12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іван Саверчанка

_____________________
Францыск Скарына - геній беларускага Рэнесансу.

Францыск (Францішак) Скарына (канец 80-х гг. XV ст. – каля 1551 г.) – пачынальнік рэнесансавай думкі на Беларусі, як пасьлядоўны гуманіст, асьветнік аддаваў перавагу не дзяржаве і ўладным інстытутам, а чалавеку, з яго багатым духоўным сьветам, інтэлектам, пачуцьцямі і памкненьнямі. У аснове сьветапогляду беларускага пісьменьніка і філосафа ляжыць ідэя прыярытэту асобы над дзяржавай.
Ідэал Ф.Скарыны – гарманічная, дзейная, свабодная асоба, якой уласьцівае імкненьне да самаўдасканаленьня, разьвіцьця розуму, асоба, якая прагне ўсталяваньня справядлівага сьвету. Духоўна-інтэлектуальныя пошукі і жыцьцёвы досьвед вялікага палачаніна прывялі яго да перакананьня, што найвышэйшай каштоўнасьцю на зямлі зьяўляецца чалавек і чалавечае жыцьцё. Сьцьвярджаючы думку пра першаступенную значнасьць на зямлі правоў чалавека, Ф.Скарына адзначаў, што самае галоўнае для ўсіх людзей – “навучыўшыся мудрасьці, добра жыць на сьвеце!”.
Ф.Скарына адным з першых на ўсходнеславянскіх землях у поўны голас загаварыў пра самакаштоўнасьць усіх народаў, заклікаў захоўваць тое лепшае, што створана кожным пакаленьнем людзей. Ён марыў пра такі парадак у сьвеце, дзе будуць панаваць – мір, справядлівасьць, узаемапавага, роўныя магчымасьці для ўсіх людзей: Ідэальны той сьвет, дзе, паводле яго словаў, існуе “ровная свабода всем, общее именіе всех”.
Ф.Скарына выступаў як пасьлядоўны прыхільнік прававой дзяржавы. Да гэтай тэмы ён неаднаразова зьвяртаўся ў сваіх творах. Вялiкi гуманiст у сваiх “Пpадмовах”, “Пасьляслоўях” i “Сказаньнях” настойлiва пpаводзiў думку пpа неабходнасьць pэгуляваньня законамi ўсiх сфеpаў гpамадскага жыцьця. Асаблiвая pоля, паводле яго слушнага меpкаваньня, належала дзяpжаўнаму, pыцаpскаму, купецкаму, сямейнаму i кpымiнальнаму пpаву. “Паспалiтыя законы” павiнны pэгламентаваць дзейнасьць асобных людзей i станаў, гаpантаваць iхныя свабоды i стpымлiваць лiхiх людзей стpахам пакаpаньня ад благiх учынкаў. Кожны закон, сьцьвяpджаў асьветнiк, мусіць адпавядаць тpадыцыям наpоду, быць спpавядлiвым, гpунтоўным, даступным, накipаваным на агульную каpысьць.
Найважнейшае месца ў творах Ф.Скарыны займала патрыятычная тэматыка. Айчына, родны Полацк, беларускі народ – крыніца натхненьня, галоўная тэма і асноўныя вобразы яго твораў. Заклік Ф.Скарыны да сучасьнікаў шанаваць Бацькаўшчыну і мову, вельмі сугучны духу ўсяго еўрапейскага Рэнесансу. Як духоўны запавет нашчадкам, гучаць надзённыя і сёньня словы асьветніка з прадмовы да кнігі Юдзіф пра сьвятое пачуцьцё да Радзімы, уласьцівае ўсім жывым стварэньням.
Адна з галоўных тэмаў творчасьці Ф.Скарыны – тэма велічы матчынай мовы. У сваіх прадмовах асьветнік пры кожным зручным выпадку падкрэсьліваў, што Сьвятое Пісьмо ён выдае на той мове, з якой яго “літасьцівы Бог на сьвет пусьціў”. Філалагічная канцэпцыя Ф.Скарыны пацьвярджае рэнесансавы лад яго мысьленьня. Так, існаваньне шматлікіх моваў асьветнік лічыў ня Божым пакараньнем, а найважнейшым набыткам цывілізацыі. Патрыятычныя ідэі асьветніка, сфармуляваныя ім дакладна і аргументавана сталіся найважнейшым элементам усёй яго сьветапогляднай сістэмы. Яны служылі трывалым падмуркам нацыянальнай кансалідацыі беларускага этнасу. Пры гэтым ён выступаў за мірныя дачыненьні беларусаў з суседзямі, заставаўся пасьлядоўным прыхільнікам узаемаразуменьня паміж усімі народамі.
Выключнае значэньне ў дасягненьні грамадскай гармоніі і міру Ф.Скарына надаваў адукацыі, ці, як ён пісаў, “кніжнай мудрасьці”, да авалоданьня якой ён неаднаразова заклікае свайго чытача. Вобразы энцыклапедычна адукаваных людзей старажытнасьці – вучонага і філосафа Арыстоцеля, мудрага цара яўрэяў Саламона, зьбіральніка і ўладальніка славутай Александрыйскай бібліятэкі Пталамея – па-асабліваму хвалявалі творчае ўяўленьне пісьменьніка. Беларускі асьветнік лічыў вельмі важным для адукаванага чалавека грунтоўна ведаць творы айцоў хрысьціянскай царквы – Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, Яна Златавуснага. Ф.Скарына на старонках сваіх творах прапагандаваў папулярныя ў старажытнасьці гістарычныя аповесьці – “Трою” і “Александрыю”, якія ў шматлікіх сьпісах на працягу некалькіх стагоддзяў распаўсюджваліся ў еўрапейскіх літаратурах. У пашырэньні асьветы, ведаў, адукацыі Ф.Скарына бачыў шлях духоўнага ўдасканаленьня кожнай асобы, аснову імклівага разьвіцьця нацыі: “Бяз мудрасьці і бяз добрых парадкаў, – падкрэсьліваў гуманіст, – нельга людзям паспалітым жыць на зямлі!”
Для разуменьня сьпецыфікі творчага метаду Ф.Скарыны надзвычай важнае значэньне маюць экзэгетычна-герменеўтычныя прынцыпы асьветніка. На старонках твораў Ф.Скарына неаднаразова асьвятляў тэму значнасьці Бібліі ў грамадскім і духоўна-культурным жыцьці народаў. У Бібліі ён слушна бачыў скарбніцу мудрасьці старажытных народаў. З натхненьнем пісаў асьветнік пра гэты твор у сваёй прадмове “Да ўсёй Бібліі”. Вельмі высока ацэньваў Скарына Прытчы Саламонавы, паўтараючы за іх стваральнікам словы, што сталі сапраўдным гімнам чалавечай мудрасьці. Ф.Скарына лічыў Біблію своеасаблівай метадалагічнай асновай усіх сямі вызваленых навук.
Рыхтуючы да друку тэксты Сьвятога Пісьма, асьветнік грунтоўна займаўся экзэгетыкай і герменеўтыкай – каментаваньнем біблейных кніг, тлумачэньнем незразумелых мясьцінаў, што зьяўляецца адным з вызначальных кампанентаў яго творчага метаду. Выступаючы супраць манаполіі іерархаў Царквы на права тлумачыць і пашыраць Біблію, Ф.Скарына тым самым, падобна іншым заходнееўрапейскім гуманістам, рыхтаваў тэарэтычную глебу для Рэфармацыі. Менавіта гэта ідэя была падхоплена пратэстантамі, многія з якіх, ня маючы царкоўнага сану і, галоўнае, дазволу вышэйшых духоўных уладаў, лічылі, што могуць перакладаць і выдаваць Сьвятое Пісьмо на народных мовах.
Вольнае абыходжаньне Ф.Скарыны з сакральнымі кнігамі выявілася і ў тым, што ён у двух выданьнях – Кнігах Царстваў і Ісусе Навіне – зьмясьціў свой партрэт, які па майстэрству выкананьня быў ці ня самым лепшым з усіх вядомых на той час.
Заслуга Ф.Скарыны ў галіне бібліістыкі палягае і ў тым, што ён па сутнасьці першым даў шырокаму ўсходнеславянскаму чытачу сістэматызаваны кодэкс кананічных біблейскіх кніг, аб чым сьведчыць іх пералік у прадмове “Да ўсёй Бібліі”. У сваіх прадмовах і “надпісаньнях да разьдзелаў” – своеасаблівых уступных словах падаваў вычарпальную інфармацыю пра кожную з біблейных кніг, паведамляў аб часе іх напісаньня, аўтарах, назве на мове арыгінала, прызначэньні, выхаваўчай ролі, зьмяшчаў іншыя зьвесткі, што было таксама новым у літаратурнай традыцыі ўсходніх славянаў. Менавіта пачынаючы з Ф.Скарыны, падобныя грунтоўныя ўводзіны сталі абавязковым мастацка-кампазіцыйным кампанентам у беларускай, украінскай і рускай літаратурах, а таксама пазьнейшых шматлікіх выданьнях Бібліі.
Ф.Скарына, рыхтуючы свой пераклад, абапіраўся на глыбокі філалагічны аналіз тэксту і выкарыстоўваў старадрукі, сярод якіх, несумненна, былі тры вядомыя выданьні Сьвятога пісьма на чэшскай мове: пражскае (1488), кутнагорскае (1489) і венецыянскае (1506).
Вельмі істотнае месца ў Ф.Скарыны займала тэалагічная праблематыка. Пры вырашэньні складанейшай тэалагічнай праблемы пра сутнасьць Абсалюту беларускі экзэгет прытрымліваўся трынітарнай канцэпцыі, паводле якой адзіны праўдзівы Бог – Сьвятая Тройца – Бог Айцец, Бог Сын і Бог Сьвяты Дух. Тры Божыя персоны або іпастасі – адзінасутнасныя, маюць агульную прыроду.
Значнае месца ў скарынавых творах займала тэма міжканфесійных і міжцаркоўных дачыненьняў. Аналiз зьместу яго пpадмоваў, пасьляслоўяў i надпiсаў да pазьдзелаў, а таксама ягоныя пеpаклады бiблейных твоpаў паказваюць на тое, што славуты гуманiст быў актыўным пpыхiльнiкам i пpапагандыстам ідэі царкоўнай і канфесійнай унii ў межах Хрысьціянства. Белаpускi асьветнiк лічыў цалкам пераадольнымі адpозьненьнi памiж Заходняй i Усходняй Цэpквамi. Шматлiкiя выказваньнi Ф.Скаpыны кpасамоўна сьведчаць пpа ягоную захопленасьць якpаз iдэяй задзiночаньня цэpкваў.
Беларускі першадрукар выявіў сябе як бліскучы нацыянальны паэт, сапраўдны майстар паэтычнага слова. У прадмовах да кніг “Іоў”, “Зыход” і “Эсфір” зьмешчаны некалькі цікавых сваім зьместам рыфмаваных радкоў, якія ня страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага зьместу да нашага часу.
Першы паэтычны твор Ф.Скарыны – вершаванае чатырохрадкоўе, зьмешчанае ў прадмове да кнігі “Іоў” (1517):

Богу въ Троици единому ко чти и ко славе,
Матери его Пречистой Марии к похвале.
Всем небесным силам и сьвятым его к веселію,
Людем посполитым к доброму научению.

У вершаванай форме паэт вельмі сьцісла, але надзвычай дакладна сфармуляваў прызначэньне свайго выданьня. Істотна, што выкарыстаная Ф.Скарынам рытмічная суаднесенасьць радкоў: 16 : 15, 15 : 14, дазваляла вельмі лёгка запомніць верш, зьяўлялася эстэтычна прывабнай і дасканалай.
Другі вершаваны твор Ф.Скарыны “Веруй у Бога адзінага” зьмешчаны ў прадмове да кнігі “Зыход” (каля 1519):

Веруй в Бога единаго,
А не бери надармо имени Его,
Помни дни сьветые сьвятити,
Отца и матку чтити.
Не забивай ни едина
И не делай греху блудна.
Не вкради, что дружнего,
А не давай сьведецтва лживага.
Не пожедай жены ближнего,
Ни имения или речи его.

Верш напісаны ў адпаведнасьці з логікай біблейных “Дзесяці запаведзяў Майсея”, але даступнай для беларускага чытача мовай. Ён мае пераважна дзеяслоўную паралельную рыфму і адметную рытмічную структуру: 9 : 12, 9 : 7, 9 : 9, 7 : 11, 10 : 11, – даволі мілагучную і лёгкую для чытацкага ўспрыманьня.
Трэці верш Ф.Скарыны зьмешчаны ў прадмове да кнігі “Эсфір” (1519):

Не копай под другом своим ямы –
Сам въвалишся в ню.
Не став Амане Мардохею шибинице –
Сам повисьнеш на ней.

Паводле зьместу прыведзенае чатырохрадкоўе – гэта апрацоўка старажытнага мудраслоўя, у якім гучыць заклік да чалавека пазьбягаць злых учынкаў. Дзеля рытмічнай арганізацыі верша паэт ужывае ўдалую суаднесенасьць складоў: 11 : 5, 13 : 7.
Такім чынам, першыя паэтычныя творы Ф.Скарыны – гэта няроўнаскладовыя, дасілабічныя вершы, у якіх ізасілабізм – роўнаскладовасьць у межах вершаванага перыяду. Метрыка вершаў Ф.Скарыны цалкам адпавядае моўна-фанетычным асаблівасьцям беларускай мовы. Яны напісаны паводле прынцыпаў танічнай і сілаба-танічнай моўных сістэмаў.
Вершаваныя ўстаўкі ў прадмовах Ф.Скарыны выконвалі надзвычай важныя эстэтычныя функцыі. Паэтычныя радкі стваралі творчае і ўзьнёслае ўспрыманьне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцьці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы з незвычайным, таямнічым, прыгожым.
Паэтычны талент Ф.Скарыны выявіўся на ніве гімнаграфіі – духоўных вершаў у гонар Бога, Маці Божай, сьвятых. У “Малой падарожнай кніжыцы” сярод мноства духоўных песьнясьпеваў ёсьць два акафісты, якія ўтрымліваюць імянныя акравершы Ф.Скарыны, што сьведчаць пра гімнаграфічныя здольнасьці паэта. Так, “Акафіст Ісусу” зьмяшчае акраверш: “Делал доктор Скоринич Францискус”. Як паказаў аналіз, гэты твор быў складзены Ф.Скарынам з перапрацаваных частак песьнясьпеваў папярэдніх гімнографаў. “Акафіст Іаану Прадцечу” – арыгінальны паэтычны твор Ф.Скарыны, які ўтрымліваў акраверш: “Писал доктор Скоринич Францискус”. Гэты паэтычны шэдэўр Ф.Скарыны напісаны паводле ўзораў візантыйскіх гімнаў і вельмі блізкі да іх тэматычна. Ф.Скарына таксама пераклаў і творча перапрацаваў творы старажытных паэтаў-гімно­графаў – Іосіфа Песьняпісца, Яна Дамаскіна, Рамана Мілагучнага, якія апуб­лікаваў у “Малой падарожнай кніжыцы”.
Ф.Скарына аказаў грандыёзны ўплыў на разьвіцьцё беларускай і ўсёй усходнеславянскай кніжна-пісьмовай культуры, выступаючы як наватар і першаадкрывальнік у многіх галінах і сферах. На працягу наступных стагоддзяў з выданьняў Ф.Скарыны на Беларусі, Украіне і Маскоўскай Русі рабіліся шматлікія сьпісы, многія з якіх захаваліся і цяпер зьберагаюцца ў кнігасховішчах і архівах Масквы, Пецярбургу, Кіеву.

Іван Саверчанка,
доктар філалагічных навук


Францыск Скарына
Прадмова да ўсёй Бібліі
Біблія – грэцкае слова. Па-нашаму яно азначае – Кнігі. Сьвяты Мацьвей так пачынае Хрыстовае дабравешчаньне: “Бівлос генезеос Ісусу Хрысту”, што па-руску азначае – “Кніга радства Ісуса Хрыста”. Таму можаце тым імем называць усе кнігі Старога і Новага Запаветаў, бо Біблія якраз усё тое ў сабе замыкае.
Пра Біблію піша евангеліст, паплечнік Хрыста, у сваім адкрыцьці так: “Убачыў праваруч сядзячага кнігі, напісаныя знутры і звонку” (Апакаліпсіс. 5:1). Сапраўды, напісаныя тыя кнігі, духоўныя паводле зьместу, пра вялікія таямніцы Божыя...
Такім чынам, Біблія – навука дзецям і простым людзям. Для настаўнікаў і мудрых людзей яна крыніца зьдзіўленьня. Біблія – дзівосная рака! Яна бывае плыткай, і нават авечка можа яе перайсьці! Але адначасна – і глыбокай, калі і слон змушаны плысьці цераз яе!
У гэтай кнізе – пачатак і канец усёй існуючай мудрасьці, бо толькі праз яе можна спасьцігнуць Бога ўсётрымальніка!
У гэтай кнізе – усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцьці! У гэтай кнізе – усе лякарствы душэўныя і цялесныя разам зной­дзеце!
Тут – навучаньне філасофіі дабранраўнае: як Бога любіць для самога сябе і для бліжняга свайго! Тут – справа ўсялякага збору людскога і гораду, якія праз веру, ласку і згоду паспалітую дабро памнажаюць.
Тут – поўнае навучаньне сямі навук вызваленых! Жадаеш ведаць Граматыку, ці, па-нашаму кажучы, грамату, якая вучыць правільна чытаць і гаварыць, – зьвяртайся да Бібліі. Чытай у ёй кнігу Псалтыр. Наважышся засвоіць Логіку, што вучыць пры дапамозе аргументаў адрозьніваць праўду ад хлусьні, – чытай Кнігу сьвятога Іова або Пасланьні сьвятога апостала Паўла. Задумаеш авалодаць Рыторыкай, якая ёсьць само Красамоўства, – чытай кнігі Саламонавы. Гэта ўсё навукі славесныя. А калі захочаш вучыцца Музыцы, гэта значыць, Пеўніцы, – шматлікія вершы і песьні сьвятых ва ўсёй гэтай кнізе знойдзеш! Спатрэбіцца табе Арыфметыка, якая вучыць хутка і без памылак лічыць, – чатыры кнігі Майсеевы часта чытай. Хочаш засвоіць навуку Геаметрыю, якая па-нашаму завецца Землямераньне, – чытай кнігі Ісуса Навіна. А калі патрэбна Астраномія, альбо інакш Зоркалічэньне – знойдзеш на пачатку гэтай кнігі аб сатварэньні сонца, месяца і зорак. У Ісусе Навіне прачытаеш аб тым, як сонца стаяла на адным месцы. У кнігах Царстваў – як сонца вярнулася назад на некалькі ступеняў. У сьвятым Евангельлі Мацьвея паведамляецца аб сатварэньні новай зоркі ў час нараджэньня спаса нашага Ісуса Хрыста.
Ваісьціну, мусіш болей дзівіцца з незвычайнай Боскай моцы, чым вучыцца! У Бібліі – сутнасьць сямі навук вызваленых!
Узьнікне жаданьне ведаць аб ваенных і багатырскіх справах – чытай кнігі Суддзі ці кнігі Макавеяў. Яны значна шырэй і больш праўдзівыя, чым “Александрыя” і “Троя”. Пажадаеш прасачыць гісторыю за тысячы год, летапісаньне, – чытай кнігі Параліпаменона. Там выпісаны ўсе роды, пачынаючы ад Адама, да Седэхіі, апошняга цара Іюдзіна. Спатрэбіцца мудрасьць і навука добрых нораваў – часта чытай кнігі Ісус Сірахаў і Прытчы Саламонавы.
Над усім тым мы, хрысьціяне, патрабуем рэч вечную – душэўнае выратаваньне. Таму мы чытаем для настаўленьня сьвятое Евангельле і імкнемся ў справах трымацца прыкладу Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста. З яго дапамогай шукаем шляхі ў вечнае жыцьцё і Царства Нябеснае, падрыхтаванае для абраньнікаў Божых.
Патрэбна таксама ведаць, што Біблія складаецца з дзьвюх частак: Старога запавету і Новага. Стары запавет уключае дваццаць чатыры кнігі. Першая кніга – Быцьцё Майсея. У ёй апісваецца сатварэньне сьвету і зямлі, пачатак людскога роду, узьнікненьне розных народаў і моваў, распавядаецца аб яўрэйскім народзе аж да зыходу яго ў Егіпет. Другая кніга – Выхад. У ёй гаворыцца аб нараджэньні Майсеевым, аб дзесяці язвах фараонавых, аб выхадзе з Егіпта сыноў Ізраілевых, аб дзесяці запаведзях Божых і многіх іншых судах яго. Трэцяя кніга – Левіт. Пішацца ў ёй аб храме Божым, аб рызах Ааронавых, аб ахвярах і службах левітаў. Чацьвёртая кніга – Лічбы. Гаворыцца ў ёй аб зьлічэньні сыноў Ізраілевых, аб дарах князёў, аб прароцтве Валаама і аб 42 станах, дзе адпачывалі яўрэі ў пустыні. Пятая кніга Майсеева называецца Другі закон. У ёй прадказваецца сьвятое Евангельле, а таксама скарочана паўтараецца ўсё тое, аб чым падрабязна гаварылася ў ранейшых кнігах. Гэта і ёсьць па-грэчаску “Пентацеўхан”, альбо Пяцікніжжа Майсеева. Аб ім апостал Павел піша наступнае: “Лепш у Царкве пяць слоў розумам спасьцігаць ды іншых вучыць, чым шмат словаў языком паўтараць!” Затым – кніга сьвятога Іова – Зерцала доўгацярпеньня. Усе словы ў ёй поўныя розуму. Вершамі і загадкамі напісана. І аб уваскрэшаньні цел нашых з мёртвых у ёй ёсьць. Пасьля – Ісус Навін. Апавядаецца ў кнізе аб пераходзе Іардана, вяртаньні сыноў Ізраілевых на зямлю абяцаную, атрыманьні Ерыхона-горада, разгроме цароў шматлікіх, падзеле зямлі паміж многімі людзьмі. Кнігі Суддзяў: Афаніэля, Айофа, Варака, Гедэона, Ептая і Самсона – апісваюць сьмеласьць волатаў і мужоў магутных. Пры іх зьмешчана кніжка “Руф”, прабабкі цара Давыда.
Пасьля ў Бібліі знаходзяцца кнігі Чатырох Царстваў сыноў Ізраілевых. Першыя дзьве – па-яўрэйску завуцца Шмуэль. У іх пішацца аб нараджэньні Самуіла, аб царстве Саула, аб пабоішчах і царстве Давыдавым. Дзьве другія – па-яўрэйску завуцца Млохім. У іх знойдзеш апісаньне падзеяў ад цара Саламона да Ехоніі і ад Ераама – сына Наватава – да цара Осіі, ад яго паланеньня – да Асірыі. Тут таксама выпісаны сорак справаў цароў Іудзейскіх і цароў Ізраільскіх. Затым – дзьве кнігі Параліпаменона. У іх тое, што прапушчана ў кнігах Царстваў. У прыватнасьці, тут можна прачытаць пра многія роды ад Адама да паланеньня Ерусаліма царом Наўхаданосарам. Дзьве кнігі Ездры апавядаюць аб вызваленьні з перскай няволі людзей яўрэйскіх, аб другім адыходзе з Ерусаліма, аб храме Сьвятая Сьвятых. Асобна апісваюцца народы суседнія, іх справы. Таксама гаворыцца аб выйшаўшых левітах. Потым – кніжка Тавіёт, у якой выкладзена навука аб тым, як бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей. Пасьля – кніжка Юдзіф. Гэта была жанчына незвычайнай прыгажосьці, якая для вызваленьня Айчыны не пашкадавала нават свайго жыцьця. За ёй – кніжка Эсфір. Гэта царыца, якая пазбавіла людзей Ізраілевых ад сьмерці. Усьлед за гэтымі кнігамі ідуць Песьні цара Давыда. Завецца кніга па-грэчаску “Псалцірон”, а па-яўрэйску – “Цілім”. Песьні падзяляюцца на дваццаць кафізмаў, сто пяцьдзясят псалмоў, дзьве тысячы шэсьцьсот вершаў альбо прыпеваў. Пасьля Псалтыра зьмешчаны тры кнігі Саламонавы: Прытчы, Еклесіяст і Песьня песьням. У першай – навука малалетнім, у другой – мужам, у трэцяй – старым. За імі – Кніга Ісуса, сына Сірахава, якая завецца яшчэ Царкоўнік. Яна ўтрымлівае навуку аб добрых норавах. Побач з ёю – кніга Прамудрасьць Божая. Там пераважна пішацца аб цярпеньні пакутнікаў Божых і аб жыцьці сьвятых. Пасьля – кнігі шаснаццаці прарокаў Гасподніх. Ісайя – першы. Ён ня толькі праракуе аб Хрысьце, але і падобен евангелістам. Другі прарок Божы – Ерамія. Яшчэ ў чэраве маці ён быў прасьветлены і ўжо ў маладосьці пачаў праракаваць. Да ўсяго, ён напісаў кніжку Плач Ераміі. Трэці прарок вялікі – Езекііль. Гэты ў пачатку кнігі сваёй праракуе аб чатырох евангелістах Хрыстовых, а ў канцы – аб храме божым, хаця і надта таямніча. Чацьвёрты прарок вялікі – Данііл, знаўца гісторыі і апавядальнік пра ўсе царствы. Ён прадказаў сапраўдны час прыходу Хрыста на зямлю і яго сьмерць. Іншыя прарокі меншыя. Осія, сын Верыя – першы. Іаіль, сын Фатуілеў – другі. Ен пісаў аб сашэсьці Сьвятога Духа на апосталаў. Амос, пастыр і прарок гасподні – трэці. Аўдзій, ён жа завецца раб Гасподні – чацвёрты. Іона, сын Амафаў – пяты. Ён, будучы тры дні ў чэраве кітовым, трохдзённае ўваскрэшаньне Хрыстова сімвалізаваў. Міхей ад Марасхі – шосты прарок сярод меншых; аб ім пішацца ў кнігах Царствы. Навум – сёмы. Ён, праракуючы аб Хрысьце, гаварыў: “Тут на гарах ногі таго, хто паспавядае і дабравесьціць сьвет”. Авакум – восьмы. Гэты, праракуючы, абвясьціў: “Бог з поўдня прыйдзе і сьвяты ад гары Фаран. Прыкрыла нябёсы слава яго, і хвалой яго зямля поўніцца!” Сафонія, сын Хузіеў – дзявяты. Агей – дзясяты. Ен пісаў: “Вось яшчэ крыху і парушу і зямлю, і мора, і сушу, прыгну ўсе народы, і прыйдзе той, каго чакаюць народы!” Захарыя – адзінаццаты, прадказаў прышэсьце ў Ерусалім Хрыста, сядзячым на асьле. Малахія – дванаццаты. На канцы Старога запавету зьмешчаны дзьве кнігі Макавеяў. Вось такія кнігі ўваходзяць у склад першай часткі Бібліі.
Другая частка Бібліі – выратавальны Новы запавет. У ім спачатку ідуць кнігі чатырох евангелістаў, альбо Сьвятое Дабравесьце: Матфея, Маркі, Лукі, Яна, якія, нібы калясьніца, нясуць на ўсе чатыры бакі сьвету сьвятое імя Госпада і прастол жыцьцядайнай Тройцы. Потым – Дзяяньні апосталаў. Сьвяты евангеліст Лука, лекар душы, вучыць аб распаўсюджаньні Царквы Хрыстовай. Затым – Пасланьні апостала Паўла, напісаныя да сямі цэркваў. Восьмае – да яўрэяў. Ён таксама павучае Цімафея, Ціта, Філімона. Крыніца невычэрпная і настаўнік усіх народаў! Пасьля – сьвятых: Якава, Пятра, Яна, Юды. Яны пакінулі нам вялікія павучаньні: сем саборных пасланьняў напісалі кароткімі словамі. У канцы Бібліі зьмешчаная кніга сьвятога Яна – Апакаліпсіс альбо Адкрыцьцё.
Колькі словаў, столькі і тайнаў! Аб усіх кнігах Бібліі, наколькі дазваляў мне мой розум, я напісаў кароткія зьвесткі. А калі ў нечым памыліўся, прашу разумнейшых, каб выправілі, прашу вас, дзеля Бога і людзей. Канец прадмовы да ўсёй Бібліі.


Прадмова да кнігі Прыпавесьці Саламонавы
Гэтыя кнігі карысна чытаць усякаму чалавеку: мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму, маладому і старому. А найперш тым, хто мае намер засвоіць добрыя норавы, спасьцігнуць сапраўдную мудрасьць і навуку. Доўгае жыцьцё, міласэрнасьць і праўду Бог дасьць людзям у тым выпадку, калі яны прыслухаюцца да прыпавесьцяў, выказаных у гэтай кнізе, і будуць трымацца іх. Сам цар Саламон пра тое ніжэй гаворыць. У гэтых прыпавесьцях схаваная вялікая мудрасьць, як моц у каштоўным камені тоіцца, і як золата – у зямлі, і як ядро – у арэху! Хто яе знойдзе, той здабудзе міласьць і атрымае благаславеньне ад Госпада, і прыйдзе да яго ўсё добрае.
Хвала і бясконцая пашана мудрасьці! Яна – маці ўсіх справаў, настаўнік усякага добрага навыку! У ёй сапраўды ёсьць дух – разумны, разважлівы, сьціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, дабротлівы і ўсімі астатнімі цнотамі мудрасьць надзелена!
Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, разумеючы, што бяз страху Божага, і бяз мудрасьці, і бяз добрых парадкаў нельга на зямлі жыць пачціва людзям паспалітым, загадаў ціснуці рускаю моваю Прытчы альбо Прыпавесьці прамудрага Саламона, цара Ізраілева...


Прадмова да кнігі Эклесіяст
Прамудры Саламон, цар Ізраілеў, напісаў тры кнігі. Першая па-яўрэйску завецца “Маслотг”, па-грэчаску – “Парабале”, па-латыні – “Правербія”, а па-руску – Прыпавесьці Саламонавы. Другая кніга, якую ён напісаў, па-яўрэйску завецца “Каелеф”, па-грэчаску – Еклесіяст, па-латыні – “Канцыянатар”, па-руску – Зборнік. Трэцяя кніга цара Саламона завецца “Сіра-Сірым”, па-латыні – “Канцікум-Кантыкорум”, а па-руску – Песьня Песьням.
У першай сваёй кнізе, якая вядома пад назвай Прыпавесьці, піша Саламон аб навуцы для моладзі, аб тым, як усе бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей адзінаму, хаця і кожнага паасобку. Пра гэта напісаў я шырэй у прадмове да самой кнігі Прытчы Саламона. У другой кнізе, называемай Эклесіяст, або Зборнік, дае Саламон навуку, якая патрэбна ўсім людзям, дасягнуўшым паўналецьця. Ён напамінае кожнаму аб марнасьці, цяжкасьцях і бедах зямнога жыцьця.
Як вядома, усе людзі на сьвеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. Адны – на царствы і панаваньне. Другія – на багацьці і скарбы. Трэція – на мудрасьць і навуку. Чацвёртыя – на цялесную моц і прыгажосьць. Пятыя – на набыцьцё маёмасьці і шматлікіх статкаў. Шостыя – на шчодрыя яствы і неўтаймаваныя пралюбадзействы. Іншыя – на дзяцей, на сяброўства, на службу, на вайсковыя посьпехі і многія іншыя рэчы. Такім чынам, кожны чалавек мае штосьці такое, што больш за ўсё астатняе яму даспадобы. Асэнсаваўшы ўсё, прамудры Саламон, як у люстэрку, паказаў у сваёй кнізе кароткімі выслоўямі гэтыя рэчы. Вось які галоўны вывад зрабіў ён у канцы: “Марнасьць над марнасьцю, усё марнае, нават – прыцясьненьне духоўнае!”
У гэтай кнізе мы зможам падрабязна пазнаёміцца з тым, што гаворыць цар Саламон аб людскіх мысьлях і схільнасьцях. Так, у адным месцы ён, напрыклад, піша: “Няма нічога лепшага, чым ежа, пітво і дабро для душы сваёй”, а ў іншым – наадварот: “Лепей пайсьці ў дом плачу, чым у дом піраваньня”. І яшчэ піша: “Няма вялікай розьніцы паміж мудрым і невукам, бо ўсё роўна канец у абодвух аднолькавы”. А ў іншым месцы гаворыць супрацьлеглае: “Як сьвет пераўзыходзіць ноч, так мудры – невука. Мудры мае духоўныя вочы – свой розум, а неразумны – у цемры блукае. І аб іншых рэчах у гэтай кнізе Саламон піша супярэчліва. Прычынай гэтых разыхо­джаньняў зьяўляецца тое, што думкі і схільнасьці ў розных людзей бываюць розныя: адзін любіць адно, таму і ўхваляе гэта, а другі, наадварот, – супрацьлеглае. Але ўсе прывязанасьці людскія і іх духоўную адданасьць цар Саламон палічыў марнасьцю і прыцясьненьнем душы.
На заканчэньне гэтае кнігі ён выявіў свой розум, калі гаварыў: “Канец гаворкі ўсе разам паслухайце: Бога бойся і запаведзі яго зьберажы, тады будзеш сапраўды дасканалым чалавекам!” Называецца гэтая кніга Зборнік таму, што не для нейкага аднаго чалавека напісаная, а для ўсяго збору людзей, і выяўляе звычкі і прывязанасьці не аднаго чалавека, а ўсяго збору. Менавіта з гэтай прычыны і завецца яна – Кніга-Зборнік.
Канец Прадмовы.


Прадмова да Псалтыра
Усялякае Слова, Богам натхнёнае, – карыснае! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае! “Няхай будзе Божы чалавек дасканалы і скіраваны на ўсякую добрую справу!” – так піша сьвяты апостал Павел. Менавіта дзеля нашага навучаньня, духоўнага і цялеснага выпраўленьня існуюць сьвятыя пісьмы. Адны – дадзеныя нам у Старым і Новым законах, другія – у Дзяяньнях сьвятых айцоў, іншыя – у выслоўях прамудрых настаўнікаў, некаторыя – у песьнях і псалмах Давыда і іншых Божых песьняроў, што складаюць Псалтыр. Тыя пісьмы, якія пералічаныя спачатку, звычайна ўтрымліваюць штосьці адно. Так, Закон вучыць, як людзям дасягнуць вечнага жыцьця. Прарокі прадказваюць будучыню: добрую – добрым, злую – злым. Дзяяньні і жыцьці сьвятых айцоў навучаюць нас цярпеньню і патрабуюць жыць у страху Божым. Прыпавесьці і выслоўі вучаць малых і старых добрым звычаям. Псалтыр жа, адзіны, усе тыя рэчы ў сабе замыкае, усяму таму вучыць і ўсё прапаведуе! Яго псалмы – гэта скарб, безьліч каштоўных камянёў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасьвятляюць! Гнеў і лютасьць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцьці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць! Ласку і міласьць мацуюць! Д’ябла праганяюць, анёлаў на дапамогу заклікаюць!
Псалом – гэта шчыт супраць начных д’ябальскіх спакусаў і страхаў! Пакой у дзённай мітусьні і беганіне! Абарона і вясельле малым, пацеха і песьня старым! Жонкам – набожная малітва і ўкраса! Дзецям малым – пачатак усялякае добрай навукі, юнакам – памнажэньне іх ведаў, мужам – умацаваньне вялікае!
Псалом – сьвяточна ўпрыгожвае голас усёй адзінай Царквы!
Псалом – усялякую супраціўнасьць дзеля Бога выпраўляе!
Псалом жорсткае сэрца зьмякчае і сьлёзы з яго, як струменьчык з крыніцы, выводзіць.
Псалом – анёльская песьня, духоўны тэмпан, які цела сьпевамі весяліць і адначасна душу вучыць!
Чаго толькі ня знойдзеш у псалмах!
Там – вялікасьць Божая і хвала яму!
Там – справядлівасьць!
Там – чысьціня душэўная і цялесная!
Там – навука праўды!
Там – мудрасьць і розум дасканалы! І ўсе іншыя добрыя звычаі, нібы з крыніцы, струменяць адтуль!
Там ёсьць вялікая тайна пра Бога адзінага ў Тройцы!
І аб увасабленьні Госпада нашага Ісуса Хрыста!
І аб пакутах яго без віны, і аб уваскрэшаньні з мёртвых!
Там ёсьць надзея на вечнае жыццё і выратаваньне!
Там – боязь страшнага суда і пякельнага агню!
Там – адкрыцьцё многіх тайнаў схаваных!
Усе тыя рэчы, як у вялікай скарбніцы, знойдзеш у гэтым малым Псалтыры!
Ведаючы такія пажыткі ад гэтае кнігі, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў Псалтыр ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. Найперш – для ўшанаваньня і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Прачыстай маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і сьвятых Божых. А таксама – для карысьці паспалітага люду. І асабліва з тае прычыны, што мяне літасьцівы Бог з гэтае мовы на сьвет пусьціў...


Прадмова да кніга Юдзіф
(урывак)
Ад нараджэньня зьвяры, што ў
нетрах блукаюць, –
ведаюць ямы свае!
Птушкі, паветра сьвідруючы, –
гнёзды свае не губляюць!
Рыбы ў морах бурлівых –
чуюць свой вір без памылкі!
Пчолы і іншая жыўнасьць –
вульлі бароняць заўжды!
Гэтак і людзі: дзе нарадзіла іх маці,
на шчасьце ўскарміўшы, –
Ласку да месца таго
берагуць заўсягды!
Пераклад Івана Саверчанкі.