12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Золата забытых магілаў.
Паралельны раман
Род прыходзіць, і род сыходзіць,
а зямля застаецца ў вяках.
Эклезіяст, 1.4.

Пралог.

вочы цемры сьмерць нянавісьць
А што яшчэ ён спадзяваўся ўбачыць, углядаючыся праз мокрае вакно ў ноч, у восень, у безнадзейнасьць? Быць самотным – значыць трошкі памерці.
Нешта стукнула ў шыбу, нібыта адзінота прасілася ў пакой… Не, яна, халодная пані Адзінота, ужо даўно пануе тут. Сядзіць побач, перад полымем каміну. І што ёй да ценяў былога, да тлуму і адчаю дзён, калі ня верылася, што так будзе – вальтэрыянскае крэсла, камін, цішыня…
Аднак, што парушыла цішу? Гаспадар паднёс газоў­ку да вакна. Вочы саслаблі, а калісьці мог пацэліць у цэшку на фуражцы… Нешта гайдаецца, падвешанае на вяроўцы да галіны старога каштану. Чала­век, сьпяшаючыся, расчыніў вакно, і мокры вецер ударыў яго па шчацэ, быццам выпрабоўваў на хрысьціянскую цярплівасьць.
На вяроўцы вісела здохлая варона.
Чалавек моўчкі глядзеў у цемру, не зважаючы на вецер і спробы дажджу ператварыць пакой у маленькую Венецыю.
Навошта ён сюды вярнуўся?
Што ў яго тут ёсьць, акрамя магілаў?
Акрамя магілаў і нянавісьці, што пазірала на яго цяпер.
Калі б ён мог сам адказаць нянавісьцю! Але ён даўно забараніў сабе ненавідзець, толькі часам вугольле дарэмных шкадаваньняў пякло душу знутры, не знаходзячы выйсьця. Не, ён усё-ткі не шкадуе… У ім усё яшчэ жыве той даверлівы юнак, які спавядаў сусьветную справядлівасьць.
Няхай каменьне ў сьпіну, няхай здохлая птушка перад вакном, няхай ад яго хаваюць дзяцей і абараняюцца ад яго пагляду крыжам… Нянавісьць – дзіця болю, і боль той спароджаны і ягонымі продкамі… Грахі роду належыць сплочваць. Але трэба верыць, што калісьці гэта зьменіцца, і пакуты ня стануцца дарэмнымі, як не бываюць дарэмнымі пакуты зерня, якое ператвараюць у хлеб. Ня можа ня быць працягу ў таго, што замешанае на любові і самаахвярнасьці. Як у галаве самай пачварнай жабы хаваецца прыўкрасны камень, так у несправядлівым і жорсткім часе нашчадкі пасьля знаходзяць іскрынкі цудоўных лёсаў і агмені чыстых памк­неньняў.
Гэта ён не пра сябе – пра тых, з кім меў гонар сябраваць.
Чалавек абрэзаў кітайскім нажом для папераў вяроўчыну, на якой матлялася мёртвая птушка. Канец вяроўкі падхапіў вецер, разгайдаў так, што на хвілю здалося, быццам вяроўка зараз завяжацца пятлёю. Ад раптоўнага ўспаміну горла пераціснула нібыта ад тае пятлі, і чалавек зачыніў вакно.
А ён толькі што разважаў пра набыты спакой… Няма і ня будзе спакою, пакуль на гэтай зямлі пануе цень пятлі, і цень неразуменьня паглынае самыя яркія агні…
Гаспадар зноў апусьціўся ва ўтульнае крэсла. Праз шыбы ў пакой гля­дзела ноч, Пані Адзінота варушыла вугольлі ў каміне.

1.
Гэта здарылася слотным сакавіцкім вечарам, паміж коскай і кропкай, на тым кавалачку сказа, дзе згадвалася пра вялікую пошасьць у Паазер’і напрыканцы кіраваньня Жыгімонта Маладога. У дзьверы званілі так настойліва, што кропка атрымалася больш падобнаю да працяжніка.
Вядома, гэтага не адбылося б (маем на ўвазе сапсаваную кропку), калі б Паліна пісала свой артыкул на кампутары, а не асадкай.
Але Паліна не любіла спавядацца жменьцы мікраэлементаў. І не любі­ла разглядаць няўчасных наведнікаў праз дзьвярное вочка. Да абурэньня маці, нават без асьцярожлівага “Хто там?” расчыняла дзьверы наросхрыст.
Артур стаяў на лесьвічнай пляцоўцы, беражліва прыціскаючы да сябе нешта цяжкое, ухутанае ў зялёную саматканую посьцілку. Па яго доўгіх валасах сьцякала вада, а худы твар быў такі няшчасны, што Паліне адразу ж захацелася зачыніць дзьверы. Не, яна ня чэрствая. Проста надакучылі няшчасныя мужчыны. А яны ў нас амаль усе такія – пакрыўджаныя ды незразуметыя, і беларускія жанчыны мусяць пажыцьцёва ратаваць іх ды шанаваць іхнюю спароджаную высокай духоўнасьцю тугу.
Вядома, падстава дзеля тугі ў Артура была – у чарговы раз звольнілі з інстытуту, дзе ён выкладаў гісторыю беларускай літаратуры. Тое, што студэнты дарэмна чакалі яго на сваіх лекцыях – вядома, ня клопат. Арцік у гэты час займаўся сьвятой справай – шукаў духоўнай раўнавагі ў кавярні “Сем пятніцаў”.
Штопраўда, калі ён усё-ткі знаходзіў дарогу ў аўдыторыю, туды крадма прабіраліся нават з іншых факультэтаў. Літаратуразнаўца ад Бога – нават дзіўна, што сам мастацкіх твораў ня піша.
Папярэджвала Паліна ягоную цяпер ужо былую жонку, колішнюю адна­курсьніцу Аксану, наконт асаблівасьцяў Артуравай творчай натуры…
Праўда, і сама ў свой час гэтак жа разумна праігнаравала сяброўскія па­­пярэджаньні. Таму цяпер і сядзіць адна, разумная і гордая “вучоная дама”… І знаёмыя пры сустрэчах перагаворваюцца: “А як там Палінка? Усё яшчэ адна? Бедная! Трэба ёй было ехаць са Стасікам”.
“Адна” – значыць “бедная”? Недастатковая, няспраўджаная. Чароўная архідэя, непрысмактаная да дрэўца-кармільца, зялёная гірлянда плюшчу, адарваная ад апірышча – бясьсілы прыгожы паразіт, які толькі і марыць ласкава аплесьці новага гаспадара…
Так, Стась імкнуўся быць гаспадаром. І калі яму, таленавітаму праграмісту, удалося выйграць грант на стажыроўку ў Штатах – абвесьціў адразу: назад – ня вернецца, лягалам ці нелягалам – застанецца там. І Паліну хоць бэбі-сітэрам, але прыладкуе. Вядома, наўрад ці — гісторыкам.
Не, гэта ня быў выбар між прафесійнай апантанасьцю і сямейнасьцю. Хутчэй – уцёкі ад лёсу плюшча.
Воля – апошняе суцяшэньне няўдачніка. Калі б убачыла Паліна хоць водбліск уласнага каханьня ў цёмных прыгожых вачах свайго ўладара – памкнулася б і за акіян, не разважаючы, як калісьці не разважаючы прыняла ягоную дзіўную прапанову: “Мне здаецца, з цябе магла б атрымацца някепская жонка”.
Але акрамя любові да самога сябе, роднага, ня бачылася ў Стасевых вачах анічога. Ён нават асабліва не ўгаворваў – хуценька арганізаваў развод, паабяцаў ліставацца…
А для яе проста скончылася жыцьцё.
Хацелася аднаго: спакою, самоты, як сьмяротна параненаму зьверу. І каб ніхто, ніколі больш ня змог прыўлашчыць нават часьцінку ейнае душы. Яны ж не бяруць, ня просяць — кусаюць, як ваўкі, ды пакідаюць цябе з незагойнай ранай.
Паліна заколвала ў цяжкі вузел цёмныя валасы і апранала доўгія сукенкі. Белыя карункавыя каўнеры да іх не вязала сама – не хапала цярплівасьці. Купляла ў бабулек на Камароўцы. Ёй хацелася быць падобнай на віктарыянскую класную даму, якую-небудзь міс Тэмпль: годнасьць. Бездакорныя манеры. Трымай дыстанцыю, мінак.
У зьменлівых рысах яе гожага на манер візантыйскіх абразоў аблічча былі прыхаваныя цікаўнасьць птушаняці і мройлівасьць засьцянковай паненкі… Хаця Паліна сама сабе ня раз паўтарала, што яшчэ крыху – і яна назаўсёды ператворыцца ў нелюдзімку, зьледзянее сэрцам, як скрадзены хлопчык Кай. Урэшце – дваццаць восем гадоў, “разьвядзёнка”.
Ці не залішне казаць, што мужчыны аблашчвалі яе позіркамі, але знаё­міцца баяліся: “штучка”!
Дысертацыю Паліна таксама не абараніла з-за сваёй “недатыкальнасьці”. Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка: “арганізатарская” беганіна, бяс­концыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі – асоба супярэчлівая…
А ў гімназіі выкладаць добра. І гучыць амбітна. Пару гадоў таму называлася школай, а сёньня – гімназія…
Але мы адхіліліся ў бок ад падзеяў. Дык вось, стаіць няшчасны Артур, мокры, як вадзянік, на лесьвічнай пляцоўцы, і працягвае нешта, ухутанае ў даматканую посьцілку.
— Палінка, купі!
Ведае, хітраванец, што яна ўсё роўна яго пашкадуе. Сказала была, што апошні раз пазычае. Дык вось табе сёньня –“купі”… Відаць, вазу Аксанчыну прыцягнуў, геній непрызнаны…
Вада з Артура капала ўжо на дыванок у вітальні. Пад зялёнай посьцілкай хавалася зусім ня ваза. Жаба. Каменная жаба велічынёй са шчанючка. Бугрыстая, шэрая, але зусім ня монстр – утульна кругленькая, лапкі ўмольна складзеныя, велізарныя вочы глядзяць так кранальна… Не раўнуючы, як цяпер Арцікавы. Праца прафесійнага скульптара, і не нашага стагоддзя…
— Адкуль гэта ў цябе?
Артур задуменна пагладзіў жабу па каменнай сьпіне. А пальцы дрыжаць… Дапіўся.
— Не хвалюйся, ня крадзеная. Ад майго таты засталася. Гэта з надмагільля Вінцэся Рашчынскага. Ну таго, паўстанцкага філосафа. Ты лепш за мяне мусіш ведаць.
Паліна недаверліва зірнула на каменную зачараваную царэўну. Вядома, Артураў тата быў важны чыноўнік “за Саветамі”, езьдзіў па сьвеце… Сыночка-“бітніка”, дарэчы, лічыў “страчаным”, нават неяк прымусова засадзіў у прывілеяваную псіхушку.
— Калі не памыляюся, Рашчынскі пахаваны ў Парыжы.
— А вось і памыляешся, – Артур раптам перастаў быць няшчас­ным – і Паліна вельмі любіла такія ў ім перамены, якія адбываліся, калі справа тычылася таго, чым ён цікавіўся, магчыма, больш за жыцьцё, але, на жаль, менш за сваю сусьветную тугу. Вочы госьця зазьзялі, голас загучаў сьпеўна, як на лекцыі. – Так, Рашчынскі пасьля разгрому паўстаньня дзесьці з 1867-га жыў у Парыжы, нават браў удзел у рэвалюцыйных падзеях, але на пачатку дзевяностых вярнуўся сюды. Людзі тых часоў цяжэй перажывалі расстаньне з роднымі мясьцінамі. Гэта для нас настальгія – амаль што жарт, а для іх — куля ў жывым сэрцы. Ад гэтага паміралі. Дарэчы, Рашчынскі памёр неяк дзіўна, усяго год пражыўшы на радзіме. Падобна, што яго забілі. Нават працавала камісія па расьсьледваньні сьмерці. І пахавалі яго ў касьцёле ў Гарнушках, у магіле, якую ён сам для сябе падрыхтаваў – там была цэлая скульптурная галерэя, мармур, граніт, малахіт… Грошай ляснуў у сваё надмагільле… Як ведаў, што хутка спатрэбіцца.
— Першы раз чую пра такое…
— Ня дзіўна, — Артур зноў пагладзіў каменную жабу, нібы пакінутага гаспадаром сабаку.—Адразу пасьля пахаваньня надмагільле зганьбавалі, нехта разьбіў цэнтральную скульптуру, алегорыю сьмерці. І на працягу году невядомыя зламысьнікі разьбівалі фігуры адну за другой. Нібыта былога інсургента, што хацеў зьнішчыць нават памяць аб ім. А калі мой бацька ўзначаліў барацьбу з помнікамі рэлігіі ў раёне, там ужо амаль не было чаго руйнаваць. У прыдзеле касьцёлу, дзе радавая ўсыпальніца Рашчынскіх, засталося толькі некалькі пашкоджаных дзіўных фігурак, і ўсё. Адну бацька загадаў адбіць для сябе. Сказаў, што надта нагадвае маю маці. Маўляў, паставіць у хаце, каб глядзела на сваю выяву і сядзела моўчкі.
Арцік прыглушыў голас і ненавісна сьціснуў зубы – Паліна ведала, ён дасюль не дараваў бацьку стаўленьне да маці, хоць абодвух ужо не было на сьвеце. Тым жа здушаным голасам госьць скончыў аповед.
— Касьцёл узарвалі. Цяпер на тым месцы Дом культуры. Вось табе і ўся гісторыя маёй жабкі… Чырвонец ня дорага?
Апошнія словы Арцік прагаварыў са звыклай няўпэўненасьцю ня­шчаснага беларускага мужчыны. Але Паліна не магла адмовіць і са скрухай глядзела, як ён хавае атрыманую паперчыну ў кішэню, і рукі яшчэ больш трасуцца, а вочы загараюцца непрыемным хваравітым бляскам…
Божа мой, Паліне б тады ўзяць гэтую жабу ды абрынуць са свайго пя­тага паверху, каб разьляцеліся ейныя шэрыя друзачкі па мокрым асфальце…
Але яна гэтага не зрабіла. Таму далей адбылося тое, што адбылося.

2.
Вінцэсь ледзь прычакаў вечару, калі ў пакоях маёнтка запалілі сьвятло, і цені неахвотна распаўзьліся па кутах, каб пільнаваць момант свайго начнога панаваньня. У адным з такіх кутоў Вінцэсь схаваў захутаную ў посьцілку стрэльбу, знятую крадма з дывана ў бацькавым кабінеце.
Вядома, такое ўчыняць было нядобра. Але што зробіш, калі дарос да шаснаццаці, скончыў шляхецкі інстытут1, а табе ўсё яшчэ не давяраюць зброі. А між тым у Маскалёвым лесе пасяліўся сапраўдны ваўкалак! Яго бачыў конюх Тодар, і дзеці вясковага каваля, а паненка Рагманава, смуглявенькая Вальжына з насьмешнымі цёмнымі вачыма, пры ўсіх гаварыла, што толькі сапраўдны мужчына не збаіцца выйсьці супраць ваўкалака. А паколькі такіх у навакольлі няма, дык яна лепш са двара выходзіць ня будзе. Ваўкалакі, кажуць, дзяўчат крадуць.
Ваўчыную скуру табе пад ногі, ганарліўка! Ды каб сьвежым зьвярыным духам працяло твой лялечны пакой з белымі фіранкамі! Рашчынскія не баяцца ні людзей, ні ваўкалакаў.
Шкада, бацька ўнатурыўся ня ў слаўных ваяўнічых продкаў. Сам ніколі ў рукі зброі ня браў, і яму, Вінцэсю не дае… Нібыта шаблі ды пістолі –адно для аздобы пакояў!
Нічога, Вінцэсь дакажа ўсім, што ваярскі дух не пакінуў іх сям’ю! Цэліць ён трапна – навучыўся і бяз бацькавага дазволу.
Густы начны туман плыў па-над самай зямлёй. Так што здавалася, быццам Вінцэсь ідзе па аблоках. Але высокая трава са здрадніцкім шоргатам балюча сьцябала і калолася нават скрозь вопратку, мокрую ад расы. Тры срэбныя кулі – адна ў ствале, дзьве – у кішэні. Ваўкалака можна забіць толькі срэбнай куляй, пазначанай крыжам – і Вінцэсь патраціў дзень на тое, каб ператварыць тры старажытныя манеты з бацькавае калекцыі ў больш-менш ахайныя круглячкі.
Сёньня поўня… Час ваўкалакаў. Старажытныя грэкі лічылі, што людзі тутэйшых плямёнаў штогод на адзін дзень пераўтвараюцца ў ваўкоў. Можа быць, гэта праўда? І ў Вінцэсю ёсьць кропля ваўчынае крыві? І зараз поўня змусіць яго кінуць стрэльбу, і забыцца на тое, хто ён ёсьць, і…
Ну і глупствы лезуць у галаву. Шаргоча трава, быццам нехта шэпча праклёны. Ускрыкнула начная птушка, нібыта беспрытульная душа… Не, Вінцэсь не паддасца дзіцячаму постраху. Урэшце, ён – узброены мужчына… І Маскалёў лес вунь ужо, цямнее, як зубчастыя сьцены цмокавага замка. Усё пралічана: ён падбіраецца паплавамі да ўскрайку лесу, дзе пачынаецца лог, зарослы вольхай, а менавіта там і зьяўляўся некалькі разоў ваўкалак – і чакае… Пачвара абавязкова выберацца на асьветленае поўняй месца, каб правыць свой жудасны гімн цемры…
Вінцэсь пачаў мерзнуць – пачатак чэрвеня ня быў цёплы. Раптам гарачая хваля прайшла па целе. З лесу выходзіла страшыдла… Яшчэ жахлівейшае, чым хлопец чакаў, бо падобнае да чалаве­ка — на двух нагах, калматае, прыгорбленае… Як і ўяўлялася, ваўкалак застыў на месцы і ўзьняў аброслае поўсьцю аблічча да поўні…
Прыцэл скакаў перад вачыма – ну, націскай жа! Палец ня слухаўся. Мусіць, перашкаджала гэтае падабенства з чалавекам – і Вінцэсю неадольна хацелася, перш чым стрэліць, неяк аб’явіцца, даць таму стварэньню магчымасьць супраціву — каб атрымаўся двубой, а не забойства з кустоў… Паказацца… Гукнуць… Няхай кінецца, зараве – а тады ўжо…
— Гэй… — вокліч застраў у горле. На галаву хлапца абрынулася нешта цяжкое, неадольная сіла выдзерла з рук стрэльбу, і ён упаў на зямлю.
— Бач, паганец, падпільнаваў! Зладзім табе паляваньне начное...
Вінцэсь зразумеў толькі адно: вакол яго – людзі… Ён з цяжкасьцю перавярнуўся на сьпіну, усё-ткі баючыся ўбачыць прамаўляючыя чалавечымі галасамі пысы. Не, гэта былі не пярэваратні – трое ўзброеных мужчынаў. У цемры Вінцэсь разгледзеў толькі вусы і насьцярожаны бляск вачэй. Адзін, у мужыцкай шапцы-магерцы, цэліўся ў хлапца з ягонай жа стрэльбы. Другі нагнуўся і спрактыкаванымі рухамі абшукаў Вінцэся, з асаблівай увагай падкінуўшы на далоні мяшэчак з кулямі.
Раптам сэрца сьціснуў цёмны жах – справа падыходзіў ваўкалак. Вінцэсь пазіраў на яго з зямлі, і таму ваўкалак здаваўся волатам – бо і сапраўды быў вышэйшы за астатніх.
— А што, казаў я вам, асочаць…
З пашчы ваўкалака даносіўся чалавечы голас. Вінцэсь угледзеўся – тое, што ён прымаў за поўсьць, быў вывернуты кажух і гэткая ж шапка. Вядома, барада і валасы, чорныя, доўгія, густыя, надавалі абліччу дзікі выгляд, але самае страшнае было, што праз увесь твар чалавека – так, цяпер Вінцэсь быў упэўнены, што гэта чалавек, — ішоў глыбокі цёмны шнар, відаць, ад шаблі. Нос, правая шчака, левае брыво расьсечаныя, і левае вока, здаецца, пашкоджанае… Затое погляд правага, нават у цьмяным сьвятле поўні гэта адчувалася, — быў незвычайна цьвёрды.
Ад усьведамленьня, што ён мог забіць чалавека, Вінцэся пачало трэсьці.
— Падымайся, гадзёнак. Раскажаш усё – памрэш лёгка. Ня бойся.
У голасе чалавека ў магерцы гучала лёгкая пагарда, і Вінцэсь пастараўся падняцца як мага больш спрытна і стаць у незалежную паставу.
— Дзе іншыя?— Я адзін, – хлопец сказаў гэта амаль абыякава.
— Адкуль ведаў, дзе нас чакаць?
Вінцэсь пачырванеў, радуючыся, што ў цемры гэтага ня бачна – давялося расказваць пра авантуру з паляваньнем на ваўкалака. Ён не спадзяваўся, што яму павераць. Хто яны? Разбойнікі? Беглыя жаўнеры? Катаржане?
— Ілжэ,—скрозь зубы працэдзіў той, што трымаў Вінцэсеву стрэльбу. – Забіць зараз жа – і ў дрыгву.
А ён уяўляў сваю сьмерць у бойцы, пад слаўным штандарам, на чале пераможнага войска! Але нават цяпер належала сустрэць непазбежнае так, як прыстойна шляхцічу.
—Чакай, Марцэл… — уладна прамовіў ваўкалак, наблізіўся да Вінцэся і жалезнай рукой змусіў юнака павярнуць твар проста пад промні царыцы ночы. Вінцэсь абражана адхінуўся, гатовы кінуцца ў бойку. Але ваўкалак зьдзіўлена запытаў:
— Ты ня сын Антося Рашчынскага?
Вінцэсь не зразумеў, чаму пасьля ягонага пацьверджаньня настрой захопнікаў перамяніўся – яны нібыта разгубіліся. А Марцэл у магерцы нават расчаравана прастагнаў. Чалавек са шнарам чамусьці ўсьміхнуўся і зьвярнуўся да таго, хто абшукваў Вінцэся.
— Пакажы, што ў яго забраў…
Разьвязаў мяшэчак… І працягнуў супольным даланю, на якой блішчэлі два нязграбныя круглячкі – самаробныя срэбныя кулі.
— Нават крыжам пазначаныя... Што, і ў стрэльбе такая ж?
Вінцэсь моўчкі кіўнуў. Вакол выбухнуў рогат.
Ваўкалак першы перастаў сьмяяцца і звярнуўся да хлопца сур’ёзна, нават з павагай.
— І ты пайшоў адзін на пераваратня?
— Ды, відаць, перад дзеўкай пахваліцца захацеў, — насьмешна вымавіў вусаты дзядзька з пістолем за поясам, і заўважыўшы засмучэньне Вінцэся, зарагатаў зноў.
— Не сярдуй, хлопча,— сумна прамовіў чалавек са шнарам.— Выгнаньнікі маюць няшмат вясёлых хвілінаў. Зараз ты пойдзеш. Стрэльбу – раз яна трапіла ў лес, мы пакінем у сябе. Перадай бацьку вось гэ­та… — Ваўкалак дастаў з кішэні нейкі мяшэчак. Навобмацак там было нешта дробнае і цяжкое.
— І запомні: твой бацька – першы, каму ты пра нас раскажаш, — гэта прагучала як просьба, і Вінцэсь прамовіў:
— Абяцаю.
— Ну што ж, шчасьліва заставацца, Вінцэсь Рашчынскі.
Хлопец агаломшана глядзеў, як постаці адна за другой зьнікаюць у лесе.
— Гэй, паляўнічы, падары сваёй красуні замест ваўкалацкай скуру вось гэтага зьвера… А то без здабычы вернешся.
Словы чалавека ў магерцы праціналі злоснай насьмешкай. Вінцэсь ледзь пасьпеў падхапіць нешта сьлізкае і халоднае, шпурнутае яму проста ў твар. Жаба… Юнак ледзь стрымаў гнеў, але ўдалося прагаварыць спакойна:
—Дзякую за падарунак. Абавязкова перадам.
Поўня залівала прывідным сьвятлом паплавы, і туман павольна спаўзаў да рэчкі, быццам паранены вужыны кароль у свой бурштынавы палац.

3.
Мышкі плылі ў вялізным чорным парасоне, зьвесіўшы ваўняныя хвосьцікі на мокры асфальт. Вакол віраваў Казюкас – сьвяточны кірмаш. Дзень сьвятога Казіміра ў Вільні – як Паліна магла прамінуць! Нават калі даводзіцца плаціць ладную частку ейнага выкладчыцкага заробку за візу, праезд, выцярпець некалькі гадзінаў у чарзе на мытні, ды яшчэ пільнаваць сваіх гімназістаў – гаманкую зграйку будучых філолагаў, ці гісторыкаў, ці… Ат, галоўнае – каб сумленнымі вырасьлі.
Вязаных мышэй прадавала кабета ў вязаным жа капялюшыку, брылы якога абвісьлі ад веснавой імжы, і ў пальчатках з абрэзанымі пальчыкамі. Паліну ўзрушыла, што кабета не высаджвае хвастатыя цацкі на якую кардонку ці скрынку, каб самой пакарыстацца караблём-парасонам па ягоным прамым прызначэньні, захінуцца ад дробных халодных кропляў. І менская госьця набыла адну з мышак, з чорнымі вочкамі-гузікамі і чырвоным бантам. Пасунулася далей – і было нечакана прыемна гэтак бязвольна і бяздумна плысьці ў людскіх хвалях, аздобленых вярбоўкамі – адмыслова ўпрыгожанымі галінкамі вярбы, гаварыць на беларускай мове – і не сустракаць пагардлівых паглядаў. Праўда, найчасьцей Паліну прымалі за польку. Але часам у адказ чулася і беларуская мова.
Паліна сьлізгала позіркам па раскладзеным тавары…
Гэтага ня можа быць!
На прылаўку сядзела каменная жаба.
Не, не падалося – дакладная копія Артуравай. Дурнаватая ўсьмешка, жаласныя вочы… Фарбаваны пад камень гіпс, няйначай. Гэта жа, як і іншыя скульптуркі, перад якімі прысела жабка. Цікава… Гэта ня кіч. Зроблена з густам. Са стылізацыяй пад старажытнасьць. Сумныя анёлы хаўрусавалі з істотамі зусім нечаканымі – гэта, напэўна, адзінарог… А там — вужыная каралева.
Паліна пашукала вачыма прадаўца. Павільён быў багацейшы за іншыя, дыхтоўны, з драўляных шчытоў, аформленых пад сьцены сялянскай хаты. Дзяўчына ў чорнай скуранцы і скандынаўскай шапачцы, з-пад якой зьвешваліся дзьве сьветлыя пругкія касы, пакінула купку суразмоўнікаў і заахвочвальна ўсьміхнулася патэнцыйнай пакупніцы. На роспыты пра пахо­джаньне жабы дзяўчына пагардліва паціснула плячыма, і яе прыгожы твар з дакладнымі рысамі, страціўшы непатрэбную ўсьмешку, набыў выраз, відаць, звыклай уладарнасьці – дзяўчына-вікінг.
— Ну, калі вас так цікавіць… Трэба спытаць у аўтара. Ён там, пад аркай… Бландзін у зялёнай куртцы – не памыліцеся.
У арцы, што вяла ў адзін са шмалікіх цудоўных старых дворыкаў, са­праўды нехта сядзеў. Што ж, гімназісты Палініны яшчэ гадзіну могуць вольна блукаць па кірмашы, потым – сустрэча ля Вострай брамы… Ня зблудзяць, вялікія. Пакуль Паліна, падабраўшы доўгі падол спадніцы і ня менш доўгае “віктарыянскае” паліто, прабіралася між плеценых кашоў і рэкламных шчытоў, бачыла толькі цёмны нерухомы скурчаны сілуэт – нібыта таксама скульптура. Стваральнік гіпсавай жабы сядзеў на перавернутай скрынцы, прыхінуўшыся сьпіной да вільготнай сьцяны. Непакрытая галава з доўгімі сьветлымі валасамі нізка апушчаная, а рукі неяк вельмі сіратліва грэюцца ў рукавах курткі, як у муфце. Не хапала толькі шапкі пад нагамі.
Яшчэ адзін няшчасны мужчына. Гэтым разам – літоўскі. Але калі Паліна стала проста перад “фігурай засмучонага” і няшчасны рэзка ўзьняў галаву, не пабачыла на яго твары прыкмет “сусьветнае тугі”. Праўда, аблічча сумнае, але зусім ня жаласнае. Хутчэй сьмешнаватае – твар худы, а нос велікаваты, з гарбінкай, сьветлыя вусы і бародка, а вочы надзіва цёмныя, дакладней – цёмна-зялёныя, як нефрыт, і крыху наіўныя… Гадоў, як і Паліне, можа, трохі старэйшы.
Між тым сьветлавалосы, усьвядоміўшы, што госьця – да яго, нязграбна ўзьняўся і ветліва схіліўся да Паліны з вышыні немаленькага росту. Але роспыты пра жабу пацьвердзілі – дзівак і няўклюда.
— Перш чым адказаць, я мушу даведацца падставы вашага інтарэсу.
Паліна здзівілася, пачуўшы чысьцюткую беларускую мову. Але ж бач, таямніцы ў яго…
— Я Паліна Ведрыч, гісторык, з Менску. Выкладаю ў тамтэйшай гімназіі. Ня так даўно мне падарылі каменную жабу, дакладную блізьнючку вашае.
— Ну і што? Ці мала ў сьвеце копіяў?
Паліна зазлавала.
— Не разумею, чаму вы ня хочаце расказаць. Я ведаю, што арыгінал – з надмагільля Вінцэнта Рашчынскага, беларускага філосафа, удзельніка паўстаньня 1863 году. Ён быў пахаваны ў Гарнушках, у Наўскім павеце. Як бачыце, мой інтарэс – прафесійны.
Скульптар па-хлапечы кіўнуў галавой, вытрымаў паўзу і кінуў:
— Я – з Гарнушак.
— Вось як? Дык вы павінны ведаць пра вашага славутага земляка! – Паліна адчула знаёмы паляўнічы азарт дасьледчыка. Яна, праўда, за справамі яшчэ так і не пачала росшукі звестак пра Рашчынскага – а цікава ж, з кім сутыкнула цябе старая рэч. Скульптар стрымана пацьвердзіў.
— Так, я чуў пра Рашчынскага. Праўда, касьцёл з ягоным надмагільлем зруйнавалі, калі я быў яшчэ зусім маленькі. Але нашы сяляне не дадуць прапасьці карысным рэчам. Ведаеце, што стаяла ў каморы маёй бабулі? Спавядальня. Пакрытае чорным лакам дрэва, разьба… Я, вядома, ня ведаў, што гэта за шафа дзіўная. Толькі як вырас і ў касьцёле падобную неяк пабачыў, здагадаўся. А для чаго яе выкарыстоўвала мая бабуля – прабачце, не скажу.
— Ну а жаба? – прыспешыла Паліна.
— Была і жаба… Бабулі яна прыдалася замест гнёту: класьці паўзьверх дошкі, калі трэба нешта прыціснуць –тварог там ці капусту.
— А пра Рашчынскага што вам бабуля расказвала?
— Ведаеце, дзіўная рэч…— скульптар задуменна ўтаропіўся ў скляпеньне аркі.— Я ўвогуле нейкі час надта ж цікавіўся айчыннай гісторыяй. Але нічога ўцямнага ніхто мне не расказаў. “Пан быў бандытам”, “Вар’ят нейкі”, “Багаты быў”—і ўсе зьвесткі.
— Чакайце, — не паверыла Паліна. — У кожным раёне ёсьць музей, энтузіясты-краязнаўцы.
Скульптар паківаў галавой.
— Думаеце, я пра гэта забыўся? У музеі – толькі ксеракопія энцыклапедычнага артыкула. А там усяго – некалькі радкоў. Вось пра героя-партызана з нашага лесу ў энцыклапедыі амаль старонка, ды яшчэ з фотаздымкам. Таму і некалькі стэндаў яму прысьвечана. А пра Рашчынскага… Пачытайце, што вашы калегі ў энцыклапедыі напісалі.
— Валянцін! Што ты там прыляпіўся да аркі? — рэзкі голас належаў дзяўчыне-вікінгу. – Ідзі да людзей! Вітаўт кавы на ўсіх прынёс.
Гандлярка падышла і пахмурна зірнула на Паліну. Той стала няём­ка – сапраўды, сам-насам з чужым мужчынам… Бо дзяўчына падкрэсьлена паказвала – гэты належыць ёй… Прытулілася, паправіла пасмачку яго доўгіх сьветлых валасоў… А твар у самой нібыта сьвеціцца знутры, і нібыта яна ўжо замкнулася з ім сам-насам... На Паліну быццам пацягнула цяплом з чужых прыадчыненых дзвярэй.
— Добра, мне час ісьці… Але ўсё ж …— Паліна дастала з сумкі візітоў­­ку, працягнула скульптару.— Раптам штосьці даведаецеся пра нашага ге­роя?
Скульптар беражліва ўзяў картку доўгімі, нязграбнымі, як і ўвесь ён, пальцамі – аж няверылася, што імі вылепленыя тыя вытанчаныя скульптуры. І дзяўчына пацягнулася зірнуць. А пасьля яшчэ ў сьпіну Паліне гукнула з ледзь прыхаванай насьмешкай:
— Дык набыць нічога не жадаеце?
— Жадаю, — нечакана адказала Паліна.
І ў абдымку з гіпсавай жабай рушыла да Вострай Брамы.
А гэты… дзівак … так і застаўся сядзець у арцы. Нібыта саромеўся, што ягонымі вырабамі гандлююць.
Хутчэй за ўсё, так і ёсць!
Ля ўваходу ў капліцу Маці Божай Вострабрамскай чарнявы хлопчык-жабрак назваў Паліну “панечкай”, і тая – нешта сёньня надта чульлівая – аддала яму нерастрачаныя літы. Тым больш колькі іх там было… Толькі пакінула на хлеб – як гэта прыехаць з Вільні без мясцовага хлеба, чорнага, як урадлівая зямля, цяжкога… А цяпер яго пякуць і з семкамі — хочаш, з гарбузовымі, хочаш – са сланечнікавымі. Паліна ўзяла цэлы каравай – падзеліцца з маці, занясе па акрайцу сяброўкам… Хто б з продкаў мог падумаць, што хлеб зробіцца некалі сувенірам, забаўкай, як паштоўка!
А вось і вучні – гаманкою зграйкай хваляцца купленым. Вярбоўкі з сухімі кветкамі, пазалочаныя і пасярэбраныя сьцябліны ільну; доўгія, як вясновая песня, цукеркі ў бліскучых абгортках, гліняныя званочкі… І, вядома, кубкі, упрыгожаныя “міленіюмнай”сімволікай – “2000”. А яшчэ бурштын, і цудоўныя партманэ з кавалкаў скуры, і падсьвечнікі з рознакаляровага шкла, якія ператвараюць самы будзённы пакой у казачны шацёр. І Паліна радавалася разам з усімі і паказвала сваё набытае – асабліва падабалася жаба, пра якую сказалі, што падобная да смайліка – сьмешнага значка ў кампутарных тэкстах. Паліна ня надта ўяўляла, але ж не спрачалася. Яна ўвогуле вольна адчувала сябе толькі са сваімі выхаванцамі. Яе нават папракалі, што ня ўмее трымаць дыстанцыю з вучнямі. Але быць самавітым, з пачуцьцём уласнай важнасьці – гэта ж так сумна, так нецікава! Гэта значыць прызнаць сябе завершаным, адмовіцца ад права шукаць, памыляцца, радавацца жыцьцю…
Не, яна не самавітая, і самавітай ніколі ня будзе. Нягледзячы на апранахі віктарыянскай класнай дамы.
І ўжо ў аўтобусе, калі яны зьбіраліся ад’язджаць ад вакзалу, Паліна спахапілася, што ў сумачцы няма пашпарту.
Вядома, ніхто ня мусіў пакутаваць з-за ейнага нядбайства. Паліна, як магла, супакоіла спадарожных і нават ўсьміхнулася на разьвітаньне. Аўтобус з гімназістамі, вярбоўкамі і адмысловымі кошыкамі адправіўся ў Менск.
Паліна стаяла ля дзьвярэй, за якімі ахоўвалі закон і вырашалі лёс разявакаў, як яна, і не наважвалася ўвайсьці. Зьявілася здрадлівая дум­ка – уцячы, заблукаць у горадзе, і няхай будзе што будзе…
— Нарэшце вас адшукаў! – няўклюдны скульптар схіліўся над Палінай, працягваючы ёй сінюю кніжачку. – Аўтобусы абыйшоў, што з Беларусі прыехалі, тады думаю – ці ў міліцыі вы, ці ў амбасадзе... Дзіна каза­-ла – вы жабу ў сумку спрабавалі ўціснуць, потым ледзь дасталі... Відаць, тады пашпарт ваш і выпаў.
Сьвет расплыўся ў вачах Паліны вясёлкай, і яна, раптам разраўлася-разрумзалася на ўвесь калідор. Нешта цяжкое вы­сьлізнула з рук, грукнула…
— Нічога, нічога, я вам новую зьляплю, прывязу… Яшчэ прыгажэйшую, вось пабачыце… — побач гучаў голас. Скульптар узяў у залітай слязьмі Паліны сумку, падхапіў пад руку, як малое дзіця, павёў на вакзал, пасадзіў у крэсла, даў насоўку – выціраць сьлёзы, потым прынёс каву, потым уклаў у руку білет… Паліна пакорліва прымала ўсё...
Ужо з тамбура цягніка паспрабавала вымавіць нейкае слова ўдзячнась-ці – сьветлавалосы няўклюда толькі памахаў рукой з платформы, шырока ўсьміхаючыся. Ды яшчэ Паліне запомніліся ягоныя словы – ён, здаецца, увесь час расказваў нешта цікавае, спрабуючы супакоіць:
— Ведаеце, як ляпіў гэтую жабу, шмат чаго паўспамінаў з міфалогіі… Дарэчы, гэта, напэўна, ня жаба, а рапуха – лапы іншыя, і пыса не пляскатая… А пра рапух ёсьць павер’е – чалавек, які ня выканаў пры жыцьці тое, у чым пакляўся, прысягнуў, павінен пасьля сьмерці ў абліччы гэтай істоты абяцанае выканаць. І патрапляе на нябёсы толькі ў выпадку, калі яму, напрыклад, удасца дапаўзьці да алтара царквы. Можа быць, Рашчынскі думаў пра гэтую прымху? Памятаеце, як у жабы лапкі малітоўна складзеныя?
За вакном цягніка мільгалі далёкія агеньчыкі. Паліна зьняможана прыхінулася галавой да вакна, паклаўшы капялюш на калені. Гэты Казюкас запомніцца надоўга. Такая “рамантыка”…
Але ж яна нічога пра сьветлавалосага дзівака з аркі ня ведае! Толькі імя запомніла – Валянцін. А ён жа білет ёй за свае грошы купіў!
Вось няёмкасьць…
І жабы разьбітае шкада…

4.
Бацька моўчкі стаяў, адвярнуўшыся да вакна, і Вінцэсь баяўся парушыць цяжкое маўчаньне. На сьцяне, на фоне вясёлкавага кіліма, пабліск­вала, быццам суровыя вочы старых вояў, зброя – шаблі, корды, ружжы, мушкеты, абушкі, скрыжаваныя дзіды, нават буздыган – шастапёр, страшная зброя, якой раструшчвалі галаву. Але Вінцэсеў пагляд мімаволі цягнуўся да таго месца, дзе мусіла вісець стрэльба, страчаная ім пад час начнога здарэньня. Ды яшчэ на стале – мяшэчак, перададзены лясным знаёмцам. І жадаў бы — не пераканаеш сябе, што ўсё было толькі страшным сном.
— Я не хацеў, каб гэта адбылося цяпер і такім чынам…
Бацька гаварыў вельмі сур’ёзна і важка – гэтак з Вінцэсем ён яшчэ ніколі не размаўляў.
— Так, напэўна, я вінаваты, што лічыў цябе за дзіця, забыўшыся, што давялося зьведаць самому ледзь не ў тваім узросьце, — бацька павярнуўся і зусім не сярдзіта зірнуў на сына. (Шкада, Вінцэсь ня ўспадчыніў гэтыя вочы колеру сталі з пранізьлівым паглядам – давядзецца пазіраць на ворагаў сваймі сінімі, ды яшчэ вялікімі, як у паненкі). —Разумееш, у дзяцінстве мне давялося перажыць шмат. Твой дзед Лявонцій быў чалавек... ня вельмі лёгкі па натуры. Ты неяк пытаўся, чаму нашыя сяляне не адрабляюць паншчыну, а толькі плацяць чынш? Гэта і таму, што я хачу хоць нейкім чынам выкупіць зло, што яны мелі ад майго бацькі. Гісторыя ро-ду – ня толькі ваенныя трафеі ды фамільныя партрэты. Гэта — цяжар, які сумленнага змушае схіліцца перад праўдай, а чэрствага – кінуць праўду пад ногі свайму гонару. Памятаеш, на ўзгорку за Гарнушкамі – вялікі пень, а каля яго – крыж з абразом Маці Божае Суцяшальніцы?
Вінцэсь моўчкі кіўнуў галавою. Менавіта туды Вальжына Рагманава час ад часу насіла кветкі – букецікі рамонкаў і валошкаў, перавязаныя карункавымі стужкамі, а Вінцэсь ішоў за ёю, як паж, і ніяк ня мог навучыцца адказваць на жарты. Як усё лёгка было ў дзяцінстве, калі яны разам гулялі ў хованкі і слухалі ў Весьніцах страшныя казкі ахмістрыні Казіміры! А мінулым летам вярнуўся на вакацыі з Віленскага шляхецкага інстытуту, убачыў знаёмыя чорныя вочы… І незнаёмая прыгажосьць і незнаёмы боль назаўсёды зьнішчылі нязмушанасьць. Падумаеш, на чатыры гады старэйшая! Эх, каб ваўкалак існаваў папраўдзе!
— Дык вось, сыне, — голас бацькі змусіў Вінцэся адарвацца ад мрояў. — На тым узгорку расла сасна, якую выкарыстоўвалі дзеля пакараньня прыгонных, – пан Рашчынскі гаварыў зусім ціха. — Гэта старажытнае пакараньне, яно нарадзілася, калі панавалі дзікія норавы, і жыцьцё чалавечае не было каштоўней за разьбітую чарку. Ды не, чарка была большай каштоўнасьцю – адзін з нашых продкаў памяняў сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў з дзесяці чалавек на італьянскі сервіз – крышталь, аздоблены срэбнымі птушкамі і вінаграднымі лозамі. Шэсьць чарак і графін з коркам у выглядзе срэбнай вінаграднай гронкі, на якой сядзіць матылёк.
— Памятаю той сервіз…— гэтак жа ціха адазваўся Вінцэсь, і нейкі холад апаноўваў яго знутры, нібыта ў шкле паміж хатнім цяплом і знадворным сіверам зьявілася першая трэшчына. Ён амаль не хацеў чуць, што далей скажа бацька.
— Дык вось… Пакараньне было такім – вінаватаму разразалі жывот і прыбівалі канец кішкі да дрэва. А потым няшчаснага бізунамі ганялі па крузе, пакуль усе вантробы не наматаюцца на камель. Самае страшнае, што пасьля гэтага чалавек яшчэ нейкі час жыў. Я сам гэта бачыў. Бацька лічыў, што такое відовішча паспрыяе выхаваньню ўва мне мужнасьці.
Вочы пана Рашчынскага палыхнулі гневам, і Вінцэсь раптам зразумеў, што зусім ня ведае свайго бацькі – гэты чалавек са спакутваным тварам меў мала падабенства з тым ласкавым, вясёлым “papб”, які заходзіў у дзіцячы пакой, заўсёды нешта напяваючы, які займаўся з Вінцэсем гімнастыкай па нямецкай сістэме. А калі Вінцэсь быў на вакацыях, яны шторані­цы разам пераплывалі сажалку. Нават калі ўтваралася тонкая скарынка лёду, яго разьбівалі, каб вызвалілася з дзясятак метраў, і пры­слуга зьбягалася паглядзець, як шалёны пан купаецца ў палонцы і няшчаснага паніча за сабой цягне. А Вінцэсева любімая нянька Агата дык проста плакала ды галасіла, стоячы на беразе. Затое насуперак звычаям бацька з сынам заўсёды былі на “ты”, і ў доме ня мелася звычкі цалаваць старэйшага ў руку і, як у строгіх прыхільнікаў “сармацкага ладу”, падаць у ногі.
Пан Рашчынскі глядзеў на старажытную зброю на сьцяне.
— Гонар роду… Нашыя продкі часам дзіўна трактавалі гэтае паняцьце. Калі я стаў уладаром маёнтка, загадаў сьпілаваць сасну і паставіць на тым месцы крыж. Але памяць пра ўчыненае зло ня зьнішчыш так лёгка, як дрэва – карэньні ад яго цягнуцца на шмат пакаленьняў наперад. Я зрабіў, што мог – спадзяюся, ты падоўжыш маю справу. Падобна, я ня змог стаць добрым бацькам. Я рана страціў маці, ты таксама. Жаль і любоў часам адпрэчваюць розум. Я нічога табе не расказваў, ні ў што не пасьвячаў. Здавалася – яшчэ прыйдзе час…Мне хацелася бачыць, як маё дзіця бесклапотна гадуецца, радуецца жыцьцю… І вось – мой сын мог загінуць, і гэтак па-дурному…
— Тата, прабач... — Вінцэсь па звычцы хацеў дадаць дзіцячае – “я больш так ня буду”, але ўсьвядоміў, што ня можа, і ня хоча гэтага вымаўляць. І бацька сказаў дзіўнае:
— Гэта ня той учынак, за які трэба прасіць прабачэньня.
Сеў за стол, не сьпяшаючыся, разьвязаў мяшэчак з лесу, высыпаў з яго нешта… Вінцэсь прагна нахіліўся… Рознакаляровыя каменьчыкі, некалькі зярнятак, нават мінулагодні, счарнелы арэх… Вінцэсь ледзь не засьмяяў-ся – а ён жа, пакуль нёс бацьку пасланьне, чаго толькі ні перадумаў – вядома, падгледзець самому, што ўнутры, было нядобра.
Але бацька зусім не зьдзівіўся. Гэтак жа нясьпешна расклаў каменьчыкі па колерах, задумаўся…Потым пільна зірнуў на сына.
— Ім патрэбна тры фунты пораху і набоі для пісталетаў. І ў іх скончыўся хлеб.
Вінцэсь яшчэ не разумеў.
— Тата, хіба ты іх ведаеш? Хто яны такія?
Пан Рашчынскі памаўчаў.
— Брацтва Ваўка.
Вінцэсь разгубіўся.
— Хіба гэта ня казкі? Пераваратні, якія зьяўляюцца па начах і зьядаюць таго, хто забіў бязьвіннага чалавека?
— Кожная казка калісьці была праўдай, сыне, — усміхнуўся пан Антось. – Брацтва Ваўка існуе на нашай зямлі вельмі даўно. Адразу, я думаю, яго ўтварылі нашыя продкі-паганцы, якія не хацелі прымаць новую веру і хавалі свае паселішчы ў гушчарах. Потым – беглыя прыгонныя і жаўнеры, пакрыўджаныя людзі. Цяпер Брацтва захоўвае памяць апошняга паўстаньня. Тое, што даручылі табе – вялікі давер. Сёньня аднясеш па­трэбнае, куды я скажу. Чалавек са шнарам, з якім ты пазнаёміўся ў лесе, належыць да слаўнага роду, Вінцэсь. І продкаў варты. Дваццаць год таму мы разам з ім былі вязьнямі Бабруйскай крэпасьці.
— Вязьнямі? — а Вінцэсю здавалася, што яго больш нічога так ня зьдзівіць. Бацька ўстаў, павольна прайшоўся па пакоі, склаўшы рукі за сьпіной, быццам зьбіраўся чытаць лекцыю.
— Паўстаньне пачалося ў Варшаве. Але гэта быў шанс і для нас. Мне хапіла б і таго, што Аляксандр І забараніў жыхарам Беларусі і Літвы накі­роўваць сваіх дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. А я так марыў пра Гейдэльберг, пра Падую, дзе вучыўся Скарына! На далучаных да імперыі землях тварылася так шмат несправядлівасьцяў, што ня бачыў толь­кі сьляпы. У віленскім шляхецкім інстытуце, я вучыўся там, як і ты, многія падзялялі ідэалы паўстаньня — і вучні, і настаўнікі.
— Але цяпер там пра гэта не чуваць! — зазначыў Вінцэсь, які ня надта шанаваў сваю навучальную ўстанову.
— А хто табе мог расказаць? — уздыхнуў пан Рашчынскі. — Сёньня права выкладаць вам маюць адно “вернападданыя”. А ў той час мы перапісвалі вершы Міцкевіча і Чачота, чыталі Дыдэрота і Шылера… Паўстаньне ўжо было амаль разьбітае, калі я разам з сябрамі па інстытуце далучыўся да аднаго з атрадаў генерала Дэмбіцкага, апошняга з абаронцаў. Мяне схапілі, калі я прыйшоў дадому ў спадзеве здабыць зброю і хлеб.
Вінцэсю стала страшна:
— Гэта зрабіў… мой дзед?
— Не, дарагі. Не пераймайся. Ён жа быў шляхціц. Але ён выгнаў мяне з нічым – бо я пайшоў у атрад інсургентаў супраць ягонае волі. Мяне выдалі жандарам сяляне, якія так ненавідзелі пана, што нават пострах ягонага гневу не перашкодзіў ім адпомсьціцца на сыне. Дарэмна што сын змагаўся і за іхнюю будучыню. Царскія ўлады ня толькі касавалі вольнасьці літоўскае шляхты, але і зводзілі ўсіх, хто ня мог пацьвердзіць шляхецтва, да стану прыгонных, як і сёньня, душылі падаткамі. Вядома, той жах, у якім сяляне жылі з міласьці твайго дзеда, не даваў ім усьвядоміць, што чакае іх у абдоймах новых законаў. Калі ўжо варышся ў кіпні – няма розьніцы, у якім гаршку. Тым больш новыя ўлады ня раз дапамагалі бацьку змушаць дзёрзкіх хлопаў да пакоры. Ссылка ў Сібір – гэта жахлівей, чым бізуны. Не, твой дзед ня быў нейкім людажэрам – ён у маладосьці шмат ваяваў, нават быў у войску Серакоўскага, калі яго разьбіў Сувораў пад Крупчыцамі. Потым паехаў на Балканы, паспытаў турэцкага палону, мусіць, там і развучыўся цаніць чалавечае жыцьцё. Напалеон спрабаваў стварыць у нас саюзнае войска Вялікага княства Літоўскага – многія шляхціцы пайшлі туды. А твой дзед пасьмяяўся. Сказаў – ня верыць больш у годнасьць роду чалавечага. Ні за каго ня варта паміраць. Тым больш за хамскую волю. Хлопы для яго былі ня больш, чым карысныя або шкодныя жывёлы. І каб не твая бабуля, я мог бы вырасьці такім самым… І ты б зараз адсылаў свайго слугу Янку на стайню, калі той падае табе не зусім гарачую каву. Не крывіся – выхаваць у чалавеку пагарду да бліжняга няцяжка. Паглядзі на партрэт у куце.
З карціны сурова пазіраў сівы чалавек, гладка паголены, у берэце і круглым карункавым каўнеры, са шпагай. Але танклявая рука пакладзена не на ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі эфес шпагі, а на глобус. Пан Антось патлумачыў.
— Я табе казаў некалі, што гэта твой прадзед Ганорый. З яго ў нашым родзе пачаліся каталікі – перахрысьціўся з праваслаўя. Пасьля таго, як пабыў прыхільнікам Кальвіна… Вальнадумец, карацей. Разумны чалавек, вучыўся ў Чэхіі, Італіі, Нямеччыне. А вярнуўся сюды – у першы ж дзень прыгоннага на стайні бізуном забіў. Насьмерць. Уласнай рукой.
— За што? – прашаптаў Вінцэсь. Бацька толькі горка ўсьміхнуўся.
— Можа быць, падаў недастаткова гарачую каву... Ці што там продкі нашыя пілі? Медавуху? Дык вось, дзед Ганорый… Пра яго дасюль у Гарнушках расказваюць, што быў чарнакніжнікам і нават выгадаваў цмока пад уласнай пахай. І як падчас навальніцы бліскала маланка, усе навакольныя сяляне былі пэўныя – цмок нясе пану золата. А калі ў вёсцы зьнікала дзіця… Ну, ня буду пераказваць усяе забабоннай лухты – вядомае адно: дзед твой памёр самай нядобрай сьмерцю. Засіліўся. Сьвятар адмовіўся хаваць самагубцу на асьвечанай зямлі. Тады яшчэ сустракаліся прынцыповыя святары. Ты бачыў каля дарогі, на ўскрайку Маскалёва лесу, капліцу?
Вінцэсь кіўнуў галавой.
— Толькі яна зусім занядбаная.
— Там – магіла твайго прадзеда, Ганорыя Аляксандра Рашчынскага. Жонка вырашыла – у лесе лепш, чым пад царкоўнай агароджай, пасярод нікаў. І колькі ўжо баек вакол таго месца! Жорсткасьць не памірае разам з акрутнікам. Але заўсёды зьяўляюцца людзі, якія могуць аддаць жыцьцё за перавагу дабра. Мы былі на гэта гатовыя. Мартына Саколку, так завуць твайго новага знаёмага, схапілі падчас бойкі – яго паранілі… Бачыў, які ў яго твар?
— Так…
— З атраду засталіся ён – і я. Мне – васемнаццаць, яму, як табе — шаснаццаць. Сьледчыя хацелі, каб ён пацьвердзіў, што я таксама – з атраду. За гэта абяцалі вельмі шмат – жыцьцё. Нашая сям’я ў сваяцтве з многімі – Рагманавымі, Ляшчынскімі, Каліноўскімі. За мною пацягнулі б іншых – усе сьледчыя ўсіх краінаў і часоў мараць не схапіць асобнага злачынцу, а выйсьці на змову, раскрыць закалот, і чым паболей шаноўных людзей у ім заблытаць. Мартын не сказаў ім нічога. Чаго гэта каштавала яму – ведае толькі ён. Але мяне адпусьцілі.
— А яго?
— Як бачыш, ён жывы… І мы ўсё яшчэ чакаем свайго часу.
Апошнія словы бацька сказаў вельмі ціха, але Вінцэсь зразумеў сэнс пачутага і скалануўся ад радаснай трывогі. Зусім як у вершы забытага паэта пра Чорнага Войну:

“…Куля ніколі ня ведае шлях у абход,
Война самотны ня ведае шлях да спакою.
Маніш, чужынец, што мой не са мною народ,
Ён – гэта я, ён ніколі ня будзе з табою.
Вежы маёнтка майго парасьлі палыном,
Тых, што кахалі мяне – суд зямны не ўваскрэсіць.
Покуль жывы – Беларусь мая – родны мой дом,
Так, Беларусь, не губерня, ня ўсходнія крэсы.
Нават асуджанасьць зброяю стала маёй.
І безвыходнасьць – крыніца змаганьня для сьмелых.
Верас палае над беднай сьцямнелай зямлёй,
Быццам у попеле іскры пажару сасьпелі...”

— Не, гэта ня будзе хутка, — прагаварыў пан Рашчынскі, заўважыўшы, як заблішчэлі вочы сына. — І ты заўтра ж паедзеш у Вільню, да дзядзькі Андрэя. Ён дапаможа табе падрыхтавацца да універсітэту – а я думаю, гэта ня будзе цяжка. Мы – ня самыя багатыя, але я зрабіў усё, што мог, каб даць табе добрую адукацыю. Сюды вернешся толькі праз год.
Апошняе гучала загадам. Не, Вінцэсь ня выкажа засмучэньня.
На разьвітаньне Вінцэсь ня мог не спытаць:
— А маці ведала?..
— Яна чакала мяне са зьняволеньня, — сумна казаў бацька. — Ты ніколі не пытаўся, якая спадчына засталася табе ад маці. Дык вось цяпер магу сказаць – яе сям’і належалі Саматыі за Маскалёвым лесам. Сёньня яны належаць палкоўніку Варанецкаму, які ўціхамірваў паўстаньне.
— А сваякі?
— Спытай у сібірскіх крумкачоў, сыне… І памятай – ад маці табе за­сталася найлепшая спадчына: мужнае сэрца і чуйная душа. Ці прынясе табе гэта шчасьце – ня ведаю…
Вінцэсь нават трохі сумеўся: бацька ніколі не казаў яму гэткіх высокіх словаў…
Пакунак з порахам і хлебам належала пакінуць пад крыжам ля сьсечанай сасны – унізе крыжа была зладжаная адмысловая хованка, прыкрытая дошкамі. Цяпер Вінцэсь ведаў, што каменьчыкі і зярняты звычайна раскладаліся на пні – хто мог западозрыць у звычайным сьмецьці сакрэтнае пасланьне?
Зрабіўшы, што належала, Вінцэсь марудзіў у прыцемку — яму хацелася яшчэ раз пабачыць лясных людзей. Спаткацца з імі па – іншаму, на роўных, магчыма, неяк выправіць іх меркаваньне пра сябе… Але цені згушчаліся, чарнелі, быццам кроў памерлага дня, і стаяць у чаканьні было непрыстойна і небясьпечна… Тым больш рупіла яшчэ адна справа… Вінцэсь ня мог паехаць адсюль на цэлы год – гэта ж бясконцасьць! — не пабачыўшы Яе… Хаця б пабыўшы каля яе… Вядома, ён мог сёньня проста зьявіцца ў госьці ў Весьніцы – пан Вакула Рагманаў, бацькаў сардэчны сябра, заўж­ды радуецца ягонаму прыезду… Вінцэсь маленькім, асірацеўшы, столькі часу бавіў у гэтым доме, пад апекай цёткі Ліны, маці Вальжыны і Маркі Рагманавых. Напэўна, каб цётка Ліна была жывая – усё было б прасьцей… А цяпер — як паказацца на вочы чароўнай насьмешніцы? Вінцэсю здавалася, што ўсе на сьвеце ведаюць пра ягонае няўдалае паляваньне на пачвару.
Не, ён проста прыйдзе пад вокны Вальжыны, а потым пакіне ёй свой падарунак…
Да таго ж паабяцаў перадаць – жабу замест ваўчынае скуры.
Што ж, ён даражыць сваім словам, нават дадзеным у адказ на грубы жарт. Вядома, прынясе не сапраўдную жабу. А вось гэтую – з зялёнага пералівістага шкла, а ў роце-гарлавіне – тры белыя ружы. Цудоўная вазачка з Саксоніі. Ён пералезе праз агароджу і паставіць падарунак на стол у альтанцы, у таемным сховішчы, дзе Вальжына праводзіць з улюбёнымі кніжкамі па некалькі гадзінаў у дзень. І нікому не дазваляецца турбаваць там мройную паненку.
Вядома, Вінцэсь напісаў і ліст… Дужа паэтычны і разумны, на ягоны погляд.
Салаўі шчодра сыпалі дробнае срэбра сьпеваў на цёмнае лісьце, на вільготную траву… Багацьце, якое належыць толькі закаханым. Вінцэсь успомніў, што сёньня – Васіліск, Салаўіны чацьвер. Добры час для сардэчнай справы.
Хлопец асьцярожна прабіраўся па сьцяжынцы між кустоў бэзу, калі раптам пачуў шэпт... Месца пад вакном паненкі Рагманавай было занятае. У цьмяным сьвятле поўні бачылася нечая высокая постаць. Злодзей?
— Што з вамі, Раланд?
Ціхі голас належаў Вальжыне. І Вінцэсю раптам стала страшна – не ад таго, што заўважаць, а ад прадчуваньня болю, ад якога, вядома ж, няма лекаў, акрым кулі ў сэрца, як сьцьвердзіў бедны Вертэр.
— Там нехта ёсьць, — голас мужчыны падаўся Вінцэсю знаёмым.
— Я нічога ня чую. Вы сталі палахлівым, рыцар Раланд.
Мужчына памаўчаў.
— Магчыма… Памыляюцца нават старыя салдаты. Можа быць, шаргатнула птушка.
— Ці котка! Спалохалася вас – вырашыла, што сапраўдны ваўкалак прыйшоў. — Яна яшчэ жартавала! Вінцэсь з усіх сілаў сьціснуў кулакі, каб спыніць дрыжыкі. Цяпер засталося адно – сьцішыцца… Выцярпець ганебнае становішча віжа. Ці – пабегчы прэч, ломячы кустоўе? Абвесьціць пра сваю прысутнасьць? Горш за сьмерць… Думкі юнака блыталіся ад адчаю і безнадзейнасьці.— Вазьміце мяне з сабой, Раланд, —цяпер голас дзяўчыны трымцеў хваляваньнем. – Мы маглі б сустрэцца ў Кракаве. Мяне туды пусьцяць – да цёткі, у яе якраз імяніны. Мне ўсё роўна, што стануць пляткарыць. І я ніколі ня буду перашкодай вашай справе.
— Вальжына, што вы кажаце? – разгублена азваўся мужчына.—Я не разумею вашае легкадумнасьці.
— Вы што, сьляпы? – яна нават узвысіла голас. — Я кахаю вас і хачу быць з вамі! Толькі не кажыце, што вы гэтага ня ведалі!
— Вальжына… — у голасе гучала сапраўдная пакута. — Я ведаю вас лепей, чым вы самі. Вы – рамантычная дзяўчынка. Вам патрэбны герой. Вы ж нават мянушку мне прыдумалі – Раланд… Рыцар… Паверце, Вы кахаеце не мяне, а той вобраз, які ўтварыўся ў ваша разумнай, але мройлівай галоўцы. Гэта не сапраўднае пачуцьцё. Калі-небудзь вы абавязкова сустрэнеце прыгожага юнака, які зробіць вас шчасьлівай. А я – старая пачвара. Вы толькі нарадзіліся, калі я канаў у каменных лёхах. Успомніце – на Каляды гадоў дзесяць таму, калі я прынёс вам жывую вавёрку, вы, па­бачыўшы мяне першы раз, закрычалі ад страху. І бацька, каб супакоіць, нават нешта сачыніў вам пра мяне – быццам я зачараваны прынц у зьвярыным абліччы.
— Я была зусім маленькая…
— Прабачце, але сьляпы ня я – вы.
Чаму гэты голас такі знаёмы? Вінцэсь трохі пасунуўся, каб лепш разгледзець мужчыну… А той якраз адвярнуўся ад вакна, дзе была смуглявая спакуса, і закінуў твар да поўні — нібыта жадаў правыць тужлівую ваўчыную песьню… Жахлівае аблічча… Вінцэсь ужо бачыў яго – учора ноччу, і таксама ў сьвятле поўні. Глыбокі шнар, доўгія цёмныя валасы…
Ня ў змозе трываць, Вінцэсь апусьціўся на зямлю і схаваў твар у траве. Ён больш не хацеў ні бачыць, ні чуць… Але шэпт з вакна ўсё роўна працінаў слых.
— Я кахаю вас… Я ўжо доўгіх тры гады кахаю вас. Вашы пакутлівыя гады, вашы раны, вашы цудоўныя вочы, вашы дужыя рукі…Усё, усё, што ваша – міла мне, люба. Я ніколі ня буду ні з кім іншым, чуеце? І скажыце, што вы – не кахаеце мяне! Паспрабуйце зманіць — перад вачыма анёлаў, якія зараз глядзяць на нас!
— Не магу зманіць… Кахаю вас… Ня буду з вамі…
Калі вакно зачынілася і постаць Ваўкалака зьнікла ў начы, Вінцэсь паспрабаваў устаць… Руку чамусьці апякло болем – хлопец зразумеў, што раструшчыў шкляную жабку. Што ж, вазачка – ня самае важнае з таго, што разьбілася гэтай ноччу.
Поўня шчодра сеяла сьвятло на сьцежку, і Вінцэсь прыпомніў яшчэ адну яе назву – ведзьміна сонца. У адчаі людзі зьвяртаюцца і да ведзьмі­ных сродкаў. Калі пакласьці язык жабы на сэрца жанчыне, якая сьпіць, тая праўдзіва адкажа на ўсе пытаньні.
Цяпер ён ня мае патрэбы ў дапамозе жабкі.
Застаецца толькі адно – як казаў бацька, чакаць. Можа быць, яшчэ ўдасца памерці за каханьне або за радзіму.
І бацька дазволіць яму мець уласную стрэльбу.
Урэшце, Вінцэсю ўжо шаснаццаць.

5.
Хто даўмеўся пакласьці ў труну цюльпаны? Кветкі абуральна жывыя, пяшчотныя і яркія, быццам дзіцячы малюнак. Здавалася, Артур зараз устане, адчуўшы дотык халодных сьцяблінаў да сваіх рук. Ён жа быў такі нярвовы, чуйны…
“Быў…” Гаварыць пра яго ў мінулым часе — яшчэ трэба прывыкнуць. Паліна адвяла позірк. Бабулька ў чорнай хустцы сядзела на табурэтцы ля труны і чытала малітоўнік. Словы малітвы, здавалася, не ўзьляталі, а апускаліся, як сухія пялёсткі, на падлогу, туды, дзе ўкленчыла Аксана. Былая жонка – яна заставалася адзіным блізкім Артуру чалавекам. І адзі­ным, хто мог сказаць, што па-сапраўднаму любіў памерлага. Паліна ня вытрымала, падыйшла да сяброўкі, прымусіла ўстаць, завяла на кухню – яшчэ шлях да могілак, а ў беднай і макавінкі ў роце не было, відаць, ад учарашняга дня. І ня спала, мусіць, ад таго часу, як патэлефанавалі з міліцыі. Колькі іх, неапазнаных трупаў алкаголікаў ды наркотаў, знойдзеных на вулічных лаўках, у пад’ездах, у гарадскіх парках, зьнікае ў безыменных магілах. Гэтаму – пашанцавала. Над ім плачуць, не ўспамі­наючы пра благое, і вядома, вінавацяць сябе… Не даглядзелі, не ўбераглі, не дапільнавалі…
— Кінь, Аксана! – Паліна сама ледзь стрымлівала сьлёзы. — Ну чым ты магла ўжо дапамагчы? Ты ж і так зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Алкагалізм – хвароба невылечная, і калі Артур сам не хацеў цягнуць сябе за валасы з дрыгвы…
— Ён быў такі таленавіты! Такі высакародны! Такі самотны! – плакала Аксана, выціраючы рогам чорнай карункавай хусткі сьлёзы. Разумніца, шыкоўная брунетка, кахала, дзіця нарадзіла… Чаго Арціку не хапала, каб перадолець стан няшчаснасьці?
— Ён жа прыходзіў да мяне перад… перад сьмерцю, — спавядался Аксана. — Грошай прасіў… Казаў – не на пітво, а заказаць ксеракопіі нейкіх дакументаў. Казаў, расьсьледваньнем цікавым займаецца. Нават папку прынёс… Папрасіў прыхаваць. І Вадзіку цацачную машынку прынёс… А я…
Словы патанулі ў сьлязах. Паліна засьпяшалася накапаць валяр’янкі ў кубак, але Аксана нецярпліва адпіла проста з бутэлечкі. І зноў залілася сьлязьмі, тлумачачы, што цяпер успомніла — гэтак жа апошнія месяцы рабіў Артур.
— Два тыдні ў моргу праляжаў… Падабралі на сьметніцы. Уяўляеш – на сьметніцы! Такі розум, такі талент... Нават кніжкі ня выдаў. Слухай, я хоць ягоную папку табе перадам, можа, надрукуеш што…
— Аўтобус прыйшоў, — на кухню зазірнула Аксаніна маці. Вусны яе былі строга падціснутыя – Антаніна Васільеўна не зьбіралася маніць, праліваць сьлёзы перад гледачамі. Вядома, зробяць усё, як належыць, вядома, шкада чалавека, але колькі напакутваліся ад яго... Хай Бог яму даруе.
Могілкі, звычайныя, гарадскія, з шэрымі бетоннымі помнікамі, падобнымі на недабудаваныя трансфарматарныя будкі, з таненькімі кволымі дрэўцамі; аблічча сьвятара – засяроджанае і прасьветленае, як і належыць на вялікай урачыстасьці – адданьні душы небу; яркае веснавое сонца – душа ня зблудзіць; парасткі травы ў чорнай урадлівай зямлі – быццам вітаюць новага пасяленца...
Паліна не запомніла ні прачулых прамоваў, ні памінак, што былі зла­джаныя ў апусьцелай артуравай кватэры… Запала толькі ў памяць: на выцьвілых шпалерах – яркія простакутнікі, там, дзе віселі карціны. Быццам магільныя пліты. Вунь там быў партрэт Барбары Радзівіл, там – Уладзіміра Дубоўкі… А там, здаецца, самога Артура — ён сябраваў з многімі мастакамі. На пахаваньне прыйшлі двое.
Паліна прымусіла сябе выпіць некалькі кілішкаў гарэлкі. Таму толькі пад вечар наступнага дня ўспомніла пра сінюю папку, аддадзеную Аксанай.
Артур усё-ткі заставаўся да апошняга навукоўцам. Толькі крыху дрыжачы почырк паказваў, што пісаў чалавек… ну, скажам, стамлёны жыцьцём. Запісы былі акуратныя, абведзеныя каляровымі алоўкамі, са спасылкамі на крыніцы… Нават з малюнкамі. Але які сэнс гэтых запісаў? Паліна гублялася ў здагадках. Вочы сьлізгалі па зацемках, спрэс па­крэсьленых.
”Lupus metallorum. Воўк металаў. Паглядзець у “Rosarium philosofum”. Або Апалон Лікіас? “Воўк як сімвал ранішняга сонца, бо можа бачыць ноччу. Зьвер бога вайны Марса. Параўнаць выявы”.
Рашучая рыса чырвоным атрамантам – і надпіс: “Усё-ткі воўк металаў. Сімволіка працэсу ачышчэньня золата з дапамогай антымону: воўк глытае ільва, каб яго вызваліць. Антымон – шэры воўк. Што такое антымон?!!!“ І выпіска на бачыне: “Позьнелацінскае ”antimonium” – сурма”.
Што да чаго? Артур захапіўся міфалогіяй? Гісторыяй алхіміі? Далей – яшчэ больш незразумелае. “Паўночны сьпяваючы лебедзь – cugnus musicus. Ва ўмовах экстрэмальнага паніжэньня тэмпературы цела (г. зн. калі за­мярзае) – крычыць незвычайным голасам: моцны высокі гук і больш слабы глыбокі трубны. Адсюль – лебядзіная песьня. Запавет? “ Яшчэ адна загадкавая зацемка: “Чаму ў руках сьмерці – крыж?”
Адгарнуўшы наступную старонку, Паліна ледзь ня ўскрыкнула ад узрушэньня: алоўкам была схематычна, але цалкам пазнавальна намаляваная… яе жабка. А калі Паліна прачытала напісанае пад малюнкам, узрушылася яшчэ больш: ”У народных паданьнях “грэшная рапуха” – увасабленьне выратаваных “бедных душаў”. Калі чалавек ня выканаў пры жыцьці тое, у чым пакляўся, ён мусіў пасьля сьмерці ў абліччы рапухі выканаць абяцанае”.
Тыя самыя словы, якія сказаў ёй на разьвітаньне скульптар з Вільні!
Паліна, не чытаючы, прагартала астатнія лісткі ў папцы – таямніца вызірала з кожнай літары, вілася белай сцяжынкай між словаў, упля-таючы яе ў сіло непераадольнай цікаўнасьці. На апошнім лісьце ня мелася тэксту. Там быў малюнак скульптурнай групы – старанна перамаляваны чорнай гелевай ручкай. Фігуры разьмяшчаліся на простакутным узвышэньні. У цэнтры, над усімі – захутаны ў манаскую расу шкілет, кашчавы палец ягонай правай рукі паказвае на заціснуты ў левай крыж. У нагах сьмерці воўк з ашчэранай пашчай навіс над параненым ільвом, які бясь­сіла прыпаў долу, прыўзьняўшы галаву ў акуратных кудзерах, каб сустрэць сваю пагібель годна, вочы ў вочы. Далей можна было разабраць у сьпляценьні фігураў лебедзя, што ірваўся ў апошні палёт. А вось жабкі сядзелі па баках пастаменту… Як зразумела Паліна, жабак (або рапух – не хацелася іх называць гэтым словам) было чатыры, па адной у кожным куце.
Паліна ўжо здагадалася, што разглядае малюнак надмагільля Вінцэся Рашчынскага. Цікава, адкуль Артур перамалёўваў? Надмагільле ж пачало руйнавацца неўзабаве пасьля збудаваньня.
Адказ знайшоўся на самім лістку: “Нац. архіў, фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дак. 131”. Вядомае прозьвішча! Магнаты, старажытны беларускі род. Мелі шыкоўны палац ня так далёка ад Гарнушак. Якая сувязь у Станіслава Людвісара з Рашчынскім? Чакай, ці не згадвалася гэтае імя сярод паўстанцаў? Магчыма… Трэба будзе ўдакладніць.
Але ж дзіўнае месца супакаеньня. Для чаго тут згрувашчана столькі фігураў? Злавесная скульптура сьмерці – зразумела, а чаму – воўк, леў, лебедзь, жабкі? Дзіва што Артур зацікавіўся. Наўрад ці столькі стараньня і грошай было ўкладзена, каб увасобіць капрыз хворага ўяўленьня: з мастацкага погляду ўвесь гэты каменны карагод быў безгустоўны, бязладны. Аднак у разьмяшчэньні выяваў, у іх саміх угадвалася прадуманасьць…
Паліна зноў узялася за паперы, на гэты раз узважваючы кожнае слова. Артур відавочна лічыў, што ў фігурах надмагільля было схавана нейкае пасланьне – “лебядзіная песьня”. Менавіта гэтым ён тлумачыў, што надмагільле бязьлітасна руйнавалі. Калі з фігурай лебедзя і сьмерці больш-менш зразумела, — сімвал пасьмяротнага запавету, а як наконт ваўка і льва? Паліна яшчэ раз перачытала: “сімволіка ачышчэньня золата… воўк глытае ільва, каб яго вызваліць…”
Акрамя скульптураў, надмагільле прыкрашалі і надпісы. На самім пастаменьце кароткі надпіс-пытаньне: “Qvis amas Amo”. Прыблізна “каго любіш люблю”. Або “люблю, каго любіш ты”. Дзіўнае сьцьвярджэньне падабенства густаў на магіле!
Дзяўчына ўзяла з падваконьня каменную жабку, пакруціла, перавярнула... Зьнізу ў скульптурцы круглая адтуліна – відаць, фігурка насаджвалася на адмысловае мацаваньне. Зьняў – і ўсё.
І там жа, зьнізу, на жабцы зьмяіліся ледзь заўважныя літары: “te”. Можа быць, подпіс скульптара.
Паліна яшчэ раз агледзела жабку, водзячы пальцамі па халоднай сьпіне ў пухірках і ямінках – гэтак жа лашчылі гэты камень пальцы скульптара з дзевятнаццатага стагоддзя. Работа тонкая, старанная. На сьпінцы ўзор падзелены акуратнай лініяй, значкі нагадваюць руны... Дзіўны арнамент! І тут у калідоры нешта зашаргатала...
О, не, толькі ня гэта! Вешалка для адзеньня, толькі ўчора ў чарговы раз прымацаваная Палінай, зноў зьбіралася абрынуцца на падлогу. Глухі ўдар пацьвердзіў, што зламысны намер зьдзейсьніўся.
А Паліна яшчэ радавалася, калі набыла гэтую стылізаваную пад карчажыну рагульку! Абы ня так, як ва ўсіх.
Добра, што маці на працы, а то зноў пачала б наракаць, што ў доме няма мужчыны.
Паліна кінулася прыладжваць вешалку на месца. Яшчэ можна пасьпець да прыходу маці – ранішні сьпектакль у ейным тэатры закончыцца ў два, пакуль прыме касьцюмы (Марыя Апанасаўна працавала касьцюмеркай), яшчэ гадзіна...
Тэлефонны званок засьпеў дзяўчыну, калі яна спрабавала начапіць непаслухмяную рагульку на толькі што замацаваны шруб. Нічога, каму трэба – ператэлефануюць. Аднак тэлефон званіў і званіў. Так што першай ня вытрымала Паліна.
— Алё… Я слухаю…
Аксанчын голас гучаў так незвычайна, што Паліна імгненна забылася на вешалку, якая зноў улеглася на падлогу.
— Артурава сіняя папка ў цябе? Ты яе чытала?
— Так, вось толькі што гэтым займалася. Вельмі цікава, дарэчы…
Аксана ледзь не зрывалася на крык.— Неадкладна вярні! Запакуй яе ў канверт… У цябе ж ёсьць вялікі канверт, так?
— Ну… А чаму?..
— Не перабівай! – Аксана сапраўды крычала, як у істэрыцы. — Запакуй… Адрас не пішы… Ведаеш, дзе мая пошта? На рагу Камуністычнай і Кісялёва. Скрыня нумар сорак пяць. Укінь папку ў скрыню – і ідзі. І помні: ты яе ня чытала, не бачыла. І ўвогуле нічога пра яе ня чула. Ні ў якім разе не здымай копіі! Забараняю! Сорак пятая скрыня! Не пера­блытаеш? Ідзі зараз жа!
Паліна слухала сяброўку і халадзела: як лёгка страціць розум! Даперажывалася, небарака…На ўсе спробы супакоіць — крык:
— Так трэба! Не пярэч! Пакляніся памяцьцю Артура, што зробіш, як кажу! Кляніся. Ну! Калі яшчэ і ты будзеш на маім сумленьні…
Што заставалася рабіць? Аксана ня ў тым стане, каб з ёю спрачацца. Урэшце, і папка належыць ёй. Паліна апранулася так хутка, як магла – нярвовасьць сяброўкі перадалася. Узялася за папку… І задумалася. Копіі не здымай! Што за глупства? Але не – ва ўсім Аксанчыным маналогу тут чуўся адзіны пробліск логікі. Сяброўка ня хоча, каб Паліна працягвала дасьледваньне Артура. Чаму? Аксана ніколі ня лезла ў навуковыя справы. Павыкладаўшы гісторыю ў школе, “наеўшыся” настаўніцкага жыцьця, скончыла курсы візажыстаў і цяпер някепска пачуваецца ў прыватным салоне прыгажосьці. Што ёй Гекуба, дакладней, Вінцэсь Рашчынскі?
Урэшце, хто ведае дакладна, што ляжала ў папцы? Прачытанае засталося ў памяці, пасьля занатуе, а вось малюнак надмагільля…Паліна, павагаўшыся, выцягнула з сіняй папкі аркушык і схавала ў шуфляду пісьмовага стала. Нічога, прызнаецца ў злачынстве, як толькі Аксана прыйдзе да розуму.
Ліў веснавы дождж, па-восеньскаму няўтульны і халодны. Паліна вярталася дадому з прыкрым адчуваньнем пераможанай. А ў калідоры ляжыць непрыбітая вешалка… І маці, напэўна, ужо дома…
Паліна зірнула на сваё вакно – так, сьвеціцца. Стаяць бы вось так пад дажджом і ветрам і глядзець на асьветленае вакно… І ўяўляць, што табе няма куды ісьці… Прыемная гульня, калі ведаеш, што цябе чакаюць у вітальні пухнатыя чырвоныя пантофлі.
— Слухай, тут да цябе нейкі тып прыходзіў, — голас маці гучаў не-адабральна, што азначала — госьць выглядаў зусім несамавіта і на ролю мужчыны ў доме ніяк ня мог прэтэндаваць.
— Які тып? — няўважна перапытала Паліна, страсаючы дождж з капелюша.
— Ну што ты робіш? Зусім зьдзічэла,— уздыхнула Марыя Апанасаўна. — Чаму без парасону пайшла? Зараз гарбаты пастаўлю… А тып быў таксама без парасону. Мокры, як пацук, барадаты, патлы доўгія, сам даўжэзны — бітнік нейкі, відаць. Казаў, пазьней яшчэ заявіцца.
— Мама, бітнікаў даўно няма, — стомлена заўважыла Паліна, пераабуваючыся ў чырвоныя пантофлі. — Рокеры ёсьць. Панкі... Рэперы… Гэтыя… скінхэды. Толькі скінхэды не валасатыя, а лысыя.
— А як бы яны ні называліся, лысыя ці валасатыя – сутнасьць адна. Зьбіцца ў зграю, адваяваць жыцьцёвую прастору, пазначыць месца вакол сябе – шалупіньнем ад семачак, проста пляўкамі, лаянкай, гучнай музыкай, крамзолямі на сьценах… Што хлапцы, што маладыя малпы, што пеўнікі… Адны курлыкаюць, другія ў грудзі сябе б’юць валасатымі кулакамі, трэція гітары аб калена ломяць…
Маці працягвала гаварыць ужо на кухні. У дзьверы пазванілі. І Паліна – дзьверы наросхрыст…
У прыцемку лесьвічнай пляцоўкі – зноў лямпачку нехта выкруціў! — стаяў высокі прыгорблены мужчына і прыціскаў да грудзей нейкі скрутак… З доўгіх валасоў сьцякала вада…
На імгненьне Паліна паверыла — Артур з каменнай жабкай... Ня можа быць… Блёкат…Што яму трэба?
— Я, мусіць, ня ў час? — вінаваты голас не належаў прывіду. Паліна змусіла сябе зірнуць на госьця… Віленскі скульптар! Ну так, яна ж пакідала яму візітоўку…
Ад дурнога спалоху Паліна раптам пачала ўсхліпваць. І зноў — на вачах гэтага няўклюды! Што ён мусіць пра яе падумаць? Істэрычка!
— Прабачце… Не зьвяртайце ўвагі…
Госьць пачаў нешта суцяшальнае мармытаць, і працягваў ёй свой скрутак, як калісьці Артур. І Паліна ведала, што ў скрутку, пад чорнай цыратай, і зноў не ўтрымала дрыжачымі рукамі цяжкі камень…

6.
У дарозе ўсе робяцца філосафамі.
Што, несумненна, трохі крыўдна для філософаў сапраўдных, якія маюць у кішэні сурдута пасьведчаньне аб выдатнай датэрміновай здачы іспытаў на званьне кандыдата па кафедры філасофіі Санкт-Пецярбуржскага універсітэту.
Вінцэсь паблажліва зірнуў на пана Вакулу Рагманава, які, адкінуўшыся на абабітае скурай сядзеньне экіпажу, працягваў натхнёна разважаць пра жывёльны магнетызм на прыкладах з местачковага жыцьця і варушыў чорнымі задзірыстымі вусамі, не раўнуючы, як хрушч...
Такі, як гэты, што з мяккім зумканьнем даверліва сеў на Вінцэсеў рукаў, нібыта ведаў – гэты чалавек ужо ня будзе, як калісьці, лавіць, навязваць на нітку, каб потым пускаць лётаць пакутлівым кругам. Вінцэсь – даўно не дзіця і не падлетак.
Шкада, што бацька не прыехаў на станцыю сам. Пан Вакула кажа – трохі прыхварэў… Вінцэсю цяжка было ўявіць бацьку хворым, нямоглым. Але за пяць гадоў – невядома што магло тут зьмяніцца…
Пяць гадоў ня быць на радзіме! Бацька слаў грошы, лісты, пасылкі. Вінцэсь увесь час адчуваў ягоную апеку – і тады, калі жыў у Вільні, у дзядзькі Андрэя Каліноўскага, дырэктара Шляхецкага інстытута. І ў Санкт-Пецярбурзе, пасьля паступленьня ва ўніверсітэт, дзе прытулак даў бацькаў сябра Пятро Шчамлінскі, выкладчык Інжынернай акадэміі.
Але дадому пан Антось сына ня клікаў. Хлопец здагадваўся, чаму бацька пад рознымі падставамі адцягваў ягонае вяртаньне. Аберагаў… Баяўся, каб Вінцэсь не пацярпеў ад сваіх небясьпечных знаёмстваў. Каб сам не ўвязаўся ў якую авантуру. Горкая крыўда варухнулася ў душы. Якое права мае бацька трымаць яго дасюль у дзіцячым пакоі!
Ну нічога. Вінцэсь вяртаецца дадому мужчынам, самастойным, дарослым чалавекам.
Колькі разоў за гэтыя гады юнак уяўляў спатканьне з бацькам! І падваўся, як трэба. Чорны капялюш з шырокімі брыламі, дастаткова абвіслымі, плед у чырвона-чорныя шашачкі, таксама, як належыць, абцерханы.
А ў кішэні нават — набытая перад ад’ездам люлька: чорная, бліскучая. Вінцэсю так і хацелася заціснуць яе ў зубах… Але неяк было ўсё-ткі няёмка. І, па-праўдзе, страшнавата, што заперхаецца, выявіць, што яшчэ не навучыўся курыць як сьлед.
Такія капелюшы і пледы, як у Вінцэся, насілі бяднейшыя студэнты. Вінцэсь мог дазволіць сабе і форменны мундзір. Але форму, якая нібыта лічылася абавязковай, апраналі на заняткі толькі “белападшэўнікі”, сынкі з багатых сем’яў, заклапочаныя будучай кар’ерай і цяперашнім станам сваіх пазногцяў. Вінцэсь ад усяе душы такімі пагарджаў. І нават сьпецыяльнасьць абраў сабе такую, што выклікала падазрэньні — філасофію. У маскоўскім універсітэце дык увогуле кафедру філасофіі адкрыць так і не наважыліся, хаця захады рабіліся. І ў Санкт-Пецярбурзе найбольш была ў пашане ў афіцыйнікаў славянафільская “філасофія” Хамяковых, Аксакавых ды іншых. Няхай адукаваная большасьць над імі сьмяялася, а гарадавыя цягнулі ў кутузку “за демонстративное ношение русской одежды”. Галоўнае – “тры кіты” , на якіх стаіць імперыя. Праваслаўе, сама­дзяржаўе, народнасьць. Прыгонныя – дзеці, паны – бацькі іхнія. А ў Пісаньні ж сказана, хто пашкадуе розгаў для дзіцяці свайго, той ня любіць дзіця сваё.
Вось і не шкадавалі.
А для тых, хто хацеў вальнадумстваваць, цытавалі пасланьне Паўла аб тым, што філасофія спакушае.
Са спакушэньнямі змагаліся.
Прафесар пецярбуржскага універсітэту Аляксандр Галіч, разумнік, эстэт, які Пушкіна ў ліцэі вучыў, яшчэ да паступленьня Вінцэся адхілены ад выкладаньня “за пренебрежение к властям и безбожие». А цяпер на ягоным месцы Гіляроў-Платонаў даводзіў, што філасофія Гегеля супярэчыць здароваму сэнсу.
А студэнты перадавалі адзін аднаму Герцэна “Лісты аб вывучэньні прыроды”, “Фенаменалогію духа” Гегеля і “Тэорыю сусьветнага адзінства” Шарля Фур’е. Той, хто хацеў чамусьці навучыцца – мог гэта зрабіць. У іх, ліцьвінаў, было моцнае зямляцтва – і песьня, якую яны сьпявалі на сваіх сходках, старая, блюзнерская песьня вандроўных шкаляроў, была на мове іх зямлі.

Пойдзем па сьвеце, брат мой бяскрыдлы.
Хай беражэ нас Дзева Марыя.
Хай нам даруе, што не малітвы
Нас падтрымалі ў час нешчасьлівы.
І за плячыма ў торбе няважкай
Біблія, томік Вальтэра і пляшка.
На Беларусі трактаў багата.
А каля трактаў – карчомкі і хаты.
Ёсьць у карчомцы пітво і дзічына,
Ёсьцека ў хаце красуня дзяўчына.
Пойдзем па сьвеце, брат мой вясёлы.
Поўня па небе коціцца колам.
Сонца між хмар, як дзяўчына ў кляштары,
Тварык хавае, бледны ад мараў.
Вецер – наш брат, а падпіхвае ў сьпіну.
Бог, ты зьляпіў нас – чорт плюнуў у гліну.
Вось мы, дурныя і маладыя.
Хай беражэ нас Дзева Марыя

Няхай царскі ўказ адмяніў студэнцкія суды – паняцьце гонару заставалася непарушным. Ніякія інсьпектарскія прывілеі не маглі змусіць бурлівую студэнцкую грамаду паважаць даносчыка ці пакорліва слухаць ненавіснага прафесара.
Вінцэся таварышы паважалі. Урэшце, цяпер у яго ёсьць уласная таямніца – тыя хлопцы, з якімі ён пасябраваў у Санкт-Пецярбурзе, не дадуць, каб іх ператварылі ў зацкаваных зьвяроў. Сын віленскага дзядзькі, стрыечны брат Юзаф Каліноўскі, ціхмяны, хваравіты юнак, дужа рэлігійны, зьвёў, аднак, Вінцэся з такімі асобамі, перад якімі ўсе лясныя ваўкалакі – няздары і няўдачнікі.
А вось і Маскалёў лес. І крыж на пагорку, абвязаны рушніком.
Хрушч прыўзьняў матава-рудыя надкрыльлі, паважна і павольна, быццам дама – шорсткія крыналіны, і зьляцеў з Вінцэсевага рукава ў напоенае сонцам паветра.
— У Вільню прыехаў нейкі пан Кашмарэўскі ў суправаджэньні мадам у парыжскіх туалетах, пашытых у Варшаве, — усё гэтак жа аптымістычна гучаў побач бас пана Рагманава. — Аб’явіў сябе вучнем доктара Месмера і майстрам гіпнозу. Цудадзейнае вылячэньне ад усіх хваробаў з дапамогай жывёльнага магнетызму, правадніком якога нібыта зьяўляецца тая мадам. І што ты думаеш – паваліў народ! Арыстакраты духу, адукаваныя, соль няшчаснае гэтае зямлі. Пасядуць вакол стала, возьмуцца за рукі і прымаюць на сябе ваганьні сусьветнага эфіру. А ў Хорашчах брыда якая… Да пана Высокінскага сябра прыехаў варшаўскі купец. Недалічыўся пятнаццаці рублёў. Падумалі на маладзенькага садоўніка. Дык небараку тыдзень катавалі. Калі ўжо не было як па сьпіне біць, хвасталі па жываце і грудзях. А па жывым мясе – крапівой напякалі. Дзьве тысячы бізуноў дадуць – і ў хлеў, у гной. Піць прасіў – пан загадаў над вадой трымаць у паветры. Чуткі пайшлі па ўсёй акрузе. Нават земскі спраўнік змушаны быў умяшацца. А грошы пасьля знайшліся – купец у іншым доме, аж у Беластоку, па п’янцы забыўся. Вось так мы і жывем, любенькі. У ваганьнях сусьветнага эфіру.
Нешта ў голасе дзядзькі Вакулы змусіла Вінцэся пільней угледзецца ў знаёмы з маленства твар. Сустрэў пагляд чорных вачэй, звычайна вясёлых, з гарэзнымі чарцянятамі, а ў гэтае імгненьне глыбокіх і халодных, як дзьве студні, і здрыгануўся... Як мала ён ведае людзей!
Дарога збочыла ў невялікі гай – апошні бастыён лесу перад палямі, адваяванымі чалавекам у векавой бязлітаснай барацьбе. Сонца прасявалася скрозь зялёныя шаты вясёлым дажджом – хоць перасыпай промнікі з далані ў даланю, і здаецца, зазьвіняць, як манеты. Вунь капліца, дзе пахаваны прадзед-чарнакніжнік, праглядвае між ствалоў маладзенькіх соснаў… Вунь – дарога на Весьніцы…
І гэтакі недарэчны боль, які Вінцэсь лічыў пераадоленым, зноў раскроіў сэрца. Бо чорныя вочы дзядзькі Вакулы нагадалі яму іншыя, падобныя – гэткія ж яркія і звычайна гарэзныя. Бровы над тымі вачыма вы­гіналіся тонкімі лукамі, ліўся чорны шоўк валасоў, сабраных у непа­слухмяны вузел… “ — А што сёньня ўпаляваў нам пан Вінцэсь? Няўжо цмока ў залатой кароне?“ — нібыта прагучаў наяве звонкі голас.
Не, гэта немагчыма. Вінцэсь жа ўсё для сябе вырашыў. У кожнага ёсьць дзіцячае каханьне – першае, няспраўджанае, недатыкальнае. Як пасмач­ку валасоў, састрыжаных у гадавалага немаўляці, яго належыць захоўваць у самай дальняй шуфлядзе памяці.
І раптам — такая туга і нясьцерпнае жаданьне ўбачыць… Вінцэсь ведаў, што Вальжына так і ня выйшла замуж. І ведаў, чаму.
Не, ён ня пойдзе да яе.
А можа, наадварот – варта зірнуць цяперашнімі вачыма на колішняга куміра. Пабачыць засьцянковую паненку, ня надта юную – дваццаць пяць год, на погляд Вінцэся, узрост самавіты. І, напэўна ж, яна ніколі не чытала Герцэна і ня бачыла на сцэне імператарскага тэатра Прова Садоўскага.
Як несправядліва – памяць пра тое, чаго не было, што прымроілася, жадалася, куды больш яскравая, чымсьці пра рэальныя падзеі.
Вазок перастаў падскокваць на каранях соснаў, сьветлыя абрусы палеткаў слаліся пад ногі траўня, а паабапал скурчыліся ў пакорлівым паклоне хацінкі – век ім не выпрастацца, толькі ў зямлю ўрастаць, хаваючыся ад панскіх паглядаў.
Гарнушкі… Ласкавая назва – ад слова прыгарнуць, абараніць, захінуць…
І так захацелася гэтай абароненасьці, утульнасьці – як у дзяцінстве…
Вядома, перш чым зайсьці ў кабінет, можна было і зьняць капялюш. Але Вінцэсь паддаўся юначаму жаданьню паказацца ва ўсёй студэнцкай красе.
Сустрэўшыся позіркам са знаёмымі вачыма колеру сталі, убачыўшы знаёмую ласкавую ўсьмешку – зразумеў: не было патрэбы ў красаваньні. Ня мела сэнсу і крыўдаваць.
— Сын… Прыехаў…
Бацька і сын абняліся. І толькі тады Вінцэсь з жахам усьвядоміў, як цяжка ўзьняўся бацька з фатэля, якое выснажананае ў яго аблічча, і ўвесь ён нібыта высах – якія вятры дзьмулі на гэтым скрыжаваньні, каб высушыць дужае цела бацькі?
Усё гэтак жа на кіліме вісела зброя, паглядалі з партрэтаў паважныя продкі, на карціне “Суд Мінервы” курчыўся на прыступках мармуровай лесьвіцы злачынца. Нічога не зьмянілася. І розум пана Рашчынскага заставаўся ясным і па-ранейшаму іранічным.
— Чытаў Гогаля, пра казакаў? Так і хочацца сказаць усьлед за Тарасам Бульбай: “Поворотись, сынку”… Не, не, можаш заставацца ў капелюшы. Я заўсёды быў прыхільнікам тых мысьляроў, што аддавалі перавагу зьместу перад формаю. Ну, чаму ж цябе навучылі ў тым універсітэце, дванаццаці­дахавым, доўгакалідорным ды двухпавярховым, пад рукою Пятра Рэфарматара збудаваным?
Бацька зноў апусьціўся ў крэсла, шчыльней захінуўся ў барвовы аксаміт шлафроку, нібыта яму было холадна, і нечакана перайшоў на нямецкую мову: ну, хацеў пахваліцца ведамі – давай!
Ды як ні стараўся кандыдат філасофіі бліснуць – пераконваўся: суразмоўца ведае ня менш. А спрэчка пра гегелеўскі “дух эпохі” увогуле зьдзівіла Вінцэся. А ён лічыў, што спазнаў так многа…
— Але хопіць з нас філасофіі на сьняданак,— нечакана засьмяяўся пан Антось, нагадаўшы ранейшага вясёлага “рара”.— Вернемся да нашых зямных справаў. І найперш — хадзем у сталоўню.
І Вінцэсь зноў жахнуўся: бацька ўстаў з цяжкасьцю, нават твар у яго пакрыўся дробнымі кропелькамі поту. Хлопец падхапіў яго пад руку.
— Што з табой, тата? Ты доктару паказваўся?
Пан Антось, аднак, толькі ўсьміхнуўся зьбялелымі вуснамі.
— Пра маё здароўе мы яшчэ пагаворым. Ня самая цікавая тэма.
Адхінуў сынаву руку і рушыў сам – павольна, але роўнай хадой.
А на стале красаваўся крышталёвы сервіз – чаркі, упрыгожаныя срэбнымі птушкамі, графін з коркам у выглядзе вінаграднай гронкі…
Вінцэсь неўразумела зірнуў на бацьку і сустрэўся з пільным поглядам шэрых вачэй. І зразумеў – гэта недарэмна. Сервіз, які калісьці выменялі за сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў, ніколі на Вінцэсевай памяці не пакідаў буфета.
Калі яны выпілі па чарцы мадэры – першы раз Вінцэсь піў з бацькам на роўных, як дарослы, пан Рашчынскі адклаў сурвэтку, памаўчаў, падаючы знак, што скажа нешта важнае.
— Я прапанаваў нашым сялянам волю. Кожная сям’я мае права на дзьве трэці зямлі, якую абрабляе. І яшчэ трэць – выкуп. Вядома, зусім невялікі. І ў крэдыт. Я не магу аддаць ім адразу ўсё – ведаючы норавы нашага павету, баюся вялікага шуму. Ты не застанешся ні з чым – будзе ладны кавалак добрай зямлі, якую можна аддаваць у арэнду, паплавы, маёнтак, цукраварня, лес… Ты можаш абскардзіць маё рашэньне, як спадчыньнік.
— Тата… — Вінцэсь нават пачырванеў ад узрушэньня. — Як ты мог так думаць! Абскардзіць! Я рады!
— Ну вось… — усьміхнуўся пан Антось, — недарэмна наведваў чытаньні ў літаратурным гуртку.
Вінцэся зноў кінула ў чырвань. Іх сходкі, на якіх абмяроўвалася будучае паўстаньне, праходзілі “пад шыльдай” літаратурнага гуртка. Няўжо бацька ведае і пра гэта? Усьміхаецца сабе ў вусы. Вочы колеру сталі гля­дзяць і выпрабавальна, і неяк сумна, са шкадобай.
Ведае…
— І яшчэ адно, сын. Нельга даць волю чалавеку, прабач за каламбур, насуперак яго волі. Як ты ставішся да гегелеўскага прынцыпу “двух натуральных істотаў” – пана і раба, якія ўрэшце мусяць прызнаць адзін аднаго раўнапраўнымі?
— Я лічу гэта справядлівым.
— Але ці заўважыў ты, што прызнаньне павінна сыходзіць ня толькі з боку пана? Раб мусіць прызнаць пана роўным сабе! І калі ты думаеш, што нас успрымаюць толькі як вышэйшых істотаў, ты моцна памыляешся, сыне…
Пан Антось паднёс да перасохлых вуснаў крышталёвую чарку з вадою, адпіў. Вінцэсь зноў заўважыў на бацькавым ілбе дробныя кропелькі. Ён сапраўды моцна хворы… Неадкладна трэба наладзіць лячэньне, якім бацька, відаць, пагарджае. Але пан Антось працягваў далей – нібыта хацеў пасьпець выказацца.
— Я ня ведаю, што выйдзе з маёй задумы. Магчыма, будзе яшчэ больш гора.
— Як гэта можа стацца? — шчыра зьдзівіўся Вінцэсь.
— Самыя добрыя намеры выяўляюцца жахам або… анекдотам. Ці чуў ты —у 1767 годзе далёкі сваяк тваёй маці Павел Ксаверы Бжастоўскі абвесьціў у сваім маёнтку Мерач, што на Ашмяншчыне, рэспубліку.
— Ніколі ня чуў…
— Вось бачыш. А шляхта як была перапужалася! Паўлаўская сялянская рэспубліка, на чале з панам-прэзідэнтам, са сваёй канстытуцыяй, з роўнасьцю ўсіх грамадзянаў. Двухпалатны сойм абралі – уяўляеш, у вёсцы! Міністэрствы былі. Рэферэндумы праводзіліся па важных пытаньнях. — Несур’ёзна неяк гучыць. Нагадвае “марскія баталіі” радзівілаўскага “флоту” на выкапаных у Нясьвіжы каналах, – ня вытрымаў Вінцэсь.
— Усё на сьвеце – гульня. А ў Паўлаўскай рэспубліцы зладзілі школу для сялянскіх дзяцей, бальніцу. Нават банк. Вядома, нельга паважаючай сябе дзяржаве і бяз сімвалаў – сьцяг меўся, герб, нават манеты чаканіліся. І войска межы ахоўвала. Бацька тваёй маці расказваў – вояў апраналі ў белыя жупаны са свойскага сукна і чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам.
— І што цяпер засталося ад гэтай… казкі?
— А нічога. Усё расьцягнулі спадчыньнікі, і нават магіла прэзідэнта Паўлаўскай рэспублікі занядбаная. На ўдзячнасьць разьлічваць нам нельга, сыне. Што б ні прыйшло ад нас, нават калі аддаць апошняе, само жыцьцё — усё нашае для мужыкоў падман, абкраданьне, гвалт… Цару – вераць. Ён — далёка. Ён – з казкі. А той указ, што рыхтуецца ў Пецярбурзе, які так нашыя сяляне чакаюць… Залатымі літарамі на срэбнай паперы… Гэта ж ганьба. Імперыя... Трэці Рым… Земляў нахапалі пад сваю руку. А краінай правіць вузкае кола “кальяншчыкаў” – палацавых лізунцоў, што дамагліся вялікай прывілеі – прысутнічаць пры тым, як гасудар спраўляе вялікую патрэбу. У яго з гэтым, разумееш, здаўна праблемы, а дапамагае курэньне кальяну. І пакуль памазанік курыць свой кальян і патроху с…, за шырмачкай дзяжураць асабліва давераныя і забаўляюць уладара, як могуць. І, вядома, уводзяць у вушы тое, што ім трэба. Вось у якіх эфірах нара­джаецца воля для народу, сыне. І можна ўявіць, якой яна будзе. Воля – без зямлі, з паншчынай, з вар’яцкімі выкупамі… А гэты сервіз… Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народу ўсё, што мог, — пастаў яго на свой стол.
Потым, у кабінеце, бацька адкінуўся ў мяккім фатэлі, заплюшчыўшы вочы і ніяк не рэагуючы на роспыты Вінцэся і ўгаворы паклікаць хаця б доктара Краўцова, старога іх знаёмца.
Нарэшце пан Антось загаварыў, ціха і стамлёна.
— Думаў прамаўчаць. Але я і так зашмат аберагаў цябе ад праўды. Веру, што цяпер ты здольны прыняць усё. Усю праўду… і ўсякую. І табе давя­дзецца гэта зрабіць, сыне…
Пан Антось павольна адхінуў крысо шлафроку, падняў кашулю – і Вінцэсь жахнуўся: на левы бок была накладзеная павязка, на якой праступала чырвоная пляма, іржавая па краях.
— Ты... паранены?!!
— Гэта здарылася ўжо год таму, — пан Антось захінуў шлафрок, нясьпешна завязаў шырокі пас з залатымі кутасамі.
Вінцэся трэсла ад трывогі і шкадобы.
— Чаму ты не паведаміў мне? Хто гэта зрабіў? Як?
— Супакойся,— у голасе бацькі гучала сталь. — Думкі пра ролю мсьціўцы Радрыга пакінь адразу. Гэта зрабіў… адзін з нашых сялянаў. Гарнушкавец.
— Як гэта атрымалася?
— Я ехаў конна праз Маскалёў лес, вяртаўся ад Рагманавых. Праяз­джаў паўз капліцу, дзе магіла дзеда Ганорыя… Раптам з-за яе муроў – страла. Драўляная, з самастрэлу.
— Чаму ты думаеш, што страляў селянін?
— Я бачыў, як ён уцякаў, — пан Антось гаварыў зноў зусім ціха. – Ён някепскі хлопец, добры гаспадар.
— Яго злавілі?
Пан Антось памаўчаў, апусьціўшы вочы.
— Разумееш, сынок… Пачаць дазнаньне, ловы, падняць шум… Пасьля гэтага чаго будуць вартыя мае новаўвядзеньні? Хлопец, што ў мяне страляў, выконваў волю тых гарнушкаўцаў, што лічаць, быццам я хачу сваім указам падмяніць царскі. І замест “сапраўднай волі” даць сваю “несапраўд­ную”. І… я дваццаць гадоў таму глядзеў, як ля праклятае хвоі каралі ягонага бацьку.
Вінцэсь кіпеў ад роспачы.
— Але ж так нельга пакідаць!
— А чаго ты хочаш? Замах на пана – справа дзяржаўная. Гарнушкаўцы не на востраве жывуць. Сябруюць з другімі вёскамі, разам на сходкі збіраюц­ца. Я магу дараваць сваім, колькі мне заўгодна. Але калі даведаюцца ў навакольлі – колькі халопаў ляжа пад бізуны на дазнаньні, колькі за змову патрапіць на катаргу! Так ня будзе.
— Але доктар…
Пан Антось сумна паківаў галавою.
— Я раіўся з надзейным доктарам. Разумееш, сынок… За год звычайная рана зацягнулася б.
Вінцэсь пахаладзеў ад страшнай здагадкі.
— Атрута…
Бацька моўчкі нахіліў галаву. Маўчаньне было такім невыносным, што Вінцэсь ледзь не закрычаў.
— Ёсьць іншыя дактары! У Вільні, у Гародні! Урэшце, дазволь, я адвязу цябе ў Пецярбург. Лепшыя прафесары…
— Ад нянавісьці няма лекаў,— мякка прамовіў пан Рашчынскі. – Ты мусіш зьмірыцца, сынок. Паабяцай толькі адно – ты ня станеш помсьціць за мяне. Урэшце, адно жыцьцё каштуе другога. І ў тым віры, які я прадчуваю – а я сапраўды ведаю больш, чым ты думаеш,— загіне столькі высакародных і добрых, што маё жыцьцё нават на макавінку не скране перапоўненыя вагі сьмерці…
А потым, нібыта яму яшчэ мала было гора, Вінцэсь паехаў у Весьніцы, да Рагманавых. Можа быць, яму хацелася хоць трохі заглушыць свой боль новым узрушэньнем.
І Яна аказалася ўсё такой жа прыўкраснай, і зьзялі чорныя вочы, і ўзляталі гарэзна і трохі зьдзіўлёна бровы… І толькі незнаёмая тонкая зморшчынка, яшчэ ледзь заўважная, працягнулася між броваў, ды сьмех стаў усьмешкай. І ад гэтага здавалася Вальжына яшчэ больш мілай. І крыўдна было, што ён, Вінцэсь, для яе – ранейшы забаўны хлапчыска. Так, яна шчыра яму ўзрадвалася, і ўважліва слухала. Але… Вінцэсь усьведамляў, што ў яе не абрываецца ў грудзях, як у яго – ад нязначнага выпадковага дотыку. Ад сустрэчы позіркаў. Ну і што з таго, што ён распавядае пра самыя найсучасныя і ўражлівыя філасофскія тэорыі, што гэтак рамантычна закідвае на плячо плед у краткі…
А госьць яшчэ і выявіўся дурнем – на самым пачатку спытаў, чаго паненка ў жалобе. І атрымаў паблажлівае:
— Усе жанчыны гэтага краю, якія неабыякавыя да лёсу радзімы, носяць жалобу па расстраляных у Кракаве дэманстрантах.
Ну чуў жа ён пра гэта ў Пецярбурзе ад Зыгмунта… І вось – забыўся. І каб ня дзядзька Вакула ды Марка – малодшы брат Вальжыны, які за у гожага чарнавокага юнака, абое жартаўнікі і гаваруны, – хоць ідзі зараз жа і тапіся ў Баламутавым віры.
І толькі на разьвітаньне Вальжына зьвярнулася да госьця сур’ёзна.
— Ведаеце, Вінцэсь, які цуд… Якраз, як вы паехалі, пяць гадоў таму, я знайшла ў садзе разьбітую вазачку. Мне здаецца, я бачыла неяк такую ж у вашым доме – яна вельмі адметная, наўрад я магла памыліцца. Пачакайце, зараз прынясу…
Сэрца Вінцэся ледзь не выскоквала з грудзей, калі Вальжына працягнула яму на далоні разьбітую шкляную жабку.
— Ваша?
Вінцэсь годна вытрымаў дапытлівы позірк. Павольна ўзяў аскепкі, пакруціў, разглядаючы.
— Наўрад ці гэта з нашага дому. Але я праверу. Выявіцца, што ня на-шая – я склею і аддам вам.
Калі Вінцэсь ехаў дадому праз Маскалёў лес, мімаволі падалося – прыцемак сочыць сотнямі нядобрых вачэй, і атрутная страла прымерваецца да сэрца… Ганебныя дрыжыкі прабегліся па целе. Але хлопец прымусіў сябе не прысьпешваць крок каня. І нават – хоць гэта было зусім хлапецтва – расхінуў на грудзях цёмны сурдут, каб была відна белая кашуля. Няхай бачаць – ён не баіцца быць мішэньню.
Але толькі пабачыўшы на адхоне сілуэт крыжа і ўдалечыні — агеньчыкі маёнтка, змог вольна ўздыхнуць.
Які ж ён баязьлівец!
У Вінцэсевым пакоі ўсё гэтак жа на сьцяне вісела копія Леанардаў­скай “Мадоны з гарнастаем”—калісьці Вінцэсь верыў у глыбіні душы, што гэта аблічча маці. А ў куце па-ранейшаму стаяла чароўнае цукерачнае дрэва – выразанае з залацістай драўніны ліпы, з мноствам маленькіх галінак, на якіх калісьці зьяўляліся – вядома, самі па сабе – цукеркі, пернікі, або раптам – маленькая шабля, зусім як сапраўдная, ці вершнік з пагрозным намаляваным тварам. І Вінцэсь адчуў нарэшце – ён дома. Вярнуўся…
Хлопец падыйшоў да расчыненага акна… На каштане гайдаюцца белыя анёлкі-гронкі. А як буяе бэз! Цэлае мора – і дзесьці ў пене духмяных ружова-блакітных хваляў высноўвае свае срэбныя карункі салавей…
А на падваконьніку… Што гэта? З мяшэчка на далонь выпала срэбная куля, нязграбная, самаробная, пазначаная крыжам. І маленькі аркушык з трыма словамі: “пятніца апоўначы крыж”.

7.
Госьць, які прыходзіць у дождж, сустракае больш ветласьці.
Нават калі яго ніхто ня клікаў, і ўвогуле выглядае ён, як апошні паляўнічы на кентаўраў.
Жабка ад падзеньня ў вітальні амаль не пацярпела – толькі адкалоўся кавалачак лапкі, і цяпер сядзела побач з сястрой-блізнючкай на часопісным століку і радасна ўзіралася ў свой новы дом пукатымі вачыма.
Паліна прыдзірліва аглядала жывёлінак – і гіпсавая, прывезеная віленскім госьцем, і каменная былі зусім аднолькавыя. Прыемна і тое, што гіпсавая зроблена куды больш старанна, падрабязна, чым ейная копія, разьбітая ў віленскай паліцыі. Падарунак рыхтаваўся адмы­слова!
Скульптар – Паліна прыгадала, што завуць яго Валянцін – сядзеў на зэдліку, прынесеным Палінінай маці з кухні для прамоклага госьця (няма чаго фатэлі псаваць). Прыгорбіўся, быццам бусел, паглядае цікаўна вакол. Вядома, ёсьць на што паглядзець – Паліна загрувасьціла хату карцінамі невядомых мастакоў, не ўяўляючымі мастацкай каштоўнасьці і таму не запатрабаванымі музеямі; “выкапнёвай” керамікай ды, вядома, кнігамі – шафа адмаўлялася зьмяшчаць іх у сваё перапоўненае чэрава, і кнігі складваліся, да абурэньня маці, у стосы ля сьценаў – нібыта часова, а насамрэч, як яно і бывае ў такіх выпадках, на гады.
А госьць сапраўды выглядае несамавіта. Сьветлыя пасмы валасоў перахопленыя плеценым скураным матузком, як у хіпі. Сьветлыя вусы і кароткая бародка таксама стасуюцца з хіпоўскім іміджам. Швэдар самавязаны, з тоўстых бэжавых нітак – відаць, гандлярка ў скандынаўскай шапачцы зьвязала, няйначай жонка.
Паліна нахілілася над жабкамі…
— А вось тут вы памыліліся. Узор на сьпінцы не такі, як у арыгіналу.
Валянцін патрос галавой.
— Гэтага ня можа быць. Вядома, бабуліна жабка была пашкоджаная, але ўзор на сьпінцы захаваўся. У мяне з дзяцінства – абсалютная зрокавая памяць.
— Гэта як абсалютны музычны слых?— няўважна перапытала Паліна, пераварочваючы жабак дагары.
На зваротным баку, вядома, не было адтуліны для мацаваньня, але надпіс меўся – прыгожымі гатычнымі літарамі, па коле: “Вільня, 2003, ВНЧ”.
— ВНЧ — ваш подпіс? — здагадалася Паліна. — Як расшыфроў­ваецца?
— Ну… — сумеўся скульптар, — напрыклад, “вам незнаёмы чалавек”.
Паліна перасмыкнула плячыма – ня хочаш называцца – ня трэба, вось дурное какецтва.
— Вядома, на арыгінале быў іншы надпіс, — засьпяшаўся патлумачыць Валянцін. — Тры лацінскія літары.
— Вы памятаеце іх? – загарэлася Паліна.
— Памятаю... Я ж іх бачыў. “ALB”.
— Дык гэта ж… выдатна! Тут ужо можна рабіць нейкія высновы. Гэта ня подпіс аўтара. Магчыма, частка слова альбус – белы, або яшчэ нейкага… На маёй напісана “TE”. Калі перакласьці з латыні – “цябе”, “табой”… Чакайце! А жабак было чатыры! Можа быць, і на астатніх нешта напісана? І, мусіць, складуцца ў нейкую фразу або слова? І малюнкі на сьпінах… Ня можа быць, каб яны нічога не значылі. Тут павінна хавацца таямніца!
Пры апошніх словах Паліны Валянцін зьмяніўся з твару. І раптам — узьняўся з зэдліка, схапіў са стала сваю жабку, быццам гарачае вугольле, і пасунуўся да дзьвярэй.
— Ведаеце, я вам лепш нейкую другую скульптуру прынясу. Нашмат лепшую. Магу і з дрэва. Ці з натуральнага каменю. Хочаце вужыную каралеву? Ці ільва?
Паліна апамятался і невымоўна абурылася.
— А ну пастаўце на месца! Урэшце, я яе купіла! Вы забыліся? Ай, не! Гэта я забылася! – раптоўная здагадка змусіла дзяўчыну пачырванець. Можна падумаць, госьць мок пад дажджом толькі для таго, каб мець шчасьце падарыць ёй жабку і пасьля выслухоўваць жаночыя фантазіі! Што ён падумае – столькі важдаўся з ёю ў Вільні, а яна аддаваць доўг і вітальню, дастала з кішэні плашча кашалёк. Мала… Дый трэба не рублямі – Валянцін жа ёй білет да Менску не за рублі купляў! “Зялёная заначка” захоўвалася ў надзейным месцы – у скрыні са шкарпэткамі. Урэшце Паліна вінавата працягнула скульптару належную, па яе падліках, суму.
— Прабачце, калі ласка. Я вам вельмі ўдзячная за дапамогу.
Госьць сярдзіта пазіраў на гаспадыню, трымаючы жабку ў руках, як перахоплены ў вырашальны момант гульні мяч.
— Схавайце свае грошы. Вы мне нічога не павінны.
Вось такіх паваротаў Паліна не цярпела. Яна ня мае патрэбы ў мілас­тыні выпадковых знаёмых!
Валянцін трохі разгубіўся ад ейнага абурэньня, але падумаў і пакорліва ўзяў грошы.
— Добра. Не хвалюйцеся. Я ня ведаў, што гэта вас абразіць. Але скульп­туру я хачу забраць не таму, што пашкадаваў. Проста я зразумеў, што вы пачынаеце займацца гістарычным фэнтэзі на гістарычнай дрыгве, прабачце за таўталогію. Ня трэба тлуміць галаву. Гэта ўсяго толькі скульптуры з надмагільля, каменьні з пячаткай сьмерці. Зноў мяне падвяла мая абсалютная зрокавая памяць. Зрабіў бы стылізавана… І Дзіна ўсё настойвала – рабі жабак на продаж, рабі…
У словах скульптара гучала шчырае шкадаваньне. Паліна ня вытрымала.
— Ды што вас, урэшце, засмучае?
Скульптар панурыўся, чамусьці спыніўшы позірк на Палініных чырвоных пантофліках, і памаўчаў добрую хвіліну.
— Аднойчы я сустракаўся з чалавекам, які таксама цікавіўся магілай Рашчынскага.
— Дзе? Калі?
— Даўно, яшчэ ў бабулінай вёсцы. Пасяліўся нейкі дачнік. Распытваў усіх пра ўзарваны касьцёл, пра надмагільле Рашчынскага. Кожны дзень блукаў па доме культуры, што на месцы касцёла збудавалі. Нешта вымяраў, запісваў. Яго лічылі вар’ятам, а дзеці, вядома, за ім бегалі. Сьмешны такі дзядзька, у белым капелюшы, у акулярах. Мне гадоў дзесяць было – але я на ўсё жыцьцё запомніў, як ён паўтараў: “Тут павінна хавацца таямніца! Тут павінна хавацца таямніца!”.
— І што, знайшоў той дзядзька нешта цікавае?
— Не ён, а яго знайшлі. Аднойчы раніцай, каля дома культуры, з прабітай галавой.
Паліна разгубілася.
— А чаму вы вырашылі, што гэтая сьмерць звязаная з роспытамі пра надмагільле?
Скульптар паціснуў плячыма.
— Я проста чуў, што гаварылі дарослыя. Усе асуджалі цікаўніка. Вядома, вінаватых не знайшлося.
Паліне нават стала сьмешна. Баіцца! Вось дзівак!
— Запэўніваю, што мне ніхто галаву не праломіць. І пастаўце жабку на столік. Калі баяцца нават уласных дзіцячых фантазіяў… Глупства якое!
У гэты момант з кухні паказалася маці з кубкамі гарбаты на антыкварным медным падносе. Марыя Апанасаўна незадаволена паглядала на госьця.
— Што ў вас тут за спрэчкі?
Валянцін сумеўся, і Паліна скарысталася гэтым, каб забраць у яго жабку. Скульптура была пераможна ўсталяваная на столік, і госьцю давялося зноў усесьціся на зэдлік. Тым больш і Марыя Апанасаўна апусьцілася на канапу з кубачкам у руках – госьць не адносіўся да тых, хто мог прэтэндаваць на тэт-а-тэт з ейнай дачкой.
Маці ўсё-ткі падабрэла, даведаўшыся, што няўклюда — менавіта той рыцар, што дапамог Паліне ў Вільні, і ў выніку гэтага “пацяпленьня” на стале зьявіліся нават печыва і нарэзаны лімон.
— Дык гэта вашая работа? – перапытала Марыя Апанасаўна, разгля­даючы жабку. – Прыгожанька…
— Гэта ня проста прыгожанька, — важна зазначыла Паліна. – У гэтых жабках хаваецца нейкая таямніца.
Паліна назнарок падкрэсьлена прагаварыла апошнія словы, каб убачыць, як госьць зноў тузануўся і ўстрывожыўся – вунь як амаль з нянавісьцю пазірае на бедных жабак.
— Таямніца? Як цікава! – ажывілася маці. — Раскажы!
— Ды я і сама ня ведаю, у чым соль. Але на гэтых жабках – кавалкі нейкага надпісу. І бачыш – на сьпінках таксама нешта накрэсьлена.
— Нічога не разьбяру. Бародаўкі нейкія, зьвіліны… Чакай…
Марыя Апанасаўна схадзіла па акуляры і зноў нахілілася над жабкамі.
— Ты лічыш, гэтыя ўзоры маюць сэнс? Бачу крыжык… Ад крыжыка ўніз і трохі ўбок лінія. Па баках нібыта рымскія лічбы. А вось і літары – NNW, здаецца… І стрэлачка…
Валянцін нават не пасунуўся паглядзець.
— Правільна, NNW. У мяне быў час падумаць, што яны значаць.
— Ну і? – зацікавілася Паліна.
— Магчыма, норд-норд-вест. Накірунак...
— Выходзіць, тут частка карты?
Паліна была ў захапленьні.
— Паглядзіце, на другой жабцы – іншыя літары і іншыя значкі. Вось калі б сабраць усіх чатырох жабак ! Вы ня ведаеце, Валянцін, дзе могуць быць астатнія дзьве?
— Ды яны, напэўна, у касьцёле загінулі, — змрочна адказаў Валянцін.
— Не, ня можа быць! – абурылася Паліна. – Гэта было б несправядліва ў адносінах да мяне!
Валянцін з недаўменьнем зірнуў на суразмоўніцу.
— Вядома, несправядліва! — паўтарыла Паліна. — Я толькі зацікавілася – і ўсё перапыніцца. Як фільм, на самым захапляючым эпі­зодзе. Жабкі аддзяляліся ад пастаменту параўнаўча лёгка. Самі бачыце – якія яны сімпатычныя. Упэўнена – іх забралі з касьцёлу. Мой сябра, што прынёс мне жабу – ён нядаўна памёр, гаварыў, што калі касьцёл узрывалі, то на надмагільлі ўжо не заставалася фігураў.
Скульптар ізноў устрывожыўся.
— А што, ваш сябра таксама цікавіўся гісторыяй Рашчынскага? І як ён памёр? Даўно?
Паліна ледзь не зазлавала.
— Адкуль у вас такая падазронасьць? Сьмерць Артура навуковых росшукаў ня тычыцца. Лепей пра гэтыя значкі падумаем.
— А што тут думаць? — азвалася Палініна маці. — Трэба да Сымона Пятровіча з нашага тэатру зьвярнуцца! Ёсьць у нас такі рабочы сцэны. Дэкарацыі перасоўвае, апаратуру. Сам – ваенны ў адстаўцы. На падлодцы служыў штурманам – значыць, у картах мусіць разьбірацца, як бусел у жабах!
— Што за Сымон Пятровіч? – зьдзівілася Паліна. — Нешта ня памятаю ў вас такога…
— А калі ты ў нашым тэатры апошні раз была? – накінулася на дачку Марыя Апанасаўна. — Зьдзічэла зусім. Гімназія — дом, дом — гімназія… Ну яшчэ архіў, бібліятэка ды музей. Бабскае царства. Усё роўна ж дысертацыю кінула, нашто мазгі сушыць! Прайшлася б калі па горадзе, у кавярні пасядзела…
— Мама, у кавярні зараз не з дзяржаўнай зарплаты сядзець! – Паліне было непрыемна – зноў маці перайшла на ўлюбёную тэму. — І нашаму госьцю зусім нецікава слухаць пра акалічнасьці майго асабістага жыцьця.
— Ну чаму ж…— нясьмела запярэчыў скульптар. — Якраз асабістае і ёсьць самае цікавае. Усё сапраўднае мастацтва вырастае са штодзённага, вельмі інтымнага.
— А як жа наконт грамадзянскага гучаньня? – зьедліва кінула Паліна. – І ўвогуле – побыт толькі перашкаджае творчаму выяўленьню. Я думаю, што мастак уцякае ў сваю творчасьць ад асабістага жыцьця і яго будзённых турботаў.
Валянцін не згаджаўся.
— Вы памыляецеся. Мастак — як куст бэзу: карані яго натхненьня, побыт — схаваныя, занятыя нецікавай справай сілкаваньня, выжываньня. А кветкі-творы буяюць, нібыта самі па сабе. І здаецца, нібыта ўсё мастакоўскае грэшнае жыцьцё, увесь бэзавы куст складаецца з кветак – ні карэньняў, што прабівалі шлях у цёмнай зямлі, адбіраючы жыцьцёвую прастору ў іншых, ні галінак, якія ламалі ўсе мінакі ў ахвоту.
Марыі Апанасаўне маналог віленскага госьця спадабаўся.
— А вы філосаф! – з павагай прамовіла яна. – І, відаць, майстра добры. А вось Паліну маю маглі б вылепіць?
— Мама! – ледзь не закрычала Паліна. – Ну як табе ня сорамна?
Валянцін, прымружыўшы вочы, глядзеў на Паліну.
— Думаю, скульптурны партрэт атрымаўся б. Хаця мушу сказаць, вельмі часта адбываецца, што прыгожыя твары, калі іх вылепіш, страчваюць усю прыгажосьць, і наадварот — у непрыгожых выяўляецца прывабнасць, арыгінальнасьць. Скульптура адбірае колеры, зьзяньне вачэй, няўлоўныя рухі рысаў – вельмі мала каму са скульптараў удаецца перадаць унутранае жыцьцё мадэлі. Звычайна лепяць адну форму. Нават калі зьняць з вас гіпсавую маску, вы наўрад ці пазнаеце ў ёй сябе… — Валянцін вінавата ўсміхнуўся Паліне.— Вы нагадваеце партрэты Сьмірновай-Расэт. Была такая прыгажуня ў пушкінскую эпоху, гаспадыня сьвецкага інтэлектуальнага салону. Сябравала з Гогалем, Вяземскім, тым жа Пушкіным… Рысы дакладныя, характэрныя. І абрыс вуснаў такі самы. Тады лічылася эталонам жаночай прыгажосьці, калі вусны маленькія, “сардэчкам”, яркія… І складка вуснаў – як у дзіцяці, гарэзная і наіўная. Але я не вазьмуся перадаць, скажам, ваш погляд. Ён у вас так дзіўна мяняецца – то пазіраеце, прабачце, як класная дама, то як жыцьцярадаснае дзіцё. Паставу, праўда, перадаць лягчэй…
Позірк скульптара неяк вельмі ўчэпіста-прафесійна абмерыў Паліну, усё роўна як правёў рукамі па целе.
— А пра Палініну фігуру гаворка не заходзіла, – у голасе маці гучаў такі метал, што Валянцін адразу спалохана перавёў вочы на свой кубак гарбаты. Паліна схавала ўсьмешку. Госць адпіў яшчэ раз, паставіў кубак на стол, трывожна зірнуў на гадзіньнік і падняўся.
— Ну, усё… Дзякуй за гарбату, за гасьціннасьць. Мне пара. Дзіна чакае.
Вось табе і пернік. Чужы мужчына пад прыглядам. І сказаў – нібыта прабачэньня просіць, нібыта ў нечым сорамным прызнаўся.
— Дзіна – тая дзяўчына, што вашы вырабы прадавала? Жонка?
Валянцін вінавата ўсьміхнуўся.
— Калі дакладней – яна мая ўладальніца.
Марыя Апанасаўна адобрыла:
— Правільна, жонак трэба шанаваць, слухацца.
Але Валянцін ніяк не падтрымаў тэму, выйшаў у вітальню, за ім пасунулася падабрэлая Марыя Апанасаўна… Паліна зусім забылася, что там – непрыбітая вешалка і інструменты побач! І хутка з калідору данеслася бадзёрае пастукваньне малатка і гэткія ж бадзёрыя каментары маці.
— Што ж, можа, лепш такі, чым ніякага! – зазначыла маці, калі за госьцем зачыніліся дзьверы. – Непатрабавальны, паслухмяны, уважлівы… Вядома, з мухамі ў носе – але дзе ты бачыла іншых!
— Мама, ён жанаты, — сярдзіта прагаварыла Паліна, прыбіраючы по­-суд са стала. — Ягоныя вартасьці мне без патрэбы.
— Я ж табе яго і ня сватаю, — таксама зазлавала маці. — А толькі і ты прынца на белым кані не чакай. Яны сёньня калі і езьдзяць на белых конях, дык хіба падчас запою. Ды хапае ж і нармальных, добрых хлопцаў. Вось у нашай артысткі, Лялечкі Малецкай, сын… Менеджэр, нежанаты…
Паліна ўцякла ў свой пакой, ляснуўшы дзьвярыма, праз якія даляцела апошняя матчына рэпліка.
— І ўрэшце, віншую цябе – за апошнія тры гады гэты недарэка быў першы мужчына, які меў гонар папіць з намі сам-насам гарбаты.
Сапраўды… Прайшло ўжо тры гады, як зьехаў Стась. Неверагодна! Нібыта час для Паліны спыніўся. Выходзіла замуж не на пару гадоў – да канца жыцьця разьмерыла шлях. І, саштурхнутая пад адхон на самым пачатку, там і засталася.
З кім параўнаў яе госьць – са Сьмірновай-Расэт? Цікава, можна пашукаць у бібліятэцы нешта пра гэтую сьвецкую даму.
А да Сымона Пятровіча, былога штурмана, абавязкова належыць наведацца. І скульптар, дарэчы, прасіў яго з сабой паклікаць. Нібыта яшчэ тыдзень яны з “уладальніцай” будуць у Менску.

8.
Прах аддаецца праху…
Чаму ад гэтага так балюча жывым?
Вінцэсь глядзеў праз вакно кабінета на касьцёл, падобны да старога воя ў медных латах — там бацька два тыдні як сустрэўся з продкамі. У адным з прыдзелаў храма, у скляпеньні – усыпальніца роду Рашчынскіх. Заслужылі калісьці – грашыма ці дабрадзейным жыцьцём? Хто скажа праўду…
Туды ляжа і ён, Вінцэсь. І, можа быць, ня так доўга давядзецца чакаць яго памерлым сваякам.
— Ласка пана Бога з ім, — суцяшальна прагаварыў Юзаф, здагадаўшыся, пра што думае сябра. – Ты не саромся сьлёз – паплач. У нашым асяродку прынята, што мужчынам плакаць ганебна, шкадаваньне – прыніжыць сустракаць з каменным тварам… Сэрцы ж у нас не каменныя, Вінцэсь! Калі падчас пакаяньня ці малітвы ў чалавека няма сьлёз, значыць, не спаслаў яму Гасподзь і раскаяньня ці замілаваньня. Не саромся пачуцьцяў, дружа.
Вінцэсь з узячнасьцю зірнуў на Юзафа. Той, як толькі даведаўся пра бяду сябра – выпрасіў адпачынак у сваім гарнізоне і прыехаў. Рахманы, худзенькі, з вялізнымі наіўнымі вачыма. З абліччам так не стасаваўся ваенны мундзір, у які Юзаф быў апрануты.
Стрыечныя браты, Юзаф і Вінцэсь, пасябравалі, яшчэ калі вучыліся ў Шляхецкім інстытуце, дырэктарам якога быў бацька Юзафа, пан Андрэй Каліноўскі. Колькі разам блукалі па старых зьвілістых вулках, уздымаліся на вежу Гедыміна… Прыхіналіся да калонаў у касьцёле сьвятога Пятра, каб пачуць цурчэньне падземных крыніцаў і галасы-скаргі пахаваных у сутарэньнях каралёў – і сапраўды чулі!
Здавалася б, Юзаф больш схільны да развагаў пра сэнс быцьця, але фі­лосафам зрабіўся Вінцэсь, а яго сябар скончыў Мікалаеўскую ваенна-ін­жынерную акадэмію, пасьпеў папрацаваць на будаўніцтве чыгункі. Ды родныя мясьціны цягнулі – і ён знайшоў пасаду ў Берасьцейскай крэпасьці.
Што ж, свае людзі патрэбныя паўсюль. На кожнай пасадзе можна служыць свайму народу… І рыхтаваць паўстаньне. Зыгмунт Серакоўскі, кі­раўнік іх гуртка — капітан расейскага генеральнага штабу. Людвік Зьвяждоўскі таксама працуе ў штабе, і нават вучыць дачок генерал-губернатара Назімава польскай мове. Дзюлеран, якога Вінцэсь ведаў нашмат менш – начальнік Пецярбуржска-Варшаўскай чыгункі.
Толькі ад Вінцэся мала карысьці. Ну, мае сувязі са жменькай лясных братоў. Пасьля прызначанай ля крыжа сустрэчы Вінцэсь бачыўся з Ваўкалакам шматкроць – дапамагаў брацтву, як калісьці бацька. Зброяй, ежай, часам — прытулкам. Мартын безаглядна давяраў сыну старога сябра, і Вінцэсь ня мог не захапляцца лясным правадыром, яго самаахвярнай і адкрытай натурай. Між імі ўзьнікала ўсё больш шчырых гаворак, Вінцэсь бачыў, што Мартын усёй душой прыхінуўся да яго… І так было брыдка, што ня мог быць адкрытым да канца сам — з-за Вальжыны... З-за таго, што ня мог адмовіцца ад надзеі – каб яна сказала яму, Вінцэсю, словы, падобныя да падслуханых у салаўіным садзе.
Так, лясныя браты будуць біцца бясстрашна, як скандынаўскія берсеркеры, і вартыя тысячы вояў. Але яны далучацца да бойкі і без ягонага пасрэдніцтва. А хто пойдзе за ім, Вінцэсем, з ягоных сялянаў? Тыя, хто плакаў над магілай бацькі? Іх было нямала – пан Антось недарэмна пражыў сваё жыцьцё. Рабы шчыра плачуць і па сьмерці тырана – чалавек, ратуючы сябе ад невыноснага штодзённага страху, пачынае шчыра любіць ката і бачыць справядлівасьць у ягоных зьдзеках. Але пан Антось не хацеў, каб яго баяліся.
Так, на пару дзясяткаў чалавек Вінцэсь можа разьлічваць. Але іншых, тых, для каго пан — нават ня вораг, а істота іншае пароды, большасьць…
Вінцэсь апусьціўся ў фатэль, у якім любіў апошнія дні сядзець пан Антось – нібыта зьліўся з ценем памерлага. Цяпер Вінцэсь упэўнены, што падобны да бацькі. Такія ж сьветлыя валасы, хударлявае аблічча, прамыя бровы сыходзяцца на пераносьсі… Толькі вочы ў пана Антося былі сталёвага колеру, а ў сына – сінія…
Ён ня будзе помсьціць – ён даў слова. Але як забыць?..
— Бацька хацеў, каб Гарнушкі сталі востравам вольнасьці і заможнасьці для сялянаў, — горка прагаварыў Вінцэсь. – А ты ведаеш, як старажытна­грэцкі філосаф Кратэт Афінскі назваў прыдуманы ім востраў, на якім усе сябруюць, філасофствуюць і ядуць часнык? Востраў Кайстра. Жабрацкая торба. Шчасьце магчымае толькі там, дзе няма чаго дзяліць – адно на ўсіх неба, адна зямля, адно мора…
— Але Бог паставіў адных над другімі, — запярэчыў Юзаф. — Усе роўныя ў яго вачах, але кожны служыць яму па-свойму. Мой цёзка па прозьвішчы Кастусь, занадта захоплены праблемай улады і маёмасьці. Нельга, каб усё скончылася сытымі страўнікамі. Даць зямлю тым, хто яе ўрабляе. Але найперш — будаваць школы! І вучыць неаддзельна ад хрысь­ціянства. Адукаваны чалавек без рэлігіі больш небясьпечны для грамадства, чым барбар. Гэта воля, якая перарасьце ў рабства яшчэ горшае!
— З барбараў зрабілі пачвараў гісторыкі. — Вінцэсь нават знайшоў у сабе сілы ўсьміхнуцца, бо Юзаф заўсёды сьмешна гарачыўся, калі гаворка тычылася падобных матэрыяў. — Рымляне адбіралі іх волю, замянялі іх культуру сваёй, нібыта літасьць давалі… Народ, здольны жыць, гэтага не даруе. І ўвогуле… Народы здаюцца мне жывымі істотамі. Разумееш – кожны з іх нараджаецца, праходзіць пару дзяцінства. Пасьля – юнацтва, сталасьць. Потым – старэе… І – памірае, зьнікае. Нават калі захоўваецца яго назва – гэта ўжо іншы народ, кроў зьмяшаная з крывёй іншых, больш маладых. Паглядзі на італьянцаў – хіба гэта тыя старажытныя рымляне, уладальнікі ўсемагутнай імперыі? Ці кожны з іх зразумее старажытную латынь? А грэкі – нашчадкі Аляксандра Македонскага? Памятаеш, мы чыталі ў інстытуце апісаньне афінскіх матрон – яны былі беласкурыя, ружовашчокія, з залацістымі, трохі рудаватымі валасамі…
— Ня вельмі доказна,— запярэчыў Юзаф. – І тады сярод грэкаў, напэўна, былі чарнявыя. І мовы ўсе мяняюцца з часам.
Вінцэсь упарта пакруціў галавою.
— Нам толькі здаецца, што наш час — самы важны. І што заўсёды існавалі толькі тыя дзяржавы і нацыі, якія мы ведаем. У хетаў яшчэ да таго, як егіпцяне пабудавалі піраміды, быў вадаправод і каналізацыя... А цяпер ад іхніх гарадоў не засталося нічога – толькі камяні ў пустэльні, праходзячы паўз каторыя вандроўны купец нават не падумае, што гэта – рэшткі велічнага палацу або крапасной вежы.
— На тым пабудаваная хрысьціянская мараль,— паціснуў плячыма Юзаф. – Усё зямное, матэрыяльнае – пыл. І ў пыл вернецца. Вечная – душа.
— Але і ў народа ёсьць душа! – ледзь не крыкнуў Вінцэсь. — Калі народ юны, ён асвойвае новыя землі, расьсяляецца, памнажаецца. Дужаецца і адваёўвае сваё месца на зямлі. У сталасьці — будуе гарады і стварае імперыі.
— А калі састарэе? – зацікавіўся Юзаф.
— А старасьць – гэта філасофія і мастацтва… Не такія, як раней. Мастацтва народа, які перажывае свой заняпад, заўсёды можна адрозьніць – асаблівы бляск, вычварныя формы. Як фрэскі ў лабірынтах Крыта, намаляваныя перад тым, як востраў быў захоплены. Старасьць этнасу… Мноства філасофскіх плыняў, мноства жанраў і відаў творчасьці, і мала ге­ніяў. Калі народ малады – у яго пераважае адна філасофія, і ўсё мастацтва мае адны, характэрныя, рысы. І вайскаводца яшчэ важней за акцёра.
— Народы ўзьнікаюць і гінуць па волі Божай, — дакорліва заўважыў Юзаф.
— Ня буду спрачацца, — аднымі вуснамі ўсьміхнуўся Вінцэсь. — Я пра іншае… Які наш народ? Ён зусім юны? Можа быць, яшчэ дзіця, якое не ўсьведамляе сябе і пакорліва слухаецца іншых, і не запомніў нават сваё імя? А можа, старэча, які саслаб у шматлікіх бойках? У такім разе, дзе быў наш росквіт? У часы Скарыны і Буднага? Пакуль мы жылі па Статуце, напісаным нашай мовай? Прафесар Шымкевіч знаходзіў у беларускай мове шмат індаеўрапейскіх словаў… Дрыгва, азярод… Можа быць, нашыя продкі прыйшлі ў гэтыя балаты і пушчы з Егіпту ці Міжземнамор’я, каб уратаваць рэшткі былога магутнага племя? І мы ўсе носім у сабе памяць пра былую веліч і стому ад страшэннай паразы і выгнаньня?
— Твае пытаньні застануцца без адказу, — ціха сказаў Юзаф.
— Але мы – маладыя, — зазначыў Вінцэсь, на імгненьне скінуўшы жур­бу. — Мы – маладосьць, жыцьцё свайго народу. Ты сказаў слушна – кожны мусіць служыць. Нават калі ты – ня лепшы служка. Я дастану зброю, пра якую просіць Кастусь. Думаю, сотню штуцэраў можна без асаблівых падазрэньняў набыць у розных крамах… Заўтра ж і займуся.
Гадзіньнік на каміне гучна прабіў поўдзень, і з вакенца над цыферблатам высунулася невялічкая пляцоўка – цяпер на ёй было аж дванаццаць фігурак з мезенец ростам. Пасярэдзіне – Сьмерць з касой, яна сьмешна нахілялася ў розныя бакі пры кожным удары маятніка. А вакол, узяўшыся за рукі, тузаліся ў недарэчным танцы Кароль, Блазан, Жабрак, Дама, Рыцар, Селянін, Купец, Сьвятар ды іншыя асобы. Іх драўляныя твары былі цёмныя, аднолькавыя, нібыта ўжо забраныя Сьмерцю…
І лісты на дрэвах за вакном ужо афарбавала іх залатая сьмерць – восень. Толькі неба стала яшчэ больш сінім, глыбокім. Як вір… З апошнім ударам гадзіньніка пачуўся далёкі крык:
— Пан Вінцэ-эсь!
Па дарозе ад Маскалёва леса імчаў вершнік. Цёмныя, як воранава крыло, валасы, белая кашуля, расхінутая на грудзях…
Няўжо Марка Рагманаў?
Брат Вальжыны выглядаў вельмі заклапочна – але ня мог здушыць таемнае хлапечае задавальненьне ад удзелу ў значнай падзеі, нават калі ў гэтым шмат няшчасьця. Бач, як вочы блішчаць… Марка кінуў запытальны позірк у бок Юзафа.
— Можаш гаварыць пры ім усё,— запэўніў Вінцэсь. – Гэта мой сябра.
— Ваўкалака схапілі, — выпаліў Марка. – Людзі палкоўніка Варанецкага… Непадалёк ад нашага дому, там, дзе бэзавыя зарасьці. Падстрэлілі ў нагу… Ён нічога ня мог зрабіць. Павезьлі на калёсах у мястэчка. І бацьку забралі – пакуль як сьведку. Вальжына ў горы... Сказала – да вас ехаць...
Сапраўды гора… Вінцэсь глядзеў у вочы юнака, гэткія ж вялікія, чорныя, як і ў сястры... Што мусіць адчуваць яна, Вальжына? Ведаючы яе, Вінцэсь не сумняваўся, што дзяўчына абвінаваціць ва ўсім сябе. Мартын-Ваўкалак, безумоўна, прыходзіў, каб пабачыцца з ёю, а іх спатканьні, відаць, ужо нехта зьвіжаваў. Але вось дзіўна – Вінцэсь ня мог уявіць, што Ваўкалак здаўся жывым. Паранілі ў нагу… Гэта не магло б перашкодзіць адстрэльвацца. Мартын ніколі не хадзіў бяз зброі. І — Вінцэсь дакладна ведаў – апошні набой бярог для сябе. І куля была срэбная, самаробная, пазначаная крыжам, з трох, што калісьці зрабіў Вінцэсь, каб упаляваць ваўкалака. Гумар вісельніка, які апошні Рашчынскі не ўхваляў – аднак Мартын сьмяяўся і паўтараў, што загіне ня як шараговы няўдачнік, а як сапраўдны сын ночы.
— Трэба сабраць людзей і напасьці на пастарунак! — для Марка ўсё было зразумелым, як для маладога харта на першым паляваньні.
— Адумайцеся! — захваляваўся Юзаф. — Гэта рокаш… Паўстаньне… Усё роўна што стрэліць у бочку з порахам. Мы не гатовыя ісьці супраць войскаў! Заўчасны пачатак — пагібель.
Вінцэсь задумліва круціў у руках узятую з каміннае паліцы вазачку-жабку, зеленаватую, нібы вада ў ручаіне пасьля летняй залевы. Тонкі пасак – шнар на шкле, месца склейваньня. Ён ніколі ня зьнікне, як не зьнікаюць шнары на сэрцы. Хлопец нібыта зноў чуў аднойчы падслуханы гарачы шэпт: “Я кахаю вас… Я ніколі ня буду з іншым…”
Што ж, калі ня можаш даць шчасьце дзяўчыне ў выглядзе сваёй каштоўнай асобы – май гонар не рабіць яе няшчаснай, адбіраючы надзею быць шчасьлівай з іншым.
Ад уладаў Мартыну літасьці чакаць не выпадае ніяк — ня больш, чым зацкаванаму ваўку ад паляўнічых. Але пра гэта Вінцэсь падумае пасьля. А вось бацьку Вальжыны і Марка належыць ратаваць неадкладна.
— Трэба зьвярнуцца да Станіслава, — прапанаваў-сьцьвердзіў Юзаф, і карункавы цень ад яблыневай галінкі, што гайдалася проста перад шыбай, варухнуўся на сьцяне, нібыта бязгучна паліўся залаты дождж…
— Я паеду да Людвісараў сам, — змрочна зазначыў Вінцэсь. – Вядома, гэта непрыстойна – езьдзіць па гасьцях падчас жалобы. Але затое мне не давядзецца думаць пра касьцюм для візіту.
— Да Людвісараў?!! — ледзь не падскочыў Марка. – Вы звар’яцелі, панове? Да гэтых магнатаў! Вы б яшчэ да самога рускага гасудара на прыём папрасіліся!
— Ты проста ня ведаеш … — патлумачыў Вінцэсь, ужо гатовы сыходзіць. — Стась Людвісар — мой аднакурсьнік па універсітэце… І… наш таварыш.
Апошнія словы Вінцэсь вымавіў з некаторым намаганьнем. Ён усё яшчэ ня вырашыў для сябе, якой ступені даверу заслугоўвае Стась. Калі першы раз яго ўбачыў у дартуары універсітэту, унутрана ўсьміхнуўся, як і на адрас усіх “белападшэўнікаў”: прышчавы сьпешчаны юнак з адпалі­раванымі пазногцямі, з валасамі, відавочна ўкладзенымі куафёрам. Адзі­нае што непадобнае да звыклага вобразу “багатага сынка” – вінаватая ўсьмешка на тоўстых бледных вуснах ды баязліва-цікаўны погляд з-пад ілба – як птушаня наважваецца вылецець з гнязда. Ну, а калі прагучала імя і прозьвішча – Станіслаў Людвісар — усё стала нібыта зразумела. Сынок Сігізмунда Людвісара, магната, да якога губернатар лічыць гонарам зьездзіць у госьці. Па солі на мядзьведзях Людвісар, вядома, ня езьдзіць — дзікунства. Але Венецыю сабе зладзіў – тысячы прыгонных мужыкоў каналы капалі ды гарбатыя масты выштукоўвалі, каб пасьля да ўласных хатаў падрульваць на чоўнах з падоўжанымі насамі, выво­дзячы “Санта Лючыю”. А выпадковыя праезжыя дзівуюцца, адкуль з мужычых вуснаў не-не, дый прарвецца слоўца з мармурова-аліўкавай краіны.
І, вядома, для ўсяго універсітэту была неспадзяванка, калі Станіслаў пацягнуўся не да арыстакратаў, а да іх, студэнцкай вольніцы ў пледах. Не зважаючы на насьмешкі і недавер, сьмела браў удзел у абструкцыях нелюбімых прафесароў, ладзіў абеды для згаладалых калегаў. Ды яшчэ гэтак пачуваўся пры гэтым вінавата, што не было няёмкасьці – госьці пераконваліся, што яны робяць ласку гаспадару. Вінцэсь, праўда, не лічыў сябе блізкім сябрам Стася – хлопец, вядома, добры, і столькі разоў даводзіў сваю вернасьць і прыстойнасьць, і выяўляе да самога Вінцэся нейкую сабачую адданасьць, але… Можа быць, Вінцэся раздражнялі ягоныя ваючы, што Аляксандр Пушкін увогуле адрошчваў такія пазуры, што насіў на мезенцы напарстак-футарал. Далучылі Стася і да гуртка – вядома, не да самых апошніх таямніцаў. На перасьцярогі Ёсафат Агрызка, адзін з кіраўнікоў, заявіў адно: для справы карысна мець сярод сваіх чалавека грашавітага і ўплывовага.
Грошы ў Станіслава былі нямераныя, бацька на адзінага сына не шкадаваў нічога. Вінцэсь ведаў, што Стась узрадуецца магчымасьці паўдзельнічаць у змаганьні – але гэтая ягоная радасьць, гатоўнасьць “робін-гудстваваць” здавалася Вінцэсю падлеткавай гульнёй. Ён падазраваў, што Станіслаў і заставаўся падлеткам, цікаўным і сарамяжным, якому ўсё роўна, або да індзейцаў у амерыканскія прэрыі зьбегчы, або з ліцьвінскімі касінерамі – у пушчу.
З сястрой Стася размаўляць было куды прасьцей. Хрысьціна часам прыязджала да брата са свайго пансіёну. Вядома, у суправаджэньні высахлай “дуэньі”, мадам Лецьен. Дачка магната… Вось каму варта было нара­дзіцца хлапцом! Імклівая, рэзкая – ніякай табе лёгкай феевай хады. Валасы, як залаты пажар, і заўсёды выбіваюцца асобныя пасмачкі нават з самай акуратнай прычоскі, нібыта заўсёды вакол паненкі вецер. Зялёныя вочы сьмяюцца, куточак велікаватага роту прыўзьняты, і ані згадкі пра мілыя жаночыя хітрыкі – зірнуць так, каб у мужчыны засталося пытаньне... І патрэба знайсьці адказ. А як яна першы раз зьявілася ў іх кампаніі: “Якога вы меркаваньня пра антрапалагічныя стыгматы Ламброза?”
А сама ў крыналінах. Яны ледзь не зарагаталі. Вынік дрэннага выхаваньня: на дачку ні пан Людвісар, ні пані Людвісарава амаль не зважалі, маўляў, адзіная з яе карысьць – парадніцца праз ейны шлюб з добрым домам.
Ня дзіва, што ніхто з іх гурту ў паненку не закахаўся – хоць куртуазныя настроі рэалізоўваліся часам на асобах самых неверагодных.
Была яшчэ адна таямніца, пра якую ніхто, акрамя Вінцэся, ня ведаў. Пяць год таму ва ўніверсітэцкім холе пачуўся страшэнны грукат. Вінцэсь павярнуўся і ўбачыў худзенькае залатавалосае дзяўчо з вачыма, як зялёныя сподачкі, напоўненыя жахам і слязьмі. На мармуровай падлозе ў лужыне ляжала пабітае шкло і нешта незразумелае, цёмнае… Усё ясна – дурнічка залезла ў шафу з калекцыяй засьпіртаваных яшчарак. Да месца здарэньня ўжо зьбягаліся… І тады Вінцэсь ступіў наперад, як праўдзівы рамантычны герой:
— Прабачце, гэта мая віна. Хацеў паказаць паненцы экспанат… Спа­дзяюся, вы не напалохаліся, мадэмуазэль?
Пасьля таго і пачалося дзіўнае сяброўства з Людвісарамі.
Гадзіны за тры да іх маёнтка можна даехаць. Галоўнае, каб Стась быў дома… Юзаф на разьвітаньне сказаў, што памоліцца за гэта.
І малітвы, відаць, былі пачутыя.
Людвісарава будавалася яшчэ тады, калі нават князі ня ведалі, што такое шкарпэткі, і сьпецыяльна прызначаныя хлопы пераціралі салому, каб насыпаць яе ў панскія боты. Але высакародны камень сьценаў, вышчарблены падчас шматлікіх аблогаў, падаўся цяперашнім гаспадарам нямодным, і замак перарабілі ў нейкае падабенства рымскага палацу – сьветлая тынкоўка, белыя калоны з дзябёлымі карыятыдамі, цёмныя піраміды таполяў…
Сьцены гасьцёўні былі абабітыя сапраўдным парыжскім муарам – залатыя лілеі і гладыёлусы на сінім, у дакладнай сіметрыі. Вінцэсь кінуў вокам у кут, на вялікі партрэт, і ўздрыгнуў – Напалеон Банапарт! Бяз подпісу, у адзеньні старажытнага рымляніна, але цалкам пазнавальны. А між тым у Расійскай імперыі яго можна было называць толькі “узурпатар” або “карсіканская пачвара”. Вінцэсь ведаў, што дзед Стася ў свой час быў прыхільнікам гэтай “карсіканскай пачвары” і нават узброіў полк узурпатарскага войска на свае грошы. За што пасьля нейкі час і пабыў у выгнаньні. І ўсё роўна цяпер расійскія ўлады лічыліся з Людвісарамі. Партрэт Напалеона сьведчыў: тут не баяцца нікога. Уладары гэтага дому не падлягаюць асуджэньню. Яны толькі з паблажлівасьці мірацца з законамі дзікунскай імперыі.
І, каб не было гэтага партрэту, не прымалі б, можа, тут і Вінцэся – “сярэдняй рукі” шляхціча.
Станіслаў, як заўсёды, шумна радаваўся прыезду таварыша па таемным братэрстве, і паабяцаў, што зробіць усё магчымае. Бацька звычайна не адмаўляе ў падобных просьбах. Увечары вернецца – і пытаньне вырашым. Праўда, на гэты раз давядзецца цяжэй – дзяржаўнае злачынства…
— Пан Вакула Рагманаў – зусім бязвінны чалавек, — Вінцэсь лічыў за лепшае, каб Станіслаў сам быў у гэтым перакананы. — Сваяк наш. Я яго з дзяцінства ведаю — вясёлы, добры, мухі не пакрыўдзіць. Інсургент апынуўся ля іх маёнтку выпадкова.
— Вінцэсь! Прыміце мае спачуваньні! – у гасьцёўню нібыта заляцеў залаціста-белы віхор з зялёнымі вачыма. Хрысьціна працягнула госьцю рашучую далоньку.
— Я загадала накрыць абед у кітайскай альтанцы. Вы любіце жульены?
Стась паблажліва кіўнуў – што, маўляў, узяць з кабеты, думае толькі пра груба-матэрыяльнае. Вінцэсь усьміхнуўся, згадаўшы чамусьці прыпавесьць пра Марфу, якая мітусілася, каб пачаставаць здарожанага Хрыста, і Марыю, што ў гэты час сядзела і слухала госьця, чым і заслужыла ягоную ўхвалу ў адрозьненьне ад “матэрыяльнай” Марфы.
Але ж Вінцэсь сапраўды стаміўся і быў галодны. І стол падрыхтаваны дасканала. А Хрысьціна зноў выявіла сваю непасрэднасьць, зашаптаўшы:
— У вас вялікае гора, Вінцэсь. Але ж, напэўна, здарылася яшчэ нешта жахлівае, што змусіла вас прыехаць. Чым я магу вам дапамагчы?
Аж непамысна ад ейнага адданага пагляду. Напэўна, ніяк не забудзе той выпадак са слоікам.
Чым яна дапаможа, карункавае дзяўчо? Пераказам чарговай сенсацыйнай ксёнжкі? Відэлец у руцэ дзяўчыны дробна дрыжэў, так і не скарыстаны па прызначэньні. Так што нязьменная мадам Лецьен зрабіла выхаванцы не адну заўвагу наконт добрых манераў. Вінцэсь угледзеўся ў твар мадам, падобны на васковы… Гладка зачасаныя сівыя валасы, вузкі прамы рот, высока прыўзьнятыя тонкія бровы, нібыта намаляваныя… Ніяк ня мог вызначыць, ці была мадам у маладосьці прыгожай, і тым больш ня мог уявіць, якім быў яе муж, пан Лецьен? Ні адценьня пачуцьцяў у сухіх рысах. Толькі, калі сустракаецца вачыма са сваёй выхаванкай, усё аблічча нібыта цяплее.
Нешта яны сёньня зачаста па-змоўніцку пераглядаюцца, Хрысьціна і мадам Лецьен...
Лёкаі ў вышытых срэбрам белых сурдутах і белых панчохах бязгучна cьлізгалі па падлозе з падносамі. Верасьнёўскае сонца, перш чым зьнікнуць за краем далёкага лесу, шчодра ліло сваё чырвонае золата праз вітражы альтанкі, больш падобнай да мініяцюрнага палацу. Вінцэсь на нейкі момант змрочна задумаўся. Вальжына, можа быць, таксама сядзіць у альтанцы. Той самай, запаветнай, але наўрад ці сёньня яна – хутчэй, сьціснула да болю далоні і глядзіць у нікуды чорнымі вачыма, поўнымі да краёў адчаю. А можа паехала ў павет, ня ў змозе заставацца бязьдзейнай?
Раптам Вінцэсю ўсё, што вакол, падалося нерэальным – белы абрус з дасканалай кітайскай парцалянай, букеты экзатычных кветак, старанна састаўленыя нейчымі таленавітымі рукамі, звонкае пастукваньне лыжачак. Хрысьціна і Стась у белых касьцюмах. Ён, Вінцэсь, і мадам Лецьен – у чорным. Нібыта парцалянавыя лялькі. Круглая альтанка. Круглы столік… Быццам унутры музычнага куфэрка. Вінцэсю нават здалося, што ён чуе срэбныя званочкі, што назвоньваюць немудрагелістую механічную мелодыю, а альтанка патроху пакручваецца – у адзін бок, у другі... Рашчынскі кінуў погляд уверх, на зашклёнае акенца-ружу ў даху альтанкі – нібыта чакаў сустрэцца з паблажліва-цікаўным позіркам агром­ністага назіральніка.
І тут пад вітражным вакном, дзе пачыналіся славутыя Людвісараўскія каналы “а-ля Венецыя”, нехта зацягнуў “Санта-Лючыю”, з характэрным беларускім “ч”. Мужычы голас надрываўся, стараючыся справіцца з замежнымі руладамі — відаць, звычайны рытуал падчас панскага абеду. Песьня наплыла здалёку, цяпер аддалялася, чуўся плёскат вады — выканаўца, ясная справа, плыў у гандоле з беларускага дубу па вызначаным тым жа рытуалам маршруце.
Гэта было такое адчуджэньне ад месца – быццам пазногцем правялі па сухім пыльным шкле. Прэч з гэтага лялечнага царства… Паранены Мартын на гнілой саломе… Дзядзька Вакула – на допыце. Напэўна, ня страціў жартоўнага тону, толькі ў голасе загучала сталь.
Час спыніўся, прыліп смаўжом да аўгсбургскага срэбнага падносу, і неадольна хацелася падагнаць яго...
Вінцэсь кінуў на стол накрухмаленую сурвэтку з вышытымі па куточках галінкамі квітнеючай вішні і ўзьняўся, мармытнуўшы нешта наконт тэрміновасьці ад’езду.
Засталіся яшчэ ў памяці спалоханыя зялёныя вочы. Быццам зноў разбіўся слоік з засьпіртаванай пачварай.
Калі Вінцэсь пастукаўся ў дом Рагманавых, было ўжо зусім цёмна. Але Вінцэсь ведаў, што ў доме ня сьпяць.
Вальжына глядзела вялікімі чорнымі вачыма, абведзенымі ценямі, кудысьці скрозь госьця.
— Дзякуй вам… Будзем спадзявацца, што бацьку хутка адпусьцяць. А другому дапамога ўжо не патрэбная.
Вінцэсь не разумеў. Яна паўтарыла.
— Мартына няма. Ён загінуў.
— Адкуль вы ведаеце?
Вальжына дастала з-за карсажу дрыготкімі пальцамі нейкі вузельчык, развязала…
Срэбная куля… Нешта цёмнае на ёй – кроў?
Марка, які ўвесь гэты час трывожна пазіраў на сястру, ня вытрымаў:
— Адкуль гэта ў цябе?
Вальжына павольна, як у сьне, зноў загарнула металёвы круглячок.
— Застраў у ствале вішні. Там, дзе была перастрэлка. Я ведаю, што ён… Мартын… і зьбіраўся так зрабіць – у яго была такая куля. Значыць – навылёт… Мусіць, цэліў сюды… — Вальжына паказала рукой на шыю. І голас яе быў такі дзіўны, тонкі-тонкі, як павуцінка, што Вінцэся мімаволі ахапіў жах. Марка абняў сястру за плечы і нешта прашаптаў.
— Думаеце, я звар’яцела? Сапраўды, дзіўны сувенір… Паверце, я не належу да ліку тых экзальтаваных асобаў, што выпрошваюць кавалачак вяроўкі павешанага або пасму валасоў з галавы, адсечанай на гільяціне. Гэта куля для мяне нешта іншае… Прабачце, я ня ў стане зараз тлумачыць…
Яна сышла, не разьвітаўшыся, у свой пакой, але спіна, абцягнутая чорнай сукенка, была такой выпрастанай, што гэта было горш за плач…
А там, дзе дарога зварочвала да Гарнушак, ад цёмнага камля таполі аддзяліліся тры постаці.
— Загінуў наш атаман… Ад кулі тваёй, панічок, загінуў… як і хацеў. Ведаем, што сваёй рукой ён вызваліўся. Але глядзі ж, каб не было граху на табе, панічок. Ведаем, да якога акенца вы абодва хадзілі. Дазнаемся, што ты нячысты…
Цені расталі ў начы, а Вінцэсь усё яшчэ ўзіраўся ў цемру, у якой, бы стары цмок, зьвіваўся восеньскі туман.

9.
У кожным прыстойным тэатры мусіць быць свой прывід.
Нават калі тэатральная трупа займае найсучасны будынак, у сьценах якога не замуравана нічога, акрамя арматуры, прывід сіламі працоўнага калектыву будзе створаны, надзелены страшнай і кранальнай гісторыяй жыцьця і сьмерці і расквечаны красамоўнымі рысамі паводле аповедаў напалоханых і шчасьлівых відавочцаў.
Тэатр “Капялюшык” меў законнае права на прывіда, бо месьціўся ў сутарэньнях старога-старога гарадскога храма… Дакладней, былога храма, лёс якога пакуль яшчэ вырашаўся. Справа ў тым, што “перахрышчваўся” гэты будынак за сваё немалое жыцьцё ва ўсе магчымыя канфесіі — гэта ж быў тыповы беларускі храм. Палілі і ганьбавалі яго і казакі, і напалеонаўскія французы, і польскія гусары. Спрычыніліся да яго цяперашняга несамавітага аблічча і савецкія барацьбіты з рэлігіяй, і бамбёжкі апошняй вайны…
А ён моўчкі стаяў і захоўваў у магутных, як спіна зубра, сценах дыханьне часоў і прададзеную памяць.
Так, гэты храм быў сапраўдным беларусам.
А людцы ўсё спрачаліся, каму ён мусіць належаць – каталікам, права­слаўным, уніятам? Тым больш цяжка гэта вызначалася, што ад колішняга будынка засталіся толькі тры паверхі, пакрытыя пляскатым дахам, і што калісьці гэта быў велічны храм, мала хто з мінакоў і здагадваўся.
Добра, што ў спрэчку ня ўмешваліся псіхіятры – у надзейных сьценах знаходзіла прытулак і адпаведная лячэбніца.
А між тым псіхіятр тут ня лішні — з прыкрасьцю падумала Паліна, прабіраючыся па вузкіх калідорах за сцэнай, дзе месьціліся грымёркі. За дзяўчынай рушыў жабкавы скульптар Валянцін, увесьчасна чапляючыся сваім швэдарам за старыя дэкарацыі, і Паліна ня ведала, як ён ставіцца да дзікіх выкрыкаў і мітусяніны побач:
— Дзяўчаты, далібог, скрозь мяне прайшла! Шэрая, як дым! І холад па целе, холад!
— А ты, Люсенька, паслала б яе туды, куды мяне пасылала сёньня на рэпетыцыі. І твая манашка разьвеялася б, як маё да цябе каханьне.— Дурань!..
Паліна ўздыхнула: тэатр “Капялюшык” засяліўся ў гэтыя муры ня так даўно, відаць таму аблічча прывіда яшчэ не набыло пэўнасьці: адны казалі пра белую манашку, другія – пра чорнага мніха… А вось сёньня – нейкі гібрыд: манашка, але шэрая... Паліна ўсё-ткі палічыла патрэбным нешта патлумачыць, кінула спадарожніку цераз плячо:
— Не зьвяртайце ўвагі… Гэта артысты.
І самой стала няёмка: так паблажліва прагучала.
— Сюды хадзіце! Не наступіце на ружовы куст… — Марыя Апанасаўна махала рукой там, дзе адгаліноўваўся невялікі калідорчык, і ў сваёй белай хустцы, накінутай паўзьверх чорнай доўгай сукенкі таксама магла цалкам сысьці за прывід – хіба калі б ня ўзьбітыя ў самавітую піраміду выбеленыя валасы. Паліна і Валянцін асьцярожна абышлі бутафорскі куст з пап’е-машэ, з намаляванымі ружамі, падобнымі да сіняй капусты, і ўрэшце апынуліся ў доўгім, як пенал, пакоі бяз вокнаў.
У пакоі панаваў дзіўны пах зёлак. Ля адной сьцяны стаяла шырма, груба размаляваная пад антычныя разваліны, на другой — разьвешаная бутафорская зброя, відаць, сабраная з розных сьпектакляў. Алюмініевыя кінжалы, шпага з тоўстага дроту, кардонны меч… Прытулак Арлекіна. Пад паліцай з кніжкамі стаяла выцьвілая канапа, а з канапы пры набліжэньні гасьцей узьняўся сам “Арлекін”… Як Паліна зразумела, той самы Сымон Пятровіч, былы штурман падлодкі.
Штурман быў мала падобны да сівагаловага, паважнага “марскога ваўка”. Па-першае, ён аказаўся зусім не стары, гадоў хіба трыццаць шэсьць. Па-другое, невысокі. Папраўдзе, дык не нашмат вышэйшы за Паліну, а віленскаму скульптару – дык увогуле па плячо. Але ня шчуплы – проста падцягнуты, жылаваты, а пад чорнай майкай перакотваюцца цягліцы. І твар смуглявы, таксама падцягнуты, як у легіянера…
Але ж правільна – толькі цяпер дадумалася расчараваная Паліна, ён жа не на караблі служыў, а на падлодцы, туды вось такіх і адбіраюць – невысокіх і трывушчых.
— Гэта часткі нейкага маршруту, — упэўнена сказаў Сымон Пятровіч, уважліва разгледзеўшы Палініны аркушыкі з перамаляванымі са сьпінаў жабак малюнкамі. — Усё пазначана – і азімут, і накірункі. І адлегласьці – як я разумею, у сажэнях. Калі перавесьці ў нашы меры – на кожным малюнку шлях дзесьці метраў у сто.
— І вы маглі б вызначыць, дзе гэта знаходзіцца?—усхвалявалася Паліна.
Картазнаўца паблажліва ўсьміхнуўся.
— Ніхто вам гэтага ня вызначыць бяз веданьня мясцовасьці. Схемы трэба прывязаць да карты. Хаця б адну кропку знайсьці. Што абазначае, напрыклад, гэты крыжык: камень? Дрэва? Будынак?
Валянцін падаў голас.
— Ну, можа быць, мы б змаглі вылічыць мясцовасьць... Што тады?
Штурман паціснуў плячыма .
— Гэтыя два малюнкі — усё, што вы маеце?
Паліна ўздыхнула.
— Мы думаем, што такіх жабак было чатыры.
Сымон Пятровіч разьвёў рукамі.
— Ну, спадарове, справа безнадзейная. Калі гэта павінна скласьціся ў адзін шлях, нават калі б вы знайшлі ўсе чатыры яго кавалкі — трэба ведаць чарговасьць. Разумееце? Апошняя кропка кожнага адрэзка – пачатак іншага.
— А хіба нельга будзе вызначыць, перастаўляючы, прымерваючыся?
Штурман незалежна скрыжаваў на грудзях рукі і адкінуўся на сьпінку сваёй старой зялёнай канапы.
— Нешта вы ўсе горача дыхаеце над гэтымі аркушыкамі. Можа быць, патлумачыце?
Паліна нерашуча зірнула на маці і Валянціна. Марыя Апанасаўна дапамагла дачцы наважыцца.
— Ну чаго гуляць у таямніцы? Распавядзі чалавеку, як ёсьць. Можа, што і падкажа – а ты яго потым на абарону дысертацыі запросіш.
Маці відавочна зьвязвала Палініны вышукі з ейнай кар’ерай.
І Паліна распавяла пра ўсё… Акрамя, вядома, таго, як Аксана забрала ў яе папку, і пасьля не хацела нават згадваць пра гэта. Не расказала, і як пайшла ў архіў, паглядзець фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дзе Артур знайшоў малюнак намагільля Рашчынскага, а ліста з малюнкам, дакумента №131, у тэчках не аказалася. І калі Паліна стала распытваць, архівісткі ўсчалі гвалт і абвінавацілі ў прапажы памерлага Арціка, які, вядома, ужо ніяк ня меў магчымасьці апраўдацца. Але Паліна дакладна ведала – Артур, які заўсёды так горача адстойваў прынцып навуковай этыкі, ня мог гэтага зрабіць.
Над бутафорскімі антычнымі развалінамі луналі купідончыкі, ружовыя, з круглымі азадкамі і гэткімі ж круглымі шчочкамі. Прысутныя перадавалі з рук у рукі партрэт Вінцэся Рашчынскага, адзіны, які змагла знайсьці Паліна. Партрэт быў намаляваны ў Парыжы мастаком невядомым, але прагрэсіўных імпрэсіяністычных паглядаў, які б ніколі ня даў згоду расьпісваць шырмы ружовымі купідончыкамі. Аблічча вымалёўвалася з каляровых пісягоў. Але імпрэсіяністу ўдалося перадаць асаблівы выраз твару: быццам чалавек нешта пакутліва ўспамінае, і боль успамінаў для яго – адзіная рэальнасьць. І было нешта трагічнае ў несупадзеньні яркіх колеравых спалучэньняў і сумотнага аблічча чалавека.
— Гэта Вінцэсь Рашчынскі пасля паразы паўстаньня, — патлумачыла Паліна. — Мала каму ўдалося тады ўцячы — яму пашанцавала. Вядома, вясёлага мала – сябры забітыя, павешаныя, сасланыя… Маёнтак патрапіў пад апеку казны. Толькі праз трыццаць год Рашчынскі атрымае дараваньне ад уладаў і зможа вярнуцца дадому.
— Паўстаньне Каліноўскага… — задумліва прамовіў Сымон Пятровіч, круцячы ў руках рэпрадукцыю. — Калісьці я зачытваўся раманам “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, у рэйды з сабой браў. І вельмі засмучаўся, што няма працягу – усё перарываецца на падыходзе да паўстаньня.
— А я чуў, што працяг нібыта быў, — сумна прагаварыў Валянцін. — Нібыта скралі працяг...
А Паліна на ўсе вочы глядзела на былога падводніка, які раптам выявіўся прыхільнікам Караткевіча і “гатовым беларускім мужчынам”. Гэта ж трэба! Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. “Позна мне перавучвацца”, — казала тая, ды і ўсё. Сустрэць у іхнім горадзе чалавека, які валодае роднай мовай – усё роўна што земляка на чужыне.
— Наконт скрадзенага працягу, можа, і праўда... Але мне па-інакшаму ўяўляецца, — працягваў Сымон Пятровіч. — Мінулым летам я сваіх скаўпаход вадзіў, па Віленшчыне, якраз наведалі па дарозе музей у Кушлянах… Дык там расказваў нам адзін дзядзька, што падчас паўстаньня на Беларусі было рэпрэсавана сто тысячаў шляхецкіх сем’яў. Гэта ж – цэлая праслойка грамадства! Лепшая, адукаваная... Яшчэ колькі гадоў – і зьявілася б пакаленьне, якое магло збудаваць нацыянальную дзяржаву. І ніхто б яе ўжо ня зьнішчыў. А так — нават памяці няма. Можа, і мае продкі мелі дачыненьне да таго паўстаньня? Ня ведаю. Быў жа прадзед лапцюжным, але шляхцюком. І Караткевіч сам прызнаецца, як цяжка яму пісаць працяг, бо яго героі ня могуць перамагчы.
— Ты скаўтаў у паход водзіш? – зьдзівілася Марыя Апанасаўна, вычуўшы тое, што самой было цікава. – Вось ня ведала…
— Ну, ня толькі скаўтаў… — патлумачыў былы падводнік. — Экстрэмалаў розных таксама.
— Напэўна, на байдарках? Ці на плытах? – здагадалася Паліна.
Але ў штурмана толькі неяк дзіўна зьмяніўся смуглявы твар.
— Не, спадарыня. Водны турызм мяне не вабіць.
Марыя Апанасаўна зноў завалодала выявай Рашчынскага.
— А ён прыгожы быў, калі б яшчэ нармальна намалявалі… Напэўна, карыстаўся посьпехам у жанчын.
Паліна задумалася.
— Ды нешта ня памятаю пра яго рамантычных гісторыяў… Ён і жанаты ня быў.
— Значыць, рамантычная гісторыя мелася, — нечакана змрочна сказаў Сымон Пятровіч. — Пераможаны мужчына – якая жанчына падзеліць з такім лёс? Ды яшчэ маёнтак забралі… Вядома, нейкая красуня дадала горычы ў жыцьцё вашага… Рашчынскага. Прабачце, вядома, шаноўныя спадарыні, за нягжэчнасьць, але жанчыны ня любяць тых, каго яны лічаць няўдачнікамі.
— Чаму вы такога меркаваньня пра жанчын? — не змаўчала Паліна. — Многія шляхцянкі ішлі за сваймі мужамі на катаргу, многія выходзілі замуж за зьняволеных.
— За героем на катаргу – гэта рамантычна… — не здаваўся штурман. — А вось з няўдачнікам — нецікава. — прагучала так сумна, што Паліна здагадалася — асабістае, няйначай. Сымон Пятровіч пацьвердзіў.
— Не прымайце мяне за старога зьвягу. Лічыць сябе няўдачнікам – дыягназ. Для гэтага не абавязкова сапраўды пацярпець вялікія страты. Я на такую хваробу, між іншым, не хварэю. А вось калі мяне звольнілі з флоту, а на Беларусі, зразумела, такіх сьпецыялістаў, як я, непатрэбна, жонка ад мяне адразу адвярнулася. Я яе не вінавачу – сапраўды, які з мяне муж. Яна натура тонкая, перакладчыца. А я вечна ў рэйдах, ды яшчэ і трантаў дамоў не прывозіў, як звычайныя маракі загранкі – у нас жа сакрэтныя заданьні, ваенная таямніца. А на марскім дне супермаркетаў не будуюць.
— Калі жанчыне не хапае рэчаў – гэта толькі наступства, — павучальна прагаварыла Марыя Апанасаўна. – Гэта значыць, што насамрэч жанчыне не хапае каханьня!
— Ну так, каханьня… — Сымон Пятровіч засьмяяўся дзіўным хрыплым сьмехам. — Каханьне яна атрымала. Ад таленавітага і грашавітага. Праўда, калі я сыйшоў з поўнай торбай непрамоўленых крыўдаў і пажаданьнем шчасьця – той… таленавіты …зьнік.
Сымон Пятровіч расказваў нават з іроніяй. Але тут усхваляваўся Валянцін.
— І няўдачніку можа пашанцаваць на каханьне! Я таксама... З уласнага вопыту... — Валянцін трохі павагаўся, але ў кожнага настае час выгаварыцца. — Я ж тут вучыўся, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Зладзілі мы першую выставу нашай суполкі – сабраліся маладыя скульптары, мастакі… Ды яшчэ дзе зладзілі – аж у “чарнільніцы”, на другім паверсе Палацу мастацт­ваў. Гонар! Гасьцей назвалі на прэзентацыю. Пры­йшоў я з гэтай выставы, пахадзіўшы дзень сярод выпадковых наведнікаў, наслухаўшыся іхніх каментароў… І як даў кулаком па глінянай балванцы, якую паўгода спрабаваў ператварыць у сусьветны шэдэўр… І што вы думаеце – разьбіў! Хоць ужо амаль зацьвярдзела. Вось што значыць са­праўдная злосьць!
— Ну і навошта? – іранічна прамовіў штурман. — Чым гліна правінавацілася?
— Гэта я ня гліну. Гэта я свае спадзяваньні – кулаком… — жорстка прагаварыў скульптар. — Ня ўсім быць Радэнамі ці Азгурамі… Я забараніў сабе думаць пра вялікае мастацтва. А тут якраз пачаўся прыватны бізнэс. І мы з адным знаёмым зладзілі фірму... Ведаеце, якую? – Валянцін з горкай насьмешкай абвёў прысутных вачыма .— Па вырабе надмагільных помнікаў. На любы густ. Гэта быў найвялікшы зьдзек, які я мог тады над сабой учыніць за бяздарнасьць. Бачылі, можа, анёлкаў, што плачуць, захінаючы твар крыламі? “Память о тебе вечна, как наша любовь”. І назву для фірмы прыдумалі адпаведна “кічавую” – “Асфадэль”.
Сымон Пятровіч чамусьці ўсхваляваўся.
— Як, як твая фірма называлася?
— “Асфадэль”... — з прыкрасьцю паўтарыў Валянцін. — Гэта лілеі такія. Лічацца кветкамі мёртвых. Я і сам тады быў… як мёртвы.
— Ну і нармальны бізнес, — прабурчэла Марыя Апанасаўна. — Напэўна, зараблялі някепска.
Валянцін няёмка паціснуў плячыма.
— Так… Заказаў давалі шмат. Добра хоць, за працай не ставала часу надта задумвацца над сэнсам жыцьця. Кватэру набыў, пасьля яшчэ адну – пад майстэрню. Усё жыцьцё па інтэрнатах – дык тут “адцягнуўся”. Ну і скончылася вядома чым. Фірма прагарэла, як сухая лапушына. Які з мяне бізнесмэн – я мог толькі ляпіць ды высякаць. А напарнік, аказваецца, пачаў пашыраць бізнес – перапрадаваў кватэры, яшчэ нешта там… Карацей, паставілі нас на “лічыльнік”. Ды ня “нас”, а мяне – “сябрук” мой уцёк, а ўсе дакументы аказаліся на маё імя. Прадаў кватэру адну... Тады другую… Збыў машыну, урэшце, усё, што меў… І ўсё адно доўгу заставалася – дваццаць пяць “кавалкаў”. Мяне везьлі забіваць. І тут зьявілася яна… Дзяўчына, на якую я асаблівай увагі не зьвяртаў. Нават пакрыўдзіў, адпрэчыўшы ейную ўвагу да маёй каштоўнай персоны. І вось яна выкупіла мяне, няўдачніка, аддаўшы ў заклад сваю маёмасьць і самую сябе… І мяне ёй прадалі ў пажыцьцёвае карыстаньне.
— Як гэта? – зьдзівілася Паліна.
— А так… — з весялосьцю адчаю патлумачыў Валянцін. — У прамым сэнсе. Дзіна паступова выплочвае мой доўг з працэнтамі. Я дапамагаю зарабіць грошы, працую ў ейнай фірме. Умова такая: калі я сыйду – Дзіна адкажа сваім жыцьцём.
Нейкі час усе прыгаломшана маўчалі. Сымон Пятровіч, аднак, ня выя­віў асаблівага ўзрушэньня.
— Чаму ты лічыш сябе няўдачнікам, не разумею? У цябе ёсьць жанчына, якая цябе кахае, і якую ты, прынамсі, паважаеш. Кім ты працуеш у ейнай фірме? Вартаўніком? Прыбіральшчыкам?Валянцін зацята ўскінуў галаву – пытаньне прагучала жорстка.
— Я ўмею ляпіць.
— …І займаешся любімай працай, — падрахункаваў падводнік. — Ты – шчасьлівы чалавек.
Паліна падазрона разглядала суразмоўцаў. Высокі, няўклюдны скульп­тар са сьветлымі валасамі, перацягнутымі матузком, і смуглявы, жылаваты штурман, з абліччам як у каскадзёра ці воя – вунь колькі старых шнараў на твары, на руках – такія розныя! І пры тым абодва — тыповыя ня­шчасныя беларускія мужчыны. Відаць, Марыя Апанасаўна падумала тое самае, паколькі скептычна паглядзела на аднаго, на другога і моўчкі пахі­тала галавой у адказ нейкім сваім думкам.
Паліна здагадалася – канчаткова збракавала ў якасьці магчымых зяцёў. Не, у маці гэта ўжо нейкая манія... Хутка пачне прыглядацца да грузчыкаў у хлебнай краме, да ахоўнікаў суседняй з іхнім домам базы агародніны.
Трэба было вяртаць размову да гістарычнай тэмы.
— І ўсё ж такі – пра што хацеў пакінуць зьвесткі Вінцэсь Рашчынскі?
— Можа быць, нейкае патаемнае сховішча паўстанцаў? — спытаў Сымон Пятровіч.
— Ды не, — запярэчыла Паліна. — Надмагільле будавалася ў дзевя­ностых гадах, калі Рашчынскі вярнуўся на радзіму. Ды якая розьніца! Ня ведаю, што схаваў Рашчынскі — каштоўнасьці, дакументы, або там, у апошняй кропцы, забытая магіла нейкага героя – мне ўсё роўна. Мы проста абавязаны гэта знайсьці! Гэта наша гісторыя! Ліст да нашчадкаў, які з-за нашай няўвагі можа не дайсьці больш ніколі ні да кога! Вы як хочаце, а я гэтую справу не пакіну.
— І дысертацыя атрымаецца сенсацыйная! — задаволена падтрымала на свой капыл Марыя Апанасаўна.— І ў газетах напішуць!
Паліна ўперылася строгім паглядам у Валянціна:
— І не ўздумайце мяне адгаворваць – я ўсё роўна прайду гэты шлях да канца!
Валянцін з дакорам зірнуў на Паліну.
— Вас адгаворыш… Добра, магу зьезьдзіць у Гарнушкі… У хаце бабулінай чужыя людзі цяперака. Але да дзядзькі майго можна завітаць. Ён і так зазлаваў на мяне, мусіць, што даўно не прыязджаю. Толькі ня ведаю, як Дзіна да гэтага паставіцца.
Сапраўды, “уладальніца”… Паліне зрабілася чамусьці вельмі прыкра. І страшэнна шкада гэтага няўклюду – ён не выглядаў шчасьлівым у статусе маёмасьці. Успомніла, як сіратліва сядзеў ён у арцы віленскай вулкі, пакуль закаханая жанчына прадавала ягоныя творы… Але ж хіба ня вартая зьдзіўленьня і тая Дзіна! А ці змагла б яна, Паліна, так вось ахвяраваць усім дзеля чалавека, які нічым з табой не зьвязаны? Паставіць сваё жыцьцё ў залежнасьць ад яго? Гэта ж як трэба кахаць…
Але Паліна аніяк не ўдавалася выклікаць у сабе добрыя пачуцьці да гандляркі са сьветлымі косамі.
За дзьвярыма пакойчыка між тым сціхлі галасы, затое пачуўся “трубны глас” – па мегафоне артыстаў запрашалі на рэпетыцыю. Гэта азначала, што ўсе работнікі тэатра “Капялюшык” мелі зараз свой клопат.
Калі госьці былі ўжо ў дзьвярах, Сымон Пятровіч ветліва прамовіў:
— Прабачце, Валянцін, вы не маглі б затрымацца? Мне трэба вам тое-сёе сказаць.
Паліна і Марыя Апанасаўна разгублена глядзелі на зачыненыя перад імі дзьверы, у якіх паварочваўся ключ.
— Ну і Бог з імі, пайшлі… Няхай паразмаўляюць, — зазначыла Палі­ніна маці. Аднак не пасьпелі яны адысьціся ў канец калідора, як у пакойчыку штурмана пачуўся страшэнны грукат, нешта падала, разьбівалася…
— Ды што яны, звар’яцелі, ці што?!!
Марыя Апанасаўна стукала ў дзьверы, за якімі не сьціхала баталія.
— Сымон, ты здурнеў? Што ты там робіш?
З усіх дзьвярэй паказваліся цікаўныя твары. Нарэшце шум у пакойчыку сьціх, яго дзьверы расчыніліся, упусьціўшы пераляканых кабет.
Дэкарацыя з антычнымі развалінамі, пашкуматаная, быццам пабывала ў зубах цмока, ляжала на падлозе, а пад ёй, накрыты размаляваным палотнішчам, нехта адчайна варушыўся, як хрушч пад насоўкай. Паколькі Сымон Пятровіч у ваяўнічай паставе стаяў ля сьценкі з бутафорскай зброяй, варушыўся няйнакш небарака скульптар.
— Я тры гады чакаў, каб гэта зрабіць, — штурман цадзіў словы скрозь сьціснутыя зубы, і Паліне чамусьці захацелася апынуцца як падалей адсюль.
З дзіркі ў дэкарацыі паказалася рука, потым прасунулася галава. Вока Валянціна патроху набракала сінечай.
— Паслухайце… Гэта памылка. У мяне з вашай жонкай нічога не было.
— Гэта ў цябе з ёй нічога не было, — прагаварыў Сымон Пятровіч. —А ў яе з табой – было ўсё. Вядома, ты ноч прабыў – і забыўся. Табе што, самадаек не хапала?
Паліна схаладнела… Ня можа быць! Няўжо ён, няўклюда і летуценьнік, такі?..
— Ды кажу вам: ня ведаю ніякай Сьвятланы… І ў рэстаране “Папараць –кветка” адзіны раз у жыцьці быў – калі адзначалі абарону дыпломаў.
Новы майстэрскі ўдар у сківіцу змусіў Валянціна, які толькі што няўпэўнена ўстаў на ногі, зноў паляцець на падлогу.
— Сымон, супакойся! — Марыя Апанасаўна гатовая была таксама даць волі рукам. – За што ты так яго?
— А вы ў гэтага генія могілкавага спытайце… Ты хоць ведаеш, што яна кожны дзень цябе чакала? — зноў зьвярнуўся штурман да скульптара.— Запальнічку тваю, у выглядзе пісталету, да сэрца туліла… Таксама мне каў­бой! Ды я сам быў гатовы цябе расшукаць і за ручку да яе прывесьці! І я ніколі ня бачыў яе такой шчасьлівай, як у тыя моманты, калі яна верыла, што ты вось-вось прыедзеш. Асабліва ў псіхушцы, у апошнія дні.
— У мяне ніколі не было запальнічак. Я не куру! – гнеўна прагаварыў Валянцін, больш-менш цьвёрда ўстаўшы на ногі. — Хаця… У сябрука майго, з якім мы фірму зладзілі, мелася такая запальнічка, памятаю.
Сымон Пятровіч крыху разгубіўся.
— У Сьвятланы візітка была – Валянцін з фірмы “Асфадэль”. Выходзіць – ты. Я цябе шукаў, але фірма вашая ўжо зьнікла, і дзе ты, ніхто ня ведаў.
Валянцін сумна ўсьміхнуўся.
— Ну, зразумела… Сябрука майго таксама Валянцінам звалі. Можаце праверыць. Ён – Валянцін Сьцяпко, я – Валянцін Чарапавіцкі. Здаралася, ён называўся маім прозьвішчам — у непрыемных сітуацыях.
Сымон Пятровіч недаверліва глядзеў на ворага. Валянцін выцер кроў Палінінай насоўкай і прамовіў ціха і сур’ёзна.
— Слова гонару, я ня ведаў вашай жонкі.
Сымон Пятровіч нейкі час памаўчаў, потым панурыўся і прамовіў:
— Веру… Прабач. Твой сябра зноў цябе падставіў. Ён які, дарэчы, з выгляду?
— Ну… Ніжэйшы за мяне. Кароткая стрыжка. Цёмны…
— Вось-вось… І Сьвятлана гаварыла пра чарнявага. Падобны, маўляў, да Андрыяна Чэлентана. А ты, гляджу – бялявы… Думаў, пафарбаваўся, гад.
— Зьбіў чалавека ні за што! – абуралася Марыя Апанасаўна.
Штурман стамлёна сеў на канапу, загаварыў нібыта сам сабе:
— Яна ня мела фліртаў… У яе заўсёды ўсё было вельмі сур’ёзна. Яе мужчына мусіць быць героем. Я яе расчараваў – замест таго, каб стаць якім адміралам, апынуўся беспрацоўным, ды яшчэ ўпарта адхіляў прапановы з другіх краінаў. Ну не хачу я зьязджаць адсюль! Нават дзеля залатых палацаў. А тут гэты… геній з рэстарану… Ах, Мікелянджэла, ах, Эрнст Неізьвестны… Ад бяссоньня ўсё жыцьцё пакутавала. Такая прыгожая… мройлівая… Сабе не магла дараваць, што яе першая і апошняя здрада была… так, пошлым фліртам. І я ёй усё расказваў казкі – што ейны Валянцін зьехаў з выставай у Амерыку, што яго выклікалі ў Індыю… Яна ўжо не маг­ла праверыць, – голас Сымона Пятровіча задрыжэў. — І я аднаму радаваўся – што над ейнай магілай не стаіць помнік вашай фірмы.
Сымон Пятровіч кінуў погляд на зьбіты твар скульптара і пачырванеў.
— Што ж, я цяпер твой даўжнік. Калі хочаш, можаш даць здачы… Не? Ну, тады хіба дапамагу ў вашых вар’яцкіх росшуках. Ня ведаю, што вы там зьбіраецеся знайсьці — золата, дыяменты або матэрыял для дысертацыі – я ў вашай волі. Толькі загадзя дамовімся – у дзялёжцы ня ўдзельнічаю. Не хачу, калі што, увязвацца ў быдлячую справу шкамутаньня тлус­тага кавалка.
На сцэне ішло сваё жыцьцё. Нехта адбіваў нястомнымі нагамі рытм пад вясёлую мелодыю – тэатр “Капялюшык” сьпецыялізаваўся на аперэтках ды мюзіклах, любімых жанрах міжчасься. Прывіды будынку затаіліся па кутах, адпускаючы жывое – на волю. Валянцін і Паліна, якія ад прыкрага інцыдэнту не перамовіліся ні словам, выйшлі за цяжкія дзьверы — нібыта з-за цемры кулісаў патрапілі на ярка асьветленую сцэну. Амаль летняе сонца ўдарыла ў вочы нібыта сафіты.
— Што яна з табой зрабіла? — дзікі крык зьлева змусіў і без таго зьнерва­ваную Паліну літаральна падскочыць. Да скульптара падбягала Дзіна, на гэты раз – у беленькім джынсавым касьцюмчыку. Ненавісны пагляд, кінуты ёю на Паліну, быў вастрэйшы ад касінерскага ляза. Гэтага Паліна ўжо не магла вытрываць, і шпаркім крокам рушыла прэч, пакінуўшы за сьпіной апраўданьні Валянціна пра тое, што ня варта перажываць, што ён проста ўпаў на дэкарацыі…

10.
Жаўнер зрабіў крок, спатыкнуўся і ўпаў, нязграбна падкурчыўшы пад сябе руку – быццам нехта нацягнуў перад ім нябачны дрот.
Сіняя фуражка з прабітай цэшкай упала побач, на чорную адліжную зямлю, нібыта таксама жывая істота, пазбаўленая чужой злой воляй жыцьця.
Вінцэсь агаломшана глядзеў паўзьверх стрэльбы, страціўшы на нейкі час здольнасьць успрымаць гукі, дотыкі, вобразы…
Калі Варшава пачала паўстаньне — гэта было, як зімовыя грымоты. Польскі камітэт апраўдваўся – не выпадала чакаць, выйшаў загад рускага цара забіраць у рэкруты студэнтаў, гэта значыць – лепшую моладзь. Хіба пакінуць маладых гінуць па лясах у безнадзейным змаганьні?
Але неабходнасьць ня робіць цудаў. Вінцэсь ведаў, што яны на Беларусі яшчэ не падрыхтаваныя, як сьлед, каб ісьці супраць магутнай імперыі. Але немагчыма пачынаць бойку бяз веры ў перамогу — і ён верыў… Былі ж у гісторыі прыклады, калі невялікая купка апантаных мяняла лёсы краінаў. Гарыбальдзі вёў за сабою тысячу чырвонакашульнікаў – і сёньня Італія паўстае з друзу, стаптанага ботамі аўстрыякаў.
Атрад Вінцэся – сотня чалавек. Шляхцічы, мяшчане, сяляне… У дваццаць два гады ўзяць на сябе адказнасьць за жыцьцё сотні чалавек…
Што ж, ён малады. Але са сьмерцю бацькі стаў старэйшым і адзіным у родзе. І да апошняга часу па-ранейшаму кожную раніцу плаваў у палонцы – як калісьці прывучыў пан Антось. Вінцэсь ведаў, што здолее зрабіць з сабой усё — што будзе вымагаць гонар. Цела і душа ня здрадзяць, як ня здраджвае добра падрыхтаваная, прыстраляная зброя.
Можа быць, таму Вінцэсю верылі. У ягоным атрадзе – чатыры дзясяткі гарнушкаўцаў. Сярод іх – тыя, хто вучыўся ў гарнушкаўскай школе, каго пасылалі ў вучэльні і інстытуты на грошы Рашчынскіх. Фельчар, вясковы настаўнік, лясьнічы, каваль…
Як заўсёды, наперад усіх сустрэць сьмяротную небясьпеку выходзяць самыя лепшыя, разумныя, сумленныя… І гінуць.
Калі з пакаленьня ў пакаленьне адбываецца такі пачварны адбор – хіба дзіва, што беларусы ўсё больш заслугоўваюць славу пакорлівага, цярплі­вага, зацятага, як балота, народу?
Першая бойка… Пакуль яшчэ няма горычы стратаў, няма сапраўднай нянавісьці. Сьцяг, вышываны любымі дзявочымі рукамі, зьзяе барвай, золатам і бельлю.
І першы забіты Вінцэсем чалавек ляжыць на чужой яму, чорнай зямлі.
Вінцэся прывёў да прытомнасьці стогн побач – Марка Рагманаў! Гэта ж яго ледзь не застрэліў чалавек у сіняй фуражцы. Вінцэсь дапамог Марку прыўзьняцца… Дзякуй Богу, жывы – куля толькі драпнула па галаве. А каб забіла... Як тады глядзець у вочы Вальжыне? Да Вінцэся падбягалі інсургенты – вясёлыя, нібы пасьля ўдалага паляваньня. Атрад жаўнераў быў невялікі, і, відаць, чужынцы не чакалі ўзброенага супраціву.
— Разьбегліся, як кураняты… — Стась Людвісар расплываўся ва ўсьмешцы, аддана гледзячы на камандзіра. І гэты можа загінуць…
Вінцэсю раптам стала страшна. Як тады, калі ехаў праз Маскалёў лес і чакаў атручанай стралы ў грудзі. Яго вусны шапталі:
— Гэта яшчэ не перамога… Не перамога… Першы крок на сьцяжыне сьмерці.
Але належала прагнаць ганебную слабасьць, пакуль ніхто не заўважыў.
У маёнтку Рагманавых зладзілі лазарэт для параненых. З аднаго боку – лес, з другога — поле. Прыслугі – тры чалавекі: ахмістрыня Казіміра ды конюх з жонкай-пакаёўкай. Усе — амаль што сямейнікі. Месца спакойнае, Пан Рагманаў быў дзесьці пад Гародняй, там, дзе і Юзаф — а Юзафу, як ваеннаму інжынеру, даручылі камандаваць штабам паўстанцаў. Вінцэсь ведаў, што сябра згаджаўся на гэта ня без ваганьняў – але так палка любіў сваю Айчыну!
Стась Людвісар падбег да Вінцэся.
— Хрысьціна паведаміла, што будзе чакаць мяне на паштовай станцыі. Прывязе грошы. Заўтра на досьвітку мушу ехаць.
Вінцэсь спахмурнеў.
— Ня варта было б ублытваць паненку. Як пан Людвісар?
Станіслаў упарта закусіў губу.
— Вядома, угневаны. Хоча, каб я вярнуўся дадому. Ніколі!
Вінцэсь уздыхнуў. Спадзевы на тое, што дзякуючы сынаваму энтузіязму, магнат Людвісар адкрыта стане на бок паўстаньня, не спраўджваліся. Венецыянскія каналы пад беларускімі соснамі страцілі б дасканаласьць бяз песьняў прыгонных мужычкоў. А мужык, узброены штуцэрам, наўрад ці стане ламаць язык “Санта-Лючыяй”, а засьпявае роднае “У нядзельку параненьку”, ды й пераблытае свайго ды чужога пана. Але Людвісар не жадаў і станавіцца на бок імперыі, што пазбавіла яго продкаў і яго самога былой улады. Людвісараўскія грошы сілкавалі змаганьне. Вінцэсь не любіў выслоўе пра тое, што грошы – цягліцы вайны, але ведаў, што бяз іх паў­станьне захлынецца. Косамі супраць штуцэраў нядоўга паваюеш.
У гасьцёўні віравалі людзі. Грукатала зброя, якую належала падрыхтаваць да наступнай бойкі. З апачывальні чуўся стогн параненага ў нагу каваля. Вінцэсь адшукаў вачыма знаёмую постаць у чорнай сукенцы. Вальжына, якая сядзела ў фатэлі ля вакна і нешта хутка шыла, прыўзьняла галаву з акуратна ўкладзенымі каронай чорнымі косамі і ўсьміхнулася госьцю. За гэтую ўсьмешку Вінцэсь гатовы быў памерці... А забіць?..
Уваччу ізноў паўстаў жаўнер, які валіцца на зямлю… Зусім малады… Не старэйшы за Вінцэся…
Вальжына асьцярожна зьняла з каленяў працу – гэта быў паўстанцкі мундзір, шэры, з чорнымі галунамі, устала, падыйшла, клапатліва зазірнула ў твар.
— Што з вамі? Вы падумалі зараз пра нешта страшнае…
Вінцэсь удзячна ўсьміхнуўся.
— Гэта ўсяго толькі мае мроі… Прабачце.
Вальжына глядзела вельмі сур’ёзна, з увагай. І Вінцэсь быў такі шчась­лі­вы, што яна гэткім чынам да яго ставіцца, што мімаволі паддаўся спакусе прадоўжыць гаворку і, можа быць, скінуць з душы хоць частку цяжару.
Яны сядзелі на верандзе, адзіным месцы ў доме, дзе можна было адасобіцца. Вінцэсь накінуў на плечы дзяўчыне, каб ня зьмерзла, ваўчынае футра. Неба шарэла, нібыта набрынялая вадой воўна, і першыя вечаровыя цені ўжо запляталі шчыльнай павутой куты.
— У Санкт-Пецярбурзе я шмат разважаў і думаў пра сьмерць. Разумееце, у кожнага філосафа свая канцэпцыя гэтае зьявы. Я хрысьціянін, і, вядома, успрымаю сьмерць пераходам з аднаго стану ў другі, вызваленьнем душы ад цялеснае абалонкі і гэтак далей. Але наколькі ўладны чалавек над жыцьцём і сьмерцю сябе самога і іншых? Калі вайскаводца пасылае на гібель тысячы жаўнераў, і ўсё дзеля таго, каб падарыць сваёй краіне кавалачак чужой неўрадлівай зямлі – хіба вайскаводца не забойца? А між тым яго ўслаўляюць, як героя. Арыстоцель казаў, што калі нехта ўчыніць несправядліва, не ўсьведамляючы гэтага, ён не парушальнік справядлівасьці, а няшчасны. Вальжына, мне зараз здаецца, што мы ўсе – такія няшчасныя. Якое права маем я ці нехта іншы пераразаць нітку чужога лёсу? Хіба мы ведаем, што зьнікае разам з кожнай заўчаснай сьмерцю? Якія мэты Творцы ня будуць дасягнутыя з-за таго, што нехта не пражыў столькі, колькі яму належала?
— Вам не здаецца, што вашыя разважаньні блюзнерскія? – мякка запярэчыла Вальжына. – Хіба ня ўсё ў руцэ Божай? Без Ягонае волі волас не ўпадзе з галавы.
— Чалавек парушае волю свайго Стваральніка. Ён забівае.
Вальжына ласкава паклала далонь на руку Вінцэся. Гэта было так нечакана і цудоўна, што ён увесь задрыжэў… А для яе… для яе гэта быў проста жэст спачуваньня.
— Вінцэсь, што здарылася? Што змусіла вас да вашых сумных разважаньняў?
Ад яе ціхага голасу хацелася плакаць.
— Я... забіў чалавека.
Вальжына памаўчала.
— Я магу здагадвацца, як гэта цяжка. Але…
— Але так не павінна быць для мяне! – раптам горача загаварыў Вінцэсь, адкінуўшы асьцярожлівасьць. — Я лічыў сябе падрыхтаваным. Бацька не хацеў — але я ўпотайкі вучыўся страляць. І езьдзіў на паляваньне з нашым лесьніком, і забіваў мядзьведзяў і ваўкоў. Я перажыў страх уласнай блізкай сьмерці. Перажыў сьмерць бацькі. І… тое, што горш за сьмерць. Але пра гэта згадваць ня варта. І вось – мяне трасе, і я гатовы быць забітым – абы больш не забіваць. Скажыце, што я баязьлівец, Вальжына! Я – нікчэмнасьць. І будзе праўда, калі вы гэта скажаце!
Дзяўчына ўстала і прайшлася па вераньдзе. Белыя фіранкі зрабіліся сінімі ў прыцемку. Але Вінцэсю здавалася, што ён высьлізнуў з часу, быццам кубак з няспрытных дзіцячых рук, і зараз давядзецца падбіраць аскалёпкі.
Вальжына зноў прысела каля яго, і хлопец не пабачыў насьмешкі ў вялікіх цёмных вачах.
— Вы проста чалавек з чуйнай душой, добры і сумленны. Ня трэба думаць, што забіваць – лёгка, і што вялікія ваяры нават у самай першай бойцы асуджалі на сьмерць сабе падобных, нібы сьвечкі ламалі. Мужчыны любяць выхваляцца сваёй жорсткасьцю. Насамрэч вы – такія ж датк­лівыя істоты, як і кабеты. Гэта нармальна — тое, што вы цяпер адчуваеце. І я ўпэўненая, што калі будзе неабходна – вы зробіце ўсё, як належыць вою і мужчыне. Адзін мой знаёмы… вялікі вой… расказваў, што свайго… першага… перажываў гэтак жа, як вы.
Вінцэся перапаўняла ўдзячнасьць і шкадоба. І ён схапіў вузенькую далоньку дзяўчыны і прыпаў да яе вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея... Пацалаваў вышэй, запясьце… І адчуў, што Вальжына адхіснулася. Яна глядзела са зьдзіўленьнем і дакорам.
— Вінцэсь! Вы заўсёды былі вельмі далікатным, выхаваным хлопчыкам. Ня варта цяпер…
Ён перабіў.
— Я не ранейшы хлопчык, Вальжына! Я даўно вырас. Прайшло шмат гадоў ад тых часоў, калі мы гулялі ў яшчара і скакалі ў адрыне ў сена. І цяпер, калі сьмерць узяла нас у свой карагод, я хачу вам сказаць…
Вальжына ўзьнялася, нібыта спалоханая птушка.— Мне час ісьці. Марку, магчыма, пагоршала…
Але Вінцэсю было ўжо ўсё роўна – наколькі ён далёка пяройдзе за мяжу згаданай выхаванасьці. Ён затрымаў Вальжыну за руку.
— Выслухайце мяне… Хто ведае, можа, гэта апошняя магчымасьць? Тая шкляная жабка… Вы, напэўна, здагадаліся – яе прынёс я. Я прынёс бы вам і сэрца цмока, калі б вы таго зажадалі. І дастаў бы ўласнае сэрца, калі б гэта дало вам задавальненьне. Паслухайце... Я скажу вам сваю ганьбу. Я прыходзіў з той няшчаснай жабкай уночы на Васіліска, у салаўіны чацьвер. Я быў у садзе, калі… калі вы былі не адна. Прабачце мяне – гэта атрымалася выпадкова.
Дзяўчына рэзка адхіснулася ад Вінцэся і закрыла твар рукамі. У шкло веранды ўдарылі цяжкія кроплі адліжнага дажджу.
Вінцэсь стаяў, апусціўшы галаву. Ён разумеў, што ўсё для яго скончана, і адчуваў дзіўную пустэчу ўнутры – і нават палёгку ад гэтай пус­тэчы.
— Так, дараваньня прасіць бескарысна. Проста ведайце – я ня менш чым вы пагарджаю сваім учынкам, няхай і ненаўмысным. Але я ніколі не адмоўлюся ад… ад таго, што вы падарылі мне.
Дзяўчына недаўменна зірнула на Вінцэся. Той цьвёрда сустрэў яе погляд.
— Вы падарылі мне, ня ведаючы самі, і, вядома, не жадаючы, найвя­лікшае шчасьце, якое можа быць дадзена на зямлі... — і раптам невясёла ўсьміхнуўся. — Ну трэба ж… У самыя важныя моманты жыцьця чалавеку ўласьціва выказвацца патэтычнымі мёртвымі словамі. Ці гэта я адзін такі недарэка?
Відаць, яму не ўдалося схаваць сваю пакуту. Вальжына ўважліва па­глядзела на яго, раптам куточкі яе вуснаў уздрыгнулі, і яна прытулілася ілбом да пляча Вінцэся.
— Бедны...
Хлопец, баючыся варухнуцца і спудзіць раптоўную ласку, нават дыханьне стаіў, асьцярожна, лёгка-лёгка крануў рукой чорныя валасы… Якая яна маленькая… Яму да падбароддзя. А ён жа так доўга быў ніжэй, і гля­дзеў на яе зьнізу ўверх – як на каралеўну!
Дзесьці чуліся ўстрывожаныя галасы, стук капытоў аб скаваную начным марозам зямлю. Грукала брама, брахалі сабакі… Вінцэсь не заўважаў нічога.
Потым цені кінуліся некуды ўверх, у расчыненыя дзьверы веранды ўварвалася з пакою сьвятло. У праёме вырасла дзіўная застрашлівая постаць — ростам пад бэльку, вывернуты кажух, чорныя калматыя валасы і барада, і – глыбокі шнар праз увесь твар.
Вальжына павярнула галаву…
Вінцэсь ледзь не паваліўся – так моцна яна яго адштурхнула, каб з крыкам упасьці ў абдоймы госьця.
Вінцэсь нязграбна прыціскаў да сябе ваўчынае футра, скінутае з плеч Вальжыны. Хлопец зноў чуў тое, што не прызначалася для чужых вушэй. Але цяпер гэта не магло прайсьці для яго беспакаранна. Вочы Ваўкалака глядзелі паўзьверх галавы дзяўчыны, што плакала на яго грудзях, халодным гневам. А з-за пляча Ваўкалака выглядаў чалавек у магерцы, і ўсьмешка ягоная была грэблівай і ненавіснай.
Зоры не маглі вызірнуць з-за чорных, цяжкіх, як зямля, хмараў, таму не відно было нават, дзе канчаецца лес і пачынаецца неба.
Мужчыны стаялі ля весьніцаў, і іх маўчаньне было гэткім жа цяжкім, як адліжныя хмары.
— Мартын, клянуся, калі б я ведаў, што ты жывы – зрабіў бы ўсё, каб вызваліць. Нават калі б для гэтага спатрэбілася напасьці на пастарунак.
— Гэта зрабілі за цябе іншыя,— голас Ваўкалака гучаў спакойна, але ў ім было столькі ж цеплыні, як у начным паветры.
— Але Вальжына паказвала кулю…
— Прайшла навылёт, праз шыю. Я жывучы.
Вінцэсь ледзь ня плакаў ад гэтай несправядлівай халоднасьці. А Мартын тым часам кінуў пытаньне, як пальчатку.
— Ты кахаеш яе?
Вінцэсь горда ўскінуў галаву.
— Кахаю.
— Вось як… — Ваўкалак варочаў словы, нібыта камяні. — Я заўсёды казаў, што яна мусіць сустрэць сваё шчасьце. Ня думаў толькі, што — вось такі хлапчыска… Калі ты падманеш яе, будзеш мець справу са мною.
— Ёй патрэбны ня я, — голас Вінцэся быў цьвёрды. – Яна ніколі не кахала мяне. Я для яе толькі, як ты кажаш, хлапчыска. І калі ты думаеш, што я з гэтае нагоды здольны ўтварыць гнюснасьць, прыбраць шчасьлівага суперніка – дык нам застаецца толькі схапіцца за шаблі. Будзе вельмі разумна. Калі ўлічыць, што зьбіраемся ісьці ў сьмяротную бойку.
Мартын памаўчаў, потым загаварыў па-іншаму, амаль як раней, падчас іхняга нядоўгага сяброўства.
— Я адчуваю сябе нягоднікам – што я магу ёй даць. Можа быць, найлепш для мяне было б сапраўды памерці.
— Можаш ня верыць, але я рады, што ты жывы. І рады, што яна шчась­лівая…
Мокры сьнег ударыў Вінцэся ў твар, нібыта гнаў прэч, у бясьпечнае месца. Ваўкалак шчыльней захутаўся ў калматы кажух.
– Я веру табе. Ты — сын Антона Рашчынскага. Але ведай, што ня ўсе да цябе добрыя. Прозьвішча вашае — гэта як кляйно, хлопец. Антось з-за гэтага напакутваўся. І табе давядзецца. Бо без мужыкоў мы гэтую вайну ня выйграем. Паны з Нацыянальнага камітэту, нават калі гэта і разумеюць, абяруць лепш паразу, чым мужыцкі бунт. Да таго ж ім мрояцца тут крэсы Польшчы, а ня вольная Беларусь. Па тры маргі зямлі за падтрымку інсургентаў – лепш, чым нічога. Але ці чуў ты, што ўлады зьбіраюцца заахвочваць сялянаў за дзеяньні супраць паўстаньня? І павер, гэта будзе страшна – бо ўзнагарода возьмецца з маёмасьці схопленага бунтаўшчыка. І больш, чым па тыя няшчасныя тры маргі!
Вінцэсь пахаладзеў. Так, гэта было б страшным ударам. Ягоныя сяляне вольныя, але ён усё яшчэ пан.
— Мартын! – з дому да іх бегла Вальжына. Ваўкалак памкнуўся насустрач, і Вінцэсь палічыў за лепшае застацца насамоце.
Але гэта не ўдалося. Проста з цемры выплыў цёмны сілуэт. Лясныя браты ўмелі ператварацца ў прывідаў.
— Думаеш, выкруціўся? — чалавек у магерцы ўсьміхаўся сабе ў вусы – нібы зьвер паказваў іклы. — І тады, хлапчанём, хацеў Ваўкалака забіць. І цяпер — толькі прыкідваешся бязьвінным. Але Брацтва Ваўка не падманеш!
Вецер зусім ашалеў і сыпаў халодныя кроплі, нібы сейбіт зерне. Вінцэсь сьціснуў зубы.— Такімі словамі ня кідаюцца.
— А я ня кідаюся словамі! – вочы суразмоўцы здаваліся ў цемры дзьвюма чорнымі мёртвымі прагаламі. — Думаеш, калі я – у кажусе, дык ніхто? Я – шляхціц! Я — Марцэл Алейшчык з Бароўні! Няхай падчас апошняга перапісу нас абылгалі, перавялі ў аднадворцы – Алейшчыкі радавод вядуць ад Алелькавічаў. Я гэта разумнікам з камісіі зброяй давёў. Каб не запазычыліся – мы б у маёнтку жылі, а ня ў хаце на тры вакны!
— Спачуваю, але я вас шляхецтва не пазбаўляў.
— Ты – здраднік! З-за чорных вочак на душагубства пайшоў.
Кроў кінулася ў галаву хлопцу.
— Я не зьбіраюся выслухоўваць вашыя паклёпы. Калі б мне ня трэба было ў хуткім часе весьці сваіх людзей у бойку, я змусіў бы вас адказаць за гэтыя словы. Але цяпер каштоўны кожны чалавек.
Марцэл зьдзекліва зарагатаў.
— Каштоўны! Ты, вядома, каштоўны. Усіх загубіш. Узяць хаця б — што ў тваім атрадзе робіць малы Людвісар са сваймі блішчастымі пазурамі? Думаеш, мы паверым, што яблычак гэтак далёка адкаціўся ад яблынькі, што і галінку сваю не пазнае?
І чаму Стась хаця б на час не пакінуў апекавацца над пазногцямі. Ну каму дакажаш, што гэта проста бяскрыўднае дзівацт­ва, а не магнацкая фанабэрыя?
Вінцэсь прыгледзеўся – з цемры зьяўляліся іншыя постаці. Яшчэ двое… З атраду Ваўкалака, ці не? Брацтва Ваўка – гэта не адзін атрад, гэта магутная старажытная сіла, да якой зьвярталіся па справядлівасьць, як да апошняга суда, якая паліла маёнткі, змушала вяртаць пазыкі і адмяняць акрутныя загады.
Людзі Брацтва проста стаялі і моўчкі глядзелі, але Вінцэсь адчуваў, як ад іх сыходзіць нянавісьць, нібыта жар ад распаленага каменю.
І раптам яго шчаку апёк удар.
З пабітай фізіяноміяй атрадам не камандуюць.
Вінцэсь ведаў, што гэта – найвялікшае, і, магчыма, апошняе глупства ў ягоным жыцьці. Але двубой прызначылі на заўтра, як дастаткова разь­віднее. Яны пойдуць у лес, нібыта на вывед, і калі адзін з іх ня вернецца, можна будзе сказаць пра сустрэчу з разьездам казакаў. Вусаты Марцэл з усяе моцы намагаўся захоўваць рытуал — ну як жа, ён быў высакароднай асобай. Права выбіраць зброю – у таго, хто абражаны. Вінцэсь скарыстаўся з гэтага, каб прапанаваць шаблі: усё-ткі куля – гэта выпадковасьць. Але, убачыўшы пераможную ўсьмешку Марцэла, падумаў – ці не памыліўся.
— І глядзі, паніч, каб ніхто з твайго атраду ня ўведаў пра нашыя справы. А скажаш Мартыну – ганьба табе. Ён бацьку твайго любіў, і ты ў давер яму ўлез. Але мы табе ня верым.
Мокрая цемрадзь паглынула постаці – яны не пайшлі ў маёнтак, да агменю, нібыта холад, цемра і макрыня былі іх сапраўдным домам.
Божа літасьцівы, якое дурноцьце! Ён, камандзір атраду, камандзір лю­дзей, якія даверыліся яму, рызыкуе сваім жыцьцём з прычыны асабістай абразы! Хто заменіць яго ў атрадзе, у горшым – для Вінцэся – выраку? Напэўна, лясьнік, Янук Вараўня – ён ня шляхціч, але разважлівы і мужны, і можа прымусіць слухаць сябе. А яшчэ ж трэба два секунданты… Да каго можна зьвярнуцца? Тут мала, каб чалавек быў адданы паўстаньню – патрабуецца асабістая прыхільнасьць да яго, Вінцэся.
Хлопец панура сядзеў у куце гасьцёўні, прыхінуўшыся да сьцяны. Вакол спалі на разасланых проста на падлозе пярынах і коўдрах інсургенты – ложкаў і пакояў у маёнтку было няшмат. Полымя каміну адкідвала чырвонае дрыготкае сьвятло на сьпячых. На хвілю Вінцэсю зрабілася страшна – падалося, што ён бачыць поле пасьля бойкі з мёртвымі целамі. Іх прышласьць?..
І хутчэй прагнаў здрадлівую мрою.
Бадай што, можна даверыцца Міхасю Валевічу. Сын гарнушкаўскага дзяка, вучыўся ў Вільні на грошы пана Антося. Цяпер – настаўнік у гарнушкаўскай школе. Ён, вядома, ня будзе ўхваляць, але зробіць, што Вінцэсь папросіць. І нічога, што ён не дваранін – Вінцэсь адпачатку сказаў сваім, што ў іх няма дваранаў і мужыкоў, ёсьць паўстанцы і грамадзяне будучай вольнай Беларусі. А вось хто другі? Марка Рагманаў, вядома, не. Зьміцер Шчамлінскі з упраўленьня чыгункай? Разам вучыліся ў Пецярбуржскім універсітэце, сын бацькавага сябра, шчыры, адважны… Таксама не, усхвалюецца, разгарачыцца, абудзіць у іншых падазрэньні… Выходзіла, што акрым Стася Людвісара, няма да каго зьвярнуцца. Стасю, вядома, таксама ня вераць. Яго ўдзел будзе выглядаць для тых падазрона… Але Вінцэсь пакажа, што чужыя падазрэньні не прымусяць яго адвярнуцца ад чалавека. Няхай будзе Стась… Той пойдзе за Вінцэсем, напэўна, нават у пекла. І дакараць не падумае, калі пачнуць пяты гарэць. Трэба пасьпець перагаварыць з ім, пакуль не паехаў на сустрэчу з Хрысьцінай.
Агонь дарыў пакою сваё дрыготкае сьвятло – усё, што мог аддаць, набліжаючы сваю халодную сьмерць. Як ціха… Толькі дыханьне тых, што сьпяць. Вінцэсь падняў далонь і паглядзеў скрозь пальцы на полымя — у зьменлівым прыцемку падалося, быццам скрозь скуру прасьвечваюць косьці, і паверылася, што гэта – рука мерцьвяка, з якой спаўзае чорная плоць…Так гэта будзе калісьці і насамрэч. А ў таго, забітага ім, жаўнера рукі, напэўна, сашчэпленыя на грудзях, халодныя, васковыя рукі, і невідочнае войска тла ўжо трушчыць часьцінкі плоці адна за другой, пакуль не ператворыцца цялесны футарал у нешта непазнавальнае. І лягуць косьці забітага і забойцы, ахвяры і ката ў адну зямлю, і адна трава вырасьце на іх. А душы? Ці сустрэнецца яго, Вінцэся, бесьцялесная сутнасьць з гэткай жа субстанцыяй забітага ім хлопца? Ці будзе між імі нянавісьць, як і на зямлі? Але тады, з нязжытым злом, – д з е яны сустрэнуцца?
Не, у Вінцэся і зараз не было нянавісьці. Толькі сьмяротная туга. А заўтра ён мусіць зноў адабраць жыцьцё — або кінуць пад ногі гонару сваё. Вінцэсь кінуў погляд у той кут, дзе віселі абразы – у цемры відаць быў толькі маленькі агеньчык лампадкі, чырвоная кропка сьвятла, што паказвала шлях, адзіны магчымы для выратаваньня, але цяпер гэтак далёкі і стромы для яго, што Вінцэсь ледзь не заплакаў ад самоты і ўласнай недасканаласьці.
…Вусаты Марцэл падае на зямлю, і жыцьцё вокамгненна пакідае яго, нібы цяпло — дом, чые вокны адным сваім ільдзяным подыхам расчыніла бура…
Невыносна!
Юзаф зараз працытаваў бы нешта з Блажэннага Аўгустына. …Людзі адчуваюць пакуты настолькі, наколькі паддаюцца ім. …Сьмерць – зло толькі ў залежнасьці ад таго, што будзе пасьля яе. …Чалавек пачынае паміраць з моманту нараджэньня… дакладней, ён жыве і памірае адначасова.
Чаму словы мудрасьці бясьсілыя менавіта тады, калі перастаеш спа­дзявацца на ўласны недасканалы розум?
Нечая постаць бязгучна прасьлізнула ў пакой, на хвілю замерла, узіраю­ў цемру, і скіравалася да Вінцэся, што сядзеў, асьветлены агнём каміну.
— Вальжына! Вы – тут?!!
— Я ўмею пагарджаць звычаямі, калі камусьці з вартых дрэнна, — прашаптала яна і прысела побач, таксама прыхінуўшыся да сьцяны. Вінцэсю здавалася, што яго сэрца б’ецца так гучна, што зараз пабудзіць усіх.
— Я не хачу, каб вы пакутавалі, — прашаптала дзяўчына. — Вы выратавалі майго брата. Майго бацьку. А я нічым не магу за гэта аддзячыць.
Дзіўна – але яе твар у прывідным сьвятле здаваўся не злавесным, як усё іншае, а прыўкрасным.
— Вы? Аддзячыць мне? – Вінцэсь пастараўся стрымаць хваляваньне. — Вы нічога мне ня вінны. Гэта я бясконца ўдзячны вам… За тое, што вы ёсьць. Ну вось, зноў прагучэла пафасна. Давайце так: мы – сябры, і ніякія рахункі між намі нядзейсныя. Я рады, калі вы шчасьлівая — і ўсё.
Вальжына маўчала, але Вінцэсь чуў яе ўсхваляванае дыханьне – нібыта бегла пад гару. Нарэшце яна лёгка і хутка – ён нават не пасьпеў асэнсаваць – дакранулася цёплымі вуснамі да яго ілба.
— Вы добры…
І зьнікла — гэтак жа раптоўна, як і зьявілася.
І толькі пасьля прыйшла здрадлівая думка – пацалавала ў лоб, як нябожчыка.
Што за пошасьць у галаву лезе – ну чаму чалавек ня ўладны над сваімі думкамі!
І Вінцэсь прымусіў сябе заснуць, дакладней, упасьці ў кароткае забыцьцё, як у палонку.
А дзень быў зьдзекліва сонечны. Але ад чыстае сонечнай усьмешкі сьнег ператвараўся ў брудную, непаглядную калатушу, і цёмны твар зямлі вызіраў праз дзіркі ў белым саване зусім ня ветла, і не хацелася быць пакладзеным у гэтае чорнае, вільготнае рэчыва.
Месца для двубою прызначылі загадзя. Тут сапраўды было сушэй, магутныя ліпы паўсталі вакол паляны на варце. Побач – маленькая напаўразбураная капліца, магіла Вінцэсевага прадзеда-чарнакніжніка. Добрае месца, каб памерці.
Стась перарывістым ад хваляваньня голасам згодна звычаю прапанаваў ворагам памірыцца. Вінцэсь, стараючыся, каб гэта не прагучала слабасьцю, прамовіў:
— Я згодны забыць учарашнюю недарэчнасьць. Або – пачакаць да канца ваенных дзеяньняў. Нашае жыцьцё належыць Айчыне.
Марцэл злосна ўсьміхнуўся ў вусы:
— Я не магу пакідаць здрадніка жывым. Я дзесяць гадоў гуляю са сьмерцю, і жывы толькі таму, што ведаю, каму верыць, а каго адразу зьнішчаць.
Міхась Валевіч, другі Вінцэсеў секундант, невысокі, хударлявы, з непрыгожым інтэлігентным тварам, абвёў усіх разумнымі цёмнымі вачыма, звужанымі, як ліст вярбы, нібыта ад пагарды да гэтага відовішча.
— Ну што, у такім разе, пачынайце, панове, сваю “высакародную” справу.
Марцэл адсалютаваў шабляй – так, ён сапраўды выдатна валодаў халоднай зброяй. Лязо мільгала маланкай. Вінцэсь скрыжаваў сваю шаблю са зброяй праціўніка. І сустрэў пагляд чорных, як сама нянавісьць, вачэй.
— Ты яшчэ за свайго дзеда Лявонція адкажаш, гадзёнак. Твой дзед бедную шляхту ў мужыкоў запісваў.
Лёзы кідаліся адно на аднаго, як зьмеі. На белых кашулях ворагаў усё больш распаўзалася чырвоных плямаў. А брудная каша пад нагамі хлюпала зусім не рамантычна, Вінцэсь ужо некалькі разоў ледзь ня ўпаў, па­сьлізнуўшыся. Сьмешна атрымаць сьмяротны ўдар, прычынай якому – бруд пад нагамі.
— Спыніцеся! Неадкладна! Гэта загад! – нехта бег да месца двубою, па­даючы, падымаючыся, і крык быў такі адчайны, нібыта той чалавек рас­таваўся з жыцьцём. Марцэл расчаравана застагнаў і з падвойнай ятрасьцю кінуўся на Вінцэся.
— Спыніцеся! Загад ваеннага паўстанцкага камітэту! Вы арыштаваныя за парушэньне дысцыпліны!
Некалькі чалавек выбегла на паляну. Наперадзе – дзяўчына, з растрапанымі залатымі валасамі, у пясцовым футрачку і калісьці сьветлым раброне, ушчэнт заляпаным унізе гразёю – відаць, уладальніца ня раз падала на калені ў гэтае разводдзе. Хрысьціна?
За дзяўчынай рухаліся змрочны багатыр у вывернутым кажуху і каржакаваты невысокі малады чалавек з нярвовым разумным тварам, які зараз гарэў ад гневу і стомы.
— Кастусь! Адкуль ты тут? – вырвалася ў Рашчынскага.
— Заехаўся праверыць, як вы гатовыя да бойкі, — скрозь зубы прагаварыў Кастусь. – І бачу, што на ўсе застаўкі ідзе падрыхтоўка.
Марцэл з сілай уторкнуў шаблю ў зямлю і закрычаў на Вінцэся.
— Ганьба! Ты ж слова даваў, панічок, што нікому ня скажаш! Але што чакаць ад здрайцы…
— Гэта я вінаватая! – задыхана прамовіла Хрысьціна, спалохана кідаю­чы позірк на чырвоныя плямы Вінцэсевай кашулі. — Стась сёньня раніцай прызнаўся мне, што вы тут задумалі.
— Я даваў слова, што не скажу нікому з атраду! А мая сястра – не з атраду! – нечакана цьвёрда патлумачыў Стась. — І я не прасіў яе ўмешвацца!
— Дык што, трэба было чакаць, каб загінуў цудоўны чалавек з-за дурнога вашага гонару? — Хрысьціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі. — Я не шкадую, што так зрабіла!
І нават ножкай тупнула ў пацьверджаньне, падняўшы брудныя пырскі. Кастусь сурова глядзеў на Вінцэся.
— Я думаў, ты сур’ёзны чалавек. Табе атрад даверылі… Як вярхоўны камісар, загадваю — аддай мне шаблю.
Вінцэсь паслухмяна працягнуў сваю зброю. Кастусь перавёў позірк на Марцэла — той, аднак, толькі пругка адскочыў, як сапраўдны лясны зьвер ад пасткі, і ашчэрыў зубы.
— А я табе шаблю не аддам, камісар. Брацтва Ваўка не пад тваёй рукой. Мы паноў і паночкаў рэзалі і рэзаць будзем. Вы, чысьценькія, у лес прыйшлі, ахвяраваліся… А мы ў ім жывем!
Ваўкалак цяжка паклаў руку на плячо Кастуся, які ўжо гатовы быў выбухнуць гневам.
— Я сам разбяруся. Гэта мая справа.
Лясныя браты пад суровым позіркам атамана панурыліся, але Вінцэсь разумеў – яны скарацца, але ня зьменяцца. А вось што было непрадказальным – дык гэта Хрысьціна. Дзяўчына незалежна выпрасталася пад цікаўнымі позіркамі. Вінцэсь падыйшоў:
— Навошта вы гэта зрабілі?
Яна толькі зірнула, і ў яго сьціснулася сэрца: хіба заслугоўвае ён, каб на яго так глядзелі? Нібыта выпадкова злавіў у рукі кволае птушанё: і гадаваць няма як... А Хрысьціна, чырванеючы, парывалася перавязваць яго раны (Ну што за глупства? Звычайныя драпі­ны…), нешта тлумачыла наконт падзей апошняга часу. Але ж як яна, далікатная паненка, не збаялася, здолела пераканаць суровых мужчынаў, прывесьці іх да месца двубою?
Вінцэсь з удзячнасьцю ўзяў яе за руку.
— Хрысьціна, вы – цуд.
— Я ня цуд, я аматарка цудаў. Напрыклад, у слоіках са сьпірытусам.
І засьмяялася – як промні з неба пасыпаліся. Каб у Вінцэся было хоць трохі клёку, ён закахаўся б у гэтую сьветлавалосую фею… Але ён змог толькі яшчэ раз у думках назваць сябе апошнім дурнем.
І тут яна з крыкам штурханула яго ўбок…
Драўляная страла, кароткая, нібы апошні ўздых, уторкнулася ў чорную зямлю.
— Якой халеры?.. — зароў Ваўкалак. Адзін з яго людзей, секундант Марцэла, пануры сьветлавалосы хлопец, высокі і няўклюдны, хаваў лук-самастрэл, што на хвілю паказаўся з-пад крыса. Марцэл падляцеў да стралка і адвесіў яму поўху.
— Ты! Гаўрык няшчасны! Гэта не па правілах! Дурны лапаць! Тут не вясковая тузаніна – двубой, шляхецкая справа!
А Вінцэсь, як скамянелы, глядзеў на таго, хто страляў – той упарта адводзіў сьветлыя, нібы выцьвілыя, вочы без аніякага выразу… І ня трэба было пытацца, удакладняць – падсьвядома ведаў: ад стралы з гэтага самага луку загінуў бацька.
Вінцэсь прысягаў ня помсьціць… Але таго, што адбывалася, было ўжо занадта — у галаве круцілася неразумнае: “За што? За што?” Нібыта хоць калі-небудзь для нянавісьці і забойства абавязкова мусілі быць падставы.
І хлопец з лукам раптоўна кінуўся бегчы ў гушчар, расплёхваючы ботамі мокры сьнег і мокрую зямлю.
Прынамсі, сёньня ўсе засталіся жывымі. Каб ісьці далей па дарозе любові, нянавісьці, і — сьмерці.

…У дзень нараджэньня дарогі дрыжаць нябачныя зоры,
Адной давядзецца згаснуць, другую возьмуць з сабой
Заместа лампады людзі, што мовай зьвяроў гавораць,
Што мовай дажджоў гавораць і зброі мовай нямой…
У дзень нараджэньня дарогі ніхто прадказаць ня можа
Дабра і зла суадносіны, што ў час народзіць яна.
А людзі стамлёна тупаюць, бяздомныя ў доме Божым,
І топчуць траву высокую, і лёс вырашаюць наш.


11.
З чорна-белай рэпрадукцыі ня вельмі добрай якасьці на Паліну паглядала вялізнымі цёмнымі вачыма Аляксандра Сьмірнова-Расэт, былая імператарская фрэйліна. Адпаведна густам часу, твар быў вытанчана-мілы, па-анёльску рахманы. Доўгая шыя, белыя плечы – як парцалянавая ваза. Маленькія, бы ў дзіцяняткі, рукі, складзеныя адна паўзьверх другой стамлёнымі крыламі.
А ва ўспамінах пра гэтую музу расійскай літаратуры кажуць, нібыта была страшэнна нярвовай, ледзь не істэрычкай. І пад старасьць ссохла і зжаўцела.
Паліна прыдзірліва паглядзела на сябе ў люстэрка. Што Валянцін знайшоў падобнага? Ну, вочы цёмныя… Але ж Паліна не смуглявая – наадварот. Скура белая, як у праўдзівай шляхцянкі, ніякі загар не бярэцца. Ці скульптар меў на ўвазе нярвовасьць? Паліна нават пачырванела, згадаўшы, колькі разоў выявіла ў прысутнасьці віленскага знаёмца гэтую якасьць. Што ж, цяпер невядома, калі яшчэ надарыцца такая магчымасьць. Сьветлакосая “уладальніца” зьвезла сваю “маёмасьць” да Вострай Брамы, а скульп­­тар, вядома, самавольна ніколі нікуды не адлучыцца. Божа, скрушліва ў каторы раз падумала Паліна, яна ж нават нумар тэлефону яго ня ведае!
Хіба і без таго мала, пра што сумаваць? Дзяўчына закрыла важкую пыльную кнігу мемуараў Сьмірновай-Расэт, выкупленую выпадкам у букіністычнай краме. Аксана пасьля таго здарэньня з Артуравай папкай нібыта вырашыла паставіць крыж на знаёмстве з Палінай. Патэлефануеш — адзі­ны адказ: “Прабач, няма часу…” Чым Паліна гэтак яе пакрыўдзіла? Атрымалася – засталася без сардэчных сябровак. Як зьехаў Стась – і пачалося… Адна перастала запрашаць на сямейныя імпрэзы, неяк нават патлумачыла: “Прабач, у нас усе – парамі, а ты адна. Няёмка…”. Другая, наадварот, выявіла да Паліны палкі інтарэс. Таксама з неўладкаваным лёсам, але нашмат старэйшая, гэткая рафінаваная пані-навукоўка. Пачала апекавацца беднай разьвядзёнкай. Вось ёй Паліна выгаворвала сябе, як на споведзі! Што ж, нашае шчасьце – у нашых уласных руках! Паводле перакананьня “апякункі”, Паліне не хапала наступнага: заставацца сьціплай дзяўчынкай, але пры гэтым – навучыцца “падаваць сябе”: ну нельга ж гэтак не цаніць уласную прыгажосьць! Як ты апранаешся, як ходзіш, як глядзіш на мужчынаў! Ніякой сэксапільнасьці.
Якім чынам гэтыя патрабаваньні спалучыць – Паліна ня ведала. І не спрабавала. А пачула аднойчы выпадкова, як “апякунка” абмяркоўвае ейныя праблемы са знаёмымі, і ня надта каб добрымі: “Бедная Поля, столькі часу бяз сэксу. Я хвалююся – яна, відаць, фрыгідная”. “Падапечнай” зрабілася так брыдка, што сяброўства растала, як цукар у кіпні.
Так што патэлефанаваць і паплакацца не было каму. А тут яшчэ ў чарго­­вы раз пайшлі чуткі, што гімназію зачыняюць. Ці там рэфармуюць, рэарганізуюць – што ў прынцыпе адно і тое ж. Вальнадумства ў навучальных установах на гэтай тэрыторыі не віталася пачынаючы ад скасаваньня Вялікага Княства Літоўскага, у якім яшчэ зрэдзь даравалася адраджэнцкае віраваньне думак...
Праўда, Паліна асабліва не давала веры прыкрым чуткам – ня першы раз, абыдзецца. Што галаву тлуміць сабе на вакацыях?
Вось тое, што пра жабак больш нічога не даведалася – кепска. Нешта надта зацямніў Вінцэсь Рашчынскі. Мо проста быў такі па характары – асьцярожлівы, падазроны?
Паліна дастала партрэт Рашчынскага, угледзелася ў рашучыя рысы твару… Бровы сыходзяцца на пераносьсі, пагляд вачэй прамы, мужная складка вуснаў… Такі чалавек хутчэй пойдзе на сьмяротны двубой, чым стане вычэкваць бясьпечнай помсты. Чамусьці Паліна ўзяла кнігу Сьмірновай-Расэт і таксама разгарнула на партрэце… Вось цікава, як бы ён пастаПаліна правяла кончыкамі пальцаў па партрэце Рашчынскага. Якая мужная прыгажосьць… Як бы яна, Паліна, сама з ім сустрэлася? Дзяўчына пачала разважаць, нібыта сапраўды зьбіралася на прызначанае праз якую гадзіну спатканьне. Можна было б надзець доўгую сукенку з цёмна-зялёнага лёну, з белым вязаным каўняром… Напэўна, чалавеку дзевятнаццатага стагоддзя яна падалася б цалкам прыстойнай? Валасы сабраць у вузел… Вось так… Не, трэба напачатку заплесьці ў косы. І чорныя туфлі на шнуроўцы. І пальчаткі... Не, не дапаможа. Адразу пазнаюць “плябейку”. “Літоўская гаспадыня”, кніга, якой карысталіся ўсе дамавітыя шляхцянкі 19 стагоддзя, сьцьвярджае: каб рукі былі далікатныя і белыя, пальчаткі трэба насіць з маленства, увесьчасна, нават спаць у іх. А дзяўчынкам пальчаткі апранаць цеснаватыя, каб не даваць рукам надта расьці. І абутак мусіць быць цесны, трохі задоўгі ў насах – каб ножка расла вузенькая. А яшчэ гарсэты ўспомніць, на шнуроўцы, з кітовым вусам… Пакутніцкае жыцьцё было ў прабабуляў! Затое ні ў кога няма сёньня такіх далікатных ручак…
А на якой мове загаварыць да пана Рашчынскага? Па-французску, каб адразу вызначыць прыналежнасьць да пэўнага кола? Дык французскай Паліна ня ведае. Па-руску? Наўрад гэта лепшы зварот да інсургента, які змагаецца супраць Расейскай імперыі за незалежнасьць, у тым ліку і культурніцкую. Па-польску? З гэтым лягчэй – але з вычытанага вынікала, што Рашчынскі быў сярод тых нешматлікіх, хто абараняў ідэю Беларусі, незалежнай і ад Масквы, і ад Варшавы.
Значыць, па-беларуску? Як яны віталіся? Проста – “Добры дзень”? Не, як яна магла забыць! У паўстанцаў было сваё прывітаньне, па якім па­знавалі аднадумца: “Каго любіш?” — “Люблю Беларусь!”— “Дык узаемна!”
Нешта знаёмае… Дзесьці Паліна нядаўна чытала гэтую фразу… У дакуменьце? На помніку?
Вось няздара! Чаму ёй адразу не прыйшло ў галаву? “Qvis amas Amo”. “Каго любіш? Люблю…” Гэта ж надпіс на надмагільлі Вінцэся Рашчынскага! І цяпер зразумела, які мусіць быць адказ: “Беларусь”. Як гэта прагучыць на лаціне? “Albarutenia”.
Разгадка ўвесь час знаходзілася перад вачыма! Паліна ліхаманкава вывернула зьмесьціва шуфляды пісьмовага стала. Вось! Аркушык з надпісамі на жабках, з якіх Паліна спрабавала нешта скласці. “Аlb”і “te”. Часткі слова “Albarutenia”. Цяпер зразумела, што на астатніх двух жабках мусіць быць напісана “aru” i “nia”. Арцікава жабка – першая, а віленская – трэцяя. Таямніцу мусіў адкрыць той, хто ведае адказ! Той, хто любіць Беларусь! Задума прыгожая. Паліна ледзь не расцалавала каменных жабак ва ўсьмешлівыя пыскі.
Пра адкрыцьцё абавязкова належыць камусь распавесьці! Паліна хуценька скінула пераробленыя са старых джынсаў шорты і ўлезла ў спадніцу, доўгую, бы катрыначная кадрыля. На галаву – карункавы капялюшык… І, вядома — у “Капялюшык”! Якраз рэпетыцыя, маці там, і Сымон Пятровіч.
Лесьвічная пляцоўка, дзе месьціліся паштовыя скрыні, была ў замеці парваных агітак за кандыдатаў у нейкі “ворган” і аркушыкаў з прапановамі купіць цукар, муку, пахудзець або набыць цудадзейную касьметыку. Паліна ледзь ня ўпала, пасьлізнуўшыся на ўлётцы з нечай глянцавай фізіяноміяй. Позірк мімаволі сьлізнуў па іхняй паштовай скрынцы… У шчыліне нешта бялела. Канверт! Вось табе навіна…
Паліну ўсё яшчэ хвалявала такое – нехта даслаў ліст! Хіба ня ў гэтым прыцягальнасьць ліставаньня: кожны раз — падарунак і таямніца. Сёньня замест гэтага – “мабільнікі” і Інтэрнэт. А між тым, атрымліваючы сапраўдны ліст, ты ведаў, што нехта прысьвяціў табе прынамсі паўгадзіны свайго часу. Неверагодная шчодрасьць для сучаснага чалавека.
Канвертаў аказалася ажно два. Выгляд аднаго з іх, падоўжанага, з дзясяткам каляровых марак, змусіў сэрца на імгненьне замерці, быццам ад падзеньня з вышыні. Паліне Генадзьеўне Ведрыч… Зваротны адрас – Каліфорнія, ЗША. Почырк Стася…
Паліна дрыжачымі пальцамі разьдзерла канверт, нібы галодны чалавек – абгортку, у якой выратавальная ежа. Ажно ашмёткі закружыліся матылямі.
Ліст гэтак трымцеў перад вачыма, што адразу Паліна не магла прачытаць ні слова. Потым з мітусяніны пачалі праступаць дакладныя абрысы Стасевага почырка. Стась у сваёй звычайнай дзелавой манеры паведамляў, што ўладкаваўся някепска, ёсьць персьпектывы на сталую працу. Зьняў невялікі, але прыстойны дамок на шэсьць пакояў, набыў машыну… І не хапае ў гэтым раі толькі Евы. Вядома, яе, Паліны. Стась выказваў стрыманае шкадаваньне, што гэтак пасьпяшаўся скасаваць адносіны, але зараз гатовы гэта выправіць. Хутка прыедзе, яны з Палінай зноў возьмуць шлюб, і цемнавокая беларусачка ўрэшце апынецца ў сонечным штаце Каліфорнія.
Відаць, знайсьці сярод амерыканак дурніцу, якая будзе, па-першае, шчыра ім захапляцца, па-другое, падтрымліваць філасофскія размовы, і яшчэ штодзень гатаваць улюбёныя галубцы, Стасю не ўдалося.
Што рабіць? Парваць гэты “крык незадаволенае мужчынскае душы”? Усё роўна нічога шляхотнага не атрымаецца. Або… Кінуць усё і – да спрадвечнага жаночага шчасьця?
Дзяўчына, як у сьне, выйшла з пад’езду, на хаду нязграбна расшпільваю­чы сумачку і запіхваючы ў яе канверт…
Ды іх жа было два! Хіба згубіла ў пад’езьдзе?
Другі канверт ляжаў паўзьверх россыпу рэкламнага сьмецьця. Таксама нібыта з-за мяжы… Цікава, ніякага зваротнага адрасу. І ўнутры – толькі аркушык з нумарам сотавага тэлефону. Ды ініцыялы: В.Н.Ч. “Вам невядомы чалавек”, як велягурыста ён аднойчы прадстаўляўся.
Усё-ткі Валянцін ня хоча зьнікаць з яе жыцьця!
У “Капялюшыку” спрабавалі выкраіць з Чэхаўскага сурдуту пляжнае бікіні. Чэхаў змрочна супраціўляўся. Пакутлівыя фразы герояў ламаліся з сухім трэскам блазенскага сьмеху. Паліна паназірала ў прасьвет кулісаў, як маленькі артыст з абліччам пакрыўджанага спаніэля ўскараскваецца на вялізнае крэсла, што мусіла сімвалізаваць устаялы пракляты побыт.
— Энергичней, Митя! Влезай на него с ненавистью!
Паліна мімаволі ўспомніла, што ў Вялікім Княстве Літоўскім артыстаў называлі глумцамі.
— Вы да мяне? – пачуўся голас за сьпіной. Сымон Пятровіч быў, як і раней, у чорнай майцы і джынсах, мускулісты, падцягнуты, кароткастрыжаны, нібы персанаж амерыканскага “баевіка”, чужародны ў легкадумным “капялюшыкавым” царстве. – Пойдземце ў мой пакой.
Былы падводнік доўга круціў у руках аркушы з Палінінымі запісамі, а Паліна, як зачараваная, назірала за зьмейкай дыму, што вырастала з трэсачкі з нейкімі ўсходнімі зёлкамі. Змейка танцавала ў паветры, расься­ваючы нетутэйшы п’янкі водар. — Усё яшчэ далёка ад разгадкі. — Сымон Пятровіч дастаў з паліцаў стос геаграфічных картаў, зашмальцаваных, са шматлікімі лініямі, праве­дзенымі алоўкам. — Гэта тычыцца Гарнушак, што каля Наўя?
— Так…
Штурман задумліва вадзіў тупым канцом алоўка па паперы.
— Фактычна, маршрут можа пачынацца дзе заўгодна… Дапусьцім, вось ад гэтае каплічкі… Значыць, канчацца адрэзак мусіць тут, дзе дамы. Да-лей – прапушчаны кавалак, і трэці вядомы нам адрэзак можа разьмяшчацца вось у гэтай частцы… А яшчэ ж мусіць быць чацьвёрты! Не, бяз іншых двух жабак і веданьня, адкуль пачынаць вымярэньне, нічога ў нас не атрымаецца. Тут бы яшчэ карту дзевятнаццатага стагоддзя…
— Магчыма, я знайду ў архіве.
Сымон Пятровіч пільна зірнуў у цёмныя вочы дзяўчыны.
— Колькі вам гадоў?
Паліна сумелася, але пытаньне гучала сур’ёзна.
— Дваццаць восем.
— Вы ня замужам, так? І дзяцей няма?
Паліна пачала злавацца, адчуваючы, што намаганьнямі маці ў яе асабістыя праблемы пасьвечаны ўвесь “Капялюшык”. Штурман адмераў скупую белазубую мужчынскую ўсьмешку ў якасьці прабачэньня.
— Ня злуйцеся, проста вы гэтак апантана заняліся скарбашукальніцтвам, як могуць толькі самотныя жанчыны. У нашым турклубе я такіх бачу кожную суботу. Выходзяць прыкладныя бабулькі на пеньсію – і давай у паходы, прычым суперцяжкія, што й здаровыя мужыкі не наважваюцца. Вязаньне ды кампоты – убок, хатуль за плечы – і шукайце кабету, што ўцякае ад цішыні ў доме.
Нічога сабе параўнаньне!
— Самота – натуральны стан чалавечае душы, — холадна прагаварыла Паліна.
— Гэта ненатуральны стан, — штурман паварушыў пальцамі бясплоцевую зьмейку дыму, і яна распалася на дробныя павуцінкі, што ўсё гэтак жа ўпарта імкнуліся ўверх. Паліна са зьдзіўленьнем заўважыла, што ашмёткі дымнага павуціньня павісьлі па ўсім пакоі, нібыта часткі дэкарацыі невядомага сьпектаклю. Вочы Сымона Пятровіча ўзіраліся праз іх, як у марс­кую далеч. – Каб чалавек беспакаранна быў самотны, ён мусіць мець трывалую сувязь з нечым, вышэйшым ад людскога бытаваньня. У мяне такой сувязі няма. На жаль. Як я ні стараўся.
Паліна насьцярожана зірнула на суразмоўцу. Пэўна, аматар медыта­цыяў ды ўсялякае ўсходняе лухты. Вунь і зёлкі паліць, ад злых духаў, відаць. І дыванок у куце пакоя дзіўны. Не дыванок – хутчэй скураны матрац. Для практыкаваньняў, ці што?
— Трэба проста рабіць сваю справу, — выгаварыла дзяўчына фразу, якой гіпнатызавала сябе ўжо колькі гадоў.
— Выходзьце за мяне замуж.
Гэта што, жарт такі? Падводнік, аднак, пазіраў вельмі сур’ёзна. І вельмі спакойна.
— Прапанову такую раблю другі раз у жыцьці, словамі не гуляю. Не сумнявайцеся.
Паліна не знайшла нічога лепшага, як па-дурному рагатнуць і зараз жа зьбянтэжыцца. Штурман скрыжаваў рукі на грудзях і адкінуўся на сьпінку крэсла, як прафесар, што скончыў прымаць іспыты.
— Мне трыццаць сем. Дзевяць гадоў розьніцы між намі – я лічу, самы раз. Абяцаю, што жыць са мной вам будзе цікава. Я зразумеў вашыя густы і прыхільнасьці… Калі вас непакоіць матэрыяльны бок – у мяне трохпакаёўка-“сталінка”. Спатрэбіцца – і грошы зарабіць магу. Проста кіруюся ў побыце прынцыпам мінімалізму.
— І я адпавядаю гэтым вашым мінімальным запатрабаваньням? – да агаломшанай Паліны нарэшце вярнулася пачуцьцё гумару.
— Вы – вяршыня майго жыцьця,— сур’ёзна прамовіў Сымон Пятровіч.
Адзін прызнаецца, што ў Амерыцы няма ёй замены, другі ўважае за вяршыню… І ўсё ў той самы дзень. Пасьля трох гадоў адзіноты. Адмысловы іспыт з усходняй прыпавесьці. Толькі і не хапае трэцяга прэтэндэнта на сэрца прынцэсы!
— Прабачце, Сымон Пятровіч, але…
— Мне было б прыемна, калі б вы называлі мяне проста Сымонам.
— Добра... Сымон… Вы ж разумееце, што пасьля адной-двух сустрэчаў лёс не вырашаецца.
— Чаму ж не? – нявесела ўсьміхнуўся штурман. — І адна-адзіная суст­рэча можа цалкам перамяніць жыцьцё. Я ведаю. Для сябе я ўсё вырашыў адразу, як вас убачыў. Рашэньне маё нязьменнае. Колькі трэба будзе чакаць, каб наважыліся вы – ня мае значэньня. Я ўмею чакаць. Вырас у паляшуцкім мястэчку, дзе сланечнікі – як дрэвы, і нават рэчкі няма, а марыў — пра мора. Патанаў у сьвеце аповедаў Грына… Ён – Грынеўскі, сын сасланага з Беларусі паўстанца… І я – Грынеўскі.
— Сваякі?
— Магчыма, далёкія. Туга па Зурбагане і белых ветразях перадаецца генетычна. Чатыры разы паступаў у мурманскую мараходку. Нада мной сьмяяліся. Казалі, што я малы і слабы… Я трэніраваў цела, як непаслухмянага сабаку, я загартаваўся да неверагоднага... І мора атрымаў.
— Цяпер хочаце атрымаць мяне? – Паліна ўсё старалася перавесьці размову на жарт.
Штурман правёў рукой па кароткіх валасах.
— Мора мелася стаць маёй магілай – а гэта найлепшая магіла, яе ніхто не зганьбіць. Але я, дзівак, хацеў жыць – і выжыў. Мы з ім рассталіся назаўжды, як былыя дуэлянты, загойваючы раны… А потым мяне амаль сьмяротна параніла зямля… Вы – іншая. Фрэзі Грант, дзяўчынка, якая ідзе па хвалях праз цемру, проста таму, што ня верыць у прорву пад нагамі. Я буду чакаць. І пакуль вы не прыйшлі да мяне, на гэтую тэму больш размаўляць ня станем. Дык вось, што тычыцца Гарнушак… Пастарайцеся знайсьці старую карту тае мясцовасьці. Добра было б, каб скульптар далучыўся, і зьезьдзім, параспытваем на месцы.
Трэба ж! Спакойны і дзелавы, нібыта і не рабіў вар’яцкай прапановы. Паліне нават зрабілася трохі прыкра, што ў гэтага легіянера не назіраецца прыкметаў сардэчнай пакуты. Затое не засталося і няёмкасьці. Дагарэла і трэсачка з зёлкамі…
Сымон Пятровіч, ад сёньняшняга дня – Сымон, праводзіў Паліну да выхаду з тэатру. Не хапаецца за локцік падтрымаць, не зазірае ў вочы…
На сцэне чуваць быў разьмераны грукат – зноў канкан! У п’есе Чэхава?
Хаця колькі можна дзівіцца падобнаму… Паліна горка ўсьміхнулася. Яшчэ б спытала, чаму артысты, адыграўшы сцэну на беларускай мове, тут жа за кулісамі пераходзяць на расейскую. Відаць, ня ведаюць гісторыі з стролямі тэатра Станіслаўскага за мяжой. Прыехалі наватары ў Варшаву, па іх разуменьні – у расейскую правінцыю. А ім і кажуць: “Прабачце, тэатр ваш геніяльны, мы вас паважаем, але на сьпектаклі ня прыйдзем. Чаму? А таму, што калі публіка пойдзе на расейскамоўныя сьпектаклі, то польскія зараз жа выпхнуць са сцэны”.
Сваё мусіць заўсёды быць даражэй за чужое, нават калі яно, чужое, лепшае – звычайная праграма захаваньня і жывёльнага віду, і чалавечае нацыі. Хіба беларусы страцілі свой прыродны ахоўны код? Не, паступаюць жа ў іхнюю гімназію кожны год гарадскія дзеткі, ня чуўшы ў бацькоўскай хаце роднай мовы. І пачынаюць гаварыць па-беларуску, і так натуральна, нібыта ня вывучылі, а ўспомнілі!
А дома Паліна адразу набрала дасланы нумар тэлефону...
Валянцін зьявіўся назаўтра ўвечары. Як і папярэджваў, не адзін. У кавярні на плошчы Перамогі пад новенькай шыльдай “Бістро”, што нагадвала пра ламаную мову напалеонаўскіх жаўнераў, за зялёным столікам узвышаўся скульптар, яшчэ больш засяроджаны, чым заўсёды, а побач з ім – сьветлакосая “ўладальніца” ў стракатым сарафане. “Уладальніца”, на імгненьне адарваўшыся ад вазачкі з узьбітымі вяршкамі, холадна кіўнула Паліне. Затое Валянцін адразу нярвова ўскінуўся, адсунуў для госьці крэсла, запрапанаваў кавы… Паліна са зьдзіўленьнем заўважыла ў ягоным позірку, які ён адразу ж адвёў, пакуту і нібыта нейкую просьбу… Баіцца, што Паліна выявіць перад Дзінай, што ведае пра ягонае далікатнае становішча? Доўгія сьветлыя валасы, перахопленыя матузком, і белая ільняная кашуля, а асабліва задуменны твар сапраўды надавалі Валянціну падабенства з захопленым у палон воем. Не хапала Паліне яшчэ ўмешвацца ў чужыя сямейныя стасункі… Няёмкую паўзу перарвала Дзіна.
— Валік расказаў мне пра вашыя гістарычныя фантазіі.
Валянцін выціснуў няёмкае:
— Прабачце, Паліна, але… Але ў мяне ня можа быць сакрэтаў ад Дзіны.
І аж зьбялеў – нібы ад застарэлага болю. Дзіна, аднак, толькі задаволена ўсьміхнулася, не ўчуўшы нічога для сябе непрыемнага.
— Дык вось, я вашых справаў навуковых не разумею, але Валік надта цягнецца да радзімы продкаў. Апошнім часам яму давялося выконваць шмат заказаў. Замарыўся, бедны… — гандлярка пяшчотна пагладзіла мужчыну па плячы. – Так што, пакуль у нас вольны час – паезьдзім па мясь­цінах ягонага дзяцінства…Тым больш мы на “джыпе”. Ну і пагуляеце там у сьледапытаў, калі ёсьць ахвота.
Валянцін яшчэ раз кінуў на Паліну вінаваты позірк і пацалаваў руку сваёй “уладальніцы”, як з прыкрасьцю адзначыла Паліна, са шчырай удзяч­насьцю.
І чым скончыцца гэтая авантура, было гэтак жа невядома, як і тое, куды падзеліся зьніклыя падчас узьвядзеньня фрагменты абеліску Перамогі, што ўзвышаўся перад вокнамі “Бістро”.
Падчас росшукаў у архіве ўдалося знайсьці ня толькі карту наўеўскага павету ажно 1846 году, але і тагачасныя “Рэвізскія сказкі”, перапіс насельніцтва. У Гарнушках налічвалася сто пяцьдзесят чатыры “дымы” – гэта значыць, сялянскія хаты. А таксама касьцёл з плябаніяй і школкай, цукраварня і кузьня. Вёскай валодаў Антоні Рашчынскі, бацька Вінцэся. Не магнаты, але й не лапцюжная шляхта. Сярэдняй рукі паны. Паліну ўразіла адна дэталь: прозьвішча Чарапавіцкі сярод жыхароў. Значыць, Валянцін – прамы нашчадак гарнушкаўцаў, якія ведалі Вінцэся Рашчынскага? Цікава…
Вінцэсь Рашчынскі, паўстанцкі філосаф… Яны, навукоўцы, лёгка ўжывалі гэтае азначэньне, не задумваючыся, што – за ім. Так, Вінцэсь скончыў Пецярбуржскі універсітэт як кандыдат філасофіі. Але што ён думаў пра гэты Сусьвет? Якім ён быў мысьляром?
Давялося пераадольваць нелюбоў да кампутараў. Паліна сумленна прасе­дзела тры дні ў бібліятэцы, асвойваючы паганскую моц сусьветнага сеці­ва. І выцягнула нарэшце з акіяну інфармацыі здабычу – невялікі артыкул Вінцэся Рашчынскага, надрукаваны ва “Універсітэцкім весьніку” ў 1860 годзе. “Некалькі развагаў наконт панлагічнай сістэмы і суб’ектыўнага духу”.
Паліна сумленна прызнавала сваю недасьведчанасьць. Усё, што яна зразумела — Рашчынскі спрачаецца з Гегелем, сімпатызуе Сёрэну К’еркегару і ў некаторых здагадках, як падалося, сугучны з дасьледваньнямі Льва Гумілёва. “Чым ёсьць жыватворны дух народу?— пісаў Рашчынс-кі. — Ці гэта ўсяго толькі міф, створаны, каб апраўдаць існаваньне дзяржавы і пашырэньне яе межаў за кошт суседзяў? Ці гэта ёсьць прыродная энергія, якая змушае кожны жывы арганізм нараджацца, разьвівацца за кошт акаляючага асяроддзя, і згасаць, вычарпаўшы дадзены Богам і прыродай запас жыцьцёвай сілы? Безумоўна, вялікую ролю ў фармаваньні гэтага духу адыгрывае геаграфічнае месца. Урадлівая ці неўрадлівая глеба, бліз­касьць да мора або горная мясцовасьць, ваяўнічыя суседзі – усё адбіваецца на характары народу, як на немаўляці – жыцьцё сям’і. Але ёсьць яшчэ адно – Найвышэйшая воля, згодна якой усё жывое мае індывідуальнасьць. Як ад кожнага чалавека цнота патрабуе абсалютна і безумоўна быць сабой, таго ж патрабуецца і ад народу. Як існаваньне чалавека – самакаштоўнасьць, так і існаваньне кожнага народу. І гэтую адметнасьць, гэтую самасьць спасылае народу Гасподзь. І таму адмаўляцца ад яе – найвялікшы грэх, як грэх наракаць чалавеку на тое, што ён нарадзіўся тым, кім ёсьць. І грэх – патрабаваць універсалізацыі, уніфікацыі”.
Паліна нібыта пачула голас, які гэта гаворыць, усхваляваны і сумны. Твар воя, вочы паэта… Уражаньне, быццам гэты чалавек мог бы ёй усё патлумачыць, падказаць, што рабіць з сабой, са сваім жыцьцём… І як шкада, што сустрэча гэтая немагчымая… Як ён пражыў свой апошні год на радзіме? Паліна ўспомніла іранічна-сумныя радкі пра старога паўстанца, які дажывае век ва ўтульнасьці маёнтку:

Стары крышталь, ад часу цьмяны,
Блакітным сяйвам шафу поўніць.
Віжамі дзьверы не ўзламаны,
І зоры ўцягваюцца ў комін.
Засохлым лісьцем пахнуць кнігі.
Чытаньне пры агні – як воля.
І ў навакольлі ціха-ціха.
Таемна ціха – як ніколі.
Драмота дыхае за крэслам
Ці сьмерць? Прыпынак ці дарога?
А сэрца стукае, як цесьля,
Зьбівае лесьвіцу да Бога.
На разуменьне спадзявацца
У гэтым сьвеце – проста слабасьць.І мы выходзілі на пляцы,
Вучыліся дзьвярыма ляпаць.
І вось – па склепах, па маёнтках
Параспаўзлося пакаленьне.
А варта высунуцца вонкі –
Гразёй запэцкаеш каленьні.
Напалеоны і Касьцюшкі
Сядзяць у вальтэр’янскіх крэслах.
Хай сьцены і прыдбаюць вушы –
Душу маўчаньне зробіць сьмелай.
Занадта ўтульна ў гэтым крэсьле,
Каб сьцюжу выклікаць праз слова.
Няхай крышталь у шафе сьвеціць –
Звычайны посуд засьцянковы.

Не, з абліччам на партрэце гэтыя словы не стасуюцца. Філосаф стаміў­ся, але ня згас.
Маці, вядома, паўшчувала, што дачка зноў пачала жыць між кніжных старонак, як шашаль. І да гэтага… штурмана… ня варта было адной хадзіць – у чалавека прусакі ў галаве, некалькі разоў засьпелі яго на дыванку ў становішчы дагары нагамі. Не, ня ёга – ён неяк іначай называў, складана. Хаця і добры. Вось перадаў два слоікі з шыпшынавым варэньнем – сьпецыяльна для Паліны. Ды яшчэ пра Артура, нябожчыка беднага, распытваў. Навошта – не сказаў, аджартаваўся.
Паліна, як магла, супакоіла маці. Добра яшчэ, што тая ня ведае пра ліст ад Стася.
І можна, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яшчэ раз гэты ліст перачытаць і паплакаць. А ўявіўшы, як скульптар сядзіць дзесьці побач са сваёй “уладальніцай” і ня можа без дазволу той нават патэлефанаваць, зьвязаны ўдзячнасьцю, як сьмерцю – заплакала яшчэ мацней.
Урэшце, і фрэйліна імператарскага двара Аляксандра Сьмірнова-Расэт лічыла вартым сваёй годнасьці праліць сьлязу над атрыманым лістом.
А тут яшчэ патэлефанавала ўлюбёная Палініна вучаніца, наконт якой не аднойчы марылася – вырасьце добрая беларуская паэтка. Усё-ткі ўжо ёсьць некалькі першых – і ўдалых – публікацыяў. Патэлефанавала, каб пачытаць новыя вершы… Аказалася, на рускай мове. Чаму? А душа так запатрабавала. Паэт – птушка вольная, на якой мове хоча, на такой шчабеча. І Паліна дарэмна раіла ня збочваць з аднойчы абранае сьцежкі, гаварыла, што мова – жывое, мае сваю душу. Што паэт мусіць быць у сугуччы з аўрай роднай зямлі, іначай застанецца вечным маргіналам, нецікавым і ва ўніверсуме… Пані, што за кансерватызм у постмадэрновай прасторы! Творца ўвогуле мусіць з мовай змагацца, трушчыць яе і выходзіць за ейныя межы.
Паліна паклала трубку, ледзь утрымаўшыся, каб не абрынуць на здольнае сямнаццацігадовае дзіцё сусьветны гнеў. Няўжо яшчэ адзін пуста­цьвет на тваёй ніве, бедная Беларусь?
“…Разумных больш, чым добрых, тут, ты не дакажаш ім нічога… Твая гравюра “Страшны суд” ад мастака, а не ад Бога…”

Працяг
у наступным нумары.