12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Шаўлякова

_____________________
«Рэпутацыя» пасля
(аўта)дыскваліфікацыі. Беларуская літаратурная крытыка 2000-х


Звыклы ў абсягах апошняй трэці ХХ ст. тандэм беларускай крытыкі (як “віду літаратурнай дзейнасці, мэта якой — даць ацэнку бягучым фактам літаратуры з пункта гледжання значэння іх для сучаснасці” [4, с. 159] і беларускага літаратуразнаўства (як сістэмы ўласна навуковых даследаванняў розных аспектаў мастацтва слова) з пачатку 2000-х гадоў перажывае, магчыма, адзін з самых лёсавых “момантаў” у гісторыі свайго існавання. Адчувальнае ўжо ў 1990-х аслабленне сувязяў унутры згаданага тандэма цягам першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. прывяло да своеасаблівай самаізаляцыі яго складнікаў, якія пачалі нібыта герметызавацца і адначасова дыстанцыравацца адно ад аднаго, выяўляючы непранікальнасць для ўзаемаўплываў не толькі метадалагічных, але і каштоўнасна-мэтавых. Найбольш відавочным (заўважным, так бы мовіць, “на паверхні” айчыннага філалагічнага дыскурсу) наступствам гэтага напачатку другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. стаўся дысананс “рэпутацый” крытыкі і літаратуразнаўства.
І без “рэестравага” знаёмства з набыткамі літаратуразнаўства, абапіраючыся толькі на своеасаблівую “настраёвасць” літаратурнай прасторы 2000-х, можна зрабіць выснову, што згаданыя набыткі шануюцца як бы па змоўчанні — ці не па кантрасце з тым, што “ў сённяшнім літаратурным і калялітаратурным асяродку ўзнікла трывалая тэндэнцыя ацэньваць літаратурную крытыку апошняга дзесяцігоддзя выключна ў адмоўным ключы” [3, с. 187]. Літаратурная (і калялітаратурная) грамадскасць у апошняе дзесяцігоддзе дэманструе татальнае расчараванне ў айчыннай крытыцы: з прычыны страты ёю ўплывовасці, зніжэння актыўнасці, няздольнасці аператыўна і аб’ектыўна (ці хоць бы адэкватна) ацэньваць плён найноўшай мастацкай славеснасці. Сапраўды, у дачыненні да крытыкі ўдакладненні рэйтынгавага кшталту (узважванні адпаведнага плёну на шалях “больш-менш”) бачацца пераважнай большасці ўдзельнікаў сучаснага літаратурнага працэсу непрадуктыўнымі. Нездарма высновы, якія тычацца, напрыклад, аналізу эстэтычных прынцыпаў сучаснай беларускай крытыкі, наўпрост звязаныя з расшыфроўкай “метафарычнага дыягназу”, пастаўленага сённяшняй крытыцы самімі яе рупліўцамі: “На жаль, абвінавачванні Галубовіча ў бок калегаў па крытычным цэху цалкам справядлівыя. Літаратурная крытыка ў першым дзесяцігоддзі ХХІ ст. “здзяцінела”, і выявілася гэта нават не ў тым, што яна вярнулася на папярэдні ўзровень развіцця, а ў тым, што праскочыла яго, абярнуўшыся больш простаю формаю — нататкай літаратурнага журналіста ці фельетонам” [3, с. 199].
Адмысловая “анемічнасць” крытычнага досведу апошняга дзесяцігоддзя шматкроць канстатавалася і вытлумачалася навукоўцамі, самімі крытыкамі, пісьменнікамі, журналістамі, блогерамі. Прычым бліжэй да сыходу 2000-х дыскусійныя пляцоўкі, дзе абмяркоўваліся відавочныя праблемы і прывідныя перспектывы беларускай літаратурнай крытыкі, са старонак друкаваных выданняў перамясціліся ў інтэрнэт. Напрыканцы першага — пачатку другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. асобныя сеціўныя рэсурсы (“Сучасная беларуская літаратура” (www.suc-biel-lit.livejournal.com), “Сучасная літаратурная крытыка, літаратуразнаўства, літаратурная журналістыка” (www.lit-krytyka.livejournal.com), “ЛитКритика.BY: Белорусский литературный портал”(www.litkritika.by) і інш.), блогі (інтэрнэт-дзённікі), інтэрнэт-форумы перыядычных выданняў (напрыклад, “Нашай Нівы”) час ад часу ператвараліся ў сапраўдныя рысталішчы, дзе ў якасці безадказнай зброі зарэкамендавалі сябе “падкрэслены суб’ектывізм і вельмі спецыфічная паблажліва-аўтарская іронія, якая ў першым дзесяцігоддзі ХХІ ст. наогул стане прыкметай беларускай крытыкі” [3, с. 179].
Між тым, маштабная (аўта)дыскваліфікацыя (не толькі сацыякультурная, але і аксіялагічная, эстэтычная) найноўшай беларускай крытыкі не ёсць дасягненнем выключна “нулявых” гадоў. Па вялікім рахунку, у першае дзесяцігоддзе ХХІ ст. крытыка як інстытуцыянальны феномен літаратурнага быцця з лагічнай непазбежнасцю набліжалася да адмысловай “кропкі невяртання”, акрэсленай у якасці “стратэгічнага” прыярытэту яшчэ ў “ружоватуманных” дыскусіях 1990-х. У 2000-я гады ў крытыкі проста не было шанцаў пазбегнуць рэпутацыйнага крызісу — у пэўным сэнсе, насуперак сваім рэальным набыткам.
Крытыка паводле свайго функцыянальнага прызначэння ў літаратурным працэсе асуджаная на пошукі адэкватнасці канкрэтнаму сацыякультурнаму хранатопу. Вырак беларускай літаратурнай крытыкі 2000-х — шукаць паразумення з эпохай шоўцэнтрызму і пры гэтым выразна ўсведамляць грандыёзную ўтапічнасць уласнага “праекта”. Бо вартасць яго айчыннай літаратурнай супольнасцю і грамадскасцю ацэньваецца паводле таго, ці здолее ў бліжэйшы час крытыка забяспечыць беларускаму прыгожаму пісьменству попыт у інфармацыйным грамадстве. Інакш кажучы, крытыка мусіць гарантаваць “камерцыйны поспех” на рынку, зарыентаванаму на “квазікультурны фастфуд”, беларускай мастацкай славеснасці — феномену, які сутнасна, унутрана апазіцыйны культуры “фастфудаўскага” тыпу.
На справе прафесійная крытыка, “генетычна” звязаная ў айчыннай традыцыі з літаратуразнаўчым досведам, мусіла прымусова-добраахвотна “масіфікавацца”, часам — займацца “самаперакладам”, адаптуючыся да моўнай стыхіі сучасных СМІ. Акрамя таго, з другой паловы 2000-х пачала імкліва пашырацца расколіна паміж жанравымі запатрабаваннямі масавай аўдыторыі і формамі прафесійнага асэнсавання мастацкай літаратуры. Калі для публікі аптымальнай паўстала б рэдукцыя ці не ўсёй разнастайнасці крытычных жанраў да анатацыі ці скетча па матывах калялітаратурнага жыцця, дык прафесійная крытыка аддае перавагу праблемным артыкулам, літаратурным партрэтам, літаратурна-крытычным эсэ, рэцэнзіям, прычым нават гэтыя жанры выяўляюць выразную тэндэнцыю да рэдукавання, сцяжэння з адначасовым “квантаваннем” тэксту — падзелам яго на невялікія фрагменты.
Сімптаматычным падаецца той факт, што цягам дзесяцігоддзя было выдадзена толькі адно даследаванне, прысвечанае ўласна літаратурнай крытыцы: манаграфія К. Мароз “Літаратурная крытыка Заходняй Беларусі” (2001). Плён тэарэтычнага асэнсавання сучаснай беларускай літаратурнай крытыкі прадстаўлены артыкуламі М. Мушынскага (агляд “Крытыка і літаратуразнаўства” ў другой кнізе чацвёртага тома “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, 2003), Г. Кісліцынай, асобнымі публікацыямі ў зборніках навуковых прац і літаратурна-мастацкіх часопісах М. Аляшкевіч, А. Бязлепкінай, А. Кавалеўскага, Н. Кузьміч і інш.
Тым не менш, цягам дзесяцігоддзя ў Беларусі выйшла блізу дзясятка кніг, якія амаль без удакладненняў (праблемна-тэматычнага ці жанравага кшталту) можна назваць кнігамі ўласна крытыкі: “Blonde attack” (2003) Г. Кісліцынай, “Верыфікацыя нараджэння” (2005) З. Вішнёва, “Крышталёвы сад” (2007) Л. Сільновай, “На просторе слова” (2008) Ю. Сапажкова, “Пясочны гадзіннік” (2010) Л. Алейнік, “Сыс і кулуары” (2010) Л. Галубовіча, “Сентыментальнае паляванне, або У крытычных сутарэннях” (2000), “Рэстаўрацыя шчырасці: літаратурна-крытычны канструктар” (2005), “Сапраўдныя хронікі Поўні” (2011) І. Шаўляковай.
Як правіла, увага ўсіх аўтараў згаданых кніг сканцэнтравана на творах, падзеях, з’явах, асобах, што ва ўспрыманні літаратурнай і чытацкай супольнасці суадносяцца з найноўшым (ці, у рэдкім выпадку, з сучасным, калі пашыраць яго межы да 1980-х гадоў) літаратурным працэсам. Рэестр крытычных жанраў у 2000-я гады радыкальным чынам не змяніўся. Праўда, калі адны крытыкі імкнуліся задзейнічаць у межах аднаго зборніка як мага больш жанравых форм (“літаратурна-крытычныя артыкулы, нарысы, рэцэнзіі, нататкі” Л. Алейнік), іншыя аддавалі перавагу ўлюбёным жанрам (“крытычным артыкулам, эсэ, дыялогам” — Ю. Сапажкоў) ці без страху і дакору аддаваліся пад уладу літаратурна-крытычнай эсэістыкі: “З пачатку дзевяностых… эсэ запанавала ўсюды: у філасофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы… І толькі нашы літаратуразнаўцы дасюль не зважаюць на гэты феномен. Яны па-ранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў паэзіі ды прозе — і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтара дзесяцігоддзя адбылося ў жанры эсэ” [1, с. 89].
Беларуская літаратурная крытыка першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. сапраўды адчула на сабе значны ўплыў эсэізацыі, што абумовіла відавочныя трансфармацыі жанрава-стылявой сістэмы; найбольш выразна тое дэманструе крытычная творчасць Л. Галубовіча, А. Сідарэвіча (“Выбранае… Нататкі чытача”, 2010), П. Абрамовіча (“Праўда Адамчыкаў”, 2008), Д. Жукоўскага (“Літаратура для добраахвотнага чытання”, 2002) і інш). Арыгінальна пераасэнсаваны зместавыя і структурна-кампазіцыйныя магчымасці эсэ ў кнігах П. Васючэнкі “Адлюстраванні Першатвора: Літаратура ў філалагемах і пятрогліфах” (2004) і “Ад тэксту да хранатопа: Артыкулы, эсэ, пятрогліфы” (2009). Паказальна, што ў так званай пісьменніцкай крытыцы (прастора якой у 2000-я гады, на жаль, няўмольна звужалася), у гэты час пераважае партрэтны жанр, дакладней, эсэізаваныя “літаратурныя партрэты”, “партрэты-адлюстраванні”, бліскучыя ўзоры якіх прадстаўлены ў кнігах А. Кудраўца “За дальнім прычалам” (2007), А. Бутэвіча “Пад небам беларускага слова: пра пісьменнікаў, літаратуру і не толькі” (2007), Д. Бічэль-Загнетавай “Хадзі на мой голас” (2008), А. Сямёнавай “У святой краіне выгнання” (2011).
Жанр твораў, што ўвайшлі ў адну з самых цэльных і розгаласных кніг крытыкі першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. “Сыс і кулуары” (2010), яе аўтар Л. Галубовіч вызначае як “літаратурна-крытычныя эсэ”. У дадзеным выпадку чытач мае справу менавіта з крытычнай эсэістыкай. Сярод найбольш яскравых адзнак індывідуальна-творчага стылю Галубовіча-крытыка вылучаецца асобасная цэнтрыраванасць крытычнай рэфлексіі. Гэта выяўляецца на ўзроўні кампазіцыйнай структуры тэкстаў (дзе “экспазіцыя”, як правіла утрымлівае згадкі пра асабістыя стасункі крытыка з аўтарам), а таксама на ўзроўні ўласна зместу (ацэнак, эмацыйна-пачуццёвага пражывання кніг як падзей літбыцця і г.д.). Акрамя таго, аўтар кнігі “Сыс і кулуары” выяўляе імкненне да “формулізацыі” — фармулёўкі лаканічных і максімальна змястоўных вызначэнняў сутнасці тых з’яў найноўшай літаратуры, якія для яго асобасна важныя: “Эзатэрычнае і падсвядомае — асноўныя акумулятары паэзіі Г. Дубянецкай, на іх трымаецца ўся, і без таго высока напружаная, энергетыка яе вершаў” [2, с. 167].
І ўсё ж нягледзячы на ўплывовасць агульнай тэндэнцыі да эсэізацыі гуманітарнага досведу, плён асэнсавання ключавых для нацыянальнай літаратурнай парадыгмы пытанняў урэчаўляўся найчасцей не ў эсэ, а ў розных жанравых мадыфікацыях праблемнага артыкула. Больш ці менш розгаласныя дыскусіі разгортваліся ў артыкулах праблемна-аналітычных (“Парадоксы пераемнасці” (2006) А. Бязлепкінай; “Старая маргінальная беларушчына ў тэкстах А. Бахарэвіча, М.Мартысевіч і Е. Вежнавец” (2009) Л. Сіньковай; “Руская літаратура Беларусі” (2007) А. Андрэева і інш.) альбо праблемна-палемічных: згадаем тэксты “Ізноў пра кляты постмадэрнізм” (2002) С. Балахонава; “Пра кавалерысцкі наезд на пісьменніцкія хутары” (2006) Ю. Пацюпы; “Гульня свядомасці, альбо Праблема «тэрміналагічнай атрыбуцыі»” (2009) Л. Алейнік і інш. Больш сціпла прадстаўлены ў жанравай структуры крытыкі 2000-х артыкулы праблемна-аглядавага кшталту, хаця амаль кожны з тых, што з’явіўся, патэнцыяльна мог бы запачаткаваць цікавае абмеркаване: публікацыі “Слова і дзея, або Літаратурны працэс на Беларусі пасля распаду савецкай імперыі” (2006) Г. Тычко; “Крытыка на лаве падсудных” (2009) М. Южыка; “Улюбёная гульня. Беларускі постмадэрн: ці ёсць ён” (2011) М. Аляшкевіч; “Што за справа мастаку да ляманту крытыкі” (2012) Н. Якавенкі. Пры гэтым рэзка зменшылася прысутнасць (і, адпаведна, уплывовасць на бягучы літаратурны працэс) паўнавартасных літаратурных аглядаў (напрыклад, на старонках “ЛіМа” пераважалі інфармацыйныя агляды часопісаў “Маладосць”, “Нёман”, “Полымя).
Найбольш аператыўным крытычным жанрам і традыцыйнай, і сеціўнай крытыкі цягам 2000-х гадоў заставалася рэцэнзія: тут варта адзначыць надзвычыйную (у сэнсе паслядоўнасці, хуткасці і сістэматычнасці асвятлення кніжных навінак) працу А. Марціновіча, а таксама крытычныя штудыі цэлай плеяды маладых крытыкаў і асобных літжурналістаў, чые “ўваходзіны” ў літаратурную прастору прыпалі якраз на 2000-я гады: Ц. Чарнякевіча, Ж. Капусту, Дз. Марціновіча, А.Лапіцкую, М. Весялуху, А. Карп, А. Паплаўскую і інш. На старонках друкаваных газет і часопісаў разгорнутыя рэцэнзіі суседнічалі з кароткімі і нават малафарматнымі крытычна-ацэначнымі водгукамі (“Бліц-крытыка” ў “ЛіМе”, “Бліц-крыт” у “Дзея­слове”; аўтарскія рубрыкі Л. Рублеўскай у “СБ”; “Экслібрыс” А. Бязлепкінай — у “Звяздзе” і інш.). Інтэрнэт-рэсурсы (з відавочных прычын, у тым ліку эрганамічных ды тэхнічных) аддавалі перавагу вельмі кароткай рэцэнзіі, якая па змястоўных і структурных асаблівасцях нярэдка набліжалася да эсэізаванага водгуку (публікацыі П. Абрамовіча, Л. Алейнік, А. Бязлепкінай, Г. Кісліцынай, М. Мартысевіч, А.Новікава, А. Паплаўскай, І. Шатыронак, М. Южыка і інш.).
Нягледзячы на руплівасць літаратараў розных пакаленняў, галоўнымі пагрозамі для перспектыўнага развіцця беларускай літаратурнай крытыкі на сыходзе першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. заставаліся няўмольнае пагаршэнне “дэмаграфічнай” сітуацыі ў літаратурна-крытычных абсягах, а таксама згортванне адпаведнага сегменту ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Інакш кажучы, колькасць прафесійных крытыкаў працягвае змяншаецца, а іх функцыі, як сведчыць літаратурная практыка, не могуць эфектыўна выконвацца ні літжурналістамі, ні заангажаванымі ў літаратурных варунках блогерамі (іх “папуляцыя” расла ў той жа геаметрычнай прагрэсіі, у якой колькасць уласна крытыкаў змяншалася). Глыбінныя прычыны згаданых працэсаў варта шукаць і ў павелічэнні своеасаблівага “разлому” (аксіялагічнага, канцэптуальнага, метадалагічнага) паміж літаратуразнаўствам і крытыкай, што прывяло, акрамя іншых наступстваў, да відавочнага пераразмеркавання даследчыцкай актыўнасці, калі цэлая плеяда аўтарытэтных крытыкаў (Л. Сінькова, Е. Лявонава, П. Васючэнка, С. Кавалёў, Г. Тычко і інш.) “мігравала” ў нетры ўласна літаратуразнаўства.
Мяжу другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. айчынная крытыка перасягнула ва ўмовах абвостранага “рэпутацыйнага” крызісу. Але, як ні дзіўна, яна можа разлічваць на дзейсную хуткую дапамогу, бадай, з аднаго боку: з боку ўяўнага “канкурэнта” ў барацьбе за культурны статус і грамадскае прызнанне — літаратуразнаўства. Менавіта беларускае літаратуразнаўства, з яго арыентаванасцю на сінтэз лепшых айчынных традыцый і найноўшых ідэй, метадаў, падыходаў, на актуалізацыю беларускай нацыянальнай літаратуры як унікальнага феномена агульначалавечай культуры, мусіць дапамагчы крытыцы ў самім паняцці “нулявых” убачыць выразную перспектыву. Бо нуль — гэта не толькі фінал, брама ў “мінус-гісторыю”, але і пачатак, абяцанне новых трыумфаў.

Л і т а р а т у р а:

1. Акудовіч, В. В. Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексіяў / В.В. Акудовіч. — Мінск : Логвінаў, 2006.
2. Галубовіч, Л. Сыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ / Л. Галубовіч. — Мінск: Літаратура і мастацтва, 2010. — 176 с.
3. Кісліцына, Г. М. Эстэтычныя прынцыпы сучаснай беларускай крытыкі / Г.М. Кісліцына // Міждысцыплінарныя даследаванні акутальных праблем тэорыі літаратуры / М.А. Тычына [і інш.]; навук. рэд. М.А. Тычына: Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2011. — С. 165-199.
4. Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапам. / В. Рагойша. — Мінск: Беларус­кая Энцыклапедыя, 2001. — 384 с.