12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Шыдэль

_____________________
У затоцы слоў…
Вершы. Пераклад з польскай Эдуарда Акуліна


Таямніца

стаім у злавесных дзьвярах
прышпітальнай капліцы
у белых капронавых накідках
з вялікімі фіялетавымі каўнярамі

вароны ў асеньнім небе
вясёлай зграяй

на першым плане
катафалк
праз які паглядаем на ўваход
у трупярню
дзе схаваная таямніца

холад прабег па сьпіне
нікому не дазволена абмінуць тыя
дзьверы

* * *

няма ўжо лугу
куды мы езьдзілі
у вазку з драўлянымі коламі
з дзедам Грахоўскім
які па праўдзе й ня быў нашым дзедам

аднойчы
забралі старога
у вялікае места
і там ён памёр
як той наш луг
з прычыны асфальту й бетону


* * *

завіраваў нахабны чатырохкутнік рынку
і зьнямеў

гадзіньнікавая вежа
узьнёслая проста
ў бяззорнае неба
зьбялела

безабаронныя надзеі часу гаснуць

у тысячакроць хутчэй чым хачу
у тысячакроць хутчэй чым трэба

неба твайго цела
залацее
цёпла як жа цёпла
у ім назаўсёды чыёсь жыцьцё
засталося


* * *

там дзе і сёньня пахне
крухмалам
ліпеньскі вецер далікатна гладзіць
белакрылую пасьцель
якая сушыцца
на доўгіх шнурах

толькі
дзе падзелася
кучаравая дзяўчына
у кароткай ружовай сукенцы
чыё імя
ужо нават ня памятаю


Возера Бэндгоскае

яшчэ толькі тут лаўлю
цішу; на сьвітаньні думкі; зноў выпраўляюся
ў падарожжа па глыбокіх водах
здагадак; у пошуках хоць скрыліка цьвёрдай сушы
зноў закідваю невад
каб у затоцы слоў
злавіць затаплёны у тых водах
сэнс
які не пазначаны
ні на адной мапе


* * *

восень таго году
найсаладзейшая
частавала нас каштэлямі
якія дасьпявалі побач за высокім плотам
нашай школы

мы нават не прадчувалі
што ўжо вясна
падаруе першае каханьне
бы зорнае зьзяньне
у Купальскую ноч
ад кветкі папараці
пра якую сёньня ведаем
што яе наогул
няма


* * *

паўдзённы вецер
прынёс на хвілю
сонечнае адчуваньне шчасьця
потым
разам з халодным фронтам
нахлынуць нізкія хмары
дрэннага самапачуваньня
праліўныя дажджы нямогласьці
і гвалтоўныя набегі штодзённых
фрустрацый


Ядловец і часнок

дзядуля
які так рэдка нас адведваў
прыносіў у хату
пах добра прыпраўленай кілбасы

хоць даўно ўжо
прыпраўляе вяндліну высока
ў хмарах
прыходзіць часам
да нас
пахам ядлоўца
і часнаку

як толькі я
патраплю на яго
то чакаю
пакуль пагладзіць па галаве


Не пытай

яшчэ толькі
толькі ноч
месяц блукае
па вуліцах места

яшчэ толькі
толькі раз такая ноч
месяц блукае
сярод прасьцінаў

уцёк бы адгэтуль
як спалоханы летуценьнік
як

яшчэ толькі
толькі раз
і не пытай у мяне


Як выключэньне раньнія трускаўкі

ня ведаю некаторых
шыкоўных смакаў

для мяне ёсьць
адзіны
будзённы хлеб штодзённай працы
без трохкроп’я таемнасьці

калі табе абрыдзеў
мядовы водар засушаных руж
навошта зноў трызьніш
каханьнем
з захапленьнем на вуснах
як выключэньне раньнія трускаўкі



* * *

Еве
вось мы
асуджаныя на растаньне
у парозе
пацалунак пасьпешны
скрадзены час
асуджаныя
на знаходжаньне
сярод глухіх
і сьляпых
упрэжаныя
ў безнадзейную працу
іншымі сталі
іначай глядзім

хадзем адсюль
бо яшчэ як зараза
даканае нас тая вар’ятка
нуда


cаракачатырохгадовы паэт,
які глядзіць на майскія ландышы

з непадатлівых цьвёрдых як граніт слоў
гадамі ўзводзіў свой вялікі алтар
з яго высокіх прыступак ня раз бачыў я
аддаленыя на сотні і тысячы
сьветлавых гадоў і ў столькі ж разоў ясьнейшыя
ад нашага сонца маладыя
і скрозь ахутаныя хмарамі зьзяючага газу і пылу
паміраючыя зоркі

бачыў сушу якая ўздымалася над вадой
і пасвараныя з берагамі моры і акіяны
леднікі-пілігрымы што вандруюць з поўначы на поўдзень
а затым з поўдня на поўнач
планеты з чыіх нетраў вылівалася расплаўленая лава
якая застываючы рабілася
гарой выспай мацерыком на паверхні якога штораз зьяўляліся
і гінулі новыя
генерацыі

бачыў народзіны і сьмерці войнаў і залатыя вякі
веліч і нікчэмнасьць звычайных людзей
і ў стакроць большую подласьць тых хто ўладарыць сьветам
былі гады худыя і гады тлустыя
самі людзі садзілі дрэвы і карчавалі лясы
пракліналі сваіх багоў і ўзносілі да іх малітвы
нараджалі дзяцей і спакойна забівалі зьвяроў і людзей

бачыў як зьнявераныя рабіліся катамі
а старыя каты ляжалі ў калюжах крыві

калі гэта мажліва
хацеў бы толькі паглядзець на тыятравеньскія канваліі
якія ёсьць мізэрным апраўданьнем перад гадамі
засыпанымі пылам
жыцьця