12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Садоўскі

_____________________
3.15.
Аповед


«Рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё неадольна, няспынна, крок за крокам, ад гэтай брыдкай рэальнас­ці нікуды не падзенешся, не схаваешся за экранамі манітораў, рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё ў прамоклым абутку і сырых шкарпэтках…», – такую вось цікавую алюзію на суровую праўду жыцця круціў і перакручваў у галаве Хведар, шкандзёхаючы па лужынах у новых велюравых ботах. Круціў доўга, ажно ад пад'езду і да цяперашняга невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі. Гэтае – кручэнне замяняла Хведару думанне. Увогуле, Хведар часта лавіў сябе на тым, што апошнім часам зусім не думае. Што ўся ягоная вышэйшая разумовая дзейнасць зводзіцца да простых, на аўтамаце, рэакцый на знешнія і ўнутраныя раздражняльнікі, ды ўспрымання інфармацыі, зусім без аналізу. Максімум – з'явіцца ў галаве цікавая алюзія, як вось гэтая з рэчаіснасцю і мокрымі ботамі, альбо ўзнікне дзіўная асацыяцыя, ці ў лепшым выпадку прыгадаецца думка кагосці з вялікіх, вычытаная ў кнізе. Гэта засмучала Хведара. Ён не адчуваў сябе ў поўнай меры «чалавекам ра­зум­ным». Уласна кажучы, ён і пайшоў сёння на працу пехам, каб хоць трошкі падумаць. Бо, наколькі ён памятаў, выразна сфармуляваныя думкі калісьці з'яўляліся ў ягонай галаве менавіта пад час манатонных і аўтаматычных дзеянняў, кшталту той жа хады, альбо збору бульбы на лецішчы. Але атрыманая ўчора эфемерная асалода ад пакупкі новых прыгожых ботаў, сутыкнуўшыся сёння з рэчаіснасцю мокрых лужынаў, нарадзіла брыдкую алюзію, што разбурыла ўсе надзеі Хведара на разумовую дзейнасць і апанавала ягоную галаву сырасцю шкарпэтак. Хведар не думаў ужо два гады. Хоць гэта і не зусім дакладна. Два гады таму Хведар першы раз усвядоміў, што не думае, і з цягам часу пачаў сумнявацца ці думаў ён увогуле раней.
Два гады таму Хведар якраз скончыў універсітэт і распачаў самастойнае жыццё: кватэра, машына, праца. Увогуле амаль усё ў жыцці давалася яму лёгка. Каб мець добрых сяброў, поспехі ў вучобе, цікавыя забавы і шмат іншага Хведар не прыкладаў намаганняў. Усё само наўпрост ішло яму ў рукі. Прыкладам, тыя ж кватэра, машына і праца. Старую аднапакаёўку ў цэнтры пакінулі яму бацькі, калі перасяліліся ў новы мікрараён, патрыманую іншамарку, што стаяла на кансервацыі гадоў дзесяць, падарыў дзед, як толькі Хведар атрымаў пасведчанне кіроўцы, а працу, з добрым заробкам і ўмовамі, дала дзяржава, размеркаваўшы Хведара ў праектны інстытут. Гэтую лёгкасць, з якой ён крочыў па жыцці, Хведар і вінаваціў у адсутнасці думак у ягонай галаве. Ва ўяўленні Хведара, людзі, якія з найвялікшымі цяжкасцямі і намаганнямі здабываюць тое (адукацыю, машыну, працу), што яму, бяздумнаму, дасталося аўтаматычна, проста вымушаныя думаць. Выразна фармуляваць думкі іх прымушаюць цяжкія абставіны жыцця і імкненне пераадолець іх. Цяжкіх абставінаў у жыцці Хведара не было і таму ён шчыра паважаў людзей, што ў супрацьстаянні з гэтымі абставінамі, усяго дабіваліся самі. Такіх людзей Хведар лічыў лепшымі за сябе, надаваў ім уласцівасць думання, у якой адмаўляў сабе.
Працаваў Хведар у праектным інстытуце, дзе займаўся нібыта інжынернай работай, якая палягала ў кампіляцыі стандартаў, спрошчаных разлікаў і тыповых рашэнняў адпаведна пэўных тэхнічных умоваў. Такая праца не патрабавала ад Хведара ані разумовых, ані тым больш нейкіх інжынерных высілкаў і таму Хведар шчыра лайдачыў. Ён чытаў, граў у гульні на кампутары, слухаў музыку ці проста глядзеў у вакно. Ён быў з ліку тых лайдакоў, што, як і ільфапятроўскі загадчык багадзельні не мог не красці, ці ў выпадку Хведара, не мог не лайдачыць. Хведар чырванеў, калі хто небудзь з аддзелу заспяваў яго за праглядам фільма. Ён шчыра пакутваў ад думкі, што ён тут вось цяпер раскладае пасьянс, а ягоныя калегі ў гэты ж час шчыруюць над праектамі. Ён выразна ўяўляў сябе шчыруючым разам з імі. Але не ленавацца ён не мог. І гэтую сваю ляноту Хведар таксама, як і лёгкасць быцця, вінаваціў у адсутнасці думак у сваёй галаве.
Лянота і «невыносная лёгкасць быцця» ператварылі Хведара ў бездумны аўтамат. Свядома ці мімаволі Хведар шукаў паратунку ад гэтага стану ў кнігах. Не маючы магчымасці фармуляваць уласныя думкі ён спажываў з кніжных старонак думкі чужыя. Так шмат, як на працы, Хведар не чытаў ніколі. Фантастыка, класіка, постмадэрнізм, кнігі па гісторыі, філасофіі, мастацтву, навукова-папулярныя працы. Хведар пагружаўся ў кніжны свет са стараннасцю глыбокаводнага аквалангіста. Кожная прачытаная кніга напаўняла ягоную галаву новымі цудоўнымі думкамі, ствараючы ілюзію разумовай дзейнасці. Аўтарскія словы ўспрымаліся галавой за свае і на пэўны час суцішалі гуд адсутнасці ўласных думак. Але Хведар добра ўсведамляў ілюзорнасць кніжнай думкі. І нават, у глыбіні свайго бяздумкавага розуму, ставіў сваю прагу да кніг на адзін узровень з лянотай і лёгкасцю, то бок вінаваціў кнігі ў сваім бяздумстве.
Перманентнае бяздумства падштурхоўвала Хведара да адной не вельмі станоўчай высновы: не думаю – значыцца не існую. Сумнеў ва ўласнай існасці і існасці навакольнага свету апанаваў пазбаўленую думак хведараву галаву. Ён стараўся ўсімі сіламі супраціўляцца гэтаму сумневу. Стараўся ўсё часцей шукаць доказы ўласнага існавання. Дарэчы, тая алюзія на рэчаіснасць у прамоклых велюравых ботах, якая няўмольна ўваходзіць у жыццё, была нічым іншым, як спробай намацаць існасць у такіх бытавых, прыземленых рэчах, як прамоклы абутак. Хведару заўжды здавалася, што менавіта прыземленыя, паўсядзённыя здарэнні, дробныя фізічныя нязручнасці, неспадзяванкі, як тая ж лужына, ці, проста кажучы, бытавуха, з'яўляюцца доказам таго, што ён гэта не хворая фантазія звар'яцелага пісьменніка альбо радок машыннага коду.
Рэчаіснасць навакольнага свету хвалявала Хведара не менш. Аднойчы падчас прыняцця чарговай ін'екцыі кніжных думак, Хведар набрыў на калянавуковы артыкул пра «тэорыю струн». У тым артыкуле апроч усяго разглядалася магчымасць існавання бясконцай колькасці паралельных сусветаў. Самі па сабе паралельныя сусветы не надта хвалявалі Хведара. Ён быў дасведчаны ў гэтай тэме, бо чытаў якасную фантастыку. Усхвалявала і зацікавіла яго нешта іншае: існаванне ў гэтых паралельных сусветах адрозных паміж сабой фізічных законаў. Ці як пісаў аўтар артыкула – «у межах «тэорыі струн» можа існаваць сусвет у якім напрыклад лічба «пі» мае іншае значэнне і, адпаведна, у ім пануюць зусім іншыя законы светабудовы».
Вось і цяпер гэтая лічба «пі» раптоўна ўсплыла ў галаве Хведара. Кручаная-перакручаная алюзія з рэчаіснасці і ботаў гэтак жа раптоўна сышла ў нябыт. Хведар стаяў перад паркавай лужынай-возерам і стараўся ўявіць, як гэта так перакруціць паміж сабой дыяметр і даўжыню адной і той жа акружнасці, каб іхняе дачыненне склала адрознае значэнне ад таго, што існуе. Хведар абыйшоў лужыну і зноў ступіў на паркавую дарожку. Цяпер у сваёй бяздумнай галаве ён круціў і перакручваў гэтыя няшчасныя дыяметр і даўжыню адной акружнасці. Круціў доўга, ажно ад невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі, і да прахадной праектнага інстытуту. Гэтае «пі» так захапіла Хведара, што павітаўшыся з калегамі, ён хуценька ўлучыў кампутар і запусціў праграмны калькулятар. Хведар націснуў на кнопку «пі» і на экране з'явілася лічба з дакладнасцю да трыцатага знака пасля коскі.
3,1516837646986843495737544943886