12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Макс Шчур

_____________________
Невідочная бібліятэка. Вершы


Бо Цзюі

Я вызнаю навуку аб пустэчы,
а не вучэнне аб неўміручасці.
“Мой адказ”

Пакуль навокал вынаходзяць порах,
зямлю прыструньваюць магнітам унікальным,
будуюць мур, што будзе бачны з зорак,
як кесарава шво на целе прастытуткі,
я перапісваю парэпаныя скруткі,
праходзячы блукальню за блукальняй.

Не, я не вынайшаў ні пнеўматычнай пошты,
ні сейфа вечнага, ані машыны часу,
што ў будучыню перлы слёз даставіць.
Адкрыты мною прынцып – болей просты:
яе няма. Таму і сёння завітаюць
нашчадкаў цені да мяне й сяброў на чашу.


The Game of Cards

К.К.
Увечары – адной застацца,
перад сабой замест квітанцый
надрыўнага календара
гарчычнікі душы раскласці –
паўстосу здыме, як пракляцце
рукой, слухмяная хандра.

Нанесці модную парфуму
(як котка мыецца) – ад суму
бальзам надзейны, ад ляза, –
на паражальныя запясці...
Сціраючыся з часам, масці
нам выдаюць адную за
другую, джокер – за туза.

Рэцэпт: цераз дзясятку сэрцаў
пачуццяў вінегрэт працерці
й прыкрыць, як коўдраю, вальтом
(гэтак пазначана ў рэцэпце),
дадаць – на густ – крышынку смерці
й пасыпаць скепсісу ільдом.

Тады паўлюдкаў стос бязногі
й бяскрылы ў знак перасцярогі
табе свой з’явіць альфабэт,
дзе на пячэнцах “мэнэ тэкель”
старанна вывеў вечны пекар,
найлепшы сябра ўсіх кабет.

У галерэі іх лубочнай
нас лёс жахае стаўкай вочнай
з сабою, не з Чараўніком:
выставы жудаснай куратар,
насельнік нетраў зікурата,
нас пазбягае акуратна,
з будынку знікнуўшы цішком.

Ты ж грымнешся ў басейн кардонны
бы каскадзёр – псеўдагерой...
Сэнс знакаў робіцца падвойны
ўжо ў час выцягвання з абоймы,
як ланг складаецца ў пароль.
Любы накласці можа “вета”
на сойміку марыянетак –
як нуль апошні, так кароль.

Нішто васальныя стасункі
не перарве, як ні тасуй ты –
заўсёды прагучыць прысуд.
Яны з’яднаныя парукай
пляскатых, спрошчаных варункаў,
што войскам надае красу.

І ўсё ж іх свет – надзіва крохкі:
калі адну пасунуць трохі –
уся тэорыя ўпадзе.
Таму ў іх вершы пазнаем мы,
ці ланцугі электрасхемы,
рай, замяшаны на вадзе.

...Што ні гатуй у лістападзе –
калядам не настаць па праўдзе:
пашлі труп часу ў штучны рай.
Калі ж і гэта не спрацуе –
тады – ў каханні пашанцуе...
Ход за табою. Выбірай.


* * *

Адлюстраванне вакна ў супрацьлеглым вакне
замуравала кватэры пагаслыя нетры.
Сонечны жывапіс адпачывае на дне
чатырохкутніка, зманлівага, бы ў тэатры.

Дужа шкада, што дзяцінства не пройдзе на біс
з іншаю трупай, без нацыянальных абмылак...
Што ж, застаецца чакаць, пакуль месяц-абмылак
выплыве ў шыбе знак цэлае паўзы адбіць.


* * *

Прыйшоў дахаты: мой утульны дом
нібы варожы перажыў напад...
Кэвэдо
Кватэры праз паўгоду не пазнаць.
Тут хтосьці жыў у нашую адсутнасць:
рука баіцца рэчаў, быццам супраць
ім зноўку шлях на месца паказаць.

Тут хтось пакінуў нетыповы пах
нічыйнасці, сабой занятай хаты:
не пэцкаюцца вечныя пенаты
з туманнасцямі пылу па кутах.

Пры ім прадметы навялі масты
міжсобку з дапамогай павуціння –
бавоўны ліпкай, слодычы дзяціннай:
ці не капкан, пабойваешся ты.

Хто гэты госць, ці можа – гаспадар?
Наведнік з паралельнага сусвету?
Ці геній месца, што абраў за мэту
няўзнак твайму радку паспагадаць?

Хто ён, паэт вясковай цішыні,
якому дастаткова пары цаляў
для ўзлёту, і тваіх ініцыялаў –
для алібі, павагі трашыні?

Ці не ягоны гэта запавет
ты выканаць збіраешся сумленна:
уратаваць ад пераўвасаблення
ў хаос рэліквій асабісты свет?


* * *

Blackout: вёска згасла, быццам свечка,
і поўня вока вылупіла ў здзіве,
застаўшыся адна: зямляне, дзе вы?
Жалобай, акупацыяй ці морам,
імгненна, анібы ліхая звестка,
разнеслася маўчанне ў форме цемры,
а поўня кпіць: “Яшчэ й цяпер вы, сцервы,
упэўнены, што вылезлі з пячораў?”


* * *

Вакацыі – заўжды вяртанне ў часе,
але таксама – спосабе жыцця:
надвор’е дазваляе не імчацца
абы-куды ў імя чаго-хаця,

а перавесці ўвагу на штодзённасць,
каб простых рэчаў расцягнуць пару.
Ля студні журавель не будзе дзёўбаць
мазгоў, узняўшы келіх угару.

Жыццё вакол здаецца дасканалым –
з ім кожны выйграў калектыўны бой.
І што з таго, што вуліцай-каналам
сонца цячэ прарванаю трубой –

яно здзіўляе толькі гарадскога,
што вечны цуд змяняе на радкі...
Я быў заўжды аматарам чужога.
Я рады, што і тут я – “гарадскі”.


* * *

Мая паэзія памерла...
Я цвік праграмы – у труне
ўсяе паэзіі сучаснай.
За блазна выбралі мяне.
Дзеля пацехі гэткай часта
цар двайніка на трон турне
на час замежнага турнэ.

Пакутуй за грашкі свае,
на подыюме ўкрыжаваны,
нібы кабанчык свежаваны –
віна крыві на ўсіх стае
для вечнамаладзільнай ванны,
калючкі ж будуць разжаваны

ўсяедным крытыкі вярблюдам,
а рэшта выльецца ў пясок...
Якая прагнасць – зняць прылюдна
з сарамацення паясок!


Дарога

К.К.
Турысты не заходзяць надта ўглыб,
як дзеці, любяць плюхацца на плыткім –
і маюць рацыю. Адны адных адбіткі –
тупыя гурмы ўскраінных сяліб.

Ручай, п’яны паводкай, гаваркі,
мкне, аббіваючы бетонныя парогі,
пад стомленыя блытаецца ногі,
як котка, ведучы нас да ракі.

І мы нясем з сабой і на сабе
пах, пух і прах, адвечных пасажыраў,
і сонца скуру з нас дзярэ зажыва,
гартаюць рукі шлях, як пры касьбе.

Стары цыркач, вандроўны скамарох –
чаго ты, варвар, топчашся ля брамы?
Я на сустрэчу йду з сабою самім –
такім, якім я мог быць... Ці – не мог?


* * *
Восень: амаль вясновая радасць з вандроўкі пешкі
(гэтак апёк гарачай вадой блытаеш са сцюдзёнай)
без белай зімовай слежкі, без лішняй студэнцкай спешкі,
сцежкай, гадоў адзінаццаць з гакам
таму – штодзённай.

Камлёў варыкозныя вены –
бы кроплі воску на свечцы;
цябе ўздымае дзяцінства на рукі – ці іклы – паху.
Куды ты ідзеш так доўга – дзевяць гадоў, ці дзвесце?
Нясу ад Адама Міцкевіча паклон Карлу Гінку Маху.


* * *

У краіне ёсць штось ад “крайняе”,
і ў “стране” – штось надзвычай “странное”,
і ў рэспубліцы ёсць Rex публікі,
а ў дзяржаве – надрыў дзяжурненькі,
і ў айчыне ёсць штось нішчымнае,
як і ў лучнасці – штось злачыннае,
гэтак спячка чуецца ў спадчыне...
Тэлебацькаўшчына... тэлепадчарка...

* * *
У “летнім біёграфе”1 – холадна,
паказваюць новага Нолана,
і пёрка па промні праектара
Харонавым чоўнам праехала,
і котка прабегла між шэрагаў –
адцення сезоннага, шэрага,
і мыс пад экранавым ветразем
таранам урэзаўся ў верасень.


Цішыня

Цяжкія каласы фантану
пад корань верасень падцяў,
адбыўся пострыг у нірвану
зімы – на тле паўзабыцця

я мкнуся прыгадаць кватэру,
дзе быў гадзіннік як абраз,
што пацвярджаў маё “не веру”
перыядычным сонным “бразь”,

яму пад колер піяніна
гуло затоенай струной,
бы закаханае наіўна
ў ягоны вымушаны бой,

над алтаром Мадона Літа
душыла цыцкай дзіцяня,
што перачытвала сярдзіта
назовы кніжныя штодня.

Яе блакітнае сфумата
ў палонцы рамы залатой
было вакном з краіны мата
ў бязмоўны вечнасці застой.

Партрэт, калісьці цудадзейны,
у цішыні старэў, і мы
сям’ю нагадвалі ўсё меней,
а больш – адлеглыя шумы...

Я так любіў яго, халера –
свой дом – і крэпасць, і прыгон...
І хай пад хвост мяне Палерма1
ўзасмок цалуе наўздагон.


* * *

В деревне бог живёт не по углам...
Бродский
На вёсцы ўсё здараецца раней –
юначы сэкс, канец працоўнай змены –
і целу абрыдае весці рэй,
як вечар надыходзіць задуменны.

У горадзе – хацелася зімы,
вяселля, свята, гукаў карнавалу –
на вёсцы ж задаволеныя мы
маўчаннем, што наўкол запанавала.

І ўсё ж мы тут – ніколі не адны,
бо дастаткова высунуцца з вокан,
і ўбачыш, што пашыўся ў цівуны
месяц насупраць – бард з пагаслым вокам.


Баскетбалісткам

Я палюбіць зямлю сваю паспеў
раней, чым вы з’явіліся на свет,
і свет, цяжкі планеты мяч, – даўней,
чым вы яму на голае калена
сяткастую панчоху нацягнулі:
з любоўю, што ім выказаць не ўмеў,
цяперака звяртаюся да вас,
Эрота дочкі, прышласці матулі,
і тое аддаю, што вам належна,
у рукі добрыя, як спадчыну. Як пас.


Мнехалупіцкі дзень

Дарогай вывесіў Персей свае шчыты
замест люстэркаў касметычных для Гаргоны,
і ўкамяніў, апроч імгненняў пекнаты,
усебакова шчэ і дзейны лад прыгонны.

І сапраўды ўздымаюць дыбам валасы
ці то машыны, што праносяцца, як поўхі,
ці, можа, прывіды кастрычніцкай красы,
што зрок састрэльвае наўскід. Без падрыхтоўкі.


Невідочная бібліятэка

Людская памяць роўная
прыблізна 3800 тэрабайтам.
(З навінаў)
Выданні ратуюцца, як ад патопу,
на горніх паліцах, сягаюць пад столь
у паніцы назваў, бы збітыя з тропу –
я іх літасціва пусціў на пастой.

І ўсё ж мне мілейшая бібліятэка
ў тры тысячы з чымсь не тамоў – тэрабайт,
збіраная мною з ранейшага веку,
што лёс мне з экслібрысам вымераў – дбай!

Яна мне бліжэй за чужыя старонкі
і – парадаксальна – бліжэй за свае:
на тое, каб змест яе выпусціць вонкі,
яна “імпрыматур” нячаста дае.


* * *

Каток цярэцца аб вуглы, нібы плакаты
паўсюдна лепіць, рэкламуючы сябе –
але й без гэтага падтрымваеш катка ты
ў яго дзіцячай – ці старэчай? – барацьбе.

Ён ні дзвярэй без дапамогі не адчыніць,
тым болей верша не напіша сам сабе,
ды ў знак падзякі крышталёвымі вачыма
наскрозь выпальвае ён цемру – у табе.


* * *

Ня хочаш жыць? Прыдумай верш...
Крхоўскі.
Мне перастала быць сябе шкада –
я абыякавы да ўласнай пісаніны.
Раман, што круцім мы з сабой самімі –
нядоўгі. Дык нашто ўчыняць скандал?

Магчымасць для разводу ёсць заўжды
душы і цела ў розныя напрамкі:
ёй – напрасткі да самай райскай брамкі,
яму – на склад, кудысьці на клады.

Ды больш рэальны – горшы варыянт:
твой труп штодня ўскрасае і канае,
душа ж гніе дзе-небудзь у канаве,
няздольная ад здрады акрыяць.


* * *

(а ля Фрост)

Пустэльня ўсюды мае белы колер,
на поўдні і на поўначы. Яе
перасячы яшчэ цяжэй, чым поле –
краса наўкол спяшацца не дае.

Па бачнага мяжы, трамвайнай рэйцы,
аўтамабіля сунецца абрыс,
бы ў ціры, прапаноўваючы: стрэльце! –
каб атрымаць не сюр, ды ўсё-ткі – прыз.

Нясуцца цягнікамі Еўрасіці
сабранай рэпы доўгія валы,
у чыстым небе – самалёт малы,
як парушынка ў воку Еўфрасінні.

А я іду на дым на небакраі,
і комін замяняе мне маяк –
там недзе бацька з богам размаўляе,
і здрадзіць накірунку – няма як.


19-20.12.2010

Кашмар не здольны затлуміць мазгоў –
залішне ён рэальны, гнюсны, шумны...
Сёння ўначы бракуе ўпершыню мне
не слоў, а сноў айчынных, пра разгон.

Яны жывуць асобна – дзесьці там,
у сеціве і радыёэтэры,
а мне здаецца сном цяпло кватэры,
трынаццаць год, і ў рэшце рэшт – я сам.


Затрыманым

Inter arma silent musae...
Сапраўдная Паэзія – ваш спіс,
сябры мае! Як з прозвішчамі ймёны
рыфмуюцца! А кажуць – Муза “спіць”!
Не верце й будзьце Ёю бласлаўлёны.


Мадонна

Каляды падпаўзлі знянацку,
як здрада. Горад стаў пусты.
Дзе люд? На мітынгу? Па-наску
маўчаць каменныя ірты.

А дзесь бяглячка патаемна
хавае ад усіх свой страх,
нібы жанчына з Віфлеема
з дзіцём маленькім на руках.


Пешка

Першых дваццаць гадоў – ход банальны е2-е4 –
засталіся ў мінулым рэжыме аб’ектам сатыры.
Прарывацца ў ферзі ж без патрэбы цяпер санкюлёту:
шлях усё карацейшы й няма адчування палёту.


* * *

П.С.
У ценю монстраў, вежаў, хмарачосаў
утульна пачуваць сябе дзіцём.
Яны глядзяць звысок на бардаў босых,
а мы ім пагражаем забіццём.

Яны імкнуцца з нас спагнаць унёсак,
асобы заклінаюць развіццём,
а мы ім абяцаем, боскім босам,
што іхні свет на трэскі разнясём.

Патрэба ў нас, бунтаўнікоў, такая –
лічыць сябе за пралетарыят.
Таму наш брат рабам і патакае:
для нас – каран, для масаў – шарыят.

Мы самі дзіваў свету не збудуем –
нам прыкра бліжніх эксплуатаваць.
За нас, жрацоў свабоды, на бяду ім
зноў выпадае спіны падстаўляць.

Затое мы – не з гнюсным фараонам,
а з мазалямі творцаў пірамід,
хаця ў душы патрэбнае адно нам:
цень піраміды, дзе б квітнеў наш міт.


Навагодні

Боже, помилуй полярников...
Б.Г.
Аб адзінаццатай гадзіне
на крызе з рысамі радзімы
чалюскінцаў аднесла прэч.
Разрыў у шэсцьдзесят хвілінаў
на слёзы й зборы аддалі нам
перад чарговаю з сустрэч –

іх мусіць нам хапіць на роздум
над тым жа шляхам незайздросным
(шруб мясарубкі – як магніт).
Ледзь ачуняеш – год чарговы
згары ў акварыум дваровы
ўжо насыпаць пачаў агні.