12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Карлас Шэрман

_____________________
Блуканец.
Старонкі ўспамінаў

Нарадзіўся ўдзень бяз зморы,
Бог якраз тады быў хворы.
I цяжка.
Сэсар Вальеха. “Даведка”.

Раскрыцьцё таямніцы ўласнага жыцьцязахапленьне працэсам пошуку існагазаўсёды аказваецца па духоўным напаўненьні вышэй за самую таямніцу. Чаканая, выпакутаваная знаходка чамусьці не зачароўвае, а досыць жорстка вяртае на зямлю пасьля фантастычнага палёту.
З маленства ты марыш пра галавакружныя дасягненьні, павольна ці няўрымсьліва кладзеш жыцьцё на плаху сваіх уяўленьняў, а потым, ужо наўзбоч шляху, нават зрабіўшы штосьці значнае, адчуваеш слабасьць таямніцы, мікраскапічнасьць лёсу.
Азарэньне паэзіяй, каханьнем, сапраўдным сяброўствам, змаганьнем высакароднага сэнсугэта маланкавыя імгненьні, якія зрэдчас пакідаюць сьлед, драпіну памяці, засмучаную ўсьмешку. Да таго ж, чалавек наогул не суразьмерны з жыцьцём, як пясчынказ пустэльняй. Хіба што раскрыцьцё таямніцы сродкамі мастацтва ў пэўнай ступені здольнае зьмяніць прапорцыі на карысьць асобы.
Чалавек мае душу, якую яму колісь удыхнуў Бог, і яна гарыць, нібыта сьвечка, дорыць сьвятло на пошук собскага шляху ў жыцьці, і калі асабісты шлях супадае з наканаванасьцю, з гасьцінцам Божай задумы, гэнае сьвятло падпітвае душу чалавека, ягоны сэнс. Тады нябёсы падаюць знакі, і іх уцяміць толькі асоба, здольная захаваць сьвятло сьвечкі, падобнае да купалу нябёсаў, уцямна, натхнёна...

Першыя літары і словы ў школцы каля парку Радо ў далёкім цяперака Мантэвідэа здаваліся мне чарадзейнымі знакамі, і кожнае з іх хавала ўласныя, глыбокія таямніцы. Гэта падказвае памяць, бо я якраз прыгадваю сябе мяноўна з пяці гадкоў, калі мая сястра, старэйшая за мяне на дзевяць гадоў, вяла мяне штораніцы ў першую школку жыцьця праз містэрыі старажытнага парку з чырвонымі сьцежкамі, гонкімі пальмамі і араўкарыямі, выспамі на цёмных водах вялікага возера.
Тады, я мяркую, магло нарадзіцца ў мяне штосьці, што пазьней спрычыніла памкненьне хоць бы наблізіцца да сэнсу слова і ягоных адценьняў, да экспрэсіі і выразнасьці думкі.
Гэтае памкненьне ўжо ва ўзросьце 10-12 гадоў змусіла мяне ўзяць аркуш паперы і надало сьмеласьці на спробы пяра ды нават на першыя публікацыі. Вядома, я здольны памыліцца, бо тады я ня мог ведаць як сьлед, што сэнс, хоць афарбаваны пачуцьцямігэта яшчэ не паэзія, а пранікненьне ў абстракцыюдалёка не заўсёды знаходка. Няўлоўнасьць мастацтва, хісткасьць гарманічнае раўнавагі застаюцца ў цемры неспазнанага нават для слынных філолагаў.
Апрача таго, існуе і псіхалагічная перашкода: а ці варта наогул адкрывацца? Напачатку шляху чаканьне зьдзеклівых усьмешак за сьпінай робіць нас скрытнымі, інтуітыўна вылучае на першы план часам небясьпечную інтравертнасьць, якая амаль заўсёды можа стацца рысай характару, сутнасьцю натуры, а мо і прафесійнай вартасьцю душы.
Адтуль, між іншым, адносіны палітыкаў, якія зазвычай сьмела бяруць на сябе адказнасьць за лёс краіны, хоць потым амаль ніколі не адказваюць за свае прыкрыя альбо элементарна памылковыя дзеі, – чыньнікі бедаў люду, — адтуль і адносіны інтэлектуалаў, якія абразьліва ставяцца да палітычнае самаўпэўненасьці, бо глеба іхняй хісткай гармоніізаўсёдны сумнеў і пошук, які почасту не прыводзіць да знаходкі. Таму, відаць, інтэлектуалы амаль заўсёды слушныя апаненты палітыкаў і ўлады.
На зямлі, дзе безьліч людзей жыве пераважна і зусім натуральна асабістым жыцьцём, спрадвечнымі клопатамі, матэрыяльнасьцю быцьця, быць пачутым, стацца чыньнікам эмоцыяў ды роздуму, крыніцай новага падыходу да слова, распаўсюднікам душэўных таямніцаўнеацэнны дар. Паэтшто манах, які служыць слову.
Я часам прыгадваю сваю настаўніцу, сеньёру Элену, якая вяла мяне з першага класу і ўвяла ў мае дні і ночы, як я цяперака разумею, культ мовы. Трэба было толькі слухаць, як яна чытала нам паэзію, як даводзіла сэнс таямніцы знакавых асобаў, якія ўпарта пракладвалі шлях літаратуры, хоць часамі завяршалі жыцьцё ў змрочным жабрацтве альбо траплялі ў псіхіятрычныя лякарні, у астрог ці выгнаньне. Адным словам, вольнадумства і шчырасьць таленавітага настаўніка, – вось выснова з маёй далёкай школкі.
Міжволі напрошваецца паралель з беларускай школай нашых дзён. За рэдкім выключэньнем, дзеці ў ёй паднявольныя бяздумнай зубрылаўцы, якая пасьля лёгка выкідвае веды з памяці на сьмецьце, ад педагагічнага застою і ідэалагічнай, хлусьлівай апрацоўкі дзяцей, якія адчуваюць фальш, але засвойваюць хітрыкі і нават імгненныя, насамрэч уяўныя, выгоды хлусьні. На жаль, беларуская школка ня ставіць сабе за мэту вучыць вольнадумству, самакіраваньню, уцямнасьці запаленае сьвечкі, якая зьвязвае яшчэ маленькага чалавека з чалавецтвам.
Сеньёра Элена прывучыла нас да ўдумлівых дэбатаў без папярэдняе падрыхтоўкі. Гэта былі ўрокі шкалярскага, але, тым ня менш, вызначальнага вольнадумства. Мы зьведалі права на ўласнае меркаваньне і шчыры абавязак аднесьціся да гэтага права годна. У тым і крыўся сэнс пачатковай школкі.
Гэта быў час, калі апельсінавае дрэва ў палісадніку здавалася вялізным ды магутным. Мы жылі на вуліцы 21-га верасьня, дзе мяжуюць раёны Пунта Карэтас і Пасітас, уласна кажучы, Пасітас усё ж частка раёну Пунта Карэтас, амаль на рагу з вуліцай Эжаўры, і я, на вялікі жаль, ня помню пра сэнс гістарычнае даты 21-га верасьня, што крыўся ў тым назове. Вядома ж, гэта было штосьці вельмі вартае, як 25 сакавіка альбо 27 ліпеня для беларусаў. Насупраць дома сьвяцілася рэклама безупыннага ды таннага кіноБіярыц”, куды можна было зайсьці ў любы момант, калі карціна йшла, ды глядзець першую частку пасьля альбо ўвесь фільм двойчы ці колькі заўгодна, ажно да самага закрыцьця апоўначы. Літаральна ў колькіх кроках ад нас была кавярняАньён”, дзе я набываў марозіва, калі выпадала шчасьце.
На рагу стаяла аптэка, і яе дзівакаваты гаспадар быў кіраўніком партыі народнага здароўя. Падчас выбараў штовечар ён выносіў лаву, станавіўся на яе ды гаварыў разявакам, што галоўнае ў жыцьцігэта, натуральна, здароўе, але ў выніку за яго галасавалі адно што сталыя кліенты, якія ня толькі набывалі лекі, але і хадзілі ў аптэку на ўколы ды іншыя дробныя працэдуры, што сам аптэкар і прапісваў.
Па даволі шырокай вуліцы 21-га верасьня хадзілі трамваі майго маленства, якія адпавядалі цёпламу клімату, – замест дзьвярэй мелі дробны ланцужок, і пасажыры самі адчаплялі яго на прыпынках. Я згадваю ўтульнасьць і нават пах мяккіх, аплеценых саломаю крэслаў трамваю, здавалася, хтосьці побач нёс што-кольвек цёплае і смачнае, згадваю і скураную ліну, нацягнутую на кольцах праз увесь вагон: з дапамогаю гэнай ліны, якая задзейнічала званочак, біляцёр падаваў сігналы кіроўцупрыпыніцца на высадку людзей альбо пасьля пасадкі ехаць далей.
Трамвайныя вандроўкі зачароўвалі мяне, бо на кожным скрыжаваньні я любаваўся вулкамі, якія зьбягалі да зусім блізкага пясчанага берагу, да водных даляглядаў ракі Ла Плата пад сонцам, якія мне дасюль сьняцца.
Калі ў нядзелю пасьля сьняданку йшоў з сястрою на шпацыр, я заўсёды прасіў яе пайсьці да берагу. Там яна чытала на лаўцы, а я глядзеў на водную прастору, якая захоўвала таямніцы неўтаймаванай моцы і шаленства. Стары дом майго маленства быў утульным, поўным сьвежасьці, а ўнутраны дворык меў арміраваную шкляную столь, якую льга было адчыніць і зачыніць з дапамогаю ручнога механізму ў залежнасьці ад надворя. Бацька круціў вялізную ручку, прыстасаваную да сьцяны, і столь пачынала ціхі гарызантальны рух, паступова зьнікала пад дахам, адчыняючы нам нябёсы. Уздоўж сьцяны, якая аддзяляла наш дом ад суседняга, расьлі сьціплыя ды гожыя браткі розных адценьняўад бледна-лілейнага да цёмна-бэзавага. Маці любіла іх і штодня ставіла вазачку з браткамі на стол. З тае пары варта мне бачыць іх дзе заўгодна, і я згадваю дом майго маленства і маладую маці.
Пачалося сусьветнае гора вайны, і бацька набыў у растэрміноўку вялізны прыймачТэлефункен”. Штоноч адбываўся сеанс чарадзейнага пошуку нябачных хваляў ды слуханьня франтавых навінаў. Відаць, гэтак прагна слухаў радыё Васіль Быкаў са свайго прытулку ў Празе, бо баліць Беларусь, і ад гэтага пачуцьця горычы нікуды не падзецца, адно што застаеццагэта лавіць хвалі ды ведаць, асэнсоўваць, трансфармаваць веды ў жудасны вопыт бясьсільля.
На сьцяне каля прыймача зьявілася мапа далёкай, невядомай мне Еўропы, і бацька прымацоўваў самаробныя сьцяжкі, зрушваў іх на ўсход, пакідаючы цэлыя вобласьці ў жахлівых вядзьмарскіх праколах.
Раніцой ён узрушана вызвоньваў знаёмцаў, сяброў, землякоў, гутарыў з калегамі па працы, потым вечарамі яны прыносілі ў наш дом пакункі з дапамогай франтавікамцёплай апраткай, зімовымі ботамі. Цяжэй за ўсё, як ён пазьней казаў, даставалася адпраўка дапамогі морам праз мытныя перашкоды і далёка ня танныя з-за шалёнай адлегласьці і вайны тарыфы.
Быў я хлапчуком, і кожны дзень што-кольвек чуў пра радзіму бацькі. Ва ўсялякім разе, я так успрымаў Беларусь, бо ня ведаў тае далёкае краіны, якую бацька называў радзімай, як і не валодаў моваю, якая хавае чарадзейныя знакі глыбіннай, аўтэнтычнай беларушчыны. Паступова мне перадавалася трывога бацькі, боль, ягонае памкненьне вярнуцца, разуменьне таго, што гэта ня проста бацькава радзіма, абольш ёмістабацькаўшчына. Часьцяком я чуў ад яго, што хтосьці насамрэч змушаны займаць ягонае месца ў акопах, і ў гэты час гіне ў ненажэрнай вайне.
Тады здалёк бацька ня мог ведаць ці зразумець, што вайна была таксама ўзаемазьнішчэньнем двух жудасных па ступені таталітарнасьці рэжымаў, якія не пашкадавалі вялікае мора людской крыві, – ён проста адчуваў бяду, якая дацягнулася да ягонай радзімы, ды вінаватасьць за тое, што зьехаў у эміграцыю, хоць сапраўды зьехаў ён па хлеб, які ня мог зарабіць на сваёй зямлі.
Эміграцыягэта амаль заўжды трагедыя, і нават найбагацейшаму эмігранту, які нібыта дасягнуў усяго ў жыцьці, баліць радзіма. Другасная міграцыя альбо міграцыя вяртаньня часьцяком ня менш трагічная. З аднаго боку, чалавек мусіць пачынаць жыцьцё нанава ў іншых, часамі неспрыяльных умовах. З другога, ён можа сутыкнуцца з варожасьцю асяродку, а таксама наогул трапіць пад жорсткія рэпрэсіі і нават загінуць, як гэта адбылося неаднойчы ў розных краінах сьвету.
Якраз тады бацька, негаваркі самотнік, адварочваўся ад тамашняй і надзвычай смачнай рыбіны дарада, якую маці багата прыпраўляла ды смажыла цалкам, па-крэольску, – ён сумна даводзіў, што сапраўдная рыбагэта, безумоўна, прыпяцкі лінь. Маці моўчкі глытала сьлёзы крыўды, – хіба ж яна магла знайсьці тамака сапраўдную рыбу лінь!
Ён вымаўляў пэўныя кастыльскія словы з іроніяй, бо яны ў чымсьці нагадвалі яму беларускія словы. Як правіла, яны мелі зусім іншы зьмест і супрацьлеглую экспрэсію. Напрыклад, бацька зьдзекліва паўтараў, што lа сuгvа dеl саminо (у транскрыпцыіля курва дэль каміна”) – гэта, даруйце, не прыдарожная выблядзь, а проста паваротка шляху. Гэтым ён паказваў нам, што ўсё навокал, нават мілагучная кастыльская мова яму чужая. Ён так і пражыў трыццаць тры гады тамака з такім пачуцьцём, успрымаючы эміграцыю як прысуд, і гэта найбольш праявілася ў вайну.
Пад гэты самы час маці часьцяком, амаль штовечар, распавядала мне індзейскія легенды і міфы, захапляльныя бачыны гісторыі, а таксама і найбольш трагічныя эпізоды вынішчэньня цэлых цывілізацыяў дзеля інтарэсаў гішпанскае кароны, чытала мне ўслых кніжкі, вершы, якія ўнушалі пашану і пяшчоту да абарыгеннае культуры радзімы альбо зямлі, на якой я нарадзіўся.
Так і сталася з маленства, што ў маёй душы радзіма і бацькаўшчына ніколі не супадалі, дарэчы, як і сёньня, паміж імі заакіянская адлегласьць ды бязьмежная рознасьць, але яны ўжываюцца ўва мне, як суіснуюць самыя розныя людзі і нават краіны ў сьвеце. Я выхоўваўся, вучыўся, жыў, дыхаў на кастыльскай мове і абарыгеннай культуры, якія адчуваліся, як крэўнасьць радзімы, я засвойваў іншыя раманскія мовы, але да майго прыезду ў Беларусь я яшчэ не валодаў моваю бацькаўшчыны. Мажліва, няведаньне мовы таксама спрычыніла адчувальную рознасьць у душы, хоць гэныя зьявы цалкам натуральныя без якіх-небудзь матываў. Сёньня я магу сьцьвярджаць, што адна з маіх найцяжэйшых хваробаў мае падвойныя карані: мне баляць і радзіма, і бацькаўшчына, і почасту лекары ды калегі не разумеюць сімптомаў, альбо скуль пякельны боль.
Крыху пазьней ды зусім раптоўна для мяне бацькі пераехалі з Уругваю ў Аргенціну з прычыны эканамічнага крызісу, быццам бы можна ўратавацца ад навалы беспрацоўя на адлегласьці ў адну ноч колавым параходам. Тым больш, што колаваму параходу трэба было праплыць ноч, а раніцой маленькі гідраплан на тузін пасажыраў пралятаў над тым жа шляхам прыблізна за пару гадзінаў ды рабіў пасадку на рацэ побач з набярэжным прасьпектам ды муніцыпальным пляжам, насупраць аэрапорту імя Хорхэ Ньюберы, заснавальніка аргенцінскае авіяцыі.
У Буэнас-Айрэсе бацька арэндаваў ужо ня дом, а сьціплую кватэру ў чатырох невялікіх кварталах ад пляцу Онсэ. Пакоі выходзілі на адкрыты ўсім вятрам і нудным дробным дажджам унутраны дворык, а стромая лесьвіца вяла на тэрасу, дзе маці сушыла бялізну. Сьціпласьць, вядома, зьвязвалася з тым, што мігранту трэба пачынаць жыцьцё нанава, а бацька вельмі добра засвоіў гэную горкую праўду.
Тады я трапіў у новую школку на сваёй вуліцы Сармента, амаль побач з домам, дзе напачатку вучыўся няўважліва, нярвова, бо адбываліся зьмены настаўнікаў, метадаў навучаньня, а таксама прыціркі характараў. Праўда, мяне выручала добрая памяць, часам я слухаў настаўнікаў у паўвуха ды шмат пазьней адказваў на іспытах, нібыта вучыў вечары навылёт. Дасюль я помню добрыя вершы, якія лёгка вучыў, калі быў яшчэ трэцякласьнікам.
Наадварот, свае вершы я хутка забываю, і заўсёды кажу напаўжартам, што я наогул не злапамятны, але насамрэч адчуваю патрэбу ў тым, каб выслабаніцца, адкінуць мінулае, інакш новыя вершы ўпарта не прыходзяць. Мяноўна таму я сваё чытаю, а не дэкламую на памяць. На маёй радзіме паэт і дэкламатаррозныя асобы, а ў Беларусі ўспрымаецца крыху дзіўнавата, маўляў, як гэта паэт ня помніць уласных твораў. Тамака ён прыватная асоба, а ягоныя кніжкі публічныя. Гэта не замінае чытацкім сустрэчам, але робіць іх іншымі, больш глыбокімі. У Беларусі ён публічная асоба, і дэкламатарстваягоная крэўная патрэбнасьць, хоць ён паўтарае тое, што люд чытаў, інакш не праявіў бы цікаўнасьці да асобы, але больш грунтоўнае ў філасофскім сэньсе слова ён пачуе зрэдчас.
Якраз тады я зьведаў першае каханьне. Нават сёньня, на схіле жыцьця, помню яе імя: Марыя дэль Расарыя Анэа Андрадэ Гранадас Капра.
Ейныя бацькі скасавалі шлюб дэ-факта. Маці працавала медсястрою ў вайсковай лякарні, часьцяком дзяжурыла да поўначы, а бацька быў кіношнікам, слынным аператарам мастацкіх фільмаў, і ўвесь час прападаў у творчых вандроўках. Відаць, надта вольная прафесія міжволі паспрыяла разводу, і ён толькі зрэдчас заязджаў дамоў, ды тое ў адсутнасьць жонкібраць адпаведнае аператарскае прычындальле і кінуцца ў новыя кіношныя прыгоды.
Дзіцячая навэла працягнулася з перапынкамі на гады, сталася адкрыцьцём істотнае гамы пачуцьцяў, якія суправаджаюць мяне, дзякаваць Богу, і дасюль. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што ў 1956 годзе я зьехаў на бацькаўшчыну ўсьлед за маімі бацькамі, якія адарвалі мяне ад радзімы і самі выехалі на два гады раней за мяне, а ў 1988 годзе, праз трыццаць два гады, калі наведаў Буэнас-Айрэс, каб узяць удзел у працы міжнароднага кніжнага кірмашу, я паблукаў па сваіх мясьцінах, зазірнуў у дом на вуліцы Ларэа, дзе яна раней жыла, вядома, з рамантычнае цікаўнасьці, што само па сабе было сьмешна, а таксама пад уплывам імгненнага ўспаміну, і раптам дазнаўся ад старога парцье, які, зразумела, мяне не пазнаў, што яшчэ ў маладыя гады яна пастрыглася ў манашкі.
I сёньня зрэдчас я яе згадваю, разумеючы, што тысяча матываў маглі спрычыніць ейны сыход у манастыр. Аднак Бог сьведка, у душы застаўся містычны сэнс неверагоднай адлегласьці, а таксама непазьбежнасьці наканаванага шляху.
Але вернемся ў Буэнас-Айрэс.
Праз пэўны час я стаў студэнтам Інстытуту імя М. Марэна і завадатарам студыі пры Незалежным тэатры. Інстытут карыстаўся дзесяцібальнай сістэмай, пры гэтым студэнт, які па пэўным прадмеце меў у сярэднім сем балаў і вышэй ня мусіў здаваць іспыты на сесіях, і гэта заахвочвала нас. Хто атрымліваў сярэднюю адзнаку ад чатырох да шасьці балаў здаваў іспыты вусна перад вакацыямі, а калі менш за чатыры балывусна і пісьмова пасьля вакацыяў. Іспыты былі платнымі, што лагічна, бо праводзіліся па віноўнасьці тых, хто горш вучыўся, і бацькі ўплывалі на вучобу патрабавальнасьцю, якая таксама дыктавалася ды інсьпіравалася эканамічнымі меркаваньнямі.
Хвастынаогул не дазваляліся, і студэнт, які ня здаў іспытаў, пераходзіў у катэгорыю вольнага слухача, а праз год ён павінен быў здаць усе прадметы вусна і пісьмова, інакш выключаўся з інстытуту без шкадаваньня. Інстытут яшчэ карыстаўся дваццаціпяцібальнай сістэмай па пытаньнях дысцыпліны: студэнт, які на працягу году атрымліваў гэныя балы за дрэнныя ўчынкі таксама пераходзіў у стан вольнага слухача пад пагрозай выключэньня. Пра кожны бал па дысцыпліне інфармаваліся бацькі, і гэта таксама ўплывала на паводзіны студэнтаў. Інстытут меў раду выкладчыкаў і раду студэнтаў, якія абіраліся штогод. Статут забараняў радам разгляд палітычных меркаваньняў выкладчыкаў і студэнтаў, на тое існавалі даволі ўплывовыя незалежныя прафсаюзы і студэнцкія федэрацыі, вядома, па-за варотамі навучальнай установы.
У тэатральнай студыі я прагна праслухаў курс па гісторыі тэатру, майстэрству актора, грыму, сцэнаграфіі. Гісторыя пагрузіла нас у містыку старажытных сьпектакляў розных народаў, у выяўленьні сэнсу эпахальных канонаў. Я згадваю першую лекцыю майстэрства: трэба было легчы на падлогу, расслабіцца да адчуваньня сябе сівым каменем наўзбоч шляху, а потым паступова, вельмі марудна прачынацца, бачыць боскае сьвятло, зьдзіўлена адчуваць сябе жывой істотай і паступова ўстаць насустрач сьвету. Грыму вучыў нас румын, які прыносіў на лекцыі пакункі кандомаў. Перад намі ён ставіў графічныя лісты з яскравымі тыпажамі, і мы надзьмувалі кандомы, каб зрабіць нос, шчаку альбо падбароддзе ці штось яшчэ, клеілі надзьмутую частку да твару, а потым клалі макіяж. Ён тлумачыў нам, што іншыя пластычныя рэчывы скоўваюць твар цяжарам, замінаюць актору, а тое, што мы рабілі праз пару хвілінаў не адчувалася, бо не адцягвала твар вагою цяжкіх, традыцыйных матэрыялаў, не замінала міміцы.
Тым часам я пачаў друкаваць вершаняты, нарысы, аповеды. Тады і зрабіў першыя свае пераклады: вялізнае эсэ пра Чэхава і песу Растана (адно і другоез французскай). Безумоўна, гэта былі спробы пачаткоўца. Помніцца і вопыт пастаноўкі песы Растана, салодка-пакутлівы працэс стварэньня сьпектаклю, першыя паказы ў моладзевым клубе. Мой архіў захаваў сцэнаграфію ды асобныя моманты маёй юнацкай мізансцэны.
Вядома, дома ніхто пра гэта ня ведаў. Мая сястра, найбліжэйшы мне чалавек з нашае сямі, безумоўна, ня лічачы маці, пабачыла тыя публікацыі ўпершыню нашмат пазьней, калі прыехала да мяне ў Менск пры канцы шасьцідзясятых.
Пад той добры час студэнцтва часта я бываў у Доме аргенцінскае культуры, які абядноўваў тагачасную інтэлігенцыю Буэнас-Айрэсу ва ўтульным памяшканьні амаль на рагу Аякуча і Барталамэ Мітрэ.
Да нас, юнакоў, прыходзілі такія волаты літаратуры, як Альфрэда Варэла, Жоржы Амаду, Мігель Анхель Астурыяс, Эктар Агосьці, Леанідас Барлэта, Карлас Дадэт... Яны прыходзілі з лекцыямі, вялі семінары, разьбіралі нашыя опусы, зрэдчас сёе-тое адбіралі для друку, проста гаманілі паміж сабой і з намі, абмяркоўвалі навіны культуры і палітыкі, новыя кніжкі, удалыя артыкулыбыццам бы з роўнымі літаратарамі, ніколі не навязваючы ўласныя ацэнкі.
Пра гэта найлепш сказаў зусім нядаўна Габрыэль Гарсія Маркес (альбо ягоны містыфікатар, я патлумачу гэта пазьней) у тэксьце: “Я ўсьвядоміў, // Што чалавек мае права // Глядзець на іншага зьверху, // Толькі калі дапамагае яму //Падняцца” (пераклад мой). Мажліва, гэта вышэйшая праява пашаны інтэлектуальнага вальнадумства, і гэтымі радкамі любы аўтар мог бы ганарыцца.
Мімаходзь я закрануў праблему містыфікацыі, і тут я мушу прыпыніцца, згадваць кватэру Борхеса на буэнас-айрэскай вуліцы Майпу, цёмную мэблю, мудрагелістыя сьвяцільні, пах пажоўклых, ажно крохкіх кніжак, таямнічы дух шматзначных рэчаў, бурклівы голас прастуджанага спадара, да якога мы, зялёныя яшчэ пачаткоўцы, што займаліся ў майстроўні майго цёзкі Карласа Дадэта, наведаліся нібыта ў музей, але з патаемнай надзеяй разгаварыць яго і штосьці надзвычайнае зразумець, знайсьці знак Усявышняга ў ягоных вачах і адчуць патаемны асяродак геніяльнасьці, задаць яму хоць адное пытаньне, на якое, о Божухна, ніхто на сьвеце, мабыць, не адказаў і сёньня.
Пад той час Хорхэ Луіс Борхес стаўся славутым як арыстакрат у літаратуры, быццам бы ганарлівы эстэт, ён сьмяяўся з тых літаратараў, якія надта ангажаваліся палітычна і ўвогуле дапускалі палітыку, гэную дамачку лёгкіх паводзінаў, у храм літаратуры. Ён гэтак думаў, бачыў прызначэньне таленту ў служэньні мастацтву, бо іншага проста ня дадзена.
Мы ў сваёй шчырасьці і захапленьні нават не закранулі хваравітай тэмы. Гэта, нарэшце, яму спадабалася, і ён загаварыў, прыгадаў студэнцкія гады, шалёную прагу да чытаньня, асабліва старажытных, рэдкіх кніжак, і раптам дадаў: “Ня верце казкам пра тое, што я містыфікатар. Зрэшты, верце, гэта гожая казка”.
Вось так: верце і ня верце. Рэчаіснасьць і казка. Тады мы, бадай, не зразумелі яго. I ня дзіўна, сталыя сьпецыялісты, мацёрыя борхесазнаўцы дасюль яго не зразумелі. Магутнейшыя літаратуразнаўцы сьвету прызналі і прызнаюць, што справіцца з прозаю Борхеса, знайсьці, як кажуць, усе кропкі надізмог бы хіба што цэлы калектыў дасьледнікаў, і тое, немавед за які час.
Джон Апдайк назваў ягопісьменьнікам-бібліятэкарам”. Джон Барт пісаў: “Пункт гледжаньня бібліятэкара!.. Апавяданьні Борхеса ня толькі староньнія заўвагі да ўяўных тэкстаў, але ўвогуле пастскрыптум да ўсяго корпусу літаратуры”. Словам, прызнаны містыфікатар.
Прайшлі гады, і неяк у Кактэбелі я пазнаёміўся з абаяльнай жанчынай, блізкай сяброўкай усіх маскоўскіх дысідэнтаў, бальшыня з якіх ужо жыла на Захадзе, сінолагам па прафесііЯўгеніяй Завадзкай. З ёю лёгка было дзяліцца думкамі, слухаць трапныя меркаваньні пра тагачаснае жыцьцё, літаратуру, мастацтва. Яна ведала кола маіх інтарэсаў і аднойчы пачала размову з захапленьня Борхесам. Бязьмежная глыбіня ягоных твораў гэтак прывабіла, што Яўгенія ўзялася за абсалютна пазатэмную, нікім не заказаную, цяжкую і нібыта недарэчную задачу, якая прадугледжвала праверку і раскрыцьцё ўсіх пазіцыяў, што лічыліся містыфікацыямі Борхеса. Мо ў сілу сваёй навуковай інтуіцыі яна не паверыла ў пануючую версію, паводле якой вялікі Борхес быў зацятым містыфікатарам.
Дык вось, да тых кактэбельскіх сустрэчаў у першай палове 80-х гадоў Яўгенія Завадзкая знайшла шэсьцьсот(!) крыніцаў, якія навукай рэгістраваліся Борхесавай гульнёй у падман, і яна ўпарта працягвала карпатлівую, працу. Гэтае здарэньне праз шмат гадоў, якія аддзялялі дзьве сустрэчы, адкрыла мне сэнс тых словаў пісьменьніка: “Ня верцеверце”. Папраўдзе, калі чалавек гэтак любіў кнігу, асабліва рэдкую, каліарыстакрат словапрачытаць якрафінаваны знаўца слова”, дык можна было б разгадаць таямніцумістыфікатарства”.
Гэтая першая згадка, яскравы прыклад, калі слыннага пісьменьніка дарэмна залічылі ў містыфікатары. Але другая згадка зусім іншага кшталту. Я маю на ўвазе разьвітальны тэкст Габрыэля Гарсія МаркесаМарыянетка”, які ў 2000 годзе прыйшоў мне па электроннай пошце з Мексікі, дзе ў Габрыэля ўласны дом, тамака жыве і ягоны сын, ачольнік літаратурнай агенцыіДзіяна”.
Я ведаў, што Габрыэль цяжка хварэў, лекаваўся ў вядомай клініцы ЗША ад раку лімфатычных вузлоў, і быў ашаломлены тэкстам. Калі меркаваць па электронных каардынатах, то тэкст нібыта даслаў ягоны сын. Япалазіўу сеціве Інтэрнету дзеля праверкі і знайшоў гэты ж тэкст, надрукаваны ў вядомых, прэстыжных лацінаамерыканскіх газетах. Гэта пагрузіла мяне ў жалобу, я пераклаўМарыянеткуды апублікаваў у беларускай прэсе, каб Маркесавы чытачы маглі разьдзяліць боль расстаньня.
Публікацыя мела пэўны рэзананс, адпаведны асобе Маркеса, мне званілі бясконца. Праз некалькі месяцаў я дазнаўся, што гэта нібыта была містыфікацыя: хтосьці, праўда, не пазбаўлены стылістычнага таленту, але на ўзроўні мімікрыі, пазьдзекаваўся з нас, склаў гэты тэкст, прымусіў нас паверыць і пакутаваць ад болю, мо і сьмеючыся ўпотайкі, ня кажучы ўжо пра тое, што мог і насурочыць, наклікаць бяду.
Дзякаваць Богу, Габрыэль Гарсія Маркес пасьля інтэнсіўнага лекаваньня і доўгай рэабілітацыі пайшоў на папраўку, і гэта галоўнае, хоць і можна лічыць выздараўленьне лекарскім цудам. Але застаецца горыч, агіда ад недарэчнага падману, які таксама чамусьці завецца містыфікацыяй. Да яго, не падазраючы, што яно ўвогуле мажліва, я, як і шмат хто ў сьвеце, прыклаў руку сваім перакладам. Каюся, мне пачуліся інтанацыі Габрыэля, якія насамрэч былі спрытна імітаваныя. Мне падалося, што тэкст мяноўна як літаратурны ўчынак у дадзеных абставінах мог належаць непрадказальнаму Маркесу. Мажліва, містыфікацыю зрабіў хваравіты зайздросьнік альбо літаратурны няўдаліца, але ён павінен быў зразумець, што цягам часу станецца публічным самазабойцам.
У першым выпадку, які адносіўся да Борхеса, мы мелі справу з уяўнай містыфікацыяй, якая насамрэч сталася інтэлектуальнай гульнёй у падман, аднак другі выпадак патрабаваў працы, вышуку, кансультацыяў, звароту да самых розных крыніцаў, бо сьмешна было б пытацца ў Маркеса, скуль гэтая добра зварганеная падробка, якая ўвяла нас у зман.
Пазьней мы адшукалі тэкст пад назваюІмгненьніў мексіканскім часопісеПлюраль”. Заснавальнікам ды рэдактарам часопісу ў 1971-1976 гг. быў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Актавіё Пас, а пад тэкстам стаяла імя Борхеса, і справа ў тым, штоМарыянетка”, якую прыпісвалі Маркесу, іІмгненьніБорхеса былі проста блізьняткамі. “Імгненьнідатаваліся ў дзьвюх крыніцах па-рознаму, 1973 і 1976 гадамі, таму сталася ясна, што трэба шукаць далей. Нават празорлівец Актавіё Пас паверыў хлусу.
Насамрэч і гэты тэкствынік падману. У кнізеУся Мексіказа 1990 год зьмешчанае містыфікаванае інтэрвю з Борхесам на сарака пяці бачынах. Там таксама зьявіўся і містыфікатІмгненьняў”. Аўтарка прыдуманага інтэрвюГэлена Панятоўска, якая тады пісала, што верш нібыта перадаў ёй асабіста Борхес падчас размовы. Гэта выкрыта спадаром Алеа Франка шляхам складанай кампарацыі датаў і фактаў. У гішпанскай газецеЭль ПаісФрансіска Пярэглі надрукаваў досьлед пад назваюВерш, які Борхес ніколі не напісаў”, дзе ён пацьвярджае доказы папярэдніх вельмі дасьведчаных аўтараў.
Далейшыя пошукі паказалі, штоІмгненьні” (альбоМарыянетка”) быццам бы належаць пяру Надзіны Стэйр. Аднак праблема ў тым, што літаратурная крытыка не падначаленая прымітыўнай логіцы: сьцьвярджаючы, што тэкст не належаў Борхесу альбо Маркесу, мы не даказваем, што аўтарам зьяўляецца Надзіна Стэйр. Праз два тыдні росшукаў мне паведамілі, што спадарыня Стэйр, якая нібыта нарадзілася ў Люйсьвіле, штат Кентукі ды адышла ў 1988 годзе ва ўзросьце 86 гадоў увогуле ніколі не існавала, ва ўсякім разе, пад гэтым імем альбо літаратурным псеўданімамГэта было праверана з дапамогаю кампетэнтных люйсьвільскіх журналістаў.
Пошук зацягнуўся, у ім прымалі ўдзел дзясяткі адмыслоўцаў, у Нідэрландах быў створаны інтэрнэт-сайт, дзе зьбіраліся сьведчаньні, даты, факты, версіі. Нарэшце, Ільза Карвальла паведаміла па сеціве ўсяму сьвету гішпанамоўнай філалогіі, што знайшла ідэнтычныблізьняткамтэкстІf I had Му Lifе tо Livе оvег”, пад якім стаіць подпіс Дона Гіральда (Dоn Негоld), вядомага амерыканскага карыкатурыста, у часопісе Rеаdеr’s Digest. за кастрычнік 1953 году.
Знайшла яна і дачку Гіральда, пісьменьніцу Дорыс Гіральд Аэнд, якая і пацьвердзіла аўтарства свайго бацькі. Мае даўнія сябры выканалі ўрэшце заключную просьбу і праверылі гэты літаратурны факт dе visu.
Такім чынам, шматлікія версіі сышліся ў непрыемнай знаходцы шэрагу містыфікацыяў, якія за паўстагоддзе нацягвалі на сябе маску арыгінальных тэкстаў. Борхес і Маркес, слынныя таленты літаратуры сьвету, зьяднаныя доўгай авантурай падману, а затым і ўпартага досьледу, ня мелі дачыненьня да тэксту. За словам містыфікацыя часьцяком крыецца яшчэ і прымітыўная, ілжывая ды бессэнсоўная авантура.
Увогуле мастацкая літаратурагэта перадусім плён таленавітага ўяўленьня, якое стварае віртуальную, часьцяком фіктыўную рэчаіснасьць (fiction). Суаўтары (пісьменьнік-чытач, а таксама пісьменьнік-перакладчык-чытач) вядуць разам дасьледаваньне чалавека і ягонага жыцьця праз віртуальнасьць, і гэтак таксама спазнаюць неабдымны Божы сьвет. Бывае і так, што літаратура містыфікуе факты дзеля раскрыцьця ісьціны. Аднак жыцьцё таксама ўмешваецца ў літаратуру, дыктуючы ўласныя правілы гульні, а часам і ўводзячы ў сферу літаратуры слабога чалавека, які і падкіне грэх містыфікацыі, нібыта штучную косткуу храм літаратуры.

Мае ўспаміны нанізваюцца далёка не паводле жыцьцёвай храналогіі, а падначаленыя хітрыкам памяці, якая імгненна падбірае нібыта алагічныя сувязі, выходзячы за рамкі быццам бы нармальнай хады аповеду. Зрэшты, чалавечы вопыт грунтуецца на кампарацыі рэчаў, фактаў, эмоцыяў ды падзеяў, паміж якімі часьцякомшматгадовая адлегласьць.
Тамашнім, лацінаамерыканскім пісьменьнікам і дзеячам мастацтваў жылося даволі сьціпла. Амаль усе недзе працавалі: у выдавецтвах, газетах, часопісах, кнігарнях, школках і каледжах. Хіба што тузін з іх здолеў часамі пражыць ад сваіх ганарараў. Сярод іхі тое не заўсёдыХорхе Луіс Борхес, Эрнеста Сабата, Альфрэда Варэла, Рауль Лара ды іншыя славутасьці. Нават Хуліо Картасар шмат гадоў працаваў перакладчыкам у ЮНЕСКА. Першыя ягоныя кніжкі наогул былі безганарарнымі.
Мой першы літаратурны настаўнік і цёзка Карлас Дадэт працаваў каміваяжэрам, езьдзіў на старым аўто па гарадках і вёсках, індзейскіх селішчах з гандлёвымі каталогамі ды ўзорамі, ведаў асабіста сотні і сотні людзей, з якіх і складваліся ягоныя персанажы. За доўгія гады пыльнай, як кажуць, працы ён меў сьціплы дом у сарака кіламетрах ад Буэнас-Айрэса ды добрую бібліятэку. Гэта далёка ня горшы выпадак, бо на заробак гандляра ў кнігарні, які атрымлівалі досыць вядомыя паэты, наўрад ці маглі сьціпла пражыць.
Бывала і так, што пісьменьнік друкаваў кніжку за ўласныя, а хутчэй, пазычаныя, сродкі, а потым мусіў клапаціцца пра продаж звычайна невялікага накладу, ісьці да гандляроў, якія бралі некалькі асобнікаў на спробу рэалізацыі, а часта і вярталі іх. У выпадку продажу аўтар атрымліваў і свой прыбытаквосем адсоткаў ад наміналу, гэта значыць, пры малых накладах, сьлёзы. Заставаліся яшчэ і публічныя чытанкі, дзе прысутныя набывалі квіткі ды кніжкі. Права быць пачутым давалася цяжка, далёка ня кожны прабіваўся да чытача. Сістэма сапраўды досыць слушная, для літаратурыахоўная, інакш адбываецца яе дэвальвацыя.
Таму, уласна кажучы, літаратурная справа ніколі не была персьпектывай кареры альбо дабрабыту. Прагматычны люд заўжды шкадаваў бацькоў, чые дзеці абіралі філасофію, літаратуру альбо мастацтва як жыцьцёва-прафесійны, але тым часам ахвярны шлях. З гэтага зараблялі хіба што транснацыянальныя выдавецтвы, якія пераважна мелі асноўны дом у Гішпаніі ды філіі ў вялікіх лацінаамерыканскіх сталіцах. Гэта індустрыя і гандаль, якія заснаваныя на глебе таленавітай творчасьці.
Я кажу пра гэта і заадно нагадаю, што за Саветамі склалася штучнае становішча, калі дзяржава імкнулася даказаць усяму сьвету пра росквіт літаратуры і мастацтва прысацыялізме”, таму ганарары плаціліся за памер кніжкі, а не за вартасьць альбо рэалізаваныя асобнікі. Нават прыдумалі стаўку за кожны паэтычны радок, і славутаекароткасьцьсястра талентустрачвала сэнс.
Ясна, што якасьць здольныя вызначаць адмыслоўцы, якія заўжды зьневажаліся ўладнымі функцыянерамі, а рэалізацыя накладу почасту мела палітычнае значэньне. Самым вядомым пісьменьнікам мог стацца найбольш балбатлівы, асабліва ў каляпалітычнай сферы халуйства. Дэфармацыі давялі савецкую літаратуру да злавесных скажэньняў, бо ў адной фанабэрыстай краіненарабіліпісьменьнікаў ды класікаў больш, чымся мелася ва ўсім сьвеце. У выніку атрымаўся літаратурна-мастацкістопудовы ўраджай”, хоць тады таксама зьяўляліся магутныя, а то і геніяльныя творы.
Беларуская літаратура дала дваццатаму стагоддзю менш слаўных імёнаў, чымся была здольнай, у гэтых умовах не магло быць інакш: нават патэнцыйна лепшыя былі забітыя ў лагерах, адныя як нацдэмы, другія як шпіёны. Тады мала хто ўратаваўся. Аднак шмат хто з іхніхпасьлядоўнікаўдасюль плача па шчасьлівых, заможна-нафтавых часах літаратурнага валу ды гатовы лезьці любому кіраўніку ў сраку, дыфамаваць незалежных духам пісьменьнікаў, толькі б захаваць ілюзію вяртаньня ў пустамельства мінулага. Калі краіна ў стане крызісу ды рэгрэсу, да сапраўднай літаратуры няма справаў. Пазьней, пры спраўджаньні надзеяў на дэмакратыю і рыначны склад эканомікі, які рана ці позна настане (але хутчэй позна), вартасьць літаратурнага твору ня будзе вызначацца яго памерам, бо да гэтага ў цывілізаваным сьвеце нават варят ня здольны дадумацца.
У другой палове дзевяностых гадоў савецкасьць шмат у чым вярнулася, мы зноўку маем, як і раней, моцную ідэалагічную цэнзуру з боку выдавецкіх (газетных, часопісных) ачольнікаў і рэдактараў, забарону імёнаў, зьнявагу ўласнае мовы. Квітнеюць наогул неўласьцівая беларусам канюнктура, у асноўным, бяз Бога ў душы, якою карыстаюцца ў мэтах далёка не літаратурных, ды ненажэрная нянавісьць да рэлігійных, грамадскіх ды ўсялякіх іншых іншадумцаў. Тымчасам хітрадумна адчыненыя шлюзы для неабмежаванага рынку сублітаратуры, якая адштурхоўвае чытача ад сапраўдных твораў. Зараз, вядома ж, педалюецца савецкая песьня як недасяжная вышыня беларускай культуры. Папсовая песьня, пераважна на мове метраполіі, якая даспадобы начальству і запаланіла эфір, замяніла ў вачах люду ўсю разнастайную палітру беларускай культуры. Аднак, на мой погляд, наступіла не стагоддзе пагібелі моваў і культураў, а час стабілізацыі і ўратаваньня вялікай ды разнастайнай спадчыны Беларусі і чалавецтва, нават калі на гэта цэлае пакаленьне інтэлектуалаў пакладзе адведзены Богам творчы час.

У 1968 годзе я езьдзіў у Горадню па літаратурньгх справах. У аэрапорце мяне сустрэў Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Ён правёў да гатэлю ды прызначыў сустрэчу ўвечары каля Фарнага касьцёлу, каб пайсьці да яго дадому. Я схадзіў у рэдакцыюГродзенскае праўды”, каб адзначыць камандзіроўку, ды заўважыў: у кабінеце галоўнага не было крэслаў. Дзядзька, які прымаў мяне, перапрашаў, маўляў, сёньня партсход, і крэслы зьнеслі ў залу. Пазьней я дазнаўся, што гэта быў за сход. Я накіраваўся па сваіх справах, пісаў я тады пра жанчыну цяжкага лёсу, якая ратавала палонных падчас акупацыі, трэба было сустрэцца з ёю, запісаць, а потым і зьверыць тое, што яна помніла, з памяцьцю іншых.
Увечары мы з Васілём сустрэліся, ён павёў мяне дадому, і неўзабаве завіталі Карпюк і Клейн. Гаспадар уключыў музыку, уставіў аловак у дыск тэлефону, як мы тады рабілі, нібыта гэта магло ўратаваць ад падслухоўкі, і тады я дазнаўся, што на партсходзе якраз і выключалі з партыі Аляксея Карпюка на падставе выдумак. Гамонка была доўгай ды сумнай, пачосткамоцнай, і мы разьвіталіся недзе апоўначы. Атмасфера несвабоды, суцэльнага перасьледу іншадумства засмуціла нас.
Пазьней мы сустракаліся з Васілём, калі ён наязджаў у Менск, а сустрэчы сталіся больш частымі, калі ён пераехаў жыць у стольны горад. Гэта толькі пачатак, бо ў 1989, калі заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтр, адразу ён падключыў мяне да справы з першага паседжаньня ў Доме кіно, дзе сёньня ўзноўлены касьцёл сьвятых Сымона і Алены. Гэта быў час стварэньня іМемарыялу”, іМартыралогу Беларусі”, іБеларускага народнага фронту”, зорны час адзінага, бадай, харызматычнага лідэра тагачасных беларусаў Зянона Пазьняка, і амаль усе сходы адбываліся ці то ў Доме кіно, ці то ў Доме літаратара. З тае пары мы сустракаліся з Быкавым часьцей на абмеркаваньні праблемаў ПЭН-цэнтру, але ні разу за гэтулькі гадоў ён ня выпусьціў з дому без пачостачкі, без гамонкі на тагачасныя тэмы. Васіль вельмі добра ўмеў слухаць, ды найперш слухаў я яго, бо ён фармуляваў думкі зграбна, і ягоныя ацэнкі рана ці позна набывалі контуры горкай ды балючай рэчаіснасьці. Ён таксама бываў у мяне дома, ставіўся з сімпатыяй да маёй жонкі.
Наогул грамадства намалявала сабе вобраз крыху жорсткага, нелюдзімага, сквапнага на словы, заўсёды спахмурнелага Быкава. Насамрэч Васіль быў пяшчотным, вясёлым чалавекам, выдатным імгненным карыкатурыстам, адданым сябрам, заўсёды гатовым камусьці дапамагчы, нават ня маючы чым, і гэтым, дарэчы, карысталіся. Ён не любіў публічнасьці ягонай асобы, часьцей нагадваў пра тое, што сам лічыць сябе прыватнай персонай, аднак, калі гэта было патрэбна, ён выказваўся мужна і вельмі дакладна, бо праўда была стрыжнем характару, маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця.
Краіна паступова адыходзіла ад перабудовы, з 1994 году распачалося зацятае вяртаньне ў мінулае. Васіль ня мог спакойна дыхаць на радзіме, дзе яго цкавалі па-чорнаму амаль штодня. Пасьля вялікага міжнароднага форуму ў абарону дэмакратыі і культуры, які ладзілі мы ў Менску, пасьля кангрэсаў Міжнароднага ПЭН-клубу з нашым удзелам мацнелі міжнародныя кантакты Беларускага ПЭН-цэнтру. Такім чынам мы засябравалі з калегамі, што працавалі ў Фінскім цэнтры, і ў нас узьнікла ідэя накіраваць Васіля на часовае жыцьцё да нашых сяброў.
Цягам часу гэныя праграмы разьвіваліся, і гэта дазволіла падтрымаць Васіля, безумоўна, ня лічачы таго, што замежжаніяк не радзіма, але тымчасам маўклівага дысідэнта Быкава перасталі шырока друкаваць, лаянка тых самых цэрбераў, якія атручвалі ягонае жыцьцё, як толькі ён вызначыў свае пазіцыі праўдара не магла ўжо сьцішыцца. Гэта было адзінае выйсьце.
Гэтак Васіль апынуўся ў Фінляндыі (у мяне на стале здымак з ім, зроблены ў Хельсінкі), а пазьней у Віпенсдорфе каля Берліну, у Франкфурце-на-Майне. Мы званілі яму амаль штотыднёва, высьвятлялі ягоныя адносіны да нашых рашэньняў, зьвяралі, як кажуць, крокі, інфармавалі яго аб падзеях на радзіме, перасылалі яму пошту. Дужа дапамаглі нам у гэтым і Міжнародны парламент пісьменьнікаў, і нацыянальныя цэнтры ПЭН-клубу. Дарэчы, перад адездам Васіль пакінуў у нас свой кампутарны подпіс прэзідэнта ПЭН-цэнтру і надаў права ставіць яго, калі будзе патрэбна, для подпісаў па грамадскіх, няўрадавых справах, выказаўшы гэным учынкам поўны давер да нас
Настаў момант, калі прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел дазнаўся ад нашых сяброў пра справы Быкава і палічыў за гонар запрасіць яго на жыцьцё ў Прагу.
У ліпені 2001 году я захварэў і пакінуў пасаду ў ПЭН-цэнтры пасьля доўгай працы. Як толькі наведваў Менск, Васіль заходзіў да мяне, я ўжо адчуваў сябе вельмі цяжка. Мне паставілі дыягназ, нібыта прысуд, і я ня мог уявіць нават у страшным сьне, што мяноўна яму, даражэнькаму нашаму Васілю, наканаваны такі бязьлітасны лёс. Крыху пазьней у Празе знайшлі ў яго падобную хваробу, праўда, іншага характару, дасьведчаныя хірургі зрабілі аперацыю, але ж ня здолелі пакінуць яму, сьветламу, шанцаў.
Мы былі на сувязі, асабліва калі я зьехаў часова ў Нарвегію са спадзевам на лекаваньне, дзе на гэны момант мяне неаднойчы аперавалі. Ірына Міхайлаўна, Васілёва жонка, мужная жанчына і сапраўдная ягоная паплечніца, рабіла ўсё, каб яго падтрымаць... Як я хацеў бы прачытаць кніжку, напісаную самой Ірынай Міхайлаўнай, яна сапраўды ведае шмат больш за іншых, бо толькі ёй Васіль давяраў свае думкі, свае адносіны да сяброў шчырых і двухлікіх, да сваіх тэкстаў і паводзінаў. Я прасіў яе пра гэта ў нашых тэлефонных гутарках спаміж аперацыямі, і сёньня гатоў прасіць, – пішыце, дарагая Ірына Міхайлаўна, Бог сьведка, гэта вельмі патрэбна!
Я ведаю шчодрых душою, бескарысьлівых і адчайных сяброў Васіля, якія і сёньня засталіся імі, але ніхто з іх і не падумаў абвясьціць сябе лепшым ягоным сябрам. Гэта як традыцыйна-савецкая формула, — калі называеш пісьменьніка, дык абавязкова трэба пісаць альбо вымавіцьзнакаміты”, “вядомыі неяк асабліва тытуляваны альбо цяперакалепшы сябра”, нібыта люд ня ведае, хто чаго варты.
Пад дзень народзінаў Васіля я пазваніў Ірыне Міхайлаўне, у Менск, куды яны разам прыляцелі, маючы пры сабе квіткі на адваротны рэйс у Прагу, але Быкаў пагадзіўся пакласьціся ў Бараўляны, дзе яго прынялі вельмі добра, раней ён мне асабіста казаў пра гэта нават са спадзяванкай, і мы з ёю крыху пагутарылі, дамовіліся, што яна перадасьць яму нашыя з жонкаю Тамараю віншаванкі ды зычэньні ў лякарні.
На наступны дзень я даведаўся, што на выходныя, калі ў клініках працуюць адныя дзяжурныя, кладуць Васіля ў рэанімацыю на добры догляд, і гэта занепакоіла, бо мы ведалі сапраўднае становішча, а 22 чэрвеня, на ўгодкі вайны, асэнсаваньне якой заняло трагічныя думкі на цэлае жыцьцё, уключыўшы, як заўсёды ўвечары, “Свабоду”, мы пачулі чорную навіну...
Дзякуючы маім званкам, кампутарнай перапісцы ды незалежным сайтам, я сачыў за падзеямі ў глыбокім смутку, чуў дыхтоўныя, балючыя словы, а таксама тырады тых, хто перадусім падкрэсьліваў, як любіў яго родненькага Васіль, – яны і ад сьмерці прыхоплівалі ўяўныя, недарэчныя купоны славутасьці.
Народнае пахаваньне ўзрушыла мяне, усё ж людзі ня здолелі заставацца дома, а разьдзялілі боль, заадно абвясьціўшы ўсяму сьвету, каб зьведаў ён пра яшчэ адну старонку беларускае трагедыі.
Выкарыстаць апошнюю кропку Васілёвага жыцьця дзеля афіцыёзнай прапаганды не ўдалося, нават шэрагамвытанчаныхправакацыяў наступных дзён. Сьціплы наш Васіль сам ніколі не лічыў сябе духоўным лідэрам альбо сумленьнем нацыі, як мы шчыра меркавалі і сапраўды адчуваем. Ён, безумоўна, разумеў вагу свайго імя і свайго слова, але жыцьцёвымі ўчынкамі, творчасьцю і адносінамі да сумленьня ён стаўся найвялікшым ды сьціплым беларусам дваццатага стагоддзя. Беларусь асірацела падчас навалы, і сёньня замест жывой постаці Быкава, ягонай сьветлай усьмешкі, жыцьцядайнай мудрасьці мы маем незагойную рану. Ці гэта нічога не падказвае беларусам сёньня? Хіба не баліць душа? Хіба амаль недарэчнае цяперашняе жыцьцё ня ганьба?