12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Паўночнае зьзяньне

_____________________
Сьвятло сучаснай шведскай паэзіі
Ханна Хальгрэн

Эрык Бергквіст

Крыстофер Леандоэр

Іда Бёр'ель

Хокан Бравінгер

Оса Марыя Крафт

Катарына Фростэнсан
Ені Тунедаль




Вольны
пераклад
са шведскай
Дзьмітрыя
Плакса.

У тэкстах
захаваныя
асаблівасьці
аўтарскай
пунктуацыі.



Ханна Хальгрэн

Іранскія вершы

Пазнаньне і жаданьне
вось рука
апельсіны растуць у

who are not allowed not to have a body. Ужо на наступнай старонцы зьнікае нястача, а пасьля ляжыць жаданьне твайго мяккага полу, ды іншая
тэорыя для твайго сэрца
мучна-белага,
на нітцы

Калі богі надвор’я захочуць, праплыве пустыня і вокны аўтобуса амаль гарачыя, і шчака сухая, лоб... калі эўкаліпт унутрана прахалодны, нават унутры
таго аранжавага пяску “Рука расьце ў Ісфахане”
І ўнутры сонца,
Аранж.

: Унутры Бог, Заратустра, і знутры Ахура-Мазды Унутры – знак агню.

Пакуль аўтобус ідзе, мая рука марыць
аб тваёй Эўкаліпт – слова, якое прывязана да пальцаў
“Arian” – прылеплена да лапаткі,
так, што мы ідзем міма

Трэба плесьці скуру з клопатам, кажуць ткачы полу
Трэба плесьці сваю чадру, кукалку
загортваць
Гадзіны сутак мягчэюць на выдыху

тонкі ды крохкі фарфор

«У дарожным адзеньні стаіць душа», – турма вакол рук тваіх, калі яны хочуць
ды яшчэ адна турма, калі яны хочуць

Сэрца расьце ў Ісфагане /адкрываецца, як апельсіны/
і кветкі – унутр, ноччу
Мая рука марыць аб тваёй,
вялікі і дзіўны знак, за якім ты хаваешся
Соль з губ вачэй, што ты заплюшчваеш у бок сонца

Расьце рака апельсінаў
і сабак. Цікава, дзе яны будуць жыць

удзень ды ўноч.
з заплюшчанымі сабачымі вачыма

Днямі з адкрытымі вачамі рук

Белае
думаю, зьнішчыцца
бліжэй да дна шклянкі

Тое, што мы бачым адзін у адным ня зьнішчыць меншым за нас
і якія, каб працытаваць: trinken und trinken,
тыя ж губы, палозьзя

замест падобнасьці,
вясковае паветра, стончанае да пустыні,
(слоўнік з пяску)

замест сэрца
нефігуратыўны чалавек. Тое, што я бачу:

“Тое тваё “ты” ў цябе
растае, як масла” Па-над пяском, неба
непакрытае сэрцам
пойдзе далёка і
загучыць сэрцам

зашчабеча

Я ляжу на пяску скрозь струмяні журбы з перавернутым органам мовы,
ня без падобнасьці на гэты трэснуты пясок, або, што ты
як ты ўжо...

Эрык Бергквіст

* * *

Там дзе разгортваецца пакой нехта
быў, правёў пальцам у пудры сутак

Збоку рэчаў (саміх у сабе) ідзе
глотка бяз голасу, цемра без чарноты

Нават сонца, у грукаце цішыні, разглядае
мозг персіка, тэлефон на зарадцы

Акно нясе сьляды дзіцячых рук а
унізе зьбіраецца алфавіт зімовых мух

У сьвеце няма ніякага спакою, але ўздоўж
вялізных раўнін узгадваюцца кропкі, расьце авёс

тады ўспамінаеш ты каханка, рану дзе
паветра цячэ ад стракоз


* * *

Убач лета што вырывае дрэва
разбурэньне ў любой форме

Нават імгненны позірк
душыць ды цягне, грувасьціцца ў слаі

узрывае ляднікі дзе невыноснае
сьвішча, рамонак узьбівае вяршкі ў

краі вока – значыць ёсьць лёгкасьць
(вага) схілы да прымірэньня

Ты адыходзіш ад дрэва, метро малюе
сваё зьнішчэньне ў скажонай стужцы люстэркаў

раніца шырокая вось тут, у розныя
бакі цягнуцца вымпелы ды гукі

* * *

Ноччу ўстала яна ў ліловым зьзяньні
гэтак яно ішло, сьняжынкі

падалі ў сьне праз космас, космас
падаў у сьне праз сьняжынкі

Глыбока ў журбе штосьці схілілася
вылучыла ўжо зьніклы зрок

словаў яшчэ няма, толькі рух вакол
крыку сьсечанага дуба, яна сабрала

імгненьне ў сабе, яно пачало важыць, стала
тэктанічным, склады гру-грукаталі, рука

мацала па шкло, там ёсьць шкло
ложак адплыў чужы, бестурботны

* * *

Зьніклы месяц, зеляніна патухлая
у зелені. Усё бачна, клейка, восы
грызуць бялізну, раты сочацца вішняй,
пот, пол. Той, хто кажа штосьці

заўважыць, як словы аб’еліся ды як
голас паглынаецца да гуку. Той, хто
вычэрчвае шкалу знойдзе, што рука ўваходзіць
у вялікае хваляваньне, перадачу.

Мы ў мяжы, у мяжы жаданьня
Няма формы травянога
часу, што можа бачыць бачнае, няма
бясформеннасьці для зьмены ўсяго.

Заплюшчы вочы, трыумфуй. Дождж і зямля
уяўляюць востры клінок, што выразае
заўсёды іншае. Парадак унутры парадкаў
жуй ды выплёўвай, размоклы сухар

Гліна гіне і расьце. Гісторыя ёсьць.
Мацерыковы лёд, дзявочая ключыца, хмары над
людзьмі, заўтрашнія
лётнішчы, восень мераецца


* * *

Ноч ня можа спаць, яна ўстала з
ложку і стаіць ля вакна, глядзіць
цёмнымі сваімі вачыма ўнутр сябе, той,
з якой яна жадае разыйсьціся, каб
праявіцца самой. Сон гэта толькі “я”
што маўкліва праяўляецца на адлегласьці.
Цяпер сьнежыць
павольна, сьняжынкі растаюць на горадзе, які ёсьць
шчакою, здараецца, час выглядае так, начамі,
плямы, што ціха выбухаюць, цішэй за сон,
цішэй за сьнег, час, сон, адлегласьць, ноч.
Я кладу руку на ноч, яна такая цёплая,
нібыта сьпіць, яна такая халодная, халадней
за сьмерць у сьвятле, што выбухае ў глыбіні гораду.
Яна хоча сказаць нешта, я не магу пакласьці словы ў
рот ночы, ноч мае вельмі маленькі
рот, рот ня ёсьць дзіцячым, рот дзіцячым
ёсьць, хутка выкрые сябе, горад чакае
у сьне сьнегу, або адзінага слова ночы, якое
яна ня можа ўспомніць. Ніколі ноч ня ўспомніць
што яна ня можа сказаць. Цёмныя вочы выглядваюць
яны блішчаць, адлюстроўваюць мяне, адлюстроўваюць горад,
сьнег ды час, што кружацца ды выбухаюць у плямах
на шчоках ночы, я вяду пальцам уздоўж
пазваночніка ночы


Крыстофер Леандоэр


* * *

Не анёлы і ня цені
не уступы паляцелі
не атара пасьвіць ціха
і ня сьветлыя тэрасы
не пурпурная мантылья
не начное ў складку неба
і ня бліцы і ня бліскі
не люстэрка і ня рыскі
я іду дарогай доўгай
уверх з тваіх малюнкаў шахты
кожны дзень я чалавек


* * *

І ня космас і не стойла
гэты сьвет ня мы стварылі
не раўніна нас зьмяншае
не байніца нас узрывае
і ня мары пра палёты
ты ня можаш знаць навошта
чалавеку трэба неба
нашто трэба чалавеку
неба паміж ім і небам
ты ня можаш знаць навошта
ты патрэбная яму


* * *

Не ідзе болей золата з цела
ператварэньням відаць канец
сьцёр алень сваю карону
вецер кружыць лісьце ў лес
не сатне аніякага німба
не хачу нагружаць зямлю я
як яна на мяне ні цісьне
сьвятла вага дзе нарадзіўся
зорны шлях твой бачыў адкрытым
не пакіне зямлі маё цела
не пакіне зямля мяне


Іда Бёр’ель

* * *

Прывітаньне раскажыце пра шведаў
пра жавальны тытунь і гарэлку скажыце
што я магу будаваць чыгунку
аж да самага пекла не гаварыце
мне каб я стаяла як карова
у тэлевізары і расказвала як прыемна
вяртацца дадому і сядаць
на канапу каб пачытаць кніжку


* * *

Прывітаньне я паехала на аўтобусе ў
горад напярэдадні Калядаў

У мяне быў з сабою сьпіс
па-большасьці – здагадкі

гэта добры жэст
я лічу даваць нешта
камусьці іншаму потым набіраю
нумар калі ўжо прыйшла
дадому і кажу яму
кажу майму сыну што ў мяне ёсьць
падарункі для ўсёй сям’і
на Каляды каб яны зайшлі
і забралі іх калі
яны прыйдуць невядома кажа
ён ня ведаю, ці пасьпею
паглядзім кажа ён кладзе
трубку я чакаю званок
не звоніць я іду чатыры тыдні
пасьля назад у крамы
неадкрытыя пакеты
карткі з рыфмай і Дзедам Марозам
касірша адразае ды
разрывае трэба пракантраляваць
каб пакупнік не паклаў
пустыя кардонкі ў іх
упакоўку або мабыць я палажыла
камяні яна адкрывае
падарункі майму сыну ды
маім унукам канстатуе
прымае падлічвае і
выпісвае квітанцыю
мабыць мяркую я я
скарыстаюся ёй на наступныя Каляды
калі дажыву да наступных Калядаў


* * *

Я не разумею што такое
адбываецца я думаю
часам што трэба прасіць сына
прыйсьці праведаць мяне трохі
часьцей але ў яго відаць сваё
так ага ў яго сваё сваё жыцьцё і
свае праблемы і свая сям’я каб
клапаціцца жонка яго я ня ведаю
шмат пра тое што яна робіць але
ён прыходзіць пэўна так часта
як атрымліваецца але часам
думаю я напэўна што я
пэўна магла б прасіць яго
прыходзіць трохі часьцей мы маглі б
прайсьціся з сабакам
або схадзіць туды ў краму ён
мог бы ўзяць з сабою каго з
дзяцей я магу пячы або
мы маглі б праехацца ў яго
машыне куды-небудзь і пайсьці
у кандытарскую і піць каву
так не але я зараз пагрэю
трохі вячэру на пліце я
не хачу блакаваць тут лінію
але мне гэтак радасна
ад вашых праграм я хацела гэта
сказаць вы нібыта мой сябар у
цемры


Хокан Бравінгер


СЯМЕЙНЫ ПАРТРЭТ

Я выцер спацелыя далоні
і выйшаў сьпіной
з сямейнага партрэта
Коні Ісгрэн.

*

Уяві сабе наступнае: Ён стаіць
перад саборам у Калінінградзе
дзе з руінаў пабудавалі
руіны, што сталі руінамі.

Пад ім, тры метры ўніз,
ляжыць Імануіл Кант
у Вечным Спакоі; на другім баку
ракі бачна партыйны будынак,

настолькі безгустоўна-выхвальны бетон,
што ніякі жывы чалавек
не жадае там заставацца.

Цяпер, напалову пабудаваны,
гніе ён на сонцы
напухае, як акопны труп.

*

І ён гаворыць, што ведае –
усяму свой час (зразумела, так і ёсьць).
Цішыня, згода,
рэвалюцыя. Усяму свой час.

Калі косы вастрыць,
калі пустазельле касіць.
Калі старых лідэраў
мяняць на новых.

Тых, што згінулі.
Тых, што бясьсьледна зьніклі.
Тых, без магілаў, на якія можна прыйсьці.

Але і тых, хто заўсёды выжывае
тых, хто ня гіне, хто ня мае
поглядаў, твару – тых, з абавязкамі.


*

Вось стаіць ён. Пасярэдзіне ўсечасовай
цемры што вяртаецца –
з выцьцём тых
хто памірае і трывае.

Вось стаіць ён. Гаворыць прыязна
і мусон налятае так пунктуальна,
што можна зьвяраць гадзіньнік
згодна з ім.

Хвалі зьвяртаюцца
да тых, хто там жыве
кажа адліў: Ты ўжо старэйшы

за твайго бацьку, як ты яго памятаеш
кажа прыліў: твае
дзеці больш ня любяць цябе.

*

Гэта (думае ён) ня што іншае, як
забыты горад, дзе (уяві сабе)
неўпэўненыя ліхтары
блішчаць самой сваёй адсутнасьцю.

Адзінока лямантуе пражэктар,
накіраваны на чырвонацагляны фасад царквы
дзе неспакойныя выявы бягуць
ва ўсе бакі, туды-сюды.

Яны большыя за рэкламныя шыльды цыгарэт
у міжнародным аэрапорце.
Яны рухаюцца, як злодзеі ў цемры,
раптам выхапленыя пражэктарам
пасярэдзіне нічыйнай зямлі. Кулямёт
трашчыць. Колькі крыкаў. І ўсё.

*

(Ён разгублена нагінаецца і глядзіць
бліжэй на целы, што раскіданы там.

У аднаго з-пад грудзей – алтарная дошка
у другога з-пад рукі – дваццацікілаграмовая Біблія.

Як бясхвостая мядзянка
зьмяяцца пацеркі.)

*

Уяві сабе наступнае:
Ён стаіць перад саборам у Калініградзе
адзіным будынкам, які выжыў
пасьля бамбёжак саюзнікаў у 1944 – 45.
Калі апошнія рэшткі
Кёнігсьберга зьніклі ў дыме.
Дзесьці
канчаецца і чалавек,

карынка ляжыць на далоні
і вось сьціскаецца далонь
і становіцца кулаком.

Не адзін чалавек, а тысячы
і кожны нясе
асабісты, прапісаны закон прыцягнення.


ЧАЛАВЕК НА КУХНІ


Я заўважыў, што дастаткова сыграць адзіны тон,
калі зрабіць гэта прыгожа.
Арва Пэрт.

І

Гляджу ў аўтобуснае акно
і людзі, машыны, твары
праносяцца міма
як кепска арганізаванае адступленьне
лістапад і брудна
маленькая часьцінка сьвятла
бяжыць у лес цемры
што цягнецца ўздоўж
сьвежапрасоленай шашы
гэта – швецыя
гэта спосаб сказаць, што рэчаіснасьць існуе
але ж недаступная
для таго, хто бесперапынна
спрабуе навучыцца плакаць
гэта – выгнаньне

ІІ
што падобнае на легата-педаль,
уціснутую ў гліну, калі я
заплюшчваю вочы, трапляю
я ў паўцёмны пакой
ён там сядзіць
з доўгаю сваёй барадой
схіляецца над
раскіданымі воднымі пасажамі
на кухонным стале перад ім
кот на каленях
якога ён пяшчотна гладзіць
калі дабаўляе
зьменшаную нотку, якой не хапала
гэта – ня швецыя
гэта спосаб сказаць
што рэчаіснасьць не існуе
але даступная
для таго, хто бесперапынна
спрабуе навучыцца плакаць
гэта –
цэлыя бясконцасьці
ад востразаточанага выгнаньня шнітке

ІІІ
больш падобны на
ўнутраную журбу, што ўсхліпвае
я думаю: такія як мы
чакаюць у ценях
нібыта перад
нараджэньнем, што набліжаецца,
я думаю: магчыма маім
ён гаворыць, што дастаткова сыграць
адзіны тон прыгожа
гэты тон
прымушае ўсё вакол
зьмяняць колеры
з бясконцай палітры,
пакрыты пароўну фарбамі
жыцьця і сьмерці
гэта – швецыя
і ўсё раптам становіцца
даступным усім і кожнаму
але сьвятло ўсё роўна бяжыць

IV
зьбягае ў супрацьлеглы бок
проста ў цемру!
аўтобус нахіляецца
калі апошні з нас
сышоў, гасьне сьвятло
потым бруіцца счэпны аўтобус
ценем у мокры снег і лёд
там у кватэры сядзіць тата
далоні на кухонным стале
устаючы застыг
і глядзіць у цемру
ў тое што па-за ёю
ён радуецца калі я
уваходжу ў дзьверы
нягледзячы на тое, што ён забыў
што я раней пайшоў
гэта – швецыя
гэта – думаю я
так далёка ад дома
як толькі магчыма адыйсьці
таму хто бесперапынна
спрабуе навучыцца плакаць


Оса Марыя Крафт

Выцягнутая ў даўжыню зала з трыбунай для сьведак ля адной кароткай сьцяны. Ля другой кароткай сьцяны бачна паглыбленьне ў падлозе. Там, у маленькім джакузі, ляжыць суддзя. Ён у судзейскім парыку і выратавальным крузе. У зале, акрамя суддзі, знаходзяцца абвінавачаная Мары Эшалон, дазнаўца, а таксама чатыры сьведкі: Джэсіка Лінч, Эшалон, Сыльвіё Бэрлусконі і Гарпакрат. Як заўсёды, прысутнічае хор. Мары стаіць на трыбуне, акрамя тых момантаў, калі выклікаюць сьведку, тады яна выходзіць і становіцца побач. Сьведкі стаяць у цэнтры залы, калі іх не выклікаюць, пасьля кожнага допыту, яны вяртаюцца ў цэнтр.

Мары Эшалон:
Я
што стаю
проста
на трыбуне. Прыцягнутая
запалоненая. Тычынка
і песьцік у адным.

Хор:
Яна хавае заўсёды
нешта. Перасьпелае
нам зразумелае. Яна
закопвае ўсё
несаліднае
усё агіднае

Дазнаўца (паказвае на Джэсіку Лінч):
Выклікаць сьведку!
Я выклікаю!
Вы вы вы!

Мары Эшалон:
Тыя іншыя
кружацца вакол. Я
злаўлю іх
іхнія галасы

Мары мяняецца месцамі з Джэсікай і пачынае моўчкі паўтараць за ёй. Гэта яна робіць усю першую сцэну.

Джэсіка Лінч (асьцярожна займае месца на трыбуне):
Яны гавораць, што мой бацька.
Прыходзіць у палату
кожны дзень. Кожны дзень
на ім новая кашуля. Новыя галуны.
Як жа я тады магу ведаць

Эшалон (з цэнтру залы):
Як жа яна тады можа ведаць

Хор:
Памяць гэта
містэрыя. Але
дэталей
не шмат. Апора
і чаша. Чаша
і апора.
Яна можа ведаць

Джэсіка Лінч:
Я ня бачыла ніякага
куста ружаў. Я
не бачыла ніякіх дрэваў.
Я чула пахі
Як бы сказаць
штосьці гарэлае, трошкі салёнае:
двайное бачаньне
двайное

Мары Эшалон (побач з трыбунай):
Хіба ж я закапала б
часьціну самой
сябе У чым
мяне вінавацяць
Што я – ружа?
Мой твар
шукае
ў дрэвах. Я не адчуваю
калі гэта сыходзіць
калі гэта паступова сыходзіць
і лезе ўверх
Я бачу толькі кару
ледзь у вока
чую лісьце шамаціць побач
адчуваю пах хларафілу побач
у дрэве
Твар
У твары
Дрэва

Дазнаўца:
Ціха! Цябе
вінавацяць ня ў тым
што ты зрабіла. А ў тым
што ты думала

Гарпакрат (на трыбуне):
Гаварыць – маўчаць
што рабіць
кончыкам пальца чуваць
азбуку Брайля вучыць
бляск, вібрацыя
намёк на
фокус
у фота ў фота ў фота
што рабіць
не гаварыць гаварыць

Хор:
Славалюбства –
Ты, што брала хабар
дазволіла Эрасу даць табе ружу
падзяка й хабар у тым самым дары
таму што маўчала і будзеш маўчаць
пра матчыны ўсе аферы

Штосьці пачынае варушыцца на белай столі, спачатку гэта нагадвае чорныя кропкі, па кругу. Кропкі пачынаюць складацца ў зялёнае лісьце, туга сплецены, абгорнуты вянок, які павольна набліжаецца да прысутных. Чым бліжэй да падлогі, тым больш чырванее лісьце, становіцца пялёсткамі ружы. Усе глядзяць моўчкі, пакуль вянок не спыняецца дзесьці ў двух метрах ад падлогі. Некалькі пялёсткаў павольна ляцяць уніз.
Дазнаньне працягваецца, але сам дазнаўца нібыта адсутнічае.

Гарпакрат:
Хлопчык ішоў (на фота)
з дома сваёй маці
дзьмула, узор травы
да калена: тонкія бледныя ногі
Ён трымаў палец на губах, падобны
на маё адлюстраваньне, нёс
простую шыпшыну; атрыбут
вось як, сам таго не жадаючы, становішся
часткай гісторыі сімвала
нібыта я, Гарпакрат, цалкам
быў павернуты кругом зьместу тайны
Тыя, што ішлі сьледам, інтрыгі, насьмешкі
Нібыта ня ўсе, хто ведаў, ведаюць: дар
заўсёды падзяка ды й нават хабар
дзьве на першы погляд неаб’яднаныя рэчы
а з чаго б ён складаўся інакш

Сыльвіё Бэрлусконі (Джэсіка падпіхвае яго ў бок трыбуны):
Не. Не. Не я. У мяне імунітэт

Гарпакрат:
Гэта быў не Нерон, гэта памылка.
Нерон пачаў традыцыю
асыпаць гасьцей пялёсткамі ружы
але гэта Геліягабал
быў тым імператарам, што ўтапіў колькі гасьцей
у пялёстках ружы. Эксцэсаў
баяцца некаторыя людзі
А паўметровай таўшчыні дыван Клеапатры з ружавых пялёсткаў
якім яна вітала Марка Антонія –

Сыльвіё Бэрлусконі (ля трыбуны):
У мяне імунітэт, кажу!

Джэсіка Лінч (пхае Сыльвіё перад сабой):
Ім усё роўна, што ты кажаш.
Галуны?

Гарпакрат:
Хіба некаторыя людзі баяцца
адыходу, скананьня, баяцца заблукаць
сярод лістоў. Марк Антоній,
Клеапатра, усе мы былі статыстамі
вакол гэтага тысячагаловага сімвалу
мы ўсе былі маленькімі паўтлумачэньнямі
адыходу, скананьня, эксцэсу
скуры пакрытай пялёсткамі ружы:
што ты адчуваеш зараз – Метал?

Ён пытае ўсіх і нікога, Мары адразу бярэ ролю на сябе.

Мары Эшалон (з цэнтру залы, павернутая да Гарпакрата):
Так шмат усяго
было закапана
у чорную зямлю.
Хіба я мела вочы
на патыліцы?

Мары змаўкае, падымае руку і чухаецца (дэманстратыўна), працягвае:
Як можна скарыстаць
дно да
чашы апоры
Планы, якіх я ніколі не чарціла.

Дазнаўца прачынаецца. Тым часам, вянок, што спыніўся на два метры ад падлогі, пачынае рухацца, павольнай масай. Пялёсткі ружаў падаюць, хутчэй і хутчэй. Пялёсткі цямней і цямней. Вянок цяжэй. Павольна дасягае ён падлогі. Абкружае ногі тых, хто стаіць у цэнтры залы, усіх. Пялёсткі падаюць на іх. Адкрыцьцё: пялёсткі падалі не з вянка. Незразумела, падаюць пялёсткі, нібыта з нябачнага воблака.

Дазнаўца:
Пра фармулёўку, перафармулюйце, зноў
новыя фармацыі сведак, інфа-даведак
Фарсіруйце! Фортэ!

Незразумела, нібыта ніадкуль, падаюць два новыя сьведкі. Мёртвыя на зямлю. Ужо даўно, і ўжо ня так, мёртвыя, падаюць, адзін заадным, згодна з часам, адпаведныя, мёртвыя; адпаведныя, як іх прозьвішчы. Так,іх імёны былі тым разам тым самым: Келі. І іх імёны гэтым разам не тыя самыя: Грэйс, Дэвід.

Дэвід Келі:
Планы здаецца малююцца самі планы ляжаць гладкія, расьцягнутыя на стале
планы ляжаць у фізічных дэталях з металу
планы – будучыня цэнтрыфугі і таемны кліч шум
таемныя сутнасьці і кліч, які клічуць таямнічым і сутна-с-
на розным і уран агідны мілуючы/мачы у/ад сьцяны
да сьцяны корань сьцяны круціць метал сепарыраваць пастэрызаваць парыравацьгомагенізаваць самазабіваць забіваць генацыдаваць даваць, усё даваць

Мары Эшалон:
Я не задуманая
не За
не задуманая ў метале
і не За
прэсаваная

Хор:
Імёны даюць ды імёны бяруць
Дэталь і задумка
дэталь і план

Мары Эшалон:
Я
скрыжаваная
ружа. Прыцягнутая
яшчэ не
палонная

Хор (дае тлумачэньне двум новым сьведкам, як у батаніцы):
Дэталь і план
Ружа Келі; Група
і падгрупа, Дэвід, Грэйс

Грэйс Келі:
Мяне ажанілі ў простую нікчэмнасьць
Мяне скрыжавалі ў простую нікчэмнасьць
Мае белыя ногі на мяккім дыване нікчэмнасьць
Мужчынскія валасатыя грудзі залаты ланцуг нікчэмнасьці
Маё сацінавае цела брыльянты ў нікчэмнасьці

Дэвід Келі:
На столі вентылятар цэнтрыфуга
“Dr Kelly, could I ask you to speak
up a bit, there are fans running.”
дэталі бягуць, дзяўчынкі-падлеткі
ціснуць на паліцэйскі кардон; за ім
рок-група, цэлая эпоха, страчаныя, што для
іх значыць розум

Грэйс Келі:
На мой палец налыгаў ён цэнтрыфугу з золата
Людзі сьлеплі, гледзячы на майго пальца цэнтрыфугу з золата
Шматгаловыя фота майго пальца цэнтрыфугі з золата
Сепарыраванае шчасьце знутры майго пальца цэнтрыфугі з золата

Дэвід Келі:
Частка, частка цэласнасьць. І я тут сказаў
пра тую цэласнасьць, частку, што я не зьбіраў
цэласнасьць зьбіралі з часткі і часткі і цэлай часткі
“Dr Kelly, could you speak up, please. The problem
is these microphones do not amplify the noise.”
Частка цэлая і мяккая частка і паднябеньне і язык і мякаць
прабачэньне і голас і прабачэньне пра голас і мяккае прабачэньне
пра мяккі голас і банкнот і папера і дакумент
і штамп і стыгма і марка і спраўка і частка
і частка
цэлая частка

Грэйс Келі:
На вяршыне дасягнула я дна з залатым эквівалентам
У калодзежы піла я донную ваду ў залатым эквіваленьце
Неўзабаве ляжала я ўтопленая і аддзеленая ад залатога эквіваленту

Дэвід Келі:
Праблема з мікрафонамі
тымі мікрафонамі што
не ўзмацняюць гук умацоўваюць гук
узмацняюць голас умацоўваюць банкнот
узмацняюць дакумент умацоўваюць розум
узмацняюць стыгму умацоўваюць частку і частку і цэлую
частку

Грэйс Келі:
Цела пагружана ў блакіт формы ныркі акантаваныя дыяментамі
У сонечным святле не было ніякай розніцы: вада (цэлае мора хлору) або дыяменты

Гарпакрат і Дэвід Келі (двухгалоссем):
Гаварыць – маўчаць што рабіць кончыкам пальца чуваць азбуку Брайля вучыць
частка цэлая і мяккая частка і паднябеньне і язык і мякаць і прабачэньне
бляск, вібрацыя намёк на фокус што рабіць
і голас і прабачэньне пра голас і мяккае прабачэньне пра мяккі голас
дзьмула, узор травы да калена: тонкія бледныя ногі
не ўзмацняюць гук умацоўваюць гук узмацняюць голас умацоўваюць банкнот
трымаў палец на губах, падобны на маё адлюстраваньне, нёс
узмацняюць дакумент умацоўваюць розум узмацняюць стыгму
нібыта ня ўсе хто ведаў, ведаюць: дар заўсёды падзяка ды й нават хабар
пагружана ў блакіт формы ныркі акантаваныя дыяментамі
дзьве на першы погляд неаб’яднаныя рэчы а з чаго б
ён складаўся інакш? У сонечным сьвятле не было ніякай розьніцы

Грэйс Келі і Мары Эшалон (разам):
Цэнтрыфуга вада клон нікчэмнасьць ружавалюта: валюта

:Уся зала затопленая ружавымі пялёсткамі, ружовымі гумавымі лістамі, лістамі


Катарына Фростэнсан

ЛІСТ

Тваё бяссоньне ўвайшло ў маю кроў
і пабялелі ночы
вясна не прынесла сноў, тут
па другі бок заліва ўсяночная
галей за ўсё
Мелаваныя круглякі бяроз
Жвака думак выскоквае
у прастору вуліц: я пішу табе
з гораду ліній
манія бяз сну – лініі, рысы
русыя машыны жоўтыя
бананы радком на нейкім рыштаваньні
ля фасаду
а вуліцы здаецца ідуць проста да вады: там
цудоўна зарослыя
паркі, спакойныя квадраты
пасярэдзіне ўсяго
Каналы і чарнота
блакіт Нявы дык
руш рысы па вадзе
зяпы мастоў
ілбы адпачываюць на нябеснай шэрасьці
а ўнізе, мабыць,
рыф
што цягнецца ў бок тваёй ночы
ды зьвязвае
цэлы горад –
дзіўную Вінету
званоў, струнаў, чырвоных
ран і адкрытай
журбы, што нібыта для ўсіх


ПЕРШАЯ

“Думаеш, я заплюшчыла вочы”
Я чую крокі на дарозе
Дарога тут,
а вакол палі
Жоўтыя, сьветлыя палі
жыта, вецер на сьпіне
Спакой баязьліўцаў,
Рука на лбе
Прахалода ў пакоі
Пройма ў гардзіне
Дуб на скрыжаванні, зеляней
ці не
вуж праз дарогу
барозьніць з хрустам гравій
“Ці я ў тваім вуху”
Ідзе яна праз дом
у вялікай сваёй адзіноце і сьпявае
Блакітнай тканінай ля калена
рукамі на лбе, воласам,
нясецца праз гняздо
Ступні, мяккія
адзінота ў голасе
Што павінен прайсьці
праз перашкоды, белыя
праз рэйку драўніны
ён павінен прыйсці ў дом
Пялёнка вакол майго ложку
свет не бачны
я веру толькі ў тое, што чую
шоргат падэшваў па зямлі
свіст між трысьцінаў
грукат карабля недзе звонку
у карычневых баках марской вады
уступ, белая пятля
гук рукі, што праходзіць праз жыта, па лбе
і вяртаецца
вярніся
Мажліва ты проста гук
удыхнуты вухам

Калыска


У СЬВЯТЛЕ МЕСЯЦА

Я адпушчаная да цябе. Я азіраюся. Вось
гэтак мы ідзём. Толькі так. Зямля тугая і жорсткая,
аб’едзеная дзе-нідзе да кораня. Толькі так, далей. Мы
грызём ды разьядаем зарослыя выспачкі, параненае расьліннае покрыва.
Якое пяшчотна-сарамлівае шаленства, пад касмылём мясяца, такім доўгім
жоўтым Мы ідзём, адны, пакінутыя ў пашы – ніхто ня прыйдзе

Ені Тунедаль

Адна глава

“Яна здолела прачытаць толькі главу, якая была прысьвечана ёй самой, яе маці, яе сёстрам, свайму “я”.

Ва ўсіх садах гэта займае доўгі час. Калі там расьце трава і гэты сад цяпер яе. Трава, яе рука, тая халодная трава, або зрэшты – хмара. Тая хмара, што расьце. Яна ведае, што неба цямнее, вільгаць растае парай, усё... Зараз ня трэба думаць аб траве. У садзе валодае яна адлегласьцю і формай. Формы ўладаньня, час, што для гэтага патрэбны. Карычневы замест зялёнага, або белага, позна. Руку бачна, калі яна рухаецца і ўжо больш ня думае. Быццам трава і хмара, але бліжэй. Нарэшце карычневае, загартаванае. У яе тая ж рыдлёўка, але старэйшая рука. Нюансы цемры, цяжару. Якія не прапускаюць сьвятла. Але таксама карункі, хусткі, начнушкі, гардзіны, краты – існуюць...

Яна доўга валодала коньмі і думкамі пра іншых коней. Яны павольна скакалі праз загарадзі. Бліскучыя, ільсьняныя, праз траву, як праз шкло. Танчэйшыя косткі праз тужэйшую скуру.
Ніхто з іх ня стане прычынаю страт.

Адлегласьць саду ад травы і кветак.

яна можа быць бліскучая
вышэйшым бляскам празрыстага дажджу
вышэйшым бляскам найцямнейшай цемры тая шклянка, што
стаіць на стале
тое бязьмежнае сьвятло і
тое, што кажа – сьвятло існуе

мякка, вецер, хмары, лівень, імжа, кароткія перыяды засухі
доўгія перыяды тугі
цемра ночы

Надвор’е зьмяняецца хутка, ёй трэба зразумець гэта. Яна можа быць у тым жа стане.
Вельмі ясныя, вельмі кволыя пёркі травы. Яе вочы
прыцягваюць увагу. Там няма нікога.
Шклянка стаіць на стале. Пра гэта ўжо магчыма даведацца.
Шклянка выпадае з акна. Нехта валодае вадою.
Падае не на траву. Нехта валодае мяккасьцю. Яна
вынесла навалачку праз дзьверы, тое бязьмежнае
сьвятло і тое, што бачыць – сьвятло існуе. Немагчыма
працягваць гаварыць. Немагчыма збочыць. Тонкасьць, трава, мяккасьць,
словы пра яе валасы, як пра вузкія стужкі.
У сьвятлейшай сувязі, раніцы, птушкі.
Вухам – да чырвоных шыўкоў, спакойна
злосна,
жаночае імя, ведаеш

ня ружа. чырвонае ў цемры. за тугу.



Яна б магла сядзець тут,
пад дрэвам і чакаць.

Цішэйша. Абсалютнае дрэва. Адначасова.
Волкае месца, якое хоча вільгатнець яшчэ трошкі. Але нячутны
дождж.
У белым воласе ды белым каўнеры. Дождж усё яшчэ мае другі,
ранейшы...

Як ёй быць у адзіноцтве. Увесь доўгі дзень падобны
на сад. Гэта праца. Гэта метад.
Уменьню пальцаў адпавядаюць струны ўнутры цела.
Сонца цячэ вакол, вільготнасьць гоніць. Волкія белыя
лілеі.
Белае. І ўсё. Мінулыя раніцы. Яна старая на
адлегласьці.
чыстае белае неба, або азёры
па-за ёй,
адлегласьць ад мінулых дзяцей. Гэтыя ракавінкі.
нехта мабыць і жыве, такое здараецца
Яна трымае сабе ў руках.

Яна хоча хадзіць у вялікіх пакоях, падзеленых сьценамі, або сонцам, але
ніякага шторму. Вялікія пакоі, дастатковыя, каб быць аднаму і глядзець.
Люстэрка, месяц, паветраны шар, вока, лямпа. Неадкладна. Гучыць
як загадаць, заклікаць, дождж. Шмат вады.
Некалькі пакояў. Нехта плача ў нейкім іншым становішчы. Невыказана.
Расьлінам патрэбныя ніткі, або сеткі на сьценах. Сьцены
грэюць, як коўдры мяккія, як чашалісьцікі.

Доўгія прагулкі ў кароткай траве. Духмяны гарошак працягвае рабіць мяккае
крохкім. Іхнія танюсенькія сьцяблінкі і вопратку.

Увайсьці або выйсьці ў садах і прыцемкам. Магло б
быць позна. Пух у падушцы зьляжалы і цела
было жывое тады. Ёсьць такія тонкія галіны, што рукі перакрываюць іх. І тое, чаго было ня ўбачыць раней. Белая мука на запясьцях, на далонях. Жоўтая мука, ліпкая да абаротнага боку калена. Тонкая. Дакладная. Блішчыць і падае. Паміж плоскімі расьцяжкамі рук.

Гоніць вільготнасьць з валасоў. Ды волкасьць паміж вачыма, што да паловы заплюшчаныя. Нешта, што немагчыма цалкам распазнаць звонку.
Контуры сну, але нікога, хто б спаў. Вялікія лісты прапануюць ніжэйшае месца.
Каб стаяць доўга ў восень, каб гартаваць. Мяккія часткі для галінак. Мэбля, якую забылі, у якой сядзіш, заплюшчыўшы вочы.

І ў той жа час нюансы паходзяць адзін на адзін і дрэвы, як дні.

Калі яна лажыцца, дождж яшчэ ня скончыўся. Цемра
часткова бліскучая. На паверхні лістоў зьяўляюцца маленькія
лагчынкі, якіх раней не было і дзе вада
лажыцца. Розныя віды і рэчы перамяшчаюцца паміж пакоямі.
Расьліны сохнуць у сухім цяпле. Як правіла. Але ж гэта
ў хаце.
Вартасьць дома ўзрастае з гадамі. Як узрост
аўтаматычна, як дрэва. Гэты дом адзін сярод іншых
зьнікне вельмі павольна. Праз вялікі час пасьля яе.
Іншыя ўжо пайшлі. Яна можа езьдзіць на гэтыя месцы. Быццам
наведваць былыя сьцены.

Клён паварочвае свае лісты ўверх,
каб
лавіць
кроплі

Павярнуць немагчыма, гэта хлусьня.
Хлусьня – як грошы і падробкі – гэта магчымасьці.
Некалькі белых ружаў, у будучыні, караскаюцца на сьцяну дому.
Сьцяна, як і ружы, належыць да фасада дому і
ўсходу сонца. Каб угаварыць, дастаткова было б аднаго толькі водару.
Сонца для саду – тое ж, што цень для сабакі, гэта значыць –
форма. Гэта значыць – вынаходка. Дабразычлівасьць, абмежаванасьць.
Край абмежаванасьці. Абрыў.
Жаданьне: каб было ціха, чыста, прыемна. Жаданьне аплаты.
Лепш – па-беламу.
Бліскуча.
Падобна на
Тугу.
Дрэвы – бясконцыя. Гэта ня толькі здаецца. Прычынай часу
ёсьць кругі, але час успрымаецца, як рыскі. Тонкія кругі паміж
сьветлымі коламі паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Рух сьлізганьня.
Сьціраецца і разгортваецца.

Крычыць
Патрабуе грошы назад.

Падобна на прычыну і тугу
У кнізе прачытала яна аб асалодзе жанчыны
на захадзе сонца, ля вады. У іншай чытала яна
аб вадзе. Колер апошніх прамянёў зрабіў ваду
агнём у вачах жанчыны. Калі яна нашмат
пазьней... Нашмат пазьней стаяла яна там, няскончаная, у песьні,
у сьветла-карычневай кофце, пра мужчыну, які памёр. Без ніякай усьмешкі на
вуснах. Вада была, перш за ўсё, не празрыстая.
Адсутнасьць прымусіла яе запытацца, дзе захапленьне пераходзіць у
каханьне і наадварот. Або, мабыць, гэта была манера вады
быць бясконцай. Сьвятло, як праекцыя многіх. Застацца,
замест таго, каб пайсьці. Метад, каб адрозьніць прыгожае ад
раўнадушнага. Апошнія прамяні ня мелі ніякага колеру. Яна,
здавалася, больш не чакае. Здавалася,
можа
сьпяваць.
Таксама не памятаю, як ўсё
скончылася
зачынілася
Галоўная косьць – патыліца. Аднолькава цяжкія целы і тонкія
сьветлыя рыскі. Нешта такое ж скаладанае, як прычоска, або
тыльны, вянозны бок далоні. Маленькія валаскі. Валаскі на языку
і лес валасоў. Абмежаваныя раёны, заднія ногі.
Выкрэсьліць нашмат пазьней. Яна сказала, яна мой першы
ўспамін. Рыса.
Шлях
праз
бясьсьмертнік