12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Шапран

_____________________
“Ад усёй душы...” Пісьменніцкія бласлаўленні Уладзіміра Караткевіча


Іх не так ужо і многа — рэкамендацый, якія Уладзімір Караткевіч даў амаль за два дзесяцігоддзі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, — усяго чатырнаццаць. Але кожны раз гэта не фармальнае пажаданне СП абраць у свае шэрагі новага сябра — гэта грунтоўны і пераканаўчы аповед пра чалавека, якога Караткевіч лічыў вартым бачыць побач з сабой, са сваімі сябрамі ў пісьменніцкай арганізацыі. І ў гэтым таксама ўвесь Караткевіч — ён не мог даць фармальную параду, ён павінен быў адрэкамендаваць так, каб не было сумніву, што прымаць трэба абавязкова. Да таго ж уражвае шырыня інтарэсаў Караткевіча — колькі ім было прачытана і прааналізавана, колькі ўсяго захоўвала яго памяць. У дадзеным выпадку гэта не проста рэкамендацыі — гэта хутчэй за ўсё літаратурныя рэцэнзіі на творчасць і ўвогуле жыццёвы шлях у літаратуры канкрэтнай асобы. Да таго ж, калі прыгадаць вызначэнне В. Бялінскага, што літаратурная рэцэнзія — свайго роду аўтабіяграфія рэцэнзента, дык можна смела сказаць, што рэкамендацыі-рэцэнзіі У. Караткевіча адпавядаюць гэтаму вызначэнню абсалютна і ў поўнай меры, бо недвухсэнсоўна сведчаць пра тое, хто такі іх аўтар, які бласлаўляе ў літаратуру тых, хто ідзе ўслед за ім.
Сяргей Шапран.


Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сымонавіч, рэкамендую ў члены Саюза Пісьменнікаў Наўроцкага Аляксандра Піліпавіча. Я ведаю яго, як аднаго з лепшых маладых паэтаў рэспублікі, паэта глыбокіх думак і тонкіх адчуванняў, паэта па-сапраўднаму здольнага і працавітага.
Я ведаю яго, як чалавека, што сучасна мысліць і ўвесь час знаходзіцца ў творчых пошуках, якія ўжо цяпер далі пэўны вынік і абяцаюць немалыя поспехі ў далейшым. Я ведаю яго, як чалавека па-сапраўднаму адданага Радзіме, якой ён хоча служыць сваёй творчасцю.
Па-сапраўднаму люблю вершы паэта. Такі верш як «Размова з Уладзімірам Ільічом» і такую паэму як «Стрэл у твар смерці»:

...Маркс!
Ты калісьці ля гэтага акіяна
Паставіў свой пісьмовы
Стол.
Гэта быў з чалавечых дум
Акіян кіпучы.
О, натхнення салодкі боль.
Больш за сорак гадоў
Ты адмучыў,
Каб з акіяна
Вылавіць соль.
Ты паміраў,
А заводы і фабрыкі ў дыме патоплі,
З паравозных печаў
Вырываўся агонь.
Ты паміраў, і апошнія той солі кроплі
Твая
сціскала далонь.

Гэтыя радкі лічу ледзь не найлепшымі радкамі аб Марксе ў нашай сучаснай паэзіі.
Люблю тыя вершы паэта, якія актыўна пратэстуюць супраць вайны.

Дарэмны просьбы. Суха стрэл хлопнуў.
Абвалілася першае бервяно,
І раптам дзіця закрычала. На ўсю Еўропу
Закрычала яно.

Люблю такія вершы аб працы як «Рукі» і «Адгабляваная дошка», такія лірычныя вершы як «Чатырохгранная ваза», «Ты — мяцеліца», «Дзе ты», «Яблыня кахання». Лічу, што яны цудоўныя па прастаце, шчырасці і сапраўды нацыянальнай форме.

Чашы яблык напоўнены салодкім сокам.
Ціха застылі галіны, каб сок не разліць.
Я ўвесь напоўнены вялікай журбою,
І журба разліваецца па твары маім.
Можа таму, што мне відаць,
Як елка вярхушкай-штыком
Заходзячае сонца рассякае напалам?
Не, таму што
Белым бінтом бяроза бінтуе рану,
Якую пакінуў цяжкі асколак.
Той асколак, які хацеў загубіць
І гэты вечар з цішынёй пявучай
І мяне, хто слухае гэтую цішыню.

Падабаюцца мне і сатырычныя вершы паэта.
Творы Алеся Наўроцкага былі перакладзены на рускую мову і друкаваліся ў часопісе «Дружба народаў».
Я лічу, што кніга паэта «Неба ўсміхаецца маланкаю» і новыя вершы, якія змешчаныя ў часопісе «Полымя», даюць падставу для таго, каб прыняць Алеся Наўроцкага ў члены Саюза Пісьменнікаў.
Уладзімір Караткевіч,
член Саюза пісьменнікаў з 1957 года;
нумар членскага білета — 4093
6 лютага 1964 г.


Прэзідыуму Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі
Праўленню Саюза пісьменнікаў Беларусі
Рэкамендацыя
Я, Уладзімір Караткевіч, ведаю Васіля Сяргеевіча Сёмуху некалькі год, з тых часоў, калі ён быў рэдактарам адной з маіх кніг. Рэдактарам зычлівым, высокакультурным, суровым ва ўсім, што датычылася таго, каб кніга зрабілася лепшай. Тое самае могуць сказаць і іншыя пісьменнікі, кнігі якіх ён рэдагаваў. Пачуццё стылю, выключнае веданне моў і, перш за ўсё, сваёй, беларускай, аж да тых тонкасцяў яе, да якіх ведаюць яе лічаныя, веданне ўсіх яе стыхій, дыялектаў, гаворак, арго — рабіла заўсёды неацэнную дапамогу людзям, якіх ён рэдагаваў. Вельмі карыснае было, таксама, веданне ім некалькіх іншых моў. Паколькі я магу меркаваць — дасканалае веданне.
Я не казаў бы пра гэта, каб усе тыя якасці спаўна не выявіліся ў яго перакладах. Ён выпусціў у свет некалькі перакладаў кніг нямецкай літаратуры, сярод якіх я лічу асабліва ўдалым пераклад кнігі Людзвіга Рэна. Часамі мне даводзіцца чуць аб гатовых працах, якія ляжаць у яго ў партфелі, перакладах з Шылера, Гейне, Наваліса, Рыльке.
Некаторы час таму назад В. Сёмуха скончыў вялікую, амаль неверагодную па масштабу працу: першы пераклад на беларускую мову «Фауста» Гётэ. Я сачу за гэтай працай даўно і адзінае, што выклікае ў мяне непаразуменне, гэта тое, што пераклад дагэтуль не надрукаваны, не выдадзены асобнай кніжкай.
Шмат людзей ужо чыталі яго, і таму я магу казаць аб перакладзе «Фауста», як аб перакладзе высокамастацкім, выключна-дакладным, паэтычным. Гэта сам Гётэ і, у той жа час, Гётэ, які, нібыта, напісаў сваю вялікую паэму па-беларуску. Я ведаю некаторыя пераклады паэмы і смела лічу, што пераклад В. Сёмухі па мастацкай дакладнасці вышэй за рускі пераклад Пастарнака і роўны з лепшым, дагэтуль, латышскім перакладам Я. Райніса (дарэчы, Сёмуха ў працэсе працы вывучыў гэты пераклад, як і шматлікія іншыя, дзеля таго, каб ведаць вопыт перакладчыкаў і пазбегнуць іхніх памылак; ён ведае латышскую мову і перакладае цяпер, а мо і пераклаў ужо, драму Я. Райніса «Агонь і ноч»).
Лічу, што такі перакладчык — вялікі набытак для нашай пісьменніцкай арганізацыі і таму рэкамендую Сёмуху Васіля Сяргеевіча ў члены Саюза Савецкіх пісьменнікаў.
Уладзімір Караткевіч,
член Саюза з 1957 года.
Членскі білет № 4093.
18 лютага 1966 г.

У Саюз пісьменнікаў БССР
ад члена Саюза, пісьменніка
Караткевіча Уладзіміра Сямёнавіча
Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза пісьменнікаў з 1957 года, рэкамендую ў члены Саюза пісьменнікаў крытыка і літаратуразнаўца Ралько Івана Змітравіча.
Шмат год з’яўляліся ў часопісах работы І. З. Ралька, заўсёды выклікаючы ў чытача непадробную цікавасць.
Бо адна справа абыходзіцца агульнымі словамі пра тое, што такое мастацтва (а на гэта майстры многія з нас), а другая — даследаваць яго, маючы ў галаве — думкі, а ў руках — разумны скальпель абазнанага тэарэтыка. На апошняе літаратуразнаўству нашаму рэдка шанцавала.
Кніга І. З. Ралько «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі», Мінск, 1969 г. — з’яўляецца, уласна кажучы, ледзь не першай спробай гаварыць пра беларускі верш з гісторыка-тэарэтычных пазіцый. Аўтар не засушвае праблему, не разбірае механізма так, што ён ператвараецца ў купу шасцяронак і вінцікаў.
Ён робіць жывую справу: даследуе і, у той жа час, пакідае арганізм верша цэлым. Гэта адна з першых спроб даследвання сілаба-тонікі, акцэнтнага верша, сістэм вершаскладання ў беларускім літаратуразнаўстве.
Паўтараю, гэта працаёмкая, цяжкая, піянерская, дужа складаная праца.
Як на мой погляд, гэтая кніга і дзесяткі іншых рэцэнзій і работ аўтара даюць яму права ўвайсці паўнапраўным членам у нашу пісьменніцкую сям’ю.
Ул. Караткевіч
23 верасня 69 г., Мінск.


Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза Пісьменнікаў з 1957 года, ведаю пісьменніка Аляксандра Карпавіча Шлега ўжо дзесяць год, з 1964 года. Ведаю, як дужа здольнага і патрабавальнага да сябе чалавека, які за апошнія гады ўсё больш і больш творыць. І лепш творыць.
А. К. Шлегу ўласцівая пільная ўвага да сучаснасці. Яго першы зборнік апавяданняў «Трывожная памяць» — гэта нібы размова з людзьмі самых розных лёсаў — са студэнтамі, маракамі (аўтар і сам марак, і гэта мне ў ім асабліва сімпатычна), партызанамі, вязнямі лагераў смерці. Размова, дарэчы, заўсёды цікавая. Як не можа быць не цікавым само жыццё.
І, галоўнае (магчыма, самае галоўнае), героям пісьменніка і самому пісьменніку ўласцівая светлая вера ў людзей, у іхнюю чуласць, дабрыню і справядлівасць.
Чытачы заўважылі і другую кнігу Алеся Шлега, аповесць «Цыганок» (здаецца, 1971 г.). Тут аўтар праявіў сябе з другога боку. Строга дакументальны твор (спачатку радыёп’еса, пасля аповесць) аўтар здолеў ператварыць у твор мастацкі, твор аб юнаках Віцебскага падполля, аб непрыміручай іхняй барацьбе з фашызмам, і аб лёсе адзінага з іх, хто (не гледзячы на катаванні ў СД) здолеў уцячы і выправіцца ў лес, да партызанаў, лёсе Івана Дарафеева (сапраўднае прозвішча Ерафееў), вядомага пад мянушкай «Цыганок».
Дарэчы, прататып высока адазваўся аб дакументальнай дакладнасці твора, аб праўдзівасці характараў выведзеных у аповесці людзей.
Вясной 1974 года А. Шлег выпусціў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» новую аповесць «Праўда адна» аб рэвалюцыйным мінулым нашай краіны, аб лёсе матроса з «Аўроры» Алеся Сінкевіча, які прыязджае па загаду партыі на радзіму, каб змагацца, каб будаваць новае жыццё.
А. Шлегу ўласцівая цікавасць да дакументу, да сапраўднасці. І ў гэтай аповесці героі — людзі невымышленыя. Зменены толькі прозвішчы. І, аднак, каб я не ведаў пра гэта, я палічыў бы, што перада мной выдумка, нават дэтэктыў. Што зробіш, жыццё ў пераломныя эпохі бывае багацей нашых уяўленняў пра яго. Гэтая кніга — праўдзівае і па-мастацку выпісанае адлюстраванне тых год.
І, дарэчы, па ёй відаць, што майстэрства маладога пісьменніка зрабіла вялікі скачок наперад (перш за ўсё стыль, характары, уменне весці дыялогі, поўныя гумару нават у трагічных абставінах, урэшце, нават такая «дробязь», як уменне пісаць пейзажы, уменне, якое так занядбалі многія нашы аўтары ў апошні час).
Таму я і спадзяюся, што мы можам чакаць ад Алеся Шлега яшчэ шмат новых, цікавых кніг. Гэта аўтар, які расце. Паступова, але няўхільна. Я ведаю яго творчыя задумы — і гэта сапраўды цікава.
Лічу, што Аляксандру Карпавічу Шлегу многае дадзена. І таму рэкамендую яго ў Саюз Пісьменнікаў.
Уладзімір Караткевіч
(членский билет Союза Писателей № 4093)
11 чэрвеня 1974 г.
За гэты час выйшаў яшчэ зборнік Алеся Шлега «Жыло чаканне болю». Я застаюся пры думцы, выказанай у старой сваёй рэкамендацыі.
Уладзімір Караткевіч, 9.06.82


Рэкамендацыя для ўступлення ў Саюз
пісьменнікаў СССР т. Луфераву Мікалаю Пятровічу
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (член Саюза пісьменнікаў з 1957 года, нумар членскага білета 4093), рэкамендую ў члены Саюза пісьменнікаў т. Луферава Мікалая Пятровіча. Аўтар манаграфіі пра творчасць Кузьмы Чорнага, раздзелаў у фундаментальнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» і шматлікіх артыкулаў па гісторыі нашага прыгожага пісьменства, М. П. Луфераў праявіў у гэтых працах разуменне літаратуры, тонкі эстэтычны густ, высокую назіральнасць, руплівасць і дбайнасць сапрўданага ўдумлівага даследчыка. Выкладаючы беларускую літаратуру ў Магілёўскім педінстытуце, ён выхоўвае сапраўдных знаўцаў, аматараў і прапагандыстаў нашай роднай літаратуры, людзей, шчыра адданых ёй.
Ад усёй душы рэкамендую т. Луферава М. П. у члены саюза. Упэўнены, што ён апраўдае гэтае высокае званне.
Уладзімір Караткевіч
17 жніўня 70 г., Мінск.


Рэкамендацыя
Грынчыку Мікалаю Міхайлавічу для паступлення ў Саюз пісьменнікаў СССР
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза пісьменнікаў з 1957 года, рэкамендую Грынчыка Мікалая Міхайлавіча для паступлення яго ў Саюз пісь­меннікаў.
Ведаючы М. М. Грынчыка больш дзесяці год, я лічу, што гэта адзін з самых таленавітых вучоных-літаратуразнаўцаў у нашай рэспубліцы, даследчык цікавы, глыбокі, вельмі ўдумлівы і разнастайны. Аўтар двух дужа цікавых манаграфій («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «М. Баг­дановіч і народная паэзія»), шматлікіх крытыка-біяграфічных нарысаў («Аркадзь Куляшоў»), артыкулаў, што ахопліваюць значны круг тэм, вялікую колькасць аўтараў, уздымаюць шэраг вельмі важлівых праблем — М. Грынчык паўсюль арыгінальны, усюды шукае і знаходзіць свой, нечаканы падыход да тэмы.
У гэты момант загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага уні­версітэта М. М. Грынчык аддае шмат увагі выхаванню маладых вучоных, маладых літаратараў, прыкладае ўсе намаганні для таго, каб літаратурнае жыццё горада было яшчэ больш жывым і віруючым.
Ён — адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры», аўтар многіх арты­кулаў у «Літаратурнай энцыклапедыі» і «Беларускай савецкай энцыклапедыі», бесстаронні і тонкі крытык.
Я лічу, што М. М. Грынчык па сваёй працы, здольнасцях, па тым, што ён яшчэ можа зрабіць для нашай літаратуры — варты прыняцця яго ў Саюз пісьменнікаў.
Ул. Караткевіч
Нумар членскага білета 4093
20 лістапада 70., Мінск


Рэкамендацыя
Нікіфаровіча Ванкарэма Валяр’янавіча я ведаю з 1958 года і ўвесь гэты час чалавек гэты быў, як кажуць, на маіх вачах. Я цікавіўся яго крытычнай творчасцю, глыбокімі, заўсёды арыгінальнымі і справядлівымі артыкуламі ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», газетах «Літаратура і мастацтва», «Советская Белоруссия» і інш. Я аддаваў яму даніну і як самабытнаму нарысісту, што ўмее ўздымаць праблемы і пісаць пра іх жыва і з непакоем. Не з меншай зацікаўленасцю я глядзеў п’есы, перакладзеныя ім, параўноўваючы, скажам, трактоўкі «Майго беднага Марата» ў двух нашых акадэмічных тэатрах, але заўсёды аддаючы належнае самому перакладу, паэтычнаму і дакладнаму.
За апошні час я з вялікай зацікаўленасцю сачыў за ягонай работай тэлесцэнарыста, аўтара шматлікіх цікавых перадач аб літаратурных сувязях Беларусі з іншымі краінамі і аб мемарыяльных помніках Беларусі (Ванкарэм працуе цяпер старшым рэдактарам літаратурна-драматычных перадач беларускага тэлебачання). Гэта ў яго заўсёды атрымоўвалася змястоўна, захапляюча, з веданнем прадмета.
Але гэта не галоўнае. Галоўнае ў тых шматлікіх перакладах мастацкай літа­ратуры, зробленых Нікіфаровічам з розных моў свету. Пачуццё глыбокай асалоды выклікалі ўва мне раманы і аповесці, перакладзеныя ім: «Танча з Гарацвета» Крума Грыгорава, «Закаханыя птушкі» Камена Калчава, «Нявестка» Георгія Караславава, анталогія балгарскага апавядання пад назвай «Скарб», «Матрыярхат» Георгі Мішава і іншае. Вялікую радасць даставіла чытачам кніга балгарскага народнага гумару «Габраўскія ўсмешкі». Шэсць асобных кніг, не кажучы пра шматлікія пераклады апавяданняў з розных моў. Тут больш за 30 розных аўтараў. Цэлая бібліятэка! І нельга не адзначыць, як многа зрабіў Нікіфаровіч у справе сувязі паміж братнімі народамі.
Трэба сказаць, што ў наш час, калі ўсё часцей гучаць скаргі на тое, што пера­клады робяцца з падрадкоўнікаў, што гэта вядзе да збяднення мовы і зместа твору, да скажэння ўяўлення аб тым ці іншым аўтары — у нас на Беларусі дужа каштоўны кожны чалавек, які не толькі валодае літаратурным талентам, але і валодае некалькімі мовамі, прычым дасканала, і можа перакладаць непасрэдна з арыгіналу. Ванкарэм Нікіфаровіч валодае трыма: балгарскай, сербскай, англійскай. Перакладчыская справа ў нас пашыраецца, і мы павінны ўключаць у гэты працэс яшчэ і яшчэ новых людзей, не кажучы ўжо аб выпрабаваных, як Нікіфаровіч, перакладчыкаў, кваліфікаваных, вопытных, з высокім густам і пачуццём слова, строгіх, патрабавальных і крытычных да сябе і сваёй работы, што і вызначала заўсёды творча індывідуальных майстроў.
Я рэкамендую Ванкарэма Валяр’янавіча Нікіфаровіча ў члены Саюза пісьмен­нікаў СССР.
Уладзімір Караткевіч, член Саюза пісьменнікаў
з 1957 года. Членскі білет № 4093.
[1970-1971]


Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза Пісьменнікаў з 1957 года, рэкамендую ў члены Саюза Пісьменнікаў Любоў Александраўну Філімонаву, адну з самых таленавітых паэтэс малодшай генерацыі беларускіх паэтаў (прабачце, паэтэс, з усёй, уласцівай ім, глыбінёй, чысцінёй і тонкасцю патрыятызму, чуйнасцю да з’яў жыцця, да ўсяго, што прывязвае Чалавека да Зямлі).
Вельмі прашу Саюз Пісьменнікаў не адмовіць мне ў маёй просьбе. Гэты аўтар зробіць яшчэ — я ўпэўнены — вельмі і вельмі многа дзеля нашай Савецкай літаратуры.
Ул. Караткевіч
2 красавіка 75 г.


Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза Пісьменнікаў СССР з 1957 года (нумар членскага білета 4093), ведаю цудоўнага паэта і харошага чалавека Сяргея Законнікава з 1965 года.
З самых ранніх яго публікацый (здаецца ў 1962 (?) — 1963 гадах) — а гэта была газета «Віцебскі рабочы» — мяне не пакідала цікавасць да гэтага здольнага (і сціплага) чалавека.
Яму заўсёды было мала часу. Сын вясковага настаўніка, добра мне вядомага, у свой час дырэктара школы ў Глыбачцы (а побач Рукшэніцы, адкуль Хвелікс Тапчэўскі), выхадзец з вясковай нашай інтэлігенцыі, ён, вядома, лічыў галоўнай сваёй справай паэзію, шчыра яе любіў і працаваў на яе і на агульную чалавечую карысць.
Але не абмяжоўваўся толькі ёю.
Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры (харошым!), рэдактарам раённай газеты (добрым!), сакратаром Вушацкага райкома камсамола (і я не чуў кепскага пра яго ад камсамольцаў).
Зараз працуе карэспандэнтам «Звязды». Член КПСС з 1972 г.
Вершы ягоныя, шчырыя, то асацыятыўныя, то па-народнаму ясныя, з’яўляліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, «Літаратурцы», у калектыўных зборніках «Натхненне» (1967), «У нашых сэрцах Ільіч» (1970), «Рунь» (1970), «В едином строю» («Молодая гвардия», 1971) і г. д.
У 1973 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў яго зборнік «Бяседа». У 1976[-м] — зборнік «Устань да сонца», дзе змешчаны новыя вершы і паэма «Прарыў».
Выключна патрабавальны да сябе, працавіты і — галоўнае — таленавіты, паэт, на мой погляд, мае права быці ў шэрагах Саюза Савецкіх пісьменнікаў.
Ён піша можа і няшмат, але заўсёды дабротна, высокаю мерай.
Ведаючы яго даўно, я спадзяюся, што ён парадуе нас яшчэ не адным зборнікам высокай пробы паэзіі. Перачытайце напісанае — і Вы ўпэўніцеся.
Уладзімір Караткевіч
4 лістапада 1976 г.

Прэзідыюму Праўлення Саюза
пісьменнікаў БССР
ад пісьменніка
Караткевіча У. С.
Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза пісьменнікаў СССР з красавіка 1957 года, ведаю паэта Валерыя Сцяпанавіча Маскаленка з 1966 года, калі ў №5 часопіса «Нёман» з’явілася першая падборка ягоных вершаў. З таго часу я з зацікаўленасцю сачу за яго творчасцю, за яго няспынным творчым ростам. Гэта мала сказаць, што таленавіты паэт. Гэты паэт наскрозь пачуццёвы і, адначасова, па-філасофску [неразб.], якасці досыць рэдкія. Гэта выявілася ў шматлікіх яго публікацыях, а таксама ў зборніках «Родник» (Мінск, 1970) і «Солнечный ветер» (Мінск, 1976).
В. Маскаленка няспынна творча расце і, думаю, расці яму яшчэ доўга і доўга, як кожнаму сапраўднаму паэту. А тое, што ён такі — пра гэта сведчыць яго апошні зборнік. З 41-га верша, што ўваходзяць у яго, дваццаць — проста выдатныя, і астатнія, у рознай ступені, набліжаюцца да гэтай ацэнкі, не так ужо мала.
Лічу, што паэт Валерый Сцяпанавіч Маскаленка варты прыёму ў Саюз пісьменнікаў. Ён не падвядзе нас і яшчэ шмат разоў будзе радаваць чытачоў сваімі добрымі кніжкамі, сваёй шчырай паэзіяй.
Уладзімір Караткевіч,
член ССП з 1957 года.
Білет нумар 4093.
[1976 ?]


У Саюз пісьменнікаў СССР
ад пісьменніка
У. С. Караткевіча
(членскі білет № 12131, дата
паступлення ў СП — 26.IV.1957)
Рэкамендацыя
на таварыша Галавача Віталя Цімафеевіча (г. н. 1929).
Я ведаю таварыша Віталя Цімафеевіча Галавача з 1967 года. Ведаю яго як аднаго з найлепшых (гэта азначае строгіх!) рэдактараў, з якімі мне даводзілася за гэты час мець справу.
З ім заўсёды было зразумела, як лепей павярнуць сюжэт, да чаго прыслухацца, а да чаго і не варта.
Даведаўшыся, што ён не толькі рэдактар, што ён і сам піша, я, па ўласцівай мне цікаўнасці, пазнаёміўся з тым, што ён зрабіў.
Зрабіў, на жаль, менш, чым мог. А здольнасці гэтага чалавеука вядомыя ўсім нам.
І, галоўнае, ягоная ахвота рабіць.
Яшчэ з 1960-га (а мне здаецца, што былі і публікацыі ранейшыя — недзе з года 1957-га?) можна было прасачыць на старонках прэсы голас В. Ц. Галавача.
…Выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 1973 годзе выдала дужа цікавую аповесць В. Ц. Галавача «Васёк — матросская душа».
У 1974 годзе выйшаў зборнік «На боевом посту», у якім адным з лепшых апавяданняў было — «Последняя кража».
З’яўляліся такія самыя добрыя рэчы і пазней («Заморыш», 1978 г., — зборнік «Родины сыновья», «Нелёгкая победа» — зборнік «Лучшие ведут поиск»).
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» плануе ў 1982 годзе выдаць аповесць В. Ц. Га­­лавача «Звёзды должны гореть» — а таксама (на гэты сам год) кнігу мемуараў народнага артыста СССР П. С. Малчанава — «Театр жизнь моя», літаратурны запіс якой зрабіў В. Ц. Галавач.
Я думаю, В. Ц. Галавач здолее зрабіць яшчэ дужа і дужа многа, і таму рэкамендую прыняць яго ў члены СП [С]ССР.
Уладзімір Караткевіч
4 студзеня 80 г.


Рэкамендацыя
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза пісьменнікаў з 1957 года, рэкамендую ў Саюз пісьменнікаў Цыпіса Навума Фроімавіча.
Я ведаю Н. Ф. Цыпіса нешта з 1965 года. Усе гэтыя гады з нязменнай цікавасцю сачыў за шматлікімі ягонымі публікацыямі ў газетах, у часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладая гвардыя», «Уральскі следапыт», «Маладосць» і, вядома, за кнігамі, якія выходзілі ў выдавецтвах: «Ціхія кіламетры», «Прысуд» (у сааўтарстве з Г. Я. Кругловым).
Рэчы гэтыя заўсёды знаходзілі сабе ўдзячнага чытача, які ацэньваў як трэба цікавы сюжэт, і добрую лепку характараў, і арыгінальнасць ідэй.
Канчаткова пераканала мяне (і чытачоў) у тым, што мы маем перад сабою дужа здольнага і арыгінальнага аўтара, кніга Н. Ф. Цыпіса «Недзе ёсць горад». Я сам рос у невялікім гарадку і таму поўнасцю здолеў ацаніць і шматкаляровае (хаця і далёка не вясёлкавае) апісанне побыту, і людзей горада, трагізм і камізм у яго нялёгкім жыцці, іскрысты гумар, багатую моўную стыхію.
І, галоўнае, высокую дабрыню і чалавечнасць кнігі, прачытаўшы якую, чалавек адчувае, што ён удвая лепшы, чым быў да таго, як узяў гэтую кніжку ў рукі.
Лічу, што таварыш Н. Ф. Цыпіс будзе годным членам Саюза пісьменнікаў і парадуе чытачоў яшчэ многімі таленавітымі кнігамі.
Уладзімір Караткевіч
[1980 ?]


Рэкамендацыя
Ад усёй душы спадзяюся, што Яўген Васілевіч Міклашэўскі (Яўген Верабей) будзе і далей учыняць мне сваёй творчасцю прыемныя нечаканасці: рыса, па-мойму, усіх сапраўдных.
Што б ён ні пісаў, ён заўсёды страшэнна розны (у добрым сэнсе розны). Асабіста я ведаю яго, мабыць, недзе з года 1965[-га], здаецца, добра ведаю яго асабіста, і, усё ж, у кожнай сваёй рэчы ён для мяне нечаканы. Тонкі лірык, чалавек здатны заўважаць самыя тонкія нюансы чалавечай душы. І — адразу побач — чысцейшай вады сатырык. Ледзь прызвычаіўся да гэтых ягоных іпастасяў-псіхолаг (аповесць «Чатыры дарогі»). Ведаючы і кнігу «Свежасць» (1968 год, выдавецтва «Беларусь») і зборнік «Ганна з Пухавіч» (Мінск, 1976, выдавецтва ЦК КПБ), аддаю ўсё ж перавагу «Чатыром дарогам», хаця, крый божа, не даю пры гэтым парад, як яму трэба пісаць. Таму што ў гэтай аповесці заўважыў дар рэдкі і дзівосны: пісаць пра жыццё не нудна, а радасна. Самая складаная ідэя ўспрыймаецца не як штодзённая манная каша (хай, нават, з разынкамі), але як доўгачаканы паход на рыбы са сталым і разумным дзядзькам. А гэта якасць рэдкая: і разумнае кінуць, і пасмяшыць, і навучыць, як лепей прывязаць кручок.
Спадзяюся, ён падорыць нам яшчэ шмат такіх кніг і таму рэкамендую Яўгена Васілевіча Міклашэўскага (Яўгена Вераб’я) у члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Уладзімір Караткевіч,
член Саюза пісьменнікаў СССР
з 1957 года. Нумар членскага білета 12131
[1980 ?]


Рэкамендацыя
Я, пісьменнік Караткевіч У. С., ведаю Канстанціна Іванавіча Тарасава даўно. Спачатку — па ягоных творах, пасля — асабіста. Ён цікавы мне як сваеасаблівы аўтар рэчаў сюжэтных (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман» № 4, 1967 г.) і гістарычных (аповесць «Отставка штабс-капитана Степанова», часопіс «Неман» № 6, 1977 г.). Прычым ён, што для мяне таксама блізка, бярэ падзеі не толькі параўнаўча нядаўнія, але «капае» ў глыбіню стагоддзяў нашай гісторыі (аповесць «Погоня на Грюнвальд», часопіс «Неман» № 4, 5 за 1980 г.; яна ж выйшла ў 1980 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пад назваю «День рассеяния»). Ведаю Тарасава і як эсеіста са сваім цікавым поглядам на свет (апублікаваныя ў «Немане» эсе пра Міцкевіча, Сімяона Полацкага, запланавае ў тым жа часопісе эсе аб Сымоне Будным).
Гэта аўтар, якому яшчэ доўга расці і работаць. Ведаю пра задуму (здаецца ўжо здзейсненую) эсе аб удзеле беларусаў у бітве на полі Куліковым (а роля іхняя ў перамозе над Мамаем была агромністая). Ведаю аб запланаваным зборніку прыгодніцкіх аповесцяў, у які акрамя «Эксперымента» і «Адстаўкі» ўвойдзе аповесць «Post factum».
У абставінах, калі з востра-сюжэтнымі рэчамі слабавата, а з творамі на тэму беларускай гісторыі ўвогуле скупа і мізэрна, лічу (не палічыце за парадокс) кола інтарэсаў К. І. Тарасава вельмі цікавым для ўсіх, а творчасць — [неразб.], нават злабадзённай.
Рэкамендую К. І. Тарасава ў члены Саюза пісьменнікаў. Ён будзе патрэбным і карысным аўтарам.
Уладзімір Караткевіч,
член Саюза пісьменнікаў з 1957 года
[1981—1982]