12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Сітніца

_____________________
Пазыка ў спадарыні Вечнасці.
Штрыхі да творчага партрэта Уладзіміра Савіча

Затрымайся, імгненне.
Не знікай у прадоннях вячнінаў.
Дай запомніць цябе. Дай сябе ў гэтым часе запомніць.
Бо мы ўсе, як рака, што ракой застаецца той самай,
ды не можа ваду затрымаць ці назад завярнуць,
каб застацца той самай вадою…

Старыя фотаздымкі. Наіўная, часцей неўсвядомленая спроба спыніць імгненне ды вывесці яго з паўсядзённага хлуду ў стан адметнасці і абранасці, гэтым самым нібыта пазычыўшы на няпэўны тэрмін тую хвіліну ў пані Вечнасці.
Старыя фотаздымкі. Як хутка і непрыкметна робяцца яны старымі! Гэта каб не казаць сабе прыкрую праўду, што старымі (не, лепей хай будзе старэйшымі) робімся мы, хоць і манім сабе, што, маўляў, замала пакуль падставаў да сябе прымяраць тую зусім непатрэбную праўду.
Вядома ж, замала – зноўку паверыш уласнай мане, баязліва ўцякаючы ад таго, ад чаго ўцякчы немагчыма.
Аднак жа, пераглядаючы старыя фотаздымкі, з цягам часу прызнаешся сабе, што ўжо маеш не толькі прыемнасць ад новай сустрэчы з візуальным рэхам далёкага імгнення, але і не цураешся п’янкога прысмаку сентыментальнасці ды настальгічнасці, хоць яны, мусібыць, і ёсць першымі прыкметамі нашае восені.
Сярод безлічы фотаздымкаў, якія маю ў сваім прыватным зборы, ёсць некалькі, якія нагадваюць пра сябе часцей ад іншых: раз-пораз дастаю іх, зноў разглядаю да драбніцаў знаёмыя выявы, прыгадваю тое, калісці спыненае імгненне.
Ну, вось хаця б гэтае. Зіма 1996 года. Уладзімір Савіч, я ды колькі маіх аднакурснікаў у Вільні. Першае маё спатканне з “крывіцкай Меккаю” – спатканне-знак, якому наканавана было стацца пачаткам пажыццёвае любові да нашага старадаўняга стольнага места, з якога і пачалося маё спасціжэнне беларускай даўніны ды ўласнае самасці.
Падарунак, зроблены мне Савічам. Ведаў, што дарыў і ведаў – навошта.
Затрымайся, імгненне. Не знікай у прадоннях вячнінаў…
А вось іншая, таксама знакавая выява. Звычайны аматарскі здымак.Калісьці чорна-белы, а сёння жаўтавата-карычневы, амаль жывапісны, аздоблены драпінкамі ды невядомага паходжання плямамі. Час – мастак адмысловы.
Гальшаны. Славутае мястэчка беларускай Віленшчыны, прыкра абніжанае да статусу вёскі ў Ашмянскім раёне. Семдзесят дзявяты год прамінулага стагоддзя. Трыццаць пяць гадоў прамінула, а было нібыта ўчора: лета, сонца, луг.
Затрымайся, імгненне…
Сярод гурмы студэнтаў-мастакоў ды вясковых падшыванцаў ляжым плячо да пляча: я – дваццацігадовы студэнт мастацкага інстытута ды мой настаўнік і сябра Уладзімір Савіч, якому на шэсць гадоў болей.
Маладыя, вясёлыя, бесклапотныя. Аднак жа маем ужо ў душах нашых агульны клопат, агульную каштоўнасць, агульную любоў – Бацькаўшчыну. І як знак гэтай любові і трывожнага клопату – Гальшаны, – дабраслаўлёны кут Краю нашага, дзе што ні крок, то наша веліч, наша слава, але ж і нашыя ганьба, прыкрасць ды сорам.
Бо сузіраючы амаль дашчэнту дабітыя муры гальшанскага замка, дакранаючыся да магутных сценаў, якія, аднак, не ўстаялі пад націскам тутэйшых вандалаў ды шматлікіх ваяўнічых чужынцаў, пачынаеш амаль фізічна адчуваць прысутнасць нашай Гісторыі, як жывой але моцна параненай істоты.
Аднак жа зусім рэальна адчуваеш і бачыш прысутнасць нашай цяпершчыны. Дастаткова аднаго калгаснага кароўніка, які, ці не наўмысна, месціцца акурат на замчышчы, зліваючы брыдоцце ў засмечаную прызамкавую сажалку, над якой яшчэ пазнаюцца скалечаныя парэшткі колішняга княжаскага парку.
А касцёл францысканцаў–велічны шэдэўр тутэйшага барока, сведчанне магутнага Духа і вялікай Прыгажосці прашчураў нашых, зачынены разумнікамі-нашчадкамі, як асяродак рэлігійнага цемрашальства.
Якая жахлівая цемра павінна была пасяліцца ў апусцелых галовах і душах тых гора-разумнікаў, каб Святыню ператварыць у хлеў альбо сметнік! Ды яшчэ ганарыцца гэтым.
У якую дрыгву могуць забрысці абязбожаныя, аслеплыя душы! Ці ж не нас, невідушчых, маляваў калісьці празорца Брэйгель.
Дзякаваць Богу, святыня цяпер адноўленая. Там зноў нашыя людзі дасылаюць свае малітвы Звышняму.
Пачуй іх, Госпадзе!
Але ж ніколі не забудуцца паламаныя арганы, брыдкаслоўе на святых сценах, патрушчанае на друз касцёльнае начыненне, апаганеныя скульптуры святых ды пашкоджаныя гранітныя саркафагі князёў Сапегаў, над якімі стаялі мы з Уладзімірам Савічам, як стаяць над родным чалавекам, якому неабходная тэрміновая дапамога.
А колькі такога было па ўсім нашым Краі. А колькі яшчэ і цяпер занядбанага ў бясконцым чаканні паратунку. А колькі ўжо беззваротна страчана. І няма чаго, як той казаў, на люстэрка ківаць, калі мы самі крывыя.
Даруй нам, Госпадзе!
Ці адпрацуем? Ці апраўдаемся? Ці выпрасім даравання? Ці адродзімся? Хто нам адкажа? Толькі мы самі. Сваёй працаю, сваёй вераю, сваёй любоўю.
Як зрабіў гэта той, хто з амаль дзіцячай радасцю ўзлятае ў нябёсы на яшчэ адным фотаздымку; таксама ўжо даўнім, чорна-белым, аматарскім, але ад гэтага яшчэ больш каштоўным.
Заслаўе. Дзядзінец. Гуканне вясны. Пачатак васьмідзясятых. Першыя легальна адроджаныя нацыянальныя святы–прадвесне нашага абуджэння, да якога я далучаны маім настаўнікам Савічам. Мы яшчэ і ўявіць сабе не можам, якімі дзівоснымі пладамі праз некалькі гадоў асвецяць родны Край зусім яшчэ кволыя парасткі гэтага прадвесня.
А пакуль у нас свята. Нам весела, молада, радасна. Мы гукаем нашу вясну. Вакол сябры, усмешкі, музыка, песні… Я, Савіч ды яшчэ колькі нашых калегаў гушкаем на святочных арэлях вясновага Міхася Раманюка. Вышэй, яшчэ вышэй, нібыта ў самыя нябёсы ўзлятае шчаслівы наш сябра.
Затрымайся, імгненне…
Ах, дарагі Міхась Хведаравіч. У якіх астральных вышынях лунае цяпер душа твая? І ці аддзячылі ёй супакаеннем нашыя Нябесныя Заступнікі за ўсе твае зямныя высілкі, за ўсё тваё сапраўднае і вялікае, што пакінуў ты Краю роднаму? А можа быць і сапраўды аддзячаная, зноў уцялеснілася ў новым зямным абліччы, каб дарабіць нязробленае. Бо хто даробіць?
Ды ці ж можа хтосьці замяніць творцу: праспяваць няспетае, сказаць нявыказанае, намаляваць ненамаляванае..? Ці ж можна замяніць на іншыя душу, сэрца, розум, якімі і ствараецца тое, што наіўна хоча быць заўважаным Вечнасцю, ці хоць бы родным Краем?
Адказ відавочны, і вынікае ён з самой прыроды творчасці, як з’явы адзінкавай, непаўторнай, нестандартнай. І ніякавата робіцца, пачуўшы быццам ухвалу, што твор, маўляў, адпавядае сусветным (еўрапейскім, класічным…) стандартам. Можа, і адпавядае, але ў такім разе да творчасці ён мае адносіны не большыя, чым тыповыя панельныя дамы ў шматлікіх мікрараёнах.
Бо менавіта стандарт ёсць найбольшай пагрозай для мастака.
Бо не бываюць стандартнымі людзі, дрэвы, аблокі, боль, радасць, каханне…
Бо творчасць – гэта заданне індывідуальнае, часам глыбока зашыфраванае; і мастак мусіць яго зразумець, усвядоміць і выканаць. І ніхто іншы тое заданне выканаць не можа. Пагатоў абы-з рук яго выканаць нельга, бо небяспечна.
І як годны прыклад чуйнага, удумлівага, надзвычай адказнага стаўлення да Божага задання, – творчы чын Ул. Савіча, які не толькі дакладна ўсведамляе сваё мастакоўскае пакліканне, але і не забывае пра небяспеку, якая пагражае кожнаму, хто Божыя дары размяняў на аблуднае.
Гісторыя гэта засведчыла безліч разоў; бо атрымаўшы па нараджэнні, задарма і без аніякіх заслугаў тое, што ўмоўна называюць талентам, чалавек з цягам часу мусіць усвядоміць і адказнасць за атрыманую пазыку. Таму што так проста ды абы-каму Неба падарункі не раздае. А даючы, пэўна ж мае на мэце адпаведны яму вынік, бо на дробязі не разменьваецца. Ды і пазычанае, як вядома, трэба вяртаць. Пагатоў, калі крэдыторам сам Бог. А яму аддаваць трэба спраўна, своечасова і , пажадана, з працэнтамі.
Невяртанне пазыкаў, зазвычай, караецца даволі жорстка. І гэта не толькі ў адносінах між людзьмі, але і ў дачыненнях чалавека з нябёсамі, дзе стаўкі невымерна большыя, чымся ў парахунках будзёных, як большая і кара.
Бо ці ж мала давялося пабачыць паламаных, а то і скалечаных лёсаў людзей, калісьці надзвычай шчодра адораных, бліскуча адукаваных, у якіх было ўсё для яркай творчай самарэалізацыі і жыццёвага поспеху.
Але задуманае чамусьці не атрымлівалася, чаканае не адбывалася, і нават тое, што лічылася талентам, чэзла, мізэрнела аж да поўнага знікнення.
І чалавек, застаючыся жывым, паміраў як творца, не вярнуўшы нябёсам узятую пазыку, праматаўшы яе ў штодзённасці ды размяняўшы на пабытовую драбязу.
А за такое караюць. Часцей за ўсё душэўнай дэградацыяй, з якое вынікае ўрэшце нецікава пражытае, а то і ўвогуле змарнаванае жыццё.
Дык чаму яно так?
Колькі разоў у нашым шматгадовым мастакоўскім і чалавечым сумоўі я і Ул. Савіч задавалі гэтае пытанне, і адказ вынікаў адзін.
А таму, мабыць, што выдатна, а нават віртуозна, валодаць прафесійным умельствам – гэта ўсё ж не болей чым штукарства, рамесніцтва. Зрэшты, не варта прыніжаць добрых рамеснікаў ды штукароў. Яны таксама вартыя пашаны, як усялякі спраўны работнік. Аднак жа вынік іхняе ўсім патрэбнае працы служыць пабытоваму, прыземленаму, будзённаму. Ён не мае наіўнага, часам смешнага памкнення быць заўважаным Вечнасцю, ці хоць бы родным Краем.
Творца ж, часам праз асабістыя ахвяры ды не абы-якія высілкі, праз неразуменне ды пагарду нятворцаў, намагаецца вырвацца з утульнага палону будзённасці і звыкласці ў безмежную прастору думкі, каб пераасэнсаваўшы рэчаіснасць, стварыць новую рэальнасць, якая выяўляецца ў мастацкім вобразе. І ў гэтым палягае адзін з прывілеяў творцы – зрабіць свята там, дзе яго ніхто не чакае.
А для гэтага прафесійнага ўмельства дужа мала.
Патрэбна Любоў, якая жывіць цябе Духам.
Патрэбна Ідэя, якая вядзе цябе па жыцці, засцерагае ад розных аблудаў і не дае заблукаць у самім сабе, ці ў шырокім свеце.
Патрэбна ўсведамленне сябе, як звяна ў бясконцым ланцугу пакаленняў, без якога гэты ланцуг можа рассыпацца.
Патрэбна ўменне кіраваць сабою.
Патрэбны родныя людзі, якія вераць у цябе і для якіх ты самы лепшы.
І тады ёсць шанец адпрацаваць пазычанае. І тады даецца магчымасць выцяг­нуць уласнае жыццё з дрыгвы пабытовага хлуду і душэўнага заняпаду ды рушыць шляхам , пазначаным наканаванасцю. Бо прырода творчасці – няспынны рух да невядомага, прага спасціжэння неспазнанага, жаданне адкрыць новае там, дзе магчымасцяў для адкрыцця, здаецца, не засталося.
Але, чым болей мастак заглыбляецца ў прастору творчасці, тым большыя абшары неспазнанага перад ім паўстаюць. І вельмі лёгка ў спакуслівым захапленні перад безліччу вабных шляхоў разгубіцца ды заблукаць у гэтым бязмежжы.
Аднак блуканні не будуць пакутлівымі і бясплённымі, калі мастак усведамляе мэту сваіх пошукаў – знайсці той накірунак і тыя сродкі, якія будуць найболей адпаведнымі ягонаму прызначэнню. А яно ў захаванні вечных каштоўнасцяў, у пошуку ды памнажэнні найвышэйшай Прыгажосці.
Бо сказана: “Прыгажосць уратуе Свет”. І тое бясспрэчна. Але для гэтага свет сёння мусіць выратаваць саму Прыгажосць як галоўны сродак свайго паратунку; выратаваць сэнс, змест, прызначэнне творчасці.
А пагроза відавочная. Бо сёння, каб быць мастаком (спеваком, музыкам, паэтам...), дастаткова ім проста назвацца. І дзеля гэтага зусім не трэба мець непаўторны талент ды грунтоўную прафесійную адукацыю. У найноўшых плынях аўтарскага самавыяўлення, якія самаўпэўнена, а часцей даволі агрэсіўна абвяшчаюць сябе самым прагрэсіўным мастацтвам, такія чыннікі як талент ды прфесіяналізм даўно абвешчаныя па-за законам, бо, маўляў, замінаюць самавыяўленню творчай індывідуальнасці. І, дзякаючы гэтаму, прагрэсіўным мастацтвам сёння абвяшчаецца ўсё, што можа фінансава падмацаваць сваё самаабвяшчэнне. І чым больш цынічным ды пачварным будзе той арт – аб’ект, тым болей шансаў на поспех ён мае. А таму засоўванне авангардовай галавы мастака ў вагіну каровы, альбо публічнае савакупленне са свіннёй, ёсць для гламурнай тусоўкі ніякім не скаталожствам, не цынічным здзекам, ці нават шызафрэніяй, а бліскучай арт-падзеяй і ўзлётам прагрэсіўнай мастацкай ідэі. Як, зрэшты і экскрыменты аднаго, здаецца, англійскага канцэптуаліста, расфасаваныя ў слоікі і выстаўленыя для публічнага смакавання лонданскіх эстэтаў у адной з тамтэйшых галерэяў.
Якая моц, які шык, які клас! Куды ўжо нам – правінцыйным “саўкам” з нашымі местачковымі ўяўленнямі аб творчасці. Бо якім трэба валодаць густам ды інтэлектам, каб адчуць найвялікшую эстэчную насалоду ад сузірання каровы, разрэзанай уздоўж цела, чые дзве паловы, падвешаныя на круках, звісаюць над столлю прэстыжнейшай мастацкай галерэі. Аказваецца, гэта таксама акт творчасці для жывадзёра, што назваўся мастаком. А працэс візуальнага эстэцкага смакавання крыві і лайна, што сцякаюць з вантробаў беднае жывёліны на галерэйны паркет, пэўна ж ёсць для таго-сяго з рафінаваных гледачоў узбагачэннем найноўшай эстэтыкай ды авангардовай мастацкай думкаю.
Свят. Свят. Свят.
Ды і той вычварэнец – паталагаанатам, а сёння ўжо знакаміты мастак, што выставіў у адной з берлінскіх галерэяў незапатрабаваныя, выпатрашаныя трупы бамжоў у позах, адпаведных полаваму акту, пэўна ж адчуваў не абы-якое творчае пакліканне. Вось толькі хто яго паклікаў?! Адказ відавочны.
І свет не абрыніўся і нават не здрыгануўся.
А тыя, што асмельваюцца быць публічна нязгоднымі з гэткімі праявамі творчасці ды азначыць яе сапраўднае найменне – няздарнасць, дылетантызм, рызыкуюць патрапіць у лік заімшэлых рэтраградаў – лютых ворагаў новага мастацтва. А калі яно так, дык я з вялікай ахвотаю далучаю сябе да гэтага “ганебнага” ліку.
Ратуй нас, Госпадзе!
А каб ад усяго гэтага паціху не з’ехаць з глузду, трэба заўсёды памятаць найвышэйшы крытэрый дзядоў-прадзедаў нашых, якім спрадвеку ацэньвалася ўсё вартае, добрае, слушнае. Людскасць.
“Дзіцятка, не рабі такога. То ж не па-людску” – навучала мяне ў маленстве мая бабуля Грыпінка.
Людскі чалавек, людская справа, людскі ўчынак, зроблена па-людску… Гэтак пазначалася ўсё вартае чалавека і адпаведнае яму. Людскасць – эталонная мера ўсяго, што спараджае чалавек.
Людскасць вышэй за праўду, бо праўда бывае жорсткай і нялюдскай, яна часам калечыць а то і забівае, тым самым падмяняючы сваю сутнасць. Згадайма хаця б ліхія гады сталіншчыны, калі сын самохаць асуджаў на смерць сваіх бацькоў, а ў цьмянай свядомасці мільёнаў гэта было неаспрэчнай праўдай і справядлівасцю.
Праўда можа мяняць сваё аблічча. Людскасць – ніколі. Таму яна ёсць найвышэйшай праўдаю, якой мусіць служыць творца. Мераю людскасці належыць вымяраць праўдзівасць, эстэтычную вартасць, дасканаласць твора, незалежна ад ягонай мастацкай формы. Бо сэнс творчасці – памнажэнне людскасці, супроцьстаянне расчалавечванню. А таму гуманістычная праява чалавечай існасці, узвышэнне духоўнай сутнасці людства ёсць галоўным зместам творчасці. І як шлях у бездарожжы вызначаюць па сонцу ці зорках, гэтак шлях свой у творчасці, амаль бездарожнай, пазнакаю людскасці вызначайма.
І менавіта гэтай пазнакі трымаецца ў мастацкім раздарожжы Уладзімір Савіч, які разумее, што акурат у гэтым ёсць паратунак і для самога творцы, бо ствараючы дасканаласць, творым і дасканалім самі сябе, падвышаем уласную меру людскасці.
Але ў гэтай тварбе і самаўдасканаленні мастак не перастае быць камусьці сынам, унукам, праўнукам… Ён не можа не ўсведамляць, чыім працягам ён ёсць і хто будзе працягам яго самога.
І як ягонае фізічнае цела мае сваё адметнае аблічча, у якім ёсць рысы бацькоў, дзядоў, прадзедаў, гэтак і твор мусіць мець аблічча адпаведнае самому творцу і ягоным папярэднікам. Бо тое, што назапашвалі ў сабе пакаленні, раптам паўстае ўвасобленым у канкрэтным чалавеку – залатым звяне непарыўнага ланцуга пакаленняў.
Гэта датычнае і геніяў, бо яны, хоць і пацалаваныя Госпадам, але ж народжаныя на пэўнай зямлі, ад пэўных людзей, у пэўнай рэчаіснасці. А паколькі рэчаіснасць, у якой нараджаецца будучы творца, мае тое альбо іншае нацыянальнае аблічча, дык праявы гэтай адметнасці, як генетычны код, пераходзяць у вобраз, народжаны творчасцю. І ў тым ёсць вялікая таямніца і яшчэ адзін глыбокі сэнс мастацтва: быць адметным, непадобным, незвычайным, якім і належыць яму быць.
І якія б вонкавыя ўплывы ды запазычанні ні зазнала аўтарская стылістыка, яе адметнасць палягае найперш у этнічнай прыналежнасці мастака; што, відаць, адбываецца па-за ягонымі жаданнямі. Бо якім бы вольным ні быў творца (а духоўная свабода ёсць галоўнай перадумовай мастацтва), ён, аднак, не можа быць вольным ад уласнай генетыкі.
Можна, вядома, запярэчыць гэтаму сцверджанню, прывёўшы безліч прыкладаў з сучаснай мастацкай рэчаіснасці, якім, маўляў, цяжка супрацьстаяць.
Але гэта зрабіць зусім нескладана, асабліва цяпер.
Сёння, калі ўсім відавочныя несуцяшальныя вынікі эканамічнай глабалізацыі (стандартызацыі, уніфікацыі…), гэта сведчыць найперш супраць глабалізацыі культурнай. Гэтая з’ява, па ўсім відаць, прынясе вынікі куды больш разбуральныя, чым у эканоміцы: што, на жаль, ужо сталася відавочным у галіне медыяў, масавай культуры, інтэрнэт-прасторы.
Сусветная ўніфікацыя формы (а даволі часта і зместу) мастацкага прадукта непазбежна вядзе (а гэта ўжо факт) да рэзкага паніжэння прафесійных крытэрыяў і патрабаванняў, да заняпаду мастацкай адукацыі, да банальнасці і прымітыўнасці зместу, да катастрафічнага спрашчэння мастацкай формы, да падмены паняццяў і разбурэння крытэрыяў.
Пачытайма (калі зможам) сучасную так зва­ную папуляр­ную літаратуру, паслухайма, абражаючы ўласны слых, сучасныя хіты і заўважма, што калямастацкі Паліграф Паліграфавіч даўно ўжо з вялікім імпэтам і перакананасцю зачышчае культурнае асяроддзе ад самой Культуры.
Кіч і прымітыў сталі галоўнымі чыннікамі культурнай прасторы, актыўна паніжаючы мастацкі густ, падмяняючы прафесійныя паняцці, дэвальвуючы мастацкія каштоўнасці, ігнаруючы элементарныя маральныя нормы; адмяняючы духоўную, гуманістычную сутнасць творчасці, пазбаўляючы яе прыкметаў людскасці.
І таму, мабыць, дэманстрацыя ў якасці мастацкага аб’екта аўтарскіх фекаліяў, разрэзанай каровы ці падфарбаваных трупаў шакуе далёка не кожнага.

Дык ці для такога працягу ствараліся шэдэўры сусветнага мастацтва? Ці ж гэты шлях нам паказвалі геніі ўсіх часоў і народаў? Ці ж мы забыліся, куды зайшлі ў рэшце рэшт брэйгелеўскія сляпцы?
“Камо градзешы?” – пытаецца Біблія.
Што адкажам? Чым адкажам? Ці будзе прыняты наш адказ?
“Куды ідзеш?” – запытайся ў сябе і не ўнікай адказу.
Бо мастацтва – гэта адказнасць свядомага выбару, роўная выбару Фаўста.
Бо на кожнага творцу знойдзецца свой шматаблічны Міфестофель.
Бо мастаку падуладная энергія, якая тоіць у сабе велізарную сілу. І, як усялякая іншая форма энергіі, мастацтва можа даваць вынікі з адваротнымі знакамі. А для таго, каб творчасць не набыла разбуральную сілу, яна, скіраваная ў сусвет і вечнасць, павінна быць падключанай да сілкавання ад агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцяў, але ж заземленай у родную глебу.
І тады для творцы ўзнікае магчымасць зрабіць добрую справу калі не для ўсяго людства, дык хоць бы для родных людзей, што таксама нямала. А для іх належыць рабіць толькі па-людску, бо іншага не прымуць і слушна зробяць.
Паглядзі на мяне са сваіх эдэмскіх вышыняў, мая мілая бабуля Грыпінка. Ці ўсё я раблю па-людску? Пытаюся – баюся пачуць: “Дзіцятка, не рабі такога…”
“Дык за людскасць!” – падымае вясёлую чарку ў нашай сяброўскай бяседзе Уладзімір Савіч. “За людскасць і будзьма”, – адказвае яму сябрына.

Чыстая думка. Чыстае палатно. Чысты аркуш паперы, як белае, заснежанае, бездарожнае поле, па якім ісці табе да сваёй мэты.
Трымайся свайго поля. Пракладвай сваю сцежку. Кіруйся сваёй мэтай.
І куды б твая мэта ні вяла цябе, у якую б модную апранаху ні прыбіралася твая творчасць, якая б разняволенасць мастацкага эксперымента ды пошуку ні апаноўвала яе, але генетычны код свайго пра сябе нагадае.
І гэтак мусіць быць, бо так задумана Богам.
А калі ў кагосьці інакш, дык прыміце мае спачуванні.
Але ж мае віншавані і захапленне тым, у чыіх творах цячэ магутны ток генетычнага кода Белавежы і Нёмана, палескіх дуброў ды дняпроўскіх кручаў, Нарачы, Каложы, Гальшанаў…
Ток, які раптам адчуў я, стоячы разам з Уладзімірам Савічам на вяршыні Гальшанскага гарадзішча, з якога, здаецца, бачная сама Вечнасць.
І вясёлы купальскі агонь цалаваў звечарэлую цішу.
І ў ягоных траняткіх сполыхах мільгацелі, здавалася, здані Ярылы, Вялеса, Стрыбога.
І ля замкавых сценаў – руінаў паўставалі, хацелася верыць, прывіды Сапегаў, Гальшанскіх.
І званы касцёла Барунскага адгукаліся рэхам спагадлівым на часова знямелай званіцы Гальшанскай.
І плыло над пагоркамі, што купаліся ў малодзіве ліпеньскіх туманоў, наша вольнае, маладое: “Не ўсе лугі пакошаны, не ўсе сенажаці…”
І, здавалася, рэхам вясёлым увесь свет адгукаецца нам.
Затрымайся, імгненне.

2009 г.