12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Соф'я Шах

_____________________
Між раніцай і надвячоркам.
Вершы

* * *

Няма цярпеньня дзень пражыць,
няма цярпеньня ведаць тое,
што хоць і хутка час бяжыць,
ды хуткасьць не дае спакою.

Ды хуткасьць гэтая ані
штось не дае задавальненьня:
яшчэ б хутчэй імчалі дні, —
хутчэй, хутчэй — для наталеньня.

Далей, далей, а там — яшчэ, —
сягоньня, заўтра, пасьлязаўтра...
Хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй —
такая вось у прагі праўда.

Куды сьпяшаю? З-за якой
прычыны, з-за якога гвалту?
Бог ведае!.. Але з сабой —
Ніякага няма мне зладу.


* * *

Душа... Бог даў ці сатварыў?
Не, не праходзіць гэты зьдзіў.

Адкуль такая сіла ў ёй —
такі узвышаны настрой?

І гэта здольнасьць адчуваць —
сьмяяцца, плакаць і сьпяваць...

І слухаць, бачыць, разумець, —
і жыць, і жыць — і не старэць...

І крылы мець, і птушкай быць,
а цела — па зямлі насіць...

Гасподзь узнагародзіў так?
Ці гэта страшнай кары знак?


* * *

Якімі сьцежкамі-шляхамі,
якімі, Божа, берагамі
мы йшлі адно да аднаго...
мы йшлі адно да аднаго...

Якою скрухаю-турботай,
якою, Госпадзі, бядотай
перапаўняліся гады...
перапаўняліся гады...

Нястачы, горкасьці, трывогі,
памылкі, роспачы, зьнямогі, —
як доўга выпрабоўваў час...
як доўга выпрабоўваў час...

Сушыла, сьцюжыла, дажджыла,
глушыла, пляміла, сьляпіла...
І вось мы разам, — ня дай Бог
нам паасобку зноў дарог!


* * *

Якія маленькія дні...
Якія вялікія справы...
А колькі пустой мітусьні...
А колькі нядобрай праявы...

І зноўку сябе не ўмясьціць
між раніцай і надвячоркам,—
так час відавочна бяжыць,
што цемра мяжуе са змрокам.

Сутоньне сьвітальнай пары
выходзіць з сутоньня начнога,
і зоркі то мруць угары,
то зноў загараюцца строга.

Сігнальныя быццам агні
між берагам левым і правым,
дзе трэба ў маленькія дні
уціснуць вялікія справы.


* * *

Хачу вясны! Хачу вясны!
Як дражніць гэтая адліга
і гэтая неразьбярыха
між белізны і сінізны...

Хачу вясны! Хачу вясны!
Так студзень капяжом даймае,
што дух спакойнасьці ня мае
ад прадчуваньня навізны...

Хачу вясны! Хачу вясны!
Каму ўступіць зіму дарэшты
за тыя весьнія прыкметы,
што ў зімнія ня зьнікнуць сны?

Хачу вясны...