12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





«Самая каштоўная ўзнагарода за працу –
шчасьлівыя твары дзяцей»

_____________________
Гутарка Усевалада Сьцебуракі з выдаўцамі кнігі “Карлсан-з-даху” Настасьсяй Мацяш і Алесем Яўдахам


— Вялікі, як для нашае сітуацыі, наклад ў 2 тысячы асобнікаў, шыкоўнае аздабленьне кнігі выклікае натуральнае пытаньне, якое найперш узьнікае ў “шараговага” чытача – скуль, калі не сакрэт, сродкі на рэалізацыю праекту?
Алесь Яўдаха. Акурат той выпадак, калі амбіцыі і нулявы досьвед даюць добры вынік. Мы не ўяўлялі ўсіх складанасьцяў, зьвязаных з рэалізацыяй праекту, у тым ліку і грашовых. На шчасьце. Таму ў нас не было ваганьняў: прадукт мусіць быць выдатнай якасьці, і каляровыя малюнкі ды цьвёрдая вокладка – для нас абавязковыя складнікі сучаснай дзіцячай кнігі. Кнігу выдавалі за свае грошы, кроўныя, з кішэні, чэсна заробленыя... (Сьмяецца.)
Настасься Мацяш. Кніга нараджалася блізу 9 месяцаў, амаль як чалавек, то і выдаткі расьцягнуліся ў часе. Уласна пераклад ужо па выхадзе кнігі дапамог аплаціць Шведскі інстытут, што ўрэшце крыху зьнізіла сабекошт выданьня. Самае галоўнае – жаданьне і пэўнасьць у сваёй рацыі, тады можна запаліць сваім імпэтам і іншых. Мы вельмі ўдзячныя А. Ю., які на апошнім этапе “падсілкаваў” праект, але ягонае жаданьне ня быць названым мы шануем.
— Ці не абумоўлены выбар твору менавіта шведскае пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн тым, што сп. Стэфан Эрыксан вельмі сімпатызуе беларушчыне і актыўна ўдзельнічае ў беларускім культурніцкім жыцьці?
А. Я. Выбар быў абумоўлены акурат тым, што вялікая колькасьць беларусаў сімпатызуюць шведскай пісьменьніцы Ліндгрэн. (Сьмяецца.) Калі ісьці за логікай пытаньня, то ў нас мусіла б ужо быць перакладзеная ЎСЯ амерыканская, шведская, літоўская літаратура... Было б, у прынцыпе, някепска. Насамрэч, дазнаўшыся, што мы займаемся “Карлсанам”, спадар Эрыксан запрасіў нас на гутарку і надалей усяляк цікавіўся рэалізацыяй праекту і спрыяў нам у перамовах з утрымальнікамі аўтарскіх правоў і Шведскім інстытутам. Да таго ж ён напісаў выдатны тэкст на адварот вокладкі – па-беларуску! Безумоўна, мы яму вельмі ўдзячныя.
— Чаму вырашылі абраць менавіта гэты твор Астрыд Ліндгрэн, персанажы якога добра вядомыя з кніг ды мультфільмаў расейскай моўнай стыхіі?
Н. М. У нас не было жаданьня цягацца сіламі з цэлаю камандаю талентаў, што стварылі ўлюбёны ўсімі расейскі мульцік, бо гэта было б вар’яцтвам. Але мульцік – гэта відэашэраг, які суправаджаецца гукавым шэрагам, то бок першасная там – выява. У кнізе перашасны тэкст, а ілюстраваньне, прынамсі гэтай кнігі, – гэта толькі дапаможны сродак, бо тэкст насычаны фарбамі: вочы Малога і Карлсана блакітныя, пеўнік на малюнку – чырвоны, канапа ў пакоі Карлсана таксама чырвоная... Усё расфарбаванае і расквечанае! Да таго ж нельга, каб цэлая нацыя жыла ў палоне вобразаў, створаных мастакамі іншай нацыі, мусіць быць выбар. Мы бачылі ілюстрацыі да кнігі, зробленыя мастакамі ў розных краінах: малюнкі шведаў, немцаў, ангельцаў, нават японцаў. Чаму ў нас ня мусіць быць свайго Карлсана? Так зьявіўся вобраз у выкананьні Марыны Рудзько.
А. Я. Ну і яшчэ да пытаньня пра выбар твору: як любы хіт, гэтая казка – бяспройгрышны варыянт. А 100-годдзе пісьменьніцы дало магчымасьць дадаткова інфармацыйна раскруціць кнігу. Няма, бадай, чалавека, які б ня ведаў, хто такі Карлсан. Як так сталася? “Мне здаецца, што сакрэт палягае ў яе [Астрыд Ліндгрэн] здольнасьці бачыць сьвет вачыма дзіцяці”, — напісаў у прадмове да беларускага выданьня Стэфан Эрыксан. Дык Карлсан – гэта і ёсьць нашае дзяцінства, паказанае з усімі дзіцячымі недахопамі і вартасьцямі. Ашуканец, выхваляка, ненажэра, але і бязьмежна цікаўны, вясёлы, энергічны, спагадлівы, непасрэдны.
— Ці ёсьць адрозьненьні “беларускага” Карлсана ад “расейскага”? Напрыклад, на малюнках да кнігі ён паліць люльку – ці ёсьць на тое тэкставае пацьверджаньне? Ці зважалася пры перакладзе на расейскі пераклад з “кароннымі” выразамі персанажаў, шмат з якіх існуюць сёньня як афарызмы, а самі персанажы – як героі показак?
Н. М. Трэба сказаць, што ў расейцаў цяпер ужо 2 пераклады казкі. Сёлета выйшаў пераказ прыгодаў Карлсана Усьпенскім, дарэчы, з назвай, падазрона падобнай да нашай... Але я з гэтым варыянтам яшчэ не знаёмая, то магу параўноўваць толькі з перакладам Лунгіной. Юрась Жалезка расейскага тэксту ня меў, мо тое і да лепшага. Але я яшчэ ня так даўна чытала “Карлсана” сыну па-расейску, і мне адразу кідаюцца ў вочы адрозьненьні. Напрыклад, там, дзе па-беларуску, усьлед за шведскім тэкстам, ідзецца пра “татава піва” – у Лунгіной “татаў гальштук”, то бок мае месца прычасанасьць і саветызаванасьць расейскага перакладу. А люлька ёсьць у Карлсана і па-расейску, адно што на ёй з увагі на моманты выхаваньня няма акцэнту. Мы таксама ня моцна акцэнтуем, але нам падалося, што гэта адзін з ключыкаў да вобразу: “Карлсан цудоўна жыве ў сваім маленькім дамку на даху. Увечары ён сядзіць сабе на ганку, паліць люльку і пазірае на зоркі. Зразумела, што зоркі куды лепш відаць адсюль, чым зь якога іншага месца ў доме, таму цяжка патлумачыць, чаму іншыя людзі не жывуць на даху”. Вось Карлсан, які не сваволіць. Побач няма Малога, а ён сам-насам з зоркамі, сваёй люлькай і думкамі... Гэта новае прачытаньне старой казкі, і ідзецца ня толькі пра мову, а і пра іншае ўспрыняцьце, да якога нас падводзяць Юрась Жалезка і Лявон Баршчэўскі.
— Ваш праект зроблены “тарашкевіцай”. Ці не было перасьцярогі, што “класічны правапіс” можа звузіць чытацкую аўдыторыю пры такім салідным накладзе (напрыклад, школьныя бібліятэкі)? Ці ёсьць якія-небудзь водгукі адносна правапісу?
Н. М. Пытаньне выбару правапісу адно з падставовых, ваганьняў у нас не было. Я перакананая на ўласным досьведзе, што тарашкевіца надзвычай дапамагае авалодваньню дзіцём беларускай мовай на арфаэпічным узроўні, а ў 5-8 гадоў (на гэты ўзрост арыентаванае выданьне) гэта надзвычай важна, асабліва ў нашай сітуацыі білінгвізму. Мой сын спакойна ідэнтыфікуе наркамаўку і тарашкевіцу і ня блытае правапісаў. Дзеці больш кемлівыя, чым дарослыя. А калі нават тарашкевіца і паўплывае на адзнакі дзіцяці, то несумнеўная карысьць усё ж пераважвае. Пытаньне ў выбары паміж прыватным і глабальным – для нас адказ відавочны. У сёньняшняй сітуацыі – тарашкевіца.
У асобна ўзятых менскіх школьных бібліятэках з удзячнасьцю прынялі ў падарунак “Карлсана”, правапіс не перашкодзіў. Што да ахопу ўсіх школьных бібліятэк – мы такой задачы сабе ня ставілі. Камерцыйныя дачыненьні з імі яшчэ доўга будуць немагчымыя, а да мецэнацтва мы покуль не гатовыя. Два чалавекі ня могуць выконваць усе функцыі, якія ў іншых краінах бярэ на сябе дзяржава: і культурніцкія, і адукацыйныя, і сацыяльныя... Мы арыентаваліся на тых, каму прадукт патрэбны настолькі, каб за яго заплаціць – толькі так кніга ня стане макулатурай, і толькі з такім падыходам мае сэнс укладаць грошы…
…Я маці, і я сьвядома рабіла кнігу для свайго сына, які скончыў 2 класы, тарашкевіцай. Мы ня ставілі сабе за мэту ўздымаць пасьпяховасьць школьнікаў, а толькі дбаць пра мову. У бацькі, выкладчыка і рэдактара кнігі Лявона Баршчэўскага правапіс пытаньняў ня выклікаў, што для нас важна. Да таго ж, я проста ня веру, што насамрэч ёсьць ці могуць быць пацярпелыя ад “Карлсана” тарашкевіцаю. А вось зьдзіўленьне на твары настаўніцы, якая даведалася, што, аказваецца, па-беларуску “сьмяеСЬся”, “бадзяеСЬся”, “застанеСЬся” – я бачыла, і думаю, што гэтая рэакцыя толькі да лепшага. Ці даведалася б яна пра такую арфаэпічную норму ў іншых варунках? Яшчэ да пытаньня пісьменнасьці. Чытаючы ў школе па-расейску найпісьменьнейшыя падручнікі, вывучаючы творы Пушкіна, Дастаеўскага і Талстога, усю расейскую літаратуру ў аб’ёме ў разы большым, чым беларускую, ці ўсе маюць выдатныя адзнакі па расейскай мове? Ды не, збольшага расейская пісьменнасьць сярэдняя. Як, дарэчы, і беларуская. Прычым так было ва ўсе часы. То нехта хоча мяне запэўніць, што “Карлсан” здольны пазбавіць кагосьці залатога медаля? Я маю меркаваньне, што ня толькі і ня столькі чытаньне кніжак вызначае пісьменнасьць і, тым больш, школьныя адзнакі. Мой пяцігадовы досьвед выкладаньня беларускай мовы і літаратуры ў школе і тэхнікуме гэта толькі пацьвярджае. Чамусьці падаецца, што “хаваць” падалей ад дзяцей тарашкевіцкія кнігі зьбіраюцца людзі без бацькоўскага досьведу і абавязкова з “беларускай тусоўкі”. Мае былыя вучні (сярэднестатыстычныя расейскамоўныя беларусы) набываюць кнігу сваім малым – ніякіх праблемаў... У мужа на працы пыталіся, чаму столькі мяккіх знакаў – людзі, абсалютна не заангажаваныя ні ў беларушчыну, ні ў праблему правапісу. Ён патлумачыў літаральна адным сказам. Цяпер пытаюцца толькі пра тое, калі будзе працяг. Мы ня ведаем ніводнага выпадку, каб нехта не набыў кнігі з-за тарашкевіцы.
А. Я. У нас не паўстала пытаньне выбару паміж тарашкевіцай і наркамаўкай. Поўная згода. У жыцьці я карыстаюся тарашкевіцай, і выданьне мною кнігі наркамаўкаю было б у нейкай ступені ломкаю сябе. Каб кніга атрымалася добрая, трэба, каб усе яе складнікі былі добрымі: і мова, і паліграфія, і ілюстрацыі. А тарашкевіца, на маю думку, найлепшая з існых формаў беларускага правапісу. Бо тарашкевіца ад пачатку ёсьць правапісам, які зроблены беларусамі для беларусаў.
— Што можна зараз сказаць пра пасьпяховасьць рэалізацыі, месцы, дзе можна набыць/замовіць кнігу ?
А. Я. Дзякуючы Зьмітру Коласу, кніга трапіла ў дзяржаўную сетку распаўсюду “Белкніга”. Але каб яна дайшла да кнігарняў, не згубіўшыся ў сьпісах новых паступленьняў, мы проста банальна абыходзілі менскія кнігарні і паказвалі “Карлсана”, каб дырэктаркі і загадчыцы ведалі, што можна замовіць такое выданьне. Зразумела, прыкладаем намаганьні, каб наклад рэалізоўваўся як хутчэй. Чытачоў прывабліваем дадатковым паліграфічным вырабам – закладкай-бонусам. Акрамя кнігарняў, казка ёсьць на кніжных кірмашах на вул. Я. Купалы і ў к/з “Менск”. Ёсьць магчымасьць набыць “Карлсана” ў інтэрнэт-крамах oz.by і knihi.net. Вядзем перамовы з менскімі гіпермаркетамі, кожны з якіх мае кніжны аддзел, у якім няма ніводнай кнігі па-беларуску. Было б цікава туды трапіць, бо гэта зусім іншая аўдыторыя чытачоў, з якой ніхто з беларускіх выдаўцоў не працуе. Але, на жаль, гэта вельмі няпростая справа. Нядаўна прагучала радыё-чытанка ўрыўку з казкі ў выкананьні Алега Хаменкі. Цяпер на knihi.net можна праслухаць невялікі аўдыё-фрагмент аповесьці. То бок нашыя матэрыяльныя інтарэсы падштурхоўваюць нас рабіць тыя маркетынгавыя захады, якімі ніколі ніякія выдавецтвы не займаліся. Напрыклад, у сеціве круцяцца банеры кнігі.
— Як вы асабіста ставіцеся да персьпектываў выданьня беларускамоўнай дзіцячай літаратуры? Ці ня лічыце, што наклады па 2 тысячы асобнікаў – завялікія і немэтазгодныя?
А. Я. Наклад у тысячу асобнікаў быў бы значна больш адпаведным нашым магчымасьцям у фінансаваньні і распаўсюдзе, але тады асобнік каштаваў бы ў 2 разы даражэй, гэта была б эксклюзіўная кніга для бібліяфілаў. Мы ўсё ж рабілі кнігу для дзетак. Занадта малы досьвед, каб разважаць пра персьпектывы, але яны дакладна нічым ня горшыя, чым у беларускамоўнай літаратуры для дарослых, мо нават і лепшыя. Рэч у тым, што ў нас няма гатовых маркетынгавых схемаў продажу беларускамоўных кніг, то ўсё даводзіцца рабіць навобмацак, набіваючы сабе гузакі, не раўнаючы як той Малы. Але ж некалі, прайшоўшы гэты шлях другі, трэці раз, натопчам сьцежку.
— Якія ў вас ёсьць планы па далейшым выданьні? Ці ў залежнасьці ад посьпеху “Карлсана”?
А. Я. Планы фармуюцца ў першую чаргу жаданьнямі і імпэтам. Відавочна, што будуць 2 і 3 часткі “Карлсана”, магчыма, аўдыёкніга. Што ёсьць посьпехам “Карлсана”? На наш погляд, тое, што кніга выйшла – посьпех, тое, што яе можна набыць у кнігарнях, а ня толькі ў явачных запароленых месцах – посьпех, тое, што яна нармальна прадаецца – таксама посьпех. Нават тое, што наклад яшчэ не прадаўся – таксама посьпех, бо давялося б займацца перавыданьнем (сьмяецца), заміж каб рабіць другую частку. Што да астатніх задумаў, дык покуль яны ў зародкавым выглядзе – распавядаць сэнсу ня мае. Але галоўная нашая мэта – расштурхаць мясцовы рынак, уласна беларускіх аўтараў. І асабліва дзіцячай літаратуры.
Н. М. Сёньня склалася даволі дзіўная сітуацыя. Дзяржаўныя выдавецтвы выпускаюць вельмі прыстойныя кнігі што да якасьці: колер, цьвёрдая вокладка, прадуманая канцэпцыя мастацкага афармленьня... Але тэкставае напаўненьне жадае быць у разы лепшым. “Шчодрая кладоўка”, “Руплівая вавёрка”, “Бабуліны гасьцінцы”, усе гэтыя зайчыкі, коцікі, вербачкі, кветачкі, слоўцы тыпу “кучараўчык”... Аўтар, ветэран вайны, піша сам для сябе гэтую “новую кнігу” пра “прыгоды Наташкі і Васілька, якія прыехалі з гораду ў вёску да бабулі і дзядулі”? Прынамсі, мой сын такія рэчы, выдадзеныя, дарэчы, таксама накладам у 2 тысячы, чытаць адмаўляецца. Я не кажу, што такіх кніг быць ня мусіць. Але ж і ня толькі такія. У сучасных дзяцей іншыя патрабаваньні да тэксту. Мусіць быць інтрыга, экспрэсія і прыгоды ня толькі ў анатацыі выданьня. Гэтага вымагае сучаснае жыцьцё. З іншага боку, кнігі, напрыклад, Паўла Міська дзецям падабаюцца, але ж чамусьці яны выдаюцца ледзь не на газетнай паперы і ў іх вобмаль малюнкаў, ясна, чорна-белых. То маем спадзеў, што хтосьці, прачытаўшы “Карлсана”, пройдзе шлях ад напісаньня і да распаўсюду, ці хаця б да друкаваньня – дзеля сваёй уласнай кнігі. І гэтая кніга будзе мець усе шанцы прадавацца ў Швецыі па-шведску, то бок быць перакладзенай.
— Нядаўна выйшла таксама і «Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн як гэта успрымаць – як ланцуговую рэакцыю, супадзеньне, запланаваны ход?
Н. М. Багацьце кожнай нацыянальнай літаратуры залежыць ня толькі ад таго, колькі ўласных геніяў яна вырасьціла, але і ад таго, наколькі яна далучаная да сусьветнай культуры – праз пераклады класікі. Тое, што мы дасюль чытаем дзецям сусьветныя казкі па-расейску – нашая бяда. Тое, што выйшаў “Карлсан”, а літаральна праз паўгоду “Піпі” – нашая агульная ўдача. Так і трэба гэта ўспрымаць.
— Калі “Шрэк” агучваўся па-беларуску, можа варта было б пераагучыць і мультфільм пра Карлсана па-беларуску? Ды наогул выдаць анталогію савецкага дзіцячага мульфільма па-беларуску?
Н. М. Не. Арыгінал заўсёды лепей за пераклад. Дзеці не разумеюць “Шрэка” на мове арыгіналу. Але рабіць выгляд, што яны не разумеюць мульцікі па-расейску, не выпадае. Падаецца, тут і цяпер гэта не настолькі важна, каб гэтым займацца.
А. Я. Мне падаецца, што чым перакладаць з расейскай, дык лепей беларусам ужо ствараць уласныя мультфільмы і дзіцячыя кнігі-шэдэўры, якія б глядзелі і чыталі дзеці ў тых жа Швецыі ці Расеі. Калі ёсьць імпэт і талент, трэба скіроўваць яго на стварэньне, прыйшоў час, каб нехта ўжо ад “паляваньня і зьбіральніцтва” твораў іншых культураў перайшоў да “земляробства”, трэба апрацоўваць сваю “ральлю” і сілкавацца культурнымі прадуктамі ўласнае вытворчасьці.
— Што вы чыталі ў дзяцінстве, што было любімай кнігай і што хацелая б выдаць зараз?
А. Я. Чыталі шмат, і на кожны прамежак часу ў мяне была свая ўлюбёная кніга, пакуль яе месца не займала новая, больш улюбёная. (Сьмяецца.) Цяпер хочацца зрабіць да канца Карлсана, а потым узяцца за наступных аўтараў. Сьпіс не перакладзеных, але безумоўна вартых перакладу аўтараў настолькі вялікі, што прасьцей назваць перакладзеных. Менавіта я ў дзяцінстве з асалодай чытаў братоў Грым, Андэрсэна, крыху пазьней Марка Твэна, Фенімора Купера, Вальтэра Скота, Даніеля Дэфо, Жуль Верна…
Н. М. А яшчэ ёсьць сучасная дзіцячая літаратура, не перакладзеная ні беларусамі, ні расейцамі, ні ўкраінцамі і не чытаная намі ў дзяцінстве. Надзвычай цікава было б даведацца, што сучасныя замежныя аўтары пішуць для дзяцей. Што сёньня адбываецца ў прыбалтаў, скандынаваў, іншых еўрапейцаў, чым яны выхоўваюць і забаўляюць?
А. Я. Для перакладаў у нас неўзаранае поле, сапраўднае раздольле для усіх творчых людзей: і перакладнікаў, і ілюстратараў, і выдаўцоў. Таму запрашаю далучацца. Гэта цікава, хоць часам і цяжка. А як самая каштоўная ўзнагарода за высілкі — шчасьлівыя твары дзяцей, якія далучыліся да сусьветнай класікі дзіцячай літаратуры, да гэтага сапраўды чароўнага сьвету, дзьверы ў які адчыненыя толькі дзецям.