12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Сідарук

_____________________
Маршрутка №8.
Тры апавяданні

Футбол на снежным полі

І тады я ўрэзаў!..
Урэзаў так, як не біў ніколі.
Нават гікнуў, і сліна пырснула скрозь зубы на бараду.
Я ірвануў наперад; і, здавалася, назаўсёды забыў пра гэты страшны і глухі ўдар.
Толькі адразу атрымаў пас назад. І ўрэзаў яшчэ раз! На назе забалелі пальцы, на мысе бота засталося нешта гідкае й бруднае. Белы снег тапілі маленькія кроплі.
Раптам я зразумеў, што чую над полем страшэнны, мацерны крык. Раздзіраючы да крыві горла, крычаў я сам, крычалі радавыя-камрады. Крычалі й старшыя афіцэры, што стаялі паабал поля.
Гульня ішла да першага гола. Такая ўмова. Спыняцца – не мелі права. Без варыянтаў. Адзін, праўда, быў: куля. Калі жадаеш…
Зноў пас. Зноў адбіць. Як мага далей. Толькі як мага далей!..

Нас рыхтавалі. Нудна, жорстка, падоўгу. Трэніроўкі штодня, трэніроўкі штоночы. Ты – баец! Ты – віж! Ты – бясспынны камбайн-знішчальнік! За спінаю – папялішча; мозг – не твой сродак. Плавіцца сталь? Руку ўнутр – і трывай! Накінулі ланцугі ды ірвуць на часткі? Ты – поршань, ты – харчуешся цэглай; ірві сам на баяны ўсю набрыдзь!
Каманда. Усё вырашае каманда. Плячо камрада – як уласны орган, твая трэцяя рука ці вока. Раз’яднаць, адарваць – немагчыма. Не маеш права!
Усё, што маеш, – толькі наперад! Мордаю ў гразь, у лайно, у хімічныя адкідоны. Моцным – дадатковы паёк і большыя грошы; слабыя апранаюць спадніцы ды вяртаюцца ва ўніверсітэты!

І зноў пас? Зноў адбіць, каб клацнулі зубы? Ёсць, убабохаў, ушмандзярыў, упендзючыў! Снежны ўзвіхр – следам!.. Кроплі на снезе, кроплі ў вачах, нават на пальчаткі – чаму яны ляцяць на пальчаткі?! Добрыя, скураныя, у іх цёпла. А як бы не змог? Каб сказаў камандзіру “Не”?! Што, тады быў бы іншы футбол? І хто біў бы ўжо па маёй… Не!
Як можна было адмовіцца? Ці не адмовіцца?! Чортаў белы снег!.. А здавалася з раніцы, гульня будзе лёгкай. Толькі пужнём, толькі жахнем па іх, так, для рогату, дзеля размінкі. Прыдуркі ж захацелі біцца. Што называецца, палезлі на пікі. Ну то во вам, у мурляцтва і ў рэбры! Ды й яшчэ і ў бычыныя вашыя яльцы!..
І ўсё было добра. І мы ўжо гарлалі “Viva, Patria!” І ўяўлялі, як п’ем з патаемных біклагаў. Пакуль не прывялі гэтага, з аброслымі вушамі. Над­та ж смыліла вочы тая доўгая поўсць!.. А ён смяяўся. Нібы ён, толькі ён – перамог. Сволач!
Нам не далі яго зачапіць нават пальцам. Спачатку. Пакуль старшы спрабаваў звяршыць пратакол. Па ўсіх неабходных патрабаваннях. Але поўсцевухі зноў рагатаў і нават пляваўся!.. Загад быў канкрэтны. І мы гэта ўмеем!..
Твар, чорны як зямля, ужо болей не рагатаў.
Мы трымалі яго пад рукі. Я і камрад. Афіцэр, што стаяў наводдаль, падышоў усутыч. “Штык-нож напаверх!” – скамандваў. І зноў прагучаў загад. І я ведаў, што было б за невыкананне. І ўбачыў неба. І шэрую аблачыну ўдалечыні.
І ўсё-такі, як я мог?!
Ці такі мог?
І ўсё ж, не, не мог!
Аніяк. Гэта было немагчыма.
Гэта было нешта… Я што, па вашаму, не чалавек? Думаеце, мне не прыемна слухаць, як у парку смяюцца дзеці?..

Чалавек пачаў тузацца. Ён зразумеў, але й не хацеў зразумець.
Як і я.
Я сапраўды не мог. Хіба што сабе ў пуза. Такі змог бы. Раптам стала бліжэй да зямлі шэрая аблачына…
На жывой, бруднай шыі пульсавала ледзь бачная тутніца.
Ударыць было няцяжка. У сэнсе шыя – зусім не паверхня, схваная пад бранёю. Цяжэй было рэзаць. Перарэзваць скуру, шыйныя цягліцы і пазванкі. Нават выгляду не рабіць, што жахаешся гэтай крывідлы. Рэзкім рыўком аддзяліць галаву ад тулава.
Я стрымаўся, каб не хістнуцца. Старшы афіцэр тлумачыў простыя правілы. Пяткаю новага бота біў ямку ў цэнтры поля.
Шэрая аблачынка пасыпала белым снегам.
І тады я ўрэзаў!.. Нават не ўзяўшы разбегу.

20 сакавіка 2012 г., м. Кобрынь

Лялечка

Ганульку-пястушку Пятро і Тацяна Кавальскія пачалі прыбіраць яшчэ з вечара. Дасталі ўсё, што маглі: новае, адпрасаванае. Пачынаючы ад жаўцюсенькіх трусікаў да, заканчваючы, цёплага шаліка з махеру і хустачкі ў яблыкі. Спачатку Тацяна расклала апранаткі на ложку, разглядваючы ды разгладжваючы напрацаванай рукой.
– Ганулька, глядзі! – пазвала яна шэптам дачушку. – Не, ты ж толькі паглядзі, як красотна! Зараз мы цябе зробім кветачкай!
– Ну так, як ружу белую… – мармытнуў Пятро. – Самую такую!
– Мы што, паедзем куды? – усміхнулася Ганулька. Яна не адрывала вачэй ад гэткага хараства. – Ужо ж вечар!
– Мо і паедзем. Толькі не зараз. З раніцы, – патлумачыла мама. – А ўбірацца пачнем, так, цяпер. Ноч вялікая… – прамовіла яна, абдымаючы сваю дачушку ды прыцягваючы яе да сябе.

І пачалося ўбіранне! Тацяна пасадзіла дачку на расхістанае крэсла, узяла грабеньчык. Залатыя валосікі так і ліліся між пальцаў.
– Вой, мам! – пазяхнула Ганулька. – Як люблю, калі ты мяне чэшаш!
– Гэта свінак чэшуць, – паправіла мама. – А я расчэсваю. Жывыя твае кудзерыкі…
– Жывыя? – адстаранілася ад грабеньчыку Ганка і зазірнула маме ў вочы. Мама не вытрывала, адвярнулася… – І яны ад мяне збегчы могуць?
– Ну куды ж яны пабягуць? – адказала матуся. – Хіба сама прагоніш.
– А вось і не! Я свае валосікі не праганю. І носік не праганю, і вочкі. І ручкі, і ножкі. Усё хай са мною жыве!
– З табою, Ганачка, з табою, – азваўся бацька, які стаяў на ўваходзе ў пакой і назіраў, як прыгажэе, бы тэлекарцінка, родная доча. Глядзеў, нібы ўпершыню бачыў малую.
А мамка так і гэтак тупала вакол яе, мамка старалася.
Вось за фрызураю дайшла справа да тварыка, які вымыла спачатку з алюміневай місы, чым толькі насмяшыла Ганульку, потым дастала сваю “касметычку” ды падмалявала ёй вочкі й вусны.
– Мамка! – глядзела малая ў люстэрка, якое трымаў побач бацька, каб не стаяць убаку ад справы. – А хіба можна?.. І мне?!
– Можна, донечка, можна. Сёння ўсё можна…
– І заўсёды можна будзе? – глядзела ў люстэрка малая.
– Ну, там паглядзім… – апярэдзіў Тацяну Пятро, калі тая кінула на яго пагляд, не ведаючы, што адказаць. І адразу штурхануў жонку: – Давай, што там далей. Рабі, ты ж умееш.
– А, так, цяпер будзем нараджацца!
І Тацяна ўзялася за ўбранне.

Прайшла гадзіна ці болей. Перад бацькамі сядзела памытая, прычасаная, падфарбаваная Ганулька. Нават расхістанае крэсла саромелася рыпець, такая прыгажосць цяпер сядзела на ім.
– Бацька, глядзі! – выдыхнула восеньскім сонцам Тацяна, разварочваючы дачку тварам да Пятра. – Наша Ганулька – як лялечка!
– Сам бачу. Не сляпы, – прамовіў Пятро, разглядаючы малую.
– То нармальна?
– Што значыць нармальна? Добра! Прыгожая выйшла. І праўда – чыстая лялька.
– Мамусік! Татусік! – радавалася і сама Ганка. Яна то разгладжвала сваю сукеначку, то кранала пальчыкамі кудзерыкі, то падцягвала вышэй блакітныя гольфікі. – Па тэлевізары кіно пра Каляды ішло. І там такая ж дзяўчынка была. Прыгожая!
– Ты прыгажэй, – пацалавала яе ў валасы маці. – Так што мы з табой да канца…
– Да якога канца? – не зразумела малая.
– Значыць, усё? – павярнулася да мужа Тацяна.
– Я ж сказаў, усё. Як трэба.
– А самі? Калі будзем?
– З раніцы. Нам не доўга.
– Ага. Хіба гальштук. Не пасьпела табе завязаць…
– Ладна! Кладзі малую – няхай пасьпіць. А гальштук – я сам…
Тацяна кіўнула ды, падхапіўшы з крэсла Ганку, панесла яе ў дзіцячы пакой.
– Мама! Яшчэ спаць?
– Так, сонейка.
– Не распранаючыся? І ў новых пантофліках?
– І ў новых пантофліках. Калі не ціснуць…
– Не! Утульныя!..
– Ну то й добра. Дабранач!..

Раніцою ў дзверы пазванілі. Пятро ўцягнуў голаў у плечы, аднак пайшоў адчыняць. У кватэру, не вітаючыся, спачатку зайшоў адзін. Дастаў паперыну, запытаў:
– Пятро Кавальскі і Тацяна Кавальскія?
– Так, мы.
– Гатовы?
– Гатовы.
– Пачынаць?
– Як прыйшлі, то што ж…
Гаспадар не спяшаўся запрасіць яшчэ траіх, якія стаялі за парогам. Аднак яны самі не сталі цырымоніцца. У кватэру не ўвайшлі, а ўваліліся, паколькі неслі на плячах вялізную скрыню. Ад скрыні пахла дрэвам і лакам. Увайшлі, пастаялі, аддыхаліся. Першы, які быў галоўным, не зводзіў вачэй з Пятра. Потым шчоўкнуў перад ягоным носам вялікім і ўказальным пальцамі.
Пятро ўздрыгнуў, адсунуўся тварам, але здолеў яшчэ прамовіць у глыбіню кватэры:
– Тацяна… Давай. І сама, і малую.
У пакоі стаяла цішыня. Потым у вітальню ўвайшла Тацяна. Яна прыціскала да сябе заспаную Ганулю. Пачала ціха ўкладвацца побач з мужам. Вочы жанчыны глядзелі ў шэрую столь. І тут малая прачнулася.
“Мам? Мамка?.. Гэта што?.. Навошта такое?..”
І раптам заверашчала, задрыгала ножкамі, пачала лупіць кулачкамі па тварах дарослых.
– Ціха, дачушка, ціха! – прыціскала яе Тацяна. – Ты ж і напраўду – як лялечка!..

Але тыя, хто забіваў скрыню, не чулі ні енкаў і крыкаў, ні драпання кіпцяў знутры па дрэве. Яны даўно прызвычаіліся да такой работы. І таму ведалі: без тугіх, надзейных навушнікаў выканаць яе – немагчыма.
А паддацца хвіліннай слабіне ды напартачыць – не ўхваліць на­чальства.

6 студзеня, 2012 г., м. Кобрынь

Маршрутка №8

Косцік Чмончык, кіроўца маршруткі №8, звар’яцеў яшчэ з раніцы. З’ехаў з глуздоў, дзербануўся з каталак, страціў цвярозае адчуванне рэчаіснасці ці як яшчэ можна сказаць. Але паколькі рэдкі вар’ят мысліць, што ў ягоным светаўспрыманні надарыўся збой, то аб псіхічнае немачы ён і блізка не абвясціў ні жонцы, ні медычнаму спецыялісту маршрутнага аўтапарка. Апошні (у сэнсе спецыяліст) толькі папрасіў чмыхнуць у заўсёдную трубачку, якая выявіла дапушчальную норму алкаголю ў Чмончыкавай крыві. А значыць, на звычны маршрут Косціка можна было выпускаць смела.
Ну то ён і выпер. Падляцеўшы да першага прыпынку, на момант прыпыніўся, але як толькі пасажыры пачалі напіхвацца ў салон, урэзаў зноў па газах. Адразу закрычала некалькі пераляканых жанчын. Адна з іх, у чырвоным куртаватым палітончыку, нават страшэнна завішчэла, паколькі не ўтрымалася ў расчыненых дзвярах і паляцела прэч на асфальт, пад брудныя колы маршруткі.
– Вы што?! Спыніцеся! Там жанчына!.. – крычалі пасажыры.
– Ага, – усміхнуўся крывазубы Косцік, мацней націскаючы на понаж акселератара. – Жанчына – ісцінна для нас святое. Мадонна Рафаэля і Ізабелы Бялыніцкай-Бірулі!
– Бялыніцкага-Бірулі. Але ён не пісаў мадоннаў, – паправіў яго дзя­дзя ў капялюху, але праз міг ужо гарлаў таксама: – Вы ўдаеце сабе, што творыце?! Прытармазіце зараз жа!
– Тармазы ў нас у парадку! – Косцік Чмончык, крывічы рота, выкручваў рулявое кола то ўлева, то ўправа. Папутныя і стрэчныя машыны гудзелі яму, бліскалі фарамі, аднак звар’яцелы кіроўца і не думаў на іх зважаць. – Тармазы, тэатр і кукуруза!

Усе аціхлі, прыслухоўваючыся, што яшчэ прамовіць кіроўца. Толькі дзядзька ў капялюху размахваў рукамі ды ўжо праціскаўся бліжэй да Чмончыка:
– Я патрабую спыніць машыну, развярнуцца ды ехаць назад, каб аказаць збітай жанчыне неабходную дапамогу!
– Развярнуцца? – тут Косцік і напраўду чвэхнуў па тармазах. Ды так, што ўсе, і капялюшысты дзядзька ў тым ліку, паляцелі наперад. Хтосьці ляжаў на падлозе, хтосьці зверху навальваўся на ляжашчых – лямант і віскі, якія крыху аціхлі, зноў узняліся ў маршрутцы. Ад рэзкага тармажэння ўладальнік капялюху пераляцеў нізкую перагародку, якая аддзяляла пасажырскі салон ад кабіны кіроўцы, ды дзвэнькнуў лобам аб пярэдняе шкло. Не паспеў ён ачухацца, як Косцік згроб яго за каршэнь, тузануўшы, пасадзіў побач з сабою на вольнае сядзенне ды мёртва прышпіліў рамянём бяспекі. Яшчэ праз міг немаведама адкуль у руках Чмончыка блісканула адвёртка. Адным рухам ён адмыслова ўставіў яе паміж рамянём і дзядзем, прычым так, што вастрыё ствала адвёрткі ўперлася таму ў шыю.
– Развярнуцца? Я дык развярнуся. Але ты як дзёрнешся – будзеш труп!
І Чмончык сапраўды развярнуўся, маршрутка паперла ў адваротным накірунку, дзядзя сядзеў нерухома. Але толькі да той пары, пакуль колы “Газелі” зноў не швэрхнулі па той самай жанчыне, якая хвілю таму не ўтрымалася і вылецела з машыны. І якая так і не паднялася з халоднага асфальту, паколькі ў той момант, калі нарэшце змагла прыўзняцца на калені, грознае жалеззе і брудная гума зноў упляжылі яе і ейны чырвоны палітон у брудную дарогу. У дзядзі ад жаху вытрашчыліся вочы, ён тузануўся, каб ускочыць, але наканечнік адвёрткі рэзка ўджаліў у голую шыю, па якой адразу зацурчэла нешта гарачае.
– Ляжачым – ляжаць, а сядзяшчым – сядзець! – разварочваў маршрутку Чмончык.
– Вы… Парушэнні… Такія здзекі й ваша кіраўніцтва павінны будуць… – заціскаў дзірку ў шыі паранены дзядзя.
– Спыніце машыну! Мы выйдзем! – нарэшце зноў загаманілі пасажыры. – І хто-небудзь!.. Пазваніце ў “хуткую”! І ў міліцыю!..
– Хоць у прэзідэнцкую адміністрацыю! – рагатнуў суворы на выгляд Чмончык. – Значыць, так. Слухайце новыя правілы перавозак. Вольны маршрут нумар восем абвяшчаецца ўмоўна закрытым. Гэта значыць, што ўсе выходзім толькі на канчатковым прыпынку. Канчатковы прыпынак вызначаецца выключна мной. А права ўзяць новых пасажыраў застаецца выключна за вадзіцелем! Усе мабільныя тэлефоны перадаюцца майму памочніку. Дарэчы… – Тут Чмончык зірнуў у люстэрка задняга выгляду, прабегся вачыма па кожным пасажыры. – Хто хоча ім быць?

У салоне панавала маўчанне, да якога дамешваліся жах і нянавісць.
– Памочнік мае права на пазачарговы прыпынак, – ані не зважаў на тую нянавісць Чмончык. – І выбраць любое месца ў машыне. Дык хто?..
– Ну я. А што?.. – азваўся дзяцюк з бычынай паставай.
– Як што? Не чуў даручэнне? ¬– ужо глядзеў строга на дарогу Касталей. – Збірай тэлефончыкі. Ды каб не плакалі, можаш пад распіску!..
– І я магу, – пісканула з-за спіны бычыны жанчынёшка з белай сумачкай набакір. – У памочнікі. Мне не цяжка. І з распіскамі, і ўвогуле. Мы канторай на бульбу ездзілі, я дапамагала. Усе ўзважвалі, а я запісвала. Нават дзякава…
– Ладна! – абарваў яе Чмончык. – Два памочнікі – норма!
Бычыная шыя і дамачка з сумачкай пачалі збіраць тэлефоны. У аднаго студэнцкага выгляду хлопца вырвалі, калі ён, набраўшы нейкае смс, хацеў націскаць на адпраўку. Аднак не паспеў: бычына, скруціўшы яму руку, выхапіў у студэнціка мабілу і, утаропіўшыся ў дысплейчык, па складах прачытаў:
– “Тэрмінова пазвані ў міліцыю! Я ў маршрутцы №8. SOS!” Во як! Мудзяшны сапляк эсмээскі піша!.. Што, не паспеў? Ці не чуў, што сказалі? Тэлефоны – сюды!
– Выкінь яго, – Чмончык уклаўся ў рэзкі віраж. З-пад колаў у бакі з віскатам кінуліся дзеўчынёшкі-школьніцы.
– Што, тэлефон?.. – не зразумеў быў ягоны першы памочнік.
– Таго, хто піша! – крывыя зубы звыкла бліснулі ў роце Чмончыка. – На га…но і малочную каналізацыю!..
– Якую… каналізацыю? – збялеў бычына.
– Што чуў. Выкінь! Выродным смердзюхаям – не месца на маршруце ўзорнага абслугоўвання пад кіраўніцтвам вадзіцеля з сямнаццацігадовым стажам і без занясенняў у лічнае дзела Канстанціна Чмончыка! – звінеў голас Косціка. І раптам змяніўся спакойным тонам: – Дам паруліць. Любіш?
– Люблю…
– Дык што стаіш, мандалей?! Зараз сам за асфальт зубамі будзеш чапляцца! – зноў рэзка вывернуў Чмончык, заварочваючы ў чарговы завулак, у якім на пешаходным пераходзе вырасла пенсіянерка з кульбачкаю ды так і засталася ляжаць на пераходзе, узіраючыся назаўсёды памутнелымі вачыма ў валошкавае неба.
– Добра, – стараўся не азірацца назад маршруткі мандалей. – Але я… мне будзе трэба… спыніцца, дзе захачу.
– Будзе, – з шыкам матлянуў галавою Касташ, нібы арыйскі афіцэр у старажытным кіно. – Памочніку – па першым патрабаванні.
– Ну то… – бычыная шыя пасунулася на студэнцкае цела. Маладзён напяўся ды, спрабуючы загарадзіцца ад смяротнае небяспекі рукамі, хацеў закрычаць ва ўсё горла, але толькі зацяўкаў:
– Стой дзе стаіш, сволач! Людзі, людзі!.. Вы што?! Нас жа многа!

Людзі, аднак, маўчалі. Хтосьці рабіў выгляд, што іх захапіла імкліва зменлівае відовішча за вокнамі маршруткі, хтосьці не адрываў вачэй ад таго, што дзеелася ў салоне. І толькі адзін дзядзя ў капялюху, развярнуўшыся бокам з пярэдняга сядзення ды заціскаючы прапоратую шыю, спрабаваў хоць паглядам падтрымаць хлапака.
– І я хачу! І паруліць, і спыніцца! – раптам аддзялілася ад агульнае масы дамачка з белай сумачкай. – Каля дома, там яшчэ ў мяне бальзан на вакне і цюлі ў гарохі. – Сумачка раптам апісала кароткую дугу і бздрык­нула студэнцішку па галаве. – А ну, прэч, правакатарскі выкармыш! З-за такіх, як ты, маршруткі й ляцяць у куветы!
– Цётухна, уйміцеся! – маладзён ужо не ведаў, ад каго чакаць небяспекі. Аднак тое няведанне доўжылася нядоўга. Паколькі праз міг беласумачная дама падхапілася са свайго месца ды ўваткнула яму ў твар свае пальчыкі.
– А!.. Хр… мр!.. – хрыпеў студэнт.
– Вон з машыны! Дай нармальна нам руліць, бля!.. – адразу за “бля” з рота дамы паляцелі іншыя, на парадак страшнейшыя мацюганы. Такія, што яшчэ адна дамачка, з выгляду зусім праставатая сакратарка, нават заткнула пальчаткамі вушкі, каб не чуць такой абражальнай існуючы момант лексікі.
– А ты што стаіш? – зіркануў на шыістага дзецюка Касталей. – Выкідвай давай!

Бачына страпянуўся ды з ляскатам расчыніў дзверы маршруткі. Дамачка не адрывала сваіх кіпцюрыстых пальцаў ад шчок студэнта. Са свайго боку, ён учапіўся ёй у вобласць цыцак і спрабаваў хоць як вырвацца з дамскіх абдымкаў, гэтым разам прызначаных зусім не для танчыкаў старажытнай кадрылі падэспань. Частка асабліва нярвовых пасажыраў не ўтрымалася, пачала зноў крычаць, верашчаць, аж пакуль студэнт з дамай не паляцелі прэч з машыны. Галава студэнта рэзнулася аб электрычны слуп, пэкнуўшы недаспелым кавуном, дамачка, адарваўшыся ад яго, імгненна трапіла пад колы малакавоза з самаробным надпісам на борце “У фонд сацыяльнай абароны”, а шыісты дзяцюк на аўтамаце зноў бразнуў дзвярыма, шчыльна зачыняючы іх за вылецеўшымі людзьмі.

– Ну, нармальна… Там жа і тэлефоны нашы ўсе, – адзінае што мог вымавіў ён.
– Канечне, нармальна. Так забяспечваецца трывалая сувязь пакаленняў на вякі, – пацвердзіў Чмончык. Ды, пашураваўшы у сябе пад сядзеннем, выцягнуў адтуль манціроўку. – Бяры, – працягнуў бычыне. – Глядзі й надалей за парадкам.
Бычына схапіў манціроўку, пакруціў у руках. Людзі ў маршрутцы аціхлі. Кожны стараўся пасунуцца як мага далей ад першага вадзіцельскага памочніка.
– Навошта… Мне толькі паруліць. І спыніцца дзе трэба, – мармытнуў той, углядваючыся ў вочы кожнага з пасажыраў.
– Па-ру-ліць?! – па складах паўтарыў за ім Чмончык, працягваючы свой толькі ім адным дакладна вызначаны маршрут. Ён павялічваў хуткасць, а калі тарамазіў, то так, што дзядзя-знавец Бялыніцкага-Бірулі з прабітай шыяй на пярэднім сядзенні штораз бязлітасна ўплянторваўся ў лабавое шкло. – А вось і не дам! – рагатнуў Косцік, ледзь не двума нагамі націскаючы зноў на газ.
– Як не дасцё? – скрывіў губы бычына.
– А так! Месца сабе выбраў? Но то і сядзі! Ды за парадкам глядзі – я прызначыў!

Бамбіза ўтаропіўся ў манціроўку, пакруціў яе так і гэтак ды раптам ўбяндзерыў ёю ў бакавое шкло. А потым, асеўшы назад на сядзенне, агідна, танклява зарумзаў. Нейкая бабуленцыя, прыгадаўшы святога Міколу і някормленага свайго коціка, які, відаць, гэтак жа жаласна плача цяпер дома, пасела да бамбізы, пачала яго супакойваць:
– Ай не плач, мілаванчык. Хутка ўжо прыедзем. Ты пацярпі…
Мілаванчык скрывіўся болей і хацеў ужо ўваткнуцца ў плячук бабуленцыі, каб выплакацца, як тут маршрутку падкінула ўверх да грозна нахіліла набакір. Пераляканыя пасажыры прыляпіліся тварамі да вокнаў. Невядома, ці моцна іх абнадзеіла ўбачаная карціна, але там разварочвалася наступнае. Па баках дарогі стаялі дзве міліцэйскія машыны, прадстаўнікі дарожнага патруля ці то скручвалі, ці то раскручвалі нейкі калючы дратаваны скрутак, адзін са службоўцаў спрабаваў нешта прагарлаць у напрамку маршруткі цераз жоўты мегафон. Але яшчэ да гэтага Косцік Чмончык урубіў магнітолу, з якое ў пратору ляцела металёва-скрыготнае “А наша радзіма – бронь, агонь і чыгунна-падшыпнікавы завод!..”
Ясная рэч, у маршрутцы ніхто не пачуў злоснае патрабаванне службоўца спыніцца і што аперацыя “Перахват” абвешчана па ўсім горадзе.

– А наша вольная радзіма – бронь, агонь і чыгунна-падшыпнікавы завод!.. – падпяваў магнітоле Чмончык. Ён шчасліва абмінуў дратаваную перашкоду, выраўняў машыну ды пёр сабе далей. – І мы ведаем, куды едзем, і мы знаем, чаго хацім!.. А цяпер!.. Прышпіліцца ўсім, хто ёсць! – нечакана злосна азірнуўся ён на салон.
– У нас няма рамянёў… – запярэчылі яму некаторыя.
– Усё роўна прышпіліцца! – узравеў Касталей. – Канчатковы прыпынак – Марсіянская ўпадзіна! – як хвілю таму быў наліты злосцю, так цяпер закалотна рагатаў невядома ад чаго ўпацелы кіроўца.
Пасажыры зноў замаўчалі.

– Трэба спыняць гэтую музкамедыю, – нечакана зашаптаў на вуха суседу мужчына ў сіне-чырвонай спартовай шапачцы.
Танклявы сусед зірнуў на яго з недаверам.
– І я ведаю як, – працягваў спартовец. – Толькі адзін не змагу…
Гэтым разам сусед пасунуўся крыху бліжэй.
– План просты, – спартовец зладзеявата паказаў з кішэні маленькі сцізорык. – Як толькі кінуся ззаду яму на шыю, бі сцізорыкам па руках! Ён выпусціць руль, але мне хопіць. А далей пабачым…
– Нічога сабе план, – прамычаў сусед спартоўца. – Не атрымаецца.
– Ты давай, як кінуся – бі! – не губляў рашучасці спартовец.
– Ну, не ведаю… – лядашчы суседзік не паспеў нават скеміць, калі ў ягонай руцэ апынуўся сцізорык.
– На “раз”, – зноў шапатнуў мужчызна ў куртатай шапачцы і ўскочыў зь месца. – Раз! Х-га!..

Ён абцужна абхапіў Чмончыкавую шыю; і ў той жа момант танклявы сусед з усяго размаху ўсадзіў сцізорык у плячук спартоўца.
– Падла! – пузырачы сліну, вымавіў пільны сусед, які не паддаўся на падспудныя ўгаворы. – Хацеў парушыць нам ездаванне!..
– Вось гэта па-нашаму! – рагатнуў Чмончык, і было невядома, ці то ён з самага пачатку ўважліва назіраў за ўсімі змоўніцкімі падзеямі, ці то адразу зразумеў сітуацыю.
Ён сцепануў плячыма, развярнуўся на сваім вадзіцельскім сядзенні ды, скарыстаўшыся замінкаю са сцізорыкам, ужо сам трымаў шыю спартоўца.
Маршрутка з хуткасцю сто дваццаць кіламетраў у гадзіну нейкі час сама ляцела па вуліцы.
– Калі яму ў вока.
– Што?.. – як быццам не зразумеў лядашчы ўтыкальнік сцізорыка.
– У вока, сказаў! А іначай уваткнём табе. А ты што, памочнік? Кантралюй сітуацыю!
Першы памочнік Чмончыка, які румзаў на плячы бабуленцыі, неахвоць страпянуўся, паляпаў па тыльным баку далоні манціроўкаю:
– А!.. Ну так, у вока. Само сабою.
– Не само сабою, а кантралюй! – Чмончык сплюнуў, піхнуў спартоўца ў рукі бычыны, а сам зноў пляхнуўся на месца вадзілы.
– Кантралюю. Калі!.. – ужо чэпка трымаў спартоўца бычына.
І танклявы пасажыр укалоў. Сцізорыкам. Проста ў левае вока спартоўцу. Той закрычаў, узвыў, аднак нават не паспеў схапіцца за пырснулае крывёю вока. Паколькі лядашчы “змовец” шваргануў яму сцізоркам у другое. Твар спартоўца заліўся крывёю. Ён ужо не крычаў, а вішчэў, усе іншыя пасажыры зноў маўчалі, а Чмончык радасна рагатаў. З магнітолы па-ранейшаму несліся зыкі пра вольную радзіму – бронь, агонь і чыгунна-падшыпнікавы завод, а маршрутка №8 перла па ўскраінах вялікага горада, шчасліва абмінуўшы ўсе дратавана-аператыўныя “Перахваты”.
Наперадзе паказаўся выезд з горада. Хуткасць маршруткі дасягала межаў апошніх рэсурсных магчымасцяў рухавіка, а ў рогаце Чмончыка загучалі праўдзівыя ноткі шчасця.

* * *
І раптам гэныя ноткі абарваліся гэтак жа раптоўна, як і ўзвыўна-разрыўнае ляскатанне матору. Маршрутка чвэхнула, пад капотам некалькі разоў нешта покнула, яна, аціхлая, пракацілася яшчэ метраў сорак і нерухома стала. Косцік скрыгатнуў крывымі зубамі, рабром далоні рэзануў па клаксоне. У пералеску за горадам ва ўсе бакі кінуліся пераляканыя вароны.

– Паліва, маць, паліва! Вось табе тэатр і кукуруза! – гарлаў, б’ючы ды траплючы то ў руль, то ў сігнал, упацелы кіроўца.
– І праўда, тэатр… – выдыхнуў нехта ў маршрутцы.
– Што, слова далі? – раптам ашчэрыўся Чмончык. – А то вылазь! Усе, канкрэтным табарам! Давай, – зіркануў ён на памочніка. – Ты першы. І кантралюй сітуацыю, я сказаў! Каб не беглі ў пампасы і горна-алтайскую паласу!..

Бамбіза пацягнуў дзверы, першы амаль выпаў з маршруткі. За ім бобам пасыпаліся астатнія. Аслепленага маладзёна, трымаючы за локці, вывела тая самая старуленцыя, на плячы якой раней румзаў падмануты Касцеем дзяцюк. Гэтым разам за ўсімі выплюхнуўся і Чмончык.
– Так. Так! А во так! – камандаваў ён, расстаўляючы людзей наперадзе маршртукі. – Што стаіш? Я сказаў: кантралюй! – пацягнуў ён за руку бычыну і паставіў наперадзе ўсіх. Але, змерыўшы поглядам шэрагі, перайграў сітуацыю ды вышмаргнуў з невялічкага натоўпу старуленцыю, ставячы яе на месца бамбізы. – Ідзі сюды! – зноў гарлаў яму Чмончык. – Трымай вяроўкі! Круці педалі, каб ведалі!..
– Што ведалі? – не зразумеў бычына, перабіраючы жмут вяровак.
– Куды ляцець, каб ведалі. Я ж сказаў! Вяжы!
– Што?.. – першы памочнік тупа разглядваў вяроўкі.
– От, самакат! – выхапіў адну вяроўчыну з ягоных рук кіроўца і сам першы пачаў прывязваць пару пасажыраў да перадка маршруткі. – Ясна цяпер?
– Ясна… – бычына таксама кінуўся зьвязваць паміж сабой ды прывязваць людзей да пераду “Газелі”. – Ну, о так!..
– А калі так, то… – Чмончык акінуў паглядам людскую звязку. – Не, мамаша! Вы назад!
Ён, адвязаўшы бабульку, зноў пацягнуў яе, гэтым разам ужо ў сярэдзіну. А наперад, зіркаючы на ўсіх пустым вокам, паставіў аслепленага хлапака і нават вярнуў яму акрываўлены ўласны сцізорык.
– Будзеш прарэзваць дарогу! – рагатнуў ён. І раптам узвіўся высачэзна-пагрозным голасам: – Значыць, так! Вольны маршрут нумар восем абвяшчаецца ў далейшы працяг! А паколькі канчатковы прыпынак – Марсіянская ўпадзіна! – далей торым пераход на лётную цягу, і кожнаму з вас даецца такое права! Узлятаем… па маёй камандзе! Пакуль я не сеў на месца кіроўцы – нікуды ніхто не ляціць!
Чмончык хацеў яшчэ нешта сказаць, але толькі сплюнуў на брудны бот і хутка пашпаньдзёрыў да кабіны. Вось і ягонае звычнае месца. Вось рот зноў разадраў паветра:
– Увага! На старт! Працуем, працуем! Палёт у штатным рэжыме! Першая турбіна – пайшла!..

Людзі напяліся, схапіліся за вяроўкі, адарвалі цяжэзную “Газеліну” з месца. Спачатку пайшлі маруднымі-маруднымі крокамі, а потым пабеглі ўсё хутчэй, з кожнай хвілінай развіваючы нечалавечую хуткасць. Такую ж хуткасць развіла й маршрутка. У кабіне Косцік зноў урубіў магнітолу, якая гэтым разам лірычна спявала “Ластаўкі, мілыя, адлятаючы ў вырай, Ластаўкі, мілыя, не губляйце красы!..”
– А то хутчэй, турбалётная палётная каманда! – спрабаваў свістаць Косцік, але толькі сіпавата пускаў чарговага пузыра з рота. – Мігалкі!.. Шасі!.. Сцізорыкі! Ягорыкі!.. А-у, на ўзлёт!
Людзі, між тым, беглі хутчэй любое гоначнае машыны. Гэта немагчыма было ўявіць, прадставіць, але гэта было, было на самой справе. І яны беглі, рабілі шаленскія, дзікія, неабмерныя крокі, аж пакуль не адарваліся-такі ад зямлі ды ўзмахваючы рукамі, нагамі як крыламі, не паляцелі, забіраючыся ўсё вышай і вышай. І хоць людзі трацілі апошнія сілы, яны ўсё роўна ляцелі, усё роўна ўгрызаліся ў неабсяжнае сінае неба, у кожную белую аблачыну.
І матлялася ззаду сабачым хвастом маршрутка № 8, і сядзеў у кабіне задаволены Чмончык Касташ, які адзіны дакладна ведаў, што з такой вернай камандай ён даляціць па-любому і нават хутчэй, чым магло яму здацца спачатку.

Люты, сакавік 2012 г., м. Кобрынь