12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іван Саверчанка

_____________________
Аповесьць пра Войшалка

Пераклад,
прадмова
і падрыхтоўка
да друку
Івана
САВЕРЧАНКІ.



Прыгоды Войшалка
ў летапісных адлюстраваньнях

Аповесьць пра Войшалка” – літаратурна-мастацкі феномен другой паловы XIII ст., які вылучаецца незвычайным прыгодніцкім сюжэтам і выключнай воб­разатворчасьцю.
Твор захаваўся ў трох асноўных рэдакцыях. Найбольшую каштоўнасьць мае варыянт, зьмешчаны ўХроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”.
Аповесьць пра Войшалкапачынаецца ў летапісу радком: “А летописцы стародавные литовские так поведают…”.
КрыніцаміАповесьці пра Войшалкапаслужылі вусныя паданьні і старадаўнія летапісныя запісы, якія ўтварылі сюжэтную аснову твору і ўтрымлівалі асноўныя характарыстыкі галоўнага героясына Міндоўга, які напачатку быў манахам, а затым вялікім князем.
Галоўны геройВойшалк пададзены ўАповесьці…” як ахвяра неспрыяльных гістарычных абставінаў, вельмі жорсткай барацьбы за ўладу. Ён імкнецца схавацца ад палітычных разборак, ідзе ў манастыр і прымае манашскі сан. Затым Войшалк спрабуе наведаць Ерусалім, але з-за разбояў у дарозе мусіў вярнуцца ў Наваградак. Неўзабаве ён засноўвае Лаўрышскі манастыр над Нёманам, дзе ў манастырскай цішы жыве з некалькімі манахамі.
Пасьля раптоўнага забойства бацькі і двух братоў Войшалк, баючыся расправы з боку Траняты, які захапіў уладу ў Наваградскай дзяржаве, уцякае ў Пінск. УАповесьці…” вельмі падрабязна распрацаваная сюжэтная лінія пра забойства Міндоўга. Старажытны пісьменьнік такім чынам імкнуўся як мага паўней патлумачыць чытачу прычыны ўцёкаў Войшалка ў Пінск, паказаць рэальныя абставіны, у якіх апынуўся герой.
Паводле аўтараАповесьці…”, Войшалк уступіў у змову з Феафілам, каб адпомсьціць забойцам бацькі. Але таямніца становіцца вядомай Траняту, ён апярэджвае Феафіла і забівае яго. Пазьней, аднак, чатыры колішнія Міндоўгавы падданыя падпільноўваюць Траняту, забіваюць яго і ўцякаюць да Войшалка ў Пінск.
Новы сюжэтны паварот пачынаецца з абраньня Войшалка вялікім князем. Войшалк распраўляецца з забойцамі бацькі і іх прыхільнікамі. Ён збліжаецца з Шварнам і разам з ім нападаюць на Польшчу і замкі Галіцка-Валынскага княства.
Узнаўленьне і перакладАповесьці пра Войшалкаажыцьцёўлены паводлеХронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага” (ПСРЛ. М., 1975. Т. 32. С. 27 – 30). Улічаны таксама гістарычныя зьвесткі, якія падаюцца ў навелах пра Войшалка, зьмешчаных уХроніцы Быхаўцаі ў Галіцка-Валынскім летапісу (ПСРЛ. М., 1962. Т.2).



АПОВЕСЬЦЬ ПРА ВОЙШАЛКА

I
Старадаўнія літоўскія летапісы так распавядаюць пра Войшалка.
У час, калі яго бацька Міндоўг пакінуў хрысьціянскую веру і зноў вярнуўся да Паганства, Войшалк зьехаў у Галіч да рускага караля Данілы Раманавіча і яго брата Васіля. Яны тады зьяўляліся галоўнымі замежнымі непрыяцелямі Міндоўга. У іх Войшалк жыў пад апекай галіцкага архімандрыта Грыгорыя Палоніка. Як сапраўдны каралевіч, Войшалк меў поўнае забесьпячэньне і належнае ўшанаваньне ад рускага караля Данілы.
З дабраславеньня архімандрыта Грыгорыя, Войшалк накіраваўся ў падарожжа да Сьвятой гары. Але з-за разбояў ня змог наведаць яе і мусіў вярнуцца ў сваю зямлю, у Наваградак.
Войшалк збудаваў сабе манастыр над Нёманам, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў у цішы з некалькімі манахамі.

II
Міндоўгбацька Войшалкаасуджаў манашскі лад жыцьця сына і вельмі злаваўся на яго. Але акурат тады надарыліся незвычайныя падзеі. Памерла жонка Міндоўга, аб якой ён надта сумаваў. Міндоўг паслаў за яе роднай сястрой, якая была замужам за Даўмонтам, просячы, каб тая прыехала і выканала апошні запавет сястры.
Калі жонка Даўмонта прыехала на разьвітаньне з сястрой, кароль Міндоўг вельмі ўпадабаў яе і захацеў, каб яна стала яго жонкай. Міндоўг зьвярнуўся да яе:
Твая сястра, а мая жонкапамерла. Перад сьмерцю яна прасіла, каб я ажаніўся з табой пасьля яе адыходу.
Жанчына не згаджалася. Тады Міндоўг сілай змусіў яе жыць з ім.
Пачуўшы пра гвалт над жонкай, Даўмонт неверагодна разьюшыўся і пачаў планаваць, як адпомсьціць Міндоўгу. Увесь час Даўмонт жыў з думкай пра забойства, але ня меў дастаткова моцы, каб адпомсьціць крыўдзіцелю. Тады ён змовіўся з Транятам, Міндоўгавым сястрынцом (пляменьнікам). Транята ў той час панаваў на Жамойці і таксама крыўдаваў на Міндоўга.
Транята з Даўмонтам прынялі супольнае рашэньнезабіць Міндоўга.
Неўзабаве надарылася зручная нагода. Калі Міндоўг паслаў свае войскі за Дняпро на бранскага князя Рамана, Даўмонт, як васал караля, таксама склікаў войска, каб нібыта ісьці на тую ж вайну. Але ўлучыўшы момант, ён вярнуўся назад са сваім войскам, растлумачыўшы Міндоўгу вяртаньне вельмі ўважлівымі прычынамі. Затым Даўмонт далучыўся да Траняты, які ўжо трымаў напагатове жамойцкае войска. Уначы яны напалі на Міндоўга, забілі яго самога, а таксама двух яго сыноўРуклю і Рэпінуса.
Войшалк, пачуўшы пра забойства бацькі, надта спалохаўся і ўцёк у Пінск, дзе зноў жа пасяліўся ў манастыры.
З гэтага моманту ў Вялікім Княстве Літоўскім і Жамойцкім пачаў гаспадарыць Транята. Так скончылася караляваньне Міндоўга, якое доўжылася 11 гадоў.
Пасьля захопу ўлады, Транята запрасіў да сябе брата Феафіла, каб той разьдзяліў яго радасьць і павіншаваў з набыцьцём новага панства.
Але Феафіл, які вызнаваў хрысьціянства, да таго часу ўжо зблізіўся з Войшалкам-манахам і паразумеўся з ім.
Войшалк падгаварыў Феафіла, каб той адпомсьціў свайму брату за забойства Міндоўга. Аднак пра іх змову даведаўся палачанін Пракопій. Ён і папярэ­дзіў Траняту, каб той засьцерагаўся ворагаў. Транята неўзабаве забіў Феафіла. Затым ён забраў Полацкае княства і пачаў аднаасобна гаспадарыць на Літве, Жамойці і Русі. Але Транята панаваў нядоўга.
Праз пэўны час Транята паслаў літоўскія і яцьвяжскія войскі на Мазовію, каб заваяваць Чэрвінскую зямлю. У гэты момант чацьвёра колішніх падданых Міндоўга раптоўна напалі на Траняту, калі ён ішоў у лазьню. Яны забілі яго, а самі ўцяклі да Войшалка ў Пінск.

III
Пасьля сьмерці Траняты паны Вялікага Княства Літоўскага, каб не дапусьціць унутраных забурэньняў і папярэдзіць шырокі наступ інфлянцкіх і прускіх крыжакоў на гаспадарства, зьехаліся ў Кернаве, пагасіўшы міжсобныя крыўды, з мэтай абраньня вялікага князяманарха і галоўнага гаспадара.
Пастанавілі абраць вялікім князем Войшалка, які на той момант жыў у Пінску ў манастыры. Праўда, на тым сойме не абышлося без гарачых спрэчак. Так, палачане, наваградцы, гарадзенцы, падляшцы і мазыране сышліся на тым, каб абраць на княжаньне аднаго з сыноў рускага караля ДанілыЛьва ці Рамана. Іншыя хацелі ўзьвесьці на вялікае княжаньне Данілавага пляменьнікаШварна, які на той час трымаў сталіцу ў Драгічыне, яго бацькаўшчыне. Літоўскія паны, не даючы іншым слова сказаць, ваяўніча настойвалі на абрань­ні Войшалка, як сына Міндоўга і сапраўднага спадчыньніка кароны. Яны пагражалі сілай узьвесьці Войшалка на пасад, у тым выпадку, калі ён адхіліць прапанову стаць гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага.
Урэшце, да Войшалка накіравалі пасольства, у складзе якога былі знакамітыя і аўтарытэтныя асобы. Ад імя ўсёй супольнасьці паслы прасілі Войшалка згадзіцца на панства, што належала яму паводле ўсіх правоў.
Пакліканы Богам да духоўнага стану, Войшалк доўга не згаджаўся з прапановай, прыводзіў мноства прычынаў сваёй адмовы.
Праз пэўны час да Войшалка накіравалі новых паслоў, якія ўльтыматыўна заявілі:
Калі не пагодзішся ўласнай воляй, гвалтам узьвядзём цябе на панства.
Урэшце, улагоджаны просьбамі падданых, Войшалк паехаў з Пінскага манастыра ў Наваградак. Адтуль з наваградцамі, з княскім почтам (суправаджэньнем), накіраваўся да Кернава. Там усе паны і баяры, уся супольнасьць з радасным узрушаньнем, з воклічамілада”, “ладаласкава прынялі Войшалка.
Затым, паводле ўстаноўленых цырымоніяў, з мечам, у каштоўных шатах і княскай шапцы, Войшалка ўзьвялі на трон Вялікага Княства Літоўскага, Жамойцкага, Наваградскага, Полацкага і Курляндскага. Усе зычылі вялікаму князю шчасьлівага панаваньня на доўгія гады.
Так Войшалк стаў гаспадаром дзяржавы. Але ён не разьвітаўся даастатку з манашскім станам. Апранаючыся, як вялікі князь, у сьветлакаштоўныя сукні, ён заўсёды на галаве насіў чорную шапку.

IV
Напачатку гаспадараньня Войшалк жорстка закатаваў мноства літоўскіх, жамойцкіх і яцьвяжскіх паноў. Так ён адпомсьціў ім за сьмерць свайго бацькі Міндоўга.
Многія паўцякалі з панства Войшалка, баючыся яго, нібы Нерона. Вялікі князь раздаваў іх маёнткі сваім дваранам.
Войшалк доўга перасьледваў унутраных ворагаў Ён пазбавіў іх скарбу, які потым скарыстаў на ўтрыманьне войска, што бараніла паўднёвы межы дзяржавы ад нападаў уладзімірскага князя Льва Данілавіча.
Вялікі князь Войшалк меў прыязныя дачыненьні з друцкім князем Шварнам, пляменьнікам Данілы. Супольна яны нападалі на Польскія землі і няшчадна рабавалі іх.
Пазьней, пасьля сьмерці Данілы, Войшалк сабраў незьлічонае войска з літвы, жамойтаў і яцьвягаў і завалодаў некалькімі рускімі замкамі. Потым вялікі князь рушыў на Валынь, маючы на мэце выдзерці горад Уладзімір з рук Льва Данілавіча.
Аднак князь Леў вельмі мудра ўнікнуў вайны з Войшалкам. Дбаючы пра свае ўладаньні, ён згадзіўся пайсьці на кампраміс з Войшалкам, паабяцаўшы перагледзець дзяржаўныя межы на яго карысьць.
Знайшоўшы паразуменьне з Львом Данілавічам, Войшалк загадаў распусьціць войска. Яны дамовіліся пра асабістае спатканьне, каб наперад не дапускаць вайны і канчаткова дамовіцца пра дзяржаўныя межы.

V
На лёсавызначальную сустрэчу ў горад Уладзімір прыехалі: галіцкі князь Васіль, родны брат рускага караля Данілы; друцкі князь Шварн ды іншыя рускія князі.
Войшалк прыехаў у прызначаны час да Вронска і спыніўся там у манастыры сьвятога Данілы, дзе ён калісьці жыў, як быў манахам. Разам з атачэньнем вялікі князь Войшалк цярпліва чакаў на прыезд рускіх князёў, каб дамовіцца пра новыя дзяржаўныя межы.
Аднак Леў Данілавіч зрабіў хітры і каварны ход. Ён вырашыў зацягнуць Войшалка глыбей у свае ўладаньні, каб там надзейна паканаць яго. Леў папрасіў Васіля і Шварна, каб яны сустрэліся з Войшалкам і прапанавалі яму разам з усімі панамі прыехаць ва Уладзімір дзеля сяброўскіх перамоваў.
Войшалк і літоўскія паны асьцерагаліся Льва, падазраючы яго ў падмане, бо між імі даўно ўзьнікла непрыязнасьць.
Аднак Шварн і Васіль гарантавалі Войшалку бясьпеку, кляліся сваёй верай.
Атрымаўшы гарантыі бясьпекі, Войшалк паехаў з імі ў горад Уладзімір. Там Леў з братам Раманам у нядзелю прынялі Войшалка, аказаўшы яму годнае ўшанаваньне.
Войшалк з яго атачэньнем спыніўся ў манастыры сьвятога Міхаіла.
На наступны дзень, пасьля перамоваў, немец Міршкальт, які служыў дарадцам у караля Данілы, запрасіў усіх князёў да сябе на ўрачысты абед.
Пасьля вячэры князь Васіль на добрым падпітку паехаў да сваёй гасподы (месца пражываньня). Войшалк з сваімі панамі, не адчуваючы аніякай пагрозы, таксама паехаў адпачываць у манастыр.
Праз нейкі час уладзімірскі князь Леў нечакана завітаў да Войшалка ў манастыр. Ён паклікаў Войшалка з пакояў і паводле сяброўскага звычаю прапанаваў:
Пане куме, выпем яшчэ. – Яны пакуміліся акурат у таго пана Мірш­­­­кальта.
Войшалк згадзіўся і, не адчуваючы небясьпекі і здрады, выйшаў да Льва.
Леў адразу пачаў дакараць Войшалка. Ён прыгадаў крыўды, якія чыніў яго бацька Міндоўг рускім землям, успомніў заваяваньне ім некалькіх замкаў.
Леў моцна распаліўся, затым гучна загадаў сваім слугам адскочыць, выхапіў шаблю і з размаху расьсек Войшалку галаву, ажно мазгі пырскнулі на сьценку.
Акрываўленае цела засталося ляжаць у манастыры.
Іншых паноў і дваранаў, што прыехалі з Войшалкам, таксама ўсіх зьніш­чылі.
Такім неспадзяваным чынам Леў паклаў канец вайне з Літвой.
Галіцкі князь Васіль і друцкі князь Шварн неверагодна перажывалі і смуткавалі з-за такога здарэньня, бо менавіта яны кляліся Войшалку, абяцалі яму поўную бясьпеку.
Забойства Войшалкавялікая ганьба і пляма на ўвесь рускі народ, бо быў зламаны прыняты ўсімі народамі звычай.
Войшалка пахавалі ганарова, як вялікага князя, у тым жа манастыры сьвятога Міхаіла ва Уладзіміры.