Ведаеш, калі радавітыя татары на Беларусі пасяліліся – яшчэ падчас Грунвальду. І з твару ён – беласкуры, як ты… Толькі вочы і валасы чорныя, як вугаль, ды прозьвішча – Рагманаў. А Татарынам мы яго празвалі ў інстытуце – за шалёны характар.
— Дык вы разам вучыліся? – зьдзівілася Паліна.
— Вучыліся… – уздыхнула маці. – Ён – на рэжысуры. Я – на акцёрскім. Але ж кажу – “Татарын”… Час які быў, а ён для курсавой працы вынайшаў п’есу нейкага заходнебеларускага пісьменьніка, ворага народу. І часопіс самаробны яны ў пакоі рабілі ўчатырох… Зразумела, што з чатырох хаця б адзін стукач быў. Ну і пагналі яго з “воўчым білетам”… Ды каб толькі гэта! Ён яшчэ і поўху замдэкана адвесіў. А той – з органаў, усе ведалі… Карацей, столькі артыкулаў на Татарына навешалі… Добра, ня ў лагеры – але на прымусовае пасяленьне ледзь ня ў тундру.
— А ты?
— А што я? – маці раздражнёна глядзела ў вакно, нібыта дождж, які сыпаўся за шыбай, быў у нечым вінаваты. – Я была сакратаром камсамольскай арганізацыі інстытуту. Марыла пра вялікую сцэну… Ты думаеш, я зьбіралася працаваць касьцюмеркай? Гэта ж блізкае знаёмства з тваім татачкам перакрэсьліла мой шлях. Таксама ледзь з інстытуту не адлічылі… Ну а потым зьявілася ты, і, вядома, добразычліўцы паведамілі, куды трэба, ад каго ў мяне дзіця. Але мне было ўсё роўна — ты маё адзінае шчасьце.
— І бацька ніколі не аб’яўляўся?
— Ну чаму ж… Пісаў, прасіўся… Але я адразу яго адпрэчыла. Прапашчы чалавек. Давялося яшчэ і на камсамольскіх сходах каяцца, выкрываць антысаветчыка. Ну што ты так на мяне глядзіш? Кажу – час быў такі!
Паліна абхапіла галаву рукамі, паўтараючы, каб прывыкнуць да гучаньня:
— Рагманаў… Генадзь Рагманаў…Спадзяюся, імя па бацьку я праўдзі­вае маю?
Маці рэзка спынілася перад дзьвярыма на кухню.
— Ты – Ведрыч! Паліна Ведрыч! І ня ўздумай нешта ці некага расшукваць! Усё, што было, быльлём парасло. Пачнеш шукаць яго – ты мне не дачка!
Паліна сядзела над картай… Вось ён, Наўеўскі раён, ёсьць у ім вёска пад назвай “Вясеньняя”, відаць, перайменаваньне. Яшчэ добра, што не чарговая Сірэневая або Акцябрская. Ёсьць Весялова, а вось – Весьніцы… На рацэ з вясёлай назвай Лялёўка. Трэба ж, зусім побач ад Гарнушак. Выходзіць, яе, Паліны, продкі былі землякамі Рашчынскіх? Цікава… Паліна ўзялася за свае папкі. Жылі Рагманавы ў Весьніцах… Вось нейкі Марк Рагманаў, васемнаццаці гадоў, дваранін – у сьпісе павешаных у 1863 годзе.
Як многа значыць у жыцьці выпадак! Паліна кінула позірк на паперку — ксеракопію прашэньня Кастуся Каліноўскага Віленскаму генерал-губернатару Назімаву:
“Окончив курс наук в императорском С.-Петербургском университете со степенью Кандидата и желая поступить на службу, имею честь покорнейше просить Ваше высокопревосходительство доставить мне возможность служить под просвещенным начальством Вашего высокопревосходительства».
Цалкам добрапрыстойная, сьціплая просьба… Але яна не была задаволеная. Юнакоў мясцовага паходжаньня, якім удалося атрымаць адукацыю, на пасады дапускалі неахвотна – перавага аддавалася прыезджым з Расіі. На гэта мелася адпаведнае распараджэньне. А калі б здольнага, але немаё­маснага маладога чалавека ўзялі на працу, далі добрую пасаду? Паліна задумалася. Наўрад гэта адпрэчыла б яго ад паўстаньня. Нават Гейштар, правадыр “белых”, што ня дужа любіў Каліноўскага, піша пра яго: “Гэта была натура гарачлівая, але сумленная, без малейшай крывадушнасьці”.
Вінцэсь Рашчынскі ня быў надта блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага, хаця, вядома, ня мог з ім не сустракацца. І яе, Паліны, продкі маглі з імі абоімі бачыцца.
Паліна пачувалася вінаватай – нібыта парушыла нейкія абавязкі перад даўно памерлым філосафам сваёй сустрэчай са Стасем. Новасьпечаны амерыканец так і не паверыў, што страціў уладу над сьціплай чарнавокай дзяўчынай. Значыць, адчуў, што ўлада яшчэ ёсьць.
Паліна нават ціхенька ўсплакнула… І зачэрпнула поўную лыжку шыпшынавага варэньня са слоіка, перададзенага Сымонам. Салодкае супакойвае кабету лепш за валер’янку. Выйсьці замуж за бравага штурмана, хадзіць з ім у вандроўкі…
У дзьверы пазванілі, так што Паліна ледзь не ўтапіла лыжку ў слоіку. Маці павінна быць яшчэ ў тэатры…
На лесьвічнай пляцоўцы стаяў Валянцін, зноў без парасону, і зноў мокры, як пацук. І да таго ж – страшэнна ўстрывожаны.
— Што здарылася? Гэта ж вы мне тэлефанавалі, праўда? Усё з-за нашага дурнога расьсьледваньня…
— Нічога ня здарылася, супакойцеся. Дождж пайшоў, лета канчаецца, вось і ўсё. Ну, але ж праходзьце.
Валянцін зняў мокрую наскрозь куртку і застаўся ў чорным швэдары. Нібыта яшчэ больш схуднеў – вунь як швэдар на ім вісіць, як на вешалцы. Дрэнна кормяць, ці што?
Паліна змрочна глядзела на чалавека, у каханьні да якога зусім нядаўна прызналася былому мужу. І што цяпер рабіць? Сэрца ўсхадзілася, ледзь не выскоквае. Вядома, толькі ад таго, што няёмка перад самой сабой. Не хапала яшчэ, каб гэты няўклюда нешта западозрыў. І ўвогуле – як ён пакінуў сваю сьветлакосую гераіню? Валянцін таропка патлумачыў.
— Я, на жаль, без дазволу… Таму ненадоўга. Але… проста ня мог не прыехаць. Ведаеце, мне ўсё трывожней робіцца. Дарэмна мы турбуем мінулае. Яно мае ўласьцівасьць ажываць і ўмешвацца ў нашае жыцьцё.
Паліна адвярнулася да вакна. Зноў зьбіраецца адгаворваць… Валянцін, відаць, зразумеў, што на яго пачалі гневацца, і пачаў нешта цяжкое даставаць з сумкі, зашаргатаў цыратай, у якую тое “нешта” было загорнутае… Паліна зацікаўлена азірнулася.
Госьць паставіў на стол бюст з гліны. Разумны спакутваны твар, горкія складкі ля вуснаў… Вінцэсь Рашчынскі!
— Гэта толькі эскіз, — вінавата патлумачыў Валянцін. — Я думаю – у Гарнушках варта зрабіць добры помнік.
Паліна захоплена кранула рукой скульптуру.
— І вы хацелі сысьці з мастацтва! Ведаеце, самаедства ўвогуле ўлась­ціва беларусам. Але не да такой жа ступені!
— Вам падабаецца? – Валянцін расьцьвіў усьмешкай, і яго няпра­вільныя рысы раптам нібыта асьвяціліся знутры. Паліна нават трохі спалохалася, што зараз ён скажа ці зробіць нешта такое, пасьля чаго ўжо ня будзе ранейшай нязмушанасьці ў адносінах. А яна ж, Паліна, насамрэч нічога сур’ёзнага да яго ня мае! Так, хіба пацешыць самалюбства чужой закаханасьцю. Але Валянцін згасіў усьмешку і апусьціў вочы.
— Што ж, я рады, што вам спадабалася. Няхай гэты варыянт застанецца ў вас. І я быў бы яшчэ больш рады, каб гэта была апошняя кропка ў вашых росшуках.
— Не дачакаецеся! – пераможна ўсьміхнулася Паліна. — У пятніцу я еду ў Гарнушкі, шукаць чацьвёртую жабку, нават стэлефанавалася з дырэктарам мясцовай школы. Ён прысланы нядаўна, нічога ня ведае пра гарнушкаўскія забабоны, але цікавіцца краязнаўствам і паабяцаў, што ўладкуе мяне на кватэру.
— Вы ня можаце ехаць адна! – захваляваўся Валянцін. – У жыцьці не сустракаў такой зацятай дзяўчыны. Няўжо вам так важна знайсьці гэтую няшчасную жабку?
— Важней за ўсё на сьвеце! – з выклікам прамовіла Паліна. — Ды вы сядайце… — схамянулася. Наконт таго, каб быць добрай гаспадыняй, ужо ня цешыла сябе мроямі. Але ж трэба сумленьне мець – госьць пасьля доўгай дарогі, прамоклы, з-за яе ж, дурніцы, трывожыцца… Валянцін асьцярожна апусьціўся на крэсла, нібыта яно было антыкварнай каштоўнасьцю, а ня вырабам фабрыкі “Гомельдрэў”. Але замест пачастунку, як праўдзівая эмансіпэ, Паліна пляснула на стол тэчку з паперамі.
— Вось, глядзіце. Рашчынскі зьехаў за мяжу пасьля таго, як пакаралі сьмерцю Кастуся Каліноўскага — гэта, фактычна, азначала, што паўстаньне задушанае. Маёмасьць яго секвестравана – пад арыштам, ён нічога асабліва каштоўнага ня мог з сабой узяць. Жыве ў Парыжы ў нейкім катуху, як жабрак. А падчас франка-прускай вайны на ўласныя грошы ўзбройвае роту жаўнераў найноўшай мадэльлю ружжаў сістэмы Шаспо. Урад нацыянальнай абароны нават выказаў яму падзяку. А потым, калі пачалася рэвалюцыя, Рашчынскі купляе зброю атраду паўстанцаў. Яму пашанцавала, што падчас абароны Парыжу ад немцаў быў цяжка паранены – бо няйначай узяў бы ўдзел у Камуне і, хутчэй за ўсё, загінуў. І ўвогуле, яго ў колах парыжскага паўсьвету – ён любіў знацца з мастакамі і пісьменьнікамі, з багемай, карацей, — звалі яго не інакш, як літоўскі Монтэ-Крыста, лічылі дзіваком і аскетам. Хоць жыў да канца жыцьця вельмі сьціпла, толькі на невялікі заробак ад прыватных урокаў ды публічных лекцыяў, ня надта папулярных. І пасьля, у 1893, калі Рашчынскаму дазволілі вярнуцца – маёнтак разрабаваны, заняпалы, яго выкарыстоўвалі для разьмяшчэньня вайсковага гарнізону, – адкуль грошы на шыкоўнае надмагільле? На новую двухпавярховую бальніцу для сялянаў? А пасьля раптоўнай сьмерці ў 1894 — аніякіх размоваў пра багатую спадчыну. Маёнтак канчаткова разбураецца, бальніцу ніхто не дабудоўвае, а надмагільле пачынаюць разьбіваць. І паколькі ў ім было зашыфраванае нейкае пасланьне – можна здагадацца, што нехта не хацеў, каб яно дайшло да нашчадкаў.
— Можа быць, і цяпер нехта гэтага ня хоча? – ціха прагаварыў Валянцін.
— Хто, несьмяротныя захавальнікі скарбу? – пасьміхнулася Паліна. – І далей. Я даведалася пра Станіслава Людвісара, у лісьце якога быў малюнак надмагільля. Сын магната, удзельнічаў у паўстаньні. Нават быў пад судом – але апраўданы за нядоказнасьцю віны і як недзеяздольны. Пасьля вызваленьня зусім звар’яцеў, жыў у бацькавым палацы. Нашчадкаў не пакінуў. А з Вінцэсем Рашчынскім перапісваўся! Шкада, адзі­ны ацалелы ліст кудысьці зьнік з архіву. Затое ў другім лісьце, да сваёй сястры ў Жэневу, Людвісар паведамляе пра сьмерць Вінцэся Рашчынскага і піша: “Няхай цяпер сумленьне ягонае супакоіцца, і сьмерць ягоная распарадзіцца тым, чым не ўдалося распарадзіцца жыцьцю. Хаця – не асуджай мяне моцна, – мне шкада ня толькі нябожчыка, але і таго сена, пры якім ён стаўся сабакам”. Не, усё вырашана. Я еду ў Гарнушкі. Да таго ж, хачу заехаць у суседнюю вёску, Весьніцы. Ведаеце такую?
Засмучоны Валянцін моўчкі кіўнуў галавою.
— А такое прозьвішча – Рагманавы – чулі? – дрыжачым голасам запыталася Паліна.
— Рагманавы? – задумаўся Валянцін. – Не, ня чуў. А што?
— Ды так, нічога…
Валянцін сіратліва сядзеў на крэсьле, схаваўшы рукі ў задоўгіх рукавах швэдара, нібыта яму было вельмі холадна, мокрыя валасы зьвісалі жаласнымі пасмачкамі… А трэба было б прапанаваць госьцю гарачай гарбаты! Паліна ўзьнялася, ня тое, каб надта ахвотна… Але ейныя добрыя намеры парушыў званок у дзьверы. Адзін, другі, трэці запар… Хто гэта так настойліва просіцца ў госьці?
Дзіна была ў кароткім белым плашчы з перламутравым бляскам – быццам перліна ў ракавінцы. І лёгкія летнія боцікі на высачэзных абцасах – белыя і бліскуча чысьценькія, відаць, гаспадыня прыехала на машыне. А вочы – зьненавідныя.
— Валянцін у цябе?
— Так… – Паліна разгубілася, быццам яе засьпелі на нейкім ганебным учынку, нават у чырвань кінула. Дзіна хуткім крокам, ледзь не зачапіўшы гаспадыню, прайшла ў залу, дзе з крэсла падымаўся ёй насустрач таксама зьбянтэжаны Валянцін.
— Паехалі дадому.
Гэтак спакойна сказала, упэўнена, бяз цені сумніву.
Паліна не любіла, калі ў кагосьці няма ні ценю сумніву. Відаць, Валянцін таксама. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой немаленькі рост і азваўся:
— Ну навошта было турбавацца? Прабач, што не дачакаўся, каб папярэдзіць асабіста – але ж я пакінуў ліст.
— Так, дзякуй хоць за гэта…— спакой патроху здраджваў “уладальніцы”. – Але было б сумленьней, каб ты найперш думаў не пра староньніх кабетаў, а пра тую, што дзеля цябе рызыкуе жыцьцём… Пра нас з табой дваіх, урэшце! – Дзіна гнеўна павярнулася да Паліны. – У нас з Валянцінам сапраўды асаблівыя адносіны, каб вы ведалі.
— Дзіна, ня трэба! – Валянцін зноў зьбялеў, як ад болю. – Я заўсёды памятаю пра тое, што ты для мяне зрабіла, і ніколі цябе не пакіну. Але ад таго, што я ад’ехаўся на некалькі гадзінаў – ты і твая фірма нічога ня страцілі.
— “Ніколі цябе не пакіну!” – Дзіна патроху раз’юшвалася.—Хіба толькі таго мне трэба, каб ты сядзеў цэлымі днямі ў майстэрні, ляпіў, маўчаў, і самае большае — паглядаў з пачуцьцём глыбокай удзячнасьці, як Граждан на партыю?
Валянцін упарта сьціснуў сківіцы.
— Я сумленна выконваю нашую дамову.
— І бегаеш за іншымі спадніцамі?
Валянцін кінуў хуткі позірк на Паліну, што зусім забілася ад няёмкасьці ў кут, і без таго загрувашчаны стосамі кніг, ня ведаючы, ці ня выйсьці з пакою падчас сямейнай сцэны. Але Дзіна не зьбіралася адкладаць высьвятленьне адносінаў на потым, і скульптар ціха прагаварыў.
— Нашая дамова ня тычылася… інтымных справаў. Дзіна, ты цудоўная дзяўчына, я ведаю, што ня варты цябе. Ты будзеш шчасьлівай з іншым. Я выканаю ўсё, што ты скажаш, жыцьцё аддам, калі папросіш – яно і так тваё. Але зразумей — ніхто ня ўладны над сваімі пачуцьцямі. Я абразіў бы цябе, калі б пачаў прыкідвацца закаханым… Я разумею, што страшэнна вінаваты… Мы тры гады былі разам…
— Ты проста дурань! – пагардліва кінула Дзіна. –У кожным сямейным жыцьці ёсьць перыяды, калі двое стамляюцца адзін ад аднаго. А ты ўжо ўявіў сабе нешта.
— Мы нежанатыя,— вінавата нагадаў Валянцін.
— Але ж зьбіраліся пабрацца! – амаль крыкнула Дзіна. Яе твар так страшна перакрывіўся, нібыта адбіралася апошняя надзея. – Ты што, перадумаў?
Валянцін моўчкі стаяў, апусьціўшы галаву. Пасьля з цяжкасьцю прагаварыў.
— Прабач…
Віленская гандлярка сьціснула кулакі і кіўнула ў бок Паліны.
— Гэта з-за яе? Можаш не адказваць, ведаю. Чыстыя пачуцьці, рамантычнае каханьне. А гэтая дамачка раскашэліцца дзеля цябе на пятнаццаць тысячаў баксаў?
Валянцін разгублена перапытаў.
— Чаму пятнаццаць? Мы ж столькі ўжо выплацілі…
— А “лічыльнік” “накруціў”! – зьедліва патлумачыла Дзіна. – Будзеце яго выкупляць? – гэта – на адрас Паліны. Тая дрыжачым ці ад хваляваньня, ці ад абурэньня голасам прагаварыла, адчуваючы сябе здрадніцай:
— Я на вашага сябра не прэтэндую.
— Ну вось! – пераможна падрахункавала Дзіна. – Нікому ты, Валік, акрамя мяне не патрэбны. Паехалі дадому. На мяжы якраз чаргі няма, і мытнік знаёмы. У восем будзем на Жыгімонтаса. Купім пляшку шампанскага, а хочаш – піва…
Валянцін упарта глядзеў на сваю “ўладальніцу”.
— Я буду працаваць на цябе дзень і ноч. І калі выплаціцца доўг – таксама. Але не магу падманваць цябе ў асабістым. Няхай нашыя стасункі застануцца сяброўскімі.
Дзіна памаўчала, узважваючы наступныя словы.
— Паслухай, тваёй даме патрэбная чацьвёртая жабка?
Паліна ўсхапілася.
— Вы ведаеце, дзе яе знайсьці?
Але Дзіна размаўляла толькі з Валянцінам.
— Ты – чалавек слова. Я магу здабыць жабку ў абмен на тваё слова гонару – паабяцай, што, пасьля таго, як скончым росшукі скарбу, ніколі больш не сустрэнешся з гэтай паненкай, ня станеш ёй ні пісаць, ні тэлефанаваць. Я нават не прашу, каб ты на мне ажаніўся – бо і так ведаю: выкінеш блазноту з галавы, нашы пачуцьці вернуцца. – І павярнулася да Паліны.
— Хочаш атрымаць чацьвёртую жабку?
Паліна няўпэўнена зірнула на скульптара. Гэтак ламаць чалавека… Ці мае яна права? Але разгадка таямніцы!.. Ніколі ня бачыцца… Сэрца раптам сьціснуў боль. Запярэчыць? Падаць няўклюдзе надзею? Але ж Дзіна дзеля свайго скульптара жыцьцём рызыкуе! Ён усё роўна зьвязаны, прыкуты да сваёй “уладальніцы”!
Ваганьні вырашыў Валянцін, цьвёрда прамовіўшы:
— Паліна хоча мець чацьвёртую скульптуру. Я ведаю, што для яе гэта вельмі важна.
Твар Дзіны прасьвятлеў, яна зноў набыла ранейшую ўпэўненасьць, як пасьля ўдалага гешэфту.
— Значыць, дамовіліся. У суботу прывязу жабку, і ўсе разам, як тады, рушым у Гарнушкі. Знойдзем тое, што шукаем, падзелім па справядлівасьці і – бывайце.
Валянцін нават не зірнуў на разьвітаньне на Паліну. Так і пайшоў з каменным тварам, як палонны вой. А Дзіна яшчэ весела кіўнула няўдалай суперніцы:
— Віншую, выгадная зьдзелка!
Паліна зачыніла дзьверы за нечаканымі гасьцямі. На душы было пагана. Прадала чалавека дзеля сваіх інтарэсаў. Прамаўчала… Вядома, так ці іначай – нічога добрага ня выйшла б. Пятнаццаць тысячаў… Цікава, Дзіна відавочна ня бедная. Тое, што гандлявала на Казюкасе – дык для тамтэйшых, гэта ўсё роўна як для нас на Купальле праз вогнішча скакаць. Далучэньне да старадаўняга сьвята. Джып, фірма, кватэра… Чаму б не прадаць, абы пазбавіцца раз і назаўсёды небясьпекі? Паліна папракнула сябе за нядобрыя думкі.
Дзяўчына разгублена абвяла вачыма сваё жытло. Колькі можна было б за яго выручыць? Ніколі пра гэта ня думалася. Ды анічога – кватэра непрыватызаваная. Што Паліна магла б прадаць? Чым валодае? Некалькі срэбных пярсьцёнкаў, гара кніг ды відэаплэер “Соні”, у якім час ад часу “заядае” кнопка. Ага, яшчэ карціны… Вось тая, з паляўнічым нацюрмортам, падабраная ледзь не на сьметніку, даляраў за сто пайшла б цяпер, далібог.
Паліна заўсёды пагарджала грашыма. Навошта іх шмат? Чым асабліва адрозьніваюцца туфлі ад Гуччы ад туфляў вытворчасьці фабрыкі “Прамень”? Ты ў “фірмовых” перастанеш спатыкацца і хадзіць не туды, куды трэба?
А цяпер Паліна адчувала сябе прыніжанай і бездапаможнай. Нават калі збыць усё да апошняга швэдара – ці назьбіраецца хоць тысяча “зялёных”? Не, яна не змагла б падарыць волю Валянціну. А з дапамогай жабкі – раптам знойдзецца сапраўдны скарб? Залаты леў? Тады і Валянцін вызваліцца! Праўда, не ад слова гонару – з горыччу нагадала сабе дзяўчына. Расстаньне назаўсёды… Ды яшчэ – з якімі ўражаньнямі? Прадала няспраўджанае каханьне…
На стале апынуліся побач літровы слоік з шыпшынавым варэньнем ад Сымона і бюст Рашчынскага, зьлеплены Валянцінам. Цікавая інсталяцыя! Паліна прынесла з лядоўні Стасеву тэкілу – шыкоўная выгінастая бутэлька з залатымі налепкамі, і таксама паставіла на стол. Тры падарункі для прынцэсы… Чый лепшы? З кім быць прынцэсе?
І раптам адчайна заплакала, не зьбіраючыся сама сабе тлумачыць – чаму.

16.
— Вінсэнт! Не забудзься – заўтра а пятай адкрыцьцё Салону! Прыходзь абавязкова. Накруцім бакенбарды акадэмікам!
— Вінсэнт! Паабяцай, што калі маю карціну купяць за сто франкаў – вып’еш бутэльку шато-марго!
— Не спадзявайся, Анры, наш бравы Паляўнічы ня вып’е нават на ўласных хаўтурах.
— Твая праўда, Шарль – на ўласных хаўтурах нават ты выпіць ня зможаш.
— Мой Бог, і сапраўды. Я не перажыву гэтай несправядлівасьці!
Чарнявы, як грак, Шарль з вусамі, закручанымі ў тугія чорныя колцы, бесклапотна зарагатаў – нібыта ў яго не было пятнаццаці франкаў доўгу за кватэру, і не прэтэндавалі на яшчэ два не заробленыя франкі зеляншчык і прачка, а ў дом на віа Тарэ-дзі-Нона, у Залаты дом з чароўнай Зізі, яго проста больш у доўг ня пусьцяць. Гэтак жа бесклапотна засьмяяўся і Анры, рудаваты мажны барадач у саламяным капелюшы-канацье. Няхай у кішэні – ані санціма, Бог любіць сьпеўных птушак і заўсёды спашле ім нешта на кавалак хлеба… і бакал абсэнту.
Ля парыжскай кавярні Гербуа квітнелі яблыні, і ружова-белыя пялёсткі асыпаліся на брукаванку, на столікі, вынесеныя пад травеньскае сонца, на агромністыя капелюшы дам у ружовых і бэзавых сукенках, на чорныя цыліндры-“васьмібліскі” наведнікаў. Апошняя рэвалюцыя забылася, як страшны сон – некаторыя з маладых мастакоў, што аблюбавалі кавярню, увогуле нарадзіліся пасьля крывавых падзеяў. Таму дзівакаваты Вінсэнт, сьветлавалосы немалады замежнік, успрымаўся як жывая легенда. Расказвалі, што ён быў сярод камунараў на могілках Пер-Лашэз, што сама Чырвоная Цнатліўка Луіза Мішэль, школьная настаўніца, што натхняла рэвалюцыю, пацалавала яго, бласлаўляючы на бойку. Што пасьля паразы Камуны ён, каб ня трапіць у страшную Каледонію, куды высылалі паўстанцаў, падарожнічаў па Сахары і Тыбеце, паляваў на тыграў, ільвоў ды іншых драпежнікаў – вось і празвалі Паляўнічым. А дзесьці ў сваёй дзікай паўночнай краіне ён учыніў калісьці страшнае злачынства, або перажыў страшную трагедыю, і мае патаемныя скарбы, і ўвогуле ён пазашлюбны прынц... Ды чаго толькі не нагавораць языкі парыжанаў! Галоўнае – месье Вінсэнт (прозьвішча было настолькі цяжкое, што яго ніхто ня мог вымавіць) вельмі разумны і цікавы сумоўца, заўжды спакойны, і за гэтым спакоем хаваецца незразумелая, але вялікая моц. Кожную раніцу пера­плываць Сену – гэта трэба мець сілу! Асабліва калі вада пачынае замярзаць. Сьведкі расказвалі, што Паляўнічы нават узімку дае нырца ў палонку – адразу відаць кроў паўночнага дзікуна. Але ж месье Вінсэнт – філосаф, час ад часу чытае публічныя лекцыі. Праўда, не сказаць, каб ягоныя тэорыі былі надта модныя. Сусьветная міфалогія, паходжаньне нацыяў… Цяпер у модзе іншае: мы ўсе – дзеці малпы, спадарства, віват Дарвіну. Затое ў мастацтве слова Паляўнічага – золата! Калі скажа – добра, значыць, заказвай вячэру з шампанскім, ты сапраўды нешта вартае стварыў. Але паспрабуй дачакацца ад нашага Паляўнічага ўхвалы! А галоўнае – ніякіх дзяўчынак. Ніякіх Зізі, Мімі, Марыуччы… Усе нешматлікія любоўныя гісторыі, што расказваліся пра Паляўнічага, былі вельмі заблытаныя і недазваляльна сур’ёзныя.
Светлавалосы Вінсэнт (густая грыва з незаўважнай сівізною, яркія сінія вочы са зморшчынкамі ў куточках, суровы рот) ветла памахаў сябрам рукой на разьвітаньне.
Што ж, яно так заўсёды – час гарматаў і час паэтаў зьмяняюць адзін аднаго ў вечнай каруселі. Ён сышоў з гэтае забаўкі яшчэ трыццаць год таму.
“Паляўнічы”… Гучыць прыемней, чым зацкаваны зьвер.
Паляўнічы любіў Парыж. Апошнія гады горад пераўтвараўся на вачах, і многія абураліся. Забіваецца “дух Лютэцыі”(так калісьці называлася гэтае места). Прасторныя будынкі супермаркетаў, усе са шкла і металу, дзе маладзенькія прадаўшчыцы працуюць па пятнаццаць гадзінаў у дзень, ня маючы права прысесьці й на хвілю; сусьветныя выставы з іх пампезнасьцю, з афрыканскімі і кітайскімі вёскамі, збудаванымі на пару тыдняў… А Цэнтральны рынак — “парасон ад дожджыка”, па выразе Напалеона ІІІ? Хіба ён заменіць вясёлы гандаль на маленькіх пляцах? Ну а супраць Эйфелевай вежы нават праводзяцца мітынгі! Гі дэ Мапасан аб’явіў гэтай жалезнай пачварыне вайну. Нарэшце, Гранд-Опера, збудаваная непадалёк ад ціхай ру Віньён, дзе атабарыўся Вінсэнт, агромністая, як скамянелая хмара… Безгустоўшчына, панове!
Але Паляўнічаму хутчэй падабаліся гэтыя перамены. Вызваляюцца архітэктурныя формы, вызваляюцца фарбы мастакоў, вызваляюцца народы… Толькі ягоны народ цярпліва чакае, пакуль шчасьце неадчувальна апусьціцца з неба, як гэтыя яблыневыя пялёсткі.
— Пардон, месье!
Дзяўчынка-разносчыца з вялікім кошыкам, накрытым бялюткай сурвэткаю – падобна, там круасаны, духмяныя булкі-паўмесячыкі, – неў­знарок штурхнуўшы высокага важнага пана, белазуба ўсьміхнулася. Позірк чорных, як масьліны, вачэй не вінаваты, а хуткі і зацікаўлены. Хто асудзіць немаладога самотніка, які завядзе нядоўгае знаёмства з баявітай парыжаначкай?
Вінсэнт сумна ўсьміхнуўся дзяўчыне, і тая, састроіўшы сьмешную грымаску – старэча ты, старэча! — зьнікла ў натоўпе, спрытна абмінаючы мінакоў, як лёгкі чоўнік – паважныя дымныя параходы.
Дамы на ру Віньён былі вельмі старыя, яшчэ з чорнымі драўлянымі накладкамі паўзьверх муроў, паводле сярэднявечнай моды, і на кожным доме – выява-“візітоўка”. Будынкі так і называліся: “Пад ласосем”, “Пад мядзьведзем”, “Пад рыцарам”. Паляўнічы жыў у доме “Пад казой”. Дакладней, на мазаічным пано, што прыкрашаў франтон дома, мелася дзьве выявы – пастушка ў чырвоным каптурыку дзьмула ў дудачку, а за ёй скакала няўклюдная, даўганогая каза, і на казіных рагах гайдаўся залаты ветах. Мясцовыя тлумачылі – гэта таму, што дом колісь будаваў купец, які гандляваў воўнай і казіным сырам. А Паляўнічаму здавалася, дзяўчынка, каза і ветах – гэта пра тое, што ўсё мінае, і бесклапотнае сьпеўнае юнацтва незаўважна вядзе за сабой сьмерць. Але пры адпаведным настроі сьмерць можна пабачыць ва ўсім, асабліва на вуліцы, названай у імя паэта, што напісаў вясёлую баладу пра танец вісельнікаў.
Кватэра Вінсэнта месьцілася на самым версе – ён ня мог дазволіць сабе лепшай. Кансьержка высунулася са свайго катуха з урачыста-таямнічым выглядам і, працягваючы ключ, прамовіла:
— У месье госьці.
— Госьці? – зьдзівіўся Паляўнічы. – Я нікога не чакаў.
— О, гэта сюрпрыз! – расьцьвіла звычайна суровая мадам Матыльда. – Ідзіце, самі ўбачыце!
Вінцэсь зразумеў, што невядомы госьць добра заплаціў. Але ня стаў паскараць крок. Ён ужо даўно прывучыўся ўспрымаць усё, як належнае. Чаго яму баяцца? Што яшчэ ён можа страціць?
Дзьверы ў кватэру аказаліся незачыненымі. Перад вакном мансарды вымалёўваўся цёмны сілуэт жанчыны ў моднай вузкай сукенцы, пашыранай у самым нізе, і капелюшы са страусавымі пёрамі памерам з невялікі востраў. У пакоі з надзвычай спартанскай абстаноўкай фігура глядзелася экзатычна.
— Чым абавязаны вашаму візіту, мадам?
Незнаёмка, крыху прамарудзіўшы, павярнулася. Твар закрываў кароткі вэлюм, але было зразумела, што кабеце – за сорак, значыць, пра легкадумны візіт-падарунак ад сяброў мастакоў (“а ці не паслаць новую натуршчыцу да нашага самотніка?”) — гаварыць не выпадала. Жанчына моўчкі разглядала гаспадара, так што таму нават зрабілася няёмка. Рука госьці ў страшэнна дарагой карункавай пальчатцы нерашуча паднялася і адкінула вэлюм.
— Дзень добры, пан Вінцэсь!
— Хрысьціна! – Вінцэсь кінуўся да госьці і прыпаў вуснамі да яе рукі. Кабета ўсхвалявана ўсьміхнулася.
— А я баялася, што вы мяне не пазнаеце. Я пастарэла, дарагі…
Вінцэсь радасна запярэчыў, не выпускаючы яе рукі са сваёй:
— Вы ўсё такая ж прыгажуня! Гэта я ператварыўся ў сумнага старэчу, і нават забыўся на ветлівасьць. Сядайце, вось сюды, на гэтае крэсла – яно яшчэ трымаецца на ўсіх сваіх чатырох крывых лапах. А я звару кавы. Ці шакалад? Вы любіце гарачы шакалад, Хрысьціна?
Госьця глядзела з лёгкім сумам, як гаспадар распальвае грубку, ставіць на жалезную рашотку кававарку... Адзіная раскоша пакоя – скура ільва, расьцягнутая на сьцяне, ды нейкія дзіўныя дзіды. Жалезны вузкі ложак пакрыты даматканай посьцілкай. А над ложкам – абраз Маткі Боскай Вострабрамскай і шляхецкі слуцкі пояс колераў зьвялай травы і золата.
— Напэўна, са ста мужчынаў толькі адзін вось гэтак не саромеўся б сваёй беднасьці, калі да яго прыйшла графіня Мекленбургская. Цяпер мне яшчэ больш зразумела, чаму я вас пакахала, Вінцэсь. Так, так, сёньня я магу гаварыць пра гэта вольна – усё сплыло, усё прамінула…
Вінцэсь паставіў на стол два кубкі з гарачым шакаладам (сапраўдная кітайская парцаляна з сінімі рыбкамі, падарунак аднаго мастака) — і сеў насупраць сваёй госьці. Вядома, яна пастарэла. Твар пашырэў, вочы, усё гэтак жа блакітныя, паглядалі з-пад навіслых павек без ранейшай наіўнай захопленасьці. Пастава, зразумела, страціла юначую гнуткасьць… А галоўнае, што зьмяніла аблічча — уладарнасьць, ветлівая, цьвёрдая, якую немагчыма ўдаваць, калі ня маеш сапраўднае ўлады.
— Як Станіслаў? – папытаўся Вінцэсь, перарываючы няёмкую паўзу, што ўсё-ткі ўзьнікла. Графіня толькі трохі прыўзняла бровы.
— Зусім апусьціўся, ведаеце. Бацька да самай сваёй сьмерці спадзяваўся, што Стась будзе вартым роду нашчадкам. Спрабаваў зацікавіць яго гаспадаркай, ваеннай кар’ерай, сьвецкім жыцьцём… Дарэмна. Стась зламаўся, расчараваўся ва ўсім сьвеце. Жаніцца таксама адмовіўся. Знайшоў адзіны інтарэс – ежу. Так, так, яго адзіная забаўка – жэрці. Дзесяць кухараў, і кожны сьпецыялізуецца па нейкай нацыянальнай кухні – француз, іспанец, перс, нават, здаецца, кітаец. Вось Станіслава вы маглі б і не пазнаць, Вінцэсь. Ён цяпер ходзіць, толькі абапіраючыся на двух слугаў – тлусты, як бочка з півам. Калі здарыцца рэвалюцыя і застанецца без нічога – зможа падзарабляць у балагане. Урэшце бацька пакінуў яму толькі рэнту, а распараджаюся ўсім я. Нічога, у мяне выявілася да гэтага здольнасьць. – Хрысьціна падарыла Вінцэсю сьвецкую ўсьмешку – аднымі вуснамі. – Я таксама ў многім расчаравалася. І на рамантычныя ўчынкі – накшталт ахвяраваць сваю маёмасьць, ці хаця б яе частку, на “высакародную грамадзянскую справу” – баюся, на такое глупства я ўжо ня здольная. Усе высакародныя справы заканчваюцца на вісельні або ў вар’ятні. Ведаце, як гаворыцца: рэвалюцыю прыдумваюць рамантыкі, зьдзяйсьняюць фанатыкі, а карыстаюцца яе перамогай нягоднікі. А ў мяне, дарэчы, чацьвёра дзяцей, і ўсе – маленькія арыстакраты.
Графіня прыемна засьмяялася – так, як прынята сьмяяцца падчас сяброўскай гаворкі. Вінцэсь сумна глядзеў на яе і бачыў іншае – залатавалосая дзяўчына бяжыць праз лясны гушчар, падае ў талы сьнег, падымаецца, зноў, задыхаючыся, імкнецца наперад, ратаваць свайго героя…
— А вы, Вінцэсь? Як вы? Ці ўвесь час – адзін?
Вінцэсь апусьціў пасівелую галаву.
— Я не сьвяты. У мяне былі жанчыны, хоць сапраўднага пачуцьця да іх не знайшлося ў маёй выгнаньніцкай душы. На жаль, я занадта сур’ёзна стаўлюся да простых стасункаў. Пакутваў сам і мучыў вартых любові кабетаў. І …я таксама шмат у чым расчараваўся, графіня. Ваяваў спачатку ў арміі Нацыянальнага ўраду Цьера, потым – на баку камунараў. Праўда, я быў моцна паранены падчас абароны Парыжу ад немцаў, і ўдзел мой у Камуне амаль толькі – даць грошы на зброю. Я спадзяваўся, што ўзброе­ныя мной людзі, вызваліўшы свой народ, пойдуць ратаваць мой, стануцца пачаткам вызвольнай арміі… Нібыта волю можна прынесьці на іншаземных штыках!
— Калісьці мне здавалася, што вы ня можаце рабіць памылак, – ціха прамовіла Хрысьціна, ледзь дакранаючыся тонкімі пальцамі, абцягнутымі карункамі пальчаткі, да гарачага кубка. – Вы і вашы сябры так і не скарысталі большую частку атрыманага ад бацькі?
Вінцэсь памаўчаў, пераадольваючы застарэлы боль.
— Я сам пачынаю думаць, што грошы тыя праклятыя. Мой сваяк, Юзаф Каліноўскі, так і сьцьвярждае, і піша, што мы лепш зрабілі б, каб перадалі золата на патрэбы ордэна кармелітаў. Дарэчы, чулі пра Юзафа?
Хрысьціна паціснула плячыма.
— Усё, што ведаю — яго прысудзілі да сьмерці, але выручыў айчым, граф Путкамер, і скончылася высылкай у Сібір. Дзіўна, ваш сваяк заўсёды здаваўся мне такім далікатным, слабенькім… І раптам – заслужыў расстрэл!
Вінцэсь кіўнуў, згаджаючыся.
— Дабрэй за Юзафа я чалавека не сустракаў. Але Юзаф адбыў дзесяць гадоў у Сібіры, вярнуўся… І ўступіў у ордэн кармелітаў. Зараз – прыёр кляштару! Не зьдзіўлюся, калі яго калі-небудзь прызнаюць за сьвятога. А я магу суцяшацца толькі тым, што ані шэлега не патраціў на сябе.
Хрысьціна рашуча адставіла кубак, з якога так і не адпіла ні глытка:
— Што ж, кажуць, гордая беднасьць заслугоўвае павагі. Хаця я, шчыра прызнаюся, з вышыні пражытых гадоў ня ведаю, чым тут ганарыцца. Мне здаецца, вы ў Парыжы проста паціху высыхаеце, гібееце бяз справы. Я прыйшла паведаміць – вы можаце вярнуцца на радзіму.
— Што?!! – Вінцэсь ускочыў з крэсла, ледзь не перакуліўшы яго на падлогу. Галава кружылася, як пасьля бакалу абсэнту. Графіня глядзела з лёгкай сумнай усьмешкай.
— Скажыце, пан Рашчынскі, што яшчэ ў цэлым сьвеце магло б вас гэтак пазбавіць раўнавагі, вас, такога ўраўнаважанага? Мусіць, толькі не жанчына?
Вінцэсь змусіў сябе супакоіцца.
— Я сумую па сваіх краях. Дужа сумую.
— Вось і вяртайцеся, — графіня нясьпешна ўзнялася. —Вы – сярод амніставаных, вам вернуць ваш маёнтак. Праўда, ні на якую кампенсацыю за нанесеную яму шкоду не чакайце. І тыя землі, што адышлі сялянам — ня вернуцца.
Вінцэсь захінуў твар рукамі. Гарнушкі… Маскалёў лес… Сасна на стромым беразе ракі… Сівы туман, што паўзе, як паранены вужыны кароль, з паплавоў у празрыстыя хвалі…
— Хрысьціна! Вы яшчэ раз вяртаеце мне жыцьцё!
На твары госьці заставалася спакойная прыстойная ўсьмешка, але голас дрыжэў.
— Тады, можа, вы мне нарэшце скажаце, Вінцэсь… Чаму вы не захацелі быць са мной? Якая прычына вашай халоднасьці? Я вам не падабалася? Вас прыніжала маё багацьце? Згадзіцеся, я заслужыла права ведаць!
Вінцэсь зноў апусьціў галаву. Не адказаць было нельга.
— Я кахаў іншую.
— А яна? Вашая абраньніца? Кахала вас?
— Не.
Графіня памаўчала, у яе ўсьмешцы зьявілася хваравітая жорсткасьць.
— У такім выпадку я рада, дарагі. Ну што вы так зьдзіўлёна на мяне пазіраеце? Не зьбіраюся гуляць у добрую самарыцянку. Каханьне – гэта ўсяго толькі барацьба індывідуальнасьцяў, прага валоданьня… І мне прыемна, што вы прайгралі гэтак жа, як і я.
Вінцэсь праводзіў госьцю да яе экіпажу і доўга глядзеў усьлед. І яму здавалася, што разам з Хрысьцінай ад яго аддаляецца ягоная маладосьць, і ён сапраўды адчуў сябе старым. Нікому не патрэбным самотным старым, у якога засталіся адны магілы.
І ён вярнуўся да сваіх магілаў.
Гэта здарылася ўжо ўвосень, на Дзяды, калі на могілках сьвяціліся жоўтыя зоркі сьвечак, дрогкія, як спадзяваньне на сустрэчу. Дрэвы стаялі чорныя, голыя, бы пакараныя грэшнікі, выцьвілая сухая трава акрым як пра смерць, не нагадвала ні аб чым. Але Вінцэсю ўсё здавалася прыўкрасным – і нізкае шэрае неба, і апошні залаты ліст на вершаліне старога каштана – прыветна ўзьнятая даланя… І нізкія хаткі Гарнушак…
Сяляне выйшлі сустракаць яго з хлебам-сольлю. Чалавек сем, па вы­глядзе – заможныя… Так бы мовіць, вясковая арыстакратыя. Вінцэсь прагна ўглядаўся ў твары… Не, нікога ня ведае. Тыя, што былі з ім побач у бойках – даўно ў сьвеце, дзе толькі сумна дзівяцца чалавечае зацятасьці і ўзаемнай нянавісьці.
А вёска як вымерла… Сем спалоханых, нізка схіленых мужыкоў – і больш нікога… Вінцэсь не спадзяваўся, што яму ўзрадуюцца – апошні візіт у Гарнушкі амаль прывёў яго на шыбеніцу. Але ўсё-ткі прайшло трыццаць гадоў…
А калі ён пабачыў дом, дзе вырас – ледзь стрымаў роспачны крык. Будынак прыняў на сябе ўсю нянавісьць да адсутных гаспадароў. Вокны другога паверху пазабіваныя дошкамі, да сьценаў прываліліся, бы п’яныя, неахайныя хмызьнякі – такія растуць вельмі хутка, і іх будзе цяжка выкарчаваць. На калонах – сьляды ад куляў… Наўрад была аблога – хутчэй забаўляліся казакі, разьмешчаныя ў секвестраваным маёнтку. Вось і пацьверджаньне — каменная выява герба Рашчынскіх, з мядзьведзем на задніх лапах, прымацаваная на фасадзе, відавочна служыла мішэньню для спаборніцтваў у трапнасьці. Мядзьведзь увесь патрушчаны ўдалымі стрэламі. Базыль, наняты Вінцэсем у Гародні за слугу і кучара, за­клапочана пацокаў языком. Вінцэсь зразумеў – моцна расчараваўся ў сваім гаспадары. І як тут жыць? А сёньня ж Дзяды, трэ вячэру ладзіць…
Вінцэсь, як у сьне, хадзіў па забруджаных халодных калідорах, зазіраў у пакоі, нібыта ў труны… Толькі ў былым дзіцячым пакоі засталося ў куце “цукерачнае дрэва”, на якое нейкі жартаўнік павесіў выедзеную кветку сланечніка. Засталося тое-сёе з мэблі ды фамільныя партрэты, пасечаныя шаблямі. Рашчынскі непаслухмянымі рукамі зьняў са сьцяны павіслы на адным рагу партрэт бацькі… Пан Антон Рашчынскі пазіраў на сына, які стаў ужо старэйшым за яго, сьмелымі шэрымі вачыма, і яго твар наўскос перасякаў шнар-парэз… Амаль як у Ваўкалака…
Дзе цяпер Мартын? Ці жывы?
У сталоўні пахла вогнішчам. Рука Вінцэся пацягнулася да дзьверцаў буфету, у якім калісьці захоўваўся сервіз з венецыянскага шкла – графін, аздоблены срэбнымі вінаграднымі гронкамі, і чаркі… Сервіз, які Вінцэсевы продкі выменялі за сялянскую сям’ю. Цяпер быў бы самы час паставіць яго на стол, як раіў бацька. Вінцэсь быццам пачуў голас пана Антося: “А гэты сервіз… Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народу ўсё, што мог, — пастаў яго на свой стол”.
Вядома, у буфеце было пуста. Толькі адна невялікая рэч не спатрэбілася рабаўнікам. Вінцэсь асьцярожна зьняў яе з паліцы… Вазачка-жабка, разьбітая і акуратна склееная воскам… Госпадзе, а ён думаў, што боль па страчаным каханьні з гадамі суцішыцца! Глухое рыданьне падступіла да горла – Вінцэсь нават спалохаўся: няўжо гэтак здаў, саслабеў?
Не, ён не дазволіць сабе раскісаць. Яшчэ належыць зрабіць вельмі шмат. Усё-ткі гэта – яго дом, яго зямля. І хоць сяляне больш – не ягоная маёмасьць, але ён адказны і за тое, як яны жывуць!
А Гарнушкі пасылалі да яго сваіх выведнікаў. І тыя, сьціпла камечучы ў руках шапкі, спрабавалі выпытаць з дурнаватай хітрасьцю, ці не зьбі­раецца пан адсуджваць назад зямлю, якую атрымалі мужыкі, што дапамагалі лавіць пана, былі ў атрадзе самааховы? Ці не затаіў пан крыўды, ці ня будзе помсьціць? І колькі яны будуць цяпер плаціць за арэнду той зямлі, што зноў належыць пану?
І Вінцэсь нешта тлумачыў, супакойваў, гаварыў, што трэба аднавіць працу школкі, абяцаў, што пабудуе бальніцу, што плаціць за арэнду трэба будзе менш, чым у казну, зусім мала… А можа, і нічога…
І з горыччу адчуваў, што яму ня вераць.
Аднак бальніцу сапраўды варта пабудаваць. На гэта не шкада ўзяць ад схаваных грошай… І абавязкова дапамагчы сваякам тых, хто быў у Вінцэсевым атрадзе. Скрыні са зьліткамі трыццаць гадоў таму яны закапалі – не было як даць ім рады. А манеты з двух маленькіх скрыняў падзялілі між сабой Вінцэсь і Ваўкалак, пакляўшыся — ані шэлега на сябе!
Вінцэсь патраціўся на зброю, якая не паслужыла ягонае зямлі, але ўсё-ткі здабыла глыток волі людзям. Заставалася яшчэ частка, вось і будзе – на лякарню! Але… трэба параіцца.
Усе гэтыя гады лёс скарбу паўстанцаў прыгнятаў Вінцэся. Хто застаўся жывым з пасьвечаных у таямніцу? Пан Рагманаў памёр, не пажадаўшы дакрануцца да праклятага золата, набытага за жыцьцё яго сына. Мартын зьнік. Тады Ваўкалак яшчэ прывёў Марцэла Алейшчыка, а Вінцэсь паручыўся за Міхася Валевіча. Міхася павесілі. Дзе Марцэл – зноў жа невядома. Яшчэ некалькі чалавек ведалі пра існаваньне золата, але ня ведалі, дзе яно схаванае – Вальжына, Людвісары, цёзкі Каліноўскія – Юзаф і Кастусь. Кастусь, дарэчы, зьбіраўся сам распарадзіцца золатам – ды не пасьпеў. Юзаф сваё стаўленьне выказаў – аддаць кармелітам. Вальжына? Пра Вальжыну лепш ня думаць. Трыццаць гадоў таму Вінцэсь зрабіў усё, што мог, каб выратаваць яе ад перасьледу, і адзінае, што ведае — Вальжына зьехала. І вусны самі прашапталі радкі з сумнай балады пра мёртвага караля:

“А як любіў кароль чароўны бляск
Яе вачэй, і ціхую пяшчоту
Яе далоняў… Быццам першы раз,
Узрушваў кожны самы лёгкі дотык…
…Кахае — не яго… Навошта – суд,
Які ня можа шчасьця даць нікому?
Навошта жыць, калі яна – ня тут,
І нельга не аддаць яе другому?…”
Што сёньня адбываецца на Беларусі? Як можна дапамагчы вызваленьню краіны? Ці ёсьць сілы, здольныя біцца за волю? Вінцэсь дастаў з сакваяжу дарагія сэрцу рэчы – “Беларускую хрэстаматыю” Эпімаха-Шыпілы, “Словарь белорусского наречия” Івана Насовіча і “Дудку беларускую” Мацея Бурачка. Разгарнуў апошнюю кнігу… ”Божа ж мой, божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя – са жменю таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабрацімцы нашыя… маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газеты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што “піша па-мужыцку”, і як дурня абсьмяялі б! А можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць ня можна? Ой, не! Нашая мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа ня жменька, а з шэсьць мільёнаў…”
Вінцэсь ведаў гэтыя словы напамяць, але кожны раз, як перачытваў, камяк падыходзіў да горла. Жыве Беларусь! Толькі жыве сваім жыцьцём, ад якога ён даўно адстаў.
Рашчынскі прытуліўся да напаленай грубкі. Хутка пачне цямнець… Вінцэсь углядаўся ў далёкія сілуэты гарнушкаўскіх хацінак без адзінага агень­чыка, і яму мімаволі здавалася, што гэта войска пачварных шэрых карлаў, што падрыхтаваліся да нападу. І вось-вось яны адштурхнуцца ад мерзлай зямлі і кінуцца на маёнтак, папаўзуць на яго, рыхтуючыся сьцерці з зямлі…
Што за глупства! Гэта – яго зямля, і ня трэба забывацца, што з-пад дахаў тых шэрых хацінак зьявіўся і Міхась Валевіч, і Янук Вараўня, і іншыя, з якімі ён дзяліў гора і славу змаганьня за волю. Дзесьці там жывуць унукі яго добрай нянькі Агаты, і тая бялявенькая ўсьмешлівая дзяўчынка, што з іншымі вясковымі дзеткамі прыходзіла ў іх маёнтак на Каляды, каб патаньчыць ля панскай ёлкі і атрымаць дзівосныя падарункі. Як жа яе звалі? Марыська?
Неба навісла гэтак нізка, што здавалася – зараз яго праб’юць дзіды голага кустоўя. Да сядзібы павольна набліжалася нечая постаць. Сьвятар! У гэтым не было нічога дзіўнага – мясцовая “эліта” патроху наведвала Вінцэся, спрабуючы зразумець, чаго чакаць ад новага суседа. Мала хто памятаў яго, і не ўсе, хто памятаў, хацелі аднавіць знаёмства.
Сьвятар, відаць, быў зусім стары ці хворы, бо моцна абапіраўся на кульбачку. Ідзе, сагнуўшыся ледзь не ўдвая, чорная шапка з накідкай – значыць, мніх. Вінцэсь пасьпяшаўся адчыніць дзьверы. Стары пераступіў парог і прыўзняў галаву…
Глыбокія зморшчыны, вядома, зьмянілі твар, вочы сталі празрыста-сьветлымі, нібы талы лёд, але шнар… Страшны шнар ад шаблі, праз усю правую шчаку час разгладзіць ня змог.
— Мартын!
Яны абняліся.
— Не магу паверыць, што гэта – ты… — Вінцэсь быў страшэнна ўзрушаны. – Як цябе цяпер называць?
— Я прыняў пострыг яшчэ дваццаць пяць гадоў таму, імя маё ў Хрысьце – Андрэй. — Ваўкалак гаварыў ціха, але голас яго ня страціў цьвёрдасьці.—А рукапалажылі ў сьвятары толькі праз пятнаццаць гадоў. Я быў вялікім грэшнікам.
Вінцэсь глядзеў – і не пазнаваў… Рахманасьць старога сьвятара не была гульнёй. Ён сапраўды прымірыўся са сьветам і з самім сабою. Вінцэсь адчуў раптам страшэнную зайздрасьць. Унутраны спакой! Няма каштоўнасьці большай – гэта разумееш толькі пад канец жыцьця.
Але як толькі зайшла гаворка пра золата, Вінцэсь пазнаў ранейшага непахіснага ваяра.
— Праклятае золата трэба пахаваць назаўсёды! – вочы айца Андрэя збліснулі зацятым агнём. – Праз не заробленае сумленнай працай багацьце намі кіруе Сатанііл! Нам здаецца, што мы ачысьцім грошы, уклаўшы іх у добрую, боскую справу. Але гэта – спакуса. Мы ня ведаем, колькі душаў загіне з-за нашай неасьцярожнасьці і прагавітасьці! Я пераканаўся ў гэтым… — Ваўкалак скрушліва ўдарыў сябе ў грудзі кулаком. – Я даў грошы на пабудову кляштара. А пасьля даведаўся, што на тое ж золата пабудавалі і манапольку, дзе цяпер спойваюць мужыкоў. Грошы раскрадаліся, адзін сьвятар з-за іх стаў расстрыгам, зьбег. Пачаліся інтрыгі з-за таго, хто будзе настаяцелем новай абіцелі… У мястэчку прыбавілася самадаек і кішэнных злодзеяў… А я сышоў адтуль назаўсёды.
Вінцэсь дарэмна спрабаваў спрачацца, нешта даводзіць. Ці варта вінаваціць сябе ў грахах усяго сьвету? У чым Мартын не зьмяніўся – дык гэта ў зацятасьці наконт таго, што лічыў справядлівым. Праклятае золата, здабытае цаной крыві, чапаць нельга. Няхай яно назаўсёды застанецца там, дзе было.
— Урэшце, гэта мусім вырашаць ня толькі мы ўдваіх, — сьцьвердзіў Вінцэсь. – Юзаф сваё слова сказаў – ён хоча, каб золата адыйшло ордэну кармелітаў. Ты лічыш, на яго трэба забыць. Я ўсё яшчэ спадзяюся скарыс­таць яго дзеля стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Але голас мае і Вальжына, і Марцэл, і, урэшце, усе нашыя паплечнікі, хто застаўся жывы. Пакуль ёсьць надзея спытаць іх – мы ня можам вырашаць самі.
Айцец Андрэй прыклаў руку да крыжа, што вісеў на яго грудзях, нібы прыводзячы ў сьведкі сваёй праўдзівасьці Госпада.
— Марцэл падзяляе маю думку. І… Вальжына таксама.
Кроў застукала ўвушшу Вінцэся. Як калісьці, калі ён ляжаў, аглушаны ўдарам варожай шаблі, на полі бойкі.
— Ты ведаеш, дзе яны? Дзе… Вальжына?
Сьвятар паблажліва-сумна ўсьміхнуўся.
— Марцэл – разам са мной. Прыслужвае ў царкве. Ён застаўся без рукі, калі мы біліся пад Маркаўцамі. А Вальжына – у Весьніцах.
Зусім побач! Вінцэсь спрабаваў схаваць хваляваньне.
— І… як яна?
Мартын глядзеў, як бацька на несьвядомае дзіця.
— У Вальжыны ўсё добра. Яна не адна.
— Я рады, што яна выйшла замуж. — Вінцэсь гаварыў шчыра – у яго ня ўзьнікла й ценю дурной рэўнасьці. Галоўнае – каб была шчасьлівай. Каб хоць яе жыцьцё ня сталася пустацьветам.
— Я не сказаў, што яна выйшла замуж. Я сказаў, што яна не адна. У Вальжыны ёсьць сын. А цяпер і ўнукі.
— Сын? – Вінцэсь разгубіўся.
— Так, сын. Яго імя – Марка. Марка Рагманаў.
Ваўкалак сказаў гэта так асабліва, што Вінцэсю стала горача ад раптоўнай здагадкі.
— І колькі яму… гадоў?
— Дваццатага ліпеня будзе трыццаць. Я – яго хросны бацька.
Калі Вінцэсь і Вальжына бачыліся апошні раз, яна ўжо ведала, што чакае дзіця. І нічога не сказала!
На разьвітаньне Вінцэсь ціха спытаўся ў старога сябра:
— Ты дараваў мне?
Айцец Андрэй адказаў гэтак жа ціха.
— Гэта быў яе выбар. І воля Гасподняя. Нам усім трэба выпіваць да донца чару, якую нам даюць на зямным застольлі. Віно там, ці воцат, ці адзіная жывая кропля, якая не спатоліць смагу, а толькі змусіць прагнуць усё жыцьцё. Бывай, Вінцэсь. Бласлаўляю цябе на душэўны спакой і разумныя рашэньні.
Дом у Весьніцах стаў зусім непаглядны – на сьценах пісягі, аканіцы пафарбаваныя ў белае, і ад таго здаюцца бруднымі, а ля ганку з драўлянымі калонамі, таксама пафарбаванымі ў бель – звычайныя сялянскія калёсы з навесам з радна, як у цыганоў.
А можа, усё ўспрымалася так сумна ад таго, што дождж прышываў шэрае неба да чорнай зямлі дробнымі шыўкамі, і дрэвы роспачна працягвалі ўверх голыя галіны, выпрошваючы пухнатага зімовага адзеньня…
Але вось дзіця засьмяялася там, у доме з белымі аканіцамі – і адразу нібыта стала сьвятлей. Божа мой, гэта ж тое самае вакно, перад якім аднойчы былі перажытыя , як здавалася, самыя страшныя ў жыцьці хвіліны! Пасьля ён пераканаўся, што могуць быць яшчэ горшыя.
Вінцэсь наважыўся ўзысьці на такі знаёмы ганак. Сівая кабета ў прос­тай чорнай сукенцы, у белым старасьвецкім каптуры адчыніла дзьверы.
І Вінцэсь усьвядоміў розьніцу – калі глядзіш звычайна, і калі пазіраеш закаханымі вачыма. Падчас сустрэчы з Хрысьцінай ён бачыў перад сабой яе ранейшае аблічча, мог супастаўляць з цяперашнім, сьвядомасьць адзначыла ўсе зморшчынкі, няхай і далікатна замаскаваныя касьметыкай, большую самавітасьць паставы…
Вядома, Вальжына таксама пастарэла. І пастарэла куды заўважней – бо па яе спрацаваных руках, сівых валасах і маршчынах разумелася: была і чорная праца, і душэўныя пакуты. Беднасьць глядзела з усіх кутоў, не прыўкрашаная нават звычайнымі шляхецкімі аздобамі – прадзедаўскім кілімам ці фатэлем, у якім, паводле сямейнага паданьня, сядзеў калісь які князь ці кароль.
Але Вінцэсю было ўсё роўна, як выглядае жанчына яго сэрца. Ён проста ня здольны быў параўноўваць, расчароўвацца, спачуваць, што час забраў прыгажосьць. Уся ягоная істота пазнала Яе – і закалацілася сэрца, і адняло мову. І зноў падаўся сам сабе няўклюдным, нязграбным, і – нялюбым.
Вальжына разгублена кранула рукой валасы, што выбіліся з-пад каптура – інстынктыўнае жаданьне жанчыны пры зьяўленьні нечаканага госьця паправіць прычоску, страх, што непрыбраная… І тут жа адвярнулася і захінула твар рукамі. Вінцэсь падумаў быў, што яна плача – але жанчына стаяла нерухома… Потым павольна павярнулася да яго, відаць, супакоіўшыся ад раптоўнага ўзрушэньня.
І замест звычайнага прывітаньня Вінцэсь прагаварыў тыя словы, якімі паўстанцы віталі адзін аднаго, па якіх пазнавалі аднадумцаў.
—Каго любіш?
Вальжына, не вагаючыся, прамовіла:
—Люблю Беларусь…
—Дык узаемна!
Яны абодва памаўчалі, захлынаючыся ад успамінаў. Вінцэсь спрабаваў вызначыць, як яна да яго ставіцца – ці дазволена абняць, пацалаваць, ці халодна адштурхне – як трыццаць гадоў таму… А ёй, відаць, проста было няёмка.
— Што ж я так няветла цябе сустракаю… Праходзь, Вінцэсь. Вось сюды… Памятаеш гэты пакой? Калі мы гулялі ў хованкі, ты хаваўся заўсёды вунь за той камодай. І цябе было лёгка знайсьці. Прысаджвайся… Зараз зраблю гарбаты. Прыслугі ў нас няма – толькі кухарку часам наймаем. А ты добра выглядаеш, Вінцэсь – нават цікавей, чым у юнацтве.
У яго ледзь не сарвалася з языка крыўднае “Табе заўсёды падабаліся сівагаловыя ваяры”. Але ён нават пачырванеў за такую думку. Ды й ня надта тымі думкамі ён ад хваляваньня валодаў. І больш ня мог выцерпець няведаньня.
— Я чуў, што ў цябе ёсьць сын…
Вальжына на хвілю супынілася з філіжанкай у руцэ.
— Так. Я назвала яго Маркам – у гонар брата. Марка — маё жыцьцё, мой гонар. На жаль, не ўдалося даць яму добрую адукацыю, хоць ён вельмі разумны хлопчык. Ён лясьнічы. Нядаўна ажаніўся, нявеста не багатая – унучка пана Арэхны, таго самага, у маёнтку якога арыштавалі майго брата. Але дзяўчына добрая, працавітая. Двое дзетак гадуюць – Любачку і Максіма.
Вінцэсь нарэшце задаў пытаньне, якое яго мучыла, і задаў як мага больш цьвёрда, каб яна не магла ўхіліцца ад адказу.
— Марка – мой сын?
Вальжына моўчкі паставіла на стол дзьве філіжанкі, паклала сурвэткі, потым прыйшла чарга вазачкі з печывам…
— Вальжына!!!
Яна глыбока ўздыхнула.
— Ты хочаш ведаць, ці ня ты – ягоны бацька? Паколькі ты адзіны мужчына, з якім я была за сваё жыцьцё, то адказ вядомы. Не вінаваць сябе ні ў чым, Вінцэсь. Я вырашыла сама – стаць тваёй у тую ноч. Я не дапускаю думкі, што памылілася, бо сёньня са мною Марка. Але прашу аб адным – не спрабуй зыначыць жыцьцё. Ня трэба варушыць мінулае.
Дзесьці на званіцы храма ўдарыў звон, яшчэ раз, яшчэ… Вальжына перахрысьцілася, гледзячы ў вакно. Вінцэсь таксама паклаў на сябе крыж — нібыта разьвітваючыся з некім дарагім. Не, так нельга!
— Вальжына, дарагая! Я нічым ня мог памагчы вам увесь гэты час. Дазволь хаця б цяпер зрабіць гэта. Дазволь даць сыну маё прозьвішча! Згадзіся абвянчацца са мной. І няхай уся мая невялікая маёмасьць стане вашай! Я нават магу зноў зьехаць, калі табе брыдка на мяне глядзець. Толькі прымі для майго сына і маіх унукаў тое, што я магу ім даць.
Вальжына неяк дзіўна засьмяялася, як заплакала.
— Мілы, бедны Вінцэсь! Куды мне пад вянец – сівой старэчы. Увесь павет рагатаць стане. І сыну ўжо ні да чаго мяняць прозьвішча. Ён – Рагманаў, Рагманавым і памрэ. Навошта яго трывожыць? Марка ведае, што ён сын героя, які загінуў за волю Айчыны. Прабач, але я доўгі час была пэўная, што ты загінуў. Так што – пакіньма ўсё, як ёсьць.
— Тады – проста прымі ад мяне дапамогу!
Вальжына сумна пахітала галавой.
— Дзякуй, але нам дапамагае, чым можа, айцец Андрэй. Мы не галадалі, хаця й не раскашавалі. А калі Марка пачаў атрымліваць жалаваньне, стала і ўвогуле добра.
— І ты зусім мяне не кахала? – пытаньне вылецела мімаволі. У кабеты задрыжэлі вусны, і яна адказала ціха:
— Ня ведаю, дарагі… Напэўна, быў час, калі да гэтага ставалася вельмі блізка. Наша адзіная ноч – не падман. Хутчэй – сон, мроя… Калі б ня клятае золата…
І просьба – прысуд:
— Не чапай тыя зьліткі! Колькі чалавек з-за іх загіне, колькі лёсаў яшчэ з-за іх зламаецца! Не чапай…
А пасьля ён глядзеў у цёмныя вочы свайго сына, бачыў гэткую знаёмую ўсьмешку – як у пана Антося, як у яго самога, усьмешку Рашчынскіх. Марка глядзеў на госьця з павагай і цікавасьцю: стары сябра маці і дзядзькі-героя, пэўна ж, і сам герой. Дзеткі таксама ўдаліся цемнавокія – хоць галоўкі пакуль сьветлыя, русявыя… І Вінцэсь мог бясконца расказваць ім дзівосныя гісторыі пра вужыную каралеву і бурштынавы палац, і паабяцаў падарыць сапраўднае цукерачнае дрэва, і скуру афрыканскага ільва…
Але ня мог там заставацца. І, ідучы дадому праз Маскалёў лес, усё азіраўся назад, і ветах на раптоўна ачышчаным ад хмараў небе нагадаў фрэску на доме ру Віньен, вясёлы гоман кавярні, філософскія дыпуты… Як гэта бясконца далёка! І – больш не патрэбна.

17.
Апошнія дні лета выдаліся сухімі, як прысак пакінутага вогнішча. Трава пад нагамі не шапацела, а ламалася, і калолася неміласэрна, як маскалі пад Воршай... У сухмені сьпявалі свае адчайныя серэнады цвыркуны. Калісьці ў падобную казюрку ператварыўся прынц Тытон, якому закаханая багіня золку Эас выпрасіла бесьсьмяротнасьць, ды забылася даць вечную маладосьць.
Што можа бясьсілая старасьць? Толькі цвырчэць, стракатаць, наракаць на жыцьцё… І толькі маладосьць можа так весела крочыць насу­страч сваёй сьмерці.
А вось жабкі не сустрэлася па дарозе да лесу ніводнай.
Старажытныя кітайцы лічылі, што ў чалавека дзьве душы, і адна палавіна — у выглядзе жабы.
Паліне здавалася, што тая, жабіная, палавіна перамагла — і ў грудзях цяпер варочаецца нешта халоднае і цяжкое. Асабліва пры поглядзе на Валянціна, які моўчкі ішоў наперадзе, несучы рыдлёўкі, шчыльна загорнутыя ў цырату (няма чаго спакушаць тутэйшы народ “залатой ліхаманкай”). За ўвесь час, што ехалі ў Гарнушкі, Валянцін не прамовіў ні слова, не кінуў на Паліну аніводнага, хаця б крадма, пагляду – сядзеў напера­дзе спакойны, з каменным тварам. Толькі стрымана ўсьміхаўся час ад часу радаснай, як чэрвеньскі рамонак, Дзіне, што вяла машыну. А можа, і праўда ён не пакутуе – чаму Паліна вырашыла, што Валянцін абавязкова мусіць быць закаханы ў яе? Але ад гэтай думкі, што павінна была б супакойваць сумленьне, рабілася яшчэ горш. І там, у машыне, хацелася скінуць з каленяў гэтак жаданую, акуратна ўвернутую ў хустку чацьвёртую жабку-брамніцу, і змусіць сумнага чалавека на пярэднім сядзеньні джыпа зноў усьміхнуцца так па-дзіцячы шчыра, як умеў толькі ён.
Позна.
— Гэта тут, — змрочна прамовіў Сымон, які нарэшце замест чорнай майкі зьявіўся сёньня раніцай у чырвонай кашулі з кароткімі рукавамі і нязьменных джынсах, ад чаго нагадваў аперэтачнага каўбоя. Паліна агледзелася. Звычайная палянка на ўскрайку лесу, зарослая верасам і зьверабоем. Непадалёк – крушні з камянёў, што паскідвалі з калгаснага поля. Ну а заадно мясцовы люд пазносіў туды й адкіды нашай вартай жалю цывілізацыі – пластыкавыя бутэлькі, парваныя шыны, паржавелы каркас газавай пліты, жалязякі незразумелага прызначэньня, анучы, косткі жывёлаў… Вядома, не выкапнёвыя. Жоўты каровін чэрап усьміхаўся прыхадням, як хэлаўінскі гарбуз.
— Вы не памыляецеся? – з сумнівам перапытала Дзіна.
Сымон паціснуў плячыма.
— Паўтары стагоддзі мінула, мадам. Перапытаць няма ў каго, – і агле­дзеўся па баках з цалкам зразумелай грэблівасьцю.—Паганае месца… У мяне чамусьці адчуваньне – быццам я вярнуўся ў тыя ня лепшыя хвіліны, калі ў рубку прасочваецца гідраўлічная вадкасьць, і стаіць атрутны белы туман, так што ніводнай кнопкі на пульце не відно, а над галавой – поўкіламетра рамантычнай салёнай стыхіі, і ты быццам жабка пад абцасам.
Дзіна капрызьліва варухнула вуснамі.
— Што вы страхі тут вынаходзіце! Лепей пачынайце капаць.
Валянцін некалькі разоў з сілай усадзіў у сухі мох рыдлёўку.
— Зямля, як каменная. Нечапаны дзірван. Я думаю, мы ўсё-ткі памыляемся. Месца сапраўды нядобрае.
— Чаму? – насьмелілася задаць пытаньне Паліна, надаўшы голасу як мага болей абыякавасьці. Валянцін адказаў гэтак жа абыякава, гледзячы некуды ўбок.
— Ні грыбоў ніколі, ні ягад… Ды яшчэ пад канец вайны партызаны тут некалькі паліцаяў расстралялі, і Лухверчыка, здаецца, таксама. Бабуля называла гэтае месца “Падла”. Сюды, на ўскраек лесу спаконвеку зносілі з вёскі сьмецьце ды “падлу” – усялякую здыхляціну.
— “Спаконвеку”… Ды хіба памяць чалавечая на “спаконвек “ разьлічаная? – скептычна фыркнула Паліна. —Па ўласным досьведзе скажу – яшчэ што бабуля апавядала, трохі памятаюць, а далей – “легендарная эпоха”. Тры пакаленьні, лічыце, гадоў шэсьцьдзесят, пра падзеі расказваецца хаця б пазнавальна. А далей факты і асобы ператвараюцца ў прывідаў. Ну вось, хаця б дзіцячыя прыпеўкі… Ці гульні…У Англіі дасюль ёсьць такая гульня – перадаваць адзін аднаму падпалены скрутак паперы са словамі “Жывы, курылка”. У чыіх руках дагарыць, хто выпусьціць “курылку”— прайграў. А насамрэч за гэтым –ведаеце, што?— забабонныя сярэднявечныя расповеды пра жахлівыя норавы секты маніхейцаў, якія падчас сваіх абрадаў нібыта перакідвалі адзін аднаму ў рукі параненае іншавернае дзіця – у чыіх руках памрэ.
— Фу! – скрывіліся Дзіна. – Я заўсёды казала – трэба жыць прасьцей. А то можна ва ўсім разгледзець старажытныя жахі. Нават у гэтай сьметніцы. Ты яшчэ скажы, што “ідзе каза рагатая” – ад рытуальных забойстваў.
— Вельмі падобна, што так, – сур’ёзна адказала Паліна.
— Цьху! – віленская гандлярка шчыра зарагатала. – У мяне бабуля была, дачка пастара. Нават улетку хадзіла ў капялюшыку, у пальчатках і з парасонам. Дык дасюль памятаю, як мяне вучыла – калі глядзіш у люстэрка, за сваім прыгожанькім тварам умей уявіць чэрап, пустыя вач­ніцы, аголеныя зубы… Тое, што насамрэч ад цябе застанецца. А то гардыня ў пекла завядзе. Вось і ты такая чокнутая! А бабуля, дарэчы, памерла ад таго, што адмовілася даць агледзець сябе ўрачу-мужчыне. Ганьба! А са­мой – восемдзесят, і ўстаўная сківіца плавае ў шклянцы на тумбачцы побач з ложкам. Камедыя! Так што не расказвайце страшылкі – капайце.
Валянцін пакорліва ўсадзіў рыдлёўку ў дзірван… Але праз паўгадзіны нават Дзіна прызнала – нешта ня тое… Не падобна, каб тут штосьці маглі схаваць. Сымон падумаў, пералічыў нешта… І пошукі перасунуліся метры на тры ўглыб лесу. “Ну, калі ня тут – можаце закапаць мяне”, — сумніўна пажартаваў штурман.
Паліна сядзела проста на сухім верасе, страсала з сябе мурашоў і ў чарговы раз дакаралася, што не надзела джынсы. Ну каму ў лесе патрэбная яе шляхецкая сукенка ў дробныя карычневыя кветачкі? Хіба мурашам і камарам – зручна кусаць за ногі. Дурніца ты, дурніца… Па кім сумуеш, для чаго? Нядаўна па Стасю сохла.. Сёньня ж?.. Сама сябе не разумееш – а хочаш спазнаць увесь сьвет.
Паспрабавала сесьці зручней і выцялася аб камень. Кавалак цэглы, урослы ў глебу… А вось яшчэ з моху выглядвае чырвоны вугал цагліны, ступлены часам… Няўжо тут калісьці было збудаваньне? Відаць, было – бо хутка рыдлёўкі застукалі аб камень.
— Падмурак нейкі… — задыхана прагаварыў Сымон, абвясьціўшы перапынак. Дзіна напружана ўглядалася ў выкапаную яміну, нібыта ўжо спадзявалася ўбачыць там залатыя манеты.
— Падобна на рэшткі капліцы, — зазначыла Паліна. “Уладарка” захвалявалася.
— Вось што, хлопчыкі, у мяне ў машыне яшчэ дзьве рыдлёўкі… Дакладней, адна невялікая лапата і савок. Зараз прынясу. І мы з Палінай вам дапаможам. Праўда, Паліначка?
І пабегла, толькі сьветлыя косы матляліся ў паветры. Як лісіны хвост.
Вось табе і “залатая ліхаманка”…
Дзесьці ў глыбіні лесу пракувала зязюля. Паліна нават не пасьпела загадаць – колькі будзе жыць, як вяшчуньня змоўкла. Нібыта некаму засталося зусім нядоўга пакутваць у гэтым ня лепшым са сьветаў. Між тым праца распачалася з падвойнай сілай… Хаця не, гэта пераўвелічэньне, наконт іх з Дзінай высілкаў – але ўсё-ткі хутчэй. Паступова паказаліся рэшткі цагляных сьценаў, пліты падлогі… Каплічка (ці нешта іншае) была зусім невялікая – можа, два на два метры. І не з каменю – з крохкай цэглы. Дзіва што нічога ад яе не засталося на паверхні зямлі. Паліна падазравала, што цаглінам тутэйшыя сяляне яшчэ стагоддзе таму знайшлі лепшае прымяненьне.
— Ды тут пасярэдзіне магільная пліта! – расчаравана працягнуў Сымон. – Трывожыць чужыя косткі – не мая справа.
Скульптар падтрымаў.
— Давайце на гэтым скончым.
Ага, так вам эмансіпаваныя кабеты і здадуцца!
Пакуль іншыя адпачывалі, перакусваючы прыхопленымі гаспадарлівай гандляркай прыпасамі, Паліна агледзела пліту. Літары, забітыя зямлёй, чыталіся з цяжкасьцю:
— “Ганоры… Аляксандр… Рашчынскі…” Рашчынскі! Тут магіла аднаго з продкаў Рашчынскага! Памёр у 1796 годзе ад нараджэньня Хрыстова. Васемнаццатае стагоддзе! Дзьвесьце гадоў каплічцы. Цікава, чаму ён пахаваны тут, ля дарогі? Не ў радавой усыпальніцы?
Паліна ліхаманкава дастала з сумкі, закінутай у кусты, запаветную папку. Так, вось радавод Рашчынскіх… Вікенцій Рашчынскі… 1841-1894… Апошні з роду. Яго бацька, Антоні Рашчынскі – 1813-1862. Дзед, Лявонцій – 1780-1841. Пра дзеда Лявонція пазнака – удзельнік вайны на Балканах. Ага, вось ён, Ганорый Аляксандр – 1757-1796. Пра яго нічога не вядома.
На нагрэты сонцам камень выскачыла шэрая маленькая яшчарка. Замерла на хвілю – і тут жа зьнікла ў траве. Паліна ўспомніла, што яшчарку старажытныя хрысьціяне атаясамлялі з душой. Яна магла высьлізнуць з роту сьпячага чалавека, падарожнічаць, потым – вярнуцца…
Чыя душа падарожнічала па сьвеце ў выглядзе гэтай яшчаркі? А можа… таго, хто сьпіць у гэтай магіле?
— Ну што, дзе будзем капаць? – змрочна прагаварыў Сымон.
— Вядома, дзе – трэба паглядзець пад плітою. – Дзіна была вясёлая і ўпэўненая. – Скарбы часта хавалі пад магільнымі плітамі!
— Гэта грэх,— азваўся Валянцін. – Рабаваць магілы!
Паліна трохі разгубілася. Вядома, грэх… Вядома, нядобра… Але вяртацца ні з чым!..
Дзіна выказала гэта ўслых.
…І ўрэшце — пахаваньню дзьвесьце гадоў! У горадзе могілкі зараўніваюць куды раней. Ды ў нас зямля такая – куды ні ступі, ходзіш па чыёйсьці магіле.
Сымон дастаў нож і расчысьціў краі пліты. Цяпер трэба было падважыць… Ну хаця б вунь той жалязякай, падобнай да кавалка рэйкі.
З чорнае адтуліны пацягнула – ці падалося, што пацягнула? – халодным цьвілым паветрам, мёртвым, як толькі і магло быць паветра магілы. Ліхтарыка, вядома, ні ў каго не аказалася – хто мог падумаць, што яркім сонечным днём спатрэбіцца ліхтарык? Нават запальнічак ня мелася – сучасныя скарбашукальнікі спавядалі здаровы лад жыцьця. Добра, у Дзіны былі запалкі – у спадзеве на тое, што ўсё-ткі ўдасца прыгатаваць шашлычкі. Сымон скруціў з нейкага рызьзя падабенства паходні і асьцярожна спусьціўся ўніз па стромых прыступках. За ім, вядома, скочыла Паліна. Дрогкае полымя асьвятліла невялікае памяшканьне, дзе можна было стаяць, толькі сагнуўшыся. Ля сьцяны — каменны саркафаг.
— Ну, што там? – крыкнула зьверху Дзіна.
— Труна тут, і ўсё, — спакойна крыкнуў Сымон.
— А што ў труне?
Сымон ледзь ня вылаяўся, і невядома, што яго ад гэтага больш устрымала – прысутнасьць пекнай жывой паненкі або сатлелага нябожчыка. Паліна прагна аглядала ўсё навокал. На падлозе, чорнай ад вільгаці, нейкае ўзвышэньне. Дзяўчына папрасіла Сымона ніжэй апусьціць паходню, якая, дарэчы, невыносна сьмярдзела…
На падлозе сядзела каменная жабка! Яе пукатыя вочы ўмольна пазіралі на прыхадняў, лапкі малітоўна складзеныя…
Паходня апошні раз успыхнула, і Сымон кінуў яе на зямлю, затоптваючы іскры.
Цяпер была пэўнасьць, што яны не памыліліся. Дзіна, ламаючы кус­тоўе, падагнала бліжэй джып, і Сымон з Валянцінам умудрыліся зладзіць асьвятленьне. Паліна анічога ў гэтым не разумела – але лямпачка на канцы провада, апушчанага ў скляпеньне, загарэлася.
Жабку не прымацоўвалі да каменнае падлогі, але яна нібыта прырасла да яе за столькі гадоў – ледзь ададралі. Паліна пачысьціла нажом каменную сьпінку. Там быў высечаны вялікі крыж. А на сподзе, вядома, літары…
ad nomine albarutenia
У імя Беларусі…
— Тут таксама пліта ў падлозе! – крыкнуў Сымон. — Якраз дзе жабка сядзела.
Пліта, на якой сядзела жабка, была не зусім плітой – расколатым напалам валуном. Здавалася, гэтую глыбу немагчыма вывернуць… Аднак уражаньне аказалася падманлівым – скол каменю быў дастаткова тонкі, каб маглі падняць два дужыя мужчыны…
…Пад плітой — насьцеленыя гнілыя дошкі. А пад дошкамі – скрыні. З адмысловага дрэва. Прасмоленага, абабітага металічнымі палосамі – дзеля доўгага захоўваньня. І страшэнна цяжкія. Сымон і Валянцін ледзь выцягнулі адну… Ададраць накрыўку таксама аказалася няпроста. Нарэшце ў вузкай шчыліне збліснула спакуса.
Вось яно, золата паўстаньня. Дзесяць скрыняў.
Дзіна кінулася на шыю Валянціну са шчасьлівым крыкам.
— Цяпер зажывем! Будзеш скульптуры ліць з бронзы! Усю Вільню скуплю!
— Чакайце! – запярэчыла Паліна.—Гэта трэба, мусіць, аддаць дзяржаве. А нам – чацьвёртая частка…
Дзіна зазлавала.
— Ну ты дурная! Начыталася “Дванаццаці крэслаў”, маўляў, знайшоў вартаўнік дыяменты, а на іх палац культуры пабудавалі. Ачомайся. Дзе жывеш? Раскрадуць і дзякуй ня скажуць, а табе сто баксаў за клопаты. Давайце зносіць у машыну. І не хвалюйцеся – у мяне надзейныя сувязі, з намі расплоцяцца, як належыць, падзелімся па справядлівасьці.
Сымон пагардліва сплюнуў.
— Пачынаецца… Я цябе папярэджваў, Поля – будзе паскудства. Мяне можаце ня ўлічваць. Дармовага багацьця не бяру.
Скрыні адна за другой зьяўляліся на паверхні зямлі,
— Пачакайце… – Паліна адчувала, што сьвет яе рушыцца. – Гэта ж грошы ня нашыя! Гэта грошы паўстанцаў, змагароў за волю народа. І ў нас ёсьць іх запавет. Скарыстаць у імя Беларусі! Мы – нашчадкі, нам і выконваць!
— Ага. Зараз закуплю зброі і пайду вызваляць вашую Беларусь… Толькі падкажы, ад каго, – разьюшылася Дзіна. — Вы ж ад уласнай дурасьці вызваліцца ня можаце. Колькі разоў спрабавала наладзіць сумесную фірму – аблом. На хабар чыноўнікам трэба столькі, што можна яшчэ адну фірму заснаваць. І ня варта сьпіхваць на “сістэму”. Усе баяцца новага, усім лянота думаць пра заўтра – толькі б ухапіць кавалак сёньня і ўначы пад коўдрай зжэрці. Каб не дзяліцца і ніхто не пазайздросьціў. Ты хоць раз бачыла тут у пад’ездах кветкі? Не? І ня ўбачыш. Мая сяброўка пагасьцявала ў мяне на Жыгімонтаса, вярнулася – і ў сваім пад’езьдзе паслала дыванок, паставіла гаршэчкі з расадай… Як ты думаеш, што яна назаўтра знайшла? Правільна, толькі трошкі бруду ад нечыіх чаравікаў. Зладзіць добрае прыватнае прадпрыемства — хіба ня будзе на карысьць краіне?
— Дзіна, мы самі ведаем недахопы свайго народу, – спыніў “уладаль­ніцу” Валянцін. – У нас усялякага хапае… І ляноты, і жлобства… Але мы яшчэ здольныя і на ідэалізм. Іначай і гэтае золата не засталося б нескарыстаным. І калі я маю права на долю… Няхай маё дастанецца Паліне. Вы ж паклапоціцеся пра помнік Рашчынскаму, праўда, Паліна?
— Ніякага права на долю ты ня маеш! – “уладальніца” злосна звузіла сьветлыя вочы. — Ты забыўся – у цябе няма і ня можа быць нічога без мяне! Усё – нашае. Ты слова даваў.
— Я трымаю слова. Не хвалюйся.—Валянцін рушыў за апошняй скрыняй… І Паліне стала так балюча, што наступнае прамовілася само, і дурны гонар быў недарэчы гэтак жа, як доўгая сукенка ў лясных зарасьцях.
— Паслухайце, Дзіна… Вы казалі, што ў Валянціна доўг – пятнаццаць тысячаў…
— Заплаціць за яго хочаш? – пагардліва спытала Дзіна. – Позна, даражэнькая. Тое, чым я дзеля яго ахвяравала, даражэй каштуе.
— Ну, у такім выпадку, забірайце ўсё! На ягоны рахунак… Валянцін! Чуеце? І… бывайце. Я паеду на аўтобусе.
Паліна, стрымліваючы сьлёзы, дастала з кустоў сумку.
— Вось гэта па-нашаму! – узрадваўся штурман Сымон. – А на сваіх дзяцей мы заробім!
— Паліна, пачакайце! – Валянцін, кусаючы вусны, павярнуўся да “уладальніцы”.
— Здаецца, раб мае права хоць раз на год падаць голас? Нават сьвята такое адмысловае было ў Старажытным Рыме – Луперкаліі. Ты атрымала столькі, як я ніколі табе не зараблю. Навошта я табе цяпер? Можа, прадала б мяне?
— Што ты пляцеш! “Раб”, “прадала”… Нібы ў клубе садамазахістаў. Ты – мой каханы! – Дзіна ўчапілася за свайго скульптара, як тапелец за выратавальную дошку.—Я – твая гэтак жа, як і ты – мой. Толькі я магу даць табе каханьне, клопат, пяшчоту! Валянцін! Успомні ўсё, што нас зьвязвае! Я кахаю цябе, Валянцін!
— Мілая, добрая, ну зразумей жа – нельга прымусіць чалавека быць шчасьлівым, – скульптар пакутваў горш за “уладальніцу”. – Я не кахаю цябе. Давай разьлічымся з маімі крэдыторамі, скінем з сябе цяжар пагрозы і перастанем мучыць адзін аднаго.
— Сволач!
Звонкая поўха была ня горшай за тую, якой узнагароджвалі сваіх няверных каханкаў усе тэмпераментныя дамы ўсіх эпохаў. Валянцін, нібы не заўважыўшы ўдару, паглядзеў на Паліну…
І яе нібыта пацягнула да яго неадольная сіла…
Такім атрымаўся іх першы пацалунак – з прысмакам жнівеньскай сьпёкі, з горыччу ўласнай віны.
Побач хіснулася нечая постаць – Сымон адвярнуўся ў бок вёскі…
Дзіна не зьбіралася здавацца.
— Ты забыўся, што цябе адпусьцілі з той умовай, каб працаваў у маёй фірме? Калі я дваццаць пятага чысла не заплачу чарговую тысячу даляраў і не пацьверджу, што гэта зарабіў ты, і жывеш пад маім наглядам,– мяне заб’юць. І, ведаеш, мне нешта расхацелася плаціць…
Валянцін адарваўся ад вуснаў Паліны – і нейкі час адчувалася, што ён не ўспрымае рэчаіснасьць, ап’янелы ад раптоўнага шчасьця. Але паступова сэнс пагрозы ўсьвядоміўся.
— Дзіна, гэта проста дурноцьце. Цяпер тысяча даляраў для цябе – не праблема.
— Калі ты так лёгка адкінуў мяне дзеля нейкай чокнутай разьвя­дзёнкі, дык чаму цябе непакоіць, што станецца са мной?
Цвыркуны адчайна стракаталі-галасілі, нібы на цвыркуновым пахаваньні.
Валянцін пакруціў галавою, быццам спрабаваў скінуць ачмурэньне.
— Чаго ты дамагаешся, Дзіна?
— Сядай у машыну. Паедзем.
Упэўненага тону ўладальніцы ня вытрымаў нават штурман.
— Не кабета – стыхія, – і зьвярнуўся з парадай да Валянціна: — Яны часта любяць палохаць, маўляў, разьлюбіш – атручуся, з балкона скінуся… Чым болей ім паддаешся – тым цяжэй вызваліцца.
— Ну дык што, будзеш правяраць, ці я наважуся не плаціць? Думаеш, усё так проста – узяў і сышоў? Твае крэдыторы могуць на першы раз цябе, між іншым, проста загрузіць у багажнік і прывезьці да мяне, калі даведаюцца, што ўцёк. Ці адразу мяне прыкончаць – я ж абяцала, што нікуды цябе не адпушчу. Ну! Думай хутчэй! Клянуся – ня сядзеш зараз у машыну, плаціць ня буду! Без цябе не хачу жыць! Магу зараз жа аддаць ёй яе долю! Выкідвай дзьве скрынкі з машыны! На, забірай! І трэцюю магу аддаць! І чацьвёртую!
Дзіна выглядала, як скандынаўская Валькірыя – “апошняя з Норнаў, што прыносіць сьмерць”. Яна асьцервянела тузала скрыню са зьліткамі, спрабуючы выкінуць з машыны. Паліне нават стала страшна – вось што значыць выраз: чалавек, здатны на ўсё. Валянцін пагладзіў Паліну па валасах дрыжачай рукой, пацалаваў у лоб… Адыйшоўся, ня зводзячы з дзяўчыны вачэй.
— Любая, гэта – часова… Ёй проста цяпер крыўдна. Яна супакоіцца. Пачакаем да дваццаць пятага. Ты разумееш, я не змагу жыць, ведаючы, што з-за мяне нехта загіне… Я не магу так абысьціся з чалавекам, які выратаваў мяне самай дарагой цаной. І без цябе я таксама не змагу жыць. Я вярнуся, любая.
Паліна моўчкі ківала галавой, пагаджаючыся. І глытала сьлёзы. Валянцін, больш нічога не гаворачы, пайшоў і сеў у машыну. Штурман лёгенька крануў Паліну за плячо.
— Не пераймайся, усё да лепшага. Ануча ён. У каханьні няма кампрамі­саў. Яна ніколі яго не адпусьціць, ён ніколі ня сыдзе… А ты будзеш мучыцца. Навошта?
“Уладальніца” між тым чамусьці не сьпяшалася ад’язджаць – можа, сапраўды хацела супакоіцца. Узялася праціраць лабавое вакно…
Справа, нібы чакала дзесьці побач, на шалёнай хуткасьці пад’ехала машына. Таксама “джып”. Толькі большы, з зацемненымі вокнамі, амаль як ваенны…
І выскачылі з яго сапраўды ваенныя… “Сьпецназаўцы” ў плямістых камбінезонах, высокіх зашнураваных чаравіках, з аўтаматамі…
— Усім стаяць! Рукі за галаву!
Адзін з нападнікаў, з шырокім абветраным тварам і класічна перабітым носам, махнуў чырвонай кніжачкай.
— Капітан Фёдараў! Група “Альфа”! Што ў машыне?
Другі ваяка пасьпеў паглядзець.
— Скрыні, падобна што з залатымі зьліткамі, таварыш капітан!
— Так-так, прысвойваньне скарбу… Захацелі дзяржаву падмануць? Перагружайце ў нашую машыну, хлопцы. А вы, усе – стаяць!
Трое хлопцаў-малойцаў пачалі подбегам, згінаючыся ледзь не да зямлі, пераносіць скрыні, быццам жукі –скарабеі камячкі гною. Чацьвёрты, у цёмнай шапцы-шлеме з проразямі для вачэй, высунуўся са сьпецназаўскага джыпу, каб прасачыць за пагрузкай. Усё было ціха, па-дзелавому. Нават Дзіна не верашчала абурана, як можна было чакаць.
Паліне падалося, што трапіла ў адзін з тых кепскіх крымінальных серыялаў, якія любіла глядзець маці. Адна надзея – зараз пойдзе рэклама, і замест амбалаў у камуфляжы пакажацца прылізаны нахабны клоун з парашком “Тайд”, адмываючым нават застарэлыя плямы ад крыві, і ўсе змогуць апрануцца ў белае. Асабліва нябожчыкі.
— Таварыш Фёдараў! – вельмі спакойна зьвярнуўся да камандзіра Сымон. – Я – капітан другога рангу Грынеўскі. Ці магу яшчэ раз зірнуць на вашае пасьведчаньне?
Мардасты капітан паблажліва дастаў сваю кніжачку, паказаў здаля, схаваў…
— Ну што, упэўніўся, капітан?
— Упэўніўся, — гэтак жа спакойна сказаў Сымон. – Памылачка выйшла, калега. На такое пасьведчаньне трэба здымацца ў форме.
І, як адпушчаная пружына, з сілай ударыў камандзіра абедзьвума нагамі ў жывот, перакаціўся па траве…
— Бяжы ў лес, Паліна! Гэта баньдзюгі, ім сьведкі без патрэбы! Ня бойся, у іх не аўтаматы – муляжы.
Далейшыя падзеі Паліна памятала, як праз сон. Вядома, яна нікуды не пабегла, толькі, штурханутая адным з камуфляжных, апынулася на зямлі. Сымона малацілі ўтрох… Ці Сымон малаціў траіх, круцячыся, як факстэр’ер сярод мядзьведзяў? Валянцін рынуўся на дапамогу, вырваўшыся ад Дзіны, якая злосна гарлала:
— Ня лезь! Няхай гэты прыдурак атрымае сваё! Ня ўвязвайся, і ўсё абыдзецца!
Паліна нарэшце ўсьвядоміла жах, які тварыўся каля яе.
— Перастаньце! Няхай забіраюць гэтае клятае золата!
Але мужчыны размаўлялі на сваёй мужчынскай мове, лупячы адзін аднаго гэтак жа, як лупілі адзін аднаго мільёны гадоў падобныя да іх гома сапіенсы. Памылка прыроды! У кожнага жывёльнага віду ёсьць мяжа, за­кладзена – не забіваць свайго насьмерць! Калі зьвяры мераюцца сілай між сабой, то рогі, іклы, кіпцюры не ўжываюць так, як з ворагам або здабычай. Адзін чалавек ня мае ані рог, ані іклаў, ані кіпцюроў, а на штучную зброю прырода абароны не паставіла…
— А гэты аўтамат – сапраўдны! – мужык у чорнай шапцы-шлеме выйшаў з джыпу, скіраваўшы страшную цацку на скарбашукальнікаў. Не гаворыць – сіпіць, як застуджаны… Адзіночны стрэл суха шчоўкнуў, нібыта зламалася галінка. Узьвілася зьмейка пяску.
— Рукі за галаву! Легчы на зямлю, падлы!
Сымон неахвотна падняў рукі і ўпаў, падкошаны ўдарам аднаго з раззлаваных “мядзьведзяў”. А Валянцін і так ужо ляжаў, зьбіты на горкі яблык. Над ім галасіла Дзіна, прыкладаючы насоўку да скрываўленага носу сваёй “маёмасьці”.
— Нясіце астатнія скрыні, і паехалі! – прасіпеў чалавек у шапцы, які, падобна, і быў тут галоўным.
Валянцін рашуча адхінуў рукой Дзіну, прыўзьняўся і зьвярнуўся зусім спакойна да таямнічага камандзіра.
— Прывітаньне, Валянцін. Табе варта было б яшчэ надзець і пальчаткі. Татуіровачка твая піжонская здалёк відна.
Кісьць левай рукі галоўнага абвівала каляровая вытанчаная зьмейка. Камандзір сьцягнуў шапку, з асалодай абцёр спацелы твар, скептычна па­глядзеў на сваю руку і прамовіў нармальным, нават прыемным барытонам.
— Трэба ж… Пагарэзьнічалі ў маладосьці, а цяпер на ўсё жыцьцё – праблема. Ну, прывітаньне, напарнік.
Сымон тузануўся, але бясьсіла замёр пад скіраваным на яго дулам аўтамата.
Паліна на ўсе вочы глядзела на злавеснага двайніка віленскага скульп­тара. Калі папраўдзе – дык нічога злавеснага ў ім не было. Каржакаваты, кароткія цёмныя валасы, вочы, як чорны алей, грыбастыя вусны… Сапраўды, трохі падобны да Андрыяна Чэлентана… Пабітага беларускай бульбай у калгасным клубе. Хоць глядзеў такім ужо пераможцам – як смык над скрыпачкай.
— Дык вось адкуль у Дзіны аказалася чацьвёртая жабка… — змрочна зазначыў Чарапавіцкі. – Ты перадаў?
— Здагадлівы! – усьміхнуўся напарнік. – Дзе – дурань-дурнем, а дзе здагадлівы. Аднаго ня ведаеш – я тады ў Гарнушках не адзін быў, а з прыпыленым навукоўцам Артурам. Студэнт былы ягоны ў мяне падпрацоўваў, вось і парэкамендаваў. Ваш Артур сядзеў якраз бяз працы, і жонка сышла. Гатовы быў хоць вартаўніком, хоць грузчыкам. Я яму сказаў – трэба на рэстаўрацыю магільныя пліты забраць. Пашкадаваў “біча”, былога інтэлігентнага чалавека… А ён запіў, падла, як толькі да сельмагу дайшоў. Павезьлі назад, паклаўшы паўзьверх тых плітаў. Відовішча… Затое па п’яні тое-сёе расказаў. Ён увогуле, як пачне гаварыць пра гісторыю – хоць вы­ключальнік да яго прымацоўвай. Але тут я прасёк – справа цікавая. Шыфры, скарбы… Жабку я сам знайшоў, вымяняў у адной бабулькі за батон.
— Гэта вы забілі Артура? – выгукнула Паліна. Напарнік толькі незадаволена скрывіўся.
— Ды каму трэба было яго забіваць! Проста пасьля вяртаньня з Гарнушак ён стаў хавацца і асьцярожнічаць. Ад усяго адмаўляўся. Але пасьпеў распавесьці мне пра ліст… Як яго… Людвісара.
— Той ліст, які вы скралі з архіву? – удакладніла Паліна.
— А як жа было яго пакідаць? Я адно дзіўлюся вам, навукоўцам. Гэта ж колькі дабра ў вас пад носам прападае – шукайце толькі, супастаўляйце, аналізуйце… Той ліст акрамя п’яніцы Артура за ўвесь час існаваньня архіву нікому не спатрэбіўся. А Людвісар у ім наракае, што мільён рублёў золатам недзе марнуецца, а золата належала калісьці Людвісарам, і што Рашчынскі сквапнік і недарэка, і мог бы падзяліцца, раз сам ня здольны скарыстаць… Ну і іншае. Мы хацелі толькі разгаварыць вашага Артура, паглядзець ягоныя паперкі – паўсюль жа з сабою цягаў… А тут на табе – аблом. Выпіў – і адключыўся. І пачарнеў, як баклажан. І паперак няма — пасьля ў жонкі выкупілі, і то прыстрашыўшы. І жабка ягоная зьнікла. Так што дзякуй табе, — напарнік насьмешна пакланіўся Валянціну. – Думаеш, Дзіна дарэмна падказала жабак ляпіць на продаж? Жабак сваіх ляпіў, на жабку дзяўчыну злавіў. На дзяўчыну сам запаў… Вось і ўсё знайшлося.
— А навошта вы ў нас каменьні шпурлялі, калі мы былі на Крыжовай гары? – пацікавілася Паліна. Напарнік толькі плячмі паціснуў.
— Гэта не да мяне прэтэнзіі. Нічога ня ведаю.
— Дык вы ад пачатку з Дзінай хаўрусаваліся… — задумліва прагаварыў Валянцін.—А я думаю – чаго гэта яна на ўсе авантуры так ахвотна пагаджаецца…Адпускае мяне ў Менск… І вось золата адбіраеце, дзяліцца ні з кім ня трэба, і Дзіна зноў бедная, і мне трэба далей укалваць на ейных кліентаў. Ведаеш, колькі я анёлкаў за гэтыя тры гады наваяў для прыкрасы маёнткаў? Мармуровае неба засяліць можна!
Дзіна нешта гаварыла, абяцала, нагадвала, але Валянцін ня слухаў, упарта адварочваючыся. Напарнік насьмешна зірнуў на былога сябра.
— Каханьне, мой дружа! Дзеля каханьня жанчына гатовая на ўсё.
Сымон ірвануўся наперад, як чырвоная пантэра. Двое амбалаў ледзь стрымлівалі яго.
— Каханьне!.. А помніш Сьвятлану з “Папараць-кветкі”? Перакладчыцу, якой мазгі пудрыў пра сваю геніяльнасьць? Калі ты мужык – выходзь біцца сам-насам! Я — ейны муж!
— Толькі мне й спраў, што памятаць усялякіх дурніц! – пагардліва кінуў напарнік. – Яшчэ біцца з-за нейкай патаскухі… Не перажывай, мужык – я доўга ні з воднай ня быў.
Пасьля гэтага ніякія сілы не маглі стрымаць штурмана. Ён раскідаў камуфляжнікаў і…
Напарнік выстраліў проста з перапуду. Гэта было відаць па тым, як ён сам спалохаўся выніку. Дрыжачыя вусны паўтаралі:
— Блі-ін… Чаго ён палез… Халера…
Паліна кінулася да Сымона, які ўпаў тварам у сьпякотнае неба – на вуснах зьявіліся чырвоныя пухіры. Кроў… І плямы на грудзях…Чырвонае на чырвонай кашулі… Гарыбальдзійцы сьпецыяльна апраналі кашулі такога колеру, каб ніхто не заўважаў ранаў. Відаць, лёгкія прабітыя. Паліна паспрабавала прыўзьняць галаву параненага, з другога боку намагаўся неяк даць рады Валянцін… Дыханьне вырывалася з грудзей штурмана сутаргава, са страшным хрыпам… Ілжэ-капітан Фёдараў таксама схіліўся над параненым, выпрастаўся, з прыкрасьцю зазначыў.
— Усё, гамон… Маем трупец.
— Ты ж мне абяцаў, што будзе ціха! – з Дзінай утварылася сапраўдная істэрыка. Яна разьятрана кідалася на забойцу і трэсла, як дарагое футра, якое, як выявілася, за зіму пабіла моль. – Што цяпер рабіць! У мяне бізнэс! Мне ліцэнзію трэба пераафармляць! Ідыёт! – і раптам амаль спакойна, па-дзелавому. – Усё, я нічога ня ведала пра твае намеры, ты падступна напаў на нас, каб адабраць скарб, які мы везьлі здаваць дзяржаве. Разьбірайся з трупам сам. Валянцін, паехалі. І ты, разумніца… Робім ногі.
Напарнік злосна раздзьмуў ноздры.
— Вось як? Нічога ня ведала! Сама ўсё прыдумала, а цяпер – на мяне зваліць? Ну, раз так, дык так. Сумленьніца! Гераіня! – і зьвярнуўся да Валянціна. – Хочаш ведаць, хто твой сапраўдны крэдытор? Каму належалі грошы па тых накладных? Ды вось ёй, Дзіне!
— Ня слухай яго! – віскнула Дзіна, але напарнік толькі злосна зарагатаў.
— Ну і павесяліў ты мяне, дружа! Гэта ж трэба быць такім дурнем! Ну хіба табе ў чэрапаўку не прыйшло – якая справа рэкецірам, хто ім грошы заплоціць? Нашто дамова, каб ты стаў прыгонным гэтай сьцярвозы? Мы ж з ёй разам справы праварочвалі. Прыдумана тонка! Яна бачыла, які ты сумленны, сабой мог рызыкнуць – але не чужым жыцьцём. Ты ж нават ня ведаеш, які попыт на твае скульптуры! За пару месяцаў вунь на такі джып зарабляеш. Праўда, Дзіначка? А на піва яна табе хоць выдзяляла час ад часу?
— Што ты плявузгаеш? – раўнула Дзіна. – Ён меў усё, што хацеў!
— Відаць, ня ўсё.
Валянцін адштурхнуў Дзіну, якая прыліпла да яго з апраўданьнямі, і, з цяжкасьцю вымаўляючы словы, зьвярнуўся да былога напарніка.
— Слухай, я ўсе гэтыя гады хацеў папытацца… Чаму ты так са мной абыйшоўся? Я ж нічым цябе не пакрыўдзіў…
Твар напарніка нібы абсунуўся, застарэлая нянавісьць бліснула ў масьляністых вачах.
— Ты сам з сабою “абыйшоўся”! Раней ты быў – усё, а я нішто. Цяпер – абмяняліся. А якія амбіцыі ты меў! Выкладчыкі карагодам хадзілі: “Надзея, надзея…” А чаго ты насамрэч варты? Нават Богам дадзены талент, за дзясятую долю якога іншы б жыцьця не пашкадаваў — спляжыў! “Ах, ня ўсім быць Мікелянджэла”. Як я пагарджаў табою, калі ты згадзіўся на маю прапанову рабіць помнікі! І я назіраў, як ты апускаешся, з радасьцю… Так, але і з болем. Табе гэтага не зразумець. Ты – проста няўдачнік. Ніхто. Наложнік багатай дамы, што жыве з ейнай літасьці. Ніжэй апусьціць цябе было цяжка.
Напарнік амаль крычаў, яго трэсла, як ад болю, і яго зласьлівая радасьць сапраўды была з прымешкам пакуты.
— Я не вінаваты, што ты не застаўся ў мастацтве…— ціха прагаварыў Валянцін.
— Шэф, ад новапрастаўленага пазбавіцца б… Можа, у той склеп яго й засунуць? – умяшаўся ў гаворку ілжэкапітан. – І гэтым раты б паза­крываць…
Валянцін ускінуў галаву і жорстка зірнуў на напарніка.
— Я не дазволю табе так абысьціся з целам чалавека, чыйго пазногця ты ня варты! Можаш забіць мяне таксама – маўчання ад мяне не дачакаешся.
Сонца хілілася пад цяжарам сваёй сьпёкі да далёкай вёскі. Напарнік пачаў нярвова перагаворвацца са сваёй камандай, Дзіна час ад часу нешта дадавала ад уласнай істэрыі…
Паліна гэтага ня чула – яна стаяла на каленях каля Сымона, трымаючы яго цяжкую халодную руку ў сваёй, і сутаргава ўсхліпвала… Няўжо сапраўды – памёр? Раптам штурман захрыпеў…
— Ён яшчэ жывы! – ускочыла Паліна. – Ён жывы!
Напарнік падбег да параненага, нахіліўся…
— Сапраўды, жывы! Мацак! Ну, вось што… Грузіце яго ў машыну! Хутка! Завязу ў адну бальніцу… Там у мяне ўсё куплена, урачы — акадэмікі. З таго сьвету выцягнуць, і пытаньняў задаваць ня стануць. Месца ціхае, адасобленае. Пад аховай… Ды ня бойцеся – я жулік, а не забойца. Вядома, языкі будзеце трымаць на прывязі, і праз колькі часу атрымаеце назад свайго сябра зацыраваным.
Сымона асьцярожна паклалі ў ваенны джып. Дзіна закрычала:
— Пачакай! Я перадумала! Аддавай маю долю цяпер жа!
Напарнік раздражнёна крыкнуў:
— Ды скіньце вы ёй пару скрынак! Няхай задушыцца.
— Ня пару, а пяць!
Першая скрынка, прыадчыненая, з грукатам ударылася аб зямлю. Накрыўка адкінулася, і на сухую траву ўпаў залаты зьлітак… Пераламаны напалам.
Першым заўважыў гэта ілжэ-капітан і аслупянеў.
— Што за халера…
Напарнік выскачыў з машыны, падняў два асколкі… Унутры была нейкая цёмная маса.
— Чыгунная балванка!
Усчаўся гвалт. Зьліткі даставаліся, іх стукалі адзін аб адзін… І паўсюль з-пад бліскучай абалонкі выглядала чорнае плябейства.
— Паслухайце, там жа чалавек памірае! – адчайна крыкнула Паліна. Напарнік спыніў лаянку.
— Усё. Паехалі. А то і праўда наш супермэн памрэ… Што тады рабіць? Бывай, Чарапавіцкі! Ты халерна таленавіты, паскуда.
Джыпы разьехаліся ў розныя бакі, і пыл паімчаў па сухой траве, нібы ведзьміна вясельле. Паліна і Валянцін засталіся стаяць на ўскрайку лесу, пасярод раскіданых брускоў падманнага золата і крывавых плямаў. У крыві была і ўся адзежа… А Валянцін яшчэ і выглядаў, як пасля допыту “с пристрастием”.
І што ім заставалася рабіць?
Толькі абняцца… Ухапіцца адзін за аднаго – каб больш не згубіцца ў гэтым сьвеце ілжы і падману, высакародства і болю.
Такім было іх каханьне – з прысмакам горычы і болю, з цудоўным, бясконцым жыцьцём наперадзе…
Бо ў такія хвілі, вядома, жыцьцё здаецца бясконцым.
І толькі паэт ведае, што пясок бясьсіла ссыплецца з рукі таго, хто на сустрэчу спадзяецца, ды сьпіць зьмяя там, дзе палала сэрца.

18.
— Вельмішаноўны пан Вікенці Рашчынскі з маёнтка Гарнушкі! – слуга ў зялёным аксамітным сурдуце з залатымі гузікамі (два, на круглым жываце, расшпіленыя, і відаць ня надта белая кашуля) крычаў так, што напружваліся жылы на тоўстай шыі, і твар чырванеў, як рэвалюцыйны сьцяг.
Вінцэсь азіраўся з прыкрым пачуцьцём чалавека, які трапіў у сьвет крывога люстэрка. Нібыта ўсё пазнавальнае, але пачварна скажонае, расплывістае. Палац усё гэтак жа ганарыста ўзвышаўся над навакольлем, але гэта быў гонар банкрута. Калоны страцілі колішнюю белізну, як і нямытая кашуля лёкая. У былых венецыянскіх каналах гайдалася на восеньскім вятры сухое бадыльлё, і таемная расьліна луньнік дражнілася-трапятала бліс­кучымі круглымі манетамі, за якія ня купіш анічога, акрамя подыху гэтага восеньскага ветру. Усё было спавіта санлівасьцю, на ўсім меўся адбітак руйнаваньня. Затое ля ўваходнай лесьвіцы зьяві­ліся дзьве новыя скульптуры – мармуровыя рымскія героі ў лаўравых вянках і латах. Вінцэсь прыгледзеўся і з жахам усьвядоміў, што фанабэрыстыя фізіяноміі патрыцыяў нагадваюць твар Стася! Аднекуль з бакавога флігелю даносіўся бадзёры стук. Паколькі побач пуставалі яшчэ два пастаменты, можна было здагадацца, што й там апынуцца ўрачыстыя каменныя балваны з абліччам гаспадара. Гэтая дурная раскоша яшчэ больш падкрэсьлівала агульны заняпад, які цараваў ня толькі вакол палацу, але і ў пакоях. Растаўсьцелыя лёкаі, нявымытая чарка на століку, апошняя восеньская муха, якая цяжка кружляла над ёй; карціны, састаўленыя ля сьценаў і накрытыя пыльным радном – відаць, у чаканьні рэстаўрацыі, якая невядома калі высьветліць іх фарбы…
— Няхай літасьцівы пан пройдзе як найхутчэй – высакародны пан Станіслаў Людвісар з нецярплівасьцю чакае найпрыемнейшага візіту літась­цівага пана, і ўсе вашыя пакорлівыя слугі рыхтаваліся да найпрыемнейшага візіту найясьнейшага пана, і наш найясьнейшы пан найшчырэйша просіць выбачэньня за свае хворыя ногі, хворасьць якіх перашкодзіла яму ўласнай персонай з прыемнасьцю сустрэць вельмішаноўнага госьця… — лёкай старанна зьвіваў велягурыстыя фразы ў клубок з фальшывага золата, блытаючыся ў слоўных зьвівах. Вінцэсь нецярпліва адсунуў гаваруна ўбок і хуткім крокам увайшоў у гасьцёўню.
— Прывітаньне, Станіслаў! Вельмі рады быў атрымаць твой ліст...
Астатнія словы засталіся непрамоўленымі. Вінцэсь прыблізна ўсьведамляў, якое відовішча яго чакае… Але паміж “прыблізна” і “насамрэч” адлегласьць куды большая, чым ад Масквы да Варшавы. Ніякае крывое люстэрка не змагло б ператварыць колішняга танклявага, даверлівага Стася з вялікімі блакітнымі вачыма, з вечнай вінаватай усьмешкай у гэтага самазадаволенага таўстуна, падобнага да карыкатуры на імператара Луі Філіпа, папулярнай ў Францыі. Чырвань твару рабілася яшчэ заўважней на фоне сьветлых кудзераў – лысіну на макаўцы кампенсавалі пышныя бакенбарды. Вочы, праўда, не зусім заплылі тлушчам – але якімі яны сталі пустымі! Як мутны вясновы лёд…
— О, Вінцэсь! Зусім не зьмяніўся! Прабач, не ўстаю – хварэю ўсё… А ты, відаць, гэтак жа ў палонцы штодзень плёхаешся? Волат, герой! Сядай во сюды… Пабліжэй… Сы-ыдар! – грамавы вокліч змусіў Вінцэся ўздрыгнуць. – Сы-дар!
Таямнічы “Сыдар”, надзіва танклявы, як бізун, з чорнымі, як прыклеенымі, вусікамі забег у гасьцёўню і схіліўся ў паклоне.
– Чаму шампанскае на стол не паставілі? Сківіцу зьвярну набок, цалавацца развучышся! Нясі!
Перад вялізным выгодным фатэлем, у якім разваліўся Стась, захінуты ў заліты на грудзях віном персідскі халат, грувасьціўся стол, што ледзь не прысядаў на тонкіх нагах пад цяжарам страў. Лёкай спрытна наліў Вінцэсю віна…
— Ну, за сустрэчу, стары сябра!
Вінцэсь адчуў, што просьба замяніць віно якім ліманадам скончыцца вадаспадам непатрэбных угавораў і папрокаў, таму прыгубіў чырвонага напою (сапраўды добрага) і зачапіў відэльцам нешта экзатычнае… Падобна да амара, але прыгатаванага вельмі асабліва.
Размова атрымлівалася нейкая дзіўная… Як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае на паверхню. Стась неяк пазьбягаў успамінаць мінулае. Вінцэсь думаў – гэта ад таго, што няёмка за свой цяперашні стан. Скардзіўся на сястру: такая жорсткая, такая сквапніца! Але адчувалася, што галоўнае, дзеля чаго і запрошаны госьць, не прамоўлена. Нарэшце, праз шматлікія намёкі, расплывістыя скаргі зра­білася зразумела: Стась спрабуе зьвярнуць гаворку на грошы паўстанцаў, якімі стары Людвісар выкупіў жыцьцё сына. Паступова, з кожнай новай бутэлькай віна, выказваньні гаспадара рабіліся больш акрэсьленымі. Чаму золата так і ляжыць бяз справы? Хіба нельга знайсьці яму карыснае прымяненьне? Вядома, Вінцэсь толькі вярнуўся, блага ведае, што сёньня адбываецца на Беларусі. А вось Людвісар мае на прыкмеце людзей, якіх толькі падтрымай грашыма – і такую рэвалюцыю ўчыняць, што маскалі адсюль шугануць, як восеньскае лісьце з ветрам!
Вінцэсь слухаў і маўчаў. “Рэвалюцыя!” Цікава, які сэнс укладае сёньняшні Стась у гэтае слова? Бачыць сябе новым Напалеонам? Адабраць у “чужых” паноў і перадаць “сваім”? І тыя, і тыя гавораць з беларускім народам на розных мовах. Хто і як скарыстае ахвяраваныя грошы? Людвісар, дакладна – на рэдкія віны і мармуровае ўвекавечаньне ўласнага аблічча. А можа, марыць аднавіць венецыянскія каналы?
Бедны Стась… Вінцэсь не адчуваў да яго пагарды – толькі ўласную віну. Марка загінуў з-за праклятага золата… Але – Вінцэсь цяпер бачыў гэта ясна – загінуў і Стась.
Толькі падчас разьвітаньня былы рамантычны юнак праглянуў праз азызлую чырвоную маску. Рыданьне раптам перакрывіла твар Людвісара, ён, нязграбна чапляючыся рукамі за парэнчы фатэлю, устаў, падняў непад’ёмнае, нібыта чужое, цела, абняў Вінцэся, павіс на ім – той ледзь не паваліўся… І плакаў, плакаў, прыгаворваючы нешта няўцямнае: “Вось, бачыш, мілы… Няма мяне… Няма… Як ты казаў – экзістэнцыйная адсутнасьць? Хадзіць не магу… У люстэркі не гляджуся. А мы ж верылі! Мы ж змагаліся! Каб рэспубліка, і прыгожыя дамы, і шчасьлівыя людзі, і песьні пяюць у садах пад вокнамі! А ў мяне пад вокнамі ўчора пейзане нашыя ўлюбёныя жанчыну камянямі пабілі. За тое, што малако ў кароў адбірае. Ды я нават у Шлісельбургу шчасьлівейшы быў! У мяне аж у грудзях шчыміла ад гонару – што паміраю за радзіму. Як жа так сталася? Што з намі сталася, Вінцэсю?”
На чорную зямлю падаў сьнег, яшчэ вільготны, слабы. Ён ня мог справіцца з пануючай чарнатой, нават коштам уласнае сьмерці. Наадварот – каб захаваць бель, ён мусіў быць моцным і жорсткім. Але для гэтага павінен быў прыйсьці час.
Пакуль яшчэ не настаў час сьнегу і чысьціні.
Ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі, сустрэчы з былымі знаёмымі – усё пакутлівейшымі. Адна радасьць – глядзець на сына, на ўнукаў… Гэтага Вальжына не забараняла. Але прымусіла паклясьціся – яны ніколі не даведаюцца пра скарб. Залаты праклён не пяройдзе наступным пакаленьням.
Вінцэсь часам адчуваў сябе зусім бездапаможным. Ён памрэ. Памрэ Вальжына, Мартын… І грошы, здабытыя такой дарагой цаной, прападуць! Ён аніяк ня мог пагадзіцца з тым, што вырашылі сябры. Так, ён ня бачыў пакуль сілы, якой можна перадаць золата. Але, урэшце, яшчэ Русо даў параду народам: ня можаце перашкодзіць таму, каб вас праглынулі – пастарайцеся хаця б, каб вас не маглі пераварыць. На захаваньне самасьці, адраджэньне нацыянальнай культуры таксама патрабаваліся сродкі! Але Вінцэсь ня мог распарадзіцца сам.
І ён пайшоў да адзінага чалавека, які б мог даць яму параду… І які ўжо ня мог яе даць. На магілу бацькі.
Надмагільле пана Антона Рашчынскага было вельмі простым, як ён і хацеў. Чорны мармур, крыж, перавернутая паходня...
У іх колах у Парыжы вальнадумства сталася ледзь не законам. Рашчынскі не падзяляў скептыцызм сваіх сяброў наконт рэлігіі, але не зьбіраўся адпрэчваць і прагрэс і наракаць, што кожнае вынаходніцтва – ад Сатаны. Быў перакананы: навука, якая цяпер нібыта знаходзіць пацьверджаньні атэістычнай тэорыі, калісьці проста дасягне такога ўзроўню, што пачне атрымліваць доказы існаваньня Вышэйшай Сілы. Цяпер жа чалавецтва цешыцца са сваім прагрэсам, як з новай, самай лепшай у сьвеце, цацкай, і драўляны конік падае голас і звонка б’е капытамі. Бескарысна даводзіць дзіцяці, што драўлянаму коніку не патрэбнае сена, а абарыгену Берага Слановай Косткі – што кінуты ў хвалі драўляны ідал ня спыніць буры. Ды ці варта шукаць недзе доказаў — калі чалавек прыслухаецца да самога сябе, ён адчуе прысутнасьць Бога ва ўласным сэрцы.
…Як спалучыць сябе з жыцьцём, разьбіць вакол шкляныя сьцены? Ня намі збудаваны дом, які яднае нашыя цені… Спадар! Што – розуму сіло Таму, Хто – усяму прычына? Кляйна няма – “дабро” ці “зло”, узважваць лёсы немагчыма. Усё – ва ўсім, і мяжы няма. Ты – гэта я, і ўсё – брыдота. Усе адрозьненьні – падман, сусьвет – трызьненьне ідыёта для лялькі, што парвала ніць, якой яе вадзілі зьверху. Так, лялька вольная… Ляжыць, ня вартая ні сьлёз, ні сьмеху. Няма адгадкі. Ёсьць – адказ, даўно вядомы – і забыты. І нехта прыўзьнімае нас убачыць рая краявіды. А нас цікавіць той агонь, што ў спратах плавіць хвілі-кулі… Мы – безнадзейныя, і скронь не сівізна, а кроў кранула…
Вінцэсь ня цешыў сябе надзеяй, што нават па самай шчырай ягонай малітве да яго спусьцяцца ў відочным вобразе анёлы ці зьявіцца з таго сьвету бацька. Проста ў гэтым месцы можна было засяродзіцца, усьвядоміць свае патаемныя сумнівы і спадзяваньні і, можа быць, адчуць, на якіх – блаславеньне, на якіх — праклён.
Вінцэсь моўчкі ўкленчыў перад надмагільлем. Побач, у асобнай капліцы ўнутры касьцёлу – магільныя пліты іншых Рашчынскіх. Толькі пра­дзеда Ганорыя няма – але ён нават сваёй адрынутасьцю дапамагае нашчадку знайсьці правільнае рашэньне… Бо застаюцца адны магілы. Застаюцца заўсёды… І да магілаў продкаў заўсёды будуць прыходзіць нашчадкі. Да ягонай, Вінцэся, магілы таксама нехта прыдзе. Можа быць, у тыя часы, калі пракляцьце, што нібыта ляжыць на схаваным золаце, страціць моц?
Цяпер Вінцэсь ведаў, што яму рабіць. Ягоным запаветам стане ўласнае надмагільле. Ён падкажа далёкім нашчадкам шлях да золата. Трэба прыдумаць шлях, які можа прайсьці толькі чалавек, надзелены розумам і абазнаны ў гісторыі сваёй краіны. Толькі той, хто любіць Беларусь гэтак жа, як любілі яны.
…Лебедзь прапяе вам сваю апошнюю песьню.
Сьмерць пакажа пачатак шляху.
Воўк і леў – скажуць пра золата, якое нараджаецца ў сьмерці. Воўк стане Ваўкалакам – так мяняліся іх лёсы дзеля Радзімы, і ў зьвярынай абалонцы хавалася высакароднае сэрца.
А галоўнае ён даверыць распавесьці нявартым, бедным істотам. Можа быць, у вобразе адной з тых істотаў калісьці ён сам, паводле нямецкай прымхі, стане выконваць тое, што паабяцаў – і ня выканаў пры жыцьці?
Час у яго яшчэ ёсьць. І засталіся залатыя манеты. Няхай думаюць – звар’яцеў, дзівак… І варта запрасіць скульптара з Людвісарава. Працуе, кажуць, хутка…
А людзі сапраўды лічылі, што пан звар’яцеў. Маёнтак занядбаны, разрабаваны, а гаспадар траціць шалёныя грошы на ўласнае надмагільле, хоць яшчэ жывы і не такі ўжо стары, каб лічыць апошнія гадзіны. Скульптар працаваў сапраўды хутка, тым больш заказчык дакладна ведаў, што ён хоча. Нават асобныя дэталі пажадаў выканаць сам, калі папраўдзе – дык толькі псаваў фігуры дзікунскімі арнаментамі. Мармур, граніт, нават малахіт не давялося везьці здалёк – у Людвісаравым хапала нявыкарыстанага дзеля аздобы палацу. Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адсьпявала птушкамі лета. У цьмяны лістападаўскі дзень Вінцэсь са складаным пачуцьцём глядзеў на месца свайго будучага супакаеньня і пагладжваў сьпіну каменнай жабкі, што сядзела на краі пастаменту.
— І што ж ты задумаў, панок?
Гэты голас немагчыма было забыць. І нянавісьць, якая ў ім гучала, таксама. Марцэл Алейшчык зрабіўся зусім сівы, толькі вусы захавалі крыху колішняга чорнага колеру. Замест магеркі – чорная шапачка дзякана. Паўзьверх простай расы накінутая шэрая бравэрка… Адзін рукаў – пусты, засунуты ў кішэню. А вочы – гэткія ж пранізьлівыя.
Не, нянавісьці, напэўна, больш не было – хутчэй, падазронасьць. Але любові ня чулася таксама.
Першае памкненьне Вінцэся было – прывітацца, выказаць радасьць ад сустрэчы – мала што непаразумеліся трыццаць год таму. Але Марцэл па­грозна ўсьміхнуўся, як і тады.
— Не зьмяніўся ты, панок. Зноў нешта хітруеш. Навошта грувасьціш гэтыя стоды? На той сьвет сьпяшаешся? Ці з магілы спадзяешся парадвацца, як багата пахаваны? Кляўся, што ані шэлега – на сябе. Значыць, нештачкі задумаў.
— Гэта мая справа, Марцэл.
— Не, гэта нашая справа! Усіх, хто захоўвае таямніцу. Прашу ад імя тых, хто загінуў і хто яшчэ жывы – ня руш мінулае! Ня ведаю, навошта ты ўсё задумаў, што за гэтым хаваецца, — Марцэл абвёў рукой надмагільле, — але табе ж будзе лепей, калі ты сам гэта зруйнуеш.
Вінцэсь упарта глядзеў на Марцэла.
— Хіба чалавек ня вольны хаця б падрыхтаваць сабе магілу па сваім гусьце?
— Мая справа – папярэдзіць, — Марцэл нядобра ўсьміхнуўся. – Ты ведаеш, што ў Гарнушках неспакойна, людзі расказваюць немаведама што пра твае патаемныя скарбы – іначай на якія сродкі шыкоўнае надмагільле? Дарэмна, ой, дарэмна паказаў ты ім хвост залатога цяльца. І на фундатарства лякарні айцец Андрэй не бласлаўляе.
— Ну а гэта яшчэ чаму? – абурыўся Вінцэсь. – Гэта ж для сялянаў! Для беднаты!
— На падмурку зла нельга збудаваць дабро. Адумайся, панок.
А потым былі доўгія лістападаўскія ночы. Такія самотныя, што агонь у каміне здаваўся лепшым сябрам на сьвеце. Філасофія перамагае мінулае і будучыню, але цяперашняе перамагае філасофію. Ад адзіноты не было ратунку. Вінцэсь так і не займеў сталую прыслугу. Базыль адразу зьехаў у Гародню. Прыходзіла гатаваць есьці кухарка, ды яшчэ адна кабета прыбірала ў пакоях. Гэта цяжка было назваць кампаніяй. Вядома, Вінцэсь стараўся бавіць як мага больш часу ў Весьніцах. Але Вальжына проста “падкасіла” яго, параіўшы ажаніцца з маладой суседкай.
— Ты ж мужчына самавіты, дужы, прыгожы, у цябе закахацца ня цяжка. Завядзі нарэшце сям’ю…
І дарэмна ён даводзіў, што яго сям’я – тут, у Весьніцах, і іншай яму ня трэба.
Занадта шмат дарог прайшлі яны паасобку. Фактычна – усё жыцьцё.
А праз вёску хадзіць было проста страшна, хоць Вінцэсь у гэтым сабе не прызнаваўся. Людзі пры ягоным зьяўленьні разьбягаліся, як ад “струпляватага”, пракажонага. А аднойчы за ягоным вакном павесілі на дрэве дохлую варону. Пагроза была зразумелай. Праўда, Вінцэсь ведаў, што вароны ў сусьветнай міфалогіі маюць ня толькі значэньне “птушкі вісельнікаў”. Ён бачыў старажытную нямецкую ікону, на якой вароны баранілі труп сьвятога Вінсэнта ад драпежных зьвяроў. І пагібель, і выратаваньне можа прыйсьці ад аднаго і таго ж. Дык ці варта самому вырашаць на благое?
Але ў тую ноч, калі сьнег выпаў, каб застацца, адзіноту гарнушкаўскага пана парушылі. Іх было сямёра маладых дужых мужыкоў, у дваіх — стрэльбы. Вінцэсь не спалохаўся – пастараўся ўсьміхнуцца як мага больш спакойна. Калісьці гэтак жа ў ягоную афрыканскую халупу ўварваліся зулусы. Тады Вінцэсь змог сваёй усьмешкай, спакоем, упэўненасьцю пазьбегнуць сутычкі. Зулусы нават пачалі вельмі шанаваць белага пана.
Але гэтых усьмешка толькі злавала.
— Паслухай, пане, мы ня зробім табе нічога благога. Аддай золата.
У Вінцэся пахаладзела ў грудзях. У чырвоным сьвятле каміну госьці здаваліся падобнымі да лясных духаў.
— У мяне няма золата, сябры. Усё, што меў – аддаў на пабудову лякарні і на касьцёл.
Прыхадні нават не ўсьміхнуліся, і Вінцэсь зразумеў – ня вераць… І не павераць. Гаворка нагадвала страшныя сны.
— Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня… Вынасіў яго пад пахай… Ён табе яшчэ прынясе… Дабром просім – аддай золата! А то абыдземся – як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!…
Вінцэсь усё больш адчуваў безнадзейнасьць. Госьці, відавочна, умелі абыходзіцца са зброяй, і мала падобныя да тых прыгонных мужыкоў, што маглі разьбегчыся ад аднаго бляску шляхецкай шаблі. Прыхадні былі дужымі і ўпэўненымі ў сваёй праваце. І, відаць, хтосьці з іх паспытаў вайсковае справы, бо спрытна паваліў старога пана на падлогу, калі той варухнуўся ў бок сакрэтніка, у якім захоўваўся пісталет, і ўмела выкруціў чараўніку руку.
— Ну што ты сквапнічаеш! Жыцьцё даражэй!
Госьці выварочвалі шуфляды, адчынялі шафы… Але без асаблівага імпэту. Яны ведалі, што скарб схаваны адмыслова – іначай які ж гэта чарнакніжнік?
— Скажы, дзе схаванае золата! Вось, крыж даю – жывым пакінем.
Вінцэсь перастаў пераконваць і адмаўляцца. Ён проста маўчаў, з тугою гледзячы ў цёмнае вакно, за якім не было выратаваньня гэтак жа, як і зорак.
— Ня хочаш па-добраму – прымусім разгаварыцца! Мы хлопцы вясёлыя, размовы любім. Можаш і пасьпяваць. На ўсё горла сьпявай – ніхто не пачуе!
Вінцэсь зразумеў, што належыць рыхтавацца да найгоршага. Вось дзе дагнаў яго лёс! Выйсьці цэлым са столькіх сутычак, абысьці вязьніцу і шыбеніцу… І загінуць гэтак страшна і недарэчна ва ўласным доме, ад рукі сваіх жа людзей…
З упартага пана садралі адзежу, павалілі на падлогу. Рукі прывязалі да каміннай рашоткі, ногі проста скруцілі, каб ня надта брыкаўся…
Вінцэсь ляжаў, раскінуўшы рукі, як быццам адпачываў на цёплай ад летняга сонца траве. З фамільных партрэтаў паглядалі продкі. Іх пагляды здаваліся зьняволенаму нашчадку не спачувальнымі, а нават трохі грэб­лівымі… Даў схапіць сябе мужыкам! Продкі… Гордыя Рашчынскія… Бацька часта паўтараў выслоўе Вальтэра: хто добра служыць радзіме, ня мае патрэбы ў продках. Столькі стагоддзяў іх прыгонныя благалі і курчыліся падчас пакараньняў. Столькі сродкаў прыдумвалі людзі гэтай зямлі, каб зьдзеквацца адзін над адным! Хіба не ад іх, сваіх паноў, перанялі мужыкі майстэрства катаваньня, выпрабаваўшы ўсё на ўласнай плебейскае скуры? І можа быць, сёньня яму, Вінцэсю, удасца сплаціць грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род? Але горкая насьмешка перакрывіла вусны Рашчынскага: не блюзьнер, чалавеча. Не прымай на сябе месіянства. Нікога ня выратуюць твае пакуты, нічога ня выкупіць твая сьмерць. Хіба толькі твае ўласныя памылкі. Адзіная просьба да Госпада – каб на ім гэты ланцуг болю перарваўся. Праклятае золата! Праклятае золата!
Гадзіньнік у куце захрыпеў, пачуўся першы ўдар… Поўнач. У вакенцы гадзіньніка паказалася фігура сьмерці, як тамбурмажор на бале, урачыста падала знак касой… І пусьціліся на маленькай пляцовачцы ў вычварны карагод фігуркі – блазан, кароль, дама, мніх, рыцар, жабрак… Тузаліся, трымаючыся за рукі, аднолькава бездапаможныя і сьмешныя.
Нікому ня дадзена адмовіцца ад гэтых скокаў.
Адзінае, што падуладна чалавеку – ня страціць годнасьці ад жаху перад імі.
Калісьці, у вёсцы масаяў, Вінцэсю даводзілася назіраць, як юнакоў пасьвячаюць у дарослыя. Хлапцы мусяць давесьці, што сталі сапраўднымі воямі, і акрым паляўнічых посьпехаў, выявіць вытрымку да болю. Іспыт адбываецца пры дапамозе… мурашоў. Не такіх, як нашы, а вялізных, са сківіцамі больш за цела – кусаюць да крыві. Юны масай мусіць цярпець укусы і пры гэтым весела размаўляць, ветліва адказваць на пытаньні старэйшых… Вінцэся тады зацікавіла – наколькі балючы ўкус? Беламу пану адразу ж дапамаглі здаволіць цікавасьць. Як яму ўдалося захаваць спакойны выраз твару і ўсьмешку – сам ня ведае, хіба толькі самалюбства дапамагло. Ці мог ён выявіцца слабейшым за паўголых хлапчысак з валасамі, абмазанымі чырвонай глінай?
А потым ён распытваў – як яны вучацца цярпець боль? Адзін масай, сівы, як прысыпаны попелам – толькі такім дазвалялася жаніцца – па­тлумачыў, што боль трэба ўяўляць як асобны ад цела шарык, і вучыцца зьмяшчаць яго, сьціскаць да кропкі… Гэта была цэлая навука, і Вінцэсь трохі пераняў яе.
Прынамсі, ня будзе ганебных крыкаў.
Над тварам пранеслася гарачая хваля. Перад вачыма загайдаўся распалены ў каміне да чырвані пожах.
— Дзе схаванае золата?
— Дзе схаванае золата?
— Дзе схаванае золата?

Зьнявечанае цела Вінцэся Рашчынскага знайшлі назаўтра, раніцой. З увагі надзвычайнай жорсткасьці злачынства была прызначаная сьпецыяльная камісія па расьсьледваньні. Паколькі забіты ня быў багаты, сьледчы прыйшоў да высновы – зьвядзеньне старых рахункаў. Трыццаць гадоў таму забіты быў важнай асобай у бунце, відаць, камусьці добра даўся ў знакі. Падобна, што цэлую ноч небараку катавалі. Звычайныя злодзеі такое не ўчыняюць.
Але ж пан як ведаў, што хутка памрэ – такое надмагільле сабе адбудаваў! І навошта? Лепей бы – добрую памяць па сабе пакінуў! А то нават магілу ў спакоі не пакідаюць невядомыя ворагі. Тэорыю сьледчага наконт старой помсты пацьверджвала, што ўжо на другі дзень пасьля пахаваньня надмагільле пачалі руйнаваць. Разьбілі шкілет, які красаваўся наверсе… Горла лебедзю перабілі…І для чаго тут столькі зьвяр’я? Леў, воўк, лебедзь, жабы… Дзівак быў нябожчык! Адно слова – філосаф. У гербе Рашчынскіх – мядзьведзь, дык мядзьведзя якраз і няма сярод скульптур.
І герб гэты, з мядзьведзем, належала разьбіць на магіле памерлага. Ён быў апошнім з Рашчынскіх. Шкада, калі зьнікае старажытны род, нават калі ў ім два апошнія пакаленьні – бунтаўшчыкі.
І герб быў разьбіты. І не засталося нікога з роду.
А маёмасьць сваю нябожчык адпісаў суседзям – здаецца, далёкім свая­кам, з маёнтка Весьніцы. Тыя, жабракі, павінны радавацца нават такой небагатай спадчыне.
Справа пра акрутнае забойства двараніна Вінцэнта Рашчынскага так і засталася нераскрытай.

18.
— Я пакахаў цябе яшчэ тады, у Вільні… Сядзеў у сырой цёмнай падваротні, і раптам – ты… Загаварыла на маёй мове, выцягнула на сьвятло... А потым я глядзеў, як ты плачаш, якая ты насамрэч безабаронная і даверлівая. Ня злуйся – гэта ня самыя горшыя якасьці ў жыцьці… Да якога ты мяне вярнула.
— Я вярнула цябе да жыцьця! – ціха засьмяялася Паліна. – Дурненькі! Гэта ты выцягнуў мяне са шкарлупіны, змусіў паверыць, што яшчэ ня ўсё ў жыцьці скончана, і вакол не адны “карыстальнікі”. Чакай, не тузайся – у цябе на грудзях яшчэ адна драпіна. Зараз змажу… А тут сіняк… Здаравучы, на скабах. Слухай, а пералому няма? Ану ўздыхні моцна… Баліць?
Валянцін, без кашулі, увесь перамазаны ёдам, паслухмяна набраў у грудзі паветра, выдыхнуў…
— Нічога, я трывушчы.
Самадзейная медсястра прыдзірліва агледзела свайго падапечнага. Н-да, ёй дастаўся мужчына са шматлікімі доказамі сваёй мужнасьці, якімі, як вядома, зьяўляюцца разнастайныя шнары і сінякі рознай даўніны. У адной казцы афрыканская прынцэса абвесьціла, што ў яе будучага мужа не павінна быць на целе ніводнага шнару. І калі нарэшце такі знайшоўся, то аказаўся пераваратнем-ільвом.
Не, няхай лепей будзе нармальны пабіты беларускі мужчына. Валянцін усьміхаўся так шчасьліва, што здавалася, нават у сьне захавае гэтую ўсьмешку.
— Ведаеш, што мне хочацца цяпер зрабіць?
— Давай паспрабую адгадаць…
Валянцін імкліва прыцягнуў дзяўчыну да сябе і прагна пацалаваў…
— Асьцярожна, шалёны!
Паліна ледзь пасьпела навобмацак паставіць на стол бутэлечку з ёдам. Рыпнулі дзверы. У праёме на імгненьне паказаўся твар цёткі Ніны, жонкі Валянцінавага дзядзькі. Выраз твару быў неадабральны.
Дзядзька Міхась таксама пачуваўся трохі ніякавата. Толькі што каля пляменьніка ласьцілася адна дзеўка, нібыта як жонка, а ўвечары вяртаецца з іншай у абдымку. Ды яшчэ ўвесь скрываўлены.
Пра фальшывае золата дзядзька выслухаў з увагай (лепей было распавесьці самім – бо плёткі ператварылі б падзеі ў немаведама што).
— Значыць, недарэмна людзі языкамі малолі, — задумліва прагаварыў Валянцінаў сваяк. – Цяпер супакояцца – а то ўсё ямы капалі. Але мне няўцям – навошта было гэтыя балванкі хаваць? Жарт такі, ці што?
Паліна задумліва разьмешвала ў кубку з кіпнем малінавае варэньне. На кубку красаваўся ўжо абрыдлы лагатып “2000”. І зорачкі ад яго ўбакі разьлятаюцца… Нібыта пачнецца новы сьвет пасля чарговай даты еўрапейскага часу... Ці ўвогуле сьвет скончыцца.
— Я ўпэўнена, Рашчынскі ня ведаў, што хавае фальшывае золата. Ня стаў бы ён адсылаць нашчадкам такую складаную задачу, столькі сілаў траціць на яе ўвекавечаньне. Падобна, што падманулі яго самога. І я нават здагадваюся хто.
Валянцін кіўнуў галавой.
— Напарнік казаў пра ліст багацея Людвісара, быццам золата належала ягонаму бацьку. Няйначай, без Людвісараў не абыйшлося. Цікава, якая гісторыя хаваецца за ўсім гэтым?
— Напэўна, мы ніколі ўжо не даведаемся, – сумна зазначыла Паліна. – Але гісторыя, адчуваю, трагічная – Рашчынскі быў жорстка забіты адразу пасьля таго, як пабудаваў надмагільле.
— Эх, а каб тое золата – ды сапраўднае! – дзядзька Міхась пачаў разважаць пра свае тэрміновыя гаспадарчыя патрэбы, ды купіць бы пару трактароў, грузавічок, ды прыбудаваць бы яшчэ пару цагляных дамкоў – для дзяцей, а то павырасталі, разьехаліся, гаруюць па інтэрнатах… Цётка Ніна спыніла мужавы мары выразным: “Каб ня плеш, дык і лысы ня быў бы. Сьціхні, балаболка. Казаць е што, а слухаць няма чаго”.
…І зоры павыходзілі вадзіць свае бліскучыя карагоды над Гарнушкамі, нібыта ў вечным ладзе. Але час ад часу адну з іх выштурхоўвалі з кола, і яна бегла схаваць сваю ганьбу за краем неба, разгараючыся апошнім зыркім сьвятлом і губляючы яго назаўсёды.
Няўжо і зоры гэткія ж бязьлітасныя, як і людзі? Піфагор вучыў, што небасхіл складаецца з празрыстых бліскучых сфераў, якія павольна рухаюцца, кожная на сваёй ноце, і ўтвараюць прыўкрасную мелодыю – музыку сфер, і кожная зорка, кожная планета дадае ў агульны аркестр сваё. Піфагор валодаў уменьнем чуць тую музыку, можа быць, адзіны з усіх людзей. Хаця для гэтага трэба так няшмат – стацца часткай гармоніі Сусьвету.
Паліна стаяла на ганку, пазірала ў зорнае неба, і ёй здавалася, што чуе, як сьпяваюць зоры, і пяшчотна зьвініць поўня, нібы крышталёвы бакал, які стукнулі краем аб іншы… Толькі туга пра беднага Сымона, такога высакароднага і адважнага, перашкаджала адчуваньню шчасьця. Галоўнае — каб ён выжыў! Па-праўдзе, Паліна так і не пачала прымаць усур’ёз ягонае жаніхоўства, і цяпер дадаваліся пакуты сумленьня і з гэтае прычыны.
Музыку Сфер парушылі прыглушаныя галасы, аднекуль з-за адрыны. Здаецца, голас Валянціна? Паліне чамусьці зрабілася трывожна. Можа быць, варта асьцярожна падысьці?
Выявілася – варта. Валянцін стаяў, прыціснуты сьпіной да сьцяны адрыны, нехта трымаў яго за горла… Бліснула лязо… Нож!
Паліна мімаволі ўскрыкнула. Нападнік павярнуў свой твар у промні поўні. Валянцінаў няродны дзядька, “турэмшчык”! Твар дзядзькі, зарослы чорнай шчэцьцю, нагадваў аблічча ваўкалака.
— Дзевачка твая прыйшла? Можа, яна больш кемнай акажацца? Аддавай тое, што сёньня выкапалі! А то сябрука твайго зарэжу. Мне губляць няма чаго!
Паліна, запінаючыся, пачала тлумачыць пра фальшывыя зьліткі… Дзядзька зарагатаў. Паліне стала яшчэ больш страшна, калі зразумела, што турэмшчык – зусім ня п’яны. Яго нянавісьць была натуральным станам.
— Золата! Скарб! Чыгун! Вы гэта дзецям раскажыце, якія ў Крыжовай гары капаюцца. Дакуманты аддавайце!
— Якія “дакуманты”? – разгубілася Паліна. Ёй спакойна патлумачыў Валянцін.
— Ён думае, што мы ўвесь гэты час шукалі доказаў, што ён сын паліцая, таго самага Лухверчыка, які вёску Саматыі спаліў. Каб хату адсудзіць.
— А што, скажаш, ня так? – ненавісна выгукнуў дзядзька, прыціснуўшы лязо нажа яшчэ шчыльней да горла скульптара, так што паказалася кроў. – Колькі жыву ў вашых Гарнушках, усе пра гэта плявузгаюць, касавурацца, дражняць. Усе да мяне падбіраюцца, са сьвету зжыць хочуць. Прыязджаюць, шукаюць нешта. Мінулае вам спаць не дае! Мая хата! Спалю – не аддам. Нясі паперы, сука!
Валянцін выціснуў усьмешку.
— Ня бойся, Паліна, — і зьвярнуўся да турэмшчыка. — Дзядзька Панас, ну чаго ты перажываеш? Якое значэньне сёньня мае, чый ты сын? Хто ў цябе хату адбярэ, калі ў спадчыну засталася?
Дзядзьку калаціла, як у ліхаманцы.
— А як мне тут далей, калі пра майго бацьку даведаюцца? Хто мне будзе пазычаць, сыну ката? Мяне маці яшчэ ў дзяцінстве навучыла: нікому ня вер, а хто будзе капацца ў тваім паходжаньні – раты затыкай. Колькі я лычоў паразьбіваў усялякім цікаўнікам! Баяцца, змоўклі.
— Дзядзьку ў белым капелюшы, які клуб абмяраў, таксама вы?.. — жахнулася Паліна.
— А ты дакажы, любачка, што я! Той гад мне ўвогуле ў вочы заявіў: тут павінна хавацца таямніца, трэба разблытаць тайну радаводу, ёсьць невядомыя нашчадкі…
— Ды ён зусім не пра вас гаварыў! – адчайна запярэчыла Паліна. – Гэта ён пра Вінцэся Рашчынскага, які жыў у дзевятнаццатым стагоддзі!
Дзядзька Панас зьдзекліва засьмяяўся, і раўнуў на пляменьніка:
— Скажы дзеўцы, каб прынесла, што знайшлі! Ды не мані! Мяне не падманеш. Я няпраўду чую, як сабака – кілбасы.
Паліна ня ведала, што рабіць. Зоры сьвяцілі так сьвяточна, пяшчотна наігрываў на маленькай срэбнай скрыпачцы цвыркун, недзе ў хаце стукаў посуд і дачытваліся па тэлевізары апошнія навіны… А тут час не існаваў. Лязо ля горла скульптара было самым страшным, што Паліна бачыла ў жыцьці. Хоць зусім нядаўна яна глядзела на скрываўленае цела Сымона…
Валянцін быў спакойны.
— Што ж, як хочаш, дзядзька Панас.
І схапіў таго за рукі. Паліна, як у сьне, назірала, як рука, што трымала нож, адводзіцца ўбок. Турэмшчык тузаўся, лаяўся, брыкаўся… Нарэшце завыў ад болю ў запясьцях. А Валянцін прыгаворваў:
— Ціха, ціха… Ня рвіся. Я ж – скульптар. Кожны дзень камяні ўтаймоўваю.
Нож выпаў з саслабелай рукі нападніка…
І тут Паліна закрычала! Цывілізацыя ня здольная зьнішчыць дарэшты нашыя інстынкты, і ў кожнай жанчыны дасюль ёсьць патаемная зброя: ведзьмін крык. Ад якога коні з перапуду шалеюць. Толькі ня кожная сучасная кабета можа адпрэчыць ланцугі выхаванасьці і загарлаць, як гарлала яе прапрабабка падчас наезду татараў або казакаў.
Паліне, аказваецца, гэта ўдалося.
Пасьля некаторай паўзы ў хаце ляснулі дзьверы, нехта бег на запозьненую дапамогу…
А потым была раніца, сьветлая, як вакно, працертае паводле парады “Літоўскай гаспадыні” суконкай з дробным мелам. І дарога ў Весьніцы – у яе сухім пыле так прыемна патаналі ногі, і няварта было шкадаваць, што пыл асядае на адзежу, нібыта пазначаючы еднасьць падарожных з іх дарогай.
Весьніцы… Зусім маленькая вёсачка, хат дзесяць – і тое палова закінутыя, счарнелыя… Нават некалькі дамкоў яшчэ крытыя дранкай. Бабуля ў стракатай хустцы і выцертай плюшавай жакетцы (гэта па такой гарачыні!) ўглядалася ў прыхадняў з-пад вузлаватай далані, нібыта яны стаялі не перад ёй, а недзе вельмі-вельмі далёка, на другім краі ейнага жыцьця.
— Рагманавы? Жыла сям’я. Вунь іхны дом, на тым канцы. Не, цяпер ніхто не жыве. Зьехалі яшчэ за Брэжневам. Куды? А хто іх ведае, дзеткі, куды… Ды вы ў чалавека спытайце. Ён на выходныя прыязджае, лецішча сабе ладзіць. Наташкі Рагманавай, фельдчарыцы, сынок. Добры такі дзядзька, машыну мае. Зноў стукае, чуеце? Хлеба мне прывозіць, смашны такі, з семкамі.
Паліна і Валянцін пайшлі на стук.
Сапраўды, апошні дом, таксама з пачарнелых бярвеньняў, мяняўся – дах упрыгожыўся новым шыферам, гарышча перабудоўвалася пад мансарду. Немалады мужчына ў джынсавай кашулі з падвернутымі рукавамі, на галаве — завязаная па-пірацку чырвоная хустка, з-пад якой відаць чорныя з сівізной скроні, нешта майстраваў на двары. Вароты былі адчыненыя, і Паліна насьмелілася папытацца:
— Прабачце, калі ласка, магу я даведацца пра Генадзя Рагманава?
Голас яе здрадліва дрыжэў, і Валянцін узяў дзяўчыну за руку, каб падбадзёрыць. Але тут жа выпусьціў – госьці нават інстынктыўна пасунуліся назад. Да іх падыходзіў з ветлівай усьмешкай на суровым твары Вінцэсь Рашчынскі.
Праўда, вочы ў яго былі цёмныя, а ня сінія, і пірацкая хустка і джынсавая кашуля відавочна належалі нашаму часу. Але — тое самае аблічча, якое вылепіў Валянцін, якое было на партрэце, намаляваным парыжскім мастаком напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя!
— Я – Генадзь Рагманаў, добры дзень. Чым магу?..

Зямля вояў і майстроў, герояў і здраднікаў, паэтаў і блазнаў – а паспрабуй адрозьніць, дзе – хто, плыла, нібы зялёная ладдзя, упрыгожаная сінімі дыяментамі азёраў і стужкамі рэк, туды, куды кіраваў Найвышэйшы Стырнавы. Людзі разгойдвалі свой карабель, спрачаючыся за гонар пастаяць ля стырна, саштурхоўвалі адзін аднаго ў сусьветныя хвалі, і бясконца вырашалі, куды плыць, уяўляючы сябе гаспадарамі. “Вунь магутная каравэла з фарбаванымі ветразямі! Ці ня варта прыстроіцца за ёю? “ “Ды мы ўвогуле тонем – аддавайце мне мой човен!” ”Ат, плывем паціху – чаго яшчэ? Пакіруюць, куды належыць, і бяз нас…”
Беларусь плыла праз хвалі часу, і размываліся курганы, і разбураліся замкі, быццам пірамідкі, збудаваныя дзецьмі з пяску. Што заставалася пэўным у гэтым плыткім сьвеце?..
Маладая жанчына з вялікімі цёмнымі вачыма і процьмай гістарычных датаў у галаве, упрыгожанай каронай з цёмных косаў, ня ведала дакладнага адказу. Але верыла, што ён ёсьць.
Дарэмна спадзявацца і на тое, што навечна застанецца на гранітным пастаменьце перад домам культуры вёскі Гарнушкі Наўеўскага раёну скульп­тура паўстанцкага філосафа Вінцэся Рашчынскага.
Але, можа, прастаіць яна больш-менш доўга – і мясцовыя дзеці змогуць даваць уцямны адказ на пытаньне прыезджых: “А каму гэты помнік?”
— Нешта ня хочацца мне ісьці на іхнюю “прэзентацыю” ў сталоўку, — скептычна прагаварыў Сымон, “зацыраваны” дастаткова добра, каб змог вытрымаць шлях у Гарнушкі, нават па дарозе, размытай вясновымі ручаінамі. – Пачнуць мясцовыя кіраўнікі на “трасянцы” прамовы прамаўляць, тады “алаверды” па крузе – зноў хваласьпевы пад гарэлку. Пад канец большая палова ўжо ня будзе памятаць, з якой нагоды застольле. Задуха, штурханіна…
— А давайце адзначым па-свойму! Пайшлі на Крыжовую гару, – весела прапанавала Паліна, захутаная ў белы плашчык. – Надвор’е якое! Там, відаць, пралескі цьвітуць.
— Пакрыўдзяцца землякі… — засумняваўся Валянцін.
— Няхай крыўдзяцца! Ты ж стол з сабой не забіраеш. А забыўся, якіх намаганьняў каштавала атрымаць дазвол на адкрыцьцё помніка? Колькі давялося пахадзіць, колькі паважаных людзей “падключыць”? Пазнаю цябе, радзіма. Дасюль баяцца слова “паўстанец”. Нават калі таго паўстанца сто гадоў як сярод жывых няма!
З вяршыні Крыжовай гары Гарнушкі выглядалі маленькімі, мірнымі, здавалася, што ў гэтых хацінках ня можа здарацца вялікіх трагедыяў і нараджацца вялікіх людзей.
Але гэта быў усяго толькі кавалак сусьвету, такі самы, як і іншыя, з тымі самымі суадносінамі дабра і зла.
— Слухай… Валянцін… Аднаго… не магу зразумець…— Сымон яшчэ не зусім вярнуўся да ранейшай супермэнскай формы – пакуль узыйшоў на гару, дык задыхаўся.—Ты сустрэўся з чалавекам, які зламаў табе жыцьцё, і нават ня зьезьдзіў яму па пысе! І на дзядзьку свайго, што ледзь цябе не зарэзаў, не заявіў. Ты што, такі ўседаравальны?
Валянцін не зьбіраўся апраўдвацца.
— Я заўсёды лічыў, што душэўныя пакуты – горш за цялесныя. Ну выцяў бы я напарніка – шмат ён ад гэтага пацярпеў бы? А ён жа ўсё жыцьцё пакутуе ад таго, што ня даў Бог таленту, ад зайздрасьці канае. А дзядзька Панас усё жыцьцё ў страху жыве. Ды ў іх жа пекла на зямлі! Іх шкадаваць трэба.
Маленькая аблачынка над гарой ляцела, быццам пяро, згубленае легендарнай птушкай Сімург, якую шукаюць усе птушкі на сьвеце, каб зразумець, што яе няма.
— А чаму Марыя Апанасаўна не прыехала? – пацікавіўся Сымон.
Паліна паківала галавой.
— Маці так і не даравала мне, што я адшукала бацьку.
— Так, крутая ў цябе цешча, Валянцін, — пасьміхнуўся Сымон. – Я б з ёй лепей упраўляўся.
Валянцін зьбянтэжана кашлянуў.
— І спадар Генадзь кудысьці зьнік…— працягваў штурман.
Паліна ціха засьмяялася.
— Ды людзі пачалі заўважаць падабенства яго з помнікам. Пальцамі паказваць. Ён і ня вытрымаў. Да таго ж заўтра ў ягонай студыі сьпектакль, паехаў на прагон у Вільню.
— Дык вы дакапаліся, адкуль такое падабенства? – зноў пацікавіўся Сымон.
— Не, — уздыхнула Паліна. – Ніякіх сьлядоў. Зразумела толькі, што выпадковым такое супадзеньне абліччаў быць ня можа. Хаця на магіле Рашчынскага разьбілі герб – значыць, прызналі, што апошні ў родзе. Братоў і сясьцёр ён ня меў. Хіба што ёсьць зачэпка – невядомы бацька аднаго з Рагманавых. Па ўзросьце бязбацькавіч мог быць сынам Вінцэся Рашчынскага – але нарадзіўся, калі той жыў у Парыжы. Так што – цемра часу. Ды каго з нас ні ўзяць – колькі ў нас крыві намяшана! Колькі людзей, пра якіх мы ніколі ня чулі, перадалі асабіста нам свае вартасьці і заганы, цяжар сваіх грахоў і веліч добрых учынкаў. Нават у Бібліі шмат разоў паўтараецца пра адказнасьць да сёмага калена.
— Гэта ты пра карму? – удакладніў Сымон.
— Ды кінь свае ўсходнія вышукі! – пакрывілася Паліна. – У нас хапае свайго – і філасофіі, і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасьць выбару. Ёсьць прадвызначанасьць – і ёсьць наша воля. Усё ўраўнаважана ў гэтым ня лепшым, але падораным нам сьвеце. Нават самы страшны праклён можа страціць моц ад аднаго подыху дабра. Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але й тое, што мы ўчыняем – ведаюць продкі.
— Гэта ў кітайцаў… — пачаў быў Сымон, але Паліна і Валянцін перашкодзілі распачацца чарговай лекцыі па ўсходняй філасофіі.
Любі сваё, спадар!
Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготным, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі –сьлёзы, і ўсьмешка сусьвету стала трохі сумнай. Сымон разьліў у падрыхтаваныя чарачкі-напарсткі нейкі цёмны настой.
— Гэта можна… На тыбецкіх травах… Жартую, жартую – настоена на нашым, беларускім, дзівасіле. Ну, за Вінцэся Рашчынскага!
Маладая трава зашумела, нібыта па ёй прайшоў нехта нябачны, стаў побач.
— За вечную памяць! За Беларусь!
— За Беларусь!

І нас забудуць непапраўна рана.
Як мы забылі – так забудуць нас.
Наш сьлед зямны загасіцца, як рана,
Як гасьне слуцкі залаты паяс.
Не затрымацца ні радком, ні вершам.
Парсуна страціць колер і імя.
Хто быў апошнім – той ня стане першым,
І першага таксама зьесць зямля.
І я таму над пыльнай кнігай сьлепну,
І падымаю камні на кладах,
І разьбіраю тонкі почырк неба
Па лісьцем зацярушаных сьлядах.
Я памяці служу, як служаць храму.
Між мною і мінуўшчынай – ня шкло,
А лёгкі дождж, і агароджа Брамы –
Архангела празрыстае крыло.
І можа, я – таксама толькі кніга
З лістамі, недаступнымі дажджу.
Няхай маё імя забудуць звыкла –
Я буду жыць у тым, што запішу!

2003