12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Сітніца

_____________________
Трысьвечнік.
Вершы

Першасьнежжа

А калі ўжо здаецца, што выйсьця — ніякага,
І што шэраю фарбай запэцканы лёс, —
Раптам бачыш, як белае, чыстае, мяккае,
Першасьнежнае дзіва сыходзіць з нябёс.

Палахліва-нясьмелае, —
белае, белае...
Урачыстае, —
чыстае, чыстае, чыстае...
Суцяшэньнем-спагадаю
падае, радуе...
Закалыхвае —
ціхае, ціхае, ціхае...
А я вышняю цішаю верш гэты вышыю,
Першасьнежжам журбу сваю зацерушу,
І стэрыльна-нябеснаю белаю цішаю
Забінтую параненую душу.


Згадка

Здаецца, — ну што ў ёй? —
амаль драбяза,
І памяць, нібыта, —
ні супраць, ні за,
Адносна тае выпадковае згадкі:
Там цьмяныя жарсьці, пытаньні, загадкі,
І сумныя вочы,
і ў кожным — сьляза...
Спачылых пачуцьцяў, лятункаў, мярэжаў
Раптоўнае рэха. Нібы й не належаў,
Здаецца, ніколі мне гэтакі скарб,
(ці хлуд?) і прычыны, маркоціца каб,
Здаецца, няма,
ці, прынамсі, замала...
А вось жа паклікала нешта, пазвала...
І згадка выразьней,
ярчэй,
балючэй...
І вецер у вочы.
І сьлёзы з вачэй.


Nostalqie

А болей ні слова, — маўчы,
Касету пастаў, уключы —
Хай сум у сутоньні паўсонным
Паўстане з журбой на мяжы;
Хай з музыкаю «nostalqie»
Пра Шэрбургскія парасоны
Смуткуе душа унісонна
Над шнарамі колішніх ран...
Здымаю, маэстра Легран,
Я свой капялюш перад вамі,
Здымаю, хаця й не нашу,
Ды дзякуй, бо часам душу
Ратуе ў жыцьцёвым бедламе
Ваш сентыментальны матыў;
Хай некаму ён — прымітыў,
Іроніі варты, — ня болей,
Ды рэхам рэальнага болю
Камусьці пазначыцца сьлед,
Пакінуты сьціплым матывам, —
Наіў на мяжы з прымітывам —
Ды можа вось гэткім наівам
Адно і ўратуецца сьвет.


Ружанстоцкае

Перуны, уздыхнуўшы глыбока,
Млявай цішы парушаць мяжу... —
Ля касьцёла ў Ружанымстоку
Я схаваюся ад дажджу.

І за тыя раптоўныя ноты,
Што найграюць мне дождж і арган,
Паспрабуе схавацца самота,
І захоча схавацца туга.

І ў дажджова-арганнай санаце,
Што з душы маёй вымые хлуд,
Ружанстоцкая Божая Маці
Мне ласкава падорыць свой Цуд.

Гэткай ласкай усьцешаны дужа,
Я пабачу ва ўсёй пекнаце,
Як даўно ўжо засохлая ружа
Каля ног Яе зноў расьцьвiце.


Сьвіцязянскае

На Сьвіцязі вечар і ціша такая, што лепей забыць,
Якое стагоддзе цяпер кватарантам у календары,
І самае слушнае будзе –
тут проста гадзіну пабыць,
І, чуеш, душа мая,
лепей нічога тут не гавары.
Бо што – нашы словы адносна вялікае гэтай вады?
Што – нашыя клопаты ўсё і праблемы? –
адна недарэчнасьць.
Бо ў нас на зямлі –
усяго мітусьлівыя дні і гады,
А ў Сьвіцязі – Вечнасьць.
І гэта няпроста вада,
падуладная вудам, чаўнам, невадам.
І гэта ня так сабе дрэвы,
што рэхам твой крок паўтарылі,
Бо кожнае дрэва, і бераг, і камень
тут маюць імя маладое Адам.
Тут кожная кветка, і сьцежка, і хваля
завуцца Марыляй.



Пасьля

І жарсьці астудзіш, і згадваць ня будзеш,
І, быццам, забудзеш; і ў напаўзаснулым
Жыцьці тваім стану я цьмяна-мінулым.
Так лес у вяршалінах пошумам-гулам
Нагадвае леташні сьлед навальніцы
Адно выпадкова; ці як на паліцы –
Аскепкі калісьці каштоўнага гляка –
Выкідваць шкада і патрэбы ніякай.

Ня думаць. Ня ведаць. Ня помніць. Ня сьніцца...
Ні жорава ў небе, ні ў клетцы сініцы.
Забыцца. Забіць заблуканую згадку, –
Ні сполыхам зыркім, ні цьмянай загадкай
Сябе не ашукваць. Ня помніць. Забыцца.
Як зьнесены хутар ня сьніцца сталіцы,
Ці попелу, струшанаму ў папяльніцу,
Заўчорашні дым не прысьніцца ніколі...

Ну, хопіць. Даволі.
Няўжо гэта так, і няўжо гэта мы? –
Загаслых агнёў два сьляпыя дымы.



Прысьвячэньне

А за тое, што ўсё ня проста,
ня так сабе,
За злачынную радасьць –
тапіцца ў тваёй журбе,
І за тое, што як ні цугляй
і як ні стрынож,
А душа і ў ярме
пачувацца жадае першай, –
Як найлепшы самы
з маіх закаханых вершаў,
Я табе прысьвячаю
чэрвеньскі гэты дождж.
Я табе ахвярую
рупнасьць ягоных рук, –
Хай пяшчотаю ціхай
кранае твой кожны рух;
Хай ягоныя вусны
на целе тваім сваволяць;
Хай сабою ён высьцеліць
кожны твой крохкі крок,
Каб я трохі паверыў,
што я недарэмна змок,
Бо сабе я, на жаль,
не магу ўсё гэта дазволіць.


* * *

Зімы недарэчная рэшта —
Сьнег падае і растае.
Ды ўсё ж ён нагадвае нешта,
Пра штосьці забыць не дае.

І ў памяці цёмным закутку
Адшукваю словы твае,
А сьнег, як метафара смутку,
Зноў падае і растае.


Трысьвечнік

А лёс – то пад горку, то з горкі,
А шлях падпільноўвае страх...
Ды сьвецяць пяшчотаю горкай
Мне тры спавядальныя зоркі:
Мама.
Тата.
Сястра.
Трызорна, трыясна, трысьвечна.
І сёньня.
І прысна.
І вечна.