12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Сапач

_____________________
«Сабака, котка, ластаўка»
Гутарка Галіны Дубянецкай
з Тацянай Сапач


Дрэва, поўнае зроку,
сьцяжына, поўная слыху –
насуперак сну і страху,
насупраць сьвятла і лёху –
і гэта,
здаецца,
я…
(Тацяна Сапач)

Вітаньне, Таня! – пачынаеш да яе ліст і дзівішся: ”ого! а песенька нішто сабе выходзіць…” (Т.С.) Вітанае імя. “Тацяна Сапач! Дабранач!” – пяецца ў песьні Вальжыны Цярэшчанкі. З якога боку гэтае імя ні закрані – пяецца. А яшчэ пра Тацяну ёсьць песьня на верш Сяргея Дубаўца, музыку Алеся Камоцкага:

На узараным ліпкім сьнезе
дробны сьлед маёй сяброўкі,
дробны сьлед маёй каханай,
дробны сьлед маёй жаны…

Узгадваюцца драбнюткія літаркі ў Танінай маленечкай, пакуль што адзі­най, кніжачцы “Восень”, дзе вершаў кот наплакаў, ды вершы тыя зрабілі яе ўлюбёнаю паэткай беларусаў замежжа й Радзімы. Чаму наперадзе замежжа? Бо тамтэйшая рэчаіснасьць не замінае чалавеку захоўваць у памяці пра сваю краіну толькі найлепшае.

Галіна. Таня, ці згадваеш Іслач – о бераг блізкі, непадступны бераг! – нядаўнага, здаецца, сьнежня мінулага стагоддзя, і нас усіх, “семінарыстаў”, цяпер ужо “літаратурную генерацыю N”? Алесь Аркуш, Ігар Бабкоў, Тацяна Зіненка, Юрась Пацюпа, Лера Сом, Сяржук Сыс, Алена Танана, Вітаўт Чаропка, Віялета Яфіменка, Таня Сапач, Галя Дубянецкая – як мы былі адно адным уражаныя!.. Усё пранізвалі токі – чым бы гэта назваць? – вершаплазмы? Ці, можа, я перабольшваю?..
Тацяна. Ці памятаю я Іслач? Ясна, памятаю. Але ўспамінаю тады толькі, калі хтосьці або штосьці нагадае. Прыкладам, апошні раз яскрава ўяўляла сабе той сьнежань і нас усіх у тым сьнежні, калі пачула, што вы з Сярожам Сысом нарэшце зноў сустрэліся – дай вам, Божа, каб ужо больш не разьвітваліся ніколі... Успомніла, што ты апраналася тады толькі ў белае, што ў тым сьнежні неаспрэчным аўтарытэтам быў паэт Вячаслаў Дашкевіч, мы слухалі яго і слухаліся; і цяпер, дарэчы, прыгадаўшы яго і ягоныя вершы, магу прызнацца, што люблю яго й іх па-ранейшаму. Вось, апынаецца, якая карысьць ад успамінаў! А я думала: што толку нешта прыгадваць, жыць перажытым, калі кожны дзень – новы, і заўтра зноў будзе нешта новае, а тое, што было, – яно ўжо ёсьць з табой і ў табе, дык што ж яго варушыць? (Увогуле, ці так ужо каму гэта цікава, апрача нас саміх? Нашыя ўзаемныя захапленьні, наша маладосьць, нашы старыя вершы... Калі так, дык, дальбог, гэта мне вельмі, вельмі дзіўна.)
Галіна. Ды калі б не чыталіся ўспаміны, хто б іх выдаваў… А мне, як адной з тыхсамых “нас саміх” якраз вельмі, вельмі цікава азірнуцца й падзівіцца на сябе колішнюю, на колішніх нас, тых, з якіх атрымаліся мы цяперашнія, параўнаць нашыя досьведы… Напрыклад, як табе тады ўяўлялася месца паэзіі ў тваім жыцьці? А што цяпер? Помню:

плён маіх мілых дзён – ці нішто, ці сон…

Ці ня быў той час найбольш плённым у тваёй вершатворчасьці? Тады, як мы сустрэліся на Іслачы, Адэльцы было, калі не памыляюся, гадочкі тры… (ты казала пра яе: “сілішча!”) – дык як спалучалася гадаваньне дачушкі з гадаваньнем вершаў? Што спрыяла (і спрыяе) вершаваньню, ці, паводле Леры, на што ловіцца сон?
Тацяна. Ці той час быў для мяне плённым? У сэньсе колькасьці вершыкаў – наўрад. Я напісала дужа мала, і тады таксама вершы здараліся зрэдзьчасу. Чаму? Пад уплывам якіх падзей, людзей, думак? Ня ведаю. Нічога ня ведаю. Здаралася, і ўсё.
А цяпер амаль не здараецца. Анажаль, як кажа адзін мой знаёмы. Я жартую, бывае: я, Тацяна Дубавец, зьяўляюся найлепшай чытальніцай вершаў Тацяны Сапач. Мне, праўда, вельмі падабаюцца тыя вершы, я люблю іх перачытваць сама сабе, і, калі просяць, радасна выконваю для публікі, гэтаксама, як выконвала б улюбёнае чужое. Бабкова, ці Мінкіна, ці Віку Трэнас, скажам... І шчыра шкадую, што больш ня пішацца. Але я сама вінаватая, бо аднойчы зрабіла свой выбар на карысьць звычайнага жыцьця, якое вабіла – бо я пра яго нічога ня ведала. Ня мела рамяства, ня ўмела быць гаспадыняю, ня ведала, што такое клапаціцца пра іншых, не пераймалася пытаньнем, што я за чалавек, добры ці кепскі... Калі ўсё з’іначылася, перамянілася – цяжка прыгадаць, гэтае захапленьне звычайным, будзённым жыцьцём нарастала паступова. І я дагэтуль ім захопленая. Праўда, вершыкаў няма. (Нядаўна давала інтэрв’ю для беларускай радыё­праграмы ў Швецыі, распавядала пра сваю перадачу на Літоўскім тэлебачаньні, напрыканцы журналіст, дзьмітры Плакс, запытаў: як цябе прадставіць? журналістка? паэтка? я кажу: толькі не паэтка, я даўно ўжо не пішу нічога; а ён: “Супакойся, паэтка – як кадэбістка, гэта на ўсё жыцьцё...”)
А колькасьць, ці месца паэзіі ў жыцьці вызначыць нерэальна. Бо ёсьць сьвет паэзіі, і ты павінен належаць яму цалкам, а калі не – дык і не, ад трошкіцяжарных ня ў стане нарадзіцца жывое. Праўда, хоць бы ад часовага знаходжаньня ў гэтым сьвеце на ўсё астатняе жыцьцё застаецца сьлед. Ужо немагчыма пасьля не любіць вершаў, немагчыма “не разьбірацца” ў паэзіі, цяжка выносіць гаворку людзей, у мове якіх няма прыгажосьці.
Мне, напрыклад, сумна, калі ўчынкі можна патлумачыць адное логікай, мне нецікавыя канчатковыя адказы і вычарпальныя сэнсы. Але ўсё гэта, што праўда, мае мала супольнага з уласна пісаньнем вершыкаў. Калі ня пішацца – мне ўсяго толькі шкода. Але нешчасьлівай я сябе не адчуваю.
Дачушка мая, Адэлька, расла сабе й вырасла, ніхто й не заўважыў. Разумная, прыгожая і таленавітая. Вельмі мне падабаецца. Ёсьць з кім пагаварыць, нарэшце…
Галіна. Добра вам. А мы толькі яшчэ вучымся на «какок» хадзіць… Хацелася б, каб нарастала паціху, як ты кажаш, захапленьне звычайным жыцьцём… Дасьць Бог, так і будзе.
...І тут выпаўзае твая незабыўная гадзюка:

Мне б гэтых зьменлівых ветраў глыток – і зажыць дзеля скону,
мне б толькі скінуць каханьня гадзюку з грудзей…

Калі я ўпершыню пачула ад цябе ў Маладэчне гэты верш, тады новы, – наіўна ўсхапілася й запярэчыла: “Таня, каханьне – гэта не гадзюка”. Цяпер не пярэчыла б… а хіба ўдакладніла: гэта ж не адзінае аблічча каханьня, што зьяўлялася табе? (Хоць насамрэч тут словы нямнога значаць).
Тацяна. Каханьне – толькі гадзюка, толькі! Незаўважна, падступна джаліць, пускае ў цела, у сэрца, у думкі салодкую атруту, і сама памірае. Атрута ж паступова выходзіць, і цела, і сэрца, і думкі зноў здаровыя, але які вэрхал наўкол! колькі дроў наламана! колькіх зьнішчана, колькіх паранена – проста так, мімаходзь, нізавошта!
Ёсьць іншыя “зьвяры”: сабака, котка, ластаўка. Але гэта – сяброўства, пяшчота, любоў. Каханьне ж – толькі гадзюка, я ведаю.
Галіна. …Між гарадоў твайго лёсу быў і Гомель – як і ў мяне, дарэчы:

Галя з Сяргеем сваім гамяльцом
часта з пашанай хадзілі паўз дом,
дзе пражыла колькі часу жыўцом
Таня з Сяргеем сваім Дубаўцом.

Якія засталіся згадкі пра тую гомельскую пару?
…Ну й, безумоўна, мне, мянчанцы, карціць спытацца пра Менск: як табе ў ім дыхаецца, што ён значыць у тваім жыцьці?
Тацяна. Апрача Вільні, усе астатнія гарады як уласна гарады для мяне нічога ня значаць.
Гомель я помню і калі трохі люблю, дык люблю за гомельскіх Волю Цярэшчанку, Зоську Фейгіну, Барыса Сачанку, Толіка Казлова, абодвух Сысоў, Лілю Плыгаўку...
20 гадоў таму мы адбывалі ў Гомлі разьмеркаваньне майго мужа, Сяргея Дубаўца, і тады перазнаёміліся ўсе, былі захопленыя адзін адным, адзін адному радыя. З тых знаёмстваў да гэтага часу процьма ўсялякага толку. Вальжына тады пачала пісаць свае прыгожыя песьні, а яны і сёньня прыгожыя, і заўтра будуць. Ліля скончыла асьпірантуру ў Гомлі, пасьля перабралася ў Вільню, стала ўзначальваць катэдру беларусазнаўства ў педуніверсітэце. У яе на завочным вучыцца добрая палова цьвету маладой беларускай апазіцыі – Дзіма Дашкевіч, напрыклад, пакуль адбываў тэрмін за палітыку, працягваў быць Ліліным студэнтам. Як цяпер – ня ведаю, у сувязі з ягоным “невыязным” становішчам. Зрэшты, я ж і не пра яго, а пра малайчыну Лілю...
А ў Менску я губляюся, не разумею нічога. Люблю Вільню.
Галіна. …Ня ведаю – магу адно гадаць, каторыя з вершаў ты прысьвяціла мужу Сяргею свайму Дубаўцу; думаю, іх шмат. І, пэўна, вось гэты:

Так, невыносна жыць на гэтай зямлі, калі без
цябе і крыху іранічных вершаў пра бэз…

Вось жа, вы абое ў беларускім пісьменстве звыш’яркія асобы, цэлыя монстры, як моладзь кажа, – дык ці лёгка вашым творчым аўрам распроствацца побач, у адной хаце? Вашыя творчыя сусьветы ўзаемапранікальныя (для слоўцаў там, вобразаў, крытычных заўвагаў) – ці зусім герметычныя? А ўвогуле, як табе, Дубаўчысе, за Дубаўцом? Ці параіш дзяўчатам выходзіць замуж?
Тацяна. Дзяўчаты хай сабе, як хочуць. А ў нас з Дубаўцом той рэдкі выпадак, калі гадзюка не памерла, а перакінулася ў сабаку, котку і ластаўку адразу. Мы сябры. Мне побач з ім лёгка, добра, цікава. Здаецца, і яму са мной таксама. Праўду кажучы, я блага ведаю, як адказаць на пытаньне пра аўры, сусьветы і ўплывы. Пытаюся ў Сяргея. Ён раіць адказаць, што мы з ім адное цэлае, а значыць, адное й тое ж. Хоць гэта, вядома, шютка.
Галіна. …Той згаданы верш сканчаецца радком пра Вільню:

О, невыносна яшчэ… бяз Вільні –

тут ужо, мусіць, высьпельвалася адвага на пярэбары. Цяпер ты – у Вільні, вільнянка. Ну, як табе тамака жывецца? Што творыцца?
Тацяна. “У Вільні як у Вільні, цэлы сьвет...” – я люблю гэты верш Алеся Чобата пра месца на зямлі, пра горад – і горад сабе, проста горад. Для мяне ён не беларускі, не літоўскі, а мой, адзіна магчымы. Тут усё ёсьць: і “стыль”, і “традыцыя”; гэта і вёска, і мястэчка, і сталічны горад адначасова. Мы перабраліся сюды досыць выпадкова, хутчэй дзякуючы схільнасьці да перамены месцаў, чым паводле асэнсаванага рашэньня. Аднойчы прачыталі на слупе аб’яву пра тое, што людзі мяняюць Вільню на Маладэчна, ператэлефанавалі, яны вельмі ўзрадаваліся, а пасьля ўжо не выпадала падманваць іх надзеі. Спадзяюся, што ім (памятаю прозьвішча – Мамонавы) гэтаксама пасуе Маладэчна, як мне Вільня.
У Вільні я ўжо амаль 20 гадоў раблю на Літоўскім тэлебачаньні перадачу на беларускай мове, якая ў розныя часы называлася па-рознаму, але гледачы апошняга прызыву ведаюць яе як «Віленскі сшытак». Гэта штотыднёвік, выходзіць у этэр па суботах, мае працягласьць 15 хвілінаў. Дарэчы, гэта ня так мала, як можа здацца на першы погляд. Калі маеш што сказаць, бывае дастаткова й хвіліны, праўда ж? Дарэчы, ужо трэці месяц, як гэтую перадачку выстаўляюць у інтэрнэце, на сайце www.svabodaby.net нейкія добрыя людзі, мусіць, беларусы, каб іншыя беларусы маглі глядзець, што робіцца ў Вільні.
Паводле ўсіх тэлевізійных мерак, перадача мая – бабулька, бо звычайна век тэлепраектаў – 2-3, ад сілы 5 гадоў; але сакрэт нашага «доўгажыхарства» зусім не ў асобе аўтара, хоць мяне вельмі парадавала б, калі б так было... Проста літоўцы такім чынам дэманструюць сваё спрыяньне мяншыням, да ліку якіх залічаюць і беларусаў таксама. Такіх, іншамоўных, перадачак, выходзіць на першым, галоўным літоўскім тэлеканале... зараз палічу – ажно 7. Рускія, палякі, украінцы, габрэі, так званыя «малыя мяншыні», або – эмігранты каханьня: армяне, румыны, чачэнцы, іх няшмат, і яны маюць адную перадачу на ўсіх, паказваюцца ў «скрынцы» па чарзе.
Галіна. А з літоўчыкамі сябруеш?
Тацяна. Самага вялікага майго сябра з ліку літоўцаў, на жаль, няма ўжо на гэтым сьвеце. Гэта быў Стасіс Кавалюкас, мы разам працавалі на тэлебачаньні, рэжысёр-педагог, былы актор, які – праз супрацоўніцтва з беларусамі – любіў Беларусь, як не ўсялякі беларус яе любіць. Багоміў Галю Дзягілеву, артыстку, стваральніцу тэатру аднаго актора «Зьніч». Яна прыязджала ў Вільню са сваімі паэтычнымі праграмамі, а пасьля са сьпектаклем па матывах кнігі Кветкі Вітан «Мае ўспаміны» – пра каханьне Івана Луцкевіча і ягонай нарачонай Юльяны Мэнке. Дык Стасіс вельмі Галіным талентам захапляўся, казаў: «Я б прыслугоўваў ёй, калі б яна дазволіла»... Выдатны быў чалавек, надзейны сябар, усё лепшае ў літоўцах я бачу, яго ўспамінаючы.
Галіна. А што Адэля – з якою прастораю зьвязвае сваю будучыню?
…А ці чытае рудзенькая Ліса творы сваіх бацькоў? Пэўна, сама прыдумляе штось альтэрнатыўнае?
Тацяна. Пра Адэлю нічога казаць ня буду. Пабачыць – будзе злавацца. Спытай сама: [email protected].
Галіна. А мама Таня – каго з паэтаў усіх часоў вызнае за сваю “зграю”?
Тацяна. Пра «зграю» зараз я зайграю, але, відаць, не «зажгу»... Бо творчасьць – гэта адное, а творца-чалавек – найчасьцей штосьці іншае. Таму ў мяне няма сяброў між тых аўтараў, вершы якіх я люблю. Ня тое, што мы ўвогуле ня маем дачыненьняў, ня бачымся, не размаўляем. Можа быць і адное, і другое, і трэцяе, але гэта ў лепшым выпадку прыяцельскія стасункі, а найчасьцей – бясьпечная дыстанцыя, дзякуючы якой немагчымыя расчараваньні. Я радая, напрыклад, што нічога не магу прыгадаць пра Сыса, сьветлай памяці... Чытаю цяпер ягоныя вершы, і нішто мне не замінае. Люблю перачытваць Анжаліну Дабравольскую, калісьці Юрка Пацюпа праз кагосьці перадаў быў то-оненькую кніжачку з дурацкай назвай «Пазамежнасьць», я тую кніжачку берагу, а на назву перастала зьвяртаць увагу. Люблю Бічэль-Загнетаву, Раісу Баравікову, жыць не магу без Віталіка Рыжкова з Магілёва. Гэта можна назваць – мая «зграя»?
Гэта й ёсьць мае паэты на ўсе часы і для ўсіх народаў.
Галіна. Нарэшце, што пажадаеш сваім “аднакашнікам”?
Тацяна. “Аднакашнікам” варта часьцей сустракацца. І чытаць вершы ўслых – старыя добрыя, і новыя, добрыя, калі ў каго ёсьць.
Галіна. Калісьці ты напісала пра свае стасункі з “шумнай рэчкай” паэзіі:

А я умею плаваць адмыслова.

Пра што яшчэ ў жыцьці магла б сказаць вось так упэўнена: а я умею?
Тацяна. Пра стасункі... я напісала самаўпэўненае глупства, за што прашу прабачэньня. А ўмею я многае. Слухаць, напрыклад. Чуць.
Галіна. …Якога зычыш сабе шчасьця?
Тацяна. ...Шчасьця быць.