12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Рублеўскі

_____________________
Спавядальныя дні ў чужым горадзе.
Аповесьць

Вольга ехала ў Нямеччыну ў цесным, слаба асьветленым купэ і па лязгатаньні колаў лічыла рэйкавыя сты­кі. Потым – мільгаценьне ліхтароў станцыяў, гудкі цягні­коў на шырокіх пераездах... Яна гатовая была лічыць што заўгодна – абы знак. Час, здавалася, застыў, як начная цемра, і жанчына імкнулася раскатурхаць яго, адчуць звыклую рытмічнасьць. Давалася гэта дужа цяжка. Зноў і зноў прыходзілі гнятлівыя згадкі пра Андрэя: як ён там, абрынуты ў крухмальны холад шпітальнага ложку ды яшчэ ў чужынскай далечыні? Ці вярнулася прытомнасьць і наогул ці дыхае? Ёй вельмі хацелася пачуць менавіта яго дыханьне, і тады можна было б адцурацца ад усіх іншых праяваў сьвету. Але пакуль – толькі цяжкое сапеньне незнаёмца на верхняй паліцы, яго перарывісты храп ды грукат дарогі.
Вольга ехала ў Бад Гомбург па выкліку са шпіталю. Андрэй, які вы­кладаў па кантракце ў мясцовым ліцэі, трапіў у жудасную аўтамабільную аварыю, атрымаў цяжкую траўму і, падсілкаваны сьпецыяльнай апаратурай, ляжаў у коме. Усе неабходныя аперацыі былі зробленыя, і, як сказалі ўрачы, цяпер з таго сьвету яго трэба выводзіць па нітачцы трывала ссуканых шчымлівых словаў. А такую нітачку, цэлы клубок яе, можа мець каханая.
Вольга гатова была ляцець на самалёце, каб як мага хутчэй апынуцца каля свайго зьнявечанага Андрэйкі, але прафесар Глюман, які лекаваў небараку, сказаў, што сьпяшацца ня трэба – няхай трохі акрыяе пасьля аперацыі, а на цягніку будзе таньней, ды і час у дарозе ня марны – трэба набрацца мужнасьці і абдумаць, пра што прамаўляць каханаму, прыкінуць пару маналогаў на першы выпадак.
А колькі тых дзянькоў будзе?
Цяпер Вольга ўжо шкадавала, што паслухалася прафесара. Калола ў сэрца гэтае «таньней».
...На вакзале ў Франкфурце-на-Майне яе сустрэў урач з грымотным імем Бурхард, які па дамоўленасьці быў у халаце, каб яго лёгка было пазнаць.
У вачах лекара Вольга адразу ўбачыла шкадобу і незразумелую няёмкасьць, нібыта – прабачце – з якой-небудзь прыхамаці адарвалі яе ад самых пільных справаў. Гэта прыгнеціла.
Далей ехалі на легкавушцы, і Вольга трохі ўсьцешылася з таго, што ўсе маўчалі і можна было засяродзіцца на сваім. Яна прыхінулася да шыбіны і ўзялася лічыць прыдарожныя слупы – адмерае сотню, пачынае новую... «Вось так і размову з Андрэйкам мне трэба доўжыць – як рух удалячынь, у неабсяжнасьць часу і будучыні», – падумала жанчына. Яна ўжо не давала сабе волі на сьлязьлівую слабасьць. Па сутнасьці – як толькі села ў цягнік.
Калі ўехалі ў горад, Вольга міжволі пачала ўглядацца ў яго відарысы. Ды інакш і немагчыма было: у Бад Гомбургу ўладарыла восень і шырокія, абсаджаныя кашлатымі дрэвамі бульвары былі засланыя зыркім лісьцем, па якім шпацыравалі ўлагоджаныя курортнікі. Здавалася, на гэты шпацыр усе яны выйшлі ў абновах – так фацэтна, хоць трошкі і вуглавата сядзелі на іх кідка-чыстыя палітончыкі, плашчы ды курткі з яркімі шалі­камі. Калі Вольга ўбачыла купку мужчынаў, якія на адмысловым драўляным насьціле гулялі ў вялізныя надворныя шахматы, ёй стала блага, бо зьявілася вострае адчуваньне, што гэтаму гораду няма да яе аніякай справы, і нават да цэлага сьвету, а людзі тут ніколі не зазнавалі гора – толькі ўцеху ды гулі, клапатлівай рукой адгароджаныя ад прыкрасьцяў і звадак, нібыта ў раі.
А тут яшчэ доктар раптам падаў голас:
– А вось у гэтым непрыкметным будынку месьціцца найстарэйшае ў Еўропе казіно. У свой час тут Фёдар Дастаеўскі гуляў. У зале яго партрэт вісіць... – відаць, дабрадзей хацеў трошкі прылучыць душу незнаёмкі да свайго гораду.
– Няхай сабе, – ціха адказала Вольга і стомлена зірнула на спадарожніка.
– Прабачце, – апамятаўся лекар.
Вользе карцела як мага хутчэй затуліцца ад усіх прыўкрасаў сьвету ў які глухі куток, хоць у камору, як тое цьмянае купэ, хоць куды, калі ўжо да Андрэйкі можна будзе толькі назаўтра.
Але яе пасялілі ў сьветлым, з вялізнымі, на ўсю сьцяну вокнамі гатэлі. Прытым паслужлівая гаспадыня, мажная пажылая жанчына, сказала:
– Я ведаю, фрау Вольга, пра вашае гора. Я сама тры гады таму такое перажыла. Вельмі, вельмі спачуваю вам. У гатэлі ні пра што не турбуйцеся – усё да вашых паслугаў. І пра грошы ня думайце. За ўсё заплаціць ліцэй і ўжо частку заплаціў наперад. Яны вельмі цэняць вашага мужа, казалі, што з такой кваліфікацыяй ва універсітэтах матэматыку выкладаць можна. Ён ачуняе, усё будзе добра, шаноўная фрау.
Вользіну душу зноў агарнула гнятлівая прыкрасьць, і жанчына наўзьдзіў сабе адчыніла рыдыкюльчык ды памацала партманетку.
У пакоі яна нават не глянула на інтэр’ер, хоць звычайна заўсёды аглядалася на новым месцы. Скінула ў кучу рэчы, зьняла вопратку і пайшла ў лазеньку напаўняць ночвы, каб змыць з сябе дарожную стому.
У сугрэўнай вадзе Вольга, балазе, ночвы былі надзіва доўгімі, выцягнулася і разьняволілася. І ўпершыню за колькі дзён адчула сваё цела. Падалося, што і рукі, і ногі, і хрыбетнік у вадзе даўжэюць – не сагнуць. Яна раптам падумала: вось такім і кладуць чалавека ў труну – незваротна доўгім.
І з гаркотным смуткам згадала Андрэя: што гэтыя прыгожыя карункі незнаёмага гораду, калі няма магчымасьці гуляць удваіх, што ейныя вылушчаныя з вопраткі «вабноты», як кажа каханы, без яго нясьцерпнай гарачыні пажады...
За ўсю ноч Вольга толькі аднойчы змружыла вейкі. Думала і думала пра Андрэя, імкнулася ўявіць, які ён цяпер. Відаць, схуднеў, зьмяніўся з твару... Прыкінула, што заўтра скажа яму, як толькі ўвойдзе ў палату, наогул, што будзе казаць дзень пры дні. Ці зможа сукаць тую падказаную дактарамі выратавальную нітку? І як гэта казаць што-небудзь са змыслам каханаму чалавеку, калі дагэтуль абое спавядалі толькі абуджальную шчырасьць. Гэтая супярэчлівасьць вымотвала душу.
...Вользе было ўтульна і ўгрэўна пад лёгкай пуховай коўдрай, і яна адчула няёмкасьць перад каханым, які, відаць, ляжыць не ў пуху, а на цьвердаватым матрацы, як заведзена ў шпіталях, ды яшчэ і паварушыцца ня можа. Яна скінула з сябе прыемны покрыў і ўзяла з крэсла калючы вярблюджы плед ды вырашыла ўжо не засынаць да раніцы – колькі там засталося. Зноў і зноў паглядала на гадзіньнік і з кожным разам усё больш раздражнялася: хто такі бязьлітасна-чэрствы прыдумаў гэты гадзіньнік – з зялёнымі кацінымі вачыма лічбаў, з дзьвюма міргатлівымі кропкамі паміж імі... Гэтае рытмічнае мірганьне, здавалася Вользе, зусім не адбівала хаду імгненьняў, а толькі падкрэсьлівала гнятлівасьць цішыні, якая панавала і ў пакоі, і за вокнамі, скрозь – ані згуку. Хоць бы якое позьняе аўто праехала ці загаманілі начныя гулякі, няхай бы нават весела – абы пацьвердзілі, што сьвет ня вымер.
Вольга ўстала з ложку і прыгатавала сабе кавы, дакранулася да краю філіжанкі і апякла вусны, а потым так і сядзела за сталом – захінулася пледам, утаропілася позіркам у рудую каламуць напою...
І неўпрыкмет наступіла шарая гадзіна, калі начная цемра сыходзіць прэч па лязу далягляду.
Вользе раптам захацелася пачуць голас пеўня, тут, у глыбіні Еўропы, не раўнуючы як у бабульчынай Сасноўцы, калі яны з Андрэеем, дарэшты змораныя палкімі любошчамі ў напоўненай пад дах сенам адрыне, толькі і абрынуліся ў сон пад гэтую абуджальную песьню. Пачуй яе цяпер Андрэйка, дык ня можа быць, каб не згадаў тую салодкую ночку. Ня можа быць...
Вольга ў чарговы раз зірнула на зьненавідны гадзіньнік і зразумела, што час пакрысе зьбірацца. І яна зноў пайшла ў лазеньку. Кран быў не даціснуты, і жанчыну трошкі схамянуў разьмераны плюхкат буйных кропляў. Яна падставіла прыгаршчы, доўга трымала іх над парцэлянавай чаропкай, пакуль не набралася даволі вільгаці, каб прамыць вочы. Вольга зірнула ў люстра і ўпершыню ў жыцьці была задаволеная, што не заўважыла на сваім твары прыкметаў прывабнасьці.

l l l
...Прафесар Глюман сустрэў яе на парозе шпіталю і маўкліва праводзіў у свой кабінет на другім паверсе. Абыходліва дапамог распрануцца, усадзіў за нізенькі столік, прапанаваў кавы.
– Разумееце, фрау Вольга, – Глюман дапытліва зазірнуў у яе вочы, – бываюць выпадкі, калі мы, хірургі, робім аперацыю на працягу дзевяці, а то і больш гадзінаў. Пад наркозам, вядома. Мозг чалавека за гэты час пры­кметна слабее, прытухае. Каб вярнуць яго да жыцьця, вобразна кажучы, трэба «раздзьмуць», як прысак. І вось такім павевам вятрыскі можа быць слова. Перад аперацыяй мы дамаўляемся з нямоглымі, напрыклад: калі пачуеце слова «дамоў», імкніцеся хоць пальцам зварухнуць, вейкі ўзьняць, вуснамі паварушыць, гэта значыць, абудзіцца. Нашае слова – своеасаб­лівы пароль на выйсьце з небыцьця.
Прафесар папрасіў дазволу запаліць.
– Піце каву, фрау Вольга, вы павінны быць у добрай форме. Трэба змагацца, а не прыгнечваць сябе горам.
– Я трымаюся.
– Дык вось. У вас прыкладна такі выпадак. І нават ня буду маніць, яшчэ больш складаны. Тут аднаго слова недастаткова. Гаварыце яму пра ўсё, што вас лучыць. Пра прыемнае і ня вельмі, толькі б гэта яго абуджала, востра прабівалася ў сьвядомасьць, тачылася туды. Гэта ў вас будзе і духоў­ны кантакт, таямнічы. А павінен стаць чарадзейна-выратавальным. Вы мяне разумеце, фрау Вольга?
– Разумею, – гаротная жанчына адчула, як у яе пахаладзелі вусны, а па хрыбетніку прабегла хваля дробных дрыжыкаў.
– Толькі не хвалюйцеся, паводзьце сябе так, нібыта нічога не здарылася. Проста доўга не бачыліся, вельмі доўга, шмат чаго хочацца сказаць. Вы мяне разумееце?
– Разумею.
– Добра. Вас зараз правядуць. Апраніце вось гэты халацік.

l l l
Цяпер Вольгу больш за ўсё раздражняў якраз жа гэты халацік. Здавалася, ён затуліў яе цела ў сьцюдзёную абалонку, адчужыў ад усяго на сьвеце. Яна яшчэ ня ведала, што зрэнкі Андрэя амаль цалкам закрыты цяжкімі неслухмянымі павекамі. Амаль што нічога ня ведала.
Медычная сястра адчыніла дзьверы і прапусьціла Вольгу наперад.
– Гэта я, Андрэйка, твая Вольга. Вось прыехала, не дачакалася вакацыяў, – жанчына раптам адчула, што дужа сфальшывіла, замоўкла і азірнулася. Найперш заўважыла невялічкі дысплей, прымацаваны на сьцяне над білам Андрэевага ложка. Па ім бегла зялёная, нібы лічбы ў гатэльным гадзіньніку, лінія з вострымі пікамі ўдараў сэрца каханага. І зноў жа – бязгучна, нібы ў сьне.
Андрэй ляжаў распластаны пад лёгкай коўдрай (балазе, у палаце было вельмі цёпла), але ўкрыты па шыю, і толькі правая рука была аголеная і, як доўгая, абрынутая долу галіна, ляжала ўздоўж цела. Яму ставілі кропельніцу.
Вольга на дыбачках падышла да каханага і асьцярожна, каб не закрануць падведзеную да рота празрыстую трубачку, пацалавала яго ў шчаку і прашаптала:
«Я прыехала, родненькі... Я з табой, з табой...»
І тут жанчыну жагнула згадка: так заўсёды казаў на вуха Андрэйка, калі яна, расьцятая пяшчотай, з млосным енкам глыбілася ў асалоднае забыцьцё, а ён, дурненькі, суперажываў гэта як пакутніцкую, рызыкоўную мэнку, бо думаў, што каханка губляе прытомнасьць.
Вольга схамянулася і вырашыла распачаць свою гамонку нанова.
«Я так доўга ехала да цябе, каханы, так доўга. Здавалася, канца-краю ня будзе той дарозе. А калі і скончыцца, дык хто-небудзь надточыць злой рукой рэйкі. А ня выйшла, вось я і ў цябе. Ты ж мяне чуеш, праўда, Андрэйка? – Вольга міжволі зірнула на дысплейчык, на ўзрушаную штуршкамі сэрца лінію. – Мне наогул здаецца, што каханыя ўвесь свой век імкнуцца пераадолець прастору, якой іх так ці інакш разводзяць то Бог, то д’ябал –абодвум, відаць, няўрэч нашае поўнае паяднаньне, зьліцьцё душаў і целаў. Бо калі гэта цалкам спраўдзіцца, дык дабро і зло страцяць свае надзелы, паміж імі змыліцца памежжа адвечнай варажнечы. Але ж тады зьнікнуць і галоўныя прыкметы сьвету. А мы ж яго частачкі. Чаму тады наравім зьліцца ў адно? Ты ня думаў пра гэта, Андрэйка? Можа, таму, што ў зацятым памкненьні да недасяжнага, людзі, як малыя наружонікі перад бацькам, спаўна выяўляюць сваю ўпірыстасьць перад Тварцом сусьвету? Маўляў, за пажаднасьць, немінучую правіну ты выгнаў нас з ружовых купаў, а мы ўсё адно стаім на сваім, і калі ўжо вароты назаўсёды зачыненыя за сьпінай, вярнуцца немагчыма, дык хоць да шчыліны ў іх прытулім рот і трошкі сербанём загойнага паветра...
Ой, Андрэйка, прабач мне, няўцямнай, – апамяталася Вольга, – што я табе тут філасофскае здубавецьце падсьцілаю. Слабасьць мая. І ня згле­дзела, як у гэты зарасьнік зашылася. Лухта ўсё. Галоўнае, што мы разам.
У мяне, дарэчы, добрая навіна ёсьць. Дысертацыю маю на вучонай нарадзе ўхвалілі. Заўвагі, вядома, былі, але нязначныя. Адну частку трэба дапоўніць, добра было б і ў Нямеччыне матэрыял падшукаць. Ты ж пасядзіш са мною ў бібліятэцы, з перакладам дакладным дапаможаш. Праўда, Андрэйка?»
Вольга зрабіла паўзу і агледзелася, нібыта толькі што ўвайшла ў палату. Так яна вярталася ў гнятлівую рэчаіснасьць. Жанчына нарэшце ўбачыла букет хрызантэмаў, які стаяў на тумбачцы каля сьцяны, падышла і пагладзіла далонькай пялёсткі.
«А я, Андрэйка, ня буду табе хрызантэмы прыносіць. Недарэчна гэта. Упэўнена, што ты са мной згодны. Навошта гэта мужчыну. Апроч таго, хрызантэмы – вешчуны будучай сьцюжы. А мне вясны хочацца. Памятаеш, як мы на цягніку ехалі ў Львоў: ты хуценька выбег на перон невяліч­кай станцыі і купіў мне букецік пралесак, абціснутых яловымі галінкамі? Ігліца калола руку, і па целе беглі мурашкі. І раптам востра-востра захацелася блізкасьці з табой, да дрыжыкаў. Мне падалося, што гэта адчуў і ты, і нават маўклівы, насуплены адзіны наш сусед па купэ. Выходзячы на сваёй станцыі, ён употай, а я ж за ўсім цікую, падміргнуў табе, маўляў, купэ вольнае, можаце пацешыцца...»
Вольга раптам змоўкла ў нерашучасьці: закарцела згадаць, распавесьці пра тую шчымлівую блізкасьць Андрэю, але яна завагалася: гаварыць наўпрост, што на душы, ці ўсё ж абачліва, з якой наўмыснасьцю?
У пакой увайшла медычная сястрыца, яшчэ зусім маладзенькая, рухавая. Вользе падалося, што сьвежы халацік у яе ўскінуты на вольнае ад бюсьціка цела, і гэта дужа зацемілася.
Медычка папрасіла прабачэньня і пачала даставаць з Андрэйкавай вены іголку, прыбіраць кропельніцу. І зноў Вольга міжволі звярнула на яе ўвагу – на аблічча, увішнасьць. Непрыемна ўразілі тонкія гумовыя пальчаткі на руках дзяўчыны, і Вольга ўявіла, якія ў яе сьцюдзёныя, адчужаныя дотыкі. Але сястрыца хуценька выйшла. І жанчына зноў вярнулася ў свае думкі, падоўжыла гаворку:
«Памятаеш, Андрэйка, як мы рынуліся ў абдоймы адно аднаму, за­трымцелі ў пацалунках? А ты ўсадзіў мяне на столік у купэ і пачаў абві­ваць пяшчотай. Я ж пажадна і запрашальна разджагерыла ногі і адразу адчула тлумную радасьць і ўзьнёсласьць. А потым ты, мой любы, сказаў: у маіх разьвінутых нагах – шчасьлівы давер. І гэта праўда, мой хлопчык. А тая ночка была незабыўнай. Нашай. Толькі ж на досьвітку на заваленай цемрай незнаёмай станцыі да нас падселі два маладзёны, і я, няведама чаму, адразу адчула ў сваёй душы прыхільнасьць да іх, пачала дапамагаць уладкоўвацца, падсабляць ва ўсім. А ты, дурненькі, раўніва касавурыўся і прыкметна сердаваў. І хоць я шкадавала цябе ў гэтым зусім недарэчным пачуцьці, але і ўсьцешвалася – прыемны ж кожны знак тваёй увагі. Калі жанчына перапоўненая каханьнем, яно, нібы шыпучы напой, перабягае цераз край душы: любіш увесь белы сьвет – і кусьлівую жамярыну, і мятліка, і, вядома, людзей. Спагадаеш ім, здаецца, усіх бы прыхінуў да сэрца.
Няўжо ты не адчуваў гэта на сабе, раўнівец мой міленькі? Адчуваў, быць ня можа! Сам жа казаў: як пакахаў мяне, дык і цярплівым да людзей стаў, і крыўдзіцелям сваім амаль усё дараваў, уважыў іх штукарствы за звычайную грахоўную слабасьць. Дык вось і падумай, Андрэйка: Божухна засердаваў на Адама з Евай за ўпартую неслухмянасьць, неадольнае памкненьне да грахоўнай слодычы, а тады і пашкадаваў нас, небаракаў, даў выратавальны план жыцьця, але прытым і нашыя свавольствы церпіць. Бо любіць...
А памятаеш, мы разам думалі над гэтай нявыкруткай: каб трымацца Божага плану, як ні дзіўна, трэба занурыцца і ў першаісны грахоўны затулак, да дна выпіць атруту жарсьці і праз свайго адзінага ці адзіную палюбіць усіх бліжніх, як сябе, і нават больш таго – як яго ці яе. І так спраўдзіцца ў людскім».
Вольга зноў змоўкла, бо яе раптам ахапіў сумнеў: а ці патрэбныя Анд­рэйку цяпер, калі ягонае цела здратаванае немаччу, гэтыя пранікнёныя думкі, даўгасяжныя абагульненьні, якія і ад яе, здаровай, вымагаюць душэўных высілкаў?
«Але ж мы толькі пра гэта і гаварылі з ім, калі зашываліся ў які ціхі кут, заставаліся ўдваіх, як здавалася, ва ўсім белым сьвеце, – падумала Вольга. – Як цяпер вось тут, у крыўднай нязвыкласьці. А пра што ж тады казаць? Пра посную будзёншчыну?»
Жанчына адчула гнятлівую стому і вырашыла хоць трошкі перабіць настрой. Яна сказала Андрэю, што хутка вернецца, і выйшла ў калідор. Заплюшчыла вочы, прыхінула да твару далоні і хістка пасунулася ўздоўж сьцяны, раз-пораз кранаючы яе плечуком. Вольга імкнулася ўявіць сябе на месцы каханага і аніяк не магла, толькі нібыта ў варажбе прыгаворвала ў думках: «Кожны мой крок па гэтым калідоры – крок да ягонага ачоманьня. Кожны. Яшчэ адзін, яшчэ... Пачуй, Божухна, гэты грукат...»
У канцы калідора Вольга пачула слабы піскат і схамянулася. Праз расчыненыя дзьверы пакойчыка для медычак яна ўбачыла такія ж дысплейчыкі, як і ў палаце Андрэйкі, здагадалася, што за ягоным жыцьцём сочаць і тут штохвілінкі. І трошкі ўсьцешылася. Нават больш ад таго, што пачула гэтыя згукі, усё адно як вестачку ад Андрэя: маўляў, я тут, побач з табой, з табой, трымайся!
Вольга ўзьняла галаву і сустрэлася з позіркам прафесара Глюмана, які стаяў каля свайго кабінету і, здавалася, чакаў яе.
– Перамяжыцеся крыху, любая фрау. Я для вас бутэрброды падрыхтаваў, кавы зараз згатую. Заходзьце.
Вольга ў зьнямозе нечакана для сябе прытулілася да грудзей прафесара, і ён па-бацькоўску абшчапіў яе.
– Я зраблю ўсё, што магу, любая фрау. Усё, што магу. А вы насуперак гору беражыце сябе – дзеля яго. Падсілкуйцеся, а потым пагуляйце трошкі на сьвежым паветры, думак набярыцеся. Ды і Андрэйку вашаму перадыхнуць трэба.
Вольга паслухалася. Папіла кавы, выйшла са шпіталю і пайшла ўсьцяж прысадаў. Вулка вывела яе ў сярэдзіну гораду, у мясьціны, якія бачыла яна з акна аўто – прысыпаны лісьцем вадаліў, усланыя шырокімі плітамі ходнікі... Як і тады, па іх шпацыравалі ўлагоджаныя, нясьпешныя мінакі ў фацэтных строях, і па-ранейшаму здалося, што ўсімі сваімі думкамі і пачуцьцямі яны цалкам адчужаны ад усяго-ўсяго. Але хутка Вольга зразумела, што гэта ня так, бо прыкмеціла колькі зьвернутых на яе цікаўных мужчынскіх позіркаў. І нават праз гэтую цяпер непрыемную ўвагу згадаўся Андрэйка. Аднойчы каханы сказаў, што асабліва пажадна яму хочацца блізкасьці, калі на яе твары выразнымі прыкметамі прабіваецца стома, бо ў ёй – і запрашальная слабасьць, і непаўторная сваёй далікатнай кволасьцю пяшчота.
Гэтая згадка, наўзьдзіў, змусіла Вольгу ўсьміхнуцца, але яна засаромелася свайго пачуцьця, схамянулася і азірнулася па баках – збаялася, што хто-небудзь убачыць яе ніякаватасьць. Каб адцурацца прыкрасьці, жанчына прыпынілася каля лаўкі, але не змагла змусіць сябе прысесьці, крышку пастаяла і таропка пайшла назад, у шпіталь.
У калідоры яе зноў перастрэў Глюман і сказаў, што сёньня больш ня варта прамаўляць – запозна, ды і Андрэю прызначана колькі неадкладных працэдураў.
Вольга засмуцілася, але неўзабаве і ўсьцешылася: прафесар сказаў, што дазнаўся пра яе жаданьне начаваць у шпіталі, непадалёк ад Андрэя, і ён ня супраць – праўда, толькі адной ночы. Маўляў, у пакоі сястрычак за пераборкай сьпецыяльна для яе падрыхтаваная ўжо канапа. Вольга шчыра падзякавала.

l l l
Гэтым разам яна ўжо на колькі гадзінаў заснула. Дзіўна, але Вользе і на кроплю не перашкаджаў піскат прыбораў кантролю. Наадварот, каб піскат быў грамчэйшы, было б яшчэ лепш. Агучаныя ўдары Андрэйкавага сэрца, як здавалася жанчыне, лёгка распазнавальныя ў гэтым жудасным харале, цяпер сталі для яе самым жыцьцядайным рытмам. Ён працінаў сабою ўвесь сусьвет і, вядома, усю Вользіну істоту. І яна нават памкнулася прынаравіць да гэтага рытму і сваё сэрца, як быццам яно магло дапамагчы Андрэйкаваму заштурхоўваць у жылы жыцьцё.
Вольга раз-пораз прачыналася сярод ночы, каб пераканацца, што сусьвет па-ранейшаму сугучны ёй.

l l l
Канапа, на якой спала Вольга, была даволі вузкай і мулкаватай. І гэта толькі ўсьцешвала жанчыну. Любая няўтульнасьць ці нязручнасьць, здавалася ёй, набліжалі да Андрэйкі, дапамагалі вастрэй адчуць ягоныя пакуты. З гэтай жа прычыны яна і прахапілася на досьвітку, каб нават і на драбок не дапусьціць пад коўдру ранішнюю ляноту ці млосьлівае кунежаньне. Хуценька апранулася і пайшла ў гатэль, каб там, нікому не замі­наючы, дагледзець сябе.
Гаспадыня гатэлю была ўжо на месцы, ветла павіталася з ёй ды звыкла спытала, ці ня трэба чаго. Вользе спадабалася, што на гэты раз прапанова паслугаў была стрыманай, без залішне выразнага памкненьня хоць чым-небудзь дагадзіць.
Жанчына ўвайшла ў пакой і адразу адчула гнятлівую адчужанасьць часовага жытла. Толькі неўпарадкаваныя рэчы выдавалі тут ейную прысутнасьць. І Вольга вырашыла нічога не прыбіраць: няхай вось так бязладна і будзе пазначаная яе прысутнасьць тут.
Яна хуценька, без асаблівага жаданьня зрабіла ўсё, што трэба рабіць раніцай са сваім целам. Як звычайна, узялася падфарбоўваць вусны і бровы, а потым раздражнёна правяла чарнотным алоўкам дужку куды даўжэй, чым трэба. І з горыччу ды разгубленасьцю паглядзела на сябе ў люстэрка. Ня ведала, што рабіць: сьмяяцца ці плакаць... «Вось так, відаць, было і з першым у сьвеце блазнам, пакуль блазнаваньне ня стала прафесіяй з адпаведным абліччам», – падумала Вольга і змыла з сябе ўсю парфуму.
У шпіталі сказалі, што зарана да Андрэя прыходзіць ня трэба, бо пасьля ўчарашняга ён прыкметна змораны – перад ім жа яшчэ тое-сёе прамаўляў псіхолаг, сябрук-выкладчык з ліцэю – прафесар сказаў, што трэба паспрабаваць і на дзьвюх мовах. Але ўсё павінна быць у разумных межах. І «рабочы» дзень зьнявечанага штораз трэба пачынаць аб адной і той жа гадзіне – а дзявятай.
У Вольгі яшчэ заставалася багата часу, і яна не знаходзіла сабе занятку, дык проста села ў глыбокі фатэль. Не хацелася нічога бачыць, але і за­плюшчыць вочы ці прымружыць вейкі жанчына таксама баялася: асьцерагалася страшных мрояў ды сьлязьлівых думак. І на імгненьне не выходзіў з галавы Андрэйка: зьнявечаны, разьвінуты на паддоне ложка, ён нагадваў падстрэленага сакалка, якога знайшлі з ім аднойчы на рачным плёсе.
Вольга востра адчула, што гэтай раніцай пойдзе да яго ў шпітальны пакой, як упершыню, бо немагчыма прывыкнуць да гора. І, значыць, зноў пераадольваць сябе, нават змушаць на мужнасьць, на «работу», якую ніхто ня здольны зрабіць на гэтым сьвеце.
Жанчыне амаль адразу адкрылася: апроч як пра каханьне, больш ні пра што гаварыць Андрэю яна ня можа, усё астатняе – пустыя дробязі. Але ж пра каханьне можна гаварыць толькі ўдваіх, у абшчэпку з цішынёй, пад завалам цемры, на пякучых і адначасна загойных жарынках любошчаў...
А якая сіла ў прамаўленьні пра самае цудадзейнае, калі яно адлучанае ад сугучнасьці целаў, перамяшанае з мякінай выпадковых словаў, здумных, неабавязковых. І як іх адвеяць?
Вользе згадаліся прагулянкі з Андрэеем па горадзе, калі яны, высіленыя любошчамі, абпоеныя спавядальный гамонкай, раптам хінуліся ў людскую чараду, нібыта хацелі пераканацца, што сьвет усё той жа і цуд, які адбыўся з імі, толькі іхным і застаецца, а наўкола анічагусенькі ня здарылася – не зьмянілася і на каліва. Але яна заўсёды пераконвалася, што гэта не зусім так. Ішла поплеч з Андрэем і адчувала, што ў яе пільна ўглядаюцца амаль усе мінакі, асабліва жанчыны. І аднойчы каханы патлумачыў: гэта на тварах праступаюць пісьмёны любові – людзі прыкмячаюць ці немаведама як адчуваюць і зайздросьцяць...

l l l
Калі яна ішла па вуліцы, дык і падумаць не магла азірнуцца па баках ці хоць вобмігам агледзець абрысы ранішняга гораду, зьвярнуць увагу на мігценьне агнёў, мітусьню занятых сваімі клопатамі мінакоў. Жанчына асьцерагалася адчуць сябе звыкла, будзённа – чалавекам, які сьпяшаецца па справах, ці яшчэ горш – заезджай госьцяй, бестурботнай і цікаўнай. Яна поўніла думкамі пра Андрэя кожную хвілінку, да магчымага сашчыльняла з ім свой час. Старалася не ўзьнімаць голаў, паныла глядзела пад ногі. Але раптам зразумела, што ўсё адно ня можа адцурацца ад зваблівых і адначасна раздражняльных дробязяў: міжволі зьвяртала ўвагу на якую барвяную лісьцінку, што патрапляла пад мысок боціка, ці на закатаны ў асфальт адметны каменьчык, ці на неахайна кінутую пальцом люлькі запалку... І Вольга падумала, што каханыя аніколі ня могуць зьліцца ў суцэльнае, а толькі ўявіць гэта. Усё адно паміж імі нават праз малюсенькую шчылінку праточваецца ўвесь белы сьвет.
Вольга згадала адзін з прыездаў да Андрэйкі, калі яны, улагоджаныя, сядзелі на ложку ў яго інтэрнацкім пакойчыку і гарталі альбом скульптара Генры Мура. Каханы адшкадаваў на пакупку немалыя грошы і з уласьцівай яму хлапчукоўскай захопленасьцю цешыўся прыемным набыткам, похапкам распавядаў пра свайго ўлюбёнага творцу, раз-пораз гартаючы старонкі.
«Вось паглядзі, – згадала Вольга ягоныя словы, – якія агромністыя формы, сьвет засланяюць, а, лічы, у кожнай – дзірка, сьвідравіна, адтулі­на... Гэта каб не спрачацца з Божым зямным тварэньнем, не замінаць сьвятлу, не станавіцца ўпоравень з Усюдыісным. Божае бруіцца без перашкодаў, наскрозь. Як бы амывае наватвор».
«Так, відаць, і з каханкамі. Ёсьць, ёсьць між імі шчылінка, і найперш, мусіць, у сьвядомасьці, каб мажлівая суцэльнасьць не адсякала сусьветны прасьцяг», – думала Вольга.
А за гэтымі думкамі і не заўважыла, як падышла да парога шпіталю. На адной з прыступак ганка своеасаблівым рэфрэнам несьціханай восеньскай віхуры, прывітальным знакам ляжаў кляновы ліст – не дарэшты зжаўцелы, з прыкметнай плямкай зелянцы пасярэдзіне.
Вольга адчыніла дзьверы – і душа яе ўстрапянулася ад ужо звыклай трывогі. Яна вырашыла не заходзіць да прафесара, каб ня слухаць у чарговы раз вучоныя тлумачэньні. Ёй не хацелася зноўку адчуць сябе лекавым сродкам, усяго толькі якім гаючым кампрэсам. Гэта ж надзвычай спрошчана, без якой-кольвечы таямніцы спадзеву на сілу каханьня. Проста хацелася самой стаць зьнявечанай і так зьліцца з адзіным сваім лёсам.
Жанчына далікатна пагрукала і ўвайшла ў пакой сястрычак. Перад тым як прывітацца, найперш зірнула на дысплейчык, праз які пульсавала Анд­рэйкава жыцьцё. Хоць гэтага можна было і не рабіць – пранізьлівы, дарма што і прыглушаны дзяўчатамі піск ягонага сэрца і так добра было чуваць. Жанчына хуценька накінула на плечы халацік і адразу ж наважылася ісьці, нават запамятавала аддаць медычкам пакуначак цукерак, які прадбачліва купіла ўчора ў гатэльнай краме. І рашуча, але ветла адмовіла адной з іх, найбольш прыхільнай, праводзіць яе да Андрэйкі: маўляў, ужо ўсё тут ведаю, дайду сама. Да сустрэчы з каханым Вользе трэба было колькі хвілінак пабыць адной, каб пераадолець неадступную боязь. І крышку падумаць: з чаго, як пачаць размову, каб яна атрымалася нязмушанай, нібыта толькі што перапыненай, каб была працягам?
Менавіта працягам. Бо Вольга яшчэ на золку іх адносінаў з Андрэем усьвядоміла: каханьне і ёсьць бясконцай нітай такіх размоваў, чарадой пацалункаў, любошчаў, адкрыцьцяў сябе нанова ў сваім адзіным. І ўрэшце – імклівае набліжэньне да таго недасяжнага – еднасьці з ім.
А ўсё пачалося з просьценькай дзеі. У другі ці трэці дзень іх знаёмства, калі Андрэй прапанаваў зьезьдзіць за горад, пабавіцца на прыродзе, на Улі­цінскіх валатоўках. Яна, звыклая да пакаёва-хатняга кунежаньня па выходных, адразу і ня ўцяміла сэнс ягонай задумы – якія-такія прыўкрасы назіраць на тых абседжаных людзьмі пагурках? Але ўсё адкрылася, лічы, адразу. Калі яны па вузкай сьцежцы ўзыходзілі на першую валатоўку, Анд­рэй падаў ёй руку і так трывала сашчапіў яе далоньку, што сэрца затрымцела, як лісьцінка. А на вярхушцы пагурка, густа зарослага жоўтымі казяльцамі, сарваў для яе ўсяго толькі дробную кветачку, а не снапок, як зрабіў бы апантаны заляцанец. Калі ж спускаліся ўніз, ішоў паперадзе, ізноў падаваў руку і зьдзервянела трымаў яе, як надзейную парэнчыну. А ў канцы шляху аслабіў, відаць, наўмысна, асьмялеўшы, і яна, таксама наўмысна, памкнулася наперад, шчыльна прытулілася да яго. Абаім закарцела зьліцца ў абдоймах, але яны ўтрымаліся – у такім адцураньні пажады бывае яшчэ большае прасьвятленьне душы, чым у яе спраўджваньні. Вольга згадвала гэтую прагулянку колькі дзён запар і дзівілася, як усё было банальна, нібы ў кіно, але на яве так запамінальна. А можа, дзеля шчасьлівай слодычы жанчыне якраз і патрэбны такі просьценькі сюжэт?.. А мужчыне?..
Вольга ціхутка адчыніла дзьверы, бачком увайшла ў Андрэйкаў пакой. Зноў міжволі згадала, як пасля запозьняй работы над сваімі рукапісамі вось так пракрадалася да яго ў спальны пакойчык, агорнутая пажадай бліз­касьці і ў той жа час – асьцярогай, каб не разбудзіць каханага, калі ён заснуў.
Вольга зьлякнулася ад нечаканага ўспаміну, а калі ачомалася, па звычцы найперш зірнула на перарэзаны зялёнай ніткай імпульсаў дысплейчык. На прыложкавай тумбачцы яна ўбачыла сьветлы і даволі вялікі букет лі­леяў, белых, з ружовым адценьнем пасярэдзіне пялёсткаў. У пакоі, нібыта ў шкляначцы лілеі, панавала нерушная цішыня. Вользе раптам стала боязна парушыць яе хоць якім, тым больш нятрапным словам. Ёй зусім не заманулася сказаць Андрэйку «дабрыдзень», бо падалося, што гэта, няхай сабе і на драбок, адмяжуе звыклым халадком этыкету іхнюю ўчарашнюю зьнітаванасьць. І Вольга проста ўтапіла вусны ў далоньку каханага, увабрала ў сябе паветра, каб адчуць водар любага цела. Надзіва, Андрэйкава рука нічым ня пахла. І жанчына гатова была заплакаць. Але стрывала і, каб засяродзіцца, зноў падышла да вазы з кветкамі.
«Ты мне такіх, Андрэйка, дзякаваць Богу, ніколі не дарыў. Я пра кветкі кажу, вось тут, на тумбачцы, – павярнула жанчына голаў да каханага і пачала казаць трошкі грамчэй. – Лілеі. Такі бухматы букет. А я, каханы, лёгка прамяняла б яго ўсяго на адзін казялец. Памятаеш, які ты сашчыпнуў мне на валатоўцы? От бы паставіць такі сёньня тут, на тваёй тумбачцы, у чарцы. З чародкі тых, што ты купіў у вясковай краме. Памятаеш, Анд­рэйка? Памятаеш! Напакаваныя рознымі прысмакамі, віном, мы тады ехалі на дальняе лясное возера, а на посуд забылі. Тыя куплёныя чарачкі – гра­нёныя, акурат, як малянкоўскія шклянкі, толькі маленькія і без абадка зьверху. Як толькі прадавачка выставіла іх на прылавак, я адразу згадала розныя вясковыя гулянкі, сябрынныя застольлі – радзіны, хрэсьбіны, вясельлі, убоіны і дакопкі, упашкі – само сабой, праводзіны ў войска...»
Вользе чамусьці захацелася доўжыць гэты сьпіс бясконца. Але раптам яна асеклася, бо ў радок міжволі залучваліся і хаўтуры, якія яна баялася нават незнарок згадаць, ня тое што прамовіць.
«Бачыш, Андрэй, у простай, даўнейшай побытавай рэчы, у кожнай яе грані зіхціць народная радасьць... – жанчына прымоўкла ў пошуках трапнага слова. – ...І гарчынка самоты, нязводнай на гэтым сьвеце...
Амаль адразу пасьля нашага знаёмства, любы, я ўсьвядоміла: у сагрэтых тваімі рукамі рэчах, у тваім паху, тваёй вопратцы, у тваім гусьце, прыхільнасьцях, захапленьнях і пачынаецца, з самага краю, увесь сусьвет, і толькі потым ужо пашыраецца да разьлёту галактык, да недасяжнага...»
Вольга падышла да тумбачкі і далікатна паправіла лілеі. Ды раптам адчула, што больш зусім ня хоча прамаўляць у гэтай гнятлівай цішыні, словы проста зьлятаюць з вуснаў, як аджылае лісьце з дрэва. Пустыя абгорткі колішняга жыцьця... І лепш было б маўчаць, бо ня можа быць, каб Андрэйка і так не адчуваў прысутнасьці яе. Павінен адчуваць!
Самотнай Вользе закарцела зноў, як самай ранічкай, дакрануцца да каханага, адчуць яго ўсёй істотай. І яна засунула руку пад іспод коўдры і павяла далоньку ўверх, але не па скуры, а па самых кончыках далікатна-казытлівых валосікаў. Здавалася, анішто ў сьвеце ня можа запыніць гэты рух, адабраць у жанчыны гэтую слабасьць.
Вольгу на якое імгненьне ахапіла прыкрасьць, калі яна намацала, што на Андрэйку няма майткоў – пад коўдрай ён зусім голенькі. І жанчына дакранулася да яго закладзенай камянямі немачы крынічкі жарсьці.
«Хлопчык» мой... – як мага пяшчотней прамовіла Вольга, – колькі ён мне адшчодрыў асалоды, колькі асалоды...»
І жанчына раптам адчула, што гэтыя словы сасьпелі ў ёй век свой, што цяпер яны ссуканы з рэчаіснасьцю толькі праз успамін. Андрэеў чэлес нагадваў сьцяты ў кволы зародак хлапчуковы стручок, якім ён бывае пасьля купаньня ў астылай ад дажджу з градам вадзе.
У гэты момант з прыкметным грукатам расчыніліся дзьверы. Медычная сястрыца пачала няўклюдна ўносіць разджагерыстую спаруду кропельніцы. Але Вользе падалося, што дзяўчына наўмысла загрукацела, каб ня змусіць яе да няёмкасьці.
Медычка абладзіла кропельніцу, узяла ў рукі іголку і зрабіла паўзу, спыніла позірк на Вользе: маўляў, калі вам не зусім утульна падчас працэдуры, можна выйсьці на колькі хвілінак. Але Вольга паказала ёй жэстам, што ўсё нармальна, пабуду...
«Андрэйка, гэта я тачуся ў тваю жылку іголачкай, – сказала пад руку сястрыцы ўсхваляваная жанчына. Яна ўжо зусім не саромелася прамаўляць пры староньнім чалавеку, нібыта і не было нікога побач. – А цяпер адчуй, мой любы: па кропельцы я ўліваюся ў цябе абуджальнай сілай. Ты проста ня можаш не адчуваць маёй цеплыні, маёй гарачай прысутнасьці... Я цябе ўсяго ёй перапоўню, кожную клетачку любага цельца. Як ты мяне перапаўняў, як ты разыходзіўся па жываце, па абамлелых руках і нагах гарачымі хвалямі, бруіўся імклівай дрыжакай па набрынялых нязнанай сі­лай грудзях. З самай першай нашай ночкі, Андрэйка, з самай першай. Ніколі раней не адчувала я такой вострай працятасьці пяшчотай, такога заручонага абуджэньня ад пякучага цурка спружыністай вільгаці. Ад балючых абдоймаў... Мне здавалася, што ня хопіць паветра на яшчэ адзін уздых, а сэрца абарвецца, абрынецца ў бездань з нацятай табой лёскі шчодрых словаў. Я баялася пагібелі і адначасна выціналася насустрач ёй. Бо з вышэйшай, хоць і няўцямнай, непачутай і ў той жа час аглушальнай падказкі ўсяго існага ведала: гэтая ўяўная пагібель і ёсьць маё жыцьцё, мой сэнс і мая праўда. А ты, Андрэечка, той ночкай працьверазеў куды раней, чым я. Як толькі мае вейкі цесна сашчыльніла салодкая стома, ціхутка ўстаў, укрыў мяне коўдрамі і выйшаў з нашага намёціку. Возера, цішыня, імглістая ноч і ты на ўзбярэжжы раздзьмухваеш астылы прысак. А я ж прачнулася амаль адразу, бо адчула, што пад галавой няма тваёй рукі, тваёй ахоўнай цеплыні.
Каб ты толькі ведаў, Андрэйка, як я напалохалася, а потым пакрыўдзі­лася. Калі праз крыху не захінуты ўваход у намёцік ўбачыла, што ты сядзіш непадалёк і паліш сваю люльку. Сядзіш па-турэцку, абшчапіўшы калені рукамі. І такі прыгнуты, нібы ад цяжару якога, самотны-самотны. А чаму не са мной, калі што гнятлівае на душу лягло, чаму ня побач, чаму і слоўца не сказаў, не адкрыўся?
І я, працятая крыўдай, не змагла падысьці да цябе, Андрэйка, хоць так хацелася. Ды хоць бы падпаўзьці па вільготным пяску гнуткай вужачкай, скруціцца ў цябе на каленях і грэцца, грэцца каля вогнішча. Але пераадолець колькі тых метраў было проста не пад сілу. Усё адно як закласьці за якую-небудзь пазыку годнасьць. Бо з першай нашай ночкі, адразу, кожнай клетачкай цела, кожным абуджэньнем сьвядомасьці я адчула: ну вось, знайшоўся мой валадар, згроб у ахапак, як шматок сена, склаў у колькі столак, няхай сабе і пяшчотай, асьляпіў, каб глядзела на сьвет толькі ягонымі вачыма! Дык, ведама ж, я спужалася гэтай нязвыклай падуладнасьці, гэтага шчасьлівага набыцьця і адначасна няўцямнай страты сябе. Але мяне неўзабаве пачала выратоўна выцягваць з гэтага віру прыроджаная, мусіць прыроджаная, перасьцярога.
А раптам што не атрымаецца, пойдзе наперакасяк, здратуецца, як тады жыць? – думала я. Захлынешся ж гаркоцьцем... Нібы абшлопала сваю душачку астуджанымі ў сьцюдзёнай вадзіцы далонькамі, як вясковыя бабы робяць з дзялёнкай цеста, калі ўстаўляюць у печ, – каб не падгарэў падавы хлебец.
Дык і змушала сябе, як магла: не пабегчы да вогнішча, і кроку не зрабіць, не папаўзьці да цябе! Вядома, і крыўда запыняла, але і цьвярозы разьлік насуперак жарсьцевым ускалыхам: не, ён не павінен убачыць, адчуць маю залежніцкую нямогласьць! Мною трэба даражыць, мяне трэба дамагацца! І толькі чульлівай увагай ды пяшчотай. А ты, Андрэечка, сядзеў сабе на ўзбярэжжы застыглы, як валун, з патухлай люлькай у руцэ, і толькі язычкі полымя давалі знак, што праз якую хвіліну ўсё ў нашых пачуцьцях ажывіцца нанова. Я ж ня ведала, чаму ты сышоў, ты ж мне яшчэ не распавёў тады сваёй таямніцы. І думала: авохці, так хораша, так мілосна і сугрэўна, а ён сышоў...
Выходзіць, душы, нібы вільгаць іскрыстую, зьлілі ў адзін збанок, а ўсё адно яны не перабарляліся. Наадварот, і ў новай лучнасьці яны намацваюць свае надзелы. Нанова. Нібыта іх толькі выпусьцілі дзеля вольнага разьлёту, у якім можна зачапіцца хіба што за вечнасьць, толькі да яе і прыкарэць.
Што з ім адбываецца, што ён робіць, думала я: самахоць сыходзіць з толькі што заснаванага раю! Самахоць і моўчкі...
Я ж куды пазьней дазналася, Андрэй, што і цябе агаломшыла тая ночка, што і ты не паверыў у яе назаўсёдні папараць-кветкавы росквіт, збаяўся адразу прышчапіць у будзёншчыну гэты чаранок. У мяне не хапіла духу ад перасьцярогі. У цябе – ад вострага зьдзіўленьня ды мужчынскага недаверу. Маўляў, так не бывае, час аніколі ня ляжа суцэльна гаючым пластом, дык лепей самому памежаваць яго перагародкамі, каб не было, як ты сказаў, дыфузіі салодкіх і атрутных хвілінак. О, як я цябе з цягам часу зразумела, мой саколік! Твой сыход у тую першую ночку, застыгласьць каля кастрышча наўзбоч нашага жывога агменю і былі адной з такіх перагародачак. Адвеяць асалоднае зьдзіўленьне дзеля таго, каб запомніць, адзінотай пазначыць намацаную сьцяжынку вяртаньня ў рай. Няхай сабе зямны, самачынны, у якім немагчыма атабарыцца, а толькі – вяртацца і вяртацца.
Я да драбніцаў помню, Андрэй, нашыя бясконцыя размовы пра гэта. Нібыта ўчора яны былі. А крыху пазьней я зразумела, што ты яшчэ больш адпрэчаны ад нашага раю спракавечным мужчынскім разуменьнем Божага змыслу. Менавіта праз цябе, мой Андрэйка, я ўсьвядоміла, а лепш сказаць адчула ўсёй сваёй істотай, што вы, мужчыны, без якой-кольвечы агаворачкі прынялі Божы вырак: справадзіў Госпад са сваіх цёплых кушчаў, дык таму і быць – незваротна, канчаткова, шлях назад перарэзаны, як пупавіна ў дзіцяткі. А жанчыны ж інакшыя. Амаль цалкам упэўненыя, што аніякай нашай правіны ў тым выгнаньні і блізка нямашака. Што зроблена гэта з гарачай уладарскай рукі, і ўсё яшчэ можа вярнуцца. А зрэдчасу і шлях назад адкрываецца, няхай сабе і ня ў тое эдэмскае месьцейка, але ж у па-свойму ня менш абяцанае. Няхай сабе і праз енкі, ірваньне цела, боль нясьцерпны...
А хто гэта можа паверыць, што менавіта жанчына ведае сьцяжыну ў новыя лагодна-куп’істыя садовыя зарасьнікі. Ты ж сам замест гэтай веры захапляўся маім пачуцьцём так альбо інакш выяўленай годнасьці, хоць і бачыў у ёй ільдзінкі адцуранасьці. І падумаць ня мог, што ня сіла мая ў гэтым, а слабасьць, не абераганьне сваёй душы, а яе замарожваньне з боязі перад плавільняй жарсьці. Усё ад твайго верхаводства залежала».
Тут Вольга адчула, што заглыбілася ў блытаную і, мусіць, цяпер недарэчную аналітыку ўзаемаадносінаў з каханым і нават, як падалося, трошкі дыскутуе сама з сабой. Адна справа, калі пра ўсё гэта яны размаўлялі з Андрэем: кожнае слоўца – у суплёт шчасьлівых адкрыцьцяў, і зусім іншая – цяпер, калі ў словаў нібы абрэзаныя крылы, і яны скачуць па зямной роўнядзі, як заўчасна вытураныя з гнязда падлёткі. Асірацелыя, залучаныя ў прыгнётную гравітацыю пакутніцтва. Але яна ўжо не магла вы­мкнуць з гэтай каляіны – хаця б зрабіць які перапынак, папіць з сястрыцамі гарбаты, ці проста пасядзець моўчкі каля Андрэя.
Ёй хацелася выгаварыцца, і калі супыняла што, дык толькі адно: абы не ўстрывожыць больш, чым трэба, каханага, не нашкодзіць яму ніводным слоўцам. Але хіба гэта магчыма?! Словы ж набліжалі іх адно да аднаго, лучылі, трывушча перанітоўвалі найбольш пасьля жарсьцевых суплётаў... А што цяпер...
Жыцьцё вытачылася з акіяну вады, а высьпельваецца ў акіяне суплётных словаў каханьня, падумала Вольга. І тут жа сумелася: а ці не Андрэйкава гэта думка, ці ня ён прамовіў яе ў цягніку, калі яны разам упершыню ехалі ў Нямеччыну? І да горычы ўзрушылася: можа, пераезд сюды, на сталую працу, каханы ўсьвядоміў як адну з тых перагародачак у прасьцягу іх супольнага часу? Але сумнеў гэты ахапіў яе на якое імгненьне, і жанчына пачала ўсьцешвацца з непадзельнасьці ў памяці іх самых шчырых думак. І ёй востра захацелася верыць, што непадзельныя яны і цяпер, проста часова прытоеныя адно для аднаго, каб паасобку высьпеліць мужнасьць веры. Ад гэтай высновы ў жанчыны залагодзілася на душы.
«Каб ты ведаў, Андрэйка, як часта цяпер згадваецца мне тваё прамаўленьне: «Я з табой, з табой...» Такое просьценькае і такое выратавальнае. Вяртаньне ў суплёт нашых душаў. Хоць ты і не расслабляў ніколі сваіх слоўных абдоймаў, я ж сыходзіла. Няўцямна енчыла, міжволі за­плюшчвала вочы, пруцянела ад дрыжакі, калі яна з жывата, нібы цунамі, разыходзілася па ўсім маім целе. І ня ведаю, Андрэй, ці патрэбна было мне вяртаньне. Можа, найлепш за ўсё было б незваротна застацца там, у асалоднай пагібелі?
Я памятаю, як аднойчы ты прызнаўся, што баішся гэтых момантаў майго сыходу ў асалодныя віры, хвалюешся – а раптам яны ня выпусьцяць, ня вернуць. І нават згадваеш сьмерць з яе пакутніцкімі заручынамі, – Вольга спахапілася, нібы апяклася аб гарачае, пачала імкліва думаць, як найхутчэй закруціць недарэчнае, зьненавіднае слова ў сувой словаў гаючых, абу­джальных. – Я з табой, з табой, мой Андрэйка. І падаю знак гэтым выгукам, як ты мне колькі разочкаў падаваў. Я ведаю, хоць і ня чула, што ты прамаўляў так з першага майго енку пасьля любошчаў, імкнуўся быць разам, усё адно як суправаджаў мяне ў прадонным адлёце ў патаемнае. Каб не разьмінуцца. А запомніліся мне твае слоўцы, можна сказаць, да кожнай літаркі аднойчы і назаўсёды – калі ты лёг каля мяне, улагоджанай, як марскі камень, пяшчотай, прытуліўся, пачаў гладзіць далонькай грудзі і прамаўляць. У жніўні гэта было, такім сонечным дзяньком. Ты мне ўяўляўся ціхамірным дзіцяткам. Памятаеш, як я прытуліла твой голаў да грудзей і пачала перадражніваць цябе, як маленькага: «Я сь табой, сь табой...» І ты ўсьміхаўся.
А колькі разоў было інакш: абуджаюся ад асалоднай задухі, пачынаю роўна дыхаць, можна сказаць вяртаюся ў гэты сьвет і анічагуткі ня чую – ня слухаю. Усё адно як пазакладала мне вушы пасьля кантузіі. І найпершае, што мне патрэбна было, каб пазнаць зямны прытулак, дык гэта зазірнуць у твае вочы. Так я нараджалася нанова і запамінала гэты момант увачавідкі. Безьліч разочкаў. Мне ж, любы, важна было менавіта так і толькі так адчуць, усьвядоміць, што ты сапраўды ўвесь гэты час быў са мной і на хвілечку не адлучаўся, не сыходзіў у свой закром асалоды, у свой заплюшчаны ад мяне цемравы космас. А што рабіць, Андрэечка, вось такая сьляпая яна, жаноцкая жарсьць. А яшчэ мне адразу хацелася прачытаць у тваіх вачах дараваньне за сваю слабасьць, убачыць прывітальны знак: маўляў, з нара­джэньнем! І прасьцяг разасланы, вольны – ёсьць куды вымкнуцца, дзе прытуліць душу. А потым я пачынала з замілаваньнем углядацца ў твае вочкі і зноў знаходзіла ў іх усё самае знаёмае: ледзь прыкметны цень зеляніны, які бывае толькі ў вачах, перапоўненых жыцьцём, і недасяжную празрыстасьць блакіту, глыбокае чорнае сонца таямніцы ўсярэдзіне... І я разумела: гэта маё ўлоньне, вечна новае спавівальнае ўлоньне маёй душы. Новае – таму што да яго нельга прызвычаіцца, бо яно не існуе, а толькі здараецца. Як цуд. А тады, Андрэй, ты не паверыш, я заснавала сваё Евангельле. Ад жанчыны. Як гэта – «спачатку было слова», калі я яго ня чую з самага пачатку, падумала аднойчы. Спачатку былі вочы! Праз якія глядзіш на прастору сваёй душы. У якіх – улоньне будучыні. Адценьне райскай зеляніны. Вечнасьць імгненьня».
Вольга падышла да акна і не пачула, як адчыніліся дзьверы. Прафесар Глюман зрабіў крок у пакойчык і спыніўся ў нерашучасьці, ня ведаючы, што рабіць – яму не хацелася турбаваць жанчыну, але, відаць, было трэба. І прафесар пастукаў пазногцем па вушаку. Вольга азірнулася. Глюман прывітальна кіўнуў, а потым жэстам павабіў да сябе. Яны выйшлі.
– Я не хацеў падаваць голасу ў пакоі, фрау Вольга, каб не замінаць вашаму маналогу...
– А вы думаеце, Андрэй усё чуе? Іншым разам мне здаецца, я гавару гэта больш для сябе. Проста такая страшная нагода надарылася...
– Ня думайце так. Гаварыце пра тое, што на душу нахлынула. Няхай гэта будзе прызнаньне, успамін. Толькі не папракайце ні ў чым яго, не вы­казвайце крыўды за што-небудзь...
– Крый Божа!
– З маіх зьвестак вынікае, што зрэдчасу, няхай гэта вас не засмучае, яго кранаюць вашыя словы...
– Адкуль вы ведаеце?
– Гэта складана. Ня будзем заглыбляцца. А цяпер я папрашу вас, фрау Вольга, зрабіць перапыначак на якую гадзінку. Так трэба. Андрэю і нам. А вы зрабіце шпацыр які-небудзь, у кавярню зазірніце, тут і паблізу ёсьць. Мацуйце надзею. Заўсёды.
– Як скажаце... – згодліва прамовіла Вольга і пайшла апранацца.
А на душы было тужліва. Яна зноў адчула вяртаньне ў разьмераны і раскроены чужой воляй сьвет, такі непрытульны і трывожны. І хто тут Андрэй? – усяго толькі пацыент у вылізаным да ірэальнай чысьціні пакоі, а яна – здань мінулага ў белым халаціку, заблукалая ў вантроб’і калідораў пігулка.
Вольга выйшла на ганак і выставіла перад сабой далоньку. Спахмурнелае неба, здавалася, краналася вярхушкавых галінаў дрэваў. Жанчыне раптам захацелася, каб на яе далоньку ўпала хаця б адна кропелька дажджу. Як добрая зацемка. Але яна і баялася гэтага чаканьня, каб не загадаць чаго-небудзь. Дык абачліва сьцяла кулачок і пайшла. Але не ў гатэль: асьцерагалася, што адчувальна стомленая, ня вытрымае спакусы і прыляжа на спачын. А ёй хацелася яшчэ больш навярэдзіць сваё цела, да немачы, каб такім чынам яшчэ больш адчуць сваю набліжанасьць да заняпалага Андрэйкі.
Вольга, няўклюдна шоргаючы падэшвамі па ходніку, ішла па горадзе куды вочы глядзяць. І нават гэты шоргат нагадаў ёй шчасьлівыя дзянёчкі з каханым. Калі пасля палкіх любошчаў ім раптам тэрмінова даводзілася куды-небудзь сыходзіць, яе натамлёныя да млявай ватнасьці ногі запляталіся, не раўнуючы як цяпер. І Андрэй заўсёды прыкмячаў, зьвяртаў на гэта ўвагу ды трошкі з гумарам цешыўся з яе слабасьці. Таму што бачыў мілыя праявы сваёй мужчынскай сілы.
Неўпрыкмет Вольга дайшла да казіно і ўжо хацела было перайсьці на той бок вуліцы, але перадумала. Чаго цурацца людзей, а на ганку казіно стаялі колькі прыгожа апранутых мужчынаў і жанчын, калі яны толькі падкрэсьліваюць яе адзіноту, толькі адчужаюць ад усяго штучнага, што гаротнікі напрыдумвалі дзеля замены хоць чым каханьня.
Вольга прайшла ўшчыльную з ганкам і больш уважліва агледзела гульцоў.
Потым яна паблукала па парку, зайшла ў невялічкую краму, дзе прадавалі гаманкіх, прызвычаеных да клетак птушак, потым ёй чамусьці заманулася знайсьці ўбачаную падчас прыезду ў горад пляцовачку з надворнымі шахматамі... І знайшла яе, пастаяла колькі хвілінаў, паназірала, як гульцы няўклюдна пераносяць з месца на месца грувасткія фігуры. Гэтая забава на паветры падалася жанчыне зусім недарэчнай, дзіўнай, як і наогул апошнім часам усё, што бачыла.
Жанчына зірнула на гадзіньнік і накіравалася да шпіталю. Баялася спазь­ніцца: Глюман жа, няхай сабе няпэўна, адвёў час на прагулянку. І Вользе не хацелася парушаць яго. Яна наогул ва ўсім імкнулася да драбніцаў падпарадкавацца яму, гэтаму ўпэўненаму ў сабе і ў той жа час далікатнаму, абачліва-ўдумліваму чалавеку, які засноўваў кросенцы вялікай надзеі.
Мусіць, трохі ўзбадзёраная гарадскім шпацырам, Вольга даволі шпарка рушыла па шпітальным калідоры, толькі гулкі грукат абцасікаў па падлозе крыху супыняў яе – не хацелася хоць якім чынам пазначаць сваю пры­сутнасьць. Быць, жыць, існаваць толькі ў гаворцы з Андрэйкам!
На дзьвярах пакоя каханага жанчына ўбачыла цыдулку: «Можна. Заходзьце. Глюман» – і гэта яшчэ больш узбадзёрыла яе.
Вольга, як толькі ўвайшла ў пакой, адразу заўважыла, што на Андрэйку акуратна разраўняная коўдра. І гэта непрыемна ўразіла – зьбянтэжыла недарэчнае, але ж і неадпрэчнае адчуваньне: каханы належыць ня толькі ёй. І жанчына асьцярожна падправіла рагі коўдры, падышла да акна.
«Горад, Андрэйка, прывабны, – пачала знячэўку Вольга, нібыта яны толькі што пахадзілі подручкі, вярнуліся з прагулянкі ўдваіх. – Мы б з табой яго хутка асвойталі. Не раўнуючы як наш. А хіба шмат для гэтага трэба? Як для ўсіх закаханых – залева, напрыклад. І каб зьнянацку. Каб зладзілася кінематаграфічная банальшчына: з прыбітымі да целаў кроплямі кашулькай, су­кенкай, з пераблытанымі кудламі мы бяжым з табой па ходніку і шукаем якой схованкі, дзерганулі адны дзьверы – зачынена, другія, трэція – нарэшце. Зачыніліся, захінуліся ў затулак – і давай цалавацца, горача, пажадна, глытаючы няўцёртыя кроплі... Хтосьці зайшоў у пад’езд, а мы не зважаем. І на нас не зьвяртаюць увагі. Дождж – правакатар любошчаў. І «намалілі» б мы тыя сьцены гарачымі слоўкамі... А тады яшчэ, іншыя, іншыя...
Шкада толькі, што тут гурбаў узімку не бывае. А так бы мы і каторую з іх сваёй прысутнасьцю пазначылі. Дзе-небудзь у патаемным куточку парку. Мы ж гэта ўмеем, праўда, Андрэйка? Памятаеш, як на радзіме: вяртаемся з вечарынкі, запозна, нават таксі на вуліцах ня ўбачыш, блукаем, то па беразе рэчкі напрасткі шыбуем, то праз парк – ані душы наўкруг, а нам весела, хораша. І раптам такая нясьцерпная хоць агарнула, што пад каптурыкам гурбы і суцешыліся – што тая завея супраць нашай гарачыні? І, мусіць, мы, Андрэйка, рабілі гэтае якраз дзеля пацьвярджэньня сваёй маладой могласьці. Ці ўсё ж гэта толькі нясьцерпнасьць змушала? Хто яго ведае...
А яшчэ, Андрэй, сёньня ў горадзе, ты не паверыш, я ўбачыла мужчыну, вельмі падобнага да вашага вясковага Мюнхгаўзена, Толіка Барбуляку, суседа тваёй маці. І кропелькі пабраў – такі ж даўганосенькі, пулькаты, скулы выпінаюць... Толькі што люльку духмяную, а не папіроскі паліць ды ў шахматы, а ня ў дурня з субутэльнікамі гуляе...
Калі вярталася сюды, узгадала показку, якую распавёў нам аднойчы гэты манюка і выдумшчык. Можа, ты падумаў – пра пчол зімовых кусь­лівых? Не! Пра радыёпрыёмнік згадка. Як яны з бацькам пасля вайны знайшлі ў лесе нямецкую рацыю, а тут якраз прыёмнік зламаўся. Дык выцягнулі са знаходкі лямпу падыходзячую, уставілі замест сапсаванай, а прыймач ... па-нямецку загалдуечыў... Паспрабуй прыдумай такое! Во як заплялося ўсё тут, у такой далечыні...
Лістабой на двары, Андрэйка, – Вольга правяла далонькай па шыбіне. – Бульбу ў нас даўно выкапалі і перабралі ўжо... – Яна раптам зьбілася з тропу ў сваёй гаворцы, адчула, што сплятае неабавязковае, нятрапнае, і засмуцілася, засумавала. – Так хочацца ў вёсачку тваю. Пагрэцца каля грубачкі, зварыць у саганку бульбачкі з кменам, да прыгарачак зьверху...
А Юраська наш з бабуляй цяперака. Я тэлефанавала ўчора. Чакае цябе, маркоціцца. А сьпіць наўпрост на радзіме сваёй, на тым самым ложачку, мой любы, што за шафай.
Да драбніцаў памятаю наша сьвітаннейка. Як прыгарнулася да цябе, мой саколік, выпруценілася, усім сваім улоньнем вымкнула насустрач. Потым зноў, зноў... І сьпяшалася, сьпяшалася, толькі б найхутчэй адчуць гарачы дотык да майго прадоньня адляцелай ад тваёй прыторкнутасьці птушачкі. Ды зладзіць ёй сіло – там, сьцяцца, можа, паветра набраць і ня дыхаць, увагнуць далонькамі жывот... Я проста ня ведала, што рабіць. А ўсё ж было, як звычайна, асалодна ды яшчэ з большым абуджальным пра­цінаньнем усёй маёй істоты. Толькі ў мяне ўжо была таямнічая мэта, і я ўпершыню не зазірнула ў твае вочкі, любы Андрэйка. Бо думала ўжо не пра сябе, не пра сваё душэўнае прыпірышча, а пра ягонае, існае. Мне ўжо не хацелася, каб жыцьцядайны прасьцяг разьвінаўся ў табе, але, наадварот, каб ува мне – з маўклівай стоенасьці ў глыбіні дробненькага зернятка. А з табой я была толькі спачатку. І ты адчуў гэта, мой любы, я ведаю. І не засердаваў, а падалося мне, спачатку зьдзівіўся нібы якой радаснай нечаканай навіне, а потым пачаў шкадаваць мяне, цалаваць, ды ня так, як звычайна, а ў лоб, скроні, у далонькі... І ў цябе, Андрэй, быў ужо зусім іншы позірк, напоўнены не спагадлівай замілаванасьцю, а спагадлівай пяшчотай, трошкі нават са смугой тугі, як бывае ў людзей, калі яны выпраўляюць блізкіх у далёкае падарожжа. Ці, можа, табе здалося, што я чым-небудзь ахвярую?..
А я ўпершыню адчула сябе куды дужэйшай за цябе, куды больш рашучай і нават мужнай. А потым, памятаеш, мы ўпраўляліся па гаспадарцы, дапамагалі маці ўпарадкоўваць сена, іншае рабіць. І ты так зычліва апекаваўся мною, нават суды вады перахапіў на сьцежцы, каб ня несла сама. І мне было так усьцешна і сьмешна адначасна. Божа, як гэта шмат трэба, каб адчуць сябе сапраўднай жанчынай...»
– Фрау Вольга...
У парозе стаяў Глюман. Захопленая размовай, жанчына зноў не пачула, калі прафесар, як мыш, паскроб вушак, потым сьцішана гукнуў, потым грамчэй. Ён зноў вывеў яе ў калідор.
– Вельмі шмат сёньня зрабілі. Цяпер няхай цішыня пабудзе, фрау Вольга. Адпачніце.
Жанчына хітнула галавой:
– Як скажаце... – але на гэты раз і зазірнула ў вочы прафесара, каб убачыць хоць які знак на добрае.
Глюман дастаў з кішэні пакунак з тытунём і наважыўся ўжо набіваць люльку, потым апамятаўся – ня месца, і пайшоў. На хадзе азірнуўся і прамовіў толькі адно:
– Будзем, будзем спадзявацца, фрау Вольга.
Раптам у калідоры запалілі сьвятло і яно замігцела спачатку, як язычкі сьвечак, пакуль не атрымалі належнага напружаньня даўжэзныя лямпы. Толькі цяпер Вольга зразумела, што на двары ўжо разьлілася вечаровая смуга, пара зьбірацца дадому. І жахнулася сваіх думак: нібыта ёй і сапраўды «дадому», нібыта з работы, толькі і засталося прайсьці колькі сотняў метраў па вуліцы ды зазірнуць у знаёмую да кожнага куточка краму... Жанчыну агарнула роспач ад гэтай міжволі прыкмечанай у сабе чалавечай жывучасьці, калі нават падчас такога невыноснага гора сьвядомасьць па інерцыі зьвязвае разарваныя ніты звыкласьці. Яна ледзь не заплакала, але стрымалася. Прытулілася да сьцяны, пастаяла колькі хвілінак і пайшла апранацца.
А на вуліцы ліхтары яшчэ не запалілі, і зыркае ўдзень лісьце ляжала на ходніках і вісела на галінах цьмянымі плямамі. Вользе цяпер не хацелася ісьці да гатэлю знаёмымі мясьцінамі, тым больш каля казіно ці шырокім бульварам, на якім звыкла шпацыруюць улагоджаныя курортнікі. Яна пайшла наўкруг, куды вочы глядзяць.
Ішла і думала: «Што ж гэта такое ведае пра яе Андрэйку Глюман ды выяўляе так укосна-цьмяна? Што ён там прачытвае ў ламанай зялёнай лініі ягонага жыцьця? Чаму зноў і зноў перапыняе, калі, здаецца, каханага трэба клікаць і клікаць, як і было задумана, з небыцьця? А можа, усё ўжо незваротна, можа, зусім непатрэбнай стала мая гамонка дзеля вяртаньня Андрэйкі, і прафесар проста з далікатнасьці дае выгаварыцца, паспавядацца? Можа, мяне самую ўжо так ратуе?»
Вольга прыпынілася, агледзелася. І зразумела, што апынулася ў зусім незнаёмым месцы, адкуль добра была бачна пляскатая гара, на якой стаяла падсьветленая замкавая будыніна – нібы доўгі карабель. Жанчына бачыла замак і ўдзень, але ня так выразна, як цяпер. І хуценька ўцяміла, што трэба вяртацца, ці калі ісьці наперад, дык павярнуць у той бок, дзе прыблізна месьціцца гатэль. Назад вяртацца, тым больш з кім-небудзь гутарыць, пытацца дарогі, ёй зусім ня рупіла, хацелася як мага даўжэй пабыць на самоце.
«Якое звужанае пачуцьцё – каханьне, – думала жанчына. – Адкрываецца толькі двум – і больш нікому. І нікуды яго не прыладзіць, не скарыстаць. Само па сабе. Як вышняя воля. Як сродак дзеля сьпяленьня душы, падрыхтоўкі яе да адлёту ў вечны вырай...»
Вольга спужалася сваіх думак і зноў прыпынілася ды агледзелася. Цяпер яна ўжо распазнала, дзе гатэль. Але не пасьпела зрабіць і кроку, як раптам адначасна запаліліся вулічныя ліхтары – таксама міргатліва, і яна адчула, што нібыта зноў апынулася ў шпіталі і зноў давядзецца ісьці глухім доўгім калідорам. Ад Андрэйкі.

l l l
Як толькі жанчына ўвайшла ў гатэльны пакой, адразу, бяз дай патрэбы зірнула на гадзіньнік. Зялёныя лічбы нагадалі ёй шпітальны дысплей з імклівай Андрэйкавай лініяй. І, надзіва, пульсуючае секунднае двукроп’е цяпер не падалося такім раздражняльным, як раней. Наадварот, нават крыху ўсьцешыла.
Вольга ня ведала, што рабіць. Яна нават ня глянула на ежу ды мікра­хвалёўку, якую сьпецыяльна прынесла сюды клапатлівая гаспадыня гатэлю. І даглядаць сябе, чысьціць перад сном «пёркі» насуперак звычцы таксама не схацелася. Як была ў вопратцы, села кулём у фатэль і прымружыла вейкі. Але раптам забаялася, што засьне, дык узрушылася. Ёй закарцела хоць чым-небудзь заняцца – неабавязковым, дробным, каб хоць якой напоўненасьцю надтачыць час. І жанчына надумала... прыбраць і без таго ў акуратна абладаваным чысьцюткім пакоі. Узялася перасьцілаць ложак, нібыта і не зьбіралася класьціся спаць, папраўляць сурвэткі, нанова расстаўляць, перакладваць у лазеньцы свае флаконы і цюбікі.
Потым зноў зьнерухомленая сядзела ў фатэлі. Потым, стомленая трывожнымі думкамі, хадзіла з кута ў кут. Але пакрысе яе пахінула ў сон. І Вольга вырашыла здацца – трэба ж адзін дзянёк ад другога адмежаваць.
Змаркочаная, яна, згадала колішні расповед Андрэя: калі хочаш усьведамляць сябе і ў сьне, гаварыў ён, трэба ўлегчыся не ва ўтульнай звужанасьці мяккай люлі, а на чым цьвердаватым, шырачэзным, каб адчуць гарызантальную прасторавую неабціснутасьць, бо такая «згубленасьць» цела падчас сну якраз і спрыяе самаўсьведамленьню. Праз неўладкаванасьць якраз і намацваеш у царстве Марфея душу.
І Вольга паслала сабе на падлозе. Коўдра... прасьціна... яшчэ адна коўдра...
Пакуль засынала, думала пра Андрэя: «А ён жа, мусіць, зусім ня чуе пад сабой ложку, уся зямная юдоля – ягоны ложак».
Жанчына нічога ня сьніла да самай раніцы. Але сапраўды, час ад часу яна адчувала сябе вільгацьцю, якая да мікрона, да малекулы расьцякаецца па раўнюткай, адпаліраванай паверхні, а потым сама сябе па бруйках зьбірае ў збанок.
«Вось так бы і Андрэйка сябе сабраў», – падумала яна спрасоньня і зірнула на гадзіньнік. Не разгледзела, ды і не памкнулася разгледзець лічбы.
Зноў абрынулася ў сон, але праз колькі хвілінак прачнулася. І пачала зьбірацца.

l l l
На двары яшчэ густым мроівам стаяла шарая гадзіна. Але Вольга ўсё адно мусіла ісьці. І цяпер, як і пры вяртаньні ў гатэль, ёй заманулася крочыць да шпіталю якім-небудзь іншым шляхам, не наўкруг, але іншым, нібыта гэта абяцала шанцунак. Дык пайшла наўзбоч ходніку, завулачкамі, брукаванымі сьцяжынамі. Горад толькі абуджаўся ад сну, і на яе вачах асьвятляліся вокны. «Што яны робяць цяпер у сваёй зашклёнасьці? – падумала Вольга. – Але што робяць... Расчухваюцца. Мыюцца, голяцца. Каву гатуюць. Бутэрброды ладзяць. Пра дзетак гавораць, пакуль яны яшчэ сьпяць, пра справы свае...»
І жанчыне, насуперак змрочнаму настрою, захацелася, каб асьветленых вокнаў станавілася больш і больш – наперадзе, па баках, ззаду, паўсюль. Ёй падалося, што гэтае ранішняе сьвятло цепліць і яе прысутнасьць на сьвеце, кожны ейны крок па яшчэ заспаным горадзе.
Неўзабаве Вольга падышла да шпіталя, але збоку, і рушыла ўсьцяж сьцяны да цэнтральнага ўваходу. Ішла і таксама ўглядалася ў вокны, найперш у асьветленыя – шукала сярод іх Андрэйкава. А калі знайшла, прыбавіла кроку.
Ахоўнік адчыніў ёй дзьверы неахвотна, а прапусьціў толькі пасьля ўгавораў, ды яшчэ Вольга схітрыла – маўляў, забылася мабільны тэлефон у сястрычак, а край трэба пазваніць. Так нясьцерпна ёй захацелася хоць слоўца сказаць каханаму.
Хуценька распранулася ў пакоі сястрычак, а дзяжурыла толькі адна, старэйшая – Моніка, і яна вельмі зьдзівілася такому раньняму прыходу Вольгі, нават разгубілася, ня ведала як быць. А калі зразумела, што фрау хоча пайсьці да Андрэя, замахала рукамі: нельга без дазволу прафесара! Літасьці ня будзе! Могуць назаўтра ж звольніць!.. І Вольга прынялася за ўгаворы, скарыстала ўсё сваё магчымае на нямецкай мове красамоўства. А калі зразумела, што анічога не дапамагае, проста круценька выйшла з пакою і шпарка пакрочыла да каханага. Моніка спрабавала запыніць, але марна – Вольга пасьпела зайсьці ў палату. Упохапку яна забылася ўскінуць на сябе халацік. Медычная сястрыца, якая хутка з усім зьмірылася ды вырашыла, што ўзьнімаць каля хворага вэрхал яшчэ горай, падала яго праз прыадчыненыя дзьверы. Вольга атуляла сябе накрухмаленай бельлю і казала:
«Я так змаркоцілася без цябе, Андрэечка, так змаркоцілася...» На гэты раз словы яшчэ больш разьняволена ліліся бруістай ручаінкай, жанчына і на імгненьне не задумалася, каб іх як-небудзь наўмысна выструньваць, «падрыхляць», абачліва высьцілаць кладачкай. Шмат перадумаўшы, яна ўжо была перакананая: што б ні сказала, Андрэй, калі чуе, усё зразумее і ўсё даруе. Іх жа заўсёды лекавалі шчырыя пачуцьці.
«Ой, зьдзівілася я з цябе зараз, любы. Памятаеш, як ты казаў мне аднойчы: іду ранічкай на працу ці па якіх іншых справах і нібыта кол сабе на галаве зачэсваю: уяві, адчуй, зразумей, што аднаму табе лепш, чым у грамадзе, што адзінота – толькі і ёсць усходжым семем, з яго творчасьць прарастае, макавая пушка душы вылушчваецца з пялёсткавых аблудных прыўкрасаў. Што адзінота глыбей, чым сьветагляд. Я слухала цябе і дранцьвела: як жа так! А дзе маё месца ў гэтай усеабдымнай і, як вынікае, такой адпрэчнай адзіноце? Мы ж палавінкі суцэльнага, а тут вось як яно. Слухала і не падавала знаку сваёй крыўды і разгубленасьці. А потым суцяшала сябе, як магла. Ну, добра, думала, заняты сваімі матэматычнымі пірамідамі, філасофскімі росшукамі – гэта зразумела, я тут не да пасу. Тут ніхто не да пасу. А ва ўсім астатнім? Мне хаця б куточак які вузенькі на ўскрайку гэтай адзіноты...
Як заўсёды, захаплялася тваёй шчырасьцю, за якую, дарэчы, перш за ўсё і палюбіла. Але ж, як шашаль, тачыла душу мая, мая праўда. І рэўнасьць. Ты мне казаў пра сваю жаданую адзіноту, а мне здавалася, што гаворка ідзе пра вабную, пажадную, але капрызьлівую, непрыступную жанчыну. Задушыла б, здаецца, толькі дай за тую шыю ўхапіцца. І ў думках асуджала цябе, мой саколік, за эгаізм. Толькі пра сябе думае! Але як толькі ты мяне абдымаў ці подручкі браў, дык адыходзіла адразу: а я хіба не пра сябе? Толькі што прастора маёй душы не адасобленая, у тваіх на­дзелах яна.
Калі ты захапіўся Бібліяй, я таксама пачала яе наноў перачытваць, больш уседліва. Толькі ўпотай, каб ты ня бачыў. Не хацелася выдаваць, што ва ўсім у твой сьлядок патрапіць мушу. Дык пачала задумвацца: а як жа там было, ці так у Евы з Адамам? І раптам праясьнілася мне: а яны ж спачатку наогул ня ведалі ні адзіноты той, ні сварачак якіх, ня мелі хоць якога памкненьня патлумачыць што-небудзь у сьвеце, дайсьці да сутнасьці, тым больш – стварыць. Усё ж было наяве, «палучанае», як кажа твая маці. Душа была да драбніцаў урэчаісьнена звонку»... – Вольга раптам змоўкла, бо нечакана для сябе ня ведала, што казаць далей. Прайшлася па пакоі, ёй захацелася хоць на колькі хвілінак адцурацца словаў. «А можа, і гэта ёсьць сыходам у адзіноту, – падумала яна. – Андрэй жа слухае, чакае працягу, а я маўчу...» Вольга зноўку зьвярнула ўвагу на кветкі: «Няўжо ўвечары сьвежыя паставілі?.. Вось якая яна цяпер, райская купіна...» Падышла да тумбачкі і зусім нечакана для сябе не пачала папраўляць букет, а выцягнула верхнюю шуфлядачку. І здранцвела: на акуратна складзенай сурвэтцы ляжалі Андрэевы акуляры. Яна пагладзіла шкельцы і адышла. Сьцялася ў нерухомасьці, потым зірнула на каханага. Хацела загаварыць, а словы горкім камяком заселі ў горле. Пастаяла колькі хвілінак.
«Я спраўлюся, – падумала жанчына, а насамрэч прамовіла. – Ты ж са мной, Андрэйка. Я баюся адзіноты, я не хачу яе. Я ня ведаю, навошта яна наогул. Зусім ня ведаю. І навошта нам словы, ня ведаю, калі аднаго позір­ку дастаткова. Аднаго твайго позірку. У ім і купіны райскія, і грахі нашыя, усё. Усё».
Вольга азірнулася і змоўкла. А тады ўкленчыла і пачала цалаваць, ца­лаваць Андрэеву руку.
Праз колькі хвілінаў дзьверы шырока расчыніліся і ў праёме зьявілася разгубленая, са сьлязьмі на вачах Моніка. Сястрыца і падумаць не магла, што Вольга ўжо ўсё ведае пра простую лінію на дысплеі, якая незваротна закрэсьлівае надзею.