12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Усевалад Сьцебурака

_____________________
Вера ў цуды.
Тры аповеды


Тры каралі
Напярэдадні Раства ў мястэчку ля царквы паставілі жалезную агароджу і рамку металадэтэктара. Бадай, без відочнай прычыны, выключна згодна з патрабаваньнямі часу. Бабулькі, ідучы да вячэрняй, паслухмяна праходзілі праз брамку, падсьвядома сьціскаючы нямодныя сачакі і зьлёгку дзівячыся рознакляровым лямпачкам, што міргалі, карысна нагадваючы аднак, што ключы ад хаты на месцы. Пры дэтэктары, каб не парушаць кананічнае традыцыі, згодна якой, ля кожнае важнае брамкі мусіць быць вартавы, стаялі і мерзьлі на 15-градусавай зімноце тры сьвятыя Пётры ў міліцэйскай форме.
Нарэшце народ паволі сабраўся і набажэнства пачалося. Брамка па-сіроцку міргала зялёным вочкам індыкатара, а ахова мерзла на сьцюдзёным сіверы. Хвіліны цягнуліся марудна, як мерныя царкоўныя сьпевы за мурам бажніцы. Запанавала цішыня і задуменьне. Адчайна мерзнучы, першы міліцыянт, у насунутай да броваў вушанцы думаў: “Божа мой, ня тое каб верыў я ў Тваю існасьць, але зараз, Ты бачыш, я надта хачу быць разам з тымі, хто ў доме Тваім (то бок, у падахоўным будынку), бо веру і ведаю, што ім добра (і цёпла) там!” Ён хукнуў у далоні і хацеў перажагнацца, але паленаваўся зьняць рукавіцы.
Другі міліцыянт таксама ў думках быў блізкі да велічнага: “Першая зорка Калядная, чакаю я цябе, як сваю...” – тут ён трошкі засаромеўся, ці казаць Богу, пра тое, што яму вось-вось мусілі да яго трох лейтэнанцкіх зорак дадаць чацьвёртую капітанскую, і што апошнім пацьверджаньнем яго заслугаў па бездакорнай ахове зімовых сьвятаў у горадзе мусіла стаць праваслаўнае Раство... Таму ён стрымаўся і падумаў толькі: “Як сваю”...
А трэці, самы малодшы, стаяў і мерз з уласнае ахвоты. Ён быў каталіком і свае Каляды адзначыў да Новага году. А мерз цяпер прынцыпова праз каханьне, бо ажаніцца зьбіраўся з праваслаўнай дзяўчынай, маці якой была няўхільнай у канфесійным пытаньні. Дык праз такі інтарэс ён стаяў ля царкоўнага ганку найбольш зацята з усіх трох, поўны рашучасьці сустрэць каханку і яе маці першым і шчыра павіншаваць з Калядамі ў надзеі на лепшае
А вецер насіў над мястэчкам сьнежныя віхуры і званілі званы, абвяшчаючы нараджэньне таго, каго кожны чакаў па-свойму.


Казка
Аднойчы ў горадзе з нядрэнным народам і вечным каралём адбылася вось якая зімовая гісторыя.
Жыў сабе там хлопец, быў ён нібы з усімі разам і нібы сам па сабе, чым таемна і ганарыўся, а таму і імя было яго адпаведнае. На нашую мову яго можна перакласьці як Воўк, альбо на нешта падобнае, ну, а можа і зусім не такое, але памятаю дакладна, што гэта было рэдкае і досыць дзіўнае імя з ліку тых, якімі больш амаль не называюць дзетак у наш час. Дык вось, жыў той чалавек у маленькім дамку на вуліцы, што пачыналася ля вялікага гарбатага маста і цягнулася доўга праз кварталы, аж пакуль не выбягала за межы места і не ператваралася ў паўднёвы тракт. Жыў ён з рахманым і разумным сабакам, мянушку якому падабраў сам, і таму, мяркую, вам зразумела, што мянушка ў сабакі была таксама няпростая да запамінаньня, але тое асабліва і ня важна, бо аб сабаку будзе сабачая казка, а цяпер гаворка пойдзе пра людзей. Быў Воўк не старым, але даўно і не падлеткам, не прыгажуном, але далёка не пачварай, меў час і на сяброўскае застольле і на сурёзную справу, праўда, багацьця ён ня меў, але і босы не хадзіў. Карацей, жыў нядрэнна і мог бы жыць яшчэ лепш, але была адна рэч, якой яму бракавалавера ў цуды. Нельга, канешне, сказаць, што ня верыў ён у сьвятых ці чарцей, крый Божа ад такога! Не! Прызнаваў ён нават і Дзеда Мароза, бо сам калісьці, апрануўшы футра, капялюх і калматую бараду, весяліў дзятву ля елкіАле каб даць веры ў сапраўдны цудто не. Наогул, цуды, лічыў ён, для простых і цёмных, а сам ён, паколькі прачытаў досыць багата кніжак, мог лёгка і ўласных цудаў напрыдумляць ого-го колькі! Было б каму слухаць, разьвесіўшы вушы! Так сабе ён разважаў і жыўне тужыў.
І вось неяк напярэдадні зімовых сьвятаў, што ладзілі людзі на зыходзе сьнежня, сустрэў Воўк дзяўчыну. Ён нібыта і ведаў яе раней, але той раз, сустрэўшы, як толькі зірнуў, адчуў імгненна, што нічога ў сьвеце яму больш ня трэба, апроч аднаго-адзінагабачыць яе штодзень поруч. Усё ў яе абліччы было яму да спадобы: і твар, і стан, і голас, і думкі, а ўжо пра вочы й казаць няма чаготакіх вачэй не даводзілася бачыць яму ніколі. Так вось, сустрэўшыся аднойчы ўвечары, яны адразу ўзялі адзін аднога за рукі і з кожнай гадзінай разыходзіцца ім хацелася ўсё меней. Яны шпацыравалі па вуліцах, дзе клапатлівыя гандляры сьпяшаліся прадаць свае тавары мінакам, якія сноўдалі з разгубленнымі і заклапочанымі тварамі ў пошуках падарункаў ды страваў да сьвяточных сталоў; трымаючыся за рукі, хадзілі па ціхіх парках з маўклівымі і таямнічымі дрэвамі, што прыкрывалі іх галінамі-рукамі ад ветру; спыняліся проста на ходніках выспачкай спакою сярод тлумнага натоўпу, гледзячы адно адному ў вочы
Незаўважна праляталі дні і вось наблізілася тое самае галоўнае зімовае Сьвята, да якога і рыхтаваўся горад з яго добрымі і крыху стомленымі за год людзьмі. Гарэлі рознакаляровыя агеньчыкі ў вокнах, мякка падалі сьняжынкі на лапы калматых елак, што стаялі на плошчах, а дзеці праяўлялі дзівосы паслушэнства ў чаканьні падарункаў. І ў тую сьвяточную ноч нават самыя злыдні сталі крыху мякчэйшымі ў прадчуваньні нечага сьветлага, што само разьлілося ў паветры
Цяпер ужо ніхто ня памятае, як і чаму, але сталася такім чынам, што чалавек, пра якога ідзе нашая гаворка, не сустрэў гэты сьвяточны вечар разам з той, з якой мусіў. Побач з той, якая і ня ведала, што ўсяго аднойчы ўзяўшы яго за руку, назаўсёды забрала яго сэрца. Гавораць людзі па-рознаму, адныя, што меў ён нейкі неадкладны клопат ці дужа пільную патрэбу, іншыя, што сталася так праз яго ўпартасьць і жаданьне пайсьці насуперак лёсу, алеён застаўся дома, сам-насам з сабой і лёг спаць. У сьне ён варочаўся, бо было неяк неўкладна, як кажуць нібы сабаку ў цеснай будцы, і сьніў Воўк незвычайны сон. Сьніў кнігу, дзе да сярэдзіны старонкі былі звычайныміз літаркамі і малюнкамі, а пасьля раптамспрэс белыя, як бы хто з друкароў забыўся набраць шрыфт і варштат адціснуў пустэчу. Колькі ні гартаў Воўк кнігу, ня мог і кропачкі больш знайсьці на белай нерушы бачынаў на той палове дзіўнае кніжкі...
А за вакном віравала сьвята. Вясёлыя гулі ў горадзе працягваліся амаль да ранкуляскалі фейерверкі, сакавіта, з гучнымш-ш-шпок!” адкаркоўваліся пляшкі, чуліся вясёлыя галасы, што сьпявалі песьні пра жыцьцё і шчасьце. А пасьля паволі ўсё сьціхла.
Уранку Воўк падняўся як звычайна бадзёрым і вясёлым, пакудлаціў галаву сабаку і, выпіўшы кавы, выйшаў на шпацыр. Спускаючыся прыступкамі, ён пасьміхаўся задаволена сам сабе і думаў, як усё ж адважна і рашуча праспаў Сьвята, якое так чакаў і, пэўна, моцна адгуляў увесь горад. “Нічога сабе якрэмень! Мне гэтыя сьвятынішто, так балаўство адное, дый і паненка мая даражэнькая, напэўна, пасумавала без мяне ды пабачыла, што ня так моцна трымаюся я за яе спадніцу. Так! Ямужчына, а нам усе гэтыя цуды сьвяточныя, загадваньні-варажэньні хоць бы хны.” Так, разважаючы то да сябе, то да сабакі, выйшаў ён на вуліцу. Паўсюль ляжалі гурбы сьнегу, не разьмеценыя нават ні трошкі. “Хіба прыбраць няма каму? Сьпяць усе!..” – лёгка знайшоў адказ Воўк і пайшоў па сумётах да плошчы. Па дарозе, якая заняла хвілінаў хай з тузін, не пабачыў ён ні сустрэчных, ні спадарожных, ні нават іх сьлядоў, не было і сьлядоў самога баляваньняякія непазьбежна застаюцца паўсюль і прыбіраюцца яшчэ не адзін дзень. Праўда, сабака некалькі разоў сустракаў іншых сабе падобных, але падымаў поўсьць дыбам, бо ягоныя сябрукі кудысь падзеліся, а гэтыя былі незнаёмымі і досыць варожа выглядалі з падваротняў і падездаў...
Сядзяць, пэўна, па хатахбо за сталамі ўчора трыбухі набілі так, што і на двор ня могуць выйсьці” – працягваў тлумачыць сабе бязлюддзе адзін-адзіны на ўвесь горад чалавек. Але тлумачэньні, хай сабе і верагодныя, не былі вычарпальнымі. Чаму не працавалі крамы, якія звычайна адчыняліся руплівымі гаспадарамі ад сьвету, гатовыя прапанаваць пакупнікам ежу, а засьмяглым гулякам і жбан добрага пітва? Чаму не прасілі міласьціны жабракі, што днююць на ўсіх скрыжаваньнях вулак? Урэшце, дзе падзеліся верныя каралю ахоўнікі парадку, што пільным вокам сочаць за кожным крокам паслухмяных і амаль заўсёды ціхіх людзей гораду? Усе гэтыя пытаньні заставаліся без адказу.
Гадзіну, за ёй другую і трэцюю ён, агаломшаны незразумелай пустэчай гораду, хадзіў бяз мэты. Наважыўся было заглядаць у вокны і дзьверы будынкаў, але, ня ўбачыўшы нікога, палохаўся і ізноў выбіраўся на вулкі. Так хадзіў ён пакуль нарэшце ў самотным роздуме не спыніўся пасярод самай буйной плошчы места. І тут ён канчаткова ўсьвядоміў жудасьць незразумелай яму справыратушны звон, што спрадвеку адзначаў гадзіны жыцьця гораду, ніводнага разу ня бомкнуў ад самага пачатку яго ранішняга блуканьня... Азначаць гэта магло толькі адночас спыніўся!
Сарваўшыся з месца, ён пабег куды глядзяць вочы, а з ім побач, радасны і ў поўным неразуменьні настрою гаспадара, ляцеў яго верны чатырохлапы сябра...
Жах! Што здарылася?! Чаму я адзін, дзе ўсе?” – такія думкі джалілі як пчолы і падганялі яшчэ хутчэй. Згубіўшы капялюш і рэшткі раўнавагі, ён выбег да невядомага яму раней завулку, дзе было таксама ціха і мёртва, як і паўсюль, аледзівагарэла маленькае акенца амаль на ўзроўні зямлі! Воўк падышоў бліжэй і агледзеўсяда памяшканьня з агеньчыкам у вакне вяла лесьвіца з некалькіх прыступак і ўпіралася ў дзьверы, на якіх была выява: два маленькія малаточкі і гадзіньнік.
Яшчэ хвіліну таму ён шукаў людзей, цяпер жа, адзіны гараджанін, аднак, адчуў перасьцярогу, знайшоўшы прыкметы жыцьця ў гэтым дамку... Але, набраўшы паветра ў грудзі, ён штуршком адчыніў дзьверы і ўвайшоў у пакой з нізкай столяй і простай мэбляй, які пры гэтым быў наўзьдзіў цёплым і ўтульным, і навяваў спакой івусьціш. Па сьценах на паліцах былі растаўленыя і раскладзеныя інструменты, нейкія бу­тэлечкі і зусім не зразумелыя дробязі, відавочна патрэбныя чалавеку за вялікім сталом, што ціхенька цюкаў малюсенькім малаточкам па зусім дробнай дэтальцы.
Васпан гадзінных справаў майстра?” – нерашуча спытаў Воўк, хоць і ведаў адказ. “Так” – хітнуў галавой сівы маленькі дзядок. – “Большскажу табея самы стары майстра ў горадзе”.
Дык, напэўна вы ведаеце, што здарылася з нашым ратушным гадзіньнікам. Ён маўчыць, хоць бомкаць павінен штогадзіну? Яго голас я чуў з маленства ва ўсіх кутках гораду і нават далей на вакольных паплавах...”, – чамусь узгадаў прамінулыя бесклапотныя дні дзяцінства Воўк.
З нашым гадзіньнікам усё ў парадку, павер мне. Я правяраў яго надоечы і гарантую дакладнасьць”, – гэтак жа спакойна, займаючыся сваёй справай, паведаміў майстра.
Магчыма, ён глухі, гэты дзед, і ня чуе нічога. Што ён вярзе, стары пень?” – толькі і пасьпеў падумаць хлапец, як пень адказаў – “Я кажу табе толькі тое, што ведаю і выдатна чую, ня горш за твайго курту, прынамсі”, – і так пасьміхнуўся сабаку, што той адразу падышоў да незнаёмца і паклаў галаву яму на калені.
Слухай, хлопец, справа ня ў ратушным звоне, не ў тваіх вушах і не ў вачах, якімі ты бачыў увесь гэты пусты горад. Ён сапраўды пусты амаль увесь. Калі дакладнаў ім зараз ёсьць ты, зграя бадзяжных сабак ды котак, і я... Такія колькасьць і склад насельнікаў тлумачацца ня бежанствам і не хваробай, не захопам у палон і ня высылкай, а тым, што ўвесь горад зараз жыве ў наступным першым дні Новага Году пасьля сьвята, а тыу старым дні Году Мінулага. Бачыш, на вуліцах сёньня пуста, бо ўсе там былі ўчора! Дарослыя і моладзь ад душы весяліліся, бацькі падыходзілі да ложкаў немаўлятак, каб з падарункам перадаць ім драбнічку сьвята, а дзеці завітвалі да сваіх нямоглых бацькоў, каб зрабіць іх спрычыненымі да агульнае радасьці. Нават хатнія сабакі дзялілі настрой сваіх гаспадароў, хрумстаючы пад сталом косткі з багатага застольля... Не даеш веры? Ты ж бачыш, на вуліцах засталіся толькі блыхастыя кульгавыя бедакі, што спалі па халодных сьмярдзючых кутох, ня маючы прытулку. Твой сабака і тое гэта зразумеў... Ва ўсім вялікім горадзе знайшоўся адзін ты, хто сьвядома ці па глупству, мяркуй сам, адмовіўся ад усяго гэтага дзеля ганарліўства”, – скончыў сваю прамову дзед.
І значыць мы, усе хто тут, зьнікаем для іх, тых, хто працягвае жыць у новым годзе? Значыць мне не падавалася, што некаторыя людзі проста часам як правальваюцца скрозь зямлю? Што ж мне рабіць?!” – у роспачы закрычаў Воўк, зразумеўшы невыпраўляльнасьць памылкі. – “Няўжо нельга нічога-нічога зрабіць, каб вярнуцца да ўсіх?!”
А на што табе да іх? Ты ж абраў кампанію сабе сьвядома, цяпер ты ў ёй. Навошта табе да людзей з іх варяцкімі сьвятамі і пяным галёканьнем, глупствам і абмежаванасьцю? Навошта? Калі ты давёў сваю непахіснасьць і мужчынскасьць дзяўчыне? Што яшчэ ты ім хочаш даць ці ўзяць? Што табе да таго сьвету ад сьвята якога ты адцураўся?” – ціха і абсалютна някрыўдна, але праз гэта яшчэ больш балюча, пытаўся стары гадзінных справаў майстра.
У галаве праносіліся тысячы прычынаў, якія павінны былі патлумачыць жаданьне вярнуцца, узгадваліся словы, вобразы, пахі, смак страваў, галасы сяброў, але ўсё гэта, імгненна прабегшы, зьмянялася навалай новых успамінаў. Усё ня тое... і раптам, як з цёмных глыбіняў на сьвет усплываюць, паднятыя бясстрашнымі нырцамі, дзіўнае чысьціні пярліны, усплыло: “Мне трэба вярнуцца, каб яшчэ хоць раз зірнуць у яе вочы!”
Упершыню за ўсю размову дзед падняў галаву і сказаў коратка і гучна: “Гэтапрычына. І я дапамагу табе. Не таму, што ты першы, хто просіць, а таму што ты ўпершыню зразумеў, што ёсьць нехта больш важны для цябе, чым ты сам... І яшчэ я не хачу, каб яе вочы страцілі свой колер ад тугі”, – дадаў цішэй убок. Пасьля падняўся з-за стала, падышоў да паліцы і ўзяў адтуль стары, як ён сам, невялічкі гадзіньнік. “Гэта самы просты, адзін з тых, якія ты бачыў дзясяткі разоў. Ён не чароўны, кажу адразу, бо ведаю, у чарадзействы ты ня верыш, проста гадзіньнік гэты спазьняецца ад існага часу на 10 гадзінаў... Разумееш, мне прынесьлі яго і я ня даў рады яго адрамантаваць. Бяры гадзіньнік, бяжы дадому, ты як раз пасьпяваеш, і сустрэнь учарашняе страчанае сьвята па ім, разам з тваім маўклівым разумным сабакам. А пасьля будзе сон... І сапраўдны ранак”, – скончыў, ізноў сеўшы за стол, дзед, і дадаў: “Ну, што стаіш? Бяжы! Што яшчэ не зразумела?”
Толькі ўзяўшы важкі будзільнік у рукі, Воўк адышоў ад здранцьвеньня, у якім быў, агаломшана слухаючы расповед: “Прабачце, дазвольце апошняе пытаньне? Мне ўсё зразумела акрамя аднаго: што вы, пане, робіце тут, у бязчасьсі? Вы ж ведалі, што трэба рабіць, каб не застацца ў Мінулым Годзе?”
Ведаеш, сынок, мне трэба камусьці раз пораз збываць і зламаныя гадзіньнікі. А ў мяне заўсёды іх ёсьць некалькі... Ня ведаю, напэўна, я дрэнны майстар?” – і, ціха пасьміхнуўшыся, дзіўны дзед ізноў схіліўся над сталом...
Дамойў Воўк бег як ніколі ў жыцьці і навокал было ўсё як у сьне: вуліцы, дамы, плошчы, вокны і цішыня, але цяпер ужо зусім ня страшная. Страшна яму было толькі адноне пасьпець дадому ў час, бо набліжалася найвялікшае, такое сьветлае і сапраўднае сьвята, якое ніяк нельга было прапусьціць!


Ялінка
Майму сябру Дзянісу Будрыку

Асабіста я нарадзіўся ў Краіне Саветаў, але ня ўсім так пашчасьціла. Вось мой сябра Дзяніс быў пазбаўлены такога шацунку і зьявіўся на сьвет далёка адсюль у горнай краіне Перу. Зразумела, што такога выпрабаваньня лёсу іншым бы хапіла на ўсё астатняе жыцьцё, але для Дзяніса і на гэтым прыгоды ня скончылісяў хуткім часе (недзе праз год) наступнай краінай для яго сталася славутае на ўвесь сьвет месца – “выспа Свабоды”.
Там малечай ён засяроджана ўглядаўся ў барадаты твар дзіўнага дзядзь­кі ў тэлевізіі, што гадзінамі без перапынку прамаўляў свайму народу аб сьветлае прышласьці. Вось тут бы я, у сваю чаргу, мог пазайздросьціць, бо фідэлевага запалу і апантанасьці савецкім кіраўнікам майго дзяцінства ўжо не ставала. Папраўдзе кажучы, апроч палымяных выступаў не ставала мне яшчэ і мора, і дзівоснае тамтэйшае расьліннасьці, але, як паказала далейшае разьвіцьцё падзеяў, і для майго шаноўнага сябра нялітасьцівы лёс прадугледзеў свае нястачы.
Адбылося гэта тады, калі надышоў час зьбірацца ў школу. Бацькі вырашылі хоць за кароткі тэрмін, але ж падрыхтаваць малога, здаўшы яго на выхаваньне ў пэўнае месца, дзе займаюцца, гэтак мовіць, прэвентыўнай адукацыяй. Гэта была першая сурёзная школа жыцьця савецкага чалавека, з доўгага шэрагу школаў ад ясьляў да войска, інстытуцкага інтэрнату ці, нават, нараў выпраўленча-працоўных установаўкаму як выпадзе. Дык вось пяцігадовы хлопчык, які на свае вочы бачыў ламаў і Кастра, патрапіў у кузьню будучых першакласьнікаўдзіцячы садок для дзетак грамадзянаў СССР на Кубе.
Што можна сказаць пра гэтую пачвару ўрбаністычнага ладу жыцьця тым, хто ўхіліўся яе абдымкаў? Бадай тое, што агулам садок можна параўнаць з перыядам жыцьця чалавека да родаўпрамежак істотны, але памяць аб ім фактычна адсутнічае. Школу памятаюць, узгадваюць ПТВ, міфалагізуюць ВНУ, а садок, ну, быў сабе і быў. Мала хто выносіць трывалыя ўспаміны аб той пары, калі ты ходзіш у панчохах чырвонага колеру, душышся манкай і запіваеш сьлёзы нежаданьня класьціся днём спаць кампотам з сухой садавіны. Але і тут мой шаноўны дружа вызначыўся, ня проста стаўшы героем цікавае і павучальнае гісторыі, але і здолеўшы запомніць і распавесьці яе.
Пачалося ўсё звычайна, як пачынаецца большасьць цікавых здарэньняў у сьвеце. Неяк пасярод зімы, якая там ня розьніцца ад нашага лета, ні з поля ні з лесу, выхавацелька на занятках маляваньня загадала дзецям, узброіўшыся алоўкамі і фарбай, намаляваць цудоўную, апетую ўсімі без выключэньня рускімі класікамі, часіну годувосень. Здавалася б, што можа быць прасьцейяк мага болей колераў і шэдэўр гатовы для вывешваньня ў калідоры на сьцяне паміж сталоўкай і прыбіральняй. Але гэтае, на першы погляд нескладанае заданьне, паставіла ў тупік Дзяніса. У той час, як астатнія дзеці пачалі спрактыкавана вымазвацца ва ўсе колеры вясёлкі, ён сядзеў над сваім аркушыкам і скрушна грыз просты аловак з залатым надпісам зьверху уніз – “Першацьвет”. Навокал дзятва, разышоўшыся як парсюкі на дождж, натхнёна стварала помнікі дадаістычнага мастацтва, а новенькі сядзеў ціха і, унурыўшы голаў, чакаў заканчэньня часу, адведзенага для гэтага невыканальнага даручэньняна яго аркушыку тырчэла цьвіком адна невялічкая цёмна-зялёная ялінка...
Нарэшце выхавацелька сабрала працы і, скупа ўхваліўшы найбольш удалыя, павяла малых да ўмывальнікаў, вяртаць чалавечае аблічча. Пры гэтым Дзёню дасталося зьдзіўленна-спачувальнаеага...” і дазвол заставацца на сваім месцы з тае нагоды, што адмывацца ўсё роўна няма ад чаго.
Выглядала, што непрыемны інцыдэнт быў вычарпаны, і нягеглы мастак пачаў забывацца на яго, з імпэтам ламаючы ў кутку чарговую цацачную машынку. Але ўвечары, калі бацькі пачалі забіраць сваіх дзетак па хатах, апранаючы іх ля сьмешных рознакаляровых кабінак, выхавацелька, адвёўшы Дзянісаву матулю ўбок, паспачувала ёй наконт такога хлопчыка, у якога, (“не ісключано”) што назіраецца запаволенае псіхічнае разьвіцьцё.
Якая ж матуля, а тым больш настаўніца (а Дзёнева матуля ёй і была), можа застацца спакойнай пры такіх нядобрых навінах? Зразумела, што ніякая, асабліва, калі раней нішто ў паводзінах сыночка не выдавала на дыфектыўнасьць, выяўленую пільнай выхавацелькай. Адпаведна па вяртаньні дахаты былі прынятыя ўсе мажлівыя захады па ліквідацыі няўменьня маляваць. Перад Дзёнем на стале зьявіліся неабходныя прылады і той паслухмяна, згодна прапановаў, намаляваў дамок, чалавечка, коціка, пры гэтым, выяўляючы, калі ня талент, дык спрыт і пэўную ахвоту. Такі расклад трохі супакоіў матулю, і яна, загадаўшы ўрэшце рэшт намалявацьгэтую няшчасную восень”, пабегла ў краму.
Але тут ізноў паўтарылася прыкрая сітуацыя з камечаньнем аркушыка і грызеньнем алоўкавосень не паддавалася. На паперы аформіўся маленькі ельнічак, але восеніачэй ачараваньнягэта з сябе ніяк не ўяўляла. Матуля не на жарт занепакоілася і падключыла да справы і бацьку, які якраз вярнуўся з працы і толькі адчыніў дзьверы ў кватэру. Разам бацькі, забыўшыся на стому, перапыняючы адзін аднога, малявалі, дапамагалі парадамі, вадзілі сынавай рукой па паперы... Праз паўгадзіны бяссэнсоўнага зьдзеку з хлопца і фарбаў была сабраная тэрміновая педнарада. На парадку дня стаяла невырашальнае пытаньнеЧаму?!”
Па чарзе выведваючы ў Дзёні яго праблемы з выяўленчым мастацтвам, бацькі блыталіся ўсё больш, бо праблемаў нібы і не існавала. Пасьля падазрэньні пачалі падаць на крыўду на настаўніцу, ці аднакашнікаў па садку, але і тут нібы было ўсё добра. Калі ўсе мажлівыя версіі і гіпотэзы не знайшлі падмацаваньня, і бацькі здаліся, Дзяніс Анатольевіч (тут яго трэба назваць менавіта так, бо ён зьдзейсьніў учынак варты мужчыны) мужна і сьцісла прызнаўся ва ўсім.
Зьмест прамовы зводзіўся да наступнага: за сваё нядоўгае, але поўнае прыгод жыцьцё, якому 99 адсоткаў равесьнікаў маглі б толькі пазайздросьціць, малодшы сын лінгвістаў-перакладчыкаў проста ня меў магчымасьці на свае вочы пабачыць сапраўдную залатую восень беларускіх шыротаў! Прырода гасьціннай Кубы з яе экзатычнай расьліннасьцю не давала ўяўленьня пра жоўтыя, чырвоныя, барвовыя шаты восеньскіх клёнаў, ліпаў ды бярозаў, што з маленства зьяўляюцца звычайнай карцінай для ўсіх жыхароў нашых краёў. Што можа быць больш звыклым і знаёмым, чым дожджык, рознакаляровае лісьцё ў лужынах, дзе адбіваецца шэрае верасьнёўскае неба? Як можна жыць без такіх блізкіх і ўсім знаёмых вобразаў?
Ня дзіўна, што ні выхавацелька садка, ні бацькі, ні іншыя дзеці, наро­джаныя ў Саюзе, не маглі ўявіць сабе, што карані Дзёневага задуменнага выгляду і дзіўнай адвечназялёнай ялінкі палягаюць у тым, што Восень і Дзяніс яшчэ ніколі не сустракаліся. А з усяго небанававага, некакосавага і не трапічнага ў малога Дзёнькі ў арсенале мелася толькі адна-адзіная зялёная калядная ялінка.