12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ільля Сін

_____________________
Тэатральныя дэманы. Урыўкі


...Яго родны пяціпавярховік спрэс патанаў у зеляніне. Шыбуючы да падезду, трэба было прадзірацца праз джунглі палісаднікаў, дзе навыперадкі ды насуперак усім абставінам дэманстравалі сваю прыродную вітальнасьць некалькі гатункаў ружаў, невялічкая акацыя, карлікавая груша і нават пару-тройку кустоў парэчкі, прывезеных Сяргееўнай з яе вёскі.
Ані ветрыку. Лісьце зусім непарушнае. Паветра тут, здаецца, застыла, не раўнуючы быццам час. Пенсіянерка Паліна Іванаўна сядзіць на лаве ля ўваходу ў свой падезд і чытаеСоветскую Белоруссию”, часам пыхкаючы, бы нейкі маленькі, зусім бяскрыўдны зьвярок. Баба Маря, праходзячы міма, вітаецца з ёю, пытае пра ейныя ныркі, і неўзабаве яны пачынаюць абмяркоўваць мастацкія вартасьці песень Ірыны Дарафеевайшто прыводзіць да невялікай дыскусіі.
Словы не трапляюць да адрасату, яны застываюць тут, у гэтым набрынялым водарам бэзу чэрвеньскім паветры. Паміж двума кадрамі вельмі кепскі мантажны змык, і пры запаволеным праглядзе можна ўбачыць чорны прагал паўсекунднай даўжыні.
Дзьверы падезду з грукатам расчыняюцца, рохкаючы сваімі сточанымі палеацітам спружынамі, і вонкі бадзёра выпаўзае Валянцінычяк заўсёды, у шляхетным капелюшы. Сёньня гэтага сівога ўжо фацэта адпусьцілі з працы на гадзіну раней, і ягонай жонкі бабы Надзі яшчэ няма дома. Значыць, трэба скарыстаць такую аказію, і Валянціныч тэпае ў бок гастраному, пагрукваючы торбачкай з парожнімі пляшкамі.
Пасьля таго, як гэтыя гукі аддаліліся ды сьціхлі, калі дзьвярная спружына ўжо адрыпела сваё, ізноў наступае цішыня. Баба Дуня падыходзіць да вакна і пачынае з хірургічнай дбайнасьцю шчыраваць над сваім міні-газончыкам, што месьціцца наўпрост на падваконьні. Яна нешта мурлыча сабе пад нос, але зьнізу словаў зусім не разабраць.
Всем оставаться на своих местах, все входы и выходы под контролем. Восемь, восемь, я четыре. Разрешаю огонь на поражение”.
Лёгкі павеў ветрыку трохі прыадчыняе вакно на трэцім паверсекалі прыслухацца, можна пачуць бэмцканьне шыбы. Потымгулкія ўдары па сьценах суседняга падезду. Неўзабаве адтуль паказваецца дванаццацігадовы бэйбус Ванька; ён нецярпліва адціскае ад усіх гарызантальных і вертыкальных паверхняў баскетбольны мячык ды, напэўна, скіроўваецца на асфальтавую спортпляцоўку ля школы, спрэс пакрытую шчэрбінамі. Паліна Іванаўна кліча хлопчыка да сябе і заводзіць доўгую бы серыялНе радзісь красівайнатацыю. Ванька нецярпліва перамінаецца з нагі на нагу, яму вельмі хочацца паслаць гэтую цётку куды далёка, алебацяня яму гэтага ніколі не даруе, хаця сам пры нагодзе можа паслаць і падалей.
Паліна Іванаўна яшчэ прамаўляе, але словаў ужо не разабраць. з ейнага роту вырываецца адное неразборлівы клёкат, падобны да радыё на замежнай мове: “саьтлв вшлкл алдад алада клкллкллалал…”. Раптам яна хапаецца за сваю галаву ды расчапляе яе на дзьве паловы, бы Балаганаў чугунную гіру.
Валянціныч вяртаецца з крамы, ужо троху вясёленькі. Ён прыпыняецца ў палісадніку і голасна вымаўляе, старанна артыкулюючы кожны гук:
Ды, маць тваю, калі ж яны ўрэшце возьмуць Карфаген!
Потым апускаецца на лаву, выцягвае з кішэні закаркаваную газеткай пляшкуАнакондыды спаражняе яе адзіным глытком. Кідае пляшку, запяваеНя сып мне соль на рану…”, устае, рушыць наперад, робіць жэст рукой, прамаўляеХхм!”, вяртаецца на пару крокаў назад: не пакідаць жа дабра ворагам. Каб не зрабіць сальта ды ня грымнуцца ў хмызы, яму трэба выявіць усе свае здольнасьці трымаць унутраную раўнавагу, нават у самых складаных жыцьцёвых сітуацыях.
Хлопчык, тым часам, працягвае свой бег. Наблізіўшыся да спортпляцоўкі, ён апускае мячык на асфальт, прыціскае яго нагой, засоўвае два брудныя пальцы ў рот ды двойчы або тройчы сьвішча.
Сьпярша ніхто яму не адказвае, і тады ён нецярпліва крычыць: “Эй, Сярога, Сярога!”. Праз хвіліну непадалёк ад яго з дзіўным вуркатаньнем апускаецца гладкі канусаідальны прадмет вышынёй метры ў тры. Неўзабаве ў ім утвараецца невялікая шчыліна, праз яе прасоўваецца хлапечая рукатакая самая брудная, як і Ванькава, – ды робіць запрашальны жэст.
Ванька падбягае да люку ды адным махам ускоквае ўнутр. Чуваць, як ён крычыць свайму сябруку:
Ну, блін, харэ ўжо спазьняцца. Дасі задачку сьпісаць?
Люк зачыняецца, і бліскучы конус вокамгненна зьнікае ўгары, выплюнуўшы слуп фіялетавага агню.
Па сігнале карабельнай сірэны, вы кладзецеся на зямлю і заціхаеце ў паставе эмбрыёну.

* * *
Праходзіць меней за паўгадзіны, і мы дабіраемся да мэты сваёй выправы. Вада сёньня надзіва празрыстая, і таму відно амаль да самага днапраўда, не бяз пэўных аптычных скажэньняў, непазьбежных для гэткае глыбіні.
І вось, нашая невялічкая субмарынатакія цяпер зазвычай выкарыстоўваюцца дзеля турыстычных экскурсіяўпраплывае па-над роўнымі, але часам шчарбатымі сківіцамі гарадскога ландшафту. Дзевяціпавярхоўкі Уручча і праўда нагадваюць зубы, там-сям падточаныя карыесам. Відавочна, стаматолаг знайшоў бы тут урадлівую глебу для працы.
Над горадам надвячорак, і на вуліцах ужо запальваецца электрыч­насьць. На ўскраінах, праўда, яе зусім малавідаць, эканомілі. Працаздольны ліхтар тут бадай не сустрэнеш.
Прыхіліўшыся ілбом да ілюмінатару і зірнуўшы долу, я бачу ладныя шэрагі навюткіх шматпавярховак. Пажыць у іх, пэўна, ніхто так і не пасьпеў. Гэты раён для мяне зусім незнаёмыён зьявіўся пасьля маіх зьнянацных уцёкаў.
Воба-на, глядзі! – схамянуўся наш стырнавы, напаўазірнуўшыся да маладзенькага лейтэнанта.
Той нават не павярнуў у ягоны бок галавы. Я трохі прыўзьняўся са свайго крэсланаколькі гэта дазваляла даўжыня ланцугу, які прыкоўваў мяне да металёвай скабы пад сядзеньнемды ўшчыльную прыліп да ілюмінатару. Але адзінае, што пасьпеў убачыцьчыюсьці бурую вяртлявую постаць на глыбіні некалькіх дзясяткаў метраў пад намі. Рэагуючы, мусіць, на нашае ўварваньне ў гэты замерлы ландшафт, істота сіганула долу і запрацавала ўсімі сваімі плаўнікаміажно пакуль не схавалася ў пройме вакна адной са шматпавярховак.
Неўзабаве я прыкмеціў, што некаторыя вокны ў дамах гараць, дзесьціабо, можа, гэта мне толькі падалося? – паміж фіранак нават зьявілася постаць мужчыны ў цельніку ды спартовым касьцюме. Але паколькі цяпер у мяне былі зусім іншыя клопаты, у галаве нават думкі ня ўзьнікла адносна таго, з чым гэта магло быць зьвязана.
Відавочна, маім спадарожнікам таксама ня надта карціць адгадваць якія-кольвечы загадкі. Седзячы на пярэднім сядзеньні, задам да мяне, яны панура ды засяроджана ўглядаюцца ў тоўшчу вады і думаюць, мусіць, кожны пра сваё. Або наогул ні пра што ня думаюць.
Вунь, бачыш гастраном, там, ля дзіцячага садку? – перапыніўшы працяглае маўчаньне, стырнавы няпэўна паказаў пальцам кудысьці ўніз.
І, не дачакаўшыся ніякай рэакцыі лейтэнанта, высмаркнуўся ды працягнуў:
Харошы магазін быў, я туды заўсёды заходзіў, ды і жыў недалёка. У нас тут яшчэНавухаданосарбыў побач, але гэта гно, а не магазін. Кілбасы ну хіба пару гатункаў, дый тая не заўсёды сьвежая. А тут усё, што толькі захочаш: і мясца можна было ўзяць, і курачка, і кілбаска, і катлеты яны рабілі добрыя ў кулінарыі іхняй. А потым і па сто грамаў з мужыкамі храпнуць, чаму ж не? Во тут, на лавачцы.
Сапраўды, калі прыгледзецца, непадалёк ад універсаму можна было ўбачыць аточаны шапікамі лапік асфальту з некалькімі ліхтараміці ня ўсе з іх, зрэшты, патухлі яшчэ дамокрыхчасоў. Мне здалося, варта толькі напружыць зрок, і на адной з лаваў я ўбачу звыклы для мужчынскіх бяседаў антуражскрыдзелкі варанай кілбасы з белымі кропачкамі, ахайна складзеныя на газетку, парэзаны ладнымі лустамі хлеб з месівам плаўленага сыру на ім ды, вядома, віноўніцу ўрачыстасьці, ужо больш як напалову спарожненую. Быццам бы ўдзельнікі банкету проста адышліся пасікаць у бліжэйшыя хмызы і праз хвіліну вернуцца.
Я ўздрыгваю і заплюшчваю вочы. На ілбе ды ў згінах майго хударлявага цела праступілі першыя кропелькі поту. Я ведаю, што неўзабаве ўсё маё адзеньне будзе ўшчэнт ад яго мокрымхоць ты выкручвай. У субмарыне ня горача, хіба паветра тут трохі сухаватае. Але мая патлівасьць зусім не натуральная. Як, зрэшты, і навязьлівыя відзежы.
Блакітнавокая паненканеверагодна рабрыстая, з нейкімі татуіроўкамі паміж аголенымі грудзьміамаль дакранулася ўжо да мяне сваёй сіваватай скурай. Ейны рот ужо быў ашчэрыўся ў спакусьлівай усьмешцы, і я ўбачыў, што насамрэч вусны гэтай прыгажуні хавалі ненатуральныя, нібы створаныя мастаком якогаужасьцікукласу В, але ўсё ж вельмі небясьпечныя іклы. Калі я з усяе моцы адштурхнуў яе рукой, раптам пачулася храбусьценьне. Рэбры дзяўчыны ламаліся самі сабой, адно за адным, нібы трысьцінкі, і скрозь тонкую скуру, што зьвісала цяпер лахманамі, паказаліся кавалкі іржавай арматуры. З неверагодным намаганьнем я падняў свае цяжкія бы сьвінцовыя заслоны павекі.
Тым часам, падводная лодка ўжо бадай пераадолела ўскраінныя мікрараёны інаколькі мне ня здраджвала памяцьвось-вось павінна была дасягнуць цэнтральнага прасьпекту. І сапраўды, неўзабаве паказалася і пагэтуль знаёмая ўсім нам будыніна вычварнай формы. Адсюль, праз тоўшчу вады, гэты гмах здаваўся верхалінай цыклапічнай навагодняй елкі, што, мусіць, патанула ў рыхлым глеі. Апошні раз мне даводзілася яго бачыць, праязджаючы міма на маршрутцы разам з Алінаймы вярталіся з дня нараджэньня Ягора. У той перадкалядны вечар лямпачкі, якімі былі ўсеяныя шкляныя паверхні будынку, таксама гарэлі, адбіваючыся ад карункаў інею на вокнах бусіка. Настрой у нас быў прыўзьняты, і зусім ня толькі з прычыны выпітага каньяку. Памятаю, мне падалося, нібы рознакаляровыя агеньчыкі адбіваюцца і ў яшчэ жывых тады зеленаватых вачах Аліны, я сказаў ёй пра гэта, і яна засьмяялася.
Гэтыя ўспаміны былі зусім недарэчы. Мае пальцы здрыгануліся ў лёгкім трэмары, і я да болю сьціснуў іх у кулак.
Цяпер некаторыя з лямпачак перагарэлі, а памяняць іх, відавочна, не было каму.
Вазьмі ніжэй трохі, – загадаў лейтэнтант. – Толькі глядзі асьцярожней, не зачапі яго носу. А то зноў плясьнешся.
Кабзьмяніць тэму”, я зноў нахіліўся да ілюмінатару. Як выявілася, некаторыя цалкам зямныя расьліны цудоўна адаптаваліся да новых для іх умоваў. Больш за тоепальмы, што зазвычай зьяўляліся на нашых вуліцах напярэдадні нейкага дзяржаўнага сьвята і заўсёды здаваліся мне пластыкавымі, раптам пусьцілі карані ды вымахалі вышэй за дванацаціпавярховыя гмахі. Глыбакаводны клімат, мусіць, спрыяў іхняму размнажэньню, і цяпер перад намі буяў цэлы пальмавы лес.
Лавіруючы між гэтымі дзівоснымі дрэвамі, на некаторых з якіх ужо паказаліся першыя плады, наша субмарына старалася ня зьбіцца са свайго курсу, скіроўваючыся ўздоўж прасьпекту. Часам ейнае мернае рохканьне перапыняў рэзкі віскатвыкліканы, мусіць, нейкай няспраўнасьцю ў рухавіку. Тады здавалася, нібы схаваную ў чэраве гэтай пасудзіны сьвіньню вядуць на зарэз.
Ля скрыжаваньня прасьпекту і вуліцы Казлова ў паставе злоўленага на гарачым шкаляра застыў старэнькі трамвай. На людным заўсёды прыпынку няма пасажыраў, і парваны электрычны дрот, кавалак якога вольна боўтаецца ўзад-уперад з дастаткова вялікай амплітудай, сьведчыць за тое, што трамвайны рух у гэтым месцы ізноў перакрыты на няпэўны тэрміняк тое нярэдка здаралася і ў былыя часы.
Абмінуўшы дзіўнаваты зігурат, субмарына трохі ўхіляецца ўлева, каб не насесьці на іржавы штырпарэшткі тэлевізійнай вежы. У выніку нясьпешнага, але і няўхільнага ўзьдзеяньня вады на метал, ейная верхаліна абрынулася на асфальт, перакрыўшы тым самым патэнцыйны рух аўтатранспарту па прасьпекце.
Я з усёй моцы напружваю прэс, сілячыся стрымаць ваніты, але ўрэшце не даю рады. Стырнавы напаўазіраецца на мяне ды нешта бурчыць.
Па-над самым будынкам цырку наш ліхтар выхоплівае нейкі камяк, амаль неаддзельны паводле свайго колеру ад тоўшчы вады. Чамусьці ён прыцягвае да сябе маю ўвагу. Калі мы наблізіліся яшчэ на сотню метраў, я пазнаў у ім тулава сланапраўда, яно размокла і амаль пасьпела страціць знаёмыя для нас абрысы. Па нейкай незразумелай для мяне прычыне, слонік ня ўсплыў дагары, на самую паверхню вады, і таму ён паціху пакручвацца вакол уласнае восі па-над купалападобным дахам, панура апусьціўшы бясьсільны цяпер ужо хобат. Такая-сякая дробная жыўнасьць даўно прыстасавала караля джунгляў да сваіх патрэбаўя засьпеў акурат той момант, калі са слановага чэрапу выплыла нейкая казюрка, скарыстаўшыся дзеля гэтага лазам у пазбаўленай зрэнкі вачніцы.
Як там у нас з часам? – запытаў стырнавы.
Усё ў норме, – лейтэнант паглядзеў на гадзіньнік. – Нават яшчэ трохі ў запасе ёсьць. Хвілінаў трыццаць пяцьсорак.
Ну дык давай я табе дом Галькі пакажу, хакей? Гэта зусім недалёка. Памятаеш, распавядаў пра гэтую бабёнку?
Лейтэнант нічога не адказаў, і хаця я ня бачыў ягонага твару, можна было інтуітыўна адчуць, што такое адхіленьне ад маршруту было яму зусім недаспадобы. Тым ня менш, уголас ён не запярэчыў, і падводная лодка рэзка павярнула ўправа.
Праплыўшы па-над аблепленымі марскімі зоркамі помнікам, мы хутка дасягнулі былога рэчышча Сьвіслачыпра яго нагадвалі бетонныя абцугі, зусім бессэнсоўныя на такой глыбіні. Зрэшты, стырнавы такі знайшоў сякое-такое для іх прымяненьне. Ён трохі зьнізіўся ды паплыў акурат паміж двума берагамібы па прасьпекце між ходнікаў.
Мне ніколі не даводзілася бываць на дне Сьвіслачы, і я нават ня мог сабе ўявіць, што яе глыбіня была зусім не па калена, як раней усім думалася. Нават апусьціўшыся метраў на дваццаць ніжэй колішняй паверхні, мы ўсё яшчэ не дасягнулі бетоннага днаяго наяўнасьць дзесьці далёка ўнізе можна было хіба адчуць інтуітыўна.
Абодва бакі вялізнага тунелю былі сьпярэшчаныя шматяруснымі галерэямі. Тоўстае шкло, якое колісь аддзялала іх ад бруднай сьвіслацкай вады, ці не паўсюдна раструшчанаемусіць, пад націскам той самай стыхіі, ад якой яно мелася абараняць.
Там-сям на столі галерэяў яшчэ гарэлі лямпы, сьвятло якіх выхоплівала цэлыя зграйкі асадак, нататнічкаў ды іншага канцылярскага сьмецьця ўперамешку з нейкімі фіялетава-жоўтымі стварэньнямі, накшталт карлікавых марскіх канькоў. Паабапал нас, нібы ў калідоры аднаго з разьмешчаных непадалёк адсюль міністэрскіх будынкаў, былі бясконцыя шэрагі дзьвярэй з шыльдачкай на кожнай. Калі субмарына плаўна паварочвала, і да аднаго з бакоў тунелю можна было ці не рукой дацягнуцца, я здолеў разабраць надпіс на адной з іх: “Упраўленьне па валасках часу”.
Цікава, што б гэта магло значыць? Пра існаваньне падобных інстытуцыяў раней мне чуваць не даводзілася. Зрэшты, ужо ўсё адно.
Некаторыя з дзьвярэй былі наросхрыст адчыненымі, і, не стрымаўшы сваю цікаўнасьць, зусім цяпер недарэчную, я зазірнуў унутр аднаго з кабінетаў. Пасярод яго, паміж жырандоляй і амаль квадратным пісьмовым сталом, пагойдваўся гумовы жыраф памерам прыкладна з чалавечы рост.
Вакол лялькі боўталася зграйка размоклых папяровых караблікаў. На борце кожнага шарыкавай аcадкай было напісанае чалавечае імя: скажам, Міша альбо Каця. Трохі выкруціўшы шыю, я ўбачыў, што паліцы вялізных стэлажоў, якія атачалі кабінет літарай П ды складалі ці ня ўсю яго мебліроўкуза выключэньнем хіба пісьмовага стала ды мажнага крэсла, – былі даверху набітыя такімі самымі караблікамі.
Шыльдачкі на дзьвярах у канцы калідору куды ярчэйшыя. На адной з іх напісанаАгенцтва нерухомасьціСтыкс”, на другой – “Купляем валасы”. Няўжо некаторыя плошчы тут былі здадзеныя ў арэнду прыватнікам?
Рэчышча ракі плаўна выгіналася ў правы бок, але стырнавы павярнуў у адваротным напрамкузусім не баючыся ўквецацца ў бетонны бераг.
Так хутчэй будзе, – кіўнуў ён галавоймусіць, адказваючы на немы запыт лейтэнанта. – Тут ёсьць адзін тунельчык такі, яго ня ўсе ведаюць.
Паводле маіх разьлікаў, цяпер мы знаходзіліся недзе пад гатэлемЮбілейны”. Раптамне да часу, але да месцая згадаў пра хуткі і бліскучы раманчык з маладзенькай французскай арніталагіняй. Сьмяшлівая мадам з кароткай фрызурай і без усялякіх сьлядоў касьметыкі была старэйшая за мяне ажно на восем гадоў, але ўсё адно побач з ёю я пачуваўся мужчынамнават пры тым, што расплочвалася ў рэстаранах зазвычай яна. Мары прыехала да нас на міжнародную канферэнцыю і спынілася акурат уЮбілейцы”. Мне таксама давялося там пару-тройку разоў заначаваць. Пілі сьпярша французскае віно, – прычым наўпрост з рыльца, што, як выявілася, смачней, – а потым Мары раптам упадабалаБелавежскую”. У яе былі па-еўрапейску маленькія грудзі і пірсінг па-над правым смачком, які неяк быў выклікаў у мяне дадатковы ўсплёск жаданьня. Памятаю, напрыканцы апошняй начы, калі да самалёту заставаліся ўжо лічаныя гадзіны, а дабрадушны, лысаваты і зусім не падобны да кілера Леона масье Жан ужо, пэўна, мроіў пра сустрэчу з жонкай, Мары выскачыла на гаўбец папаліць у адной блузцы, нават бяз сподніх. Быў самы пачатак летапара, калі віднее вельмі рана. Вада Сьвіслачы здавалася бірузовай, а дзесь па-над Выспай сьлёз ужо зьявіліся першыя пробліскі сонца
Тым часам тунель становіцца ўсё вузейшым, і стырнавы змушаны зьнізіць хуткасьць да мінімуму. Субмарына ледзьве праціскаецца паміж нейкімі хімерычнымі механізмамі, падобнымі ці то да танкаў, ці то да камбайнаў. Разгледзець іх уважлівей так і не атрымалася, бо наш ліхтар сьвяціў строга ўперад, а цемра вакол была абсалютная.
Зрэшты, у адным месцы, ужо напрыканцы гэтага калідору, пад стольлю яшчэ гайдалася нейкая самотная лямпачка, але як толькі мы наблізіліся трохі вышэй, яна бы знарок пырснула мноствам дробных аскепкаў.
Тут металалому мільёнаў на дваццаць будзе, – у стырнавым раптам прачнулася гаспадарская жылка. – Ваякам іх жалезкі не спатрэбіліся, не ўратавалі іх сакрэтныя рэзервы, а намВось бы толькі вывезьці яго неяк адсюль
Ну вазьмі і вывезі. Языком, – агрызнуўся лейтэнант.
Ды, на жаль, мала ў мяне… – вясёла пагадзіўся стырнавы. – А тое і праўда вывез бы, прадаў, а ўсе грошы ізноў бы сюды ўбухаў. У падводныя плантацыі. Ведаеце, які
Ня ведаю! – рэзка абарваў яго лейтэнант. – Ты за дарогай глядзіш, а, мудзіла? А тое зазьвязьдзеўся зусім
І сапраўды, у лабавую шыбу можна было ўзбачыць, што ўперадзе тунель перакрыты нагрувашчаваньнямі ці то бетонных глыбаў, ці то сплюснутай брыні. Прабрацца праз іх не было аніякіх шанцаў.
Ну і куды ты завёз мяне, а, далбадзюб? – з кожным словам голас лейтэнанта станавіўся ўсё зьлейшым. – Хочаш да самага дзембеля на губе прабоўтацца?
А ў чым справа? – той, падобна, уключыў дурня.
Тут жа тупік, маць тваю! – зароў малады камандзір. – Як выбірацца будзем?
Абыжаеце, таварыш лейтэнант! – пасьміхнуўся стырнавы. – Я ж вам адразу казаў: са мной не прападзеце.
Замест таго, каб даць задні ход і з дапамогай акуратных і вельмі небясьпечных манеўраў паспрабаваць выкараскацца адсюль, стырнавы бесклапотна працягваў рухацца наперад. Лейтэнант, яўна не абцяжараны інтэлектам і пачуцьцём гумару, ажно прыціх ад зьдзіўленьняшто, мусіць, папярэднічала прыступу шаленства.
Але калі зьмешчаны пад скурай яго твару імбрык быў гатовы ўжо закіпець, абдаўшы парай усё навокал, падлодка рэзка павярнула ўлева. Я інстынктыўна прымружыў вочы, рыхтуючыся да моцнага ўдару, аднакКалі не лічыць таго, што напяты ланцуг вельмі моцна ўрэзаўся мне ў лытку, нічога дрэннага не адбылося. Паправіўшы кайданкі і, наколькі гэта было магчыма, зірнуўшы ўлева, я ўбачыў ірваны прарэх у бетонным муры, куды стырнавому ўдалося ўціснуцца, прадэманстраваўшы сваю зухаватасьць. Субмарына нясьпешна лавіравала паміж падобных да сабачых клыкоў гострых выступаў. А ўперадзе, дзесь зусім непадалёк, бруілася сьвятло.
Праз пару хвілінаў мы апынуліся на бязьлюднай станцыі метротакімі іх можна было ўбачыць раньнім ранкам, за хвіліну да адкрыцьця, калі гномікі ў памаранчавых камізэльках акурат скончылі рытуальны што­дзённы марафет. Здавалася, нібы шкляныя дзьверы вось-вось адчыняцца, і ўнутр хлыне натоўп першых пасажыраўяк заўсёды, у сьпешцы і ўжо трохі зьнерваваных. Але на табло, дзе адлічваўся час пасьля адыходу мінулага цягніка, застыў лік 59:59 – лічыць месяцы і гады гэтая прылада, відавочна, не была навучаная. На лаве пасярод платформы паціху дагніваў забыты кімсьці чырвоны шалік.
Праплыўшы амаль усю станцыю пад самай стольлю, падлодка трохі зьнізілася ля ўваходу. І тут жа ўгары пачуўся лёгкі скрыгат.
Ізноў за капыты зачапіўся, – мацюкнуўшыся, патлумачыў стрынавы. – Кожны раз пра гэтую кабылу забываю, у якой ногі вісяць.
Дом Галіці як яе там клікалі?... нічога цікавага з сябе не ўяўляў, і адзінай матывацыяй патрапіць туды, мусіць, сталі асабістыя ўспаміны стырнавога. Ён нават апусьціўся ў дворык, ля самай пясочніцы, ды пачаў распавядаць, як аднойчы яны ўпотайкі займаліся тут каханьнем і ледзьве не патрапілі на вока Галінаму мужу. Але лейтэнант няветліва абарваў гэтыя ўспаміны, забясьпечаныя шматлікімі фізіялагічнымі падрабязнасьцямі, і загадаў стырнавому вярнуцца на вызначаны маршрут. Той махнуў рукой, узьняўся на некалькі дзясяткаў метраў і рэзка павялічыў хуткасьць.
Неўзабаве мы ізноў выплываем на прасьпект. На галоўным пляцы краіны назьдзіў для мяне пуста. Праз тоўшчу вады аграмадзіна Палацу Трываласьці падаецца зусім маналітнай. Наблізіўшыся, мы бачым, што ў фае ўсе агні гараць, прыцягваючы да шыбаў мірыяды дробных рыбак ды нейкіх невядомых мне жыхароў глыбіняў. Фасад упрыгожаны лапідарным надпісам цёмна-брунатнага колеру: “Вітаем удзельнікаў ІІІ зьезду Людзей Цьвёрдай Глебы”. Зважаючы на тое, што авал літарыюўжо ладна размок, слоган выглядае тым больш іранічна.
Каля плазмавага экрану няма ніводнага абібока, і электраэнергію ён траціць зусім надарэмна. На экране бясконца трансьлюецца адная і тая самая дзея: лыжніца ў ненатуральна яркім чырвоным касьцюме спускаецца па стромкай трасе, вёртка абмінаючы ўсе перашкоды. Сьнег зіхаціць ад сонца пад яе нагамі, і праз прызму вады ён выглядае нібы манка. Лыжніца эфектна тармозіць ля падножжа трасы, а потым здымае з галавы чырвоны каптурок, агаляючы абсалютна голы чэрап, на якім выразна праступае капілярная сетка. Потым нешта здараецца, і сцэнаякая, відавочна, прадугледжвала пэўную лагічную разьвязку, – паўтараецца наноў. Паколькі з прыхамаці стырнавога мы зрабілі па-над плошчай пару колаў, гэты ролік мне давялося ўбачыць ня меней за тры разы. Напружыўшы глузды, я б, мусіць, здолеў узнавіць ягоны сюжэт цалкам, але рабіць гэта не было ніякіх сілаўды і жаданьня.
Гэй, асьцярожна, прытармазі трохі! – раптам торгнуўся лейтэнант. – Во, маць тваю, глядзі, мля
Наколькі гэта было мажліва, я нахіліўся ўперад. У шараватай тоўшчы вады наўпрост перад намі раптам узьнік нейкі камяк. У сьвятле нашага ліхтара ён спакваля, па меры набліжэньня набываў антрапаморфныя рысы, і неўзабаве ў лабавое шкло ўжо тыцкаўся чыйсьці носімпульсіўна, але разьмерана, бы згодна з нячутным для нас рытмам. Тым часам, вусны нечаканага госьця спрабавалі нешта патлумачыць невялічкаму экіпажу субмарыны.
Трохі напружыўшы памяць, я згадаў імя ўладальніка гэтага тварунеаспрэчна, адметнага паводле сваіх фізіягнамічных рысаў. Безумоўна, ім быў Рыгор Дындрык, знакаміты беларускі савецкі кампазітар, чый партрэт я ведаў яшчэ са школьных падручнікаў, з чыіх мелодый, дапоўненых белым шумам старэнькага дынаміку радыёкропкі, колісь пачынаўся кожны мой новы дзень.
Карыфей айчыннай кампазітарскай школы быў зроблены з нейкага пругкага эластычнага матэрыялу, паверню якога, трэба меркаваць, расфарбавалі акрылам. Прыхінуўшыся да шыбіны і рызыкуючы быць усмактаным лопасьцямі нашага агрэгату, ён адчайна жэстыкуляваў. Пэўна, намагаўся давесьці штось істотнае лейтэнантучый выраз твару, наколькі я мог бачыць у адлюстраваньні на шыбіне, заставаўся каменна-безуважным. Вусны кампазітара нешта ўтрапёна вымаўлялі, хаця ягоным сківіцам, змацаваным паміж сабою звычайным дротам, варушыцца было яўна цяжкавата.
Прыгледзеўшыся ўважлівей, я зрабіў дзіўнае адкрыцьцё: аказваецца, слынны творца сьпявае. Падобна на тое, гэта была ўсім вядомая песьня ягонага ўласнага сачыненьнянейкі час яна нават лічылася неафіцыйным гімнам сталіцы.
Ім тут дазволілі застацца, – патлумачыў немаведама каму стырнавы. – За асаблівыя заслугі перад краінай. Вось і коўзаюцца тут, мля, ентыя муміі па знаёмых і родных мясьцінах. Толькі сумна ім, таму і шукаюць, да каго б дакалупацца. Але мыгэта ня тая тэма.
Стырнавы рэзка націснуў на педаль і тут жа яе адпусьціў. Падлодка зрабіла кароткі, але адчайны скачок наперад, і Дындрык умомант распластаўся на ейным лабавым шкле. Затым субмарына рэзка памкнулася назад, прымусіўшы кампазітара зрабіць кульбіт. Стырнавы быў сапраўдным асам сваёй справы, бо, ізноўку рвануўшы наперад, ён нават пасьпеў даць Дындрыку добрага высьпятка пад зад носам падлодкі. Таму й нядзіўна, што кампазітар вокамгенна апынуўся ў некалькіх метрах пад намі. Краем вока я прыкмеціў, што яго вусны па-ранейшаму варушыліся, выводзячыМо-ожа, мы зможам. І пераможам…».
Абмінаючы пляцоўку перадЦэнтральным”, стырнавы неаднаразова быў змушаны зьвярнуцца да моцных слоўцаў. У шыбу бэмцалі парожнія пляшкі з-пад піва да болю знаёмых мне марак, да яе прыклейваліся разьмяклыя пакеты з лагатыпамМакДональдсу”; зацьвярдзелыя камячкі жуек ды цэлыя зграі недапалкаў перашкаджалі агляду, а ў адзін цудоўны момант нейкая дрэнь нават патрапіла ў рухавік. Наколькі я зразумеў са словаў стырнавога, на шчасьце, гэта было штось папяроваеможа, рэкламны буклет, што запрашаў на сапраўдны украінскі боршч уПечкі-лавачкі”? Жалезныя лопасьці хутка справіліся з такой перашкодай, і таму абышлося без наступстваў.
Пасьля цёплага суботняга вечару рознага лайна ў гэтых мясьцінах ніколі не бракавала, а камунальныя службы, напэўна, проста не пасьпелі яго прыбрацьнягледзячы на сваю борздкасьць, якую гэтак часта адзначалі замежнікі. Чамусь мне падумалася, што некаторыя экземпліфікаты тых адыходаў гарадской рэчаіснасьці цалкам маглі б належыць аднаму з маіх сябрукоўскажам, Артуру альбо Віму. Яны вельмі любілі бавіць час у тутэйшых скверыках з утоенай ад мянтоў пляшачкай.
ЛагатыпМакДональдсу”, што каранаваў дом на рагу, зрынуўся долу, раструшчыўшы пацешнага выгляду піжонскае аўто, штосьці накшталт гоначнайХондыз адкрытым кодабам. ЛітараМ”, пазалота з якой ужо аблупілася, была перакуленаянібы каб нагадаць дужа папулярныя колісь жарты пра сапраўднае прызначэньне такіх установаў фастфуду.
Суседні квартал абсалютна цёмнымусіць, тут здарыліся пэўныя непаладкі з электрычнасьцю, у той час, як сонца па-над намі даўно ўжо зайшло, дый, зрэшты, ягонае сьвятло на гэтай глыбіні зусім не было паратункам. У сьвятле нашага ліхтара я бачу, што вада размыла падмуркі аднаго з дамоў, агаліўшы цэлую сістэму металёвых каранёў. У іх заблыталася нейкая дробная жывёліна: ці то котка, ці то маленькі сабачкаяе тушка ўжо настолькі разбухла, што ўсё адно не зразумець, нават калі б было сьвятлей.
А зараз падыміся трохі, пераскоч праз дом і зноў спускайся, – камандуе лейтэнант, калі мы ўжо дасягнулі цэнтральнай кнігарні. – Бо ў арку, баюся, не пралезем.
Стырнавы паслухмяна выконвае загад. Падлодка рэзка бярэ ўгарукаб адразу гэтаксама імкліва рынуць долу. Мы апынаемся ў зарослым акацыяй (неаддзельнай цяпер ад водарасьцяў) дворыку, спрэс аточаным глухімі сьценамі.
Навокал цямрэча, толькі ў правым ніжнім куце гарыць адно вакно. Субмарына ўпэўнена бярэ курс менавіта на яго. За колькі метраў да закратаванай шыбы яна зьніжае хуткасьць і вельмі павольна падплывае бадай ушчыльную.
У пакоі поўна людзей. Падобна, тут адбываўся нейкі банкет. Скры­дзелкі кілбасы і лімону, паслухмяна выконваючы ўсе законы фізікі, узьняліся са сьвяточнага стала ды цяпер лунаюць пад самай стольлюяк і пластмасавыя шклянкі, спарожненыя, мусіць, толькі што пасьля нейкага патэтычнага тоста. Але цэльная курыца ды яшчэ тое-сёе засталося на месцы нязрушаным.
Мяркуючы па ўсім, тосту наступствавалі танцынаколькі я зразумеў, яны былі хуткімі, але, у той самы час, парнымі. За гэта сьведчыць тое, што некаторыя з гасьцей вечарынкі яшчэ счэпленыя адно з адным. У прыватнасьці, той барадаты мужчына ў акулярах на гарбатым пераносьсі, які павольна прадрэйфаваў міма вакна разам з нізкарослай шатэнкай. Напружыўшы зрок, я ўбачыў, што ягоныя пальцы сьціснуліся на ейным мяккім азадкуне спакусьліва, але канвульсіўна, нібы ў ненаўмысным спадзеве на паратунак.
Гэтыя постаці рухаюцца з такой выкшталцонай механічнасьцю, што ты адчуваеш сябе гледачом выдатнай інсталяцыі, якой пазайздросьціў бы, мусіць, сам Дэмян Хэрст. Але я тут жа асёкся, разумеючы, наколькі дурная думка пра самую магчымасьць сучаснага мастацтва на глыбіні амаль кіламетр. Бо мастацтва зьнікае разам з сучаснасьцю.
Ну, давай паспрабуем, – прамовіў лейтэнант пасьля непрацяглай паўзы.
Набліжаючыся да вакна ўшчыльную, стырнавы спакваля запавольваў рухскладалася ўражаньне, быццам кожны сантыметр, што аддзяляў нас ад шыбы, даваўся з неверагоднымі, усё большымі і большымі намаганьнямі. Твары ўдзельнікаў вечарынкі, на некаторых з якіх па-ранейшаму была зафіксаваная характэрная для таго вечару пянаватая суладнасьць, зусім не скаланутая жахам, павялічваліся ў памеры нібы ў відашукальніку фотакамеры з добрым зумам.
Праз якую хвіліну вострая дзюба падлодкі дакранулася шыбіны, краты і шкло трэснулі ад моцнага ўдару ды тут жа рассыпаліся на маленькія кавалачкі. Стырнавы адразу даў задні ход і, рэзка павялічыўшы хуткасьць, адплыў на якіх метраў дзесяць ды трохі ўзьняўся па-над вершалінамі дрэваў.
Цяпер броўнаўскі рух набрынялых вадой целаў ужо ня стрымлівае штучная перашкода. Неўзабаве, падуладныя нейкім пертурбацыям у масіве вады, яны выплываюць вонкі і пачынаюць ладзіць свае карагоды ў двары дома. Сьпярша ўдзельнікі вечарынкі, разьбітыя між сабою на пары, кружляюць у спакойным танцы, потым адносіны паміж малекуламі навакольнай матэрыі раптам зьмяняюцца, і рытм становіцца хутчэйшым.
Нібы зьнітаваныя паміж сабою нейкай непераадольнай сілай, целы рухаюцца па арбіце вакол нябачнага цэнтруякі, аднак, спакваля ссоўваецца трохі ўправа, чым далей тым болей уздымаючыся ўгару.
Як зазвычай бывае падчас танцаў, рукі і ногі іх удзельнікаў раз-пораз уздрыгваюцьпраўда, спарадычна і яўна ня ў такт музыцы.
Стараючыся не паддавацца таму здранцьвеньню, што мяне ахінула, я ўглядаюся ў гэтую дзіўную працэсію. Чамусьці мой погляд факусуецца выключна на асобных дэталях, якіяу параўнаньні са змрочнай і бадай тэатральнай велічнасьцю самой гэтай сцэны, – маглі б падацца дробнымі ды ня вартымі ўвагі. Напрыклад, напаўсагнутыя пальцы лысаватага здыхліка з камічнай ленінскай бародкай і гітлераўскімі вусамі; пальцы, якімі ён быццам абхопліваў дзівоснага вусяка, дэманструючы яго сваёй значна маладзейшай і даволі прывабнай суразмоўцы.
Альбо мыскі какетлівых ружовых пантофлікаў самой дзяўчыны, прыўзьнятыя так, быццам яна дзеля нейкай патрэбы вырашыла стаць на дыбачкі. Размытая касьметыка на ейным тварыку так і ня здолела зьнівеляваць прыязную, але яўна фальшывую ўсьмешкуветлівую і, магчыма, заканамерную рэакцыю на захоплены расповед паважнага суразмоўцы ці, нявыключана, чытаньне вершаў.
Альбо яўна наўмысная дзірачка на рукаве кашулі хлопца з падобнай даіракезуфрызурай, чый твар па-ранейшаму выпраменьвае самаўпэўненасьць, падмацаваную алкаголем.
Альбо завушніца ў носе падобнага да Эйнштэйну мужчыны паважнага веку, які адной рукой абдымае за талію ўсьмешлівага барадатага дзецюка, а другой трымае тэчку з рукапісам нейкага шэдэўру.
Уздымаючыся ўгару, працэсія спакваля аддаляецца ды зьнікае з поля зроку. Яе замыкае дзіўная пара, што выплыла, мусіць, з іншага пакою, суседняга з імправізаванай банкетнай залай. Бялявы хлопец у майцы са сьцягам Эфіопіі, праўдападобна, стаяў на каленях, абхапіўшы нагу значна старэйшай за яго жанчыны ды прысмактаўшыся вуснамі да яе аголенай правай грудзіі пагэтуль набрынялай малаком альбо, можа, яшчэ нейкай вадкасьцю. Уцямна патлумачыць сэнс гэтай рытуальнай дзеі я наўрад ці здолею, хаця пра нешта падобнае мне ўжо колісь даводзілася чытаць.
Праходзіць з паўгадзіны, і цяперзважаючы на абмежаваны вугал агляду, абумоўлены, у тым ліку, і даўжынёй ланцуга, – я магу бачыць толькі мернае падрыгваньне ступакоў удзельнікаў вечарынкі дзесь у вышыні. Дый тое краем вока і да болю ў шыі задраўшы галаву.
Лейтэнант адцягвае рукой левую манжэту фрэнча ды глядзіць на гадзіньнік. Потым параўноўвае атрыманыя зьвесткі з тымі, што паказвае іншая прылада часавымярэньня, на панелі падлодкі.
Дзьве трыццаць тры ночы, – канстатуе ён.
Потым застывае ў засяроджанай паставез выглядам хірурга-ветэрынара, які рыхтуецца да аперацыі па адцінаньні барановых яечакзвыклай, але ўсё ж вартай максімальнай канцэнтрацыі ўвагі. Стырнавы абыякава круціць у вольных цяпер руках пачакКароны”.
Увага, стоп машына! – камандуе лейтэнант. – Зараз я далічу да сямі, і мы пачнём наш сьледчы эксьперымент. Абвінавачаны, здыміце порткі!

* * *
Васіль. Угу, вось толькі чуток правей сьвяці, а тое ні фіга не відно.
Андрусь. Зараз, заразГалоўнае, каб батарэек хапіла.
Васіль. Глядзі ты, у яго тут дзіўны фурункул. Вось тут, ля запясьця.
Андрусь. Можа, любіў салёнае? Чуў, бывае такое.
Васіль. Ну ты і скажаш тожа мне! Якое, нахер, салёнае?
Андрусь. Не, ну я праўда чытаў. У нэце неяк было. На мэйлру, здаецца.
Васіль. Ладна, харэ зьвязьдзець. Трымай лепей яго вось тут, за камбінезончык. Ніжэй, ніжэй трохі. Трэба шлем зьняць. Во халера! Здаецца, яму зацесны.
Андрусь. Давай дапамагу.
Васіль. Зьдзірай ужо ўсё, нахер. Вось так, не шкадуй ты гэтых ануч. Ізноў гэтая пімпачка херава. Зараз мы тут надрэзік
Андрусь. Зараз? Дык я думаў, мы ў анатамічку
Васіль. Ды ну яго на, дзьвесьце кэмэ яшчэ цягнуць гэтага таўстадупа. Зараз зробім па-хуткаму, і гамон. У мяне зьмена праз дваццаць тры хвіліны сканчаецца, так што нічога ня ведаю.
Андрусь. Ну ладна, толькі ты мне глядзі. Пад сваю, так бы мовіць, адказнасьць.
Васіль. Ня сцы, маленькі, вядома ж, пад сваю. Кропні во сьпірцягі лепей, а тое за дзень ужо так замудохаўсяВасямнаццаць выклікаў, уяўляеш!
Андрусь. І чаго яны гэтак сыпацца сталі, га? Раней жа нібыта лёталі сабе без усялякіх праблемаў.
Васіль. Ну, надворе тут, мусіць, не вінаватае. Эх, малады, за тваё здароўе! Удыхнулі-выдыхнулі
Андрусь. Глядзі ты, ёпт, гэты ж пацан шчэ зусім! І крылы такія гла­дзенькія.
Васіль. Эх, не дагуляў, баб не датаптаў
Андрусь. Ну, гэта не пра яго, аднак.
Васіль. Точна, не пра яго. Так, давай ты лепей з левага боку сьвяці. Вось сюды, бачыш, дзе мая рука.
Андрусь. Такую скуру нават рэзаць шкада. Ажно прыемна па ёй рукою прайсьціся. Такая мяккая, гнуткая, пяшчотная. Вось так, і так яшчэ.
Васіль. Канчай ты, маць тваю! Не заводзь ізноў. Прыбяры руку! Прыбяры, каму кажу! Ты ж мужык, або хто? Вазьмі яго во тут лепей, так, за рог. Бяры, сьмялей. Ня сцы, ня ўкусіць.
Андрусь. І рожкі такія мілыя. А сама гэтая нягеглая пастава, гэты замерлы рухЧувак нібы пракладаў масток паміж дзьвюма секундамі свайго жыцьця, і тут раптамХерась, і ўсё.
Васіль. Ну ты, ёпт, проста паэт нейкі. На сваёй-та должнасьці
Андрусь. Дык тут натхненьня, мля, даўсрачкі будзе. Лічы, кожны дзень. Як глянеш на гэтых, такіхбездапаможных, такіх нягеглыхШкада толькі, у школе трайбан у мяне быў па белліце. Ня ўмеў сачыненьні пісаць. А тое зараз накатаў бы такога
Васіль. Вантробы нібыта ў парадку. Кішкі нават эластычнасьць пакуль ня страцілі. Сьвежанькі, значыць.
Андрусь. Яшчэ якую гадзіну таму ён мог лётаць
Васіль. Добра, што хутка сюды дабраліся і месца гэтае ў лесе знайшлі. А тое ўчора памятаеш таго з шостага будтрэсту? Ну, які тынкоўку высотнікам дастаўляў.
Андрусь. Які галавой з вышыні дзеўбануўся, калі маторчык ляснуў, і ніякая каска не дапамагла?
Васіль. Ён самы, каханы. Гэта ж, мля, трыньдзец проста! Такія ў яго ўжо мазгі сьмярдзючыя!
Андрусь. Цікава, што ён думаў у той самы момант?
Васіль. Пра новыя званочкі для рог. Я, дарэчы, цішком адзін ражок прыхапіў малому. У кішэню паклаў, як панесьлі ўжо ў крэматорый. Ён усё адно адваліўся, так што, думаю, усім похер. Харошы такі рог, у добрым стане і амаль не пашкоджаны. Высушыў у мікрахвалёўцы, хай мой бэйбус гуляецца.
Андрусь. Тожэ дзела.
Васіль. Глядзі, там у страўніку ў яго, здаецца, пухліна нейкая. Ну-ка, ну-ка, гэта ўжо цікава. Давай пінцэт.
Андрусь. Ну, праўда, пухліна. Ды вялікая якая! Зараз, я сам. Патрымай во ліхтарык.
Васіль. Давай, малады, практыкуйся.
Андрусь. Слухай, тут нейкая вадкасьць. Штосьці такоену, скажам такнасычанае, амаль жэлепадобнае, трохі зеленаватага колеру.
Васіль. Ну ты даеш, зеленаватага!
Андрусь. А што? Не разумею, чаго ты ўвесь час дакалупваешся?
Васіль. Ды, каб ты ведаў, такія жоўтыя херовіны іх і губяць збольшага. Вазьмі пробу на ўсялякі выпадак, на вось прабірачку. Хаця, думаю, нічога надзвычайнага. Усё адное і тое ж. Нефіг жэрці столькі малінавага сочыва.
Андрусь. Сочыва? Якога сочыва?
Васіль. Малінавага, я ж кажу. Ім яго ў натуры нельга, але ж жаруць, подзеўбні, цэлымі трохлітровымі слоікамі. Вось і херачацца. І нейкія ж афэлкі даюць ім
Андрусь. Слухай, ты глядзі, а? Тут нейкая хрэнь у яго ў страўніку.
Васіль. Што, хрэнь? Якая хрэнь? І сапраўды, хрэнь. Жалезная такая. Падобна да гэтай, як яекапсулы.
Андрусь. Падобна да капсулы? Ну-ка, давай паглядзім.
Васіль. Можа, не чапай лепей, а тое яшчэ падхопіш нейкую трасцу
Андрусь. А хер з ім, мяне не бярэ. Надта ж цікава. Пасьвяці, бо так я не адкрыю.
Васіль. І што там?
Андрусь. Во, мля, паперка нейкая. І напісана нешта. Зараз, заразПасьвяці-ка сюды. “Мы ўпрыгожваем уласныя целы, насычаем жыцьцё прыемнымі эмоцыямі і робім усё, каб пачувацца ў сваіх турэмных камерах як мага больш утульна. Першы клопат кожнага з насдызайн сваёй турэмнай камеры. Часам інтэреры атрымліваюцца досыць арыгінальнымі і вынаходлівымі, хаця большасьць абмяжоўваецца еўрарамонтам”.
Васіль. Во як! Крута сказануў, да? Ціпа, паэт.
Андрусь. Ды не, хутчэй філосаф.
Васіль. Точна, філосаф. Давай яшчэ крыла кавалачак адпілуем, а тое Сяргеіч ізноўку скардзіцца будзе. Скажа, ціпа, лынды тут беце.
Андрусь. Слухай, а вочы ж у яго расплюшчаныя. Блакітныя, глыбокія. І такія нейкія, быццамБыццам бачыць ён насЗвычайна ж ужо шклянеюць, а гэты
Васіль. Ну, ён наогул сьвяжак, што ні кажы. Патрымай во тут, за канец крыла. Зараз яОт, мля!
Андрусь. Што, ня рэжацца?
Васіль. Прытупілася ўжо лязо, падтачыць нада. Ладна, давай я па-простаму. Ясны хер, супраць лому няма прыёму. Хрусьі трындык.
Андрусь. Можаш яшчэ яго хвосьцік малому прыхапіць. Такі ў бедачыны пэндзлік пухнаты на канцы. Даглядаў, мусіць, расчэсваў
Васіль. Ды ну на хер. У майго ўжо тры такія пэндзлікі ёсьць.
Андрусь Блін, нават адэкалонам пахне. Піжон, маць тваюНу, хутка ты?
Васіль. Ды, здаецца, ужо. Забірай во гэта для аналізу. ХацяАналізуй тут не аналізуй, усё адно палучыш
Андрусь. Маеш рацыю. Усё адно напішуцьпа невытлумачальных абставінах”. Ну, хадзем?
Васіль. Хадзем, хадзем. А, дарэчы. Плясьні мо яшчэ трохі. За сканчэньне рабочага дня.
Андрусь. Добра, давай па палове. Я дык ня надта хачу, але хіба за кампанію.
Васіль. Каб здаровенькія ўсе былі. У-ух, харошая штука!

* * *
Вулачка ў Катманду, паабапал якой два няроўныя шэрагі маленькіх, нібы казачных хацінак з абмазанымі глінай сьценамі, гірляндамі і дзівоснымі разнымі карункамі. Ваколпальмы ды іншыя віды экзатычнай зеляніны, забясьпечыць якія назвамі ня здолела б, мусіць, нават пакінутая ў школьным мінулым біялагіца. На тварах людзейсьвяточны настрой, і кожны ветла пасьміхаецца, убачыўшы ў сваіх краях прывабную еўрапейскую турыстку. “Пачувайся як дома!” – напісана па-ангельску на расьцяжцы па-над вулачкай, паміж маленькай кавяранькай, у зацішлівай паўцемры якой так прыемна прабавіць вечар за душэўнай гутаркай з добрым сябрам, і нейкім па-дыскатэчнаму бурлівым шалманам.
Дзяўчына прыемна ўздыхнула. Курортны гарадок ляжаў перад ёй бы на сподачку. І яна пачувалася ягонай уладаркайдакладна ведаючы, што мае на тое сякія-такія правы. Гандляркі сьпецыямі, веларыкшы, вулічныя музыкі і нават сьвятарныяале пры гэтым бруднаватыякаровы, якія лёгка адваёвалі тэрыторыю ў людзей, шукаючы сабе нейкі спажытак, – усе яны былі прызначаныя перадусім дзеля таго, каб выклікаць у яе як мага болей разнастайных і яскравых эмоцыяў.
Гэты цёплы вечар яна часта мроіла, праседжваючы з 9 да 6 ў цесным катушку за карэктурай якога раману Сяргея Пірштынава і адчуваючы, як скрозь прагнілыя ваконныя рамы ў іх прагнілае выдавецтва прыносіць свае графаманскія опусы магільны восеньскі холад.
Успаміны пра гэты час прыйшлі зусім зьнянацку: калі дзяўчына раптам спахапілася, што ня мае з сабой гадзіньнікаі, адпаведна, рызыкуе спазьніцца на сваю электрычку ў Ратамку. Страх застацца на ноч у беспрытульным Менску быў такім частым яе госьцем, што пусьціў свае карані глыбока ў падсьвядомасьць. І цяпер яна радасна пасьміхаецца, усьведамляючы яго беспадстаўнасьць.
Ніякіх планаў на гэты вечар у яе пакуль нямады хіба яны наогул патрэбныя? Цяпер можна жыць адвольна, нічога не плануючы. Тут столькі ўсялякіх цікавостак, што наўрад ці і тыдня хопіць, каб паспытаць прынамсі найлепшыя з іх. Але сьпяшацца ёй няма кудызаўтра ж на працу ня трэба. Калі сьпяшаешся, рызыкуеш раней часу занудзіцца.
Ля латкоў з рознымі экзатычнымі ўпрыгожваньнямі неверагодная штурханіна і тлум, які ў значнай меры ствараюць самі гандляркі. Ёй прыемна чуць іх сьпешную гаворку, зусім для яе не зразумелую, у адрозьненьне ад галоўнагамесіджу”. Пару разоў яна рашуча, адчайна жэстыкулюючы, адмаўляецца, – перадусім з-за сваёй упартасьціале ўрэшце ня стрымліваецца і купляе медныя завушніцы з выявамі нейкіх бажкоў. Аднаго позірку ў люстэрка на яе абноўленае аблічча было дастаткова, каб зрабіцца яшчэ больш шчасьлівай.
Раптам яна адчула востры прыступ голаду. Стала відавочна, што час падсілкавацца ўжо даўно насьпеў. І пара абраць найлепшае месца для вячэры. Задача ня вельмі простаязважаючы на безьліч магчымых варыянтаў. Кавярні і рэстарацыі цягнуцца ўздоўж вулачкі адна за адной, і яна разумее, што самым разумным у гэтых абставінах будзе завітаць у першую-лепшую.
Інтэрер гэтай установы, які праглядаецца праз малюткія вакенцы, на ўсе сто працэнтаў адпавядае ейнаму густу: мяккія маленькія крэсьліцы, лампадкі па-над кожным столікам, плеценыя заслоны з намаляванымі на іх тварамі нейкіх міфалагічных божышчаў, збаночкі з загадкавым зьмесьцівам на паліцахАгульную карціну дапаўняе дзівосны пах, добра адчувальны нават на вуліцысумесь цеплыні і ўтульнасьці, якую забясьпечвае смачная гарачая ежа, і бадай няўлоўнага метафізічнага голаду ўсходніх водараў.
Ля ўваходу яе вітае па-бутафорску паважны факірмалады прыгажун у расшытай рознакаляровымі шклянымі перлінкамі чалме і з нейкімі малюнкамі на твары. Расчыняючы перад ёй дзьверы, ён робіць элегантны жэст правай рукой і прамаўляе на кепкай ангельскай, такім тонам, які не дазваляе ўсумніцца ў ягонай шчырасьці:
– Or, dear lady, you`ll be the most beautiful pearl of our modest cafe!
Пачуўшы такі каплімент, дзяўчына ня стрымлівае задаволенай усьмешкі. І, кіўнуўшы галавой у знак падзякі, ужо заносіць сваю ножку, каб пераступіць парог, калі факір прамаўляе яшчэ адну фразу:
А, кстати, слышь, ты с какого, вообще, района? Может, стрелку после работы забьем, а?
У гэты момант яна заўважае дзіўную рэч: Гімалаі, якія, здавалася б, яшчэ хвілінай таму былі далёка на даляглядзе, прыкметна наблізіліся, а падсьвечаная паходнямі лесьвіца бажніцы, што замыкала персьпектыву вулачкі, распасьціраецца цяпер ледзьве не ля самых яе ног.
Безумоўна, такія акалічнасьці можна ўспрымаць за аптычны падман, або глюкі ашалелай ад шчасьця дзяўчыны, або, можа, нейкія вынаходлівыя хітрыкі мясцовай індустрыі забаваў, ды ня надта гэтым усім пераймацца. Балазе, гармідар усходняй вуліцы ўсё яшчэ вабіў рашчапіцца ў паўсюднае бесклапотнае весялосьці.
Яна застыла на самым парозе кавярні, на ейным тварынават не здуменьне, а, хутчэй, чаканьне. Капрызьліва высунуўшы ніжнюю губку, яна чакае, пакуль усе гэтыя глюкі скончацца і можна будзе працягваць свой поўны дробных прыемных прыгодаў праменад. Ёй вельмі хочацца, каб гэта здарылася як мага хутчэй. І яна ня мае нікага жаданьня зважаць на тое, што адбываецца акурат адваротнае.
Але ўрэшце персьпектыва парушаная ўшчэнт, і яна адчувае сябе ўнутры вялізнага квадрата, грані якогау тым ліку, і расквечанае россыпам яркіх зорак паўднёвае неба, – імкліва ідуць на збліжэньне. Усе сустрэчныя жыхары Катманду, гэтыя вулічныя гандляры нейкімі ўсходнімі слодычамі, цёмнавалосыя маладзенькія прастытуткі, бесклапотныя мясцовыя дэндзі ў саламяных капелюшах і амерыканскія турысты з вечна разяўленымі ад зьдзіўленьня белазубымі ратамі, кудысьці зьнікліможа, яны пасьпелі ўцячы праз прарэхі паміж шчытамі, якія менеюць з кожнай секундай?
Так, цяпер няцяжка заўважыць, што ўсе гэтыя краявіды, якія выклікалі ў яе столькі захапленьня, насамрэч намаляваныя на кавалках фанеры. Мастак-дэкаратар яўна не вызначаецца прафесіяналізмам, і таму твары людзей, якіх яна бачыла на заднім плане, маюць брудна-шызае адценьне. Іх рысы, ненатуральныя нават з улікам экзатычнасьці. Зблізу назваць прыязнымі выразы гэтых грызлаў з прыкметамі імбецылізму ні ў кога язык не павернецца.
Яна разумее, што здарылася нешта непамыснае, і зьніякавела застывае на месцы. Потым, схамянуўшыся, спрабуе ўцякчы. Бясплённа торкаецца ў намаляваныя на фанеры дзьверы кавярняў і крамак, спадзеючыся, што, нібы ў якой добрай казцы, адна з іх раптам апынецца сапраўднай. Спрабуе вызначыць гэты адзіны ратавальны шлях сваім заўсёды такім прыдатным да разгадваньня розных жыцьцёвых пазлаў і квэстаў розумам. Але ўсё марнапра ратавальныя шляхі, якія мусіць знайсьці гераіня з дапамогай сваіх аналітычных здольнасьцяў або чарадзейных падказак, аўтар гэтага пачварнага сюжэту зусім не парупіўся. Пэўна, такія павароты проста не ўваходзілі ў ягоныя планы.
У адчаі яна з усяе моцы грукае кулаком па дзьвярах, вокнах, зіхоткіх шыльдах, што ня так даўно абяцалі столькі простых чалавечых радасьцяў. Гулкія гукі становяцца ёй адказам.
За фанернымі шчытамі нягучна перамаўляюцца паміж сабою работнікі сцэны. Словаў яна разабраць ня можа, але ў іх грубых галасах чуваць незласьлівыя кпіны. Ейныя ноздры няветліва кранае агідны пах цыгарэт бяз фільтру. Шчыты сягаюць ажно да столі, да самых каласьнікоў, на якіх цяпер відаць розныя неведомыя ёй механізмы: неба ўжо кудысьці зьнікланапэўна, праз нейкую тэхнічную непаладку.
Мужыкі прасоўваюцца наперад нясьпешна, у іх рухах адчувальная сапраўдная ўпэўненасьць прафесіяналаў. Рыпеньне жалезных колаў, становіцца ўсё гучнейшым.
Калі, страціўшы ўсялякую надзею на ўратаваньне, яна ўжо зьмірылася з лёсам быць расплюснутай паміж гэтымі шчытамі бы жаба, аднекуль згары раптам даносіцца каманда ў мегафон: “Ну ўсё, на сёньня баста!”. Працоўныя адразу спыняюцца ды пераводзяць дых. “Як-ніяк, Дзень тэатру, я на вечар спазьнюся ў Палац Рэспублікі, а там жа яшчэ і банкет” – тлумачыць голас.
Шчыты ізноў адсоўваюцца, рабочыя, гамонячы, запальваюць па новай і ідуць перапранацца ў падсобку за кулісамі, сьвятло пражэктараў гасьне, і неўзабаве наступае поўная цішыня.
Яна застаецца адна пасярод вялікай сцэны, на якой там-сям бязладна высяцца дэкарацыі да гэтага ды іншых сьпектакляў. Потым сядае на яе край і пачынае тупа ўглядацца ў пустую тэатральную залу. Хочацца згадаць нешта добраенапрыклад, пра адпачынак з мамай у іх вёсцы пад Бялынічамі або першы пацалунак з рудым Сяргеем, – ды нічога ў яе не атрымліваецца...