12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Сідарук

_____________________
І ліст кляновы, як Хрыстос... Вершы


* * *

Твае пацалую каленкі,
Вачэй вып’ю пеністы грог.
…І шэраю коткай сукенка
Даверліва ляжа ля ног.

Ах, мілая, ціхая котка!
Ці бачыла ты калі,
Як двое – шалёна, п’янотна –
Узносяцца ад зямлі?!

Туды, дзе вільготнае неба,
І ў кожнае кроплі – вальс
Хвілін, калі сэнсу ня трэба,
Што сэнсам гучаць – для нас.

І сцішана-здзіўленай ноччу
Запомніцца толькі адно:
Смех рухаў, пужлівых трошкі,
Спакуслівых яблычкаў кошык,
Твае залатыя панчошкі
І дождж, які шэпча ў вакно.
29. 09. 2010

* * *

Буду сыпаць кляновае золата
Я на цела тваё няспынна;
Водар сэксу і кавы молатай
Мы адчуць, як жыццё, павінны.

Што злучае ў ложку нас восенню,
Калі ў душах шалёны вецер,
Калі мары ў рэальнасць просяцца, –
Іх здзяйсняюць дарослыя дзеці,

У якіх – ні граху і ні сораму.
І ўжо суткі ляжыць адзенне
Побач крыламі нерухомымі
На падлозе у светлацені

То начное, а то вечаровае,
То прыціхлага, пахкага рання.
Выпіваем адно другога мы
Да канца. Да асноў. Дазвання!..
12.10.2010

* * *

Цёплым днём прахалоду зведаю
Пальцаў тонкіх тваіх эратычных,
Што пякуць і агнём вярэдзяць,
Нараджаючы электрычнасць

У таемных крынічках цела –
Яны б’юць так канкрэтна і ўпарта.
Восень фарбы змяшаць хацела,
А змяшала – усе нам карты!

Дзе тузы цяпер, і дзе козыры?!
Дзе сцяжыны, і дзе лістота?..
Мы аголеныя – сярод возера,
Нашых душаў распранутых возера.
І арганам гучаць – усе ноты.
12.10.2010

* * *

Ну што за розніца, якая садавіна
Між намі сёння на гарачай прасцінай?
Той грэшны смак мы ведаць не павінны…
Чакай, аднак! Мы паспытаць – павінны.
І гэта – так! Як ісціна – ў віне

Тваіх вачэй. І вуснаў. Скуры тонкай
І цела – з пахам яблыкаў.
Налі ж
Мне келіх восені, як сэкс са смакам звонкім,
Ад яблык тых – адкусваем калі.
12.10.2010


* * *

Прыйдзе час, і сярод гэтых клёнаў
Я знайду твае вусны і рукі.
Будзе вечар, вільготны і сонны
Зноў яднаць і адценні, і гукі

Нашых слоў, нашай тайнай пяшчоты,
Нерастрачанага кахання,
Што жыве так адкрыта і ўпотай
І мкне вонкі!..
І зноўку адхланнем –

Сярод смакаў, і ценяў, і клёнаў –
Супакойваецца, замірае…
І скрозь вечар, вільготны і сонны!.. –
Фэерычна і так спакойна
Нашы душы ў рай узлятаюць.
14.10.2010


* * *

Ах, лёсаў нашых мілая шарада!
Адно другога мы згубілі ці знайшлі?
У эратычным танцы лістапада
Да неба мы ляцім ці да зямлі?!.

І гэты смак – ці горкі, ці салодкі? –
Калі на вуснах – вечаровы пыл
Асенніх зорак у шчымлівых нотках
Даверлівай мелодыяй ляжыць.

Адкрытае душы суправаджэнне!..
І целаў – унікальны камертон.
Так па-даросламу зліваюцца ўсе цені,
І па-дзіцячы так кранаюцца калені.
І гукі ўсе, і пахі, і адценні
Ў шарадзе той нясуць адно значэнне
І безліч розных. І – чароўны геній! –
Між намі лістапад – як вера і праклён.
17.10.2010


* * *

Апранаю цябе ў вечаровыя
Каляровыя сны і лістоту.
Каралевы сукенку новую –
Разглядае месяц употай

І цалуе ў вочы нахабнікам,
І застацца там хоча зноўку,
Бы старым, але дужым бабнікам,
Які справу вядзе да толку.

Не зраўную і не пазбаўлюся
Яго срэбнага апякунства.
Як і тонкай інтымнай радасці,
Што на волі, бы строгі стронцый,

Распадзецца звонкімі нотамі,
Стане мятным, адкрытым даверам…
Абуваю цябе я з пяшчотаю
У лістоту і ў восені верас.
18.10.2010


* * *

Я ўцягваю ноздрамі
Водар сьветлага вечара,
Што вільготным і войстым
На кавалкі пасечаны

Кастрычніцкім дожджыкам,
Назольна няспынным,
З аўтарскім росчыркам
На кляновых прасцінах,

Ад якіх адбіваюцца
Цені сцішаных крокаў…
Ціха таньчыць на пальчыках
Наш анёл між аблокаў.
18.10.2010


* * *

Зноў непазбежны лістапад
Сярод вачэй тваіх блукае.
І верш кладзецца так не ў рад,
Калі ў вачах тых сустракаю

Агмень самоты. І адчай
Не тухне, як у парку дрэвы,
Што шэрагам хацелі ў рай
Патрапіць і ў Адвечнасць верыць.

Як верым мы ў бясконцы дзень
Без непазбежнасці расстання.
Чароўнай залацінкай цень
Пад вечар шэранню не стане;

Святлу праменьчыкаў наўскос
Яшчэ далёка да парога;
І ліст кляновы як Хрыстос –
Паміж грудзей – далонню Бога.
17.10.2010