12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сідарэвіч

_____________________
Хто аўтар артыкулу пра Якуба Коласа?
Замест рэцэнзіі


У сярэдзіне мінулага 2008 году ў Берасьці выйшла сьціп­­лая кніжачка, падобнае да якое ў Беларусі яшчэ не было і якую доўга чакалі прафесіяналы.
Кніжка сьціплая і паводле свайго лістажу (220 старонак), і паводле афармленьня (тэксты набраныя дробным шрыфтам і надрукаваныя на рызографе, вокладка мяккая), і паводле накладу (100 асобнікаў).
Кніжку, як я зацеміў, чакалі прафесіяналы. Гэта най­перш выкладчыкі гісторыі беларускае літаратуры на філалагічных факультэтах вышэйшых навучальных установаў.
Мае кніжка доўгі загаловак і падзагаловак: “Гісторыя беларускай літаратурнай крытыкі: Хрэстаматыя: вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў устаноў, якія забясьпечваюць атрыманьне вышэйшай адукацыі па спецыяльнасьціБеларуская філалогія”: у 2 ч.”. Словыдля студэнтаўняхай нікога ня ўводзяць у зман, бо ацэньваць якасьць хрэстаматыі будуць перш за ўсё знаўцы.
Выйшла пакуль што першая частка дапаможніка. Яго складальнікідацэнт Берасьцейскага універсітэту Кацярына Мароз, прафесар Мікола Мішчанчук ды іншыяуключылі ў кніжку тэксты Францішка Скарыны, Рамуальда Падбярэзскага, Максіма Багдановіча, Власта, Максіма Гарэцкага, Антона Луцкевіча, Міколы Байкова, Адама Бабарэкі ды іншых літаратурных крытыкаў. Паколькі першая частка хрэстаматыі завяршаецца тэкстамі 1930-х гадоў, трэба думаць, што ў другой частцы будуць зьмешчаныя творы крытыкаў 1940-х гадоўпачатку ХХІ стагоддзя.
Пішучы, што ў хрэстаматыі зьмешчаныя тэксты, я павінен агаварыцца: друкуюцца яны ва ўрыўках, скарочана. Гэта, мабыць, не ў апошні чарод тлумачыцца абёмам кніжкі. Будзем спадзявацца, што першая частка хрэстаматыі шчасьліва пройдзе апрабацыю, і што Міністэрства адукацыі расшчодрыцца на яе новае выданьне і ў большым абёме, і ў лепшым паліграфічным афармленьні.
Як чалавек пэўным чынам зацікаўлены, я з задавальненьнем адзначыў, што ў хрэстаматыі вельмі добра прадстаўлены Антон Луцкевіч. Я налічыў дванаццаць ягоных тэкстаў (ва ўрыўках, вядома). І гэта ці не найлепшы адказ Сяргею Дубаўцу, які, рэцэнзуючы ўБеларускім гістарычным аглядзекнігу А. ЛуцкевічаВыбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва” (Менск, 2006), турбаваўся, ці будзе актуалізаваная спадчына Антона Навіны, ды выказваў думку, што прэзентацыя гэтага крытыка як марксіста ня вельмі гэтай самай актуалізацыі паспрыяе.
На такой ноце водгук на берасьцейскую хрэстаматыю можна было б і скончыць, калі б не адзін тэкст ды калі б не заўвага складальнікаў да гэтага тэксту.
У хрэстаматыі перадрукаваны ананімны артыкулНа пройдзеным шляху: (У 30-я ўгодкі творчае працы Якуба Коласа)”, упершыню зьмешчаны ў часопісеКалосьсе” (1936. 5). Складальнікі хрэстаматыі напісалі, што аўтар артыкулу – “найбольш верагодна, кс. А. Станкевіч, рэдактар часопісу”.
Адзначу перш-наперш, што кс. Адам Станкевіч ня быў рэдактарамКалосься”. Абавязкі рэдактара часопісу выконваў Мікола Шкялёнак, адказнага рэдактара, а потым і рэдактара-выдаўцаЯнка Шутовіч.
Па-другое, трэба адзначыць, што складальнікі не катэгарычныя ў вызначэньні аўтарства гэтага артыкулу пра Якуба Коласа.
Прабегшы вачыма па зьмешчаным у хрэстаматыі тэксьце, я аж ахнуў: як жа я яго прапусьціў і ня ўставіў у кнігу А. ЛуцкевічаВыбраныя творы”?
Вось тут чуецца законнае пытаньне: дык ты сьцьвярджаеш, што аўтарам артыкулуНа пройдзеным шляху: (У 30-я ўгодкі творчае працы Якуба Коласа)” зьяўляецца Антон Луцкевіч?
Так, сьцьвярджаю.
Чую наступнае пытаньне: чым ты можаш гэта давесьці?
Пачнем ад самага пачатку.
Дзесяць гадоў таму назад, – піша аўтар артыкулуНа пройдзеным шляху”, – калі ўся культурная Беларусь спраўляла дваццацілецьце паэтыцкае творчасьці Якуба Коласа, праф. Замоцін пачаў сваю стацьцю аб Коласе гэткімі словамі...” Далей ідзе цытата з артыкулу Івана Замоціна, зьмешчанага ў зборнікуЯкуб Колас у літаратурнай крытыцы” (1926). Адным з аўтараў гэтага зборніка быў А. Луцкевіч. І натуральна, што ёняк аўтаратрымаў асобнік гэтае кнігі. Хоць у 1926 годзе савецка-польская мяжа яшчэ не былана замку”, кнігі з БССР у Заходнюю Беларусь траплялі з цяжкасьцю. Ня думаю, што і ў кс. Адама Станкевіча быў таксама свой асобнік, а ўявіць што ў 1936 годзе ксёндз прыйшоў у Беларускі музей да А. Луцкевіча, каб пачытаць тую кніжку, яшчэ цяжэй: як вядома, абодва гэтыя дзеячы былі ў той часна нажах”.
Гэта першы пункт. А вось і другі. Чытаючы артыкулНа пройдзеным шляху”, я сустрэў раней выказаныя А. Луцкевічам думкі пра творчасьць Я. Коласа.
У 1925 годзе ў сваёй рэцэнзіі наСымона Музыку” (менавіта такі загаловак мела паэма ў першым выданьні), крытык зьвяртаў увагу, што паэт прысьвяціў свой твор беларускай моладзі. Пра тое ж ён пісаў і ў 1926 годзеу артыкулеЯкуб Колас: Жыцьцё і творчасьць”. У артыкулеНа пройдзеным шляхуА.Луц­кевіч зноў зьвяртае ўвагу на гэта.
У 1926 годзе ў артыкулеЯкуб Колас: Жыцьцё і творчасьцьА. Луцкевіч пісаў: “З агульным тонам Коласаўскае ліры зьвязана і форма яго вершаўтакіх лёгкіх, мілагучных, быццам самі яныбезь ніякага высілку з боку аўтаравыліваюцца зь яго душы, творачы запраўдную музыку словаў; і калі можна зрабіць Коласу закід, дык гэта будзе хіба тое, што ў ахвяру форме верша ён гатоў прынесьці навет чыстату мовы і вымогі правапісу”. У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем пра тое, што ў паэмеСымон МузыкаЯкуб Коласня толькі маляр; ён адначасна і музыка, бо ж знамяніта ўмее перакладаць на словымузыку, бо гэтая ягоная паэма ўся наскрозь прасякнута музыкай: усё ў ёй сьпявае!”
Друкуючы ў 1918 годзе ў зборнікуНашы песьнярыпершы манаграфічны артыкул пра Якуба Коласа, А. Луцкевіч цытуе ягоную казкуДудар”. У 1936 годзе крытык зноў зьвяртаецца да гэтага твору.
У 1930 годзе ў артыкулеЯкуб Коласза кратамі!” А. Луцкевіч сьцьвярджаў: “Коласгэта ж пявец беларускае вёскі...” У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем, штоКолас як быў, так астаўся верным сынам і песьняром вёскі”.
У 1926 годзе ў артыкулеЯкуб Колас: Жыцьцё і творчасьцьА. Луцкевіч пісаў прадуховую раўнавагу, якой ад самага пачатку сваей творчасьці адзначаецца наш пясьняр”. І ў тым самым артыкуле ён адзначаў, гэтая раўнавага была парушаная і што прычынаю парушэньня быловялізарнае устрасеньне, якое перажыў беларускі народ у сувязі зь Вялікай вайной і рэвалюцыяй”.
У 1932 годзе ў артыкулеКрытычныя мамэнты ў жыцьці Купалы і Коласапаводле іх твораўА. Луцкевіч вяртаецца да гэтага сюжэту і дастаткова ўважліва дасьледуе момант душэўнага надлому ў творчасьці Я. Коласа, калі паэт, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, адкрыў, што ў БССР Кавалі другія другія, А ланцуг той самы. Ён цытуе зьмешчаныя ў зборнікуВодгульле” (1922) вершыРодныя малюнкі”, “Звон шыбаўіЦені-страхі”. У артыкулеНа пройдзеным шляхукрытык зноў піша, што характэрнаю рысаю лірыкі паэта зьяўляеццаяго духовая раўнавагаі што ў Коласабываюць мамэнты, калі навакольнае жыцьцё усё ж такі гэту раўнавагу нарушае”. І зноў адсылае чытачоў да тых самых вершаў зВодгульля”1.
У 1918 годзе ў артыкулеЯкуб КоласА. Луцкевіч пісаў, што спакойны гумархарактэрная адзнака празаічных твораў пісьменьніка. У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем, штопобач з раўнавагай, з гармоніяй духовай займае ў Коласа значнае мейсца спакойны гумар”.
Ня думаю, што кс. Адам Станкевіч, калі б ён быў аўтарам артыкулуНа пройдзе­ным шляхузапазычыў бы ўсе гэтыя тэзісы і ацэнкі, не спасылаючыся на А. Луц­­кевіча. З другога боку, ідэйна-палітычнае супрацьстаяньне Ад. Станкевіча і А. Луцкевіча не дазволіла б першаму нешта пазычаць у другога і спасылацца на яго. Нарэшце, калі б ксёндз усё-такі запазычыў у А. Луцкевіча ягоныя выказваньні без спасылак, Антон Навіна абавязкова злавіў бы А. Станкевіча на плагіяце.
Такія два пункты ў маім доказе. А вось і трэці, тэрміналагічны.
Аўтар артыкулуНа пройдзеным шляхупіша пра повесьць Уладыслава Рэйманта “Chłopi” (“Мужыкі”), повесьцямі ён называе таксама Коласавы творы «У палескай глушы», «У глыбі Палесься» іДрыгва”.
Мне ўжо даводзілася адзначаць (у прыватнасьці, у каментарох да кнігі А. ЛуцкевічаВыбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва”), што паняць­це повесьць у нашага крытыка раўназначнае паняцьцю раман, і што А. Луцкевіч кіраваўся ў вызначэньні празаічных жанраў польскаю літаратуразнаўчаю тэрмінало­гіяй. Повесьцямі ён назваў іДзьве душы, іАнтонаМаксіма Гарэцкага.
Цяпер чацьвёрты пункт у маім доказе.
Я зьвяртаю ўвагу чытачоў на тое, якімі падобнымі словамі А. Луцкевіч піша пра Якуба Коласа і Янку Купалу.
У 1929 годзе ў лекцыіНапевы ліры Янкі КупалыА. Луцкевіч казаў: “І жыцьцёвы, і пясьнярскі шлях Купалы вызначыўся ўжо хіба даканца. Трудна спадзявацца ад яго нечага нечаканага, што з сучасным воблікам Купалы магло б аказацца ў супярэчнасьці”. Амаль тое ж мы чытаем у артыкулеНа пройдзеным шляхупра Якуба Коласа: “...новы юбілейгэта мяжа з аднаго боку якое асталася большая частка жыцьця Коласа, а з другоганевялікі ўжо астатак жыцьця, у каторым трудна спадзявацца нечага новага, нечаканага”. Словытрудна спадзяваццаў абедзьвюх цытатах вылучыў я. Гэтае словаспалучэньнетрудна спадзяваццамы сустрэнем і ў іншых артыкулах А. Луцкевіча (гл., напрыклад, : “Важнае прызнаньне”, 1925).
У артыкулеКрытычныя мамэнты ў жыцьці Купалы і Коласапаводле іх твораўА. Луцкевіч пісаў: “Апошнія гады і Купала, і Колас ня шмат далі новага. З існуючай рэальнасьцяй зжыліся”. У артыкулеНа пройдзеным шляхучытаем, штоКолас ужо пагадзіўся з новай сучаснасьцяй”.
Гэта ўжо чатыры пункты ў маім доказе. Калі іх недастаткова, я, каб, давесьці Луцкевічава аўтарства, вымушаны зьвярнуцца да лексікі артыкулуНа прой­дзеным шляху”.
Амаль усе тэксты А. Луцкевіча, зьмешчаныя ў ягоных кнігах, што ўбачылі сьвет у 2003, 2006 і 2009 гг., маюцца ў памяці кампутара. Трэба спадзявацца, што гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Алесь Пашкевіч, якія рыхтавалі да друку кнігу кс. Адама СтанкевічаЗ Богам да Беларусі” (2008), таксама ня выдалілі ягоныя тэксты з памяці кампутара. Будзем думаць, што і выдавецтваКнігазбор”, якое выпусьцілаВыбранаекс. Адама Станкевіча, зрабіла тое ж. Таму вельмі лёгка правесьці пошук тых ці іншых словаў і словаспалучэньняў, якія я лічу луцкевічаўскімі, у тэкстах кс. Адама Станкевіча.
Адно з улюбёных словаў А. Луцкевіча – “сярмяжны”. “Сярмяжных братоўмы сустракаем і ў артыкулеНа пройдзеным шляху”.
У артыкулеНа новых шляхохА. Луцкевіч сьцьвярджаў, што Уладзімер Жылка ў сваімУяўленьнi” “адтварае псыхалягічны бок нацыянальнае рэвалюцыі”. Цытуючы ў 1925 годзе верш Максіма БагдановічаВулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!”, А. Луцкевіч пісаў: “Хто не перажываў настрояў, якія з такім мастацтвам адтварае Багдановіч у гэтым вершу, — той ня ведае Вільні і не разумее яеі яе Душы...” У артыкулеНа пройдзеным шляху» мы сустракаем назоўнік «адтварэньне», але ж мы сустракалі яго і ў артыкуле «Водгукі Вялікае вайны» (1924).
Часта сустракаецца ў А. Луцкевіча слова «лішне». «За наш народ лішне доўга гаварылі другія” (“Маладая Беларусь”, 1911), “...мінуты, каторыя перажывае наш народ, лішне важныя для яго, лішне яркія” (“Адгалоскі жыцьця, 1916), “...хор пяяў лішне голасна і глушыў гутарку, ведзеную між бацькам і сынам цішком” (“У зімовы вечар”, 1916). У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем пралішне вялікі перыяд”.
Яшчэ адно ўлюбёнае слова А. Луцкевіча – “гожа”. Спашлемся на колькі прыкладаў: “Але тут гожа зрабіць адну ўвагу...” (“Дзьве душыМ. Гарэцкага”, 1920); “Тут гожа адзначыць, што пад тыя часы, калі пісалі і Марцінкевіч, і Бурачок, і Лучына, і Ядвігін Ш. — гэта значыцца...” (“Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве”, 1921); “Тут гожа адзначыць, што сувязь паміж беларускай адраджэнскай ідэяй і ідэяйновага чалавекаў Гарэцкага...” (“Ідэолаг народнае інтэлігенцыі (Максім Гарэцкі)”, 1921)... Аўтар артыкулуНа пройдзеным шляхупіша, штогожа затрымаццана генезісе галоўнае ідэі паэмыНовая зямля”.
Словаўсьцяжтаксама нярэдка сустракаецца ў творах Луцкевіча: “...не затрымліваецца праца новых пакаленьняў паэтаў, якія ўсьцяж ламаюць старое і на руінах працы папярэднікаў будуюць нешта новае” (“На новых шляхох”, 1923); “...разарваць гэтыя путы не было ўжо сілы: ані фізічнай, бо цела ўсьцяж слабела, ані духовай...” (“Бунт проці Бога”, 1923–1929); “Вiдаць, адзiноцтва мучыла яго, але пацеху знаходзiў ён заўсёды ў сваiх думках-песьнях, што ўсьцяж зьвiнелi ў яго вушох” (“Апошні верш М. Багдановіча”, 1925) і г. д. У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем, што Міхала (героя паэмыНовая зямля”) “усьцяж перакідалі зь мейсца на мейсца”.
Я. Колас, як мы ўжо ведаем з ананімнага артыкулу, “знамяніта ўмее перакладаць на словымузыку”. А Я. Купала, “знамяніта вычуваючы дух беларускай мовы, ...сьмела пачаў тварыць зусім новыя словы, каторыя, выражаючы найбольш тонкія адценкі, незвычайна ўзбагачалі беларускі славар, прысвайваючы беларусам масу новых паняцьцяў” (“Янка Купала”, 1918). З другога боку, М. Багдановіч у сваіх творахбыццам... хацеў давясьці гібкасьці і багацьця роднай мовы, дый гэтага знамяніта давёў” (“Максім Багдановіч”, 1918). Ад А. Луцкевіча мы таксама ведаем, што ў сьпектакліНа Антокалі” 26 сьнежня 1916 году ролю Вінцэнта Сьліжыкастарога пяніцы – “знамяніта іграў сам аўтар і рэжысэр песы Ф. Аляхновіч”.
Мінаю слова «лякай», бо толькі ў А. Луцкевіча я сустракаў яго. Пішучы пра аповесьць «Адшчапенец», крытык адзначае, што Я. Колас «маніўся правясьці яго [свайго героя] даўгім шляхам назіраньня новага савецкага будаўніцтва». А на самым пачатку 1921 году ўвагу А. Луцкевіча зьвярнула «кніжкаБеларусь у песьняхЯ. Фарботкі (Менск, 1920), каторая маніцца даць агляд беларускае адра­джэнскае літаратуры». З іншага тэксту А. Луцкевіча мы ведаем, што ў 1917-1918 гг. «беларусы маніліся адкрыць свой унівэрсытэт».
Ведама, прыклады на ўжываньне А. Луцкевічам кожнага з адзначаных словаў можна доўжыць і доўжыць.
І апошняе. Ад словавялікіў параўнальнай ступені А. Луцкевіч часта ўтвараў словавялікшы”. Яно суіснавала са словамбольшы”. У артыкулеНа пройдзеным шляхумы чытаем, штода вялікшых апавяданьняў належыць КоласавыАдшчапенец”. У дзеясловах А. Луцкевіч часта ўжываў суфікс -ыва-, хоць гэтага і ня варта было б рабіць. Вось і чытаем у артыкулеНа пройдзеным шляху”: “не задумываючыся”, “разгортываюцца”, “выкарыстываюць”...
Такія пяць пунктаў у маім доказе таго, што артыкулНа пройдзеным шляхунапісаны А. Луцкевічам. Ёсьць і шосты.
Некалі Уладзімер Калесьнік пісаў, што словаідэалогіясустракаецца ў працах А. Луцкевіча не радзей, чым словырухіадраджэньнеў лістах Уладзімера Жылкі. У артыкуле на пройдзеным шляху мы чытаем прадва ідэалягічныя пэрыядыў творчасьці Якуба Коласа: перыяд нацыянальна-адраджэнскі і перыядпралетарскі”. Разглядаючы тэматыку і ідэалагічны зьмест творчасьці песьняра, А. Луцкевіч у адпаведнасьці з гэтымі перыядамі разьбівае свой артыкул на дзьве часткі.
Нарэшце, як мы ведаем, артыкулНа пройдзеным шляху: (У 30-я ўгодкі творчае працы Якуба Коласа)” упершыню зьмешчаны ў пятай кніжцы часопісуКалосьсе”, якая выйшла ў 1936 годзе. Ня думаю, што кс. Адам Станкевіч пісаў яго дляКалосьсяадмыслова. Нават больш: я перакананы, што гэтаму аўтару не было патрэбы пісаць гэты артыкул, бо ў папярэднім (чацьвёртым) нумарыКалосьсяза 1936 год быў надрукаваны даўні, напісаны і апублікаваны яшчэ ў 1919 годзе, артыкул кс. Адама СтанкевічаУпалонепаэзіі Якуба Коласа” .
Думаю, што гэтага, сёмага, аргументу дастаткова, каб давесьці, што кс. Адам Станкевіч не пісаў ананімны артыкулНа пройдзеным шляху”.
Гэты і астатнія шэсьць аргументаў, прыведзеных мною, даюць права сьцьвярджаць, што аўтарам артыкулу зьяўляецца Антон Луцкевіч.