12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Усевалад Сьцебурака

_____________________
Бясконцасьць магчымасьцяў.

Магчымасьць пачытаць.
Сяргей Дубавец. Вострая брама.
(Бібліятэка Свабоды.
ХХІ стагодзьдзе).
– Радыё Свабодная Эўропа/
Радыё Свабода, 2005. – 520 с.

Вострую Браму можна было на свае вочы пабачыць, наведаўшы Віль­ню. З 1997 году ў Брамы зьявіўся свой голас – і адпаведна мажлівасьць яе пачуць. Цяпер Браму можна яшчэ і чытаць. Выйшла кніга выбраных перадачаў “Вострае Брамы” Сяргея Ду­баўца за 7 гадоў існаваньня праграмы (з 1997 па 2004).
Выданьне кнігі асобных перадачаў “Вострае Брамы” – стоадсоткава вывераны і патрэбны крок. Гэта знакавы і сімвалічны “праект”. Найперш праз тое, што народжаная на, мусіць, самым вядомым радыё – Свабода, сімвале, што не патрабуе дадатковага тлумачэньня; па-другое, мае назву, якая ўвасабляе нашае годнае, хоць і прыцярушанае пылам гісторыі, мінулае; па-трэцяе, створаная чалавекам, які ўжо і сам пасьпеў стаць сімвалам...
Ці праз вышэй адзначанае, ці яшчэ чамусьці, але “Вострая брама” — кніга складаная. Чытаць яе цікава, але разам з тым скрушна, крыўдна і, урэшце, сорамна. Гэта той прыклад, калі ад шматлікіх ведаў, шматлікія праблемы. Сваё веданьне прозьвішчаў расстраляных паэтаў, зьніклых нацыянальных каштоўнасьцяў, забытых словаў роднае мовы сп. Дубавец перадае разам са сваёй метафізічнай тугой, песімістычнай наканаванасьцю, сваім болем. І калі вы ня маеце добрае меры здаровага цынізму ваеннага хірурга, карцінка жыцьця па прачытаньні падасца зусім бляклай.
Дадамо, што зьмест перадачаў сп. Дубаўца ніколі, нават ускосна, не прэтэндаваў на забаўляльнасьць, эфір часам быў насычаны такім сур’ёзным факталагічным матэрыялам, што пэўныя тэзы прэтэндавалі на сапраўдныя адкрыцьці. Адпаведна і кніга ня стала лёгкай чытанкай. Ды ўсё ж “Вострая брама” ў графіч­ным выглядзе ўспрымаецца значна лягчэй і дае выдатную магчымасьць перагледзець раней чутае. Тое, што яе можна павольна чытаць, спыняючыся на пэўных месцах, вяртацца і забягаць наперад – спаталяе ня толькі прагу ведаў, але і прыносіць эмацыйнае задавальненьне ад хай сабе і няпростай гутаркі з прыемным і цікавым чалавекам.
А калі нехта заўважыць у тэксьце ды­дактычныя ноткі і выкрывальніцка-крытычнае стаўленьне, дык гэта, хіба хутчэй, ня аўтарскае, а нашае, бо ніхто ж не забараняе і нам спрабаваць зірнуць на сьвет з Вострае Брамы, а не стаяць ля яе з адкрытым ротам і прытрым­ліваючы на галаве капялюш: можа адтуль сьвет выглядае сапраўды па-іншаму?...

Магчымасьць падумаць.
Алесь Пісьмянкоў. Думаць вершы.
Вершы , успаміны, эсэ.
Мн., “Мастацкая літаратура”, 2005

У кожнага літаратара ёсьць свая першая кніга і, рана ці позна, зьўляецца і апошняя. У Алеся Пісьмянкова апошняя кніга “Думаць вершы” выйшла ў 2005 годзе, і аўтар яе не пабачыў. Ня ўзяў у рукі свой “Залаты апостраф” за нізку “Ня сьпіць мая бяссоньніца” з вершам “Мастак”, які зараз кожны назаве прароцкім:
Ты яго ня знойдзеш зорку –
Ён ступіў за той парог.
Зараз з ім вядуць гаворку
Гегель,
Гогаль
І Ван Гог.
Алесь Пісьмянкоў адышоў у лепшы сьвет, а кніга пабачыла сьвет гэты, праўда, уклаў яе ня сам аўтар, а Віктар Шніп. Першую частку складаюць вершы з розных нізак. І апошнія творы, і паэзія юнацкіх гадоў разам ствараюць вельмі цёплы і шчымлівы настрой. Зьяўляецца ўражаньне, што чытаеш нешта інтымнае і зусім табе не прызначанае, – асабліва ў вершах пра маці, бацьку і родныя мясьціны. У такіх варунках шчырае сьцьвярджэньне аўтара «Сьветла мне пад месяцам між Дняпром і Бесяддзю» выглядае прызнаньнем у каханьні чалавека, які сам быў сьветлым і пакінуў гэткі ж сьлед. У вершах чыстая лірыка, такой не хапала заўсёды, а з зыходам Алеся Пісь­мян­кова паменела яшчэ.
Эсэ, якія складаюць другую частку, шмат у чым працягваюць лірычны лад паэзіі. У іх развагі пра сябе і пра сяброў, маленечкія абразкі з паўся­дзённага жыцьця, з простымі сюжэтамі і сур’ёзнымі падсумаваньнямі – кшталту такіх, як у аповедзе “Ці збываюцца вершы?”.
Трэцяя частка зьмяшчае ўспаміны пра аўтара. Яны па-свойму падобныя, хаця створаныя рознымі людзьмі. Распачынае іх жонка аўтара Алена зваротам да свайго мужа, каханага, бацькі цудоўных сыноў. Працягваюць паэты і пісьменьнікі, калегі па працы, што стаяць побач з Алесем на фотаздымках, якімі аздобленая гэтая апошняя кніга...
«Жыву спадзяваньнем на сьнег...» – пісаў Алесь Пісьмянкоў у вершы “Прад­чуваньне”, і яно не падманула яго: паэт дачакаўся сьнегу 2004 году і сышоў са сьвету жывых увесну, пакінуўшы свае вершы, над якімі цяпер нашая чарга думаць.


Магчымасьць адчуць.
Андрэй Хадановіч.
Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі.
Мн., “Логвінаў”, 2005.

З адносна нядаўняга часу ў менскае публікі зьявілася магчымасьць пакаштаваць, не наведваючы Туманнага Альбіёну, сьпецыфічнага ангельскага піт­ва – «Guiness», якое спрадвеку п’юць заўзятары тамтэйшых пабаў. Але, трэба адзначыць, што для цалкавітага ўз­наўленьня атмасферы славутых ангель­скіх піўных у нас усё ж не хапала іх фальклорнага каларыту. Дзякуючы сп. Хадановічу гэты недахоп быў ліквідаваны, і мы спрычыніліся да лепшых тра­дыцыяў ангельскага абсурду, як напісана ў самой кнізе «перанесеных аўтарам на беларускую глебу».
Назва гэтага абсурду – лімэрык. Родам ён з Ірландыі, з аднайменнага гораду, дзе жыхары, маючы вясёлы нораў, спаборнічалі між сабою ў сьпяваньні бязглузьдзіцаў. Асаблівасьцю такіх вершыкаў зьяўляецца прысутнасьць нейкага героя і згадкі пра паселішча, якія «цэментуюць» зьмест твору. Усю астатнюю слаўную гісторыю лімэрыка аўтар з уласьцівай яму іро­ніяй, якая аднак не ўплывае на акадэмізм выкладаньня, распавядае сам у прадмове да выданьня.
Пяцірадковыя вершы жартоўнага зьместу ў колькасьці 100 адзінак – гэта вясёлы настрой, які апануе нават самага сур’ёзнага чытача, асабліва калі той прачытае верш, прысьвечаны ягонаму роднаму кутку. У лімэрыках Андрэя Хадановіча знайшлі адлюстраваньне ўсе праявы нашага пры­ўкраснага паўсядзённага жыцьця з яго бандзюгамі, што вырашаюць пытаньні з дапамогай бензапілы і падагрэтае смалы; з сексуальнымі маньякамі і іх ахвярамі; з палітычнымі вязьнямі і рэжымам нашых турмаў і шмат чым яшчэ.
Асобна стаяць некалькі лімэрыкаў, у якіх і ня дужа дасьведчаны чытач знойдзе рэальны кантэкст і пазнае ў героях баек нашых суайчыньнікаў, сярод якіх ёсьць і паэт, і мастак, і палітык.
Знакаміты мастак у Бабры
маляваў на ўсялякім дабры –
дзе падкажа парыў.
Нават жонку тварыў,
нібы продак на ўласным рабры.
У лепшых традыцыях жанру апеў сп. Хадановіч і самога сябе ў лімэрыку, які атрымаўся ці не адным з дасьціпнейшых і займеў у публікі нежартоўны посьпех. (Ужо на прэзентацыі кнігі зала ўслых дапамагала дэкламаваць яго аўтару.)
Прыгажуні з далёкіх Ждановіч
спадабаўся Андрэй Хадановіч.
Тоне ўся у пачуцьці...
Цяжка выйсьце знайсьці,
ды няма безвыходных становішч.
Гаворачы пра мову пяцірадкоўяў адзначым, што сп. Хадановіч сьвядома ўнікаў табуяванае лексікі, але ахвотна аздабляў і так не сухія сюжэты слэнгам сучаснае моладзі, праз што творы набылі дадатковы смак і запамінальнасьць. Гэтае запамінальнасьці паспрыялі і адметныя малюнкі мастачкі Натальлі Паваляевай, якімі аздобленая кніга.
Беларускія лімэрыкі – гэта важкі ўнёсак у сучасны дашчэнту зрусіфікаваны кволы гарадскі фальклор. Лімэрыкі цікава ня проста чытаць, але й запамінаць ды пераказваць за куфлем піва сябрам.


Магчымасьць успомніць
Лявон Юрэвіч.
Мэмуары на эміграцыі:
Крыніцазнаўчае дасьледаваньне.
Мн., Беларускі кнігазбор, 2005.

“Мэмуары на эміграцыі” — гэта кніга ўспамінаў — Vita memoriae, гісторыя пакаленьня беларусаў, з якімі мы воляй лёсу месцам сталага пражываньня мелі розныя краіны. Але цяпер маем шанец паяднацца праз іх спадчыну.
Дзякуючы высілкам сп. Юрэвіча ў “выглядзе бібліягра­фіч­най інфармацыі тут упершыню ўво­дзіцца ў навукова-дасьледчы зварот агромністае нявыкарыстанае багацьце беларускіх эміграцыйных мэмуараў”. Чытачу адкрываецца шырокая панарама жыцьця беларусаў, што з розных прычын апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны, іхнія думкі, спадзяваньні, адданая праца. У кнізе падаюцца цікавыя развагі аб значнасьці і адначасовай складанасьці ўспамінаў, іх важнасьці ў справе стварэньня паўнавартаснай нацыянальнай гісторыі; вылучаюцца асобныя жанры мемуарыстыкі; згадваюцца крыніцы іх утры­маньня. Пасьля бібліяграфічнага блоку падаюцца творы Ула­дзіміра Дудзіцкага і Вольгі Таполі...
Існуе слушная думка, што да чытаньня кожнага з жанраў літаратуры трэба сасьпець, а разуменьне мемуараў і цікавасьць да іх наогул ня кожнаму дадзеныя. Л. Юрэвіч зрабіў першую частку справы. Застаецца чытаць, каб ведаць, што пісаць самім.