12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Шаўлякова

_____________________
Карма №2, або Выніковасць маўчання. Рэцэнзія на кнігу Леаніда Галубовіча «З гэтага свету»


Леанід Галубовіч. З гэтага свету: вершы пасля вершаў — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 108 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 23).

Жыццё пасля паэзіі ёсць: у гэтым пасля “Апошніх вершаў Леаніда Галубовіча” (2000) мог пераканацца не толькі спадар (сем’янін-працаўнік-грамадзянін) Леанід Міхайлавіч Галубовіч, але і “персанаж” літпрацэсу ЛеГАЛ (які намагаўся рэабілітаваць крытыкатэрапіяй творчую “Я-канцэпцыю” пасля добраахвотнага гвалту над функцыямі паэтычнай залозы). Праўда, жыцця замест паэзіі для Л. Галубовіча няма, пра што недвухсэнсоўна сведчыць “плён дванаццацігадовага публічнага маўчання паэта” — кніга “З гэтага свету” (2012).
Любы, хто наважыцца рэцэнзаваць “вершы пасля вершаў” Л. Галубовіча, аўтаматычна атрымлівае права выбару — адной з дзвюх “кармаў”.
Шлях да кармы № 1, як да радзімы ў паэме Алеся Бадака “Ра”, — “адусюль кароткі”, але найкарацейшы — праз прадмову-медытацыю (узор “крытычнага верлібра”) Ціхана Чарнякевіча “Кніга стыглага часу”: “У беларускай паэзіі вялікая будучыня. Мы не верым у заўтрашні дзень, не верым людзям — нават тым, каго паважаем і любім. Мы нікога не слухаем, а калі слухаем — не чуем. Паэзія — адзінае выйсце. Выйсце ўнутр сябе (вылучана намі. — І.Ш.)”. Носьбіт кармы № 1 плён публічнага маўчання паэта Л. Галубовіча (дванаццаць год з вершамі ў друку не выступаў, дзесяць — не пісаў) можа сабе дазволіць разглядаць “пазакантэкстуальна” — у дачыненні да папярэдняй, сённяшняй і далейшай творчасці Л. Галубовіча, затое пры падкрэслена пільнай увазе да вірлівых варункаў уласнага ўнутранага (ці хоць бы віртуальнага) жыцця. Выдатак згаданага выбару адзін, але да крыўднага істотны: у сённяшняй айчыннай літпрасторы рэфлексіі ў жанры “погляд і нешта”, паводле дасціпнай заўвагі Дзмітрыя Быкава, падаюцца настолькі ж неабавязковымі, як “пасляабедзенная размова за сігарай пра палавое жыццё славутых”. Яшчэ ў літаратурна-крытычным дыскурсе 2000-х гэты жанр прайшоў усе этапы (аўта)дыскваліфікацыі, пасля чаго яго адэпты атрымалі пачэснае права аўтаматычна ўганароўваць “глыбокае нішто” лаўрамі “глыбокай глыбіні”. Амін.
Рэцэнзентава карма № 2 ёсць кармай па сутнасці сваёй “гастарбайтарскай”: нават калі не замахвацца на рэканструяванне працэсу паэтавага маўчання, а пагадзіцца адно на ўпарадкаванне яго вынікаў, маеш шанец пасівець заўчасна. Бо мусіш мець справу з наступствамі нелірычнай (вартай зайздрасці Босха) адвагі ампутаваць (метадам выгрызання) “палову сябе”:

Усе мае лепшыя вершы
са мною павінны памерці,
калі ж я сканаю першы,
то вы ім паверце
і без маёй прысутнасці,
проста на слова,
бо, калі браць па сутнасці,
я — іх палова.

“***Усе мае лепшыя вершы…”

Працытаваны верш, што ў межах кнігі паэтычных артэфактаў “З гэтага свету” бачыцца адмысловым пралогам, у кантэксце творчасці Л. Галубовіча перыяду публічнага маўчання з поспехам можа выконваць ролю своеасаблівых уводзін у гісторыю творчага аўтадафэ. У гэтым сэнсе тэарэтычная значнасць кнігі “вершаў пасля вершаў” палягае ў тым, што на яе грунце хто заўгодна (напрыклад, юныя версіфікатары ці схільныя да літаратурнай іпахондрыі сталыя аўтары вершаваных тэкстаў) можа сканструяваць уласную — альтэрнатыўную — гісторыю маўчання, пражыць яе, так бы мовіць, віртуальна, не набліжаючыся да “кропкі невяртання” ў рэальным часе:

…так я сыходзіў ад вершаў,
быццам ад першай дзяўчыны, —
самай прыгожай і лепшай —
без абвяшчэння прычыны.

Проста жыцця па-за сэнсам
прагла душа, як збавення,
пішучы зболеным сэрцам
словы крывёю па венах.

“***…так я сыходзіў ад вершаў”
Практычная каштоўнасць кнігі, якая складаецца з сямі раздзелаў-нізак (“Нада мною”, “Пра мяне”, “Са мною”, “У маіх”, “Маё”, “Мае”, “Мая”), заключаецца ў тым, што па яе ўзоры немагчыма арганізаваць вытворчасць падобных аўтадафэ: маўчаць так пранізліва-няпафасна, самаразбурацца з такой эмацыянальнай бязлітаснасцю і мастацкай выніковасцю сярод айчынных паэтаў-сучаснікаў “з гэтага свету” можа, бадай, толькі Л. Галубовіч. Падобна герою “Маятніка Фуко” У. Эка, я ў гэтым “файле” знаходжу ў “алітаратуранай форме” ўсё, што сукамернікі лірычнага героя Л. Галубовіча па тутэйшай літпрасторы не могуць выказаць ні на мове навуковых паняццяў, ні на кулуарным слэнзе: “…боязь пісання ў спалучэнні з жарсцю да пісання і горыч рэдактарскай працы — вечна пішаш ад імя падстаўных асоб, і сум па няздзейсненай творчасці, і інтэлектуальная сарамлівасць, што змушала яго караць і грызці сябе за тое, што яму хацелася таго, на што, па ўласным меркаванні, ён не меў права”.
Поўневае, у чымсьці нават збыткоўнае веданне таго, якім чынам і якім коштам прамаўляецца непрамаўляльнае, можна было б вытлумачыць “шчаслівым супадзеннем” лёсаў паэта і яго лірычнага героя ў іх “жніўным ўзросце” (цікава, што вобраз-матыў дамавіны “насцігае” лірычнага героя ў вершах, напісаных у розныя гады менавіта ў жніўні: “Дом пры могілках” (2009), “Каханне і любоў” (2011) і інш.). Але рэцэнзентава карма № 2 не дае магчымасці дзейнічаць напавер: у межах асобы лірычнага героя Л. Галубовіча век чалавечы несувымерны паэтаваму часу, як жыццё па вызначэнні несувымернае несмяротнасці. Так, у творы “***памятаю, ваенны хірург…” выбар паміж чалавечым і паэтавым бяспройгрышна ўганароўваецца смерцю: кіруючыся парадамі хірурга, выжыве асобіна, “чалавекааадзінка” (на тле мараў памерці паэтам); трымаючыся парад крытыка, паэт застанецца (праўда, без цялеснага тла).
Бадай, менавіта ўсведамленне бяспройгрышнасці згаданай “латарэі” дазваляе паэту быць узаемавыключальным — і не быць мітуслівым, надрыўным у асэнсаванні і паэтычным прамаўленні сваёй выключнасці. Адно з найбольш паверхневых вытлумачэнняў гэтага аўтарскага “сакрэту” звязана з віртуозным выкарыстаннем самаіроніі. У шэрагу “вершаў пасля вершаў” яна хоць і не прэтэндуе на ролю ўніверсальнай зброі для змагання з недасканаласцю свету, але выяўляе патэнцыял універсальнага мастацкага інструментарыю — як, напрыклад, у творы “***Ну, вось і Купалаў я век перажыў”, дзе іранічная аўтарэцэнзія нязмушана падсумоўваецца саркастычным аўтапартрэтам творцы:

Ну, вось і Купалаў я век перажыў.
(З шуфлядаў расце мемуарная проза.)
І як ні рыфмуй, як страфу ні вяршы, —
выходзіць банальна й занадта цвяроза.
<…>
І ўжо ні жалеек, ні песень жальбы,
ні нават вянка — на аджытыя вершы…
І ты не адзіны, а з мноства — любы,
дачасна памерлы з паэтаў тутэйшых.

Самаіронія як сплаў трагедыйнасці быцця і гратэскавай фарсавасці яго жыццёвых урэчаўленняў трымае лірычнага героя “З гэтага свету” над паверхняй таго акіяну экзістэнцыйнай самоты, якая, калі меркаваць не толькі паводле вершаў, але і паводле празаічных твораў ды крытычных праектаў другой паловы 1990-х — 2000-х, ёсць “першаматэрыяй” светаадчування поўневага Л. Галубовіча. У некаторых выпадках сінтэз з’яў узаемавыключальных, уласна, і спараджае вершаваны тэкст як паэтычны твор, становіцца, так бы мовіць, абавязковай умовай здзяйснення твора. У вершы “***Прадчуваю: з сусветных высяў…” “нечакана” сустракаюцца агіяграфія і апокрыф (дакладней, галубовічавы аўтаінтэрпрэтацыі жанравых канонаў), пафас лірыкі духоўнай (“Прадчуваю: з сусветных высяў, // працінаючы неба сінь, // Сам Гасподзь мне насустрач выйшаў, // каб паўстаць Адзін на адзін”) “раптоўна” саступае месца інтанацыям інтымнай лірыкі (“патаемна” аплодненай іроніяй): “Як адчуеш усёй істотай, // што пачну я ў табе расці — // значыць, з пятніцы на суботу // я ўваскрэсну ў тваім жыцці…”. Гэтаксама ў творы “Вёска-2008”, і асабліва ў вершы “На ранішні выгул сабакі”, ахвяраваны “маленькай мілай Тэры”, іронія як дасканалы інструмент сацыякультурнай адаптацыі (перакладаю: спосаб (вы)жыць у рэзервацыі паўзы) загадзя акрэслівае адзіна магчымую траекторыю нібыта бязмэтнага руху героя-самотніка: з карункавай і адначасова надзвычай рэчыўнай метафорыкі вясковага пейзажу — у завулак Тутэйшы “глабальнай вёскі” (перакладаю: у жнівеньскую “медыяпрастору” вёскі Вароніна Клецкага раёна Мінскай вобласці):

На золкім ранку роснай павутой,
бы марляю, ад жнівеньскіх апёкаў
забінтаваны вераснёўскі дол,
што да вясковых прытуліўся вокан.
<…>
Давай мы, Тэры, вернемся назад —
на маміны блінцы, на пах капусты,
да трох каналоў, што вяшчаюць лад,
і аднаго праявамі распусты…

Да нядаўняга часу можна было смела сцвярджаць, што ключавая роля ў мастацкім свеце Л. Галубовіча належыць “паэтыцы рэалій”: чатыры з пяці раздзелаў “Апошніх вершаў…” прысвечаны стасункам з рознымі праявамі рэчаіснасці, і толькі фінальны раздзел дазваляў меркаваць пра спробы пісьменніка наладзіць кантакт з вечнасцю.
Калі параўноўваць “вершы пасля вершаў” з “Апошнімі вершамі…”, то быццё рэчыўнае (“прадметнае”) ужо не здольнае адгарадзіць лірычнага героя ад самоты экзістэнцыйнага парадку: штодзённасць нягледзячы на ўсю сваю гучнасць, мітуслівасць, збыткоўную цялеснасць няўмольна раствараецца ў “рэчыўнасці” пазапрадметнай. Нагрувашчаныя, сагнаныя ў натоўп у “Апошніх вершах…” рэчы (згадаем творы “Электрычны народ”, “Хата ў Зялёным Лузе” і інш.) “прарэджваюцца”, выполваюцца з духоўных палеткаў як бы і самі сабою. У “гэтым свеце” застаюцца толькі важныя сюжэты і дзейныя асобы.
Сюжэтаў, уласна кажучы, два: стасункі паэта са Словам і стасункі чалавека з Богам.
Улада паэта над Словам у “вершах пасля вершаў”, як правіла, аказваецца хімерай і пакутай (“***Калі паэт класічна запівае…”, “Плагіят”, “***О, не, не галавой мастацтва творым…”, “***Паэт…”, “Версіфікатарам” і інш.). Заўважым, што мастацкая і эмацыянальная пераканаўчасць высноў не залежыць ад “тэхнікі”, у якой выкананы твор: выпакутваныя, гэтыя веды аднолькава нязмушана пачуваюцца ў строях сілабатонікі і верлібра.
З гэтага свету стасункі лірычнага героя Л. Галубовіча з Богам (а таксама з лёсам, зямным выракам, доляй, etc.) могуць падацца “рытарычнымі”, асабліва чытачу “дажніўнага” ўзросту: “Помні, раз ты нарадзіўся, // ты ніколі не памрэш, // бо з мінулага з’явіўся // і ў наступнасць адплывеш…” (“***Там, дзе скошана трава…”). Між тым, галубовічавы творы адпаведнай тэматыкі не супадаюць наўпрост з класічнай традыцыяй духоўнай (тэасофскай, рэлігійнай) паэзіі. Сутнасна (у змястоўным і, найперш, аксіялагічным сэнсах) яны хутчэй выводзяць чытача на Шлях “духашукальніцтва”, чым заклікаюць шукаць Бога: “Страшны Суд, ці так ужо ён страшны, // калі роўна — быць альбо не быць…” (“***Госпадзе, няўжо і я ўздымуся…”). Лірычны герой “З гэтага свету” ўжо не мае патрэбы выпраўляцца на пошукі Бога, бо даўно вядзе з Ім маналог.. Менавіта так, насуперак граматычным правілам, дазволім сабе акрэсліць форму іх камунікацыі. Гэта не дыялогі з Уладаром Сусвету і не маналогі да Яго. Гэта як гаварыць з Кімсьці, чыя “віртуальная” маўклівасць “расчытваецца” не як прысуд, але як абяцанне выратавання, перадусім — ад сябе самога.
Сюжэтныя калізіі, умоўна вылучаныя ў якасці стрыжнявых у дачыненні да кнігі “вершаў пасля вершаў”, у шэрагу твораў адмысловым чынам пераплятаюцца — і стасункі чалавека-паэта са Словам-Богам высноўваюцца ў межах трэцяга сюжэта, экзістэнцыйна-паэтычнага:

Ты толькі можаш мармытаць,
узняўшы вочы на нябёсы,
нібы намогшыся спытаць
у Бога прапісныя лёсы

тых самых слоў, што з-пад Яго
апекі вымкнулі і ўлады,
наўпрост жадаючы таго,
каб ты ўладаў і даў ім рады…

“Беспрытульныя словы”

Нешматлікасць ключавых сюжэтаў у гэтай кнізе сувымерная колькасці персанажаў, якіх з пэўнай доляй умоўнасці (маючы на ўвазе перадусім іх “склад”) можна назваць цэнтральнымі дзейнымі “асобамі” жыццёвага ліраэпасу (ці нават лірадрамы) я-героя “З гэтага свету”: Мама, Бог, вера, Вера (жонка), вёска Вароніна, хата (“маміна”, “бацькоўская”) і, бадай, тэр’ер Тэры.
Па вялікім рахунку, Мама, Вера і Вароніна (галубовічава Маконда) акрэсліваюць сваю неадменную (найчасцей “пазатэкставую”) прысутнасць ужо ў трох першых раздзелах: “Нада мною”, “Пра мяне”, “Са мною”. Але менавіта ў нізках “У маіх”, “Маё”, “Мае”, “Мая” гэтыя дзейныя “асобы” аказваюцца ключавымі для разумення яшчэ адной сюжэтнай лініі, звязанай з пошукамі лірычным героем роднасці як спосабу дайсці да сябе ў беспрасветным экзістэнцыйным сутонні:

Цэлы год пражыла бацькоўская хата
сіратою ў спусцелай вёсцы.
Адна масніца ў святліцы
яшчэ мамінай хадою гаворыць,
а другая — скрыпіць чужым голасам…
Стаю пасярод хаты,
аточаны таямнічай ачужанасцю.
Распнуты Хрыстос на покуці
упарта чапляецца
за павучыну
жыцця…

“Адведкі бацькоўскай хаты”

Падаецца надзвычай красамоўным тое, што духоўная роднасць з кожным годам усё больш перамяшчаецца — “канцэнтруецца” для лірычнага героя Л. Галубовіча хутчэй на “тым” свеце, чым на “гэтым”. Так, у раздзеле “Мае” сабраныя творы, якія паводле агульнай тэматычынай скіраванасці, эмацыянальнай настраёвасці міжволі, як бы самі сабой аб’ядноўваюцца ў нізку “балад сыходу”. Адрозныя паводле рытміка-інтанацыйных асаблівасцей, вобразна-выяўленчых сродкаў, яны ўтвараюць своеасаблівае жалобнае кола: “Развітальнае” (дзе паэтычныя радкі М. Купрэева сталіся эпіграфам да верша-развітання з Уладзімірам Маруком), “***Рускі чалавек Барыс Бур’ян…”, “Знічка” (“Лагвіновіч Іван памірае… // А паэзія ўсё-ткі жыве…”), “***Я Куляшова палюбіў…”, “***Даўно ні мамы, ні Сыса…”.
Апошні верш нібыта “дысануе” з агульнай медытатыўнасцю памянёных “балад”, што вылучаюцца сярод іншых “вершаў пасля вершаў” горка-шчымлівым і адначасова ўзважаным (ліраэпічным) прамаўленнем-пражываннем “сыходу” не крэўна, але духоўна, “істотава” родных:

“Лявон, калі ты ўрэшце верш
займееш добры?” — ён пытаўся.
І нада мной стаяў — УВЕСЬ,—
нібыта бог і вершадаўца.

Згаданы “дысананс” прыняў бы на веру носьбіт рэцэнзентавай кармы № 1, якому прынцыпы не дазваляюць траціць час на корпанне ў дванаццацігадовай даўніны “Апошніх вершах Леаніда Галубовіча”. А там — “…паэты мёртвыя прыйшлі // І абступілі… // І што яны ўва мне знайшлі, // А мо забылі?! <…> Vivat! — пясняр і верлібрыст — // Майстры і ўмельцы, // І ты, як зможаш, Толя Сыс, — // Заходзь па смерці” (“***паэты мёртвыя прыйшлі…”). Пры мінімальна пільнай увазе “легкаважнасць” тагачаснай іроніі аўтара выяўляецца такой жа “сапраўднай”, як і “нязмушанасць” вандроўкі з “гэтага” свету — у “той”:

Зайшоў прад смерцю. Папрасіў
наліць віна — і выпіў залпам,
і цыгарэтай закусіў,
і тройчы вылаяўся запар.

Стыў у ягоных зрэнках жах,
бо кожны раз праз церні цноты
уласны ён адольваў страх
сваёй трагічнай адзіноты.

“***Даўно ні мамы, ні Сыса…”

Леанід Галубовіч з часу “Апошніх вершаў…” так і не стаўся ўвішным “вершабраўцам”: “З гэтага свету” ёсць кнігай, “вымаўчанай” у пакутах, памераць ці ўзважыць якія асабіста мне ўяўляецца немагчымым (хоць бы з той прычыны, што жыцця замест іх для творцы няма).
Затое ролю “пакутадаўцы” аўтар кнігі “вершаў пасля вершаў” міжволі адыграў — прынамсі, у лёсе тых рэцэнзентаў, што ўкруціліся ў рэцэнзаванне вынікаў паэтавага маўчання.
Такая карма выбрала нас.