12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тарас Шаўчэнка

_____________________
На зямлі на бачна раю...
Вершы

Пераклад
з украінскай
Валерыя
СТРАЛКО



Да 195-годдзя Тараса Шаўчэнкі Валеры Стралко падрых­таваў да друку другое, дапоўненае выданьне білінгваНепагасны агонь”. У другую рэдакцыю ўключаны і яго новыя пераклады. Прапануем увазе чытачоў новыя перастварэньні на беларускую мову вершаў вялікага Украінца Тараса Шаўчэнкі.

ДУМКА

Цячэ вада ў сіне мора,
Ды не выцякае,
Казак скрозь шукае долю,
Ды яна ўцякае.
Пайшоў казак у сьвет белы;
Вось ён і на моры;
Бецца сэрца казачыны,
А думка гаворыць:
Куды рушыў без дазволу?
На каго пакінуў
Бацьку, маці ўжо старую,
Любую дзяўчыну?
На чужыне люд ня наскі
Цяжка там пражыці!
Там ня будзе з кім паплакаць,
Нат пагаварыці.”

Сядзіць казак на тым боку,
Сінеецца мора.
Дагнаць долю спадзяваўся
Сустрэлася гора.
Журавы сабе дадому
Лунаюць ключамі.
Казак плачашлях зваротны
Парос палынамі.
1838


* * *

Вецер з гаем размаўляе,
Шэпча з асакою,
Плыве човен па Дунаі
Адзін за вадою.
Плыве човен вады повен,
Ніхто не спыняе,
І рыбак яго ня спыніць
Навек спачывае.
Паплыў човен аж да мора,
Бура сустракала,
Пагулялі горы-хвалі
І трэсак ня стала.

Хуткабежны шляхяк чоўну
Да сіняга мора
Сіраціне на чужыну,
А там і да гора.
Дабрадзеі пагуляюць,
Бы зімныя хвалі,
(Яшчэ тыя дабрадзеі,
Каб яны сканалі),
А затым спакойна глянуць,
Як сіротка плача,
Пра яе спытай іх потым
Ня чуў і ня бачыў.
1841

* * *

Чаму мне так нудна, чаму гэтак важка,
Чаму сэрца плача, рыдае, крычыць,
Бы тое дзіцятка? Так сэрцайку цяжка, –
Чаго яно хоча, што сэрцу баліць?
Ці піць, а ці есьці, ці спаць яно хоча?
Заснула б ты, сэрца, заснула б навек,
Разьбітае ў мукахдзе людзі, там зьдзек.
Няхай люд лютуе... Закрый, сэрца, вочы.
1844


* * *

Не зайздросьці багатаму,
Багаты ня знае
Ні сяброўства, ні любові
Гэта ўсё наймае.
Не зайздросьці магутнаму,
Бо той прымушае.
Ды і слаўнамуня варта,
Слаўны добра знае:
Не яго шануюць-любяць,
А важкую славу,
Што ён цяжкімі сьлязамі
Выліў на забаву.
Маладыя пабяруцца, –
І люба, і ціха,
Нібы ў раі, – а паглянеш:
Варушыцца ліха.
Не зайздросьці ж анікому,
Лепш сядзець бяз хлеба...
На зямлі ня бачна раю,
Ды няма й на небе.
1845

* * *

Вой, пайду я ды пагляну
На той стэп, на поле;
Ці ня дасьць Бог міласэрны
Хоць на старасьць волі.
Пайшоў бы я ў Украіну,
Пайшоў бы дадому;
Пакланіліся б, сустрэўшы
Дома, мне, старому;
Там бы я спачыў хоць троху,
Маліўшыся Богу,
Там бы яДы шкода й мроіць
Ня будзе нічога.
Як жа мне тут, у няволі,
Выжыць без надзеі?
Людзі добрыя, скажыце,
А то адурэю
1848


N.N.

Сонца заходзіць, горы чарнеюць,
Птушачка ціхне, поле нямее.
Цешацца людзіхутка спачынуць,
Я ж задуменнысэрцайкам рыну
Ў садзік сьцямнелы на Украіну.
Мройна лунаю, думку люляю,
І сэрца быццам адпачывае.
Чарнее поле, і гай, і ўзгоркі,
На небе сінім усходзіць зорка.
О, зорка, зорка! – зірну адчайна
Ці ты ўзышла ўжо і на Украйне?
Ці вочы любай цябе шукаюць
На сінім небе? Ці забываюць?
Калі забылі, хай бы заснулі,
Пра лёс мой горкі каб і ня чулі.
1847


* * *

Калісь, дурною галавою,
Я думаў, – горачка са мною! –
Як мне на гэтым сьвеце жыць?
Людзей і Госпада хваліць?
Бярном у багне гніць пад тынам,
Старэць, валяцца, сьлёзы ліць,
Памерці й сьледу не пакінуць
На абакрадзенай зямлі
Каб гэтак? Божа заслані!
Куды падаццахто параіць?..
Штодзень пілаты расьпінаюць,
Марозяць, паляць на агні!
1859


* * *

Мінулі вёсны. Халадзее,
Сьцюдзёным ветрам ад надзеі
Ужо павеяла. Зіма!
Сядзі калом у стылай хаце,
Няма з кім ціха пашаптаці,
Ані параіцца. Няма,
Анікагусенькі няма!
Сядзі ж адзін, пакуль надзея
Абдурыць дурня, абсьмяе...
Марозам вочы абкуе,
А думы гордыя разьвее,
Як вецер лісьцепа лістку!
Сядзі ж адзін сабе ў кутку
І не чакай сьвятое долі!
Яна ня сыдзе больш ніколі
Садочак твой пазеляніць,
Тваю надзею абнавіць!
І думу вольную на волю
Ня прыйдзе выпусьціць... Сядзі
І мрояў тын не гарадзі!..
1860


* * *

І дзень ідзе, і ноч ідзе...
І, галаву схапіўшы ў рукі,
Крычаць гатовы: дзе ж ты, дзе,
Апостал праўды і навукі!?
1860