12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ілля Сін

_____________________
BDSM. Апавяданне


Адэля выйшла з вагону метро роўна а палове на пятую. Сэнсарная памяць узнавіла пах, які сыходзіў з рота няголенага дзядка ў дзівосным лапсердаку. Пальцы працягвалі адчуваць халадэчу жалезных парэнчаў. У роце чамусьці быў такі прысмак, нібы хвіліну таму яна іх лізала.
Едучы на эскалатары, Адэля ўбачыла рэкламу новага касметычнага салону. Потым на ўсялякі выпадак зняла заплечнік і спраўдзіла, што лаптоп на месцы. Зірнуўшы ўніз, яна пабачыла пляму бруду на калашыне сваіх джынсаў. На шчасце, набытыя ўчора чорныя боцікі на маленькіх абцасах засталіся чысцюткімі. Кінуты на іх позірк стаў лёгкай ін’екцыяй задавальнення і самаўпэўненасці.
Да прызначанага часу заставалася яшчэ палова гадзіны. Значыць, можна было не спяшацца. Наўпрост над тварам Адэлі высіўся пляцак з надпісам “Just a part of the human*”. Цікава, што ляжыць у гэтым плецаку? – падумалася ёй.
Калі Адэля паднялася на зямную паверхню, ёй здалося, быццам паветра стала клейкім і вільготным. Нібыта ягоныя павевы наліпалі на ейную скуру, атачалі і падступна выкарыстоўвалі ўсе прадугледжаныя прыродай складкі і выгіны. У гэтым месцы цясніны трэба было рухацца асцярожна, пераступаючы босымі нагамі праз бетонныя блокі закінутай электрастанцыі. Сонца ўжо заходзіла, пакідаючы на паверхні мора інтрыгоўны бляск. Навокал нікога не было. Цёплая шурпатая матэрыя лагодна дакраналася да ейных ног.
Нейкі бээрэсэмаўскага выгляду маладзён зачапіў яе сваім дыпламатам, прабягаючы міма. Адэля нязлосна вылаялася.
Гопнікі, якія дыхалі півам у патыліцу Адэлі, абмяркоўвалі свае апошнія сабспэйсы, атрыманыя ў кампаніі нейкіх нафарбаваных і брыдкаслоўных цёлак.
Барэльеф, што ўпрыгожваў уваход у станцыю, пачаў ужо асыпацца, постаці медных герояў даўно пазелянелі. Рука аднаго з іх сціскала вінтоўку. Адзін палец на ёй адсутнічаў. На мангалоідным твары жаўнера, які звысоку ахопліваў позіркам тлум ніжніх сфераў, чыталася відочная туга.
Ля выйсця з падземнага перахода ў натоўпе ўтварыўся затор. Пару хлопцаў цягнулі бутафорскую труну, і раптам ейнае вечка зрушылася з месца і павалілася на асфальт. Мінакі былі незадаволеныя вымушанай затрымкай.
Ззаду прыціскала нейкая ўзброеная рулонам шпалераў бізнэс-вумэн – або, дакладней, дзелавая цётка. Падчас аднаго з яе паступальных рухаў змакрэлы ад поту Адэлін смочак пяшчотна прыціснуўся да майкі і шаргануў уніз-уверх.
За тыя пятнаццаць хвілінаў, якія Адэля правяла ў нетрах зямлі, на вуліцы паспела сцямнець. Асвятленне пакуль не ўключылі. Гэта былі самыя цікавыя хвіліны жыцця горада – час, калі яго краявіды станавіліся дэкарацыямі для нейкай фантасмагарычнай дзеі. Але ейныя магчымыя героі зусім не скарыстоўвалі такіх выгодаў. Дзея навокал нагадвала здымкі рэкламы курынага булёну. Відавочна не хапала саспэнсу.
Адэля без ваганняў нацягнула гэты прадмет сабе на галаву.
Быў лістапад. На вуліцы пахла шапікам “Хутка-смачна”. Кошт барэлю нафты сёння перасягнуў адзнаку 1987 года.
Адэля машынальным жэстам выкінула ў сметніцу ладны камяк рэкламных флаераў, які назбіраўся ў яе далоні на адлегласці ад станцыі метро да рога вуліцы. У нейкае імгненне яна раптам усё яшчэ ішла басанож па бязлюднай цясніне.
Ля ўніверсаму да яе звярнуўся нейкі дзядзька з банальнаю прапановай, але Адэля зрабіла выгляд, што валодае толькі азбукай глуханямых.
Збочыўшы на ціхую вулачку, Адэля ўзіралася ў нумары дамоў, каб не прапусціць патрэбны дом. Ім аказаўся тыповы для яе гораду адміністрацыйны будынак з няўцямнай шыльдай “Мінгарбарбан”. Праз брудныя шкляныя дзверы з фае трапляла шызаватае святло. Выдыхнуўшы, можна было ўбачыць перад сабою слуп вільготнай пары. Са сметніцы ля самых дзвярэй тырчэў кавалак шлангу ад супрацьгазу ўзору 1939 года.
Крыху патаптаўшыся на ганку і хутка спраўдзіўшы ў люстэрку макіяж, Адэля пацягнула на сябе жалезную ручку дзвярэй. Вахцёр у сваёй каморцы па самыя вушы занурыўся ў апошні нумар “Камсамолкі”, таму паведамляць яму пра мэту візіта было выключна фармальнай ветлівасцю.
Боты Адэлі мякка краналіся парудзелага лінолеўму калідору. Вульгарныя ружы чамусьці вельмі добра дапасоўваліся да навакольнае цішы. Дзяўчыне здавалася, што гэтая ціша мае пах... не, хутчэй, нават смак, які можна адчуць, высунуўшы язык. Быццам прыгарэлая аўсянка – не зусім прыемна, але ў нечым міла. Паўз вокны праехаў тралейбус, і бруднаватыя шыбы пераламілі святло ягоных фар. Адна з фрамугаў акна была адчыненая. У гэтым месцы промні траплялі ў сапраўдную пастку, спараджаючы дзівосную сукупнасць адлюстраванняў. Адэля на імгненне спынілася, каб палюбавацца тым бяскрыўдным узорам тыражавання рэальнасці.
Кабінет №87 быў акурат насупраць. Са шчыліны ў дзвярах падаў струменьчык святла. Убачыўшы Адэлю, барадаты мужчына, які сядзеў за сталом, хуценька згарнуў кампутарны пасьянс – як быццам, ён займаўся чымсьці недазволеным.
Праз палову гадзіны, калі Адэля, асцярожна зачыніўшы за сабою дзверы, ізноў апынулася перад тым самым вакном у калідоры, светлавая гульня была яшчэ больш дынамічнай. Па вуліцы адна за адной рушылі машыны, і калі яны праміналі Т-падобнае скрыжаванне, сцены калідору, завешаныя нейкімі ідэалагічна састарэлымі плакатамі па грамадзянскай абароне, ажыўляліся даўгімі ценямі. У насамрэчным існаванні прадметаў, якія іх пакідалі, Адэля ў гэты момант моцна сумнявалася.
Дзяўчына зірнула на гадзіннік і заспяшалася да выйсця. Пад самым пупком у яе трохі пякло – мабыць, скура ў тым месцы была ладна сцёртая. Ейныя абцасы з глухім віскам угрызаліся ў лінолеўм. Святло ў калідоры ўжо было прыглушаным, і гэта сведчыла пра тое, што нарматыўны працоўны дзень скончыўся.
Адэля рэфлекторна ўздрыгнула, калі ў адчыненую фортку, што бязладна боўталася дзесьці на ейным шляху, раптам уварваўся вецер.
Халадэча заўсёды ўяўлялася ёй трохі іншай.
– Алё, ну прывітанне! – не зусім шчыра выказала яна сваё задавальненне з той нагоды, што мабільнік у кішэні курткі раптам забіўся ў канвульсіях.
Званок быў трохі не па адрасу, але Адэля не стала тлумачыць дзяўчыне, што тая памылілася нумарам. Замест гэтага, куды прасцей было агучыць набор фразаў, які ў іхнім універсітэцкім падручніку па замежнай мове змяшчала практыкаванне №57.
Выйшаўшы на вуліцу, Адэля рушыла паўз прыпынак. Ейнае прасоўванне наперад аказалася даволі праблематычным. У маналітным, на першы погляд, натоўпе пасажыраў віраваў броўнаўскі рух. Офісны планктон, які пятнаццаць хвілінаў таму адчапіўся ад сваіх скалаў, разгублена матляўся ўзад-уперад, не ведаючы, што рабіць з неспадзеўнай свабодай.
Ледзь не збітая з ног хлопцам у па-вясковаму гламурным паліто, Адэля кінулася ў пошуках ратунку да шэрага мура нейкага НДІ, які цяпер быў пераўтвораны ў вулей розных фірмачак. Прыпаўшы да бетону амаль ушчыльную, можна было перадолець жывую перашкоду. Увесь час Адэлю не пакідала цьмянае пачуццё віны.
На скрыжаванні ейны позірк выхапіў новы бігборд з чарговым узорам сацыяльнага крэатыву: “Калі ў адносінах ваніль – твае адвагу й гонар пакрыла гніль”.
Ногі паспелі прамокнуць, і цяпер самым лепшым было схавацца ў якойсьці цёплай клаацы. Пасля нядаўніх падзеяў кубак эспрэса быў бы цалкам да месца. Таксама вельмі хацелася чагосьці салодкага. На шчасце, у кавяраньцы, шыльда якой зіхацела акурат леваруч ад Адэлі, аказалася не надта шматлюдна. За барнай стойкай стаяў дэмакратычна апрануты фацэт з завушніцай у носе.
Апынуўшыся ізноў на вуліцы, Адэля перш-наперш адшукала ў кайстрачцы жуйку. Яна ведала, што пах з роту такім банальным чынам ужо не суняць, але... Зрэшты, многіх ён нават узбуджае.
Потым яна зрабіла свой здымак на мабільны тэлефон – у цемры ён быў куды больш функцыянальны за люстэрка. Па-над верхняй губкай засталася тонкая палоска адпаведнага колеру. Выцершы яе вільготнай сурвэткай, Адэля заўважыла і яшчэ адзін непажаданы след: плямку ад ванітаў на куртцы.
У якасці суцяшэння, яна падумала, што сабспэйс пятай катэгорыі даводзіцца перажыць не кожнаму. Але тут жа паўшчувала сябе за такую суб’ектыўнасць ацэнак: думаць пра пятую ў дадзеным выпадку было, прынамсі, празмерна. У калюжыне, у якую Адэля акурат толькі што неспадзеўкі ступіла, сярод некалькіх рамантычных кляновых лісткоў і пачака ад “Winston Lights”, узвышалася цельца мёртвага кацяняці.
Падыйшоўшы да латка з садавінай, Адэля працягнула руку, каб узяць яблык, але ж гэта была толькі вонкавая форма.
На прыпынку не было ні душы. Калі “Ікарус” прышвартаваўся да броўкі, не выпадала сумнявацца ў тым, што ён едзе ў парк.
– Вам куды? – запытаў яе кіроўца. Але Адэля моўчкі працягнула яму купюру, а потым узяла квіток.
Яна думала заняць сваё ўлюбёнае месца наперадзе, адкуль добра праглядалася вечаровая шаша, але чамусьці пасунулася ў сярэдзіну пустога салону. Ацяпленне не было ўключана. Адэля ўціснулася ў рыпучае крэсла і схавала далоні ў рукавах.
Тканіна, якая абцягвала спінку крэсла, мела крацістую фактуру. Нібыта аркуш са школьнага сшытка. Або сцяна з кавалачкаў цукру. Або арэна фінала міжнароднага чэмпіяната гульні ў “крыжыкі-нулікі”. Дзе-нідзе на тканіне праглядаліся дробныя плямкі, падобныя да слядоў якіхсьці невядомых навуцы інсектаў. Хвіліну ці дзве Адэля выразна адчувала сябе адной з іх.
Адэля ўзіралася ў вакно, няўважліва націскаючы пімпачкі мабільніка. Потым ізноў прааналізавала сваю новую фрызуру і знайшла свежыя аргументы на яе карысць.
У яе было прадчуванне хуткай прастуджанасці. Здавалася, што цела вось-вось страціць сваю гнуткасць, зацвярдзее – нібы ў той казачнай гераіні, імя якой Адэля не памятала. Яна злёгку патрэсла галавой, каб выкінуць адтуль гэтую фобію.
Адэля прыціснулася ілбом да шыбы. Але шкло было халодным і вільготным, і тады яна падсунула пад свой лоб фіранку. Здавалася, быццам іх шлях ішоў праз горад ценяў.
Аўтобус абыякава прамінуў пустэльны прыпынак на нейкай цёмнай вулачцы. Пад бляшаным казырком, на які ліўся халодны дождж, хаваўся самотны вандроўнік у спартыўных портках і скуранцы, падобны да Рабінзона. Адэлі закарцела памахаць яму рукой, але гэты жэст быў бы ўспрыняты як кпіны.
Адэля падключыла да мозгу два драточкі і знайшла ў меню плэера альбом Леанарда Коэна. Прамоклыя ногі маглі ў любы момант пераўтварыцца ў ледзякі. Калі яна пераступіла гэты парог, у яе была дзіўная ўпэўненасць ва ўласнай самадастатковасці.
Галава трохі балела, да таго ж, драпіна над пупком, змазаная “зялёнкай”, адчувалася пры кожным найдрабнейшым руху. Адэля спрабавала ўспрымаць неспадзеўны экскурс ва ўласную цялеснасць з належнай пакорай, але, як заўсёды, не давала гэтаму рады.
Аўтобус пакінуў ззаду апошнія шматпавярхоўкі ўскраінных мікрараёнаў і выехаў на шашу. Фары сустрэчных машынаў, што несліся на шалёнай хуткасці, праціналі яго наскрозь. Заплюшчыўшы на хвілінку вочы, Адэля ўбачыла, як паветраны змей, падхоплены ветрам, узняўся па-над зялёнымі ўзгоркамі.
Кіроўца ўрубіў радыё. Адэля пачувалася так, быццам да іспыту засталося ўсяго паўгадзіны, а яна не паспела падрыхтаваць яшчэ добрую палову пытанняў. Потым іспыт трансфармаваўся ў нейкую дзіўную медкамісію: магчыма, менавіта на такіх радах надаюць права называцца самавітым словам “чалавек”?
Адэлі чамусьці вельмі захацелася патрапіць у “Макдональдс”: тлум, дзіцячыя балонікі, пах печанай ежы...
Па тым баку шыбы слізнула кропля. Бы збіты бамбавік, яна паволі апускалася долу, абіраючы надзвычай пакручастую траекторыю і марна сілячыся парушыць закон зямнога прыцягнення.
Адэля адказала на званок. Ейны голас чамусьці не здаваўся ёй уласным.
Аўтобус раптам збочыў на нейкую вузенькую “дачную” дарогу, зусім пустую ў такі несезонны час. Кіроўца заглушыў матор, выключыў фары і скіраваўся да адзінай пасажыркі, на хаду расшпільваючы гузікі джынсаў. У ягонай правай руцэ быў пакунак з лагатыпам сеткі супермаркетаў, з-пад цэлафану пачулася пагрукванне. Адэля адразу адзначыла, што сплаў быў яўна не з самых дарагіх.
Праз якіх дваццаць хвілінаў кіроўца развярнуў аўтобус і, выціскаючы з яго матору ўсё, на што той быў здатны, ірвануў назад на шашу. Графік усур’ёз падціскаў.
Ты, душа мая, манiлася збудаваць сабe вeжу i заснаваць крэпасць для тваix грэшныx жаданняў...*
Дождж лупіў ужо не абы-як. Адэля раптам згадала, што не зачыніла вакно на гаўбцы. Значыць, па вяртанні яе ізноў чакае калюжына на дыване.
...калi б Твoрца нe змяшаў усe тваe намeры i нe разбiў, кiнуўшы вoбзeм, задумы тваe.
Адэля ізноў уключыла музыку, замяніўшы Коэна на Мэрліна Мэнсана. Але пасля першых жа гукаў скрывілася і з усяе моцы націснула вялікім пальцам клавішу “стоп”. Кісць правай рукі ўсё яшчэ адчувала стому, хаця Адэля гэтым разам старалася асабліва не высільвацца.
– На свет мы прыходзім таксама мокрымі, – чамусьці падумалася ёй.
Аўтобус з дзікім вуркатаннем абганяў фуру з польскімі нумарамі. На якія пару імгненняў твар Адэлі апынуўся ўпоравень з засяроджанай вусатай пысай дальнабойшчыка. Яго аголеная постаць выпраменьвала адвагу: нібыта ён быў карсарам, які кінуў выклік лёсу і паплыў супраць ветру. Па іголках, што тырчэлі са скуры, поўзалі дробныя водбліскі.
На падлозе пад Адэліным крэслам валялася ссохлае цельца мухі.
Аэрапорт у гэты вечаровы час здаваўся даўно закінутым. На электронным табло ў паўцёмнай і халоднай зале быў пазначаны толькі адзін рэйс. Да пачатку рэгістрацыі заставалася яшчэ хвілінаў дваццаць. Адэля доўга шукала па кішэнях дробязь, каб набыць сабе кавы ў аўтамаце, а потым дастала з заплечніка ноўт. Самы час быў скарыстацца з бясплатнага Wi-Fi.
Апрача Адэлі, гэтым рэйсам ляцела адно пажылая дама, якую, мяркуючы паводле ейнай знешнасці, хутчэй, выпадала называць фрау. У чаканні рэгістрацыі, яна пляла бізун са скураных нітачак. Пакуль загружаўся “Windows”, Адэля ўпотайкі назірала за ейнымі метадычнымі ахайнымі рухамі.
Без асаблівага энтузіязму, Адэля адкрыла ЖЖ, адкаментавала пост пра выкарыстанне сабачага электраашыйніку, потым пацікавілася сваім рэйтынгам на ўніверсітэцкім конкурсе грудзей. Аднагрупніца з Калінкавічаў апярэджвала яе на цэлых 8%.
“Змаганне?” – падумала яна раптам праз якую хвіліну.
“Як раз’юшаны бык...” – пранеслася потым у яе галаве. Або, можа, як статак свіней, што лятуць са стромы ў мора?
Тым часам, ужо абвясцілі пасадку. У каморцы, дзе адбываўся асабісты дагляд, акурат здымалі нейкі порнафільм, і таму памежнікі асабліва не выкарыстоўвалі ў дачыненні да яе сваё службовае становішча. Адказ на дзяжурнае пытанне “Над кім вы дамінуеце?” быў ёю загадзя добра прадуманы, і гэтым разам ён не стаў прычынай для дачэпак. Калі Адэля без запінкі назвала пяць прозвішчаў і адрасоў, яе ветліва перапынілі.
Адэля ўважліва разглядала боты на нагах у якогасьці лейтэнанта. Ёй падабаліся доўгія мыскі, хаця цяпер іх усе чамусьці лічылі маветонам. Атрымаўшы пашпарт і прамовіўшы казённае “спасіба”, яна няспешна зрабіла першыя крокі па нічыйнай тэрыторыі.
Потым Адэля нейкі час узіралася ў вакно. На ўзлётнай паласе гарэлі рэдкія агеньчыкі, утвараючы адмысловы парадак. Непасрэдна ля выхаду з тэрмінала назбіралася купка пажоўклага лісця. Міма правуркатаў дзіўнаваты агрэгат з вострым носам.
Адэля злавіла сябе на думцы, што яна не ведае, куды прышчапіць гэты момант, ён быў нейкім бастардам, адлучаным ад усяго астатняга – ад усёй сукупнасці яе ўяўленняў пра жыццё.
Разгарэўшыся гнeвам за бeззакoннi ix, Гoспад паслаў агoнь з нeба i спалiў Садoм. Ты ж, душа мая, распалiла агoнь Гeeны, у якiм сама згарыш.
– І якім смярдзючым будзе гэты агонь, – яе вусны ледзь варухнуліся.
Думкі пра вячэру, што ўваходзіла ў праграму палёту, выклікалі доўгачаканы прыліў станоўчых эмоцый. Вельмі хацелася какавы, і яшчэ печыва, намазанага маслам. Чамусьці згадаўся піянерлагер пад Баранавічамі: зялёная трава, вытаптаная аматарамі футболу са старэйшага атраду, пах прыгарэлага малака ў сталоўцы, рызыкоўныя спецаперацыі з цюбікам зубной пасты ў руках.
Пару крокаў па асфальце – і яна раптам правалілася ў непрыкметную выбоіну, поўную гразі. З даху зацурчэў струменьчык вады – акурат за каўнер. Адэля войкнула і засмяялася – нечакана нават для сябе самой.
Перад тым, як прывязаць яе да жалезнага крука, прадбачліва ўмантаванага ў столь, мужчына ветліва прапанаваў гарбату. Адэля ведала, што этыка прадугледжвае наладжванне вербальнага кантакту паміж партнёрамі. Але замест гэтых пустых балбатанняў, яна палічыла б за лепшае пачытаць канспект па замежнай літаратуры. Не хацелася губляць час дарэмна.
На правым запясці пасак быў зацягнуты надта туга. Аголеная спіна ледзь не краналася да абіўкі крэслаў – столь у самалёце зусім нізенькая. Адэля трохі павярнула галаву, каб убачыць салон у нязвыклым ракурсе. Яе валасы, што здаваліся цяпер свінцова цяжкімі, сталі імкліва перамяшчацца ў паветры. Пасак яшчэ глыбей урэзаўся ў скуру.
Хвілінаў праз сорак сцюард пайшоў у прыбіральню змываць Адэлін залаты дождж (кроплі запэцкалі ягоную форму; адна з іх нібы застыла наўпрост на бутафорскім пагоне). Адэля, нарэшце, магла ўгледзецца ў ілюмінатар. За ім былі цёмныя аблокі, а ўнізе агні нейкага гораду.
Нячыстыя думкі падказваюць розуму майму салодкія рэчы. Але як толькі пакаштую іх, дык знаходжу поўнымі горычы.
У роце быў такі прысмак, нібы яна толькі што з’ела пратухлае яйка.
Крыжаванка змяшчала пытанне: месца, дзе знаходзяцца халодныя непарушныя целы, дзе ніхто не саромеецца нядбайна нафарбаваных вуснаў, дзе боль стаў абстрактнай катэгорыяй, дзе ніхто ўжо не баіцца памерці. Адэля адклала газеціну ўбок.
Пад руку своечасова патрапіўся жаночы часопіс, які авіякампанія прапаноўвала пасажырам. Адэля ўзялася за чытанне падрабязнага даследвання хімічных алоўкаў і пастанавіла пры нагодзе абавязкова абнавіць касметычку.
Потым Адэля з прыемнасцю аглядала свае зграбныя ногі 36-га памеру, абцягнутыя далікатнымі панчохамі. Павольна паварушыла пальцамі. Ступакі заўсёды здаваліся ёй самай эратычнай часткай цела. Ажно захацелася іх пацалаваць. Але ж гэтую здольнасць яна страціла яшчэ ў далёкім дзяцінстве.
Наступны артыкул быў прысвечаны модзе на ахвярапрынашэнне немаўлятаў, якая ў гэтым сезоне адрадзілася ў лепшых клубах Ібіцы. Матэрыял змяшчаў багата ілюстрацый, здатных абудзіць фантазію: неонавыя статуі Баала, мора спецэфектаў, дыджэйскія сеты, якія, па заведзенай яшчэ да нашай эры традыцыі, заглушаюць дзіцячыя крыкі... Але Адэлю з усяго гэтага хваляваў перадусім пошум мора. І, вядома ж, цеплыня.
Самалёт ляцеў недзе па-над Польшчай. Яна выцягнула з заплечніка набытую ў дз’юці фры пляшачку рому. Не хацелася пазбаўляць сябе рэдкіх задавальненняў. Ці здолею я ізноў пераўтварыць у свой дом гэтыя абгарэлыя коміны?
Некалькі хвілінаў бесклапотнага забыцця ў сне раптам перапыніла старэнькая фрау. Яна ветліва звярнулася да Адэлі з прапановай выпрабаваць свой скураны выраб. Адэля ўключыла дурніцу і зрабіла выгляд, быццам не разумее нямецкую. І тут жа падумала, што ў яе няма замежнай дробязі: усе грошы былі толькі ў буйных купюрах.
Хакейны брамнік у тэлевізары рабіў няўклюдныя рухі сваёй клюшкай, хочучы выглядаць сапраўдным прафесіяналам. Але шайба ўрэшце ўляцела ў сетку – пад незадаволены рокат трыбун.
Заплюшчыць вочы. Не спяшаючыся, прамовіць пра сябе свой нумар ICQ... Два... Восем... Чатыры... Дзевяць... Звычайна, практыкаванне дапамагала. Але не гэтым разам.
У аэрапорце было, як заўсёды, тлумна. Цягнучы свае валізкі, міма прайшла група ізраільскіх турыстаў. Яны шматслоўна абмяркоўвалі дэталі падарожжа. Мяркуючы па іхнім адзенні, тэма надвор’я за вакном іх пакуль што не надта хвалявала. Але першы дотык рэчаіснасці наўпрост да скуры меўся адбыцца ўжо праз хвіліну.
Адэля па-ангельску павіталася з таксістам і працягнула яму паперку з адрасам. Дзеля таго, каб адчапіцца ад яго прапановаў, ёй нават не давялося прыкідвацца шызафрэнічкай. Напэўна, гэты цяльпук і сам зразумеў, што банальны іголкавы асартымент не адпавядае ейнае ролі.
Калі Адэля адчула, што да патрэбнага ёй месца ўжо блізка, яна папрасіла кіроўцу прыпыніцца на ўзбочыне вузенькай вуліцы ў старым горадзе. Балазе, час яшчэ дазваляў.
У жыцці маім я палюбіў рэчы гэтага свету больш за свабоду, і цяпер, Збавіцелю, яны ляглі цяжкім ярмом на мяне.
Ад няма чаго рабіць, Адэля купіла пакуначак смажаных каштанаў. Але паветра вакол па-ранейшаму здавалася ёй трохі чужым. Каштаны апынуліся ў найбліжэйшай сметніцы.
Тут было значна цяплей, чым на радзіме. Дзе-нідзе ля кавярняў яшчэ заставаліся столікі – праўда, спрэс пустыя. Адэля з задавальненнем зрабіла першыя крокі па старадаўняй брукаванцы. Яна слаба арыентавалася ў гэтых вузкіх вулачках, але цалкам разлічвала на сваю інтуіцыю.
У музеі пахла сабачкамі. Незразумела, чаму.
Адэля ўбачыла афішу: “Джузэпэ Вэрдзі. Аіда”. Падышла бліжэй, каб прачытаць склад выканаўцаў, але ж без акуляраў гэта не атрымалася.
Ля ўваходу ў вялікі будынак ужо тоўпіліся людзі. Яны млява прасоўваліся ўнутр, у залітае святлом жырандоляў фае, пазбаўляліся ў гардэробе вопраткі і, групуючыся ў чародкі, пра нешта няспешна перамаўляліся. Напэўна, дзяліліся перадуражаннямі аб будучым відовішчы або, карыстаючыся нагодай, вырашалі свае бізнэс-справы.
На дзвярах Адэля прыкмеціла шыльдачку, якая на некалькіх мовах паведамляла, што ўсе квіткі на сённяшні вечар ужо прададзеныя.
Адэля працягнула кантралёру на ўваходзе свой запрашальнік. Той доўга ўнікаў у змест крэйдаванай паперчыны, урэшце прамовіў нешта на незразумелай для Адэлі мове. Потым патлумачыў на кепскай ангельскай, што ёй трэба праз службовы ўваход. Гэта як выйсці, адразу направа, за рог будынка, і там у другія дзверы.
З цяжкасцю адчыніўшы іх, Адэля нос да носу сутыкнулася з пажылой кабецінай на шпільках і ў дзелавым касцюме. Гэта было нават не звыклае “дабрадушна-еўрапейскае прывітанне” – кабета ледзьве не кінулася да Адэлі ў абдымкі. “My name is Jeanna, – тут жа назвалася яна. – Feel free to call me just Jeanna*”. Збянтэжаная і змерзлая Адэля хацела выявіць нейкія эмоцыі ў адказ – або, прынамсі, паведаміць сваё імя, -- але, як высветлілася, у гэтым не было ніякай патрэбы.
У наступны момант яна адчула сябе акружанай усеагульнай увагай. Не паспела Адэля дапіць свой кубак гарбаты, як ёй тут жа паслужліва прапанавалі кілішак “Hennessey” (“Прабачце, мы не памыліліся, гэта акурат той, што быў замоўлены ў вашым райдэры?”). Адэля хутка сагрэлася і павесялела. Карцела пагаманіць з кімсьці, хаця б з той самай Жанай, абмеркаваць з ёю апошні фільм Таранціна.
Замест гэтага, Адэлі падсунулі плюшавую балванку з лагатыпам невядомага ёй тэлеканалу і прымусілі сказаць пару словаў пра палітычнае становішча ў краіне. Праз хвіліну над ейным тварам ужо шчыраваў грымёр. У люстэрку, якое дзівосным чынам з’явілася перад ёю, Адэля бачыла, як ейныя вочы робяцца большымі за кошт касметычных хітрыкаў. Неўзабаве яна заўважыла ў сваім абліччы неўласцівую для яго гераічнасць.
Пасля таго, як ейныя валасы былі згрупаваныя ў два банальныя хвосцікі, Адэля, нарэшце, магла пазбыцца мокрага абутку. Скура ейных ступакоў з задавальненнем дакранулася падлогі. Адэля нават сама не заўважыла, як засталася ў адных майтках. Жана пяшчотна прашаптала ёй штосьці на вушка, потым яе вусны плаўна праплылі па спіне Адэлі ўніз, спыніліся па-над самымі ягадзіцамі і пакінулі там след ад укусу.
Адэля папрасіла яшчэ кілішак каньяку. Атрымаўшы яго, яна адчула ледзь прыкметны дакор у позірку.
Цяпер на Адэлі была нязручная доўгая спадніца і кашуля ў этнаграфічнай стылістыцы. На ейным твары з’явіліся сляды ад румянаў, вусны сталі безгустоўна чырвонымі – пасля каманды, атрыманай ад лысаватага няголенага дзядзькі, якога ўсе тут слухаліся, бы генерала.
– Праз пяць хвілінаў! – тут жа пераклалі ёй голас, які прагучаў па рацыі Жаны.
Адэля адчула нязвыклае для сябе хваляванне. У ейнай руцэ раптам апынулася нешта цяжкае і халоднае.
– Усё, мая даражэнькая, жадаю табе поспеху, – прамармытала Жана. – Давай бліжэй, хадзем во сюды.
Тут была прыемная цемра, ад якой Адэлю кідала ў доўгачаканы сон. Наперадзе, літаральна ў якім метры, было гучна, вочы слеплі ад незлічоных пражэктараў – як здавалася, адумысна скіраваных наўпрост у твар. Адэля машынальна праверыла вастрыню ляза свайго мяча.
Адэлі карцела застацца тут, у гэтай утульнай і ратавальнай цямрэчы. Аднак рукі Жаны, як выявілася, былі куды мацнейшымі, чым тое можна было падумаць.
Адэля была выштурхнутая ў самы цэнтр гладкай і роўнай прасторы. У яе было трохі часу, каб агледзецца. Дзесьці наперадзе, літаральна ў дзесяці метрах, усё абрывалася. Хіба толькі па водблісках ад чыіхсьці акуляраў можна было ўцяміць, што менавіта там знаходзілася глядзельная зала. Дзесьці ззаду былі сфінксы і храмы, зробленыя з дошак і фанеры.
Трэба было некуды рухацца. Трэба было нешта рабіць. Апладысменты з боку залы змяніліся напружлівай, бадай асуджальнай цішынёю.
Адэля разгублена матлялася ўзад-уперад, спрабуючы прызвычаіцца да скіраванага ў вочы святла ды зразумець, што ж ад яе гэтым разам патрабуецца. Нязвыклая спадніца рабіла ейныя рухі нязграбнымі. Пакручастыя віражы аркестра паглыблялі разгубленасць.
Раптам зала ўспенілася авацыямі. Праз імгненне пасля гэтага, Адэля ўбачыла перад сабою імклівую чарнаскурую постаць. Потым перад вачыма прамільгнула лязо мяча.
Адэля здолела ўхіліцца ад удару – мусіць, выключна з прычыны сваёй зляканасці. Ейная рука з мячом машынальна ўзнялася і апусцілася, выклікаўшы дзесьці непадалёк усплеск чужога болю. З залы пачуліся апладысменты.
Па камандзе дырыжора аркестр трохі сцішыў рытм, каб прысутныя маглі адчуць драматычную паўзу – хай сабе і не прадугледжаную Вердзі.
Адэля згрупавалася, каб адбіць чарговую атаку, у ёй паступова стаў прачынацца азарт. Яна паволі кружляла вакол уласнае восі, трымаючы напагатове меч.
З-за кулісаў на Адэлю пазірала Жана, асыпаючы яе няўцямнымі парадамі: “Мачы злева, а потым як прыціснеш, дык... Херач па нагах, херач па нагах!”.
Леваруч Адэля адчула перарывістае дыханне супраціўніцы. Потым два вастрыі ізноў сутыкнуліся.
З гэтай незнаёмай для яе прыладай Адэля паводзіла сябе даволі няўклюдна, але ж і чарнаскурая дзяўчына, мусіць, была ў падобнай сітуацыі. Праўда, яна мела куды лепшую фізічную падрыхтоўку.
Каб адбіць наступную атаку, Адэлі давялося скарыстаць ненавісныя ёй жаночыя прыёмы – уляпіць сваёй суперніцы левай рукой добрую аплявуху, потым драпануць яе па твары і нават паспрабаваць укусіць. Калі гэта атрымалася, зала адразу ажывілася.
Пад даўгія Адэлевы пазногці забіліся мікрачасцінкі чужой скуры. Дзесьці па-над сцягном пачало прыпякаць. Белая кашуля з арнаментам была сапсаваная.
Раптам у яе нешта забуркатала ў жываце – зусім не да месца.
Адэля раптам падумала, што было б някепска змяніць ход гэтай пастаноўкі, насыціць яе большым драматызмам – пра што, відавочна, не парупіўся лысаваты рэжысёр. Са шматлікіх фільмаў Адэля ведала: інтрыга з’яўляецца тады, калі паміж супраціўнікамі ўсталёўваюцца асабістыя сувязі. Якія, у сваю чаргу, немагчымыя без вербальнага кантакту.
Адэля апусціла меч і звярнулася кудысьці ўглыб сцэны. Загадзя тэкстам яе ніхто не забяспечыў, і таму давялося імправізаваць:
– Ты нібыта эфіёпская царыца, што рассякаеш начную цемру борздай ланню. Ды вось толькі куды нясе цябе вецер? Няўжо на пахіленыя слупы электраперадач ля ўскрайны вёскі? (Зала ацаніла гэтую бязглуздзіцу кволым смехам.) Няўжо твой каханы ізноў будзе ў разгубленасці? Калі ён не зна...
Захапіўшыся дэкламацыяй, Адэля зусім забылася пра абарону.
Боль працяў яе трохі вышэй калена. Яна яшчэ падбірала словы па-ангельску, калі ейнае цела пачало свой хуткі рух долу. Шчака Адэлі адчула шурпатую паверхню сцэны. Зблізу яна не выглядала ідэальна чыстай і пахла потнымі шкарпэткамі.
Публіка прыкметна ажывілася. Краем вока Адэля ўбачыла, што вялікія пальцы бальшыні гледачоў былі скіраваныя ўніз. Мулатка эфектна занесла абедзве рукі з катамі над галавой і, пацэліўшы паміж рэбраў, адным моцным ударам літаральна прышпіліла Адэлю да падлогі.
Але ў гэты момант яе засмуціла зусім іншае. Наперадзе чакаў яшчэ і другі акт спектаклю.

Я – мoй уласны iдал, прынoшу шкoду сабe маiмi страсцямi...
Твае рукі крыху ўздымаюцца па-над прасціной, сілячыся зрабіць хаця б які асэнсаваны рух, шоргаюць няўрымсліва па белай шурпатай тканіне. Тваё аголенае цела, спярэшчанае не прадугледжанымі сюжэтам гульні складкамі, выклікае ў цябе нарцысічную агіду. Усе твае жэсты адпавядаюць папярэдне ўзгодненаму сцэнару. Ты навучыўся хутка і дакладна рэагаваць на каманды партнёра.
Bondage & Discipline.
Ты плаўна размазваеш па сваім твары смярдзючае месіва. Для выбару спосабу аплаты націсніце кнопку ў правым куце экрана.
Вучоны мядзведзь пачуў знаёмыя гукі баяна. Публіка прыязна пасміхаецца ды кідае дробныя грошы.
Ён набліжаецца павольна, на пачатку ты млява спрабуеш супраціўляцца. На ягоным твары – маска Баала. Ты драпаеш яго па залатым абліччы, каб гульня была больш эмацыйнай, сціраеш да крыві пазногці. Неўзабаве твае рукі ўжо сцятыя дротам.
Ён зрывае з цябе адзенне. Пасля таго, як у роце апынаецца кляп, тваё падабенства да жывёлы становіцца яшчэ большым.
Дыханне перарывістае. Спярша твае вочы засцяць агні гірляндаў, потым пад пазногці ўгрызаюцца вострыя аскепкі.
Спярша прыемны пах мужчынскай парфумы, потым ты ванітуеш у прыбіральні кіслым малаком.
Спярша хтосьці казыча яе трохі вышэй паясніцы, потым пінцэт пакрысе расчапляе валокны, пранікаючы глыбей у рану.
Спярша ты смакуеш віно з чэрапа playmate №78, потым гіпсавыя абаронцы крышацца наўпрост у тваіх пальцах.
Спярша ўтульнае крэсла ў салоне кінатэатру, потым хтосьці пачынае імкліва працаваць лобзікам.
Спярша Маргарыта апранае ядвабны карсэт, потым ад шурпатай паверхні гнілога баркасу адкалупваюцца пісягі старой фарбы.
Спярша ты думаеш, куды б уставіць слова “сентыментальны”, потым у твой рот запіхваюць мокрыя газеты.
Старайцеся не распырскаць кроў па пакоі, сачыце за тым, каб кроплі не траплялі на дываны, мэблю і г.д. Калі гэта адбылося, трэба выцерці плямы крыві антысептычным растворам і, калі вы знаходзіцеся на вечарынцы, паведаміць яе распарадчыку пра тое, што здарылася. Па сканчэнні ўздзеянняў трэба супыніць крывяток*.
Domination & Submition.
Фашызм плоці, калі ў кожнай малекуле твайго цела сядзіць маленькі фюрэр. Яны ўтрапёна торкаюць за нітачкі, шторазу прымушаючы тваю нервовую сістэму рэагаваць, канцовасці ўздрыгваюць, вучоны мядзведзь пачуў знаёмыя гукі баяна.
Sadism & Masochism.
Грузна абрынуўшыся на канапу, сваёй дупай ты выпадкова зачапіў пульт тэлевізара. На экране з’яўляецца бязгучная карцінка – пара, якая кружляе ў танцы. Камера здымае ў профіль, але ж гледачу ўсё адно зразумела, што на экране толькі адзін чалавек, які раз-пораз паварочваецца да залы іншым бокам – мужчынскім або жаночым.
Карцінка пачынае чэзнуць, і, урэшце, адны толькі палосы. У гэтым ва ўсім няма болю, ані дамінавання, ані скурчаных у ненатуральных паставах дзяўчатак з выдзертымі смочкамі, ані тоўстых лысых японцаў з наборам іголак, ані надпісаў лязом па дагледжанай скуры, ані прыкутых да рабрыстай батарэі рабыняў… Усе выявы сцерліся з тваёй памяці. Як быццам бы, хтосьці адфарматаваў флэшку.
Навокал толькі вада. Навокал толькі вада. Яна абмывае пясок, раз-пораз выносячы туды разнастайныя адкіды чалавечай дзейнасці – у тым ліку, і правы Адэлін боцік са зламаным абцасам. Малекулы твайго цела арганічна спалучацца з вадою, і ты сам не зразумееш, ці гэта проста дотык, або надзіва хуткая дыфузія. Воды Ярдану пацякуць далей, калекцыянуючы людскі грэх ва ўсіх яго магчымых праявах.
І раптам на бераг ракі прыйдзе дзіўны чалавек, які носіць адзенне з вярблюджай скуры і харчуецца макрыцамі ды дзікім мёдам. Ён скажа: “Я хрышчу вас вадою, але з’явіцца Той…”.