12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Усевалад Сьцебурака

_____________________
Палескае вясельле.
Аповед


Частка І.
Глабалізацыя. – Ручнікі. – Краязнаўчыя маршруты.

На двары ХХІ стагоддзе: людзі лётаюць у космас як на працу, Пентыум зьбірае ***ядзерныя працэсары, спрэс глабалізацыя, код ДНК амаль расшыфраваны, а пасярод Еўропы, як і раней, у баку ад усяго, ляжыць нерушшу дзівосны край беларускі. Здаўна быў ён невычэрпнай крыніцай для этнографаў, фалькларыстаў, зьбіральнікаў розных рознасьцяў і не стамляецца зьдзіўляць пасёньня. Тамы дасьледваньняў стаяць на паліцах бібліятэкаў, здавалася б, што ж можна адшукаць цікавага яшчэ? Аказваецца можна. Трэба проста ўважліва прыгледзецца.
Безумоўна я адчуваю як некаторыя пасьля такіх словаў падрыхтаваліся пачуць чарговую лекцыю пра саматканыя ручнікі з куфра і народныя сьпевы бабуляў, але, прадбачачы такі настрой, папярэджваю – гаворка пойдзе не пра тое. Аддаючы належнае сьвядомым краязнаўцам і гісторыкам, прызнаю, што зараз нікога ня зьдзівіш стаптанымі маршрутамі да Міру, Нясьвіжу, Косава ці Наваградку. Абазнаныя аматары ўздоўж і ўпоперак абышлі, аб’ехалі, абплылі Паазер’е, Падняпроўе, Панямоньне і Палесьсе, хто не ленаваўся, – зазірнуў і на Беласточчыну ды Смаленшчыну, упартыя і схільныя да экстрыму наведалі нават чарнобыльскую зону, але ж трэба прызнаць – пры гэтым усім застаюцца такія мясьціны, куды мэтанакіравана наўрад ці паедзеш, праездам – ня трапіш, заблукаўшы ня выйдзеш, а апынешся хіба выпадкам.

Частка ІІ.
Мядзьведжы кут. – Хама Брут. – Гаспадарскі двор. – Госьць – злодзей.

Такім выпадкам апынуўся я летам у ******цкім раёне. Вось сапраўд­ны прыклад перыферыі – ні даць, ні ўзяць глухі кут – ні сівых ле­ген­даў табе, ні замкаў гальшанскіх, ні курортаў нарачанскіх, ні дажынкаў усенародных. І Польшча блізка, і Украіна побач, але ж нібы Беларусь.
Справа, якая завяла мяне на поўдзень Берасьцейшчыны, была на першы погляд банальнай – вясельле, але толькі на першы, бо на вясельлі гэтым мусіў я выконваць ролю не зусім звычайную (для большасьці) – ролю вядучага-тамады, ці, па-нашаму кажучы, ролю вясельнага маршалка. Ведаеце, зараз, пераглядаючы падзеі таго нядаўняга мінулага, я нават больш трапна магу вызначыць сваю ролю – гэта гогалеўскі Хама Брут на адпяваньні панначкі. Супадае амаль усё: выпадковае знаёмства з людзьмі, легкадумная згода (нават спачатку не запытаўся, дзе адбудзецца вясельле), дзіўнае месца, і ў рэшце скоранасьць лёсу і жаданьньне хутчэй выканаць свае абавязкі, пасьля – атрымаць грошы і зьбегчы…
Пачалося ўсё ранкам на ўскраіне сталіцы, дзе я з невялікай торбай уваліўся ў машыну, што рушыла на поўдзень па берасьцейскай шашы. З адным прыпынкам на запраўцы пад Баранавічамі самаход праляцеў наш беларускі хайвэй, а разам з ім і нашую постсавецкую цывілізацыю і выехаў на дарогу раённага значэньня. Сухі сасновы лес абступіў асфальт, машыны, што сустрэчныя, што спадарожныя, зьніклі наогул. Хмары, з якіх зрэдзьчасу пачынаў накрапваць дождж, навісьлі над невысокімі дрэвамі і маркоцілі дадаткова. Блукаць, дзякуй Богу, не давялося, – ці то кіроўца быў спрытным, ці то проста шанцавала – апоўдні я апынуўся ў невялікай вёсцы, што згубілася сярод лясоў у ваколіцах адносна буйнога паселішча Ч****ны.
Ногі, стомленыя нерухомым сядзеньнем, няпэўна сталі на белы жвір прасёлку. На ўскраіне вёскі панавала цішыня. Надышоў час агледзецца. Навакольле было нібы родным і звыклым, але пры тым з заўважным налётам штучнасьці – меліярацыя зрабіла сваю справу, ператварыўшы балоцістыя адвеку краі ў сухі, пясчаны, плоскі, зарослы соснамі і верасам палігон, дзе «мы наш, мы новы мір пастроілі», і пяці­гадовае планаваньне эканомікі перамагло матухну прыроду, а з ёй і здаровую логіку. Карацей, краявіды былі ня тое каб дужа пекныя. «Авохці мне, як тут прыгожа!» – гэта сказана было відавочна пра іншыя мясьціны.
Не марудзячы доўга, пакрочыў на падворак. Хата не ўяляла з сябе нічога асаблівага, на даху – шыфер, на сьценах – шалёўка, тыповы будынак з вокнамі ў двор і на вуліцу. Падворак маіх гаспадароў, як, дарэчы, і іншыя суседнія двары, на першы, а пасьля і на ўсе наступныя погляды, выглядаў неахайным, а ў параўнаньні з утульнымі куткамі каталіцкіх мястэчак заходняй меншчыны ды гарадзеншчыны, быў наўпрост маляўніча закінутым. Ні табе палісаднічка з квятамі, ні альпійскіх горачак, ні роўна падкошанай траўкі ў садочку, пра альтанкі з вісячымі вазонамі наогул маўчу. Палесьсе і зараз край дзікі.
Вяртаючыся ад агульных назіраньняў да канкрэтыкі, то бок да асаблі­васьцяў мясцовае забудовы, адзначу, што па перыметры двара ня шчыльна, але з захаваньнем формы простакутніка, стаялі гаспадарчыя пабудовы – хлеў, пуня, гараж, майстэрня. За хлявом, неяк неўпрыкмет, падворак пераходзіў у сад, сад – у агарод, які цягнуўся бульбоўні­кам сотню-другую метраў да сьцяны лесу. Непрыкметнасьць такога пераходу мела месца праз тое, што плот стаяў толькі з трох бакоў, а ад лесу гаспода нічым не адгароджвалася. У садзе, пад старымі напалову ссохлымі яблынямі стаяў самаробны трактар з прычэпам, ды ляжалі, абы як скінутыя, цюкі саломы. Побач стаяў стог сена, што адным бокам падпіраў хлеў, а другім паслугаваў аднаму з двух сабакаў летнім кублом.
Гаспадар кубла быў дваровым сабакам дужа пахілага веку, аб чым сьведчылі няпэўная хада, сівая морда ды зусім чалавечы кашаль замест брэху, ад якога мароз прадзіраў па скуры. Будка ветэрана стаяла наводдаль і была гэткай жа старажытнай, як і яе жыхар. Другі сабака быў маладзейшым, але выконваў свае прамыя абавязкі ня лепш – у мой бок толькі пазяхнуў з непрыхаванай абыякавасьцю. Хадзілі, сядзелі і блыталіся пад нагамі каты і коткі розных колераў і ступеняў дзікунства. Скублі траўку гусі, квахталі куры з ліку тых, каго не парэзалі на вясельны стол. У паветры лунала прадчуваньне непазьбежнага сьвята і панавала мітусьня.
Разам з тым, маё зьяўленьне нікога не зацікавіла, я нібы існаваў у паралельным сьвеце і ня выклікаў цікавасьці нават у гаспадарскіх сабакаў. Нейкая цётка ў каляровым швэдары, седзячы на лаве проста сярод двара, чысьціла рыбу, што плавала ў вялізных ночвах дагары пузам, у пабудове наўзбоч хаты – ляскаў посуд, шыпела пара, лілася вада. Далей, недалёка ад прыбіральні, вэнджыліся самаробныя кілбасы, зьвісаю­чы колцамі, як вялікія пітоны, з расчыненых вокнаў хаты чуліся галасы і бразгат кухарскага начыньня.
Вітаючыся з усімі бяз вынятку, уключаючы гусей на ўсялякі выпадак, я абышоў двор і пакіраваўся ў няпэўнасьці да цяпельца з кілбасамі – ні то госьць, ні то злодзей.

Частка ІІІ.
Кілбаска з гарбаткай. – Шпацыр. – Кухары і кухня. – Вечаровыя клопаты.

Каля вогнішча сядзелі стомленыя і ня надта каб вясёлыя маладзёны: хлапец і дзьве дзяўчыны. Яны непрадбачліва прыехалі з Менску напярэдадні і ад ранку, другі дзень запар, рабілі ўсе віды гаспадарча-кухарскіх працаў з-за няўменьня адмовіць і дурной ініцыятыўнасьці. У душы я пасьмяяўся з наіўных гасьцей і ўсьцешыўся пра сябе, што я сам рабіць абы-чаго, апроч сваёй непасрэднай працы і тым больш за так, не абавязаны, і сумленьне мяне грызьці ня будзе, бо я ні сват, ні брат, а самы што ні на ёсьць найміт.
Паспачуваўшы бедакам, я перавёў гутарку на іншае, пацікавіўшыся ўслых, ці існуе ў гэтай мясцовасьці традыцыя абедаць (час якраз быў недзе ля гадзіны дня) і ці ня можна было б паўдзельнічаць у гэтай працэдуры асабіста і актыўна. Традыцыя, як я думаў была, але прайшло яшчэ добрых паўгадзіны і два-тры мае настойлівыя нагадваньні, пакуль нехта (зусім не гаспадары – ім мая персона наогул не была цікавая) не паставіў проста паміж вяндлярняй і прыбіральняй стол з місай кілбасаў, хлебам, гуркамі і гарбатай. Да пералічанага, варта адзначыць, не прыкладалася ня толькі лыжкі ці відэльца, але бракавала і (што найбольш сімптаматычна) заахвочваньняў кшталту «Смачна есьці, даражэнькі наш тамада! Частуйцеся чым Бог паслаў, не крыўдуйце калі што-якое і г. д.» Не кажу ўжо пра самагон, які першы павінен быў зьявіцца на стале і абпекчы мой унутраны сьвет гасьціннасьцю ******цкай зямлі. – Ну, не абпёк, дык не абпёк, – падумаў я і аддаў належнае вэнджанай кілбасе з гарбатай.
Па абедзе, ня маючы чым заняць вольны час, я зрабіў шпацыр па навакольлі. Цікава, што нядрэнна цягнула мабільная сувязь, чым я і скарыстаўся, зрабіўшы некалькі званкоў у такую далёкую цывілізацыю...
Павольна гуляючы, азнаёміўся са сьметніцай, што вырасла на ўскраіне вёскі і склалася з іржавага жалезьзя, шкла ды іншых прадуктаў чалавечае жыцьцядзейнасьці. Паглядзеў на закінутыя двары і хаты з мёртвымі вокнамі, якія сустракаліся ледзь ня праз адну. Прайшоўся па лесе, сухім, як порах, запыліў свае далікатныя замшавыя чаравікі на прасёлку з белым жвірам і вярнуўся да хаты.
Вечарэла, а падрыхтоўчыя клопаты толькі набіралі абароты. Рыба, што чысьцілася пасярод двара, ужо шкварчэла на патэльнях, паўсюль сноўдалі людзі з вёдрамі, скрынкамі і кошыкамі, іх ногі спрытна давалі пендаля катам, што блыталіся, згодна свайму прамому прызначэньню. Уліцца ў гэтую мітусьню было немагчыма староньняму чалавеку, і ў чарговы раз за дзень я адчуў сябе лішнім на гэтым сьвяце жыцьця. Спрабуючы пазьбегнуць кацінага лёсу, я цішком і бачком падаўся да ганку. Разбуўся ў сенцах, паставіўшы свой абутак сярод дваццаці параў рознага іншага абутку ад гумовых гаўнадаваў да далікатных шлёпкаў і патрапіў на кухню. Гэтае месца было цэнтрам падрыхтоўкі і генеральным штабам вясельнага войска напрацягу апошніх некалькіх дзён. Пасярод штаба стаяў цыклапічных памераў тазік з фаршам, над якім, схіліўшыся, як палкаводцы над картай баявых дзеяньняў, стаялі тры жанчыны і нястомна ляпілі катлеты механічнымі і ўвішнымі рухамі. На ўсю гарэў газ, нібы сама сабой лілася вада і зачыняліся – расчынялія дзьвёркі халадоўняў. На сталах, растаўленых паўз сьцены, ляжала процьма ежы розных гатункаў, стосы, скрыні, пакункі, боханы хлеба, бутэлькі салодкай вады і трохлітровыя слоікі з нейкай празрыстай вадкасьцю.
На кухні я патрапіў у рукі галоўнае кухаркі і яе памагатых, якія распыталі мяне і далі парады адносна ўсіх сфераў жыцьця, у якіх я ў прынцыпе дзейнічаю ў якасьці тамады, мужчыны, грамадзяніна і проста чалавека. Галоўная кухарка Вялянціна таксама была найміткай, да таго ж паходзіла не з мясцовых – таму мы хутка паразумеліся. Я спрытна быў усаджаны за стол, дзе меў задавальненьне магутна павячэраць і пазнаё­міцца з вышэй адзначанай вадкасьцю з трохлітровых ёмістасьцяў. Самагон быў цукровым, мацнейшым за стандарт у 40 градусаў і брыдкім – высьветлілася, што менавіта ён павінен быў стаць галоўнай ударнай сілай на заўтрашнім застольлі (віна, шампанскага і казённай гарэлкі было выключна для затраўкі). Гэтая акалічнасьць толькі падкрэсьлівала архаічнасьць мясцовага ладу жыцьця, бо хоць самагон і п’ецца дэкалітрамі і барэлямі зранку да вечару па ўсёй Беларусі, але на вясельлях зараз казёнка амаль паўсюдна замяніла чамургес. Ды і стол апошнім часам мала дзе рыхтуецца цалкам саматужна, хіба некаторыя стравы з ліку дужа далікатных ці дарагіх – астатняе робяць прафесійныя кухары сталовак ды рэстарацыяў.
Адносна хатняга прыгатаваньня страваў да стала, выявілася, што справа ня толькі ў традыцыі, але і ў гіпертрафаваным жаданьні зэканоміць грошы. Гаспадары (у чым я меў магчымасьць упэўніцца пасьля яшчэ ня раз) былі людзьмі больш чым проста па-сялянску ашчаднымі – былі яшчэ тымі сквапнюгамі. Згодна іхнае псіхалогіі, той, хто працуе на іх не задарма – рабаўнік! Менавіта так гаспадары ўспрымалі ўсіх людзей і арганізацыі, каму вінныя былі нешта за паслугі. Пры гэтым, ашчадзіць капейчыну яны імкнуліся напрыклад не за кошт скарачэньня колькасьці гасьцей (іх было каля 115 чалавек), а за кошт спрашчэньня таго ж меню і рукавыломнага гандлю з усімі, каму мелі сплочваць грошы. Даходзіла да сьмешнага. Гаспадыня, так расперажывалася пра грашовыя выдаткі, што выправіла на М****** цкі кірмаш дачку з памагатымі, каб толькі хаця самой не аддаваць грошы ў рукі гандляроў і ня бачыць рабунку на свае вочы…
Пачуўшы гэтае і іншае і рашуча вызваліўшыся з абдымкаў галоўнага майго саюзьніка – генерала ад кухні пані Валянціны, я на кароткі час адцягнуў увагу маладых, удакладніўшы тое-сёе з заўтрашняй працэдуры і заручыўшыся канчаткова іх дабром, што мела прынцыповае значэньне, асабліва ў сьвятле новай інфармацыі пра дыспазіцыю ў стане.
Такім чынам, панове, назаўтра я мусіў весьці рэй на вясельлі і паразумецца прыкладна з сотняй з гакам гасьцей, сярод якіх сотня была прадстаўніцтвам боку маладой, то бок – мясцовым паляшуцкім спадарствам. І толькі тым малым гакам былі госьці сталічныя… Бывалы вясельны воўк на маім месцы, магчыма б, прызадумаўся ў выпадку чаго аб шанцах атрымаць кухталёў ад усяе грамады, але я, улагоджаны добрай вячэрай, аптымістычна падумаў – прарвемся.
Мае справы нібы ўсе былі зробленыя, але спаць ніхто не прапаноў­ваў, наадварот – мне далі зразумець, што я мушу (безумоўна, добраахвотна) дапамагчы. Я (зноў-такі, безумоўна, добраахвотна) згадзіўся. У выніку з тымі ж небаракамі гасьцямі са сталіцы, у ліку якіх былі і дружкі, я да гадзіны ночы ўпрыгожваў залу, дзе мела адбыцца вясельле – у клубе вёскі Ч****ны. Але і па сканчэньні гэтае працы койка-месца ніхто не прапанаваў. Заўважыла гэта і ў чарговы раз выратавала пані Валя, якая адвяла мяне і такога ж беспрытульнага асустэнта (такую назву сьведкі даводзілася мне чуць на Гарадзеншчыне) да сябе і, па-каралеўску разьмясьціўшы кожнага на асобнай канапе, вярнулася (!) на кухню. Доўгі дзень скончыўся.

Частка ІV.
Раніца. – Знаёмства з Ч****мі. – Помнікі савецкай даўніны.

Пабудзіў мяне вельмі далікатны дотык нечага пухнатага і мяккага. Па расплюшчэньні вачэй высьветлілася, што справай маёй пабудкі займаўся руды маленькі каток гаспадыні, які падняўся на досьвітку і, сумуючы без кампаніі, вырашыў у маёй асобе знайсьці сабе сябра для гульняў. Некалькі хвілінаў я ляжаў нерухома і засяроджана ўзнаўляў і занатоўваў сцэнар маючай адбыцца дзеі, а праз вакно веранды, ператворанай у сапраўдны зімовы сад, сьвяціла мяккае сонейка, і яго сьвятло залаціла падлогу, сьцены, лісткі шматлікіх кветак, у хаце панавала цішыня, толькі здалёк чуліся гукі шашы. У сонечных промнях павольна плавалі пылінкі, што паднімаліся з коўдры, па якой, усё больш уваходзячы ў смак, гойсаў малы руды бандзюга. Каб не зацягваць такі ідылічны стан, а адразу стварыць працоўны настрой, я даў кухталя зьверу, рэзкім рухам устаў з ложку і пайшоў мыцца. Пасьля падняў сьведку і мы папілі кавы, абмяркоўваючы дэталі, у якіх мне была патрэбная яго дапамога.
Тым часам зьявілася аднекуль гаспадыня (для мяне так і засталося таямніцай, ці яна рана паднялася, ці ня клалася наогул) і гасьцінна пра­панавала нам сьняданак. Пасьля не паленавалася паказаць сваю вялізную гаспадарку, якую, дарэчы, цягнула адна, і нават звадзіла на ўласную копанку, дзе ў вольны час лавіла карасікаў.
Пасьля экскурсіі, стаміўшыся ад беспрацоў’я, я пацягнуўся да клубу, які нагадваў нешта сярэдняе паміж карчмой і дваром местачковага шляхціца. Прайшоўся па мясцовых (ажно 2-х) крамах пад непрыхавана пільнымі і цікаўнымі позіркамі мясцовых жыхароў. У адрозьненьне ад учорашняе ігнарацыі, зараз я быў цэнтрам увагі. Мая відавочна чужынская фізія цікавіла ўсіх бяз вынятку і, відаць гэтак моцна, што адзін дзядок год сямідзесяці, што праязджаў паўз краму на ровары, такі спыніўся, не бяз цяжкасьці зьлез са свайго аднагодкі невызначальнага колеру і няпэўнай мадыфікацыі і зьвярнуўся да мяне на неперадавальнай мясцовае гаворцы: «Мо, зблукав, ці шо, то я підкажу». Я адказаў, што не згубіўся, а проста чакаю. На што дзед з гасьціннасьцю і шчырасьцю прадстаўніка дакалумбавай цывілізацыі Амерыкі, мне прапанаваў: «А то хадэм до мэне ў двір посідымо, ды поговорымо». (Не бяруся перадаць асаблівасьцяў фанетыкі і лексікі, адно адзначу, што разумеў я дзедавы словы напалову і тое добра напружыўшыся). Каб не пакрыўдзіць старога я трохі параспытаў пра вёску, як людзі жывуць, дзе што чуваць. Мой субяседнік з ахвотай пусьціўся ў расповеды… Гэтак я дазнаўся, што клуб і дзьве крамы на перакрыжаваньні зараз зьяўляюцца цэнтрам жыцьця вёскі. Што калгас працуе праз пень-калоду, хаця старшыня ягоны і ёсьць тым самым магнатам, што зрабіў якаснае і нятаннае аднаўленьне клубу, і мае неблагі гледзячы па ўсім, прыбытак, здаючы клуб у арэнду на вясельлі ды іншыя сьвяты жыхарам суседніх вёсак. Даведаўся, што людзі тут жывуць з гародаў, але асабліва з лесу, адкуль цягаюць вёдрамі ягады ды грыбы. Разьвітаўся з сваім суразмоўцам і прайшоўся яшчэ трошкі.
Насупраць школьнага будынку ў адзін паверх з калонамі, пабачыў бетонную тумбу з чыёйсьці галавой – імгненна адчуў – без героя-партызана не абыйдзецца, але, падышоўшы бліжэй, зразумеў, што мая фантазія куды больш бедная за бязьлітасную рэчаіснасьць. Заваліў­шыся трохі на бок, пафарбаваны зялёным колерам, на тумбе месьціўся бюст Н. К. Крупскай. Сяброўка ўсіх піянераў СССР і верны паплечнік Ільіча тварам была як домаўправіцелька Карлсана і мела класічную фрызуру з вузлом валасоў а-ля «гулька». У «нагох» помніка па-сіроцку стаяў кошык са штучнымі пажоўклымі кветкамі, ствараючы эфект пахавальнага вянка «ад жаны і дзяцей». Падабенства з могілкамі ўзмацняла і тое, што помнік стаяў гэтак жа блізка ад дарогі, як ставяць бязыменныя крыжыкі па ахвярах ДТЗ пры шашы. Ацаніўшы маштаб трагедыі ідалаў нядаўняга мінулага, я падаўся да свайго поля бою, якое хутка мусіла стаць маім ці то Аўстэрліцам, ці то Ватэрло.

Частка V.
Саюзьніцкія абяцаньні. – Дэбют. – Тузін адважных. – “У нас так ня робяць”.

Сталы ў вялікай зале стаялі літарай “П”, на сталах ляжалі абрусы, былі расстаўленыя ежа і пітво, каля сталоў стаялі драўляныя доўгія лавы. Месца ў цэнтры літары прызначалася для маладых (вызначалася яно адно наяўнасьцю крэслаў).
Агледзеўшыся яшчэ раз, я заняў пазіцыю насупраць, склаўшы ў куце мой невялікі скарб з патрэбных дробезяў. Неўзабаве зьявіліся і музыкі – прыехалі з суседняга райцэнтру. Галоўным быў прыемны дзядзька гадоў пад сорак. Высьветлілася пры знаёмстве, што Яраслаў быў і ды-джэем, і саксафаністам, і салістам у адной асобе, з ім таксама прыехала маладая дзяўчына, што дапамагала сьпевамі адпаведна са свайго жаночага рэпертуару. Як чалавек сумленны, я тактычна падзяліўся сваімі назіраньнямі і заручыўся падтрымкай, знайшоўшы ня толькі аднадумцаў, але, як высьветлілся ў хуткім часе, яшчэ і братоў па няшчасьці. Пазнаёміўшыся і ўзгадніўшы дзеяньні мы рашуча засьведчылі ўзаемна сваю прыязнасьць і паабяцалі, калі што якое, ратаваць адно аднаго па меры сілаў і да апошняе кроплі крыві.
Расставіўшы і наладзіўшы апаратуру, мы сядзелі ў чаканьні прыезду маладых. Тым часам зьбіраліся ля ўваходу госьці. Былі яны рознага веку: ад сівенькіх бабуляў да саплівых малых, але лучыла ўсіх адно – яны ў сваёй пераважнай большасьці былі сваякамі. На вясельле тут зьбіралася вялікая радзіна, як кланы ў Шатландыі, як мафіёзныя сем’і ў Італіі. Ім ня трэба было знаёміцца, усе яны некім некаму прыходзілі­ся, залежала толькі ў якой стрэчы. Пачуцьцё адчужанасьці ўзмацнялася.
Нарэшце зьявіліся маладыя, вакол завіхаўся аператар. Бацькі сустрэлі іх на ганку абразам, хлебам-сольлю. Як першыя стрэлы прагучаў звон, і паляцелі друзачкі пабітых чарак «на шчасьце» і натоўп пайшоў за маладымі, як у атаку, у сярэдзіну будынка. Адказ быў за намі.
Загучаў вясельны марш. Маладыя занялі пачэснае месца, музыка сьцішылася, і я пастаўленым голасам зароў у мікрафон адрэпетаваныя, падкрэсьлена ўрачыстыя ды далікатныя: «Дзень добры, шаноўныя госьці! Радыя вітаць вас на гэтым цудоўным сьвяце! Паважанае спадарства, займаеце, калі ласка, месцы за вясельным сталом…» – і гэтак далей, зазіраючы ў вочы, праводзячы пад руку, ветліва пасьміхаючыся.
Усьмешка мая ня мела нічога агульнага з маімі эмоцыямі – яны на той момант складаліся з жаху, злосьці, крыўды і пагарды – натоўп быў некіруемы! Такая простая справа, як сесьці за стол, ператварылася ў бязладнае хаджэньне па зале, перасаджваньне, перацягваньне некага да сябе, ці простае стаяньне з падпіраньнем сьценаў. (Маладыя напярэдадні адмовілі мне ў нібы такой звыклай рэчы як папярэдняе разьмеркаваньне месцаў і выстаўленьне шыльдачак з прозьвішчамі, матывуючы адмову тым, што «у нас так ня робяць», бо «ўсе знаёмыя і расьсядуцца гэтак, як захочуць»). Колькі яшчэ разоў я за дзень пачую гэтае сьведчаньне самадастатковасьці, каб не сказаць абмежаванасьці, – «у нас так ня робяць» і з якімі інтанацыямі гэта будзе гучаць, я яшчэ ня ведаў. І дзякуй Богу.
Здавацца гэтак проста я быў ня згодны. Падміргнуўшы музыку, які разумеў мяне з аднаго погляду, я пад новую шпарчэйшую кампазіцыю з падвоенай энергіяй узяўся за рассадку. З баямі гэта ўдалося. Не аддаючы ініцыятыву, я захіліў першы тост і не абы-як, а ў вершы. Удар павінен быў быць моцным, бо зброя была правераная, уласна мая, эксклюзіўная, і таму я небеспадстаўна спадзяваўся на эфект:

Я у гасьцей прысутных ўсіх
На слова папрашу дазволу!
Падымем келіхі – няхай
гучаць яны, як сьмех, вясёла!

І вып’ем ўсе за тых дваіх,
што побач з намі ў гэтай залі
два лёсы у адзін зьядналі.
Да дна! За шчасьце маладых!!!

Музыка мне нават рэха выдаў, і апошнія словы грымнулі і заглухлі па кутах, зала маўчала… Аўдыторыя відавочна не разумела маёй беларускай мовы, паслугуючыся мясцовай руска-украінскай трасянкай, яны ставіліся да беларускай мовы як да лаціны і лічылі, што ёсьць яна толькі ў школе. Фіяска было такім блізкім, што я інтуітыўна схапіў першы келіх са стала, пралямантаваўшы, як пацярпелы, яшчэ раз апошні радок, дадаў голасам вайсковага старшыны «Стоячы!!!» і сваім прыкладам паказаў што трэ рабіць, па-гусарску ледзь не з лакця кульнуўшы самагонкі. Пасьля каманды «Стоячы!!!» падскочылі мужыкі, на іх лакцях павісьлі жонкі, а на іх спадніцах – дзеці – народ уцяміў і, паўтарыўшы рух, расьсеўся. У вачах гасьцей зьявілася цікавасьць да маёй персоны – першы крок быў зроблены. Там-сям чулася «дык він говорыць по-біларуску»… Госьці пачалі закусваць, загучала музыка.
Далей было, як у сьне: тосты, пытаньні з надзеяй разгараварыць людства, жарты, кампліменты. Агульна кажучы, справа ішла як па смале. Ніякай дапамогі не было і ад свата, функцыі якога па мясцовай традыцыі абмяжоўваліся толькі нашэньнем ручніка ды ўласнаручным разьліваньнем самагонкі гасьцям. Рэагавалі адэкватна толькі тыя паўтара дзясятка моладзі, што прыехалі з Менску, а зараз сядзелі сваім гурт­ком ды, пэўна, адчувалі сябе таксама ніякавата. З іх ліку я набіраў ахвотнікаў удзельнічаць у конкурсах, бо мясцовы народ заняў пазіцыю ня толькі выключна глядацкую, але і выразна пасіўна-здрадніцкую. Тузін менчукоў аддуваўся за ўсіх, я быў ім удзячны і ўжо падумаў, што горшае абышло бокам, як прыйшла бяда адкуль не чакалі.
Да нас з музыкамі падляцеў бацька маладой (за сталом яго не было ад пачатку, ён кіраваў з жонкай на кухні) і безапеляцыйна заявіў, што апаратура стаіць няправільна, то бок павінна стаяць не ў агульнай зале, а ў маленькім зальчыку, што папярэднічаў застольнаму, і менавіта там мусіць гучаць музыка і ладзіцца танцы. (Зальчык той быў ня больш як вітальняй і быў аддзелены ад вялікага вузкім калідорам). Бацька (каржакаваты, малы, упоперак сябе шырэйшы і дужа падобны да дзіка) злосна бліскаючы вачыма тлумачыў, што тут, маўляў, гэта будзе перашкаджаць гасьцям размаўляць і есьці. Нашыя спробы давесьці, што гэта нязручна і немагчыма па тэхнічных прычынах (радыёмікрафон не праб’е бетонны мур, ды музыка будзе нячутная, яшчэ і госьці ня зьмесьцяцца), разьюшанага дзядзьку не цікавілі. Аргумент быў адзіны «у нас так ня робіцца», акрамя таго «плачу я, таму – марш!!!». Хацелася сказаць, вядома, нешта накшталт таго, што «гусьлям, княжа, ня пішуць законаў». Але…
Пасярод вясельля ўсё было адключана і нашымі з разгубленым Яраславам сіламі паступова перацягвалася «куды трэба». Тым часам, здавалася, народу гэта толькі і было патрэбнае: на адным канцы стала бабулі зацягнулі «Горіла сосна, па-ла-ла!»; на другім дзеці, карыстаючыся маёй адсутнасьцю, пачалі трушчыць балёнікі з цыдулкамі, патрэбнымі для конкурсу; нехта палез праз стол братацца і гэтак далей, і далей болей. Застольле страчвала прыкмету вясельнага.

Частка VI.
Саксафон як бісер. – Глас у пустэльні. – Ратунак ежы. – Бензапіла і карты.

Правёўшы маленькую нараду, мы з Яраславам вырашылі змагацца да апошняга. Разам вярнуліся ў залу і пайшлі ў ва-банк. Вырашылі ўзяць страчаныя, ці, больш правільна, гвалтоўна вырваныя, лейцы ізноў у свае рукі. Апелявалі мы да самага важнага ў дадзенай сітуацыі – да маладых. Прапанавалі ім распачаць танцавальную праграму першым шлюбным танцам. Адмовіцца было немагчыма. Задума спрацавала, і людцы пакідалі відэльцы.
Маладыя выйшлі, вакол іх утварылася рэдзенькае колца гасьцей, і музыка, па-змоўніцку пасьміхнуўшыся мне, уключыў фонам павольную кампазіцыю, пасьля аднекуль, як чараўнік, дастаў саксафон і зайграў пранізьлівае велягурыстае сола! Гук саксафону ў тлумнай зале сельскага клубу гучаў, як анёльскі сьпеў, я сам адчуў салодкую млоснасьць, але хутка ўзяў сябе ў рукі, азірнуўся: новы гук адцягнуў увагу толькі на імгненьне, цяпер людзі далей працягвалі гутарку, ізноў зацягнулі свій спів бабулі, нейкі мужык, які ад пачатку вясельля гэтак і ня зьняў скураную куртку, гучна тлумачыў па мабіле, што «ён аддыхае на вясельлі»… І тут правал. Самадастатковыя палешукі не зьвярталі ўвагі нават на маладых, яны сабраліся каб пабачыцца са сваякамі, выпіць, пад’есь­ці… якія маладыя, якія саксафоны… хоць у барабан лупі.
Не пасьпелі маладыя вярнуцца да свайго пачэснага месца, як да нас падбегла новае ліха на гэты раз ужо ў выглядзе маці маладой. Схапіўшы мяне за руку і адвёўшы ўбок, яна пракрычала мне на вуха сакраментальную фразу, якая застанецца са мной, мяркую, на рэшту жыцьця: «Тамада, ратуй закуску!!!» Гэта азначала, што я, аказваецца, павінен ня проста заняць гасьцей, але падняць іх усіх з-за стала на гадзіну як мінімум, каб яны ня зьнішчылі ўсё спрэс перад сабой і пасьля не сядзелі злыя і ня думалі пра гаспадароў благое.
Я выйшаў. Нібы ў вядомай стужцы «Брэйв харт», дзе шатландцы ідуць з голым задам на ангельцаў – ні даць, ні ўзяць псіхічная атака. Я выйшаў на залу са 120 чалавекамі, і не на аўдыторыю слухачоў, а на паньства, якое п’е, есьць і гамоніць, выйшаў без мікрафону (глядзі вы­шэй чаму) і роў, як кажуць, немым голасам. Усю сваю абаяльнасьць, настойлівасьць і нянавісьць да гэтага дзікунства я выкарыстаў, каб падняць каго танчыць, каго ўдзельнічаць у конкурсе, каго праветрыцца на двор, каго папаліць цыгарэту. У выніку зала амаль апусьцела, засталася непахісная капэла, што сьпявала, як на адпяваньні, без перапынку, то разам то па чарзе, нібы ў гіпнатычным трансе.
Стомленыя і абыякавыя да ўсяго, разам з аператарам і музыкамі ўрэшце селі перакусіць, сабраўшы, тое, што засталося ад гасьцей (нашае сталаваньне ў планы гаспадароў не ўваходзіла). Пагутарылі, паспачувалі адно адному. Я пачуў, што гэта ня горшае, што бывае ў гэтых мясьці­нах, асабліва ў параўнаньні са звычаем «закрыцьця вясельля», калі людзі з ліку мясцовых і не запрошаных аматараў выпіць, зьбіраюцца і ультыматыўна патрабуюць гарэлкі, пад пагрозай спыненьня баляваньня гвалтоўнымі сродкамі. У арсенале тамтэйшых шантажыстаў апрача настойлівых просьбаў, меліся падпалы стагоў сена некага з гасьцей (каб беглі тушыць), выпусканьне «на волю» хатняе жывёлы і птушкі з хлявоў (каб беглі ратаваць) і шмат іншага. Акрамя таго, заставаўся надзейны дзедаўскі сродак усіх часоў – мардабой усіх, хто трапіцца пад руку. Аднойчы падчас такога мерапрыемства, якраз непадалёку ад Ч****аў, у якасьці аргумента – вось ужо сапраўды – апошні аргумент каралёў – выкарыстоўвалася бензапіла! (Усе, безумоўна, разьбегліся)…
Да нас такія «запоріжцы» (як называюць там гасьцей, што заходзяць на вясельле, каб толькі стоячы хутка, выпіць чарку гарэлкі і зьбегчы) не зьяўляліся, ці можа я проста не заўважыў, затлумлены бессэнсоўным змаганьнем за сьвята…
Павячэраўшы, (час быў ужо вечаровы) я выйшаў на двор, падыхаць сьвежым паветрам. Дарэмна я думаў, што нічога мяне больш ня зьдзівіць – зьдзівіла і яшчэ як, – у альтанцы, што стаяла на двары, купка мужыкоў з ліку гасьцей заўзята рэзалася ў карты (!), пад каментары зацікаўленых гледачоў. Я зразумеў – вясельле ўдалося, людзі адчуваюць сябе ўтульна і разьняволена – гэта галоўнае.
Пасьля усе вярнуліся. Ізноў куляліся чаркі, гучала музыка, адбывалі­ся конкурсы для аматараў і гледачоў. Гулялі, як водзіцца, да ночы…
Стомлены і задаволены, што ўсё скончылася, а мяне нават ня білі, я лёг спаць у хаце пані Валянціны, выпіўшы пляшку віна, якую сам забраў з кухні разам з кавалкам вяндліны, ведаючы, што мне ніхто яго не загорне «на дарожку», і што выратаваньне тапельцаў – іх уласных рук справа.
Уночы мне сьнілася, што я сам і ёсьць «запоріжец», і мне наліваюць чарку за чаркай, якія я куляю і нават не закусваю…
На зваротным шляху я спаў і зрэдку расплюшчваў вочы, каб зірнуць на палі і лясы, што прабягалі за вакном самаходу і зноў правальваўся ў трызьненьне. Мяне ахіналі спакой і апатыя, і абодвум пачуцьцям я быў аднолькава рады…
Сталіца сустрэла цеплыней і пустымі нядзельнымі вуліцамі, гадзіньнік на ратушы прабіў чатыры, і мне раптам падалося, што зараз, пры муры катэдры, два гогалеўскія манахі, прысеўшы перакусіць, прамовяць, як у бесьсьмяротным фільме: «Слаўны чалавек быў Хама. Памянем…»

P.S. Усе супадзеньні выпадковыя, усе прасочаныя тэндэнцыі агульныя.