12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Бестыарый майго савецкага дзяцінства


АКУЛА – імперыялізму. Плавае ў акіяне ў чорным буржуйскім капелюшы-цыліндры. Востразубай пашчай зжырае дробных прадпрымальнікаў і беднае негрыцяня Тубі. На акуле ездзіць зладзюга Бармалей, напяваючы: “Ты лети, моя акула, все четыре плавника”. Істота выключна шкодная для міру ва ўсім свеце. Паколькі ніхто са знаёмых яе не бачыў, у прыродзе не існуе.

АЛЕНЬ – паўночны. Пры сустрэчы абавязкова належыць прамовіць з піетэтам: “Так вот ты какой, северный олень!”. Жыве ў суровых умовах, працуе на ненцаў, непераборлівы, горды, як савецкі палярнік. Рогі аленя добра служаць замест вешалкі. У Аленя на нейкі час ператвараецца Кароль, падмануты сваім дарадчыкам, у тэлевізійным спектаклі па казцы Карла Гоцы, але спектакль запамінаецца найперш выслоўем аднаго з персанажаў: “А я ем яблык і гляджу ў вакно!”.

АСЁЛ – ягонай мачой можна разбаўляць бензін (гл. фільм “Джэнтльмены ўдачы). Асёл Іа з мультфільма пра Віні-Пыха губляе хвост, які прыбіты да азадку цвічком. Асёл – адзін з “Брэменскіх музыкаў”, падобна, прыхільнік панк-року, бо аднойчы на сцэне спусціў штаны, паказаўшы свецкай публіцы, каралю і прынцэсе азадак. Прынцэса, схільная да андэграўнду і рок-музыкі, відовішчу ўзрадвалася. У байцы Крылова Асёл таксама музыка, чыя творчасць у гурце “Асёл, Казёл і Касалапы Мішка” ўспрымаецца масамі як сумбур замест музыкі. У некаторых мульціках асёл – гэта Вослік, маленькі, з апушчанымі вушамі і сумнымі вачыма, яго вельмі шкада. Ён пяе галасамі адразу двух бардаў Нікіціных пра тое, што сябры не растуць пры дарозе. Асёл існуе, бо яго паказваюць у цырку.

БАБЁР – цалкам станоўчы персанаж, жывёльны пралетарый (паралельны персанаж – жывёльная Сялянка – гл. Пчала). Бабёр будуе плаціны. Будаваў, будуе і будзе будаваць, як запаведваў яму вялікі… карацей, нехта вялікі. Для чаго бабрыная грандыёзная будоўля – уяўляецца цьмяна, але сама з’ява “плаціна” (ГЭС, ГРЭС і г.д.) мае высокі грамадзянскі статус. Нельга браць на веру, што бабёр завіхаецца, толькі каб узвесці ўласнае жытло, бо ён – не мяшчук. Ён – перадавік вытворчасці, немалады запаволены майстар, у “спяцоўцы”, з выступаючымі наперад пярэднімі зубамі і з самавітымі вусамі. Стрыжка “пад бобрык” да бабра дачынення не мае, але пра гэта ніхто не ведае.

БЕГЕМОТ – баіцца ўколаў. Таму захварэў жаўтухай. Не трэба быць такім баязліўцам, як жоўты бегемот. Бегемот, як і беларус, звязаны з архетыпам балота – звычайна ён туды правальваецца, і яго трэба выцягваць усім светам. Парсючок Фунцік знаходзіць Бегемота ў балоце, якое той адмаўляецца пакідаць, дэманструючы рысы праўдзівага беларуса: ён разумее, што балота гідкае і гіблае, але нізавошта ў гэтым сам сабе не прызнаецца.

БЕЛЫ МЯДЗВЕДЗЬ – круціць зямлю з дапамогай трэння ўласнай спіны аб зямную пратарчаку (вось) (гл. фільм “Каўказская палонніца”). Сустракаецца ў выглядзе цукеркі “Мішка на Поўначы”. Слугуе Дзеду Марозу і Снягурцы. У апошнюю безнадзейна закаханы. Выдатна таньчыць, харчуецца рыбай і прыпасамі савецкіх палярнікаў. У дзяцінстве яго завуць Умка, матуля спявае яму калыханку пра суседзяў – зорных мядзведзяў.

БУРЖУІН – у нас вынішчаны, водзіцца ў цяжкадаступных месцах планеты. Вельмі тоўсты. Носіць капялюш-цыліндр (гл. АКУЛА) і недаробленыя акуляры на адно вока. Закатаваў Мальчыша-Кібальчыша. Падлягае непазбежнаму выміранню.

БУСЕЛ – персанаж на цэтліку малдаўскага віна. Бусел на даху – сімвал міру, слоган спявачкі Сафіі Ратару. Ходзіць у чырвоных ботах і дапамагае жабцы-падарожніцы адправіцца ў далёкія краі. У бусла ператвараецца прыгажун-каліф, падмануты хітрым чараўніком (падобны вобраз – Кароль-Алень, гл. АЛЕНЬ). Каліф-бусел ходзіць з папяровай дзюбай і размахвае шырокімі рукавамі, іншыя героі фільма-спектаклю старанна прымаюць яго за птушку. Карнавальны касцюм бусла рабіць проста, але нікому не хочацца: доўгая чырвоная дзюба падаецца смешнай.

ВАВЁРКА – харчуецца золатам і смарагдамі, прычым нават не харчуецца, а, песні пеючы, расколвае арэшкі залатыя, смарагдавыя сэрцавіны выплёўвае ў скарбонку царэвіча Гвідона. І чым яна ў такім выпадку жывіцца – незразумела, можа, батарэйкамі ці спружынкамі. Бо вавёрка завадная – дужа распаўсюджаны від. Асабліва папулярны па фільме “Ляцяць жураўлі”, дзе герой, якому наканавана загінуць на фронце, дорыць завадную вавёрку каханай дзяўчыне. Вавёрка з мульцікаў гаспадарлівая і запаслівая, нанізвае на галінкі грыбы, жыве ў дупле, сябруе з Вожыкам (гл. ВОЖЫК). Сустракаецца ў выглядзе хваробы дзядзек-суседзяў (“белачка”). У вавёрку ператвараецца Варвара-Краса – Доўгая Каса, дачка вадзянога цара, каб дапамагчы свайму каханаму. Марожанае “Вавёрка” – у вафельных стаканчыках, з арэхамі. Занадта салодкае.

ВОЖЫК – жыве ў тумане. Стрыжка “пад вожык” мае непасрэднае дачыненне да Вожыка. Працалюбны, паранармальна запаслівы. Як заведзены, носіць у хату на ўласных голках грыбы і яблыкі. Часам ходзіць з кульбачкай. Размаўляе прымаўкамі і прыказкамі. Стары халасцяк, і не зразумела, нашто яму столькі прыпасаў. Сябруе з Вавёркай (гл. Вавёрка). Часам сустракаецца ў выглядзе часопіса і пірожнага. Вожыка робяць з яблыка – гэта складана, і з шышкі, гэта лёгка, з дапамогай пластыліну. Сустракаецца ў жывым кутку.

ВОЎК – савецкая мутацыя ката Тома. Стыляга з грыўкай у расклешаных нагавіцах, з цыгарэтай, што прыліпла да ніжняй губы. Сексуальна заклапочаны, магчыма, педафіл, бо бясконца ціскае непаўналетняга напарніка і прызнаецца ў палкай жарсці да яго (гл. ЗАЯЦ). У навагоднім выпуску “Ну, пачакай!” уяўляе з сябе першага адкрытага савецкага трансвестыта, выступае на сцэне ў касцюме Снягуркі з вульгарным макіяжам у стылі “бурлеск”. У народных казках брутальны і дурнаваты, жарэ ўсё, што рухаецца, ловіць хвастом у палонцы рыбу, вые на поўню. Вечна галодны. Улюбёная фраза – “Шчас спяю!”.

ВЯРБЛЮД – плюецца. Ходзіць караванам. Карабель пустыні. Кіруецца звычайна ў Учкудук.

ГАСТРАНОМ – з’явіўся ў нас у 1970-х. Паглынуў крамы “Прадукты”, “Малако”, “Мяса”, “Булачная”. Адметны самаабслугоўваннем і плеценымі з рознакаляровых правадоў кошыкамі, якія выдаюцца наведнікам, на жаль, не назусім. Уяўляе з сябе ажыўленую частку вантробаў, бо імя перакладаецца як “страўнік чалавека”. Прадукты са страўніка не адметныя нічым.

ГОЛУБ – міра. Галубы дзеляцца на белых сімвалічных і звычайных шэрых, якія загаджваюць асфальт і балкон і патрабуюць, каб ім крышылі батон. Сімвалічны голуб не жарэ і не гадзіць, ён лунае ў блакітным небе, яднаючы народы, таму ў яго нельга страляць.

ГУСЬ – адзін шэры, другі белы, абодва вясёлыя тунеядцы, жывуць на ўтрыманні самотнай бабулі. Гусі могуць выкарыстоўвацца для падарожжаў (гл. мультфільм пра прыгоды хлопчыка Нільса). Самая вядомая гусь мае неверагодна цяжкае імя – “Аккакнебекайтэ”.

ДЭЛЬФІН – ратуе людзей. Ваюе з акуламі. З дэльфінам можна размаўляць з дапамогай міелафону (гл. фільм “Дзяўчынка з будучыні”). Водзіцца ў Артэку.

ЖАБКА – падарожніца (гл. БУСЕЛ). Фантан у дзіцячым парку, выпускае з роту струмень вады. Царэўна, якая адначасова сялянка, бо, скінуўшы жабіну скуру, увішна выконвае па начах сельскагаспадарчыя работы для сям’і свайго патэнцыйнага мужа Івана-дурня (варыянт з мужам-царэвічам не экранізавалі як ідэалагічна няправільны). Жабка карысная, бо есць машкату, але ад яе бываюць бародаўкі. Надзімаць жабку праз саломінку піянеру сорамна. Жабка мужчынскага полу кепская: жаб-самец хоча жаніцца на Дзюймовачцы, не разумеючы, што яна не зможа адкласці ікру.

ЖЫРАФ – “большой, ему видней”. На плакатах у дзіцячай паліклініцы ў яго заўсёды хворае горла, заматанае шалікам, таму што ён не загартоўваўся і не слухаўся маму. Сустракаецца ў выглядзе лазанкі на дзіцячай пляцоўцы. Чым харчуецца, невядома, ніхто аніколі яго не бачыў.

ЗАМЕЖНІКІ – падобныя да людзей. Падзяляюцца на соцлагерных і капіталістычных, сярод апошніх ёсць шпіёны і дыверсанты. Дыверсанты зашываюць у швы джынсаў, што прадаюцца ў ГУМе па спецзаказах, стужачкі з бацыламі сібірскай язвы. Замежнікі прывозяць значкі, якімі можна абменьвацца, і жуйкі. Сярод замежнікаў здараюцца негры, пры сустрэчы з імі трэба ўсяляк падкрэсліваць, што быць неграм – гэта нармальна. З усімі замежнікамі трэба ўсталёўваць кантакт, і тады яны зробяць у сваіх краінах сацыялістычную рэвалюцыю (там, дзе яшчэ не зрабілі). Усталёў­ваць кантакт лепей за ўсё з дапамогай Матрошак (гл. МАТРОШКА). Ад сузірання Матрошкі, асабліва працэсу яе размнажэння, Замежнік упадае ў калапсічнае захапленне і гатовы да ўсяго, нават рабіць рэвалюцыю.

ЗАЯЦ – вядзе “Спакойнай ночы, малышы” пад імем Сцяпашкі, размаўляе голасам актрысы Румянцавай, пасля здымак перадачы ідзе ў лес касіць траву і спяваць “А нам всё равно…”. У зайца чатыры сыночкі і лапачка-дочка. Яшчэ ў яго бывае дубальтоўка, з дапамогай якой ён захоплівае ўладу ў лесе. У дзетсадаўскі перыяд Зайцам пабываў практычна кожны хлочык, гэтак жа, як практычна кожная дзяўчынка – Сняжынкай. Дзяўчынка-зайчык – нонсэнс, бо Плэйбоя не існуе. Зайчык, які муціраваў дзеля савецкіх дзяцей з дыснееўскага мышаняці Джэры, пяе Санта-Лючыю і гэтак упарта ўцякае ад Ваўка (гл. ВОЎК), што хочацца яго прыстрэліць. Персанаж папулярнай загадкі пра ўлетку беленькі, узімку шэранькі. На Новы год здараецца шакаладны, фабрыкі нейкага Бабаева. Бабаеў-Бабайка дзяцей дурыць: вялікі шакаладны заяц, упакаваны ў каляровую фольгу, унутры пусты. Калі ў Зайцы ёсць ключык, яго варта пакруціць, і Заяц пачынае біць у барабан.

ІКУКУ – таямнічы персанаж песні з кінафільма “Тры мушкецёры”, якую перапісвалі ў свае альбомы школьніцы (“Пора-пора-порадуемся на своем веку красавице Икуку”). Пра тое, што словы гучалі “красавице и кубку”, былыя школьніцы даведаліся ў сталым веку.

КАЛАБОК – мутант без канечнасцяў, з вачыма і балбатлівым ротам. Раздражняе песенькай з паўторамі. Звязаны з незразумелымі “сусекамі” (бабуля, каб яго спячы, па тых сусеках шкрэбла. Не блытаць з адсекамі касмічнага карабля!). Не зразумела, чаму гэтая дарэшты выкачаная ў гразі булка выклікае ва ўсіх сустрэчных персанажаў апетыт. Пакуль калабок дакаціўся да лісы, неадменна падчапіў зграю палачак (гл. ПАЛАЧКА (кішэчная)). Але пра тое, што калабок – не мяса, а хлеб, не ўспамінае ніхто.

КАРАКУЛЬ – звер, з футра якога пашытыя шапкі і каўнеры начальнікаў і генералаў. Ён чорны альбо шэры, спалучаецца з лампасамі і трыбунай Маўзалея. Выводзіцца ў спецзаказніках (гл. ЛІСА (чарнабурая).

КАРАНДАШ – мутант, карузлік з жоўтымі валасамі і тоўстым алоўкам замест носа. Жыве ў часопісе “Вясёлыя карцінкі” і ў мульціках, малюе чамусьці не носам, а пэндзлем, малюнкі часам ажываюць. Якім чынам дыхае, навукай не ўстаноўлена. Таварыскі, дужа рухавы, з альтруістычнымі рысамі характару, трохі надакучлівы. Клоун Карандаш не мае носа-алоўка, затое мае сабаку Кляксу.

КАРОВА – Буронка, дакладней, Буронушка. З яе вырастае яблынька, якая дапамагае Крошачцы-Хаўрошачцы, няшчаснай працалюбнай сіраце, удала выйсці замуж насуперак злой мачысе. З дапамогай кароў савецкія даяркі перавыконваюць план. Савецкія пастухі пяшчотна любяць сваіх кароў. Калі Буронушка заблукае ў лесе, пастух ходзіць між бяроз, пяе пра яе лірычныя песні і плача. Пастух Леанід Уцёсаў з камедыі “Вясёлыя рабяты” прыводзіць сваіх кароў нават у свецкі салон. Цукеркі “Кароўка” смачныя тады, калі ўнутры яшчэ не застыла-сыпкія, а мяккія, цягучыя. Паняцці “карова” і “гавядзіна” звязваюцца кепска.

КАЧКА – Шэрая Шыйка. Няшчасная птушка з параненым Лісой крылом, якая не можа зляцець у цёплыя краі. У асяродку савецкай інтэлігенцыі атаясамлялася з невыязнымі дысідэнтамі. Качаняткі служаць прыкладам здаровага ладу жыцця – штораніцу добраахвотна ўмываюцца і абліваюцца халоднай вадой. Умеюць хадзіць шарэнгай, у нагу. Качка сустракаецца ў выглядзе пластмасавай лейкі. Як хатняя дарослая жывёла, можа быць увасабленнем абываталя – не разумее адметнасці Дзікага Качаняці, з якога вырастае Лебедзь (гл. ЛЕБЕДЗЬ).

КОТ – калі з вышэйшай гуманітарнай адукацыяй, то Леапольд, любімае выслоўе – “Давайце жыць дружна!”. Калі без адукацыі – то Матроскін, вынаходзіць правільныя канапкі, якія трэба класці кілбасой на язык, улюбёнае выслоўе – “Мая карова!”. Калі з сярэднявечча – Кот у Ботах, дапамагае гаспадару правярнуць фінансавую афёру, падманам адабраўшы маёмасць у даверлівага Людаеда. Кот Базіліа прыкідваецца сляпым, каб прасіць міласціну, сужыцельствуе з Лісой. Самка Ката, Котка – буржуйка, мае ўласны шыкоўны дом, бедных родзічаў сіротак-кацянятак праганяе. Коткін дом згарае, былая буржуйка перавыхоўваецца і ўсынаўляе кацянятаў. Кот дзейнічае як снатворнае, таму дадаецца ў калыханкі. У рэальных бадзяжных катоў водзяцца рабакі і адзёр, таму гладзіць іх забараняецца. Бабуля расказвае, што пры Хрушчове на адным з будынкаў была павешаная дохлая котка і плакат з вершам: “Я при Ленине жила, при Сталине сохла, при Маленкове отжила, при Хрущеве – сдохла». Футра “из котика» не мае дачынення да катоў. Песня “Мурка” таксама. Чорны кот – ахвяра забабонаў, з якімі трэба змагацца. Спыняцца, калі чорны кот перайшоў дарогу, сорамна. Таму можна непрыкметна трымацца за гузік альбо тройчы сплюнуць праз левае плячо.

КІЛЬКА – сустракаецца ў бляшанцы, звычайна ў тамаце. Бедная сястра шпротаў (гл. Шпроты). Жывой ніхто не бачыў.

КІТ – цуда-юда-рыба, а яшчэ месца для жыхарства, праўда, пабудаваны на ягонай спіне горад можа лёгка знішчыцца. Замест зубоў мае рашотку. У надзіманым выглядзе дапамагае вучыцца плаваць. Звычайна сіні.

КОНЬ – носіць будзёнаўцаў, няўлоўных мсціўцаў і мушкецёраў. У Чырвонай Арміі валодае звышздольнасцямі, прынамсі, можа ўцямна перадаць таварышам гаспадара паведамленне, што той “честно погиб за свободу”. На каруселях коні – рознакаляровыя. У цырку – маленькія, называюцца поні. Кожная поні марыць насіць на сабе чырвонаармейца, але павінен усвядоміць, што катаць дзетак – таксама пачэснае прызначэнне. Ад песні “Лошади умеют тоже плавать” плачуць усе: бедныя коні з патанаючага карабля паплылі праз акіян і ўсе патанулі. Сустракаюцца ў небе (“Облака, белокрылые лошадки”). Багатырскі конь манументальны і калматы, пад ягоным капытом прасядае “мацісыразямля”. У моры конь – ссохлы і бязногі. На ім ездзіць купец Садко, які ўмее дыхаць пад вадой.

КРАКАДЗІЛ – часопіс. Праглынуў сонца, за што быў пабіты малым хлопчыкам. Выцягнуў зубамі нос даверлівага Сланяняці. У савецкай мадыфікацыі – слабахарактарны інтэлігент у капелюшы і пінжаку, па імені Гена, стары халасцяк, апякуецца беспрытульнымі мутантамі (гл.Чабурашка), грае на мініяцюрным гармоніку. Падазрэнні ў педафіліі адпрэчваюцца раманам з жорсткай ролевай гульнёй з пенсіянеркай мадам Шапакляк. Праўда, ёсць намёк на нетрадыцыйную арыентацыю – падарожнічае з сябрам у блакітным вагоне.

КРОТ – самы вядомы – чэшскі. Серыял пра крата карыстаецца папулярнасцю не меншай, чым польскі пра Болека і Лёлека. Крот знаходзіць транзістар і вырашае, што той жывы. Любіць кветкі… Мае шмат сяброў… І ўвогуле выдатна бачыць. Вось той крот, што хоча ажаніцца з Дзюймовачкай, сапраўды падслепаваты, у акулярах, затое ў дарагім футры і з кватэрай.

ЛЕБЕДЗІ – заварныя пірожныя. У выглядзе птушак водзяцца ў парку Горкага. Іх трэба карміць. Бо лебедзі – зачараваныя прынцы. Вялікае шанцаванне – калі ўдаецца падабраць лебядзінае пёрка, гэта прадмет гонару і выгоднага абмену. У адрозненне ад многіх жывёл савецкага дзіцячага бестыарыя, якія маюць прывабныя і яркія рысы толькі напачатку жыцця, лебедзь набывае адметнасць толькі ў дарослым стане, у маленстве ён – брыдкае качаня, якога дужа шкада. Лебедзі носяць па небе экіпаж для перасоўвання прыгажунь. Пры гэтым прыгажуня (Насценька з “Пунсовай кветачкі”, Вясна са “Снягуркі”) стаіць у неглыбокім чоўне падчас палёту, як прыклееная, без усялякіх прыкмет боязі зверзіцца з немалой вышыні. Лебедзі ёсць на атракцыёнах у парку. Над песняй пра лебядзіную вер­насць, пра тое, як лябёдку падстрэліў браканьер, а лебедзь ад гора забіўся, плачуць усе: “Где же ты, моя люби-имая?”. Вартая пара да песні пра “Лошади умеют тоже плавать“ (гл. КОНЬ).

ЛЕЎ – Баніфацый, стары цыркач, які паехаў на канікулы да бабулі, каб адпачыць ад прадстаўленняў, але давялося забаўляць малых негрыцянятаў. Баніфацый носіць паласатае трыко, умее жангліраваць і хадзіць па канаце. Ёсць яшчэ “Лев-Лев-Лёвушка, желтая головушка”, якога вылечвае ад галаўнога болю дзяўчынка з дапамогай пяцікапейкавай манеты. Леў так сябруе з малым сабачкам, што здыхае без яго ад суму. Улюбёны занятак ільва – трымаць у пашчы галаву жывога дрэсіроўшчыка. Львы ахоўваюць скарбы Ленінграда ў фільме пра італьянцаў у Расіі.

ЛІСА – Аліса, Патрыкееўна. Мяшчанка-драпежніца ў шыкоўным футры. Выходзіць замуж па разліку (звычайна за Мядзведзя), закаханых у яе непрэстыжных кавалераў (Воўк, Кот) проста выкарыстоўвае. Неахайная (з’ядае бруднага Калабка, гл. КАЛАБОК). Падманвае Бураціна. Улюбёнае выслоўе – “Какое небо голубое!”. Бывае чарнабурай, але чарнабурая ліса – тая ж фантастычная парода, што і Каракуль (гл. КАРАКУЛЬ).

ЛЭСІ – цуда-сабака з аўстралійскага серыяла. Можа ўсё.

МАЛПА – таксама размаўляе голасам актрысы Румянцавай (гл. ЗАЯЦ). Наіўная і тэмпераментная. Сябруе з Удавам, Папугаем і Сланянём. Ёй ні ў якім разе не трэба перадаваць прывітанне, бо засудзіць. Дапамагае доктару Айбаліту ў якасці медсястры. Плавае з капітанамі на караблях, носіць цяльняшку. Малпы могуць быць Бандэрлогамі, якія крадуць Маўглі і паддаюцца гіпнозу Удава: “Слухайце мяне, Бандэрлогі! Падыдзіце бліжэй… Яшчэ бліжэй…”. Фетыш малпы – акуляры. Яна іх нюхае, ліжа, прыкладае да розных частак цела. У серыяле малпа можа быць звышістотай, як Лэсі (гл. ЛЭСІ). Лётае ў космас.

МАРСІЯНІН – зялёны, з двумя антэнамі на галаве. Прылятае на талерцы, вельмі даверлівы, не разумее элементарных рэчаў, сексуальна заклапочаны, таму на раз можа закахацца ў першую-сустрэчную зямлянку. З марсіянінам трэба ўстанаўліваць кантакт. Тады ён зробіць на Марсе сацыялізм.

МАТРОШКА – кабета-трансформер грушавіднай формы. Галоўная прыкмета – хустка. Размнажаецца, расколваючыся напалам па лініі таліі і зноў складаючыся. У пераважнай большасці выпадкаў нараджаецца ў адзежы і таксама здольная да размнажэння. Хто апладняе Матрошку, застаецца невядомым, падобна, мае месца самаапладненне. Найлепшы пасярэднік для ўсталявання кантактаў з Замежнікамі (гл. ЗАМЕЖНІКІ).

МАТЫЛЬ – у матыля ператвараецца двоечнік Баранкін, што дапамагае ягонаму перавыхаванню. Матылі найчасцей бываюць капусніцы і крапіўніцы. Іх ловяць сачкамі, наколваюць на голкі і складаюць калекцыю для кабінета заалогіі.

МОЙВА – прадаецца наразвес. Звычайна смажаная. Самае смачнае, калі трапляецца з ікрой. Ікра мойвы не зусім чырвоная і не чорная, але гэта несумненная ікра. У анекдоце рабацяга выкалуплівае з мойвы вочы, каб намазаць на канапку і ўдаць перад замежнай дэлегацыяй, што есць сапраўдную ікру, бо замежнікаў трэба ўражваць (гл. ЗАМЕЖНІКІ).

МУМБА-ЮМБА – невядома што, але страшнае. Драпежнік, звязаны з Афрыкай. Інтэлектуальная дражнілка.

МУРАШ – гібрыд рабочага і селяніна. Займаецца і будаўніцвам, і сельскай гаспадаркай. У адрозненне ад матрыярхатнага пчалінага калгасу, у мурашоў патрыярхат. Жанчын няма зусім. Мурашы працуюць. Проста працуюць. Лётаючыя мурашкі, якія ўлетку з’яўляюцца на асфальце – з’ява невытлумачальная, таму што яны павінны не лётаць, а працаваць і ўвесь час нешта несці. Піянеры не павінны соваць палкі ў мурашнікі, а наадварот – ахоўваць іх. Мурашнік сустракаецца ў выглядзе торта.

МУРЗІЛКА – часопіс і пачвара. Ярка-жоўты, спрэс калматы, ходзіць, як чалавек, замест рук і ног – лапы. Носіць доўгі вязаны шалік і берэт. Сябруе з Карандашом (гл. КАРАНДАШ). Што выклікала мутацыю, незразумела.

МУХА – разносчык заразы. Будучы Цакатухай, спарваецца з Камаром, што ўяўляе з сябе цікавы навуковы прэцэдэнт, асабліва ў плане патомства. Кожнае дзіцё марыць знайсці, як Муха такую “дзенежку”, за якую можна купіць нават самавар.

МЫЙДАДЗІР – пачвара, магчыма, паходжаннем з язычніцкай эпохі. Белая квадратная морда. Замест рук – доўгі рушнік. Звязаны з полтэргейстам, таму што выклікае некантралюемы рух прадметаў. Улагодзіць можна рытуальным амавеннем, пры гэтым чым болей церці нос, шчокі і лоб, тым пачвара больш задаволіцца. Самая вялікая загадка савецкай дзіцячай літаратуры – чаму крываногі і кульгавы ўмывальнік выбягае з мамінай спальні.

МЫШ – разбівае хвастом залатое яйка, якое знесла Курка-Рабка. Па паходжанні сялянка. Збірае ў полі зернейкі, пячэ з іх хлеб. Мышы псуюць выбітны гарбуз, які сябры-жывёлкі вырошчваюць дзеля выставы ( слоган мультфільма “Они всё испортили!”). Але кемныя сябры дзірку маскіруюць пад дзверы, гарбуз перарабляюць на дом для мышэй, нясуць на выставу “Незвычайнае ўжыванне звычайных рэчаў” і перамагаюць. Мышы шчасліва паказваюцца з вокнаў новага дамка. Старая Мыш сватае Дзюймовачку за старога Крата. У мыш ператвараецца Людажэр па хітрай падначцы Ката ў Ботах, і кот яго з’ядае.

МЯДЗВЕДЗЬ (буры) – другі па папулярнасці персанаж пасля Зайчыка. Ніякі навагодні ранішнік не абыходзіцца без Мядзведзя. Розніца толькі ў тым, што Зайчыкаў можа быць шмат, а Мядзведзь заўсёды адзін. Мядзведзь – начальнік. Ён паважны, гаворыць павольна, рухі велічныя. Ганяе хуліганаў і тунеядцаў Лісу і Ваўка. Ліса выходзіць за яго замуж па разліку. У выглядзе мядзведзіка мае пас з пяці алімпійскіх колцаў. Пры гэтым у яго робіцца дзіўная пастава – ходзіць, выгнуўшыся дугою, пуза наперад, быццам ў яго нешта са спінаю. Любіць лётаць на паветраных шарыках. Савецкі алімпійскі Мішка адлятае на паветраных шарыках у казачны лес з маскоўскага стадыёну, у той час, як ангельскі Віні-Пых з дапамогай тых жа шарыкаў спрабуе абрабаваць калгасніц-пчолак (гл. ПЧАЛА). Мядзведзі сустракаюцца ў цырку і ў драўляным выглядзе. Драўляныя Мядзведзь і Мужык нешта пілуюць, альбо сякуць сякерамі, калі тузаць за трэсачкі адмысловай цацкі. Галава казачнага прыгажуна робіцца мядзвежай пасля таго, як сіротка Насценька ўздзявае яму на галаву вядро, ратуючыся ад заляцанняў. Мядзведзь руйнуе камуналку-церамок і не можа з’есці Калабка (гл. КАЛАБОК). Мішку “ўранілі” на падлогу і адарвалі яму лапу, але ён усё роўна добры: пра гэта жаласны верш Агніі Барто, якая выключыла з Саюза пісьменнікаў дачку свайго настаўніка Чукоўскага за антысаветчыну. Мядзведзі ездзяць на веласіпедах, “а за імі кот – задам напярод”… Пры гэтым усе жуюць пернікі і смяюцца… У слоіках у выглядзе мядзведзяў прадаецца мёд. Здаецца, нібыта празрысты мядзведзь той мёд ужо з’еў, і трэба даставаць з ягоных вантробаў перавараны.

ПАЛАЧКА – “кішэчная”. Страшная нябачная істота, якую настойліва шукае ў дзіцячым садку не меней страшная Санстанцыя (гл. САНСТАНЦЫЯ). Палачка можа сяліцца ў прыбіральнях і на кухні, а яшчэ на яблыках, трускаўках і ягадах чаромхі. Не церпіць вады з крана, яшчэ можна на яблык папляваць і абцерці яго аб рукаў. Асабліва шмат Палачкі ў Камсамольскім возеры ў Мінску, яе зграі можна заўважыць у мутных хвалях. Але злавіць асобіну немагчыма. Што канкрэтна робіць з чалавекам Палачка, так жахліва, што не падлягае агучванню.

ПАРСЮЧОК – Хруша. Ён вядзе “Дабранач, малышы”. Часам ён – Пятачок, сябар Віні-Пыха. Мядзведзь морыць дробнага сябра голадам, завязваючы яму рот падчас абеду, за гэта Парсючок страляе ў яго са стрэльбы. Парсючкі Ніф-Ніф, Нуф-Нуф і Наф-Наф будуюць дамы з розных матэрыялаў, выпрабоўваючы іх на супрацьздзьмувальную ўстойлівасць. Парсючок Фунцік – выдатны артыст, які валодае гіпнатычным уздзеяннем на масы… У дзяцінстве Парсючок – наш, савецкі, актыўны, працалюбны, нават калі брудны і лянівы – паддаецца перавыхаванню. Вырастаючы ў свінню ці свіна, траціць усе станоўчыя здольнасці і індывідуальныя адметнасці і можа ўвасабляць толькі тупое мяшчанства, таму асобны раздзел дарослай асобіне Парсючка прысвячаць не варта.

ПАЦУК – “Крыска-Ларыска”, агрэсіўная хатняя жывёлка старухі Шапакляк, улюбёная каманда – “фас”. Ніводная дзяўчынка з імем Ларыса, якое пераводзіцца як “чайка”, не пазбегла параўнання з пацучыхай. “Крыса” – гэта баязлівец, які падводзіць свой калектыў, першым бяжыць з карабля, даносчык.

ПЕВЕНЬ – чырвоны, празрысты, салодкі, на палачцы. Па дзесяць капеек. Бабулькі ля крамаў трымаюць у руках букеты з такіх пеўнікаў, пеўнікі не зусім савецкія, таму што міліцыянты бабулек ганяюць. Мульцяшны певень фанабэрысты, але па-сутнасці добры, а часам нават залаты і гераічны, бо забівае трапным ударам дзюбай у галаву старога дэспатычнага цара, які не хацеў расплочвацца з ведзьмаком-зоркаведам. Як архетып галавы сям’і Певень не разглядаецца, бо парушае правілы маралі сваім шматжонствам. На ўроках спеваў мільёны дзяцей развучваюць прыбалтыйскага паходжання песеньку “Рано утром на рассвете петушок поёт”. Нікому яшчэ не прыходзіць у галаву, што бадзёры тэмп песенькі не супадае з уяўленнем пра запаволены балтыйскі тэмперамент. Нейкі час у крамах з’яўляюцца дзівосныя бліскучыя пакецікі з намаляваным каляровым пеўнікам. У пакеціках – канцэнтрат курынага булёну, выраблены ў Венгрыі. Макароны ў канцэнтраце па нетутэйшаму тоненькія, дробныя, востры пах таксама нагадвае нетутутэйшае жыццё… Грамадзяне набіраюць пакецікі з пеўнікамі грудамі, пачкамі, па колькі прадаюць. З іх варыцца суп “пеўнік”.

ПІНГВІН – марожанае за 28 капеек, пінгвіны на абгортцы сінія. Добрая некапрызлівая істота, выдатна таньчыць замежныя танцы, сябруе з палярнікамі. Архетып ідэальнага бацькі. Бо пінгвіны, паводле савецкіх мульцікаў, размнажаюцца без самак, яйка выседжвае пінгвін-мужчына. Адзін, які разбіў уласнае яйка, забраў у суседа, а таму падклаў камень. Небарака выседжваў камянюку, пакуль не здох, і ніхто гэтага не заўважыў. Таму без жанчыны паўнавартаснай ячэйкі грамадства не атрымаецца.

ПУДЗЕЛЬ – калі белы, увасабляе трагічны лёс жабракоў у бяздушным буржуазным свеце: разбэшчаны багаты хлопчык захацеў адабраць белага пудзеля ў вандроўных артыстаў. Чорны Пудзель – артыстычны аматар баявых мастацтваў Артэмон. Ён закаханы ў парцалянавую ляльку з блакітнымі валасамі Мальвіну і выступае ў якасці ейнага целаахоўніка, кухара, прыслугі, цяглавай сілы і г. д. Артэмон па загадзе Мальвіны садзіць беднага Бураціна ў камору.

ПЧАЛА – архетып працаўніцы сельскай гаспадаркі (аналагічны персанаж пралетарскага тыпу – гл. БАБЁР). Лётае над палямі ў хустачцы і з вядзеркам. У пчолаў узорная калектыўная гаспадарка, сацспаборніцтва і пакаранні для гультаёў (гл. ТРУЦЕНЬ). Замежную пчалу завуць Майя. Пчолка Майя, хаця й замежніца, але з сацыялістычнага лагеру, таму вучыцца ўлівацца ў калектыўную стваральную працу. Пабочны прадукт пчалінай дзейнасці – воск – згадваць не варта, бо з яго вырабляюць царкоўныя свечкі для адурманьвання грамадзянаў. Маскарадны касцюм пчалы непрыгожы, бо робіць дзяўчынку таўстухай. Касцюм асы, уладаль­ніцы асінай таліі, лепшы. Але восы – істоты шкодныя і чужыя, і пераапранацца ў іх няправільна. Пчолы праганяюць нахабнага мядзведзя, чым дэманструюць перавагу калектыву над індывідуумам.

САБАКА – Мухтар альбо Джульбарс. Ахоўвае мяжу, ловіць дыверсантаў. На ашыйніку – медалі. З поля бойкі сабака дастаўляе данясенні і выносіць параненых. Сабакі Белка і Стрэлка скараюць космас. Скалечаныя сабакі Паўлава дапамагаюць дактарам у доследах. Белы Бім – Чорнае Вуха захоўвае вернасць гаспадару. Сабака – герой! Ён – самая савецкая жывёла! Пра гэта сведчаць кніжкі-размалёўкі. У зніжаным абліччы – сабака Шарык, які жыве ў Прастаквашына і займаецца фотапаляваннем. Пад імем Клякса выступае разам з клоунам Карандашом. Ёсць яшчэ замежны мульцік пра сабачку Рэкса – ён ляціць на планету сабак, дзе сустракае трохгаловую сабачую прынцэсу, якая дужа агідна брэша. Сабака Філя вядзе “Спакойнай ночы, малышы!” у кампаніі з Парсючком і Зайцам. Філя больш самавіты і дарослы за сваіх калегаў.

САВА – страшна круціць шыяй і астматычна дыхае ў перадачы “Што, дзе, калі”. У мульціку пра Віні-Пыха вучыць усю краіну вымаўляць ”Пра-здра-вря-ю”. У фільмах, дзе фігуруе казачны лес, свеціць электрычнымі жоўтымі круглымі вачыма і аднастайна гугукае.

САНСТАНЦЫЯ – пачвара, якую баяцца выхавацелі і медсёстры. З’яўляецца нечакана, шукае Палачку (гл. ПАЛАЧКА). Ад Санстанцыі можна абараніцца хлоркай – смярдзючым белым парашком. Таму медсястра з крыкам “Санстанцыя!” час ад часу бегае па прыбіральнях і пакойчыках, дзе нянькі мыюць посуд, і пасыпае там усё хлоркай. Як выглядае Санстанцыя, ніхто не ведае.

САРОКА – варыць кашу. Пры гэтым адрозніваецца скрайняй скупасцю і паталагічнай жорсткасцю: малодшае дзіцё ніколі не корміць, спасылаючыся на тое, што ён занадта малы, каб дапамагаць па гаспадарцы. Чамусьці жахлівую гісторыю пра скупечу-сароку дарослыя дэманструюць з дапамогай пальцаў уласнага дзіцяці, такім чынам роля галоднага дзіцяці дастаецца мезенцу, што выклікае непрыемнае пачуццё, быццам гэты палец нейкі няправільны і непатрэбны.

СЛОН – жалезная горка, па хобаце яе добра катацца. Слон мае доўгі хобат дзякуючы Кракадзілу (гл. КРАКАДЗІЛ). У выглядзе сланяняці носіць акуляры, гаворыць у нос і ўвасабляе тармазнутага школьнага батаніка. Сланяня з поўсцю называецца маманцянём і шукае маму.

ТРУЦЕНЬ – самы ганебны персанаж. Жывёльны тунеядзец. Падлягае высылцы і прымусовым выпраўленчым работам. Выгляд невядомы.

ТЫГР – Шархан, вораг Мауглі. Можа быць усурыйскім, тады ваюе з Дэрсу Узала, савецкім туземцам. У выглядзе тыграняці можа губляць палоскі, мілы і даверлівы. Тыграў абавязкова дрэсіруе прыгожая савецкая дзяўчына – яна лёгка ўтаймоўвае іх у той час, як дужыя мужыкі разбягаюцца. Таму там, дзе тыгры, абавязкова ёсць спартсменка і камсамолка.

ХАМЯК – сродкамі масавай інфармацыі не папулярызуецца. Жыве ў кватэрах, грызе мэблю, запіхвае за шчокі крупы і цукеркі. Можна трэніраваць на касманаўта – садзіць у шкарпэтку і раскручваць, быццам у цэнтрыфузе. Існуе страшная легенда, што калі хамяка паднесці да раскрытага рота, ён можа забрацца ўнутр, як у норку, і парваць усе вантробы.

ХРУШЧ – пра яго не пішуць і не паказваюць, калі не лічыць нейкага цьмянага эпізоду з Дзюймовачкай, але ён ёсць. Хрушчоў можна лавіць, асабліва іх многа ўночы на сетцы-рабіцы ля заводу ацяпляльнага абсталявання. Ад водару заводу дурэюць не толькі людзі, але й казюркі. Хрушча садзяць у слоік, кідаючы туды лісты каштану. Лепей садзіць самца і самку, каб не сумавалі, пол адрозніваюць на вусах: у хрушча-самца яны больш пышныя, рудыя. Хрушча трэба навязваць на нітку і пускаць лётаць па крузе. Можна ўчыняць хрушчыныя гонкі. Куды дзяваецца хрушч са слоіка, ніхто не памятае.

ЧАБУРАШКА – плюшавы мутант-сірата з вялізнымі вушамі. Жыве ў тэлефоннай будцы. Сябруе з Кракадзілам (гл. КРАКАДЗІЛ). Дарослых асобін не сустракаецца. Харчуецца апельсінамі. Непісьменны. Упрыгожвае разам з напарнікам упакоўку “салодкай пліткі” – нечуванага дзіва, замяняльніка шакаладу. “Салодкая плітка”, якая з’яўляецца ў крамах, аднаго гатунку, каштуе танней за шакалад, мае прысмак гумы.

ЧОРНАЯ РУКА – высоўваецца са сцяны. Душыць альбо зацягвае людзей у сцяну, дзе яны бясследу знікаюць. Часам месца з’яўлення Чорнай Рукі папярэдне пазначаецца чорнай альбо чырвонай плямай. Дарослыя звычайна не вераць у Чорную Руку, таму гінуць першымі.

ШПРОТЫ – арыстакратычныя, урачыстыя рыбіны, якія ўмеюць улег­чыся ў бляшанку ненатуральна роўнымі шэрагамі, як дохлая ганаровая варта. Шпроты пераліваюцца золатам, іх пяшчотная скурка трохі зморшчаная, паходжаннем яны з Прыбалтыкі. Шпроты з’яўляюцца толькі на святы, бываюць з галавой, без галавы і ў выглядзе паштэту.