12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Шыдэль

_____________________
Пратэстую!
Вершы




Пераклад
з польскай –
Эдуарда АКУЛІНА.


Бунт

яшчэ раз
на край сусьвету
павандрую

сьлязу непадробную згублю
і здыму каменную маску

твар зьнявечаны
агалю

запяю салаўём журлівым
мо пасьпею перад сьвітаньнем
наталіцца усмак каханьнем

хто адкажа
мне
на пытаньне

чаму ў маёй хворай галаве
Бог жыве


Паэты

позьняй восеньню перад сконам
выпіваем атруту сьлёз
бо не хапае моцы
каб здалець пахаваць самоту

згараючы здабываем сабе
клопаты і непрысьнёныя
вершы

восеньню пад крыламі ветру
хаваем страх
у глыбокіх фатэлях
паміраюць у нас паэты
засынаем
забываючы нават
пакарміць дрывамі агмень

* * *

думкі
як спалоханы статак
уцякаюць
на адлегласьць двух цыгарэтаў
у вежы са слановай косьці
з самім сабой на самоце
папера
бароніць ад бязьмернай навалы
словаў

нічога акром
той начы
рэшта ёсьць толькі рэштай
нічым

Сястра Лявонія


сястра Лявонія
за вушы
хацела прыцягнуць нас да Бога
неспадзявана
на злосьць сястры
апантаў нас Злы
і трымаў колькі тыдняў
за касьцёлам
з белага каменю
у торбе
з танным віном і папяросамі
у палоне


* * *

Марэк граў на званах касьцёльных
як Шапэн як шаман шалёны
Бог
які паскупіўся на іншыя рэчы
у час спахапіўся
і даў Марэку апантанасьць
і магутныя плечы
каб цягаючы за вяроўкі
пачуваў ён сябе шчасьлівым

аднойчы па волі Злога
Марка замяніла
электрычнасьць
і званы
з таго дня без душы


Мой голас пратэсту

мой голас пратэсту
гарох аб сьцяну
размова з ветрам

пратэстую
супраць хлусьні і праўды
зла і дабра
цемры і сонца

пратэстую
калі выпраўляецца хтосьці з блізкіх
танчыць на чужым пахаваньні
зьневажаць дарагія знакі

сьмяяцца
дзе іншыя плачуць

пратэстую і баста