12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людка Сільнова

_____________________
Паміж маланкаю і громам.
Вершы



ВЫКЛІК ВЯСНЫ

І
Качкі як смочкі:
Плывуць па вадзе
Й рухам ствараюць
Абрысы грудзей –

Сьветлых, жаночых
І трапяткіх –
На гнуткім целе
Роднай ракі.

ІІ
Небу насустрач,
У тысячы тон
Рака расхінула
Адзежы бетон.

«Досыць чаканьня», –
Шэпча яна...
Пахне гразёю.
Гэта вясна!

ІІІ
Я нахілюся
Праз парапет.
Зрокам накрэсьлю
Літару зэт.

Хай гэта чара
І нас не міне:
Шал адраджэньня!
Помста зіме!


ПАДРЭЗАЛА КОСЫ ВЯРБА

Навошта была варажба
На мове, на словах рудых?
Падрэзала косы вярба
(Вяшчуньня, а сёньня раба):
Ёй гвалтам падрэзалі іх.

Зіма, наступае зіма.
Хапае за горла мароз.
Як сківіцы зводзіць хурма!
У парку – здаюць дацямна
Студэнты бязьлітасны крос.

Як сьмешна гучыць: «Барацьба!»
Або: «Не забудзем мы іх!..»
Падрэзала – косы – вярба.
І зносіць рачная вада
Старое аблічча – усіх!


ПАМІЖ МАЛАНКАЮ І ГРОМАМ

Паміж маланкаю і громам
Мяне хвалюе невядомасьць.
А як ня вернецца дадому
Абрынуты – у нерухомасьць! –
Наш сьвет? І попелам маёмасьць
Паробіцца ў далоньцы кволай?..
І срэбнай лужынай сьвядомасьць –
Гадзіньнік дзён – сьцякае долу.


СОНЦУ

Цябе шукаць –
І цябе траціць, мілы,
Адкуль узяць,
Адкуль мне чэрпаць сілы?

Я толькі шкла
Маленькага аскепак:
Жыву, жыла,
Ці буду жыць, ня ведаю...

Вось – узышло
Чарговы раз ураньні
Тваё сьвятло
Маёй пякучай тайнай!

Вятры малю,
Цьвярдзеючы ў малітве,
Каб не ў ральлю,
І не – у гразь пры бітве…


ПАДАРУНАК ВОСЕНЬНЮ

І
«Што – найлепшы падарунак? –
Думала я раніцай. –
Цэлафанавы пакунак?
Пачак аблігацыяў?

Можа, цацачнай жывёлы
Мяккая сінтэтыка?..
Толькі ўжо ня вершык кволы:
Шорсткая патэтыка!»

ІІ
Лісьцік жоўты на парозе
Павуціненьне сонейкам.
Непрыкметна ў госьці восень
Завітала сёньнека.
Можа, мне яна падкажа,
Проста і нязмушана,
Што за падарунак ляжа –
Лепшым! – пад падушкаю?..

ІІІ
Спатыкаюся, блукаю
Па кватэры ўласнае,
У пакоях здань шукаю,
Жоўтую, прыўкрасную.

Вось, на гэтым крэсьле, пэўна,
Побач з кававаркаю...
Не пачвара – каралеўна,
Бульбу есьць са скваркамі!


ЗВАРЫЦЬ КАВЫ

Намялю я духмянай кавы.
«Як умееш ты быць ласкавай!..»

Усьміхнуся, паружавею:
«Але гэта ўсё, што я ўмею...»


НАЗІРАЛЬНІЦА

Я не імкнуся стаць сьвядомай –
Мне дастаткова невядомай.

Я не імкнуся стаць праграмнай –
Мне дастаткова беззаганнай.

Мая жыцьцёвая задача –
На бале людскім быць нябачнай.

Не правадыр. Не карыстальніца.
Я – назіральніца.

(Мне родныя, хто з найярчэйшых:
Я – не з тутэйшых.)